На запыт знайшлося 114 артыкулаў

  1. 61
    Адно права праў. — Рабі адну работу. Прыказваюць, калі нехта за колькі работ зразу бярэцца. Прыклад: «Ты, хлопец, адно права праў - калі ясі, дык еш, а не - вылазь з-за стала ды чытай».
  2. 62
    Адну авечку стрыгуць, а сем трасецца. — Прыказваюць, калі на аднаго зь вёскі спадзе раптоўная бяда, якая можа зваліцца й на кажнага іншага. Прыкладам, адну сям'ю апісалі й вывозяць на высылку, а ўся вёска дрыжыць ад страху, бо ўжо заўтра гэта-ж можа здарыцца з кажным іншым.
  3. 63
    Адну дзірку ладзь, а другая там-жа глядзь. — Старой благой рэчы ня варта ладзіць, бо не аплаціцца.
  4. 64
    Адных бацькоў дзеці ды няроўныя. — Прыказваюць, калі родныя браты маюць розныя характары ці розныя пагляды.
  5. 65
    Аднэй маткі дзеткі ды ніаднолькавыя песьні пяюць. — Хоць і аднаго краю людзі, але маюць розныя перакананьні.
  6. 66
    Ад пекла адарваўся й да раю ні дастаўся. — Аб тым, хто з благога месца вырваўся, але й у добрае ня змог папасьці.
  7. 67
    Адпёк пірагі. — Прыказвае той, хто адпомсьціўся за сваю крыўду.
  8. 68
    Ад піва сцаць крыва. — Патрэбна часта з хаты выбягаць.
  9. 69
    Ад прыбытку галава ні баліць.
    1. Кажуць таму, хто мае прыбытак хоць і малы.
    2. Гіранічна жартуюць з таго, каму ў сям'ю прыбыў непажаданы чалавек.
  10. 70
    Ад работы і коні дохнуць. — Гэтак прыказвае гультай, калі яго прымушаюць да работы.
  11. 71
    Ад роднага таткі дорагі й латкі. — Ня толькі тая спадчына дарагая ад блізкога чалавека, якая мае матар'яльную каштоўнасьць, але яшчэ даражэйшаю можа быць тая, што хавае ў сабе дарагі ўспамін аб блізкой асобе.
  12. 72
    Адрыгнуцца ваўку авяччы сьлёзы. — Прыйдзе час, калі й дэспаты будуць пакараны за свае злачынствы.
  13. 73
    Ад сьмерці рук ні падложыш. — Гэтак разважаюць таго чалавека, у каго памерла блізкая асоба.
  14. 74
    Ад сьніткі ногі як ніткі. — Гэтак прыказвалі даўней, калі раньняй вясной варылі мяцьва з травы сьніткі, зь якога целу ня было пажытку.
  15. 75
    Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі й елі. — Часта людзей да беднасьці прыводзіць п'янства й смачная ежа.
  16. 76
    Ад хатняга злодзія ні ўсьціражэшся. — Прыказваецца тады, калі нехта жыве з злодзеям.
  17. 77
    Ад цяплосьці ні баляць косьці. — Прыказваюць найчасьцей старыя, калі маладыя ім прытыкаюць, што духата ў хаце, або калі стары надта цёпла адзеўся.
  18. 78
    А ён будзя казаць. — «Чаму ты, Бронька, у калгас ня йдзеш? - запытаўся камсамолец. А Бронька будзе казаць: - Я лепі ў возеры ваду замучу (знача - утаплюся), як у калгас іці».
  19. 79
    А ён сваё права правя. — Прыказваюць, калі нехта ня слухае ні заўвагаў, ні перасьцярогаў, а робе тое самае, што й рабіў.
  20. 80
    Аж вочы на лоб лезуць. — Прыказваецца пры падыманьні нечага цяжкога.

Паведаміць пра недакладнасьць