На запыт знайшлося 119 артыкулаў

  1. 41
    Калі вісець, дык за абедзьве нагі. — Калі пачаў нейкую справу, хай сабе й рызыкоўную, даводзь яе да канца.
  2. 42
    Калі вядзецца, дык і на шчэпку прадзецца. — Калі некаму ручыць, дык ён мае посьпехі й без адмысловых захадаў.
  3. 43
    Калі дало зрабіць, дык дасьць і зьесьці. — Сялянскія заўвагі аб надвор'і: Калі сухое лета й няма перашкоды ў зборы збожжа й сена, дык прыйдзе марозная зіма, статак зьесьць больш корму, і сена нястане.
  4. 44
    Калі да Спаса жыта ні зьбярэш з поля, дык посьля Спаса яно само пойдзя ў зямлю. — Сялянская прыказка аб тым, што посьля Спаса (6 жнівеня) жыта асыпаецца.
  5. 45
    Калі да цябе ня п'юць, дык і ні кажы «Здароў будзь!». — Прыказваюць таму, хто настырліва набіваецца ў кампанію, дзе ён не пажаданы.
  6. 46
    Калі дзень даўжэя, дык нітка карацея. — Жаночая прыказка, бо бабы й дзеўкі найболей спрадаюць кудзелі вечарамі й досьвіткамі, калі доўгія ночы. Калі-ж дзень стане доўгі, тады яны адрываюцца ад пражы на іншыя работы ў гаспадарцы.
  7. 47
    Калі ёсьць - жары, а німа - мры. — Прыказваюць гаспадару, які жыве толькі сёньняшнім днём.
  8. 48
    Калі жонка ні адпрадзе, дык так прападзе. — Выказваюцца аб ненадзейным даўжніку.
  9. 49
    Калі жонкі стыдацца, дык дзяцей ня будзе. — Жартуюць з таго, хто далікатны і папускаецца сабе на ўбытак - стыдаецца доўг спаганяць.
  10. 50
    Калі за сваім йізыком слова ня ўдзержыш, дык і на чужы язык ні спадзівайся. — Прыказваюць, калі нехта каракае, што яго сябра выдаў ягоны сакрэт.
  11. 51
    Калі захочыш за чужую залабніцу ўзяцца, дык і сваю мусіш падставіць. — Прыказваюць да таго, хто ўступае ў бойку, каб пабіць некага, бо ён і сам рызыкуе, што будзе пабіты.
  12. 52
    Калі захочыш сабаку ўдарыць, дык і кій знайдзіш. — Прыказваюць у шмат якіх выпадках. Калі захочаш зь некім пасварыцца, дык і прычыну знойдзеш.
  13. 53
    Калі з засека цячэ, дык і няўмека хлеб сьпячэ. — Калі ёсьць на чым гаспадарыць, дык і мала практыкоўны чалавек патрапе нешта зрабіць.
  14. 54
    Калі Каляды ў віташку, дык хавай насеньня ў мяшку. — Сялянская прыкмета аб тым, што калі Каляды ў веташку, дык будзе раньняя вясна й рана давядзецца сеяць.
  15. 55
    Калі капуста дагодзя, дык і самавар не зашкодзе. — Пасьля сытнага абеду, дык добра й чаю выпіць.
  16. 56
    Калі конь ня выліняў да Яна, дык пускай яго да другога пана. — Сялянская прыкмета аб тым, што калі конь посьле зімы не паправіўся да 24 чэрвеня, дык прадавай, бо наступнай зімы не перажыве.
  17. 57
    Калі мазур ехаў на кірмаш, дык агуркі абіраў (ды еў), а калі ехаў зь кірмашу, дык шалупіны падбіраў (ды еў).
    1. Гэтак высьмейваюць ганарыстасьць мазураў.
    2. Высьмейваюць таго, хто ня ўмее кіраваць сваімі запасамі, ня думае аб заўтрашнім, а жыве толькі сяньняшнім днём.
  18. 58
    Калі маіш у хаця вольны куток, дык пастаў барану, бо лепі будзя абыходзіць барану, як добрага кутніка.
    1. Бывае заўсёды вялікі неспакой, калі дзьве сям'і жывуць у ваднэй хаце.
    2. Гэтую прыказку сяляне ўспаміналі, калі бальшавікі сталі іх заганяць у калгасы і змушалі жыць у ваднэй гаспадарцы не па дзьве сям'і, але й шмат болей.
  19. 59
    Калі Марцэля высьпіцца, дык і сама ўстаня. — Прыказка аб тым, што калі жыцьцёвыя патрэбы чалавека задаволеныя, тады няма клопатаў і ў кіраваньні ім.
  20. 60
    Калі мінула дваццаць пяць, дык дома сядзь. — Прыказваюць аб дзеўцы, бо даўней дзеўку посьля дваццаці пяці гадоў уважалі за перастарка й яе ня бралі замуж.

Паведаміць пра недакладнасьць