На запыт знайшлося 55 артыкулаў

  1. 1
    Як асіна затрасецца, тады бычок напасецца. — Заўвага сялян аб тым, што калі на асіне зьявяцца першыя лісты, тады на траве напасецца ўжо бык.
  2. 2
    Як бедны ў дарогу, дык вецір у вочы.
    1. Прыказвае той, каму ў дарозе здарылася няпрыемная прыгода.
    2. У каго пры распачатай справе ці рабоце здарыліся нейкія няпрыемнасьці ці цяжкасьці.
  3. 3
    Як Бог да Шлёмкі, гэтак і Шлёмка да Бога. — Калі багаты ашукае ці пакрыўдзе беднага, а бедны яму помсьціцца. З казкі-выпадку: - Шлёмка прасіў Бога, каб Бог дапамог выратавацца яму ад ракруцкага набору, але яго злавілі ды аддалі ў маскалі. Посьля гэтага Шлёмка ў сыботу схапіў тапор ды стаў дровы сеч. Калі яму заўважылі, што гэтак рабіць грэх, дык Шлёмка адказаў: - Як Бог да Шлёмкі, гэтак і Шлёмка да Бога.
  4. 4
    Як-бы штося. — Прыказваюць, калі з чужой прычыны стала няпрыемна. «Яны лаюцца з жонкай, а нам, гасьцям, як-бы штося».
  5. 5
    Як бяжыць, дык бяжыць, а як абваліцца, дык і ляжыць. — Прыказка аб тых конях, што гандлёўшчыкі прыганяюць на кірмаш на продаж ці мяняць.
  6. 6
    Як гол, так восьцір. — Бедны чалавек хутчэй ідзе на рызыку, бо яму няма чаго губляць.
  7. 7
    Як гукнеш, гэтак і адгукнецца. — Як мы будзем ставіцца да людзей, гэтак і людзі да нас.
  8. 8
    Як гэта яно робіцца: ты посьля абеду вышаў ды на сьніданьня хочыш прысьпець? — Кажуць да таго, хто спазьніўся ды ў чарзе хоча заняць першае месца.
  9. 9
    Як дбаім, так і маім. — Толькі ад нашай рупнасьці залежыць наш дабрабыт.
  10. 10
    Як добра серуць, тады й Моўшу веруць, а як дрышчуць, тады Гіршу ішчуць. — Прыказвае той, каго пры выкананьні службовых абавязкаў пасылаюць у бруднае ці небясьпечнае месца. Вышла з казкі-выпадку: Даўно, за прыгонам, у ваднэм дварэ былі два фэлчары - Моўша і Гірша. Там здарылася эпідэмія - дызэнтырыя ці халера. Абшарнік загадаў эпідымічных хворых лячыць Гіршу, а ўсіх астатніх Моўшу. Калі абшарніку паведамлялі пра хворага, дык ён пытаўся: «А як хворы сера?» Калі пасланец казаў, што хворы добра сера, дык абшарнік казаў накіроўваць яго да Моўшы. А калі пасланец скажа, што хворы дрышча, дык абшарнік загадваў: «Паішчы Гіршу». (Відаць, Гірша ад гэткіх пацыентаў ухіляўся й хаваўся, бо й скардзіўся: «Як добра серуць, тады й Моўшу вераць, а як дрышчуць, тады Гіршу ішчуць».)
  11. 11
    Як ем, дык глух і нем. — Гэтак даўней заўважалі старыя дзецям, калі тыя пры ядзе падымалі нейкую гутарку. Стары звычай патрабаваў, каб за ядой ніякай гутаркі ня было.
  12. 12
    Як естам, дык естам, а ўсё каля места. — Гэтак сяляне жартавалі зь мяшчан, якія недалюблівалі вёскі за цяжкую працу на полі.
  13. 13
    Як жыта красуя, гаспадар галасуя. — Калі на жыце краса, дык у гэты час у гаспадара канчаюцца запасы старога хлеба, і гаспадар плача.
  14. 14
    Як жыта наліваіцца, гаспадар умываіцца. — Калі ў жыце зьявіліся новыя зярняты, дык гаспадар мыецца, бо чакае новага хлеба, як самага лепшага гасьця.
  15. 15
    Як жыта палавея, гаспадар шалея. — Гаопадар шалее з радасьці, бо зараз дачакаецца новага хлеба.
  16. 16
    Як за сьцяну заваліўся. — Аб тым, хто перастаў выходзіць з дому й лучыцца да грамады.
  17. 17
    Як з воч, дык і з мысіль. — Аб тым, хто хутка забываецца.
  18. 18
    Як здароў, дык сем паноў, а як гніл, дык нікому ня міл. — Гэтак аб сабе кажа акінены й добры работнік, калі ён захварэў і ня можа працаваць.
  19. 19
    Як з куста ляпнуў. — Калі нехта ў размове пры грамадзе ні з таго, ні зь сяго, скажа недарэчнае ці няпрыстойнае слова.
  20. 20
    Які вышаў зь люлькі, такі будзя й да магілкі. — Пагляд аб прыродным характары чалавека.

Паведаміць пра недакладнасьць