На запыт знайшлося 47 артыкулаў

  1. 21
    Дзе раньняя ральліца - родзя жыта, пшаніца. — Прыказваюць сяляне аб паравой воранцы пад пасевы збожжа.
  2. 22
    Дзе рост, там і ўмалот.
    1. Калі парасло збожжа, дык зь яго можна спадзявацца й добрага ўмалоту.
    2. Аб чалавеку, калі ён вялікі й моцнага складу цела, дык можна спадзявацца, што зь яго будзе добры работнік.
  3. 23
    Дзе сеў, там і прыкіпеў. — Аб нярупным чалавеку, які, калі пашлюць яго за патрэбай, ён заседзіцца на доўгі час.
  4. 24
    Дзе сіраце бацьку браць. — Калі патрэбная нейкая рэч, а яе няма дзе дастаць, дык трэба прыдумляць, каб безь яе абыйсьціся.
  5. 25
    Дзесятаму закажа. — Калі некага слушна пакараць за злачынства, дык дзесяць зарачэцца гэта рабіць.
  6. 26
    Дзе тут у вубоствя жывучы ды зь перцам есьці. — Калі нехта да благой адзежы, ці дрэннай снасьці ды аздабленьні вешае.
  7. 27
    Дзе ўжон, там і ўмалот. — Калі шмат нажата, дык можна спадзявацца, што шмат і намалоціцца.
  8. 28
    Дзе хвэст - і йіна там ест. — Гэтак, у простым сэньсе, высьмейваюцца ахвотнікі наведваць хвэсты й кірмашы. Гэтак прыказваюць і да тых, хто без запрашэньня цісьнецца на чужыя балі-бяседы й хто ўмешваецца ў чужыя справы, калі яго ня просяць.
  9. 29
    Дзеці, дзеці! Дзе мне вас падзеці? — Так бядуюць бацькі, калі дзеці благія.
  10. 30
    Дзе чорт ні араў, там сеіць ні стаў. — Калі хто ня хоча рызыкаваць нечым, бо не спадзяецца ўдачы ў дадзенай справе.
  11. 31
    Дзе чорт ня зможа, там бабу пашле. — Перакананьне, што баба быццам мае большыя здольнасьці на тое, каб зьвесьці чалавека на благое, як сам чорт.
  12. 32
    Дзісятая вада на кісялі. — Прыказваюць гэтак аб далёкім сваяцтве, калі яно часам ставіцца за перашкоду жанімства. Ваду на кісялі мяняюць гэткім парадкам: змолаты авёс разам з пасеямі намочваюць вадой. Праз 5-3 гадзін цэдзяць усё праз рэшата. Пасеі, што засталіся на рэшаце, выціскаюць рукамі ды ізноў намочваюць, а праз колькі гадзін ізноў працэджваюць ды выціскаюць. І калі гэтыя пасеі перамыюць гэтак разоў зь дзесяць, дык дзесятая вада будзе чыстая й зусім непадобная да першага цэду.
  13. 33
    Дзісятуха-сакатуха. Сакоча або мяцеліца каля вуглоў, або вада каля платоў. — Дзісятуха - дзесяты тыдзень па Калядах. Старадаўная сялянская прыкмета, што гэтым часам могуць быць і зімовыя завеі, і веснавыя паводкі.
  14. 34
    Дзіця трэба год качаць як яечка й пяць гадоў пасьціць, як авечку. — Аб пільнай, адданай працы маткі пры ўзгадаваньні дзіцяці.
  15. 35
    Дзядзька ні бацька, а цётка ні матка. — Блізкія й найлепшыя сваякі ня могуць дзіцяці замяніць бацькі й маткі.
  16. 36
    Дзяды вадзіць. — Гэтак прыказваюць, калі сваякі, суседзі й прыяцелі балююць па чарзе то ў ваднаго, то ў другога.
  17. 37
    Дзяды ня мелі бяды, а ўнукі набраліся мукі. — Прыказка бадай-што гістарычная, з думкаю, што калі край быў вольны, дык дзяды жылі безь бяды, а ўнукі пад чужынцамі мучыліся і мучацца.
  18. 38
    Дзякуй Богу, што мышы пагарэлі. — Прыказваюць, калі ў каго пры вялікім убытку здарыцца задаваленьне. Паходзе ад казкі-анэкдоту: У жыда апрача крамы ў мястэчку, была ў вёсцы сельская гаспадарка. Калі ў яго малацьба зацягвалася, дык мышы пераядалі снапы, што ня было чаго й малаціць. Мышы былі ягоныя страшныя ворагі. Калі яму паведамілі, што ў вёсцы ягонае гумно згарэла, дык ён пытае: «А дзе мышы дзеліся? - Згарэлі й мышы», - адказаў пасланец. Жыд з задаваленьнем заўважыў: «Дзякуй Богу што хоць мышы пагарэлі».
  19. 39
    Дзякуй! - Выбачай! - Алі болі ні дакучай! — Прыказваюць, калі частуюць няпрошаных, ці нямілых гасьцей. Госьць дзякуе за пачостку, гаспадар для ветлівасьці перапрашае «Выбачай!», але ў думках дадае: «Алі болі ні дакучай!».
  20. 40
    Дзякуй за абед, што наеўся дармаед. — Жартам прыказвае гэтак госьць, калі дзякуе гаспадару за абед.

Паведаміць пра недакладнасьць