Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі
Навіны
 
20 верасня 2005

Выйшаў з друку Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы.

Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы: дапаможнік для ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.
А.Бардовіч, Л.Мормыш, Л.Шаркун
Менск: Аверсэв, 2005. - 496 с.
ISBN 985-478-469-X
Наклад: 5100 асобнікаў.

У слоўніку захаваны асноўныя палажэнні і ўсе асаблівасці марфемнай характарыстыкі слоў. Ён дапаможа даведацца адносна члянення таго ці іншага слова сучаснай беларускай мовы на структурныя значымыя часткі - марфемы (прыстаўкі, корані, суфіксы, злучальныя галосныя, канчаткі). Рэестр слоўніка ўключае амаль 40000 лексічных адзінак.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў Цэнтральнай кнігарні - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


9 верасня 2005

Выйшаў з друку энцыклапедычны даведнік Грыбы і грыбная кулінарыя.

Грыбы і грыбная кулінарыя: Папулярны энцыклапедычны даведнік.
Галіна Сяржаніна, Іван Яшкін
Менск: ГА «Беларуская асацыяцыя кулінараў», 2005. - 392 с.: іл.
ISBN 985-6081-34-3
Наклад: 1000 асобнікаў.

Кніга прысвечана вышэйшым грыбам, якія адыгрываюць вельмі важную ролю ў прыродзе і гаспадарцы чалавека. На прыкладзе 270 відаў паказана багацце грыбнога свету Беларусі, апісаны грыбы найбольш пашыраныя і вельмі рэдкія, страўныя і гаючыя, паказаны іх нястраўныя і атрутныя «двайнікі», утваральнікі мікарызы або паразіты дрэў, лясныя «санітары» - разбуральнікі розных рэшткаў. Ёсць вызначаныя ключы з падрабязнымі відавымі дыягназамі і агульна спіс грыбоў, дзе для кожнага віда адзначаны ўмовы росту, час і месца пладанашэння, магчымасці выкарыстання, даецца беларуская (у тым ліку народная, прыкладна 2500 найменняў), лацінская і агульнапрынятая расейская наменклатура. Ёсьць безумоўна цікавы, новы, арыгінальны матэрыал аналізу народнай і навуковай наменклатуры; для кожнага віда прапанавана сучаснае, навукова абгрунтаванае найменне. У раздзеле, прысвечаным страўным грыбам, ёсць парады па правільным збіранні, выкарыстанні грыбоў і шмат кулінарных рэцэптаў з кухні многіх народаў свету і з традыцыйнай беларускай кухні. Створаная на базе больш як 35-гадовых навуковых даследаванняў у галіне мікалогіі і лінгвагеаграфіі, напісаная ў папулярным стылі, кніга адрасуецца не толькі спецыялістам, але і больш шырокаму колу чытачоў.

Гл. таксама Радыё Свабода


8 верасня 2005

Дададзены Кароткі расейска-беларускі фармакалагічны слоўнік.

Слоўнік (1840 артыкулаў) прызначаны фармаколагам, студэнтам медычных ды біялагічных ВНУ, лекарам, біёлагам, усім, хто цікавіцца беларускім назоўніцтвам.


1 ліпеня 2005

Дададзеная асноўная частка даведніка Чалавек і грамадства.

У ёй змешчаныя 443 артыкулы па самых розных галінах ведаў аб чалавеку, яго псіхалогіі і маралі, пытаннях сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця грамадства.


13 чэрвеня 2005

Дададзены разьдзел Расліны з Чырвонай кнігі Беларусі.

«Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь» - афіцыйны даведнік аб стане рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў фауны і флоры Беларусі. У ёй прыводзяцца даныя аб стане арэала, колькасці, біялогіі, а таксама аб прынятых і неабходных мерах аховы 214 відаў раслін.


9 чэрвеня 2005

Дададзены даведнік Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956).

У даведніку (328 артыкулаў) сабраная і сыстэматызаваная інфармацыя пра пэрсаналіі і падзеі, датычныя супрацьстаяньню людзей Беларусі таталітарнай савецкай сыстэме ў 1944-1956 гадох. Падобная праца праведзеная ўпершыню. Публікуецца інфармацыя пра ўзброеныя формы барацьбы, пра беларускае падпольле, а таксама пра антысавецкія арганізацыі нацыянальных мяншыняў Беларусі.


13 траўня 2005

Выйшаў з друку Экалагічны слоўнік.

Экалагічны слоўнік - Экологический словарь.
Л.Камлюк, Н.Кручкова, Н.Яромава, Ю.Патаенка, Я.Юрочка
Менск: Народная асвета, 2004. - 287 с.
ISBN 985-12-0958-9
Наклад: 3000 асобнікаў.

У слоўніку прыведзена каля 1000 асноўных экалагічных тэрмінаў і паняццяў. Упершыню выданне выйшла ў 1993 годзе. У другім выданні ўведзены новыя паняцці, перапрацавана фармуліроўка некаторых тэрмінаў першага выдання, выключаны вузкаспецыяльныя экалагічныя тэрміны.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў Цэнтральнай кнігарні - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


8 траўня 2005

Выйшла з друку энцыклапедыя Гарады і вёскі Беларусі (Т.1, кн.1).

Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць.
С.Марцэлеў
Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2004. - 632 с.: іл.
ISBN 985-11-0303-9
Наклад: 4000 асобнікаў.

Першае ў гісторыі Беларусі фундаментальнае шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім на падставе навейшых архіўных і інш. крыніц адлюстраваны гісторыя і сучасны эканамічны і культурны стан усіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі: 6 абласцей, 118 раёнаў, а таксама ўсіх населеных пунктаў кожнага раёна, уключаючы і тыя, якія зараз перасталі існаваць. Першы том выдання прысвечаны населеным пунктам 11 раёнаў Гомельскай вобласці (Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі раёны).


13 красавіка 2005

Дададзены даведнік Культуралогія.

Даведнік уключае 844 артыкула, у якіх разглядаюцца актуальныя праблемы тэорыі і гісторыі культуры, асноўныя культуралагічныя паняцці і тэрміны, найважнейшыя школы і кірункі культуралогіі. У біяграфічных артыкулах, прысвечаных вядомым культуролагам, мысліцелям і асветнікам, дзеячам культуры, асвятляюцца іх жыццёвы і творчы шлях, асаблівасці светапогляду, распрацаваныя імі канцэпцыі і тэорыі. Змест большасці матэрыялаў арганічна звязаны з Беларуссю, з канкрэтнымі рэаліямі этнакультурнага развіцця беларускага грамадства. Кніга адрасавана спецыялістам у галіне культуралогіі, выкладчыкам і навучэнцам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, усім, хто цікавіцца пытаннямі айчыннай і сусветнай культуры.


14 сакавіка 2005

Выйшаў з друку Слоўнік цяжкасцяў беларускай мовы.

Слоўнік цяжкасцяў беларускай мовы.
Б.Плотнікаў, В.Трайкоўская
Менск: Кніжны Дом, 2004. - 544 с.
ISBN 985-428-922-2
Наклад: 5100 асобнікаў.

У кнізе сцісла абагульнены цяжкасці беларускай мовы ў галіне арфаэпіі і арфаграфіі, марфалогіі, у прыватнасці ва ўжыванні склонавых канчаткаў назоўнікаў, у сінтаксічным кіраванні дзеясловаў, у функцыях знакаў прыпынку, у сінтаксісе, лексікалогіі, фразеалогіі, стылістыцы. Выданне прызначана для вучняў, студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, для ўсіх, хто вывучае беларускую мову і штодзённа карыстаецца ёю.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў Цэнтральнай кнігарні - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


Старонкі:   1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  
 
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2017