Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі
Навіны
 
11 лістапада 2008

Пачалася праца над Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы

Аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» змяшчае больш за 65 тысяч слоў. У слоўнікавым артыкуле даюцца кароткія тлумачэнні значэнняў слова, прыклады яго ўжывання ў мове, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні. Шырока выкарыстоўваюцца ў Слоўніку ў якасці ілюстрацый афарызмы, прыказкі, прымаўкі, у патрэбных выпадках іх значэнні тлумачацца. Прыводзяцца асноўныя граматычныя формы слова, стылістычныя паметы, якія ўказваюць на сферу яго ўжывання. Адзначаецца націск. У слоўнікавым артыкуле даюцца вытворныя словы. Слоўнік прызначаны як для шырокага кола чытачоў, так і для спецыялістаў-мовазнаўцаў.


3 кастрычніка 2008

Выйшла з друку Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі.

Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі.
Менск: Зміцер Колас, 2008. - 368 с.: іл.
ISBN 978-985-6783-42-8
Наклад: 2000 асобнікаў.

Гэтая кніга - першая ў гісторыі Беларусі спроба сабраць пад адной вокладкай інфармацыю пра асоб і калектывы, якія ў той ці іншай меры засведчылі сябе ў розных стылях і напрамках таго, што можна лічыць папулярнай музыкай. Даведнік, зроблены адпаведна стандартам зборнікаў «Хто ёсць хто», змяшчае інфармацыю пра творчы і жыццёвы шлях выканаўцаў, кампазітараў, паэтаў, прадзюсэраў, кліп-мэйкераў, гукарэжысёраў, выдаўцоў і іншых прадстаўнікоў папулярнай сцэны краіны, а таксама тых, хто нарадзіўся ў Беларусі і працуе цяпер па-за яе межамі. Зборнік адрасаваны як даследнікам гісторыі беларускай музыкі і арганізатарам канцэртнага жыцця, так і аматарам папулярнай музыкі.


16 верасня 2008

Выйшаў з друку Беларуска-ўкраінскі слоўнік.

Білорусько-український словник.
Г.П.Півторак, О.І.Скопненко (Р.П.Піўтарак, А.І.Скапненка)
Киïв: Довіра, 2007. - 723 с. (Словники України)
ISBN 978-966-507-213-3
Наклад: 500 асобнікаў.

Слоўнік зьмяшчае агульнаўжывальную лексыку сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а таксама найбольш распаўсюджаныя ў беларускай літаратуры размоўныя словы, архаізмы і дыялектызмы, якія істотна адрозьніваюцца ад украінскіх адпаведнікаў, ды найвядомейшыя беларускія фразэалягізмы. Слоўнік закліканы задаволіць найвастрэйшыя практычныя патрэбы карыстальнікаў пад час перакладу разнастайных тэкстаў зь беларускай мовы на ўкраінскую ды пры самастойным вывучэньні беларускай мовы. Для шырокага кола літаратараў, журналістаў, навукоўцаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца беларускай моваю ды культурай.

Гэты слоўнік можна набыць у інтэрнэт-кнігарні «Є».


20 жніўня 2008

Пачалася праца над Расейска-беларускім слоўнікам (Некрашэвіч-Байкоў)

Слоўнік падсумоўвае моўныя пошукі 1920-х гадоў, рэеструючы найбольш вартыя гэтага новыя моўныя знаходкі, як, напрыклад, матэрыялы зборнікаў Беларускае навуковае тэрміналёгіі, выдадзеных Інбелкультам. Зьмяшчае каля 43.000 артыкулаў. Не перавыдаваўся з 1928 г.


6 жніўня 2008

Выйшаў з друку Слоўнік мовы «Нашай Нівы» (Т.2).

Слоўнік мовы «Нашай Нівы» (1906-1915). У 5 т. Т. 2. Д-Н
Менск: Тэхналогія, 2007. - 624 с.
ISBN 978-985-458-143-9 (т.2)
Наклад: 500 асобнікаў.

Слоўнік заснаваны на лекісчным матэрыяле, крыніцай якога паслужыла першая масавая беларуская газета «Наша Ніва» - унікальны пісьмовы помнік нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. У першых чатырох тамах сабраныя агульная лексіка і фразеалогія ў іх поўным аб'ёме. Пададзены ўсе варыянты слова, значэнне яго шырока ілюструецца. Пяты том змяшчае ўвесь набор уласных імёнаў, прозвішчаў, псеўданімаў, назваў населеных пунктаў ды іншых геаграфічных аб'ектаў і выконвае адначасова функцыю паказальніка да факсімільнага выдання «Нашай Нівы». Лексічны матэрыял у слоўніку пададзены ў дзвюх графічных сістэмах - кірыліцы і лацінцы. Для лінгвістаў, гісторыкаў мовы, этнографаў, краязнаўцаў, студэнтаў-філолагаў і ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі фармавання сучаснай беларускай мовы.

Гэты слоўнік можна набыць у інтэрнэт-кнігарні «Prastora.by».


3 ліпеня 2008

Выйшаў з друку ЕўраСлоўнік.

ЕўраСлоўнік: 28 моў, каля 100.000 адзінак перакладу.
Л.Баршчэўскі
Менск: Радыёла-плюс, 2008. - 704 с.
ISBN 978-985-448-080-0
Наклад: 1000 асобнікаў.

«ЕўраСлоўнік» - выданне ўнікальнае не толькі ў айчыннай, але і ў сусветнай лексікаграфіі. Гэта спроба наблізіць нашу мову да патэнцыйных чытачоў беларускіх тэкстаў у краінах Паўночнай, Цэнтральнай, Заходняй і Паўднёвай Еўропы, а беларускага карыстальніка павесці ў багаты свет еўрапейскіх моў. Слоўнік уключае каля 100.000 адзінак перакладу і прызначаны найперш для чытання і разумення інфармацыйных, публіцыстычных, навукова-папулярных і мастацкіх тэкстаў, даступных у друкаваным выглядзе альбо ў Сеціве. Адрасуецца шырокаму колу карыстальнікаў.


1 ліпеня 2008

Выйшаў з друку Граматычны слоўнік дзеяслова.

Граматычны слоўнік дзеяслова.
Менск: Беларуская навука, 2007. - 1252 с.
ISBN 978-985-0842-4
Наклад: 1000 асобнікаў.

У аснову рэестра слоўніка пакладзена дзеяслоўная лексіка сучаснай беларускай мовы. Слоўнікавыя артыкулы ўтрымліваюць інфармацыю аб словазмяненні і формаўтварэнні дзеяслова як часціны мовы. Граматычны слоўнік дзеяслова - нарматыўны граматычна-арфаграфічны даведнік, разлічаны на носьбітаў беларускай мовы, якія жадаюць удакладніць свае веды пра напісанне і змяненне дзеясловаў. Асноўнае прызначэнне слоўніка, якія змяшчае каля 35 тысяч дзеясловаў, - адлюстраваць сучаснае словазмяненне дзеяслова, даць поўную сістэму яго марфалагічных форм. Слоўнік будзе карысны ўсім, для каго важна правільная моўная практыка.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў кнігарні «Эўрыка» - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


26 чэрвеня 2008

Выйшаў з друку Слоўнік для дзяцей беларуска-польскі, польска-беларускі.

Слоўнік для дзяцей беларуска-польскі, польска-беларускі / Słownik dla dzieci białorusko-polski, polsko-białoruski.
В.Ждановіч
Менск: Мэдысонт, 2006. - 288 с.: іл.
ISBN 985-6530-44-X
Наклад: 300 асобнікаў.

Беларуска-польскі і польска-беларускі слоўнік для дзяцей багата ілюстраваны дасьціпнымі малюнкамі, дзеля зручнасьці словы разьмеркаваныя па тэматычных разьдзелах, матар'ял пададзены даступна і займальна. Выданьне можа выкарыстоўвацца і як навучальны дапаможнік для тых, хто зусім ня ведае польскай мовы (незалежна ад узросту), і як слоўнік для тых, хто ўжо крыху валодае ёю.


24 чэрвеня 2008

Выйшаў з друку Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы.

Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы: дапаможнік для ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. - 2-е выд.
А.Бардовіч
Менск: Аверсэв, 2006. - 496 с.
ISBN 985-509-069-1
Наклад: 5100 асобнікаў.

Слоўнік дапаможа даведацца адносна члянення таго ці іншага слова сучаснай беларускай мовы на структурныя значныя часткі - марфемы (прыстаўкі, корані, суфіксы, злучальныя галосныя, канчаткі). Рэестр слоўніка ўключае амаль 40.000 лексічных адзінак.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў кнігарні «Эўрыка» - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


19 чэрвеня 2008

Выйшаў з друку Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (Т.11).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 11. Р-С.
Менск: Беларуская навука, 2006. - 333 с.
ISBN 985-08-0740-7
Наклад: 600 асобнікаў.

Чарговы том слоўніка змяшчае этымалагічны аналіз беларускіх слоў на літары Р і С. Як і папярэднія тамы, мае на мэце даследванне гісторыі развіцця лексікі беларускай мовы і яе суадносін з лексікай іншых славянскіх і неславянскіх моў. Разлічаны на філолагаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў і ўсіх, хто цікавіцца сувязямі беларускай мовы з іншымі мовамі.


Старонкі:   1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  
 
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2017