Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Навіны
 
14 верасня 2012

Выйшаў з друку Слоўнік асабовых уласных імён.

Слоўнік асабовых уласных імён.
А.Усціновіч
Менск: Літаратура і Мастацтва, 2011. - 240 с.
ISBN 978-985-6941-10-1
Наклад: 1200 асобнікаў.

Слоўнік з'яўляецца найбольш поўным нарматыўным даведнікам па выкарыстанні ўласных асабовых беларускіх імён, утварэнні імён па бацьку. Прыведзены розныя па паходжанні мужчынскія і жаночыя імёны, у тым ліку рэдкаўжывальныя і ўстарэлыя; пададзены найбольш пашыраныя іх народныя, размоўныя і вытворныя формы і варыянты. Выданне ўтрымлівае таксама інфармацыю аб іншамоўных адпаведніках беларускіх імён. Адрасуецца работнікам пашпартных сталоў і кадравых службаў, ЗАГСаў, натарыяльных кантор і юрыдычных кансультацый, работнікам друку, настаўнікам і студэнтам, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца сучасным беларускім іменасловам.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў кнігарні «Эўрыка» - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


25 ліпеня 2012

Выйшаў з друку Слоўнік беларускіх народных параўнанняў.

Слоўнік беларускіх народных параўнанняў.
Т.Валодзіна, Л.Салавей
Менск: Беларуская навука, 2011. - 482 с.
ISBN 978-985-08-1346-6
Наклад: 300 асобнікаў.

Параўнанні надаюць мове яркасць, адметнасць і той непаўторны каларыт, які адрознівае адну мову ад іншай. Яны ўзбагачаюць гаворку за кошт сваёй здольнасці трапна і вобразна выяўляць сутнасць самых разнастайных з'яў. Прапанаваны слоўнік - вопыт найбольш поўнага збору ўстойлівых беларускіх народных параўнанняў. Змяшчае больш за 8 тыс. параўнальных выразаў рознага тыпу. Дэфініцыя ўключае тлумачэнне значэння, геаграфічную і стылістычную характарыстыку, у неабходных выпадках даецца каментарый культаралагічнага характару. Захаваны дыялектныя асаблівасці маўлення. Слоўнік разлічаны на фалькларыстаў, лінгвістаў, перакладчыкаў, будзе карысны як настаўнікам беларускай мовы, так і майстрам слова - пісьменнікам, журналістам, а таксама ўсім, хто шануе родную мову.


16 чэрвеня 2012

Дададзены Слоўнік беларускай мовы.

Найбольш поўнае акадэмічнае выданне слоўніка падрыхтавана з улікам змен, што адбыліся ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У аснову рэестра слоўніка, які ўключае каля 150 тыс. слоў, пакладзены рэестр «Слоўніка беларускай мовы» 1987 года выдання, значна дапоўнены лексікай, што ўвайшла ва ўжытак у апошнія дзесяцігоддзі, а таксама лексікай, якая можа вызваць цяжкасці пры напісанні па новых правілах. Разлічаны на мовазнаўцаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, журналістаў, пісьменнікаў, рэдактараў і ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай.


18 траўня 2012

Дададзены слоўнік Асновы эканамічнай тэрміналогіі.


17 сакавіка 2012

Дададзены слоўнік Асноўныя тэрміны і паняцці па сельскай і лясной гаспадарцы.


20 лютага 2012

Дададзены слоўнік Асноўныя тэрміны і паняцці па біялогіі.


5 сьнежня 2010

Выйшаў з друку тэматычны слоўнік Сельская гаспадарка.

Сельская гаспадарка: тэматычны слоўнік.
Менск: Беларуская навука, 2010. - 527 с.
ISBN 978-985-08-1230-8
Наклад: ... асобнікаў.

Слоўнік уключае выбраныя з розных крыніц рэгіянальныя беларускія народныя назвы, якія звязаны з сельскай гаспадаркай, а таксама са спадарожнымі традыцыйнай сялянскай працы заняткамі. Уваходзяць у яго і словы, якія абазначаюць розныя паняцці народнай астраноміі і метэаралагічных з'яў.



12 лютага 2010

Выйшаў з друку Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы.

Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы.
А.Баршчэўская, Л.Баршчэўскі
Менск: Радыёла-плюс, 2010. - 560 с.
ISBN 985-978-448-101-2
Наклад: 3500 асобнікаў.

Выданне падрыхтаванае з улікам правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года, які ўступае ў сілу з 1 верасня 2010 года. Рэестр слоўніка ўключае каля 42.000 слоў і словазлучэнняў, напісанне і вымаўленне якіх выклікаюць цяжкасці. У датадак уключана прыкладна 1200 асабовых уласных імён. Адрасуецца школьнікам, абітурыентам, студэнтам, настаўнікам, выкладчыкам і самаму шырокаму колу карыстальнікаў.

Гэты слоўнік можна набыць у інтэрнэт-краме «Prastora.by».


22 студзеня 2010

Дададзены тэматычны слоўнік Чалавек.

Слоўнік уключае выбраныя з розных крыніц рэгіянальныя беларускія народныя назвы, якія характарызуюць чалавека як грамадскага дзеяча, вызначаюць яго адносіны да працы, да людзей, падкрэсліваюць яго фізічныя і псіхічныя якасці і г.д.


2 сьнежня 2009

Выйшаў з друку Англа-беларускі парэміялагічны слоўнік.

Англа-беларускі парэміялагічны слоўнік. English-Belarusian Paremiological Dictionary.
Магілеў: УА «МДУ імя А.Куляшова», 2009. - 240 с.
ISBN 978-985-480-522-1
Наклад: 120 асобнікаў.

У слоўніку апісваюцца каля 300 англійскіх прыказак, якія ўжываюцца ў сучаснай англійскай мове, і больш за 1300 эквівалентных ім беларускіх парэмій. Беларускія прыказкі падаюцца паводле павелічэння іх семантычных і лексічна-граматычных адрозненняў ад англійскіх парэмій. У канцы слоўніка змешчаны спіс англійскіх прыказак, іх лексічны паказальнік, алфавітны спіс беларускіх адпаведнікаў, які дазваляе карыстацца слоўнікам у адваротным парадку. Для беларускамоўных студэнтаў універсітэтаў, што вывучаюць англійскую як замежную, а таксама ўсіх, хто цікавіцца англійскай і беларускай мовай і культурай.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў кнігарні «Эўрыка» - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


Старонкі:   1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  
 
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018