Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі
Навіны
 
21 сакавіка 2018

Да 100-годдзя БНР мы падрыхтавалі у тэкставым выглядзе поўны збор (23 выпускі) перакладных тэрміналагічных слоўнікаў серыі "Беларуская навуковая тэрміналогія" (БНТ), укладзеных у 1920-х гадах. Таксама ўключаны некалькі тэрміналагічных слоўнікаў, якія выйшлі па-за рамкамі серыі БНТ. У адрозненне ад ранейшых сканаваных версій, тэкставы варыянт дазваляе ажыццяўляць паўнавартасных пошук, што дае слоўнікам новае жыццё.

* * *

У свеце існуе каля шасці тысяч натуральных моў, на якіх можна спяваць песні, баяць аповеды і складаць вершы, але колькасць літаратурных, стандартных моў многа меншая. У 1920-я гады ў кола элітарных стандартных моў, якія не абмяжоўваюцца сферамі мастацкай літаратуры і публіцыстыкі, але вольна адчуваюць сябе таксама ў стылях навуковай літаратуры і афіцыйнага справаводства, увайшла і беларуская мова. Выдадзеная ў 1922–1930 гадах серыя слоўнікаў «Беларуская навуковая тэрміналогія» ўвайшла ў гісторыю як выдатны навукова-арганізацыйны чын, які дазволіў адбыцца гэтаму вялікаму дасягненню. У гэты час у Мінску пад эгідай Інстытута беларускай культуры – легендарнага «Інбелкульта» – былі надрукаваны тэрміналагічныя слоўнікі з галіны матэматыкі, літаратуры, геаграфіі, логікі і псіхалогіі, геалогіі і мінералогіі, батанікі, музычнага мастацтва, лясной гаспадаркі, анатоміі, права, грамадазнаўства, заалогіі, мовазнаўства, глебазнаўства, бухгалтарскай справы, хіміі, сельскай гаспадаркі, фізікі, педагогікі, агульнай раслінагадоўлі.

Падрыхтоўка і здзяйсненне гэтага фундаментальнага для свайго часу праекта была б немагчымай без існавання пэўнага рэжыму дзяржаўнасці Беларусі. Элементамі праяўлення дзяржаўнасці былі заснаванне Навукова- тэрміналагічнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы БССР (1921) і Інстытута беларускай культуры (1922). Выданні серыі «Беларуская навуковая тэрміналогія» ўвабралі ў сябе здабыткі папярэдняй выпрацоўкі тэрміналогіі 1916–1920 гг., здзейсненыя нярэдка па-за межамі сучаснай Беларусі (Беларускае навуковае таварыстве ў Вільні, 1918) і ў рамках навуковых інстытуцый, сфарміраваных у дасавецкі перыяд (Бюро па ўкладанні і перакладу падручнікаў у Мінску пры Народным сакратарыяце БНР, 1918; Мінскі беларускі педагагічны інстытут, 1918).

Сяргей Запрудскі


28 лютага 2017

Выйшаў з друку слоўнік-даведнік Беларускія аднакарэнныя і сугучныя словы з расейскімі адпаведнікамі.

Беларускія аднакарэнныя і сугучныя словы з рускімі адпаведнікамі.
М.Смаршчок
Менск: Вышэйшая школа, 2013. - 367 с.
ISBN 978-985-06-2223-5
Наклад: 1000 асобнікаў.

Аналізуюцца аднакарэнныя і сугучныя словы беларускай мовы з рускімі адпаведнікамі. Слоўнік-даведнік не мае аналагаў у айчыннай лексікаграфіі. У слоўнікавых артыкулах супастаўляюцца лексічныя пары сугучных слоў, тлумачацца значэнні і сэнсавыя своеасаблівасці кожнага з іх, а таксама прыводзяцца прыклады памылковага ўжывання. Адрасаваны тым, хто цікавіцца пытаннямі культуры мовы - вучням, выкладчыкам, студэнтам, журналістам, перакладчыкам.


22 лютага 2017

Выйшаў з друку Этымалагічны слоўнік прыказак.

Этымалагічны слоўнік прыказак.
І.Лепешаў
Менск: Вышэйшая школа, 2014. - 141 с.
ISBN 978-985-06-2060-6
Наклад: 1000 асобнікаў.

Слоўнік такога тыпу выдаецца ўпершыню ў лексікаграфічнай практыцы. У ім раскрываюцца гісторыя і паходжанне больш за 400 прыказак сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Для мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, настаўнікаў, студэнтаў, шырокага кола чытачоў.


17 лютага 2017

Выйшаў з друку Ангельска-беларускі слоўнік.

Англійска-беларускі слоўнік. English-Belarusian Dictionary.
Пад рэд. Т.Сушы
Менск: Вышэйшая школа, 2013. - 765 с.
ISBN 978-985-06-2236-5
Наклад: 1000 асобнікаў.

Англійска-беларускі слоўнік змяшчае каля 60.000 слоў і ўстойлівых словазлучэнняў англійскай мовы з іх адпаведнікамі на беларускай мове, а таксама шматлікія прыклады іх ужывання. Англійска-беларускі слоўнік такога тыпу і памеру падрыхтаваны ў Беларусі ўпершыню. Слоўнік адрасуецца выкладчыкам ВНУ, настаўнікам школ, студэнтам, перакладчыкам, а таксама ўсім, хто карыстаецца англійскай і беларускай мовамі.


12 жніўня 2014

Дададзены Беларуска-расейскі слоўнік (Крапіва).

Чацвёртае выданне Слоўніка падрыхтавана ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Разлічаны на масавага чытача.


10 лютага 2014

Дададзеная энцыклапедыя Гарады і вёскі Беларусі (10 кн.) у раздзел Кнігі ў PDF/DJVU (3,5 Gb, .djvu з пошукам; торэнт-файл).

Першае ў гісторыі Беларусі фундаментальнае шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім на падставе навейшых архіўных і інш. крыніц адлюстраваны гісторыя і сучасны эканамічны і культурны стан усіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі: 6 абласцей, 118 раёнаў, а таксама ўсіх населеных пунктаў кожнага раёна, уключаючы і тыя, якія зараз перасталі існаваць.


12 студзеня 2014

Дададзеная Беларуская энцыклапедыя (18 т.) у раздзел Кнігі ў PDF/DJVU (8,7 Gb, .djvu з пошукам; торэнт-файл).

Беларуская энцыклапедыя як універсальны сістэматызаваны даведнік змяшчае самыя разнастайныя звесткі па ўсіх галінах ведаў, назапашаных чалавецтвам, пра найважнейшыя падзеі гісторыі і сучаснага грамадска-палітычнага жыцця, пра выдатных дзеячаў усіх часоў і народаў. У той жа час пэўная перавага аддаецца навукова аргументаванаму асвятленню падзей, з’яў, фактаў, звязаных з Беларуссю, з яе выдатнымі дзеячамі ва ўсіх галінах палітычнага, эканамічнага, навуковага і культурнага жыцця. БелЭн — гэта ўсё пра Беларусь і ўвесь свет па-беларуску, гэта першая нацыянальная энцыклапедыя суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, у стварэнні якой прымалі ўдзел вядомыя вучоныя, літаратары, мастацтвазнаўцы і іншыя айчынныя, а ў шэрагу выпадкаў і замежныя спецыялісты розных галін ведаў. Выданне багата ілюстравана каляровымі і чорна-белымі здымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі. Энцыклапедыя выдадзеная ў 18 тамах (19 кнігах, прыкладна па 100 улікова-выдавецкіх аркушаў кніга). У ёй змешчана каля 80 тысяч тэрмінаў.


12 жніўня 2013

Выйшаў з друку слоўнік адметнай лексікі Словаклад.

Словаклад: слоўнік адметнай лексікі.
А.Каўрус
Менск: Выдавецкі дом «Звязда», 2013. - 328 с.
ISBN 978-985-7059-47-8
Наклад: 700 асобнікаў.

У слоўніку даецца тлумачэнне больш як трох тысяч беларускіх слоў, даўніх і тых, што ўзніклі ў наш час, якія ўжываюцца ў мастацкіх і навуковых тэкстах, у мове сродкаў масавай інфармацыі. Слоўнік можа выкарыстоўвацца ў сярэдняй і вышэйшай школе, а таксама як даведнік для журналістаў, пісьменнікаў і рэдактараў.


27 траўня 2013

Выйшаў з друку Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы.

Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы. У 2 т.
М.Пазнякоў
Менск: Літаратура і Мастацтва, 2012. - 400 с. + 365 с.
ISBN 978-985-6994-83-1
Наклад: 1600 асобнікаў.

У слоўніку сабраны і пададзены па семантычных групах эпітэты да амаль 450 найбольш ужывальных назоўнікаў беларускай мовы. Лексічны матэрыял ілюструецца прыкладамі з мастацкай літаратуры, фальклору, перыядычных і навукова-даведачных выданняў. Праца разлічана на пісьменнікаў, перакладчыкаў, рэдактараў, журналістаў, работнікаў радыё, тэлебачання і друку, выкладчыкаў, студэнтаў, вучняў сярэдніх школ, а таксама ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў кнігарні «Эўрыка» - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


20 красавіка 2013

Выйшаў з друку Беларускі арфаграфічны слоўнік.

Беларускі арфаграфічны слоўнік.
Л.Кунцэвіч, І.Кандраценя
Менск: Беларуская навука, 2012. - 695 с. - 3-е выд., выпр., нов. арфаграф. напіс.
ISBN 978-985-18-1612-2
Наклад: 5000 асобнікаў.

Новы беларускі арфаграфічны слоўнік грунтуецца на правілах, якія ўводзяцца ў дзеянне Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прынятым у 2008 г. Аснову слоўніка складаюць найбольш пашыраная агульнаўжывальная лексіка, а таксама словы, якія могуць выклікаць цяжкасці пры напісанні. Слоўнік мае нарматыўны характар і разлічаны на вучняў сярэдніх школ, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў, абітурыентаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама ўсіх, хто карыстаецца пісьмовай беларускай мовай.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў кнігарні «Эўрыка» - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!


Старонкі:   1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  
 
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018