-
21
ведзены, вядзёны, воджаны -ая, -ае. Які прыводзіцца ў рух чым-н.; такі, якога хто-, што-н. вядзе, водзіць.
Троху падкапілі [грошай] і малацілку набылі, ведзеную маторам. (ЛіМ. 01.07.1992) Вядзёны пражэктарамі, да яго ішоў міністр з даволі таўставатым канвертам у руках. (В.Казько) Спакоем воджаны век здрадным, Сную, і нейкі са мной шорах. (Я.Купала) -
22
вежка -і, ж. Памянш. да вежа; невялікая вежа.
А аднойчы [агітатар] вазіў у музей, у старажытны, з вежкамі, будынак на гары. (А.Фомчанка) -
23
вельбаваць -вяльбую, -вяльбуеш, вяльбуе, незак., каго. Вельмі шанаваць.
- І за што ўжо яна так вяльбуе яго? Здаецца ж, такога нязгрэбы як ён, свет не бачыў... Вупыр! (А.Масарэнка) -
24
верапамяркоўнасць -і, ж. Верацярпімасць.
Толькі ў 1905 г. з'явіўся ўказ аб узмацненні пачаткаў верапамяркоўнасці. (ЛіМ. 14.01.1994) -
25
вернік -а, м. Той, хто верыць у існаванне Бога.
Кінематаграфісты недвухсэнсава выказаліся за перадачу храма вернікам. (Звязда. 16.09.1990) Мінскі Чырвоны касцёл у гады вайны зноў быў адкрыты для вернікаў. (М.Танк) -
26
верніца -ы, ж. Жан. да вернік.
Калі паслухаць старую верніцу, то сейбіт добрага насення ёсць сын чалавечы... (В.Гардзей) -
27
вершавы -ая, -ае. Прым. да верш.
У сучасных вершах хочацца бачыць больш псіхалагізму, інтэлектуальнасці. І, вядома ж, майстэрства... больш шырокага выкарыстання ўласна вершавых магчымасцей. (ЛіМ. 26.01.1973) -
28
вершнік, верхнік -а, м. Коннік.
Зазвінелі балабончыкамі хамуты. Сядалі вершнікі, гаркалі сабакі. (М.Гарэцкі) На чырвоным тле - срэбраны вершнік на белым кані. (ЛіМ. 22.11.1991) Балотная расліннасць - трыснёг, чарот - па сваёй гушчыні й вышыні нагадвае маньчжурскі гаалян, дзе можа схавацца верхнік разам з канём. (Ю.Віцьбіч) -
29
вескаўня -і, ж. Дзеравеншчына.
Гэты горад быў свой і ніякі. Ведаў праўду і бачыў хлусню. Шантрапу падкупілі «палякі», пазбіралі сваю вескаўню. (Д.Бічэль) -
30
веставаць -вястуе, незак., што. Азначаць, сведчыць.
Некаторыя выданні апошніх гадоў, у прыватнасці Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, вястуюць пэўны пралом у зацяжной навукова-інфармацыйнай блакадзе. (ЛіМ. 24.04.1998) -
31
весткаваць -вясткую, -вясткуеш, -вясткуе, незак., што і без дап. Вешчаваць.
Купалаўскі прарок з аднайменнага верша вясткуе і прапаведуе «як шалёны». (А.Разанаў) -
32
вечаваць -вячую, -вячуеш, -вячуе, незак. Удзельнічаць у вечы.
Можа, з нязнанае нам летапіснае хронікі чэрпаў Скарына весткі пра мінулае свайго горада, пра тое, як узнімалі продкі горад на Дзвіне, як вечавалі палачане ці бараніліся ад захопнікаў. (А.Каўка) -
33
вечароўнік -а, м. Удзельнік вечаровых сустрэч, гутарак.
Шмат што закранутае Бёлем пры тым у яго вечараванні дубултаўскіх суразмоўнікаў яна [Караліна Франчэскаўна] разумела лепш, чым хто іншы з вечароўнікаў. (Крыніца. 1997. № 8) -
34
вечарушкі -шак, адз. няма. Вечарынка.
[Фруза:] Трэба сказаць брату, каб запрасіў яго на вечарушкі. Ён пяе ладна, а што ж «Юрачку» скача - каб ты ведала... (М.Гарэцкі) -
35
вечарынец -нца, м. Удзельнік урачыстай вечарыны.
Міла выслухалі вечарынцы экраннага паэта (быў паказаны фрагмент з дакументальнага фільма «Максім Танк»). (Народная воля. 27.11.1997) -
36
вешчаўніца -ы, ж. Вяшчунка.
У народзе чорная жаўна Вешчаўніцай лічыцца здаўна. (В.Дзеравяшка) -
37
вёсначка гл. вясенька
-
38
відаль -і, ж. Тое, што адкрываецца перад вачамі, перспектыва; від.
Відаль была адна і тая самая за ўсю дарогу, звычайная, але прыгожая відаль: імглявае балотнае надвор'е, грудкі маркотнага алешніку з бакоў праезду... (М.Гарэцкі) Ехаў як быццам і не шпарка, перад вачыма рухалася прыгожая, як намаляваная, зялёная відаль, якую не псавалі светла-шэрыя прастакутнікі блізкага горада. (П.Васючэнка) -
39
відачын -а, відачынец -нца, м.
Акцёр (параўн. рас. лицедей). Нічому не навучыцца побач і разам з такім сур'ёзным артыстам мог толькі бяздарны і лянівы відачын. (Б.Бур'ян) На Беларусі столькі цудоўных самабытных відачынцаў. (ЛіМ. 04.04.2003) -
40
відачынства -а, н. Тэатральная гульня, прадстаўленне (параўн. рас. лицедейство).
Талент акцёрскага відачынства - напэўна, ён і пакінуў у памяці свае яркія адмеціны, прымусіўшы прыняць адыход Юрыя Авяр'янава як асабістую страту? Не ведаю. (ЛіМ. 26.01.1996)
На запыт знайшлося 116 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць