-
1
спавагі — паволі, няспешна.
Спавагі кладзі на вагі. Я спяшаюся, а яны спавагі робюць. -
2
спавалу — спакойна, няспешна.
Еш спавалу, сабакі ж ня гоняцца. -
3
спавілкі — пялюшкі.
Тады Валодзька яшчэ ў спавілках быў. -
4
спагадзіна — спагада, разуменне.
Ні дня, ні гадзіны німа спагадзіны. -
5
спадарожыцца — здарожыцца, стаміцца ад хады.
Спадарожылася кума, і рады німа. -
6
спадкі, спажыткі — спадчына; яшчэ — ежа, папаска.
Усе спадкі жонцы асталіся. У яе ёсь спажыткі, ад мужыка перайшлі. Даў Бог дзень, дась і спажытак (пажытак). -
7
спалатнець — звянуць, страціць клёк.
Грыжанка спалатнела, морква палатном, сок выйшаў. -
8
спанталычыцца — збіцца з толку.
Спанталычылася я гладка ад гэтай хаданіны. -
9
спарадкаваць — навесці парадак, давесці да толку.
Усё спарадкавай, тады гуляй. -
10
спатыкаць — сустрэць.
Ішлі з магільніка й спатыкаюць яе. -
11
спашнік, спаршнік — той, хто ўзорвае гарод.
Спашніку гэнаму, мусіць, наліеш выпіць. Спаршнікі, яны пахалі зямлю ў пана, арандавалі як-бы. -
12
спешка — гатунак ранняй бульбы.
І спешкі пасадзілі многа, і пазной. -
13
спірацца — адмаўляцца ад сваіх слоў, адгаворвацца.
Брэшаць як наняты й яшчэ спіраіцца. -
14
спірко — заядлы ў спрэчках, неўступака.
Спірко як упрэцца, не саступіць, хоць усярэцца. -
15
спісяжыць — схвастаць.
Так спіну пугай спісяжыў, каб дзе жывая мясцінка засталася. -
16
сплёткі — плёткі, чуткі.
Разносіць сплёткі па вуліцы на сваім языку, як сарока на хвасце. -
17
справіцца — паспець.
Ужо справіўся сад вырасці. -
18
справункі — клопат, з якім трэба справіцца.
Не к спеху гэтыя справункі. У кажнай Матрункі свае справункі. -
19
спраўка — калі гаспадар управіцца з усімі работамі - у яго спраўка.
Дайце Саўку спраўку. -
20
спрытната — спрыт, умельства.
Ён ня сілай, а спрытнатой бярэць.
На запыт знайшлося 23 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць