На запыт знайшлося 146 артыкулаў

  1. 21
    вархопкі — пажыткі, манаткі.
    Пахапалі свае вархопкі й хутчэй дадому.
  2. 22
    варыўня — будыніна, дзе гатуюць ежу.
    Яна ў сваю варыўню ўсё цягніць.
  3. 23
    ватарга — гурма, зборня.
    Гляджу, едзіць цэлая ватарга, канца не відаць.
  4. 24
    ваўкаедня, ваўкаўня — ваўчынае логава (логвішча, логаўе); яшчэ — няўтульная будыніна.
    У ваўкаедні трох ваўчанят бачылі. У хаці, як у ваўкаедні, халодна. Хата пустая, як ваўкаўня.
  5. 25
    ваўкарэзіна — абразлівы зварот да каровы, каня.
    Стой, ваўкарэзіна, каб на цябе ваўкі!
  6. 26
    ваўначоска — майстэрня, дзе чэшуць воўну.
    Паўдня на ваўначосцы выстаяла, пакуль кузлак воўны счасала.
  7. 27
    вачапор — вісус, накольнік.
    Вачапоры на шкоду скоры.
    (Даслоўна - хто порыць вочы.)
  8. 28
    вашанок — маленькая вошынка.
    Вашанок у галаве засвярбеў.
  9. 29
    вельмаваць — прывячаць, частаваць.
    Ой, дзед, ты мой дзед, // А я твая бабка. // Шануй мяне, вяльмуй мяне, // Каб я была гладка.
  10. 30
    верасянка — гліна, змешаная з верасам.
    Гліну з дробна пасечаным верасам месяць і з гэтага робяць сцены абораў, хлявоў.
    (На Ушаччыне бачыў у Двары Пліна.)
  11. 31
    вернікі — верныя ў каханні, у дружбе.
    Наша дваіх зэкаў на самалёт правяла, такія яны вернікі - да першай падушкі.
  12. 32
    верхам — мець уладу над некім.
    Зямля па ім верхам была. Жонка па ім верх паняла. Па ім верхам едуць, як на пастуху.
  13. 33
    верхнік — верхні камень у жорнах.
    Ніяк не маглі верхнік узвалачы.
  14. 34
    ветрагон, ветрадуй — ветраны, не гаспадар свайго слова, лёгкі на абяцанкі, пустадомак.
    Ветрагону веры німа, толькі абяцанкі-цацанкі. Разумны ня чуіць, што ветрадуй ветрадуіць. Такі ветрадуй, што божа ратуй!
  15. 35
    веяць — гнаць, каціць.
    Кляновая лісціначка, // Куды цябе вецер веіць: // Ці ў бор, ці ў даліну, // Ці ў шчырую баравіну?
  16. 36
    відошна — відавочна, яўна.
    Тут жа відошна сасуды адкрыты. Відошна, што саўсім нядужая.
  17. 37
    вілатая — у два ствалы (як вілы).
    А ў нас на дворышчы бяроза вілатая стаяла.
  18. 38
    вілачнік — куток каля печы ў парозе, дзе стаяць вілкі, чапёлы, гальні.
    Пастаў у вілачнік свой кій. У цябе ў галаве, як у вілачніку, усё стоць стаіць.
  19. 39
    вірлун — у каго вочы навыкаце.
    Маўчыць, вірлун, толькі вірламі варочаіць.
  20. 40
    вірлы, варлы — вочы.
    Што ты свае вірлы паказеліў - ніхто цябе не баіцца.

Паведаміць пра недакладнасьць