Сак Аляксандар (1890 - пасля 1937), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху 1-й чвэрці 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 14.08.1890 на Наваградчыне. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўнага беларуса Мікалая Сака. Прыняў рымска-каталіцкае веравызнанне. Скончыў Пінскую гімназію. Вучыўся ў інстытуце лясной гаспадаркі ў Пецярбургу. Пасля трэцяга курса перапыніў вучобу і паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1913). У час вучобы наведваў Б.Эпімах-Шыпілу, дзе пазнаёміўся з Янкам Купалам. Пасвячоны ў святары ў 1917 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Магілеўскай губ. Удзельнік з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 21.06.1917 служыў вікарыем у мясцовасці Фашчоўка Магілеўскай губ. Пасля трох месяцаў службы прызначаны адміністратарам Мікуліна-Руднянскай капліцы ў Аршанскім павеце. Напрыканцы ліпеня 1918 г. рашэннем вышэйшых духоўных уладаў Магілеўскай архідыяцэзіі быў прызначаны на пасаду вікарыя ў Смаленскі касцёл. Аднак па невядомых прычынах да святарскай службы ў Смаленску не прыступіў. З 19.12.1918 жыў у мястэчку Сянно. Пазней выконваў абавязкі пробашча ў Свяцілавіцкім касцёле і працаваў адміністратарам у Шклове (1919-1921). Па выкліку духоўных уладаў Магілеўскай архідыяцэзіі ў траўні 1922 г. прыязджаў у Петраград. У сувязі з прапановаю выезду і магчымай душпастырскай дзейнасцю ў Петраградзе 09.02.1924 быў вызвалены ад абавязкаў пробашча Фашчоўскага касцёле. У лісце ад 24.03.1924 звярнуўся да адміністратара Магілеўскай архідыяцэзіі з просьбай пакінуць яго на бацькаўшчыне: «... маю маці, якую не магу пакінуць на волю лёсу. Акрамя таго, ёсць у мяне яшчэ адна маці - мая айчына. Так дзіўна да недарэчнасці складваецца, што ў Беларусі няма аніводнага беларускага святара. Таму шкода мне і яе». З вясны 1924 г. пэўны час знаходзіўся ў Менску, дзе часта гасцяваў у Янкі Купалы. Займаўся літаратурнай творчасцю: «пісаў на беларускай мове байкі, лірычныя вершы, паэмы, вершаваныя драматургічныя творы». Пазней быў камандзіраваны ў Мазырска-Рэчыцкі павет. Працаваў на Меншчыне і Мозыршчыне, у Койданаве і Хойніках. Прыхільнік беларусізацыі рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. Шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці і ў паўсядзённых сустрэчах з парафіянамі. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Змушаны быў публічна адмовіцца ад святарскага сану (17.12.1929). Працаваў стыльрэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Першы раз арыштаваны органамі бяспекі 24.06.1930 у сувязі са справай «Саюза вызвалення Беларусі». У 1930-1934 гг. будаваў Беламорска-Балтыйскі канал. Другі раз арыштаваны ў 1937 г. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Паводле версіі родных - загінуў на Беламорска-Балтыйскім канале.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2297/535; Архіў КДБ РБ (Менск), спр. 20951-С; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЛМЯнК, ф. 1, воп. 1, спр. 4; Directorium... Mohiloviensi; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Янка Купала; Скарыніч; Dzwonkowski R., 1998.

Паведаміць пра недакладнасьць