Расізм, сукупнасць канцэпцый, аснову якіх складаюць палажэнні аб фізічнай і псіхічнай нераўнацэннасці чалавечых рас, аб вырашальным уплыве расавых адрозненняў на гісторыю і культуру грамадства і аб спрадвечным падзеле людзей на «вышэйшыя» і «ніжэйшыя» расы. Пры гэтым першыя прызнаюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі, закліканымі да панавання, другія - не здольнымі да стварэння і нават засваення высокай культуры і асуджанымі на эксплуатацыю. Выставіўшы ў сярэдзіне 19 ст. першую расісцкую канцэпцыю, француз Ж.А.Габіно абвясціў арыйцаў «вышэйшай расай». У далейшым расізм, пераплецены з сацыяльным дарвінізмам, мальтузіянствам, еўгенікай (Д.Хайкрафт і Б.Кід у Вялікабрытаніі; Ж.Лапуж у Францыі; О.Вольтман, Х.Чэмберлен і О.Аман у Германіі), выкарыстоўваўся для апраўдання расавай дыскрымінацыі, сегрэгацыі і апартэіду, стаў афіцыйнай ідэалогіяй фашызму. Расізм асуджаны міжнародным супольніцтвам.

Паведаміць пра недакладнасьць