##ShortTitle: Асветнікі Беларусі ##LongTitle: Асветнікі Беларусі (X - пач. XX ст.). Даведнік ##FrontpageTitle: Асветнікі Беларусі (X - пач. XX ст.) ##TitleNote: частка ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##InRandom: true ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. ISBN 985-11-0016-1

«Мысліцелі і асветнікі Беларусі» - першы ў Беларусі энцыклапедычны даведнік, у якім змешчаны матэрыялы пра жыццёвы шлях і дзейнасць прадстаўнікоў філасофскай і грамадскай думкі і асветніцкай краіны ад старажытных часоў да пачатку 20 стагоддзя. У даведніку змешчаны больш за 650 персаналій. Выданне разлічана на масавага чытача.

Разьдзелы:
 Старажытныя беларускія княствы  

 Беларусь у складзе Расейскай імперыі  

 Тэрміны  

##HTMLDescription_END ##Chapter: 1. Старажытныя беларускія княствы @

Аўрамій Смаленскі (Працалюбівы), асветнік, рэлігійны і грамадскі дзеяч, мастак. Нарадзіўся ў сярэдзіне 12 ст. ў Смаленску ў заможных бацькоў, якія да яго мелі 12 дачок. З дзяцінства выхаваны ў духу строгай хрысціянскай набожнасці і прывучаны да сістэматычных кніжных заняткаў. Пасля смерці бацькоў раздаў усю іх маёмасць манастырам, цэрквам і бедным, а сам пайшоў у манастыр, размешчаны ў ваколіцах Смаленска. Тут ён старанна вывучаў творы Яна Златавуста, Яфрэма Сірына, жыціі святых: Антонія Вялікага, Яўхімія, Савы, Феадосія Палесцінскіх, Антонія і Феадосія Пячэрскіх і інш., займаўся зборам і перапісваннем кніг. У гэты час смаленскі князь Раман Расціслававіч (памёр у 1170) заснаваў у горадзе вучэльню, у якой навучаліся па славянскіх, грэчаскіх і лацінскіх кнігах. Аўрамій актыўна садзейнічаў росквіту гэтай вучэльні, дапамагаў фармаваць яе бібліятэчны фонд. Пасля 30 гадоў манаскага служэння ў 1198 ён прыняў сан прэсвітэра і стаў шырока вядомы як прапаведнік і настаўнік не толькі для манаскай браціі, але і для недухоўных асоб. Гэта выклікала зайздрасць у часткі духавенства, і Аўрамію давялося перайсці ў Крыжаўзвіжанскі манастыр у Смаленску. Сюды да яго пачало прыходзіць яшчэ больш людей за духоўнай парадай, настаўленнем. Ён актыўна ўдзельнічаў у аздабленні храма, намаляваў для яго 2 абразы. Няспынныя казанні і поспех у вернікаў зноў выклікалі зайздрасць у духавенства і гарадской знаці. Прэсвітэра абвінавацілі ў ерасі і распаўсюджванні забароненых кніг, а таксама ў спакушэнні жанчын і пераманьванні духоўных дзяцей. На судзе, які ўзначальвалі князь і епіскап, ён змог апраўдацца, але яму забаранілі свяшчэннадзейнічаць і загадалі вярнуцца ў той жа самы манастыр. Але папулярнасць Аўрамія ў народзе была такой вялікай, што царкоўныя ўлады вымушаны былі адмяніць сваю забарону на прапаведніцтва і прызначылі яго ігуменам новага манастыра. Па-ранейшаму да яго сыходзіліся розныя людзі, каб паслухаць разумныя парады і настаўленні. Аўрамій заклікаў смалян няўхільна прытрымлівацца маральных прынцыпаў хрысціянства, клапаціцца пра духоўнае ўдасканаленне жыцця, увесь час помніць пра Бога, маліцца дзень і ноч. Памёр ён да 1224, пражыўшы ў манастве 50 гадоў. Пасля смерці, як і пры жыцці, Аўрамія шанавалі смаляне як нястомнага прапаведніка рэлігійнага пакаяння і непазбежнасці страшнага суда. За актыўнае прапаведанне хрысціянства і ўзорнае жыццё праваслаўная царква кананізавала яго. Яго вучань манах Яфрэм напісаў «Жыціе прападобнага Аўрамія Смаленскага».

Літ.: Четии-Минеи: (Книга житий святых). Кн. 1-4. М., 1829; Жития святых Российской церкви. Также Иверских и славянских и местно чтимых подвижников благочестия, составленные А.Н.Муравьёвым. Т. 1-18. Спб., 1855-68; Барсуков Н. Источники русской агиографии. Спб., 1882; Филарет, архиепископ Черниговский. Жития святых чтимых Православной Церковию, со сведениями о праздниках Господских и Богородничных, и о явленных чудотворных иконах. 3 изд. Спб., 1900; Голубинский Е. История канонизации святых в Русской Церкви. 2 изд. М., 1903.

В.Оргіш @

Гардзіслава Святаслаўна (у манастве Еўдакія; пасля 1110-?), асветніца, дачка полацкага князя Святаслава-Георгія Ўсяславіча; малодшая сястра Прадславы (Ефрасінні Полацкай), адна з яе бліжэйшых паплечніц і прадаўжальніца спраў. Каб выбраць сабе памочніцу, Ефрасіння Полацкая, відаць, кіравалася тым, што Г. была дастаткова ўспрымальная, паслухмяная і мела здольнасці да навук, а паводзіны старэйшай сястры заўсёды былі для яе ўзорам высокай духоўнасці і самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне. Заснаваўшы паблізу Полацка Спасаўскі манастыр (не пазней 1128), Ефрасіння папрасіла бацьку прыслаць да яе сястру Г. для навучання грамаце. Як паведамляецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай», ігумення «рупна вучыла яе ратаванню душы, а тая рупна прымала, нібы ўрадлівая ніва, памякчыўшы сэрца сваё і кажучы гэтак: «Госпад Бог хай наставіць мяне на ратунак душы тваімі святымі малітвамі, панна». У хуткім часе адбылося тайнае пастрыжэнне Г. ў манашкі і яна атрымала імя Еўдакія. Праз пэўны час ёй было даверана вядзенне ўсіх гаспадарчых спраў святога жытла, і шмат гадоў гэта было асноўным яе абавязкам. Калі пад канец свайго жыцця Ефрасіння Полацкая вырашыла накіравацца ў паломніцтва ў Ерусалім, то яна, паводле «Жыція...», даручыла «ўладарыць і ладзіць сястры сваёй Еўдакіі абодва манастыры». Гэта было сведчаннем таго, что Г. ўзяла на свае плечы кіраўніцтва не толькі жаночым, але і мужчынскім манастыром, таксама заснаваным Ефрасінняй. Пасля смерці Ефрасінні, верагодна, Г. вяла яшчэ і летапісы. Гардзіслава-Еўдакія не толькі захоўвала ўсё, што было зроблена намаганнямі Ефрасінні, але і развівала, узбагачала яе пачынанні. Мяркуюць, што дарадчыкам новай ігуменні ў многіх пытаннях быў Кірыла Тураўскі, які стаў епіскапам у Тураве крыху раней, чым Еўдакія настаяцельніцай у Полацку. І калі існавала пастаяннае ліставанне паміж такімі буйнымі цэнтрамі культуры, якімі былі ў той час тураўская епархія і полацкія манастыры, то, найбольш верагодна, яно вялося не паміж Кірылам Тураўскім і Ефрасінняй, як прынята лічыць, а паміж «тураўскім златавустам» і Еўдакіяй. Ёсць падставы сцвярджаць, што Г. была адной з першых, хто пачаў дамагацца кананізацыі Ефрасінні Полацкай.

Літ.: Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980; Ігнатоўскі І. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991; Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992; Аповесць жыція і смерці святой Ефрасінні Полацкай // Спадчына. 1989. №1.

М.Багадзяж @

Ефрасіння Полацкая (свецкае імя Прадслава, каля 1110(?)-23 або 25.05.1173), прадстаўніца хрысціянскага культурна-асветніцкага руху ў Полацкім княстве 12 ст. Першая жанчына гэтага перыяду, прылічаная да святых. Нарадзілася ў Полацку. Дачка полацкага князя Георгія Ўсяславіча, малодшага сына князя Ўсяслава Брачыславіча. У 2-й палове 11 - 1-й палове 12 ст. полацкае княства як самастойная і моцная дзяржава дасягнула высокага ўзроўню і ў культурным жыцці. Трывалымі былі гандлёвыя і культурныя сувязі Полацкага княства з краінамі Ўсходу і Захаду. Культурным сувязям з Візантыяй спрыялі сваяцкія адносіны полацкіх князёў з візантыйскім імператарскім домам. Менавіта ў гэтыя часы ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор і іншыя манументальныя царкоўныя пабудовы. Ёсць звесткі пра наяўнасць тут свайго летапісання. У духоўна-культурным жыцці Полацкага княства ўмацоўвалася хрысціянская ідэалогія, хоць язычніцкія ўяўленні былі яшчэ даволі моцныя нават у княжацкім асяроддзі. Аднак хрысціянская ідэалогія заваёўвала ўсё больш прыхільнікаў, якія імкнуліся сцвердзіць у жыцці ідэі падзвіжніцтва, асветы і кніжнасці. Асабліва важную ролю ў гэтым працэсе адыграла Е.П., звесткі пра дзейнасць якой дайшлі да нас з «Жыція Ефрасінні Полацкай», створанага, відаць, неўзабаве пасля яе смерці (старэйшы з вядомых спісаў датуецца 14 ст.). «Жыціе...» было шырока вядомае і папулярнае ў старажытнабеларускі перыяд. Стварэнне ў Полацкім княстве свайго «Жыція...» - важнае сведчанне культурнай суверэннасці дзяржавы, яе значнасці і сілы. Калі адлюстраванне дзяржаўна-палітычнай ролі княства знаходзіла сваю фіксацыю ў галіне летапісання, то ў духоўнай сферы гэта замацавана найперш у самім факце стварэння «Жыція...». Арыгінальнасць гэтага твора - у сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіжніцтва, самаадднаным служэнні вышэйшым маральным ідэалам.

Ефрасіння рана пастрыглася ў манахіні насуперак волі бацькоў, якія хацелі аддаць яе замуж. Пасяліўшыся ў келлі Сафійскага сабора, яна занялася перапіскай твораў рэлігійна-маральнага зместу. Гэта, відаць, былі пераважна пераклады з грэчаскіх арыгіналаў. Ёсць падставы меркаваць, што на той час у храме існавала майстэрня, дзе ствараліся і па-мастацку ўпрыгожваліся рукапісы, былі падрыхтаваны майстры і спецыяльнае абсталяванне. Відаць, яшчэ да прыходу Ефрасінні быў пакладзены пачатак вядомай бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, якая паступова ператварылася ў буйны культурны цэнтр Полаччыны, дзе ствараліся і захоўваліся нацыянальныя духоўныя каштоўнасці, у т.л. летапісы і творы грэчаскай патрыстыкі. Ефрасіння заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, была фундатарам пабудовы каля 1160 царквы святога Спаса (цяпер Спаса-Ефрасіннеўская), дзе размяшчаліся келлі Ефрасінні і яе сястры, і царквы Багародзіцкай. Спаская царква была багата ўпрыгожана фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Па заказе Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 быў зроблены напрастольны шасціканцавы крыж для царквы святога Спаса. Ён быў з кіпарысу, да яго пярэдняй і адваротнай паверхняў прымацаваны залатыя, да бакавых - сярэбраныя пласціны. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, упрыгожаны выявамі евангелістаў, заснавальнікаў праваслаўя, святых Ефрасінні і яе бацькоў. Гэты выдатны ўзор прыкладнога мастацтва 12 ст. стаў найкаштоўнейшай нацыянальнай святыняй (у час другой сусветнай вайны крыж украдзены з Беларусі). Па просьбе Ефрасінні візантыйскі імператар Мануіл Комнін прыслаў для царквы святога Спаса адзін з трох абразоў (эфескі) Маці Боскай, створаных, паводле падання, евангелістам Лукою. Па яе загадзе гэты абраз быў упрыгожаны золатам, серабром і каштоўнымі камянямі (зараз знаходзіцца ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу). У канцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва ў Ерусалім, дзе і памерла. У 1187 яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячорскую лаўру, а ў пач. 20 ст. - у Полацак.

«Жыціе Ефрасінні Полацкай» прасякнута пафасам сцвярджэння хрысціянскіх светапоглядных уяўленняў і імкненнем давесці іх ісціннасць. У ім даецца дастаткова разгорнутая змястоўна-паняційная аргументацыя і пра эфемернасць «славы зямной», і пра сутнаснае размежаванне свету тленнага і свету вечнага, і пра славутую, але няўстойліва-зніклівую прыгажосць бачнага свету гэтага. Відавочна цікавасць аўтара гэтага твора да шырокіх светапоглядных пытанняў эпохі сярэднявечча, хоць у жыццеапісанні выразна прысутнічае вузкацаркоўны і нават вузкаманаскі пласт зместу, спецыфічных павучанняў і норм, што, зразумела, сведчыць пра асяроддзе, у якім стваралася «Жыціе...». Актыўным суб'ектам сцвярджэння ісціннасці як ідэй і ўяўленняў шырокага светапогляднага плана, так і канкрэтных прадпісанняў дабрачыннасцей рэлігійнага служэння выступае ў творы сама Ефрасіння.

У адпаведнасці з законамі агіяграфічнага жанру ў «Жыціі...» паслядоўна апавядаецца пра бацькоў Ефрасінні, пра тое, як рана выявіліся ўстойлівыя духоўна-маральныя асновы яе чалавечай натуры. Паведамляецца, што ў яе рана выявілася любоў да ведаў і што хутка і шырока разышліся весткі пра яе мудрасць і прыгажосць. Асаблівая ўвага звяртаецца на ўнутраныя духоўныя рысы Ефрасінні, найперш на яе інтэлектуальную адоранасць: «Дан бяше таков дар Еуфросинии от Бога: аще кто ея вопрошаше о которой вещи, она же ему разрешаше чему есть быти». Хоць індывідуальна-асобасная характарыстыка ў абмалёўцы героя выходзіла за межы такога кананічнага жанру, у гэтым творы спалучэнне ўнутраных якасцей гераіні і патрабаванняў жанру ўспрымаецца арганічна. У духоўным свеце Ефрасінні на першае месца ставілася ідэя служэння Богу і вышэйшым духоўным каштоўнасцям, а яе дар - спасціжэння рэчаў і людзей, беспамылковага распазнання тых, хто ўнутрана схільны да служэння Богу і царкве - набываў рэлігійна-ідэалагічную інтэрпрэтацыю. «Дан бысть дар блаженой Ефросинии от Бога: аще кого узрит очима своима, то разумеваше в коем человеце сосуд избран хощеть быти Богови». У 12 гадоў Ефрасіння зрабіла найважнейшы свой духоўна-маральны выбар, які вызначыў увесь далейшы яе кірунак дзейнасці і сэнс жыццёвага шляху. Рашэнне пайсці ў манастыр і прысвяціць сябе служэнню Богу яна прыняла насуперак волі бацькоў, якія ўжо думалі пра хуткае замужжа Прадславы. Так перад ёй узнікае першая калізія: зямное каханне ці любоў да Бога, нявеста князя ці нявеста Хрыста. Ефрасіння цвёрда заявіла пра сябе як пра нявесту Хрыстову. Гэта калізія - вытворная ад фундаментальнага хрысціянскага разумення ўсяго існуючага, ад ўласцівага хрысціянству прынцыповага падзелу быцця на духоўнае і матэрыяльнае, боскае і зямное, абсалютна ісціннае і мінуча-часовае. Абгрунтоўваючы правільнасць свайго выбару, Ефрасіння нагадвае вопыт жыцця сваіх продкаў: яны жаніліся і выходзілі замуж, княжылі, дабіваліся славы і паміралі, але жыццё іх было пазбаўлена подыху вечнасці і слава іх гінула як прах, як павуцінне. Выбар паміж «княжением», «славой мира сего» і духоўным служэннем, супрацьпастаўленне жыцця продкаў, якое прайшло ў пагоні за эфемернымі зямнымі дабротамі, і жыцця ісціннага з'яўляецца вельмі паказальным для ўнутранай змястоўнасці вобраза Ефрасінні.

Супрацьпастаўленне канкрэтна-зямнога існавання і духоўнага падзвіжніцтва несла адбітак рэальнага гістарычнага проціборства хрысціянства са старажытнаславянскімі міфалагічнымі ўяўленнямі. Як вядома, праявы язычніцкага светапогляду на пач. 12 ст. былі яшчэ даволі выразнымі ў розных сацыяльных пластах Полацкага княства, і натуральна, што канкрэтную духоўную мэту і сэнс свайго служэння Ефрасіння бачыла ў сцвярджэнні новых, хрысціянскіх маральных прынцыпаў існавання чалавека. Выбар Ефрасінні - гэта выбар паміж свецкім, людскім (багаццем і славай) і цяжарам манаскага быцця, выбар, заснаваны на супрацьпастаўленні зямнога, рэальнага і духоўнага. Яна настойліва прыводзіць аргументы на карысць правільнасці свайго рашэння. Першы раз - калі павінна зрабіць выбар паміж замужжам і манаствам, любоўю зямною і любоўю да Бога, у другі - калі ўжо рашэнне прынята, і яна пераконвае ігуменню манастыра прыняць яе ў сваё асяроддзе. У адказ на словы ігуменні, што яна яшчэ маладая і не адолее цяжкасці манаства, ды і наогул, навошта ёй адракацца ад радасцей жыцця, Прадслава ў поўнай адпаведнасці з хрысціянскай ідэяй сцвярджае пафас веры і падзвіжніцтва ў імя вечнасці, нятленнасці. «Вся видимая мира сего и краная суть и славна, но вскоре минует, яко сон, яко цвет уведает. Вечная же и невидимая во векы пребывають...» У гэтым фрагменце хрысціянскія ўяўленні пра вышэйшую духоўную рэальнасць як сапраўдную сутнасць быцця суседнічаюць і спалучаюцца з паэтычнай вобразнасцю, што перадае пачуццё зачараванасці прыгажосцю рэальнага свету.

Знаходжанне Ефрасінні ў манастыры было пачаткам яе ператварэння ў падзвіжніцу, часам збірання духоўных сіл. Мінуў пэўны час, і яна просіць дазволу пасяліцца ў келлі Сафійскага сабора. Ведучы манаскі, аскетычны лад жыцця, Ефрасіння занялася перапіскай кніг. «И нача книгы писати своими руками». Ідэал ведаў і асветы, любоў да кнігі і найперш да Бібліі ў сярэднявеччы былі шляхам спасціжэння Божай мудрасці, твораў тэалагічнага характару. У «Жыціі...» падкрэсліваецца, што ў Прадславы з маленства была прага да ведаў. Яе імкненне вучыцца падаецца адначасова і як вытворнае ад любові да Бога, і як шлях унутранага ўдасканалення, дасягнення ідэалу. Сцвярджаючы ідэю самаадданага духоўнага служэння ў зямным жыцці і ўспамінаючы словы Хрыста, сказаныя апосталам: «Не носите с собою ничто же, токмо жезл един!», - Ефрасіння гаворыць, што ў яе нічога няма, акрамя слова Боскага і кніг. «И еще же за все имение имею книги сея. Ими же утешает ми ся душа и сердце веселится». Шлях дасягнення ідэалу неадлучны ад боскага слова і ведаў, занатаваных у кнігах Свяшчэннага пісання. Перапіска, распаўсюджванне кніг - адна з найважнейшых і богаўгодных місій чалавека. У гэтым сэнс дзейнасці Ефрасінні па перапісванні кніг.

Будаўніцтва царквы святога Спаса апісваецца ў «Жыціі...» як найважнейшая справа Ефрасінні, а яго завяршэнне - як усеагульнае свята: «... Видевши церковь соврешеную, возрадавася душею» Ефрасіння, «и бысць священие и велиа радость всем крестьянам. И собрашась князи и силнии мужи, черноризици и черноризци, и простие людие. И бысть радость велиа. И праздноваша дни мнози». Гэта кульмінацыйная падзея ў «Жыціі...», калі суб'ектыўнае жаданне і імкненне Ефрасінні ператварылася ў агульнае свята, свята далучэння ўсіх да царквы і Бога. Заўважаецца тэндэнцыя паказаць індывідуальнае (бо яно з'яўляецца ўзорам) як найбольш поўны выраз імкненняў і патэнцый, схаваных у чалавечай супольнасці. Роля ж і значэнне выключнай індывідуальнасці Ефрасінні ацэньваюцца ў «Жыціі...» як роля выдатнага носьбіта святла, адухоўленасці, асветы: «Еуфросиниа - неопарный орел, попаривши от Запада и до Востока, яко луна солнечная, просветивши всю землю Полоцкую». Разам з тым размова ідзе пра канкрэтную людскую супольнасць, духоўна-культурнае адзінства, пэўнасць якой выразна ўсведамляецца, гэта - Полацкая зямля. І праслаўленне ў «Жыціі...» Полацкай зямлі і горада Полацка - «А мы же хвалим блажен еси ты граде Полоцкий... Блажены людие, живущии в нем!» - адзначана высокай адухоўленасцю патрыятычнага пачуцця.

Дзейнасць Е.П. - яскравы адбітак кардынальных духоўных зрухаў, што адбываліся ў культурна-грамадскім жыцці Беларусі на працягу 12 ст., калі закладваўся і мацаваўся фундамент новага разумення свету, ствараліся перадумовы развіцця індывіда як непаўторнай асобы, сцвярджэння духоўна-маральнай самакаштоўнасці чалавека. Духоўны ўплыў беларускай асветніцы Е.П. далёка выйшаў за межы старажытнай эпохі. Яе імя, справы і вобраз падзвіжніцы крышталізаваліся ў часе і набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй радзіме.

Літ.: Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968; История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977; Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992; Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев. 1896; Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX-XII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966.

А.Майхровіч @

Ефрасіння Рагвалодаўна (у манастве Еўпраксія; каля 1170-1243), асветніца, полацкая князёўна з роду Ўсяслава Чарадзея, дачка князя Рагвалода Барысавіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, у гонар якой атрымала сваё імя. Уся маладосць Е.Р. праходзіла ў арэоле святасці цёткі, што не магло не выхаваць у яе набожнасці, павагі да старэйшых, дабрыні да людзей. Яна была аддадзена замуж, але хутка заўдавела; другім мужам Е.Р. стаў заўдавелы сын пскоўскага князя Ўладзіміра - Яраслаў, з якім яна пражыла больш за 20 гадоў. Пасля смерці бацькі Яраслаў Уладзіміравіч прэтэндаваў на пскоўскі прастол, але пскавічы не прынялі яго. Гэта прымусіла Яраслава шукаць дапамогі ў Рызе, дзе ў яго сярод крыжакоў былі родзічы. Лічаць, што Е.Р. таксама паехала за мужам у Рыгу. Але шэраг фактаў, прыведзеных у царкоўнай літаратуры, абвяргаюць гэтую думку і даюць магчымасць сцвярджаць, што яна была пакінута мужам або засталася ў Пскове па сваёй волі, не жадаючы далучацца да ганіцеляў сваіх адзінаверцаў. Усе свае зберажэнні і тое, што засталося ў Пскове пасля Яраслава, Е.Р. аддала на пабудову велічнага храма Яна Папярэдніка на рацэ Вялікай, а пазней і жаночага манастыра пры ім. Яна перасялілася з багатага церама ў манастырскую келлю і чакала мужа. Але Яраслаў пайшоў па шляху здрады; у 1233 ён спрабаваў заваяваць Пскоў з дапамогаю лівонцаў, трапіў у палон, збег з яго і зноў пачаў рыхтавацца да паходу супраць адзінаверцаў. Тады Е.Р. канчаткова вырашыла пастрыгчыся ў манашкі і стала ігуменняй манастыра. Усяго 2 гады спатрэбілася ёй для таго, каб манастыр праславіўся гэтак жа, як і манастыр Ефрасінні Полацкай. Пад кіраўніцтвам маці Еўпраксіі жытло святых сясцёр стала найбуйнейшым культурным цэнтрам Пскова. Намаганнямі ігуменні ўдалося захаваць каштоўнасці манастыра і бібліятэку ў час акупацыі Пскова крыжакамі ў 1240. У 1243 Яраслаў, які на той час быў ужо жанаты з іншай жанчынай (немкай), выклікаў Е.Р. да сябе ў горад Одэнцэ. Характар сустрэчы, мэта яе візіту да Яраслава невядомыя, але скончыўся ён смерцю ігуменні ад рук Яраславага пасынка. Цела маці Еўпраксіі было прывезена манашкай Сандуліяй у Пскоў і пахавана на тэрыторыі манастыра. Е.Р. - асветніца Пскоўскай зямлі, кананізавана, яе імя папоўніла пантэон пскоўскіх святых.

Літ.: Мельнікаў А. Найпадобная Еўпраксія, ў манастве Ефрасіння, князёўна полацкая, княгіня пскоўская // Беларусь. 1992. №5; Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1-2. М. 1993.

І.Масляніцына @

Звеніслава Барысаўна (у манастве Еўпраксія; пасля 1110-1202), асветніца, дачка полацкага князя Барыса Ўсяславіча. Нарадзілася яна на некалькі гадоў пазней за сваіх стрыечных сясцёр, дачок малодшага полацкага князя Святаслава Прадславы (Ефрасінні Полацкай) і Гардзіславы. Калі 12-гадовая Прадслава прыняла манаскі пострыг і новае імя Ефрасіння, З. было, пэўна, не больш як 4 гады. Адна з прычын, што прымусілі З. пакінуць свецкае жыццё і пайсці ў манастыр, была тая, што пасля смерці князя Барыса Ўсяславіча (1128) кіеўскі князь захапіў Полацак і саслаў усю сям'ю князя Барыса, у т.л. бацьку Ефрасінні - Святаслава, у Візантыю. На чужыне, пазбаўленая бацькоўскай апекі і высокага становішча, яна наўрад ці магла мець надзею на прыстойнае замужжа. І калі ўжо так трагічна склаўся яе лёс, то за лепшае палічыла пайсці ў манастыр і жыць у родным горадзе, сярод людзей, якія памятаюць славу роду Ўсяслава, пад апекай стрыечнай сястры, знакамітай Ефрасінні. Усе грошы і каштоўнасці, што прызначаліся З. на пасаг, яна перадала ў манастырскую казну. Менавіта на гэтыя сродкі і быў пабудаваны славуты Спаса-Ефрасіннеўскі храм у Полацку. «Пані й сястра! Уся прыгажосць гэтага свету мне не патрэбная. Аддаю ўсё гэта святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву пад ярмо Хрыстовае». Духоўнае імя для З. Ефрасіння выбрала сугучнае свайму - Еўпраксія. З першага ж дня сястра Еўпраксія паглыбілася ў манастырскае жыццё. З цягам часу яна стала своеасаблівым духоўным лідэрам, а неўзабаве і намесніцай ігуменні Ефрасінні. Мяркуюць, што менавіта Еўпраксія непасрэдна кіравала працай сясцёр-манашак па перапісванні кніг для манастырскай бібліятэкі і вяла заняткі ў заснаванай Ефрасінняй школе для дачок багатых палачан у той час, калі сама ігумення займалася больш адказнымі справамі: будаўніцтвам храмаў і манастыроў, наладжваннем духоўных сувязей паміж Полацкім княствам і Візантыяй, вядзеннем Полацкага летапісу, прынцыповымі спрэчкамі з Дыянісіем - настаяцелем мужчынскага манастыра ў Полацку.

Еўпраксія была, несумненна, адна з самых адукаваных жанчын свайго часу. Яна не магла не разумець, што справа асветніцтва, якую ўсклала на свае плечы Ефрасіння, вельмі цяжкая для аднаго чалавека, і таму лічыла сваім абавязкам па магчымасці дапамагаць ёй. З. была сярод тых нешматлікіх вернікаў, якія суправаджалі Ефрасінню ў яе паломніцтве ў Ерусалім, да Труны Гасподняй. Там яна была побач з ігуменняй да апошняга яе ўздыху і ўзяла на сябе ўсе клопаты, звязаныя з пахаваннем святой Ефрасінні. Вярнуўшыся ў родны Полацак пасля пахавання Еўпраксія, відаць, адразу распачала жыццеапісанне сваёй духоўнай настаўніцы, каб расказаць усяму свету пра «святло дрыготкай зоркі» Ефрасінні. На карысць такога меркавання сведчыць уважлівы аналіз твора «Аповесць жыцця і смерці святой і блажэннай і найпадобнейшай Ефрасінні, ігуменні манастыра святога Спаса і Найсвяцейшай Ягонай Маці, што ў горадзе Полацку. Благаславі, Ойча!» (скарочана - «Жыціе Ефрасінні Полацкай»). Афіцыйна аўтар гэтага твора лічыцца невядомым. Спецыялістамі амаль дакладна ўстаноўлена, што напісаны ён у канцы 12 ст. Падрабязнасці ж, звязаныя з многімі момантамі жыцця святой ігуменні, не пакідаюць сумнення ў тым, што пісаў «Жыціе...» чалавек, блізка знаёмы з Ефрасінняй. У творы мала расказваецца пра тое, што адбывалася за сценамі манастыра, але шмат месца адводзіцца пераказу настаўленняў ігуменні сёстрам у Хрысце, прыводзяцца даслоўна яе маленні. Тут зусім не адлюстраваны ўдзел Ефрасінні ў палітычным жыцці княства, але ўзносіцца хвала яе духоўным подзвігам. Таму свецкі чалавек або той, які ўсё жыццё быў свецкім і толькі ў старасці прыняў духоўнае імя, не можа з'яўляцца аўтарам гэтага твора. Значыць, пісаў блізкі паплечнік, які прыняў пострыг яшчэ ў маладым узросце. З твора вынікае, што пісала яго жанчына-манашка: чыста па-жаноцку зроблены адбор эпізодаў, пасля суровых аскетычных радкоў роздуму Ефрасінні над філасофіяй чалавечага існавання ідзе амаль меладраматычны эпізод - плач князя Святаслава аб лёсе дачкі, якую замест шлюбнага балю і радасці мацярынскай чакае жыццё ў пастах і маленнях. І гэта аплакванне маладосці паўтараецца ў «Жыціі...», як і ў былінах, тройчы: другі раз - пасля эпізоду гвалтоўнага пострыгу Ефрасінняй роднай сястры Гардзіславы, трэці - пасля пастрыжэння Ефрасінніных пляменніц Вольгі і Кіраанны. Так востра адчуваць тое, чым даводзіцца ахвяраваць дзеля ведаў і веры, магла толькі жанчына, якая сама прыйшла ў манастыр праз пакуты і з-за адсутнасці іншага выбару. А менавіта так стала манашкай З. У той частцы твора, які датычыцца іерусалімскага паломніцтва, аўтар не забывае ні аднаго факта, пачынаючы ад узнёслага малення Ефрасінні перад далёкай дарогай і канчаючы дакладнай справаздачай пра хваробу ігуменні: «І ляжала ў хваробе сваёй 24 дні, і, даведаўшыся пра сваю смерць, сказала: «Паклічце да мяне прэсвітэра, каб даў мне прычасці святых тайнаў, бо Вяшчальнік стаіць ужо блізка, чакаючы наказу Ўладара». І прыйшоў прэсвітэр, несучы прычасць. Ефрасіння ж узнялася і пакланілася тройчы і, прыняўшы найчысцейшае цела і святую кроў Хрыстовую, лягла на ложак свой і перадала душу сваю ў рукі Бога жывога 24 дня месяца мая і ўвайшла ў пакоі нябесныя. Давыд жа з Еўпраксіяй і з іншымі пахавалі цела яе чэсна». З кнігі «Жыціе...» можна даведацца пра тое, каго сустракала Ефрасіння па дарозе ў Ерусалім, якім святыням і як пакланялася там, у якім храме набыла залатое кадзіла і фіміям. Падрабязна апісаны ў ёй нягоды спадарожнікаў па наладжванні пахавання полацкай ігуменні, калі тамтэйшыя манахі забаранілі пакласці цела Ефрасінні (як таго яна сама жадала) у лаўры святога Савы. Усё гэта таксама пацвярджае, што аўтар «Жыція...» быў разам з Ефрасінняй удзельнікам святога паломніцтва. І найбольш верагодна, што ім была «цень вялікай асветніцы» - Еўпраксія. Яе зорным часам і стаў час напісання «Жыція...» - першага гістарычнага твора беларускай літаратуры, які па сваіх вартасцях набліжаецца да твораў тураўскага «Златавуста» Кірылы і «Слова пра паход Ігараў». Як ацанілі працу Звеніславы-Еўпраксіі яе сучаснікі, можна меркаваць па тым, што Радзівілаўскі летапіс, у якім нават няма ўпамінання пра Ефрасінню Полацкую, дакладна адзначае дату смерці Еўпраксіі - 1202. Згодна з гэтым летапісам, памерла яна ў даволі старым узросце, у сяле Кідэкла, што на рацэ Нерль у Суздальскай зямлі. Пэўна, да свайго скону Еўпраксія працягвала справу асветы сярод святых сясцёр, перададзеную ёй Ефрасінняй. Цела асветніцы было перавезена на родную Полацкую зямлю і пахавана ў Бельчыцкім манастыры Барыса і Глеба, заснаваным яе бацькам.

Літ.: Аповесць жыція і смерці святой Еўфрасінні Полацкай // Спадчына. 1989. №1; Мельнікаў А. Помнік беларускай агіяграфіі // Тамсама; Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая - Евфросиния Полоцкая. Мн., 1992. Пушкарева Н.Л. Женщины древней Руси. М., 1989.

І.Масляніцына @

Кірыла Тураўскі (каля 1130 - пасля 1190), пісьменнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. Звестак пра яго жыццё няшмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе» - кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, - гаворыцца ў ёй, - нарадзіўся і выхаваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак жа, Багацця і тленнай славы гэтага свету; але найперш стараўся спасцігнуць вучэнне боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў святых пісаннях». Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. К.Т. быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам» (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасцю аддацца роздуму і малітвам). Там ён не толькі сузіраў свет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы.

Каля 1169 князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць епіскапства. У першы год свайго служэння тураўскі епіскап набыў вядомасць удзелам у т.зв. «справе Феадорца». Нейкі Фёдар з Уладзіміра-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбівыя планы князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай царквы на Русі. К.Т. дасціпна выкрыў ерась Феадорца і пракляў яго, а да Андрэя Багалюбскага напісаў шмат пасланняў па гэтай справе, якія, аднак, не захаваліся. На думку даследчыка спадчыны Кірылы епіскапа Яўгенія, сваімі пасланнямі да Андрэя Багалюбскага асветнік імкнуўся па-хрысціянску паўплываць на князя ўсходняй Русі.

На думку даследчыкаў (І.Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай спадчыны К.Т. належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, альбо пра сляпога і кульгавага (кароткая і поўная рэдакцыі), 2 казанні пра манаскі чын і ангельскі вобраз, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з найбольшай глыбінёй выявіліся асоба пісьменніка, яго духоўныя перажыванні. Апошнія творы К.Т. напісаў, верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў ад грамадска-царкоўнай дзейнасці, жыў у келлі пры царкве св. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасці. Памёр асветнік у апошняе дзесяцігоддзе 12 ст. Яго памяць царква шануе 28 красавіка па старому стылю.

Творы К.Т. набылі вялікую папулярнасць на Русі і распаўсюджваліся ў спісах 12-17 ст. Яго малітвы друкаваліся ў Беларусі ў «Евангелии учительном» (Заблудаў, 1569) І.Фёдарава і П.Мсціслаўца, у «Молитвах повседневных» (Еўе, 1615; Вільня, 1635) і інш. выданнях. У 1821 К.Калайдовіч выдаў 15 твораў Кірылы ў «Помніках расейскай славеснасці XII ст.». Пазней епіскап менскі і тураўскі Яўгеній выдаў зборнік яго твораў у перакладзе на расейскую мову (Кіеў, 1880). Акадэмічнае выданне літаратурнай спадчыны беларускага асветніка ажыццявіў І.Яромін у 1956-1958. Ю.Лабынцаў перавыдаў факсімільным спосабам (1992) малітоўныя творы Кірылы з віленскага выдання «Молитвы повседневные» (1956).

Казанні, альбо «Словы», св. Кірылы ахопліваюць велікодны цыкл нядзельных і святочных дзён ад Вербніцы («нядзелі Ваій») да Ўшэсця. Кожнае з іх, з'яўляючыся класічным творам красамоўніцкага мастацтва, адлюстроўвае пэўную грань багаслоўска-філасофскіх і грамадска-этычных поглядаў пісьменніка. Калі тэалагічныя ідэі К.Т. адлюстраваны відавочна і не заўсёды ўзгадняюцца з артадаксальным праваслаўным багаслоўем, то сацыяльна-філасофскае вучэнне прысутнічае ў яго творах у скрытых формах прытчаў, мастацкіх вобразах і сімвалах. Ён нідзе не сцвярджае, што Бог стварыў сусвет з «нічога», з нейкай пустаты, як гэта прыпісваецца яму даследчыкамі хрысціянскай філасофскай анталогіі. Услед за ўсходнімі айцамі царквы ён упадабляе Бога-Дэміурга мастаку і дойліду, які стварыў дасканалы твор - космас, зямлю і неба, расліны і жывёлы, урэшце чалавека - вянец гэтага тварэння. Распавядаючы пра цэнтральную падзею вербнага тыдня - трыумфальны ўезд Хрыста ў Ерусалім за тыдзень да яго смяротных пакут і ўваскрэсення, пісьменнік усклікае: «Ныне шествует в Ерусалім - измеривый небо пядію и Землю дланію». Таму і паслядоўнікаў Хрыста, духоўных кіраўнікоў хрысціянства - патрыярхаў, архірэяў, ігуменаў, іерэяў «і ўсіх царкоўных вучыцеляў» ён называе «ўмелымі будаўнікамі слаўнага і вельмі чэснага дому» («Слова ў нядзелю Ваій»).

У «Слове на антыпасху» пісьменнік кідкімі жывапіснымі метафарамі малюе веснавое абнаўленне прыроды як урачысты гімн прыгожага тварэння свайму Творцу: «Ныне солнце красуяся к высоте восходить и, радуяся, землю ограваеть: взиде бо нам от гроба праведное солнце Хрыстос и вся верующая Ему спасаеть. (...) Днесь весна красуеться, оживляюши земное естьство, и бурніи ветри, тихо повевающе, плоды гобозують (спеляць) і земля семена питающе зеленую траву рождаеть. Весна убо красная вера есть Христосова, якоже крещеніем поражаеть человеческое паки естьство; бурніи же ветры - грехотворніи помыслы, иже покоянием претворившеся на добродетель - душеполезныя плоды гобозують. Земля же естьства нашаго, акы семя Слово Божіе пріимши (...), дух спасенія рождаеть». У «Слове пра паралізаванага» аўтар ад імя гэтага пакутніка выказвае думку пра асноўную прыкмету боскай прыроды Хрыста: ён не чарадзей, нават не анёл, але сам Бог, таму што «слова яго сталася справай». Бог жа адносна створанай ім прыроды выступае як вярхоўны заканадаўца, які ўтрымлівае быццё ў стане дынамічнай, рухомай гармоніі («Слова пра сляпога»).

Законы прыроды, паводле К.Т., ёсць тое, што на метафарычнай мове багаслоўя называецца «страхам боскім», ім «движется земля, расседается каменіе, животная трепещють, горы куряться, светила раболепно служать, облаци и воздушная тварь повеленіе творять» («Прытча пра чалавечую душу і цела»). Вось чаму ўваскрэсенню Хрыстоваму радуецца ўся зямля, неба ўпрыгожваецца светачамі-зоркамі, і ўся прырода красуецца, прасветленая Збавіцелем Хрыстом, які, учалавечыўшыся, прыйшоў у свет зямнога жыцця, каб абнавіць яго, прасвятліць боскім святлом. У пакаяльных малітвах паэт бачыць прамудрасць, дабрату і красу Бога-Стваральніка паводле дасканаласці яго тварэння - Сусвету, падпарадкаванага законам боскай гармоніі. Боскай воляю зямля трымаецца ні на чым, мора абмежавана пяском, ёю праведзеныя рэчышчы вялікіх і малых рэк, вада хмараў трымаецца ў паветры, сонца гарыць няспынна, месяц свеціць са страхам і зорка здзяйсняе свой мудры дух.

Такім чынам, філасофскія погляды К.Т. - тэацэнтрызм, які толькі па аналогіі можна было б назваць аб'ектыўным ідэалізмам, бо завершаная сістэма аб'ектыўнага ідэалізму Гегеля грунтуецца на канцэпцыі абсалютнай ідэі як асновы быцця.

К.Т. развівае багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў хрысціянскай царквы, паводле якой Бог ёсць непазнавальны ў паняццях, трансцэндэнтны (па-за межамі людскога вопыту) Дух як абсалютны суб'ект, які сімвалічна пазнаецца праз пазнанне і ўмілаванне створанага ім дасканалага сусвету, праз веру і любоў да Яго адзінароднага і аднаіснага з ім Сына Ісуса Хрыста, праз якога адбылася тайна спалучэння Духа і цела, Бога і чалавека, трансцэндэнтнага і іманентнага светаў. А праз гэту тайну стала магчымым выратаванне чалавека і ўсёй «плоці» прыроды, іх далучэнне да трэцяй іпастасі Святой Тройцы - да Святога Духа, стала рэальнай перамога жыцця над смерцю, святасці над грахом. Багаслоўская канцэпцыя К.Т. грунтуецца на гэтых асноўных пастулатах хрысціянскага светапогляду.

У сваім арыгінальным творы «Прытча пра чалавечую душу і цела» ён абвяргае наіўны анапацэнтрызм «бытавога» хрысціянства, папярэджваючы ад спакусы літаральна тлумачыць сімволіку біблейскіх кніг, асабліва вядомыя боскія словы: «Створым чалавека па вобразу Нашаму, падабенству Нашаму». Падабенства гэтае, на думку аўтара, - «не вобразам, а прытчаю», гэта значыць, іншасказальнае і сімвалічнае. Ён называў ерассю погляды тых, хто насуперак здароваму сэнсу ўяўляе бесцялеснага Бога цялесным. Бога нельга апісаць альбо вызначыць мераю. Тут асветнік не мог не заўважыць супярэчнасці сваёй рэлігійнай антрапалогіі, бо сам прыкладаў да чалавека толькі цялесную і душэўную меркі, забыўшыся на трэцюю людскую іпастась - дух. Толькі духоўнасцю чалавек апраўдвае біблейскія словы пра богападобнасць і свой вобраз Божы. Гэта духоўнае адзінства Бога з чалавекам увасобілася ў богачалавечай постаці Хрыста - другой іпастасі святой Тройцы.

Дарэчы, у творах самога асветніка ёсць шмат красамоўных вобразных думак пра ўчалавечанне Сына Божага, які жыў з людзьмі і самаахвяраваўся для іх духоўнага абнаўлення. У «Слове на святы Вялікдзень» ён красамоўна пацвярджае богачалавечнасць Хрыста евангельскімі сведчаннямі: «Пред вчерашним днем Господь наш Исус Христос яко человек распинаем бе, и яко Бог и солнце помрачи и луну в кровь преложи, и тма бысть по всей земли: яко человек, воспив, и спусти дух, но яко Бог землю потрясе, и каменье распадеся...». Як чалавек - памёр, а як Бог уваскрэс на трэці дзень, перамог пекла смерці. А ў «Слове на трэці тыдзень пасля Вялікадня» асветнік зноў звяртаецца да сваіх слухачоў: «Вам хотю тайны поведати Божія человеколюбія, яже за Адама, въ тлю падша, пострада. Того бо ради с небесе сниде и въпльтивься, и бысть человек, да истлевъшаго обновить и на небеса възведеть. Он [Адам] послушав с[о]вета вражія, восхоте быти Бог и проклят бысть, се же [Хрыстос], послушав Отца, Бог сы бысть человек, да змія погубить и человека обожить».

Хрысталагічная праблема надае разнастайным жанрам спадчыны беларускага асветніка светапоглядную цэласнасць, аб'ядноўвае яго філасофскія, сацыяльна-палітычныя, этычныя, эстэтычныя погляды, злучае яго аксіялогію з хрысціянскай тэалогіяй. Ён жыў у эпоху, калі хрысціянства на Русі яшчэ сутыкалася з жывой язычніцкай плынню ў народнай культуры, а ўсяленская царква яшчэ не закончыла барацьбу з уплывамі праціўнікаў Хрыста - так званымі «старазапаветнікамі», з разнастайнымі рэлігійна-філасофскімі школамі гнастыцызму, прыхільнікі якога спалучалі хрысціянскія догматы з эліністычнымі філасофскімі сістэмамі.

У царкоўным асяроддзі сярэдневяковай Русі склалася негатывісцкая канцэпцыя язычніцкай культуры, паводле якой паганскія багі ёсць «бесы» альбо іхнія слугі, іх неабходна выкрываць, па магчымасці не ўпамінаць іх імён. На гэтым ідэалагічным фоне асветніцтва К.Т. вызначаецца сваёй памяркоўнасцю, цярпімасцю да народнай культуры. Паганская міфалогія ўяўлялася яму верай у створаную прыроду, а не ў самога Творцу.

Абвяржэнню арыянства, прыхільнікі якога адмаўлялі саму найглыбейшую існасць хрысціянства - боскую прыроду Хрыста і яго богачалавечую місію на зямлі, К.Т. прысвяціў твор «Слова на пахвалу 318-ці айцоў Нікейскага сабору». Гэты першы ўсяленскі сабор асудзіў антытрынітарызм арыянства і зацвердзіў асновы хрысціянскага Сімвала веры - траістасць Бога і аднасутнасць Сына з Айцом. Нягледзячы на свой пафас нецярпімасці да арыянскай ерасі, асветнік дакладна вызначыў сутнасць вучэння «папы Александрыйскай царквы» Арыя (не толькі Хрыстос, але і ўсё створанае Богам - людзі і прырода - іншасказальна могуць называцца «сынамі Божымі», адмаўленне спрадвечнасці Хрыста і Яго аднасутнасці з Айцом і да т.п.) і нават прызнаў філасофскую «злохітрасць» ератыка: «Велик бо бе воевода сатанин Арій, но цесарь его уже бе связан, тем и воинства его не твердо боряшеся...» Аднак у адпаведнасці з жанрам урачыстага і разам з тым выкрывальніцкага твора, звернутага да народа, К.Т. рэдка карыстаўся лагічнымі довадамі ці хоць бы спасылкамі на аўтарытэты, спадзяваўся на сугестыўнасць (унушальнасць) вытанчаных сродкаў паэзіі і аратарскага мастацтва. На яго думку, «храбрыя і вялікія ваяводы Божыя» на Нікейскім саборы заслугоўваюць большай пахвалы ад «летописьцев и песнотворцев», чым гераічныя справы цароў і палкаводцаў. Сам аўтар гэтага «Слова...» не паскупіўся на вытанчаныя красамоўніцкія тропы-вобразы, каб узвысіць святых айцоў («Вы есте реки разумьнаго рая, напоивъше мир весь спасенаго ученія і греховную скверну струями вашего наказанія омывающе! Земніи ангели, Божіему престолу присно предъстояше!...») і прынізіць Арыя, яго шматлікіх тагачасных і будучых паслядоўнікаў («Новый Каине, вторый Іюдо, плътяный демоне..., церковъный всеми ведомый тати, необратъный разбойниче...»). Істотная прыкмета багаслоўскіх поглядаў К.Т. - не барацьба супраць ерасей, а апафеоз евангельскай багадаці, вастрыня адчування духоўнага нараджэння ў Хрысце.

Эпіграфам да антрапалагічнай канцэпцыі К.Т. маглі б стаць яго словы з паэтычнай малітвы ў нядзелю пасля ранішняй літургіі: «Ведаю, што Ты прывёў мяне з нябыту ў быццё і ўпрыгожыў падобнасцю да вобраза Свайго, надзяліў мяне словам і розумам. Ты ўзнёс мяне вышэй за ўсё жывое і паставіў мяне валадаром усяго тварэння». З найвялікшай паэтычнай экспрэсіяй хрысціянскую думку пра супярэчлівасць чалавека, яго высокую духоўную місію на зямлі і яго падзенне праз грахі і спакусы зямныя пісьменнік выявіў у «Слове пра паралізаванага», драматызаваўшы вядомы евангельскі эпізод. Матыў палярнасці, амбівалентнасці чалавечага быцця задаецца першым радком твора: «Неизмерьна небесная высота, ні испытана преисподняя глубина, ниже сведомо Божія смотренія таиньство». Як паэт К.Т. дапоўніў эпічна спакойны расказ евангеліста пра сустрэчу чалавекалюбцы Хрыста і безнадзейна хворага пакутніка, які 38 гадоў чакае цуду збаўлення ад сваёй немачы. Паралізаваны пачынае з любімай паэтамі споведзі ў сваіх грахах: «Усё цела маё расслаблена грахамі, а душа ўкушана ганебнымі страсцямі, і няма чалавека, які пашкадаваў бы мяне». У адказ чуе ад Хрыста: «Што ты кажаш - чалавека не маю? Я дзеля цябе пакінуў скіпетр нябеснага царства, прыйшоў на зямлю, каб выратаваць людзей. Бог стварыў свет для цябе, чалавек: «Тебе ради солнце светом и теплотою служить, и луна съ звездами нощь обеляеть. Тебе для облаци дождемь землю напаяють и земля всяку траву семениту и древа плодовитая на твою службу израстають. Тебе ради реки рыбы носять, и пустыни звери питаеть».

Спавядальныя малітвы К.Т. - шчырае лірычнае самараскрыццё душы чалавека перад сваімі нябеснымі бацькамі - Богам Айцом, Сынам Божым, Маці Боскай і заступнікамі людзей перад Богам, яго святымі: «Знаю, - кажа спавядальнік словамі паэта, - што Ты прывёў мяне з небыцця ў быццё і ўпрыгожыў падабенства Свайго вобраза, даўшы ў дар мне слова і розум. Ты ўзнёс мяне вышэй за жывёлу і паставіў валадаром усяго тварэння. І вось я, як дзіця, падмануты ворагам маім, і падпаў пад уладу крайняй пагібелі (...) Хоць я ўвесь нячысты і апаганены, але спадзяюся на Тваю літасцівасць, бо Ты не адхіліў дзве лепты ўдавы, але пахваліў яе пераважна перад іншымі, а таксама і мытара, што маліўся са скрухаю, апраўдаў». Бог, кажа паэт у сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху і нячысціку, зацямніўшы сваю першаствораную красу. І вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела яго страхам боскім, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца за яго перад нябесным Царом. Цыкл малітваў завяршае «Канон малітоўны» - своеасаблівы паэтычны «магістрал», які падсумоўвае страсны самааналіз чалавека, самавыкрыццё яго неспакойнай душы, якая імкнецца да неба, але крылы яе абцяжараныя зямнымі страсцямі - самалюбствам, зайздрасцю, злосцю, варожасцю, непрымірымасцю ды іншымі грахамі душы і цела.

Праблему чалавека ў яго грамадскім быцці К.Т. сімвалічна выявіў у дзвюх прытчах (кароткай і падрабязнай) пра сляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Як і ў іншых сваіх творах, пісьменнік выкарыстаў як сюжэтную аснову евангельскае апавяданне пра «дамавітага» гаспадара, які насадзіў вінаград і паставіў варту ля яго варотаў. Але развіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты гаспадар тут сімвалізуе Бога, стваральніка сусвету, сад-вінаград (вертаград) - зямля і «свет гэты», кульгавы - цела чалавека, а сляпы - яго душа, агароджа вакол саду - законы і запаведзі Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, - шлях да пазнання Творцы і створанага ім сусвету. Сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненых пладоў. «Сляпая» душа і «кульгавае» цела сімвалізуюць недасканаласць чалавечага грамадства, якое «кантрабандай» авалодала тайнамі боскага тварэння, не ў стане (па сваёй грахоўнасці і маральнай недасканаласці) выкарыстаць іх для дабра.

У апошніх творах красамоўніцкага жанру (пасланнях да ігумена Кіева-Пячорскага манастыра Васіля), арыгінальных прытчах К.Т. раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцця і ўскосна выкрыў недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць грахоўнай прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленню. Тут, сярод чалавечай улады, выяўляецца духоўная місія «манаскага чына» - даць чалавеку і грамадству ўзоры быцця з Богам і для боскага промыслу, жыцця паводле вядомай малітвы: ціхага і мірнага, у чысціні і ў адпаведнасці з боскай праўдай.

Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць К.Т. была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа. З пазнейшых беларускіх асветнікаў бадай што адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і ўступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосці лірычнага самавыяўлення.

Тв.: Творения... Кирилла, епископа Туровского... Киев, 1880; Молитвы на всю седмицу св. Кирилла, епископа Туровского. Казань, 1857; Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.

Літ.: Лабынцаў Ю. «Напой росою благодати...». Мн., 1992; Мельнікаў А.А. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997; Надсон А. і інш. Кірыл Тураўскі // Крыніца. 1994. 1(7).

У.Конан @

Клімент Смаляціч (Клім Смаляціч; ? - пасля 1164), царкоўна-палітычны дзеяч, мысліцель, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1-й палове 12 ст. ў Смаленску. Быў манахам Зарубскага манастыра каля Кіева. Стаў вядомы дзякуючы сваёй рознабаковай адукаванасці, рэдкай эрудыцыі, выдатнаму літаратурнаму таленту. Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, К.С. «быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала». Высокую на той час адукацыю ён, верагодна, атрымаў у Канстанцінопалі. Як прыхільнік развіцця ўсходнеславянскай культуры, змагар супраць засілля ў рускай царкве грэчаскага духавенства К.С. актыўна агітаваў за царкоўную аўтакефалію. Ён нястомна даказваў, што назначэнне мітрапалітаў для Кіеўскай Русі - унутраная справа рускага праваслаўя, і дыктат Візантыі ў гэтым пытанні пярэчыць інтарэсам народа, царквы, дзяржавы. Паводле яго пераканання, мітрапаліты-грэкі, якія дрэнна валодалі славянскай мовай, не маглі даць столькі карысці для царкоўнага ўпарадкавання і народнай асветы, колькі можна было чакаць ад мітрапалітаў мясцовага паходжання. Назначэнне мітрапалітаў-чужаземцаў без адабрэння княжацкай улады было знявагай для апошняй, служыла зручнай падставай для ўмяшання грэчаскіх імператараў у справы славянскіх дзяржаў. Патрыятычнасць і шчырае імкненне вучонага манаха садзейнічаць развіццю мясцовых традыцый у жыцці ўсходняга славянства выклікала прыхільнасць да яго мясцовай улады. Невыпадкова знаёмы з яго прамовамі князь Ізяслаў Мсціславіч, які заняў у 1146 велікакняжацкі прастол, паступіў, як яго продак Яраслаў Мудры. У 1147 ён склікаў у Кіеве епіскапскі сабор і прапанаваў удзельнікам выбраць першасвяшчэнніка для Кіеўскай Русі без адабрэння канстанцінопальскага патрыярха. Пры гэтым Ізяслаў Мсціславіч назваў К.С. самым дастойным кандыдатам. Так «кніжнік і філосаф» стаў другім на Русі (пасля Іларыёна Кіеўскага) мітрапалітам славянскага паходжання. Узвядзенне яго на Кіеўскую кафедру праходзіла не гладка. Праціўнікі царкоўнай самастойнасці напачатку адмовіліся прызнаць яго мітрапалітам без волі на тое патрыярха. Зламаць супраціўленне прагрэчаскі настроеных іерархаў дапамаглі настойлівасць Ізяслава і рашучая падтрымка чарнігаўскага епіскапа Ануфрыя. Становішча новага мітрапаліта было нялёгкім. Яго дзейнасць ухваляў толькі князь Ізяслаў Мсціславіч. Пасля смерці Ізяслава (1154), калі велікакняжацкі прастол заняў былы смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч, К.С. у яго асобе таксама атрымаў саюзніка, гатовага змагацца за самастойнасць рускай царквы. Аднак і на гэты раз частка епіскапаў на чале з Ніфантам Ноўгарадскім не падтрымала мітрапаліта Клімента. Ніфант ад свайго імя і ад імя іншых епіскапаў заявіў: «Мы не станем табе кланяцца, не будзем служыць з табой, таму, што ты не ўзяў благаславення ў святой Сафіі і ад патрыярха».

Узнікла рэальная пагроза ўнутрыцаркоўнага расколу. Разумеючы, да якіх вынікаў можа прывесці гэты канфлікт ва ўмовах раздробленасці Русі, князь Расціслаў заклікаў абедзве партыі да стрыманасці і разважлівасці. Нельга, казаў ён, каб безупыннае крывавае саперніцтва ўдзельных князёў за валоданне Кіевам узмацніла барацьбу за права той ці іншай княжацкай кааліцыі ўзводзіць у мітрапаліты свайго чалавека, абцяжарыла разладамі на рэлігійнай глебе жыццё грамадства, якое і без таго вельмі пакутуе ад палітычных усобіц. Аднак угаворы і заклікі Расціслава не былі пачуты.

У сакавіку 1155 кіеўскі пасад заняў правізантыйскі настроены суздальскі князь Юрый Даўгарукі, які саслаў мітрапаліта Клімента ва Ўладзімір Валынскі, а мітрапаліцкую кафедру аддаў назначэнцу патрыярха Канстанціну. Аднак праз 3 гады новы кіеўскі князь Мсціслаў Ізяславіч аднавіў К.С. на гэтай пасадзе. Барацьба за мітрапаліцкае месца выклікала царкоўную смуту. Грэчаскі стаўленік імкнуўся аддаліць ад царкоўных спраў прыхільнікаў Клімента, у сваю чаргу Клімент не мілаваў тых, хто быў на баку яго праціўніка. Каб спыніць разлад, князі Расціслаў і Мсціслаў адхілілі ад спраў абодвух мітрапалітаў і прызначылі ў жніўні 1161 на мітрапаліцкае месца Феадора, які праз некалькі месяцаў памёр. Расціслаў зноў прапанаваў кандыдатуру К.С. Каб надаць справе законны выгляд, ён паслаў прасіць благаславення для Клімента ў патрыярха. Але канстанцінопальскі патрыярх накіраваў у Кіеў мітрапалітам Іаана IV. Расціслаў, кіруючыся меркаваннямі царкоўнага міру, не хацеў ускладняць і без таго цяжкія палітычныя абставіны на Русі, неахвотна прыняў новага назначэнца, але наказаў перадаць у Канстанцінопаль: «На гэты раз, дзеля павагі і любові царскай, прыму, але калі надалей без нашага ведама і жадання патрыярх назначыць на Русь мітрапаліта, то не толькі не прымем яго, а пастановім за нязменнае правіла выбіраць і ставіць мітрапаліта епіскапам рускім па загаду вялікага князя». У выніку дзяржаўнай мудрасці і дыпламатычнай гібкасці Расціслава барацьба вакол самага прынцыповага для царкоўнага жыцця пытання сціхла. Так скончылася гісторыя з узвядзеннем на мітрапаліцкі прастол К.С., які звязаў сваё жыццё і дзейнасць з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Права прысылаць у Кіеў першасвяшчэнніка захавалася за патрыярхам. І ўсё ж ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энергічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, не памерла.

Да нас дайшоў толькі адзін твор К.С. (у тлумачэнні манаха Афанасія) - «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У гэтым «Пасланні...», разглядаючы тэарэтычныя пытанні, К.С. абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачванні, прыводзіць аргументы ў абарону свайго права кіраваць царквой. Асноўныя разыходжанні, што служылі падставай для дыскусій паміж Кліментам і Фамой, - рознае разуменне таго, як і да якіх межаў можна інтэрпрэтаваць тэксты Свяшчэннага пісання, ці правамерна наогул яго пашыранае, сімвалічнае тлумачэнне. Паводле меркаванняў К.С., важнае не толькі літаральнае, але і сімвалічнае разуменне біблейскіх тэкстаў, іх творчая інтэрпрэтацыя. Ён вымушаны быў абгрунтоўваць сваё права «даследаваць іншасказальна... усе гэтыя боскія адзнакі і цуды Госпада нашага Ісуса Хрыста», свае доказы падмацоўваць аўтарытэтам айцоў царквы: «Калі святыя і боскія айцы нашы дабавілі нешта падобнае да Гасподніх слоў, каб растлумачыць і выкласці іх, то гэта вельмі карысна, добра і пахвальна».

У развіцці чалавечай гісторыі К.С. вылучае тры паслядоўныя перыяды - «Запавет», «Закон» і «Дар Божы». Значэнне першых двух у тым, што яны рыхтуюць перамогу абсалютнай ісціне, якая адкрываецца ў хрысціянстве. Паводле яго слоў, «Хрыстос Бог наш, сонца праведнае, асвяціў нас боскімі зорамі і прасвяціў сваім хрышчэннем, і вось усе старое прайшло, і стала ўсё новае, і ўжо не месціцца ў законе чалавецтва, але пад боскай ласкаю свабодна ходзіць...» У гэтай сувязі К.С. падкрэслівае, што некаторыя язычнікі, якія жылі па-за законам і да закону, «вылучаліся набожнасцю, жывучы не па законе, але па веры», таму ім лягчэй атрымаць дабрадзейства боскае, чым юдэям, якія не могуць «пайсці» далей закону Майсеевага, што заступае шлях да дабрадзейства. Для распрацоўкі і выкладання ўласных поглядаў К.С. шырока выкарыстоўвае працы Феадарыта Кірскага, Нікіты Гераклійскага, рацыяналістычныя метады для тлумачэння рэлігійных тэм. Апісваючы сваё ўяўленне пра сусвет, ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і антычных аўтараў - Гамера, Платона, Арыстоцеля. Яго асноватворнае ўяўленне пра сусвет - гэта перакананне ў тым, што ўсё існае мае мэтазгодную будову, «усё ўладжваецца, падтрымліваецца і мае поспех сілай боскай, бо няма другой дапамогі, акрамя дапамогі боскай, і іншай сілы, акрамя сілы боскай». Мысліцель характарызуе Бога як непазнавальную абсалютную істоту, якая, аднак, пазнаецца ў сваіх тварэннях. Чалавек, які адкрывае для сябе разумную пабудову свету, становіцца, такім чынам, на шлях пазнання Бога-творцы, знаходзіць вышэйшы сэнс свайго існавання. Боская арганізацыя быцця дае чалавеку магчымасць сваімі ўчынкамі далучацца да Бога ці, наадварот, аддаляцца ад яго. Бог, са свайго боку, гатовы садзейнічаць збліжэнню з чалавекам, ратаванню яго, калі той праяўляе імкненне да гэтага. У разважаннях пра Грыгора Багаслова, прарока Ёна, траіх отракаў, расказах пра фантастычных жывёл К.С. настойліва праводзіць думку пра тое, што «нішто не пагарджанае ў Госпада: усё бачыць яго бяссоннае вока, усё назіраецца, пры ўсім стаіць, даючы кожнаму выратаванне». Валодаючы найвышэйшым дарам - свабоднай воляй - чалавек можа дзейнічаць, як яму хочацца.

Але дараваная яму свабода ўчынкаў - адначасова і напамін пра тое, што чалавеку, як вянцу тварэння, як асноўнаму цэнтру сусвету, створанаму па ўзоры і падабенстве боскаму, належыць імкнуцца да маральнага ўдасканалення, безагаворачна давяраць боскаму промыслу, «праслаўляць і дзякаваць» Творцу. Такім чынам, як і Іларыён Кіеўскі, Кірыла Тураўскі і інш. мысліцелі эпохі Кіеўскай Русі, К.С. развіваў антрапацэнтрычныя ідэі, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Але гэтыя аспекты сярэдневяковага светапогляду ён фармуляваў больш выразна і тэарэтычна абгрунтавана, чым яго папярэднікі. Важнае месца ў светапоглядзе К.С. займае ідэя няхцівасці. Яго адмова ад усяго, уключаючы царкоўную маёмасць, у той час як многія манастыры, цэрквы, асобныя свяшчэннаслужыцелі з'яўляліся буйнымі ўласнікамі, была не зусім тыповая. Акцэнт на духоўным, вечным, асуджэнні скнарнасці характарызуе ўсё сярэдневяковае светасузіранне ўсходніх славян. Але ў 12 ст., бадай, толькі К.С. ясна і дакладна выказаў гэту думку. Яго заклік захаваць маральную чысціню думак і ўчынкаў, духоўнае памкненне да найвышэйшых каштоўнасцей быцця гучыць вельмі сучасна і надзённа: «І як мы атрымалі закон і благадаць Свяшэннага пісання ад агульнага Ўладыкі, Госпада нашага Ісуса Хрыста Збавіцеля і Кіраўніка нашых душ, і святых і боскіх яго апосталаў, па дары і благадаці і сіле Духа, будзем трымацца, любыя, за гэту будучую надзею, не адхіляючыся ні ўлева, ні ўправа, каб не зваліцца нам на самае дно пагібелі.

Але пайшоўшы следам за ісцінным і сумленным царкоўным свяціцелем, такім чынам дасягнем найвышэйшай светласці ў будучым царстве Госпада нашага Ісуса Хрыста...».

Літ.: Никольский Н.К. О литературных трудах митрополита Климента Смолятича, писателя XII в. СПб., 1892; Яго ж. Материалы для истории древнерусской духовной письменности. СПб., 1907; Лавровский Л.Я. Послание митрополита Климента Смолятича к Фоме, пресвитеру Смоленскому, как историко-литературный памятник XII в. Смоленск, 1893; Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980; Становление философской мысли в Киевской Руси. М., 1984.

В.Оргіш @

Прадслава, гл. Ефрасіння Полацкая. @

Рагнеда Рагвалодаўна (960(?)-1000), полацкая князёўна, асветніца. Дачка полацкага князя Рагвалода, жонка вялікага князя кіеўскага Ўладзіміра Святаславіча (Уладзіміра Хрысціцеля); маці князёў Ізяслава Ўладзіміравіча (полацкі князь з 988 па 1001), Яраслава Мудрага (вялікі князь кіеўскі з 1019 па 1054), Усевалада (князь уладзіміра-валынскі), Мсціслава (князь цьмутараканскі), а таксама князёвен Прадславы і Праміславы. Яе бацька Рагвалод, паводле адной з гіпотэз - вараг, запрошаны ў Полацак на княжанне, паводле другой - сын полацкай княгіні Прадславы, які пасля смерці маці прыняў княжанне, вярнуўшыся ў вотчыну «из заморья». У Іпацьеўскім і Ларэўнцьеўскім спісах «Аповесці мінулых гадоў» ёсць звесткі, што ў 980 (паводле Цвярскога летапісу - не пазней 976) Рагнеда павінна была стаць жонкай вялікага князя кіеўскага Яраполка. Але ў Полацак прыехалі сваты і ад ноўгарадскага князя Ўладзіміра Святаславіча. Рагнеда адмовіла новаму прэтэндэнту: «Не хачу разуць сына рабыні, а Яраполка хачу». Такая адмова выглядала абразліва ў адносінах да маці Ўладзіміра Малушы, якая была неафіцыйнай жонкай Святаслава і як дачка пераможанага драўлянскага князя Маная (Мала) лічылася ключніцай у Кіеўскім княжацкім двары. Абражаны адмовай Уладзімір пайшоў паходам на Полацак, разбіў войска Рагвалода, захапіў горад, забіў бацьку, маці і двух братоў Рагнеды, а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў ёй імя Гарыслава. У гэтым жа годзе Ўладзімір здзейсніў паход на Кіеў, забіў брата Яраполка і заняў велікакняжацкі прастол. Рагнеду ён перавёз у Кіеў (разам з другой сваёй жонкай, скандынаўкай Аловай). Пасля нараджэння першага сына Ізяслава і дачкі Прадславы Ўладзімір падарыў Рагнедзе вёску Прадславіна ў наваколлі Кіева. Верагодна, тут нарадзіліся і іншыя дзеці Рагнеды. У 988 Уладзімір, каб прыняць хрысціянства, вырашыў ажаніцца з візантыйскай царэўнай Аннай, а Рагнедзе прапанаваў развод і замужжа з любым з яго баяраў. Рагнеда адмовілася. Яе словы «Княгіняй была, не хачу быць рабыняй» настолькі ўразілі яе хворага сына Яраслава (прысутнічаў пры размове бацькоў), што ён вылечыўся ад параліча ног. Верагодна, непасрэдна пасля гэтых падзей Рагнеда зрабіла замах на жыццё мужа. Ноччу, калі ён спаў, яна кінулася на Ўладзіміра з кінжалам, князь прачнуўся і паспеў адвесці ўдар. Спроба Рагнеды забіць мужа разглядаецца многімі даследчыкамі не як праява рэўнасці, а як помста забойцу яе бацькоў і разбуральніку Полацка. Уладзімір наважыўся пакараць Рагнеду смерцю, але за маці ўступіўся старэйшы сын Ізяслаў. Тады Ўладзімір саслаў жонку і сына ў Полацкую зямлю. У 990 тут Рагнеда прыняла хрысціянства і пастрыглася ў манахіні пад імем Анастасія. Яна шчыра прыняла гэту новую веру, пашырала яе сярод сваіх суродзічаў-крывічоў павольна, абдумана, высвятляючы сутнасць Хрыстовай навукі. Дзякуючы Рагнедзе з Полацка хрысціянства пашырылася спачатку на Полаччыну, а потым на Смаленшчыну і інш. крывіцкія землі. Пазней для Рагнеды і яе сына быў пабудаваны горад Ізяслаўль (названы імем старэйшага сына Ізяслава, цяпер г. Заслаўе). Тут у заснаваным ёю манастыры Рагнеда памерла. Яна была першай жанчынай-манахіняй у Старажытнай Русі. Выхаваны ў духу хрысціянскай маралі яе 11-гадовы сын Ізяслаў быў абраны на княжацкі трон у Полацку і тым самым была адноўлена дынастыя полацкіх князёў Рагвалодавічаў. Другі яе сын Яраслаў (за разумнае праўленне празваны Мудрым) за 35 гадоў княжання ў Кіеўскай Русі ўзняў дзяржаву да вяршыні магутнасці, пакінуў нашчадкам першы на Русі збор законаў - «Праўду Яраслава», пабудаваў у Кіеве Сафійскі сабор, заснаваў Кіеўскую мітраполію. Яго постаць найбольш яскравая ў дынастыі Рурыкавічаў.

Літ.: Двинская Я. Легенды Полоцкой земли. Рига, 1991; Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990; Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991; Чамярыцкі В. Рагнеда і Уладзімір // Спадчына. 1989. №1; Штыхаў Г. Ажываюць сівыя стагоддзі. 2 выд. Мн., 1982; Рагач П. Кароткі агляд гісторыі Беларусі для беларускіх дапаўняльных школаў. Кліўленд; Нью-Ёрк; Талін, 1990.

І.Масляніцына @

Усяслаў Брачыславіч Чарадзей (?-14.04.1101), князь полацкі. Яго бацька быў славуты князь Брачыслаў Ізяславіч, унук Рагнеды Рагвалодаўны, адважны воін і мудры правіцель; імя маці гісторыя не захавала. Паводле легенд, паходжанне У.Б. прыпісвалася чарадзейным сілам (верагодна, таму і празваны Чарадзеем). У 1044 пасля смерці бацькі стаў полацкім князем. Гады яго праўлення ў Полацкім княстве пазначаны падзеямі і славутымі, і трагічнымі. Пры ім у Полацку пабудаваны новы замак-дзядзінец, славуты Полацкі Сафійскі сабор, распачата ўзвядзенне і іншых манументальных пабудоў. У якасці ўзору для сабора князь абраў канстанцінопальскую Сафію. Да Полацка аналагічны будынак быў пастаўлены толькі ў Кіеве, і завяршалася будаўніцтва ў Ноўгарадзе. Гісторыя захавала імёны тагачасных дойлідаў, што працавалі ў Полацку: Давыд, Таўма, Мікула, Капес. Ёсць сведчанне, што князь будаваў і ўмацоўваў не толькі сваю сталіцу, але і іншыя гарады Полацкай зямлі: Браслаў, Друцак, Заслаўе, Лагойск, Копысь, Воршу, Менск. У сваёй сталіцы У.Б. прымаў вядомага ў Старажытнай Русі паэта-спевака Баяна. Акрамя таго, ён стварыў моцнае, добра падрыхтаванае войска, здольнасці якога правераны ў час паходу на торкаў у саюзе з кіеўскімі князямі. У 1065 пачалася другая крывавая вайна паміж Кіевам і Полацкам. У.Б. хадзіў паходам на Пскоў, пасля - на Ноўгарад, які яму ўдалося захапіць. У адказ на гэта тры кіеўскія князі, браты-суправіцелі, нашчадкі Яраслава Мудрага, павялі свае войскі на Менск. Крывавая бітва адбылася на рацэ Нямізе. Апавядаючы пра трагізм Нямігскай бітвы 1067, аўтар «Слова пра паход Ігараў» з сардэчнай цеплынёй і спачуваннем намаляваў вобраз У.Б. як яскравую гістарычную асобу, мудрага і дзейнага валадара, князя-чарадзея і адначасова як несправядліва пакрыўджанага, няшчаснага чалавека. «На Немізе снопы стелютъ головами, молотятъ цепы харалужъными, на тоце живот кладутъ, веютъ душу от тела. Немизе кровави брезне балогом бяхуть посеяни, посеяни костьми Руськых сынов. Въсеслав князь людем судяше, князем грады рядяше, а сам в ночь вълком рыскаше: из Кыева дорыскаше, до кур, Тьмутораканя; великому Хърсови вълком прерыскаше. Тому в Полотьсте позвониша заутренюю рано у святыя Софеи, а он в Кыеве звон слышаше. Аще и веща душа в друзе теле нъ часто беды страдаше. Тому вещий Боян и първое припевъку смысленый рече: «Ни хытру, ни горазду, ни птичу, горазду суда Божия не минути».

Хутчэй за ўсё страты ў гэтай бітве былі вялікія з абодвух бакоў, бо Яраславічы не адважыліся ісці на Полацак і праз 4 месяцы пасля бітвы запрасілі У.Б. на перамовы. Летапісец так расказвае пра гэта: «Цалавалі крыж чэсны Ўсяславу, казалі: «Прыйдзі да нас, а мы не зробім табе благое». Але кіеўскія князі ашукалі У.Б. Прыбыўшы на перагаворы, ён быў схоплены, як толькі У.Б. ступіў з чоўна на другі бераг Дняпра каля Воршы. Яго адвезлі ў Кіеў і разам з двума малалетнімі сынамі кінулі ў цямніцу-поруб. Князь прабыў у зняволенні больш за 14 месяцаў. Але ў гэты час на Кіеўскую зямлю напалі полаўцы, разбілі войска Яраславічаў, і тыя ў паніцы збеглі хавацца ў розныя гарады сваёй дзяржавы. Абураныя іх паводзінамі кіяўляне ўзнялі мяцеж, выпусцілі з вязніцы У.Б. з сынамі і пасадзілі полацкага князя на кіеўскі прастол. На велікакняжацкім прастоле У.Б. прабыў 7 месяцаў. За гэты час ён разбіў полаўцаў, ажыццявіў паход на Тмутаракань. Аднак у хуткім часе паявіўся выгнаны ў час мяцяжу з Кіева Ізяслаў Яраславіч з набраным у Польшчы войскам. У.Б. з кіяўлянамі пайшоў яму насустрач, каб даць бой. Але, не жадаючы пачынаць вайну, У.Б. нечакана для ўсіх ноччу пакінуў войска і збег у родны Полацак. Даследчыкі да гэтага часу спрачаюцца аб прычынах такога ўчынку князя. Верагодна, яны былі дастаткова важкімі, бо У.Б. ніяк нельга лічыць баязліўцам ці здраднікам.

Неўзабаве кіеўскі князь Ізяслаў вярнуў сабе прастол і зноў напаў на Полацкія землі. Не паспеўшы арганізаваць добрую абарону Полацка, У.Б. пакінуў горад і знайшоў прытулак у племені водзь, дзе збіраў сілы, каб вярнуць страчаную ўладу. У 1068 на чале водскага войска ён з'явіўся пад Ноўгарадам. У баі з ноўгарадцамі У.Б. трапіў у палон. У хуткім часе яго чамусьці адпусцілі. У 1071, сабраўшы войска з прадстаўнікоў балцкіх плямён, У.Б. урэшце вярнуў свой полацкі прастол. Да 1084 кіеўскія князі неаднаразова спрабавалі захапіць Полацак і скінуць У.Б. з прастола. Але полацкі князь адстаяў свае землі і трывала трымаўся на троне сваіх бацькоў. Дзякуючы ваеннаму майстэрству і мудраму кіраўніцтву У.Б. з 1084 да самай яго смерці (1101) Полацкае княства існавала без войнаў, Полацак развіваўся як гандлёвы і культурны цэнтр. У.Б. меў 6 сыноў - Давыда, Глеба, Рамана, Расціслава, Святаслава-Георгія, Рагвалода-Барыса, якіх ён выхаваў як выдатных воінаў, палітыкаў і шчырых патрыётаў сваёй бацькаўшчыны.

Літ.: Тарасаў С.В. Чарадзей з сёмага веку Траяна: Усяслаў Полацкі. Мн., 1991.

І.Масляніцына ##Chapter: 4. Беларусь у складзе Расейскай імперыі @

Багушэвіч Францішак Бенядзікт (псеўд. Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава; 21.03.1840-28.04.1900), прадстаўнік грамадскай думкі Беларусі, ідэолаг нацыянальнага адраджэння, вызваленчага дэмакратычнага руху, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскага павета Віленскай губ. (зараз Віленскі р-н Летувы) у сям'і дробнага шляхціца, матэрыяльнае становішча і ўмовы жыцця якога мала чым адрозніваліся ад побыту навакольных сялян. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1861. У тым жа годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам ў в. Доцішкі. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864. У адным з баёў быў паранены. Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Ўкраіну. У 1865 яму ўдалося паступіць у Нежынскі юрыдычны ліцэй. З 1868 працаваў у судовых установах Украіны, кароткі час у Валагодскай губ. У 1884 вярнуўся ў Вільню, працаваў прысяжным павераным у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць. Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваныя зборнікі «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894), апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892). З 1898 жыў у в. Кушляны, пахаваны ў в. Жупраны (Ашмянскі р-н).

Яго светапогляд і ідэйныя перакананні сфармаваліся ў эпоху ўзнікнення і ўзмацнення вызваленча-дэмакратычнага руху, які быў накіраваны супраць феадальна-прыгонніцкіх форм і адносін сацыяльна-палітычнага жыцця, а таксама адлюстроўваў наспелыя патрэбы нацыянальнага адраджэння і развіцця народаў, пазбаўленых сваіх суверэнных правоў на самастойнае грамадскае і духоўна-культурнае існаванне, адбудову сваёй дзяржавы. Гістарычная патрэба змен у грамадскім жыцці выспявала паступова, але няўхільна на працягу ўсяго 19 ст., набываючы ўсё больш пэўныя і выразныя формы. Асабліва цяжкімі для Беларусі былі часы пасля задушэння паўстання 1831 і закрыцця Віленскага ўніверсітэта. Афіцыйная ідэалогія сцвярджала, што такога народа, як беларускі, зусім не існуе, а ёсць толькі заходняя галіна «ўсходнеславянскага племені»; усе іншыя меркаванні лічыліся варожай польскай інтрыгай, накіраванай на адлучэнне «спрадвечных расейскіх земляў». За ліквідацыю прыгонніцтва і самадзяржаўя ў той час выступалі тайныя згуртаванні 1820-1840 гадоў (філаматы, Дэмакратычнае таварыства, Менская тайная арганізацыя, Брацкі саюз літоўскай моладзі). Вызваленчыя ідэі, і найперш ідэя свабоды прыгнечанага сялянства, а таксама ідэя роўнасці і братэрства розных народаў, усведамленне неабходнасці барацьбы «ў імя растаптаных правоў чалавека» натхнялі ўдзельнікаў Дэмакратычнага таварыства (1836-1838), створанага ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі Ф.Савічам. Значна паскорыліся грамадскія працэсы напярэдадні і пасля дэкрэта пра адмену прыгонніцтва.

Эпоха шырокага дэмакратычнага руху, этнакультурнай кансалідацыі беларускага народа ў Беларусі пачалася паўстаннем 1863-1864. Адным з кіраўнікоў яго стаў К.Каліноўскі. Яго рэвалюцыйная дзейнасць, якая была звязана і з польскім вызваленчым рухам, сведчыла пра афармленне ў Беларусі самастойнай палітычна-вызваленчай плыні, што адпавядала працэсам выспявання нацыянальнай самасвядомасці. Выразнай прыкметай гэтага стала ідэалагічная праграма беларускіх народнікаў, якія ў 1880-я гады ўпершыню ажыццявілі канкрэтны сацыяльна-палітычны аналіз праблемы нацыянальнага самавызначэння беларускага народа і па праву займаюць пачэснае месца ў беларускім дэмакратычным руху. Менавіта ў 1880-я гады разгарнулася і творчая дзейнасць Б. Яго актыўны ўдзел ў паўстанні 1863-1864 - яскравае сведчанне глыбокага духоўнага адзінства з найважнейшымі антыцарысцкімі, антыфеадальнымі і нацыянальна-вызваленчымі мэтамі, за дасягненне якіх змагаўся Каліноўскі. Гэта адзінства ў далейшым пацверджана яго творчай дзейнасцю, дух і пафас якой жывіўся ідэямі свабоды і дабрабыту працоўнага народа. Па глыбіні разумення ўнутраных патрэб народнага жыцця, творчай энергіі іх абвяшчэння і сіле ўплыву на паслядоўнікаў Б. стаў першым сапраўды народным выразнікам тыповых рыс і асаблівасцей нацыянальнай свядомасці, духоўным пачынальнікам і натхняльнікам працэсу нацыянальнага самаўсведамлення і адраджэння прыгнечанага народа, заснавальнікам новай беларускай літаратуры. У агульным працэсе фармавання вызваленчых імкненняў творчая дзейнасць Б. - пачатак працэсу эстэтызацыі каштоўнасцей дэмакратычнай ідэалогіі (народ, свабода, чалавек працы).

У публіцыстычных прадмовах і праграмных вершах Б. выказаны асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. У прадмове да зборніка «Дудка беларуская» ён пісаў: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша - «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая» (Творы. Мн., 1991. С. 16). Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцця: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю..., а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». (Там жа. С. 17.) Лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа («язык ёсць адзежа душы»), найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі. Беларусь - там, «дзе наша мова жывець», - пісаў Б. Пры абгрунтаванні вызваленчых памкненняў народа Б. звяртаўся да эпохі Вялікага Княства Літоўскага, проціпастаўляючы тагачасны росквіт беларускай культуры бяспраўнаму і прыгнечанаму становішчу народа ва ўмовах панавання самаўладдзя.

Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народа, Б. быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком працоўнага сялянства. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. У сацыялогіі зыходзіў з факта размежавання грамадства на «панства» - прыгнятальнікаў, і народ - людзей працы. Падзел грамадства на процілеглыя супольнасці рабіў на аснове фіксацыі канкрэтных абставін іх рэальнага жыццёвага існавання. «Адзін ходзе ў саеце, у золаце з плеч да ног, а другому, каб прыкрыцца хоць анучай - велькі труд... Адзін мае хатаў многа, а вялікіх - касцёл моў... У другога ў сцяне дзюры, вецер ходзе, дым і снег... Аднаму дзесяткі-служкі зарабляюць сотні-сот..., другі ж сам, аж за дзесятак працуючы, лье свой пот» (Там жа. С. 39). Гэта тыпова сацыяльнае размежаванне, якое вядзе і да адпаведнага ацэначнага (маральнага і эстэтычнага) паралелізму: народнага, ісціннага, чалавечага і панскага, пачварнага, драпежніцкага. Б. - носьбіт пазіцыі, тыповай для прадстаўніка дэмакратычнага руху. Яго дэмакратычная ідэалогія будавалася на адмаўленні каштоўнасцей, уласцівых феадальна-самадзяржаўнаму ладу - дзяржавы, саслоўнай іерархіі, універсальнай ідэалогіі і сцвярджэнні як вышэйшай мэты чалавека сапраўднага суб'екта мыслення, творчасці, грамадскага жыцця. Аснову дэмакратычнага руху складалі антыфеадальны гуманістычны пафас, наспелая грамадская неабходнасць індывідуальна-асабовага разняволення і развіцця. Б. стаў выразнікам тэндэнцый пачатковага перыяду станаўлення вызваленча-дэмакратычнай ідэалогіі.

У спецыфічных умовах Беларусі 2-й паловы 19 ст. патрэбы вызваленчага руху, асветленыя вышэйшымі гуманістычнымі мэтамі, былі непарыўна звязаны з тэндэнцыямі нацыянальнага адраджэння і самавызначэння. Таму ў беларускай дэмакратычнай ідэалогіі дамінавалі (асабліва на пачатковым этапе станаўлення) задачы шырокага, агульнага плана (ліквідацыя эксплуататарскай сістэмы, дасягненне грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай свабоды працоўных мас, нацыянальнае развіццё), а не зыходна ўласцівыя самому духу дэмакратычных імкненняў мэты індывідуальнага, асабістага вызвалення. Ідэя суверэннасці народных працоўных мас (вяршэнства ў сацыяльным жыцці працаўніка, стваральніка ўсіх даброт) атрымала ўсебаковае ўвасабленне ў беларускім дэмакратычным руху. Гэты працэс пазначаны эстэтызацыяй, маральным абгрунтаваннем, выпрацоўкай ацэначных уяўленняў, паводле якіх працоўны народ - вышэйшая каштоўнасць быцця. Упершыню ідэя гістарычнага прадвызначэння працоўнага народа, глыбокае перакананне ў яго сіле і стваральных магчымасцях на ўвесь голас прагучалі на старонках «Мужыцкай праўды» Каліноўскага. Погляд на народ як на фундаментальную, жывую і сапраўдную рэальнасць гісторыі і грамадскага жыцця яскрава выявіўся ў творах Б. Народ і яго стваральная праца - выток і ўвасабленне самой сутнасці жыцця наогул: «Глядзі! Горы паразрыты, а чыгункай свет абвіты: усё з мужыцкай працы...» (Там жа. С. 21). Б. выказваў тыповае для працоўнага сялянскага асяроддзя разуменне свайго прызначэння ў жыцці як работніка-«карміцеля». Вылучэнне канкрэтнага жыццёва-вытворчага аспекту дзейнасці народа «спалучалася ў яго з паказам стваральнага характару працы, у працэсе якой дзейнасць народных мас раскрывалася як сіла, што кардынальна абнаўляе аблічча зямлі. Паняцце «народ» ахоплівае ўсіх людзей працы і найперш сялянства. У Б. гэта не толькі «мужыкі нашы», але і беларусы, беларускі народ. Новыя рысы ў трактоўцы народа знайшлі выразную аналогію ў мастацкай творчасці Б. як увасабленне пачуцця глыбокай любові да роднага краю, вернасці свайму народу і зямлі, на якой нарадзіўся і вырас («Мая хата», «Свая зямля»). Патрыятычнае пачуццё паэт раскрывае як глыбока інтымнае адчуванне арганічнай духоўнай еднасці са сваім народам і як унутраную характарыстыку сапраўднага чалавека: «Каб за край быў умёрці гатоў, каб не прагнуў айчызны чужых» (Там жа. С. 78).

Ідэя гістарычнага прызначэння мас, самастойнасці іх грамадска-палітычнага і духоўнага развіцця для Б. была ідэяй народнай свабоды, такім будучым станам жыцця і чалавечых адносін, які адпавядаў бы сапраўднай ролі народа-працаўніка і стваральніка. Свабоду ён усведамляў найперш як пабудову новага грамадскага жыцця, якая не ведае падначалення адных у імя панавання другіх, нямногіх. Выразны акцэнт ён рабіў не толькі на канкрэтных сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных патрабаваннях, але і на нацыянальна-вызваленчых задачах, у т.л. на духоўна-маральных і культурных фактарах. На яго трактоўцы праблемы свабоды адбіліся тыповыя сялянскія ўяўленні пра свабодную працу на свабоднай зямлі, не пазбаўленыя, аднак, ураўняльнасці і ўтапізму. Свабоду ён разумеў як сапраўдны чалавечы стан, дасягненне якога несумяшчальнае з тагачаснымі грамадскімі адносінамі. Толькі свабода пазначана ў яго высокім пафасам паэтызацыі. «Відзеў пташку я ў клетца, як галоўкай потым б'ецца... і сканае... жыць не хоча. Нашто - гадзіну, мядзянку, пусці ў шклянае начынне, - сама сабе без прастанку будзе жаліць, покі згіне!.. Як ужо скаціна тая або гадзіна праклята і та цану волі знае, што ж для нашага-то брата, меўшы розум не скацінны, як знаць волю мы павінны?» (Там жа. С. 53).

Беларускай дэмакратычнай ідэалогіі ўласціва была тэндэнцыя да перадачы агульнага ў форме, набліжанай да наглядна-канкрэтнага. Як і Каліноўскі, Б. сутнасць чалавека ўсведамляў пераважна ў сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным плане. Чалавек у яго выступаў абагульнена-канкрэтнай праявай сутнасці і памкненняў пэўнай агульнасці. Вобраз чалавека ўзбагачаўся ўнутранымі сацыяльна-псіхалагічнымі вымярэннямі. У яго творах селянін сам выказвае свае адносіны да канкрэтных з'яў рэчаіснасці, сам гаворыць пра свае інтарэсы і патрэбы.

Усведамленне супярэчлівасці быцця, глыбокае пранікненне ў яго дысгарманічную сутнасць абумовілі наватарскія рысы творчай пазіцыі Б. Ён стаў пачынальнікам новага этапу развіцця беларускай літаратуры, эстэтыкі, грамадска-палітычнай думкі. Прынцып рэалізму і народнасці - аснова, фундамент яго творчасці, дэмакратычны характар якой выразна раскрыўся ў падыходзе да народнага жыцця як галоўнага аб'екта мастацкага адлюстравання, вылучэнні ў цэнтр ідэйна-мастацкіх інтарэсаў прадстаўніка народа, чалавека працы. Імкненне садзейнічаць уздыму самасвядомасці працоўнага беларускага народа вызначыла і кірунак дзейнасці Б. ў галіне літаратуры, а таксама разуменне яе грамадскага прызначэння як істотнага фактару нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа. «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была «Дудка» - вот і мы зробім музыку...» (Там жа. С. 65). Гэта было не толькі сцвярджэнне патрэбы літаратурна-мастацкага развіцця, але і разуменне факта існавання літаратуры як неабходнай перадумовы паўнакроўнага нацыянальнага жыцця. «Зрабіць музыку» для Б. не проста мастацкая, «чыста» літаратурная ўстаноўка. Лёс беларускай літаратуры неадрыўны ад лёсу працоўнага беларускага народа, і менавіта розум і клопат пра яго будучае гістарычнае жыццё - пафас мастацкай дзейнасці Б. Пра гэта яскрава сказана ў праграмных вершах «Мая дудка» і «Смык». Неадлучнасць ад жыцця і імкненняў працоўнага народа - арганічны фактар існавання паэзіі Б. Яго «дудка» сумная, бязрадасная, як само жыццё народа. Але ў паэзіі Б. заключана вялікая сіла, закліканая памагчы народу пазбавіцца бяды, галечы, прыгнёту і выйсці на новыя абсягі жыцця. Некаторае адценне ўтылітарызму ў такім падыходзе да літаратуры якраз было праявай цэльнасці дэмакратычнай народнай пазіцыі Б. Ён ускладаў на літаратуру задачы, што маглі быць вырашаны толькі ў працэсе развіцця ўсіх бакоў духоўнага і матэрыяльнага жыцця народа. Сцвярджэнне велізарнай сілы ўздзеяння і ўплыву мастацкага слова («Смык») было адначасова сцвярджэннем невычэрпнасці стоеных у народзе сіл, што падтрымлівалі веру паэта ў будучыню. Задача стварэння нацыянальнай літаратуры ў Б. непарыўна звязана з усведамленнем яе значнай грамадскай місіі - служэння працоўнаму народу, справе яго вызвалення.

Б. - першы, хто найбольш поўна і паслядоўна выказаў наспелую патрэбу ў існаванні нацыянальнай літаратуры і эстэтыкі. Гэта была першая нацыянальная эстэтыка, якая ставіла ў цэнтры патрэбу пазнання і тлумачэння рэчаіснасці народнага жыцця. Менавіта рэалістычная і дэмакратычная тэндэнцыйнасць абумовіла характар ідэйна-эстэтычнай пазіцыі паэта і сутнасць яе найважнейшых момантаў. Ісціннасць як цэласнасць зыходнай пазіцыі ў Б. неадлучна ад ідэі ўсеагульнага адзінства: «Каб уся зямелька адну праўду мела», каб гэта праўда «людцоў» з'яднала» (Там жа. С. 30, 29). Паводле Б., ісціннасць несумяшчальная з варожасцю, панаваннем і падначаленнем. Сам дух такога памкнення гарманічна-ўпарадкавальны, г.зн. эстэтычны, глыбінныя асновы яго сацыяльныя і маральныя. Межы ісціннасці ўключаюць пэўныя сацыяльныя сферы грамадскага жыцця - перш за ўсё народ, працоўныя масы, працаўніка як чалавека сапраўднага; усё, што знаходзіцца па-за гэтымі межамі, ёсць няісціннае, пачварнае - жыццё панства, прыгнятальнікаў, тып чалавека-пана.

Імкнучыся зразумець свет у цэласнасці, у яго найбольш істотных праявах, навакольнае ён успрымае як свет невырашальных супярэчнасцей, як свет, што знаходзіцца ў трагічным стане. Важнае месца ў сістэме мыслення і вобразнасці Б. займае прынцып кантрастнага проціпастаўлення як форма адлюстравання драматычнай разарванасці рэчаіснасці. Найважнейшыя тыпы проціпастаўленняў у яго творах (мужык - пан, мужык - мноства паноў, мужык - безліч дзяржаўна-бюракратычных устаноў) пераконваюць, што для грамадства, пабудаванага на прыгнёце людзей, уласцівы працэс пастаяннага ўзнікнення і павелічэння зла. І выходзіць, што свет, які бачыць і адлюстроўвае Б., быццам і не зямля пад сонцам і зоркамі. Сонца для паэта - гэта праўда, якую закапалі, схавалі, а таму і свет гэты шэры, без святла. А зоркі? Ды над працаўніком столькі чыноўнікаў, колькі камення ў полі, колькі зорак у небе («Як праўды шукаць»). Аснова гэтага свету, паводле Б., - начальства, бюракратычна-чыноўны апарат, бізун - сімвал насілля, рабства і прыніжэння, слуп - мяжа падзелу, знак няроўнасці («У астрозе»). Універсальнасць панавання стану несвабоды ператварае свет у велізарную турму. Турма як самы яркі сімвал несвабоды выступае ў вершаванай аповесці «Кепска будзе!» найбольш адэкватным вобразам рэчаіснасці.

Адзінота і безабароннасць чалавека перад жорсткім уціскам абсалютнай дзяржаўнай улады і яе «законнымі прадстаўнікамі» - галоўная тэма разважанняў паэта. Назіраючы жыццёвыя перамены, якія адбываліся ў Беларусі ў паслярэформенны час, ён адзначаў, што абвешчаная свабода вяла толькі да павелічэння цяжару на плячах працаўніка. Тут ён падыходзіў да драматычнага пытання: што нясе ход часу, лінія нашай гісторыі - пашырэнне межаў свабоды ці яе звужэнне? Адсюль вытокі трагедыйнай афарбоўкі светапогляду паэта. Не прамая сацыяльная тэндэнцыйнасць, не бяскрыўдны камічна-бытавы жарт, а сапраўдная шырыня мыслення, абарона народа і чалавека, яго гонару і годнасці перад усеабдымнай сістэмай дзяржаўнага падначалення і прыніжэння зрабілі Б. ў свой час «мужыцкім адвакатам», а зараз робяць арганічна сугучным сучаснасці, яе сапраўды трагічным калізіям.

Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Б. на паслядоўнікаў. Увесь наступны працэс фармавання дэмакратычнай ідэалогіі, грамадскай і эстэтычнай думкі, новай беларускай літаратуры адзначаны свядомым наследаваннем яго спадчыны. Пра гэта красамоўна сведчыць творчая дзейнасць А.Гурыновіча і Цёткі, Я.Купалы і Я.Коласа.

Тв.: Творы. Мн., 1967; Вершы. Мн., 1976; Творы. Мн., 1991.

Літ.: Карский Е. Белорусы. Т. 3, вып. 3. Пг., 1922; Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. 3 выд. М.; Л., 1924; Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957; Майхрович С. Жизнь и творчество Ф.Богушевича. Мн., 1961; Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967; Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968; Пачынальнікі (склад. Г.В.Кісялёў). Мн., 1977; Майхрович С. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977; Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989; Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1969; Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973; История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.

А.Майхровіч @

Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт (псеўд. Навум Прыгаворка; 04.02.1808 [паводле інш. звестак 1807] - 29.12.1884), прадстаўнік культурна-асветнай плыні ў грамадскай думцы Беларусі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнай драматургіі і тэатра. Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы (Бабруйскі р-н) у сям'і дробнага шляхціца. Закончыў Бабруйскую павятовую школу (1824). Вучыўся ў Пецярбургскім (ці Віленскім) універсітэце на медыцынскім факультэце. З 1827 служыў у Менскай епархіяльнай кансісторыі, Менскай крымінальнай палаце. У 1840 пакінуў службу, набыў фальварак Люцынка каля г. Івянца. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця. У час паўстання 1863-1864 абвінавачваўся ў распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй, быў арыштаваны, знаходзіўся пад следствам, потым выпушчаны пад нагляд паліцыі. Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта, першыя з якіх не захаваліся. У 1846 у Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»; пастаноўка ажыццёўлена ў Менску ў 1852). У 1850-я гады стварыў шэраг паэтычных твораў, вершаваных аповесцей і апавяданняў - «Вечарніцы» і «Гапон» (1855), «Купала» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857), «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума» (нап. 1857). Пісаў таксама творы на польскай мове: «Благаславёная сям'я» і «Славяне ў XIX ст.» (1856). У 1859 пераклаў на беларускую мову паэму А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Арганізаваў тэатральную трупу - першы беларускі тэатр, які наладжваў спектаклі ў Люцынцы, а таксама ў Менску, Бабруйску і інш. месцах. У 1860-1870-я гады напісаў камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты». Значная частка яго твораў, у т.л. камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара.

Дзейнасць Д.-М. разгортвалася ў перыяд глыбокага крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы, паступовага, але няўхільнага ўсталявання новых грамадскіх адносін, развіцця ў Беларусі дэмакратычнага нацыянальна-вызваленчага руху. Яго светапогляд і творчасць увабралі ў сябе істотныя тэндэнцыі гістарычнага развіцця народа ў гэты пераломны час, адлюстравалі яго драматызм і глыбокую супярэчлівасць. Вышэй за ўсё ставячы агульны дабрабыт народа і грамадства, ён лічыў немагчымым набліжэнне гэтага без пераадолення процілегласці сацыяльных інтарэсаў і без дасягнення сацыяльнай гармоніі ў грамадскім жыцці. Шлях да гармоніі ён бачыў у маральным удасканаленні, асветніцтве, развіцці нацыянальнай культуры. Сапраўдная каштоўнасць яго творчасці - у гуманістычным пафасе ўзвышэння працоўнага чалавека, селяніна, усведамленні неабходнасці развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры, што адлюстроўвала, хоць не заўсёды выразна, карэнныя патрэбы беларускага народа як паўнацэннага, самастойнага суб'екта гісторыі, грамадскага жыцця, духоўнай творчасці.

У тагачасных умовах Д.-М., абставінамі выхавання арганічна далучаны да традыцый польскай літаратуры і эстэтыкі, прыходзіць да сцвярджэння неабходнасці існавання беларускай літаратуры і культуры. Практычнай рэалізацыяй гэтай пазіцыі стала яго літаратурная творчасць на беларускай мове. Такі кірунак памкненняў пісьменніка выходзіў далёка за межы ўласна літаратурных інтарэсаў і набываў надзённы грамадска-палітычны сэнс.

Пісьменніку былі блізкія многія ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў. Аднак ён быў прыхільнікам паступовых пераўтварэнняў, духоўна-маральных сродкаў і спосабаў дасягнення грамадска значных мэт. Яго творчая дзейнасць прыпала на час, калі ў вызваленчым і нацыянальна-адраджэнскім руху ўсё больш важнай станавілася сялянская рэвалюцыйна-дэмакратычная плынь, што паўплывала на характар і кірунак яго творчасці. Новыя, дэмакратычныя тэндэнцыі спалучаліся ў Д.-М. з прыхільнасцю да мінулага, да ідэалізацыі яго. Яшчэ захоўваўся стары іерархічна-саслоўны дух, і пісьменнік імкнуўся ўзняць яго на ступень асветніцтва і шчырага клопату пра дабрабыт сялян. Вынікам такога спалучэння стала сцвярджэнне прынцыпу агульнага дабрабыту, які трактаваўся ў абстрактна-пашыраным плане і падпарадкоўваўся ідэі сацыяльнай згоды, маральна-духоўнай кансалідацыі. Прынцыпы адзінства ўсіх сіл і магчымасцей народа, аб'яднання ўсіх пластоў і груп у працэсе сацыяльнай і культурнай творчасці давалі перспектывы сапраўды шырокага і плённага ажыццяўлення нацыянальна-адраджэнскіх тэндэнцый, будучага развіцця народа і яго культуры.

Светапогляд Д.-М. меў пераважна маральна-эстэтычны характар, быў прасякнуты ўстаноўкай на пошукі гарманічных узаемасувязей у сферы сацыяльных адносін, а таксама ў галіне культуры, маралі, нацыянальнага жыцця. Асновай, на якой магчыма было дасягненне гэтага гарманічнага адзінства, Д.-М. лічыў узровень патрыярхальных адносін. Так выяўлялася арыентацыя на мінулае як крыніцу ідэалізаваных норм адносін паміж людзьмі і імкненне да ідэальнай сучаснасці. Спроба рэстаўрацыі ідэалізаванага мінулага абумоўлівала тэндэнцыю да разумення ім сутнасці быцця як трывала ўсталяванага, гарманічна завершанага.

Асаблівае значэнне для пісьменніка набываў прынцып гарманічнага адзінства ў сферы маралі, паколькі эстэтычная ацэнка ў яго творчасці неадлучная ад маральнай. Гэта характарызавала яго пазіцыю як асветніцкую, якой была ўласціва ідэя карыснасці мастацтва, падыход да яго як да сродку сцвярджэння пэўных маральных норм. З дапамогай мастацтва маральныя ўяўленні і ўзоры ўзвышаліся да ступені эстэтычнага ідэалу. Грамадскія адносіны Д.-М. імкнуўся вытлумачыць праз прызму ідэалізаваных норм патрыярхальнай маралі, таму сацыяльныя адносіны ў яго набывалі аблічча адносін паміж бацькамі і дзецьмі ў вялікай зладжанай сям'і. Прынцып гарманічнага адзінства ў сферы сацыяльнага жыцця вёў да сцвярджэння ідэі класавага салідарызму. Д.-М., безумоўна, усведамляў наяўнасць сацыяльных супярэчнасцей, прызнаваў, што сярод сялян «укаранёны з дзяцінства супраць... паноў погляд» (Тв. Мн., 1984. С. 258), абвострана адчуваў антыгуманнасць грамадскага становішча, калі адны працуюць, а другія толькі карыстаюцца вынікамі працы. Таму відавочнасці сацыяльнага антаганізму ён імкнуўся проціпаставіць культурна-асветную дзейнасць адукаваных паноў (арганізацыя нацыянальных школ, стварэнне літаратуры на беларускай мове), што, на яго думку, здольна ўраўнаважыць існуючую няроўнасць. «Наша нешчаслівае мінулае, - пісаў ён, - давяло вясковы люд да заняпаду... Яшчэ ёсць час, каб нашы грамадзяне спахапіліся і, утвараючы школкі, прытулкі і іншыя магчымыя ахвяры, імкнуліся гэтую малодшую брацію сваю, якая ўмее быць удзячнай, прытуліць да сэрца і для ўсеагульнага дабра з ёй моцна аб'яднацца» (Там жа. С. 482).

Асаблівае значэнне ў ажыццяўленні гэтай мэты ён надаваў літаратуры на беларускай мове, якая, звяртаючыся і да пана і да селяніна, паказвала прыцягальнасць стану грамадства, дзе захаваны формы простых і добразычлівых адносін паміж людзьмі розных сацыяльных станаў.

Гаворачы пра вытокі сваёй літаратурнай дзейнасці, Д.-М. пісаў: «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга племені, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы» (Там жа. С. 481). Момант «заахвочвання да асветы» і маральнага ўдасканалення пісьменнік падкрэсліваў пастаянна. Абуджэнне народа да духоўнага жыцця ён разглядаў як крок унутранага развіцця, які зробіць рэальным маральныя ўяўленні пра гарманічныя адносіны паміж людзьмі, найперш паміж панам і селянінам. Паводле меркавання пісьменніка, дасягненне гэтай мэты ў большай ступені залежала ад паноў, ад таго, наколькі яны самі стануць носьбітамі лепшых духоўных якасцей і будуць садзейнічаць укараненню гэтых маральных уяўленняў. У прадмове да «Літаратурных клопатаў» Д.-М. намаляваў ідылічную сцэну, як арыстакратычная, добра выхаваная пані чытае ў святочны дзень кнігу сялянам. Пісьменнік падкрэсліваў навізну самога прынцыпу духоўнага ўзаемадачынення, кантактаў розных сацыяльных пластоў, дзякуючы чаму сяляне даведваюцца, што «паны апісваюць іх звычаі і ахвотна цікавяцца іх доляй» (Там жа. С. 258). Асветніцкі характар яго пазіцыі, яе канкрэтная акрэсленасць выяўлены ў дадзеным выпадку асабліва выразна. Глеба духоўнасці ўяўлялася яму нейтральнай і ўсеагульнай, пачаткам вырашэння жыццёвых супярэчнасцей і праблем.

Існаванне літаратуры на беларускай мове абгрунтоўвалася ім задачамі асветніцкімі і «маральнага выпраўлення», што адкрывала шлях да пераадолення сацыяльных цяжкасцей. Ступень яе ўздзеяння вызначала і важнасць ускладаемай на літаратуру ролі. Таму была пастаўлена праблема даступнасці літаратуры. На першы план Д.-М. вылучаў фактар беларускай мовы, неабходнасць захоўваць яе адпаведнасць узроўню духоўнага развіцця чалавека працы (дух народных звычаяў, паданняў). Так пазначалася фальклорна-этнаграфічная арыентацыя літаратуры на беларускай мове, зварот яе да каштоўнасцей народнай культуры.

У «Літаратурных клопатах» адна з частак названа «Падарожжа на Беларусь» - у тую ідэалізаваную краіну, дзе пануюць адносіны братэрства, любві, добразычлівасці. Нацыянальная ідэя праяўлялася ў яго як ідэя-мара пра Беларусь. Але і такое яе выяўленне сведчыла пра наяўнасць тэндэнцый да кансалідацыі, самавызначэння ўнутраных пачаткаў нацыянальнага жыцця беларускага народа. Агульная ідэя сацыяльнай гармоніі была цесна звязана з поглядам Д.-М. на лёс культуры. Сцвярджэнне ім самабытнага характару культуры Беларусі грунтавалася ў першую чаргу на рэальных рысах духоўнага багацця беларусаў, увасобленага ва ўсім складзе светапогляду народа, у яго паданнях, песнях, звычаях, побыце. Разам з тым паняцце культурнай самабытнасці неадлучна ад яго ідэалізатарскіх імкненняў. Тэндэнцыя класавага салідарызму абгрунтоўвалася патрэбамі духоўнага і культурнага плана, якія мелі для пісьменніка першаступеннае значэнне. Таму вышэйшай мэтай яго імкненняў становіцца не проста «чыста» сацыяльная тэндэнцыя аб'яднання. Ён меў на ўвазе адукаванае дваранства- носьбіта высокіх духоўных якасцей, узорнага ў маральных адносінах - і далучанае да асветы ў выніку стварэння літаратуры на беларускай мове сялянства, якое захавала лепшыя здабыткі самабытнай народнай культуры.

Праблема культурнай пэўнасці Беларусі вырашалася ім як сінтэз і адзінства дзвюх культур - дваранскай і народнай, першая нясе высокі ўзровень духоўнасці, другая вызначае самабытнасць. Такое адзінства дваранскай і народнай культур павінна было стварыць фундамент, абумовіць характар новай беларускай культуры, дзякуючы якой «мясцовы» патрыятызм перастане адыгрываць другарадную ролю і набудзе самастойнае абгрунтаванне. У гэтым Д.-М. бачыў прызначэнне беларускіх пісьменнікаў. Менавіта гэта думка выказана ў «Літаратурных клопатах»: «Захаваць старыя звычкі просім вас, паэтаў, вы злучаеце веру продкаў з нашаю асветай» (Збор тв. Мн., 1958. С. 234). Ідэя культурнай самабытнасці мела выразную тэндэнцыю да кансалідацыі, проціпастаўлялася сляпой пераймальніцкай арыентацыі арыстакратычных вярхоў на культуру, мову і норавы Захаду.

Імкненне Д.-М. да сцвярджэння гарманічнага пачатку найбольш поўна выявілася ў яго мастацка-эстэтычных уяўленнях: ідэальнае (узорная норма), камічнае (з выхадам да сатыры) і адмоўна-эстэтычнае (пачварнае, карыкатура). Такая іерархія эстэтычных сфер - водгук эстэтыкі класіцызму з яе строгім размежаваннем высокіх і нізкіх сфер, для якой народнае жыццё было эстэтычна «зніжаным». Значэнне ж эстэтыкі Д.-М. ў тым, што ён спрыяў падняццю «зніжанага» (народнае жыццё) да ўзроўню ідэальнага, хоць адбітак няроўнасці захоўваўся і ў яго сістэме эстэтычных уяўленняў.

У цэлым ідэал Д.-М. можа быць вызначаны як ідэал арганічна-быційнай гармоніі - сімвала прастаты, натуральнасці і чалавечнасці, - які проціпастаўляецца складанасці, маральнаму хаосу гарадскога жыцця і арыентаванасці арыстакратычных вярхоў на Захад. Гэта было проціпастаўленне старога новаму (вёскі - гораду), у аснове якога ляжалі маральныя крытэрыі. Прастата і чалавечнасць звязваліся з ідэалізаванымі патрыярхальнымі адносінамі, узаемная варожасць і маральнае бязладдзе - з новымі павевамі ў жыцці, якімі ахоплены ў першую чаргу горад. Крытыкуючы надыходзячы капіталізм, Д.-М. здолеў убачыць антыгуманную сутнасць меркантыльнага падыходу да жыцця. У гэтым шырокім сацыяльным працэсе ён найперш адчуваў пагрозу прастаце і натуральнасці жыцця, добразычлівасці ў людскіх адносінах. Вёска для пісьменніка была хавальнікам дарагіх яму маральных прынцыпаў (хоць гэта была хутчэй ідэалізаваная, чым рэальная вёска). Зварот да прыроды і вёскі, узбагачаны яго глыбокім патрыятычным матывам, сугучны пачуццю адзінства з родным краем, шлях далучэння да патрэб і інтарэсаў «сялянскага люду» - беларускага народа. З радасным хваляваннем ступае пісьменнік на гэты шлях: «І не дзіўна, што так біцца маё сэрца стала, і не дзіўна, што душу так радасць напаўняла, калі ўбачыў я, як кінуў позірк на дарогу, коней цуг і беларуса-фурмана старога» (Там жа. С. 226). Так народнае жыццё ўваходзіла ў сферу ідэальнага, станавілася паўнапраўным аб'ектам мастацкага адлюстравання.

Імкненне Д.-М. да гарманічнага вырашэння грамадскіх супярэчнасцей і праблем пастуліравала раўнапраўе ў яго ідэйна-мастацкай канцэпцыі рэчаіснасці і ў ідэальнай сферы двух бакоў - панства і сялянства, жыцця паноў і народнага жыцця. Ідэальныя вобразы паноў ілюстравалі тэзіс пісьменніка пра добрага пана - клапатлівага бацьку сваіх сялян. Сам пісьменнік адзначаў, што яны не былі рэальнымі вобразамі. Адначасова ўвядзенне народнага жыцця ў сферу ідэальнага мела наватарскае на той час значэнне, прынцыпова важнае для далейшага развіцця беларускай літаратуры. У рэчышчы дыдактычнай накіраванасці Д.-М. стварыў шэраг вобразаў сялян (Ананій у «Вечарніцах», Халімон Накліка ў «Купале»), хавальнікаў патрыярхальнай маралі (даследчыкі справядліва адзначалі аднатыпнасць і слабасць гэтых вобразаў). Сапраўдныя ж мастацкія дасягненні пісьменніка ляжалі па-за межамі такой накіраванасці. Гэта смелы і рашучы чалавек, здольны пастаяць за свае правы Гапон, светлы і чысты вобраз Агаткі з «Купалы» і шэраг інш. вобразаў, у якіх адлюстраваны рэальныя рысы народных характараў.

Стваральная, аб'яднальная тэндэнцыя ў творчасці Д.-М. - найбольш яркае выяўленне памкнёнасці пісьменніка да гарманічнага спалучэння мэты ўсіх яго намаганняў і крытэрый станоўчай эстэтычнай ацэнкі. Прынцыпы сацыяльнага яднання і сямейнага адзінства выступалі ў яго як асноўныя тыпы духоўнага і маральнага саюзу - перадумовы ўпарадкаванага жыцця, арганізаванай, гарманічна завершанай рэчаіснасці. Праз прызму гарманічна-маральнага пагаднення пісьменнік паслядоўна праводзіў сяброўства, любоў, сям'ю, сацыяльны мір.

Маральны характар ідэалу, што сцвярджаў Д.-М., выразна высвечваўся тымі патрабаваннямі, якім, на яго думку, павінен адпавядаць сапраўдны чалавек («Залёты»). Сапраўдным чалавекам, высока маральным выступае ў яго адукаваны, гуманны памешчык, які не спяшаецца безразважна пераймаць чужыя норавы і павевы і накіроўвае свае намаганні на дабрабыт роднага краю. Селянін пры гэтым застаецца аб'ектам яго гуманізатарскай і асветніцкай дзейнасці. Пісьменнік рабіў выразны акцэнт на «добрай славе ў людзей», падкрэсліваючы матывы служэння люду, адзначаў, што перш за ўсё трэба бачыць духоўна-маральныя якасці («сэрца»), адукаванасць і «славу ў людзей», а не звяртаць увагу на багацце чалавека. Маральна-эстэтычны дуалізм Д.-М. звязаны з фальклорным прынцыпам «дабро - зло», з выразнай насычанасцю дзвюх асноўных фарбаў-тонаў пры абмалёўцы вобразаў - светлых і цёмных. Добрае ў яго - аб'яднальнае, гарманічнае, г.зн. прыгожае; злое - разбуральнае, дысгарманічнае, а таму адмоўнае, цёмнае, хаатычнае, пачварнае. Сфера адмоўна-эстэтычнага займала ў яго эстэтыцы намнога меншае месца, чым ідэальнае. Адмоўна-эстэтычныя фарбы выкарыстоўваліся пераважна з павучальнай мэтай, каб паказаць, што трэба рашуча адхіляць. Разбуральная тэндэнцыя ў яго творах таксама заўсёды была падначалена гарманічнаму пачатку. Прыклад унутранай маральнай спустошанасці дадзены пісьменнікам у вобразе Сабковіча («Залёты»), для якога грошы сталі адзінай мэтай усіх жыццёвых намаганняў.

Камічнае ў эстэтыцы Д.-М. з'яўлялася прамежкавай сферай паміж ідэальным і адмоўна-эстэтычным, што рабіла немагчымым іх непасрэднае сутыкненне. Гэта сфера была рухомай, гнуткай, здольнай судакранацца са станоўча-эстэтычным і з разбуральным. У цэлым камічнае ў Д.-М. - гэта зніжанае ў параўнанні з ідэальным, і таму з'яўлялася простанародным. Аднак камічнае паступова ператваралася ў форму асваення жыцця народа, спрыяла дыферэнцыяцыі адносна самастойных тыпаў эстэтычнай ацэнкі - сатыры, іроніі, сарказму. Пасля «Ідыліі» («Сялянкі») пачаў пісьменнік узвышаць і ідэалізаваць народнае жыццё, што выходзіла за межы камічнага. На пэўным этапе творчасці Д.-М. (у 1856-1857) аформілася тэндэнцыя ставіць прадстаўніка народа ў цэнтры твора, што спрыяла пашырэнню сферы і магчымасцей камічнага. Такія тэндэнцыі яскрава выявіліся ў «Пінскай шляхце», дзе няма эстэтычнай іерархічнай двухпластовасці, як у іншых вадэвілях-фарсах і п'есах Д.-М. На першы план вылучаецца смех, які набывае сілу сатырычнага выкрыцця і накіраваны супраць прадстаўнікоў царскай бюракратычнай сістэмы.

Роля Д.-М. ў развіцці беларускай нацыянальнай культуры вельмі значная. Ён быў адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры; яго творчасць стала важным этапам яе фармавання ў вельмі неспрыяльных умовах. Народнае жыццё і прадстаўнік працоўнага народа сталі аб'ектам пільнай увагі пісьменніка, што на той час было крокам немалой грамадзянскай мужнасці. Ён настойліва шукаў гарманічныя высновы чалавечага быцця. Можна не пагаджацца з уяўленнямі Д.-М. пра справядлівае ўладкаванне грамадства, аднак трэба аддаць належнае яго настойлівым пошукам дасканаласці і гармоніі, яго імкненню садзейнічаць дабрабыту роднага краю і свайго народа.

Тв.: Збор твораў. Мн., 1958; Творы. Мн., 1984.

Літ.: Купала Я. «Залёты», аперэтка Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Зб. тв. Мн., 1976. Т. 7; Богданович М. Белорусское возрождение // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2; Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. 3 выд. М.; Л., 1924; Майхровіч С. В.І.Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1955; Барысенка В.В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957; Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961; Навуменка І. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1992; Пачынальнікі. Мн., 1977; Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989; Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973; Кісялёў Г. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988; Янушкевіч Я. Беларускі Дудар: Прабл. славян. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991.

А.Майхровіч @

Каліноўскі Кастусь (Вікенцій Канстанцін; псеўд. Яська гаспадар з-пад Вільні, Хамовіч, Вітажэнец і інш.; 02.02.1838-22.03.1864), рэвалюцыянер-дэмакрат, мысліцель, публіцыст і паэт, кіраўнік паўстання 1863-1864 у Беларусі і Летуве. Нарадзіўся ў в. Мастаўляны Гарадзенскага пав. (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). З незаможнага шляхецкага роду. Продкі К. на працягу амаль ста гадоў валодалі маёнткам Калінава ў Браньскай зямлі на сумежжы Беларусі і Польшчы, але ў 2-й палове 18 ст. маёнтак быў прададзены і Каліноўскія сталі беззямельнай шляхтай. Маці, Вераніка Рыбінская, памерла маладой, калі Кастусю было 5 гадоў. Бацька, Сямён Сцяпанавіч, быў разумным і энергічным чалавекам. У в. Мастаўляны на зямлі памешчыка Радавіцкага ў 1835 ён заснаваў невялікую ткацкую фабрыку (па сутнасці майстэрню), дзе вырабляліся сурвэткі, абрусы і інш. льняныя вырабы, дамогся добрай якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Потым разам з другой жонкай, Ізабелай Лазарэвіч, набыў невялікі фальварак Якушоўка паблізу мяст. Свіслач у Ваўкавыскім пав. Туды ў 1849 перабралася сям'я, а таксама была пераведзена фабрыка. У 1855 бацька дамогся зацвярджэння сенатам Каліноўскіх у дваранскіх правах. Але матэрыяльнае становішча сям'і, у якой ад двух шлюбаў было 17 дзяцей, па-ранейшаму заставалася цяжкім. У 1847 К. паступіў у 1-ы клас Свіслацкай гімназіі, вядомай не толькі педагагічнымі дасягненнямі, але і багатымі традыцыямі ўдзелу навучэнцаў у вызваленчай барацьбе. Вялікі ўплыў на К. зрабіў яго старэйшы брат Віктар. Пасля сканчэння навучальні (каля 1852) К. тры гады жыў у Якушоўцы, дапамагаючы бацьку па гаспадарцы і займаючыся самаадукацыяй. Віктар, стаўшы студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, клікаў яго да сябе. Да таго ж у краіне пачалося грамадскае ажыўленне, звязанае з паразай царызму ў Крымскай вайне і смерцю Мікалая I. У такі час цяжка было ўседзець на вёсцы. У канцы 1855, напярэдадні свайго паўналецця, К. паехаў у Маскву да брата з намерам паступіць ва ўніверсітэт. Але неўзабаве ў братоў змяніліся планы, і летам 1856 яны перабраліся ў Пецярбург. К. паспяхова здаў уступныя экзамены ва ўніверсітэт і стаў студэнтам 1-га курса юрыдычнага факультэта па разрадзе камеральных навук, які рыхтаваў да гаспадарчай або адміністрацыйнай кар'еры і даваў добрую агульную адукацыю. Апрача юрыдычных навук К. вывучаў расейскую і ўсеагульную гісторыю, палітэканомію, статыстыку, логіку, псіхалогію, заалогію, батаніку, сельскую гаспадарку, тэхналогію, архітэктуру, расейскую і французскую мовы. Студэнцкія гады мелі вырашальнае значэнне для станаўлення рэвалюцыйнага светапогляду К. Ён захапляўся публікацыямі ў «Современнике» і «Колоколе», творамі рэвалюцыянераў-дэмакратаў, а магчыма, і асабіста быў знаёмы з правадырамі расейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі М.Чарнышэўскім, М.Дабралюбавым і Т.Шаўчэнкам, які таксама жыў тады ў Пецярбургу. У тыя бурныя часы ў студэнцкім жыцці К. неаднаразова выбіраўся бібліятэкарам-кіраўніком арганізацыі студэнтаў «Огул» - выхадцаў з Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны, узначальваў у «Огуле» найбольш радыкальнае крыло. З утварэннем каля 1858 у Пецярбургу ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі Серакоўскага-Дамброўскага браты Каліноўскія сталі яе актыўнымі дзеячамі. Жылі яны ў Пецярбургу на заробкі Віктара, які перапісваў гістарычныя дакументы, і невялікую стыпендыю, прызначаную К. ў 1858.

Каб здабыць дадатковыя сродкі, К. займаўся рэпетытарствам, а нярэдка быў вымушаны звяртацца за дапамогай у рэктарат. Вядома таксама, што ён цяжка хварэў, асабліва ў кастрычніку 1859. Тым не менш ён выдатна вучыўся і летам 1860 паспяхова скончыў універсітэцкі курс, а пасля падачы дысертацыі ў студзені 1861 зацверджаны папячыцелем Пецярбургскай навучальнай акругі ў ступені кандыдата правоў. Атрымаўшы ў лютым 1861 дыплом, ён праз 2 тыдні быў ужо ў Вільні, дзе зрабіў безвыніковую спробу ўладкавацца на службу ва ўпраўленне мясцовага генерал-губернатарства. Вяртанне К. на радзіму супала з моцным уздымам вызваленчага руху ў Беларусі, выкліканага абвяшчэннем сялянскай рэформы і абвастрэннем палітычнай сітуацыі ў Расеі і Польшчы. К. стаў адным з правадыроў гэтага руху, лідэрам яго дэмакратычнай плыні («чырвоных»). На працягу 1861 ён стварыў на Гарадзеншчыне з разначыннай інтэлігенцыі нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю, звязаную з такімі ж арганізацыямі ў Вільні. К. і яго прыхільнікі вялі па вёсках і мястэчках агітацыю сярод сялян, заклікалі іх на барацьбу з памешчыкамі і самаўладствам. Разам са сваім сябрам В.Урублеўскім, беларускім паэтам Ф.Ражанскім і інш. паплечнікамі па гарадзенскай арганізацыі летам 1862 ён распачаў выданне першай у гісторыі Беларусі нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты «Мужыцкая праўда». На працягу 1862-1863 удалося выдаць 7 нумароў, аўтарам і рэдактарам большасці з якіх быў К. «Мужыцкая праўда» ўпершыню на беларускай мове несла рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі ў асяроддзе сялянства, рыхтавала яго да паўстання. К. асабіста ўдзельнічаў у распаўсюджванні газеты.

Пасля таго як мясцовыя ўлады аддалі загад пра яго арышт, ён цалкам перайшоў на нелегальнае становішча, хаваючыся пад рознымі прозвішчамі (Макарэвіч, Хамовіч, або Хамуціус, Чарноцкі і інш.). Адначасова з напружанай дзейнасцю на Гарадзеншчыне К. падтрымліваў цесныя сувязі з сябрамі-аднадумцамі далёка за яе межамі. Удзельнічаў у рабоце віленскага цэнтра па падрыхтоўцы паўстання - «Камітэта руху», перайменаванага неўзабаве ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), вёў там барацьбу за рэвалюцыйна-дэмакратычную праграму паўстання. З восені 1862 К. - старшыня ЛПК, што сведчыла пра ўзмацненне ўплыву рэвалюцыйных дэмакратаў на вызваленчы рух у Беларусі. Вядомы прынцыповыя спрэчкі К. і ўсяго ЛПК з рэвалюцыйнымі дзеячамі Варшавы за прызнанне суверэннасці Беларусі. Вялікія надзеі К. ўскладаў на супрацоўніцтва з расейскімі рэвалюцыянерамі. У канцы 1862 для ўмацавання кантактаў ён прыязджаў у Пецярбург.

Пасля выбуху паўстання ў Польшчы (студзень 1863) ЛПК заклікаў народы беларускага краю да актыўных дзеянняў і абвясціў сябе Часовым рэвалюцыйным урадам Літвы і Беларусі. Выпушчаная К. «Паўстанцкая інструкцыя» патрабавала суровых захадаў супраць памешчыкаў. Аднак прадстаўнікам ліберальнай плыні ў вызваленчым руху («белым») удалося зрабіць пераварот і, адхіліўшы К. і яго паплечнікаў ад кіраўніцтва паўстаннем, захапіць уладу ў паўстанцкай арганізацыі. З вясны 1863 К. - рэвалюцыйны камісар на Гарадзеншчыне, працаваў у Беластоку і Горадні, шмат зрабіў, каб зламаць сабатаж памешчыкаў і ўцягнуць у паўстанне народныя масы. У траўні 1863 разам з паўстанцкім цывільным начальнікам Гарадзенскага ваяв. Э.Заблоцкім ён аб'ехаў Слонімскі і Ваўкавыскі пав., апошні раз пабываў у в. Якушоўка, інспектаваў злучаныя сілы паўстанцаў пад Мілавідамі ў Слонімскім пав. (напярэдадні вядомай бітвы) і Берасцейскі атрад за Бугам у Падляшшы. Хутка ў паўстанцкай арганізацыі адбыўся новы пераварот, «чырвоныя» зноў узялі ўладу ў свае рукі, і К. ўзначаліў віленскі паўстанцкі цэнтр. Адной з яго важнейшых канспіратыўных кватэр у Вільні была кватэра Ямантаў на Ратушнай плошчы. Былы студэнт І.Ямант вёў важную перапіску паўстанцаў, а яго сястра Марыля была блізкім сябрам К. За кіраўніком паўстання ўлады арганізавалі сапраўднае паляванне. Але ён працягваў мужную барацьбу, мяняючы аблічча, імёны, адрасы. Паступова кола рэвалюцыянераў звужалася. Былі схоплены і публічна пакараны смерцю найбліжэйшыя яго паплечнікі І.Здановіч і Ц.Далеўскі. Для ўмацавання мясцовай арганізацыі ў Менск паехаў І.Ямант. У кастрычніку 1863 К. пад імем І.Вітажэнца пасяліўся ў т.зв. Святаянскіх мурах (комплекс будынкаў былога Віленскага ўніверсітэта), насупраць генерал-губернатарскага палаца, дзе жыў душыцель паўстання Мураўёў-вешальнік. Псеўданім і адрас кіраўніка паўстання выдаў жандарам на допытах у Менску ўдзельнік паўстанцкай арганізацыі В.Парфіяновіч. У студзені 1864 К. быў арыштаваны ў Святаянскіх мурах і зняволены ў т.зв. Дамініканскі будынак (былы Дамініканскі кляштар). Чалавек вялікай сілы духу, пачуцця ўласнай годнасці і мэтанакіраванасці, К. паводзіў сябе ў час следства і суда вельмі мужна, у турме напісаў і здолеў перадаць на волю «Пісьмы з-пад шыбеніцы» - сваё ідэйна-палітычнае завяшчанне, яскравы мастацка-публіцыстычны твор, дакумент рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіі. Асуджаны царскім ваенна-палявым судом, паводле канфірмацыі Мураўёва ён быў публічна павешаны ў Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі. Цела рэвалюцыянера паводле тагачасных правіл закапалі на месцы пакарання. Пазней яго прах тайна перанеслі на тэрыторыю Віленскай цытадэлі. Лічыцца, што рэшткі К., як і іншых змагароў 1863, пакараных смерцю ў Вільні, пахаваны на вяршыні гары Гедзіміна, якая знаходзілася ў той час на тэрыторыі цытадэлі.

К. вядомы не толькі як рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст, палымяны прыхільнік ідэі рэвалюцыйнага саюзу ўсіх народаў у барацьбе з самадзяржаўем, але і як выдатны знаўца беларускай народнай мовы. Шырока і з вялікім майстэрствам ён карыстаўся ёю ў сваёй публіцыстыцы, садзейнічаў яе літаратурнаму развіццю. Пісаў таксама і вершы. Як родапачынальнік беларускай рэвалюцыйнай дэмакратыі К. зрабіў вялікі ўплыў на ўсю наступную беларускую літаратуру і культуру, садзейнічаў паглыбленню ў літаратуры і мастацтве прынцыпаў рэалізму і народнасці, замацаванню высокіх ідэалаў барацьбы за свабоду. Ідэйныя прынцыпы К. развівалі пасля ў сваёй творчасці Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, Цётка і інш.

Друкаваная і рукапісная спадчына К. па аб'ёме невялікая (7 нумароў газеты «Мужыцкая праўда», шэраг рэвалюцыйных інструкцый, заклікаў, загадаў, а таксама некалькі лістоў, у т.л. і вядомыя «Пісьмы з-пад шыбеніцы»), тым не менш яна ўтрымлівае ў сабе шэраг глыбокіх ідэй і тэарэтычных палажэнняў. Перш за ўсё ў ёй вострая крытыка феадальна-прыгонніцкіх адносін у Расеі сярэдзіны 19 ст. Развіваючы традыцыі расейскіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў, К. глыбока раскрыў сутнасць прыгонніцкай эксплуатацыі ва ўсіх яе формах, паказаў паразітызм памешчыкаў, выключна цяжкае становішча прыгонных сялян Беларусі. У публіцыстыцы К. адлюстравана цяжкае становішча казённых (дзяржаўных) сялян, якіх бязлітасна эксплуатавалі і прадстаўнікі царскай адміністрацыі, і арандатары маёнткаў. К. рэзка крытыкаваў дзяржаўную машыну абсалютызму, дзе велізарны бюракратычны апарат кіраўніцтва непадсправаздачны і бескантрольны, у ім працвітае шырокая сістэма ліхвярства і хабарніцтва. Ён настойліва рассейваў царысцкія ілюзіі сялян, пераканаўча даказваў, што ўсе беды народа зыходзяць менавіта ад самога цара. К. належаў да тых мысліцеляў, якія выступалі таксама з крытыкай капіталізму. У капіталізме ён бачыў толькі новую сістэму эксплуатацыі чалавека чалавекам. К. быў перакананым праціўнікам эксплуататарскага ладу, прыхільнікам карэннай перабудовы грамадства на новых, справядлівых пачатках. К. марыў раздаць усю зямлю сялянам, бо яна «ад дзядоў-прадзедаў» з'яўляецца іх уласнасцю. Ён быў шчырым і гарачым прыхільнікам ідэалаў сялянскага абшчыннага сацыялізму. К. выступаў за рашучую адмену ў будучым грамадстве ўсіх класавых, нацыянальных і рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў з тым, каб зрабіць галоўным крытэрыем каштоўнасці чалавечай асобы працу, ацэньваць чалавека па яго рэальных справах і заслугах. Гэтай мерай беларускі сацыяліст-утапіст марыў выкараніць з грамадства марнатраўства і паразітызм прывілеяваных класаў і найперш шляхты. Арганічнай часткай сацыяльнай утопіі К. з'яўляюцца яго ідэі аб выхаванні. Галоўнай умовай пашырэння асветы ён лічыў карэнную змену існуючых сацыяльна-палітычных адносін. Пакуль народ не будзе свабодны, не будзе ні справядлівасці, ні багацця, ні навукі. К. выказваўся за ўсеагульную адукацыю і выхаванне, якімі будзе займацца непасрэдна дзяржава, за тое, каб школа фармавала ў дзяцей высокія грамадскія якасці і гуманістычныя ідэалы. Ён лічыў за неабходнае развіваць асвету і навуку на роднай беларускай мове. Вялікую ролю ў жыцці грамадства адводзіў жанчыне і вырашэнне жаночага пытання бачыў у карэнным пераўтварэнні грамадства.

Значнае месца ў будучым грамадстве К. адводзіў дэмакратычным формам праўлення. Разумеючы прызначэнне дзяржавы ў тагачасным прыгонніцкім грамадстве, ён звязваў вызваленне сялянства і ўсіх працоўных з пераходам дзяржаўнай улады ў рукі народа. Найлепшай формай дзяржаўнай будовы лічыў дэмакратычную рэспубліку. Ажыццяўленне ўсіх сваіх сацыяльных праектаў і планаў К. як прыхільнік рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй Чарнышэўскага і Герцэна звязваў з сялянскай рэвалюцыяй. Ён быў перакананы, што толькі народная рэвалюцыя можа прынесці сялянам жаданую зямлю і свабоду, падкрэсліваў, што свабоду можна заваяваць толькі шляхам узброенай барацьбы. К. ў поўнай меры асэнсоўваў увесь цяжар гэтай нялёгкай задачы, што стаяла перад народам, але лічыў яе цалкам дасягальнай, бязмежна верыў у сілы народа. Ён бачыў галоўную рэвалюцыйную сілу ў сялянстве, К. разам з тым лічыў магчымым удзел у народнай рэвалюцыі сумесна з сялянамі гараджан і студэнцтва, імкнуўся да саюзу з імі, падкрэсліваў, што ў іх з сялянамі агульныя інтарэсы. Паколькі паўстанне 1863 у Беларусі насіла нацыянальна-вызваленчы характар, К. не выключаў магчымасці ўдзелу ў ім асобных памешчыкаў, але на такой ідэйнай платформе, якая б не супярэчыла інтарэсам сялян.

Тв.: К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988; За нашую вольнасць: Творы, дакументы. Мн., 1999.

Літ.: Смірноў А. Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 года. Мн., 1959; Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963; Шалькевич В. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. Мн., 1988.

Г.Кісялёў, В.Шалькевіч @

Міцкевіч (Mickiewicz) Адам (24.12.1798-26.11.1855), паэт, грамадскі дзеяч, публіцыст. Нарадзіўся на хутары Завоссе на Наваградчыне ў сям'і збяднелага шляхціца, адваката Мікалая Міцкевіча. Міцкевічы былі паланізаванымі беларусамі, паэт называў сябе «ліцвінам», хоць творы пісаў на польскай мове. Пачатковую адукацыю атрымаў у Наваградскай дамініканскай школе. У 1815 паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Зразумеўшы, што дакладныя навукі не яго прызванне, праз год перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт, які скончыў у 1819. Якраз у гэты час у Рэчы Паспалітай пачаўся новы ўздым нацыянальна-вызваленчага руху. Не засталіся ў баку ад падзей і студэнты Віленскага ўніверсітэта. Тут узнікла тайнае студэнцкае таварыства філаматаў (сяброў навукі), адным з кіраўнікоў якога стаў М. Мэтай філаматаў была культурная праца ў масах, выхаванне патрыятызму ў асяроддзі беларускай, польскай і летувіскай моладзі. Першыя яго паэтычныя творы напісаны пад уплывам філамацкіх ідэй. У паэме «Мешка, князь Наваградскі» (1822), апавяданні «Жывіла», шэрагу вершаў упершыню з'яўляецца прывабны вобраз рамантычнага героя-барацьбіта за свабоду і шчасце беларускага народа. Азнаёміўшыся з творамі і дзейнасцю вольналюбівага студэнта, прафесура ўніверсітэта палічыла іх «крамольнымі». М. прапанавалі сціплую пасаду настаўніка Ковенскай павятовай школы. Але і на новым месцы М. працягваў кіраваць дзейнасцю філаматаў, якія ў 1821 ператварыліся ў таварыства філарэтаў. Па яго ініцыятыве створаны шэраг масавых арганізацый моладзі, у якіх меркавалася рыхтаваць новыя кадры для філарэтаў. Для некаторых такіх арганізацый, напр., «Саюза сяброў» і «Прамяністых», М. напісаў статуты. На выхаванне маладых патрыётаў была скіравана і яго паэтычная творчасць. У сваёй «Песні» ён заклікаў:

Пра сваю прысягу помні
Кожны дзень і штохвілінна.
Шчырасць, веды і айчына.
Пойдзем хоць цяжкой дарогай,
Калі з братам брат заўсёды;
Будзе табе дапамога
Там, дзе мужнасць, праца, згода!

А ў «Песні філарэтаў» заяўляў: «Спявайма толькі тое, // Што родны склаў народ». Найбольш адкрыты і бунтарны твор гэтага перыяду - «Ода да маладосці» (1820), з якой пазней ішлі ў бой гераічныя паўстанцы 1830, клікала да адкрытага выступлення супраць прыгнятальнікаў нацыянальнай годнасці народа:

У шчасці для ўсіх - нашы мэты святыя,
Розумам дужыя, у цвеце і сіле,
Разам, сябры маладыя...
І той шчаслівы, хто ў бойцы загінуў,
Лёгшы ў брацкай магіле,
Славу ўздымае краіны.
Разам, сябры маладыя!

Адначасова з вершамі-маніфестамі М. стварыў цыкл рамантычных балад, што ў 1822 увайшлі ў 1-ы том яго твораў. У ліку гэтых балад і сусветна вядомыя «Люблю я!», «Рамантычнасць», «Свіцязь», «Рыбка», сюжэты якіх былі падказаны беларускімі народнымі паданнямі і песнямі, пачутымі ў дзяцінстве на Наваградчыне.

У перыяд настаўніцтва ў Коўне М. пакахаў прыгажуню М.Верашчаку, з якой пазнаёміўся ў 1818 у час летніх вакацый, калі гасцяваў у маёнтку яе бацькі непадалёк ад Наваградка. Марыля шчыра адгукнулася на каханне маладога паэта, але ў 1821 вымушана была выйсці замуж за графа Путкамера. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы М. прысвяціў свайму першаму каханню. У гэты час памерла горача любімая маці паэта. Перажыванні падарвалі яго здароўе, і ў 1822 ён вымушаны быў узяць на год адпачынак па хваробе. Жыў у Вільні. Тут ён стварыў славутую паэму «Гражына» (1823), у якой ажывае старажытная гісторыя Літвы-Беларусі. Лірызм і патрыятызм увасоблены ў прывабным вобразе наваградскай княгіні Гражыны, якая ператварыўшыся ў воіна, не ведае літасці, калі яе зямлі пагражае небяспека. У Вільні М. распачаў сваю шматгадовую працу над самым філасофскім творам «Дзяды». Пасля публікацыі «Гражыны» і першых частак «Дзядоў» (1823) варшаўскія крытыкі, незадаволеныя «беларускасцю» яго прац, пачалі злосныя нападкі на М. А на радзіме ўсе былі глыбока ўражаны, з'явілася шмат прыхільнікаў таленту паэта.

У час працы на радзіме М. падаў хадайніцтва пра дадатковы адпачынак і паездку за мяжу. Адпачынак яму далі, а замежную вандроўку не дазволілі. Калі ён у кастрычніку 1823 паехаў у Вільню, яго арыштавала следчая камісія, створаная з мэтай спыніць патрыятычны рух «польскай моладзі ў Літве». У час следства філарэты зрабілі ўсё магчымае, каб адвесці ад М. абвінавачанні, але ён усё ж быў высланы ў цэнтральныя раёны Расеі. 08.11.1824 М. прыбыў у Пецярбург за прызначэннем. У чаканні прысуду М. сышоўся з дзекабрыстамі і атрымаў нават даручэнне зблізіць расейскіх патрыётаў з патрыётамі Польшчы і Беларусі. Ён актыўна ўдзельнічаў у так званых «расейска-польскіх перамовах» паміж дзекабрысцкім «Паўднёвым» і «Польскім патрыятычным» таварыствамі. Вырашэнне з прызначэннем месца ссылкі зацягнулася, і М. паехаў у Крым, там напісаў паэтычны цыкл «Крымскіх санетаў» і шэраг вершаў. У вершы «Марак» М. зноў выклаў свае погляды на жыццё:

Навошта спагады словы
Плыўцу, што страціў усе спадзяванні?
Яму лепш бура, яму лепш мукі,
Лепш яму грозны ўдар нечаканы,
Чым недзе ў цішы заламваць рукі,
Глядзець у даль ды падлічваць раны...

Нарэшце маскоўскі ваенны генерал-губернатар залічыў М. ў сваю канцылярыю. У Маскве М. даведаўся пра паўстанне на Сенацкай плошчы і жорсткую расправу над дзекабрыстамі. Вясной 1826 рэдактар «Московского телеграфа» Н.Палявы ўвёў М. ў маскоўскае літаратурнае асяроддзе і ён стаў частым госцем славутага салона княгіні-паэтэсы З.Валконскай, зблізіўся там з Баратынскім, Венявіцінавым, Вяземскім, Пагодзіным, пазнаёміўся з А.С.Пушкіным. У гэты час Пушкін працаваў над «Барысам Гадуновым» і парады М. яго вельмі цікавілі. Пушкін ухваліў «Крымскія санеты», да яго далучыліся Бялінскі і Вяземскі. Пераклады твораў М. на расейскую мову паявіліся ў «Московском телеграфе» і мелі вялікі поспех у расейскай публікі. Каб больш зблізіць дзве суседнія культуры, М. меў намер пачаць выданне часопіса або газеты на польскай мове, але ўлады адмовілі яму. У гэты час пісьменнік перажыў яшчэ адну драму. У салоне Валконскай ён пазнаёміўся з К.Яніш (пазней вядомая паэтэса Паўлава) і вырашыў ажаніцца з ёй, але яе бацькі адмовілі яму.

Сур'ёзнай працай гэтага часу была паэма «Конрад Валенрод», якую ён пачаў пісаць у Маскве, а скончыў у Пецярбургу. Яго балады «Ваявода» і «Будрыс і яго сыны» («Тры Будрысы») Пушкін пераклаў на расейскую мову. У лютым 1829 дзякуючы хадайніцтву В.Жукоўскага, князя Галіцына і Валконскай М. атрымаў дазвол выехаць за мяжу. Больш як 4 месяцы М. вандраваў па Эўропе, пабываў у многіх гарадах Германіі, Чэхіі, Швейцарыі. У час падарожжа ён пазнаёміўся з Гётэ. 18.11.1829 прыбыў у Рым, куды запрасіла яго на сваю вілу Валконская. Тут ён пасябраваў з мастаком К.Бруловым, дацкім скульптарам Торвальдсенам, амерыканскім пісьменнікам Ф.Куперам. Адсюль ён сачыў за развіццём рэвалюцыйных падзей у Францыі і за ходам паўстання ў Варшаве. Пазней, ужо ў Дрэздэне, ён напісаў вершы пра паўстанцаў «Рэдут Ардона» і «Смерць палкоўніка» (прысвечаны гераіні паўстання Эміліі Плятэр). У гэты час М. распачаў працу над галоўным сваім творам - паэмай «Пан Тадэвуш», якую нашчадкі назвалі «энцыклапедыяй жыцця ліцвінаў».

У 1834 М. ажаніўся з Цэлінай, дачкой польскай піяністкі і кампазітара М.Шыманоўскай-Валоўскай, распачаў працу над «Гісторыяй Польшчы», фантастычным творам «Гісторыя будучага», драмамі «Барскія канфедэраты» і «Якуб Асінскі». Ён вельмі сумаваў па сваёй радзіме, куды не мог вярнуцца і адчуваў, як павольна губляе паэтычнае натхненне:

Літва, о айчына мая! Ты што здароўе...
Як цаніць цябе трэба, той толькі спазнае,
Хто цябе страціў...

Гэтыя радкі з «Пана Тадэвуша» адпавядалі тагачаснаму душэўнаму яго стану. Каб палепшыць матэрыяльнае становішча сям'і, М. чытаў лекцыі па лацінскай літаратуры ў Лазанскай акадэміі, потым у Парыжы, на кафедры Калеж дэ Франс па гісторыі літаратур славянскіх народаў. Дзякуючы лекцыям М. прагрэсіўная грамадскасць Францыі звярнула ўвагу на духоўную і гістарычную культуру Польшчы і Літвы-Беларусі. Яго лекцыі слухалі Жорж Санд, Сен-Без, гісторык Мікеле. Але хутка М. забаранілі чытаць лекцыі, бо ён неабачліва пахваліў Напалеона.

У 1848, калі хваля рэвалюцый ахапіла Францыю і Італію, М. прыкладаў вялікія намаганні, каб стварыць у Італіі Польскі легіён, які, уліўшыся ў армію Гарыбальдзі, да канца змагаўся супраць агульнага прыгнятальніка - Аўстрыйскай імперыі. Кіруючы легіёнам з Францыі, М. адначасова пачаў выдаваць у Парыжы штодзённую палітычную газету «La tribune des peuples» («Трыбуна народаў»). М. пісаў шмат і вельмі смела. А калі ў адным з артыкулаў у адрас Луі Напалеона прагучала пагроза («Хто, узнесены народам, забудзе, на якіх умовах яму падаравана ўлада, будзе расцэнены народам як здраднік, і даравання яму не будзе»), газета тут жа была забаронена. Эўрапейскія рэвалюцыі 1848-1849 пацярпелі паразу, але М. не страціў веры. Ён пісаў у гэтыя дні: «Трыумф зла не канчатковы, і ўсё добрае, што засталося ў душах нашых, дачакаецца адраджэння».

У 1854 М. накіравалі ў Істамбул пасланцам ад французскага міністэрства асветы, якое цікавілі справы навуковых і культурных устаноў у славянскіх краінах пад уладай Турцыі. Там М. дапамагаў польскім патрыётам М.Чайкоўскаму (Садык Паша) і генералу У.Замойскаму, але патрабаваў, каб Польскі легіён дзейнічаў самастойна, а не пад кіраўніцтвам іншаземцаў. Гэта збянтэжыла польскую эміграцыю, а яшчэ больш збянтэжыла тое, што М. адначасова з Польскім легіёнам пачаў ствараць Жыдоўскі легіён. М. рыхтаваў не сутыкненне Расеі з Англіяй і Францыяй, а перш за ўсё «Расеі са сваім абсалютызмам, рэвалюцыі з дэспатызмам». У разгар гэтай справы М. нечакана памёр у Канстанцінопалі (па афіцыйнай версіі, ад халеры). Але існавала меркаванне, што ён быў атручаны прыхільнікамі Чартарыйскага, якія лічылі, што такімі дзеяннямі М. ганьбіць гонар Польшчы. З жалобнымі ўрачыстасцямі цела М. было перавезена ў Францыю і пахавана на парыжскіх могілках у Монмарансі. 04.07.1890 астанкі М. перавезены ў Польшчу і пахаваны ў нішы каралеўскага палаца Вавель у Кракаве побач з А.Т.Касцюшкам.

Творчасць М. зрабіла вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. У 1830-1840-я гады ў польскамоўнай літаратуры склалася т.зв. беларуская школа, прадстаўнікі якой услед за М. пісалі на тэмы з жыцця беларускага народа. Высока ацэньваючы фальклор Беларусі, М. пісаў пра цяжкі лёс беларусаў: «У іх казках і песнях ёсць ўсё... Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце». Беларускую мову М. называў «самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай ...гэта найбольш багатая і найбольш чыстая гаворка, якая даўно з'явілася і цудоўна распрацавана». Пад уплывам М. літаратурную дзейнасць пачыналі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля і інш. Дабратворны ўплыў яго адчулі В.Дунін-Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі, В.Каратынскі. У М. вучыўся творчаму асваенню вобразаў і матываў беларускага фальклору Ф.Багушэвіч. Тыпалагічныя сувязі з рамантызмам М. выявіліся ў паэмах «Сон на кургане», «Курган» і некаторых вершах Я.Купалы. Тыпалагічна блізкія да «Пана Тадэвуша» паэма Я.Коласа «Новая зямля». У 1920-я гады рамантычным пафасам М. цікавіліся маладнякоўцы У.Дуброўка, Я.Пушча, М.Лужанін, Ю.Гаўрук, П.Трус і інш. Міцкевічаўскія традыцыі народнасці, рэалізму і рамантызму развівалі М.Танк, А.Куляшоў, В.Таўлай, П.Пестрак, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, П.Панчанка, Я.Семяжон і інш.

Тв.: Dzieła. T. 1-16. Warszawa, 1949-1955; бел. пер. - Выбр. тв. Мн., 1955; «Зямля навагрудская, краю мой родны...». Мн., 1969; рус. пер. - Собр. соч. Т. 1-5. М., 1848-1854; Стихотворения. Поэмы. М., 1968; Пан Тадевуш, или Последний наезд на Литве. М., 1985. Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996; Да Нёмна. Мн., 1998; Санеты-Sonety. Мн., 1998; Дзяды-Dziady. Т. 1-2. Мн., 1999; Рус. пер. - Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.

Літ.: Живов М.С. Адам Мицкевич: Жизнь и творчество. М., 1956; Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959; Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994; Адам Міцкевіч і Беларусь - Adam Mickewicz a Białoruś. Мн., 1997. Адам Міцкевіч і нацыянальная культура: матеріалы Міжнар. навук. канф. Мн., 1997; Witkowska A. Mickiewicz: słowo і czyn. Warszawa, 1998.

І.Масляніцына ##Chapter: 5. Тэрміны @Абывацелі (абываталі), пастаянныя жыхары пэўнай мясцовасці. У 16-18 ст. у прававых актах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай так называлі шляхцічаў. @Адукацыйная камісія (Эдукацыйная камісія), установа па кіраўніцтве народнай асветай у Рэчы Паспалітай з сярэдзіны 18 ст. @Аканом, кіраўнік маёнтка. @Акцябрысты («Саюз 17 кастрычніка»), партыя буйных памешчыкаў і гандлёва-прамысловай буржуазіі ў Расейскай імперыі, створаная ў лістападзе 1905 пасля апублікавання царскага маніфеста 17 кастрычніка (рас. октября, адсюль і назва). @Алігархія, палітычнае і эканамічнае панаванне групы найб. магутных асоб, рэжым, пры якім палітычная ўлада належыць вузкай групе найбольш багатых асоб. @Амальгама, сумесь, злучэнне чаго-небудзь разнароднага. @Амбівалентнасць, дваістасць, супярэчлівасць пачуццяў, эмоцый, якія адчувае чалавек да аднаго і таго ж аб'екта. @Анабаптысты, адна з плыняў рэлігіннай рэфармацыі, пераважна ў Германіі. @Анафема, адлучэнне ад царквы; пракляцце. @Антаблемент (у архітэктуры), бэлечнае перакрыцце пралёта або завяршэнне сцяны. @Анталогія,
1) Раздзел філасофіі, які вывучае фундаментальныя прынцыпы найб. агульнай сутнасці і катэгорыі існуючага.
2) Зборнік літаратурна-мастацкіх твораў розных аўтараў. @Антрапацэнтрызм, рэлігійна-ідэалістычны погляд, паводле якога чалавек - цэнтр сусвету і канчатковая мэта ўсёй светабудовы. @Антрэпрэнёр, уладальнік ці арандатар прыватнага відовішчнага прадпрыемства, найчасцей - тэатра. @Антыдотум, проціяддзе. @Антыква, лацінскі шрыфт прамавугольнай вуглаватай формы. @Антыномія, супярэчнасць паміж двума палажэннямі, якія ўзаемна выключаюць адно аднаго. @Антытрынітарыі, прыхільнікі хрысціянскай «ерасі», якая абвяргае догмат пра божую тройцу - тры іпастасі Бога (Бог-айцец, Бог-сын, Бог Дух Святы). @Апафегматы, старажытныя зборнікі трапных і павучальных выслоўяў або павучальных апавяданняў. @Апокрыф, твор з біблейскім сюжэтам, змест якога не зусім адпавядае афіцыйнаму веравучэнню і не ўключаны царкоўнікамі ў канон. @Ардынатар, уласнік ардынацыі. @Ардынацыя, непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду ў Рэчы Паспалітай. @Артадоксія, кірунак, якога няўхільна прытрымліваецца пэўнае вучэнне, светапогляд. @Арфаэпія, раздзел лінгвістыкі, які вывучае правільнае літаратурнае вымаўленне. @Архібіскуп, старшы біскуп, адна з вышэйшых ступеняў у іерархіі каталіцкай царквы. @Архідыякан, старшы дыякан, тытул святара пры храме, які валодае пэўнымі правамі нагляду за прыходскімі святарамі. @Архірэй, агульная назва вышэйшых праваслаўных святароў (епіскап, архіепіскап, мітрапаліт). @Архімандрыт, старшы манаскі сан 2-й ступені свяшчэнства (перад епіскапам); звычайна гэты сан мае настаяцель мужчынскага манастыра, рэктар духоўнай навучальнай установы. @Арыфмалогія, чыстая матэматыка. @Арэал, вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з'явы, відаў жывёл, раслін і інш. @Асветніцтва, эпоха; ідэалагічная плынь і філасофская канцэпцыя, прыхільнікі якой зыходзілі з прыярытэту асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства, дзяржавы. @Аскеза, лад жыцця, які адпавядае патрабаванням аскетызму (крайняя ступень устрымання і адрачэння ад жыццёвых даброт). @Астраметрыя, раздзел астраноміі, які займаецца вызначэннем дакладнага месцазнаходжання нябесных цел і іх змен з цягам часу. @Астэалогія, раздзел анатоміі, які вывучае будову і форму касцей у сувязі з іх функцыямі. @Атамізм, вучэнне аб перарывістай дыскрэтнай будове матэрыі. @Атэізм, бязбожжа; гістарычна разнастайныя формы адмаўлення абвяржэння рэлігійных уяўленняў і культаў, сцвярджае самакаштоўнасць быцця свету і чалавека. @Аўдытарыят (палявы аўдытарыят), надзвычайная судовая ўстанова, якая разглядала справы ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ў 1847-1848 у Беларусі, Польшчы і Летуве. @Аўтакефалія, самастойная царква, арганізацыйна незалежная ад аднайменнай царкоўнай арганізацыі, што знаходзіцца ўнутры або за межамі гэтай краіны. @Аўтарытарызм, антыдэмакратычная сістэма палітычнага панавання; антыправавая канцэпцыя і практыка ўладарання; рэжым беззаконня, гвалтоўнай улады, не абмежаванай правам, найчасцей звязанай з дыктатурай адной асобы. @Бакалаўр, 1-я вучоная ступень у многіх заходнеэўрапенскіх краінах. @Барока, стыль у эўрапейскім мастацтве, які змяніў у 16 ст. стыль рэнесансу; вылучаўся дэкаратыўнасцю і пышнасцю. @Белае духавенства, ніжэйшыя служкі праваслаўнай царквы ў прыходскіх цэрквах; складаецца з жанатых асоб (у адрозненне ад чорнага духавенства вышэйшага і манахаў, якім не дазваляўся шлюб). @«Белыя», кансерватыўна-ліберальная партыя ў нацыянальна-вызваленчым руху напярэдадні і ў час паўстання 1863-1864 у Беларусі, Польшчы і Летуве. Выступалі супраць узброенага паўстання народа, спадзяваліся праз палітычныя камбінацыі дамагчыся ўступак ад царскіх улад і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. @Благачынны, памочнік епіскапа ў праваслаўнай царкве, які наглядаў за духавенствам некалькіх цэркваў ці манастыроў. @Бланкізм, плынь у французскім рэвалюцыйным руху, звязаная з імем Л.А.Бланкі, які адмаўляў класавую барацьбу. @Брацтвы, нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі беларускага і ўкраінскага насельніцтва ў 16-18 ст.; існавалі пры цэрквах (касцёлах) і манастырах (кляштарах). @Бурмістр (бургамістр), выбарная асоба, якая ўзначальвала мясцовае самакіраванне ў гарадах, дзе дзейнічала магдэбургскае права. @Бусоль, вугламерная прылада, якая служыць для вымярэння магнітнага азімута на мясцовасці; выкарыстоўваецца пры кіраванні артылерыйскім агнём. @Валока,
1) Зямельная мера ў Беларусі ў 15 - пачатку 20 ст.
2) Адзінка абкладання сялян Вялікага Княства Літоўскага феадальнымі павіннасцямі ў 16-18 ст. @Візітатар, інспектар. @Войскі (вайсковы), ад'ютант гетмана. @Войт, службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая ўзначальвала мясцовае кіраванне або самакіраванне. @Галоўная школа Вялікага Княства Літоўскага, назва ў 1773-1796 Віленскай акадэміі, заснаванай у 1579; у 1796-1803 - Галоўная Віленская школа, з 1803 - Віленскі ўніверсітэт. @Гамілетыка, раздзел багаслоўя, у якім разглядаюцца тэарэтычныя і практычныя пытанні царкоўнай пропаведзі. @Ганзейскі саюз, гандлёвы і палітычны саюз паўночных нямецкіх гарадоў на чале з г. Любек у 14-16 ст. @Гарадзельская вунія 1413, саюз Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай. @Гараднічы,
1) Начальнік горада ці замка ў Беларусі ў 15-18 ст.
2) У царскай Расеі (да 1862) кіраўнік гарадской адміністрацыі. @Геагнозія (гістарычная геалогія), навука, якая вывучае помнікі жыцця на Зямлі. @Гекзаметр, вершаваны памер антычнай сістэмы вершаскладання. @Генеалогія, радавод; дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае паходжанне і роднасныя сувязі гістарычных асоб, радоў, прозвішчаў; галіна ведаў па складанні радаводаў. @Герменеўтыка (экзегетыка), тэорыя, практыка і мастацтва тлумачэння тэксту старажытных літаратурных твораў (класічнай старажытнасці, Бібліі і да т.п.). @Гетман, начальнік войска ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Польшчы ў 15-18 ст. (вялікі каронны, літоўскі, яго намеснік - польны), на Ўкраіне ў 16-17 ст. - начальнік рэестравых казакоў. @Гімназія, сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова. @Глаголіца, адна з дзвюх старажытных славянскіх азбук у 10-11 ст.; ад кірыліцы адрознівалася формаю літар. @Гнасеалогія, тэорыя пазнання; раздзел філасофіі, які вывучае крыніцы, сродкі і ўмовы праўдзівасці навуковага пазнання. @Гнастыцызм, рэлігійна-філасофская плынь ранняга хрысціянства, якая ўяўляе мешаніну з хрысціянскіх рэлігійных догматаў, грэчаскай ідэалістычнай філасофіі і ўсходніх рэлігій. @Гравіметрыя, навука пра вымярэнне сілы цяжару ў розных пунктах паверхні зямлі, планет і іх спадарожнікаў. @Гратэск (у мастацтве, тэатры, літаратуры), выявы людзей або прадметаў у перабольшаным, пачварна-камічным выглядзе, дзе кантрастна спалучаецца рэальнае і фантастычнае, трагічнае і камічнае, прыгожае і агіднае. @Гросмайстар, кіраўнік духоўна-рыцарскага ордэна ў сярэднявеччы. @Гугеноты, прыхільнікі кальвінізму ў Францыі ў 16-18 ст. @Дагматызм, мысленне застылымі нязменнымі формуламі без уліку канкрэтных умоў, месца і часу. @Дваістая ісціна, канцэпцыя ў сярэдневяковай філасофіі, паводле якой дапускаецца супярэчнасць паміж філасофскай ісцінай і ісцінай тэалогіі. @Дзедзічы, асобы, якія атрымалі ў спадчыну маёнткі ад дзядоў і прадзедаў. @Дзямідаўская прэмія, ганаровая навуковая ўзнагарода на сродкі П.М.Дзямідава, якую прысуджала Пецярбургская акадэмія навук у 1832-1865 за апублікаваныя працы па навуцы, тэхніцы, мастацтве. @Драгаман, перакладчык пры дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульствах на Ўсходзе. @Дрэварыт, гравюра на дрэве. @Дуалізм, філасофскае вучэнне, якое зыходзіць з прызнання двух пачаткаў - духа і матэрыі; дваістасць. @Дыдактыка, раздзел педагогікі, які выкладае тэарэтычныя асновы адукацыі і навучання. @Дысідэнт, раскольнік, які адступае ад догматаў пануючай царквы; у Рэчы Паспалітай так называлі і праваслаўных. @Дыстрыкт, адміністрацыйная і судовая акруга ў некаторых краінах. @Дыялектыка, вучэнне пра найбольш агульныя законы развіцця прыроды, грамадства і мыслення; пра заканамерныя сувязі, станаўленне і развіццё быцця, пазнання і метад мыслення, заснаваны на гэтым вучэнні. @Дыярыуш, жанр гістарычна-дакументальнай прозы ў старажытнай беларускай літаратуры, у якім падзеі жыцця выкладаліся ў храналагічнай паслядоўнасці; дзённік. @Дэнацыяналізацыя, страта нацыянальных асаблівасцей у культуры, мове і да т.п. @Дэпартамент, назва аддзела ў вышэйшых адміністрацыйных і судовых установах у дарэвалюцыйнай Расеі. @Дэспатызм, форма самадзяржаўнай неабмежаванай нічым улады. @Езуіты, сябры манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», заснаванага ў 1534 І.Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй. @Епархія, царкоўна-адміністрацыйная адзінка на чале з архірэем (епіскапам) у праваслаўных цэрквах. @Ешыбот, вышэйшая габрэйская школа, заснаваная для вывучэння талмуда. Упершыню паявіліся ў Вавілоне, потым у Эгіпце, адкуль перайшлі ў Гішпанію, Францыю, Германію, з 1550 у Польшчу і Беларусь. @Жальнік, могільнік 13-18 ст., дзе кожная магіла абкладзена камянямі. @Жонд нарадовы, цэнтральны калегіяльны орган паўстанцкай улады ў час нацыянальна-вызваленчага руху ў 1830-1831, 1846 і 1863-1864. @Жыціе, від рэлігійнай літаратуры; апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой. @Засценак, паселішча хутарскога тыпу дробнай шляхты, якая арандавала землі за межамі (за сценамі, адсюль і назва) надзельных і абшчынных зямель. @Зямяне, катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім; тое, што і шляхта. @Іераманах, манах-святар. @Іканаборства, сацыяльна-палітычны і рэлігійны рух у Візантыі ў 8-9 ст., накіраваны супраць культу абразоў. @Іманентны, унутрана ўласцівы якому-небудзь прадмету ці з'яве, што вынікае з іх прыроды. @Інкарпарацыя, далучэнне, уключэнне чаго-небудзь у адно цэлае, аб'яднанне. @Іпалогія, навука пра каня, яго анатомію, фізіялогію і інш. @Каад'ютар, духоўны сан у каталіцкай царкве, намеснік кіраўніка епархіі. @Кабалістыка, ненавуковыя высновы, зробленыя на падставе выпадковых прыкмет або штучна падабраных фактаў. @Кадэты, выхаванцы кадэцкага корпуса - закрытай сярэдняй ваенна-навучальнай установы для падлеткаў. @Казанне, прамова святара ў канцы літургіі; від царкоўна-рэлігійнай прапаведніцкай літаратуры. @Калегіум, езуіцкая навучальная ўстанова ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. @Калежскі асэсар, грамадзянскі чын 8-га класа ў дарэвалюцыйнай Расеі. @Калежскі рэгістратар, самы малодшы цывільны чын 14-га класа ў дарэвалюцыйнай Расеі. @Калізія, сутыкненне супрацьлеглых сіл, поглядаў, імкненняў, інтарэсаў. @Кальварыя, каталіцкія могілкі. @Кальвінізм, адно з пратэстанцкіх вучэнняў, якое ўзнікла ў 16 ст. ў Швайцарыі (ад прозвішча Ж.Кальвіна). @Камергер, прыдворнае званне старшага рангу ў заходнеэўрапейскіх манархічных дзяржавах і ў царскай Расеі. @Каморнік-таксатар, землямер, землеўпарадчык. @Кампедыум, сціслы выклад асноўных палажэнняў якой-небудзь навукі. @Канвент, сход. @Канвікт, пансіён, інтэрнат. @Кангрэгацыя (у каталіцкай царкве),
1) Аб'яднанне манаскіх суполак, якія падпарадкоўваліся пэўнаму статуту.
2) Рэлігійная арганізацыя (брацтва), якой кіруе манаскі ордэн. @Канон, царкоўнае ўстанаўленне, правіла. @Канонік, у каталіцкай царкве святар, які падпарадкоўваецца пэўнаму статуту, але не дае манаскага зароку. @Кансісторыя,
1) У праваслаўнай царкве ўстанова пры архірэі з царкоўна-адміністрацыйнымі і царкоўна-судовымі функцыямі.
2) У каталіцкай царкве нарада пры папе рымскім.
3) У пратэстантызме царкоўна-адміністрацыйны орган. @Канстытуцыя,
1) Асноўны закон дзяржавы.
2) Пастанова вальнага сойма Рэчы Паспалітай. @Кантар, царкоўны пеўчы ў пратэстанцкіх цэрквах і сінагогах. @Канфесія, веравызнанне, прыналежнасць да пэўнай рэлігіі. @Канцлер, у Вялікім Княстве Літоўскім начальнік канцылярыі вялікага князя, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі. @Канюшы, службовая асоба, якая адказвала за велікакняжацкія табуны і стайні, пазней ганаровы тытул у Вялікім Княстве Літоўскім. @Капелан,
1) Святар каталіцкай капліцы-капэлы.
2) Святар у арміі. @Капітул,
1) Калегія святароў пры біскупе ў каталіцкай царкве.
2) Агульны сход сябраў манаскага або духоўна-рыцарскага ордэна. @Капуцын, сябра каталіцкага манаскага ордэна, заснаванага ў 16 ст. як адгалінаванне ордэна францысканцаў. @Кардынал, вышэйшае (пасля папы) духоўнае званне ў каталіцкай царкве. @Кармеліты, сябры каталіцкага манаскага ордэна, заснаванага ў час крыжацкіх паходаў у 12 ст. ў Палесціне на гары Кармель (адсюль назва). @Карпарацыя, таварыства, саюз групоўка асоб, аб'яднаных агульнасцю прафесійных або саслоўных інтарэсаў. @Картэзіянства, кірунак у філасофіі і прыродазнаўстве 17-18 ст., тэарэтычнай крыніцай якога былі ідэі французскага філосафа-дуаліста Р.Дэкарта (лацінізаванае імя Cartesins Картэзій, адсюль і назва). @Касмалогія, галіна навукі, якая вывучае Сусвет як цэлае і касмічныя сістэмы як яго часткі. @Касмапалітызм, ідэалогія сусветнага грамадзянства ў эпоху Адраджэння і Асветніцтва, накіраваная супраць феадальнай раздробленасці і вызвалення асобы ад феадальных пут. @Катэхізіс, кароткае выкладанне хрысціянскага веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. @Кашталян, камендант замка, памочнік ваяводы ў Вялікім Княстве Літоўскім. @Кірыліца, адна з дзвюх (разам з глаголіцай) славянскіх азбук. @Кіпрэгель, геадэзічны інструмент. @Клір, агульнае найменне служыцеляў якой-небудзь царквы. @Ключнік, службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім; выконваў функцыі вартаўніка, замыкаў на ноч гарадскую браму і зберагаў ключы ад яе. @Кляштар, каталіцкі манастыр. @Контррэфармацыя, царкоўна-палітычны рух у Эўропе сярэдзіны 16-17 ст. на чале з папствам, накіраваны супраць Рэфармацыі. @Контэрфект (польск.), партрэт карціна. @Крайчы, службовая асоба, якая наразала (кроіла) закускі і адказвала за сервіроўку стала вялікага князя; пазней ганаровае званне ў Вялікім Княстве Літоўскім. @Крытыцызм, крытычная філасофія, асновай якой з'яўляецца крытыка пазнавальных здольнасцей чалавека. @Крытычны рэалізм, кірунак у мастацтве. @Крэацыянізм, кірунак у прыродазнаўстве, паводле якога ўзнікненне Сусвету, Зямлі і жыцця ёсць вынік «божага тварэння». @Ксілаграфія, гравіраванне па дрэве. @Курфюрст, у Свяшчэннай Рымскай імперыі князь (духоўны ці свецкі), за якім было замацавана права выбіраць імператара. @Ланкастэрская школа, навучальная ўстанова з метадам узаемнага навучання; настаўнікі прыцягвалі да выкладання найбольш падрыхтаваных вучняў старэйшых класаў. @Латэн, археалагічная культура кельцкіх плямён у заходняй і цэнтральнай Эўропе (5 ст. да н.э. - 1 ст. н.э.). @Лаўнік,
1) Прысяжны засядацель, сябра магістрата ў гарадах з магдэбургскім правам у Вялікім Княстве Літоўскім.
2) Службовая асоба ў вёсцы, уведзеная паводле «Уставы на валокі» 1557. @«Легальны марксізм», ідэйная плынь расейскай інтэлігенцыі ў 1890-я гады. @Лексікаграфія, раздзел мовазнаўства, што займаецца тэорыяй і практыкай складання слоўнікаў. @Ліберум вета, звычай у праве Рэчы Паспалітай, паводле якога ўсякі дэпутат сойма ці сойміка мог выказаць нязгоду з любой пастановай, што азначала спыненне пасяджэння і скасоўвала ўсе рашэнні, прынятыя на гэтым пасяджэнні. @Літургія, хрысціянскае набажэнства (у праваслаўных - абедня, у католікаў - меса), у час якога адбываецца прычашчэнне. @Ліцэй, у дарэвалюцыйнай Расеі прывілеяваная навучальная ўстанова, якая рыхтавала вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. @Магістр,
1) Найвышэйшая службовая асоба ў духоўна-рыцарскім ордэне.
2) Вучоная ступень у англа-амерыканскай і дарэвалюцыйнай расейскай сістэме вышэйшай адукацыі. @Магістрат, выбарны адміністрацыйны і судовы орган самакіравання ў гарадах з магдэбургскім правам Вялікага Княства Літоўскага. @Максіма, кароткае выслоўе, якое ў дакладнай форме фармулюе маральнае ці жыццёвае правіла. @Манізм, спосаб разгляду разнастайнасці з'яў, зыходзячы з адзінай асновы (субстанцыі) усяго існуючага. @Маргінес, поле на старонках кнігі, рукапісу. @Маркграф, уладар феадальнага княства (маркграфства) у сярэдневяковай Германіі. @Маршалак,
1) Вышэйшая службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.
2) Назва павятовага і губернскага прадвадзіцеля дваранства пасля далучэння Беларусі да Расеі. @Масоны, сябры рэлігійна-філасофскага таварыства, што ўзнікла ў 18 ст. ў Англіі, пазней пашырыла сетку сваіх ячэек (ложаў) і ў іншых краінах свету. @Мастаўнічы, службовая асоба, якая сачыла за станам дарог, мастоў, грэбляў у Вялікім Княстве Літоўскім. @Матрыкул, афіцыйны спіс асоб пэўнага стану (напр., студэнтаў універсітэта, шляхецкіх прозвішчаў). @Медзярыт, гравюра на медзі. @Мелас, меладычны пачатак музыкі ў старажытнай Грэцыі. @Менталітэт, склад розуму; псіхалогія, светаўспрыманне, светаадчуванне. @Месіянізм, рэлігійная вера ў прышэсце Месіі - выратавальніка, які павінен з'явіцца з неба для ўсталявання «царства божага» на Зямлі. @Метафізіка, спосаб мыслення, які ў процілегласць дыялектыцы лічыць сутнасць рэчаў, прадметаў і з'яў нязменнымі. @Метрыка Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўны архіў Вялікага Княства Літоўскага 14-18 ст. @Мечнік, службовая асоба, якая адказвала за ўзбраенне велікакняжацкага войска, пазней ганаровае званне ў Вялікім Княстве Літоўскім. @Мімесіс, тэрмін старажытнай грэчаскай філасофіі, які характарызуе сутнасць чалавечай творчасці, у т.л. мастацтва, як перайманне рэчаіснасці навакольнага свету. @Міністр, кіраўнік міністэрства, сябра ўрада. У гэтым выданні пратэстанцкі святар. @Мітрапаліт, вышэйшы сан праваслаўных і каталіцкіх епіскапаў (біскупаў). @Набілітацыя, наданне права на высакародства, што давала доступ да найвышэйшых дзяржаўных пасад. @Навіцыят, выпрабавальны тэрмін, царкоўнае паслушэнства. @Найвышэйшая Літоўская Рада, рэвалюцыйны ўрад Беларусі ў час паўстання 1794. @Намеснік, у Вялікім Княстве Літоўскім прадстаўнік вялікага князя, якому належала ўся адміністрацыйна-гаспадарчая і судовая ўлада на тэрыторыі былых самастойных княстваў. @Наміналізм, кірунак сярэдневяковай схаластычнай філасофіі, які ў процілегласць рэалізму адмаўляў рэальнае існаванне агульных паняццяў. @Натурфіласофія, філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядалася ў яе цэласнасці. @Несцяжацельства, рэлігійна-палітычная плынь у расейскай дзяржаве канца 15 - пачатку 16 ст.; прапаведванне аскетызму. @Нівелір, прылада для вызначэння адносных вышынь розных пунктаў зямной паверхні. @Нірвана, паняцце ў будыйскай рэлігіі, якое азначае найвышэйшы стан і найвышэйшую мэту чалавечага імкнення, паўнату ўнутранага быцця, адсутнасць жаданняў, абсалютную адлучанасць ад навакольнага свету. @Ноўмен (у філасофіі Канта), непазнавальная «рэч у сабе». @Нунцый, папскі пасол. @Падкаморы, у Вялікім Княстве Літоўскім службовая асоба, якая разглядала спрэчкі ў падкаморскім судзе. @Падканцлер, службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім; намеснік канцлера. @Падлоўчы, службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім; намеснік лоўчага. @Падскарбі, вышэйшая службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім, загадваў дзяржаўным скарбам. @Падстароста, намеснік старосты. @Падсудак, памочнік суддзі ў Вялікім Княстве Літоўскім. @Пазова (позва, позыў да права), пісьмовы выклік у суд у Вялікім Княстве Літоўскім. @Палеаграфія, гісторыка-філалагічная дысцыпліна, якая вывучае развіццё пісьменства. @Панегірык, літаратурны жанр: хвалебная прамова ці літаратурны твор (ода). @Панславізм, ідэя аб'яднання славянскіх народаў пад вяршэнствам расейскага цара ў канцы 18 - пачатку 20 ст. @Пантэізм, рэлігійнае і філасофскае вучэнне, якое атаясамлівае Бога і сусветнае цэлае. @Паныада, найвышэйшы орган дзяржаўнай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім. @Паралагізм, тэрмін логікі, які абазначае ўсякі лжывы доказ; сінонім сафізму. @Пасол соймавы, дэпутат, прадстаўнік павятовай шляхты Вялікага Княства Літоўскага на агульным (вальным) сойме. @Паспалітае рушэнне, усеагульная мабілізацыя, апалчэнне, агульны паход у Вялікім Княстве Літоўскім. @Патрыстыка, сукупнасць тэалагічных, філасофскіх і палітыка-сацыалагічных дактрын хрысціянскіх мысліцеляў 2- 8 ст., т.зв. айцоў царквы. @Патрыярх, найвышэйшая духоўная асоба ў праваслаўнай царкве. @Патэнцыя, наяўнасць сіл, матэрыяльных сродкаў і іншых магчымасцей, неабходных для якіх-небудзь дзеянняў. @Паўперызм, галеча працоўных мас як вынік узрастаючай эксплуатацыі. @Пафас, гарачае пачуцце, уздым. @Паэтыка, раздзел літаратуры, што вывучае структуру літаратурных твораў і сістэму эстэтычных сродкаў, якія ў іх выкарыстоўваюцца; сістэма мастацкіх сродкаў, характэрных для паэта, кірунку, эпохі. @Перыпатэтыкі, вучні або паслядоўнікі школы Арыстоцеля - найбуйнейшага цэнтра антычнай навукі. @Пісар, у Вялікім Княстве Літоўскім службовая асоба, якая вяла справаводства ў дзяржаўных установах. @Піяры, сябры каталіцкага манаскага ордэна, заснаванага ў 1597 у Рыме. У Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім паявіліся ў 1642, мелі тут свае школы. @Плутакратыя, дзяржаўны лад, пры якім палітычная ўлада фармальна і фактычна належыць вярхам пануючых класаў. @Пнеўматалогія, раздзел метафізікі, які складаецца з тэалогіі, псіхалогіі і касмалогіі (паводле Б.Дабшэвіча). @Права народаў, галіна рымскага права, якая склалася на аснове звычаяў, у працэсе зносін Рыма з іншымі народамі і міжнароднага выкарыстання. @Правідэнцыялізм, тэалагічнае вытлумачэнне гістарычнага працэсу як ажыццяўлення задумы Бога. @Правінцыя, адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расейскай імперыі ў 18 ст. @Прагімназія, 4-класная навучальная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расеі. @Прагматызм, суб'ектыўна-ідэалістычнае філасофскае вучэнне, якое атаясамлівае рэчаіснасць з «вопытам», што задавальняе суб'ектыўныя інтарэсы асобы. @Прагматыка, кірунак семіётыкі, які вывучае адносіны паміж знакавымі сістэмамі і тымі, хто імі карыстаецца. @Празектар, лекар патолагаанатамічнага аддзялення бальніцы. @Пракуратар, прафесійны юрыст, прадстаўнік, давераная асоба. @Прамяністыя, легальная патрыятычная арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ў 1820-я гады. @Прапедэўтыка, уводзіны да якой-небудзь навукі, падрыхтоўчы ўступны курс. @Прасодыя, лінгвістычная сістэма вымаўлення націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў у мове. @Пратапоп, старшы праваслаўны святар. @Працэс 193-х, адзін з буйнейшых палітычных судовых працэсаў у Расеі, які адбыўся 30.10.1877-04.02.1878 у Пецярбургу над часткай удзельнікаў «хаджэння ў народ». @Прывілей, у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай заканадаўчы акт, якім вялікія князі ці каралі надавалі асаблівыя правы шляхце, пэўным рэгіёнам, гарадам, асобам. @Прысяжны павераны, адвакат на дзяржаўнай службе пры акруговым судзе або судовай палаце ў Расеі ў 1864-1917 г. @Прытча, маральнае або рэлігійнае павучанне; малы дыдактычна-літаратурны жанр. @Прэдыкат, лагічны выказнік; тое, што ў суджэнні выказваецца пра суб'екта. @Прэлат, назва вышэйшага духоўнага саноўніка ў каталіцкіх і пратэстанцкіх цэрквах. @Прэсвітэр, святар; у пратэстантызме - выбраны кіраўнік абшчыны, які кіруе ёю разам з пастарам. @Прэфект, выкладчык багаслоўя. @Пфальцграф, у Франкскай сярэдневяковай дзяржаве - каралеўскі суддзя; у Германіі - уладарны князь. @Рада Вялікага Княства Літоўскага (паны-рада), найвышэйшы орган дзяржаўнай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім. @Ракако, стылявы кірунак у эўрапейскім мастацтве 1-й паловы 18 ст., у якім панаваў грацыёзны, вычварны арнаментальны рытм. @Рацыяналізм, філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання. @Ротмістр, камандзір пешай або коннай роты ў войску Вялікага Княства Літоўскага. @Рыгарызм, строгае правядзенне якога-небудзь прынцыпу ў дзеянне, паводзіны і думку. @Рыторыка, навука пра аратарскае мастацтва. @Рэальнае вучылішча, сярэдняя навучальная ўстанова ў дарэвалюцыннай Расеі, у якой даваўся значны аб'ём ведаў па прыродазнаўчых навуках (матэматыцы, фізіцы, біялогіі). @Рэгент,
1) Кіраўнік царкоўнага хору.
2) Асоба, якая ажыццяўляе ўладу ў дзяржаве ў выпадку вакантнасці прастола, малалецтва, хваробы манарха. @Рэнесанс (Адраджэнне), перыяд у культурным і ідэйным развіцці краін Заходняй і Цэнтральнай Эўропы 14-16 ст. @Рэфармацыя, шырокі грамадскі рух у Заходняй і Цэнтральнай Эўропе 16 ст., які меў антыфеадальны і антыкаталіцкі характар. @Рэферэндарый, саноўнік у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. @Рэфлексія,
1) Роздум, аналіз уласнага псіхічнага стану.
2) Форма тэарэтычнай дзейнасці чалавека, накіраваная на асэнсаванне ўласных дзеянняў і іх законаў. @Сакральны, свяшчэнны, рытуальны; тое, што адносіцца да рэлігійных культаў і рытуалаў. @Санскрыт, літаратурная мова старажытнай Індыі. @Сапраўдны стацкі саветнік, цывільны чын 4-га класа ў дарэвалюцыйнай Расеі. @Сацыніянства, рэлігійна-філасофскі рух 16 - 1-й паловы 17 ст. ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім; заснавальнік Ф.Соцын (адсюль назва). @Секулярызацыя,
1) Вызваленне грамадскай і індывідуальнай свядомасці ад уплыву рэлігіі.
2) Ператварэнне дзяржавай царкоўнай уласнасці ў свецкую. @Сем вольных навук («сем вольных мастацтваў»), вучэбныя прадметы сярэдневяковай школы і падрыхтоўчых факультэтаў універсітэтаў: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка. @Семантыка, раздзел мовазнаўства, які вывучае значэнне слоў. @Семасіялогія, раздзел мовазнаўства, які вывучае значэнне слоў і выразаў і змену гэтых значэнняў. @Семіётыка, комплекс навуковых тэорый, што вывучаюць розныя ўласцівасці знакавых сістэм. @Семінарыя, сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых школ (настаўніцкая семінарыя) або служыцеляў царквы (духоўная семінарыя). @Сенсуалізм, кірунак у тэорыі пазнання, паводле якога асновай і галоўнай формай пазнання з'яўляецца пачуццёвасць. @Сентыменталізм, плынь у эўрапейскай і амерыканскай літаратуры і мастацтве 2-й паловы 18 - пачатку 19 ст., якая абвяшчала культ натуральнага пачуцця, прыроды, ідэалізавала патрыярхальнасць. @Сентэнцыя, выслоўе маральнага характару, павучанне. @Сепаратызм, імкненне да аддзялення, адасаблення. @Сігнет, друкарская або выдавецкая марка на кнізе; знак на творы мастацтва, які азначае прыналежнасць яго пэўнаму мастаку. @Сілагізм, форма дэдуктыўнай лагічнай пабудовы; разважанне, якое складаецца з дзвюх пасылак і высновы. @Сінкрэтызм (у філасофіі), змяшанне, неправамернае зліццё разнародных элементаў, супярэчных поглядаў, не сумяшчальных адзін з адным. @Скатызм, філасофская школа 14-15 ст., што аб'ядноўвала вучняў і паслядоўнікаў Дунса Скота. Адметнай рысай яго вучэння былі палажэнні пра адназначнасць быцця і пра фармальнае адрозненне. @Скептыцызм, філасофская пазіцыя, якая вылучаецца сумненнем у існаванні якога-небудзь надзейнага крытэрыя ісціны; у 16-18 ст. сінонім вальнадумства, крытыкі рэлігійных і філасофскіх догм. @Сойм (сейм), саслоўна-прадстаўнічы орган у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. @Солтыс, сельскі стараста ў Польшчы. @Стаіцызм,
1) Кірунак антычнай філасофіі, прадстаўнікі якога вагаліся паміж матэрыялізмам і ідэалізмам, ураўноўвалі ўсіх людзей (вольных і рабоў, грэкаў і варвараў, мужчын і жанчын).
2) Стойкасць і мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях. @Староста, службовая асоба, якая кіравала адміністрацыйнай акругай у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. @Стацкі саветнік, цывільны чын 5-га класа ў царскай Расеі. @Стольнік, дварцовы, які адказваў за сервіроўку стала вялікага князя, пазней прыдворны чын у Вялікім Княстве Літоўскім. @Стражнік, службовая асоба ў войску Вялікага Княства Літоўскага. @Стыхар, царкоўнае адзенне рэлігійных служак і святароў. @Стэхіялогія, навука аб хімічных злучэннях. @Субрэтка, сцэнічнае амплуа; у камедыях 17-19 ст. бойкая, дасціпная служанка, давераная асоба, пасвячоная ў сакрэты сваёй гаспадыні. @Сугестыўнасць (у паэзіі), уздзеянне на ўяўленні, эмоцыі і падсвядомасць чытача праз аддаленыя тэматычныя, вобразныя, рытмічныя, гукавыя асацыяцыі. @Суперінтэндант, у пратэстантаў духоўная асоба, якая ўзначальвае царкоўную акругу. @Суфраган, біскуп без епархіі. @Сфрагістыка, дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае пячаткі і іх гісторыю. @Схаластыка, сярэдневяковая рэлігійная філасофія, заснаваная на спалучэнні царкоўных догматаў з рацыяналістычнай методыкай; характэрная фармальна-лагічнымі праблемамі і хітрыкамі, абстрактнымі і беспрадметнымі разважаннямі. @Схізма, тэрмін, якім абазначаўся раскол у хрысціянскай царкве; у Рэчы Паспалітай схізматыкамі называлі праваслаўных. @Талерантнасць, цярпімасць да чужых поглядаў, паводзін, веравызнання. @Талмуд, збор дагматычных, рэлігійна-этычных і прававых палажэнняў юдаізму, што склаліся ў 4 ст. да н.э. - 5 ст. н.э. @Тамізм, вучэнне Фамы (лацінскае Toma, адсюль назва) Аквінскага і заснаваны ім кірунак каталіцкай філасофіі, які спалучаў хрысціянскія догмы з метадам Арыстоцеля; у 13 ст. заняў пануючае становішча ў схаластыцы. @Тастамент, завяшчанне, распараджэнне пра асабістую маёмасць на выпадак смерці. @Таталітарызм, дзяржаўны лад, пры якім у краіне знішчаны дэмакратычныя свабоды, а ўся ўлада засяроджана ў руках якой-небудзь адной групы (групоўкі), партыі. @Травесці, сцэнічнае амплуа актрысы, якая выконвае ролі падлеткаў, хлопчыкаў, дзяўчынак, а таксама роля, якая патрабуе пераапранання актрысы ў мужчынскае адзенне. @Трансцэндэнтальны (у схаластыцы), гранічна агульнае паняцце. @Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд дзяржавы. @Трыянгуляцыя, вымярэнне мясцовасці праз геадэзічныя пункты; метад стварэння апорнай геадэзічнай сеткі і градусных вымярэнняў. @Тыранія, форма дзяржаўнай улады, устаноўленай шляхам насілля і заснаванай на аднаасобным праўленні. @Тэізм, рэлігійны светапогляд, які зыходзіць з разумення Бога як абсалютнай асобы, якая існуе па-за сусветам, валодае абсалютным розумам і воляй, стварыла сусвет і кіруе ім. @Тэолаг, багаслоў. @Вунія,
1) Саюз дзяржаў.
2) Аб'яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад вяршэнствам рымскага папы пры захаванні традыцыйных праваслаўных абрадаў і набажэнства. @Фарэйтар, фурман, які кіруе шматконнай запрэжкай, седзячы на адным з коней. @Фацэцыя, жанр кароткага апавядання тыпу анекдота; вядомы ў заходнеэўрапейскай літаратуры з 12-13 ст. @Фізіякраты, прадстаўнікі класічнай палітэканоміі 2-й паловы 18 ст. ў Францыі, прыхільнікі свабоднага гандлю. @Філагенез, працэс гістарычнага развіцця свету арганізмаў, іх відаў, родаў, сямействаў, класаў, тыпаў. @Філаматы, тайная арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ў 1817-1823; спалучала ідэі асветніцтва з нацыянальна-вызваленчымі імкненнямі. @Філантропія, дабрачыннасць, дапамога немаёмным. @Філарэты, філіял арганізацыі філаматаў. @Фундацыя, ахвяраванне (зямельных угоддзяў, грошай, каштоўнасцей) манастырам, цэрквам і ішным установам; дарунак. @Фундуш, фонд. @Хасідызм, рэлігійна-містычная плынь у юдаізме, што ўзнікла ў 1-й палове 18 ст. сярод бяднейшых слаёў габрэйскага насельніцтва Валыні, Падолля, Галіцыі, як выраз пратэсту супраць засілля ў абшчынах равінаў і багацеяў. @Харугва,
1) Баявы сцяг у войсках Вялікага Княства Літоўскага.
2) Вайсковая адзінка (полк) у Вялікім Княстве Літоўскім. @Харунжы (харужы), службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім; хавальнік дзяржаўнага або павятовага сцяга; вёў улік і мабілізацыю ваеннаабавязаных. @Хіліязм, рэлігійна-містычнае вучэнне пра тысячагадовае зямное «цараванне» Хрыста, якое павінна настаць перад «канцом свету». @Цадзікізм, гл. Хасідызм. @Цераспалосіца, размяшчэнне зямельных участкаў адной гаспадаркі палосамі ўперамежку з чужымі ўчасткамі. @Цівун, службовая асоба дваровай або мясцовай адміністрацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. @Чашнік, дварцовы ці прыдворны чын, які адказваў за напіткі, што падаваліся да велікакняжацкага стала ў Вялікім Княстве Літоўскім 15-16 ст. @Чынш, грашовы або натуральны пабор з феадальна-залежных сялян на карысць землеўласніка ў Вялікім Княстве Літоўскім 14-18 ст. @«Чырвоныя», дэмакратычная плынь у нацыянальна-вызваленчым руху ў Беларусі, Польшчы і Летуве напярэдадні і ў час паўстання 1863-1864. @Чэлядзь, залежнае насельніцтва; слугі і работнікі, якія жылі пры дварах феадалаў у Вялікім Княстве Літоўскім. @Шляхта, прывілеяванае саслоўе ў Беларусі, Польшчы, Летуве і на Ўкраіне ў 13 - пачатку 20 ст. @Шубраўцы, сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822. @Эгаізм, самалюбства; паводзіны, якія цалкам вызначаюцца думкай пра ўласную карысць і выгаду. @Экзатэрычны, у рэлігійных абрадах тое, што прызначана для ўсіх, у т.л. і для непасвячоных. @Экзэгетыка, гл. Герменеўтыка. @Эклектыка (у мастацтве), фармальнае злучэнне розных стыляў. @Экуменізм, рэлігійны рух (пераважна ў пратэстантызме) з мэтай стварэння сусветнага аб'яднання цэркваў. @Элегія, лірычны верш, прасякнуты журботнымі настроямі. @Эмпірызм, вучэнне, якое прызнае дослед адзіным сродкам пазнання. @Эпас (у тэорыі літаратуры), апавядальны жанр (апавяданне, аповесць, раман, эпапея). @Эпіграфіка, дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем старажытных надпісаў на камянях, скалах, на гліняных, металічных і іншых вырабах. @Эпікурэізм, вучэнне старажытнага грэчаскага філосафа Эпікура, заснаванае на разумным імкненні чалавека да шчасця. @Эпіталама, вясельны верш, песня, якія выконваюць на шлюбных урачыстасцях. @Эрцгерцаг, тытул аўстрыйскіх прынцаў. @Этнас, народ, нацыянальная супольнасць; від устойлівай групоўкі людзей, які ўзнік гістарычна (племя, народнасць, нацыя). @Этымалогія, раздзел мовазнаўства, які займаецца вывучэннем першапачатковай словаўтваральнай структуры слова і высвятленнем элементаў яго старажытнага значэння. @Этыялогія, вучэнне аб прычынах захворвання. @Эўдэманізм, этычны кірунак, які лічыць шчасце, асалоду найвышэйшай мэтай чалавечага жыцця. @Янсенізм, рэлігійна-філасофская плынь у каталіцызме, пачатак якой паклаў у 17 ст. галандскі багаслоў У.Янсеній. Рэзка супрацьпастаўляючы сапраўды веруючых мноству тых, хто фармальна прымаў царкоўнае вучэнне, ён сцвярджаў, што Хрыстос праліў сваю кроў не за ўсіх людзей. @Ясак, у Расеі 15-20 ст. натуральны падатак з народаў Сібіры і Поўначы, пераважна пушнінай.