##ShortTitle: Дэмакратычная апазыцыя
##LongTitle: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік
##FrontpageTitle: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991)
##ExpandArticle: true
##Type: enc
##TitleNote: тар.
##HTMLDescription_BEGIN
Створана на падставе:
Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956-1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-08-1
Разьдзелы:
Пэрсаналіі
Арганізацыі, асяродкі, рухі (да кастрычніка 1988)
Выданьні (1971-1991)
Музычны нонканфармізм і моладзевыя субкультуры
Кроніка дэмакратычнай апазыцыі Беларусі: 1956-1988
Са старонак даведніку паўстае гісторыя незалежнага беларускага грамадзтва ў ягоных спробах супрацьстаяць татальнасьці. Гэта мірная барацьба за правы асобы, за свабоду творчасьці, за шанец для сваёй краіны. Людзі, якія бралі ўдзел у тагачасных дэмакратычных рухах, вылучаюцца сваёй настойлівасьцю і ўзважанасьцю - тым, чаго так бракавала беларусам у канцы 20 ст. Даведнік найперш прысьвечаны асобам, а таксама падае грамадзкі кантэкст іхнай дзейнасьці.
##HTMLDescription_END
##Chapter: 1. Пэрсаналіі
@
Арлоў Уладзімір (23.08.1953, Полацак), беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзеяч, удзельнік руху самвыдату 1970-1980-х і палітычнай апазыцыі ў другой палове 1980-1990-х.
У 1970 скончыў сярэднюю школу ў Полацку, з 1970 па 1975 студэнт гістарычнага факультэту БДУ. Пасьля заканчэньня вучобы працаваў у Наваполацку выкладчыкам гісторыі ў школе, з 1976 па 1986 - у рэдакцыі газэты «Хімік». У 1986 становіцца сябрам Саюзу пісьменьнікаў, атрымлівае званьне ляўрэата Прэміі ленінскага камсамолу за кнігу «Добры дзень, мая Шыпшына». З 1988 - супрацоўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1997 - супрацоўнік рэдакцыі часопісу «Крыніца».
Дэбютаваў вершамі ў Наваполацкім самвыдавецкім часопісе «Блакітны ліхтар» (1971-1974). Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце А. разам з В.Мудровым узяў удзел у памнажэньні шэрагу беларускіх кніг у Наваполацку, сярод якіх быў і «Расейска-беларускі (крыўскі) слоўнік» В.Ластоўскага. А. таксама стаў адным зь ініцыятараў выпуску ў Менску самвыдавецкага літаратурнага альманаху «Мілавіца» (1974-1976), за што выклікаўся ў КГБ, для «прафіляктычнае гутаркі».
У 1988 А. становіцца сябрам БНФ. У 1989 выйшаў з КПСС. З 1992 двойчы абіраўся ў Сойм БНФ, таксама абіраўся віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-Клюбу.
Друкаваўся ў незалежных газэтах і часопісах «Свабода», «Наша Ніва», «Грунвальд». У сваёй творчасьці распрацоўваў гістарычную тэматыку, у публіцыстычных артыкулах выкарыстоўваў малавядомыя гістарычныя зьвесткі, выкрываў фальсыфікацыю гісторыі Беларусі, якая панавала ў афіцыйнай навуцы.
У 1996 цэнзура спыняе выхад у выдавецтве «Беларусь» кнігі А. «Адкуль наш род», якая пазьней выйшла ў ВЦ «Бацькаўшчына», але частка накладу была арыштаваная. У тым жа годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» спыняецца выхад кнігі «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», напісанай разам з Г.Сагановічам. У 1997 А. звольнены з працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» за выпуск «сомнительной исторической и другой литературы» [19].
За літаратурную і грамадзкую дзейнасьць А. узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны, выдавецкай прэміяй імя Ўладзіміра Караткевіча (1993), прэміяй імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Клюбу (1996).
Тв.: 1. Добры дзень, мая Шыпшына. - Менск, 1986; 2. Дзень, калі ўпала страла - Менск, 1988; 3. Асветніца з роду Ўсяслава. - Менск, 1989; 4. Пока не погасла свеча. - М., 1990; 5. Там, за дзвярыма. - Менск, 1991; 6. «Совершенно секретно», альбо Адзін у трох іпастасях. - Менск, 1992; 7. Прысуд выканаў невядомы. - Менск, 1992; 8. Еўфрасіння Полацкая. - Менск, 1992; 9. Рандэву на манеўрах. - Менск, 1992; 10. Мой радавод да пятага калена. Менск, 1993; 11. Міласць князя Гераніма. - Менск, 1993; 12. Пяць мужчын у леснічоўцы. - Менск, 1994; 13. Таямніцы полацкай гісторыі. - Менск, 1994; 14. Фаўна сноў. - Менск, 1995; 15. Тайны полоцкой истрии. - Менск, 1995; 16. Адкуль наш род. - Менск, 1996; 17. Божая кароўка зь пятай авэню. - Менск, 1998; 18. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Уклад. У.Арлоў. - Менск, 1998.
Кр.: 19. ANH. F-7.
Ларыса Андросік @
Баразна Лявон (04.02.1929, в. Новае Сяло Талачынскага р-ну Віцебскай вобл. - 15.08.1972, Менск), мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і дасьледнік культуры, актывіст захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны; забіты ў 1972 пры нявысьветленых абставінах.
У 1952 скончыў Менскую мастацкую вучэльню, у 1968 - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (мастацка-прамысловы факультэт, аддзяленьне ткацтва). У выставах браў удзел з 1957. У Беларускі Саюз мастакоў уступіў у 1967. Працаваў у галіне станковага жывапісу і станковай графікі, але асноўная ягоная праца - беларускі сцэнічны касьцюм. Яму належаць распрацоўкі касьцюмаў для Гарадзенскага ансамбля песьні і танца «Нёман», Смаргоньскага ансамбля песьні і танца імя Агінскага, Наваградзкага ансамбля песьні і танца «Сьвіцязь», для фальклёрных, харавых і танцавальных ансамбляў Ліды, Слоніма, Паставаў, шэрагу мястэчак і вёсак.
Апазыцыйная сутнасьць дзейнасьці Б. становіцца зразумелай, калі браць да ўвагі палітычныя рэаліі 1950-1970-х. Хоць «сацыялістычны рэалізм» дэкляраваўся як «мастацтва сацыялістычнае па зьмесьце і нацыянальнае па форме», і нават на сьцягу БССР імітаваўся адзін з узораў беларускага народнага арнамэнту, паглыбленая цікаўнасьць да этнаграфіі, народнага мастацтва, увогуле да якой заўгодна праявы нацыянальнага духу трактавалася камуністычнай уладай у Беларусі як зьява ідэалягічна непатрэбная і палітычна небясьпечная.
Русіфікацыя была скіраваная ня толькі супраць галоўнага чыньніка нацыянальнай тоеснасьці - беларускай мовы, але і супраць народнага мастацтва. Як беларускую мову падганялі пад стандарты мовы расейскай, так і на расейскія ўзоры арыентавалі, у прыватнасьці, тых, хто распрацоўваў сцэнічныя касьцюмы для беларускіх фальклёрных ансамбляў. Велізарных намаганьняў каштавала, напрыклад, дамагчыся дазволу на тое, каб апрануць ансамбаль «Песьняры» ў строі паводле матываў адзеньня беларускай шляхты. Праўда, тут прысутнічаў яшчэ і «сацыяльны» аспэкт: згодна русіфікатарскай лёгіцы, зь якой сыходзіла кіраўніцтва БССР, шляхты ў беларусаў увогуле быць не магло, бо «беларус» - гэта абавязкова «селянін», «мужык». Мастаку, каб быць абвінавачаным у нацыяналізме, дастаткова было намаляваць жанчыну ў намітцы. Намітку немагчыма зблытаць з расейскім какошнікам, таму яна набывала знакавы, сымбалічны сэнс (кшталту «канфэдэраткі» ў часы паўстаньняў 1830-1831 і 1863-1864). Намэнклятура КПБ-КПСС змагалася з наміткай як зь ідэйным ворагам.
Б. быў пачынальнікам вялікай справы, у пэўным сэнсе заснавальнікам школы беларускага сцэнічнага касьцюма; школы, якая абапіраецца на нацыянальную традыцыю, на сапраўднае, аўтэнтычнае народнае мастацтва, не скажонае «інтэрнацыяналізмам». Можна сказаць, што ён прывучыў мадэльераў раіцца з этнографамі. Ягоныя погляды паўплывалі на фармаваньне сьветаўспрыманьня шэрагу мастакоў і навукоўцаў. Дзейнасьць Б. падрыхтавала глебу для ўзьнікненьня ў Беларусі мастацкага напрамку, вядомага сёньня пад назовам «этнаграфізм» (Мікола Купава, Яўген Кулік, Алесь Марачкін...).
Займаючыся нэйтральнай, індыфэрэнтнай да палітыкі этнаграфіяй, Б. па сутнасьці займаўся палітыкай. Камуністычная ўлада лічыла, што цікавасьць да этнаграфіі пяройдзе ў цікавасьць да нацыянальнай гісторыі - а гэта ў сваю чаргу будзе мець палітычныя наступствы: ад усьведамленьня сваіх нацыянальных каранёў і ўсталяваньня культурнай аўтаноміі недалёка і да палітычнага «сэпаратызму» - да непазьбежнага распаду СССР. Прадчуваньне было правільным. Так, напрыклад, у рэспубліках Балтыі агульнанацыянальныя сьпеўныя сьвяты, традыцыю якіх ня здолела перарваць савецкая акупацыя, плаўна перайшлі ў «сьпеўныя рэвалюцыі». Нездарма ў Беларусі так і не было створанае «сьпеўнае поле» накшталт тых, што былі ў нашых балтыйскіх суседзяў. Хоць гаворка пра гэта ішла, і, нібыта, ідэя велізарнай «канцэртнай залі» пад адкрытым небам, здольнай зьмясьціць дзясяткі тысяч чалавек - артыстаў і гледачоў, ужо пачала ўвасабляцца ў праекце. Аднак гэты праект улады палічылі неактуальным.
Б. вядомы як дасьледчык традыцыйнай культуры Беларусі. Ён аўтар альбомаў «Беларускае народнае адзеньне», «Арнамэнты паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гарадзеншчыны». Як мастацтвазнаўца, ён дасьледаваў мастацкую творчасьць беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Ягоны альбом «Гравюры Францыска Скарыны» і сёньня адзін са стрыжнёвых твораў навуковай Скарыніяны.
Б. быў удзельнікам гуртка навуковай і мастацкай інтэлігенцыі «На Паддашку», сябрамі якой зьбіраліся самвыдатаўскія і забароненыя выданьні, рыхтаваліся выставы, арганізоўваліся пошукавыя экспэдыцыі. Узгадвае сябра гэтага аб'яднаньня Барыс Мельнікаў: «Чалавек ён быў адкрыты, як сапраўдны мастак, неабаронены, гаварыў усё, што думаў... Мы яму часта казалі, што ўсё што б ты ні гаварыў, побач заўсёды сэксоты, але ён, відаць гэтым пагарджаў, не стрымліваў, можа гэта адбілася на ягоным лёсе... Ён у сваім асяродзьдзі прапагандаваў аддзяленьне Беларусі ад Савецкага Саюзу, гэта была ягоная ідэя, ён зь ёю падымаўся і клаўся спаць...» [1].
У канцы 1960-х - пачатку 1970-х у Беларусі пачынае стыхійна фармавацца рух у абарону гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Гэты рух ня быў масавым, ён аб'ядноўваў адносна малалікую творчую і навуковую інтэлігенцыю, а таксама моладзь, якая гарнулася да беларушчыны. Аднак сам факт такога кшталту грамадзкай ініцыятывы выклікаў занепакоенасьць улады. Абаронцаў старажытных бажніцаў і замкаў цкавалі ў прэсе, пазбаўлялі магчымасьці публічна выказаць свае думкі. У школах і ВНУ была ўзмоцненая «антырэлігійная прапаганда» і, зразумела, «барацьба з нацыяналізмам».
У маскоўскай прэсе ўжо тады абмяркоўваліся пытаньні захаваньня і выкарыстаньня архітэктурных помнікаў: у Маскве выходзілі кнігі, якія прапагандавалі культуру г.зв. Кіеўскай Русі, навукоўцы гаварылі пра страты, якія панесла краіна ад ваяўнічага атэізму і «сацыялістычнай рэканструкцыі» гарадоў і паселішчаў. А ў Беларусі надзвычайнай падзеяй лічылася зьяўленьне на газэтнай паласе фотаздымка бажніцы, замка і нават старога гарадзкога кварталу (рэдактар звычайна пасьля гэтага мусіў даваць тлумачэньні свайму куратару з райкаму, абкаму альбо ЦК КПБ - у залежнасьці ад статусу газэты). Такая сытуацыя была адной з праяваў каляніяльнага стану Беларусі. Каляніяльная адміністрацыя (у дадзеным выпадку структуры КПБ-КПСС) заўжды больш кансэрватыўная, больш прымітыўная за чынавенства мэтраполіі. Гэтым тлумачыцца жорсткасьць у стасунках з апанэнтамі, схільнасьць да «сілавых рашэньняў», калі, здавалася б, няцяжка знайсьці кампраміс. Шэраг гістарычных будынкаў быў зьнішчаны ў Менску якраз напрыканцы 1960-х - пачатку 1970-х, здавалася б, без усялякае патрэбы (на іх месцы так нічога і не пабудавалі). Адзінай мэтай гэтага вандалізму было паказаць, хто ў горадзе гаспадар. Гэта была нэрвовая рэакцыя БССРаўскага чынавенства на спробы грамадзтва паставіць нейкія межы ягонаму самавольству, прымусіць чыноўніка лічыцца зь меркаваньнем людзей.
У 1969 Б. разам зь Зянонам Пазьняком выступіў у абарону вуліцы Няміга - горадабудаўнічай каштоўнасьці Менску. Заплянаванае зьнішчэньне Нямігі ўлады тлумачылі неабходнасьцю вырашэньня транспартнай праблемы. Лябіравала гэты праект група архітэктараў, якія зьбіраліся на месцы зьнішчанай гістарычнай пабудовы ўзьвесьці гмах, які «цягнуў» на Дзяржаўную прэмію БССР. Артыкул Б. і З.Пазьняка, у якім яны выказалі свае погляды на праблему захаваньня культурнай спадчыны ўвогуле і старажытнай менскай вуліцы ў прыватнасьці, быў зьмешчаны ў газэце «Правда». Узьнікла надзея, што верх возьме здаровы сэнс, што гэты куток старажытнага Менску будзе захаваны. Аўтары артыкула набывалі палітычную вагу і вядомасьць на абшарах СССР, станавіліся небясьпечнымі ворагамі БССРаўскай намэнклятуры.
У 1972 Б. рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэньня Нямігі. 15.08.1972 ён быў забіты. Сьледчыя органы трактавалі гэтае забойства як звычайны крымінал, але пэўныя акалічнасьці даюць падставы падазраваць ў зьдзяйсьненьні злачынства савецкія спэцслужбы.
У 1975 сябры Б. наладзілі ў Менску ягоную пэрсанальную выставу, якая мела вялікі грамадзкі рэзананс, а запісы ў кнізе водгукаў адлюстравалі настроі ў беларускім грамадзтве.
Кр.: 1. АМН. F-3 (Лявон Баразна).
Літ.: 1. З.Позняк, Л.Борозна. Заботясь о будущем // Правда (Масква). 13.04.1969; 2. Выстаўка твораў мастака Л.Ц.Баразны (1928-1976). Каталог. Менск, 1975; 3. Сергей Рачила. Политическое убийство? // Рэспубліка 18.09.1992; 4. Сергей Михайлов. Жил-был художник один // Уголовное дело. 1996, № 11; 5. Ля вытокаў незалежнага грамадзтва: Асобы і падзеі беларускай апазыцыі 1950-1980-х. Каталёг выставы. Мн, 1998. С. 9-10.
Пётра Васілеўскі @
Белакоз Алесь (11.11.1928, в. Ляткі Ваўкавыскага пав. (цяпер Мастоўскі р-н)), настаўнік, краязнаўца, музэязнаўца.
Б. нарадзіўся ў сям'і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х езьдзіў на працу ў Бразылію, а па вяртаньні на заробленыя грошы пабудаваў дом у в. Ляткі і адчыніў сваю краму. Б. амаль усё жыцьцё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам зьлілася з больш вялікімі Гудзевічамі. Тут атрымаў і пачатковую адукацыю. Да нямецкай акупацыі скончыў 5 клясаў Гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. У часе вайны вучыўся пад кіраўніцтвам роднай сястры Веры. «У 1943 годзе, - успамінаў Б., - на нашу і іншыя хаты напалі бандыты, якія пасьля называлі сябе партызанамі, з мэтай рабунку. Тата хаты не адчыняў і выбухам гранаты быў забіты... Давялося гаспадарку браць на свае плечы» [1].
У кастрычніку 1944 Б. пачаў вучыцца ў восьмай клясе расейскае школы № 1 Ваўкавыска, якую скончыў у 1947. «Тады ні ў Ваўкавыскім, ні ў Мастоўскім, ні ў Сьвіслацкім, ні ў Бераставіцкім р-нах не было беларускае школы, якая мела б восьмую клясу» [l].
Няўдалыя спробы паступіць у Менскі мэдычны інстытут вымусілі Б. часова адмовіцца ад плянаў пра вышэйшую адукацыю і ўладкавацца ў 1948 на працу ў якасьці настаўніка другіх і чацьвёртых клясаў у Гудзевіцкай школе. З 1949 Б. распачаў завочнае навучаньне на беларускім аддзяленьні Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту. «Я заўсёды любіў матэматыку, - узгадваў Б. - і хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову» [1].
Яшчэ ў 1948 уласнаручна вырабіў улёткі кароткага зьместу (напрыклад, з заклікам «Змагайцеся за незалежную Беларусь!») і ўпершыню раскідаў іх зь цягніка па шляху ў Менск; раскідваў іх і ў Менску. У 1949 здолеў здабыць ужо шрыфт і выдрукаваў улётку антысавецкага зьместу, якую распаўсюджваў разам зь сябрамі ў Горадні. Б. цудам удалося пазьбегнуць арышту, калі пры наклейваньні ўлёткі на будынак міліцыі іх заўважылі. Пасьля гэтага выпадку ў Горадні пачаліся арышты, у прыватнасьці, ва ўнівэрсытэце. Б. узгадвае: «Я прыйшоў да высновы, што нельга гэтага рабіць, бо церпяць невінаватыя людзі» [5].
З часоў навучаньня Б. успамінаў: «Найбольшае ўражаньне на мяне зрабіў выкладчык беларускай літаратуры Браніслаў Ржэўскі, які мужна нёс патрыятычнае слова сярод крыжоў па задушанай мове, культуры, гісторыі Беларусі. Патрыёта Ржэўскага за беларускі патрыятызм у час праўленьня Хрушчова засудзілі на сем гадоў зьняволеньня. Тады я зразумеў, што палітыка забойства беларускай мовы - гэта палітыка партыі» [1].
Падчас вучобы Б. працаваў у розных школах: 1953-1954 - настаўнік пачатковых клясаў у Струзе, 1954-1955 - выкладчык фізыкі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-1959 - выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай семігодцы. Па заканчэньні інстытута ў 1958 уладкаваўся выкладчыкам беларускае мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.
Праца з вучнямі і прага вывучэньня беларускай гісторыі, мовы, культуры захапіла Б. У 1965 ён наладжвае ліставаньне вучняў зь вядомымі беларускімі пісьменьнікамі, арганізоўвае школьны кабінэт беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і дасьледніцкай дзейнасьцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газэтах і часопісах.
У 1965 зарганізаваў акцыю лістоў слухачоў Курсаў удасканаленьня настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (у Менску) на адрас ЦК КПБ з выкладаньнем праблемаў статуса беларускай мовы. Загітаваў на гэтую акцыю Арсень Ліс. Акцыя выклікала незадаволенасьць уладаў. Надалей настаўніцкая дзейнасьць Б. знаходзілася пад пастаянным кантролем.
У 1966 Б. разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаху «Праменьчык». Выданьне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў, па 4 асобнікі кожны.
У 1968 на базе кабінэта беларускай мовы і літаратуры быў адчынены літаратурна-краязнаўчы музэй, які складаўся зь літаратурнага, этнаграфічнага аддзелаў, аддзела гісторыі Гудзевіцкай школы, а таксама «небясьпечных» аддзелаў гісторыі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і КПЗБ.
За актыўную дзейнасьць па зьбіраньні нацыянальнай спадчыны і распаўсюджаньні беларускай мовы Б. неаднойчы адчуваў уціск з боку кіраўніцтва мясцовых аддзелаў адукацыі, а таксама КГБ. Супрацоўнікі апошняга нават папярэджвалі Б. яшчэ ў 1969: «Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте своё отношение к этому языку, пропагандируйте русский» [2-8]. Аднак, нягледзячы на перашкоды, музэй працягваў існаваць і нават пашыраўся.
З 1990 Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музэй мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Б. разам з вучнямі. Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў спэцыяльную мэтодыку далучэньня вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музэйнай справы і праз гэта да каштоўнасьцяў беларускай гісторыі і культуры.
Тв.: 1. Школьны літаратурна-краязнаўчы музей // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973, № 4; 2. Як стварыць этнаграфічны музей у школе // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990, № 8; 3. Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн, 1996.
Кр.: 4. ANH. F-3 (аўтабіяграфія А.Белакоза); 5. ANH. F-4 (запіс успамінаў А.Белакоза).
Літ.: 6. «Я ўвесь час думаю, што зрабіў мала» З А.Белакозам размаўляе А.Пяткевіч // Свіцязь. Гісторыка-культурны часопіс Гарадзеншчыны. 1994, № 2; 7. Алесь Белакоз // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мн., 1994.
Натальля Арлова @
Белы Лявон (01.04.1927, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага пав. Наваградзкага ваяводзтва (цяпер Стаўбцоўскі р-н Менскай вобл.)), выступаў супраць палітыкі русіфікацыі Беларусі; вязень ГУЛАГу. Пляменьнік Якуба Коласа.
Адукацыю атрымліваў пэрыядамі. Напачатку правучыўся 7 гадоў у польскай школе ў Мікалаеўшчыне. Пасьля пэўнага перапынку працягваў вучобу ў 1943-1944 у Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі. У 1944 вяртаецца ў родныя мясьціны. У 1947 скончыў сярэднюю школу ў Стоўбцах і ў 1948 паступіў на факультэт беларускай і расейскай мовы і літаратуры БДУ. У 1953-1956 навучаўся ў асьпірантуры па спэцыяльнасьці «Беларуская літаратура».
Тым часам у краіне шырока праводзілася палітыка русіфікацыі. Выказваючы сваё стаўленьне, Б. у 1957 напісаў верш у абарону беларускай мовы «Усе народы прагнуць сваёй волі, ўлады, песьні...», які ён пасьля размножыў пад капірку і разьвесіў іх у Менску разам са сваім братам Міхасём Белым на плоце ля Мэдычнага інстытуту і на дрэвах у парку імя Горкага.
Калі Б. трапіў у міліцыю, МГБ вылічыла аўтара ўлётак па почырку і пасьля некалькіх месяцаў сьледзтва адбыўся закрыты суд над абодвума братамі. Асуджаныя паводле арт. 67 (антысавецкая агітацыя і прапаганда). Б. атрымаў 10 гадоў паўзбаўленьня волі, ягоны брат - 7 гадоў.
Этапам Б. быў накіраваны ў лягер Явас на станцыі Поцьма Мардоўскай АССР. Пазьней тэрмін зьняволеньня быў скарочаны на 4 гады - Б. быў вызвалены ў 1963 і да выхаду на пэнсію ў 1992 працаваў бібліятэкарам у бібліятэцы № 10 Менску.
Б. так і не далі абараніць дысэртацыю. Б. друкаваў свае артыкулы па беларускай літаратуры і бібліятэкарскай справе ў «Чырвонай Змене», «Мінскай праўдзе», «Вечернем Минске», у кнізе свайго брата Сымона Белага «На бацькоўскай зямлі» (пад імём брата там апублікаваны артыкул «Да новага жыцьця»). Цяпер на пэнсіі, інвалід 1-й групы. У палітычным жыцьці ўдзелу не бярэ.
Кр.: 1. АМН. F-3.
Ірына Кашталян @
Белы Міхась (02.05.1931, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага пав. Наваградзкага ваяводзтва (цяпер Стабцоўскі р-н Менскай вобл.) - 18.08.1970, Стоўбцы), выступаў супраць палітыкі русіфікацыі Беларусі; вязень ГУЛАГу. Пляменьнік Якуба Коласа.
Да 1953 вучыўся ў школе Мікалаеўшчыны, а пасьля ў тым жа годзе паступіў у Інстытут народнай гаспадаркі ў Менску на гандлёва-эканамічны факультет (спэцыяльнасьць - бугальтар). Зьняволеньне не дало Б. магчымасьці скончыць апошні, чацьвёрты, курс і атрымаць дыплём.
У 1957 дапамог свайму брату Лявону Беламу распаўсюджваць улёткі ў абарону беларускай мовы (зьмест улёткі складаў верш Лявона Белага «Усе народы прагнуць сваёй волі, ўлады, песьні...»). Б. разьвесіў улёткі на сваім факультэце, а таксама на плоце ля Мэдычнага інстытуту.
Падчас аднаго са спатканьняў братоў у рэстарацыі, дзе яны знаходзіліся, завязалася бойка. У выніку Лявон і Міхась Белыя трапілі ў пастарунак. Пры іх быў знойдзены пачак улётак - справа пачала разгортвацца. На закрытым судовым працэсе браты Белыя былі прызнаныя віноўнымі паводле арт. 67 (антысавецкая агітацыя і прапаганда). Б. атрымаў тэрмін у 7 гадоў зьняволеньня, ягоны брат - 10 гадоў.
Этапам Б. быў накіраваны ў лягер Явас на станцыі Поцьма Мардоўскай АССР. Пасьля тэрмін быў скарочаны на 4 гады. Б. быў вызвалены ў 1961 і вярнуўся на Радзіму. Скончыў навучаньне і атрымаў дыплём. Працаваў бугальтарам у Новым Сьвержані і Стоўбцах.
Кр.: 1. АМН, F-3.
Ірына Кашталян @
Бембель Алег (псэўданімы: Зьніч, А.Зьніч; 16.12.1939, Менск), паэт, публіцыст, філёзаф; аўтар забароненых у БССР кнігаў, якія ў 1985-1988 выходзілі на Захадзе.
Пасьля заканчэньня сярэдняй і музычнай школаў у 1956 вучыўся на энэргетычным факультэце БПІ. З 1959 па 1963 - навучэнец Менскай музычнай вучэльні, а з 1963 па 1969 - студэнт Беларускай кансэрваторыі. Адначасова працаваў выкладчыкам у музычных школах.
У 1971-1974 - асьпірант Інстытуту філязофіі і права АН БССР, потым малодшы навуковы супрацоўнік таго ж інстытуту да 1983. Падрыхтаваў кандыдацкую дысэртацыю «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў мастацкай культуры», але яна была прызнаная «нацыяналістычнай», і абарона не адбылася.
З 1983 па 1984 Б. працуе на тэлебачаньні. У 1984 зноў вяртаецца на працу ў Акадэмію Навук. У 1985 Аляксей Каўка перапраўляе ў Лёндан манаграфію Б. «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс», дзе даваўся аналіз моўнае сытуацыі ў Беларусі. Пасьля выхаду кнігі ўлады распачынаюць перасьлед Б. Яго выключаюць з КПСС, пазбаўляюць статуса навуковага супрацоўніка, у 1987 ён вымушаны канчаткова пакінуць працу. З таго часу Б. - вольны літаратар, у 1988 за мяжою выходзяць дзьве кнігі паэзіі, у Беларусі ягоныя творы не друкуюцца.
У 1989 Б. актыўна супрацоўнічае з рэдакцыяй самвыдавецкай «Праваслаўнай думкі», дзе ўпершыню на Радзіме выдаецца ягоны зборнік «Малітвы за Беларусь» (як літаратурны дадатак да газэты). Сябра СП Беларусі з 1989. З 1991 супрацоўнік Нацыянальнага Навукова-Асьветнага Цэнтру імя Францішка Скарыны.
З 08.07.1996 - паслушнік Жыровіцкага праваслаўнага манастыра.
Тв.: 1. Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс. - Лёндан, 1985; 2. Рэха малітвы: Вершы. - Ню Ёрк, 1988; 3. Саната ростані: Вершы. - Бепасток, 1988; 4. Малітвы за Беларусь. Першы зборнік на Радзіме. - Менск, 1989.
Інтэрвію: 5. Інтэрвію з Алегам Бембелем. «Безь мяне нічога ня зробіце...» // Студэнцкая думка. 1989, № 3. С. 7-12; 6. «Трэба часьцей бываць у абіцелі...» (інтэрвію брала Марына Коктыш) // Народная Воля. 29.05.1998.
Ларыса Андросік @
Бічэль-Загнетава Данута (03.12.1937, в. Біскупцы Лідзкага пав. Наваградзкага ваяводзтва (цяпер Лідзкі р-н Гарадзенскай вобл.)), паэтка, грамадзкая дзяячка.
Скончыла пэдагагічную вучэльню ў Наваградку, у 1962 скончыла аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры гісторыка-філялягічнага факультэту Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры гарадзенскай школы працоўнае моладзі. З 1982 - старшы навуковы супрацоўнік Гарадзенскага абласнога гісторыка-археалягічнага музэю. З 1982 зьбірае матэрыялы, якія тычацца жыцьця і творчасьці Максіма Багдановіча. Праз руплівасьць Б.-З. у 1986 адкрытая музэйная экспазыцыя «Дом Максіма Багдановіча», дзе Б.-З. працуе дырэктаркай (да 1998).
Вядомая ў Горадні й краіне грамадзкая дзяячка. Адна з арганізатараў і актыўных удзельнікаў суполкі Максіма Багдановіча, зь верасьня 1988 - у БНФ. Брала ўдзел у мітынгах, якія праходзілі ў Горадні. Каардынавала дзейнасьць рэгіянальных суполак у Гарадзенскай вобл. Была адным зь ініцыятараў выпуску самвыдавецкай газэты «Рэанімова».
Уваходзіла ў групу падтрымкі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР М.Ткачова ў 1990. Перад выбарамі ў горадзе зьявіліся ўлёткі, на якіх быў зьмешчаны фотаздымак з часопісу «Политический собеседник» (да 1989 - «Коммунист Белоруссии») з надпісам «Яна сярод тых, чые рукі ў крыві нявіннага беларускага народа...». Як сьцвярджае Б.-З., гэтай акцыяй ёй «стваралі імідж дурной (псыхаватай) вясковай паэткі».
Цяпер займаецца грамадзкай, літаратурнай, асьветніцкай дзейнасьцю.
Сяргей Сахараў @
Бяляцкі Алесь (25.09.1962, в. Вяртсіля, Сартавальскі р-н, Карэльская АССР, РСФСР), грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца, крытык, актыўны ўдзельнік незалежнага выдавецкага руху 1980-1990-х.
Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Гомельскім унівэрсытэце (1979-1984). З 1981 зьвязаны зь беларускім моладзевым рухам. У 1982 уступіў у «Майстроўню», браў удзел у стварэньні, друку і распаўсюджваньні незалежніцкага самвыдавецкага часопісу «Бурачок». Адзін са стваральнікаў Таварыства Маладых Літаратараў «Тутэйшыя» (1986-1989), старшыня «Тутэйшых»; адзін з стваральнікаў «Мартыралёгу Беларусі», сябра Арганізацыйнага камітэту БНФ «Адраджэньне», адзін з заснавальнікаў Беларускай Каталіцкай Грамады (1990). Быў адным з заяўляльнікаў «Дзядоў-87», заяўляльнік «Дзядоў-88».
Друкаваўся ў самвыдавецкіх часопісах «Бурачок», «Вера», у газэце «Грунвальд». Рэдагаваў з удзелам Сяргея Дубаўца № 1 і № 2 часопіса Таварыства Маладых Літаратараў «Тутэйшыя» «Кантроль» (1988-1989). Рэдагаваў часопіс «Вера» (1988).
За актыўную дзейнасьць у «Тутэйшых» некалькі разоў Б. «разьбіраўся» на агульным сходзе Інстытуту літаратуры АН БССР, дзе ў той час быў асьпірантам. За арганізацыю і ўдзел у акцыі «Дзяды-88» затрыманы і пакараны адміністрацыйным штрафам. З 1987 - пад пільным наглядам КГБ.
У 1992-1996 - дэпутат Менскага гарадзкога савету. Да 1998 - дырэктар музэя Максіма Багдановіча. З 1997 кіруе праваабарончым Цэнтрам «Вясна-96», рэдактар бюлетэню «Права на Волю» (выходзіць са студзеня 1998).
Сяргей Сахараў @
Вакулоўская Лідзія (20.02.1926, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна - 28.08.1991), празаік, сцэнарыст, у другой палове 1960-х перасьледавалася і трапляла пад цэнзурныя рэпрэсіі.
У 1945 скончыла сярэднюю школу, пасьля паступіла ў Кіеўскую школу кінаактораў, пасьля закрыцьця школы (1948) перавялася на расейскае аддзяленьне акторскага факультэту Кіеўскага тэатральнага інстытуту. Па заканчэньні атрымала накіраваньне ў Адэскі тэатар расейскай драмы (1952). У 1954 пераехала на Чукотку, з гэтага часу пачала выступаць у друку, працавала ў рэдакцыі газэты «Заря Севера», потым у Калінінградзе ў газэце «Калининградская правда». У 1963 па сцэнары В. пастаўленая камэдыя «Лушка» на Кіеўскай кінастудыі.
Сябра СП СССР з 1963, у беларускай пісьменьніцкай арганізацыі з 1965.
У сувязі зь пераводам мужа Сяргея Вінаградава на новую работу ў 1965 апынулася ў Менску, перайшла на творчую працу. У Беларусі пачала друкавацца з 1966 у часопісе «Нёман»: апавяданьні «В пургу» (1966), «Таюнэ» (1967). На кінастудыі «Беларусьфільм» выйшаў фільм «Саша-Сашачка» (1966) паводле сцэнару В.
На кватэры В. рэгулярна зьбіралася вольнадумная інтэлігенцыя Менску. Як высьветлілася пазьней, у гэты своеасаблівы клюб пранік агент КГБ Зоя Б.
З 1967 В. перасьледуецца з боку КГБ і трапляе пад цэнзурныя рэпрэсіі, раскручваецца «справа Вакулоўскай». Пісьменьніцу абвінавачваюць у спробах перадаць на Захад для публікацыі свае творы, распаўсюджваньні забароненай літаратуры, закліках да тэрору і антысавецкай прапагандзе. Пётар Машэраў, выступаючы на партактыве, з гэтай нагоды заявіў, што «кампэтэнтныя органы ўскрылі антысавецкі нарыў», што з «асобамі, якія рэгулярна наведвалі кватэру сябры Саюзу пісьменьнікаў Л.Вакулоўскай, дзе сыстэматычна наладжваліся п'янкі ды вяліся злобныя антысавецкія размовы», пачалі праводзіцца прафіляктычныя размовы [2:91]. З лістападу 1997 сябры і калегі В. (у тым ліку - Валянцін Тарас) таксама дапытваюцца ў КГБ і доўгі час перасьледуюцца.
У 1988 В. піша кнігу пра сталінскія рэпрэсіі «Вольфрам - металл твёрдый».
Літ.: 1. Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 1. - Менск, 1992. С. 500-501; 2. Тарас В. На острове воспоминаний // Нёман. 1998, № 5. С. 83-95.
Ларыса Андросік @
Віньнікаў Г., сябра Партыі Свабоды Рускага Народа (ПСРН), палітычны вязень.
Працаваў прадаўцом на мясакамбінаце. Паводле ягоных уласных словаў горача падтрымаў ідэю стварэньня партыі, да якой 02.11.1956 яму прапанавалі далучыцца М.Грачуха і Ф.Казлоўскі: «Грачуха і Казлоўскі мяне не ўцягнулі ў гэтую арганізацыю. Я б знайшоў іх сам, бо быў падрыхтаваны да ўступленьня ў такую партыю» [3]. Менавіта Г.Віньнікаў на падпітку распавёў староньнім пра існаваньне ПСРН. Спахапіўшыся, ён папярэдзіў Грачуху, Казлоўскага і Яткіна, але было ўжо позна.
За ўдзел у ПСРН Судовай калегіяй па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда 16.09.1957 асуджаны на 5 гадоў турмы.
Далейшы лёс невядомы.
Кр.: 1. Архіў УКГБ па Гомельскай вобл. Сьледчая справа № 175.
Бібл.: 2. А.Градзіцкі Першы вопыт іншадумства: «Гомельскія дысыдэнты» 50-х гг. / Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. Гомель, 1996. С. 158-161; 3. А.Градзіцкі. Гомельскія дысыдэнты 50-х гг. // Навіны Палесься (Гомель). 29.04.1998. С. 4.
Алег Гардзіенка @
Вітушка Сяргей (Сяржук Дзінь-Дзілевіч; 1965, мяст. Чысьць Маладэчанскага р-ну Менскай вобл.), адзін зь лідараў беларускага дэмакратычнага руху моладзі напрыканцы 1980-х.
Скончыў у Менску прафэсыйна-тэхнічную вучэльню № 68, пасьля працаваў рабочым на вытворчым аб'яднаньні «Інтэграл». У 1989 скончыў гістарычны факультэт БДУ.
З 1986 - актывіст клюбу «Талака», з 1987 - нязьменны старшыня клюбу «Талака», каардынатар Канфэдэрацыі беларускіх суполак. З 1988 - у БНФ. Стала займаўся каардынацыяй і арганізацыяй моладзевага руху, кіраваў правядзеньнем шматлікіх акцыяў, у прыватнасьці - мітынгам на Верхнім горадзе ў Менску зімою 1987 супраць будаўніцтва мэтрапалітэна пад гістарычным цэнтрам гораду, Вальным Соймам беларускіх суполак зімою 1988, экалягічных маршаў па Прыпяці і Дзьвіне. Як кіраўнік клюбу «Талака», рэгулярна ладзіў масавыя мерапрыемствы, найперш - фальклёрныя моладзевыя сьвяты (Купальле, Каляды, Гуканьне Вясны), талокі наТраецкім прадмесьці, Верхнім горадзе ў Менску. Уваходзіў у ініцыятыўную групу Аргкамітэту БНФ, браў удзел у Першым зьездзе БНФ у Вільні.
Актор самадзейнага тэатру «Золак»; найбольш значная роля - Васіль Вецер («Маці ўрагану» паводле п'есы Ў.Караткевіча). Аўтар шэрагу публікацыяў па праблемах моладзевага руху, аховы помнікаў краязнаўства («Мастацтва Беларусі», «ЛіМ», «Голас Радзімы», «Чырвоная Змена», «Навіны БНФ», «Брук»).
Знаходзіўся пад адміністратыўнымі пакараньнямі, тэндэнцыйна крытыкаваўся ў камуністычным друку («Политический собеседник», «Вечерний Минск», «Советская Белоруссия», «Звязда») за палітычную й культурніцкую дзейнасьць.
З 1991 стала жыве ў Вільні, працуе настаўнікам у беларускай гімназіі (СШ № 64).
Літ.: 1. Ул.Гойтан. Чаго хочуць «талакоўцы»? // Звязда. 17.08.1988; 2. Чаго хочуць «талакоўцы»? Рэха публікацыі // Звязда. 23.08.1988; 3. Т.Бумажкова. Запевалы закулисного хора // Вечерний Минск. 16.03.1990; 4. С.Вітушка, З.Позняк, Ю.Ходыко. Возвращаясь к напечатанному «Запевалы закулисного хора» // Вечерний Минск. 23.08.1990; 5. Б.Залесский, М.Ильюшенко. Позиция или поза? // Вечерний Минск. 05.04.1988; 6. Эволюция политического невежества (Н.Дорожкин, А.Барданов, А.Филимонов, Д.Жмуровский, К.Доморад) // Вечерний Минск. 21.10.1988.
Сяргей Харэўскі @
Вячорка Вінцук (псэўданімы: В.Берасьць, Мікола Сьцьвіскі, В.Б., В.Мяцеліца; 07.07.1961, Берасьце), вядомы беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, філёляг, выкладчык, журналіст. Ініцыятар многіх грамадзкіх ініцыятываў у канцы 1970-х - першай палове 1980-х; у 1988 стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» (БНФ).
У 1983 скончыў філялягічны факультэт БДУ, у 1986 - асьпірантуру пры інстытуце мовазнаўства Акадэміі Навук. З 1990 выкладаў у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце (цяпер Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт). З 1990 працуе выкладчыкам у Беларускім гуманітарным ліцэі;таксама з 1990 працуе ў гістарычным часопісе «Спадчына», цяпер - намесьнік галоўнага рэдактара. Тэматыка асноўных дасьледаваньняў В. - спроба сучаснай нармалізацыі беларускага правапісу [2].
У 1979 стаўся адным з заснавальнікаў «Майстроўні», якая дзейнічала да 1984. У 1979-1985 уваходзіў у выдавецкую суполку, якая падпісвалася калектыўным псэўданімам «Беларуская Талеранцыйная Грамада». У 1985 - адзін з заснавальнікаў Клюбу імя Ў.Караткевіча. У 1986-1989 у «Талацэ». У 1986-1990 уваходзіў у групу «Незалежнасьць». У 1988-1989 у Канфэдэрацыі Беларускіх Моладзевых Суполак. Зь першых дзён (ад утварэньня Аргкамітэту ў 1988) - у БНФ. Адзін з аўтараў тэксту праграмы БНФ.
З 1995 кіруе Цэнтрам «Супольнасьць». У 1999 абраны старшынём Рабочай групы Асамблеі Дэмакратычных Няўрадавых Арганізацыяў Беларусі.
З 1980 кантактуе з дэмакратычнымі асяродкамі Ўкраіны, з 1987 - з дэмакратычнымі сіламі Летувы [1].
У 1980 разам з С.Дубаўцом і С.Сокалавым выдаваў пазацэнзурны літаратурны і палітычны часопіс «Люстра дзён» (выйшла 4 нумары), які падпісваўся калектыўным псэўданімам «Беларуская Талеранцыйная Грамада»; большасьць тэкстаў рыхтаў В. [3:30]. У 1986-1987 разам з С.Дубаўцом і А.Бяляцкім выдаваў самвыдавецкі часопіс «Бурачок», які выклікаў пільную ўвагу КГБ [3:23-25]. З 1990 па 1993 уваходзіў у склад рэдакцыі «Навінаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» [3:98-99]. Рэгулярна друкаваўся ў газэце «Свабода».
В. адчуваў на сабе прэсінг з боку недэмакратычных уладаў Беларусі. 13.06.1984 быў затрыманы за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць зносу будынка тэатру 19 ст. у Менску (каля кансэрваторыі). Раніцай 27.04.1996 пасьля «Чарнобыльскага шляху» быў затрыманы ў двары свайго дому. В. у знак пратэсту абвясьціў галадоўку і быў выпушчаны праз чатыры дні пад падпіску аб нявыезьдзе [4:134]. У сувязі з падзеямі 25.03.1996 супраць яго была пачатая крымінальная справа, якая працягнулася ажно да 1998. В. абвінавачвалі ва «ўціску работнікаў міліцыі». У 1997 быў на суткі затрыманы за ўдзел ў антыінтэграцыйнай акцыі (02.04.1997) і аштрафаваны.
Для В. заўсёды «ідэал незалежнай і некамуністычнай Беларусі быў адным цэлым» [6:202].
Кр.: 1. ANH, F-3.
Тв.: 2. Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. 1995, № 5. С. 247-288; 3. Пра герб і сьцяг. - Менск, 1993.
Літ.: 4. Менская вясна 1996. Кроніка, дакумэнты, сьведчаньні. - Менск, 1996; 5. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990). Каталёг. - Менск, 1998; 6. Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991.
Ірына Кашталян, Алег Дзярновіч @
Геніюш Ларыса (дзявочае прозьвішча - Міклашэвіч; 27.07.(09.08.)1910, маёнтак Жлобаўцы каля в. Воўпа Гарадзенскага пав. Гарадзенскай губ. (цяпер Гарадзенскі р-н) - 07.04.1983, мяст. Зэльва Гарадзенскай вобл.), вядомая беларуская паэтка, маральны лідэр незалежнага беларускага грамадзтва.
Нарадзілася ў шматдзетнай сям'і землеўласьніка сялянскага паходжаньня. Скончыла Ваўкавыскую гімназію (1928). Узяла шлюб зь Янкам Геніюшам - студэнтам мэдыцыны ў Празе (Чэхія) і пераехала туды.
Пасьля таго, як Чырвоная Армія заняла Заходнюю Беларусь, у 1939 быў арыштаваны бацька Ларысы. Пасьля нядоўгага зьняволеньня ў гарадзенскай турме ён быў расстраляны. Маці Ларысы і яе дзьве сястры былі высланыя ў Казахстан.
З 1937 па 1948 Г. жыла ў Празе. Там яна наладзіла стасункі з нацыянальна-дэмакратычнай беларускай эміграцыяй, брала ўдзел у працы Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) на эміграцыі. У сакавіку 1943 Г. стала Генэральным сакратаром і займалася захаваньнем ды ўпарадкаваньнем архіву БНР, пераправіла найбольш каштоўную частку архіву ў бясьпечнае месца. Яна таксама апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі, беларускімі работнікамі і ваеннапалоннымі ў Нямеччыне, была знаёмая з многімі ўдзельнікамі беларускага адраджэнскага і нацыянальна-вызвольнага руху - В.Захаркам, К.Езавітавым, В.Русаком, С.Грынкевічам, А.Клімовічам, Я.Найдзюком, зь пісьменьнікамі і артыстамі - Н.Арсеньневай, М.Сяднёвым, М.Забэйдам-Суміцкім і інш.
Трагічна склаўся лёс усіх сямейнікаў паэткі. У 1945 у Казахстане ад голаду памерлі маці і дзьве сястры; адзін брат з высылкі трапіў у армію Андэрса і загінуў пры вызваленьні Італіі; другі брат загінуў як жаўнер польскага войска ў Нямеччыне.
05.03.1948 Г. арыштаваная з мужам у Вімпэрку (Чэхія); 12 жніўня іх перадалі савецкім уладам і яны знаходзіліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 - у турме ў Менску, дзе Г. дапытваў вядомы сваёй жорсткасьцю міністар Дзяржбясьпекі БССР Цанава. Савецкія ўлады беспасьпяхова патрабавалі ад Г. перадаць ім архівы БНР. У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Г. да 25 гадоў зьняволеньня ў лягерах. Разам зь ёю і на такі ж тэрмін быў асуджаны Янка Геніюш. Пакараньне адбывала ў лягерах Інты і Абезі (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР, дзе вяла асьветную працу сярод палітзьняволеных беларусаў; усталявала кантакты з прадстаўнікамі ўкраінскага і польскага дэмакратычнага і вызвольнага руху
У 1956 Г. разам з мужам часткова рэабілітаваныя, тэрмін пакараньня зьменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Геніюшы цалкам не рэабілітаваныя і да цяперашняга часу. Пасьля вызваленьня пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве. Пасьля вызваленьня і да апошніх дзён свайго жыцьця Г. засталася перакананай антыфашысткай і антыкамуністкай, нязломнай беларускай патрыёткай, вернай незалежніцкім ідэалам БНР, яна прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Геніюшам перашкаджалі сустракацца з сынам Юркам (пасьля арышту бацькоў у 1948 ён застаўся на волі, пераехаў у Польшчу, дзе жыў у Беластоку да сваёй сьмерці ў 1985; быў вядомы як доктар і літаратар). Г. брала актыўны ўдзел у жыцьці царкоўнай абшчыны мястэчка - гэта быў час, калі царква знаходзілася пад шалёным прэсінгам з боку савецкіх уладаў.
Дом Геніюшаў у Зэльве стаўся прыцягальным асяродкам для патрыятычнай творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КГБ, тут бывалі частымі гасьцямі паэты і пісьменьнікі, мастакі, навукоўцы, моладзь. Г. была сымбалем непарыўнасьці беларускай традыцыі дэмакратызму і незалежнасьці; яе слова шмат значыла для людзей, якія не прымалі таталітарнага рэжыму. У Г. шукалі парады і маральнай падтрымкі, вакол яе аб'ядналіся многія былыя палітзьняволеныя Беларусі.
Яшчэ ў гімназіі Г. пачала пісаць вершы, а друкавацца з 1939 - у беларускіх пэрыядычных выданьнях «Раніца», «Беларускі работнік», «Новы шлях» і інш. У 1942 у Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў». Пісала вершы і ў зьняволеньні.
Пасьля вызваленьня Г. яе творчасьць 10 гадоў была забароненая. У 1967 пры спрыяньні вядомага беларускага паэта Максіма Танка надрукаваны свой першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». А далей Г. дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменьніцы (надрукаваныя 2 кніжкі вершаў для дзяцей). Ужо пасьля заняпаду таталітарызму пасьмяротна былі выдадзеныя найбольш поўныя і найбольш значныя зборнікі яе твораў.
Пасьмяротна апублікаваныя зборнік паэтычнай спадчыны і кніга ўспамінаў «Споведзь». Ва ўспамінах адлюстравалася драматычная рэчаіснасьць Заходняй Беларусі ў складзе польскае дзяржавы, шматграннае жыцьцё беларускай эміграцыі ў Празе, нацыянальна-вызвольны рух, лёс заснавальнікаў БНР і іх пераемнікаў, падзеі ваеннага часу ў Цэнтральнай Эўропе і ў Беларусі. Асаблівае месца ва ўспамінах займаюць гады, праведзеныя ў камуністычных турмах і канцлягерах, трагічныя лёсы паэткі, яе сям'і, сулягернікаў - пераважна ўдзельнікаў беларускага, украінскага, польскага антыбальшавіцкага супраціву.
Паэтычнай творчасьці Г. характэрныя лірызм, глыбокая народнасьцьі гуманізм, філязофскае асэнсаваньне жыцьця, моцныя хрысьціянскія і нацыянальна-патрыятычныя матывы. Прыкметнае месца займае гістарычная тэматыка. Шэраг вершаў прысьвечаныя выдатным сучасьнікам, дзейнасьць і творчасьць якіх стала зьявай айчыннае гісторыі - Міхасю Забэйду-Суміцкаму, Максіму Танку, Уладзіміру Караткевічу, Зянону Пазьняку і інш. І цяпер Г. застаецца адной з самых папулярных беларускіх паэтак.
Пасьля сьмерці Г. у 1983 на яе магіле пастаўлены помнік коштам ахвяраваньняў з краю і замежжа. Традыцыйна ў дзень нараджэньня Г. ля яе магілы прадстаўнікі дэмакратычнага беларускага грамадзтва ладзяць памятныя акцыі.
Тв.: 1. Ад родных ніў. - Прага, 1942; 2. Невадам з Нёмана. - Менск, 1967; 3. Казкі для Міхаські. - Менск, 1972; 4. Добрай раніцы, Алесь. - Менск, 1976; 5. На чабары настоена. Лірыка. - Менск, 1982; 6. Белы сон: Вершы і паэмы. - Менск, 1990; 7. Споведзь. - Менск, 1993; 8. Выбраныя вершы. - Менск, 1997.
Літ.: 9. Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988, № 4; 10. Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988, № 10; 11. Марціновіч А. «Ты мой боль сьвяты, Беларусь мая...» // Роднае слова. 1992, № 3.
Міхась Чарняўскі @
Гермянчук Ігар (псэўданімы: Пятро Панкратовіч, Мікола Грынявіцкі; 01.01.1961, в. Стракавічы Сьветлагорскага р-ну Гомельскай вобл.), журналіст, удзельнік беларускага незалежніцкага руху, галоўны рэдактар газэты «Свабода» (1991-1999).
Г. па сканчэньні Сьветлагорскай сярэдняй школы ў 1977 паступае на факультэт журналістыкі БДУ, дзе навучаецца, за выняткам перапынку, зьвязаным са службай у войску (1979-1981), да 1984. Па заканчэньні ўнівэрсытэта працаваў карэспандэнтам газэты «Голас Радзімы», а з 1987 - уласным карэспандэнтам Інфармацыйнага агенцтва «Навіны» па Беларусі.
Яшчэ ва ўнівэрсытэце Г. разам са сваімі аднадумцамі паўсюль, дзе гэта было магчымым, падкрэсьлівалі сваю беларускасьць, прынцыпова здавалі іспыты на беларускай мове, што выклікала неразуменьне некаторых выкладчыкаў. Пачаткам сваёй апазыцыйнай дзейнасьці лічыць 1979, калі ён разам зь Сяргеем Дубаўцом, Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Запрудзкім вырашылі выдаваць падпольны часопіс «Вястун», выданьне якога не ажыцьцявілася з-за тэхнічных прычынаў.
У 1981 (пасьля вяртаньня з войска) Г. далучаецца да Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні, бярэ ўдзел у фальклёрных сьвятах, што ладзіла «Майстроўня», а таксама ў пастаноўцы народнай драмы «Цар Максімілян».
Аднак пачатак сур'ёзнай дзейнасьці Г. адносіць да выбраньня яго дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і далучэньнем да фракцыі БНФ у парлямэнце. Г. разам зь іншымі дэпутатамі ад апазыцыі ў парлямэнце працаваў над папраўкамі да праекту Дэклярацыі пра сувэрэнітэт Беларусі. З красавіка 1991 - галоўны рэдактар газэты «Свабода». За часам ягонага рэдактарства «Свабода» стала найбуйнейшым апазыцыйным выданьнем у Беларусі.
12.04.1995 разам зь іншымі дэпутатамі апазыцыі БНФ абвясьціў галадоўку ў знак пратэсту супраць ініцыяванага А.Лукашэнкам рэфэрэндуму (па пытаньнях сымболікі і дзяржаўнай мовы). Сваёй галадоўкай проста ў залі паседжаньняў дэпутаты зрабілі вялікае ўражаньне на астатнюю частку дэпутатаў ВС РБ. Тады пытаньні рэфэрэндуму не былі зацьверджаныя (не хапіла галасоў), разгляд быў адкладзены на наступны дзень. А.Лукашэнка зразумеў, што галадоўка дэпутатаў сарве ініцыяваны ім рэфэрэндум. У ноч на 13.04.1995 дэпутаты былі выкінутыя з залі паседжаньняў і жортка зьбітыя АМОНам і спэцназам.
Супраць Г. як галоўнага рэдактара «Свабоды» Генэральная пракуратура чатыры разы ўзбуджала крымінальныя справы за публікацыю антыпрэзыдэнцкіх артыкулаў. З мэтай аказаньня ціску на галоўнага рэдактара «Свабоды» невядомыя зрабілі прыцэльны стрэл па вокнах дому, дзе пражываў Г.
24.11.1997 газэта «Свабода» за неаднаразовую публікацыю антыпрэзыдэнцкіх артыкулаў была забароненая. Адрадзілася яна ў студзені 1998 пад назвай «Навіны». Але ў той час, калі для масавага чытача газэты не існавала, яна выходзіла ў Інтэрнэце. У студзені 1999 у канфліктнай сытуацыі з выдаўцом газэты Паўлам Жуком Г. пакінуў пасаду галоўнага рэдактара «Навінаў» і заснаваў грамадзка-палітычны часопіс «Кур'ер».
У 1996 Беларускі ПЭН-Цэнтар прысудзіў Г. прэмію «За высокі прафэсіяналізм у барацьбе супраць аўтарытарнай дыктатуры ў Беларусі».
Кр.: 1. ANH. F-3.
Алег Гардзіенка @
Грачуха М., сябра Партыі Свабоды Рускага Народа (ПСРН), палітычны вязень.
М.Г. працаваў памочнікам санітарнага лекара абласной эпідэмстанцыі. Менавіта ён і Ф.Казлоўскі 02.11.1956 прынялі рашэньне пра стварэньне партыі. Адстойваў прынцыпы настойлівай і карпатлівай працы па прыцягненьні ў партыю новых сябраў. Арыштаваны 09.02.1957. За ўдзел у ПСРН судовай калегіяй па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда 16.09.1957 асуджаны на 10 гадоў турмы.
Далейшы лёс невядомы.
Кр.: 1. Архіў УКГБ па Гомельскай вобл. Сьледчая справа № 175.
Бібл.: 2. А.Градзіцкі Першы вопыт іншадумства: «Гомельскія дысыдэнты» 50-х гг. / Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. - Гомель 1996. С. 158-161; 3. А.Градзіцкі. Гомельскія дысыдэнты 50-х гг. // Навіны Палесься (Гомель). 29.04.1998. С. 4.
Алег Гардзіенка @
Гуркоў Алесь (11.08.1965 Менск), адзін з актыўных удзельнікаў незалежнага выдавецкага і моладзевага рухаў у другой палове 1980-х.
Арганізатар і кіраўнік нефармальнае моладзевае суполкі «Сьвітанак» Беларускага тэхналягічнага інстытуту, выдавец і рэдактар газэты «Студэнцкая думка» (1988-1989), адзін з заснавальнікаў і выдаўцоў газэты «Свабода» (1990). Браў актыўны ўдзел у акцыях беларускага моладзевага руху, арганізацыі «Мартыралёг Беларусі» і БНФ «Адраджэньне», дапамагаў іншым суполкам наладзіць выпуск самвыдату. Сябра БНФ ад 1988. Падчас вучобы быў пад спагнаньнямі з боку адміністрацыі інстытуту, выклікаўся ў пракуратуру для «субяседваньня». Пасьля 1991 адышоў ад палітычнай дзейнасьці.
Ларыса Андросік @
Данілаў Віктар (20.07.1927, Яраслаўль, Расея), рэлігійны дысыдэнт, з 1976 - сьвятар грэка-каталіцкай царквы ў падпольлі; вязень ГУЛАГу ў 1948-1955.
Сваю грамадзкую дзейнасьць Д. пачаў чалавекам камуністычных поглядаў, быў кандыдатам у сябры КПСС. У 1947 у сваім родным Яраслаўлі Д. паступіў у Пэдагагічны інстытут, а ў чэрвені 1948, студэнтам 1-га курсу, ён быў арыштаваны за свае крытычныя выказваньні пра Сталіна і быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. Д. узгадвае пра свае думкі напярэдадні арышту: «..лічыў, што рыба гніе з галавы, я стаў марыць пра вяртаньне партыі да ленінскага мінулага. Тады я стаў крытыкам рэжыму зьлева - як мне тады здавалася, з пазыцыяў ленінізму» [2:16]. Д. быў асуджаны паводле артыкулаў 58-10 і 58-11 КК РСФСР на 10 гадоў лягероў [1]. Тэрмін адбываў у лягеры для асабліва небясьпечных палітычных злачынцаў у Інце, Комі АССР. За падрыхтоўку ўцёкаў атрымаў лягерную судзімасьць тэрмінам у 10 гадоў.
За час знаходжаньня ў лягеры Д. пераасэнсаваў свае пазыцыі, адмовіўся ад таталітарнага калектывізму і марксізму ўвогуле, адмовіўся таксама ад атэізму. Шмат у чым гэтаму паспрыялі кантакты зь іншымі людзьмі, зьняволенымі ў лягеры паводле палітычных абвінавачаньняў. У лягеры ж Д. прымае каталіцкае веравызнаньне ў каталіцкага сьвятара, чаму папярэднічалі доўгія развагі былога атэіста. У 1955 Д. быў вызвалены зь лягера па амністыі і ў далейшым займаўся ў падпольлі місіянэрскай дзейнасьцю на карысьць Каталіцкай Царквы.
Па вяртаньні зь лягера Д. са сьнежня 1955 узнавіў вучобу на гістарычным факультэце Яраслаўскага пэдагагічнага інстытуту. Аднак па заканчэньні ў дыплёме яму адмовілі па той прычыне, што Д. быў актыўным каталіком, пра што адміністрацыі інстытуту стала вядома з даносу. Толькі настойлівасьць Д., ягоныя афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамі пра рэлігійную дыскрымінацыю дазволілі ва ўмовах палітычнай лібэралізацыі - «адлігі» часоў Мікіты Хрушчова, адстаяць свае правы і атрымаць дыплём аб атрыманьні вышэйшай адукацыі. Але ўладкавацца па спэцыяльнасьці ён усё адно ня змог, і з 1959 працаваў электрамантажнікам. У 1960 Д. пераязжае ў больш лібэральныя рэгіёны савецкае імпэрыі - спачатку ў Вільню, а ў 1967 - у Горадню. Але і ў гэтых гарадах Д. пастаянна знаходзіўся пад наглядам КГБ - яго шматразова выклікалі на допыты ў КДБ, двойчы адбываліся ператрусы ў ягоным доме «на прадмет канфіскацыі рэлігійнай літаратуры», не дапускаўся да абароны навуковай дысэртацыі, да росту на працы, дыскрымінаваўся ў павышэньні заробку - так савецкія ўлады ацэньвалі місіянэрскую дзейнасьць В.Д.
Актыўнасьць Д. у хрысьціянскай асьвеце была заўважаная і ў колах Каталіцкай Царквы - у пачатку 1970-х Д. атрымаў прапанову вучыцца на сьвятара грэка-каталіцкага абраду. У 1976 у Львове Д. быў тайна пасьвечаны ў сьвятары мітрапалітам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладзімірам Сьцернюком. Д. вярнуўся ў Горадню і пачаў сваё сьвятарскае служэньне ва ўмовах падпольля. Трэба адзначыць, што акрамя існаваньня ў СССР заканадаўчых абмежаваньняў на рэлігійную дзейнасьць, Грэка-Каталіцкая Царква была ўвогуле па-за законам - юрыдычна яе не існавала.
Да Д. па дапамогу зьвярталіся грэка-каталікі з усёй Беларусі і з другіх частак савецкае імпэрыі. Час ад часу ён выяжджаў у іншыя рэгіёны СССР, аж да Сібіры і Каўказа. Д. падтрымліваў кантакты з рэлігійнай апазыцыяй камуністычнаму рэжыму ў Расеі, Украіне, Летуве, Латвіі, Польшчы. Цесныя адносіны ў яго склаліся з праваслаўнымі сьвятарамі ў Расеі - Дзімітрыем Дудко і Аляксандрам Менем. Д. пісаў рэлігійныя працы для самвыдату.
З распадам СССР і ўзнаўленьнем незалежнасьці Беларусі Грэка-Каталіцкая Царква была легалізаваная, з 1992 Д. - ігумен грэка-каталіцкага парафіі ў Горадні.
Кр.: 1. АМН, F-3 (Віктар Данілаў).
Літ.: 2. Данилов В. Мой путь к Богу и к Католической Церкви. - Полоцк, 1997.
Алег Дзярновіч @
Дзехцяроў М., сябра Партыі Свабоды Рускага Народа (ПСРН), палітычны вязень.
Працаваў электраманцёрам Гомельскай ЦЭС. Ён наладзіў кантакты ПСРН з гравёрам А.Яткіным. За ўдзел у ПСРН Судовай калегіяй па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда 16.09.1957 асуджаны на 1 год пазбаўленьня волі.
Далейшы лёс невядомы.
Кр.: 1. Архіў УКГБ па Гомельскай вобл. Сьледчая справа № 175.
Бібл.: 2. А.Градзіцкі. Першы вопыт іншадумства: «Гомельскія дысыдэнты» 50-х гг. / Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. - Гомель 1996. С. 158-161; 3. А.Градзіцкі. Гомельскія дысыдэнты 50-х гг.// Навіны Палесься (Гомель). 29.04.1998. С. 4.
Алег Гардзіенка @
Дзядзюля Павал (25.02.1936, в. Маркаўшчына Лагойскага р-ну Менскай вобл.), па абвінавачаньні ў сувязях з прадстаўнікамі «Акадэмічнага асяродку» ў канцы 1974 звольнены з пасады старшага выкладчыка Інстытута замежных моваў. Затым каля году ня мог уладкавацца на працу па спэцыяльнасці.
Міхась Чарняўскі @
Доўбік Аляксандар (псэўданім Садоўнік; 06.07.1921, хутар Сеньніца Слуцкага р-ну Бабруйскай акругі (цяпер Слуцкі р-н Менскай вобл.)), цяпер жыве ў мястэчку Ўша Карэліцкага р-ну Горадзенскай вобл. - у сваіх зваротах да міжнароднай грамадзкасьці крытыкаваў парушэньні з боку савецкага кіраўніцтва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека; палітычны вязень.
У 1940 Д. скончыў курсы падрыхтоўкі настаўнікаў для няпоўных СШ пры Карагандзінскім пэдагагічным інстытуце, пасьля чаго ў верасьні 1940 быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, дзе знаходзіўся да сьнежня 1945. Па вайне пайшоў на сталую працу настаўніка. З 1946 па 1947 Д. настаўнічаў у Жухавіцкай няпоўнай СШ Мірскага р-ну Гарадзенскай вобл. З 1947 ён быў настаўнікам Мядзьвянскай няпоўнай СШ Мірскага р-ну, пасьля чаго ў 1954 патрапіў на працу ў Радуньскай няпоўнай СШ Карэліцкага р-ну. У 1950 Д. завочна скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут.
Для Д. былі відавочнымі разыходжаньні паміж прынцыпамі, якія дэкляравала кіраўніцтва СССР ды рэальнай практыкаю ў галіне правоў чалавека. Асабліва, паводле ягонага меркаваньня, гэта выяўлялася ў падпісаніі СССР у 1948 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і адначасовым парушэньні гэтай Дэклярацыі. Д. меркаваў, што існуюць міжнародныя інструмэнты ўплыву на ўнутранную палітыку ў СССР. Гэта падштурхнула Д. у 1958 праз амбасады ў Маскве накіраваць адмысловы ліст да кіраўнікоў шэрагу ўплывовых краінаў сьвету: прэзыдэнту ЗША - Эйзэнгаўэру, прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі - Ідэну, прэм'ер-міністру Індыі - Дж.Нэру. У сваім лісьце Д. называў імёны вядомых яму ахвяраў савецкага рэжыму. Гэтыя лісты былі перахопленыя КГБ.
15.10.1958 Д. быў арыштаваны і 22.11.1958 на закрытым судовым працэсе Гарадзенскага абласнога суда быў асуджаны паводле арт. 72-А Крымінальнага кодэксу БССР на 10 гадоў пазбаўленьня волі. У прысудзе была фармулёўка: «изготовление и распространение анонимных писем, содержащих злобную клевету на КПСС и советское правительство, внешнюю политику СССР, экономические условия жизни трудящихся и призывы к правительствам империалистических государств к вмешательству во внутреннние дела СССР с целью изменения существующего в СССР строя» [1]. Тэрмін зьняволеньня адбываў у лягерах Мардовіі.
Са здабыцьцём Беларусьсю незалежнасьці Д. актыўна спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця ў краіне. З 30.03.1994 ён - сябра Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» (БНФ). Выконваў пэўныя даручэньні гэтай парты і ў часе выбарчых кампаніяў. Быў дэлегатам 1-га зьезду Таварыства Беларускай Мовы. Абраны старшынём Карэліцкай раённай суполкі Беларускай Асацыяцыі Ахвяраў Палітычных Рэпрэсіяў (БААПР); сябра Рады БААПР. Выяўленыя ім імёны ахвяраў рэпрэсіяў увайшлі ў кнігу «Памяць» Карэліцкага р-ну, а таксама зьмешчаныя ў створаным у Вашынгтоне Мэмарыяле-музэі ахвярам камуністычных рэжымаў
Кр.: 1. ANH. F-3 (Аляксандар Доўбік).
Юры Грыбоўскі @
Дубавец Сяргей (псэўданімы: Алесь Кебік, Андрэй Корсак, Іван Мялешка, Сяргей Паўлоўскі, Адам Праціста, С.Пхоў; крыптонімы: С.Д., С.П. і інш. ; 17.09.1959, Мазыр Гомельскай вобл.), вядомы журналіст, літаратар, крытык, выдавец; аўтар многіх незалежніцкіх ініцыятываў (выдавецкіх і палітычных) 1980-1990-х.
У дзяцінстве разам з бацькамі пераехаў у Менск. У 1976 годзе скончыў сярэднюю школу, працаваў на заводзе «Гарызонт», выпускным у газэце «На страже Октября». З 1979 па 1984 вучыўся на журфаку БДУ. Падчас вучобы Д. стаў адным з заснавальнікаў моладзевага аб'яднаньня Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня. За актыўны ўдзел у акцыях «Майстроўні» Д. некалькі разоў быў затрыманы міліцыяй і атрымаў вымовы па камсамольскай лініі.
Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў малодшым рэдактарам рэдакцыі літаратуры БелСЭ. Потым выехаў у Гомель, дзе працаваў у рэдакцыі абласной газэты «Гомельская праўда». З 1987, жывучы ў Маладэчне, працаваў у аддзеле крытыкі і мастацтва часопіса «Нёман». З 1990 году жыве ў Вільні. Узнагароджаны мэдалём Летувіскае Рэспублікі «13 студзеня» за адвагу і самаахвярнасьць, праяўленыя пры абароне незалежнасьці Летувы.
Літаратурную дзейнасьць пачаў у «самвыдаце». Падчас службы ў войску выконваў абавязкі карэспандэнта дывізійнае газэты «Боевой призыв», якая знаходзілася на тэрыторыі Менскага апэратыўнага палка («Белполк»). На рэдакцыйнай машынцы Д. друкаваў самвыдавецкую газэту «Люстра дзён», якую пачаў выдаваць разам з Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Сокалавым, пад калектыўным псэўдонімам «Беларуская талеранцыйная грамада» ў 1980.
У 1984 у Слоніме разам зь Сяргеям Астраўцовым выдаюць літаратурную газэту «Набойні», дзе зьмяшчаюць свае творы. У 1986 разам з талакоўцамі выпускаў скандальны «Бурачок». У 1988 Д. разам з Алесем Бяляцкім пачынаюць выдаваць бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» - «Кантроль». У 1989 Д. - рэдактар альманаху «Літаратура», таксама ўдзельнічае ў выдаваньні газэты «Навіны БНФ». Абіраўся сябрам Сойму БНФ.
У 1990-1991 - рэдактар газэты «Свабода». З 1991 - галоўны рэдактар адноўленае «Нашае Нівы».
Друкаваўся ў зборніках «Дзень паэзіі», «З гісторыяй на Вы», «Вобраз», часопісах «Полымя», «Нёман», «Крыніца», у «Литературной газете». Напісаў прадмовы да кнігаў «Мур» Ж.-П.Сартра (1991), «Адвечным шляхам» І.Абдзіраловіча (1993), пераклаў гэты твор на расейскую мову для «Нёмана».
Кр.: 1. АМН. F-3.
Тв.: 2. Практыкаваньні: Проза, эсэ, крытыка. - Менск, 1992; 3. Русская книга. - Менск, 1998; 4. Дзёньнік прыватнага чалавека. - Менск, 1998.
Літ.: 5. Юрась Залозка. Версіі. - Менск, 1995. С. 371-407.
Ларыса Андросік @
Дубянецкі Міхась (04.03.1927, в. Востраў Пінскага пав. Палескага ваяводзтва (цяпер Пінскі р-н Берасьцейскай вобл.) - 03.09.1990, Менск), беларускі кнігавыдавец, перакладчык і публіцыст, адзін са стваральнікаў і дзейных сяброў «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».
Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і, у якой заўсёды панавала атмасфэра чалавекалюбства і дабрыні, выхоўваліся працавітасьць, любоў да роднай зямлі, да пазнаньня новага, нязьведанага. Імкненьне дзяцей да вучобы настойліва падтрымліваў бацька, Фёдар Ігнатавіч, чалавек па тым часе адукаваны, які некалі сам скончыў народную вучэльню. У свае няпоўныя сем год Міхась стаў вучнем сямігадовай польскай школы ў роднай вёсцы, а ў 1938 быў накіраваны на вучобу ў адну з гімназіяў у Познані. У сувязі з пачаткам II сусьветнай вайны і далучэньнем Заходняй Беларусі да БССР Міхась быў вымушаны спыніць навучаньне і вярнуцца дамоў. У лістападзе 1940 органамі НКВД быў арыштаваны ягоны бацька, які абвінавачваўся ў агітацыі сярод аднавяскоўцаў супраць савецкай улады і выбараў у Саветы, ва ўдзеле ў польскім «контррэвалюцыйным Саюзе рэзэрвістаў»; пры пасьляваенным пераглядзе справы яго прызналі невінаватым.
У 1944 Д. скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску і працаваў настаўнікам пачатковых клясаў у Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школе. У 1945-1951 служыў у арміі. Пасьля дэмабілізацыі ў сьнежні 1951 уступіў у КПСС, а потым скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1956) і працаваў загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі Ганцавіцкага райкама КПБ. У 1958-1961 - намесьнік рэдактара ганцавіцкай раённай газэты «Сялянская праўда». Адначасова з працай у газэце завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС па спэцыяльнасьці журналістыка (1960). Ягоныя публікацыі ў раённым друку вызначаліся вострай публіцыстычнай накіраванасьцю і адначасова сьцьверджаньнем дабрыні, чалавечай годнасьці і справядлівасьці.
З 1961 працаваў у Менску рэдактарам выдавецтва «Беларусь», загадчыкам рэдакцыі эканамічнай літаратуры і галоўным рэдактарам выдавецтва «Ўраджай». У 1968-1975 у якасьці інструктара сэктара друку ЦК КПБ актыўна садзейнічаў удасканаленьню і разьвіцьцю кнігавыдавецкай і энцыкляпэдычнай справы ў рэспубліцы, быў ініцыятарам стварэньня і выпуску шматтомных выданьняў беларускай нацыянальнай літаратуры і фальклёру. З 1975 працаваў адказным сакратаром - намесьнікам галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, у 1979-1986 - дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».
На гэтых пасадах найбольш поўна раскрыўся ягоны талент арганізатара кнігавыдавецкай справы. Добра ведаючы чыноўніцкую кухню партыйных органаў, Галоўліта і Дзяржкамвыда БССР і «слабыя» месцы ў сыстэме цэнзуры, Д. прыклаў шмат намаганьняў дзеля абароны ад іх лепшых твораў беларускіх пісьменьнікаў. Пасьля доўгага змаганьня з партыйна-чыноўніцкім самавольствам у 1982 яму ўдалося дабіцца завяршэньня выданьня чатырохтомнага збору твораў Васіля Быкава і ўключэньня ў яго забароненай ЦК КПСС аповесьці «Мёртвым не баліць».
З 1964 выступаў як перакладчык з расейскай, польскай і ўкраінскай моваў. У ягоным перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі В.Распуціна, С.Жаромскага, Г.Цюцюньніка, зборнік украінскіх апавяданьняў, «Блякадная кніга» А.Адамовіча і Д.Граніна і інш. Пераклады Д. пазначаны высокім мастацкім густам, выразнасьцю слова, глыбокім пранікненьнем у ідэйную сутнасьць арыгіналу. Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1984. У 1986 па стане здароўя Д. выйшаў на пэнсію, але прымаў самы актыўны ўдзел у грамадзкай дзейнасьці. Улетку 1988 па ініцыятыве гісторыка-мэмарыяльнай камісіі Беларускага Фонду Культуры, якую ён узначальваў, была створаная арганізацыйная група «Камітэт-58». Гэтая група падрыхтавала Ўстаноўчы сход «Мартыралёгу Беларусі», які выступіў зь ідэяй стварэньня БНФ. 19.10.1988 Д. старшынстваваў на Ўсебеларускім ўстаноўчым сходзе прадстаўнікоў грамадзкасьці, які прыняў рашэньне аб стварэньні «Мартыралёгу Беларусі», быў абраны ў склад яго грамадзкай рады. Увайшоў у склад выбранага на гэтым сходзе Аргкамітэту па стварэньні БНФ.
22.10.1988 па сваёй ініцыятыве Д. «пранік» скрозь кардоны міліцыі ў Дом палітасьветы Менскага абкаму КПБ, дзе партыйная намэнклятура наладзіла своеасаблівы мітынг супраць арганізацыі БНФ, і спрабаваў растлумачыць мэты і дэмакратычны характар Фронту. Пасьля гэтага ў афіцыйнай беларускай прэсе Д. шмат крытыкавалі як «самазванца», «нефармала» і г.д. Улады выказвалі незадавальненьне ягоным ўдзелам у падрыхтоўцы лістоў у ЦК КПСС супраць дзяржаўна-асымілятарскай палітыкі і практыкі, за неабходнасьць адраджэньня нацыянальных традыцыяў і духоўных дэмакратычных каштоўнасьцяў беларускага народа. Па партыйнай лініі Д. вынесьлі вымову за «ідэйнае перараджэньне»; у гэтым жа годзе ён дабраахвотна выйшаў з шэрагаў партыі.
На Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ, які адбыўся ў Вільні 24-25.06.1989, Д. быў абраны сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Прымаў удзел у падзеях, зьвязаных з адзначэньнем «Дзядоў» 30.11.1988, у арганізацыі мітынгаў і іншых палітычных акцыяў апазыцыі, у распрацоўцы праграмных і бягучых дакумэнтаў БНФ, выступаў на сэмінарах і канфэрэнцыях яго актыву, у пэрыядычным друку.
Выхаваны пры таталітарызме, Д. раней, чым хто, зразумеў ягоную антыдэмакратычную і антычалавечую сутнасьць, змог пераасэнсаваць многае і ўзьняцца над самім сабой, актыўна змагацца са злом, заступацца за чэснага чалавека - сабрата па жыцьці і пяру, не баяўся ўзяць на сябе ўдар чарговага цэрбэра-бюракрата, мог выйсьці і ня раз выходзіў насуперак партакратыі. Пра гэта яскрава сьведчаць дзёньнікавыя запісы, дакумэнтальна-публіцыстычныя нататкі розных гадоў і іншыя матэрыялы зь яго літаратурнай спадчыны.
Кр.: 1. АМН. F-3 (Міхась Дубянецкі); 2. Архіў Саюзу пісьменьнікаў БССР. Асабовая справа М.Дубянецкага.
Тв. і пераклады: 1. Дубянецкі М. Злое вогнішча. Да гісторыі выдання аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць // Полымя. 1999, № 2. С. 161-191; Народная Воля. 12.08.1998; 2. Распуцін В. Жыві і помні. / З расейскай. - Менск, 1982; 3. Цюцюньнік Г. Клімко / З укр. - Менск, 1982; 4. Гранін Д. Гэта дзіўнае жыцьцё / З расейскай. - Менск, 1983; 5. Адамовіч А., Гранін Д. Блакадная кніга / З расейскай. - Менск, 1985; 6. Жаромскі С. Верная рака / З польск. - Менск, 1985.
Бібл.: 1. Быкаў В. З высакароднага саслоўя // Літаратура і Мастацтва. 07.03.1997; 2. Дранько-Майсюк Л. Дубянецкі // Літаратура і Мастацтва 07.03.1997; 3. Законнікаў С. Прадмова да нататак М.Дубянецкага «Злое вогнішча // Полымя. 1999, № 2. С. 160-161; 4. Марціновіч А. «Мастацкая літаратура»: Набыткі, планы // Літаратура і Мастацтва. 20.02.1981; 5. Праневіч Г. Дубянецкі Міхаіл // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. - Менск, 1993. С. 391-392; 6. Саламевіч І. Дубянецкі Міхаіл Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 6. - Менск, 1998. С. 250; 7. Хомчанка В. Гісторыя адной тэлеграмы // Літаратура і Мастацтва. 11.05.1990; 8. Putrament М. U białoruskich pisarży // Przyjaźc. 1980. Nr. 34; 9. Zinowiec М. «А to echo grało»: Korespondencja wiasna z Mińska // Przyjaźc. 1984. Nr. 16.
Станіслаў Дубянецкі @
Жук Павал (1956, Баранавічы), выдавец беларускага незалежнага друку.
Ж. скончыў факультэт фізыкі БДУ, некалькі год адпрацаваў у Акадэміі Навук БССР.
У 1989 уваходзіў у выдавецкую групу часопіса «Літаратура», які заснавалі Сяргей Дубавец і Алесь Бяляцкі. Потым Ж. браў удзел у выданьні «Навінаў БНФ» у 1989. У сакавіку 1990 разам з С.Дубаўцом і А.Гурковым выдаў «Дзень Волі - 90», прымеркаваны да 72-х угодкаў стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. «Дзень Волі» стаў пралёгам газэты «Свабода», першы нумар якой пабачыў сьвет у красавіку 1990. У красавіку 1991 Ж. стаў заснавальнікам газэты «Наша Ніва», што пачала выходзіць зь ініцыятывы і пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца.
Газэту «Свабода» Ж. выдаваў да лістапада 1997, пакуль газэта не была зачыненая пасьля неаднаразовых папярэджаньняў за публікацыю крытычных да палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі артыкулаў. Нягледзячы на закрыцьцё газэты, яна працягвала даходзіць да чытача празь Інтэрнэт. У студзені 1998 газэта адрадзілася пад назвай «Навіны», выдаўцом зноў стаў Ж.
Бібл.: 1. Навіны. 1999, № 1; 2. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990). Каталёг. - Менск., 1998.
Алег Гардзіенка @
Зайцаў Вячаслаў (18.09.1917, в. Ахлябініна Ўфімскага р-ну, Башкартастан - 19.04.1992, Уладзімір, Расея), літаратуразнаўца, касмоляг, прадстаўнік інтэлектуальнай апазыцыі, супраць якога выкарыстоўваліся мэтады карнай псыхіятрыі.
Скончыў Уфімскі мэханічны тэхнікум (1935), Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1951). У 1939-1946 служыў у памежных войсках, дзе ўступіў у КПСС. З 1951 - выкладчык, дацэнт катэдры славянскіх дысцыплін Ленінградзкага ўнівэрсытэту. Кандыдат філялягічных навук (1954). Падчас працы вызначыўся ідэалістычнымі поглядамі і быў адпраўлены як мага далей ад Ленінграду - практычна быў сасланы ў Беларусь. З 1964 жыве ў Менску, працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры ім. Янкі Купалы АН БССР. Аўтар працаў па праблемах харвацкай і сэрбскай літаратуры. У 1969 выдаў манаграфію «Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И. Гундулича «Осман». Падчас працы ў Беларусі прафэсыйна заняўся праблемамі беларускай культуры эпохі Адраджэньня. Адзін з аўтараў выдадзенай у 1968 «Гісторыі беларускай літаратуры», дзе разглядаў дзейнасьць першадрукара Францішка Скарыны ў кантэксьце эўрапейскага Адраджэньня.
Дасьледаваў касьмічныя рэмінісцэнцыі ў помніках старажытных літаратур, захапляўся тэмай «Космас і Біблія». У альманаху «Байкал» [1] апублікаваў працу «Боги приходят из космоса». За гэтую публікацыю рэдактар альманаху быў звольнены з працы. У маскоўскай газэце «Известия» [2]. З. абвесьцілі «союзником западных богословов». Значны рэзананс сярод акадэмічнага грамадзтва меў ягоны ўдзел у фільме заходненямецкага рэжысэра Дэнікена «Успаміны пра будучыню».
У абставінах нарастаньня перасьледу навукоўца была сарваная абарона ягонай доктарскай дысэртацыі «Франциск Скорина и гуманистическая мысль в Беларуси XV-XVI вв.». У 1974, падчас кампаніі перасьледу ў АН БССР апазыцыйна настроеных супрацоўнікаў, як сьведчаць сучасьнікі, З. «чуть ли не в лицо швыряет академическим бонзам билет члена КПСС», і пасьля гэтага, за два гады да пэнсіі, быў звольнены зь інстытуту. Пасьля звальненьня навуковец распачаў лектарскую дзейнасьць у гарадох СССР.
За публічныя эсхаталягічныя выступы арыштаваны органамі КГБ 23.11.1978. У сакавіку 1979 Інстытут судовай псыхіятрыі (Масква) вынес дыягназ - шызафрэнія (самы папулярны дыягназ для апазыцыі ў СССР) і прыняў рашэньне аб неабходнасьці для З. прымусовага лячэньня ў Казанскім спэцыяльным псыхіятрычным шпіталі. Вярхоўны суд БССР 15.06.1979 разгледзеў справу і пастанавіў накіраваць навукоўца на прымусовае лячэньне.
Пасьля неаднаразовых зваротаў казанскіх псыхіятраў Вярхоўны суд БССР 18.01.1982 прыняў рашэньне спыніць прымусовае лячэньне і З. быў вызвалены. У 1983 З. вярнуўся ў Беларусь. Крымінальная справа ў адносінах да З. была спыненая 14.09.1992 Прэзыдыюмам Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.
Літ.: 1. В.Зайцев. Боги приходят из космоса // Байкал. 1967, № 5-6; 1968, № 1; 2. Известия. 1969, № 144; 3. И увидел я отверстое небо... Судьба учёного Вячеслава Зайцева / Букчин С. Хроника суверенного болота. - Менск, 1996; 4. Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах. - Менск, 1995. Том 6. С. 590-591.
Віталь Скалабан @
Ермаловіч Мікола (псэўданімы: Сымон Беларус, М.Ермолов, Я.Мікалаеў, Мікола Наваселец, М.Ярмолаў; 29.04.1921, в. Малыя Навасёлкі на Койданаўшчыне (цяпер Дзяржынскі р-н Менскай вобл.)), вядомы беларускі гісторык, крытык, літаратуразнаўца; заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі; аўтар і выдавец непадцэнзурных тэкстаў 1960-1980-х.
У 1938 скончыў Дзяржынскую сярэднюю школу і тады ж паступіў на філялягічны факультэт Менскага пэдінстытуту. Да пачатку вайны скончыў тры курсы. З-за дрэннага зроку быў вызвалены ад вайсковае службы, эвакуяваўся і працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР. У 1943 вярнуўся ў Беларусь, дзе працягваў настаўніцкую дзейнасьць. З 1946 аднавіў вучобу ў пэдінстытуце, з 1947 па 1948 вучыўся ў асьпірантуры. З 1948 па 1955 - выкладчык беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. У 1955-1957 - загадчык мэтадычнага кабінэту Маладэчанскага абласнога інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў. У 1957 выйшаў на пэнсію з прычыны значнага пагаршэньня зроку. З гэтага часу Е. актыўна пачынае займацца навукова-дасьледчай дзейнасьцю. Галоўныя тэмы - гісторыя Беларусі 9-14 ст. і беларуская літаратура.
Е. пачаў літаратурную працу ў 1948 годзе, друкаваўся ў маладэчанскай раённай газэце, альманаху «Нарач», газэтах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках.
У 1963 Е. распачынае выдаваць рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падсьнежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам дасьледніцкай працы становіцца напісаньне ў 1968 кнігі «Па слядах аднаго міфа», якая на працягу доўгага часу хадзіла па руках самвыдатам, упершыню афіцыйна выйшла толькі ў 1989.
У 1975 Е. узнаўляе выпуск «Падсьнежніка», але пад новай назвай «Гутаркі», да 1976 выйшла блізу 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Е. пад псэўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў 19 ст. «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданьні Е. зьмяшчаў творы, якія не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з-за свае сацыяльнае і палітычнае накіраванасьці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Менску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладэчне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку для памнажэньня. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.
Е. стаўся заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая адкінула савецкія канцэпцыі несамастойнасьці гісторыі Беларусі. Працы Е. узначнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі і гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Е. не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму рукапісы Е. у 1970-1980-х абарачаліся ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкі памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?». Былі выпадкі, калі самвыдавецкі памнажаліся працы Е., апублікаваныя і ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы Е. «Балцкія плямёны» (газэта «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Гэты артыкул Е. напісаў у адказ на артыкул В.Мялешкі і З.Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасьля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапіснай форме. Пазьней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» ў № 3 за 1989 год.
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Е. работнікі КГБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Е. ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Толькі з часоў перабудовы сьвет пабачылі некалькі працаў Е.
Е. атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992), прэмію імя Ў.Караткевіча, узнагароджаны мэдалём Ф.Скарыны (1993).
Тв.: 1. Па слядах аднаго міфа. - Менск, 1989 (1-е выданьне), 1991 (2-е выданьне); 2. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды. - Менск, 1990; 3. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяды. - Менск, 1994.
Ларыса Андросік @
Івашкевіч Віктар (21.09.1959, Менск), актывіст нацыянал-дэмакратычных рухаў 1980-1990-х, журналіст.
Бацькі І. - тэхнічная інтэлігэнцыя. Сам І. працаваў рабочым, у 1982-1988 завочна вучыўся на журфаку БДУ, але па палітычных матывах не прайшоў іспытаў па «навуковым камунізме». Атрымаў дыплём толькі ў 1991. У 1983 знаёміцца з аднакурсьнікам па журфаку БДУ сваёй жонкі Алены Радкевіч Алесем Сушам. Далучаецца да беларускага руху. З 1983 уваходзіць у «Майстроўню», Таварыства Беларускай Школы пры ёй. У 1984 - у Клюбе імя Ў.Караткевіча. У 1985 удзельнічае ў стварэньні «Талакі», становіцца адным зь лідэраў і арганізатараў талакоўскіх акцыяў.
З кастрычніка 1988 - сябра Аргкамітэту БНФ, затым (1989-1995) сябра Сойму БНФ, сакратар Управы БНФ (1992-1995). У 1989 адзін з заснавальнікаў і ідэолягаў Рабочага Саюзу. Да сёньняшняга дня зьвязаны з рабочым рухам Беларусі, які лічыць галоўным чыньнікам сацыяльных і палітычных пераменаў у краіне. З 1995 па 1997 - дырэктар Цэнтру «Беларуская Пэрспэктыва». З 1999 - віцэпрэзыдэнт Беларускага Кангрэсу Дэмакратычных Прафсаюзаў.
Ад пачатку сваёй апазыцыйнай дзейнасьці прымае актыўны ўдзел у выдавецкіх ініцыятывах - адзін з стваральнікаў «Бурачка» (1986-1987), затым газэтаў «Навіны БНФ «Адраджэньне», «Свабода». З 1997 І. галоўны рэдактар газэты «Рабочы» - масавай газэты Свабодных прафсаюзаў Беларусі.
Неаднаразова затрымліваўся як удзельнік і арганізатар масавых акцыяў, караўся штрафамі, тройчы быў асуджаны на «суткі».
Літ.: 1. А.Уліцёнак. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991. С. 101-122; 2. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990). Каталёг. - Менск, 1998.
Вацлаў Арэшка @
Казлоўскі Ф., сябра Партыі Свабоды Рускага Народа (ПСРН), палітычны вязень.
Працаваў загадчыкам крамы № 3 Гомельскага гархарчгандлю. Разам з М.Грачухам 02.11.1956 ён стаў ініцыятарам стварэньня партыі. 05.01 і 12.01.1957 на ягонай кватэры праводзіліся сходы сябраў партыі. Быў прыхільнікам актыўных дзеяньняў: заклікаў да выпуску ўлётак, радыёпрапаганды, дапускаў мажлівасьць ужыцьця зброі. За ўдзел у ПСРН Судовай калегіяй па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда 16.09.1957 асуджаны на 10 год пазбаўленьня волі.
Далейшы лёс невядомы.
Кр.: 1. Архіў УКГБ па Гомельскай вобл. Сьледчая справа № 175.
Бібл.: 2. А.Градзіцкі Першы вопыт іншадумства: «Гомельскія дысыдэнты» 50-х гг. / Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. - Гомель 1996. С. 158-161; 3. А.Градзіцкі. Гомельскія дысыдэнты 50-х гг. // Навіны Палесься (Гомель). 29.04.1998. С. 4.
Алег Гардзіенка @
Кардаш Фёдар (05.01.1932, в. Харашкі Дзятлаўскага р-ну Горадзенскай вобл.), беларускі журналіст, крытык калгаснага ладу ў СССР.
У 1955 скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у раённай газэце адказным сакратаром. Паводле ўспамінаў колішніх студэнтаў БДУ, быў маўклівым, задумлівым і спакойным чалавекам. Больш слухаў іншых, чым гаварыў сам. За год працы ў газэце непасрэдна сутыкнуўся з савецкай рэчаіснасьцю і зразумеў яе заганнасьць.
Вынікам назіраньняў і крытычных роздумаў стаў рукапісны ліст аб'ёмам у агульны сшытак з крытыкай калгаснай сыстэмы, ананімна пасланы тагачаснаму першаму сакратару ЦК КПСС М.Хрушчову. Канкрэтныя факты ў лісьце (прозьвішчы, назвы калгасаў, лічбы і інш.), а таксама почырк дазволілі органам хутка выявіць аўтара. У пачатку восені 1956 К. быў арыштаваны ў студэнцкім інтэрнаце ўнівэрсытэту на вул. Бабруйскай у Менску, куды зазірнуў да знаёмых. Нейкі час вяліся допыты, у тым ліку аднакурснікаў К., а 16.10.1956 малады журналіст быў асуджаны «за антысавецкую агітацыю і прапаганду» на два гады зьняволеньня.
Пакараньне адбываў у лягерах Мардовіі. Разам зь ім у зьняволеньні знаходзіліся два беларускіх дэсантнікі, закінутыя ў 1955 на тэрыторыю краю (адзін зь іх меў прозьвішча Касьцюк), а таксама ваеннаслужачы зь Менску Аляксандар Ходар (пасьля вызваленьня выехаў у Польшчу). Па заліках за звышплянавае выкананьне заданьняў знаходжаньне ў лягеры для К. скарацілася амаль на год, і 23.10.1957 ён быў адпушчаны на волю.
Першыя месяцы пасьля вяртаньня ў Беларусь прайшлі ў пошуках працы, затым К. удалося ўладкавацца на працу школьным настаўнікам, а прыкладна праз 3 гады з дапамогай вядомага журналіста і літаратара Яраслава Пархуты, які выкарыстаў часовую адсутнасьць галоўнага рэдактара ружанскай раённай газэты, ён займеў працу па спэцыяльнасьці журналіста. Пазьней, ажно да пэнсіі, К. працаваў у лідзкай газэце. Ажаніўся, мае дзьве дачкі. Цяпер жыве ў Лідзе.
Зьняволеньне і пасьлялягерныя цяжкасьці не зьмянілі сьветапогляду К., ён і цяпер актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным руху; сябра БНФ.
Кр.: 1. АМН. F-3 (Фёдар Кардаш); 2. Вусная інфармацыя Фёдара Кардаша, а таксама Ніла Гілевіча, Анатоля Клышкі, Арсеня Ліса, Паўла Місько, Валянціна Тараса, Восіпа Хаўратовіча.
Міхась Чарняўскі @
Карпюк Аляксей (14.04.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяводзтва - 14.07.1992, Горадня), беларускі літаратар, лідар вольнадумнай інтэлігенцыі ў Горадні ў 1960-1980; падтрымліваў кантакты зь пісьменьнікамі-дысыдэнтамі ў СССР.
Паходзіць зь сялянскай сям'і, бацька быў сябрам КПЗБ. У 1934 скончыў семігодку і ў 1938-1939 навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасьля яе закрыцьця з 1939 па 1941 - у Наваградзкай пэдвучэльні (разам з У.Калесьнікам). Пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны браў удзел у партызанскім руху. У сьнежні 1942 трапіў у нямецкі палон у канцлягер Штутгаф, што яшчэ ня раз балюча адаб'ецца на ягонай біяграфіі. З канцлягера К. здолеў зьбегчы ў 1943, зноў пайшоў у партызаны, зарганізаваў зь мясцовае моладзі партызанскі адтрад імя Кастуся Каліноўскага ды стаў ягоным камандзірам. У жніўні 1944 забраны ў Чырвоную Армію. Быў двойчы паранены, стаў інвалідам II групы.
Адразу па сканчэньні вайны паступае ў Гарадзенскі пэдінстытут (аддзяленьне ангельскай мовы), які заканчвае ў 1949. У 1947 уступіў у КПСС. Працаваў загадчыкам раённага аддзелу адукацыі ў м. Сапоцкіна (1949-1951), з-за канфлікту з кіраўніцтвам пераведзены на пасаду дырэктара Біскупскай семігадовай школы Ваўкавыскага р-ну (1951-1953). У далейшыя гады працаваў у тым ліку журналістам («Гродненская правда», «ЛіМ»). У 1977-1981 - дырэктар Беларускага музэю гісторыі рэлігіі (у той час - Рэспубліканскі музэй атэізму і гісторыі рэлігіі), адзін з самых нацыянальных па духу музэяў Беларусі ў савецкія часы.
Літаратар К. вядомы як аўтар твораў пра жыцьцё Заходняй Беларусі ў першай палове XX ст. - тэме, якая дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць некаторыя старонкі нацыянальнай гісторыі (аповесьць «Данута», раман-быль «Вершалінскі рай» ды інш.).
Вакол К. у Горадні ў 1960-1970-х узьнік своеасаблівы клюб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі... Сам К. пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А.Салжаніцыным, які перадаў яму для магчымай публікацыі сваю п'есу «Свеча на ветру» ды апавяданьні «Правая кисть» і «Как жаль!» [1]; кантактаваў зь сям'ёй Геніюшаў... Тэлефонныя размовы К. пачалі праслухоўваць, у ягонай кватэры рабіліся тайныя ператрусы. Аднойчы нехта папярэдзіў пра мяркуемы ператрус - тады К. зьнішчыў лісты А.Салжаніцына, самвыдат (напрыклад, раман Гінзбурга «Крутой маршрут» і г.д.). Паводле ўспамінаў жонкі К., «нелегальную прадукцыю» «ўначы склалі і ўтапілі... Але нешта і захавалася» [1].
20.06.1969 старшыня КГБ СССР Ю.Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей - члена КПСС Карпюка и Быкова... Карпюк нелегально распространяет среди своих знакомых различные пасквили в виде книги Гинзбурга-Аксёнова «Крутой маршрут» и другие. Отрицательно воздействует на молодёжь... Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц» [2; 9;].
21.04.1972 К. быў выключаны з КПСС па абвінавачваньні ў нацыяналізме, кулацкім паходжаньні, хлусьні пра сваё мінулае - лягерныя дакумэнты (цяпер на месцы гэтага лягера, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, створаны музэй) былі сфальшававаныя афіцэрамі КГБ Фаміным і Клімовічам [10; 12]. У 1970-1972 ня мог нідзе ўладкавацца на працу. К. прабіваўся да П.Машэрава, і той дапамог яму - у красавіку 1973 К. далі вымову (за выступы супраць афіцыйнай палітыкі партыі) і аднавілі ў партыі. Але назіраньні за К. працягваліся. Але, як сьведчаць сучасьнікі, «не было ніводнага якога-небудзь прадстаўнічага пісьменьніцкага форуму ў Беларусі, дзе б не выступаў Карпюк... ён не саромеўся казаць праўду» [7], «не было ни одного собрания в Союзе писателей, на котором не выступил бы Карпюк и не «врезал» бы по первое число какому-нибудь освиневшему главначпупсу - партийному или литературному» [11:99]. Сын К. Іван напісаў у траўні 1976 ліст, адрасаваны Андропаву, дзе гаварылася, што яму, выдатніку МІФІ, не даюць уладкавацца на працу, бо на ім нейкае таўро.
У 1978-1982 К. - сакратар Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў у другой палове 1980-х актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным жыцьці Горадні: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў «Бацькаўшчыны», меў цесныя кантакты з клюбам «Паходня»... У 1989 К., актыўна праяўляе сябе як публіцыст - ён публікуе шэраг артыкулаў са сваёй трактоўкай, далёкай ад афіцыёзнай ацэнкі, падзеяў 1939 [3; 4; 5]. Бюро Гарадзенскага абкаму КПБ прымае спэцыяльную пастанову пра гэтыя артыкулы, дзе сьцьвярджаецца, што «Карпюком субъективно, односторонне показана освободительная миссия Красной Армии в сентябре 1939 года, по-своему трактуется отношение жителей к воинам и ход коллективизации в 40-50-е годы» [6]. Менавіта гэтая пастанова стала падставаю для напісаньня Васілём Быкавым артыкула ў абарону К. [7].
К. стаў аб'ектам нападак у ідэалягічным рупары КПБ часопісе «Политический собеседник» [8], дзе пра К. былі пададзеныя фальшывыя зьвесткі. К. падаў у суд на аўтара артыкула і 02.04.1991 выйграў працэс. Вярхоўны суд БССР 12.07.1991 пацьвердзіў асноўныя пункты судовага выраку.
05.04.1991 К. выйшаў з КПСС, матывуючы гэта тым, што «разуверыўся ў прынцыпах марксізму-ленінізму ды прыйшоў да высновы, што ідэі яго ўтапічныя, ...прыдуманыя бюракратамі ў кабінэтах», але партыйны білет пакінуў сабе «на памяць аб летуценьнях сваёй маладосьці» [1].
Кр.: 1. ANH. F-3 (Аляксей Карпюк); 2. Центр Хранения Современной Документации. Фонд 5, опись 61, ед. хранения 8182 (ролик № 009867).
Тв.: 3. Печальные были // Гродненская правда 20-21.07.1989; 4. Чтобы больше было правды // Гродненская правда 05.10.1989; 5. Варашылаўскія стралкі // ЛіМ. 20.10.1989.
Бібл.: 6. Постановление Бюро Гродненского обкома КПБ «Об обращении и письмах ветеранов войны и труда в обком КПБ на публикации А.Н.Карпюка в газете «Гродненская гравда» // Гродненская правда 23.12.1989; 7. В.Быков. В железной раковине // Литературная газета. № 14, 04.06.1990; 8. Я.Леденеев. Истина дороже всего // Политический собеседник. 1990, № 10; 9. Д.Бабич. Он был в России больше, чем поэт... 14 малоизвестных фактов из жизни Ю.В.Андропова // Комсомольская правда. 16.10.1992; 10. Д.Бабич. Как «жучки» точили книги Быкова // Комсомольская правда. 16.02.1993; 11. Валентин Тарас. На острове воспоминаний // Нёман. 1998, № 5; 12. Камэнтар-інтэрвію з Карпюком да артыкула ў «Гродненской правде» за 23 сьнежня 1989 году // Рэанімова. 1990, № 1 (7).
Галіна Кацуба, Алег Дзярновіч @
Каўка Аляксей (псэўданімы: А.Кастрыца, А.Каваль, К.Лямец, А.Канстанцінаў; 20.09.1937, в. Равіцкі Бор (цяпер Машчаліна) Чэрвеньскага р-ну Менскай вобл.), беларускі літаратуразнаўца, актыўны ўдзельнік руху самвыдату 1970 - першай паловы 1980-х, шмат зрабіў для перасылкі беларускіх альтэрнатыўных тэкстаў на Захад і іх выданьня там.
У 1954 скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум, у 1961 - філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Перад К. паўставалі пэрспэктывы службовай кар'еры ў савецкай сыстэме, ён быў уцягнуты ў камсамольскую дзейнасьць, у 1959-1963 быў нават першым сакратаром Чэрвеньскага райкаму ЛКСМБ; далей працаваў у апараце ЦК ВЛКСМ, дзе быў «куратарам» польскага камсамолу. У 1971 скончыў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС, тады ж стаў кандыдатам гістарычных навук.
Паступова дзьве рысы біяграфіі - выразнае адчуваньне нацыянальнае прыналежнасьці і шырокае для савецкага чалавека знаёмства з рэаліямі па-за СССР, прывялі К. да пераасэнсаваньня сваёй асабістай ролі ў жыцьці грамадзтва. На працягу лістапада 1976 - красавіка 1977 ён піша «Письмо к русскому другу». Напісаны ў форме звароту да расейскай інтэлігенцыі гэты тэкст быў прысьвечаны асэнсаваньню гістарычнага шляху беларусаў, самабытнасьці іх культуры і даказваў іх права на самавызначэньне. У «Письме» культурніцкая палітыка камуністычных уладаў у Беларусі была дакладна вызначаная як асыміляцыйная. Тэзыс пра падобны на каляніяльны стан Беларусі стаў пасьля адным з асноўных для незалежніцкае беларускае думкі. У гісторыясофскім сэнсе аўтар прытрымліваецца канцэпцыі разарванасьці лёсу Беларусі паміж Расеяй і Польшчай. Нягледзячы на тое, што ў «Письме» яшчэ адчуваецца «мяккі» ўплыў марксізму, адносна камуністычнае пэрспэктывы выказаныя іронія і скепсіс.
З 1977 К. пачынае распаўсюджваць ананімны тэкст «Письма» ў Маскве, Беларусі, Польшчы. «Письмо» было перакладзенае Джымам Дынглі на ангельскую мову і выдадзенае ў 1979 ў Лёндане як дакумэнт беларускага самвыдату - «Letter to a Russian Friend: A "samizdat" publication from Soviet Belorussia». «Письмо» атрымала шырокую вядомасьць, зачытвалася беларускай і ўкраінскай рэдакцыямі радыё «Свабода», публікавалася і цытавалася ў эміграцыйным беларускім, польскім, украінскім, расейскім друку (Современник / Таронта. 1980, № 45-46).
Як пазьней зазначаў К., задума напісаць такі тэкст і займацца яго распаўсюджаньнем нарадзілася спантанна. «Гэта здарылася ўвосень 1976 г. пад час адной з чарговых «застольных» размоваў з расейскім сябрам, калісьці калегам па міжнароднай дзейнасьці ў ЦК ВЛКСМ (ён сам зь Пецярбургу, філёляг, балканіст, вялікі інтэлектуал, зь ліку «радетелей и страдателей» за Русь, носьбіт і творца расейскай ідэі ў яе «единоделимой, собирательной», праваслаўнай, вядома ж, сутнасьці). Мой суразмоўца ў кантэксьце размовы пра беларусаў натуральна заўважыў, не без цынізму: «Ну дык вы ж не хахлы (маўляў нашыя, крэўные), на вас можна пакласьціся. А калі так даражыце сваёй «моваю», што ж, пакіньце сабе сваё «ў», вымаўляйце «Ўладзімір» замест «Владимир» (маўляў, крыўдаваць ня будзем)». Гэты выпадак стаў імпульсам: «Змаўчаць не выпадала - пачалася праца над «Письмом к русскому другу».
На працягу 1971-1979 К. працаваў у Інтстытуце эканомікі сусьветнай сыстэмы сацыялізму, дзе спэцыялізаваўся на польскай праблематыцы, быў загадчыкам аддзелу ПНР. К. накіроўвалі на дыпляматычную службу - ён працаваў дарадцам пасольства СССР у ПНР (1979-1982). Гэтаму пэрыяду прысьвечаныя «Недыпляматычныя нататкі», якія ў 1997 пачалі публікавацца ў газэце «Наша Ніва». З 1983 К. працаваў у розных акадэмічных інстытутах, у 1987-89 быў галоўным рэдактарам часопісу «Советское славяноведение». З 1989 да цяпершняга часу - галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сусьветнае літаратуры РАН. У 1991 стаў доктарам філялягічных навук. Мае шмат публікацыяў па гісторыі беларускае літаратуры і культуры, а таксама па гісторыі Польшчы XX стагодзьдзя. К. уяўляе сабой рэдкі для Беларусі прыклад чалавека, які зрабіў пасьпяховую кар'еру ў дзяржаўных органах і адначасова праводзіў закансьпіраваную апазыцыйную дзейнасьць, змог пазьбегнуць пры гэтым сур'ёзных рэпрэсыяў.
Дзякуючы дыпляматычнаму пашпарту К. на Захад была перапраўленая паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, якая была прысьвечаная 1000-годзьдзю Беларусі (1980). Гэтая дата была адзначаная цэлым шэрагам акцыяў беларускае апазыцыі, сярод якіх і выпуск паштовак. Беларуская дыяспара ў ЗША аддрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КГБ.
К. таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага сацыёляга Алега Бембеля «Родная мова і сацыяльны прагрэс». Гэтая кніга сталася вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў і экспэртных ацэнак статусу беларускае мовы ў БССР і сьведчыла пра палітыку КПСС у нацыянальнай сфэры. У 1985 кніга была выдадзеная ў Лёндане на беларускай мове і атрымала распаўсюджаньне сярод колаў беларускае апазыцыі. Супраць аўтара адразу распачаўся перасьлед, але пачатак перабудовы выратаваў яго. Гэтая кніга мела вялікае значэньне для разьвіцьця беларускае грамадзкае думкі ў другой палове 1980-х. У перасылцы рукапісу на Захад праз Варшаву К. дапамагаў гісторык, дзеяч беларускага руху ў Польшчы Юры Туронак.
К. быў у КПСС з 1956. У студзені 1991, на другі дзень крывавае драмы ў Вільні, даслаў зь Ленінграду (быў там у камандоўцы) на імя М.Гарбачова ў ЦК, а таксама сакратару парткаму свайго інстытуту тэлеграму аб сваім выхадзе з «партыі - жандара і ворага нацыянальнага самавызначэньня народаў».
К. у 1989 быў абраны ў Сойм БНФ I-га скліканьня. Пасьля адышоў ад партыйнае дзейнасьці. У нашыя дні К. жыве ў Маскве і працягвае займаць актыўную грамадзкую пазыцыю. У 1995 пераклаў зь беларускай на расейскую мову (сааўтар пераклада, аўтар прадмовы) і выдаў у Маскве паэму Ведзьмака Лысагорскага (вобразны і легендарны псэўданім невядомага аўтара) «Луку Мудзішчаву прывітаньне з Расеі», дзе ў вострай сатырычнай форме даецца ацэнка аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. К. бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні ў Маскве акцыяў, накіраваных на абарону правоў чалавека ў Беларусі.
Кр.: 1. ANH, F-3 (Аляксей Каўка).
Бібл.: 2. Письмо русскому другу (у самвыдаце); 3. Letter to а Russian Friend: A «samizdat» publication from Soviet Belorussia. - London, 1979; 4. List do przyjaciela Rosjanina / Argumenty do dialogu polsko-białoruskiego. W-wa: Przed wit, 1986. S. 26-42; 5. Польша: отечество и социализм. - Масква, 1977; 6. Тут мой народ. Францішак Скарына і беларуская літаратура XV - пач. XX ст. Менск, 1989; 7. Жывом! Старонкамі беларускага самапазнаньня. Масква-Менск, 1997; 8. Будам жыць! Пра тое самае - Менск-Масква, 1998; 9. Вяликою ласкою. Франтишек Скорина и традиции славянского просветительства Масква, 1994; 10. Русь - Литва - Беларусь. Проблемы национального самосознания в истории и культурологии. По материалам международной конференции, посвященной 90-летию Н.Н.Улащика. - Масква, 1997; 11. Янка Купала: драма поэтичной судьбы // Нация, личность, литература. Вып. 1. Масква, 1996; 12. Белорусское возрождение в историко-литературном контексте // История национальных литератур. Перечитывая и переосмысливая. - Масква, 1996; 13. Янка Купала (артыкул з энтыкляпэдыі) // Наша Ніва. № 25-26 (89), 1997, 28 ліпеня; 14. Скарыніч. Літаратурна-навуковы гадавік. Вып. 1, 2, 3. - Менск, 1991, 1993; Смаленск, 1997; 15. Недыпляматычныя нататкі. Беларускі дзёньнік // Наша Ніва. № 34 (95), 1997, 1 сьнежня; 16. Аптымістычныя імпрэсіі з ускраіны імпэрыі // Юрась Залоска. Вэрсіі. - Менск, 1996. - С. 182-201; 17. Аляксей Каўка // Кантакты і дыялогі. № 5, 1996. С. 34.
Алег Дзярновіч @
Каўрус Алесь (18.05.1935, в. Брусы Мядзельскага р-ну Менскай вобл.), вядомы беларускі мовазнавец, удзельнік нацыянальна-патрыятычнага руху навукоўцаў Акадэміі Навук БССР 1960 - пачатку 1970-х («Акадэмічны асяродак»). Жыве ў Менску.
К. вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, вядомай традыцыямі нацыянальна-патрыятычнага руху. У 1959 скончыў Менскі дзяржаўны пэдінстытут, працаваў настаўнікам і дырэктарам у школах Мядзельскага р-ну. Пасля навучаньня ў асьпірантуры пры Менскім пэдінстытуце ў 1965 абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Затым працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага пэдінстытуту (1965-1968), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту мовазнаўства імя Я.Коласа АН БССР (1968-1974).
К. балюча ўспрымаў зьнішчэньне беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, якое праводзіў камуністычны рэжым у краі, усеагульную русіфікацыю грамадзкагаі палітычнага жыцьця, не прымаў антыбеларускую па сутнасьці пазыцыю тагачаснага кіраўніцтва акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства, падтрымліваў кантакты з аднадумцамі з акадэмічнага і выкладчыцкага асяродзьдзя. У сваіх публікацыях, на лекцыях у інстытуце, у выступах і навуковых дыскусіях К. пастаянна адстойваў самабытнасьць беларускай мовы, яе правы ў грамадзкай сфэры. Гэта не прайшло міма ўвагі камуністычных русіфікатараў. У газэце «Звязда» ў 1972, як водгук на партыйныя ўстаноўкі па моўным пытаньні, што прагучалі на адпаведнай нарадзе ў ЦК КПБ, зьявіўся артыкул вядомага «набліжальніка» беларускай мовы да расейскай К.Крапівы «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства», у якім адмоўна ўспаміналіся імёны мовазнаўцаў Ф.Янкоўскага, П.Сьцяцко, А.Каўруса. У пачатку 1974 К. быў дастаўлены ў КГБ на допыт, а 22 сакавіка Вучоная рада інстытуту, якая знаходзілася пад ціскам парткама і дырэкцыі, выносіць рашэньне аб неадпаведнасьці ўжо шырока вядомага на той час беларускага мовазнаўцы займаемай пасадзе. У пратаколе паседжаньня рады ў прыватнасьці было запісана: «Знаходзяцца яшчэ ў нашым асяродзьдзі людзі, якія сьвядома становяцца на пазыцыі нашых ідэйных праціўнікаў і спрабуюць весьці барацьбу супраць палітыкі партыі і ўраду... Партарганізацыя і дырэкцыя маюць матэрыялы, зь якіх відаць, што гэта група (гаворка ідзе пра навукоўцаў з «Акадэмічнага асяродку». - М.Ч.) сыходзілася ў поглядах, пэрыядычна зьбіралася, затым вяла гутаркі, абмяркоўвала свае пытаньні ў закрытым парадку». 04.04.1974 паводле загаду дырэктара К. быў зволены з працы.
Але на гэтым перасьлед К. ня скончыўся - былі вернутыя з выдавецтва рукапісы яго манаграфіі і артыкулаў, ягонае прозьвішча выкрэсьлівалася з публікацый іншых аўтараў. Нават прозьвішча ягонай жонкі было выкрэсьлена з адпаведных тамоў «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі», над якімі яна працавала як рэдактар. І толькі ў 1980, пасьля шасьці гадоў вымушанай паўзы, ўбачыла сьвет новая апублікаваная праца беларускага навукоўца-патрыёта.
Больш за паўгады пасля звальненьня зь інстытуту К. быў бяз працы. 17.10.1974 з дапамогай намесьніка старшыні Савета міністраў БССР Н.Сьняжковай, якая ўвогуле з пэўным разуменьнем ставілася да беларускага адраджэньня, яму ўдалося ўладкавацца на пасаду рэдактара выдавецтва «Народная асвета». Такія ж цяжкасьці сустракаў ён і ў далейшым, і толькі з 1981 г. пачынае працаваць на катэдры беларускага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, дзе, нарэшце, мог цалкам прысьвяціць сябе выкладчыцкай і навуковай дзейнасьці. На сёньня К. аўтар 6 кніжак і больш як 120 артыкулаў.
Публ.: 1. А.Каўрус. «Сочтёмся славою...», альбо крыху пра міфатворчасьць // Наша слова. 15.09.1993.
Літ.: 2. А.Клышка. Прадмова да артыкула А.Каўруса «Да свайго слова» // Полымя. 1995, № 5; 3. С.Антановіч. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // Літаратура і Мастацтва. 10.05.1991; 4. С.Міско. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1 (6), ліпень; 5. В.Рабкевіч. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3.
Міхась Чарняўскі @
Каханоўскі Генадзь (псэўд. Габрук Верасень, Г.Гак, Г.Дамашовец, Г.Канстанцінаў; 08.01.1936, в. Дамашы Маладэчанскага пав. Віленскага ваяводзтва (цяпер Маладэчанскі р-н Менскай вобл.) - 15.01.1994, пахаваны ў в. Насілава Маладэчанскага р-ну), беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, археоляг, фальклярыст, музэезнаўца, папулярызатар краязнаўчай і музэезнаўчай навукі. З-за сваёй патрыятычнай пазыцыі ў канцы 1960-1970-х звальняўся з працы; ня меў магчымасьці выяжджаць за мяжу.
К. скончыў у 1952 Насілаўскую семігодку, праз тры гады сярэднюю школу ў в. Лебедзева. У 1958 паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Маскоўскага пэдагагічнага інстытуту, нейкі час паралельна працаваў у васьмігадовай школе ў в. Ленкаўшчына на Маладэчаншчыне, потым у школах Маладэчна. З 1964 працуе ў Менскім абласным краязнаўчым музэі (Маладэчна), (з 1966 - навуковы супрацоўнік, 1968 - намесьнік дырэктара па навуковай працы, з 1978 - дырэктар музэя). З 1982 К. - старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР.
У 1989 спрычыніўся да заснаваньня Беларускага Краязнаўчага Таварыства, быў ягоным першым старшынём. З 1991 - загадчык аддзелу краязнаўства ў Нацыянальным Навукова-Асьветным Цэнтры імя Ф.Скарыны, у 1992 г. абараніў доктарскую дысэртацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі, што было першай дысэртацыяй такога роду ў Беларусі. У тым жа годзе ўзнагароджаны мэдалём Ф.Скарыны. Ня ўсё надрукаванае з творчай спадчыны дасьледчыка.
Падчас навучаньня ў Маскоўскім дзяржаўным пэдінстытуце К. ачольваў зямляцтва студэнтаў-беларусаў. Сустракаўся з Уладзімірам Дубоўкам, Канстанцыяй Буйла, Мікалаем Улашчыкам і інш.
Краязнаўчая і дасьледніцкая праца К. часам выклікала занепакоенасьць тагачаснага партыйнага кіраўніцтва. У 1969 была скліканая атэстацыйная камісія, у склад якой увайшлі начальнік Упраўленьня культуры Менскага аблвыканкама В.Васільеў, дырэктар музэя Г.Паўлава, іншыя «навукоўцы» з партыйнымі білетамі. Абвінавачваньні, якія закідаліся К., былі па-кафкаўску бязглуздыя, зьвязаныя зь ягоным патрыятычным стаўленьнем да гістарычнай спадчыны беларускага народа. Былы загадчык аддзелу культуры ў Маладэчне Л.Сурпін абвінаваціў К. у нацыяналізме на падставе сьцьверджаньня апошняга пра страты беларусамі ў гады другой сусьветнай вайны кожнага чацьвёртага - гэтым самым, паводле словаў Сурпіна, К. штучна завышаў ролю беларускага народу.
Выснова камісіі была несуцяшальная - звольніць з працы. Толькі дзякуючы ўмяшальніцтву Генадзя Бураўкіна, Янкі Брыля, Івана Новікава, Максіма Танка, гісторыкаў Міхася Ткачова і Міхася Чарняўскага К. быў адноўлены на працы. Чарговыя нападкі на К. адбываліся ў 1974 падчас разгрому «Акадэмічнага асяродку».
Адсутнасьць магчымасьці выезду за мяжу К. кампэнсаваў шматлікімі вандроўкамі па былым СССР.
Адчулася значная палёгка пасьля пачатку перабудовы, калі беларускія гісторыкі атрымалі мажлівасьць дасьледаваць мінулае Бацькаўшчыны безь ніякіх цэнзурных рамак. На жаль, гэта працягвалася нядоўга. Міхась Чарняўскі зь цеплынёй успамінаў пра свайго калегу, што К. прызнаваўся яму, што кладзецца спаць з мараю - прачнуцца, а Беларусь - ужо вольная.
Тв.: 1. Адчыніся, таямніца часу. - Менск, 1984; 2. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16-19 стст. - Менск, 1984; 3. Повязь часоў. - Менск, 1985; 4. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. - Менск, 1989 (разам з П.Малаш, К.Цьвіркам); 5. Прадвесьне навукі. - Менск, 1990; 6. Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч. - Менск, 1991 (разам з А.Каханоўскім); 7. А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю : З біяграфіі М.Багдановіча. - Менск, 1991.
Літ.: 1. Кенька М. Збіральнік скарбаў мінуўшчыны // Падарожнік. 1997, № 4; 2. Мальдзіс А. Ён валодаў таямніцай часу // Звязда 11.01.1996; 3. Саламевіч Я. Руплівец // ЛіМ. 29.12.1996; 4. Чарняўскі М. Памяці адраджэнца // Культура. 19.12.1994; 5. Генадзь Каханоўскі // Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3. - Менск, 1994. С. 213-215.
Алег Гардзіенка @
Кукабака Міхась (у заходняй прэсе - Mikhail Kukobaka; 03.12.1936, Бабруйск), праваабаронца, аўтар публіцыстычных матэрыялаў, якія ў 70-80-я гады распаўсюджваліся праз самвыдат і замежныя радыёстанцыі; палітычны вязень у 70-80-х гадах.
К. рос і выхоўваўся ў дзіцячым прытулку, бо ягоны бацька загінуў падчас другой сусьветнай вайны, а маці памерла ўжо пасьля вайны. Ён скончыў рамесьніцкую вучэльню і быў накіраваны на працу ў Сібір. Пасьля пераяжджаў у розныя рэгіёны СССР - Казахстан, Украіна. У жніўні 1968 быў выкліканы ў Дарніцкі ваенкамат Кіева. Там К. заявіў, што «калі накіруеце ў Чэхаславакію, павярну аўтамат супраць вас: саўдзельнікам злачынства савецкага ўраду ня буду, выступлю на баку чэхаславацкага народа». К. таксама перадаў намесьніку Генэральнага консула Чэхаславакіі свой артыкул з асуджэньнем уводу савецкіх войскаў і папрасіў перадаць гэты тэкст на Захад. Тады зь вялікай цяжкасьцю К. выратаваўся ад псыхушкі. Але давялося зьехаць з Кіева ў Аляксандраў Уладзімірскай вобл. Працаваў электрыкам на радыёзаводзе. КГБ вызначыла, што К. настойліва шукае кантактаў з заходнімі карэспандэнтамі. 14.04.1970 К. арыштаваны. Падчас ператрусу быў знойдзены напісаны К. «Адкрыты ліст ангельскаму пісьменьніку Айвару Мантэгю» ў абарону Анатоля Кузьняцова, аўтара «Бабьего яра». Гэты артыкул К. быў адказам на паклёпніцкую публікацыю ангельскага літаратара ў газэце «Комсомольская правда».
Пазьней, ужо ў 1990, К. так адказваў на пытаньне аб тым, з чаго пачыналася ягонае іншадумства: «У мяне [была] звычайная біяграфія звычайнага, простага чалавека... Мае погляды фарміраваліся выключна на аснове асабістага досьведу. Я ня слухаў замежныя перадачы, не чытаў самвыдатаўскай літаратуры, нават ня ведаў, што такая ўвогуле існуе. Таму маё грамадзянскае «сталеньне» праходзіла даволі павольна... Я... толькі дзесьці на мяжы свайго 30-годзьдзя пачаў сур'ёзна раздумваць аб рэвалюцыі і яе выніках, аб тым, у імя якой будучыні краіна забрала мільёны жыцьцяў...»
У 1970 для К. пачалася доўгая турэмна-лягерная адысэя. За адмову дапамагчы КГБ ў фальсыфікацыі кампрамату на заходненямецкага дыплямата Мюлера КГБ параіла Інстытуту імя Сербскага абвясьціць К. вар'ятам (шызафрэнікам), што і было зроблена. 04.11.1970 Судовая калегія па крымінальных справах Уладзімірскага абласнога суда пастанавіла, што дзеяньні К. «уяўляюць асаблівую грамадзкую небясьпеку» і накіравала яго на прымусовае псыхіятрычнае «лячэньне». У пастанове суда прыводзіліся такія прыклады злачыннае дзейнасьці: «На вечарынцы пад Новы год у жаночым інтэрнаце... усхваляў жыцьцё народу за мяжою і паклёпнічаў на становішча рабочай клясы ў СССР»; «У лютым 1970 году пад час прыборкі тэрыторыі радыёзаводу... варожа адгукаўся пра лёзунг: «Жыць і працаваць па-ленінску»... К. быў накіраваны ў спэцпсыхлякарню ў горад Сычэўка Ўладзімірскай вобл., а праз 3 гады быў пераведзены ва Ўладзімірскую псыхлякарню.
К. быў вызвалены толькі ў 1976. У 1976 доктар Валашановіч засьведчыў К. як здаровага, але сам адкрыў сваё імя толькі пасьля таго, як зьехаў на Захад. Некаторы час К. жыў у Маскве, але потым вярнуўся ў Бабруйск. Там ён піша свой знакаміты нарыс «Скрадзеная Бацькаўшчына» (25.03.1978), прысьвечаны новай для яго тэме плянавай русіфікацыі Беларусі: «...Калі спускаўся па чыгуначным пераезьдзе... пабачыў надпіс: «Берегись поезда!» і адразу ўзгадаў: тут жа 25 год таму было напісана «Сцеражыся цягніка!», і толькі ўнізе расейскі пераклад. Цяпер беларускі выраз зьнік. І дзіўна, мяне гэта непрыемна закранула. Нечакана я ўсьвядоміў сябе беларусам». К. запісаў на магнітную стужку тэкст гэтага нарысу, таксама тэкст уласнага артыкулу «Абарона правоў чалавека і разрадка - непадзельныя» (03.04.1978). Стужка трапіла на Захад. Тэкст нарысу «Скрадзеная Бацькаўшчына» зачытваўся радыёстанцыяй «Нямецкая хваля» 09 і 10.07.1978, друкаваўся ў розных эміграцыйных выданьнях (напрыклад, «Время и Мы» (Мюнхен), 1986, № 3). Савецкія ўлады за гэты нарыс абвінавацілі К. у скажэньні «ленінскае нацыянальнае палітыкі». Артыкул «Абарона правоў чалавека і разрадка - непадзельныя» быў прысьвечаны тэме пашырэньня праблематыкі правоў чалавека па-за межы ўнутраных справаў кожнага ўраду, інтэрнацыялізацыі гэтай праблемы. Тэкст артыкула ў лістападзе 1977 зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода». Яшчэ адзін нарыс - «Спатканьне зь дзяцінствам», быў прысьвечаны антымілітарысцкай тэме, за што К. абвінавацілі ў абгаворваньні савецкай арміі. К. пашыраў таксама «Адкрыты ліст міністру аховы здароўя СССР», скіраваны супраць выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычна-рэпрэсіўных мэтах. К. распаўсюджваў таксама Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. У красавіку 1977 К. зьвяртаўся з заяваю пра выезд з СССР.
К. два разы (увосень 1976 і ўвосень 1977) прымусова зьмяшчалі ў Магілеўскую псыхіятрычную лякарню з дыягназам «шызафрэнія і паранаідальны сындром». Працоўная камісія іншадумцаў вызначыла гэты факт як «тыповы прыклад выкарыстаньня псыхіятрыі ў рэпрэсіўных палітычных мэтах» і зьвярнулася зь лістамі-пратэстамі ў Міністэрства аховы здароўя СССР і непасрэдна ў лякарню. У кастрычніку 1978 К. быў арыштаваны, а 20-21 чэрвеня 1979 ў Бабруйску над ім адбыўся суд. На судзе К. заявіў, што камунізм савецкага ўзору ёсьць сыстэма поўнага задушэньня і разбурэньня асобы, а СССР - ні што іншае, як бязьмежны канцэнтрацыйны лягер. К. прыйшоў да поўнага разрыву з сыстэмай і афіцыйна адмовіўся ад савецкага грамадзянства, патрабаваў выпусьціць яго з СССР. К. быў асуджаны на тры гады лягероў агульнага рэжыму паводле артыкулу 186-1 КК БССР. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў Наваполацкім лягеры.
У зьняволеньні К. працягваў займаць актыўную грамадзянскую пазыцыю - абараняў правы зьняволеных, пісаў скаргі ў пракуратуру пра беззаконнасьці, якія там адбываліся, праводзіў дэманстрацыйныя галадоўкі пратэсту. Рэакцыя карных органаў была адпаведнай. У 1982 зноў жа паводле артыкулу 186-1 КК БССР (адпавядае артыкулу 190-1 КК РСФСР) быў прыгавораны да 3-х гадоў лягероў 07.03.1985 К. атрымаў чарговы пакаральны прысуд. Фармальна паседжаньне Віцебскага абласнога суда было адкрытым, але насамрэч - закрытым, бо паседжаньне адбывалася ў службовым памяшканьні аршанскага «учреждения УЖ-15/6» (лягер), куды доступ мелі толькі службоўцы лягера ды зьняволеныя. Гэты суд «за систематическое распространение заведомо лживых вымыслов, позорящих советский государственный и общественный строй... признал виновным в антисоветской пропаганде и агитации и на основании статьи 67 часть 1 Уголовного кодекса БССР» і пакараў 6 гадамі пазбаўленьня волі з высылкай на 4 гады з адбываньнем пакараньня ў папраўча-працоўным лягеры ўзмоцненага рэжыму. У зьняволеньні супраць К. выкарыстоўваўся тэрор крымінальнікаў.
Шмат у інфармаваньні грамадзкасьці, ацэнцы становішча К. зрабіў акадэмік Андрэй Сахараў, а таксама маскоўскія дысыдэнты Віктар Некіпелаў, сам праз год арыштаваны, Грыгорый Пад'япольскі, Марыя Пятрэнка. На Захадзе была арганізаваная грамадзкая кампанія ў абарону К., адпаведныя публікацыі зьявіліся ў «Ню Ёрк Таймс», інфармацыю распаўсюджвала радыё «Свабода». Беларускай дыяспарай у ЗША быў створаны «Камітэт вязьняў сумленьня ў Беларусі», які праводзіў шмат мэрапрыемстваў. Яго лідэрам быў Павал Янкоўскі - псэўданім для савецкай цэнзуры Яна Запрудніка, галоўнага рэдактара газэты «Беларус». Актыўнымі ў арганізацыі абароны К. былі прадстаўнікі беларускай дыяспары і ў другіх краінах - Згуртаваньне Беларусаў Вялікабрытаніі (Аляксандар Зданковіч, Лёндан), Сьвецік Карзанеўскі (Аўстралія), у Новай Зэляндыі. Амэрыканскі канфэсмэн Біл Грын улучыў гісторыю К. у спэцыяльную запіску, якая была адрэсаваная Кангрэсу. У абарону вязьня актыўна выступаў сэнатар Робэрт Доўл. Адпаведныя акцыі праводзілі прафсаюзы Англіі і Даніі. У той жа час з самой Беларусі не раздалося ніводнага голасу ў абарону К. - выявілася спэцыфіка краю, дзе асабліва шчыравалі «глушыльнікі» заходніх радыёгаласоў, дрэнна даходзіў самвыдат зь іншых рэгіёнаў СССР.
06.12.1988 напярэдадні візыту ў ЗША Міхаіла Гарбачова ў «Ню Ёрк Таймсе» была апублікаваная нататка аглядальніка Разэнталя пад назовам «Падарунак Гарбачова Ню Ёрку» - так было ацэненае вызваленьне апошняга «семідзясятніка» з сумна вядомага Пермскага лягера.
Але само вызваленьне К. было ня менш характэрным у параўнаньні зь ягоным арыштам. К. застаўся ў «сваім» лягеры апошнім асуджаным па артыкуле «антысавецкая агітацыя і прапаганда». Сьледчы КГБ і адміністрацыя лягера настойвалі, каб К. падаў просьбу аб памілаваньні. К. лічыў, што гэта будзе адназначным прызнаньнем сваёй віны і адмаўляўся ад падаваньня такой просьбы, ён патрабаваў рэабілітацыі. Урэшце К. быў памілаваны паводле ўказу Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 30.11.1988. У 1989 незалежная псыхіятрычная экспэртыза ў Маскве засьведчыла псыхічнае здароўе К.
Такім чынам, К. быў асуджаны паводле палітычных матываў 4 разы і правёў у турмах, лягерах і вар'ятнях каля 17 гадоў. К. неаднаразова пасьля вызваленьня зьвяртаўся з патрабаваньнямі сваёй юрыдычнай рэабілітацыі. Толькі пасьля звароту К. да тагачаснага першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету БССР Станіслава Шушкевіча ў жніўні 1990 Прэзыдыюм Вярхоўнага суда БССР 10.12.1990 адмяніў вэрдыкт Судовай калегіі па крымінальных справах Магілеўскага абластнога суда ад 21.06.1979 і пастанову судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР ад 24.07.1979; справа была спыненая «паводле матываў адсутнасьці... складу злачынства». А да таго моманту ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 21.04.1989 быў адменены артыкул 186 КК БССР.
Цяпер К. жыве ў Маскве. Сябра Radical Party, працуе ў Маскоўскай Хельсінскай Групе. У жніўні 1991 быў у шэрагах абаронцаў законнай расейскае ўлады, прыйшоў да Крамля з нацыянальным беларускім бел-чырвона-белым сьцягам. Пасьля абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці рабіў спробы пераехаць у Менск, дзеля гэтага нават зьвяртаўся ў беларускі парлямэнт. Але гэтая ідэя не была рэалізаваная. Цяпер, на жаль, паміж беларускай грамадзкасьцю і К. не падтрымліваецца стабільных сувязяў.
Асоба К. дастаткова нетрадыцыйная для Беларусі 1960-1980-х. К. так выразна сфармуляваў праваабарончую праблематыку, як гэта не рабілася ў сучаснай яму тады Беларусі. К. падтрымліваў сувязі з дысыдэнцкімі коламі Масквы і Расеі, што гэтак жа нетрадыцыйна для апазыцыі Беларусі. К. можна назваць прадстаўніком клясычнага дысыдэнцкага руху, які не атрымаў у Беларусі дастатковага распаўсюджаньня, бо тут былі прадстаўленыя іншыя формы іншадумства і апазыцыі таталітарнаму рэжыму. Але К. увесь час у сваёй праваабарончай і публіцыстычнай дзейнасьці надаваў вялікую ўвагу Беларусі і яе праблемам. Арганізатарамі кампаніі абароны К. на Захадзе ў канцы 1970-х - 1980-х былі беларускія эміграцыйныя колы. У 1980-я гады імя К. шмат значыла для новай дэмакратычнае апазыцыі Беларусі.
Кр.: 1. ANH, F-3 (Міхась Кукабака).
Бібл.: 2. Защита прав человека и разрядка - неделимы (03.04.1977). Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода» ў лістападзе 1977; 3. Украденная Родина (25.03.1978). Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Нямецкая хваля» 09.07.1978 у 18.20 і 10.07.1978 у 20.45; друкаваўся ў розных эміграцыйных выданьнях (напрыклад, «Время и Мы» (Мюнхен), 1986, № 3); 4. История одного ненаписанного рассказа: наброски с натуры (30.11.1990) [Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода»]; 5. «КГБ - социальная чума», - свидетельствует жертва советского гестапо // Содействие (Вільня). № 15, 1990, 8-20, 1990; 6. Беженцы от Министерства обороны (10.01.1993) // «Московские новости», «Экспресс-Хроника»; 7. Mikhail Kukobaka. Byelorussian Worker, Imprisoned in the Soviet Union for Defending Human Rights // Amnesty International Campaign. London. June 1988; 8. Susan Richards. Encounters in a changing Russia. Epics of Everyday Life. London, 1989. Р. 282-286; 9. Он боролся за нас (судьба М.Кукобаки) // Ратуша (Магілеў). 1990, № 2; 10. Аляксандар Уліцёнак. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991. С. 223-243.
Алег Дзярновіч @
Кулік Яўген (31.10.1937, Менск), мастак-графік, актыўны ўдзельнік адраджэнскага руху 1960-1990-х; у ягонай майстэрні ў 1960-х утварыўся асяродак «На Паддашку».
У 1957 скончыў Менскую мастацкую вучэльню, у 1963 - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў Л.Лейтмана, А.Малішэўскага, В.Цьвіркі, А.Мазалёва. З 1963 удзельнічае ў афіцыйных мастацкіх выставах. У 1965 уступіў у Саюз мастакоў Беларусі. Маючы жывапісную адукацыю, пасьля заканчэньня інстытуту пераарыентаваўся на графіку. Аўтар станковых аркушоў і эксьлібрысаў. Аздабляў кнігі для дзяцей і дарослых, клясыку і сучаснасьць - у асноўным беларускіх аўтараў Працаваў мастаком у дзіцячым часопісе «Вясёлка».
К. уласьцівы рамантычны погляд на беларускую мінуўшчыну часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама настальгія па традыцыйным побыце, які сыходзіць у нябыт пад націскам урбанізацыі і масавай культуры. Бо традыцыйны побыт у ягоным разуменьні - апірышча беларушчыны. К. паставіў творчасьць на службу нацыянальнай ідэі, скарыстоўвае кожную магчымасьць для прапаганды беларускай гісторыі і культуры. Пік творчасьці прыпадае на 1974-1983. У гэты час зьявіліся ўсе ягоныя найбольш вядомыя творы: «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны» (1974), малюнкі-рэканструкцыі «Замкі Беларусі» (1977), аркушы «На куцьцю», паводле Янкі Купалы (1982) і «Памяці Алены Кіш» (1983).
У 1980 мастак робіць ілюстрацыі да клясычнага твору беларускай лацінамоўнай літаратуры «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага. На той момант, калі К. браўся за гэтую працу, ужо існавалі цудоўныя ілюстрацыі да «Песьні...», зробленыя Аўгенам Кашкурэвічам. Такім чынам К. уступаў у своеасаблівае спаборніцтва з мэтрам беларускай графікі, і спаборніцтва гэтае пайшло на карысьць нацыянальнаму мастацтву. Сёньня ілюстрацыі К. да «Песьні...», як і ілюстрацыі А.Кашкурэвіча, знаходзяцца ў шэрагу вышэйшых дасягненьняў беларускай кніжнай графікі.
Выданьне славутага твора лацінамоўнага паэта Беларусі Міколы Гусоўкага ў перакладзе на сучасную беларускую мову стала выдатнай падзеяй у справе асваеньня беларусамі ўласнай культурна-гістарычнай спадчыны. К. выдатна скарыстаў гэтую нагоду для ўслаўленьня гераічнай мінуўшчыны краіны. Гэтую працу можна лічыць кульмінацыяй творчасьці мастака.
К. стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асобаў (князя Рагвалода, князёўны Рагнеды, Сьв. Эўфрасіньні Полацкай) і сюжэтных кампазыцыяў, прысьвечаных драматычным падзеям нацыянальнай гісторыі (у прыватнасьці, паўстаньню 1863-1864). У сааўтарстве з М.Купавам рабіў малюнкі гербоў магдэбургскага пэрыяду для кнігі А.Цітова «Гарадзкая геральдыка Беларусі» (1989). Разам з А.Бажэнавым і М.Купавам маляваў гербы для кнігі таго ж аўтара «Геральдыка беларускіх местаў» (1998). Творасьць К. мае выразна асьветніцкі характар.
Асобнае месца ў ягонай творчай і грамадзкай дзейнасьці займае эпізод, зьвязаны са стварэньнем у 1980 паштоўкі з нагоды 1000-годзьдзя Беларусі і перадачай яе на Захад, дзе намаганьнямі беларускай дыяспары паштоўка была растыражаваная. Імя аўтара хоць не адразу, але ўрэшце стала вядомым КГБ. К. перасьледваўся - ужываліся нагляд і допыты.
Ад 1960-х і ажно да 1990-х майстэрня К. была своеасаблівым клюбам апазыцыйна настроенай і нацыянальна арыентаванай інтэлігэнцыі. Менавіта ў ягонай майстэрні склаўся культурны асяродак «На Паддашку» (названы па месцазнаходжаньні майстэрні - пад самым дахам у доме насупраць будынка КГБ). У гэтым асяродку зьбіраліся самвыдатаўскія і забароненыя выданьні, рыхтаваліся выставы, арганізоўваліся пошукавыя экспэдыцыі. «На Паддашку», па-сутнасьці, была адною зь нешматлікіх нефармальных груповак у Беларусі, якая функцыянавала, нягледзячы на ўціск з боку ўладаў, на працягу трыццаці гадоў. Потым мастакі гэтага асяродку склалі ядро творчай суполкі «Пагоня».
Напрыканцы 1980-х у выніку актывізацыі палітычнага жыцьця ў беларускім мастацтве сьцьвярджаецца новы напрамак - соц-арт. У той час, як этнаграфізм (К. - выразны прадстаўнік этнаграфізму) стаяў на грунце рэалістычнай мастацкай школы, гістарычнай традыцыі і нацыянальнага рамантызму, апяваў беларускую архаіку і аб'ектыўна быў арыентаваны на даволі шчыльнае кола інтэлектуалаў, соц-арт увасобіў рэаліі XX стагодзьдзя, эўрапейскі досьвед (у тым ліку і досьвед масавай культуры), дынаміку і супярэчнасьць урбанізаванага грамадзтва. Этнаграфізм напрыканцы 1980-х ужо быў мастацтвам сталых людзей, соц-арт сьцьвярджаўся як мастацтва моладзі. Далёка ня ўсе мастакі «этнаграфічнай» генэрацыі, якія мелі пэўныя заслугі ў сваім часе, здолелі ўсьвядоміць, што гэты час скончыўся. Ня ўсе яны аказаліся падрыхтаванымі прыняць новую эстэтыку, новую рэчаіснасьць.
К. застаўся ў мастацтве кансэрватыўным нацыяналістам, але ў палітыцы ён - прыхільнік нацыяналізму радыкальнага. З канца 1980-х у ягонай майстэрні зьбіраецца ўжо не культурніцкая, але палітычная апазыцыя камуністычнаму рэжыму. Тут плянаваліся і абмяркоўваліся шэраг акцыяў Беларускага Народнага Фронту (БНФ). У часе стварэньня БНФ К. уваходзіў у кіраўнічыя структуры Фронту. Браў удзел у мастацкім аздабленьні шэрагу палітычных акцыяў патрыятычных сіл (зьезды БНФ, мітынгі, дэманстрацыі). У 1991 браў удзел у стварэньні графічнага эталёну «Пагоні» - Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.
У апошняе дзесяцігодзьдзе ў творчасьці К. не назіраецца новых тэндэнцыяў, не зьяўляецца прынцыпова новых вобразаў і стылёвых знаходак. Тое, чым ён займаецца цяпер (геральдыка, гістарычныя рэканструкцыі адзеньня і г.д.), увогуле мае ўскоснае дачыненьне да «прыгожага мастацтва». Гэта бліжэй да працы навукоўца.
К. - сябра мастацкай суполкі «Пагоня» і адзін зь ініцыятараў яе стварэньня. Ён удзельнік выставаў суполкі. К. прыклаў руку да шэрагу праграмных дакумэнтаў «Пагоні» - статуту, адозваў, заяваў.
Кр.: 1. АМН. F-3 (Яўген Кулік); F 8/62.
Літ.: 2. Ля вытокаў незалежнага грамадзтва: Асобы і падзеі беларускай апазыцыі 1950-1980-х. Каталёг выставы. - Менск, 1998. С. 9-10.
Пётра Васілеўскі @
Лагодзіч Мікалай (06.12.1928, в. Радаўня Пінскай вобл. (цяпер Магілянскі с/с Янаўскага р-ну)), беларускі праваабаронца, палітычны вязень.
Сваю нязгоду з рэчаіснасьцю Л. упершыню паспрабаваў выказаць у той час, калі знаходзіўся на ваеннай службе (з 1948). Як адзначае Л., існавала практыка дыскрымінацыі прызыўнікоў з заходніх абласьцей Беларусі, якія былі да 1939 у складзе Польскай дзяржавы і ў 1940-х да канца яшчэ не саветызаваныя. Тых, хто нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, пасылалі служыць як мага далей ад Беларусі, давалі самую цяжкую і брудную працу, часта іх проста накіроўвалі на працу ў шахты і на лесапавал. Л., які служыў на тэрыторыі Кіраўскай вобл. (Сібір), даслаў скаргу міністру абароны СССР Васілеўскаму з выкладам сытуацыі і папрасіў перавесьці яго для службы на тэрыторыю Беларусі. Ужо тады Л. адчуў на сабе ціск з-за сваіх поглядаў.
Пасьля заканчэньня ваеннай службы Л. вярнуўся на Радзіму, з 1956 пасяліўся ў Пінску. Працаваў на Пінскім фанэрным заводзе, адначасова завочна вучыўся ў тэхнікуме. Але Л. ня мог адмовіцца ад роздумаў над савецкай рэчаіснасьцю. Тады Л. яшчэ верыў у магчымасьць зьменаў у СССР праз адкрытую дыскусію, праз публікацыі ў савецкай прэсе. «...Практычная дзейнасьць камуністычнага рэжыму, інфармацыйная хлусьня партыйнае прэсы, уся дыктатарская атмасфэра, парушэньні Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека падштурхнулі мяне нагадаць рэжыму пра гэта сваімі артыкуламі. Я пачаў пісаць» [2]. На пачатку 1960-х Л. накіроўвае свае артыкулы ў маскоўскія газэты «Известия» і «Правда». Вядома, іх там не публікуюць. Тады Л. высылае яшчэ адзін рукапісны тэкст у менскі карпункт газэты «Правда». Гэты артыкул быў падпісаны псэўданімам Пінчук Палескі. КГБ пачынае шукаць Пінчука Палескага.
29.01.1963 па дарозе з працы Л. быў арыштаваны і дастаўлены ў Берасьцейскі аддзел КГБ. Справу Л. вёў падпалкоўнік Гаршкоў. 11.04.1963 Берасьцейскім абласным судом Л. быў асуджаны паводле арт. 67 Крымінальнага кодэкса БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда») на тры гады пазбаўленьня волі. Свой тэрмін Л. адбываў у Мардоўскіх лягерох.
Пасьля вызваленьня Л. цярпеў ад дыскрымінацыі, пастаянна сутыкаўся з праблемамі ў працаўладкаваньні. Ягоная перапіска доўгі час была пад наглядам карных органаў. Пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці Л. быў рэабілітаваны ў 1992. У нашыя дні прымае актыўны ўдзел у дэмакратычным руху - быў старшынём Беларускага Дэмакратычнага Аб'яднаньня «Вэтэран»; сябра Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі («Грамада»).
Кр.: 1. ANH. F-3 (Мікалай Лагодзіч).
Літ.: 2. Пагодзіч Мікалай. Мае ўспаміны // Маю права! (Бюлетэнь Пінскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Хельсінскага Камітэту). 1998, № 3.
Тацяна Сьнітко @
Ліпай Алесь (псэўданім: Ясь Валошка; 09.04.1966, в. Андросаўшчына Капыльскага р-ну Менскай вобл.), адзін з закладальнікаў незалежных беларускіх мэдыяў напрыканцы 1980-х - пачатку 1990-х.
У 1987 Л. далучыўся да літаратурнага аб'яднаньня «Тутэйшыя». У тым жа годзе браў удзел у выданьні на факультэце журналістыкі самвыдавецкай насьценнай газэты «Лірнік», зьяўленьне якой выклікала скандал на факультэце. 3 1988 па 1991 Л. працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навінаў газэты «Знамя юности». Зь лютага 1989 быў першым карэспандэнтам радыё «Свабода» ў Беларусі. Л. удзельнічаў ва Ўстаноўчым зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» ў Вільні - інфармацыйна забясьпечваў працу гэтага форуму. У кастрычніку 1991 стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое зь цягам часу перарасло ў інфармацыйную кампанію. З часу ўзьнікненьня БелаПАНу Л. - генэральны дырэктар кампаніі. У 1995-1998 быў віцэпрэзыдэнтам Беларускай Асацыяцыі Журналістаў (БАЖ).
Кр.: АМН. F-3.
Юры Грыбоўскі @
Марачкін Алесь (псэўданім: Алесь Мара; 30.03.1940, в. Новая Слабада (былая Папоўшчына) Чэрыкаўскага р-ну Магілеўскай вобл.), мастак, жывапісец і графік, асноўнымі тэмамі творчасьці зьяўляюцца нацыянальная і гістарычная; актыўны ўдзельнік руху мастацкае апазыцыі ў 1970-1980-я, адзін з арганізатараў неафіцыйных выставаў і акцыяў. Адзін з заснавальнікаў БНФ (Аргкамітэт - кастрычнік 1988).
У 1962 атрымаў дыплём Віцебскага пэдагагічнага інстытуту, у 1972 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (БДТМІ, цяпер Беларуская Акадэмія Мастацтваў - БелАМ). Сябра Саюзу мастакоў з 1974. Працаваў у Менску, пэўны час як вольны мастак, пасьля галоўным мастаком Мастацкага фонду, у БелАМ працуе з 1988, з 1990 па 1997 быў загадчыкам катэдры жывапісу БелАМ. Паводле палітычных матываў быў вымушаны пакінуць пасаду ў 1997.
Першыя спробы выразіць яшчэ малаасэнсаванае самім мастаком пачуцьцё пратэсту супраць камуністычнай сыстэмы і нацыянальнага прыгнёту пачынаюцца ў гады вучобы ў БДТМІ (карціны «Лесапавал»1968, «Смаленьне чорнага кабана» 1970 - праца, «прысьвечаная» стогадоваму юбілею Леніна). У 1970-я М. зьбліжаецца з апазіцыйна настроенымі коламі акадэмічнае і ўнівэрсытэцкае моладзі (М.Чарняўскі, З.Пазьняк, А.Разанаў), з мастакамі, якія ўжо на той час займалі выразную нацыянальную пазыцыю (Л.Баразна, Я.Кулік, М.Крукоўскі), знаёміцца зь Віленскім антысавецкім беларускім асяродкам; так фармуецца кола мастакоў-аднадумцаў, у якое ўваходзяць таксама М.Купава, В.Маркавец, Л.Талбузін і інш (так званыя «этнаграфісты»). М. становіцца адным з удзельнікаў групы «На Паддашку» (так называлі майстэрню Яўгена Куліка ў Менску дзе звычайна зьбіралася апазыцыйна настроеная інтэлігенцыя і ў выніку ўзьнік клюб апазыцыйнае інтэлігенцыі пад такім жа назовам). Тагачасная мастацкая апазыцыйнасьць будавалася па двух асноўных накірунках: непрыняцьце догмаў «сацрэалізму» і сыстэмы дзяржаўна-партыйнага кіраваньня культурай ды распрацоўка ў мастацкіх творах адраджэнскае, нацыянальна-вызвольнае і нацыянальна-асьветніцкае тэматыкі. М. актыўна шукае новыя формы (уплыў польскага мастака Я.Мальчэўскага, сюррэалізму), удзельнічае ў арганізацыі неафіцыйных мастацкіх выставаў (першыя спробы яшчэ ў канцы 1960-х у Жодзіне Менскай вобл.), у нетрадыцыйныя для савецкага мастацтва формы імкнецца ўкласьці й крамольныя для рэжыму ідэі. Нацыянальная гісторыя, яе героі, культурная спадчына беларускага народу становяцца яго асноўнымі тэмамі, прычым не адлюстраваньне гісторыі, а менавіта асэнсаваньне яе празь сьвядомасьць сучасьніка і кампатрыёта - галоўнае для майстры. Цыклі «Выбітныя дзеячы гісторыі і культуры», «Паданьні і легенды Беларусі», «Мае сучасьнікі» сталі своеасаблівай мастацкай энцыкляпэдыяй «несавецкае» Беларусі, а некаторыя творы набылі характар сымбаляў нацыянальнага руху (гл. ніжэй).
Дазволеныя ўладамі калектыўныя выставы, прысвечаныя юбілеям Цёткі (Алаізы Пашкевіч) (1976), Язэпа Драздовіча (1979, 1988), Міколы Гусоўскага (1980), Кастуся Каліноўскага (1988) і інш.) выкарыстоўваліся М. і ягонымі паплечнікамі дзеля прапаганды ідэяў нацыянальнага адраджэньня й вызваленьня. Група «На Паддашку» пры актыўным удзеле М. ладзіла свае неафіцыйныя выставы і акцыі, прысьвечаныя І.Луцкевічу, В.Ластоўскаму, К.Малевічу, іншым дзеячам беларускага адраджэньня ці мастакам, чые імёны былі практычна забароненыя пры савецкім рэжыме, акцыі па сьвяткаваньні такіх «несавецкіх» датаў, як Тысячагодзьдзе беларускае дзяржаўнасьці, Дзень Волі (абвяшчэньне незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі - 25 сакавіка 1918). М. дасьледуе формы традыцыйнага мастацтва беларусаў і працуе на іхнае адраджэньне (удзел у камісіі па народным мастацтве пры СМ), шукае спадчыну беларускага мастака Язэпа Драздовіча (1888-1954), публікуе ягоныя дзёньнікі, артыкулы пра яго, як галоўны мастак Мастацкага фонду, ён змагаецца за наданьне падкрэсьлена нацыянальнага характару афармленьню менскага мэтро. Важнай галіною ягонае дзейнасьці становіцца выхаваньне нацыянальна-сьведамае мастацкае моладзі. Яшчэ ў 1970-я ён распаўсюджвае сярод калегаў і студэнтаў артыкулы з забароненых заходнебеларускіх часопісаў міжваеннага пэрыяду і забароненых беларускіх кніжак (напрыклад «Адвечным шляхам» І.Абдзіраловіча); у 1980-90-х ягоны ўплыў на студэнтаў мастацкага факультэту БелАМ замацоўвае за факультэтам імідж «гнязда нацыяналізму», студэнты-жывапісцы актыўна ўдзельнічаюць у палітычных акцыях, у мастацкіх імпрэзах нацыянальна-вызвольнага накірунку. З 1988 М. актыўна ўключаецца ў адкрытую грамадзка-палітычную дзейнасьць, удзельнічае ў стварэньні БНФ, у кіраўніцтве Фронтам; у 1990 балятуецца на выбарах у Вярхоўны Савет БССР.
У 1991 арганізацыйна афармляецца мастацкая суполка «Пагоня», што аб'яднала большасьць беларускіх мастакоў, зангажаваных ідэямі нацыянальнага адраджэньня і вызваленьня з-пад палітычнага і духоўнага прыгнёту расейска-савецкае імпэрыі. Старшынём суполкі з самага пачатку стаў М. Выставы «Пагоні» сталі зьявамі мастацкага і палітычнага жыцьця Беларусі. Яшчэ з канца 1980-х М. разам зь некаторымі мастакамі, што ўвайшлі ў «Пагоню», і студэнтамі БелАМу афармляе апазыцыйныя мітынгі і шэсьці, часам ператвараючы іх у бліскучыя палітычна-мастацкія хэпэнінгі, якія ўцягваюць і ўзрушваюць дзясяткі тысячаў чалавек, разьвіваючы ўласьцівыя яшчэ «этнаграфістам» канцэпцыі «мастацтва - бібліі для непісьменных» і сёньняшнія памкненьні М. ствараць палітычна актыўнае, дзейнае мастацтва-акцыю.
Дзейнасьць мастака ўжо з 1970-х прыцягвала пільную ўвагу КГБ, хаця адкрытага тэрору ён тады й не паспытаў, але адносіны ўладаў адбіліся на вонкавай пасьпяховасьці яго прафэсыйнага шляху - нават першую пэрсанальную выставу ён здолеў наладзіць толькі ў 1992. Фізычнае процістаяньне мастака ўладам вылілася, нарэшце, у факт ягонага жорсткага зьбіцьця спэцназаўцамі падчас дэманстраціі «Чарнобыльскі шлях» у Менску 26.04.1996.
М. быў сябрам Аргкамітэту БНФ у 1988-1989, сябра Сойму з 1989 па цяперашні час, сакратар Управы БНФ 1989-1993, старшыня камісіі па культуры БНФ. Старшыня мастацкага савету пры Беларускім фондзе культуры, сябра прэзыдыюма Саюзу мастакоў Беларусі. Старшыня мастацкай суполкі «Пагоня» з 1991.
Найбольш паказальныя для разуменьня апазыцыйнасьці і нацыянальна-вызвольнай ангажаванасьці мастака працы: «Лесапавал» (1968), «Смаленьне чорнага кабана» (1970), «На этапах» (1973) «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Пачатак. Ф.Скарына» (1978), «Вітаўт» (1980), «К.Каліноўскі» (1982), «Вераніка і Максім» (1981), «Выкажы сябе сам» (1989), «Зянон» (1991), «Зьніч» (1991), «Маці Божая Чарнобыльская» (1991), «Магутны Божа» (1992).
Працы М. захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, у музэях і прыватных зборах Беларусі, Польшчы, Нямеччыны. Абраз «Маці Божая Чарнобыльская» - у алтары царквы Жодзіна.
Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны за высокія дасягненьні ў справе нацыянальнага адраджэньня, прапаганду культурнай спадчыны беларускага народа (1992). Двойчы адмовіўся ад ганаровага дзяржаўнага званьня: «Заслужаны мастак БССР» у 1989, пратэстуючы супраць сыстэмы дзяржаўнага патранату і кантролю за мастацтвам, і «заслужаны мастак Рэспублікі Беларусь» у 1995, у знак пратэсту супраць антыбеларускай і антыдэмакратычнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Кр.: 1. ANH, F-3 (Алесь Марачкін).
Літ.: 1. Аляксей Марачкін. Жывапіс. - Менск, 1996; 2. Ждановіч В. Гуканьне вясны, «Маладосьць», № 3, 1977; 3. Марачкін А. Стронцый на маёй палітры, «Крыніца», № 4, 1990; 4. Мара-92. - Менск, 1992; 5. Царова Л. Выставы суполкі «Пагоня» Дыпломная праца, рукапіс). - Менск, 1996.
Вацлаў Арэшка @
Мартыненка Вітаўт (псэўданімы: Вінцук Гуненка, Рыгор Дамінюк і інш.; 29.09.1959, Менск), распачынальнік незалежнай беларускай музычнай журналістыкі, пісьменьнік, паэт.
У 1976-1982 навучаўся на факультэце журналістыкі БДУ. У 1982 пачынае працаваць ў газэце «Чырвоная Змена», з 1983 вядзе музычную старонку «Мэлёдыя» (з 1986 - «Нотны аркуш»). Працаваў на Беларускай тэлевізіі, супрацоўнічаў з радыёстанцыяй «Свабода». З 1985 - сябра Саюзу журналістаў СССР. Выступае з матэрыяламі пра сучасную беларускую музыку ў беларускіх і замежных выданьнях.
Напрыканцы 1980-х - удзельнік «Талакі», «Тутэйшых», а ў 1988 стаў арганізатарам адной зь першых групаў падтрымкі БНФ, якая была створаная ў дзяржаўнай газэце «Чырвоная Змена». Падчас Дзядоў-88 М. быў атручаны газам «Чаромха», за ўдзел у акцыі быў асуджаны (адміністрацыйна).У адказ на гэта ў «Чырвонай Змене» зьявіўся калектыўны артыкул «Процістаяньне». На пазыцыі групы падтрымкі БНФ стала ўся рэдакцыя газэты.
М. стаў адным з пачынальнікаў уласна беларускай музычнай журналістыкі. Выступіўшы вядучым рубрыкі «Мэлёдыя», М. разам зь сябрам Анатолем Мяльгуем кардынальна мяняе канцэпцыю рубрыкі: упершыню на старонках беларускай прэсы ладзяцца музычныя хіт-парады, зьяўляюцца рэцэнзіі на новыя альбомы беларускіх гуртоў, пачынаюць друкаваць постэры беларускіх выканаўцаў. У музычную рубрыку ўводзіцца абавязковая прысутнасьць нацыянальнай мас-культуры. Узмацненьне ўвагі да нацыянальнага аспэкту мас-культуры адбілася і ў зьмене назвы музычнай старонкі «Чырвонай Змены»: з 88-га выпуску (1986) яна называецца «Нотны аркуш».
М. палемізаваў з жураналістамі, якія не прымалі тэрмінаў «беларускі рок» (інакш - беларускамоўны) і «рок зь Беларусі» (ангельска-, расейскамоўны), уведзеныя М. Гэтая дыскусія атрымала назву «бервяно ў воку» (паводле назвы артыкулу М.). Апанэнтамі М. выступілі журналісты Ю.Цыбін і Дз.Падбярэскі, згуртаваныя вакол газэты «Знамя юности». Яны ж даводзілі, што беларускамоўныя гурты «Мроя» і «Bonda» непрафэсыйныя, і ў прыклад ставілі расейскамоўныя каманды «Отражение», «Форпост» і іншыя.
Журналісцкае крэда «не апісваць, а ствараць» знаходзіць і іншыя шляхі выражэньня: у 1985 М. разам з Анатолем Мяльгуем ствараюць першы ў Беларусі рок-клюб «Няміга», дзе гуртуюцца беларускія рок-музыкі. У 1986 закладаецца традыцыя правядзеньня нацыянальнага рок-фэсту «Тры колеры» (1986, 1988).
У сярэдзіне 1988 зьявіўся поўны машынапісны варыянт кнігі М. і Анатоля Мяльгуя «Праз рок-прызму»: аўтары зьмяшчаюць беларускую рок-культуру ў кантэкст сусьветнай мас-культуры. Кніга выйшла ў 1989 у Ню Ёрскім выдавецтве БІНіМ - беларускія выдавецтвы ў тыя гады адмаўляліся браць рукапіс у працу.
Тв.: 1. Мартыненка В. Мець справу з творчасцю // Чырвоная Змена. 20.02.1985; 2. Мартыненка В. Між простым і складаным // Чырвоная Змена. 11.04.1986. (у газэце «ЛИК» (Сафія, Баўгарыя) гэты артыкул зьяўляецца бяз цэнзарскіх купюраў); 3. Мартыненка В. Бервяно ў воку // Чырвоная Змена. 01.06.1988; 4. Martynenka V. BONDA - grupe i Baltarusijos // Komjaunimo tiesa (Vilnus), 27.05.1986; 5. Martynenka V. Fan-korespondent i BONDA // Na przełaj (Warszawa), 06.07.1986.
Сяргей Сахараў @
Місько Сьцяпан (18.12.1930, в. Чамяры Слонімскага пав. Навагрудзкага ваяводзтва), тэатразнаўца, публіцыст; быў звольнены з працы ў Акадэміі Навук падчас разгрому ў 1974-1975 так званага «Акадэмічнага асяродку».
М. яшчэ падлеткам браў удзел у савецкім партызанскім руху ў Беларусі (1941-1944), адзначаны ордэнам Айчыннай вайны II-й ступені і мэдалямі.
Закончыў францускі факультэт Менскага інстытуту замежных моваў (1952). Выкладаў францускую, нямецкую, беларускую і расейскую мовы ў Альбэрцінскай сярэдняй школе на Слонімшчыне (1952-1958). Пасьля заканчэньня асьпірантуры па спэцыяльнасьці «тэатразнаўства» пры ІМЭФ АН БССР у Інстытуце мастацтвазнаўства, фальклёру і этнаграфіі АН Украіны абараніў дысэртацыю па тэме «Вытокі беларускага народнага тэатра» і атрымаў вучоную ступень кандыдата мастацтвазнаўства (1962). Працаваў малодшым, а з 1963 - старшым навуковым супрацоўнікам сэктару тэатра ІМЭФ АН БССР.
У 1974 «за няправільнае разуменьне палітыкі партыі па нацыянальным пытаньні» выключаны з КПСС і звольнены з працы. У гэтыя гады М. працаваў у Дзяржаўным музэі БССР, Кніжнай палаце, а пасьля 1987, калі рашэньнем парткамісіі ЦК КПСС быў узноўлены ў шэрагах партыі - рэдактарам у выдавецтве «Ўнівэрсытэцкае».
Віна М., паводле інфармацыі КГБ у партыйныя органы, перадусім у ЦК КПБ, заключалася ў нацыяналістычнай пазыцыі, а фактычна ў тым, што ў сваіх публікацыях у пэрыядычным друку і ў публічных выступах на зьездах творчай інтэлігэнцыі ён адстойваў правы беларускае мовы, гаварыў пра яе нераўнапраўнае становішча ў БССР. Узяўшы ўдзел на старонках газэты «ЛіМ» і часопісу «Нёман» ў дыскусіі пра лёс нацыяў і моваў, М. практычна раскрытыкаваў афіцыйную канцэпцыю таталітарнага рэжыму пра зьліцьцё моваў як беспадстаўную, псэўданавуковую.
Асноўныя навуковыя інтарэсы М. зьвязаныя са старажытным тэатрам Беларусі, яго генэзысам, тэкстамі. Публікацыі беларускага мастацтвазнаўцы датычаць праблемы вытокаў нацыянальнага тэатру, школьных драмаў, інтэрмэдыяў, батлейкі ў Беларусі. М. плённа супрацоўнічае з дасьледнікамі старажытнага польскага тэатру. Ім зробленая трансьлітэрацыя і вялізны камэнтар да беларускіх драматычных твораў у кнізе «Dramaty Staropolskie» (T. 6, Warszawa, 1963). Усяго М. зроблена звыш ста публікацыяў.
Арсень Ліс @
Мудроў Вінцэсь (11.09.1953, Полацак), беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.
Дзяцінства і юнацтва М., сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасьці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых клясах сярэдняй школы № 2 Наваполацку ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасьці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешваньне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў передачаў «Голаса Амэрыкі», «Радыё Саабода» і іншых заходніх радыёстанцыяў.
У пэрыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выданьня рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусьціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны М., зьмяшчаў ягоныя меркаваньні па праблеме беларускай мовы і яе пэрспэктываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна зьмяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў М. параўнаў беларусаў са зьніклым народам этрускаў.
Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацку і Наваполацку дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на сьлед часопісу выйшаў КГБ. У вачох гэтае інстытуцыі ўяўляла грамадзкую небясьпеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаху, які выходзіў у «інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе», у якасьці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваныя. З М. і інш. выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся.
У 1976 М. скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасьці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў.
У другой палове 1970-1980-х М. актыўна займаўся капіяваньнем і распаўсюджваньнем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасьці, твораў М.Булгакава «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца». Асаблівае месца ў гэтай дзейнасьці займала нелегальнае распаўсюджваньне недаступных беларускаму чытачу навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка» В.Ластоўскага, беларускага часопіса «Крывіч»; антыкамуністычных вершаў і паэмаў вязьня ГУЛАГу паэткі Ларысы Геніюш. М. наведваў Л.Геніюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнічаў у пахаваньні паэткі, якое адбылося пад татальным кантролем КГБ.
Працаваў на прадпрыемствах Наваполацку, а пасьля Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РСФСР. Пастаянна адчуваў увагу КГБ. У 1986 супрацоўнікі КГБ падчас чарговай «прафіляктычнай гутракі» пагражалі выслаць М. зь Ямала-Нянецкай акругі за антысавецкую дзейнасьць.
У канцы 1980-х М. вярнуўся ў Беларусь і цяпер жыве ў Наваполацку. Ён займае актыўную грамадзкую пазыцыю: з 1990 - сябра Беларускага Народнага Фронту, удзельнічае ў акцыях дэмакратычнай апазыцыі. З 1995 - карэспандэнт «Радыё Свабода» па Полацкім рэгіёне. Вядомы таксама як аўтар некалькіх кнігаў мастацкае прозы і перакладчык з альбанскае і расейскае моваў. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Кр.: 1. Блакітны ліхтар (самвыдавецкі часопіс). - Наваполацак, 1971-1974.
Літ.: 2. Арлоў У. Парыж не бачыў я ніколі / Арлоў У. Мой радавод да пятага калена. - Менск, 1993; 3. Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971-1990). - Менск, 1998.
Уладзімір Арлоў @
Наўроцкі Алесь (12.02.1937, в. Давыдаўка Азарыцкага (цяпер Сьветлагорскага) р-ну Гомельскай вобл.), беларускі празаік, паэт; выступаў супраць практыкі карнай псыхіятрыі.
Нарадзіўся ў сям'і настаўнікаў. Бацькі спрыялі захапленьню сына беларускай мовай і літаратурай. Па заканчэньні школы вучыўся ў Бабруйскай школе санітарных фэльчароў (1951-1954). Пасьля два гады працаваў па спэцыяльнасьці ў в. Вышкава Мірскага (цяпер Карэліцкага) р-ну Гарадзенскае вобл. З 1956 па 1962 студэнт Менскага мэдінстытуту, па заканчэньні працаваў доктарам участковай лякарні ў в. Аравічы Хойніцкага р-ну Гомельскай вобл. (1962-1965). У 1965 пераехаў у Менск, працаваў на станцыі хуткай дапамогі. Пачаў друкавацца з 1954, шэраг апавяданьняў апублікаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя»; выдаў зборнікі паэзіі: «Неба ўсьміхаецца маланкаю» (1962) і «Гарачы сьнег» (1968), кнігу апавяданьняў «Валун» (1976).
У 1975 Н. паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, але скончыць іх ня змог па стане здароўя. У гэты ж час распачынаецца перасьлед пісьменьніка з боку КГБ. Яго прымусова зьмяшчаюць у псыхіятрычную клініку.
Н., «пратэстуючы супраць прымяненьня псыхіятрыі ў палітычных мэтах», у 1976 выйшаў з СП БССР. З таго часу, за рэдкім выключэньнем, беспрацоўны, дабіваецца, паводле самога Н., палітычнае рэабілітацыі.
Літ.: 1. Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. - Менск, 1994. С. 383-385.
Ларыса Андросік @
Пазьняк Зянон (псэўданімы: Генрых Ракутовіч, П.Зяновіч; 24.04.1944, м. Суботнікі Івейскага р-ну Гарадзенскай вобл.), адзін зь лідэраў беларускай антыкамуністычнай апазыцыі ў канцы 1960-1990-х; вядомы таксама як абаронца помнікаў нацыянальнай культуры.
Дзед П., Ян Пазьняк, быў рэдактарам беларускай хрысьціянскай газэты «Крыніца» (Вільня), у 1939 - арыштаваны і забіты бальшавікамі. Бацька, Станіслаў, загінуў у 1944 у шэрагах Чырвонай Арміі.
У 1961 П. скончыў Суботніцкую сярэднюю школу. Працаваў загадчыкам Хілевічанскага сельскага клюбу на Івейшчыне. У 1967 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (мастацтвазнаўчае аддзяленьне). Працаваў рабочым сцэны ў Опэрным тэатры ў Менску, фатографам у Дзяржаўным музэі БССР і Літаратурным музэі Янкі Купалы, мастаком-афарміцелем на Менскім мастацка-вытворчым камбінаце, у часы перасьледу быў беспрацоўным. Вядомы таксама як цікавы фатограф.
З 1969 па 1972 навучаўся ў асьпірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі Навук. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у гэтым жа інстытуце. Змагаўся за захаваньне помнікаў дойлідзтва і гістарычнае забудовы старога Менску і ваколіцаў. У 1969 П. разам зь Лявонам Баразном апублікавалі ў газэце «Правда» артыкул «Заботясь о будущем», спрабуючы выратаваць ад зьнішчэньня гістарычную вуліцу Няміга [2]. Гэтая публікацыя крыху аддаліла зьнішчэньне Нямігі, але ўратавала будынак Тэатру імя Янкі Купалы і сквэр каля яго.
У 1974 П. пад псэўданімам Генрых Ракутовіч піша аналітычны агляд на расейскай мове «Положение в Белоруси. 1974 год», дзе выкрывае рэпрэсіўную палітыку ўладаў да беларускай інтэлігенцыі. П. так тлумачыў сытуацыю, што склалася ў Беларусі напачатку 1970-х: «Политика насилия и лжи проводятся в Белоруси (напісаньне арыгіналу. - Рэд.), почти не ослабевая, с 1930-х годов. Во времена так называемой «хрущёвской демократии» мы не смогли полностью реабилитировать большинство своих национальных политических деятелей, писателей и поэтов. Насилие и ложь образовали в республике весьма специфическое положение. По существу мы стоим ещё по горло в крови 1930-х годов. Физические и моральные потери были тотальны и столь существенны, что наше поколение чувствует их постоянно» [1]. Аналітычны агляд пачынаўся з просьбы: «Уничтожение нашей интеллигенции органами КГБ происходит в полном молчании. Если эти страницы попадут в руки наших братьев и единомышленников из других республик СССР, располагающих более широкими возможностями связи и информации, мы надеемся на их солидарность и помощь». Перадрукі і фотакопіі гэтай працы распаўсюджваліся ў Беларусі і па-за ейнымі межамі.
У 1975 у сувязі з разгромам «Акадэмічнага асяродку» П. звольнены з працы. У 1976 быў адноўлены на працы ў Акадэміі Навук, але ўжо ў іншым інстытуце - у Інстытуце гісторыі, дзе дасьледаваў помнікі археалёгіі і архітэктуры сярэднявечча. У 1981 абараніў дысэртацыю кандыдата навук па праблемах станаўленьня беларускага прафэсійнага тэатру. Вымушаны быў гэта рабіць у Расеі (Ленінградзе), бо ў Менску ягоная абарона была заблякаваная. У 1980-я гады П. вядзе актыўную барацьбу за захаваньне Верхняга гораду, праводзіць археалягічныя раскопкі. Вакол яго гуртуюцца «нефармальныя» моладзевыя сілы: «Талака», «Нашчадкі» (Менскі пэдінстытут).
У 1988 П. адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці трагедыю Курапатаў [4, 6]. У 1988 быў адным зь ініцыятараў стварэньня таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі». А з 1989 стаў адным з заснавальнікаў і кіраўніком Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». У 1990 абраны народным дэпутатам Беларусі, быў старшынём Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.
У 1994 - кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Пасьля выбраньня прэзыдэнтам А.Лукашэнкі на П. абрынуўся перасьлед з боку ўладаў. У 1996 быў аддадзены загад схапіць П. і распачаць крымінальную справу. З таго часу П. на эміграцыі (Варшава, Ню Ёрк), выдае газэту «Беларускія ведамасьці».
Кр.: 1. ANH. F-3 (Зянон Пазьняк).
Працы: 2. З.Позняк, Л.Борозна. Заботясь о будущем // Правда (Масква). 13.04.1969; 3. Рэха даўняга часу. - Менск, 1985; 4. З.Пазьняк, Я.Шмыгалёў. Курапаты - дарога сьмерці // ЛіМ. 03.06.1988; 5. Сапраўднае аблічча. - Менск, 1992; 6. Курапаты / Kurapaty: Артыкулы, навуковая справаздача, фотаздымкі (З.Пазьняк, Я.Шмыгалёў, М.Крывальцэвіч, А.Іоў). - Менск, 1994.
Літ.: 7. Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991. С. 288-310.
Ларыса Андросік, Алег Дзярновіч @
Панізьнік Сяргей (10.05.1942, в. Бабышкі Мёрскага р-ну Віцебскай вобл.), беларускі паэт, перакладчык, удзельнік беларускага адраджэнскага руху.
Пачаў друкаваць вершы з 1959. У 1967 скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча Савецкай арміі і Ваенна-марскога флоту і пачаў працаваць ваенным журналістам. У верасьні 1969 без уласнай згоды быў пасланы ў савецкія акупацыйныя войскі ў Чэхаславакіі (перад выездам яму паведамілі, што накіроўваюць у ГДР). Знаходзіўся пераважна ў Мілавіцы пад Прагай, дзе працаваў у армейскай дывізіённай газэце. Завязаў знаёмствы і падтрымліваў сяброўскія адносіны з чэскімі пісьменьнікамі і навукоўцамі, якія цікавіліся Беларусьсю (найперш з Вацлавам Жыдліцкім), а таксама зь Міхасём Забэйдам-Суміцкім і некаторымі іншымі прадстаўнікамі старой хвалі беларускай эміграцыі ў Чэхіі. Знаходжанне ў Чэхаславакіі прыгнятала журналіста і паэта, бо тут ён да таго ж быў вымушаны насіць савецкую вайсковую форму, адчуваў сябе міжвольным акупантам. П. пачынае асуджаць увод войскаў Варшаўскага пакту ў Чэхаславакію і ў 1970 публічна просіць прабачэньня ў чэскіх вучоных і журналістаў за акупацыю іх Бацькаўшчыны. Пра гэта становіцца вядома ў спэцорганах арміі. П. дапытваюць, запалохваюць, шантажуюць, пастаянна за ім наглядаюць. Такім жа чынам затым будуць абыходзіцца і зь ягонай жонкай беларускай паэткай Яўгеніяй Янішчыц.
У канцы 1970 у Менск, у Саюз пісьменьнікаў Беларусі, за подпісам начальніка палітаддзелу дывізіі дасылаецца ліст пра тое, што П., «находясь за рубежом родной страны, устанавливал недозволенные личные связи с местными гражданами, в разговорах неправильно толковал интернационалистскую политику Коммунистической партии и Советского правительства... В практической деятельности и повседневной жизни проявляет элементы чуждых советской морали национализма и недовольства... Такой человек не должен быть в рядах Союза писателей». Маладога ваеннага журналіста зьбіраюцца выслаць у Забайкальле, але з-за цяжарнасьці жонкі вымушаныя былі вярнуць у Беларускую ваенную акругу. Тут ён, жывучы ў ваенным гарадку пад Менскам, працаваў журналістам і сакратаром рэдакцыі ў дывізіённай газэце, працягваючы сваю паэтычную творчасць, прасякнутую ў шэрагу вершаў патрыятычнымі матывамі, сустракаючыся з колішнімі ўдзельнікамі «Акадэмічнага асяродку» беларускіх навукоўцаў, разгромленага ў 1974, падтрымліваючы адносіны з асобамі, якія былі пад наглядам спэцорганаў, у тым ліку з Ларысай Геніюш. Нарэшце ўлады канчаткова зразумелі, што маральна зламаць і застрашыць П. ім ня ўдасца, і тады прыступілі да больш рашучых дзеяньняў. У кастрычніку 1976 ён, у абстаноўцы разьвязанай шалёнай прапаганды, быў выключаны з КПСС, а 01.01.1977 звольнены з працы. Гэтым жа часам перад Саюзам пісьменьнікаў Беларусі было пастаўлена пытаньне аб выключэньні паэта з сваіх шэрагаў. Але выключэньня не адбылося - большасьць Прэзідыюму пісьменьніцкай арганізацыі не прагаласавала за такое пакараньне. Некалькі месяцаў П. быў беспрацоўным. Затым праз знаёмых уладкаваўся фэльчарам у траўмабрыгаду хуткай дапамогі. І толькі праз пэўны час яму ўдалося вярнуцца да творчай дзейнасьці і атрымаць магчымасьць больш-менш свабодна друкаваць свае творы. На сёньня П. - аўтар 13 кніжак паэзіі і дакумэнтальнай прозы, за заслугі перад беларускай культурай узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны, а перад латыскай - ордэнам «Трох зорак» (1998).
Кр.: 1. ANH, F-3 (Сяргей Панізьнік).
Літ.: 1. Маліноўскі М. «Лістоў чакаю ад сяброў», або слова пра Сяргея Панізніка // Голас Радзімы. 07.05.1992; 2. Карлюкевич А. Диссидент в... капитанских погонах // Во славу Родины. 27.05.1992; 3. Гутарка Кастуся Ладуцькі з Сяргеем Панізнікам // Чырвоная Змена 19.11.1998.
Міхась Чарняўскі @
Прашковіч Мікола (04.05.1932, в. Гарадзішча Бярэзінскага р-ну Менскай вобл. - 02.02.1983), беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык, адзін з актыўных удзельнікаў нацыянальна-патрыятычнага руху ў Беларусі 1960 - пачатку 1970-x, удзельнік «Акадэмічнага асяродку».
У 1952 скончыў Сялібскую СШ Бярэзінскага р-ну, а ў 1957 беларускае аддзяленьне філфака БДУ. Тры гады працаваў настаўнікам у розных школах Беларусі. У 1960 паступіў у асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Спэцыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры, таму вучобу працягваў у Ленінградзе, дзе знаходзіўся яго навуковы кіраўнік (І.Яромін) і захоўваецца значная частка беларускай пісьмовай спадчыны. Пасля завяршэньня ў канцы 1963 асьпірантуры працаваў малодшым, а з 1969 старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы. У 1965 абараніў дысэртацыю па творчасьці Сімяона Полацкага і стаў кандыдатам філялягічных навук.
Значны ўклад унёс П. у вывучэньне даўняй беларускай літаратуры. Ён прымаў чынны ўдзел у напісаньні яе першай навуковай гісторыі (1968). З 1964 актыўна выступаў у беларускім друку з навуковымі і навукова-папулярнымі артыкуламі па актуальных пытаньнях гісторыі, літаратуры, кнігадрукарства, асьветы, культурных сувязяў Беларусі як старажытнага пэрыяду, так і новага часу, рэцэнзаваў новыя творы беларускіх пісьменьнікаў і працы навукоўцаў-беларусістаў. Напісаў нарысы пра Ф.Скарыну (апублікаваны ў 1970) і Сімяона Полацкага.
Некаторыя яго выступленьні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасцю, падважвалі афіцыйныя погляды і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. Так, рэцэнзія П. на кнігу А.Коршунава пра Афанасія Філіповіча (Полымя, 1965, № 12) выклікала рэзка адмоўную рэакцыю галоўнага афіцыёзнага гісторыка Л.Абэцэдарскага і яго аднадумцаў і паслужыла ў 1966 падставай для спэцыяльнай навуковай дыскусіі ў Акадэміі Навук па пытаньнях беларускай дзяржаўнасьці, у ацэнцы ролі царкоўна-рэлігійнай вуніі ў гісторыі беларускага народа і інш.
П. у нацыянальна-патрыятычных мэтах імкнуўся аднавіць гістарычную праўду, раскрыць суайчыньнікам багацьце і высокі эўрапейскі ўзровень культурна-гістарычнай і пісьмовай спадчыны беларускага народа, якою вельмі ганарыўся, узьняць іх нацыянальную самасьвядомасьцьі годнасьць. Ён балюча перажываў за каляніяльнае становішча Беларусі ў складзе Савецкага Саюзу, які называў турмою народаў, асуджаў нацыянальную палітыку кампартыі, татальную русіфікацыю роднага краю, марыў пра сапраўднае палітычнае і нацыянальнае адраджэньне нашай Бацькаўшчыны.
П. сябраваў з многімі патрыятычна настроенымі беларускімі пісьменьнікамі і навукоўцамі, асабліва з Л.Геніюш, зь якой перапісваўся і якую наведваў у Зэльве, з Д.Бічэль-Загнетавай, У.Караткевічам, А.Мальдзісам, М.Чарняўскім, В.Чамярыцкім. Ён таксама наладзіў сувязі з украінскімі патрыётамі. І калі ў пачатку 70-х некаторыя зь іх (М.Кацюбінская, З.Франко) былі абвінавачаныя ў нацыяналізме і пазбаўленыя працы, П. зьбіраў сярод сваіх знаёмых сродкі на дапамогу пацярпелым украінскім сябрам. Ён арганізаваў перадачу ў Беларусь праз М.Чарняўскага шырока вядомай сярод патрыятычнай інтэлігенцыі саюзных рэспублік працы ўкраінскага дысыдэнта І.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя?» і быў адным зь першых яе чытачоў і распаўсюджвальнікаў у Беларусі.
Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыянальны П. быў выкарыстаны спэцорганамі, пад пільным наглядам якіх знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых нацыянальных патрыётаў, фабрыкацыі справы і «выкрыцьця» ў 1973-1974 «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у Акадэміі навук БССР («Акадэмічны асяродак»), у выніку чаго разам зь ім пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў, асабліва А.Каўрус, С.Місько, В.Рабкевіч і М.Чарняўскі, якія былі звольненыя з працы і доўгі час не маглі нідзе працаўладкавацца па спэцыяльнасьці. П. стаўся ахвярай тагачаснай таталітарнай сыстэмы, у якой не захоўваліся элемэнтарныя правы і свабоды чалавека, перасьледаваліся іншадумцы, а нацыянальна-патрыятычныя пачуцьці і імкненьні людзей аб'яўляліся шкоднымі для грамадзтва.
Па абвінавачаньні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 быў звольнены з працы ў Акадэміі Навук. Пэўны час быў беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газэце «Вечерний Минск». У 1982 па стане здароўя пакінуў працу. Трагічна загінуў у час пажару ў роднай вёсцы.
Літ.: 1. Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995. № 3.
Вячаслаў Чамярыцкі @
Пушкін Алесь (маст. псэўданім «Пуша»; 06.08.1965, в. Бобр Крупскага р-ну Менскай вобл.), мастак манумэнтальнага і станковага жывапісу, рэстаўратар фрэскаў; аўтар шматлікіх мастацкіх акцыяў, актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў палітычнай апазыцыі. Сябра Саюзу мастакоў Беларусі з 1991.
З 1977 па 1983 вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.Ахрэмчыка ў Менску. У 1983 паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) на аддзяленьне манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва (выкладчык Георгі Вашчанка). У 1984 прызваны ў савецкае войска. Служыў у акупацыйным кантынгенце ў Афганістане. У 1986 аднавіў навучаньне ў БДТМІ.
Адзін зь першых ініцыятараў стварэньня студэнцкай групы падтрымкі БНФ «Адраджэньне» (1988). У час вучобы быў арыштаваны за распаўсюджваньнеўлётак, што запрашалі на жалобны мітынг Дзяды-88 на менскіх Усходніх могілках. Вядомы праз афіцыйны друк як аўтар радыкальных выказваньняў, зробленых на II Вальным Сойме Беларускіх суполак (1988). Аўтар мастацкага афармленьня Сойму 24.07.1989 Менскім гарадзкім судом асуджаны за арганізацыю хэпэнінга, прысьвечанага 71-м угодкам стварэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, да двух гадоў зьняволеньня (умоўна) з 5-ці гадовым выпрабаваўчым тэрмінам. Гэтая мастацкая акцыя была прыроўненая да парушэньня правілаў арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяньнях непадпарадкаваньня ўладзе. У 1990 выставіў у інстытуце свае творы «дэкляратыўнага мастацтва» (адно з разгалінаваньняў соц-арту), дзе ў мастацкай форме пратэставаў супраць таталітарнага рэжыму; надрукаваў маніфэст беларускага соц-арту. У 1990 скончыў БДТМІ; дыплёмная праца - росьпіс «Парнат» у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (215 кв. м). За гэтую працу быў рэкамэндаваны ў Саюз мастакоў Беларусі, ухвалены вышэйшай адзнакай.
Пасьля вучобы накіраваны на працу ў Віцебскі камбінат мастацтваў. Заснавальнік першай прыватнай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў Пушкіна» ў Віцебску (1993-1994; пры падтрымцы беларусаў замежжа). Галерэя хутка стала вядомай выставачнай заляй і культурніцкім моладзевым асяродкам не толькі ў горадзе, але і ў краіне. На ўласныя сродкі арганізоўвае экспазыцыі беларускіх і замежных мастакоў, тэатралізаваныя імпрэзы, літаратурна-мастацкія канфэрэнцыі незалежных творчых суполак, канфэрэнцыі па праблемах рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэгулярна атрымліваў афіцыйныя папярэджаньні аб забароне правядзеньня мастацкіх пэрформансаў - улады разглядаюць іх выключна як палітычныя акцыі.
З 1992 працуе над рэстаўрацыяй фрэскаў 18 ст. касьцёлу Сьв. Станіслава ў горадзе Магілеве. У 1993 працаваў над сцэнаграфіяй да спэктаклю «Кароль Лір» у віцебскім театры разам з рэжысэрам Валерыем Масьлюком. Пасьля зрыву ўладамі ў лістападзе 1994 Першага зьезду беларускіх нацыяналістаў галерэя была зачыненая, а Алесь Пушкін пазбаўлены волі на 15 сутак як арганізатар (разам са Славамірам Адамовічам) несанкцыянаванага мітынгуі шэсьця, прысьвечанага ўгодкам Слуцкага Збройнага Чыну і дню нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча. Творчае асяродзьдзе Галерэі не распалася, але было вымушанае ладзіць імпрэзы па-за сьценамі былога памяшканьня. Пастаянны ўдзельнік выстаў суполкі «Пагоня».
Тв.: 1. Эпітафія дзеду. 1988; 2. Алегорыя змаганьня Вясны зь зімой у дзень на 25 сакавіка. 1989; 3. Памяці 1863 года. 1989; 4. Досыць сацыялістычнай, адновім Народную Беларусь. 1990; 5. Сьв. Ефрасіньня, Ігуменьня Полацкая. 1992; 6. Сьв. Язафат Кунцэвіч. 1992; 7. Сьв. пакутнік Андрэй Баболя. 1992; 8. Бывай радзіма 1996.
Перформансы: 9. Дзень волі. 1991. Віцебск; 10. Віцебск за кратамі. 1991. Віцебск; 11. AVEC ABANDON. 1992. Менск; 12. Пакутным шляхам. 1994. Віцебск.
Кр.: 13. ANH, F-3 (Алесь Пушкін).
Бібл.: 14. Аладка Я. Зьезд нацыяналістаў разагнала міліцыя // Свабода. 1994, 29 лістапада; 15. Алесь Пушкін варты павагі і падтрымкі // Культура. 1995, 18 студзеня; 16. Баразна М. Росчырк флюгера // Культура, 1994, 21 сьнежня; 17. Баразна М. «Сонца» ў Віцебску. Зацемкі неабыякавага відавочцы // ЛіМ. 1995, 4 жніўня; 18. Барысевіч Ю. Вылавіць найвялікшую рыбіну ў моры // Культура. 1994, 19 студзеня; 19. Дыяруш рэстаўратара, які быў артыстам // Ратуша. 1994, № 36, кастрычнік; 20. Васілеўскі П. Сакавік у краіне Кастрычніка: Нататкі пра мастака Алеся Пушкіна // ЛіМ. 1991, 28 чэрвеня; 21. Васілеўскі П. Парадоксы і загадкі Алеся Пушкіна // Голас Радзімы. 1991, 15 жніўня; 22. Трыгубовіч В. Кніга водгукаў, або карагод вакол Пушкіна // Мастацтва Беларусі. 1989, № 10; 23. Куновская М. Тот самый Пушкин, о котором еще недавно гневно писали газеты как об экстремисте // Знамя юности. 1991, 5 лютага; 24. Прокопенков Л. Весна, ослик Яшка и авангард // Витебский курьер. 1991, 30 сакавіка; 25. Рублеўскі С. Артэфакт // Народнае слова. 1991, 30 сакавіка; 26. Смирнова А. Ай да Пушкин! // Витьбичи. 1991, 27 сакавіка.
Міхал Баразна @
Пянткоўскі Вацлаў (1902-1991), каталіцкі сьвятар, стваральнік падпольнай каталіцкай духоўнай сэмінарыі, палітычны вязень.
Фактаў пра дзейнасьць і жыцьцё айца Вацлава ў пэрыяд паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі захавалася няшмат: вядома, што ён навучаўся ў Рыме, па вяртаньні ў Польшчу быў віцэ-рэктарам духоўнай сэмінарыі, займаў пасаду прэфэкта школаў, быў прэфэктам Наваградзкай гімназіі імя Адама Міцкевіча.
Пасьля другой сусьветнай вайны П. быў прызначаны пробашчам касьцёла ў в. Мядзьведзічы Ляхавіцкага р-ну Берасьцейскай вобл., таксама выконваў абавязкі Генэральнага вікарыя Пінскай каталіцкайепархіі [1].
У 1950 П. быў арыштаваны і сасланы ў казахстанскія лягеры. Паводле абвінавачваньня, ён заклікаў сялян не ўступаць у калгас і быў «агентам Ватыкану». У Казахстане айцец Вацлаў працягваў служыць каталікам, якія знаходзіліся ў зьняволеньні. Адметна тое, што пасьля арышту ксяндза, нягледзячы на ціск МГБ, ніхто з парафіянаў ня даў паказаньняў супраць яго. Падчас «хрушчоўскай адлігі» П. вярнуўся ў парафію ў Мядзьведзічы.
Каталіцкае жыцьцё ў 1950-1970-х працякала ў складаных умовах. Усе каталіцкія храмы на Ўсходняй Беларусі былі зачыненыя. Значная частка касьцёлаў зачынялася і на Заходняй Беларусі. У паваеннае дзесяцігодзьдзе большасьць ксяндзоў былі рэпрэсаваныя ці высланыя ў Польшчу, таму адчуваўся недахоп каталіцкіх сьвятароў. У Беларусі не было спэцыялізаваных рэлігійных навучальных установаў - каталіцкія сэмінарыі ў СССР знаходзіліся толькі ў Рызе і Коўне. Аднак, каб паступіць туды, патрэбны быў дазвол кіраўніка па справах рэлігіі аблвыканкаму, атрымаць які было вельмі складана.
Ксёндз Вацлаў пайшоў на вельмі рызыкоўны крок. У 1970-я ў сваім доме ён адкрыў падпольную сэмінарыю. Маленькі кабінэт быў абсталяваны пад аўдыторыю, пісьмовы стол выкарыстоўваўся як прафэсарская катэдра. Маладыя людзі, якія дзесьці вучыліся ці працавалі, але жадалі стаць сьвятарамі, у вольны час прыяжджалі ў Мядзьведзічы, слухалі лекцыі кс. Пянткоўскага, раніцой ішлі ў касьцёл, дзе бралі ўдзел у службе. Айцец Вацлаў выкладаў гісторыю касьцёлу, кананічнае права, этыку, замежныя мовы і філязофію. У кутку кабінэта стаяла фісгармонія, на якой ён вучыў граць будучых сьвятароў [2:24].
Кс. Антоній Дзям'янка, адзін з гадаванцаў гэтае сэмінарыі, згадвае: «Разам са мной вучыліся яшчэ тры чалавекі. Жылі ў адным пакоі. Узрост у нас быў розны: мне - сямнаццаць, таварышу - за трыццаць» [1].
Падпольная сэмінарыя была добра закансьпіраваная. Некаторыя слухачы ўладкоўваліся на працу, таму савецкім партыйным ворганам было цяжка падвесьці іх пад крымінальны артыкул аб ухіленьні ад працы [3:306].
Праз пэўны час у Мядзьведзічы прыяжджалі ксяндзы і экзамэнавалі слухачоў. Выпускнікі нават праходзілі «практыку» ў парафіях. Потым яны давучваліся ў Рызе й Коўне, або таемна пасьвячаліся ў капланства. Такім чынам, за пяць гадоў ксёндз Пянткоўскі падрыхтаваў дзесяць чалавек, якія сталі сьвятарамі і цяпер служаць людзям.
Літ.: 1. Толочко М. Цветы на могилу священника // Советская Белоруссия. 11.02.1992; 2. Глябовіч А. Касьцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 1-2; 3. Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-XX ст.). - Менск, 1998.
Алег Гардзіенка @
Рабкевіч Валянцін (15.02.1937, в. Аксаміты Капыльскага р-ну Менскай вобл. - 06.02.1995, Менск), літаратуразнаўца, перакладчык, паэт. Быў звольнены з працы ў 1974 па абвінавачваньні ў беларускім нацыяналізме («Акадэмічны асяродак»).
У 1959 скончыў гістарычна-філялягічны факультет Менскага пэдінстытуту імя Горкага. З 1959 па 1960 працаваў настаўнікам Іказьненскай СШ Браслаўскага р-ну Віцебскай вобл., з 1960 па 1963 - завучам Барадзеніцкай СШ таго ж р-ну, у 1963-1965 - завучам Ракаўскай СШ Валожынскага р-ну Менскай вобл. Вучыўся ў асьпірантуры пры Менскім пэдінстытуце (1965-1968). Сябра КПСС з 1965. Кандыдат філялягічных навук (1973). З 1968 па 1974 працаваў старшым рэдактарам, а пасьля загадчыкам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклёру і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя». Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1983. Р. перакладаў на беларускую мову творы Міхаіла Зошчанкі, Марка Чарамшына, Коба Абэ, Леа Мэтсар, Муа Марцінсан, Гогаля, Ясеніна, Ахматавай і інш.
У 1970-х Р. стаўся ахвярай бэсэсэраўскага КГБ, якое наўмысна вынайшла групу «нацыяналістаў», каб паказаць сябе ня горшым за ўкраінскае, якое ў той час арганізавала працэсы над нацыялістамі. Яшчэ ў 1973 менскае КГБ панаслала ў Маскву інфармацыю пра наяўнасьць групы нацыяналістычных навукоўцаў з Акадэміі Навук, але напачатку справе ня быў дадзены ход. У наступным годзе дзеля высьвятленьня абставінаў справы з Масквы была прысланая спэцыяльная камісія. Пасьля разгортваньня гэтай т.зв. «справы пяцёх» (гл. «Акадэмічны асяродак») 21.03.1974 Р. быў выключаны з КПСС. Фармулёўка пры выключэньні была наступнаю - «нацыяналістычнае разуменьне ленінскай нацыянальнай палітыкі». Р., а таксама С.Місько, М.Прашковіча, М.Чарняўскага, А.Каўруса звольнілі з працы (для звальненьня Р. быў выкарыстаны артыкул 34 Б - «скасаваньне працоўнай дамовы па ініцыятыве адміністрацыі»).
Р. апынуўся ў вельмі складаным становішчы - фактычна, ён апынуўся па-за грамадзтвам. Пасьля шасьці месяцаў пошуку працы Р. і Алесю Каўрусу нечакана прапанаваў працу сакратар ЦК Кузьмін: «Мы решили оставить вас в сфере идеологической работы. Вас и Кавруса» [2]. Так Р. уладкавалі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе ён з 1974 працаваў рэдактарам, з 1975 загадчыкам рэдакцыі. З часам Р. заняў пасаду старэйшага рэдактара.
У 1957 ягоныя вершы пачынаюць публікаваць у часопісе «Работніца і сялянка». У 1982 выйшаў ужо зборнік вершаў для дзяцей «Ад зімы да зімы», у 1985 - кніга прымавак і прыказак «Паслухай, што людзі кажуць». Шмат артыкулаў Р. друкавалася ў газэтах «ЛіМ», «Наша слова» і часопісе «Нёман».
Кр.: 1. НА РБ. Ф. 447, воп. 4, спр. 2, арк. 80-82.
Літ.: 2. Рабкевіч В. «Група пяцёх» // Наша Ніва. 1995, № 3.
Ірына Кашталян @
Разанаў Алесь (05.12.1947, в. Сялец Бярозаўскага р-ну Берасьцейскай вобл.), беларускі паэт, перакладчык, адзін зь лідэраў вольнадумнага студэнцкага гуртка ў БДУ ў 1968.
Р. нарадзіўся ў сям'і служачых. Бацька - Сьцяпан Разанаў, паходзіць з Тамбоўскай вобласьці, прыехаў з геадэзічнай экспэдыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся. У 1966 Р. скончыў Сялецкую сярэднюю школу. У тым жа годзе паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, паралельна працаваў ліцейшчыкам на Менскім заводзе ацяпляльнага абсталяваньня.
Сярэдзіна 1960-х была багатаю на бурлівыя падзеі ў сусьветнай гісторыі: студэнцкія хваляваньні ў Францыі, Нямеччыне, акупацыя савецкімі войскамі Чэхаславаччыны. На гэтым грамадзкім фоне нарадзіўся вольналюбівы студэнцкі гурток і ў БДУ. У кастрычніку 1968 студэнты БДУ (сярод лідэраў студэнцкай групы былі Р. і Віктар Ярац) зьвярнуліся ў ЦК КПБ з патрабаваньнем вярнуць навучаньне на беларускай мове. Мясцовыя лідэры кампартыі праводзілі курс на татальную русіфікацыю беларускага грамадзтва; беларуская мова разглядалася як непатрэбная і любы выступ у яе абарону расцэньваўся як нацыяналістычны выклік. Вось чаму справе студэнтаў-філёлягаў быў дадзены ход. На іх было павешана таўро нацыяналістаў, што само па сабе было страшным словам-праклёнам па тых часах. Але кіраўніцтва ЦК КПБ баялася грамадзкага рэзанансу, таму справе рашылі не надаваць палітычную афарбоўку - Р. і Віктара Яраца папросту выключылі з унівэрсытэту.
Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, Уладзіміра Калесьніка, які на той час займаў пасаду загадчыка катэдры беларускай мовы і літаратуры ў Берасьцейскім пэдагагагічным інстытуце, ды рэктара БПІ Сяргея Гусака, Р. удалося працягнуць вучобу на філялягічным факультэце Берасьцейскага пэдінстытуту, які ён скончыў у 1970.
У 1970-1971 Р. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Кругельскай сярэдняй школе Камянецкага р-ну, дзе разам з вучнямі заснаваў літаратурны гурток. З 1972 Р. на прафэсійнай літаратурнай працы. Тады ж ён выдае свой першы зборнік вершаў «Адраджэньне», і ў тым жа годзе яго прымаюць у Саюз пісьменьнікаў У 1972-1974 Р. - літаратурны супрацоўнік газэты «ЛіМ» і часопісу «Родная прырода», з 1974 - супрацоўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Р. - аўтар зборнікаў паэзіі: «Адраджэньне», «Назаўсёды», «Каардынаты быцьця», «Шлях-360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляваньне ў райскай даліне». Р. вядомы ў беларускай літаратуры як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных формаў.
Літ.: 1. Калеснік У. Страла і мэта // Калеснік У. Усё чалавечае: літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы. - Менск, 1993; 2. Конан У. Узыходжаньне // Полымя. 1997, № 12; 3. Разанаў Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Менск, 1995. С. 126-129.
Алег Гардзіенка @
Ржэўскі Браніслаў (25.03.1905, в. Добрыцкае Барысаўскага р-ну - 10.02.1980, Горадня), беларускі літаратуразнаўца і пэдагог; крытык камуністычнай нацыянальнай палітыкі, у сваёй дзейнасьці выкарыстоўваў публічныя формы пратэсту; палітычны вязень.
Р. у 1927 скончыў пэдагагічны тэхнікум у Барысаве і да 1930 працаваў настаўнікам у сёлах Гомельшчыны. У пэрыяд з 1930 па 1940 скончыў Магілеўскі пэдінстытут, працаваў у розных адукацыйных установах Магілева. З сакавіка 1940 да чэрвеня 1941 працаваў у Баранавічах дырэктарам польскай сярэдняй школы імя Адама Міцкевіча.
Падчас другой сусьветнай вайны браў актыўны ўдзел у антыгітлераўскім супраціве - на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобл. стварыў падпольную дывэрсійную групу «Барыса», якой і кіраваў. Група ўвайшла ў кантакт і падтрымлівала сувязь з савецкімі партызанамі - брыгадай імя Суворава. Р. быў прызначаны рэдактарам газэты «Перамога» - органа Навамышскага райкама КП(б)Б. За ўдзел у партызанскім руху быў узнагароджаны.
З кастрычніка 1944 па 1955 працаваў выкладчыкам і загадваў катэдрай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Там стварыў гурток па зборы і вывучэньні вуснай народнай творчасьці, фальклёру пэрыяду другой сусьветнай вайны. Р. уваходзіў у склад Камісіі па зборы матэрыялаў аб злачынствах нямецкіх акупантаў на тэрыторыі Баранавіцкай вобл. У 1952 абараніў дысэртацыю пра творчасьць беларускага паэта Максіма Танка, Р. была нададзеная ступень кандыдата філялягічных навук. У 1955 пераяжджае ў Горадню і да 1957 выкладае беларускую літаратуру ў Гарадзенскім пэдагагічным інстытуце імя Янкі Купалы.
Хрушчоўская «адліга» была для Беларусі супярэчлівым пэрыядам - з аднаго боку, тысячы палітвязьняў, у тым ліку і вядомыя прадстаўнікі беларускае культуры, вярталіся зь лягероў, але адначасова ўзмацняўся прэсінг на беларускае нацыянальнае жыцьцё, паступова ліквідавалася беларуская школа. Актыўна праводзілася палітыка русіфікацыі, якая трохі пазьней, у 1959, была абвешчаная Мікітам Хрушчовым падчас яго візыту ў Менск праграмнай лініяй КПСС. Але грамадзкая атмасфэра пасьля XX зьезду КПСС спрыяла фармаваньню меркаваньня, што адкрытымі і публічнымі зваротамі можна дасягнуць пэўных зьменаў у сытуацыі.
Р. у сярэдзіне 50-х праводзіць уласную кампанію публічных зваротаў да ўладаў - піша лісты ў цэнтральныя беларускія газэты і ва ўстановы, зьвяртаецца да вядомых дзеячоў БССР. Р. у гэтых зваротах у рэзкай форме выказваецца пра нацыянальную палітыку, якая праводзілася ў Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаваньні выкарыстаньня беларускай мовы ў сфэры адукацыі, культуры і публічнага жыцьця. Акрамя таго, Р. арганізуе напісаньне студэнтамі Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту заяваў пра становішча нацыянальнай школы (інфармацыя - паводле ўспамінаў тагачаснага студэнта, цяпер вядомага ў Беларусі настаўніка Алеся Белакоза). Трэба адзначыць, што Р. быў вельмі папулярны сярод студэнтаў.
16.02.1957 Р. арыштаваны проста на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21.02.1957 праведзены паўторны ператрус, у выніку якога з асабістай бібліятэкі былі сканфіскаваныя кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны пэрыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Францішка Аляхновіча, ксяндза Адама Станкевіча і інш.), а таксама польскія кнігі. Былі канфіскаваныя баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Р. называў Сталіна забойцам, Няронам і Чынгізханам, заклікаў беларусаў да вызваленьня.
У абарону Р. была праведзеная грамадзкая кампанія. Сяляне в. Скарчэва, дзе ў пачатку вайны жыў Р., сабралі 35 подпісаў пад зваротам у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў. Для падпісантаў у той час такі крок патрабаваў грамадзянскае мужнасьці.
25.03.1957 Р. асуджаны Гарадзенскім абласным судом паводле артыкулу 72 Крымінальнага кодэксу БССР на 7 год пазбаўленьня волі за тое, што «с позиций буржуазных националистов возводит злосную клевету на советский общественный строй, советскую действительность и на национальную политику коммунистической партии и советского правительства». Р. трапіў у лягеры ГУЛАГу, калі тысячы людзей выходзілі зь іх. Знаходзячыся ў зьняволеньні, Р. працягваў сваю кампанію пэтыцыяў. Так, 10.10.1957 ён накіраваў сябру Прэзыдыюму ЦК КПСС Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР.
Свой тэрмін Р. адбываў у Дуброўляге (Мардовія). У 1959 жонка зьняволенага Аляксандра Ржэўская зьвярталася ў Вярхоўны суд БССР з пратэстам на прысуд. Але ёй адказалі, што «оснований для принесения протеста по делу не имеется, поскольку мера наказания определена осуждённому в соответствии с содеянным, с учётом степени вины осуждённого и общественной опасности совершённого им преступления...». У 1961 Пленум Вярхоўнага суда БССР усе ж такі перагледзеў справу і датэрмінова (на 3 гады) вызваліў Р.
Па вяртаньні ў Горадню Р. апынуўся ў цяжкай атмасфэры ізаляцыі - ён пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Удалося ўладкавацца выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КГБ.
Р. памёр 10.02.1980. У 1989 беларускі часопіс «Крыніца» ўпершыню апублікаваў фрагмэнт успамінаў пра Р. Рэдакцыя гэтага ж часопіса і сям'я Р. зьвярнуліся ў пракуратуру з хадайніцтвам аб рэабілітацыі. 29.03.1990 Пленум Вярхоўнага суда СССР рэабілітаваў Р. у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.
Кр.: 1. ANH, F-3 (Браніслаў Ржэўскі).
Бібл.: 1. Натальля Громава «На самавольныя дзеянні ўказаць» // Крыніца. 1989, № 2; 2. А.Пяткевіч. Пэдагог, вучоны, вязень ГУЛАГа: Да 90-годзьдзя Б.А.Ржэўскага // Гродзенская праўда. 28.03.1995.
Мечыслаў Ржэўскі, Алег Дзярновіч @
Русак Уладзімір, а. (17.06.1949, в. Зьвёздная Баранавіцкага р-ну Берасьцейскай вобл.), праваслаўны сьвятар, протадыякан, асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду».
Р. падрыхтаваў трохтамовае дасьледаваньне «Свидетельство обвинения» пра ўзаемаадносіны Расейскай праваслаўнай царквы і савецкай улады, дзе раскрываліся рэпрэсіі супраць Царквы. За сваю кнігу пазбаўлены працы ў рэдакцыі «Журнал Московской патриархии», адтуль выпраўлены ў Віцебск. Ужо там за казаньні пра пакутнікаў за веру ў СССР пры падтрымцы менскага мітрапаліта Філярэта пазбаўлены права служыць [2:6]. 10.09.1986 Маскоўскім гарадзкім судом асуджаны паводле арт. 70 Крымінальнага Кодэксу РСФСР («антысавецкая агітацыя і прапаганда») на 7 гадоў зьняволеньня.
Цяпер жыве ў Маскве.
Кр.: 1. Архіў НИПЦ «Мемориал». Фонд 67.
Літ.: 2. Сп. Р.Незыванаў. Царква і Сталін. На правах рукапісу. 1998; 3. Індэкс рэпрэсаваных // Наша Ніва. 16.03.1998.
Алег Дзярновіч @
Сабіла Эрнст (18.03.(паводле пашпарту 31.12.)1932, в. Дзегцяроўка (сёньня на ейным месцы знаходзіцца чацьвертая менская ЦЭЦ), вязень сумленьня лягероў ГУЛАГу з 1951 па 1964. З пачатку 1970-х гадоў - ацзін зь лідэраў духоўнага жыцьця беларускіх баптыстаў (вернікаў Эвангельскае Царквы). Ад пачатку рэлігійнае дзейнасьці знаходзіўся пад перасьледам савецкіх спэцслужбаў.
У сярэдзіне 1930-х сям'ю Сабілаў выселілі «за сто першы кілямэтар» як нядобранадзейных, падалей ад блізкай савецка-польскай мяжы. Яны абаснаваліся ў Бабруйску. Яшчэ будучы хлопчыкам, С. далучыўся да эвангелістаў, чыя дзейнасьць была легалізаваная падчас нямецкае акупацыі. На працягу 1943-1944 сям'я Сабілаў супрацоўнічала з адным з савецкіх партызанскіх атрадаў Бабруйшчыны.
На С. завялі справу ў 1949, калі ён заканчваў Барысаўскую сярэднюю школу. Ім валодала жаданьне стварыць беларускую арганізацыю. Тады ён яшчэ не ўяўляў выразна ейную форму, але прынцыпы, на якіх яна мусіла базавацца, былі яснымі - абарона нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў. Ва ўмовах савецкае школы такія думкі і паводзіны былі заўважаныя. Гэтыя прынцыпы ён адстойваў усё жыцьцё і да нашага часу С. - беларускі дысыдэнт, які ўжо пяцьдзясят гадоў вымушаны супрацьстаяць рэпрэсіям і ціску з боку савецкіх спэцслужбаў.
Летам 1951 С., першакурсьнік Менскага мэдінстытуту, быў арыштаваны МГБ і ўвязьнёны ў сьледчай турме «амэрыканцы». Праз два месяцы асуджаны да расстрэлу паводле артыкулу 72-б КК БССР у фармулёўцы суда за «антысавецкую агітацыю на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў». Але празь невялікі час пакараньне было замененае дваццаціпяцігадовым тэрмінам зьняволеньня ў лягерох. «Уся гэтая судзейска-гэбісцкая зграя ненавідзела мяне лютай нянавісьцю. Бо ў мяне не было за што зачапіцца. Яны не разумелі - як так, зь сялянаў, партызаніў, і пры гэтым агітаваў насуперак іхнай ідэалёгіі. Я ня ўпісваўся ў іхныя схемы, і гэтым выклікаў яшчэ большую нянавісьць. Судзьдзя быў гатовы выканаць прысуд проста ў залі паседжаньняў...»
З 1951 па 1956 С. адбываў тэрмін зьняволеньня ў лягерох Электрасталь (Падмаскоўе), Усьць-Каменагорск (Паўночны Казахстан), Кемераўскае вобласьці, а таксама ва Ўладзімірскай турме. У 1953 і 1954 ён двойчы рабіў спробы ўцёкаў, і, паводле ўласнага прызнаньня, толькі цудам застаўся ў жывых.
У 1956 судовая камісія ВС СССР рэабілітавала С. Але ён апынуўся на волі адно на некалькі месяцаў. Са студзеня 1957 С. ізноў вязень ГУЛАГу. З гэтага часу і да 1964 ён знаходзіўся ў Мардовіі. «Тады пачаліся вугорскія падзеі. Нейкія тайныя ўказы былі, савецкія ўлады сталі вяртаць нядаўна вызваленых назад у лягеры. Рашэньне камісіі ВС СССР па маёй справе адмянілі «за цяжкасьцю зьдзейсьненага злачынства».
У Мардовіі С. ўвайшоў у склад сябрыны беларусаў-зьняволеных, сярод якіх былі такія асобы як Браніслаў Ржэўскі, Цімох Вострыкаў, а таксама афіцэры беларускага эскадрону Барыса Рагулі і інш. У 1959 годзе ён быў абвінавачаны ў стварэньні няіснай гэтак званай Расейскай Прагрэсіўнай Партыі (РПП), і правёў год пад сьледзтвам у Саранскай турме. Па справе РПП прайшло больш за сорак чалавек. Але за недастатковасьцю абвінавачваньняў справа была закрытая. «Гэта абсурд. Я пісаў у сваёй заяве, маўляў, тады здымайце зь мяне абвінавачваньне ў беларускім нацыяналізме...»
Адразу па вызваленьні ў 1964 за С. быў усталяваны вонкавы нагляд КГБ. Задачай спэцслужбаў было выцісьненьне С. са сталіцы. Яму не давалі менскай прапіскі, імкнуліся перашкодзіць спробам знайсьці працу. У 1969 С. усё ж удалося ўладкавацца на Менскі трактарны завод. А ў 1970-х ён скончыў вечаровае аддзяленьне Менскага інстытуту замежных моваў.
Напачатку 1970-х С. стаўся казанікам адной зь незарэгістраваных баптысцкіх грамадаў Менску. Пэрыяд з гэтага часу і да канца 1980-х зьвязаны з трывалым паляваньнем КГБ за С. Паляваньне за вернікамі, аблавы, ператрусы на кватэрах, дзе вяліся малебны і г.д. Але штораз С. удавалася пазьбегнуць арышту. «Заўжды знаходзіліся людзі, якія дапамагалі. Часьцяком нам даводзілася ўцякаць праз суседнія бальконы...» Перасьледы паводле рэлігійных матываў улады спалучалі з цкаваньнем на працы. Але ж С. імкнуўся не даваць ніводнай падставы для свайго звальненьня. Уласную актыўнасьць С. скіроўваў на сплачэньне сваёй грамады ды вывад яе з-пад удараў камуністычнай дзяржавы. Разам з тым, С. не ішоў на маральныя кампрамісы з уладамі.
З 1988 году С. - прасьвітар Эвангельскае Царквы ў Менску, рукапакладзены пастарам Васілём Чаропкам. З гэтага пэрыяду С. зьвяртаецца да актыўнае грамадзкае дзейнасьці. Ён асьвячаў першы зьезд БНФ, выступаў у сродках масавай інфармацыі і на мітынгах, быў сустаршанём Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Злучнасьці.
Сёньня ўзначальвае адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Эвангельская Царква. Зь сярэдзіны 1990-х найбольшыя намаганьні аддае жыцьцю сваёй Царквы. Сёньня будуе эвангельскі храм у Асіповічах.
Кр.: 1. АМН: F-3 (Эрнст Сабіла); 2. ANH: F-4/2:35(B), 36.
Бібл.: 3. Эрнст Сабіла: «Мая вайна - на каленях перад Богам» // Наша Ніва. 1998. № 14.
Севярын Квяткоўскі @
Сідарэвіч Анатоль (01.03.1948, хутар Доўгі лес на Піншчыне), публіцыст, літаратурны крытык і гісторык, крытык камуністычнае ідэалёгіі, з прычыны чаго ў 1960-я быў рэпрэсаваны. Належыць да левага лягеру беларускай палітычнае думкі, адзін з заснавальнікаў адноўленае Сацыял-Дэмакратычнай Грамады.
У школе С. быў вучнем Рыгора Родчанкі - вядомага ў 1950-1980-х краязнаўцы і нацыянальнага дзеяча са Слуцку. Такі ж вялікі ўплыў на фармаваньне асобы С. у школьным узросьце зрабіла тое, што ў яго сям'і было шмат нэапратэстантаў, вядомых сваёй апазыцыйнасьцю да камуністычнага рэжыму. Скончыў філязофскае аддзяленьне гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Са сьнежня 1966 працаваў у раённай газэце «Савецкае Палессе» (Ганцавічы). У 1967 на працоўным стале С. былі знойдзеныя ягоныя дзёньнікі, дзе ўтрымлівалася крытыка ленінізму і Леніна. Тады вольнадумства каштавала С. толькі звальненьня з працы.
Далей С. працаваў загадчыкам клюбу ў вёсцы. За ім ужо сачылі. С. падтрымліваў актыўныя сувязі з менскімі апазыцыйнымі коламі, перш за ўсё з такімі людзьмі, як Алесь Разанаў, Віктар Ярац, Леў Барташ... Улетку 1968 яго зноў пазбавілі працы, на гэты раз у сельскім клюбе. У жніўні 1968 С. адкрыта выказваўся супраць акупацыі савецкімі войскамі Чэхаславакіі. Тады яго прывезьлі ў Баранавіцкае аддзяленьне КГБ для «прафіляктычнай размовы», дзе быў праведзены допыт і С. атрымаў папярэджаньне за антысавецкую агітацыю (крытыку аднапартыйнай сыстэмы) і падтрымку замежнай контаррэвалюцыі (падтрымку «Праскае вясны» і нязгоду з уварваньнем савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну).
Калі ў верасьні 1968 С. захварэў на запаленьне лёгкіх, яго з Ганцавічаў падманным шляхам перавезьлі ў псыхіятрычнае аддзяленьне 2-й Менскай клінічнай лякарні. Трэба адзначыць, што ў Беларусі не існавала спэцыялізаваных псыхлякарняў для дысыдэнтаў, як, напрыклад, сумнавядомая ў Курску (Расея). Быў абвешчаны дыягназ - хвароба Блэйлера (шызафрэнія); уводзілі інсулін і аміназін. С. выйшаў з псыхіятрычнага аддзяленьня 13 студзеня 1969. Але і надалей афіцыйныя псыхіятры вялі кантроль за ім, што ўплывала на асабістае жыцьцё і становішча на працы С. КГБ таксама праводзіла прыхаваны нагляд.
Практычную дапамогу ў працаўладкаваньні С. - чалавек з таўром псыхічна хворага, атрымаў ад многіх дзячоў беларускае культуры, перш за ўсё ад пісьменьніка Янкі Брыля, журналіста і літаратара Міхася Тычыны. Пры дапамозе сяброў С. уладкоўваўся ў вясковыя школы і раённыя газэты, але мала дзе яму давалі працаваць працяглы час.
У 1970-я гады С. актыўна інтэгруецца ў менскую вольнадумную супольнасьць, у 1973 уваходзіць у кантакт з «Акадэмічным асяродкам». Заслуга С. для незалежнай грамадзкай думкі Беларусі палягае на тым, што ён шмат у чым ініцыяваў дыскусію паміж «культурнікамі» і «палітыкамі» - паміж прыхільнікамі пераважна нацыянальна-культурніцкіх формаў актыўнасьці і прыхільнікамі праваабарончай дзейнасьці. С. выступаў як крытык тактыкі пэўных беларускіх апазыцыйных інтэлігенцкіх колаў, перш за ўсё - «Акадэмічнага асяродку», якая выяўлялася ў сьвядомым пазьбяганьні праваабарончых і палітычных тэмаў і праблемаў. Ужо ў наш час ім было прамоўлена аб беларускай апазыцыі: «Нашыя патрыёты-нацыяналісты палітыцы не вучыліся. Цяпер палітыка іх карае... На жаль, той рух, які мог нарадзіцца як праваабарончы, цяпер даводзіцца разьвіваць з пачатку».
У 1980-я гады С. стаў заўважным публіцыстам і літаратурным крытыкам. У 1981-1985 працаваў загадчыкам аддзела крытыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1987-1992 узначальваў літаратурны аддзел часопісу «Крыніца». Дасьледуе старонкі гісторыі Беларусі XX стагодзьдзя, забароненыя ў савецкай гістарыяграфіі - узьнікненьне Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе, дзейнасьць буйных прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай думкі пачатку стагодзьдзя братоў Луцкевічаў. Як толькі ў другой палове 1980-х зьявілася магчымасьць публікаваць творы на гэтую тэму, С. зрабіў некалькі важных гістарыяграфічных публікацыяў. Найбольш заўважнай сталася ягоная кніга «Антон Луцкевіч», апублікаваная ў часопісе «Нёман» (1990, № 7).
19.10.1988 С. удзельнічае ва Ўстаноўчай канфэрэнцыі «Мартыралёгу Беларусі», на якой быў створаны Арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага фронту «Адраджэньне», а ў чэрвені 1989 выступае з рэфэратам аб сувэрэнітэце на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ.
У канцы 80-х - пачатку 90-х С. стаў адным з заснавальнікаў адроджанае Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады. З 1990 ён сакратар Ініцыятыўнага, а пасьля Арганізацыйнага камітэта Грамады; 02-03.03.1991 - удзельнік Устаноўчага зьезду Грамады, дзе выступае з дакладам аб Праграмнай заяве; абраны сябрам Цэнтральнай Рады Выканаўчага камітэту. Паступова С. займае ўсё больш левую пазыцыю, у той час як сацыял-дэмакратыя ў Беларусі знаходзіцца ў стане расколу і ідэйнага крызысу. Цяпер С. - адзін з галоўных ідэёлягаў партыі Народная Грамада, якая знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Кр.: АМН, F-3 (Анатоль Сідарэвіч).
Літ.: 1. Антон Луцкевич // Нёман. 1990, № 7; 2. А потым быў жнівень 1968 году... Анатоль Сідарэвіч - пра карную псыхіятрыю ў БССР // Наша Ніва. 1997, № 3-4, 27 студзеня.
Алег Дзярновіч @
Сокалаў Сяргей (творчае імя: Сяргей Сокалаў-Воюш; 16.10.1957, в. Астроўшчына Полацкай вобл. (цяпер в. Ветрына Полацкага р-ну Віцебскай вобл.)), актывіст незалежніцкага руху 1980-х; паэт, бард, перакладчык.
Вучыўся ў Астроўшчынскай, Гаранскай і Наваполацкай школах. Па заканчэньні працаваў сьлесарам на заводзе жалезабэтонных канструкцыяў (1974-1976). Пасьля службы ў войску (1976-1978) працаваў у Полацку на вытворчым аб'яднаньні «Полімір» (1979). У тым жа годзе паступіў на філфак БДУ, пасьля трэцяга курсу перайшоў на завочнае аддзяленьне і з 1982 выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе № 5 Наваполацку. Пазьней працаваў навуковым супрацоўнікам у філіі Музэю Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне. У чэрвені 1985 менавіта ў Мікалаеўшчыне адбывалася сьвяткаваньне «Майстроўняй» Купальля, удзельнікі якога былі затрыманыя КГБ. Тады С. пазбавіўся працы.
З 1990 - на творчай працы. Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1990.
Падчас вучобы ў БДУ быў адным з заснавальнікаў «Майстроўні». У сярэдзіне 1980-х сябра літаб'яднаньня «Тутэйшыя», наваполацкага экалягічнага руху «Сакавік», з 1989 - сябра БНФ.
Літаратурную дзейнасьць пачаў у газэце «Хімік» (1973), публікаваўся ў альманаху «Дзень паэзіі», часопісах «Маладосць», «Крыніца», газэце «ЛіМ», актыўна друкаваўся ў самвыдаце: «Літаратура», «Ксэракс беларускі», «Кантроль». Разам з В.Вячоркам і С.Дубаўцом пад калектыўным псэўданімам «Беларуская Талеранцыйная Грамада» выпускаў самвыдавецкую газэту «Люстра дзён» (1979-1980). Вядомы як беларускі паэт і бард, у другой палове 1980-х ягоныя вершы і песьні карысталіся вялікай папулярнасьцю, але ўлады чынілі перашкоды канцэртнай дзейнасьці, С. знаходзіўся пад пільнай увагай КГБ. Традыцыйнымі сталі падпольныя выступы барда ў Менску. Песьні з рамантычнага «Касінэрскага цыклю» гучалі літаральна на кожнай імпрэзе, «Я - нефармальны беларус» і «Фронт» сталі гімнамі Адраджэньня 1980-х. У ЗША і Канадзе выйшлі плыты зь песьнямі С. У 1989 выдаў паэтыцкі зборнік «Кроў на сумётах».
У 1991 па сямейных абставінах С. пераехаў у ЗША. Цяпер С. - журналіст Беларускай рэдакцыі Радыё «Свабода» ў Празе.
Тв.: 1. Кроў на сумётах. - Менск, 1989.
Ларыса Андросік @
Суша Алесь (05.09.1963, Менск), адзін з актыўных удзельнікаў незалежнага выдавецкага і моладзевага рухаў у 1980-х.
У 1985 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з заснавальнікаў менскай «Талакі», выбіраўся ў прэзыдыюм II Вальнага Сойму Канфэдэрацыі беларускіх суполак. Таксама быў першым рэдактарам «Навінаў БНФ» (рэдагаваў да разыходжаньняў зь Зянонам Пазьняком у 1991) і газэты «Экспрэс» (1989).
Галіна Кацуба @
Сьвёнтак Казімір, кардынал (21.10.1914, мяст. Валга, Эстонія), шматгадовы вязень сталінскіх канцэнтрацыйных лягероў.
С. паходзіць з польскай шляхецкай сям'і, дзе атрымаў выхаваньне ў польскім патрыятычным духу. Падчас першай сусьветнай вайны сям'я Сьвёнтакаў была эвакуяваная на Ўсход. Пасьля аднаўленьня Польскай дзяржавы яны пераяжджаюць у незалежную Польшчу і пасяляюцца ў Баранавічах, дзе малады Казімір сканчае мясцовую гімназію. Пад уплывам дзейнасьці ксяндза Зыгмунта Лазінскага ён вырашае прысьвяціць уласны лёс служэньню Богу і людзям. З гэтай мэтай паступае ў 1933 у Пінскую духоўную каталіцкую сэмінарыю, а ў красавіку 1939 пасьвячаецца на сьвятарства і распачынае душпастырскую дзейнасьць у Пружанах. Але пасьля акупацыі Заходняй Беларусі савецкімі войскамі ў верасьні 1939 ксёндз Казімір арыштоўваецца па абвінавачваньні ў шпіянажы і пэўны час утрымліваецца ў Берасьцейскай турме. Фашыстоўская акупацыя ў чэрвені 1941 вызваляе айца Сьвёнтака з турмы, і ён вяртаецца да сваіх вернікаў у Пружаны. У 1944 айцец Казімір меў мажлівасьць пакінуць Беларусь і выехаць на Захад. Але ён застаўся з парафіянамі, цудоўна разумеючы, чым можа абярнуцца ягоная душпастырская дзейнасьць пры немцах. Так і сталася, савецкая ўлада нічога не забывае: яна «ўзгадала», што С. не даседзеў тэрмін у Берасьцейскай турме. Напрыканцы 1944 айцец Казімір зноўку быў арыштаваны і прысуджаны да 10 год пазбаўленьня волі за антысавецкую дзейнасьць.
У 1954 ён вяртаецца са сталінскага канцлягеру. У яго зноў узьнікае мажлівасьць пераезду, гэтым разам - у Польшчу, але С. застаецца ў прыгнечанай Беларусі. Доўгі час ён працуе ў Пінску, сваёй дзейнасьцю ператварыўшы горад у каталіцкі цэнтар Палесься.
Асоба С. незвычайная. Нельга сказаць, што ён належыў да актыўных апазыцыянераў, дзейнасьць айца Казіміра хутчэй была інтэлектуальнай апазыцыяй. Каталіцкі Касьцёл становіцца ў гэтыя часы прытулкам вернікаў, якія не хацелі зьвязвацца з камуністычным рэжымам і знаходзілі ўласнае «я» ў каталіцкай веры. А ксяндзы, сярод іх і айцец Казімір, дапамагалі людзям знайсьці шлях да Бога. С. ніколі не ішоў на згодніцтва з уладай, дыстанцыю ад уладаў ён захаваў і ў 1990-я.
Айцец Казімір узначаліў Пінскую дыяцэзію і Менска-Магілеўскую архідыяцэзію. 30.10.1994 Папа Ян Павал II абвясьціў імёны 30 новых кардыналаў. Сярод іх быў і С. Ян Павал II даслаў пасланьне кс. К.Сьвёнтаку, у якім адзначыў: «Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтыя хвіліны ўсіх сьвятароў і ўсіх сьвецкіх асобаў, якія за вернае трываньне пры Хрыстовым Эвангельлі былі прыгавораныя таталітарным рэжымам на вялікія цярпеньні, пакараньні і перасьледы. Многія зь іх страцілі жыцьцё ў канцлягерах Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах, колькі ж ёсьць такіх, пра чый лёс ведае толькі Пан Бог. Ваша Эмінэнцыя належыць менавіта да гэтых нястомных абаронцаў хрысьціянскае веры» [1].
Літ.: 1. Невяроўскі А. Юбілей кардынала // Навіны. 13.04.1999; 2. Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 1-2; 3. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.). Менск, 1998.
Алег Гардзіенка @
Сьвістуновіч Сымон (псэўданімы: S.S., Віталь Гучык; 23.09.1946, в. Конькі Ляхавіцкага р-ну Берасьцейскай вобл.), мастак, журналіст, адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту (БНФ).
Пасьля 9 клясы вучыўся ў будаўнічай вучэльні № 53 Менску, працаваў мантажнікам у Салігорску. З 1969 працаваў на Баранавіцкім баваўняным камбінаце памочнікам майстра, а ў 1972 паступіў у Беларускі дзяжаўны тэатральна-мастацкі інстытут (Акадэмія мастацтваў), які скончыў у 1976 і ўладкаваўся працаваць на баваўняны камбінат, а пасьля ў сыстэму Мастацкага фонду саюзу мастакоў. У 1985 стаўся стваральнікам Музэю народнага мастацтва і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма ў Крошыне. Да КПСС ніколі не належаў. З 1994 - уласны карэспандэнт газэты «Звязда».
19.10.1988 абраны ў Аргкамітэт БНФ. Удзельнік Устаноўчага зьезду БНФ у Вільні. Уваходзіў у склад I і II Соймаў БНФ. Арганізоўваў у Баранавічах мітынгі і шэсьці апазыцыі, дапамог устанаўленьню памятных знакаў ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Баранавічах і ў в. Стары Двор каля Крошына, на месцы бітвы паўстанцаў Агінскага з войскамі Суворава ў Сталовічах. Удзельнік выбарчых кампаніяў апазыцыі.
23.03.1989 быў схоплены міліцыяй падчас перадвыбарчага пікетаваньня супраць старшыні Аграпрама БССР Хусаінава, зацягнуты ў кінатэатар «Кастрычнік» і там зьбіты. Сьледзтва працягвалася 1,5 гады ды скончылася нічым.
Пасьля канфлікту зь Зянонам Пазьняком у 1990-х адышоў ад актыўнай апазыцыйнай дзейнасьці.
Ягоныя артыкулы рэгулярна друкаваліся ў газэтах «Свабода», «Белорусской Деловой Газете», «Грамадзяніне», «Брестском курьере». Як мастак, С. займаўся ткацтвам габеленаў, якім надаваў псыхалягічнае гучаньне («Апокрыф», «Каляды» і інш.). С. - аўтар раману «Опалая листва» (выд. у 1998), шэрагу вершаў, публікаваных у часопісе «Маладосць».
Кр.: 1. АМН, F-3.
Літ.: 2. Памяць. Ляхавіцкі раён. - Менск, 1989. С. 428-432.
Ірына Кашталян @
Таранда Мікола (01.05.1957, в. Зарытава Ляхавіцкага р-ну Берасьцейскай вобл.), адзін з кіраўнікоў гарадзенскага клюбу «Паходня».
Пасьля заканчэньня школы ў 1974 паступіў у Гарадзенскі сельска-гаспадарчы інстытут, дзе ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасьці (народныя ансамблі «Нёман» і «Вянок»).
У 1979, працуючы аграномам у Берасьцейскай вобл., паступіў у асьпірантуру пры Інстытуце біяхіміі АН БССР (Горадня).
У 1986, як сьцьвярджае сам, стаў на акрэсьленыя нацыянал-дэмакратычныя пазыцыі. У гэтым працэсе вялікі ўплыў мела кніга Кастуся Тарасава «Память о легендах».
Узяў удзел у стварэньні клюбу «Паходня», быў адным зь ягоных кіраўнікоў. Апроч таго, з восені 1986 актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх імпрэзах беларускіх моладзевых арганізацыяў (1987 - Дзьвінскае ралі; 1988 - Прыпяцкая вандроўка, Паход супраць ракет і г.д.). У 1987 на нарадзе кіраўнікоў моладзевых суполак пад Ракавам узяў удзел у стварэньні Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак. У тым жа годзе па запрашэньні Беларускага Аб'яднаньня Студэнтаў (Польшча) наведаў Беласточчыну й Варшаву. Дапамагаў у выратаваньні кніг з прыватнай бібліятэкі Ларысы Геніюш, якія потым былі перададзеныя ў музэі Горадні. Дапамагаў у стварэньні беларускіх таварыстваў у Лідзе, Берасьці, Маскве. Браў удзел у экалягічных і палітычных мітынгах, агітацыі за беларускамоўныя клясы, агітацыі падчас выбараў 1989. Уваходзіў у КПСС, адкуль выйшаў у 1990. У сувязі з актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю неаднаразова перасьледваўся з боку ўладаў.
Публікаваўся ў мясцовым друку.
Кр.: 1. ANH. F-3 (Мікола Таранда).
Літ.: 2. Крапивин С. Факел и сквозняки // Советская Белоруссия. 13.04.1988.
Галіна Кацуба @
Тарас Валянцін (09.02.1930, Менск), паэт, празаік, публіцыст, перакладчык; у 1960-1990-я ўдзельнік асяродкаў вольнадумнай інтэлігенцыі, рэпрэсаваўся з боку КГБ. Зь лютага 1943 да ліпеня 1944 быў у партызанах. Пасьля вяртаньня ў Менск Т. не знайшоў сваіх родных. Толькі праз 17 год яны адшукаліся ў Польшчы. У 1945 скончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі, пасьля працаваў рабочым Гарадзенскай літаграфіі (1945-1948), Менскай бісквітнай фабрыкі (1948-1950). З 1950 па 1955 навучаўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. У 1955-1962 працаваў у рэдакцыі газэты «Звязда»; у 1962-1964 - на творчай рабоце; у 1964-1968 - загадчык аддзелу прозы часопісу «Нёман». Выдаў кнігу вершаў «Колеры» (1995).
У траўні 1968 Т. пад ціскам КГБ быў звольнены з працы «за антысавецкія размовы» [1]. Ён быў адным з асноўных фігурантаў т.зв. «справы Вакулоўскай» (пісьменьніцы, на кватэры якой зьбіраліся літаратары, мастакі, журналісты, якія займалі крытычную пазыцыю ў адносінах да рэжыму, КПСС і КГБ). У сувязі з гэтым Т. 8 год ня мог друкавацца ў Беларусі, не дазвалялася здымаць фільм па сцэнару Т., яго не выпускалі за мяжу, нават да адшуканых пасьля вайны блізкіх сваякоў. З тэлебачаньня таксама была звольненая жонка Т. З таго часу Т. стаў займацца толькі вольным пісьменствам.
З пачаткам перабудовы найбольш працуе ў публіцыстыцы, якая мае выразны антытаталітарны, антыбальшавіцкі характар. Удзельнічаў у мітынгах БНФ і іншых дэмакратычных сілаў. Быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, сябра Назіральнай рады Беларускага Хельсінскага Камітэту. Сябра Беларускага ПЭН-Клюбу з 1997. Адзін з утваральнікаў Хартыі-97.
Артыкулы Т. друкуюцца на старонках газэтаў «Народная Воля», «Имя», «Белорусская газета» і інш., бюлетэня «Правы чалавека». З другога боку, са старонак «Славянского набата» на Т. у 1998 абрынуліся хвалі лаянкі - з-за ягонай трывалай антыфашыстоўскай і антыкамуністычнай пазыцыі.
Жыве ў Менску.
Кр.: 1. ANH. F-3 (Валянцін Тарас).
Тв.: 2. Валентин Тарас. На острове воспоминаний // Нёман. 1998, № 5.
Ірына Кашталян @
Ткачоў Міхась (10.03.1942, Мсьціслаў - 31.10.1992, Менск), беларускі гісторык, археоляг, палітычны дзеяч.
Т. нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасьля вайны будучага гісторыка выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю Т. атрымаў у родным Мсьціславе ў сямігодцы № 3. Пры паступленьні на гістфак БДУ Т. сутыкнуўся з адной недарэчнасьцю. «Калі паслаў дакумэнты на гістфак, то да ўступных экзаменаў рыхтаваўся па беларускіх падручніках, хоць школа наша была расейскамоўная. Але мне падавалася, што ў беларускай сталіцы ўсе карыстаюцца родным словам. Якім жа моцным, нават крыўдным было зьдзіўленьне правінцыйнага падлетка пасьля сутыкненьня з рэальнасьцю: у прыёмнай камісіі з-за той самай мовы адчуў такую пагарду да сябе...» [8:265].
Аднак студэнцкія гады яшчэ больш умацавалі нацыянальнае пачуцьцё. Цікава, што пад «кіраўніцтвам» вядомага Лаўрэна Абэцэдарскага Т. на ўсё жыцьцё «захварэў беларускім сярэднявеччам». Акрамя таго, у студэнцкія гады, што прыпалі яшчэ на «хрушчоўскую адлігу» адбылося шмат цікавых, вызначальных сустрэч «зь людзьмі, якія толькі-толькі выйшлі з канцлягераў ГУЛАГу». Сярод іх былі Станіслаў П. Шушкевіч, Язэп Сушынскі і іншыя. Т. узгадваў: «У душы маёй адбыўся карэнны пералом: я ўсьвядоміў, што жыву на гэтай зямлі ня нейкім там бязродным чалавекам, а беларусам, што ў мяне ёсьць культура, ёсьць гісторыя, якую, на жаль, мы вельмі дрэнна ведаем» [8:266-267].
Пасьля разьмеркаваньня па заканчэньні вучобы ў 1964 Т. амаль пяць год настаўнічаў у Жодзіна, быў завучам. Тады ўступіў у КПСС. Аднак прага навукі вымусіла спрабаваць паступаць у асьпірантуру. У тыя часы без падтрымкі гэта было амаль немагчыма, таму пасьля некалькіх няўдалых спробаў Т. вымушаны быў зьвярнуцца да Пятра Глебкі па дапамогу.
У 1968 Т. нарэшце паступіў у асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР. Узяўся за распрацоўку тэмы «Ваеннае дойлідзтва Беларусі XII-XVII ст. Паводле помнікаў паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй Беларусі». Вось як характарызаваў Т. тых часоў ягоны сябра М.Чарняўскі: «Быў малады, дужы. Здавалася, ня будзе зносу. Таму шмат дзе пасьпяваў. З 1969 па 1972 гады ім раскопваліся замкі Наваградка, Горадні, Ліды, Крэва, Міра, Геранён, Мядзела, Лепеля, Іказні, Камянца, умацаваньні шэрагу іншых мясьцін» [9:8]. Вынікам гэтае працы была абароненая ўжо ў 1972 кандыдацкая дысэртацыя, на аснове якой былі выдадзеныя кнігі «Абарончыя збудаваньні зямель Беларусі» (1978), а таксама «Замкі Беларусі» (1977).
У 1978 прыняў запрашэньне з Горадні, дзе адчыняўся ўнівэрсытэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-1985 - загадчык катэдры. У 1987 абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV-XVIII ст.»
Падчас жьщьця ў Горадні Т. меў некалькі сутыкненьняў зь мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец зьнішчэньню старажытнай гарадзкой забудовы. Справы даходзілі да Савету міністраў СССР, Т. спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці «за клевету на органы Советской власти», «за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР». Аднак гісторык перамог.
01.03.1986 у Горадні з асьветніцкімі мэтамі быў створаны гісторыка-культурны клюб «Паходня», адным з заснавальнікаў і кіраўніком якога быў Т. Тут зьбіраліся аматары гісторыі і культуры Беларусі, запрашаліся вядомыя навукоўцы. «Гэта не магло не выклікаць самы станоўчы і шырокі рэзананс у горадзе. Неўзабаве нам стала цесна ў памяшканьні старога Дому культуры. Народу набівалася столькі, што крэслы ставілі нават у калідоры. «Назіральнікі» ад гораду і вобласьці вельмі нэрваваліся: людзей шмат, «крамола» распаўзаецца, пытаньні задаюцца самыя вострыя, усё больш «небясьпечныя»... Культура паступова стала адыходзіць трошкі ўбок, на першы плян вылучалася ўжо палітыка» [8:274].
Напрыканцы 1980-х Т. уключаецца ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1989 вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. «Для мяне тыя выбары, - узгадваў Т., - сталіся сапраўднай школай жыцьця. Я ўпершыню ўбачыў, што палітыка і бруд, амаральнасьць ідуць побач. Дагэтуль шчыра верыў у ідэалы партыі, стараўся ўзьняць яе аўтарытэт, думаючы, што найлепшы для гэтага шлях - нармальная старанная праца, асабісты прыклад у грамадзкім жыцьці. І вось прыйшло крушэньне маральных устояў, пэўных палітычных прынцыпаў. Зразумеў нарэшце, што ў партапарата сьвятога няма, дзеля захаваньня ўлады ён гатовы на ўсё» [8:280].
У выніку Т. выходзіць з КПСС і дзейнічае ўжо толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху. Пасьля пераезду ў Менск ў 1989 ён удзельнічаў ва ўтварэньні «Мартыралёгу Беларусі», уваходзіць у Аргкамітэт БНФ, становіцца намесьнікам старшыні Сойму БНФ. Т. стаў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратыі - з сакавіка 1991 ён старшыня Цэнтральнай рады адноўленае БСДГ.
За грамадзкай дзейнасьцю не была закінутая і навуковая. Па вяртаньні ў Менск Т. працуе ў рэдакцыі «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі»: спачатку з 1989 - загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 - галоўным рэдактарам «Беларускай Энцыкляпэдыі». Т. быў адным зь ініцыятараў выданьня «Энцыкляпэдыі Археалёгіі і Нумізматыкі Беларусі» ды «Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі». Ужо хворым, у апошнія гады жыцьця ён выдаў «Замкі і людзі», «Вялікае мастацтва артылерыі», «Старажытны Мсьціслаў» (апошнія дзьве ў сааўтарстве).
Прыкладна за год да сьмерці ў адным інтэрвію ён сказаў: «Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б зь ім не вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлабівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставщца лёс яго жыцьця...» [8:287].
Тв.: 1. Замки Белоруссии (XIII-XVIII вв.). - Менск, 1977; 2. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII ст. - Менск, 1978; 3. Беларуская кафля. - Менск, 1989; 4. Замкі і людзі. - Менск, 1991; 5. Вялікае мастацтва артылерыі. - Менск, 1992; 6. Старажытны Мсціслаў. - Менск, 1992; 7. Паходня. - Менск, 1994.
Літ.: 8. Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991; 9. М.Чарняўскі. Міхась Ткачоў - гісторык беларускі // Гісторыка-археалягічны зборнік. Ч. 1. - Менск, 1994.
Наталя Арлова @
Трусаў Алег (07.08.1954, Мсьціслаў), гісторык, археоляг, палітычны дзеяч Беларусі, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту (1989) і адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (1991, 1998).
У 1976 скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту; у 1980 - асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР; у 1981 абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
Быў сябрам КПСС. У 1976-1992 працаваў навуковым супрацоўнікам, а потым загадчыкам аддзелу Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытуту.
Палітычная дзейнасьць Т. пачалася 19 кастрычніка 1988, калі на ўстаноўчай канфэрэнцыі «Мартыралёгу Беларусі» ён увайшоў у склад створанага тады Арганізацыйнага камітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». У чэрвені 1989 на Ўстаноўчым зьезде БНФ быў абраны ў склад першага Сойму БНФ.
У 1989 Т. быў адным з заснавальнікаў Таварыства Беларускай Мовы (з чэрвеня 1997 - першы намесьнік старшыні Рэспубліканскай рады ТБМ). У 1990 быў вылучаны ад гэтай арганізацыі кандыдатам ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР на першых выбарах з удзелам апазыцыі. Быў абраны дэпутатам ад Менску. У Вярхоўным Савеце XII скліканьня ўваходзіў у склад апазыцыі БНФ, быў намесьнікам лідэра парлямэнцкай апазыцыі. У 1990-1995 Т. - намесьнік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета па культуры, адукацыі і захаваньні гістарычнай спадчыны. Быў распрацоўшчыкам блёку законаў па культуры і адукацыі, па нацыянальна-дзяржаўнай сымболіцы.
У 1990 Т. стаў адным зь ініцыятараў стварэньня Арганізацыйнага камітэту Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, а ў 1991 на Ўстаноўчым зьезде быў абраны першым намесьнікам старшыні Цэнтральнай Рады БСДГ. З 1992 года - старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ. Грамада была адзінай апазыцыйнай партыяй, апроч руху БНФ, якая здолела стварыць у Вярхоўным Савеце XII скліканьня ўласную партыйную фракцыю (15 чалавек).
У 1994, калі А.Лукашенка ўзяў курс на пабудову ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму, Т. стаў адным з найбольш актыўных праціўнікаў дыктатуры ў парлямэнце. 12.04.1995 ён быў у ліку 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія ў знак пратэста супраць свавольства ўладаў пачалі галадоўку. У ноч з 12 на 13 красавіка ўсе ўдзельнікі акцыі былі жорстка зьбітыя ў залі паседжаньняў парлямэнту баевікамі з прэзыдэнцкага спэцназу.
У 1995-1996 Т. тройчы балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета XIII склікання, ён нязьменна атрымліваў падтрымку ад выбаршчыкаў у першым туры, аднак усе тры разы другі тур выбараў зрываўся выканаўчай уладай.
У 1995, пасьля паразы на выбарах у парлямэнт дэмакратычных сілаў, у БСДГ пачаўся ўнутрыпартыйны крызыс. Прадстаўнікі левага крыла Грамады крытыкавалі Т. за занадта цесны, на іх погляд, альянс з БНФ і нацыянальна-дэмакратычным лягерам. У ліпені 1995 мінімальнай большасьцю галасоў дэлегатаў пазачарговага зьезду Т. быў зьняты з пасады старшыні. Новае кіраўніцтва партыі адразу ж узяло курс на рэарганізацыю Грамады ды аб'яднаньне яе з групоўкамі Сечкі, Пашкевіча, Ярмаліцкага. Т. і ягоныя прыхільнікі выступалі супраць гэтага. Неўзабаве пасля зьезду яны стварылі ўнутрыпартыйную фракцыю па захаваньні Грамады.
Фракцыя падтрымала ў траўні 1996 ініцыятыву «круглага стала палітычных партый Беларусі» па імпічмэнце прэзыдэнта А.Лукашэнкі, у кастрычніку таго ж году ўзяла самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ды правядзеньні Кангрэсу ў абарону Канстытуцыі. У студзені 1997 паводле просьбы новага кіраўніцтва партыі Міністэрства юстыцыі прыняло рашэньне аб ліквідацыі БСДГ. Тады ж Т. выступіў зь ініцыятывай адраджэньня БСДГ. Старшынём Арганізацыйнага камітэта па адраджэньні БСДГ стаў Станіслаў Шушкевіч.
15.02.1998 на Ўстаноўчым зьезьдзе адроджанай БСДГ Т. быў абраны намесьнікам старшыні БСДГ. Старшынём стаў Станіслаў Шушкевіч. Гэтая падзея не засталася незаўважанай уладамі, і ўжо ў сакавіку Т. быў вымушаны паводле палітычных матываў пакінуць пасаду дэкана факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры.
Т. - аўтар больш 150 навуковых публікацыяў, сярод якіх некалькі манаграфіяў.
Акрамя палітычнай і навуковай дзейнасьці, Т. актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці Беларусі: узначальвае таварыства «Беларусь-Гішпанія», з 1999 - старшыня Рэспубліканскай рады ТБМ, доўгі час быў сябрам Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету «Бацькаўшчына». Уваходзіць у склад рэдкалегіяў газэты «Наша Слова» і часопісу «Беларуская Мінуўшчына».
Літ.: 1. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. - Менск, 1993. - С. 614; 2. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. - Менск, 1993. - С. 606; 3. Беларусь. Энцыклапедычны даведнік. Менск, 1995. - С. 706.
Алег Багуцкі @
Цішкін Ігар (06.09.1961, Віцебск), гісторык, грамадзкі дзеяч, адзін зь лідэраў «нефармалаў» у другой палове 1980-х у Віцебску.
Працаваў у віцебскім вытворчым аб'яднаньні «Маналіт». З 1982 - навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога музэю. З 1988 - археоляг у прадпрыемстве «Віцебскпраектрэстаўрацыя». Скончыў гістарычны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту.
У 1986 разам з аднадумцамі стварыў клюб «Узгор'е», дзейнасьць якога была скіраваная на абарону архітэктурнай і гістарычнай спадчыны Віцебску. Пры ўдзеле клюбу была выратаваная ад зьнішчэньня Пакроўская царква; клюб спрычыніўся да пачатку рэстаўрацыі касьцёлу Сьв. Барбары. У 1988 актыўна падтрымаў ініцыятыву па стварэньні Віцебскай філіі Беларускага Народнага Фронту. У 1990 балятаваўся ў Вярхоўны Савет БССР; у другім туры супернічаў з шэфам абласной міліцыі Мечыславам Грыбам, які тады рэпрэзэнтаваў намэнклятуру (улады забясьпечылі перамогу М.Грыба).
Кр.: 1. ANH. F-3 (Ігар Цішкін).
Сяргей Сахараў @
Чарняўскі Міхась (07.03.1938, в. Круці Вялейскага пав. Віленскага ваяводзтва (цяпер Мядзельскі р-н Менскай вобл.)), адзін з актыўных удзельнікаў інтэлектуальнай апазыцыі, удзельнік клюбу вольнадумнай інтэлігэнцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973-1974. Ч. - археоляг, займаецца праблемамі першабытнай гісторыі Беларусі. З 1966 працуе ў інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з 1971 - кандыдат гістарычных навук. У 1962 Ч. стаў адным з арганізатараў «Акадэмічнага асяродку» - клюбу пераважна супрацоўнікаў Акадэміі Навук БССР, якія бачылі сваё прызначэньне ў зборы і трансьляцыі інфармацыі аб беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай традыцыях. Сябры гуртка зьбіралі ўспаміны, кнігі і часопісы пераважна часоў знаходжаньня Заходняй Беларусі ў складзе Польскае дзяржавы. Для гэтага арганізоўваліся экспэдыцыі ў малыя мястэчкі, ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі нацыянал-дэмакратычнага руху Беларусі (Ларыса Геніюш, Язэп Сушынскі, Мікола Ўлашчык ды інш.). Ч. і «Акадэмічны асяродак» у цэлым асаблівую ўвагу надавалі ўсталяваньню кантактаў са студэнцтвам - распаўсюджаньню сярод іх сабранай інфармацыі, прыцягваньню ў сфэру сваёй дзейнасьці.
Наладжваліся кантакты таксама зь іншымі вольнадумнымі групамі ў Беларусі і за яе межамі. У Менску партнэрскія адносіны «Акадэмічнага асяродку» ўсталяваліся з аб'яднаньнем незалежных мастакоў «На Паддашку», а Ч. непасрэдна ўваходзіў у гэтае аб'яднаньне зь сярэдзіны 1960-х. Прыярытэтнымі былі адносіны з украінскімі патрыятычнымі коламі. Так, у 1964-1965 Ч. устанаўліваў кантакты з дэмакратычна настроенымі супрацоўнікамі ўкраінскай Акадэміі Навук, пераважна ў інстытуце мовазнаўства [1].
Маральным лідэрам «Акадэмічнага асяродку» быў беларускі літаратар Уладзімір Караткевіч. Ч. быў адным з арганізатараў акцыяў «Акадэмічнага асяродку», а таксама быў актыўным у падтрыманьні кантактаў з другімі аб'яднаньнямі вольнадумцаў. «Акадэмічны асяродак» займаў адметнае месца ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі таталітарнаму рэжыму, сканцэнтраваўшы сваю ўвагу на асьвеце і пэрсанальнай працы зь людзьмі. Ч. узгадвае: «...мы сьвядома імкнуліся пазьбегнуць магчымых абвінавачаньняў у антыкамунізме. Мы сыходзілі з таго, што беларускай... інтэлігенцыі, падрыхтаванай да якіх-небудзь дзеяньняў, на той час было вельмі мала. Наш даволі слабы рух было лёгка прыдушыць, і мы не маглі губляць сілы на агульнадэмакратычныя задачы... Нават у час акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе пасьля цяжкіх роздумаў і дыскусіяў было вырашана ўстрымацца ад публічных акцыяў пратэсту» [3]. Трэба адзначыць, што такая пазыцыя мела апанэнтаў у беларускім грамадзтве. Вядомая палеміка з удзельнікамі «Акадэмічнага асяродку» Анатоля Сідарэвіча, які абвінаваціў сваіх калегаў па дэмакратычным лягеры ў «культурніцтве».
Калі ў 1972-1973 КГБ займалася разгромам патрыятычнага руху ва Ўкраіне, то пры ператрусах і на допытах былі выяўленыя сьляды сувязяў зь Беларусьсю - у рукох КГБ апынулася некалькі лістоў сябраў «Акадэмічнага асяродку» з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС, а таксама з выкладам плянаў каардынацыі супрацьдзеяньня гэтай палітыцы. КГБ непасрэдна занялося «Акадэмічным асяродкам» улетку 1973 - у Менску і ў другіх гарадах Беларусі пачаліся допыты. Разам на гэтыя допыты было выклікана каля сотні навукоўцаў, выкладчыкаў унівэрсытэтаў, студэнтаў. КГБ устанавіла, што Ч. быў прывезены з Украіны рукапіс кнігі Ў.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя» дзеля яго пашырэньня ў Беларусі.
КГБ пачало раскручваць справу пра падпольную нацыяналістычную арганізацыю. Але тут умяшалася кіраўніцтва ЦК КПБ, якое было незацікаўленае ў пашырэньні інфармацыі пра справу - паводле партыйнай дактрыны, Беларусь была самай інтэрнацыянальнай рэспублікай СССР, дзе ўвогуле не магло існаваць якой-небудзь апазыцыі і якога-небудзь нацыяналізму. Акрамя таго, першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў быў заняты павышэньнем свайго статусу ў Маскве, і яму не былі патрэбныя скандалы. Тут закручваецца своеасаблівая інтрыга паміж КГБ і ЦК КПБ. Мясцовае КГБ стала апэляваць непасрэдна да свайго кіраўніцтва ў Маскву. Каб разабрацца з гэтай справай, ЦК КПСС даслала эмісара. У выніку паміж уладамі быў дасягнуты пэўны кампраміс - судовы працэс ня будзе пачынацца, але актывісты «Акадэмічнага асяродку» павінны панесьці пакараньне, як мінімум, іх трэба звольніць з працы.
Узімку 1973-1974 пачалася ідэалягічная падрыхтоўка акцыі пакараньня. Партыйныя прапагандысты па ўсёй Беларусі ў сваіх лекцыях распавядалі пра раскрыцьцё нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавала адрыў Беларусі ад СССР і імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. За актывістамі «Акадэмічнага асяродку» было наладжанае пастаяннае сачэньне. Ч. узгадвае: «Назіральнікі не адыходзілі ні на крок, нават глядзелі, што жонкі падкантрольных набывалі ў крамах. Раптам зьяўляліся некаторыя даўнія і ўжо даўно забытыя знаёмыя, якія загарэліся сяброўскімі пачуцьцямі, жаданьнем прасякнуцца сутнасьцю справы і, вядома, дапамагчы. Да месца будзе заўважыць, калі кампанія барацьбы з нацыяналістамі мінула, яны зноўку зьніклі з нашага поля зроку» [3].
Ч., а таксама Алесь Каўрус (Інстытут мовазнаўства), Віктар Лапуць (Інстытут геалёгіі), Сьцяпан Місько (Інстытут мастацтвазнаўства), Зянон Пазьняк (асьпірант Інстытута мастацтвазнаўства), Мікола Прашковіч (Інстытут літаратуры), Валянцін Рабкевіч (выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя») былі звольненыя з Акадэміі Навук і трапілі пад дзеяньне няпісанага правіла забароны на прафэсію - яны не маглі ўладкавацца на якую-небудзь інтэлектуальную працу. Ч. быў звольнены з пасады старшага навуковага супрацоўніка з фармулёўкай - «не адпавядае займанай пасадзе» [2]. Ч. здолеў уладкавацца толькі рознарабочым на адное невялікае менскае прадпрыемства [5:60]. «Але найбольш дыскамфортнае пачуцьцё было з-за інфармацыйнай блякады. Рукапісы кніг і артыкулаў удзельнікаў гуртка выкідваліся з плянаў выдавецтваў і з рэдакцыяў, з усіх публікацыяў выкрэсьлівалася нават узгадка іх імёнаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек нібы зьнікаў зь белага сьвету, як ніколі ня жыў!» - узгадвае Ч. [3].
Пасьля працоўнага дня Ч. выступаў перад рабочымі зь лекцыямі па гісторыі Беларусі [4:375], займаўся навуковымі дасьледаваньнямі, пісаў артыкулы, спадзеючыся іх апублікаваць у будучыні. Зноў уладкавацца па спэцыяльнасьці ў інстытуце гісторыі Ч. здолеў ужо пазьней, але ж непасрэдна да перабудовы яму не дазвалялі выяжджаць за мяжу. І надалей Ч. прымае актыўны ўдзел у дэмакратычным руху: увосень 1988 - у пачатку 1989 ён сябра Аргкамітэту БНФ, у канцы 1990 - пачатку 1991 - у Аргкамітэце Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. У наш час Ч. - адзін з выбітных палітыкаў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Народная Грамада).
Кр.: 1. ANH, F-3 (Міхась Чарняўскі); 2. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, спр. 518, арк. 248.
Літ.: 3. Чарняўскі М. Акадэмічны патрыятычны асяродак (60-я гады) // Шуфляда. Т. 1, 1999; 4. Арлоў У. «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях. - Менск, 1992; 5. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Менск, 1996. С. 374-375.
Алег Дзярновіч @
Чарняўскі Ўладзіслаў, кс. (14.01.1916, засьценак Амбружын каля Гальшанаў), рыма-каталіцкі сьвятар, пасьлядоўны прыхільнік увядзеньня беларускай мовы ў каталіцкім касьцёле.
Ч. нарадзіўся ў сялянскай сям'і, скончыў 4 клясы ў Вішнеўскай школе, вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931-1933 навучаўся ў настаўніцкай гімназіі ў Барунах Ашмянскага павету.
У 1934 пад уплывам свайго дзядзькі кс. Францішка Чарняўскага Ч. паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары марыянаў, дзе быў вялікі ўплыў беларускіх ксяндзоў. «Я ўжо з Друі быў сьведамым. Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі, усё гэта я перажываў. Таму ня трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасьць» [1:56]. Пасьля сканчэньня гімназіі ў Друі паступіў у навіцыят марыянаў. Падчас рэпрэсіяў з боку польскіх уладаў супраць беларускіх ксяндзоў-марыянаў Ч. прыйшлося пакінуць мястэчка. Празь некаторы час ён апынуўся ў Вільні. У пэрыяд савецкай акупацыі, а потым падчас нямецкай акупацыі ён вучыўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, якую скончыў у 1945.
Ч. быў пасьвечаны на капланства ў кастрычніку 1944 біскупам Мечыславам Райнісам. Першую мшу адправіў у Крэве на беларускай мове. Пасьля вярнуўся ў Вільню і пэўны час працаваў у касьцёле Сьв. Ігната. Пасьля арышту кс. Адама Станкевіча айцец Чарняўскі разглядаўся як кандыдат на ягонае месца, але прызначэньне не адбылося. Пэўны час Ч. працаваў у летувіскіх касьцёлах: Укмэрге, Гегужыне, Ернішках, Варэне, Эйшышках, затым перавёўся ў Беларусь. Напачатку працаваў у Войстане на Смаргоншчыне, а з 1954 працуе ў Вішнеўскім касьцёле Валожынскага р-ну.
Моўная сытуацыя для беларусаў у Касьцёле была складаная. У асноўным набажэнствы ішлі па-польску, афіцыйная ж мова была лацінская. Толькі пасьля II Ватыканскага Сабору (1962-1965) было дазволена карыстацца нацыянальнымі мовамі. Ч. яшчэ да пастановаў Сабору пачаў пэрманэнтна ўжываць беларускую мову: «Я адразу стаў гаварыць па-беларуску. Мяне калі запрашалі, я казаў: калі хочаце ксяндза - буду гаварыць па-беларуску... Некаторыя крывіліся спачатку, казалі, што камуніст, усякая была гаворка. А час прайшоў - і ўсе прывыклі» [1:59-60].
У 1966 Ч. атрымаў ліст ад папы Паўла VI, у якім прапаноўвалася абняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Але на гэта не пагадзілася савецкае кіраўніцтва. А ў 1967 кс. Чарняўскі наведаў Ватыкан, куды быў запрошаны Кангрэгацыяй Абрадаў. Там ён сустракаўся з Паўлам VI, які даручыў Ч. заняцца перакладам Бібліі на беларускую мову. Ксёндз Уладзіслаў пераклаў на беларускую мову сем кніг літургічных тэкстаў. Рымскі папа рабіў захады перад савецкай амбасадай у Рыме пра прызначэньне Ч. біскупам у Беларусі, але і тут савецкія ўлады не пагадзіліся.
Імя Ч. было прыцягальным для прадстаўнікоў незалежнага беларускага грамадзтва. Да яго езьдзілі па маральную падтрымку многія прадстаўнікі беларускай апазыцыі.
Айцец Уладыслаў па сёньня працуе ў Вішнеўскім касьцёле. «Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове», - ягонае крэда.
Літ.: 1. «Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове» (Інтэрвію з пробашчам Вішнеўскага касьцёла айцом Уладзіславам Чарняўскім) // Хрысьціянская думка. 1993, № 3; 2. Успаміны Ў.Чарняўскага / Памяць: Валожынскі раён. - Менск, 1996.
Алег Гардзіенка @
Шушкевіч Станіслаў (19.12.1934, Менск), дзяржаўны і палітычны дзеяч Беларусі, вучоны-фізік, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.
Ш. паходзіць зь сям'і вядомага беларускага паэта і журналіста Станіслава Шушкевіча (сына Пятра). У канцы 1936 бацька быў арыштаваны па абвінавачаньні ў «контаррэвалюцыйнай і нацыяналістычнай дзейнасьці». Каля дваццаці гадоў правёў ён у сталінскіх лягерах і змог вярнуцца дадому толькі ў 1956 у часы хрушчоўскай «адлігі». Неўзабаве пасьля арышту бацькі пачаўся перасьлед маці - Алены Шушкевіч (дачка Людвіга), якая працавала на Беларускім радыё. «Ліса ў авечай скуры» - пад такім загалоўкам зьявіўся артыкул у газэце «Звязда», дзе сп-ню Алену абвінавацілі ў адсутнасьці мужнасьці «парваць з ворагам народа». Падзеі 1930-х гадоў не маглі не паўплываць на фармаваньне поглядаў маладога Ш. Рэаліі бязьлітасна зьнішчылі ў ягонай сям'і веру ў савецкую справядлівасьць і камуністычныя ідэалы.
Нядзіўна, што прафэсію сабе Ш. абраў зусім апалітычную - радыёфізыку. У 1956 ён скончыў фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у 1959 - асьпірантуру ў Акадэміі Навук БССР. У 1962 абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 1970 - доктарскую, у 1972 - стаў прафэсарам. У 1990 абраны сябрам-карэспандэнтам АН БССР. Працаваў у сыстэме вышэйшай адукацыі, быў прарэктарам па навуцы ў Менскім радыётэхнічным інстытуце і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце; у 1972-1990 узначальваў катэдру ядзернай фізыкі і мірнага выкарыстаньня атаму БДУ. Менавіта на гэтай пасадзе, калі ў 1986 прагрымеў Чарнобыльскі выбух, пачалась апазыцыйная дзейнасьць Ш.
Вынікі Чарнобыльскай катастрофы былі жахлівыя. Аднак кіраўніцтва КПСС і КПБ замест таго, каб арганізаваць хуткія і маштабныя акцыі па абароне мільёнаў людзей ад сьмяротнай радыяцыі, распачалі кампанію па хаваньні і фальсыфікацыі сапраўдных дадзеных. Ш. быў уключаны ў склад Камісіі, створанай паводле рашэньня ЦК КПБ і АН БССР дзеля вывучэньня вынікаў аварыі. Паводле плянаў партыйнага кіраўніцтва, Камісія павінна была зрабіць выснову - «нічога страшнага!». Аднак Ш. адмовіўся ўдзельнічаць у злачынствах афіцыйных уладаў. Як сябра Камісіі ён настойліва запатрабаваў абнародаваць сапраўдныя дадзеныя пра вынікі Чарнобыльскай катастрофы, бо бяз гэтага немагчыма было мінімізаваць страшнае ўзьдзеяньне катастрофы. Але кіраўніцтва КПБ не зьбіралася адступаць ад раней абранай тактыкі, і Ш. за сваю грамадзянскую пазыцыю быў проста выведзены са складу Камісіі.
Але і Ш. не адступіў. Ва ўнівэрсытэце ў яго знайшлося нямала аднадумцаў. Летам 1986 ніводны з супрацоўнікаў ягонай катэдры не пайшоў у чарговы адпачынак. Выкарыстоўваючы наяўнае на катэдры абсталяваньне, Ш. арганізаваў пункт па праверцы ўзроўню радыёактыўнай канцэнтрацыі ёду ў шчытападобнай залозе і ўтрыманьні радыёнуклідаў у прадуктах харчаваньня. З усяго Менску сюды пацягнуліся сотні людзей.
Даведаўшыся пра несанкцыянаваныя кіраўніцтвам дзеяньні Ш., першы сакратар Менскага гаркаму КПБ Уладзімір Галко запатрабаваў: «Неадкладна спыніць самадзейнасьць!» - пад пагрозай пазбавіць Ш. партбілету, што паводле тагачасных правілаў азначала і адхіленьне ад кіруючай працы. Ш. не падпарадкаваўся. Насуперак гаркаму ён арганізаваў на катэдры падрыхтоўку спэцыялістаў па прафіляктыцы радыёактыўнай небясьпекі, супрацоўнікі ягонай катэдры аказвалі дапамогу шматлікім арганізацыям і ўстановам па запуску адпаведнай апаратуры.
Палітыка камуністычнага кіраўніцтва ў адносінах да Чарнобыльскай катастрофы дапамагла Ш. усьвядоміць неабходнасць зьменаў савецкай сыстэмы. Вось чаму, калі калегі па ўнівэрсытэту прапанавалі яму ў 1989 балятавацца ў народныя дэпутаты Савецкага Саюзу, ён згадзіўся. Супраціў органаў КПБ ня толькі не пашкодзіў, але хутчэй дапамог Ш. атрымаць свой першы дэпутацкі мандат.
Зь першага зьезду народных дэпутатаў ён вярнуўся вядомым усёй Беларусі палітыкам-апазыцыянэрам. У першы ж дзень працы зьезду Ш. падтрымаў ініцыятыву грузінскіх і прыбалтыйскіх дэпутатаў па расьсьледаваньні тбіліскага пабоішча. Калі стала зразумела, што на зьезьдзе ўтварылася моцная пракамуністычная большасьць, якая зьбіралася стрымліваць усялякія спробы дэмакратызацыі, Ш. бярэ ўдзел у стварэньні Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, ініцыятарамі якой былі Андрэй Сахараў, Гаўрыіл Папоў, Барыс Ельцын, Юры Афанасьеў ды іншыя дэмакратычныя дэпутаты. МДГ стала першай ў гісторыі СССР афіцыйна прызнанай парлямэнцкай некамуністычнай апазыцыяй. З прыкладна 100 дэпутатаў ад Беларусі ў МДГ уступіла менш за дзясятак.
У Беларусі Ш. стаў адным зь вядучых лідэраў дэмакратычнай плыні грамадзтва. Гэта быў час росквіту вулічнай дэмакратыі, і Ш. можна было бачыць у першых шэрагах практычна ўсіх буйных дэманстрацыяў і мітынгаў, што адбываліся ў Менску. Статус народнага дэпутата, які ўзначальваў калёну, прымушаў расступацца міліцэйскія кардоны; гэты ж статус бараніў Ш. ад рэпрэсій з боку ўладаў БССР.
У 1990 Ш. ужо ў першым туры быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. Дэмакратычна настроеныя дэпутаты вылучаюць яго кандыдатуру на вышэйшую дзяржаўную пасаду - старшыні Вярхоўнага Савета. У дзень галасавання, каб падтрымаць дэпутатаў-дэмакратаў і Ш. каля будынку парлямэнта сабраўся шматтысячны мітынг. У выніку галасаваньня камуністычнае кіраўніцтва БССР атрымала ад дэпутатаў адчувальную аплявуху - толькі з другога тура стаўленік ЦК КПБ М.Дземянцей змог узначаліць Вярхоўны Савет, але першым намесьнікам Старшыні стаў кандыдат ад апазыцыі Ш.
У чэрвені 1991 артадаксальнае кіраўніцтва ЦК КПБ, адчуваючы жнівеньскі путч, праводзіць спробу ажыцьцявіць у Беларусі канстытуцыйны пераварот: плянавалася, што Вярхоўны Савет абярэ прэзыдэнтам Беларусі першага сакратара ЦК Малафеева, а ён, у сваю чаргу, увядзе надзвычайнае становішча. У знак пратэсту першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету падае заяву пра выхад з КПСС. Адбылося гэта 12.06.1991.
19.08.1991 у першыя ж часы путчу Ш. патрабуе тэрміновага скліканьня Прэзідыюму Вярхоўнага Савету і пазачарговай сэсіі. Аднак кіраўніцтва Вярхоўнага Савету не пажадала ўстаць на абарону Канстытуцыі і фактычна салідарызавалася з маскоўскімі змоўшчыкамі. У гэтай сытуацыі Ш. і лідэр апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк пачалі збор подпісаў сярод дэпутатаў за скліканьне пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету. Неабходная колькасьць подпісаў была сабраная за вельмі кароткі час, але маскоўскі путч праваліўся яшчэ да таго, як дэпутаты змаглі сабрацца ў Авальнай залі парлямэнту.
Рэакцыянэры перайшлі ў глухую абарону, і Ш. пасьля некалькіх тураў галасаваньня быў абраны кіраўніком Беларусі. Гэта быў складаны час. Кіраўніцтва саюзнага цэнтру на чале з М.Гарбачовым, спрабуючы самазахавацца, робіць стаўку на дэстабілізацыю сытуацыі ў саюзных рэспубліках, актыўна падтрымліваючы сэпаратызм у рэгіёнах і аўтаноміях. У СССР усё мацней адчуваецца пах пораху. На перамовах пра будучую Саюзную дамову новы беларускі кіраўнік займае жорсткую пазыцыю, робячы ўсё магчымае, каб прадухіліць тое, што ў далейшым адбылося ў Югаславіі.
08.12.1991 паводле ініцыятывы Ш. у Белавескай пушчы сабраліся кіраўнікі Расеі, Украіны і Беларусі, каб абмеркаваць лёс сваіх народаў. У выніку перамоваў Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Ш. канстатавалі, што «Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне». Беларусь і іншыя рэспублікі былога Саюза сталі незалежнымі дзяржавамі.
Сваімі асноўнымі дасягненьнямі на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету Ш. лічыць прыняцьце права прыватнай уласнасьці на зямлю, вывад зь Беларусі ядзернай зброі і міжнароднае прызнаньне маладой беларускай дзяржавы, яркім прыкладам якога стаў візыт у Менск прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.
Кансэрватыўная большасьць Вярхоўнага Савету здолела не дапусьціць глыбіннай дэмакратызацыі беларускага грамадзтва і рэальнага рыначнага рэфармаваньня эканомікі. У студзені 1994 гэтая ж большасьць дамаглася адхіленьня Ш. з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету. На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 старая партнамэнклятура, захаваўшая ўладу, скіроўвае асноўны палітычны ўдар на дэмакратычных кандыдатаў Ш. і Зянона Пазьняка. У выніку, прэзыдэнтам становіцца Аляксандар Лукашэнка, які ўзяў курс на ўсталяваньне ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму.
Як дэпутат Вярхоўнага Савету XII і XIII скліканьняў, Ш. займае бескампрамісную пазыцыю ў варунках набліжэньня дыктатуры. У лістападзе 1996 Ш. адным зь першых ставіць подпіс за пачатак парлямэнцкай працэдуры імпічмэнту А.Лукашэнкі; пасьля так званага рэфэрэндуму ён адмовіўся прызнаць легітымнасць новай Канстытуцыі. У дадзены час Ш. працягвае актыўна ўдзельнічаць у працы легітымнага Вярхоўнага Савету, які быў гвалтоўна адхілены ад уладных паўнамоцтваў.
Увесну 1997 Ш. узначаліў Арганізацыйны камітэт па адраджэньні Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. У лютым 1998 на Ўстаноўчым зьезде БСДГ Ш. абіраецца яе старшынём. БСДГ стала трэцяй у Беларусі партыяй, якая выкарыстоўвае ў сваёй назве словы «сацыял-дэмакратыя».
Кр.: АМН: F-3 (Станіслаў Шушкевіч).
Літ.: 1. Класкоўская Л., Класкоўскі А. Станіслаў Шушкевіч; пуцявіна лёсу. - Менск: Полымя, 1994; 2. Аляксандар Уліцёнак. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск: Беларусь, 1991. С. 244-263; 3. The international Who's Who 1993-1994. London, 1997.
Алег Багуцкі @
Шыляговіч Мікола (таксама: Шэляговіч; 21.07.1956; в. Агдамер Драгічынскага р-ну), у 1980-х ініцыятар і апалягет ідэі самаідэнтыфікацыі палешукоў ды стварэньня Палескай аўтаноміі.
Юнацтва і маладосьць Ш. былі звычайныя для таго часу: школа, музычная школа, філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пад уплывам сваіх знаёмых Алеся Разанава, Алеся Каско, Міколы Пракаповіча захапіўся беларускай гісторыяй, мовай і літаратурай. Але менавіта ў гэтыя гады ідэнтыфікуе сябе як палешука, піша вершы на палескай гаворцы, што не заўсёды знаходзіла разуменьне сярод беларускай інтэлігенцыі. Падчас навучаньня на філфаку БДУ Ш. пачынае актыўна займацца дасьледваньнем заходнебеларускага рэгіёну, які, па ягоных словах, уяўляе сабой асобную нацыянальна-культурную аўтаномію ў Беларусі - з палескім народам, нашчадкамі старажытных яцьвягаў.
У 1982 Ш. друкуе ў газэце «Голас Радзімы» артыкул пад назвай «Голас старажытных балтаў», у якім абгрунтоўвае права палешукоў, як асобнага этнасу, на існаваньне. Праца Ш. знайшла водгук у дзьвюх дыямэтральна процілеглых інстытуцыях: Радыё «Свабода» і КГБ. І першыя і другія выказалі нэгатыўную ацэнку працы маладога дасьледчыка. КГБ зрабіла захады ў адносінах да Ш. - ён быў пазбаўлены працы, на яго з боку «органаў» ажыцьцяўляўся ціск, які выяўляўся ў нежаданьні прымаць Ш. на працу. Знайсьці працу, вырвацца з гэтага зачараванага кола ўдалося толькі дзякуючы Міхасю Дубянецкаму.
Нягледзячы на цяжкасьці, Ш. разам з шэрагам іншадумцаў працягвае рэалізоўваць ідэю аўтаномнасьці палескага рэгіёну. 14.04.1988 ствараецца грамадзка-культурнае аб'яднаньне «Полісьсе», якое выступала за адраджэньне заходнепалескай мовы і за прызнаньне заходніх палешукоў за самастойную нацыю. Ш. прапаноўваў ідэю фэдэрацыі Беларуска-Палескай Рэспублікі. Трэба сказаць, што Ш. спрычыніўся і да працэсу стварэньня Беларускага Народнага Фронту. У далейшым сышоў з БНФ.
У 1988 на старонках моладзевай газэты «Чырвоная Змена» выйшлі чатыры выпускі «Балесаў Полісься», якія з красавіка 1989 трансфармаваліся ў самастойнае выданьне. Газэта выдавалася палескай гаворкай, друкавала матэрыялы краязнаўчага кірунку, кроніку, навіны аб'яднаньня «Полісьсе». З 1989 таксама было наладжанае выданьне пэрыёдыка «Збудінне», у падзагалоўку якога пазначалася: выданне «Ыныцятывніjі рады суjдіння за одродінне Етвызі».
Дзейнасьць ГКА «Полісьсе» набыла значны рэзананс у грамадзтве. Некаторыя беларускія грамадзкія дзеячы і літаратары, як, да прыкладу, Ніл Гілевіч, вельмі рэзка выступілі супраць тэзаў Ш., бачачы ў іх пагрозу тэрытарыяльнай і нацыянальнай цэльнасьці Беларусі. Некаторыя былі схільныя бачыць у дзейнасьці Ш. правакацыю спэцслужбаў.
Упэўненасьць Ш. у тым, што Палесьсе набудзе аўтаномію, да сёньняшняга часу ня спраўдзілася. Актывізацыя заходнепалескага руху, якая прыпала на канец 1980-х - пачатак 1990-х, паступова пачала згасаць.
Бібл.: 1. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990). Каталёг. - Менск, 1998; 2. Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991; 3. Збудінне (1989-1994).
Алег Гардзіенка @
Яблонскі Язэп (каля 1910, в. Баяры Валожынскага пав. Віленскага ваяводзтва - 1988), актыўны праціўнік усталяваньня Савецкай улады; ахвяра савецкага паваеннага перасьледу.
Паходзіў з заможнай сялянскай сям'і. Пачатковай адукацыі не атрымаў, але добра валодаў польскай мовай. Як каталік, вылучаўся сваёй набажнасьцю.
У час стварэньня мясцовага калгаса Я. застаўся адзінаўласьнікам і заклікаў іншых ухіляцца ад калектывізацыі. За гэта яго шматразова адміністратыўна каралі мясцовыя ўлады. Дэманстратыўна вывешваў над сваёй хатай польскі сьцяг. У 1960-я Я. быў арыштаваны й тры гады ўтрымліваўся ў Рыскай турме за тое, што бараніў ад разбурэньня будынак касьцёлу.
Па вызваленьні ён неаднаразова ў публічных месцах выступаў супраць савецкага ладу, пакуль ня быў схаваны ў псыхіятрычную лякарню, дзе прабыў восем апошніх гадоў жыцьця. Сканаў у Шчучынскай вар'ятні.
Кр.: Успаміны сваякоў Язэпа Яблонскага (у архіве аўтара).
Юры Грыбоўскі @
Ярац Віктар (23.10.1948, мяст. Красны Мост Рэчыцкага р-ну Гомельскай вобл.), паэт, літаратуразнаўца, крытык; адзін зь ініцыятараў кампаніі 1968 падпісаньня студэнтамі БДУ ліста з патрабаваньнем выкладаньня па-беларуску.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1966 паступіў на філялягічны факультэт БДУ. У кастрычніку 1968 разам з Алесем Разанавым і Львом Барташам стаў ініцыятарам падпісаньня студэнтамі ліста з патрабаваньнем выкладаньня па-беларуску. Падпісалася некалькі сотняў чалавек. Ліст быў перададзены ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава.
Напачатку адміністрацыя ўнівэрсытэту зьбіралася абмежавацца кампаніяй ганьбаваньня «буржуазных нацыяналістаў» - арганізатараў падпісаньня ліста. Але пасьля таго, як Я., Алесь Разанаў і Валянціна Тоўкун зьезьдзілі да Геніюшаў у Зэльву, махавік рэпрэсіяў быў раскручаны напоўніцу.
Я. узгадвае, як яму казалі тады: «Як можа быць, вы ж - не заходнік, і пайшлі на такое» [1]. Узімку 1969 Я. і Алесь Разанаў былі выключаны з унівэрсытэту (праз арганізацыю няздачы заліку па вайсковай падрыхтоўцы; да гэтага моманту яны былі выдатнікамі вучобы).
Толькі дзякуючы заступніцтву Максіма Танка, Я. удалося працягнуць вучобу ўжо ў Гомельскім пэдінстытуце (унівэрсытэце). У 1975 Я. скончыў асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры Гомельскага ўнівэрсытэту і пачаў там жа працаваць. У 1976 абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
Але «неадступнае вока, што сурова, па-янычарску цікуе за ўсім беларускім, я тут займеў адразу ж пасьля прыезду - і на ўсе наступныя гады» [1].
Тв.: 1. Віктар Ярац. «Нашы людзі сачылі за вамі...» // ЛіМ. 01.10.1993. С. 14.
Літ.: 2. Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 6. - Менск, 1995. С. 513-516.
Алег Дзярновіч @
Яткін А., сябра Партыі Свабоды Рускага Народа (ПСРН), палітычны вязень.
Працаваў рабочым-гравёрам Гомельскай фабрыкі «Палесдрук». У канцы лістапада 1956 праз М.Дзехцярова пазнаёміўся зь сябрамі ПСРН. Менавіта Я. вынес з фабрыкі 21,3 кг шрыфту для друкаваньня ўлётак і вокладак партыйных білетаў, а таксама зрабіў партыйную пячатку. Арыштаваны 09.02.1957. За ўдзел у ПСРН Судовай калегіяй па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда 16.09.1957 асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі.
Далейшы лёс невядомы.
Кр.: 1. Архіў УКГБ па Гомельскай вобл. Сьледчая справа № 175.
Бібл.: 2. А.Градзіцкі. Першы вопыт іншадумства: «Гомельскія дысыдэнты» 50-х гг. / Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. - Гомель 1996. С. 158-161; 3. А.Градзіцкі. Гомельскія дысыдэнты 50-х гг. // Навіны Палесься (Гомель). 29.04.1998. С. 4.
Алег Гардзіенка @
Яўсеенка Алесь (псэўданімы: Рыг-Рыгоравіч, Савіцкі; 14.06.1958, Гомель), у 1986-1990 старшыня гомельскай «Талакі».
Скончыў Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту. Ад пачатку ўтварэньня гомельскай «Талакі» (першая палова 1986) да 1990 быў яе старшынём. Рэпрэзэнтаваў «Талаку» ў Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак. Зь ягоным удзелам у Гомелі быў створаны Каардынацыйны Цэнтар у Падтрымку Перабудовы, куды ўваходзілі нефармальныя суполкі гораду. Каардынацыйны Цэнтар ладзіў пікеты па зборы подпісаў вернікаў аб перадачы Петра-Паўлаўскага сабора вернікам (пачынаючы з 1987); ладзіліся жалобныя пікеты і мітынгі ў Гомелі, прысьвечаныя Чарнобыльскай катастрофе, зьбіраліся подпісы за адкрыцьцё беларускіх клясаў (здолелі дамагчыся адкрыцьця беларускай нацыянальнай школы ў Палацы моладзі «Гомсельмаш»). Разам з «Талакой» удзельнічаў у водным ралі па Дзьвіне супраць будаўніцтва Дзьвінскай (Даўгаўпілскай) ГЭС, па Прыпяці супраць мэліярацыі Палесься. Быў адным з арганізатараў у Гомелі БНФ, ТБМ. Арганізоўваў у Гомелі аддзяленьне Беларускай Нацыянальна-Дэмакратычнай Партыі, Беларуска-Хрысьціянскай Злучанасьці. У сувязі са сваёй актыўнай грамадзкай пазыцыяй шмат разоў перасьледаваўся з боку ўладаў. Нэгатыўныя матэрыялы зьяўляліся ў «Мэтадычных дапаможніках для службовага карыстаньня работнікаў апарату абкаму партыі г. Гомеля», «Гомельскай праўдзе» і інш.
Я. таксама вядомы як публіцыст і выдавец. У 1990 у Гомелі пачала выдавацца газэта «Атава», дзе Я. быў рэдактарам і аўтарам. Таксама друкаваўся ў газэтах «Навіны БНФ», «Свабода», «Наша Ніва».
Кр.: 1. ANH. F-3 (Алесь Яўсеенка).
Галіна Кацуба @
Яфімаў Фёдар (псэўданімы: Ф.Архіпаў, Ф.Архипов, Фёдор Архипов; 05.05.1933, в. Новатраецкае Цярноўскага р-ну Варонескай вобл., Расея), паэт, літаратурны крытык, перакладчык; у 1960-1970 публічна выступаў супраць цэнзуры, за што перасьледаваўся. Жыве ў Менску, піша на расейскай і беларускай мовах.
Прафэсійны вайсковец. У 1951 скончыў Чарапавецкую пяхотную вучэльню, у 1957 - Цэнтральныя курсы палітычных работнікаў у Смаленску; служыў прапагандыстам у вайсковых частках Беларускай вайсковай акругі (1958-1962). У 1963 дэмабілізаваўся ў званьні капітана Савецкай арміі.
У 1967 завочна скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. У 1966-1967 - загадчык аддзелу нарысаў і публіцыстыкі часопісу «Нёман».
У красавіку 1968 на аб'яднаным партсходзе творчых саюзаў БССР Я. публічна выступіў супраць умяшальніцтва СССР ва ўнутраныя справы Чэхаславаччыны, супраць цэнзуры. За гэта быў выключаны з КПСС, перасьледаваўся - ня мог уладкавацца на працу і жыў у безграшоўі [2:98-99].
У часы цкаваньня А.Салжаніцына выступаў у падтрымку расейскага пісьменьніка - зьвярнуўся ў сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў СССР зь пісьмовым пратэстам супраць гэтых перасьледаў. Я. падтрымаў пісьменьніцу Л.Вакулоўскую, якую абвінавачвалі ў антысаветызме.
Літ.: 1. Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 6. - Менск, 1995. С. 531-535; 2. Валентин Тарас. На острове воспоминаний // Нёман. 1998, № 5.
Сяргей Сахараў ##Chapter: 2. Арганізацыі @
Акадэмічны асяродак (1960-1970-я), назва групаў і асобных людзей у Акадэміі Навук Беларусі, якіх характарызуюць нацыянал-дэмакратычныя перакананьні і спробы легальнай актыўнасьці ў тагачасных умовах (вызначэньне Рэд.).
Дысыдэнцкі рух сярод беларускай інтэлігенцыі ў пасьлясталінскі час адрозніваўся ад рухаў, якія існавалі ў мэтраполіі - ён быў пераважна нацыянальна-патрыятычным. Камуністычны рэжым ставіў сваёй мэтай духоўнае вынішчэньне беларускага этнасу, яго поўную русіфікацыю. Таму асноўны націск рабіўся на выцясьненьне беларускай мовы з усіх сфэраў ужытку, і асабліва грамадзка-палітычнай, на пазбаўленьне народа гістарычнай памяці і замбаваньне яго абэцэдаршчынай.
У такіх умовах нават публічнае выкарыстаньне беларушчыны было аб'ектыўна праявай антыкамунізму, формай супраціўленьня існуючаму рэжыму. Носьбіты літаратурнага беларускага слова знаходзіліся на ўліку ў адпаведных установах, яны былі пад пільным наглядам, як нацыяналісты, і адпаведна, як антысаветчыкі і антыкамуністы, калі ня яўныя, то ў патэнцыі.
Яшчэ адно адрозьненьне беларускага дысыдэнцтва ад маскоўскага ў тым, што яго ўдзельнікі заставаліся невядомыя грамадзкасьці, бо ў Менску не было ні замежных амбасад, ні прадстаўнікоў іншаземных сродкаў масавай інфармацыі. Адбывалася цкаваньне іншадумцаў, звальненьне іх з працы, зьняволеньне ў турмы і псыхіятрычныя лякарні, але водгульле падзей глухла, як у чорным мяшку, у павуціньні ўсеагульнага замоўчваньня.
Абстаноўка 1960-х у краіне характарызаваласядалейшай ліквідацыяй беларускага школьніцтва, беларускамоўнага пэрыядычнага друку. Нават айчынную літаратуру ўжо пачыналі вывучаць па расейскіх перакладах, а чынавенства сьпяшалася зьдзейсьніць заклік Хрушчова хутчэй прыйсьці да камунізму, пазбавіўшыся роднай мовы. Становішча ж у Акадэміі Навук Беларусі могуць тлумачыць такія факты: дырэктар Інстытуту мовазнаўства ня ўмеў гаварыць па-беларуску, тым больш не карысталіся беларушчынай дырэктары іншых навуковых інстытутаў, навуковая літаратура за рэдкімі выключэньнямі друкавалася па-расейску. І такая антыбеларуская завядзёнка практыкавалася ва ўсіх акадэмічных структурах. Прыём у асьпірантуру ішоў праз шчыльнае партыйна-кэгэбісцкае сіта. Дый увогуле значная частка супрацоўнікаў, асабліва зьвязаных з беларусазнаўствам, зьяўлялася спэцагентурай.
Усеагульная і ваяўнічая палітыка русіфікацыі выклікала пратэст многіх зь беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і акадэмічнай. Праўда, далёка ня кожны адважваўся на выказваньне сваёй пазыцыі, тым больш на нейкія дзеяньні. Хоць «хрушчоўская адліга» быццам яшчэ і працягвалася, але страх глыбока ўеўся ў гены беларуса. У выніку ўжо з пачатку 1960-х у асяродзьдзі маладых навукоўцаў і асьпірантаў пераважна гуманітарных навуковых інстытутаў Акадэміі пачынае складвацца нефармальнае кола аднадумцаў, каму «попел Клааса грукаў у сэрца». Рух ня быў фармалізаваны, не вялося ні сьпісаў, ні пратаколаў, не прымалася нейкіх пісьмовых рашэньняў. Некаторыя яго ўдзельнікі нават не былі між сабою знаёмыя. Напрыклад, я з Валянцінам Рабкевічам, хоць і «праходзіў па адной справе», асабіста сустрэўся шмат пазьней.
Удзельнікі руху трапілі ў сталіцу ўжо пераважна нацыянальна сьвядомымі асобамі. Знамянальна, што большасьць зь іх паходзіла з Заходняй Беларусі, або пэўны час там працавала. Менавіта на захадзе нашага краю яны знаходзілі яшчэ жывых носьбітаў заходнебеларускага незалежніцкага руху, там маглі знаёміцца і зь віленскімі беларускімі выданьнямі, якіх нямала дзе ацалела ў куфрах і на паддашках.
З тых, хто ў 1974-1975 быў звольнены з працы, як нацыяналіст (прозьвішчы падаю ў алфавітным парадку):
Каўрус Алесь, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства, нарадзіўся на Мядзельшчыне;
Лапуць Віктар, загадчык аддзелу Інстытуту геалогіі, нарадзіўся на Капыльшчыне ў сям'і, дэпартаванай у 1937 у Казахстан, вучыўся ў Львове, нацыянальна абудзіўся пад уплывам Уладзіміра Караткевіча і Сьцяпана Місько;
Місько Сьцяпан, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, нарадзіўся на Слонімшчыне;
Пазьняк Зянон, асьпірант Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, нарадзіўся на Івейшчыне;
Прашковіч Мікола, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры, нарадзіўся ў Бярэзінскім р-не, працаваў настаўнікам на Смаргоньшчыне;
Рабкевіч Валянцін, старшы рэдактар Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, нарадзіўся на Капыльшчыне, працаваў журналістам на Браслаўшчыне і Валожыншчыне;
Чарняўскі Міхась, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі, нарадзіўся і настаўнічаў на Мядзельшчыне.
Былі таксама ўдзельнікі А.а., у дачыненьні якіх абмежаваліся «прафіляктычнымі размовамі» і запалохваньнем.
Сьветапогляд і патрыятычная пазыцыя ўсіх гэтых людзей фармаваліся:
- заходнебеларускай традыцыяй (кантакты з жывымі яе носьбітамі, знаёмства з адпаведнай патрыятычнай літаратурай);
- традыцыямі беларусізацыі другой паловы 1920-х (праз знаёмства з тагачаснай літаратурай, якая ацалела ад зьнішчэньня);
- узнаўленьнем гістарычнай памяці (забароненыя кнігі В.Ластоўскага, У.Ігнатоўскага, Я.Смоліча, польскамоўныя выданьні);
- дзейнасьцю беларускай эміграцыі (праз радыё «Свабода» і дзякуючы «выкрывальным» савецкім публікацыям, зь якіх мы выбіралі патрэбную інфармацыю);
- уплывам украінскага нацыянальна-вызвольнага руху (праз кантакты з навукоўцамі Акадэміі Навук Украіны) і ў некаторай ступені аналагічных рухаў у краінах Балтыі;
- уплывам расейскага дысыдэнцкага руху (праз самвыдат);
- сьціслымі кантактамі з прадстаўнікамі старога беларускага Адраджэньня, якія вярнуліся з канцлягераў, або зь іх бліжэйшымі родзічамі (Язэп Сушынскі, Ларыса Геніюш, Мікола Ўлашчык, Паўліна Мядзёлка, у некаторай ступені Гаўрыла Гарэцкі, жонка Аркадзя Смоліча і інш.).
Амаль кожны з А.а. меў кантакты з аднадумцамі па-за Акадэміяй - з унівэрсытэцкай групоўкай студэнтаў-філфакаўцаў, з аб'яднаньнем «На Паддашку», куды ўваходзілі пераважна менскія мастакі і мастацтвазнаўцы; з групоўкамі Гарадзеншчыны (Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз і інш.), Маладэчны (Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч і інш.), Баранавічаў, Наваполацку, некаторымі афіцэрамі і курсантамі ВІРТУ. Важную ролю ў тагачасным патрыятычным руху адыгрывалі таксама мастак Лявон Баразна (забіты пры загадкавых абставінах у 1972) і асабліва Ўладзімір Караткевіч.
Было ў нашым асяродзьдзі некалькі асоб, якія «не засьвечваліся» і практычна ня ўдзельнічалі ў сходках, але яны назапашвалі і хавалі інфармацыю. Іх задачай было ўцалець пры магчымым разгроме руху і арыштах і стаць перадатчыкам ідэі Адраджэньня наступнікам. Прозьвішчаў іх я ня буду называць і зараз.
Каля А.а. круціліся і пэўныя людзі, якіх мы падазравалі ў сувязях са спэцслужбамі. Даходзіла таксама інфармацыя, што намі цікавяцца «куратары» з КГБ. Так што пра існаваньне нейкіх формаў патрыятычнага руху ў Акадэміі навук «там» здагадваліся.
Сярод нас камуністаў былі адзінкі, але ўсе мы разам зьяўляліся па сутнасьці антыкамуністамі і дэмакратамі па перакананьнях. Аднак мы сьвядома імкнуліся пазьбегнуць магчымых абвінавачаньняў у антыкамунізме. Мы сыходзілі з таго, што беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі, гатовай да нейкіх дзеяньняў, на той час было вельмі мала. Наш даволі кволы рух было лёгка прыдушыць, і мы не маглі траціць сілы яшчэ і на агульнадэмакратычныя задачы. Лічылася, што гэтым можа займацца маскоўская інтэлігенцыя, мы ж павінны былі канцэнтравацца на нацыянальным. Нават у час акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 пасля цяжкага роздуму і дыскусіі было вырашана ўстрымацца ад публічных акцый пратэсту.
Чым займаўся Акадэмічны асяродак?
Адбываўся збор вуснай і друкаванай інфармацыі - успамінаў, кніжак і часопісаў пераважна віленскага друку або часоў Інбелкульту. Дзеля гэтага ладзіліся паездкі па вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі, дзе, па нашых звестках, яшчэ жылі старыя настаўнікі, дзеячы Грамады або КПЗБ. Асабліва плённымі былі экспэдыцыі да віленскіх букіністаў. Здабытае чыталася, нярэдка размнажалася фотаспосабам або друкаркамі, перадавалася сябрам і знаёмым, студэнтам. Такім чынам адбывалася патрыятычная самаадукацыя і адукацыя.
Даволі рэгулярна ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі беларускага Адраджэньня. Яны адбываліся ў асноўным на кватэры ўдзельніка Першага Ўсебеларускага Кангрэсу Язэпа Сушынскага. У іншых выпадках мы зьбіраліся пераважна ў пакоях асьпіранцкага інтэрнату на Акадэмічнай, або інтэрнату для навуковых супрацоўнікаў на Сурганава. Часта сустракаліся і на кватэры Ўладзіміра Караткевіча. Абмяркоўваліся пытаньні палітычнага і нацыянальнага жыцьця, рабіліся спробы аналізу і вызначэньня пэрспэктываў, абгаворваліся магчымыя шляхі ўзьдзеяньня на сытуацыю.
Вяліся пошукі аднадумцаў і ўсталяваньне зь імі кантактаў, прыцягненьне іх у кола нашых інтарэсаў. Асаблівая ўвага кіравалася на студэнтаў. Шукаліся таксама іншыя патрыятычныя асяродкі. Былі завязаны даволі шчыльныя сувязі з украінскім нацыянальным рухам (пераважна з дапамогай Міколы Прашковіча і асьпіранта-ўкраінца, які навучаўся пры адным з нашых акадэмічных інстытутаў).
Сябры А.а. стараліся знаходзіць здольных школьнікаў зь беларускіх сем'яў і дапамагаць ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Заахвочвалі выпускнікоў ВНУ з патрыятычнымі перакананьнямі да паступленьня ў асьпірантуру. Стараліся правесьці сваіх людзей на патрэбныя службовыя пасады, заахвочвалі іх да паступленьня ў КПСС, разумеючы істотную ролю гэтай структуры. Сярод нас быў папулярны лёзунг: «Усе прыбалтыйскія нацыяналісты - камуністы».
КГБ ушчыльную занялося А.а. летам 1973. Рэпрэсыўная хваля накацілася з Украіны, дзе да гэтага часу поўным ходам ішоў разгром тамтэйшага патрыятычнага руху. На допытах і пры вобысках трапілі на сляды сувязяў з Беларуссю. У руках гэбістаў апынуліся лісты некаторых нашых сяброў з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС і з плянамі каардынацыі супраціву ёй. Допыты ў Менску і іншых гарадах Беларусі разгарнуліся летам 1973. Па прыкладных разліках «на субяседваньні» трапіла агулам да сотні навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў, студэнтаў. Мяркуючы па пытаньнях на допытах, спэцслужбы стараліся прыпісаць нам стварэньне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі, з адпаведным кіраўніцтвам, структурай і сувязямі з замежжам. Асабліва цікавіліся асобай Уладзіміра Караткевіча, якому, здаецца, меркавалася надаць ролю лідэра беларускіх нацыяналістаў. Не міналі ўвагай і ЛарысуГеніюш.
З вэрсіяй КГБ аб існаваньні падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі нічога не атрымалася. Вышэйшае камуністычнае кіраўніцтва Беларусі не было зацікаўленае разьдзьмухваньнем справы «аб нацыяналістах». У рэспубліцы, жыхары якой з энтузіязмам пагалоўна ператвараліся ў расейскамоўных савецкіх людзей, не магло быць нацыяналізму! Аднак гэбісцкае начальства, як сьведчылі нашыя інфарматары з ЦК КПБ, было іншай думкі. Яно чакала за праведзеную работу падзякаў і ўзнагарод і апэлявала да Масквы. Адтуль прыехаў адпаведны эмісар, які азнаёміўся са справамі і рэпрэсыўная машына закруцілася зноў. Да пакараньня (звальненьня з працы) былі найперш вылучаныя Алесь Каўрус, Сьцяпан Місько, Мікола Прашковіч, Валянцін Рабкевіч і Міхась Чарняўскі. Выбралі тых, хто найбольш засьвяціўся радыкальнасьцю пазыцыі або выказваньняў, і асабліва на каго былі рэчавыя доказы «віны». У Прашковіча гэта былі лісты ва Ўкраіну, я ж перавёз у Беларусь рукапіс вядомай тымі часамі працы Ў.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм, або русіфікацыя».
Зімой 1973-1974 вялася ідэалягічная падрыхтоўка акцыі пакараньня. Партыйныя прапагандысты па ўсёй Беларусі пачалі ў лекцыях расказваць аб выкрыцьці нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавалася адарваць Беларусь ад «сям'і брацкіх народаў СССР», прэтэндавала на адабраньне ад Расеі Смаленшчыны і Браншчыны, ну і, канешне ж, імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. Называліся канкрэтныя прозьвішчы ўдзельнікаў падпольля. Чорная ж прапаганда ішла значна далей. Драбнейшыя партыйныя функцыянэры распускалі чуткі аб сувязях з замежнымі цэнтрамі, аб вагонах антысавецкай і нацыяналістычнай літаратуры, аб падвалах са зброяй. Не забывалася і маральнае аблічча нацыяналістаў. Тады яшчэ не былі ў модзе наркотыкі, таму нам стараліся прыпісаць п'янства.
За ўдзельнікамі арганізацыі і іх сямейнікамі было ўстаноўленае пастаяннае назіраньне. Віжы не адставалі ні на крок, нават сачылі, што жонкі купляюць у гастраномах. Раптам зьявіліся некаторыя даўнія і ўжо паўзабытыя знаёмыя, якія загарэліся сяброўскімі пачуцьцямі, жаданьнем унікнуць у сутнасьць справы і, зразумела, дапамагчы. Да слова сказаць, калі кампанія барацьбы з нацыяналістамі прайшла, яны зноў зьніклі з нашага небасхілу.
У акадэмічных інстытутах акцыю пакараньня арганізоўваў парткам Акадэміі (старшыня парткаму - П.Петрыкаў). У сакавіку справа дасягнула эпагею. Даваенным камсамольцам, якія яшчэ памяталі барацьбу з «ворагамі народа», даручалася пісаць лісты абурэньня з патрабаваньнем кары вінаватым. Супрацоўнікам укладвалася ў вушы, што нас за гэтыя правіннасьці ў трыццаць сёмым расстралялі б, а так толькі трэба звольніць з працы. У аддзелах праводзіліся сходы, дзе кляймілі нацыяналістаў, якія вайной «палілі беларускія вёскі і тапілі дзяцей у калодзежах». З вуснаў партфункцыянэраў гучалі заклікі прыгледзецца да ўсіх, хто размаўляе па-беларуску. Напярэдадні паседжаньня вучонай рады Інстытуту гісторыі зь яе сябрамі вяліся прафілактычныя размовы, у якіх указвалася, як яны павінны галасаваць. І некаторыя радцы, якія падзялялі мае перакананьні, прасілі прабачыць іх, што будуць галасаваць за маё звальненьне з працы. Страх кіраваў людзьмі.
Аднак большасьць супрацоўнікаў інстытуту спачувала мне. Калі, працуючы больш года рабочым на адным невялікім менскім прадпрыемстве, я зьяўляўся ў родным інстытуце, толькі адзінкі, прыкмеціўшы мяне ў калідоры, зьбягалі ў бліжэйшы туалет. Іншыя паціскалі руку, казалі: «Трымайся!» Найбольш смела выказвалі пазыцыю некаторыя расейцы і габрэі, яны не баяліся абвінавачаньняў у беларускім нацыяналізме. Сярод іх асабліва хочацца ўспомніць добрым словам сёньня ўжо нябожчыкаў Зіновія Юльевіча Капыскага і Аляксея Рыгоравіча Мітрафанава. Удзячны я за дапамогу таксама Валянціне Караткевіч і асабліва Максіму Танку. А таксама тым работнікам ЦК КПБ, якія насуперак супраціўленьню асобных акадэмічных чыноўнікаў садзейнічалі майму вяртаньню летам 1975 у Інстытут гісторыі.
Некалькі пазьней, так бы мовіць наўздагон, па тых жа абвінавачаньнях у нацыяналізме былі звольненыя з працы Зянон Пазьняк, Віктар Лапуць, а таксама старшы выкладчык Інстытуту замежных моваў Павел Дзядзюля.
Бадай найбольш несамавітае адчуваньне было з-за інфармацыйнай блякады. Рукапісы кніжак і артыкулаў удзельнікаў А.а. выкідаліся з плянаў выдавецтваў і з рэдакцый, з усіх публікацый выкрэслівалася нават упамінаньне іх прозьвішчаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек быццам зьнікаў зь белага сьвету, як ніколі і ня жыў!
Пасьля звальненьня зь інстытутаў нам была даступная толькі нейкая фізычная праца, але ў сістэме Акадэміі мне, напрыклад, не дазволена было нават уладкавацца вартаўніком у Батанічным садзе. Не было гутаркі і аб працы выкладчыкам, або якім музэйным работнікам. Але я, калі папраўдзе, задаволіўся месцам рабочага на вытворча-мастацкім камбінаце пры Саюзе мастакоў Беларусі, куды трапіў з дапамогай аднадумцаў мастакоў. Гэта мне адпавядала - палову месяцу цягаючы мяхі з цэмэнтам, або грунтуючы фанэрныя шчыты пад плякаты зь перадавікамі вытворчасьці я зарабляў неабходны грашовы мінімум, а рэшту часу мог аддаваць навуковым заняткам. Я быў перакананы, што мы прыкладна праз год зможам вярнуцца на ранейшую працу. Прынамсі так было абяцана Максіму Танку ў «Высокім доме», дзе таксама знаходзіліся людзі, якія нам спачувалі. Раней вярнуцца было нельга, бо гэта «залежыла толькі ад Масквы». Праўда, органы былі ня супраць сплавіць мяне куды-небудзь за межы Беларусі, і праз адну асобу нават прапаноўвалася месца музэйнага работніка далёка адсюль.
Які ж быў далейшы лёс удзельнікаў А.а., тых, каго я найбольш ведаў? Практычна ўсе яны захавалі актыўную творчую і патрыятычную пазыцыю, працягнулі працу як навукоўцы, удзельнічалі і ўдзельнічаюць у палітычным і грамадзкім жыцьці. Праўда, у першыя гады ім стваралі цяжкасьці з публікацыямі і, зразумела, яны заставался «невыязднымі» за мяжу ажно да перабудовы. Каўрус празь нейкі час пачаў працаваць у адным з выдавецтваў, а пазьней у пэдінстытуце. У «Мастацкую літаратуру» ўладкаваўся Рабкевіч. Місько, як удзельнік другой сусьветнай вайны, дамогся вяртаньня ў інстытут, пазьней пайшоў на пэнсію. Быў вернуты на працу ў Акадэмію Навук і Пазьняк, але ў Інстытут гісторыі, дзе да гэтага часу склаўся прыязны яму творчы калектыў. У гэты ж інстытут летам 1975 вярнуўся і я. Лапуць нядаўна памёр. Не вытрымала сэрца і ў Рабкевіча. Найбольш цяжка склаўся лёс Прашковіча. Пасля ўсіх гэтых падзеяў у яго адбыўся душэўны надлом. Ён цяжка захварэў на паралюш ног і згарэў у вясковай хаце, ня здолеўшы выпаўзьці з агню.
Літ.: 1. Арлоў У. Адзін у трох іпастасях: Нататкі няўдзячнага вучня // ЛіМ. 16.11.1990; 2. Антановіч С. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // ЛіМ. 10.05.1991; 3. Міско С. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1(6), ліпень 1994; 4. Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3; 5. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Менск, 1996. С. 374, 375.
Міхась Чарняўскі @
«Бабілён», клюб перакладчыкаў, заснаваны ў Менску 29.05.1986 з мэтай актывізацыі перакладніцкай дзейнасьці і пашырэньня ролі перакладу ў беларускай культуры дзеля ўпісаньня яе ў эўрапейскі і сусьветны кантэкст.
Б. супрацоўнічаў зь літаратурным аб'яднаньнем «Тутэйшыя» і з сэкцыяй перакладу Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. На сходах Клюбу абмяркоўваліся тэарэтычныя і практычныя праблемы перакладу, а пазьней і надзённыя пытаньні беларускай культуры, гісторыі, філязофіі, культуралёгіі. На II-м Вальным Сойме ў студзені 1989 Б. далучыўся да Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак. Сярод актыўных удзельнікаў - Ігар Бабкоў, Лявон Баршчэўскі, Юры Вашкевіч, Алесь Жлутка, Алесь Істомін, А.Мароз, Мікола Матрунчык, Мікола Раманоўскі, Генадзь Сагановіч, Зьміцер Саўка, Сяргей Шупа (прэзыдэнт). Пасьля спыненьня дзейнасьці Клюбу ў 1989 ягоныя сябры заснавалі або спрычыніліся да заснаваньня шэрагу навуковых і культурных суполак і праектаў - Беларускага Навукова-Гуманітарнага Таварыства, Беларуска-Кельцкага Зьвязу, «Эўрафоруму».
Сяргей Шупа @
Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня (Беларуская Майстроўня, Майстроўня), моладзевае творчае згуртаваньне ў 1979-1984 у Менску.
Створанае студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ) і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту на філялягічным факультэце БДУ, пазьней далучыліся студэнты іншых ВНУ Менску, асьпіранты, школьная і рабочая моладзь гораду.
Назоў згуртаваньня падкрэсьліваў пераемнасьць зь беларускім адраджэнскім рухам 1920-х. Першапачаткова дэкляраваная мэта - адраджэньне ў гарадзкім асяродку беларускай народнай абраднасьці, сьвятаў. Удзельнікі М. вывучалі народныя песьні пад кіраўніцтвам кампазытара і хармайстра Л.Сімаковіч, ладзілі Каляды, Гуканьні Вясны, Купальлі ў Менску, Заслаўі, Вязынцы. Сьвяты былі як санкцыяваныя, так і не дазволеныя ўладамі (Каляды 1979). У 1980 пастаўленая беларуская народная драма «Цар Максымілян» (у апрацоўцы Ў.Галубка) з узмоцненымі патрыятычнымі матывамі і апяваньнем іншадумства. М. мэтанакіравана спалучала сьпеўна-фальклёрную дзейнасьць з культурна-асьветнай і палітычнай. Адраджэньне беларускай народнай культуры разглядалася як аптымальная форма выхаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, форма фальклёрна-этнаграфічнага клюбу дазваляла весьці ўласна палітычную дзейнасьць. На зборах удзельнікі М., запрошаныя навукоўцы і дзеячы культуры чыталі лекцыі, праводзілі гутаркі на культурна-гістарычныя, моўныя, палітычныя, эканамічныя тэмы, большасьць якіх засноўвалася на цяжка даступным ў той час матэрыяле («Вітаўт Вялікі», «Іван Луцкевіч», «Беларуская Народная Рэспубліка»). Ладзіліся вечарыны да ўгодкаў М.Гусоўскага, М.Багдановіча, К.Каліноўскага. Арганізоўваліся вандроўкі ў памятныя мясьціны (Вільня, Нясьвіж, Ракуцёўшчына, Вязынка і інш.). Вяліся практычныя заняткі па беларускай мове, выпускаліся насьценныя газэты, распаўсюджвалася нелегальная прэса (часопіс «Люстра дзён», «Аб усім, што баліць»), эмігранцкая, самвыдавецкая літаратура. Удзельнікі М. праводзілі прапагандысцкія і дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі ў ВНУ, школах, дзіцячых садках, ва ўстановах, у рабочых інтэрнатах, месцах зьняволеньня.
У 1983 пры М. утварылася Таварыства Беларускай Школы (старшыня - Віктар Івашкевіч), якое агітавала адчыняць беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы і актыўна падтрымлівала існуючыя. З 1983 М. працавала ў Палацы культуры Белсаўпрафа. Новай формай дзейнасьці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб'ектах у Траецкім прадмесьці Менску, на археалягічных раскопах. Некаторыя былыя ўдзельнікі М. - выпускнікі ВНУ Менску, сталі ініцыятарамі стварэньня аналягічных згуртаваньняў у Берасьці, Горадні, Маладэчне, Наваполацку і іншых гарадах.
Сьвядомая беларускамоўнасьць і палітызаванасьць вылучалі М. сярод большасьці тагачасных фальклёрных калектываў, выклікалі канфлікты з уладай. 13.06.1984 актывісты М. выйшлі на несанкцыяваную дэманстрацыю пратэсту супраць зносу помніка гісторыі і архітэктуры - будынку гарадзкога тэатра (тэатар «Поляка») на пляцы Волі ў Менску, дзе ў 1852 была пастаўленая першая беларуская опэра «Ідылія». Дэманстрантаў затрымала міліцыя, супраць некаторых распачатае сьледзтва. Далейшае існаваньне М. стала немагчымым. Пасьля спыненьня дзейнасьці М. яе актывісты стварылі ў Менску Моладзевы клюб імя Ў.Караткевіча (1985-1986) і клюб «Талака» (з 1987), якія фактычна сталі пераемнікамі М.
Літ.: 1. Студэнцкая «Майстроўня» // ЛіМ. 05.06.1981; 2. Так вясну гукалі... // Тамсама 29.04.1983. Гэты артыкул друкаваўся: Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 1. Менск, 1993. С. 415; Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Выпуск 3-4 (5-6). Вясна, 1998. С. 27-28; Скарочаная вэрсія: Беларуская Энцыклапедыя. Т. 2. - Менск, 1996. С. 429.
Вінцук Вячорка @
Беларускі патрыятычны рух ва Ўзброеных Сілах СССР (1988-1991). Адметнасьцю беларускага нацыянальна-патрыятычнага руху ва Ўзброеных Сілах СССР ёсьць тое, што ён ня быў навязаны зьверху ці прынесены звонку, а разьвіваўся зьнізу. Штуршком да стварэньня першай беларускай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі вайскоўцаў сталіся падзеі 30.10.1988, калі БССРаўскія ўлады разагналі ў Менску жалобны мітынг з нагоды «Дзядоў». Менавіта абурэньне дзеяньнямі ўладаў згуртавалі ў лістападзе 1988 пяць сяброў, курсантаў V курсу Менскага ВІЗРУ - вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні (лідэр - Сяржук Чыслаў).
У сьнежні 1988 група была зарэгістраваная ў Аргкамітэце па стварэньні Беларускага Народнага Фронту як група падтрымкі Фронту. У сваім асяродку яны называлі сябе «Рух-63», лічачы сябе нашчадкамі К.Каліноўскага. Насілі значку з выявай К.Каліноўскага і з дамаляваным самімі бел-чырвона-белым сьцяжком. У сакавіку 1989 пад «шыльдай» літаратурна-асьветніцкай суполкі «Пралескі» была зробленая спроба адзначыць угодкі Беларускае Народнае Рэспублікі, але перад самым пачаткам мерапрыемства камандаваньне вучэльні апячатала памяшканьне. На гэты час група ўзьнялася на якасна новы ўзровень. Гэта была ўжо самастойная, акрэсьленая арганізацыя колькасьцю да 20 чалавек.
З красавіка 1989 арганізацыя стала называцца «Вольнае Згуртаваньне Вайскоўцаў» і пад гэтым назовам увайшла ў толькі што створаную Канфэдэрацыю Беларускіх Суполак. У красавіку - чэрвені сябры згуртаваньня былі ініцыятарамі ці ўдзельнікамі больш дзесяці акцыяў. Так, напрыклад, у чэрвені 1989 сябры арганізацыі сабралі сярод курсантаў вучэльні больш за 300 подпісаў за дзяржаўнасьць беларускай мовы і перадалі іх арганізатарам I зьезду ТБМ. Пасьля заснавальнікі арганізацыі (ужо лейтэнанты), разьехаліся па гарнізонах, а самыя актыўныя - Сяржук Чыслаў і Вадзім Малюшыцкі - у самыя глухія месцы: адпаведна ў пасёлкі Міны і Атаманаўка Чыцінскай вобл. У другой палове 1989 «Вольнае Згуртаваньне Вайскоўцаў» узначаліў курсант Аляксей Пісьмянкоў, але дзейнасьць арганізацыі паступова пачала згасаць.
Увосень 1989 у Менску з афіцэраў той жа інжынэрнай вучэльні ўзьнікла група (3 чалавекі) на чале з кандыдатам тэхнічных навук падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам. Група працавала нелегальна і займалася распрацоўкай дэталёвае канцэпцыі стварэньня беларускага войска. Першыя разьдзелы канцэпцыі былі надрукаваныя ў газэце «ЛіМ» № 27 ад 06.07.1990 («Ці патрэбнае нацыянальнае войска?») і № 40 ад 05.10.1990 («Дзе і як служыць беларусам»). У пачатку 1991 група легалізавалася. У лютым 1991 М.Статкевіч выйшаў з КПСС і на ўстаноўчым зьезьдзе БСДГ адкрыта заявіў аб неабходнасьці ўтварэньня беларускага войска. У красавіку 1991 Цэнтральная Рада БСДГ стварыла камісію БСДГ па вайсковых пытаньнях. У склад камісіі ўвайшлі народны дэпутат БССР Віталь Малашка, Мікалай Статкевіч і Сяржук Чыслаў (апошні звольніўся з войска ў пачатку 1991 і вярнуўся на Радзіму). Пачалася праца па наладжваньні сувязяў зь беларускімі нацыянальна-патрыятычнымі арганізацыямі вайскоўцаў па ўсёй тэрыторыі СССР. Агулам, да жнівеньскага путчу 1991 былі ўстаноўленыя сувязі з арганізацыямі Масквы, г. Прыазёрск (Казахстан), Цьвяры, Мардовіі, Якуціі, Барысава, а таксама зь дзясяткамі асобных людзей.
Першая арганізаваная нацыянальна-патрыятычная суполка беларусаў-вайскоўцаў па-за межамі Беларусі ўзьнікла ў г. Прыазёрску Казахскай ССР. Заснавальнікам яе быў афіцэр, ураджэнец Нясьвіжчыны, Станіслаў Суднік. Перапляценьне акалічнасьцяў асабістых з вонкавымі, грамадзкага кшталту - «галоснасьць» і г.д., сталіся прычынай пералому ў лёсе С.Судніка, які адбыўся ў 1988.
Увосень 1990 сярод сяброў суполкі БНФ Масквы (існавала з 1989) пачала выкрышталізоўвацца група вайскоўцаў. Адзін зь іх, лейтэнант Віктар Нагнібеда, паводле ўласнае ініцыятывы, ад імя аргкамітэту Згуртаваньня Беларускіх Вайскоўцаў (хаця фармальна яго яшчэ не было) склаў «Зварот да беларускіх вайскоўцаў» і даслаў яго ў студзені 1991 у газэту «Свабода». На гэты зварот В.Нагнібеда атрымаў больш за 40 лістоў. М.Статкевіч, напрыклад, у сакавіку 1991 адмыслова прыехаў у Маскву дзеля наладжваньня сувязяў з вайскоўцамі-беларусамі ў Маскве. Пасьля гэтых лістоў і сустрэчы з М.Статкевічам, 13.04.1991 было ўтворанае Згуртаваньне Беларусаў-Вайскоўцаў Масквы (ЗБВМ), прыняў Статут ЗБВМ і абраў Каардынацыйны камітэт у складзе трох чалавек на чале з палкоўнікам В.Астаповічам. Падчас жнівеньскага путчу (1991) сябры Маскоўскай арганізацыі прынялі чынны ўдзел у абароне «Белага дому».
У 1980-х у Калініне (Цьвер) у вайсковай акадэміі існавала шматлікае беларускае зямляцтва. З 1989 на аснове зямляцтва сфармавалася нацыянальна-патрыятычная арганізацыя на чале з падпалкоўнікам Вінцэнтам Чорным. Арганізацыя падтрымлівала кантакты з вайскоўцамі з Прыазёрску (Казахстан).
Праца па наладжваньні сувязяў з вайскоўцамі-беларусамі зь іншых месцаў СССР вялася адразу пасьля практычнага згуртаваньня вайскоўцаў у Прыазёрску. Былі наладжаныя кантакты з арганізацыямі і проста невялікімі групамі-зямляцтвамі. 1989 - Цьвер, 1990 - Кастрама, Уладзімірская вобл., 1991 - Летува, Эстонія, Ленінград (Санкт-Пецярбург), Тында, Хабараўск, Масква, Менск. Са студзеня 1991 такую ж працу і ўжо з канкрэтнай мэтай - стварэньне адзінай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі (праўда, не было акрэсьленых тэрмінаў і падыходаў па яе стварэньні) - пачала маскоўская арганізацыя.
У лютым 1991 пачала працаваць у гэтым накірунку і група М.Статкевіча. Тут ужо вялася прадуманая работа па стварэньні адзінай арганізацыі ў межах структураў БСДГ.
У траўні 1991 беларускія вайскоўцы стварылі арганізацыю ТБМ у вайсковым гарадку Печы (Барысаў) у колькасьці 5 чалавек. Але яшчэ за месяц да таго арганізатары ўстанавілі кантакт з М.Статкевічам. У гэтым жа 1990 арганізацыя выйшла за межы асьветніцкай дзейнасьці. З другога нумару (верасень 1990) газэта «Рокаш» пачала друкаваць матэрыялы, дзе разглядаліся пытаньні будаўніцтва беларускага войска.
У чэрвені 1991 у Менску адбылася сустрэча С.Судніка з М.Стакевічам і С.Чыславым. На сустрэчы ішла размова пра канцэпцыю стварэньня беларускага войска, пра дзеяньні па яго стварэньні ў межах існуючых нацыянальна-дэмакратычных грамадзкіх і палітычных структураў, пра каардынацыю дзеяньняў паміж усімі нацыянальна-патрыятычнымі арганізацыямі вайскоўцаў (размовы пра стварэньне адзінай арганізацыі не было). Важнасьць гэтай сустрэчы палягае ў тым, што з гэтага моманту практычна ўсе дзейсныя беларускія нацыянальна-патрыятычныя арганізацыі вайскоўцаў былі зьвязаныя паміж сабой.
У жніўні 1991, падчас путчу, выданьне газэты «Рокаш» і, адпаведна, дзейнасьць арганізацыі ў такім напрамку, была забароненая. Сам С.Суднік быў выкліканы да начальніцтва і быў абвінавачаны ў распальваньні беларускага нацыяналізму.
У кастрычніку 1988 С.Суднік, які быў на Радзіме, адмыслова заяжджае да свайго сябра Алеся Міткаўца (выгнанага ў свой час з унівэрсытэту за «нацыяналізм»), а ў Менску праз газэты знаходзіць Ігара Чарняўскага, зь якім быў знаёмы яшчэ з 1975 па Клюбу аматараў піва БДУ. Гэта былі важныя сустрэчы, на якіх ішла гутрака аб сытуацыі ў Беларусі і шляхах нацыянальнага адраджэньня. З усім гэтым багажом (інфармацыя, літаратура, асабістыя ўражаньні) С.Суднік вярнуўся ў Казахстан. Вясной 1989 С.Суднік і ягоны найбліжэйшы паплечнік Ігар Супаненка сабралі 21 подпіс вайскоўцаў Прыазерска пад лістом да Вярхоўнага Савета БССР за дзяржаўнасьць беларускай мовы. Вытрымкі з гэтага ліста чытала намесьнік старшыні Савета міністраў БССР Ніна Мазай на сэсыі Вярхоўнага Савета БССР падчас прыняцьця закону «Аб мовах у Беларускай ССР».
У траўні 1990 С.Суднік і І.Супаненка накіравалі ў газэты «ЛіМ» і «Звязда» зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР з прапановамі па дзяржаўным будаўніцтве ў Беларусі, а ў жніўні гэтага ж году выдалі першы нумар газэты «Рокаш» - органа Прыазерскай гарадской Рады ТБМ. Фармальна сход па стварэньні суполкі ТБМ не зьбіраўся, але ўжо з 1989 актыўна існавала нацыянальна-патрыятычная супольнасьць вайскоўцаў-беларусаў колькасьцю да 30 чал. Газэту атрымлівалі ў Беларусі, Казахстане, Летуве, Эстоніі, Расеі (больш дзесяці месцаў), у Англіі (Лёнданская бібліятэка імя Ф.Скарыны). Да канца 1991 было выдадзена 10 нумароў: 1990 - 2, 1991 - 8.
Жыцьцё ўнесла свае карэктывы, паскорыла працэс аб'яднаньня патрыётаў-вайскоўцаў, падказала прынцыпы гэтага аб'яднаньня. У час жнівеньскага путчу (1991) па ініцыятыве вайскоўцаў і вайскоўцаў запасу дэмакратычныя партыі прынялі ўзгодненае рашэньне аб неабходнасьці ўтварэньня надпартыйнага патрыятычнага руху зь ліку кадравых вайскоўцаў. 20 жніўня ў першай палове дня, у адной з аўдыторыяў галоўнага корпуса БДУ было абвешчана аб стварэньні Беларускага Аб'яднаньня Ваеннаслужачых (БАВ). 12.10.1991 адкрыўся зьезд Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў (БЗВ), у працы якога прынялі ўдзел 119 дэлегатаў. Старшынём БЗВ быў абраны Мікалай Статкевіч.
Бясспрэчна, кульмінацыя зьезду была ў канцы першага дня яго працы. Удзельнікі зьезду пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, пад беларускім вайсковымі харугвамі прайшлі ад Дому літаратараў да сквэру Янкі Купалы, дзе ішоў рок-канцэрт з нагоды абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Са сцэны перад удзельнікамі канцэрта і ў наўпроставым эфіры беларускага тэлебачаньня быў зачытаны «Зварот да Вярхоўнага Савета, палітычных партыяў і народу Беларусі».
Журналістка Галіна Айзенштадт у той час напісала: «...І ўсё ж самы моцны псыхалягічны момант быў тады, калі вайскоўцы ішлі пад грунвальдзкімі сьцягамі. Ад Дому літаратараў, дзе праходзіў зьезд, да сквэру імя Янкі Купалы ўсяго два кварталы. Але была пройдзеная куды большая адлегласьць. Адлегласьць паміж мінулым, калі была страчаная дзяржаўнасьць, і ў сучасным, калі яна адраджаецца...»
Міхась Варанец @
«Зьніч», культурна-асьветніцкая суполка пры Менскім інстытуце культуры.
Суполка існавала ў 1987-1989; складалася, пераважна, са студэнтаў і выпускнікоў МІКа - у розныя часы ад 6 да 15 чалавек сяброў і прыхільнікаў. Кіраўніцтва: старшыня - Ю.Лаўрык, нам. старшыні - Л.Сьвяньцецкая, рэд. насьценнай газэты - А.Федарэнка, скарбнік - І.Коваль. Сябры суполкі асаблівую ўвагу надавалі культурна-асьветніцкай дзейнасьці, што дэкляравалася ў падназве суполкі. Палітычныя акцыі, аднак, таксама не ігнараваліся.
Асноўная праца вялася ў некалькіх накірунках. З. ажыцьцяўляў прапаганду ведаў па беларускай гісторыі, літаратуры і культуры ў МІКу. Зьяўляючыся ад моманту стварэньня Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак яе калектыўным сябрам, З. выконваў функцыі інфармацыйна-бібліяграфічнай службы КБС, рэалізоўваючы апрацаваньне і пашырэньне бібліяграфічнай інфармацыі па розных тэмах на патрэбу руху. Гэтая праца афармлялася ў выглядзе кансультаваньняў, падрыхтоўкі бібліяграфічных сьпісаў і паказальнікаў. Была ажыцьцёўленая спроба выпуску пэрыядычнага выданьня «Весткі Адраджэньня». Сябры З. бралі чынны ўдзел у распаўсюджаньні, а таксама і памнажэньні цяжка даступных друкаваных матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі (напр., заходнебеларускіх і эмігранцкіх публікацыяў і выданьняў). Супрацоўнічаючы зь іншымі суполкамі, З. браў удзел у падрыхтоўцы і правядзеньні шэрагу палітычных і культурных мерапрыемстваў: Калядаў, Купальляў, Дзядоў, памятных вечарынаў, мітынгаў і г.д. З. займаўся дабрачыннай дзейнасьцю.
Юрась Лаўрык @
«Камітэт-58», арганізацыйная група па стварэньні Таварыства Памяці Ахвяраў Сталінізму «Мартыралёг Беларусі».
Была створаная ў ліпені 1988 пасьля адкрыцьця першых фактаў пра злачынствы ў Курапатах па ініцыятыве Мэмарыяльнай і іншых камісіяў Беларускага Фонду Культуры. Назва ўзятая як «напамінак аб адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэксу РСФСР, па якім былі несправядліва асуджаныя мільёны людзей ва ўсіх рэспубліках СССР» [1]. Група «Камітэт-58» падрыхтавала праекты статуту і дэклярацыі Таварыства Памяці Ахвяраў Сталінізму «Мартыралёг Беларусі».
Кр.: 1. Статут Беларускага грамадзкага гісторыка-асьветніцкага Таварыства Памяці Ахвяраў Сталінізму - Камітэт-58 (ANH. F-8/19).
Ларыса Андросік @
Канфэдэрацыя беларускіх суполак (КБС; Канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак), незалежнае грамадзка-палітычнае згуртаваньне моладзі Беларусі ў 1989-1990.
Уваходзілі моладзевыя клюбы, таварыствы, суполкі, якія ставілі мэтай нацыянальна-культурнае, дэмакратычнае адраджэньне і сувэрэнітэт Беларусі. Як канфэдэратыўнае згуртаваньне абвешчанае 14-15.01.1989 на Другім Вальным Сойме Беларускіх Суполак у Вільні.
Створаная нелегальная група «Незалежнасьць» пасьля спыненьня ў 1984 дзейнасьці Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні пастанавіла надалей разьвіваць рух у легальных культурніцкіх формах, маючы на мэце яго палітызацыю. У лютым 1985 група правяла (ва ўрочышчы Смольня Стаўбцоўскага р-ну) нараду моладзі зь Менску, Гомеля, Берасьця і Наваполацку, дзе вырашылі спрыяць стварэньню моладзевых арганізацыяў грамадзка-культурнага кірунку з пэрспэктывай перарастаньня іх у агульнанацыянальны рух. У наступныя гады пачалі дзейнасьць моладзевыя аб'яднаньні «Талака», «Тутэйшыя», «Сьвітанак», «Агмень», «Нашчадкі», рок-клюб «Няміга» (Менск), «Талака» (Гомель), «Паходня» (Горадня), «Крыніцы», «Сакавік» і рок-клюб (Наваполацак), «Узгор'е» (Віцебск), «Край» (Берасьце), «Повязь» (Ворша), «Рунь» (Ліда), «Сябрына» (Вільня), «Маладзік» (Полацак) і інш. Галоўныя іх кірункі ў 1985-1989 - асьветная дзейнасьць, адраджэньне народных сьвятаў, археалягічна-рэстаўрацыйная праца і ахова помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганьне за стварэньне беларускіх клясаў і школаў, за абвешчаньне беларускай мовы дзяржаўнай, правядзеньне рок-фэстаў. У ліку іх найбуйнейшых акцыяў былі масавыя палітызаваныя сьвяткаваньні Купальля; беларуска-латыскае экалягічна-патрыятычнае воднае ралі пратэсту супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС «Дзьвіна - Daugava-87» (29.04-03.05.1987); экалягічная экспэдыцыя «Прыпяць-88» (травень 1988); ушанаваньне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (01.11.1987); мітынгі ў Менску ў абарону гістарычнай забудовы Верхняга гораду (20.03.1988); у Курапатах (19.06.1988), каля Ўсходніх могілак у Менску (30.10.1988); публічнае ўзьняцьцё пытаньня пра вяртаньне гістарычнай сымболікі (жнівень 1988); удзел у стварэньні «Камітэту-58», таварыства «Мартыралёг Беларусі», Аргкамітэту БНФ «Адраджэньне».
Дзеля захаваньня легальнага статусу суполкі часова кантактавалі з ЛКСМБ. У 1987 пры ўдзеле ЦК ЛКСБМ прайшлі 2 каардынацыйныя нарады беларускіх суполак у Менску і Полацку. У выніку радыкалізацыі моладзевы нацыянальна-культурны рух на працягу 1988 цалкам пазбавіўся апекі камсамолу. Першы Вальны Сойм Беларускіх Суполак 26-27. 12.1987 у в. Палачанка Валожынскага р-ну вызначыў курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэньне Беларусі, выказаўся за дзяржаўнасьць беларускае мовы. У працэсе падрыхтоўкі да Другога Вальнага Сойму Беларускіх Суполак 20-21.08.1988 у Менску адбылася нарада. Умовы правядзеньня Сойму, прапанаваныя Менскім гарвыканкамам, вымусілі правесьці Сойм у Вільні. Другі Вальны Сойм прыняў назоў КБС і ўтварыў Каардынацыйную раду. Канфэдэрацыя зьвярнулася да Аргкамітэту БНФ з просьбай лічыць яе аддзелам БНФ і ўлічыць плятформу КБС, распрацоўваючы праграму БНФ.
У 1989-1990 КБС правяла шэраг агульнабеларускіх культурных, грамадзкіх і палітычных акцыяў: Каляды, Купальлі, Дзяды (у Менску, Магілеве і інш.). Суполкі КБС працавалі на раскопах і музэйных талоках, у верасьні 1989 адзначылі пад Воршай 475-я ўгодкі аршанскай бітвы 1514, удзельнічалі ў Рэспубліканскім Студэнцкім Форуме 21-23.11.1989, у асноўных акцыях БНФ, правялі экалягічныя рэйды «Беларусь - Дзявочая Гара - Ракаў» (травень 1989) і «Беларусь - бязьядзерная зона» (на ракетных базах Лідчыны, красавік - травень 1990), наладзілі Купальле ў Вязынцы з удзелам беларускае моладзі з розных краінаў сьвету (24-25.06.1990). З 1989 КБС выдавала ўласную пэрыёдыку (бюлетэні): «Супольнасьць», «Весткі Адраджэньня», «Студэнцкая думка» (як выданьне КБС выйшлі №№ 5, 6 за 1989).
У 1990 КБС як каардынацыйны орган інтэгравалася ў БНФ «Адраджэньне». Частка суполак спыніла актыўнасьць («Сьвітанак», «Тутэйшыя», «Маладзік»), іншыя абнавілі склад і працягвалі дзейнасьць («Паходня», менская і гомельская «Талака», «Выбранецкія шыхты» і інш.). Актывісты КБС утварылі ў 1990 Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў.
Літ.: 1. Гражданские движения в Белоруссии: Документы и материалы, 1986-1991. Масква, 1991; 2. Лаврик Ю. Самиздат в Белоруссии // Советская библиография. 1991, № 5; 3. Рощин М.Ю. Неформальное движение среди белорусской молодежи / Молодёжный ренессанс (Проблемы социализации молодёжи). - Масква, 1990. Гэты артыкул друкаваўся: Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 4. Менск, 1997. С. 92-93; Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Выпуск 3-4 (5-6). Вясна, 1998. С. 28, 44.
Вінцук Вячорка @
Каталіцкі рух у Беларусі ў 1956-1991. «Хрушчоўская адліга» сярэдзіны 1950-х не прынесла палёгкі ў адносіны паміж савецкай уладай і Каталіцкім Касьцёлам.
Згодна з амністыяй пачалі вяртацца са сталінскіх лягероў рэпрэсаваныя ксяндзы і аднаўляць сваю працу ў парафіях. Некаторыя зь іх працягвалі выказваць свае нэгатыўныя адносіны да савецкай ўлады. Напрыклад, кс. Юзаф Гарадзенскі пасьля вызваленьня зь лягераў вярнуўся на Радзіму ў Кобрынь. Тут ён пачаў актыўную рэлігійную дзейнасьць. Езьдзіў па закінутых касьцёлах, зьвяртаючыся да вернікаў, заклікаў не ўступаць у кампартыю, не чытаць камуністычнай літаратуры. У 1958 кс. Ю.Гарадзенскі зноў быў арыштаваны і асуджаны ў Берасьці як рэцыдывіст на 5 год пазбаўленьня волі. Кс. М.Вандалоўскі, пробашч касьцёла ў в. Правыя Масты Мастоўскага р-ну, заклікаў вернікаў падтрымліваць сувязі са сваякамі ў ЗША, а таксама паўсюль шкодзіць савецкай уладзе.
У выніку ЦК КПБ інфармаваў Маскву пра неабходнасьць перагляду мэтазгоднасьці датэрміновага вызваленьня асобаў, асуджаных за антысавецкую дзейнасьць, і забароны ім сяліцца ў памежных абласьцях БССР. Але Масква не пайшла на такія жорсткія меры. Найбольш эфектыўным сродкам была ізаляцыя ксяндзоў і адмова ім у рэгістрацыі. Пасьля двух гадоў нелегальнай працы з-за адмовы ў рэгістрацыі зьехаў за мяжу айцец Багаткевіч. Напрыканцы 1950-х Беларусь пакінулі каля 30 сьвятароў [1:35]. Частка капланаў выехала ў Польшчу адразу пасьля вызваленьня зь лягераў (Ю.Гарадзенскі, Вацлаў Язевіч, Антон Жомбак).
На тэрыторыі Ўсходняй Беларусі сытуацыя была ўскладненая тым, што каталіцкія храмы былі зачыненыя. У 1950-я вярнуліся зь лягераў Віктар Шутовіч, Мечыслаў Малыніч-Маліцкі. Айцец Шутовіч працаваў нелегальна ў Барысаве да сваёй сьмерці ў 1960, а кс. Малыніч-Маліцкі вярнуўся ў 1954 у Слуцак, але, так і не атрымаўшы дазвол на рэгістрацыю, праводзіў набажэнствы ў адным з пакояў свайго дома.
Асобную старонку ў жыцьці Каталіцкага Касьцёла на Ўсходняй Беларусі займае змаганьне вернікаў за адкрыцьцё Кальварыйскага касьцёлу ў Менску. Звароты да ўладаў не давалі плёну. У 1957 вернікі зрабілі няўдалую спробу выхаду да Дома Ўраду. 25.01.1959 каталікі Менску правялі сход на Кальварыйскіх могілках дзеля абмеркаваньня сваіх далейшых дзеяў. Сход не застаўся па-за ўвагай КГБ. Ініцыятары акцыі былі выкліканыя ў гарвыканкам, дзе ім «патлумачылі», што адкрыцьцё касьцёлу немажлівае [2:281-282]. 20 гадоў вернікі беспасьпяхова дамагаліся адкрыцьця касьцёлу. Даходзіла да таго, што набажэнствы праходзілі пад адкрытым небам і зьбіралі мноства народу. Адкрыцьцё Кальварыйскага касьцёлу зрабілася магчымае толькі ў 1980 з нагоды маскоўскай Алімпіяды і зьяўленьня ў Менску вялікай колькасьці замежнікаў (тут праходзілі футбольныя матчы).
У 1960-я ўзмацнілася прапагандысцкая кампанія супраць Каталіцкага Касьцёла ў Заходняй Беларусі, які меў у гэтым рэгіёне значны ўплыў. Акрамя вуснай антыкаталіцкай агітацыі сярод насельніцтва практыкавалася забарона рэгістрацыі ксяндзоў, закрыцьцё касьцёлаў і перадача іх дзеля гаспадарчых патрэбаў [2:283]. Калі ў 1955 тут дзейнічала 152 касьцёлы, у 1965 - 130 касьцёлаў, то ў 1970 усяго 107. Ілюстрацыяй гэтых працэсаў можа служыць сытуацыя з Фарным касьцёлам у Горадні. У сакавіку 1960 быў пазбаўлены рэгістрацыі пробашч касьцёлу К.Шаняўскі. Захады вернікаў па рэгістрацыі новага сьвятара ўсяляк адхіляліся. Жыхарка Горадні М.Гратулевіч, найбольш актыўная і пасьлядоўная змагарка за аднаўленьне дзейнасьці Фарнага касьцёлу, была асуджаная на тры гады пазбаўленьня волі за «злачынства, якое пакліканае матэрыяльнымі выгодамі і носіць падстракальніцкі характар» [2:303]. Вынікам закрыцьця касьцёлу ў в. Зарачанка Гарадзенскага р-ну ў 1969 зьявіўся страйк вернікаў. Храм так і ня быў адчынены, аднак і рэпрэсыўных мераў супраць незадаволеных не было. Мясцовая адміністрацыя баялася розгаласу.
Яшчэ за часамі М.Хрушчова была прынятая пастанова, накіраваная на штучнае памяншэньне колькасьці вернікаў: асобы, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, не маглі наведваць набажэнствы. Але гэтае распараджэньне не выконвалася, тым больш што ксяндзы, не баючыся перасьледу ўладаў, праводзілі актыўную працу з моладзьдзю. У 1966, упершыню з часоў другой сусьветнай вайны, пачаў праводзіцца абрад канфірмацыі. 29 траўня ў 8 касьцёлах Віцебшчыны было канфірмавана каля 2 тыс. чалавек. Значна шырэй гэты абрад праводзіўся на Гарадзеншчыне. Толькі ў касьцёле в. Міхалішкі Астравецкага р-ну было канфірмавана каля 500 чалавек [2:305].
Актыўную працу з насельніцтвам праводзіў у Красьненскім касьцёле Маладэчанскага р-ну кс. Юзаф Мансангер. Ягоныя казаньні зьбіралі шмат вернікаў; выдатнае разьмяшчэньне храму (ля чыгуначнай станцыі) вяло да таго, што ў касьцёл прыяжджалі каталікі зь Менску, Маладэчны, Барысава. Заўсёды ў храме было шмат дзяцей, што вельмі непакоіла камуністычныя ўлады. У 1968 кс. Мансангер быў пазбаўлены месца і прыцягнены да судовай адказнасьці, але дзякуючы хадайніцтву вернікаў быў толькі пераведзены ў парафію Солы Смаргоньскага р-ну [2:305].
Заслугоўвае ўвагі асоба сёньняшняга пробашча Кальварыйскага касьцёлу Альбэрта Масальскага. Ён быў тайна пасьвечаны на капланства ў Польшчы і працаваў то дыспэтчарам Менскага электрамэханічнага заводу, то кіяскёрам «Саюздруку», тайна выконваў набажэнствы, за што неаднаразова перасьледваўся савецкімі ўладамі. Толькі ў 1981 кс. Масальскі атрымаў пасаду пробашча касьцёлу ў Солах.
У 1970-х у Беларусі адчувалася нястача каталіцкіх сьвятароў. Спэцыялізаваных рэлігійных установаў тут не існавала, навучацца магчыма было толькі ў Рызе ці Коўне, але доступ беларусаў туды быў абмежаваны. Незвычайную справу пачаў рабіць пробашч касьцёла ў в. Мядзьведзічы Ляхавіцкага р-ну Вацлаў Пянткоўскі, які ў сваім доме заснаваў падпольную сэмінарыю.
У другой палове 1970-х пачынаюцца сьмелыя акцыі вернікаў-каталікоў у абарону сваіх сьвятароў і касьцёлаў. У Гярвятах 2067 асобаў падпісалі пэтыцыю да кіраўнікоў усіх узроўняў, пачынаючы з Л.Брэжнева, з просьбай мець новага сьвятара. У Пелясе ў 1977 300 чалавек даслалі ліст у Маскву ў Савет па справах рэлігій з просьбай вярнуць касьцёл [3:26]. Падобныя акцыі ўзмацніліся ў 1980-я. Калі не ўдавалася займець свайго сьвятара, то часьцяком вернікі самі праводзілі набажэнствы. Садзейнічала актывізацыі каталіцкага жыцьця абраньне Рымскім Папам Яна Паўла II, паляка па паходжаньні.
У 1962-1965 на II Ватыканскім Саборы была прынятая пастанова, згодна зь якой дазвалялася весьці набажэнствы на нацыянальных мовах. Большасьць ксяндзоў у Беларусі карысталіся польскай мовай, але былі і тыя, хто выкарыстоўваў у набажэнствах беларускую мову. Найбольш пасьлядоўным прыхільнікам беларускамоўнай службы быў айцец Уладзіслаў Чарняўскі, пробашч касьцёлу ў в. Вішнева Валожынскага р-ну.
Адраджэньне каталіцкага жыцьця пачалося ў канцы 1980-х. Пачынаецца вяртаньне вернікам храмаў, будаўніцтва новых, рэгіструюцца новыя парафіі.
Значнай падзеяй было аднаўленьне дзейнасьці касьцёлу Сьв. Сымона і Сьв. Алены (Чырвонага касьцёла) у Менску ў 1990.
Літ.: 1. Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына.1994, № 1; 2. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.). Менск, 1998; 3. Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 2.
Алег Гардзіенка @
Краязнаўчы рух у Беларусі, форма незалежнай грамадзкай актыўнасьці. Краязнаўства - усебаковае вывучэньне пэўнага рэгіёну ці населенага пункту - мае ў Беларусі трывалыя традыцыі. У 1930-е К.р. у БССР быў вынішчаны фізычна. К.р. у пасьляваенны час стаўся рэакцыяй на панаваньне саветызаванай вэрсіі беларускай гісторыі, калі галоўная ўвага дасьледнікаў была скіраваная на вывучэньне рэвалюцыйных падзеяў і дзейнасьці кампартыі, а таксама на абслугоўваньне тэзы аб спрадвечным сяброўстве і непарыўнасьці ўсходнеславянскіх народаў.
У сытуацыі, калі гісторыя Беларусі афіцыйна пачыналася з 1917, вывучэньне асаблівасьцяў нашага дасавецкага мінулага (асабліва яго палітычнага аспэкту) не выклікала спрыяльнага стаўленьня з боку партыйнага кіраўніцтва. Аднак цэлы шэраг беларускіх гісторыкаў у савецкія часы, у абыход «небясьпечных абагульненьняў», займаліся краязнаўчымі дасьледаваньнямі, якія закраналі падзеі ў асобных частках Беларусі ад сівой старажытнасьці да сучаснасьці. Так зь лякальных гісторый павольна складалася агульная беларуская гісторыя. Яе стваральнікамі былі Г.Каханоўскі, М.Ермаловіч, М.Ткачоў, А.Мальдзіс, А.Ліс і шэраг іншых навукоўцаў, для якіх краязнаўства было сродкам дыстанцыяваньня ад стандартнай савецкай гістарычнай тэматыкі і звароту да нацыянальных вытокаў.
К.р. у Беларусі з другой паловы 1950-х не абмяжоўваўся ўласна акадэмічнымі дасьледаваньнямі.Насуперак тэндэнцыям нівэляваньня рэгіянальных і нацыянальных асаблівасьцяў у савецкім грамадзтве ў розных месцах Беларусі час ад часу зьяўляліся ініцыятывы па зьбіраньні мясцовага краязнаўчага матэрыялу з тым, каб аднавіць сапраўдную гісторыю хаця б малой радзімы. Вынікам такіх ініцыятываў зьявілася стварэньне на грамадзкіх пачатках у розных гарадах і вёсках уласных краязнаўчых музэяў. Краязнаўчыя музэі ў абласных цэнтрах у большасьці аднавілі сваю працу хутка пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны, аднак аснову іх экспазыцый тады складалі стандартныя савецкія аддзелы, кшталту гісторыі рэвалюцыйнага руху. Узьнікненьне музэяў у больш дробных населеных пунктах часам мела больш вольны характар. Яшчэ ў 1955 на базе мясцовай сярэдняй школы быў створаны краязнаўчы музэй у в. Валеўка Наваградзкага р-ну. У 1959 распачаў сваю дзейнасьць Лідзкі краязнаўчы музэй. На аснове экспанатаў, сабраных М.Мельнікавым, у 1961 быў створаны Крычаўскі краязнаўчы музэй.
Моцны штуршок для разьвіцьця К.р. дала дзейнасьць беларускага гісторыка Г.Каханоўскага, які працяглы час зьяўляўся дырэктарам адчыненага ў 1964 у Маладэчне Абласнога краязнаўчага музэя і заклаў асновы ягонай калекцыі. Зь ініцыятывы А.Белакоза ў 1965 у Гудзевіцкай сярэдняй школе (Мастоўскі р-н) быў створаны Літаратурна-этнаграфічны музэй. Актыўную ролю ў зьбіраньні калекцыі гэтага музэя ўзялі самі вучні. Таксама былі створаныя краязнаўчыя музэі ў Ветцы (1978 Веткаўскі музэй народнай творчасьці - на базе калекцыі Ф.Шклярава), у Браславе (1984, Гісторыка-краязнаўчы музэй - на базе школьнага) і інш.
Значная частка краязнаўчых дасьледаваньняў ініцыявалася настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі з мэтай далучэньня вучняў да нацыянальнай спадчыны. Аднак партыйнае кіраўніцтва наладжвала сталы кантроль за дзейнасьцю нават невялікіх краязнаўчых музэяў. Без дазволу зьверху нельга было адчыніць падобную ўстанову, пашырыць яе дзейнасьць - але большасьць зь іх узьнікала і існавала на грамадзкіх пачатках.
Пэўная актывізацыя К.р. у Беларусі назіраецца з другой паловы 1980-х - разам з пачаткам грамадзкага ажыўленьня, калі паўстала пытаньне аднаўленьня сапраўднай беларускай гісторыі. 27.12.1989 у Менску адбыўся Ўстаноўчы зьезд Беларускага Краязнаўчага Таварыства, якое ўзначаліў Г.Каханоўскі. Гэтая арганізацыя павінна была наладзіць сталую каардынацыю дзеяньняў краязнаўчых суполак на месцах.
К.р. у Беларусі ў пасьляваенны час, нягледзячы на ягоную пэўную рэгіянальную адасобленасьць і ня вельмі спрыяльнае стаўленьне з боку савецкіх уладаў, зьявіўся адным з найбольш дзейсных сродкаў захаваньня нацыянальнай гістарычнай і культурнай традыцыі, стаўся праявай унутранай апазыцыі да савецкай рэчаіснасьці.
Наталя Арлова @
Ліст студэнтаў-філёзафаў за акадэмічныя свабоды (красавік 1981), ініцыятыва студэнтаў аддзяленьня філязофіі БДУ. Зьмяшчаў прапановы, скіраваныя на ўзмацненьне ўдзелу студэнтаў у жыцьці факультэта: правы выбару спэцкурсаў, ацэнка выкладчыкаў і г.д. Пад лістом (на працягу двух тыдняў) падпісалася каля 50 чалавек, 80% зь іх студэнты аддзяленьня філязофіі. Быў расцэнены кіраўніцтвам факультэту як «бунт філёзафаў». Заведзеная справа ў КГБ. Справа курыравалася непасрэдна ЦК КПБ.
Арганізатары акцыі - студэнты В.Ламака, В.Залатар, І.Воіцкая, А.Малашчук, Л.Сьвярдлоў. Мэты акцыі бачыліся арганізатарамі як «паляпшэньне ўзроўню выкладаньня на факультэце». У рэальнасьці акцыя сталася актам супрацьстаяньня студэнтаў таталітарна-рэпрэсыўнай машыне савецкай дзяржавы.
Збор подпісаў пачаўся з 2 курсу. Былі вызначаныя адказныя за курсы, якія пераконвалі студэнтаў узяць удзел у акцыі.
У адказ былі запушчаныя мэханізмы запалохваньня і рэпрэсіяў: выклікі ў КГБ, разгляды на камсамольскіх і партыйных сходах, «зразаньні» на сэсіі. Вымушаныя былі сысьці з унівэрсытэту А.Малашчук, І.Воіцкая, В.Залатар. У дачыненьні да Л.Сьвярдлова ставілася пытаньне аб выключэньні з камсамолу і з унівэрсытэту. А.Малашчук пасьля беспасьпяховых спробаў аднавіцца ва ўнівэрсытэце публічна скончыў жыцьцё самагубствам - вясной 1985 ён выкінуўся з 6 паверху галоўнага корпусу БДУ на пляцы Леніна (цяпер - Незалежнасьці), запрасіўшы на акт сваіх сяброў і знаёмых.
У выніку акцыі аддзяленьне філязофіі пачало разглядацца як «ненадзейнае». Пры паступленьні патрабавалася рэкамендацыя абкаму КПБ. Быў скасаваны мэханізм «разьмеркаваньня», пачалася практыка выдачы «вольных дыплёмаў».
Ігар Бабкоў @
Майстроўня, гл. Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня. @
«Мартыралёг Беларусі», дабраахвотнае грамадзкае гісторыка-асьветніцкае Таварыства Памяці Ахвяраў Сталінізму.
Было створанае на Ўсебеларускім устаноўчым сходзе грамадзкіх прадстаўнікоў, які адбыўся 19.10.1988 у Менску. Арганізацыйная група «Камітэт-58» падрыхтавала праекты статуту і дэклярацыі таварыства і сумесна з творчымі саюзамі кінематаграфістаў, мастакоў, пісьменьнікаў і рэдакцыяй газэты «Літаратура і Мастацтва» склікала ўстаноўчы сход, разгледзелі і прынялі праекты дакумэнтаў таварыства і сталі яго ўстаноўчымі арганізацыямі. У Грамадзкую раду Таварыства ўвайшлі: У.Арлоў, А.Белавусаў, В.Быкаў, А.Белязо, А.Вярцінскі, В.Вячорка, С.Грахоўскі, У.Дамашэвіч, С.Дубавец, А.Дудараў, М.Дубянецкі, М.Жданоўскі, С.Законьнікаў, В.Івашкевіч, А.Каламіец, А.Касько, У.Конан, У.Крукоўскі, М.Купава, В.Ляшковіч, В.Манаеў, А.Марачкін, З.Пазьняк, М.Пташук, Т.Раманькова, А.Рашчынскі, А.Сідарэвіч, М.Ткачоў, М.Чарняўскі, Э.Ялугін. Старшынём Грамадзкай рады абраны Зянон Пазьняк.
Асноўные задачы таварыства - выявіць, дасьледаваць і зрабіць вядомай для грамадзкасьці інфармацыю пра злачынствы таталітарнае ўлады; высьвятліць паіменна колькасьць ахвяраў сталіншчыны ў Беларусі, увекавечаньне іх памяці; стварэньне навукова-дасьледчага, асьветніцкага, архітэктурна-мэмарыяльнага комплексу «Мартыралёг Беларусі» ў Менску, помнікаў і абэліскаў замучаным і забітым людзям.
У студзені 1989 Таварыства выпусьціла самвыдавецкі бюлетэнь «Мартыралог», дзе былі зьмешчаныя праграмныя дакумэнты.
Кр.: 1. ANH. F-8/19.
Літ.: 2. Мартыралог Выданьне БГГАТПАС «Мартыралог Беларусі». 1989, № 1.
Ларыса Андросік @
Творчы асяродак «На Паддашку», асяродак апазыцыйнай, пераважна мастацкай, інтэлігенцыі ў Менску. Існаваў з 1966 па 1985.
Н.П. - гэта назоў майстэрні Яўгена Куліка на праспэкце Францішка Скарыны (у той час - Ленінскі праспэкт) у Менску, насупраць будынку КГБ. Майстэрня і сапраўды была пад самым дахам. Тут зьбіралася апазіцыйна настроеная беларуская інтэлігенцыя: Лявон Баразна, Зянон Пазьняк, Генадзь Сокалаў-Кубай, Міхась Чарняўскі, Міхась Раманюк, Алесь Разанаў, Зьміцер Санько, Віктар Маркавец, Алесь Марачкін. Майстэрня, па сутнасьці, была дыскусійным клюбам. Тут абмяркоўвалася культурная, а ў зьвязцы зь ёю, і грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне. Але адначасова тут нараджаліся ідэі і праекты розных акцыяў, якія ажыцьцяўлялі сябры гэтага асяродку.
Ва ўмовах таталітарнага рэжыму і навязанага Беларусі каляніяльнага статусу асьветніцтва і прапаганда нацыянальнай культуры былі формаю барацьбы за беларускасьць. Практычным вынікам дыскусіяў Н.П. стаўся шэраг мастацкіх выставаў, прымеркаваных да юбілейных датаў беларускае культуры. Асаблівасьцю гэтых выставаў была выразная канцэптуальнасьць, нацыянальная арыентаванасьць, нонканфармізм. У гэтым сэнсе яны выгодна адрозьніваліся ад тых экспазыцыяў, што траплялі пад ідэалягічную цэнзуру з боку адпаведных структураў Саюзу мастакоў, міністэрства культуры, КПБ і КГБ.
Вялікім посьпехам творчага асяродку Н.П. можна лічыць выставу да стагодзьдзя з дня нараджэньня Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у 1976. Як згадвае Алесь Марачкін, мэтай гэтае культурніцкае акцыі было сьцьвердзіць, што «ёсьць у нас, як і ў іншых сьвятыня». Творы экспанаваліся ў выставачнай зале Саюзу мастакоў у Менску, потым у Жодзіне, у клюбе аўтазаводу. У Жодзіне шэраг твораў былі пашкоджаны хуліганамі. Нельга выключыць, што варварскі ўчынак быў зьдзейсьнены «па наводцы», што за хуліганамі стаялі пэўныя сілы. Тагачаснае кіраўніцтва Саюзу мастакоў БССР зрабіла ўсё, каб жодзінскі скандал ня меў розгаласу.
Наступная значная акцыя - выстава да юбілею Міколы Гусоўскага (1980). Калі выстава да стагодзьдзя Цёткі была праігнараваная ўладай і, адпаведна, афіцыйнай прэсай, дык гэтая мела пэўны розгалас у бэсэсэраўскіх СМІ. Рэч у тым, што рашэньнем UNESCO юбілей Міколы Гусоўскага быў унесены ў сусьветны каляндар выдатных культурных падзей. У гэтых абставінах не адзначыць падзею было для кіраўніцтва БССР тое ж самае, што прадэманстраваць усяму сьвету абыякавасьць, ці нават варожасьць да беларускай нацыянальнай культуры. Адзначыць - паспрыяць распаўсюджваньню ў Беларусі нацыяналістычных настрояў. Вырашылі ўсё ж юбілей аўтара «Песьні пра зубра» адсьвяткаваць, але трактаваць беларускага генія як носьбіта духовае велічы «ўсходнеславянскіх народаў». А паколькі ніякіх сьвяточных мерапрыемстваў падрыхтавана не было, давялося ўхапіцца за паўпадпольную, «нацыяналістычную» выставу, надаць ёй афіцыйны статус. Але афіцыйнае - значыць падцэнзурнае. Ад мастакоў запатрабавалі зьняць з экспазыцыі творы, у якіх прысутнічае герб «Пагоня». Тыя, зразумела, адмовіліся. Астатнія іх падтрымалі і заявілі: калі здымуць гэтыя творы - мы паздымаем свае, і выставы ўвогуле ня будзе. Экстрэмальныя абставіны прымусілі ўладу саступіць: ніводзін твор ня быў зьняты з экспазыцыі.
Пасьля гэтага асяродак Н.П., так бы мовіць, пашырыў «дысьлякацыю».
Сябры асяродку зьбіраліся ўжо ў майстэрні на вуліцы Дзьмітрава ў Менску, гаспадарамі якой былі Алесь Шатэрнік і Віктар Маркавец.
У 1980-я асяродак панёс страты. Улады, занепакоеныя распаўсюджаньнем беларускай ідэі, распачалі чарговую хвалю рэпрэсыяў супраць патрыятычнай інтэлігенцыі. Былі звальненьні з працы, узмацнілася цэнзура. Нягледзячы на гэта, асяродак працягваў культурніцка-асьветніцкую дзейнасьць. Па-ранейшаму ладзіліся выставы, сустрэчы, дыспуты. Менавіта ў асяродку Н.П. адзначаліся 100-гадовы юбілей Казіміра Малевіча, юбілейныя гадавіны Вацлава Ластоўскага і Язэпа Драздовіча.
Са зьменай палітычнай сытуацыі ў Беларусі мастакі асяродку Н.П. утварылі ядро патрыятычнай мастацкай суполкі «Пагоня».
Пётра Васілеўскі @
«Партыя Свабоды Рускага Народа» (ПСРН), падпольная антысавецкая арганізацыя, якая існавала ў Гомелі ў 1956-1957.
ПСРН была заснаваная 02.11.1956 на сустрэчы М.Грачухі, памочніка санітарнага лекара абласной санэпідэмстанцыі з Ф.Казлоўскім, загадчыкам крамы. У прыватнай гутарцы, абмеркаваўшыя працэсы ў Вугоршчыне і Эгіпце, знаёмыя прыйшлі да высновы пра неабходнасьць заснаваньня арганізацыі на манэр партый, якія існуюць у краінах з дэмакратычнымі традыцыямі. Ініцыятыва сыходзіла ад М.Грачухі. У той жа дзень з гэтай ідэяй быў азнаёмлены прадавец мясакамбіната Г.Віньнікаў, які, па ўласных словах, выразіў палкае жаданьне далучыцца да незалежнага руху. У тым жа месяцы ў арганізацыю ўступілі электраманцёр Гомельскай ЦЭС М.Дзехцяроў і гравёр фабрыкі «Палесдрук» - А.Яткін. Апошні зрабіў пячатку арганізацыі і вынес з фабрыкі шрыфт дзеля вырабу ўлётак і вокладак партбілетаў.
На паседжаньнях бюро ПСРН (05.01 і 12.01.1957), якія адбываліся на кватэры Ф.Казлоўскага, быў выпрацаваны Часовы статут і некаторыя праграмныя палажэньні партыі. Асноўнымі пунктамі праграмы былі:
- прызнаньне права прыватнай уласнасьці на зямлю, вытворчасьць і сродкі вытворчасьці;
- будаўніцтва дэмакратычнага грамадзтва;
- адмаўленьне кіраўнічай ролі КПСС;
- шматпартыйнасьць;
- дэкляраваньне дружбы народаў Вялікай Расеі і ўсяго сьвету.
Ад сябраў партыі патрабавалася выкананьне задач па паляпшэньні жыцьця народа і зьдзяйсьненьня дэмакратычных асноваў.
Была распрацаваная прысяга сябраў ПСРН: «Клянуся перад абліччам свайго народа аддаць усе сілы вызваленьню рускага народа ад камуністычнага прыгнёту».
Прадугледжваліся таксама розныя сродкі барацьбы з камуністычным рэжымам. М.Грачуха адстойваў паступовую і карпатлівую працу па прыцягненьні новых сяброў партыі. Ф.Казлоўскі выступаў за больш радыкальныя дзеяньні - за збор зброі, выпуск улётак, арганізацыю радыёпрапаганды.
ПСРН быў адпушчаны надта кароткі век. 09.02.1957 былі арыштаваныя М.Грачуха, Ф.Казлоўскі, А.Яткін, крыху раней Г.Віньнікаў, а 16.03.1957 - М.Дзехцяроў. 16.09.1957 рашэньнем Судовай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда сябры арганізацыі асуджаныя: М.Грачуха, Ф.Казлоўскі на 10 год пазбаўленьня волі, Г.Віньнікаў на 5 год пазбаўленьня волі, А.Яткін на 3 гады, М.Дзехцяроў - 1 год. Усе яны абвінавачваліся ў стварэньні антысавецкай арганізацыі, выпрацоўцы Статуту і прысягі, падрыхтоўцы да выпуску ўлётак.
Сярод заснавальнікаў ПСРН былі 2 беларусы, 2 расейцы, 1 украінец. Для поглядаў усіх іх характэрнае адмаўленьне савецкай дзяржаўнасьці і дамінуючай ролі КПСС. Дакумэнты ПСРН цікавыя для дасьледчыкаў як сьведчаньне тагачасных грамадзкіх настрояў і чаканьняў. ПСРН - гэта перш за ўсё, і галоўным чынам, праява сацыяльнага пратэсту.
Кр.: 1. Архіў УКГБ па Гомельскай вобл. Сьледчая справа № 175.
Бібл.: 2. А.Градзіцкі. Першы вопыт іншадумства: «Гомельскія дысідэнты» 50-х гг. / Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. 2-гі выпуск. - Гомель, 1996. С. 158-161; 3. А.Градзіцкі. Гомельскія дысыдэнты 50-х гг. // Навіны Палесься (Гомель). 29.04.1998.
Алег Гардзіенка @
«Паходня», гарадзенскі гісторыка-культурны клюб, паўстаў у сакавіку 1986, налічваў у сваіх шэрагах блізу 200 удзельнікаў.
Арганізатарамі клюбу былі супрацоўнікі Інстытуту біяхіміі АН БССР і выкладчыкі беларускай літаратуры Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Кіраўнікі «Паходні»: гісторык Міхась Ткачоў - старшыня, і біяхімік Мікола Таранда - адказны сакратар. Сябрамі суполкі былі многія вядомыя навукоўцы, літаратары, мастакі: А.Пацэнка, В.Лучко, А.Майсяёнак, Д.Бічэль-Загнетава, С.Астраўцоў, А.Мілянкевіч, В.Шалкевіч, Ю.Гумянюк ды інш.
Дэкляраваная мэта дзейнасьці клюбу - зьвярнуць увагу грамадзтва на сапраўдны стан аховы помнікаў, культурнай і духоўнай спадчыны Горадні і вобласьці.
Сябры клюбу праводзілі акцыі па ўпарадкаваньні і захаваньні гістарычных месцаў Гарадзеншчыны. Так, дзякуючы «паходненцам», быў уратаваны будынак Гістарычнага архіву, ачышчаная рака Гараднічанка, адноўлены гадзіньнік на Фарным касьцёле, вернутыя некаторым гарадзенскім вуліцам старыя назовы, упарадкаваныя могілкі да Дня памяці. Адзін з накірункаў дзейнасьці П. - правядзеньне культурна-асьветніцкіх мерапрыемстваў. Сябры суполкі выдавалі газэту «Рэанімова», ладзілі тэматычныя вечары, лекцыі для жыхароў Горадні, сустрэчы зь беларускімі дзеячамі: А.Пяткевічам, А.Трусавым, Ю.Хадыкам, А.Карпюком, братамі Грыцкевічамі, А.Мальдзісам; праводзілі фэсты беларускай рок-музыкі і самадзейнай песьні, наладзілі сьвяткаваньне 300-годзьдзя аптэкі (гісторыка-архітэктурнага помніка); прадпрымалі краязнаўчыя вандроўкі па Гарадзеншчыне і па-за яе межамі: у Гудзевічы, Зэльву, Гальшанскі замак, па памятных месцах Ф.Багушэвіча, Якуба Коласа, М.Багдановіча, Янкі Купалы і інш.
Напрыканцы 1980-х клюб П. стаў адным з уплывовых сябраў Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак, многія «паходненцы» ўдзельнічалі ў стварэньні «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ.
Кр.: 1. ANH. F-3/T; 2. ANH. F-9/4(8).
Літ.: 3. Клуб «Паходня» (інтэрв'ю М.Ткачова Н.Палуцкай) // Гродненский университет. № 7, 01.03.1988; 4. С.Крапивин. Факел и сквозняки // Советская Белоруссия. 13.09.1988; 5. М.Багадзяж. У адзінай плыні // Чырвоная змена. 23.11.1988; 6. «Паходня» - значит «факел» // Советская культура (Масква). 04.02.1989.
Ларыса Андросік @
Праваслаўнае жыцьцё ў Беларусі ў 1956-1991 характарызавалася сваёй неаднароднасьцю. Гісторыя канфармізму тут пераплятаецца са спробамі адстаяць релігійныя правы.
Парадаксальна, але лібэралізацыя ў грамадзкім жыцьці падчас кіраваньня Мікіты Хрушчова прынесла новую хвалю перасьледаў на царкоўнае жыцьцё. Варта ўлічваць таксама, што ў адрозьненьне ад Каталіцкай і Пратэстанцкай Цэркваў, сьвятары якіх нярэдка сьвядома ішлі на канфрантацыю з камуністычнымі ўладамі, ініцыятарам канфлікту з Праваслаўнай Царквой выступала дзяржава, якая вымушала іх падпарадкоўвацца.
07.07.1954 зьявілася Пастанова ЦК КПСС «Аб буйных недахопах у навукова-атэістычнай прапагандзе і мерах яе паляпшэньня». Быў узяты курс на актывізацыю змаганьня з «перажыткамі мінулага». Яшчэ шырэй выдаваліся брашуры атэістычнага кшталту, праводзілі сэмінары і лекцыі прапагандыстаў-атэістаў. У адрозьненьне ад даваеннага часу, калі ў атэістычнай прапагандзе ўдзельнічалі малаадукаваныя агітатары, цяпер да гэтай працы прыцягваліся навукоўцы, прычым тое аплочвалася добрымі грашамі. Усё гэта праводзілася пад эгідай прапагандысцкага таварыства «Веды», больш прадуманай інстытуцыі, чым «Саюз ваяўнічых бязбожнікаў». Да атэістычнай прапаганды прыцягваліся нават царкоўнаслужыцелі, якім выдавалі адпаведную літаратуру. Да гонару Праваслаўнай Царквы, усе яны потым былі адлучаныя.
Дзяржава спрабавала адгарадзіць Царкву ад навакольнага сьвету нейкім уяўным мурам, пранікненьне за які не віталася. Паказальнай зьяўляецца гісторыя Жыровіцкай сэмінарыі - улады вырашылі яе зачыніць. З канца 1950-х намаганьні ў гэтым кірунку ўзмацніліся. Улады рознымі спосабамі не дапускалі студэнтаў у сэмінарыю, не прапісвалі ў Жыровічах, забіралі з войска, у рэшце рэшт яны дабіліся свайго. Студэнты з-за гэтых прычынаў не набіраліся ў сэмінарыю, і ў 1963 яна перастала існаваць з-за адсутнасьці студэнтаў. Узнаўленьне дзейнасьці сэмінарыі адбылося толькі ў 1989.
Такім жа чынам адбываўся наступ і на манастыры, якія зачыняліся па ўсёй Беларусі. Характэрная гісторыя Спаса-Ефрасінеўскага манастыра ў Полацку, які меў старадаўнюю і славутую гісторыю. Улады доўга змагаліся за закрыцьцё манастыра, урэшце гэта ўдалося зрабіць. Манахіням было прапанавана перасяліцца ў Жыровіцкі мужчынскі манастыр (!). У 1957 улады вырашылі зьнесьці царкву ў в. Юдзіцына, што ў Шаркоўшчынскім р-не. Але як толькі змагары з рэлігіяй падступіліся да храма, загулі званы, і вернікі, узброеныя косамі, віламі, камнямі, кінуліся ратаваць царкву. Яны запатрабавалі ад савецкіх уладаў спыніць зьдзек над верай. Акцыя дала плён. Царква была захаваная.
У 1960-1970-я наступ на рэлігію працягваўся. Тут пераважае такі сродак, як закрыцьцё і зьнішчэньне цэркваў, у тым ліку праз закрыцьцё так званых прыпісных цэркваў, г.зн. тых, у якіх не было сталага сьвятара. Сюды сьвятар прыязжаў у пэўныя дні і ладзіў службы.
У самой Праваслаўнай Царкве былі людзі, якія імкнуліся супрацьстаяць як татальнай практыцы савецкіх уладаў, так і заняпаду Царквы. Ураджэнец Баранавіцкага р-ну протадыякан Уладзімір Русак падрыхтаваў трохтамовае дасьледаваньне «Свидетельство обвинения» пра ўзаемаадносіны Расейскай праваслаўнай царквы і савецкай улады. За сваю кнігу аўтар быў пазбаўлены працы ў рэдакцыі «Журнал Московской патриархии», адтуль выпраўлены ў Віцебск. Ужо там за казаньні пра пакутнікаў за веру ў СССР пры падтрымцы менскага мітрапаліта Філярэта пазбаўлены права служыць [4:6].
Сапраўдныя зрухі ў жыцьці Праваслаўнай Царквы пачаліся толькі пасьля 1986.
Літ.: 1. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.) Менск, 1998; 2. Церкви и приходы Минска. - Менск, 1996; 3. Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Историко-статистическое обозрение. - Менск, 1997; 4. Сп. Р.Незыванаў. Царква і Сталін. На правах рукапісу. 1998.
Алег Гардзіенка @
Пратэстанцкі рух у Беларусі (1956-1991). Пачатак «хрушчоўскай адлігі» характарызаваўся жорсткай канфрантацыяй паміж савецкімі ўладамі і пратэстанцкімі абшчынамі. Да таго ўзрасталі супярэчнасьці ў самім пратэстанцкім руху. Штуршком да гэтага паслужылі выдадзеныя УРЭХБ (Усесаюзнай Радай Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў) дакумэнты «Інструктыўны ліст старшым прасьвітарам» і «Палажэньні пра абшчыны ЭХБ». У іх гаварылася пра неабходнасьць дапасаваньня дзейнасьці абшчынаў да савецкага заканадаўства. Частка абшчынаў выступіла з заяваю, што УРЭХБ прадалася ўладам і тым самым дыскрэдытавала сябе. Улетку 1960 прыхільнікі незадаволеных сфармавалі ініцыятыўную групу, якая палічыла мэтазгодным склікаць Зьезд эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў.
У лютым 1962 ініцыятыўная група была пераўтвораная ў арганізацыйны камітэт, які распачаў выданьне нелегальнай прэсы («Вестник спасения», «Братский листок» і інш). Аргкамітэт выступіў за адмену закону «Аб рэлігійных аб'яднаньнях» ад 08.03.1929, абвясьціў 124-артыкул Канстытуцыі СССР аб свабодзе сумленьня «падманам народа» [1:285].
У Беларусі частка абшчынаў ЭХБ падтрымалі рашэньні «ініцыятыўнікаў» (ці «раскольнікаў»). Улады, у сваю чаргу, вельмі жорстка зрэагавалі на такое непаслушэнства. 15.05.1961 быў прыняты спэцыяльны ўказ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР «Аб узмацненьні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадзка-карыснай працы і вядуць паразытычны лад жыцьця», які прадугледжваў судовую адказнасьць, да якой прыцягваліся і кіраўнікі рэлігійных сэктаў.
Адным з цэнтраў «ініцыятыўнікаў» сталася Берасьце. У 1960 гарадзкая адміністрацыя разбурыла малітоўны дом баптыстаў і на ягоным месцы быў пабудаваны жылы дом. У прылеглай да Берасьця в. Вулька-Падгародзкая была пратэстанцкая абшчына, таму берасьцейскай абшчыне было прапанавана зьяднацца зь ёй, а саму гарадзкую абшчыну ліквідавалі. Берасьцейскія вернікі падтрымалі аргкамітэт і пачалі актыўную барацьбу за перарэгістрацыю абшчыны, што выклікала рэпрэсіі з боку ўладаў. Увосень 1962 на кватэрах кіраўнікоў абшчыны былі праведзеныя ператрусы і заведзеныя крымінальныя справы на 4-х чалавек (Г.Шапятунька, С.Мацьвеюк, І.Катовіч, Я.Федарчук), якія абвінавачваліся ў правядзеньні нелегальных малітоўных сходаў, распаўсюджваньні лістоў аргкамітэту. Былі асуджаныя і кіраўнікі «ініцыятыўнікаў» Менскай вобл.: В.Антоненка атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі, Г.Макаранка - 3 гады, А.Піліпенка - 2 гады.
Увосень 1965 адбыўся зьезд «ініцыятыўнікаў» Савецкага Саюзу. Ён стварыў Раду Цэркваў Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў (РЦ ЭХБ). У Беларусі было на той момант 18 абшчынаў, колькасьцю 1148 чалавекаў, якія падпарадкаваліся РЦ ЭХБ. Агулам жа ў Беларусі было 147 абшчынаў, у шэрагах якіх было 11904 вернікаў [1:288]. Трэба дадаць, што існавалі яшчэ і незарэгістраваныя абшчыны, колькасьць якіх нам невядомая.
У 1960-я назіралася актыўная дзейнасьць пяцідзясятнікаў. Савецкія і кампартыйныя органы вялі актыўную прапаганду і барацьбу супраць іх. Прыклад ідэалягічнага змаганьня - аповесьць М.Герчыка «Вецер ірве павуціньне», у якой сьцявярджалася, што кіраўнікі абшчынаў дзейнічаюць злачыннымі мэтадамі. Адзін зь яскравых прыкладаў рэпрэсыяў над пяцідзясятнікамі - гісторыя вернікаў в. Рэчкі Пінскага р-ну. На Вялікдзень у 1960 улады разагналі вернікаў, якія сабраліся ў малітоўным доме, разбурылі дах. Калі і гэтага ім падалося мала, яны пачалі хадзіць па хатах і рэквізавалі ў людзей рэлігійную літаратуру, якую потым прылюдна спальвалі. Большасьць вернікаў ЭХБ перайшла ва ўлоньне царквы пяцідзясятнікаў. У 1962 былі асуджаныя два кіраўнікі гэтай абшчыны. Праз год адбыўся яшчэ адзін судовы працэс, на якім розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня атрымалі М.Кат, Ц.Кат, А.Мялік, І.Казлоўскі. У 1962 быў асуджаны кіраўнік пяцідзясятнікаў у мястэчку Лагішын Л.Лагвіненка, якому інкрымінавалася дармаедзтва. Судовыя працэсы прайшлі ў Столінскім, Пінскім, Бярозаўскім і іншых р-нах Берасьцейскай вобл.
У пачатку 1960-х актывізавалі сваю дзейнасьць пяцідзясятнікі Менску. 31.12.1960 вернікі на кватэры Я.Ката пад выглядам сустрэчы Новага году вырашылі правесьці вялікі рэлігійны сход. Чакалася нават выступленьне адмысловага струннага аркестра, створанага высілкамі вернікаў. Што нядзіўна, пра гэта даведаліся ў КГБ. Апэратыўнікі прыклалі ўсе намаганьні, каб акцыя не адбылася. Адметнасьцю менскай абшчыны быў актыўны ўдзел моладзі ў рэлігійным жыцьці. Існаваў юнацкі гурток, ачолены Л.Ганчарэнкам. Аўтарытэт менскай абшчыны пяцідзясятнікаў па-за межамі Беларусі быў вельмі высокім.
У кастрычніку 1964 да ўлады ў Савецкім Саюзе прыйшоў Л.Брэжнеў, які пачаў праводзіць шэраг мерапрыемстваў насуперак ранейшай палітыцы М.Хрушчова. Гэта мела дачыненьне і да пытаньня ў рэлігіі. 27.01.1965 Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета СССР заслухаў даклад Генэральнага пракурора СССР Р.Рудэнкі і старшыні Вярхоўнага суда СССР А.Горкіна «Аб некаторых фактах парушэньня сацыялістычнай законнасьці ў адносінах да вернікаў». Пачаўся перагляд некаторых справаў асуджаных вернікаў.
Аднак, нягледзячы на гэта, рэпрэсіі супраць вернікаў працягваліся. Былі асуджаныя чальцы ваўкавыскіх пасьлядоўнікаў РЦ ЭХБ браты Арцюхі, а таксама М.Шпык. У 1969 годзе ў Зэльве адбыўся гучны працэс над кіраўнікамі абшчыны ў в. Бародзічы - М.Шугалам, М.Мазутам. Рэчавым доказам быў амэрыканскі часопіс з артыкуламі антысавецкага накірунку. Разгарнулася кампанія прапаганды і паклёпу на РЦ ЭХБ, але колькасьць вернікаў усё роўна павялічвалася. У 1979 прыхільнікі РЦ ЭХБ налічвалі 26 абшчынаў, каля 1600 чалавекаў. Актыўную дзейнасьць па беларусізацыі Царквы праводзіў Эрнст Сабіла.
У 1980-я адчуваецца пэўнае паслабленьне ціску на вернікаў-пратэстантаў, што выявілася ў рэгістрацыі новых абшчынаў і пабудове малітоўных дамоў (Менск, Берасьце і інш.). Далейшая лібэралізацыя прынесла мажлівасьць легальнага існаваньня Пратэстанцкіх Цэркваў.
Літ.: 1. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.). Менск, 1998; 2. История евангельских христиан-баптистов в СССР. - Масква, 1989.
Алег Гардзіенка @
«Современник», дыскусійны палітклюб. Створаны ў студзені 1987 па ініцыятыве групы грамадазнаўцаў: эканамістаў, філёзафаў, гісторыкаў, журналістаў.
Старшынём стаў кандыдат філязофскіх навук Леў Крывіцкі, які ў той час актыўна займаўся паліталёгіяй. Сябрамі клюбу былі блізу 50 чалавек, найбольш актыўныя: Раман Якаўлеўскі, Дзьмітры Шэрэвера, Сяргей Корзун, Міхаіл Пліска, Валеры Карбалевіч, Аляксандар Галькевіч, Віктар Чарноў, Сяржук Нехамес, Дзьмітры Емяльянаў, Генадзь Уласаў, Павел Сіманоўскі, Інэса Ганкіна, Дзьмітры Сіманаў, Сяргей Носаў, Дзьмітры Зільбер, Сяржук Херсон і інш. Дыскусіі былі пабудаваныя як дыялёг грамадазнаўцаў-прафэсыяналаў з грамадзянамі. Асноўная ідэя палітклюбу - прапаганда дэмакратычных ідэй у процівагу партнамэнклятурнай ідэалёгіі. Спачатку паседжаньні С. праходзілі на кватэры Л.Крывіцкага, потым у кінатэатры «Вільня», а пасьля ў Доме палітпрасьветы, і зь цягам часу сталі настолькі папулярныя, што адбываліся ў залі на 1,5 тыс. чалавек. На дыскусіях С. часта выказваліся пажаданьні стварыць Народны Фронт.
У палітклюбе зьбіраліся людзі розных палітычных накірункаў: лібэралы, сацыял-дэмакраты, нацыянальна арыентаваныя дэмакраты. А некаторых задавальняў проста ўзровень дыскусіі. Таму лагічна, што «Современник» стаў драбіцца і распадацца на фракцыі, блёкі.
Так найбольш радыкальная і найменш падрыхтаваная частка моладзі ўтварыла моладзевую фракцыю «Минская Альтернатива» (ня больш за 15 чалавек, зьбіраліся ў парку Янкі Купалы ў Менску). Але палітычнай яе назваць нельга. Раман Якаўлеўскі і Аляксандар Галькевіч стварылі фракцыю «Альтернатива-2», як апазыцыя (хутчэй за ўсё правая) лідэру С. Л.Крывіцкаму.
Сваіх друкаваных органаў С. ня меў, але пры ім узьнікла выдавецкая група на чале зь Дзьмітрыем Шэрэверам і Сяргеем Корзунам. Выдаваліся газэты «Альтернатива» з дадаткам «Гласность», «Белорусская трибуна», «Форпост», «Гражданин». Бальшыня ядра палітклюбу ўвайшла ў Аб'яднаную Дэмакратычную Партыю, а потым Аб'яднаную Грамадзянскую Партыю. Лідэры С. бралі ўдзел у стварэньні Сацыял-Дэмакратычнай Партыі Беларусі (1988-1990, старшыня Л.Крывіцкі) і Сацыял-Дэмакратычнага Саюзу.
24.11.1988 гаркам КПБ на чале з Уладзімірам Галко арганізаваў палітычны дэсант на паседжаньне клюбу з 900 чалавек камуністаў, сабраных па разнарадцы. Гэта была першая спроба задушыць палітклюб. Газэты друкавалі матэрыялы паклёпніцкага характару. У 1989 улады пазбавілі С. памяшканьня. Многія актывісты былі пазбаўленыя працы. Пасьля некаторы час зьбіраліся на вуліцы і на кватэрах.
Кр.: 1. ANH. F-3; 2. ANH. F-8.
Літ.: 3. Перестройка - не игра в демократию // Вечерний Минск. 25.10.1988; 4. В.Левин, Б.Тарасевич. Пена на волне перестройки // Вечерний Минск. 27.10.1988; 5. В.Волынская. Игра в демократию? // Ленинец (Менск). 28.10.1988.
Ірына Коваль @
«Сьвітанак», суполка студэнтаў Беларускага тэхналягічнага інстытуту, утвораная ў 1987.
Аб'ядноўвала блізу 40 сяброў, якія былі актыўнымі ўдзельнікамі КБС. Кіраўнік - Алесь Гуркоў. Асноўны накірунак дзейнасьці - экалёгія, нацыянальнае адраджэньне, праблемы беларускага студэнцтва. З 1988 суполка наладзіла выпуск самвыдавецкай газэты «Студэнцкая думка». На базе суполкі ў пачатку 1990-х узьнікла новае грамадзкае аб'яднаньне - Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў.
Кр.: 1. ANH. F -3; 2. ANH. F-8.
Ларыса Андросік @
«Талака» (Гомель), нефармальнае моладзевае гісторыка-культурнае аб'яднаньне, якое ўтварылася ўвесну 1986.
Заснавальнікамі лічацца А.Яўсеенка, С.Дубавец, Б.Сачанка, сям'я мастакоў Цімохавых ды інш. Першапачаткова меркавалася, што гэта будзе беларускамоўная суполка літаратурнага кірунку. Зьбіраліся ў рэдакцыі газэты «Гомельская праўда». Але дырэкцыі не спадабалася дзейнасьць маладых людзей, і яны былі вымушаныя сысьці. Так у сакавіку-красавіку 1986 узьнікла цалкам самастойная грамадзкая арганізацыя. Асноўная сфэра дзейнасьці: дасьледаваньні ў галіне археалёгіі, фальклёру, гісторыі, фіксацыя помнікаў архітэктуры і прапаганда беларускай культуры сярод насельніцтва. Праводзіліся тэатралізаваныя пастаноўкі, сьпеўкі. Гомельская Т. прымала ўдзел і ў палітычным жыцьці: мітынгі, акцыі пратэсту, праводзіліся пікеты па збору подпісаў аб перадачы Петра-Паўлаўскага сабору вернікам (пачынаючы з 1987). Ладзіліся жалобныя пікеты і мітынгі ў Гомелі, прысьвечаныя Чарнобыльскай катастрофе (26.04.1987 - «Хвіліна маўчаньня»). У 1988 у Жлобіне было зарганізаванае Гуканьне Вясны. Таксама зьбіраліся подпісы за адкрыцьцё беларускіх клясаў. У 1990 была створаная беларуская нядзельная школка ў Палацы моладзі «Гомсельмашу». У тым жа годзе ў кастрычніку адбылася першая сутычка зь міліцыяй. Трэба адзначыць і кансалідуючую ролю Т.: вакол яе гуртаваліся ўсе нефармальныя суполкі Гомельшчыны; у сядзібе Т. (спачатку на Першамайскай, 18, а потым і ў Палацы моладзі «Гомсельмашу») было заўжды шмат людзей. Гомельская Т. была актыўным сябрам Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак (удзельнічала ў водным ралі па Дзьвіне супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, па Прыпяці супраць мэліярацыі Палесься і г.д.). Т. сталася базай для стварэньня гомельскай філіі БНФ.
Кр.: 1. ANH. F-8; 2. ANH. F-3.
Літ.: 3. Раманава Н. Будзем працаваць з прагрэсіўнымі сіламі // Гомельская праўда. 13.09.1990.
Галіна Кацуба @
«Талака» (Менск), незалежніцкае арганізацыя моладзі ў сярэдзіне - другой палове 1980-х, гісторыка-культурнае аб'яднаньне. Т. утваралася ўвосень 1985 як клюб аховы помнікаў; стала пераемніцай «Майстроўні» і моладзевага клюбу імя Ў.Караткевіча. У пэрыяд да 1989 Т. стала самай вялікай і ўплывовай нефармальнай арганізацыяй. Ля вытокаў яе заснаваньня былі С.Вітушка, В.Вячорка, В.Івашкевіч, А.Суша.
Т. аб'ядноўвала блізу 60 сябраў, але ў сходах і талоках удзельнічала значна большая колькасьць людзей. Т. мела некалькі кірункаў сваёй дзейнасьці: удзел у рэстаўрацыйных работах і археалягічных раскопах, ахова помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганьне за стварэньне беларускіх клясаў і школаў, правядзеньне экалягічных экспедыцыяў, культурна-асьветніцкая дзейнасьць, адраджэньне народных сьвятаў. Традыцыйным стала штогадовае правядзеньне Купальля, Калядаў, Гуканьня Вясны. У насьценгазэце «Ратуша» адлюстроўвалася дзейнасьць суполкі. У 1986-1987 талакоўцы наладзілі выпуск самвыдавецкага «Бурачка», у 1989 выпусьцілі гумарыстычнае выданьне «Брук», прымеркаванае да 23 лютага (дзень Савецкай арміі).
Разам зь іншымі суполкамі Т. удзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзеньні масавых палітызаваных мерапрыемстваў: «Дзьвінскае ралі'87», мітынг у абарону Верхняга гораду (1988); «Прыпяць'88»; мітынгі ў Курапатах і на Ўсходніх могілках, антыракетны паход (1990) і інш.
Т. была адным зь ініцыятараў стварэньня Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак і БНФ «Адраджэньне».
Кр.: 1. ANH: F-8/17; 2. ANH: F-9/4.
Літ.: 3. Залесский Б., Ильюшенко Н. Позиция или поза? // Вечерний Минск. 26.03.1988, 05.04.1988; 4. Отклики читателей на статьи «Позиция или поза» // Вечерний Минск. 25. 07.1988; 5. У.Гойтан. Чаго хочуць «талакоўцы»? // Звязда 17.08.1988 (вэрсіі артыкул: Чего хотят «талакоўцы»? // Сельский инженер (Белорусский институт механизации сельского хозяйства). 10.10.1988; Чего же хочет «Талака»? // Рабочее слово (Газета объединения «Атлант») // 11.10.1988); 6. Чаго хочуць «талакоўцы»? Рэха публікацыі // Звязда. 23.08.1988; 7. Чаго хочуць «талакоўцы»? Рэха публікацыі // Звязда. 31.08.1988; 8. Дети перестройки - неформалы. «Талака»: факты, споры, размышления // Интеграл. 25.08.1988; 9. Резонанс статьи «Дети перестройки - неформалы» // Интеграл. 29.08.1988; 10. Каравай А. Дык у чым я вінаватая? // Чырвоная Змена. 11.10.1988; 11. Эволюция политического невежества (Н.Дорожкин, А.Барданов, А.Филимонов, Д.Жмуровский, К.Доморад) // Вечерний Минск. 21.10.1988; 12. А.Соломонов. Старые ошибки в новых условиях // Знамя юности. 06.11.1988; 13. «Нефармалы»: супрацоўнічаць ці абвяргаць? // Беларускі універсітэт. 24.11.1988. № 31; 14. «Аб'яднацца, каб дзейнічаць зладжана» // Чырвоная Змена. 05.08.1989; 15. Садоўскі П., Вячорка В. Няўрадавыя арганізацыі і працэс пераўтварэньняў у Беларусі // Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. № 1-2 (34) (сьнежань 1997 - студзень 1998); № 3-4 (5-6) (вясна 1998).
Ларыса Андросік @
Татарскі дэмакратычны рух узьнік у асяродку беларускага татарскага субэтнасу, нашчадкаў рознага, пераважна цюркскага паходжаньня, якія вызнаюць іслам (устойлівая група насельніцтва Беларусі з 15 ст., родная мова - беларуская, сёньняшняя колькасьць - 12,5 тыс. чал. (1989)).
У часе 1940-1950-х у р-нах Заходняй Беларусі татары - былыя грамадзяне Польшчы рэпрэсаваліся як колішнія прадстаўнікі заможнага стану, як вайскоўцы і як сваякі палітычных эмігрантаў з тэрыторыі СССР. На працягу 1960-1980-х ускосна дыскрымінаваліся паводле этнічных і, найперш, рэлігійных прыкметаў. З 1944 па канец 1960-х гадоў былі зачыненыя і зьнішчаныя 8 мячэтаў і 3 малельныя дамы (у Менску будынак былога мячэту зруйнаваны ў 1962), зруйнаваная большасьць мізараў (могілак) (у Менску - у 1969). Да 1989 афіцыйна існаваў адзіны мячэт у Іўі. Рэгістраваць новыя рэлігійныя суполкі, хаваць мусульманаў асобна, паводле рэлігійнага абраду, рамантаваць мячэты, весьці навучаньне дзяцей на роднай мове - усё гэта ўладамі забаранялася. Беларускіх татараў не вызначалі ў асобны субэтнас пры перапісах і дакумэнтаваньні ў актах грамадзянскага стану.
Т.д.р. сфармаваўся з адстойваньня права на свабоду сумленьня. З 1940-х існавала неафіцыйная нядзельная школа для дзяцей у Іўі, з 1970-х ладзіліся «малыя хаджы» ў Сіняўку, Лоўчыцы, Некрашунцы, дзе існуюць шанаваныя мусульманамі цудадзейныя магілы сьвятых, на грамадзкіх пачатках праводзіліся работы па добраўпарадкаваньні мізараў, неафіцыйна дзейнічалі рэлігійныя суполкі ў Менску, Наваградку, Узьдзе, Сьмілавічах (тут існаваў дзейны мізар).
У 1987 у Іўі па ініцыятыве С.Думіна і А.Крыніцкага была створаная суполка, якая безвынікова дамагалася афіцыйнае рэгістрацыі ад мясцовых уладаў. Па аналёгіі была спроба дамагчыся рэгістрацыі ў Горадні, празь дзейнасьць А.Крыніцкага, але таксама безвынікова. З 1988 сфармавалася ўстойлівая ініцыятыўная група ў Менску, якая толькі ў 1990 была зарэгістраваная як Татарскае Культурнае Таварыства «Аль-Кітаб», друкаваны орган - квартальнік «Байрам» (рэдактар - Я.Якубоўскі). З 1989 зарэгістраваная мусульманская рэлігійная суполка (муфтый - А.Аляксандровіч). Мэты: захаваньне субэтнасу, пашырэньне рэлігійнага жыцьця, арганізацыя ў школах рэлігійнага і этнічнага выхаваньня, навязаньне кантактаў з супляменьнікамі ў Польшчы і Летуве. Вясною 1990, падчас сьвяткаваньня месяцу Рамадан, у Менску адбыўся зьезд прадстаўнікоў Т.д.р., у тым ліку і прадстаўнікоў дыяспары (найперш з Польшчы, Расеі, Украіны). Пад гэты месяц была прытарнаваная маштабная акцыя па ратаваньні месца менскага мізару, на якім мясцовыя ўлады меліся пабудаваць тэнісныя корты для работнікаў Менскага таксаматорнага парку. Падчас акцыі быў праведзены мітынг у абарону правоў беларускіх мусульманаў, супраць зьнішчэньня іх спадчыны. Быў прыняты зварот да ўраду з патрабаваньнем спыніць вандалізм у дачыненьні да сьвятыняў ісламу ў Беларусі, дазволіць будаваць мячэты і вольна правіць набажэнствы. Пасьля дазволу на будаўніцтва мячэту ў Менску па ўсёй Беларусі і ў дыяспары быў праведзены збор сродкаў, дзякуючы якім зробленая праектная дакумэнтацыя. У 1991 па-беларуску выйшла кароткая анталёгія Карану.
Т.д.р. падтрымаў БНФ і ягоную палітычную пляцформу. Самастойна ва ўласна палітычных акцыях арганізацыйна чыннага ўдзелу беларускія татары пазьбягаюць па прычыне дыскрымінацыйнай грамадзкай думкі, якую падтрымліваюць пракамуністычныя ўлады.
Сяргей Харэўскі @
«Тутэйшыя», незалежнае аб'яднаньне маладых літаратараў-нонканфармістаў, якія аказвалі ўплыў і на палітычнае жыцьцё краіны.
Было ўтворанае ў 1987 з мэтай «абараняць свае правы, свае погляды і перакананьні, супрацьстаяць жалезнай гіерархічнай структуры Саюзу пісьменьнікаў». Дзеля легальнасьці фармальна лічылася, што таварыства існуе пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі. Таварыства аб'ядноўвала блізу 80 сябраў. Актыў складалі: А.Бяляцкі, А.Глёбус, С.Дубавец, В.Казлова, С.Кавалёў, А.Сыс, У.Сьцяпан, С.Шупа, П.Васючэнка, М.Талочка, М.Шайбак. Ня маючы шырокай магчымасьці публікаваць свае творы ў афіцыйных выдавецкіх структурах, маладыя літаратары наладзілі выпуск самвыдавецкага альманаху «Літаратура». Каб асьвятляць дзейнасьць таварыства, была створаная самвыдавецкая газэта «Кантроль».
Т. сталі ня толькі праваднікамі нонканфармізму ў літаратуры, але рэальнай палітычнай сілай. Акцыі, якія праводзіліся аб'яднаньнем, мелі шырокі рэзананс у грамадзтве, паседжаньні і вечарыны Т. зьбіралі вялікую колькасьць гледачоў.
Палітычная дзейнасьць Т. пачалася ў 1987, калі аб'яднаньне аднавіла (у форме сходу людзей - мітынгу) старадаўнюю беларускую традыцыю дня памінаньня памерлых «Дзяды». Тут упершыню злачынствы сталінізму былі названыя генацыдам і злачынствам супраць чалавецтва, быў зачытаны доўгі сьпіс беларускіх літаратараў, рэпрэсаваных у гады тыраніі. Пасьля мітынгу ў прэсе разгарнулася кампанія па ачарненьні Т., іх абвінавачвалі ў фашызме і экстрэмізме.
«Дзяды» ў 1988 былі, бадай, самай гучнай і масавай акцыяй 1980-х, для разгону дэманстрантаў былі прымененыя газы і дубінкі. Арганізацыя мітынгаў пацягнула за сабой шэраг рэпрэсыяў з боку ўладаў: арышты, штрафы, пабоі, перасьледы, шальмаваньне ў прэсе.
Т. праіснавалі да 1990, многія сябры таварыства сталі стваральнікамі і ўдзельнікамі «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».
Кр.: 1. ANH: F-8/2.
Літ.: 2. Кантроль: Бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». 1989. № 1, 2; 3. «Тутэйшыя»: Творчасць сяброў таварыства / Укл. С.Дубавец. - Менск, 1989. 263 с.; 4. Ад «Тутэйшых» - да тутэйшых... // ЛіМ. 24.04.1998.
Ларыса Андросік @
«Узгор'е», Віцебскі клюб аматараў гісторыі і даўніны. Створаны ў красавіку 1986.
Клюб быў афіцыйна зарэгістраваны пры Доме культуры Віцебска. Асноўная сфэра дзейнасьці: ахова і прапаганда помнікаў гісторыі і культуры, добраахвотная дапамога ў іх рэстаўрацыі, прапаганда гістарычнага мінулага беларускага народа і беларускай мовы, барацьба за экалёгію. Старшыня Рады клюбу - Ігар Цішкін. У. быў актыўным удзельнікам Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак (Дзьвінскае ралі, Прыпяцкая вандроўка і г.д.).
Кр.: 1. ANH. F-8.
Літ.: 2. «Закрытых пасяджэнняў не робім...» (інтэрв'ю С.Навумчыка з І.Цішкіным) // Чырвоная Змена. 07.01.1989; 3. Л.Пракапенкаў. Эмоцыі і рэаліі // Віцебскі рабочы. 30.08.1989.
Галіна Кацуба @
Вуніяцкая царква ў Беларусі. Складана апісаць становішча Грэка-Каталіцкай Царквы на працягу 1956-1991 без апісаньня ранейшай гісторыі Царквы ў 20 ст. Таму гэты артыкул дае агляд па ўсім 20 ст.
Гісторыя вуніяцкага руху ў Беларусі распачынаецца адразу пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Расеі, у той час частка беларускіх нацыянальных дзеячоў прыходзіць да высновы неабходнасьці адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы, зьнішчанай расейскай каляніяльнай адміністрацыі. Вунія мусіла была кансалідаваць новую нацыю. Да ўкраінскага грэка-каталіцкага мітрапаліта ў Львове Андрэя Шаптыцкага была наладжаная спэцыянальная экспэдыцыя на чале зь Іванам Луцкевічам з мэтай атрыманьня дазволу на ўтварэньне грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі.
29-31.05.1917 у Петраградзе з дазволу Часовага ўраду Расеі адбыўся Сінод Грэка-Каталіцкай Царквы пад старшынствам мітрапаліта А.Шаптыцкага. Экзархам для Расеі стаў айцец Леанід Фёдараў. Таксама Сынод вызначыў дэкана для беларускіх парафіяў - ім стаў кс. Язэп Белагаловы. Але ў хуткім часе грэка-каталіцкія парафіі былі забароненыя бальшавікамі - нягледзячы на тое, што ў 1923 Рымскі Папа на просьбу мітр. Шаптыцкага аднавіў Менскую эпархію, якая нават і не пачала працу.
Зусім у іншым накірунку разьвівалася вуніяцкае жыцьцё на тэрыторыі Заходняй Беларусі, што ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі прызначыў Візытатара Валыні і Заходняй Беларусі біскупа Мікалая Чарнэцкага. Цэнтрам вуніяцкага руху стаў кляштар у Альбэрціне. Сюды ў 1925 перабіраецца з Савецкага Саюзу кс. Антон Неманцэвіч, у 1929 ён прымае ўсходні абрад і становіцца актыўным прыхільнікам ідэі Вуніі ў Беларусі. Дзейнасьць айца Антона сутыкалася з супраціўленьнем польскіх уладаў, апошнія не жадалі пашырэньня беларускай нацыянальнай ідэі, якую таксама рэпрэзэнтавала грэка-каталіцтва. У 1930-х існавала 32 парафіі і каля дзясятка вуніяцкіх кляштароў. Аднак ёсьць выпадкі, што бажніцы зачыняліся.
Пасьля прыходу савецкіх войскаў у верасьні 1939 частка цэркваў была зачыненая, другая частка дзеіла ў напаўлегальных умовах. Высьпела неабходнасьць аб'яднаньні парафіяў. Мітрапаліт Шаптыцкі ў траўні 1940 прымае рашэньне пра заснаваньне на землях былой Расейскай імпэрыі чатырох грэка-каталіцкіх экзархатаў, сярод іх быў Беларускі Экзархат, які ачоліў Антон Неманцэвіч.
Пасьля акупацыі тэрыторыі Беларусі ў 1941 немцы імкнуліся здабыць сымпатыі сярод беларускага насельніцтва, таму адным з крокаў па дасягненьні гэтага была легалізацыя царкоўнага жыцьця. У сакавіку 1942 нямецкія ўлады даюць дазвол на існаваньне Беларускага Экзархату. На Вялікдзень 05.04.1942 айцец Антон урачыста абвяшчае пра гэта ў адмысловым пастырскім лісьце да беларускага народа, у лісьце дэкляравалася пра карыстаньне ў богаслужэньнях выключна беларускай мовай. У траўні 1942 кс. Неманцэвіч разам са свамі прыхільнікамі засноўвае Апостальства Малітвы за Беларусь - кожны грэка-каталіцкі сьвятар абавязаўся раз на месяц праводзіць службы, на якіх маліліся за беларускі народ. Дзейнасьць айца Неманцэвіча не задавальняла акупацыйныя ўлады. 05.08.1942 ён быў арыштаваны СД і закатаваны, праўдападобна ў Менску. Апрача таго, немцы забаранілі дзейнасьць Беларускага Экзархату.
Новы ўдар па Грэка-Каталіцкай Царкве быў нанесены савецкімі ўладамі ў 1946. Тычылася гэта найперш украінскіх вуніятаў. Як вядома, сьвятары гэтай царквы актыўна падтрымоўвалі паваенны заходнеўкраінскі супраціў, што вельмі непакоіла савецкія спэцслужбы. У вярхах пры згодзе Расейскай праваслаўнай царквы было прынятае рашэньне пра далучэньне Грэка-Каталіцкай Царквы да РПЦ, што адбылося 10.03.1946. Але вернікі-вуніяты маліліся ў каталіцкіх касьцёлах ці праваслаўных цэрквах.
У 1976 быў таемна рукапаложаны ў сьвятары Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Віктар Данілаў, які потым некалькі год працаваў падпольна. Сапраўднае адраджэньне Вуніі пачалося ў канцы 1980-х, калі сярод беларускай інтэлігенцыі высьпявае жаданьне аднавіць Грэка-Каталіцкую Царкву. Ініцыятарамі адраджэньня былі Міхась Дубянецкі, Анатоль Сідарэвіч, Анатоль Грыцкевіч, Ірына Дубянецкая, Сяргей Абламейка, Людміла Пеціна, Караліна Мацкевіч, Юры Хадыка, Яўген Андросік і інш. Паралельна актыўную вуніяцкую дзейнасьць праводзіў айцец Ян Матусевіч, які, працуючы ў каталіцкім прыходзе ў Барунах, негалосна хрысьціў людзей ва ўсходні абрад, потым ён праводзіў таемныя хрышчэньні ў Менску.
21.09.1990 у Менску адбыўся ўстаноўчы сход менскіх грэка-каталікоў, на якім была абраная Царкоўная Рада менскай грэка-каталіцкай абшчыны. На працягу верасьня-кастрычніка грэка-каталіцкія абшчыны паўсталі ў Гомелі, Полацку, Наваполацку. Грэка-каталіцкія набажэнствы праходзілі часьцей за ўсё па кватэрах, але здаралася і ў храмах. У тым жа 1990 быў наладжаны выпуск вуніяцкага пэрыёдыку «Унія». У лістападзе 1991 у Менску была зарэгістраваная грэка-каталіцкая парафія Сьв. Язэпа, якую ўзначаліў Сяргей Абламейка. У 1991 быў створаны Дэканат Вуніяцкай Царквы, дэканам якога стаў айцец Пётра Кузьмічоў, а праз некалькі месяцаў Дэканат узначаліў айцец Ян Матусевіч. Працэс аднаўленьня Вуніі назіраўся ў іншых гарадах: Горадні, Полацку, Віцебску, Маладэчні, Магілеве і інш. У 1993 быў прызначаны Апостальскі Візытатар айцец Сяргей Гаек, а ў 1994 былі афіцыйна зацьверджаныя богаслужбовыя тэксты ў перакладзе на беларускую мову айцом Аляксандрам Надсонам, які з'яўляецца Апостальскім Візытатарам для беларусаў-каталікоў дыяспары.
Літ.: 1. Айцец Антон Неманцэвіч // Божым шляхам. 1956; 2. Грыгор'ева В., Навіцкі У., Філатава А. Уніяцкая царква ад Полацкага сабора да нашых дзён // Беларускі Гістарычны Часопіс. 1996, № 5; 3. Данилов В. Мой путь к Богу и католической церкви. - Полацак, 1997; 4. Іваноў І. Уніяцкая царква: Сем гадоў адраджэньня // Форум. Лета 1997, № 5; 5. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 стст.). - Менск, 1998; 6. Спакойна мірна суіснаваць з іншымі канфесіямі і будаваць свае храмы. Гутарка з айцом Янам Матусевічам // Беларусь. 1996, № 7.
Алег Гардзіенка @
Фальклёрны рух, форма дэмакратычнай апазыцыі. Выяўляўся ў ладжаньні традыцыйных сьвятаў: Калядаў, Гуканьня Вясны, Купальля, Дзядоў; у стварэньні суполак, дзе моладзь развучвала народныя песьні; у вывучэньні, пашырэньні і кульце фальклёру, мовы, гісторыі, а таксама паганства. Паўстаў у 1970-я, калі нацыянальная інтэлігенцыя пачала невялікімі групамі прыватным чынам сьвяткаваць Купапьле. У сяр. 1980-х, з узьнікненьнем іншых формаў дэмакратычнай апазыцыі, паступова страціў палітычнае значэньне.
Ф.р. узьнік стыхійна і аб'ектыўна. У сяр. 1970-х у Беларусі не існавала арганізаванай пераемнасьці палітычнай апазыцыі, таму апазыцыя нараджалася наноў - у першую чаргу, у сфэры культуры, гістарычнай сьвядомасьці, мовы, мастацтва. Маладыя людзі, пераважна студэнты-гуманітарыі, выказвалі пратэст супраць занядбаньня нацыянальных традыцыяў у горадзе, пасьля - супраць адмаўленьня гэтых традыцыяў уладамі, нарэшце, - супраць саміх гэтых уладаў. Так Ф.р. аб'ектыўна напаўняўся палітычным зьместам, каб пасьля «перадаць» гэты зьмест іншым формам дэмакратычнай апазыцыі: непадцэнзурнаму друку, падпольным палітычным групам і асяродкам, выліцца ў палітычныя акцыі.
Ф.р. хоць і ня меў выгляду адкрытага палітычнага пратэсту, тым ня менш ярка вылучаўся на тле агульнай ідэалягічнай аднастайнасьці ў грамадзтве, што прыводзіла да перасьледу Ф.р. з боку ўладаў. Так, у 1979 у Менску міліцыя разагнала Каляды «Майстроўні», а ў 1985 - Купальле на Нёмане. У фальклёрныя суполкі ўкараняліся агенты КГБ, а самі суполкі выганяліся з памяшканьняў («Майстроўня»). Падставаю для перасьледу былі нацыяналізм, гутаркі антысавецкага зьместу, распаўсюджваньне забароненай уладамі літаратуры, прыцягальнасьць дзействаў Ф.р.
Найбольш вядомыя завадатары Ф.р.: Л.Сімаковіч, А.Марачкін, М.Купава, Я.Кулік, С.Сокалаў-Воюш, В.Вячорка, С.Запрудзкі, В.Яфіменка.
Літ.: 1. Сачанка Г. «Вясну загукаці...» // Беларускі універсітэт. 19.03.1981; 2. Бажок А. Ля вытокаў новай традыцыі // Мінская праўда. 24.05.1981; 3. Трыгубовіч В. «На Івана ночка мала...» // Голас Радзімы. 23.07.1981; 4. бяз назвы // Мінская праўда. 06.02.1982; 5. Антонава Т. «Ах, калядачкі, бліны-ладачкі» // Голас Радзімы. 11.02.1982; 6. Кирпиченкова Н. Праздник, полный поэзии // Вечерний Минск. 03.03.1982; 7. Антонава Т. «Ой, вясна, што ты нам прынясла?» // Голас Радзімы. 20.05.1982; 8. Простота А. Это вечно юное Купалье // Вечерний Минск. 02.06.1982; 9. За папараць-кветкай // Голас Радзімы. 22.07.1982; 10. Прывітанне, вясна ясная! // Вячэрні Мінск. 20.04.1983; 11. Ціхановіч А. Як вясну гукалі // Звязда. 24.04.1983; 12. бяз назвы // Чырвоная Змена. 26.04.1983; 13. Так вясну гукалі... // ЛіМ. 29.04.1983; 14. Суша А. Як распачаўся маладзёжны рух // Супольнасьць. 1989, № 2; 15. Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня / Беларуская Энцыклапедыя. Т. 2. - Менск, 1996. С. 429; тое самае ў кн.: Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 1. - Менск, 1993. С. 415.
Сяргей Дубавец @
Чарнобыльскі рух. Выбух 26.04.1986 на атамным рэактары Чарнобыльскай АЭС меў вынікамі ня толькі радыяцыйнае забруджаньне вялікай часткі тэрыторыі Беларусі. Спробы кампартыйнага кіраўніцтва схаваць памеры рэальнай небясьпекі ад наступстваў катастрофы для беларускага насельніцтва нарадзілі хвалю пратэсту. Найбольш актыўную дзейнасьць па выкрыцьці замоўчваньня ўладамі рэальнай сытуацыі распачаў Беларускі Народны Фронт.
На трэцюю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі 26.04.1989, нягледзячы на забарону ўладаў, з ініцыятывы БНФ у Менску адбылася акцыя «Гадзіна смутку і маўчаньня». Яе ўдзельнікі (8-10 тыс. чалавек) прайшлі па галоўнай вуліцы са сьвечкамі пад звон чарнобыльскіх званоў. Не было прамоваў, толькі плякаты зь лічбамі забруджваньня ды чорныя жалобныя сьцягі - памяць ахвяраў.
Падобныя ж акцыі ў гэты дзень адбыліся таксама ў Бабруйску, Гомелі. Фактычна, гэта быў пачатак масавага руху за прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці, і ня толькі ў Беларусі, да рэальнага становішча на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях і да неабходнасьці арганізацыі дзейснай дапамогі ахвярам. А галоўнае, рух выразна паказаў падзеньне даверу да ўладаў, якія імкнуліся прыхаваць сапраўдную небясьпеку і такім чынам паставіць пад пагрозу жыцьці грамадзянаў Беларусі. Дзеля наладжваньня больш дзейснай дапамогі ахвярам трагедыі ў красавіку 1989 быў створаны Камітэт БНФ «Дзеці Чарнобылю» (да 1991 старшыня Генадзь Грушавы), які потым пераўтварыўся ў асобны Фонд «Дзецям Чарнобыля». Ён павінен быў ажыцьцяўляць гуманітарную дапамогу жыхарам пацярпелых р-наў, каардынаваць дзейнасьць дабрачынных замежных арганізацый, арганізоўваць аздараўленчы адпачынак дзяцей з забруджанай тэрыторыі, у тым ліку і за межы Беларусі. Апошняе мела вынікам непасрэднае знаёмства маладога пакаленьня беларусаў з Эўропай, псыхалягічнае зьнішчэньне жалезнай заслоны, замацаваньне важкасьці дэмакратычных прынцыпаў у беларускай грамадзкай сьвядомасьці.
Маўчаньне і супрацьдзеяньне ўладаў нараджала новыя хвалі грамадзкай актыўнасьці. 30.09.1989 у Менску адбыліся шэсьце і мітынг «Чарнобыльскі Шлях», арганізаваныя таксама зь ініцыятывы БНФ. Урад імкнуўся супрацьстаяць правядзеньню гэтае акцыі праз прызначэньне на той самы дзень суботніку, аднак шэсьце не было сарванае і сабрало вялікую колькасьць людзей.
25-26.11.1989 у Менску зь ініцыятывы апазыцыі была арганізаваная Асамблея народаў «Чарнобыльскі Шлях», у якой бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расеі, Летувы, Эстоніі, Малдовы. Асамблея абнародавала інфармацыю пра вынікі чарнобыльскай катастрофы, прапанавала захады па іх пераадоленьні, зьвярнулася да сусьветнай супольнасьці з заклікам аб дапамозе. Наладжаны падчас акцыі Народны Трыбунал сьцьвердзіў віну кіраўніцтва БССР і СССР у замоўчваньні і скажэньні рэальнай інфармацыі аб выніках катастрофы, запатрабаваў пакараньня вінаватых.
Кожная наступная гадавіна Чарнобыльскай трагедыі зьбірала людзей на плошчах. 26.04.1990 адбылося шэсьце і мітынг на пляцы Волі ў Менску. Праз год 27.04.1991 адбыўся другі Народны Трыбунал па разглядзе эфектыўнасьці пераадоленьня вынікаў чарнобыльскай катастрофы.
Чарнобыльскі рух праявіўся ў шматлікіх шэсьцях, мітынгах, жалобных набажэнствах, зборах подпісаў. З часам у чарнобыльскім змаганьні зьявіліся новыя адценьні. Усё гучней стаў уздымацца лёзунг, што заклікаў змагацца не толькі з радыяцыйным, але і з духоўным Чарнобылям - палітыкай русіфікацыі. Тэрмін «духоўны Чарнобыль» набыў значнае распаўсюджаньне. Так, чарнобыльскі рух паступова зрабіўся часткай змаганьня за нацыянальнае адраджэньне Беларусі.
Літ.: 1. Гадзіна смутку і маўчаньня / Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 2. - Менск, 1994. С. 447; 2. Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» / Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 1. - Менск, 1994. С. 443; 3. Садоўскі П., Вячорка В. Няўрадавыя арганізацыі і працэс пераўтварэньняў у Беларусі // Супольнасьць. 1998, № 3-4; 4. Пазьняк З. Сапраўднае аблічча. - Менск, 1992.
Наталя Арлова ##Chapter: 3. Выданьні @
«Абуджэньне», весьнік Магілеўскай Рады Беларускага Народнага Фронту; выходзіў на працягу 1989-1990, у 1990 выйшлі паралельныя расейскамоўныя выпускі пад тытулам «Пробуждение». У склад выдавецкай суполкі ўваходзілі М.Булавацкі, В.Васількоў, Н.Рослава. @
«Айсберг», штотыднёвік, «ворган кааператываў г. Слуцку і Слуцкага раёну». Пачаў выдавацца ў красавіку 1991. Рэдактар - А.Брашура. Грамадзка-палітычнае, інфармацыйнае выданьне. Друкаваліся краязнаўчыя, гістарычныя матэрыялы. @
«Альтернатива», выходзіла як выданьне Сацыял-Дэмакратычнага Саюзу ў 1989-1990. Усяго выйшла чатыры нумары. Выданьне мела грамадзка-палітычны характар. У склад рэдакцыі папераменна ўваходзілі: В.Бярэзін, В.Андросаў, С.Комар, І.Коваль, А.Гладкі, І.Ерамечка, А.Рамашэўскі. У 1989 выходзіў дадатак да А. - «Гласность». @
«Атава», газэта Гомельскага каардынацыйнага цэнтру БНФ, пачала выходзіць у 1990. У выпуску выданьня бралі П.Бабкоў, М.Багданаў, П.Кузьмічоў, В.Цярэшчанка, А.Яўсеенка. Зьмяшчала матэрыялы грамадзка-палітычнага характару. @
«Бабруйскі кур'ер», выданьне гарадзкой маладзёжнай групы падтрымкі БНФ. Б.к. пачаў выходзіць у 1990. Склад рэдакцыі: А.Красавін, А.Трусаў. @
«Балесы Полісься», газэта згуртаваньня «Полісьсе», пачала выходзіць у 1988 на старонках газэты «Чырвоная Змена». З красавіка 1989 газэта выходзіць як асобнае выданьне. Склад рэдакцыі: В.Брыль, В.Лытвынка, М.Мынзар, Л.Трушко, М.Шыляговіч, М.Нычыпорук. Друкаваліся матэрыялы, пераважна датычныя палескага рэгіёну, а таксама дзейнасьці згуртаваньня «Полісьсе» і палескага культурна-аўтанамічнага руху. @
«Баранавіцкае слова», штомесячнік Баранавіцкага аддзяленьня Таварыства Беларускае Мовы. Запачаткаваны ў 1991. Рэдкалегія: Л.Антановіч, М.Бернат, М.Блажэй, А.Блінкоўскі, С.Гоўша, Т.Зьверава, М.Кадыка, Л.Казлова, В.Карлінскі, В.Махай, П.Сахарэвіч, М.Северцаў, В.Скок. Культурна-асьветніцкае выданьне. @
«Беларуская кроніка», газэта, два нумары якой выйшлі ў Менску ў 1990. Склад рэдакцыі невядомы. Публікаваліся матэрыялы пераважна палітычнай тэматыкі. @
«Беларуская крыніца», палітычная, грамадзкая і літаратурная газэта, штомесячнае выданьне. Заснаваная ў 1917, адноўленая ў лютым 1991. Выдаўцы: П.Сілко, А.Траяноўскі. Зьмяшчалася краязнаўчая, гістарычная інфармацыя, а таксама матэрыялы, што тычацца каталіцкага руху і адраджэньня Касьцёла. @
«Беларуская сьвятыня», выданьне Аргкамітэту Беларускай Каталіцкай Грамады. Адзіны нумар выйшаў у 1990. Зьмешчаная адозва Беларускай Каталіцкай Грамады, а таксама матэрыялы рэлігійнага характару. @
«Беларускі калекцыянер», газэта Арганізацыйнага камітэту Беларускага Таварыства Калекцыянераў, выдавалася А.Сярожкіным і Ў.Цярохіным у Воршы з 1990. Культурна-асьветніцкае выданьне, публікаваліся матэрыялы, прысьвечаныя філятэліі, нумізматыцы. @
«Белая Русь», орган Рэспубліканскай Партыі Беларусі. У 1990 выйшаў адзіны выпуск, надрукаваны ў Берасьці. Апублікаваны зварот Арганізацыйнага камітэту РПБ да грамадзянаў Берасьця, заява Саюза дэмакратычных сілаў. @
«Белорусская стачка», газэта Дэмакратычных сілаў Заходняга рэгіёну, дадатак да газэты «Фронт». Выйшла ў траўні 1991 у Горадні. Выдавец - У.Якаўлеў. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Белорусская трибуна», бюлетэнь незалежнага інфармагенцтва «Белстар», выдаваўся ў 1988-1989. У падрыхтоўцы выданьня ўдзельнічалі: М.Федаровіч, Дз.Емяльянаў, П.Емяльянава, С.Нехамес, Н.Аладзева. Існавалі беларускамоўныя выпускі. Б. т. - выданьне грамадзка-палітычнае; друкаваліся пераважна палітычныя матэрыялы і праграмныя дакумэнты розных партыяў ды рухаў. @
«Библиотека «Паперабудовы», грамадзка-палітычнае выданьне, пазыцыяй блізкае да Дэмакратычнай плятформы ў КПСС. Выходзіла з 1990, выдаўцамі і аўтарамі матэрыялаў былі Н.Катвіцкая і А.Дылюк. @
«Блакітны ліхтар» (1971-1974), літаратурны рукапісны часопіс, выдаваўся групай студэнтаў Наваполацкага політэхнічнага інстытуту і школьнікаў; выйшла ўсяго 15 нумароў. Непасрэдна выдаваньне ажыцьцяўлялі: В.Мудроў, В.Шлыкаў, А.Рыбікаў. Сярод аўтараў былі менскія студэнты - гісторыкі Ўладзімір Арлоў і Генадзь Кулажанка. Увосень 1974 на сьлед Б. л. выйшаў КГБ. З выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гугаркі», што прывяло да перапыненьня выпуску альманаха. Асобнікі Б. л., якія захоўваліся ў Менску Ў.Арловым, былі выкрадзеныя і патрапілі ў КГБ. @
«Бурачок», самвыдавецкі грамадзка-палітычны часопіс, выдаваўся ў 1986-1987. На працягу двух гадоў выйшла 3 нумары. У выпуску часопіса бралі ўдзел: Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Віктар Івашкевіч і інш. Рэдакцыя склала сьпіс людзей, якія б маглі, на думку выдаўцоў, ня толькі чытаць, але і пашырыць інфармацыю, якая зьмяшчалася ў Б. Паводле сьпісу Б. раскладалі ў капэрты і разносілі па паштовых скрынях у Менску, або пасылалі па пошце ў іншыя гарады. Пасьля выхаду другога нумару КГБ пачаў адсочваць выдаўцоў і выклікаць іх на «прафіляктычныя гутаркі». Пад час распаўсюджваньня № 3 быў затрыманы рабочы Яўген Івашкевіч. Увесь астатні наклад Б., які захоўваўся ў Доме літаратара, быў арыштаваны падчас ператрусу ў кабінэце літкансультанта Саюзу пісьменьнікаў А.Емяльянава. @
«Бюллетень», бюлетэнь Бабруйскай арганізацыі Аб'яднанай Дэмакратычнай Партыі Беларусі. Выдадзены ў 1991 агенцтвам «Белсамвыдат», адказны за выпуск - А.Красаўкін. Друкаваліся арганізацыйныя дакумэкты АДПБ. @
«Вера», беларускі каталіцкі часопіс. Пачаў выходзіць у 1988, рыхтаваўся ў Менску і выдаваўся ў Беластоку. Рэдактары - Алесь Бяляцкі, Натальля Клініцкая. У часопісе зьмяшчаліся разнастайныя матэрыялы рэлігійнага характару: тэксты малітваў; зьвесткі пра адраджэньне ў Беларусі хрысьціянскага жыцьця. @
«Весткі Адраджэньня», бюлетэнь Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак. Выданьне паўстапа зь ініцыятывы В.Вячоркі і ажыцьцяўлялася Бібліяграфічна-інфармацыйнай службай Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак у складзе Ю.Лаўрыка, Л.Сьвянцецкай і І.Коваль. Інфармацыйна-бібліяграфічнае выданьне. У 1990 выйшла два нумары. @
«Весткі», газзта Ваўкавыскіх сяброў БНФ «Адраджэньне», у лістападзе 1990 выйшаў адзін нумар. Рэдакцыйны склад невядомы. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Ветер Балтики», газэта «Координационного совета Демократического парламента»; выдавалася Ў.Якаўлевым у Горадні на працягу 1990-1991. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Внесистемная оппозиция», орган Менскай арганізацыі партыі Дэмакратычны Саюз. Адзіны нумар выйшаў у сакавіку 1991, рэдактар А.Рамашэўскі. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Вольное слово», орган партыі «Демократический Союз. Белорусский регион». Выходзіла газэта ў Горадні ў 1990. Рэдактар - Г.Скарадумаў (У.Якаўлеў). Выданьне мела грамадзка-палітычны характар. @
«Вольны Мазыр», выданьне БНФ Мазыра. У 1990 выйшлі два нумары. Рэдактарам першага нумару быў Ігар Сінякевіч, другога - Ларыса Белая. У газэце друкаваліся матэрыялы пераважна палітычнай, нацыянальнай ды чарнобыльскай тэматыкі, а таксама асьвятляліся мясцовыя падзеі. @
«Выбар», орган Віцебскага клюбу «За дэмакратычныя выбары»; пачаў выходзіць у кастрычніку 1991. Выдаўцы: Л.Цьвіка і Б.Хамайда. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Гаспадар», незалежная беларуская газэта Выходзіла з 1991. Галоўны рэдактар - Здзіслаў Сіцько. Інфармацыйнае, культурна-асьветніцкае вьданьне. @
«Гласность», дадатак да газэты «Альтернатива», выданьне Сацыял-Дэмакратычнага Саюзу. У 1989-1990 выйшла два нумары. Рэдактар А.Гладкі. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Голас беларуса», грамадзка-культурнае выданьне Беларускага Таварыства Культуры «Сьвітанак» (Рыга). Пачало выдавацца ў красавіку 1989, выйшла тры выпускі. Галоўны рэдактар - В.Паўловіч. Друкаваліся праграмныя дакумэнты Таварыства, а таксама гістарычныя матэрыялы, перадрукі зь іншых выданьняў, паведамленьні зь Беларусі. @
«Голас душы», выданьне Мёрскага рыма-катапіцкага касьцёлу. Рэдактар ксёндз У.Пятрайціс. Рэлігійнае выданьне. @
«Голос времени», незалежная грамадзка-палітычная газэта дэмакратычных сілаў, выходзіла ў 1991 пад рэдакцыяй У.Якаўлева ў Горадні. @
«Голос рабочего», «Общесоюзная Рабочая газета», выдавалася ў Маладэчне ў 1989-1990. @
«Гоман», выдаваўся з 1990 у Бабруйску. Выдавец і рэдактар - А.Чугуеў. Грамадзка-палітычнае выданьне. Друкаваліся матэрыялы гістарычнай, краязнаўчай, палітычнай тэматыкі. @
«Господин народ», газэта «Демократической платформы Белоруссии». У выдаваньні газэты апроч іншых бралі ўдзел А.Іваноў і В.Акулаў. Адзіны нумар газэты выйшаў у 1990. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Гражданин», выданьне дыскусійнага палітклюбу «Современник», два нумары выйшлі ў Менску ў 1989. У рэдакцыйны склад уваходзілі: Р.Якаўлеўскі, І.Аскераў, П.Грыб. @
«Грамада»
«Грамада», бюлетэнь Савецкае рады БНФ «Адраджэньне». Адзіны нумар выйшаў у 1990. Бюлетэнь перадрукоўваў гістарычныя матэрыялы зь іншых выданьняў, паведамляла сьпісы кандыдатаў у дэпутаты, якіх падтрымліваў БНФ у Савецкім р-не Менску.
«Грамада», орган групы падтрымкі БНФ у Менскім р-не (Сеньніца), пачаў выходзіць са студзеня 1989. Рэдактар Юры Пятроўскі. Грамадзка-палітычнае выданьне, зьмяшчала дакумэнты БНФ, паведамленьні пра акцыі БНФ, мясцовыя навіны, перадрукі зь іншых выданьняў.
«Грамада», машынапісны бюлетэнь, орган суполкі Сацыял-Дэмакратычнай Грамады Гарадка (Віцебская вобл.). Інфармацыйнае, грамадзка-палітычнае выданьне. У 1991 выйшлі тры нумары.
«Грамада», цэнтральны орган Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, адноўлены ў ліпені 1991. Галоўны рэдактар Анатоль Сідарэвіч. Выданьне прэзэнтуе ідэі сацыял-дэмакратыі, падае праграму партыі. @
«Грунвальд», інфармацыйны бюлетэнь Беларускага Культурнага Таварыства «Грунвальд» у Эстоніі, запачаткаваны як газэта ў 1990. Выйшла ўсяго два нумары выданьня. З 1991 газзта трансфармуецца ў незалежны беларускі часопіс. Галоўны рэдактар - Валеры Чыжык. Друкаваліся матэрыялы гістарычнага, палітычнага кірунку, праграмныя дакумэнты. @
«Гутарка», машынапіснае выданьне Міколы Ермаловіча. Выходзіла на працягу 1975-1976, усяго блізу 50-ці «гутарак». У выданьні зьмяшчаліся творы рознага жанру, прасякнутыя ідэяй незалежнасьці, нацыянальнага абуджэньня Беларусі, якія з-за сацыяльнае і палітычнае скіраванасьці не маглі быць надрукаваныя ў афіцыйным друку. @
«Дело», інфармацыйна-рэклямовы бюлетэнь Сялянскага Саюзу БССР. Рэдакцыйны склад: Г.Айзенштадт, А.Грузьдзіловіч, С.Ветрава. Адзіны выпуск бюлетэню выйшаў у 1990. @
«Демократ»
«Демократ», выданьне Дэмакратычнай Партыі Беларусі, выйшла ў Менску ў 1990. Выдавец - В.Афанасьеў.
«Демократ», орган Каардынацыйнай рады Аб'яднанай Дэмакратычнай Партыі Беларусі Берасьцейскага рэгіёну. Выходзіў з 1991. Склад рэдакцыі невядомы. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Демократический форум», інфармацыйны бюлетэнь, выходзіў з 1990 у Наваполацку. Выдаўцы - А.Лейтман і А.Віхандраў. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Жизнь вождей», газэта Менскага аддзяленьня інфармацыйнага агенцтва «Белсамвыдат». Выходзіла ў Менску ў 1990. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Жыве Беларусь!», адзіны нумар газэты выйшаў у 1990 у Менску. Галоўны рэдактар - Кім Безымянны. Грамадзка-палітычнае выданьне, зьмяшчала перадрукі зь іншых выданьняў. @
«За демократический Запад», газэта «Координационного совета Демократического парламента Запада». Адзіны нумар гэтага выданьня выйшаў у 1990, які пазначаны як № 3. Склад рэдакцыі не пазначаны, галоўны рэдактар - Уладзімір Якаўлеў. Выданьне зьмяшчала тэкст Усеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека, матэрыялы аўтарства Ў.Якаўлева. @
«Збудінне» («Абуджэньне»), выданьне Ініцыятыўнае рады «Руху за адраджэньне Ецьвязі» пачало выходзіць зь ліпеня 1989. Склад рэдакцыі: М.Гырасымык, В.Калынивськиj, В.Кыватыцкиj, М.Шыляговіч, А.Козлив, Л.Лукашук, В.Мшер, К.Удовыдчык, В.Брыль, Е.Дынысюк, В.Лазорук, М.Мынзар, Л.Трушко, В.Ворон. Публікаваліся праграмныя дакумэнты Руху, матэрыялы, датычныя палескага рэгіёну. @
«Зеркало», машынапісны культурніцка-асьветны кінематаграфічны часопіс. Выходзіў у Менску ў 1989. @
«Івейская крыніца», выданьне Івейскай рады БНФ «Адраджэньне». Склад рэдакцыі: Ю.Гайдук, І.Карпікаў, Л.Келдановіч. Выдавалася з 1990. Грамадзка-палітычнае выданьне. Друкаваліся матэрыялы пераважна палітычнае, нацыянальнае ды гістарычнае тэматыкі. @
«Идиот», літаратурна-публіцыстычны часопіс, які выдаваўся на працягу 1983-1993 у Віцебску Вячаславам Новікавым. @
«Кантакт», часопіс выдаваўся ў 1989-1990 выдавецтвам «Кантакт». Усяго выйшла чатыры нумары. Выкарыстаныя матэрыялы рыхтаваныя як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы, часопіс выдаваўся ў Беластоку. Грамадзка-палітычнае і інфармацыйнае выданьне. Зьмешчаныя матэрыялы пераважна палітычнай і гістарычнай тэматыкі. @
«Кантроль», бюлетэнь Таварыства Маладых Літаратараў «Тутэйшыя», выходзіў у 1988-1989 спачатку асобнымі выпускамі, потым - на старонках «Студэнцкай думкі». № 1 і 2 былі выдадзеныя А.Бяляцкім пры дапамозе С.Дубаўца, астатнія - С.Дубаўцом. Зьмяшчаліся матэрыялы палітычнага, літаратурнага і філялягічнага характару, а таксама зьвязаныя зь дзейнасьцю «Тутэйшых». @
«Колокол», газэта «Гомельского Союза Защиты Прав Человека» выдавалася ў 1990 у Гомелі. Выдаўцы: А.Жэрдзеў, А.Фэдэркан. Праваабарончае выданьне, зьмяшчала матэрыялы палітычнай і чарнобыльскай тэматыкі, пераважна рэгіянальнага характару. @
«Контакт», інфармацыйны бюлетэнь Менскага габрэйскага культурніцкага таварыства. Выдаваўся ў 1989. @
«Ксэракс беларускі», часопіс выдаваўся ў Полацку з 1990 да 1994 зь перапынкамі. Заснавальнік і выдавец часопіса - А.Аркуш, рэдактар - В.Мудроў. Мастацка-літаратурнае выданьне. Кола аўтараў - пераважна полацкае літаратурнае асяродзьдзе (С.Сокалаў-Воюш, В.Аксак, А.Аркуш, В.Мудроў, У.Арлоў і інш.). @
«Куцейна», выданьне Аршанскай рады БНФ «Адраджэньне», пачало выходзіць у 1990. Рэдакцыйны склад: Ю.Санько, А.Кажамяка, А.Мельнікаў. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Літаратура», выйшла два выпускі выданьня на працягу 1989-1990. Л. рыхтавалася ў Менску, друкавалася ў Вільні. Рэдактар - С.Дубавец, выдавецкая група А.Гуркоў і П.Жук. Мастацка-літаратурнае выданьне. @
«Люстра дзён», выдавалася ў 1979-1980 С.Дубаўцом і В.Вячоркам пры дапамозе С.Сокалава, якія зашыфравалі свае імёны пад калектыўным псэўданімам «Беларуская Талеранцыйная Грамада». Усяго выйшла 4 нумары, у канспіратыўных мэтах пазначалася, што выдавалася ў Еўі. @
«Мадригин = ступени», выданьне «Союза Еврейской Молодёжи и Студентов» выйшла ў красавіку 1990 у Менску. Культурна-асьветніцкае, інфармацыйнае выданьне. Друкаваліся матэрыялы нацыянальнай тэматыкі, абвесткі. @
«Мартыралог», выданьне беларускага грамадскага гісторыка-асьветніцкага Таварыства Памяці Ахвяраў Сталінізму «Мартыралёг Беларусі», выйшла з друку ў студзені 1989. У рэдакцыйны склад уваходзілі З.Пазьняк, Ул.Крукоўскі, І.Марачкіна-старэйшая і інш. Грамадзка-палітычнае выданьне. Друкаваліся публіцыстычныя матэрыялы палітычнае і гістарычнае тэматыкі, арганізацыйныя матэрыялы таварыства «Мартыралёг Беларусі». @
«Менскі веснік», выданьне Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Рэдактар - В.Скалабан, рэдакцыйны склад: І.Александровіч, П.Васілеўскі, А.Асіповіч, М.Замскі, Э.Ялугін, Т.Кароткая, Т.Піліповіч, Б.Родзіч, В.Юшкевіч, А.Карлюкевіч, С.Макаёнак. У 1991 выйшлі два нумары. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Мілавіца», машынапісны літаратурны альманах, выдаваўся студэнтамі 3-га курсу гістарычнага факультэту БДУ ў 1974-1976; усяго выйшла 7 нумароў. У склад рэдакцыі ўваходзілі Ў.Арлоў, Г.Кулажанка, І.Чарняўскі, Ю.Бандаровіч, Э.Зайкоўскі і інш. Распаўсюджваўся сярод студэнтаў. Хутка пра выданьне стала вядома кіраўніцтву ўнівэрсытэту, а потым і КГБ. Уладзіміра Арлова выклікалі ў КГБ дзеля «тлумачальных гутарак». @
«Містыка», машынапісны часопіс студэнтаў Гарадзенскага ўніверсытэту; выдавалі Віктар Варанец ды Юры Камягін. На працягу 1982-1983 выйшла чатыры выпускі часопіса. Друкаваліся творы рознай тэматыкі і жанру на беларускай, польскай ды расейскай мовах. @
«Молодой демократ», «журнал демократической молодёжи», выходзіў у Менску ў 1990. Выдавец - А.Рамашэўскі. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Мост», «вольная социалистическая газета», выходзіла ў Менску ў 1989. @
«Набойні», літаратурны альманах, выдадзены Сяргеем Астраўцовым улетку 1984 у Слоніме. Зьмяшчаў літаратурныя творы С.Астраўцова і С.Дубаўца. @
«Наваградскі кур'ер», штомесячны бюлетэнь раённага Таварыства Беларускай Мовы імя Ф.Скарыны. Запачаткаваны ў 1991. Склад рэдакцыі: М.Талочка, Т.Гурко, Г.Тамко, В.Шэдзь. Культурна-асьветніцкае выданьне. @
«Навіны Беларускага Народнага Фронта за перабудову «Адраджэньне», выдаваліся са сьнежня 1988. Як нулявы нумар выданьня зьявілася «Інфармацыйнае паведамленьне БНФ за перабудову «Адраджэньне», у якім друкавалася адозва Аргкамітэту БНФ да грамадзян Беларусі, а таксама рэкамендацыі ў стварэньні групаў падтрымкі БНФ. Першыя нумары рыхтавалі А.Суша і А.Радкевіч; у падрыхтоўцы паасобных нумароў удзельнічалі: П.Ларын, І.Дрозд, П.Пячонка, А.Сёмуха; ад № 7 у складзе выдавецкае групы: А.Суша, С.Дубавец, П.Жук. Выйшла некалькі выпускаў «Навінаў» у перакладзе на расейскую мову («Новости Белорусского народного фронта «Адраджэньне»), якія ў асноўным адпавядалі беларускаму варыянту выданьня. Апошні нумар, прысьвечаны выбарам прэзідэнта, выйшаў у траўні 1994 году пад рэдакцыяй Барыса Хамайды. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Народный дипломат», адзіны нумар выданьня выйшаў у Горадні пад рэдакцыяй В.Якаўлева ў 1990. Зьмяшчаліся арганізацыйныя матэрыялы «координационного совета Демократического парламента Запада». @
«Наша ніва», адноўленая Сяргеям Дубаўцом у 1991 у Вільні, працягвала традыцыі НН, якая была запачаткаваная ў 1906. Выдавец газэты П.Жук, у выдавецкую групу ў 1991 таксама ўваходзіла Людвіка Кардзіс. Ад першых дзён адноўленае НН у складзе рэдакцыі - Сяргей Харэўскі. Выданьне імкнулася быць «люстэркам жывых думак». @
«Наша слова», бюлетэнь (у далейшым - газэта) Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны. Пачало выходзіць з сакавіка 1990. Першыя чатыры нумары выданьня ня мелі падпіснога індэксу. Склад рэдакцыі: старшыня - Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Уладзімір Дамашэвіч, Алесь Камароўскі, Анатоль Клышка, Ігар Лапцёнак, Генадзь Мацур, Зьміцер Санько, Мікола Супрановіч, Алесь Траяноўскі, Генадзь Тумаш (нам. рэдактара), Яўген Цумараў, Генадзь Цыхун. Друкаваліся матэрыялы пераважна датычныя гісторыі і сучаснага стану беларускае мовы. @
«Незалежная думка», адзіны нумар быў падрыхтаваны ды выдадзены Алесем Філіповічам у лютым 1990. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Neformal», выданьне было падрыхтаванае Ў.Якаўлевым і выйшла ў лістападзе 1989. Зьмяшчала перадрукі зь іншых выданьняў ды матэрыялы аўтарства Ў.Якаўлева. @
«Падснежнік», рукапіснае выданьне Міколы Ермаловіча, чатыры выпускі якога выйшла на працягу 1963-1964. Выхад П. перапыніўся пасьля адхіленьня М.Хрушчова ад улады, калі ў грамадзкім жыцьці ўсталявалася атмасфэра падазронасьці і «выкрывальніцтва». @
«Паперабудова», Ворган Хаўрусу Дэмакратычнае Моладзі, выходзіў у Менску 1989. Склад рэдакцыі: А.Дылюк, А.Філіповіч, Ю.Скрыган і А.Баравік. Друкаваліся матэрыялы палітычнай праблематыкі ў гумарыстычнай стылістыцы. @
«Папоротник», газэта Экалягічнага Саюзу. Рэдактар - Лявон Тарасенка. Выходзіла ў Менску ў 1990. @
«Парсуна», машынапіснае мастацка-літаратурнае выданьне. Адзіны нумар П. выйшаў у 1988. Рэдакцыйны склад: М.Скобла, С.Адамовіч, А.Калюта, А.Гуцаў, А.Дзялендзік. @
«Переворот», незалежны інфармацыйны бюлетэнь, выйшаў у жніўні 1991 году, прысьвечаны дзяржаўнаму перавароту. Выданьне падрыхтавалі: А.Рамашэўскі, М.Гурэвіч, С.Горбік і іншыя. @
«Площадь Восстания», незалежная газэта. Выдавалася ў Гомелі ў 1990, пры дапамозе агенцтва «Белсаміздат». @
«Позірк», гумарыстычная газэта. Рыхтавалася ў Менску і друкавалася ў Вільні. Выйшла ўсяго чатыры нумары. Галоўны рэдактар - А.Дылюк. @
«Праваслаўная думка», часопіс праваслаўнае моладзі пачаў выдавацца ў 1989; усяго выйшла 6 нумароў, а таксама лісток «Российский гимн» «в дар Православно-Монархическому Союзу России от редакции «Праваслаўнае думкі» г. Минск, Белоруссия». Рэдактар выданьня - Страцілат (І.Котаў); у склад рэдакцыі таксама ўваходзілі Якаў (К.Прашковіч), А.Бембель. Рэлігійнае выданьне. Рэдакцыяй былі падрыхтаваныя і выдадзеныя зборнік паэзіі Алега Бембеля (Зьніча) і віншавальная паштоўка да Вялікдня. @
«Прамень», орган груп падтрымкі БНФ Менскага гадзіньнікавага завода. Рэдакцыйны склад: А.Мікшын, В.Стэфанаў, Н.Сайко, В.Ляўчук, В.Вязевіч; І.Матавілаў. Адзіны нумар выйшаў у 1990. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Прамень» (Лепель), друкаваны ворган Лепельскай групы падтрымкі БНФ, пачала выдавацца з кастрычніка 1989. Галоўны рэдактар - У.Шушкевіч, мастак - М.Барбаро. Зь ліпеня 1990 газэта зьмяніла назву на «Пагоня». Грамадзка-палітычнае выданьне. Зьмяшчаліся пераважна матэрыялы нацыянальнай, палітычнай тэматыкі; давалася інфармацыя пра мясцовыя падзеі. Друкаваліся вершы і допісы зь іншых рэгіёнаў. @
«Пагоня», зь ліпеня 1990 лепельская газэта «Прамень» пачала выходзіць як «Пагоня». Назва газэты зьмянілася, як пазначана рэдакцыяй, зважаючы на заўвагі і просьбы чытачоў, якія скардзіліся, што «Прамень» - слова «састарэлае», асацыюецца з пракапээсэсаўскімі назовамі раённых газэтаў і калгасаў. @
«Рабочая воля», орган забастовачнага камітэту Воршы. Выдавалася з 1991. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Рабочий голос», орган Рабочага Саюзу. Выдаваўся М.Собалям у 1990. @
«Развал империи», весьнік беларускай групы «Народно-трудового союза»; выйшаў у 1990. Рздакцыйны склад: Д.Ждановіч, М.Енісейскі, А.Лушкін. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Раніца»
«Раніца», выданьне Маладэчанскага аддзяленьня БНФ «Адраджэньне». Газэта Р. пачала выходзіць зь 1989. У рэдакцыйны склад уваходзілі А.Капуцкі, А.Цадко. Грамадзка-палітычнае выданьне.
«Раніца», інфармацыйны бюлетэнь суполкі «Грамада» - групы падтрымкі БНФ Менскага р-ну. Пачала выходзіць з 1989 у Сеньніцы. Выдавец - Ю.Пятроўскі. Грамадзка-палітычнае выданьне. Друкаваліся матэрыялы палітычнага і нацыянальнага кірунку; праграмныя дакумэнты БНФ. @
«Ратуша», выданьне гісторыка-культуралягічнага клюбу «Талака», пэрыядычна выходзіла з 1987-1989 у выглядзе насьценгазэты. Рэдактар - Алесь Суша. @
«Ратуша» (Магілеў), газэта Магілеўскай Рады БНФ «Адраджэньне». Запачаткаваная ў 1990. У склад рэдакцыі ўваходзілі Н.Рослава, А.Фёдараў. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Республика», газэта Рэспубліканскай Партыі Беларусі. Выдавалася з траўня 1990. Рэдакцыйны склад ня ўказаны. Публікаваліся праграмныя дакумэнты РПБ. @
«Рокаш», газэта Прыазёрскай гарадзкой рады ТБМ імя Францішка Скарыны (Джэзказганскай вобл., Казахстан), выдавалася беларускімі вайскоўцамі ў Казахстане са жніўня 1990. Да кастрычніка 1992 выйшла 15 нумароў і адзін сьвяточны выпуск, прысьвечаны 73-м угодкам БНР. Друкаваліся матэрыялы нацыянальнай і палітычнай тэматыкі. Рэдакцыйны склад: С.Суднік, І.Супоненка, А.Аўчыннікаў, В.Грамадка, С.Пахучы, А.Мазураў, С.Цьвірка @
«Рубон», выданьне «Хаўруса Беларускай Моладзі». Рэдактар - А.Філіповіч. Выйшаў адзін нумар у 1990, потым выданьне было перайменавана ў «Незалежную думку». Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Рэанімова», пачала выдавацца з 1989 у Горадні як друкаваны ворган суполкі імя М.Багдановіча. Адным з рэдактараў была Данута Бічэль-Загнетава. Культурна-асьветніцкае выданьне. Зьмяшчаліся матэрыялы на палітычныя, гістарычныя і нацыянальныя тэмы, а таксама літаратурныя творы. @
«Рэспубліка», выданьне аргкамітэту Дэмакратычнай Партыі Беларусі. Адзіны нумар выданьня выйшаў у 1990 у Горадні. Газэта зьмяшчала праекты праграмных дакумэнтаў Дэмакратычнае Партыі Беларусі. @
«Самотнік», выданьне інфармацыйнага агенцтва «Смага», беларускі DX-інфарматар. Рэдактар В.Пятухоў, рэдакцыйная рада: М.Віцер, І.Міхайлаў, А.Лінкін. Выходзіў у 1991. Інфармацыйнае выданьне для радыёаматараў. @
«Свабода», пачаткам газэты С. стаў падрыхтаваны ў сакавіку 1990 С.Дубаўцом, П.Жуком і А.Гурковым выпуск «Дзень Волі-90». У красавіку 1990 выйшаў першы нумар С. як адноўленай газэты, якая была падрыхтаваная братамі Іваноўскімі і Луцкевічамі ў 1899-1900. Склад рэдакцыі: С.Дубавец, С.Харэўскі, А.Крыштаповіч, выдавецкае групы: П.Жук, А.Гуркоў, В.Корзун, А.Лапцёнак. Газэта выходзіла штотыднёва, у выпадку затрымак - выдаваліся здвоеныя нумары. З 1991 галоўны рэдактар І.Гермянчук. У далейшым С. стала адным з самых масавых незалежных выданьняў Беларусі, пакуль не была забароненая ўжо рэжымам А.Лукашэнкі 24.11.1997. З 16.01.1998 газэта пачала выходзіць пад назваю «Навіны». @
«Светские ведомости», выданьне незалежнага інфармагенства «Белстар», пачало выходзіць у 1989 у Менску. Рэдакцыйны склад: А.Бязручка, [Павал Ярмак]. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Свобода», адзіны нумар выданьня выйшаў у чэрвені 1990 як «Орган Менского координационного комитета Демократической партии». Галоўным рэдактарам быў А.Рамашэўскі. Пазначана, што газэта выдаецца пры садзейнічаньні інфармацыйнага агенцтва «Белсамиздат». Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Скаўт Беларусі», машынапіснае выданьне Саюзу Скаўтаў Беларусі. Запачаткаваны ў 1991. Выдавец - А.Грушэцкі. Друкаваліся матэрыялы прысьвечаныя, гісторыі разьвіцьця скаўцкага руху ў Беларусі. @
«Социал-демократ», выданьне Сацыял-Дэмакратычнай Партыі. Рэдактар В.Сас. Выйшаў у Менску ў 1990. @
«Справедливость», выданьне камітэту БНФ. Рэдактар - Л.Крывіцкі. Выдадзена ў Менску ў 1990. @
«Спрут», машынапісны часопіс. Выдаваўся ў Берасьці ў 1988-1989. Выдавец - А.Лук'яновіч. @
«Студэнцкая думка», часопіс найперш суполкі «Сьвітанак», пазьней Згуртаваньня Беларускіх Студэнтаў і Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў. Пачала выходзіць у 1988. Рэдакцыйны склад: А.Гуркоў, А.Кавальчук, Г.Аніськова, А.Трусаў, С.Ладуцька, Ф.Швайбовіч, І.Міхно, С.Вітушка, З.Вайцяховіч, Г.Барвенава, А.Рагуля, А.Сабаленка, У.Селядцоў і інш. Рэдакцыяй была падрыхтаваная кніжачка-ўкладзень «Вандэя навыварат» - зборнік беларускай ананімнай літаратуры, а таксама некалькі дадаткаў, якія выйшлі ў розны час: «Па Старонках замежнае прэсы», «Stomlenyja nohi», «Дзяржава = Студэнская Думка». Грамадзка-палітычнае і культурна-асьветніцкае выданьне. @
«Сумленне», выданне Слуцкай Рады БНФ. Рэдакцыйны склад не пазначаны. Два нумары выйшлі ў 1990. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Супольнасьць», бюлетэнь Каардьнацыйнае рады Канфэдэрацы Беларускіх Суполак. Рэдакцыйны склад: А.Сёмуха, К.Мацкевіч, В.Андрэеў, Г.Лойка і інш. У 1989 выйшла пяць нумароў. Друкаваліся праграмныя дакумэнты Канфэдэрацыі, матэрыялы палітычнай ды гістарычнай накіраванасьці. @
«Сутнасьць», орган Баранавіцкага грамадзка-палітычнага аб'яднаньня «Сутнасьць» (група падтрымкі БНФ «Адраджэньне»). Рэдактар - С.Слабчанка. Пачала выходзіць у 1989. Грамадзка-палітычнае выданьне. Друкаваліся матэрыялы палітычнага і культурна-асьветніцкага характару. @
«Сьвіслач», выданьне Рады БНФ Ленінскага р-ну Менску. Выходзіла ў 1991, рыхтаваў выданьне Ю.Гайдук. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Тайны кремлевского дворца», газэта Інфармацыйнага Агенцтва «Белсамиздат». Адзіны нумар выданьня выйшаў у 1990. Склад рэдакцыі не пазначаўся. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Унія», часопіс грэка-каталіцкае супольнасьці, пачаў выходзіць у 1990. Склад рэдакцыі: С.Абламейка, І.Дубянецкая, К.Мацкевіч, І.Бабкоў, Ю.Быкаў, С.Вітушка, Г.Дубянецкая, Г.Жарко, А.Ткачова, Г.Лойка. Зьмяшчаліся матэрыялы пераважна культурніцкага і гістарычнага характару, зьвязаныя з вуніяцтвам і хрысьціянствам увогуле. @
«Факт», палітычны штотыднёвік, пачаў выдавацца ў 1989 у Менску групай падтрымкі БНФ. Рэдактар - М.Гурэвіч. Друкаваліся матэрыялы на палітычныя тэмы, а таксама праграмныя дакумэнты БНФ. @
«Форпост», «газета белорусского независимого информагенства «Белорусская звезда» («Belstar»)» пачала выдавацца са жніўня 1989 у Менску. Склад рэдакцыі: Ю.Дзьмітрыеў, А.Гарленка, Б.Мяцельская, Б.Бураўка. Друкаваліся матэрыялы на палітычныя, гістарычныя і эканамічныя тэмы. @
«Фронт», газэта пачала выходзіць з траўня 1989. Склад рэдакцыі не пазначаны, галоўны рэдактар - Уладзімір Якаўлеў. Грамадзка-палітычнае выданьне. @
«Шлях», створаны ў 1989 як выданьне Баранавіцка-Берасьцейскага аддзяленьня БНФ «Адраджэньне». Склад рэдакцыі: М.Пракаповіч, У.Базан, В.Мароз, С.Сьвістуновіч. Грамадзка-палітычнае выданьне. Друкаваліся матэрыялы пераважна палітычныя, кроніка, паведамленьні рэгіянальнага характару. @
«Шляхам Скарыны», выданьне Маскоўскага Таварыства Беларускай Культуры імя Францішка Скарыны. Першы нумар выйшаў у кастрычніку 1989. Культурна-асьветніцкае выданьне. @
«Чарнобыльскі вожык», гумарыстычнае, грамадзка-палітычнае выданьне. У 1991 выйшаў адзіны нумар. Выдаўцы не пазначаныя. @
«Ex libris», «теоретический журнал». Адзін нумар быў выдадзены агенцтвам «Белстар» у верасьні 1989. Выдаўцы пазначаныя як А.Птушка і А.Магарыл. Друкаваліся матэрыялы па філязофіі, псыхалёгіі, літаратуры. @
«Экспрэс», аднадзёнка Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Выданьне аргкамітэту БНФ, выходзіла ў траўні-чэрвені 1989 у Менску. Усяго выйшла чатыры выпускі. У склад рэдакцыі ўваходзілі А.Кавальчук, С.Драч, А.Суша, А.Гуркоў, П.Жук. Грамадзка-палітычнае выданьне. Друкаваліся матэрыялы пераважна палітычнае тэматыкі. @
«Яха» («Эхо»), незалежная газета Случчыны. Адзіны машынапісны нумар выданьня выйшаў у чэрвені 1990 у Слуцку. Выдавец - Р.Лінкор (Рыгор Родчанка). Грамадзка-палітычнае выданьне. ##Chapter: 4. Музычны нонканфармізм і моладзевыя субкультуры @
Беларускі музычны нонканфармізм паўстаў як контаррух канфармісцкай, інакш - афіцыйнай музычнай культуры. Музычны афіцыёз разглядаўся надзвычай важнай часткай «савецкай культуры», якая разьвівалася ў агульнай плыні падкантрольнасьці і залежнасьці ад праводзімай палітыкі КПСС. Кожная праява ў галіне культуры знаходзілася пад ідэалягічным наглядам савецкіх уладаў.
Першыя парасткі музычнага нонканфармізму пачалі зьяўляцца ў пачатку 1960-х, калі ў Беларусь з Захаду прыйшла новая форма музыкі - біт, правобраз сучаснага рок-н-ролу. Адкрывальнікамі біту былі гарадзенцы, якія ўжо ў 1965 зладзілі I-ы фэст біт-гуртоў Горадні. У гэты ж час бітнікі зьяўляюцца ў Менску, дзе новая музыка распаўсюдзілася ў колах «тэхнічнай» моладзі, і ўжо ў красавіку 1968 у Менскім радыётэхнічным інстытуце быў зладжаны I-ы фэст біт-музыкі. Своеасаблівасьць гэтага мерапрыемства была ў тым, што ладзілася яно пры ўдзеле ЛКСМ Беларусі, які імкнуўся кантраляваць усе моладзевыя ініцыятывы. Але ўжо ўлетку 1968, пасьля Праскай вясны, пачаўся ўціск на біт-музыкаў: у біт-гуртоў забіралі памяшканьні для рэпэтыцыяў, ім забаранялася выконваць ангельскія песьні. Забойства Вячаслава Максакава і зьвязаныя з гэтым Хваляваньні ў Менску 09.04.1970 замацавалі нэгатыўнае стаўленьне да року, што выявілася пры правядзеньні II-га фэсту біт-ансамбляў у Менску. Напрыклад, за арганізацыю і выкананьне на фэсьце ангельскай песьні з Кансэрваторыі быў выключаны Ўладзімір Кандрусевіч.
Напачатку 1970-х мацнее хіпі-рух, перш за ўсё ў Менску і Горадні. Горадня таксама стала цэнтрам музычнага супраціву 1970-х. Пры падтрымцы ды з удзелам прыбалтыйскіх хіпі ў Горадні былі зладжаныя I-ы і II-гі выступы хіпі, дзе былі высунутыя патрабаваньні палітычных свабодаў.
Пасьля падаўленьня выступаў хіпі ў Горадні і рэпрэсыяў супраць арганізатараў II-га біт-фэсту беларускі музычны нонканфармізм разьвіваўся спарадычна - культурніцкую прастору амаль цалкам заняў музычны афіцыёз, да якога трэба аднесьці і «першы беларускі рок-гурт Песьняры». Пачатак застою ў грамадзтве стварыў сітуацыю застою ў моладзевым музычным асяродку.
Але ў пік застою нарадзілася новая хваля моладзевага музычнага нонканфармізму, які перайшоў на новую ступень разьвіцьця. На пачатак 1980-х прыпадае нараджэньне ўласна беларускага музычнага нонканфармізму, асноўнымі носьбітамі якога сталі гурты «Bonda» і «Мроя».
Паўставаньне рок-руху 1980-х адрозьніваецца ад біт-руху «шасьцідзясятнікаў» перш за ўсё тым, што кагорта васьмідзясятнікаў складаецца з гэтак званай «гуманітарнай» моладзі, у колах якой пашыраліся ідэі беларушчыны. Студэнты Менскага тэатральна-мастацкага інстытуту (удзельнікі «Bondy») і навучэнцы Менскай мастацкай вучэльні (удзельнікі «Мроі») спачатку кантактавалі з мастакамі, што мелі стасункі з «Майстроўняй», а пасьля самі выходзілі на «майстройцаў», лідэры якой - Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец і іншыя - пераконвалі маладых музыкаў, што беларуская мова павінна перайсьці са своеасаблівага эпатажу ў музыцы ў натуральную зьяву. Менавіта ўдзельнікі «Майстроўні» дапамаглі гурту «Студыя 7» знайсьці ў «Расейска-крыўскім слоўніку» В.Ластоўскага слова «бонда», якое замацавалася як назва гурта. Першы выступ «Мроі» на Траецкім прадмесьці ў Менску адбыўся з дапамогай «Майстроўні». Нацыянальны музычны нонканфармізм паўстаў на глебе беларускасьці, які з аднаго боку супрацьпаставіў сябе афіцыёзнай музычнай культуры зь яе вызначанымі жанрамі і стылямі, а з другога - традыцыйнаму музычнаму нонканфармізму, які склаўся за апошнія 15 год на аснове заходняй і расейскай культурных традыцыяў.
Напрыканцы 1980-х беларускі рок-н-рол выходзіць з падпольля: ладзяцца шматлікія рок-фэсты («Тры колеры», «Рок-крок», «Рок-дыялёг»), канцэрты, зьяўляецца музычная прэса, радыё- і ТБ-праграмы, прысьвечаныя рок-н-ролу, што дало надзею бачыць беларускі рок у якасьці пачынальніка стварэньня нацыянальнай мас-культуры. Супрацьстаяньне ўсталяваным уладамі культурным рамкам, стварэньне свайго культурніцкага беларускамоўнага поля стала своеасаблівым пераломам у сьвядомасьці музычных абываталяў, якія пачалі казаць пра фэномэн беларускамоўнага (пазьней - беларускага) року.
Літ.: 1. Мартыненка В., Мяльгуй В. Праз рок-прызму. - Ню Ёрк, 1989; 2. Сахараў С. «Bonda» (Кроніка гурта) // Наша Ніва. 23.02.1998, № 4; 3. Сахаров С. Отрывок из хроники группы «Мроя» / «Mroja» // Музыкальная газета. 1998, № 32. @
Хваляваньні ў Менску 09.04.1970, несанкцыянаваны мітынг з выкарыстаньнем формаў непадпарадкаваньня ўладам. Зьвязаны з забойствам менскага хіпі Вячаслава Максакава (19.03.1952 - 07.04.1970). Удзел у выступленьні бралі прадстаўнікі беларускага музычнага нонканфармізму.
Выступленьне адбылося стыхійна на месцы забойства В.Максакава па вул. Энгельса ля кінатэатру «Навіны дня» (цяпер - Малая сцэна Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы), у 300 метрах ад ЦК КПБ. Па розных ацэнках, у акцыі ўзяло ўдзел ад 100 да 400 чалавек.
07.04.1970 Вячаслаў Максакаў і яго сябар Аляксандар Шарубаў былі спыненыя каля кінатэатру «Навіны дня» крыкамі нейкага хлопца «Хайль Гітлер!». Распачалася бойка, падчас якой незнаёмы выцягнуў з рукава штых і параніў хлопцаў - В.Максакава сьмяротна.
8 красавіка на месцы забойства нехта зрабіў графіці «Тут 7 красавіка забілі Славу Максакава». 9 красавіка па вяртаньні з пахаваньня В.Максакава ягоныя сябры сталі выпадковымі сьведкамі зьнішчэньня графіці. Абураныя такімі дзеяньнямі, сябры забітага спынілі зьнішчэньне. Каля месца забойства пачалі зьбірацца людзі. Да кінатэатру пад'ехалі машыны з міліцыяй, усім загадалі разысьціся. На гэта ўдзельнікі выступленьня сашчапілі рукі ў локцях і сталі ля сьцяны. За кароткі час да міліцыі далучыліся байцы Белпалка (унутраныя войскі), якія ачапілі вуліцу і паспрабавалі разарваць жывы ланцуг - між хіпі і ахоўнікамі парадку пачалася бойка. У выніку сутыкненьня была затрыманая пэўная колькасьць хіпі. Пазьней затрыманых і магчымых удзельнікаў выступленьня выключылі з навучальных установаў.
Пасьля красавіцкага выступленьня ўлады ўзмацнілі прэсынг на музычную контркультуру Менску: міліцыя і гэтак званыя добраахвотныя дружыньнікі рабілі аблавы на хіпі, супраць хіпі заводзілі адміністрацыйныя справы, як «ненадзейных», удзельнікаў хіпі-руху выключалі са школ, вышэйшых навучальных установаў. Падзеі 09.04.1970, на думку музыкаў і журналістаў, справакавалі негатыўную рэакцыю ўладаў на правядзеньне II-га фэсту біт-ансамбляў у Менску.
Літ.: 1. Подберезский Д. Апрель семидесятого. Новость дня // Имя. 17.04.1998. @
I-ы выступ хіпі ў Горадні (кастрычнік 1971), несанкцыянаваная дэманстрацыя гарадзенскіх і прыбалтыйскіх хіпі ў падтрымку ідэі свабоды асобы. У акцыі брала ўдзел каля ста чалавек.
Ядро акцыі ўтварылі прыбалтыйскія хіпі, якія прыехалі зь Вільні, Рыгі, Коўны. Яны выйшлі з Гарадзенскага вакзалу на цэнтральную Савецкую плошчу. У руках трымалі плякаты «Рукі прэч ад нашых валасоў!», «Пакіньце нашыя душы ў спакоі!»ды інш., але не дэманстравалі іх, бо чакалі гарадзенскіх хіпі. Тым часам частка гарадзенскіх прадстаўнікоў хіпі-руху, якая йшла з Занёманскай часткі гораду, была блякаваная на мосьце праз Нёман, а пасьля дастаўленая ў пастарунак.
Гарадзенскіх хіпі, якія здолелі прабіцца на Савецкую плошчу, абкружылі міліцыянты, дружыньнікі і людзі ў цывільным: ахоўнікі адбіралі плякаты, зьбівалі імі хіпі, ірвалі джынсы, кашулі, рэзалі валасы. Пакалечаных маладых людзей кідалі ў міліцэйскія машыны і адвозілі ў Гарадзенскі гарадзкі аддзел міліцыі, дзе саджалі ў разьмеркавальнік. На гарадзенскіх хіпі складалі пратаколы і адпускалі, а прыбалтыйцаў пратрымалі ў разьмеркавальніку тры дні.
Пасьля выступу хіпі ў горадзе сталі зьяўляцца ўлёткі, набраныя на друкарцы, у якіх зьмяшчаліся заклікі падтрымаць зьняволеных і адстойваць свае правы як вольнай ад палітычнага рэжыму асобы. Існавала некалькі адрозных па зьмесьце друкаваных улётак, былі іх рукапісныя варыянты.
Выступ хіпі актывізаваў прэсынг уладаў на маладзёжны хіпі-рух: у навучальных установах праводзіліся лекцыі, празь якія даводзілася, што «хіпі - гэта людзі, якія дыскрэдытуюць савецкі лад». Найбольш актыўных удзельнікаў хіпі-руху выключалі з навучальных установаў. Улады пачалі ставіцца да хіпі як да рэальнага руху, які трэба кантраляваць. Менавіта гэтым можна патлумачыць тую нечакана жорсткую рэакцыю на II-гі выступ хіпі. @
II-гі выступ хіпі ў Горадні (ліпень 1972), несанкцыянавая дэманстрацыя моладзі з патрабаваньнем палітычных свабодаў.
У адрозьненьні ад I-га выступу хіпі ў Горадні (кастрычнік 1971) улетку 1972 да прадстаўнікоў гарадзенскага і прыбалтыйскага хіпі-рухаў далучыліся хіпі зь Львову, Масквы і Ленінграду.
Дэманстрацыя была добра сплянаваная: тутэйшыя і прыежджыя хіпі сабраліся ля Гарадзенскага вакзалу і рушылі па ходніках па Савецкай вуліцы да цэнтальнай Савецкай плошчы. Дэманстранты несьлі плякаты з патрабаваньнямі свабоды слова, свабоды выбару, свабоды каханьня. Наперадзе нехта з гарадзенскіх хіпі вёў на ланцужку размаляванага пеўня - сымбаль свабоды.
На падыходзе да Савецкай плошчы дэманстрантаў сустрэлі шэрагі вайскоўцаў-дэсантнікаў, колькасьць якіх перавышала колькасьць хіпі. Па загадзе дэсантнікі кінуліся на калёну і пачалі зьбіваць хіпі гумовымі кіямі. Зьбітых дэманстрантаў кідалі ў «рэфрыжаратары» (закратаваныя вайсковыя машыны). У ліку затрыманых апынуліся як прыежджыя, так і тутэйшыя. Паводле ўспамінаў затрыманых, «усіх адвозілі ў пустыя кашары Іркуцка-Пінскай танкавай дывізіі», якая тады кватаравалася ў Чэхаславакіі. Пасьля разгону дэманстрацыі ў бліжэйшых дварах рабілі «зачысткі».
Затрыманых дапытвалі, высьвятлялі склад арганізатараў, імёны ўдзельнікаў; праз два дні ўсіх выпусьцілі.
У затрыманых гарадзенскіх хіпі супрацоўнікі КГБ рабілі ператрусы.
Літ.: 1. Астроўскі Г. (Сяргей Астраўцоў). Лета 1972: разгон мірнай дэманстрацыі ў Горадні // Пагоня 25.09.-07.10.1992. @
II-гі фэст біт-ансамбляў (біт-фэст) у Менску (красавік 1972), апошні ўсплеск актыўнасьці біт-руху ў Беларусі.
Ініцыятарам і адным з арганізатараў акцыі выступіў студэнт Беларускай кансерваторыі Ўладзімір Кандрусевіч. Ён здолеў атрымаць падтрымку сэкцыі «Праца з творчымі ВНУ» пры ЦК ЛКСМ Беларусі.
Другі фэст, як і першы (ладзіўся ўвесну 1968), праходзіў у актавай залі Менскага радыётэхнічнага інстытуту (цяпер Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), які быў маладой і даволі лібэральнай навучальнай установай. У двухдзённай праграме фэсту бралі ўдзел каля 10 біт-гуртоў. У абавязковую праграму ўваходзілі 4 песьні, у тым ліку адна па-ангельску. Першае месца заняў гурт «Аргонавты».
У другі дзень фэсту ў якасьці запрошаных гасьцей выступаў папулярны на той час калектыў «Пани Братья», большая частка слухачоў прыйшла на іх выступ. Салістам і бас-гітарыстам гурта быў Уладзімір Кандрусевіч. Выступ «Пани Брати» праходзіў пасьпяхова, пакуль не дайшла чарга да ангельскай песьні з рэпэртуару «Creadence». Па ўспамінах гітарыста Ўладзіміра Ўгольніка, «калі пайшло першае гітарнае сола кампазыцыі, у залі пачуўся трэск зламаных крэслаў: публіка пачала «вар'яцець». Адміністрацыя залі тут жа спыніла выступ: адключылі электраэнергію і апусьцілі заслону.
Наступным днём рэктар Кансэрваторыі Ўладзімір Алоўнікаў выклікаў студэнта Кандрусевіча і паведаміў, што ён выключаны з навучальнай установы з фармулёўкай «за парушэньне студэнцкай дысцыпліны», бо разам з «Пани Брати» Кандрусевіч граў на вясельлях. Пры гэтым не бралося пад увагу, што Кандрусевіч - выдатнік. У гэты ж дзень Уладзіміра Кандрусевіча выклікаюць у ЦК ЛКСМ Беларусі, дзе патрабуюць напісаць зьмест выкананай на фэсьце ангельскай песьні «Creadence». Кандрусевіча абвінавачваюць у «палітычнай блізарукасьці» і неарганізаванасьці мерапрыемства.
Сябры Кандрусевіча складаюць адкрыты ліст на імя рэктара кансэрваторыі з патрабаваньнем аднавіць Кандрусевіча ў кансэрваторыі. Праз два тыдні яго аднаўляюць. ##Chapter: 5. Кроніка дэмакратычнай апазыцыі Беларусі: 1956-1988 @
Кроніка дэмакратычнай апазыцыі Беларусі: 1956-1988
Сярэдзіна 1950-х - выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту Браніслаў Ржэўскі праводзіць кампанію пісьмовых зваротаў да ўладаў на тэму дыскрымінацыі беларускай мовы. Арганізуе таксама звароты студэнтаў.
1956, 16 студзеня - арыштаваны і асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў беларускім нацыяналізме выкладчык Гарадзенскага пэдінстытуту Браніслаў Ржэўскі.
2 лістапада - заснаваньне ў Гомелі «Партыі свабоды рускага народа». У лютым 1957 яе заснавальнікі (М.Грачуха, Ф.Казлоўскі, А.Яткін, М.Дзехцяроў) былі арыштаваныя і ў далейшым асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўленьня волі.
ЦК КПБ арганізуе разгром «нацыяналістычных поглядаў» М.Ларчанкі. Сігналам гэтага стаўся артыкул Л.Абэцэдарскага і А.Сідарэнкі з абвінавачваньнямі М.Ларчанкі ў ідэйных памылках.
1957, люты - пастанова Савета міністраў БССР «Аб удасканаленьні і частковай зьмене існуючага правапісу», далейшая русіфікацыя беларускай мовы.
Браты Лявон і Міхась Белыя разьвесілі ў Менску ўлёткі ў абарону беларускай мовы (зьмест улётак складаў верш Лявона Белага «Усе народы прагнуць сваёй волі, ўлады, песьні...»). Удзельнікі акцыі былі знойдзеныя і пакараныя.
14 сьнежня - у газэце «Літаратура і Мастацтва» зьявіўся артыкул Барыса Сачанкі «Шанаваць родную мову». Першы выступ у прэсе супраць русіфікацыі.
1958, травень - у часопісе «Маладосць» № 5 апублікавана аповесьць Аляксея Кулакоўскага «Дабрасельцы». У чэрвені 1958 адбылося сумеснае паседжаньне бюро ЦК ЛКСМБ і Прззідыюму ўправы СП БССР, дзе аповесьць асудзілі як памылковы твор, які «паказвае калгасную вёску ў крывым люстры» (ЛіМ, 02.07.1958). А.Кулакоўскі пазбаўлены працы на пасадзе галоўнага рэдактара часопісу «Маладосць».
1959 - выступленьне ў Менску кіраўніка КПСС і савецкай дзяржавы Мікіты Хрушчова з заклікам паскарэньня русіфікацыі. Закрыцьцё многіх пэрыядычных беларускіх выданьняў, зьмяншэньне накладаў беларускіх кніжак, масавае закрыцьцё беларускіх школ, практычнае выцясьненьне беларускай мовы з усіх ВНУ.
пачатак 1960-х - пачатак складваньня «Акадэмічнага асяродку» - апазыцыйных групаў у Акадэміі Навук БССР, якія ўтвараліся паводле прынцыпаў дыскусыйных гурткоў.
1963, 30 студзеня - у Пінску арыштаваны Мікалай Лагодзіч за публічную праваабарончую дзейнасьць (напісаньне і пашырэньне артыкулаў і зваротаў) супраць парушэньня Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. 11.04.1963 асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі строгага рэжыму. Адбываў тэрмін у Мардоўскіх лягерах.
19 сакавіка - «Рэспубліканская нарада актыву творчай інтэлігенцыі», абвінавачаньні ў скажэньні партыйнай лініі пісьменьнікаў і літаратуразнаўцаў А.Кулаўкоўскага, І.Чыгрынава, В.Каваленкі, В.Тараса.
1964, 19 чэрвеня - забіты Вітольд Дзіско - вясковы электрык і мастак-вольнадумца (Пастаўскі раён). Адкрыта выказваўся супраць камунізму, Сталіна, маляваў касьцёлы. Некалькі гадоў жыў пад простым кантролем КГБ, зьмяшчаўся ў псыхушку. Забіты чатырма супрацоўнікамі КГБ.
сярэдзіна 1960-х - «Акадэмічны асяродак» наладжвае сувязі з украінскім нацыянальна-вызвольным рухам (М.Прашковіч, М.Чарняўскі).
другая палова 1960-х - фармаваньне адраджэнскага гуртка навуковай, творчай і студэнцкай моладзі «На Паддашку», які рэгулярна зьбіраўся на паседжаньні ў майстэрні мастака Яўгена Куліка. Вяліся дьскусыі аб шляхах культурнага і палітычнага адраджэньня Беларусі, выпрацоўваліся спосабы дзейнасьці, зьбіраліся самвыдавецкія і забароненыя друкаваныя матэрыялы, вялася работа па выхаваньні моладзі, арганізоўваліся краязнаўчыя экскурсіі, рыхтаваліся мастацкія выставы. «На Паддашку» - адзіная даволі арганізацыйна пастаянная групоўка, якая з канца 60-х і да канца 80-х вяла мэтанакіраваную адраджэнскую працу. (Сярод сяброў групоўкі: Я.Кулік - гаспадар майстэрні і адзін з арганізатараў і актыўнейшых працаўнікоў групоўкі, Л.Баразна, П.Драчоў, В.Ждановіч, мастакі муж і жонка Сьвентахоўскія, У.Крукоўскі, З.Пазьняк, М.Ткачоў, М.Чарняўскі, А.Марачкін, Г.Сакалоў-Кубай, З.Санько, Зьдзіслаў Сыцько, М.Купава і інш.)
1965, жнівень - пасьля апублікаваньня ў часопісе «Маладосць» (№ 7) аповесьці «Мёртвым не баліць» Васіль Быкаў паводле каманды галоўных ідэёлягаў КПСС М.Суслава і М.Зімяніна стаўся аб'ектам афіцыйнай крытыкі, а рэдактар часопісу П.Панчанка неўзабаве быў звольнены з працы. Арганізоўваліся калектыўныя лісты «незадаволеных» быкаўскім адлюстраваньнем вайны; правакатары білі вокны ў доме пісьменьніка. З востраю дыскусыяй вакол Васіля Быкава зьвязаная актывізацыя «Акадэмічнага асяродку».
1966, 22 лютага - апублікаваньне ў газэце «Советская Белоруссия» артыкулу В.Люкевіча і Я.Трашчонка, з якога распачаліся нападкі на беларускіх літаратуразнаўцаў і гісторыкаў за «ідэалізацыю мінулага».
1967 - звольнены з працы ў Ганцавіцкай раённай газэце журналіст і гісторык Анатоль Сідарэвіч за крытыку Леніна і ленінізму.
1968 - Мікола Ермаловіч заканчвае сваю кнігу «Па слядах аднаго міфа», якая на працягу доўгага часу хадзіла па руках самвыдатам, упершыню афіцыйна выйшла толькі ў 1989. У 1970-1980-х самвыдатам распаўсюджваюцца таксама іншыя гістарычныя працы М.Ермаловіча.
Красавік - на аб'яднаным партсходзе творчых саюзаў БССР Фёдар Яфімаў публічна выступіў супраць умяшальніцтва СССР ва ўнутраныя справы краінаў Сярэдняй Эўропы, супраць цэнзуры. За гэта быў выключаны з КПСС, перасьледаваўся - ня мог уладкавацца на працу і жыў у безграшоўі. Пазьней ён выступаў у абарону А.Салжаніцына і Л.Вакулоўскай.
Пратэсты супраць савецкай акупацыі Чэхаславакіі (пісьменьнік Фёдар Яфімаў, гісторык Анатоль Сідарэвіч). Мікалай Якімовіч расклейвае ў Менску ўлёткі. Зьяўляюцца насьценныя надпісы «Праская вясна». Рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў. Адкрыты выступ Міхася Кукабакі супраць акупацыі - у кансуляце ЧССР у Кіеве. Пачатак рэпрэсіяў супраць М.Кукабакі.
Восень - пасьля допытаў супрацоўнікамі КГБ А.Сідарэвіч абвінавачваецца ў нацыяналізме, антысаветызме і «падтрымцы контррэвалюцыі ў замежных краінах» (за пратэсты супраць акупацыі Чэхаславаччыны) і заключаецца на чатыры месяцы ў псыханэўралягічнае аддзяленьне 2-й клінічнай бальніцы Менску.
Літаратар Лідзія Вакулоўская перасьледуецца КГБ і яе творы трапляюць пад цэнзуру, раскручваецца «справа Вакулоўскай». Пісьменьніцу абвінавачваюць у спробах перадаць на Захад свае падпольныя творы, распаўсюджваньні забароненай літаратуры, закліках да тэрору і антысавецкай прапагандзе. Валянцін Тарас быў пазбаўлены працы, 8 год ня мог друкавацца ў Беларусі, стаў невыяздным.
Кастрычнік - актывізацыя незалежнага студэнцкага руху ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Калектыўны пісьмовы зварот студэнтаў філфаку БДУ ў ЦК КПБ з патрабаваньнем выкладаньня на беларускай мове. Зварот расцэнены як нацыяналістычны, а яго ініцыятараў Алеся Разанава і Віктара Яраца выключаюць з унівэрсытэту.
1969, 20 чэрвеня - старшыня КГБ СССР Ю.Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей - члена КПСС Карпюка и Быкова... Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК Компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц».
1970 - Аляксей Карпюк практычна два гады быў беспрацоўным; 04.21.1972 выключаны з КПСС.
Красавік - Міхась Кукабака асуджаны на тры гады за «антысавецкую дзейнасьць», знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні. У 1976 вызвалены, некаторы час жыў у Маскве, потым у Бабруйску. Пісаў нарысы, артыкулы, якія распаўсюджваліся «самвыдатам», эмігранцкім друкам, замежным радыё. З 1978 зноў у зьняволеньні, вызвалены толькі ў 1988. У абарону вязьня неаднаразова ладзіліся маніфэстацыі й пікетаваньні эмігранцкім рухам.
9 красавіка - стыхійны маладзёжны мітынг у Менску, які быў разагнаны міліцыяй і ўнутранымі войскамі.
1971 - заснаваньне і выданьне (да 1974) ў Новаполацку незалежнага рукапіснага літаратурнага часопісу «Блакітны ліхтар». Выдаўцы - В.Мудроў, В.Шлыкаў, А.Рыбікаў, А.Грабаў. Усяго выйшла 15 нумароў. КГБ выкрыў выдаўцоў і спыніў выпуск выданьня; А.Грабаў быў забіты ў войску пры загадкавых абставінах.
Кастрычнік - несанкцыянаваная дэманстрацыя ў Горадні тутэйшых і прыбалтыйскіх хіпі ў падтрымку ідэі свабоды асобы.
1972, лета - моладзевая дэманстрацыя ў Горадні пад лёзунгамі «Свабода слова», «Свабода друку», «Свабода асобе», «Свабоднае каханьне». Бралі ўдзел актывісты нонканфармісцкіх моладзевых рухаў зь Менску, Украіны, Летувы, Латвіі, Расеі. Дэманстрацыя разагнаная з выкарыстаньнем войскаў.
15 жніўня - трагічна загінуў Лявон Баразна. Абставіны ягонага забойства дагэтуль ня высьветленыя, але многае паказвае на дачыненьне КГБ. Лявон Баразна - мастак, мастацтвазнаўца, адзін з нефармальных лідэраў нацыянал-адраджэнскага руху Беларусі. У рознай ступені пад ягоным уплывам выхоўваліся такія дзеячы нацыянальнай культуры і палітыкі як Зянон Пазьняк, Алесь Марачкін, Яўген Кулік, Юры Хадыка ды шмат іншых. Непасрэдна перад забойствам рыхтаваў публічную акцыю пратэсту беларускай інтэлігенцыі супраць разбурэньня Нямігі - гістарычнага раёну Менску.
1973, лета - КГБ распачынае акцыі супраць «Акадэмічнага асяродку»; у верасьні паводле рашэньня П.Машэрава кампанія часова спыненая.
1974 - на гістарычным факультэце БДУ друкуецца (да 1976) самвыдавецкі часопіс «Мілавіца» (асноўныя выдаўцы Ў.Арлоў, Г.Кулажанка, І.Чарняўскі). Выйшла 7 нумароў. Пад ціскам КГБ і камсамольска-кампартыйных органаў выданьне спыніла сваё існаваньне.
Пачатак 1974 - прыезд у Беларусь прадстаўнікоў ЦК КПСС з санкцыяй на рэпрэсіі. «Справа пяцёх» - разгром органамі КГБ «Акадэмічнага асяродку». Справа атрымала сваю назву паводле колькасьці галоўных арганізатараў у тым сцэнары, які абрала КГБ. Пазбаўленыя працы супрацоўнікі Акадэміі Алесь Каўрус, Сьцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Міхась Чарняўскі і супрацоўнік выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя» Валянцін Рабкевіч. Таксама зволены з працы па абвінавачваньні ў нацыяналізме супрацоўнік Інстытута геалёгіі Віктар Лапуць.
Падчас кампаніі перасьледу ў Акадэміі Навук Вячаслаў Зайцаў выходзіць з КПСС.
Зянон Пазьняк пад псэўданімам Генрых Ракутовіч піша аналітычны агляд «Положение в Белоруси. 1974 год», дзе выкрывае рэпрэсыўную палітыку ўладаў у дачыненьні да беларускай інтэлігенцыі. Перадрукі і фотакопіі гэтай працы распаўсюджваліся ў Беларусі і за межамі.
сярэдзіна 1970-х - зьяўленьне ананімнай паэмы «Сказ пра Лысую гару».
1975 - заснаваньне і выданьне (да 1976) у Менску Міколам Ермаловічам падпольнага публіцыстычнага пэрыёдыка «Гутарка: аб усім, што баліць» (машынапіс). Усяго выйшла 38 нумароў.
Пасьмяротная выстава Лявона Баразны - першая спроба апазыцыйных колаў наладзіць мастацкую публічную выставу. Кола мастакоў-арганізатараў імпрэзы (Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін і інш.) стане ініцыятарамі стварэньня суполкі «Пагоня» (1991).
Пазбаўлены працы ў Акадэміі навук Зянон Пазьняк.
Звольнены з працы старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Вячаслаў Зайцаў па абвінавачваньні ў распаўсюджваньні антысавецкіх і ідэалістычных поглядаў.
Беларускі паэт і мэдык Алесь Наўроцкі прымусова зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню.
9 траўня - на мітынгу ў «Яме» (месцы зьнішчэньня падчас другой сусьветнай вайны ў Менску 5.000 жыдоў) выступіў «отказник» Яфім Давідовіч з заклікамі супрацьстаяць антысэмітызму.
1976 - Алесь Наўроцкі, «пратэстуючы супраць прымяненьня псыхіятрыі ў палітычных мэтах», выходзіць з Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. З таго часу ён, за рэдкім выключэньнем, беспрацоўны.
1 студзеня - звольнены з працы, а перад гэтым выключаны з КПСС, журналіст і паэт Сяргей Панізьнік «за связь с националистическими деятелями, пропаганду их в печати и потерю классовой бдительности».
Пачатак дзейнасьці ў Горадні грэка-каталіцкага сьвятара ў падпольлі а. Віктара Данілава, былога вязьня ГУЛАГу.
1977 - «Ліст да расейскага сябры» («Письмо русскому другу») - зварот да расейскае інтэлігенцыі Аляксея Каўкі (беларускага літаратуразнаўцы і публіцысты, які жыве ў Маскве). У лісьце, не адмаўляючыся цалкам ад «марксісцкае пазыцыі», аўтар даказвае права беларусаў на самавызначэньне, на ўласны шлях у гісторыі і, што ў цэнтры ўвагі, - на сваю мову. Ліст распаўсюджваўся ананімна на тэрыторыі СССР. У 1979 выдадзены як дакумэнт беларускага самвыдату ў Лёндане (Letter to a Russian Friend: A «samizdat» publication from Soviet Byelorussia), атрымаў шырокую пагалоску, зачытваўся беларускаю ды ўкраінскаю рэдакцыямі радыё «Свабода», зьмяшчаўся ды цытаваўся ў эмігранцкім беларускім, расейскім, польскім друку.
1978, лета - нарыс М.Кукабакі «Скрадзеная Бацькаўшчына» (пра русіфікацыю Беларусі) зачытваецца на «Нямецкай хвалі», цытуецца і публікуецца ў эміграцыйнай прэсе. М.Кукабаку зноў арыштоўваюць.
23 лістапада - за публічныя эсхаталягічныя выступы органамі КГБ арыштаваны і прымусова зьмяшчаны ў псыхіятрычную лякарню Вячаслаў Зайцаў.
1979 - выданьне (да 1980) падпольнага публіцыстычнага пэрыёдыка «Люстра дзён: Беларуская Талеранцыйная Грамада». Выйшла 4 нумары.
Загадчык катэдры Менскага мэдінстытуту праф. У.Мірончык піша і распаўсюджвае «Сустрэчныя заклікі да ЦК КПСС», у якіх выступае супраць вайны ў Афганістане, за дэмакратызацыю палітычнага жыцьця, супраць закрыцьця беларускіх школ. У.Мірончыка выключаюць з КПСС, звальняюць з працы і зьмяшчаюць у псыхіятрычную лякарню.
У Менску створаная Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня - моладзевае творчае згуртаваньне, сябры якога сталі ініцыятарамі многіх грамадзка-палітычных акцыяў.
25 сьнежня - міліцыя разганяе ў цэнтры Менску Калядную працэсію, якую наладзілі студэнты БДУ і БДТМІ - заснавальнікі БСДМайстроўні.
з канца 1970-х - у Ракуцёўшчыне пад Красным - у мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём Максіма Багдановіча, распачынаюцца штогадовыя рэгулярныя зборы прадстаўнікоў дэмакратычнай інтэлігенцыі Беларусі. Зборы пачынаюць ператварацца ў патрыятычныя маніфэстацыі з выкарыстаньнем забароненай нацыянальнай сымболікі.
пачатак 1980-х - у Наваполацку арганізаванае самвыдавецкае памнажэньне і распаўсюджваньне забароненай патрыятычнай літаратуры, у тым ліку і непадцэнзурных твораў Ларысы Геніюш (А.Арлоў, В.Мудроў).
Сяргей Сокалаў-Воюш распачынае публічныя выступы з праграмамі ўласных песень сацыяльна-патрыятычнага зьместу. Выступам актыўна супрацьдзейнічаюць камсамол і КГБ. Некаторыя сустрэчы з моладзьдзю па розных прычынах наўмысна зрываюцца (напрыклад - 25 кастрычніка 1985 г. у Політэхнічным інстытуце).
1980 - «Тысячагодзьдзе Беларусі». Адзначалася неафіцыйна ў колах нацыянальнай інтэлігэнцыі. Дата палягае на першых летапісных зьвестках пра Полацкага князя Рагвалода ды Тураўскага князя Тура, датаваных 980. Прапанаваў яе як пачатак беларускае дзяржаўнае гісторыі Мікола Ермаловіч. Да юбілею мастаком Яўгенам Куліком падрыхтаваная паштоўка з выяваю «Пагоні», мастакамі Міколам Купавам, Уладзімірам Крукоўскім былі падрыхтаваныя паштоўка і плякат, якія распаўсюджваліся «самвыдатам», а таксама выраблены мэдаль мастачкаю Васюк. Паштоўкі Я.Куліка былі перавыдадзеныя ў Лёндане, атрымалі розгалас, і гісторыка-культурніцкая імпрэза набыла сэнс палітычнай вызвольнай акцыі. Справа дасьледвалася КГБ.
Дзейнасьць у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР сэмінару «Сумоўе» (да 1981). Патранавалі сэмінар прафэсары Юры Хадыка і Ўладзімір Конан. На сэмінары закранаўся шырокі спэктар актуаліяў з крытычным аналізам. На патрабаваньне ЦК КПБ сэмінар быў закрыты.
1981, красавік - Ліст студэнтаў-філёзафаў за акадэмічныя свабоды. Пад лістом падпісалася 80% студэнтаў аддзяленьня філязофіі. Арганізатары - студэнты В.Ламака, В.Залатар, І.Воіцкая, А.Малашчук, П.Свярдлоў. Акцыя была расцэненая кіраўніцтвам факультэту як «бунт філёзафаў». Заведзеная справа ў КГБ. Справа курыравалася непасрэдна ЦК КПБ. Вымушаныя былі сысьці з унівэрсытэту А.Малашчук, І.Воіцкая, В.Залатар. А.Малашчук пасьля беспасьпяховых спробаў аднавіцца ва ўнівэрсытэце публічна скончыў жыцьцё самагубствам: выкінуўся з 6 паверху галоўнага корпусу БДУ.
Сьвяткаваньне ўгодкаў Івана Луцкевіча: кансьпіратыўны сход у майстэрні мастака А.Маркаўца, на якім упершыню сабраліся разам прадстаўнікі розных дэмакратычных асяродкаў і вызначылі агульную стратэгію. Мастацкі асяродак «На Паддашку» арганізуе мастацкую выставу, прысьвечаную І.Луцкевічу. Пазьней адбыліся выставы памяці І.Луцкевіча, В.Ластоўскага, М.Багдановіча, Цёткі. Выставы ладзіліся як патрыятычныя акцыі.
9 траўня - у Менску на мітынг у «Ямы» сабралася нечакана вялікая колькасьць людзей - некалькі тысячаў чалавек. «Отказник» Гарэлік атрымаў слова, але ягоная прамова была непажаданаю для распараджальнікаў мітынгу - былі ўлучаныя гукаўзмацняльнікі, прамова Гарэліка была заглушаная.
1983, вясна - пратэсты грамадзкасьці Менска супраць разбурэньня Дома Ваньковіча.
Пачатак патрыятычных акцый па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863, талокі моладзі Менска і Маладэчна па ўзвядзеньні помніка на магіле паўстанцаў у в. Плябань Маладэчанскага р-ну.
17 сакавіка - у Купалаўскім парку ў Менску ладзіцца Гуканьне Вясны. З гэтага часу сьвяткаваньне робіцца штогадовым і масавым, што давала магчымасьць сумеснага збору патрыятычна настроеных людзей.
Красавік - праз сродкі «чорнай прапаганды» і палітасьветныя камсамольска-камуністычныя структуры актыўна распаўсюджваюцца чуткі пра існаваньне ў Беларусі разгалінаванай арганізацыі беларускіх нацыяналістаў.
10 красавіка - у Зэльве адбываецца пахаваньне паэткі і дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Ларысы Геніюш. Удзельнічалі прадстаўнікі патрыятычных колаў зь Менску, Горадні, Новаполацку, Баранавічаў і іншых мясьцін Беларусі, колішнія палітзьняволеныя, удзельнікі ўзброенага супраціву камуністычнай акупацыі. Савецкія ўлады і КГБ спрабуюць перашкодзіць нармальнаму ходу рытуала пахаваньня.
За спробу надрукаваць у альманаху «Спадчына» забароненую п'есу Я.Купалы «Тутэйшыя» нясуць адміністрацыйныя пакараньні дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» М.Дубянецкі, галоўны рэдактар С.Андраюк, загадчык рэдакцыі В.Палтаран. Набор альманаху рассыпаецца.
Травень - у Менску на сьценах і агароджах зьяўляюцца выявы «Пагоні» і лёзунгі патрыятычнага зьместу.
На базе БСДМайстроўні створанае Таварыства Беларускае Мовы, якое праводзіць шырокі збор заяваў бацькоў з патрабаваньнем беларускае школы. Акцыя спыненая КГБ.
1984, 13 чэрвеня - акцыя БСДМайстроўні ля будынка Менскага гарадзкога тэатру 19 ст. пад лёзунгам «Руйнуецца помнік гісторыі». Удзельнікі (В.Вячорка, І.Сташчанюк і інш.) затрымліваюцца міліцыяй. Далейшае існаваньне «Майстроўні» стала немагчымым.
Восень - у Менску, Горадні, Маладэчне і іншых гарадах Беларусі ладзяцца патрыятычныя вечарыны памяці паэта і пісьменьніка Ў.Караткевіча.
1985 - у Лёндане выходзіць кніга Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс», якой папярэднічае акцыя аўтара па шырокім апытаньні людзей пра становішча беларускай мовы, што на гэты час зьяўляецца закрытай тэмаю. Рукапіс кнігі на Захад праз Юрыя Туронка з Варшавы перадаў Аляксей Каўка.
Дзейнасьць (да 1986) Моладзевага клюбу імя Ў.Караткевіча, які стаў пераемнікам «Майстроўні».
Люты - нелегальная група «Незалежнасьць» правяла нараду ва ўрочышчы Смольня (Стаўбцоўскі р-н), дзе вырашана спрыяць стварэньню моладзевых арганізацыяў грамадзка-культурнага кірунку з пэрспэктывай перарастаньня іх у агульнанацыянальны рух.
7 сакавіка - Віцебскі абласны суд асудзіў паводпе артыкулу «антысавецкая прапаганда і агітацыя» Міхася Кукабаку да пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 гадоў.
Чэрвень - Купальле каля Мікалаеўшчыны пад Стоўбцамі, наладжана БСДМайстроўняй. Сабралося каля ста чалавекаў. Афіцэры КГБ зь Менску праводзяць аблаву і затрыманьне большасьці ўдзельнікаў. Допыты праводзяцца ў РАУС у Стоўбцах. Сяргей Сокалаў-Воюш аштрафаваны і звольнены з працы.
14 жніўня - у Крэўскім замку і на Янавай гары пад Крэвам інтэлігенцыя зь Менску, Маладэчні, Горадні адзначае 600-я ўгодкі Крэўскай вуніі.
Кастрычнік - на будынку Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава два навучэнцы Міхал Мірошнікаў і Юры Макееў (вучэльня-інтэрнат імя Ахрэмчыка) вывесілі нацыянальныя беларускія сьцягі, сарваўшы сьцягі СССР. КГБ вяло сьледзтва цэлы месяц, падчас якога былі заведзеныя справы на 6 чалавек. У.Макееў быў вымушаны спыніць вучобу.
Лістапад-сьнежань - першыя зборы менскай «Талакі».
1986, 12 сакавіка - заснаваньне ў Горадні клюбу «Паходня» - нацыянал-дэмакратычнага й асьветніцкага асяродку.
Красавік - у сувязі з публікацыяй у Лёндане кнігі Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс» распачынаюцца перасьледы ў Інстытуце філязофіі і права АН БССР; кіраўніцтва Інстытуту атрымлівае спагнаньні, Алег Бембель праз тры месяцы быў пазбаўлены працы. Уладзімір Конан вымушаны сысьці з пасады загадчыка Сэктару эстэтыкі і сацыяльнай псыхалёгіі, а сам сэктар расфарміроўваецца.
Вясна - у Віцебску ствараецца патрыятычна-асьветніцкая арганізацыя «Ўзгор'е».
Вясна - у Гомелі заснаваная «Талака» - патрыятычна-асьветная арганізацыя.
20 траўня - Гуканьне Вясны - адзначэньне фальклёрнага сьвята на Траецкім прадмесьці ў Менску, якое ладзілі навучэнцы школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка пры ўдзеле навучэнцаў Мастацкай вучэльні. На моладзь напалі вэтэраны афганскай вайны, нацкаваныя камсамолам і КГБ.
29 траўня - заснаваньне клюбу перакладчыкаў «Бабілён». Клюб стаў тым незалежным інтэлектуальным асяродкам, дзе абмяркоўваліся надзённыя гуманітарныя праблемы Беларусі.
10 верасьня Маскоўскі гарсуд асудзіў паводле артыкулу «антысавецкая агітацыя і прапаганда» протадыякана Ўладзіміра Русака, аўтара кнігі «Свидетельство обвинения» пра злачынствы супраць праваслаўнай царквы.
Сьнежань - заснаваньне «Тутэйшых» - незалежнага аб'яднаньня маладых літаратараў.
1987 - у Менску надрукаваны другі нумар падпольнага часопісу «Бурачок». Увесь тыраж нумару арыштаваны КГБ.
Студзень - у Менску створаны дыскусыйны клюб «Современник» (кіраўнік П.Крывіцкі). Зь цягам часу паседжаньні клюбу сталі настолькі папулярнымі, што зьбіралі ў залі кінатэатру «Вільня» да 1,5 тыс. чалавек. Увосень 1988 камуністычныя ўлады арганізавалі ў афіцыйнай прэсе кампанію шальмаваньня клюбу. У 1989 улады пазбавілі «Современник» памяшканьня. Многія актывісты былі пазбаўленыя працы. У нетрах «Современника» нарадзілася таксама група сацыял-дэмакратычнай накіраванасьці «Альтэрнатыва».
29 красавіка - 3 траўня - беларуска-латыскае экалягічнае воднае ралі пратэсту супраць будаўніцтва Дзьвінскай ГЭС «Дзьвіна-Daugava-87».
1 лістапада - адзначэньне Дзядоў у Купалаўскім парку Менску. Упершыню сярод такой шырокай аўдыторыі заяўлена пра генацыд з боку таталітарнага рэжыму.
26-27 сьнежня - I Вальны Сойм Беларускіх Суполак у Палачанцы пад Ракавам вызначыў курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэньне Беларусі, удзел у гэтым працэсе моладзевых суполак.
1988 - выданьне (да 1989) у Менску пэрыёдыка «Кантроль: Бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Выдаўцы - Алесь Бяляцкі й Сяргей Дубавец. Выйшла 2 нумары.
20 сакавіка - мітынг у Менску ў абарону гістарычнага Верхняга гораду, супраць будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга» на месцы Менскага замчышча.
Травень - экалягічная экспэдыцыя «Прыпяць-88» супраць утойваньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
3 чэрвеня - у «ЛіМе» апублікаваны артыкул З.Пазьняка і Я.Шмыгалёва «Курапаты - дарога сьмерці». З боку афіцыёзных сродкаў масавае інфармацыі арганізоўваецца актыўнае супрацьдзеяньне высьвятленьню праўды пра рэпрэсіі. Пачатак ушанаваньня ў Беларусі мясьцінаў растрэлаў палітвязьняў.
19 чэрвеня - мітынг у Курапатах.
4 ліпеня - у Вільні створаны клюб «Сябрына». Гэта, у тым ліку, дало магчымасьці праводзіць незалежныя беларускія акцыі ў Вільні.
Жнівень - публічнае ўзьняцьцё «Талакою» пытаньня пра вяртаньне гістарычна-нацыянальнай сымболікі.
20-21 жніўня - нарада ў Менску прадстаўнікоў беларускіх суполак, падрыхтоўка II Вальнага Сойму. Усе ўдзельнікі былі затрыманыя міліцыяй.
19 кастрычніка. У Менску ўтвораныя Беларускае Грамадзкае Гісторыка-Асьветніцкае Таварыства Памяці Ахвяраў Сталінізму «Мартыралёг Беларусі» і Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Групы падтрымкі БНФ узьнікаюць па ўсёй краіне.
30 кастрычніка - Менск. Шматтысячны мітынг-рэквіем памяці продкаў «Дзяды» разагнаны аддзеламі міліцыі і ўнутранніх войскаў, узброеных дубінкамі, сьлезацечным газам і вадамётнай тэхнікай.
Лістапад - зьяўленьне першага нумару «Студэнцкай думкі» - друкаванага органу найперш суполкі «Сьвітанак», пазьней Згуртаваньня Беларускіх Студэнтаў і Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў.
Восень - будынак Інстытуту гісторыі АН БССР, дзе працуюць актыўныя ўдзельнікі «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ, бярэцца пад міліцэйскую ахову (працягваецца да пачатку 1989). Міліцыянты неаднаразова ўрываюцца ў кабінеты супрацоўнікаў, робяць спробы прагляду асабістых рэчаў.
14-15 студзеня - II Вальны Сойм Беларускіх Суполак у Вільні.
Пасьля адзначэньня восеньскіх Дзядоў у 1988, і разгону мітынгу грамадзкія працэсы ў Беларусі актывізаваліся, што праявілася ў зьмене колькасных паказчыкаў дынамікі грамадзкіх зьяваў і колькасьці саміх зьяваў. Акцыі беларускай апазыцыі рабіліся публічнымі, рэальна ўплывалі на сытуацыю ў краіне. Гэта быў ужо этап палітычнай апазыцыі. Найгалоўнейшыя вынікі гэтых працэсаў - зараджэньне незалежнага ад дзяржавы публічнага беларускага грамадзтва і здабыцьцё Беларусьсю незалежнасьці ў 1991.
Сярод падзеяў у пэрыяд з 1989 па 1991 варта назваць першы легальны мітынг у лютым 1989 г.; стварэньне незалежнага прафсаюзнага руху (Свабодныя прафсаюзы); Чарнобыльскі шлях 30.09.1989; Асамблея народаў Чарнобыльскі шлях 25-26.11.1989; мітынг у лютым 1990; утварэньне Беларускага дэмакратычнага блёку ў 1990; Дзень Волі-90; утварэньне Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (02-03.03.1991); страйкі ў красавіку 1991; супраціў путчу ў жніўні 1991. Гэты пэрыяд адзначаны зьяўленьнем сталых незалежных выданьняў, найбольш значныя зь іх - «Навіны Беларускага Народнага Фронту», «Свабода», «Наша Ніва».
Паводле якасных характарыстыкаў гэта быў ужо новы пэрыяд у гісторыі дэмакратычнага руху Беларусі.
У стварэньні Кронікі бралі ўдзел: Вацлаў Арэшка, Ігар Бабкоў, Міхал Баразна, Алег Дзярновіч, Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Міхась Чарняўскі