##ShortTitle: Геаграфія Беларусі ##LongTitle: Геаграфія Беларусі ##FrontpageTitle: Геаграфія Беларусі ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##TitleNote: частка ##InRandom: true ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Геаграфія Беларусі. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. ISBN 5-85700-056-4

Разьдзелы:
Прырода
 Геалогія  

 Карысныя выкапні  

 Рэльеф і прыродныя раёны  

 Клімат  

 Паверхневыя воды  

 Глебы  

 Расліннае покрыва  

 Жывёльны свет  (артыкул)

 Ахова прыроды і рэкрэацыя  

Гаспадарка
 Насельніцтва  

 Эканоміка  

 Прамысловасць  

 Сельская і лясная гаспадарка  

 Транспарт і шляхі зносін  

 Прыродна-гаспадарчае раянаванне  (артыкул)

 Вобласці і гарады  


Больш за 750 артыкулаў даведніка прысвечаны пытанням фізічнай і эканамічнай геаграфіі нашай краіны...

Рэдакцыйная калегія
М.Курловіч, Я.Малашэвіч, С.Самуэль, Б.Сачанка, С.Сідор, І.Хаўратовіч...

Над кнігай працавалі
Рэдакцыя геаграфіі і геафізікі: загадчык рэдакцыі М.Курловіч; навуковыя рэдактары І.Афнагель, В.Вераценнікава, С.Крукава, Я.Цупа, Я.Якубоўскі.
Рэдакцыя навуковага і літаратурнага кантролю: загадчык рэдакцыі С.Самуэль; навуковыя рэдактары Т.Бутэвіч, М.Маўзон.
Мапы падрыхтавалі: навуковы рэдактар Г.Шыкунова, рэдактар В.Надзененка.

Спіс аўтараў артыкулаў
Прырода. ...


Да чытача

...



Прадмова

...



Літаратура

...



##HTMLDescription_END ##Chapter: 18. Жывёльны свет @

Жывёльны свет

Як і ў іншых рэгіёнах Зямлі, жывёльны свет Беларусі фарміраваўся ў цеснай сувязі з геалагічнай гісторыяй тэрыторыі, зменьваўся пад непасрэдным уплывам змен клімату, рэльефу, расліннасці. У сучаснай фауне краіны больш за 400 відаў пазваночных і некалькі дзесяткаў тысяч беспазваночных жывёл. Аснову жывёльнага свету складаюць шырока распаўсюджаныя ў Паўночным паўшар'і віды: звычайны вожык, крот, ліс, воўк, звычайная вавёрка, шэрая курапатка, цецярук, шызы голуб, звычайная зязюля, порсткая яшчарка, шэрая рапуха, жабы і інш. З прадстаўнікоў паўднёвай стэпавай фауны ў краіне жывуць: заяц-русак, звычайны хамяк, рабы суслік, малая буразубка, чубаты жаваранак, балотная чарапаха, сцерлядзь і інш. Вялікі ўплыў на склад фауны робіць дзейнасць чалавека. У 17-19 стагоддзях у выніку палявання на тэрыторыі Беларусі вынішчаны еўрапейскі тур, тарпаны (дзікія коні), высакародныя алені, собаль, расамаха, дзікі кот. За апошнія 100-150 гадоў зніклі ружовы пелікан, вялікі баклан, турпан, коўпіца, стрэпет, бялуга, рускі асетр, сёмга, кумжа, сіг, корушка, выразуб. Пад пагрозай гнездаванне лапландскай няясыці, беркута, арлана-белахвоста, аўдоткі, толькі ў Белавежскай пушчы захаваўся зубр.

Найлепш даследаваны млекакормячыя, птушкі, земнаводныя, паўзуны, рыбы, менш насякомыя, прасцейшыя, чэрві, малюскі, рака- і павукападобныя. Пазваночныя насяляюць самыя розныя тэрыторыі Беларусі і групуюцца ў прыродныя комплексы: лясоў, адкрытых ландшафтаў (палёў і лугоў), узбярэжжаў і вадаёмаў, балот, паселішчаў. Фауна самых пашыраных у Беларусі хваёвых лясоў, асабліва лішайнікавых і верасовых, аднастайная таму, што ў іх мала корму для жывёл і няма падлеску - укрыцця ад ворагаў. Тут нярэдка селіцца ліс, барсук, лясная рыжая палёўка, звычайная буразубка, вавёрка; на ўзлесках і ў зрэджаных барах трапляюцца заяц-русак, крот. У хвойніках, якія мяжуюць з балотамі, бываюць казуля, лось, зрэдку дзік. У мяшаных хваёвых лясах селіцца рыжая вячэрніца, двухкаляровы кажан, паўночны кажанок. У чарнічных і арляковых барах кормяцца вывадкі глушцоў і цецерукоў, каля вадаёмаў гняздуецца шэрая чапля. Часта трапляюцца ў хваёвых лясах дзятлы, сойка, пішчуха, пеначкі, шэрая мухалоўка. Небагатая ў барах фауна паўзуноў і земнаводных: на высечках, парослых маладымі хвойнікамі, жыве порсткая яшчарка, на ўзлесках і палянах - вераценніца ломкая і жывародная яшчарка, у сырых зацененых мясцінах - вуж і гадзюка, шэрая рапуха, травяная і вастрамордая жабы. Жывёльны свет яловых лясоў у параўнанні з фаунай хвойнікаў значна багацейшы. У ельніках больш корму, лепшыя мікракліматычныя і ахоўныя ўмовы. Тут трапляюцца крот, буразубкі, часам лясная рыжая палёўка, лясная і жаўтагорлая мышы, ёсць лясная куніца, на ўзвышаных і сухіх месцах - ліс і барсук. Зімой ельнікаў трымаецца заяц-бяляк, мясцін з густым падлескам - лось, дзік, у пошуках корму заходзіць воўк. Багатае птушынае насельніцтва: пашыраны крыжадзюб-яловік, рабчык, чорны дзяцел, вераб'іныя, у маладых ельніках - сойкі, трапляюцца мухалоўкі, сініцы, пеначкі, дразды, берасцянка. Водзяцца жывародная яшчарка, вуж і гадзюка, ломкая, травяная і вастрамордая жабы, часам шэрая рапуха і вераценніца. Багаты жывёльны свет шыракалістых і мяшаных лясоў, дзе спрыяльныя для жывёл умовы - шмат'ярусная расліннасць і вялікая колькасць корму. Тут больш лятучых мышэй, мышападобных грызуноў, соняў. На забалочаных мясцінах, палянах, каля лясных вадаёмаў жывуць казуля, высакародны алень, лось, дзік, тхор, лясная куніца. У лісцевых лясах трапляюцца барсук, воўк, янотападобны сабака, у глухіх кутках на поўначы - зрэдку буры мядзведзь. У Белавежскай пушчы жыве зубр. У алешніках жывуць куніца, гарнастай, ласка, янотападобны сабака, воўк, рысь. Разнастайныя ў шыракалістых і мяшаных лясах птушкі: пеначкі, сініцы, івалга, зелянушка, зязюля, шчыгол, цецярук, канаплянка, салавей, на поўдні - дубанос, дрозд-рабіннік, дзяраба, чорны дрозд. З драпежнікаў ёсць ястраб-цецяроўнік, перапёлачнік, канюк, чорны каршун. Значна больш, чым у іншых тыпах лясоў, земнаводных і паўзуноў. Спецыфічны жывёльны свет адкрытых ландшафтаў. Тыповы насельнік палёў - заяц-русак. У хмызняках часам жывуць ліс, гарнастай, ласка, на лугах - крот, з птушак - перапёлка, палявы жаваранак, шэрая курапатка, жоўтая сітаўка, лугавы чакан, драч, мышаловы. На палях кормяцца вераб'і, галубы, шпакі, гракі, вароны. Пашыраны порсткая яшчарка, жабы, рапухі. На балотах са звяроў водзяцца ласка, чорны тхор, на лясных балотах часам лось і казуля. Больш грызуноў - палёўкі, мыш-малютка, шмат земнаводных. З птушак трапляюцца белая курапатка (на поўначы), шэры журавель, балотная сава, цецярук і глушэц. На ўзбярэжжах вадаёмаў асабліва шмат птушак: кулікі, чайкі, качкі, чаплі, бугаі, у хмызняках - вераб'іныя. З млекакормячых каля вадаёмаў жывуць бабёр, андатра, норкі, выдра, вадзяны пацук. Ёсць земнаводныя. У рэках, азёрах, вадасховішчах пашыраны шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карасі, гусцяра, пячкур, краснапёрка, ялец. Каля жылля з пазваночных жывёл найбольш птушак: вераб'і, ластаўкі, шпакі, галубы, сарокі, сініцы, вароны. З млекакормячых водзяцца мышы, пацукі, крот. У пабудовах селяцца лятучыя мышы, совы, зрэдку чорны тхор, ласка. Пушныя звяры, розныя віды дзічыны - аб'ект паляўнічага промыслу (гл. Паляўніча-прамысловыя жывёлы). Буйная галіна эканомікі - жывёлагадоўля (гл. Свойскія жывёлы). Многія віды жывёл ахоўваюцца (гл. Ахоўныя жывёлы), завозяцца ў краіну для рассялення з іншых месцаў (гл. Акліматызацыя жывёл). Абмяжоўваецца колькасць жывёл, шкодных чалавеку і яго гаспадарцы (гл. Шкоднікі лесу і сельскай гаспадаркі). @

Акліматызацыя жывёл, працэс прыстасавання жывёл да новых прыродна-кліматычных умоў існавання. Аб'ектамі свядомай або выпадковай акліматызацыі ва ўсім свеце былі каля 200 відаў млекакормячых, некалькі соцень відаў птушак і насякомых, дзесяткі відаў земнаводных і паўзуноў, вялікая колькасць рыб і іншых жывёл. У Беларусі акліматызацыя вядзецца з канца 1920-х гадоў. Яна накіравана на рэканструкцыю і ўзбагачэнне фауны новымі гаспадарча-карыснымі відамі жывёл. За гэты час у краіну завезена 9 відаў млекакормячых, 2 птушак, каля 10 відаў рыб. У лясы, вадаёмы і іншыя ўгоддзі з мэтай акліматызацыі выпускаліся андатра, янот-паласкун, янотападобны сабака, алень высакародны, хахуля, норка амерыканская, курапатка барадатая, фазан, сяголеткі і лічынкі амурскага сазана, сярэбранага карася, пелядзі, чудскага сіга і іншых каштоўных рыб. У прыродзе акліматызацыя можа адбывацца і адвольна, без жадання чалавека, напрыклад, рассяленне каларадскага бульбянога жука. Калі жывёлы акліматызуюцца ў месцах, дзе яны былі пашыраны ў мінулым, гавораць аб рэакліматызацыі. @

Амфібіі, гл. Земнаводныя. @

Ахоўныя жывёлы, віды дзікіх жывёл, што выміраюць, знікаюць, рэдкія або колькасць якіх скарачаецца. Таму адстрэл, адлоў такіх жывёл або прычыненне ім шкоды непасрэдна ці праз парушэнне месцаў іх пражывання забаронены. Усе жывёлы, якім пагражае знікненне, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх 14 відаў млекакормячых: барсук, гіганцкая і малая вячэрніцы, зубр, паўночны кажанок, мядзведзь буры, вялікая, Натэрэра і сажалкавая начніцы, палятуха звычайная, рысь, арэшнікавая і садовая соні, шыракавушка еўрапейская; 75 відаў птушак: аляпка, арлан-белахвост, арол-карлік, аўдотка, беркут, блакітніца белая, вялікі і малы бугаі, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, гогаль, дзербнік, трохпальцы і зялёны дзятлы, журавель шэры, змеяед, зімародак, каршун чырвоны, крахаль вялікі, крачка малая, кулік-сарока, кулоны вялікі і сярэдні, курапатка белая, лебедзь-шыпун, мышалоў стэпавы, марадунка, барадатая і даўгахвостая няясыці, малая і шэрашчокая паганкі, падворлік вялікі, прасянка, пугач, пустальга, рэмез, сапсан, саракуш шэры, сіпуха, скапа, сявец залацісты, уюрок, ціркушка стэпавая, малая і серабрыстая чайкі, вялікая белая і рыжая чаплі, шулёнак, паганка чырванашыяя, кваква, казарка чырвонаваллёвая, шылахвостка, белавокі нырэц, крахаль даўгадзюбы, сплюшка, сычык вераб'іны, сіваграк, шчурка залацістая, касманогі і дамавы сычы, варакушка, цвыркун салаўіны, саракуш чарналобы, чарацянка вяртлявая, свіязь, падворлік малы, сокал-каршачок, уліт вялікі, чорнаваллёвік, аўсянка садовая, сава балотная, пагоніч малы, паручайнік, гаршнеп, зуёк вялікі; 2 віды паўзуноў: чарапаха балотная, мядзянка; 1 від амфібій: рапуха чаротная; 5 відаў рыб: вусач, сцерлядзь, сырць, стронга ручаёвая, харыус звычайны; 75 відаў насякомых, у тым ліку 6 відаў чмялёў, 3 мурашак, 3 чырванацелаў, 8 жужаляў, 3 стужкі ордэнскія, 2 стафілін, 2 бронзаўкі, 2 лістаедаў, 3 бражнікаў, 4 мядзведзіц, 2 сенніцы, 2 аксамітніц, 5 блакітніц; 1 від малюскаў: жамчужніца звычайная; 5 відаў ракападобных: бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы. Да ахоўных жывёл Беларусі належаць таксама тыя паляўніча-прамысловыя жывёлы і каштоўныя віды, здабыча якіх забаронена паляўнічым заканадаўствам краіны: алень высакародны, бабёр, глушэц, ласка, лебедзь-клікун, тарпан, янот-паласкун, усе віды лятучых мышэй, сакаліных, соў, дзятлаў, птушак пеўчых і дзённых драпежных, акрамя ястрабаў цецяроўніка і перапёлачніка, чаротавага мышалова. Для падтрымання і памнажэння колькасці ахоўных жывёл устанаўліваюцца пэўныя ўмовы іх здабычы ў навуковых і іншых мэтах, ствараюцца запаведнікі, заказнікі, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі. @

Звяры, гл. Млекакормячыя. @

Земнаводныя (амфібіі), клас пазваночных жывёл. Пашыраны амаль ва ўсім свеце за выключэннем Арктыкі, Антарктыкі і шэрагу акіянічных астравоў, асабліва шмат іх у трапічных лясах. Вядуць пераважна наземна-водны спосаб жыцця. У сусветнай фауне больш за 2300 відаў, у Беларусі 12 відаў з атрадаў бясхвостых і хвастатых земнаводных. Найбольш пашыраны і шматлікія ў Беларусі травяная, вастрамордая, сажалкавая і азёрная жабы, шэрая і зялёная рапухі, грабеньчаты і звычайны трытоны, радзей трапляюцца часночніца, жарлянка чырванабрухая, толькі на захадзе і поўдні адзначана квакша звычайная (жыве пераважна на дрэвах). У Чырвоную кнігу СССР і Чырвоную кнігу Беларусі занесена чаротная рапуха, якая спарадычна сустракаецца на захад ад лініі Лепель - Бабруйск. Земнаводныя карысныя: знішчаюць шкоднікаў сельскагаспадарчых раслін і лесу, насякомых-крывасмокаў (камароў, мух, сляпнёў, аваднёў), іх лічынкі кормяцца пераважна водарасцямі і тым самым удзельнічаюць у ачыстцы вадаёмаў. Дарослыя земнаводныя і іх лічынкі - пажыва для рыб (шчупака, сома, ментуза, вугра еўрапейскага), млекакормячых (норкі, выдры, тхара, ліса, барсука) і птушак (жураўлёў, буслоў, падворлікаў і іншых). Выкарыстоўваюцца для навуковых эксперыментаў і вучэбных мэт. @

Млекакормячыя (звяры), клас найбольш высокаарганізаваных пазваночных жывёл. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. Маюць высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком (адсюль назва), адносна пастаянную тэмпературу цела. У сусветнай фауне налічваецца каля 4,5 тыс. сучасных і каля 3 тыс. выкапнёвых відаў. У Беларусі ў дзікай фауне адзначаны 73 віды. Яны насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля, некаторым з іх уласцівы падземны (крот) або паўводны (андатра, бабёр) спосаб жыцця, рукакрылыя прыстасаваліся да актыўнага працяглага лёту. Жывуць паасобку (ліс, барсук, янот, рысь), невялікімі статкамі (аленевыя, дзік) або калоніямі (лятучыя мышы, рабы суслік). Актыўныя пераважна на змярканні і ноччу. Некаторыя зімой у спячцы (рабы суслік, вожык, соні). Сярод млекакормячых Беларусі шмат каштоўных паляўніча-прамысловых жывёл. У дачыненні да 14 відаў звяроў ажыццяўляюцца спецыяльныя меры аховы. Яны занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя жывёлы). Некаторыя млекакормячыя шкодзяць сельскай, лясной і паляўнічай гаспадарцы. Ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (грызуны). Кормяцца млекакормячыя раслінамі (высакародны алень, казуля, лось, зубр, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка) ці жывымі істотамі (воўк, ліс звычайны, рысь, ласка, гарнастай, тхор, норкі і іншыя). У многіх млекакормячых (вожык, янотападобны сабака, янот-паласкун, буры мядзведзь) корм мяшаны. Самыя маленькія звяры ў Беларусі - мышы-малюткі (маса каля 5 г), з найбольшых - зубр (маса да 1000 кг). Самае працяглае жыццё ў зубра і бурага мядзведзя - 30-50 гадоў, 2 гады і меней жывуць мышападобныя грызуны. Тэмпы размнажэння найбольшыя ў дамавой мышы, у звычайнай палёўкі - да 6-8 прыплодаў за год. Штогод і радзей даюць патомства буры мядзведзь, зубр, лятучыя мышы, драпежныя звяры. Найбольшая плоднасць у андатры, дзіка, гарнастая, невялікіх грызуноў, якія жывуць у норах (да 10 дзіцянят і болей), аднаго-дваіх дзіцянят нараджаюць капытныя, лятучыя мышы. @

Насякомыя, клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Жывуць усюды. Самая шматлікая група жывёл на Зямлі. Вядома каля 1 (паводле іншых даных 1,5) млн. відаў. На тэрыторыі Беларусі адзначана каля 30 тыс. відаў насякомых з 26 атрадаў, у тым ліку 400 відаў даўганосікаў і трубкакрутаў, 350 клапоў, 315 совак, 200 ліставёртак, 200 тлей, 200 пядзенікаў, 140 агнёвак, 120 дзённых матылёў, 101 камароў, мошак, макрацоў і сляпнёў, больш за 50 відаў стракоз, 30 чмялёў. Насякомыя выконваюць пэўную ролю ў біялагічным кругавароце рэчываў. Частка з іх з'яўляецца паразітамі чалавека, пераносчыкамі ўзбуджальнікаў хвароб (камары, сляпні, вошы, блохі, мухі), шкоднікамі сельскагаспадарчых культур (каларадскі жук, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, азімая соўка, соўка-гама, паласаты шчаўкун, канюшынны насенняед, балотная даўганожка, бураковая і шведская мухі, капусныя тля і бялянка). Шкодзяць садам яблыневая і слівавая пладажэркі, медзяніцы, яблыневы кветкаед, вішнёвы слізісты пільшчык, лясам - хваёвыя пільшчыкі, хваёвы шаўкапрад, зімовы пядзенік і інш. Значная колькасць насякомых удзельнічае ў апыленні раслін лугоў і садоў. Асабліва карысная пчала меданосная, якая не толькі апыляе расліны, але і дае каштоўныя харчовыя і лекавыя прадукты. Насякомыя і іх лічынкі ўдзельнічаюць у працэсах глебаўтварэння, імі кормяцца птушкі, рыбы, некаторыя млекакормячыя. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі выкарыстоўваюць аграхімічныя, хімічныя і біялагічныя метады. Прыкладамі біялагічнага метаду з'яўляюцца выкарыстанне ў барацьбе з палявымі і садовымі шкоднікамі яйцаеда-трыхаграмы, рассяленне для барацьбы са шкоднікамі лесу рыжых лясных мурашак. Большасць відаў насякомых жывуць на паверхні зямлі, многія ў глебе, вадаёмах, некаторыя трапляюцца вясной на талым снезе (лядоўнікі). Сярод насякомых у Беларусі ёсць вельмі малыя, даўжыня цела якіх менш за 0,25 мм (наезнікі-яйцаеды), і вялікія, даўжынёй 3-7 см (вусачы, жук-алень). Пасля зімовага спакою некаторыя віды (яблыневы кветкаед, малінава-сунічны даўганосік) пачынаюць актыўнае жыццё пры тэмпературы паветра 6-8°C. За сезон насякомыя даюць ад 1 (яблыневая моль, кольчаты шаўкапрад, гарохавая соўка, земляныя блошкі) да 10-15 пакаленняў (некаторыя віды тлей). Выкарыстанне мінеральных угнаенняў, гербіцыдаў у сельскай гаспадарцы наносіць вялікія страты насякомым-апыляльнікам. Колькасць многіх з іх паменшылася. А гэта ўплывае на ўраджайнасць садоў, грэчкі і іншых культур. Віды насякомых, якім пагражае знікненне, узяты пад ахову, напрыклад у Чырвоную кнігу Беларусі занесены 6 відаў чмялёў, 8 жужаляў, 4 мядзведзіц - усяго 75 відаў насякомых Беларусі. @

Паляўніча-прамысловыя жывёлы, віды жывёл, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных ці прамысловых мэтах. У Беларусі налічваецца больш за 20 відаў такіх жывёл; сярод іх вылучаюць групы асноўных (лось, дзік, зайцы, куніца, вавёрка, крот, ліс, бабёр, янотападобны сабака, чорны тхор) і дадатковых (еўрапейская і амерыканская норкі, андатра, воўк, гарнастай, ласка). З часам асноўныя віды могуць стаць дадатковымі (у выніку зніжэння колькасці) або забароненымі да палявання ці зусім ахоўнымі (напрыклад зубр, барсук) і наадварот. Да паляўніча-прамысловых жывёл належыць таксама шмат птушак (крыжанкі, чыркі, кулікі, цецерукі, рабчыкі, перапёлкі, фазаны), якія з'яўляюцца масавымі аб'ектамі спартыўнага палявання. Тыя птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу, называюцца дзічынай. Дзічына дае таксама пух, пер'е, шкуры, рогі. Другой групай паляўніча-прамысловых жывёл з'яўляюцца пушныя звяры, іх шкуркі выкарыстоўваюць на футравыя вырабы. Пры паляванні неабходна ўлічваць патрабаванні заканадаўства аб тэрмінах, спосабах і абмежаваннях пры здабычы дзікіх жывёл. @

Паўзуны (рэптыліі), клас пазваночных жывёл. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя палярных абласцей. Большасць відаў жыве ў тропіках і субтропіках. У сусветнай фауне больш за 6,5 тыс. відаў, з іх у Беларусі 7 відаў. Найбольш пашыраны жывародная і порсткая яшчаркі, вуж, звычайная гадзюка (адзіная ядавітая змяя ў Беларусі), ломкая вераценніца. Мядзянка (трапляецца зрэдку) і балотная чарапаха (жыве на поўдні і захадзе краіны ў меліярацыйных каналах, азёрах і рэках) як рэдкія віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Усе паўзуны прыносяць карысць: знішчаюць мышападобных грызуноў, шкодных насякомых, з'яўляюцца пажывай для млекакормячых і птушак, яд гадзюкі выкарыстоўваецца ў медыцыне. @

Птушкі, клас пазваночных жывёл, прыстасаваных для палёту (некаторыя з іх страцілі гэту здольнасць), у якіх размнажэнне звязана з адкладкай яец у вапнавых абалонках. Пашыраны ўсюды. У сусветнай фауне вядома каля 8,6 тыс. відаў. У Беларусі адзначана 290 відаў. З іх 224 гняздуюцца на тэрыторыі краіны, 24 толькі пралятаюць у час сезонных пералётаў, 30 рэгулярна залятаюць і 4 віды прылятаюць зімаваць. 75 рэдкіх і знікаючых відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя жывёлы). Птушкі актыўныя пераважна днём, асобныя - ноччу. Корм разнастайны: у гусе-, кура- і голубападобных пераважае раслінны; у сокала- і совападобных - жывёльны; у іншых - мяшаны. Амаль усе птушкі Беларусі кормяць птушанят жывёльнай ежай. Большасць птушак карысныя, маюць гаспадарчае значэнне. Сініцы, пішчухі, попаўзні, валасянкі, чарацянкі, саракушы, мухалоўкі і іншыя насякомаедныя птушкі знішчаюць шкоднікаў садоў, сельскагаспадарчых і лясных культур; драпежныя птушкі і совы - мышападобных грызуноў. Качкі, цецярук, рабчык і іншыя паляўнічыя птушкі - аб'екты палявання. Маса птушак ад 6-7 г у жоўтагаловага каралька да 10 кг і болей у лебедзя-шыпуна. Звычайна ў красавіку - ліпені птушкі будуюць гнёзды і выводзяць птушанят. Нясуць яны ад 1 (арол-змеяед) да 25 (курапатка шэрая) яец, найчасцей - 4-6. Большасць гняздуецца 1 раз за год, некаторыя двойчы (сітаўка, конікі, жаваранкі) або тройчы (верабей дамавы, голуб шызы). Мясцовыя пералётныя птушкі зімуюць у краінах Заходняй Еўропы, Міжземнамор'я і Паўночнай Афрыкі. У апошнія гады некаторыя пералётныя птушкі застаюцца зімаваць на тэрыторыі Беларусі: у населеных пунктах - гракі, дразды, часам шпакі; на незамерзлых рэках і азёрах - крыжанкі, чыркі. @

Рыбы, першаснаводныя пазваночныя жывёлы, якія пастаянна жывуць у вадзе. Вядома каля 25 тыс. відаў, з іх сучасных больш за 20 тыс., пашыраных у марскіх і прэсных водах зямнога шара. На тэрыторыі Беларусі адзначана 58 відаў, з іх 46 відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. З відаў, якія пастаянна жывуць у вадаёмах краіны, для рэк басейна Дняпра і рэк басейна Балтыйскага мора агульныя 29 відаў. Гэта найбольш пашыраныя рыбы: шчупак, плотка, язь, краснапёрка, лінь, укляя, гусцяра, лешч, звычайны карась, акунь, джгір. Такія віды, як сялява, харыус, сняток, вугор, жывуць у басейне Балтыйскага мора; сцерлядзь, белавочка, сінец, бычок-пясочнік, джгір-насар, чахонь, гальян азёрны - у басейне Дняпра. Маса рыб у Беларусі ад некалькіх грамаў (аўсянка, колюшкі) да 200 кг (сом). Нерастуюць рыбы вясной (большасць відаў), некаторыя ў асенне-зімовы перыяд (мянтуз, стронга, сігі, рапушка), а некаторыя да 3-4 разоў у вясенне-летні перыяд (галавень, краснапёрка, лінь, пячкур і іншыя). Вугор не нерастуе ў прэсных водах, ва ўзросце 8-10 гадоў ён накіроўваецца для нерасту ў Саргасава мора на захадзе Атлантычнага акіяна. Рыбы здаўна з'яўляюцца аб'ектам прамысловай і спартыўнай рыбнай лоўлі, карысным харчовым прадуктам. На тэрыторыі Беларусі прамысловую лоўлю рыбы вядуць азёрна-таварныя рыбныя гаспадаркі, дзейнічаюць сажалкавыя рыбныя гаспадаркі. Разам са здабычай рыбныя гаспадаркі займаюцца штучным зарыбленнем вадаёмаў каштоўнымі відамі (сазан, карп, белы амур, таўсталобікі, пелядзь). У азёры запушчаны мільёны лічынак вугра, малькоў сярэбранага карася, сігавых. Для захавання рыбных запасаў устаноўлена абмежаванне памераў рыб, якіх дазваляецца лавіць, тэрмінаў, метадаў і месцаў іх лоўлі, праводзяцца мерапрыемствы па ахове вадаёмаў і месцаў нерасту ад забруджвання. У Чырвоную кнігу Беларусі занесена 5 відаў знікаючых рыб (гл. Ахоўныя жывёлы). У Беларусі развіваецца таксама акварыумнае рыбаводства - гадоўля і развядзенне акварыумных рыб (каля 30-40 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, характэрны рыбкі невялікіх памераў, прыгожай афарбоўкі). @

Рэптыліі, гл. Паўзуны. @

Свойскія жывёлы, жывёлы, якія прыручаны чалавекам і разводзяцца ў штучных умовах пераважна для гаспадарчых, а таксама для пазнавальных, навуковых мэт і іншых патрэб. У Беларусі гэта буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі, коні, трусы, куры, качкі, гусі, індыкі, а таксама сабакі і каты. Да ўмоўна адамашненых жывёл адносяць пчол меданосных, акварыумных рыб, некаторых дэкаратыўных птушак (канарэйкі, папугаі). Ад свойскіх жывёл адрозніваюць віды жывёл, працэс прыручэння якіх яшчэ не завершаны (лось, некаторыя віды аленяў, фазан, многія лабараторныя жывёлы - белыя мышы і пацукі, хамякі, марскія свінкі). Большасць свойскіх жывёл - млекакормячыя і птушкі. Прыручалі іх у першую чаргу для атрымання эканамічнай выгады, яны з'яўляюцца асноўнымі аб'ектамі жывёлагадоўлі. @

Шкоднікі лесу і сельскай гаспадаркі, жывёлы, якія шкодзяць лясным насаджэнням або культурным раслінам і могуць выклікаць іх гібель. Большасць шкоднікаў належыць да класа насякомых, ёсць таксама кляшчы і пазваночныя жывёлы. Найбольш небяспечныя шкоднікі лесу ў Беларусі: шаўкапрады, пільшчыкі, залатагузка, ліставёрткі, тлі (пашкоджваюць ігліцу і лісце); хваёвыя парасткаўюны і выемчатакрылая моль (пупышкі і парасткі); хрушчы, лічынкі майскіх жукоў і шчаўкуноў (карані); караеды, вусачы, златкі (кару і драўніну); агнёўкі, галіцы, даўганосікі (плады і насенне). Сярод шкоднікаў сельскай гаспадаркі ёсць мнагаедныя, якія кормяцца раслінамі розных сямействаў (саранча, шчаўкуны, азімая соўка, лугавы матылёк); абмежаванаедныя - раслінамі аднаго сямейства (гесенская муха, збожжавы жук кузька, гарохавая пладажэрка, каларадскі жук); аднаедныя - раслінамі аднаго віду (філаксера, гарохавы зерняед). У Беларусі найбольш пашыраныя і небяспечныя шкоднікі жыта, пшаніцы, ячменю і аўса - шведская муха, цыкадкі, трыпсы, тлі. Усходам цукровых буракоў шкодзяць бураковая блыха, мерцвяед матавы, іх лісцю - лічынкі бураковай мініруючай мухі і бураковая тля. Пасевам бульбы значныя страты прычыняюць каларадскі жук і яго лічынкі, бульбяная нематода. Усходам лёну шкодзяць пераважна віды льняных блошак. Многія кляшчы кормяцца збожжам і прадуктамі яго перапрацоўкі. Злакавым і бабовым культурам, бульбе, буракам, капусце, моркве шкодзяць палявыя слізнякі. Сярод грызуноў найбольш небяспечныя вадзяны пацук, палёўка, палявая мыш. Для барацьбы са шкоднікамі праводзяць агратэхнічныя і лесакультурныя мерапрыемствы, прымаюць хімічныя, біялагічныя і комплексныя меры. Неабходна выкарыстоўваць правільныя севазвароты, угнаенні, сартавое кандыцыйнае насенне; пажадана ўжываць прыродных ворагаў саміх шкоднікаў, спецыяльныя пасткі, лавіць шкоднікаў на святло і прынады, праводзіць знішчэнне яец насякомых і дарослых шкоднікаў пры дапамозе ядаў, спецыфічных для кожнай групы, стэрылізацыю насякомых і кляшчоў гамавыпрамяненнямі, хімічнымі прэпаратамі і інш. ##Chapter: 26. Прыродна-гаспадарчае раянаванне @

Прыродна-гаспадарчае раянаванне

У прыродна-гаспадарчым раянаванні тэрыторыя разглядаецца як сістэма ўзаемадзейных у яе межах прыродных, вытворчых і сацыяльных аб'ектаў і працэсаў, улічваюцца таксама адрозненні ў ступені гаспадарчай асвоенасці тэрыторыі. У розных частках Беларусі існуюць пэўныя асаблівасці рэльефу, клімату, глеб, расліннасці. Хоць наглядаюцца некаторыя адрозненні паміж усходам і захадам краіны, яны больш праяўляюцца ў напрамку з поўначы на поўдзень. З імі звязаны некаторыя асаблівасці рассялення і гаспадарчай дзейнасці насельніцтва, адрозненні ў ступені асвоенасці тэрыторыі. Так, марэнны рэльеф, вялікая колькасць азёр, параўнальна высокая лясістасць на поўначы Беларусі абумовілі драбнаконтурнасць сельскагаспадарчых угоддзяў і перавагу невялікіх населеных пунктаў. З пашырэннем сугліністых глеб, халаднаватым дажджлівым летам звязана развіццё льнаводства. Цэнтральная частка Беларусі вызначаецца ўзвышаным рэльефам, разнастайным глебавым покрывам, меншай лясістасцю і забалочанасцю, высокай шчыльнасцю насельніцтва, найбольшай асвоенасцю ў прамысловых, транспартных і сельскагаспадарчых адносінах. Плоскі рэльеф, высокая забалочанасць (каля палавіны балот асушана) і лясістасць абумовілі ўзровень гаспадарчай асвоенасці паўднёвай часткі Беларусі. Там сканцэнтравана здабыча калійных солей (мае ўсесаюзнае значэнне), будаўнічага каменю, нафты. Своеасаблівы характар на поўдні мае сельскае рассяленне - населеныя пункты тут больш буйныя, размешчаны яны па тэрыторыі даволі рэдка. Усё гэта дало падставы для вылучэння ў межах Беларусі трох прыродна-гаспадарчых раёнаў: Паўночнай Беларусі, Цэнтральнай Беларусі, Паўднёвай Беларусі. @

Паўднёвая Беларусь, прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Прыпяці, Сажа, Буга, сярэдняга цячэння Дняпра, які ўключае большыя часткі Берасцейскай (за выключэннем Камянецкага, Пружанскага, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў) і Гомельскай (за выключэннем Рагачоўскага і Кармянскага раёнаў) абласцей, Салігорскі, Любанскі і Старадарожскі раёны Менскай, Глускі раён Магілеўскай абласцей. Плошча 67,2 тыс. км2.

Пераважае аднастайны плоскі рэльеф. Большую частку раёна займае Палеская нізіна (на ўсходзе Прыдняпроўская нізіна), таму Паўднёвую Беларусь нярэдка называюць Беларускім Палессем. Клімат у параўнанні з Паўночнай і Цэнтральнай Беларуссю найбольш цёплы і сухі. Ападкаў 520-620 мм за год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 190-210 сутак. Найбольш пашыраны супясчаныя, пясчаныя і тарфяна-балотныя глебы. Ёсць буйныя радовішчы калійнай солі (Салігорскае і Петрыкаўскае), каменнай солі (Давыдаўскае і Мазырскае), будаўнічага каменю (Мікашэвіцкае), радовішчы легкаплаўкіх і тугаплаўкіх глін, будаўнічых і кварцавых пяскоў, нафты, торфу. Раён характарызуецца значнай забалочанасцю, высокай лясістасцю, асабліва ў цэнтральнай частцы. Пераважаюць мяшаныя лясы, сустракаюцца дубровы. Вялікія плошчы забалочаных пераўвільготненых зямель меліяраваны. У межах гэтага раёна знаходзіцца Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Сельскае рассяленне вызначаецца рэдкай сеткай параўнальна буйных вёсак. У раёне адзначаецца меншая міграцыя сельскіх жыхароў у гарады, чым у іншых частках краіны. Па прамысловай, сельскагаспадарчай, транспартнай асвоенасці тэрыторыі раён апошні ў краіне. У ім ніжэй паказчыкі шчыльнасці сельскага насельніцтва, асноўных вытворчых фондаў, разаранасці тэрыторыі, густаце сеткі аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. Забруджанне тэрыторыі радыенуклідамі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС рэзка паменшыла магчымасці выкарыстання значнай часткі тэрыторыі. Пераселены жыхары многіх населеных пунктаў, размешчаных на паўднёвым усходзе гэтага прыродна-гаспадарчага раёна, частка забруджанай тэрыторыі цалкам выключана з гаспадарчага выкарыстання.

Галоўныя прамыслова-транспартныя і прамысловыя вузлы раёна - Гомель, Берасце, Пінск, Мазыр, Жлобін, Светлагорск, Лунінец, Кобрын. У іх працуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай, металаапрацоўчай, нафтаперапрацоўчай, хімічнай, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай, лёгкай і харчовай прамысловасці. Толькі ў гэтым раёне вядзецца здабыча калійных солей (Салігорск), кухоннай солі (Мазыр), нафты (Рэчыца), створана пераробная металургія і вытворчасць штучнага футра (Жлобін). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі, вырошчванні бульбы і агародніны. Са збожжавых культур вырошчваюць азімае жыта, ячмень, азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку. На захадзе вырошчваюць цукровыя буракі, ёсць невялікія пасевы льну-даўгунцу. Праз увесь раён праходзіць адна з галоўных водных транспартных артэрый краіны - р. Прыпяць і Дняпроўска-Бугскі канал. @

Паўночная Беларусь, прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Заходняй Дзвіны, верхняга Дняпра і прытока Нёмана-Віліі, які ахоплівае ўсю Віцебскую вобласць, Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі раёны Гарадзенскай, Мядзельскі і Вілейскі раёны Менскай абласцей. Плошча 50,3 тыс. км2.

Пераважае нізінны рэльеф: большую частку займаюць Полацкая і Нарачана-Вілейская нізіны. Яны з усіх бакоў акаймаваны ўзвышшамі Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім на ўсходзе і паўднёвым усходзе, Браслаўскай градой, Свянцянскімі градамі і Ашмянскім узвышшам на захадзе і паўднёвым захадзе. У рэльефе выразна адзначаюцца сляды старажытнага зледзянення. З ім звязана вялікая колькасць азёр, сярод якіх самыя буйныя па плошчы азёры краіны Нарач, Асвейскае, Дрывяты, Лукомскае. З-за мноства азёр Паўночную Беларусь называюць Беларускім Паазер'ем. Пераважаюць сугліністыя і супясчаныя глебы. Клімат у параўнанні з астатняй часткай краіны больш халодны і вільготны. Ападкаў 600-650 мм за год. Працягласць вегетацыйнага перыяду складае 180-188 сутак, што на 15-20 сутак менш, чым у Паўднёвай Беларусі. З карысных выкапняў найбольшае значэнне маюць паклады даламіту ў даліне Заходняй Дзвіны каля пасёлкаў Руба і Вярхоўе, якія распрацоўваюцца вытворчым аб'яднаннем "Даламіт". Галоўныя лясныя масівы знаходзяцца на Полацкай нізіне. Пераважаюць хваёвыя лясы. У межах Паўночнай Беларусі знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік. Рэльефам, высокай лясістасцю, вялікай колькасцю азёр абумоўлена драбнаконтурнасць сельскагаспадарчых угоддзяў. На палях шмат валуноў, што ўскладняе механізацыю сельскагаспадарчых работ. Сельскагаспадарчая асвоенасць тэрыторыі ніжэй, чым у Цэнтральнай Беларусі, але вышэй, чым у Паўднёвай. Шчыльнасць сельскага насельніцтва ніжэй сярэдняй для краіны. Пераважаюць вёскі з невялікай колькасцю жыхароў.

Галоўнымі прамыслова-транспартнымі вузламі з'яўляюцца Віцебскі, Аршанскі і Полацкі. У іх дзейнічаюць прадпрыемствы машынабудавання, лёгкай, харчовай, нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці. У Новалукомлі знаходзяцца буйнейшая электрастанцыя Беларусі - Лукомская ДРЭС. Значнымі прамысловымі цэнтрамі з'яўляюцца таксама гарады Лепель, Паставы, Глыбокае, Вілейка, Смаргонь. У іх развіта харчовая прамысловасць, машынабудаванне і металаапрацоўка, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў. Паўночная Беларусь - галоўны льнаводчы раён краіны з высокай канцэнтрацыяй пасеваў ільну-даўгунцу ва ўсіх адміністрацыйных раёнах. Тут знаходзяцца 23 з 58 льнозаводаў краіны і адзіны льнокамбінат (Ворша). Пад бульбу адводзяцца меншыя плошчы ў параўнанні з Цэнтральнай і Паўднёвай Беларуссю. Са збожжавых больш сеюць ячмень, азімае жыта і авёс. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы, маляўнічыя ландшафты шырока выкарыстоўваюцца для арганізацыі адпачынку і лячэння. На берагах Нарачы і суседніх азёр размешчана курортная зона нацыянальнага значэння з санаторыямі, дамамі адпачынку, турысцкімі базамі. @

Цэнтральная Беларусь, прыродна-гаспадарчы раён, які займае шырокую паласу яе тэрыторыі ад дзяржаўнай граніцы з Польшчай да граніцы з Расіяй і ахоплівае большую частку Гарадзенскай і Менскай абласцей (за выключэннем раёнаў, аднесеных да Паўночнай і Паўднёвай Беларусі), Магілёўскую вобласць (за выключэннем Глускага раёна), Камянецкі, Пружанскі, Баранавіцкі і Ляхавіцкі раёны Берасцейскай, Рагачоўскі і Кармянскі раёны Гомельскай абласцей. Плошча 90,1 тыс. км2.

Цэнтральная Беларусь - найбольш узвышаная частка краіны. З захаду на ўсход тут распасціраюцца ўзвышшы Беларускай грады - Ваўкавыскае, Наваградскае, Менскае, а таксама Цэнтральнабярэзінская і Аршанска-Магілёўская раўніны. На Менскім узвышшы знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі - гара Дзяржынская (346 м над узроўнем мора). Выцягнутасць у шыротным напрамку, разнастайнасць форм рэльефу абумовілі значныя адрозненні ў колькасці атмасферных ападкаў, цеплавым рэжыме, глебавым покрыве. Пераважаюць супясчаныя глебы, часцей, чым у іншых частках краіны, сустракаюцца дзярнова-карбанатныя, супясчаныя і сугліністыя глебы на лёсападобных пародах. Лясістасць і забалочанасць тэрыторыі меншыя, чым у іншых раёнах. Аднак і тут сустракаюцца вялікія лясныя масівы, сярод якіх Белавежская і Налібоцкая пушчы. У раёне ёсць радовішчы сілікатных і будаўнічых пяскоў, глін, мелу, мергелю.

У гаспадарчых адносінах гэты раён найбольш асвоены ў Беларусі. Ён апярэджвае Паўночную і Паўднёвую Беларусь па ўзроўні прамысловай, сельскагаспадарчай і транспартнай асвоенасці. Тут найбольшыя паказчыкі шчыльнасці насельніцтва, разаранасці тэрыторыі, гушчыні сеткі аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. На перасячэнні важных чыгуначных і аўтамабільных магістралей размешчаны самы магутны і складаны ў краіне Менскі гаспадарчы вузел, на долю якога прыпадае 1/4 прамысловай прадукцыі Беларусі. У ім сталічныя функцыі Менска спалучаюцца з прамысловымі і транспартнымі функцыямі буйнейшага навуковага і культурнага цэнтра. Вакол Менска сфарміравалася вялікая зона яго непасрэднага гаспадарчага ўплыву. Яна густа заселена, характарызуецца высокім узроўнем гаспадарчай асвоенасці тэрыторыі. Буйнымі прамыслова-транспартнымі вузламі з'яўляюцца Горадня, Баранавічы, Магілеў, Бабруйск. У іх развіты хімічная, машынабудаўнічая, лёгкая, харчовая, дрэваапрацоўчая прамысловасць. Выпускаюцца азотныя ўгнаенні, хімічныя валокны, аўтаматычныя лініі, электрарухавікі, пасажырскія ліфты, аўтамабілі, шарсцяныя, баваўняныя і шаўковыя тканіны і іншая прадукцыя. У Ваўкавыску і Крычаве працуюць цэментныя заводы. Важнейшымі прамысловымі цэнтрамі з'яўляюцца Ліда, Слонім, Слуцак, Асіповічы (машынабудаванне, хімічная, харчовая, тэкстыльная, цэлюлозна-папяровая прамысловасць). Шматгаліновая сельскагаспадарчая вытворчасць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. Пашыраны пасевы збожжавых культур: жыта, ячменю, азімай і яравой пшаніцы, аўса, грэчкі. На захадзе раёна сеюць цукровыя буракі, на ўсходзе - лён-даўгунец. У прыгарадных зонах сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні ранняй бульбы і агародніны. Крайні ўсход раёна таксама пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.