##ShortTitle: Чалавек і грамадства
##LongTitle: Чалавек і грамадства. Даведнік
##FrontpageTitle: Чалавек і грамадства
##ExpandArticle: true
##Type: enc
##HTMLDescription_BEGIN
Створана на падставе:
Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7
Разьдзелы:
Тэрміны і паняцці
Біяграфіі
Даведнік уключае каля 500 артыкулаў па самых розных галінах ведаў аб чалавеку, яго псіхалогіі і маралі, пытаннях сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця грамадства. У ім змешчаны кароткія нарысы пра жыццё і творчую дзейнасць найбольш вядомых мысліцеляў свету, прадстаўнікоў філасофскай і грамадскай думкі Беларусі. Актуальныя праблемы сучаснага грамадскага развіцця раскрываюцца ў цеснай сувязі з задачамі навучання і выхавання падрастаючага пакалення, рэфармавання ўсіх сфер жыцця беларускага грамадства.
Кніга адрасавана навучэнцам і настаўнікам школ, прафесійна-тэхнічных навучальняў, спецыяльных сярэдніх навучальных устаноў, усім, хто цікавіцца пытаннямі развіцця асобы, грамадства і сучаснай цывілізацыі.
##HTMLDescription_END
##Chapter: 1. Тэрміны і паняцці
@
Абавязак, усё тое, што чалавек павінен выконваць у адпаведнасці з грамадскімі і маральнымі патрабаваннямі. Вынікае з юрыдычнага або маральнага абавязацельства паводле дзяржаўнага закону, дагавору, пагаднення, дамоўленасці, грамадскага меркавання або ўласнага сумлення чалавека. Абавязак чалавека прадугледжвае ўдзел у той сферы чалавечай жыццядзейнасці, да якой яны адносяцца (грамадскія, працоўныя, сямейныя і г.д.). Толькі выкананне ўсімі людзьмі ўскладзеных на іх агульнапрынятых абавязкаў стварае магчымасць ўзгодненага дзеяння ўсіх звенняў грамадскага арганізма, падтрымання грамадскай дысцыпліны. І, наадварот, ігнараванне сваіх абавязкаў вядзе да падрыву дысцыпліны, парушэння законаў, патурання злу і беспакаранасці, узаемнага недаверу паміж людзьмі. Таму абавязак кожнага асобнага чалавека заключаецца не толькі ў тым, каб быць законапаслухмяным і самому выконваць маральныя патрабаванні, але і садзейнічаць строгаму іх выкананню іншымі людзьмі. У рэальным жыцці розныя абавязкі, асабліва маральнага плану, часам могуць не стасавацца і нават супярэчыць адзін аднаму, ставячы чалавека перад выбарам сістэмы каштоўнасцей ці спосабаў іх рэалізацыі і неабходнасцю самавызначэння. Для разумення маральнага абавязку істотным з'яўляецца пытанне пра тое, хто правамоцны вызначыць яго змест. Адказнасць чалавека перад сваім сумленнем у выніку выяўляе яго адказнасць перад грамадствам, таму грамадская думка цалкам правамоцная меркаваць пра тое, наколькі правільна канкрэтны чалавек разумее свае абавязкі.
@Абарона Бацькаўшчыны, абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Беларусі, замацаваны ў яе Канстытуцыі. Наша дзяржава адвяргае войны або выкарыстанне ваеннай сілы як непрымальныя сродкі дасягнення палітычных і эканамічных мэт, прызнае неабходным захаванне міру ў адносінах паміж дзяржавамі і народамі, іх роўную бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць. Аддаючы прыярытэт палітычнаму дыялогу, Беларусь прызнае за сабой права выкарыстоўваць усе эканамічныя, дыпламатычныя і ваенныя магчымасці для рэалізацыі ваеннай палітыкі, накіраванай на прадухіленне і спыненне агрэсіі. Для сваёй абароны Беларусь мае ўзброеныя сілы, а таксама пагранічныя, унутраныя войскі і часці грамадзянскай абароны. Абарона Бацькаўшчыны адносіцца да найважнейшых функцый дзяржавы і з'яўляецца справай усяго народа.
У Беларусі ўстаноўлены ўсеагульны воінскі абавязак і ваенная служба. Грамадзяне краіны выконваюць усеагульны воінскі абавязак незалежна ад паходжання, сацыяльнага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, мовы, роду і характару заняткаў, палітычных і іншых перакананняў, адносін да рэлігіі. На тэрміновую ваенную службу ў мірны час прызываюцца грамадзяне краіны ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Пры абвяшчэнні мабілізацыі і наступных прызываў у ваенны час на ваенную службу могуць быць прызваны ваеннаабавязаныя і прызыўнікі ва ўзросце ад 18 гадоў да ўстаноўленага законам гранічнага ўзросту знаходжання ў запасе.
Гісторыя Беларусі багатая на падзеі, звязаныя з абаронай Айчыны. Шмат слаўных і гераічных старонак упісалі ў яе сыны Беларусі, якія ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчых войнах і паўстаннях, у барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў у гады Другой сусветнай вайны і іншых падзей, звязаных з абаронай Бацькаўшчыны. Іх самаадданае служэнне Радзіме з'яўляецца яскравым прыкладам для моладзі, узорам добрасумленнага выканання свяшчэннага і пачэснага абавязку кожнага грамадзяніна Беларусі.
@Абарыгены (лац. aborigines ад aborigene - ад пачатку). Паводле старажытнарымскага падання, абарыгенамі называлі самае старажытнае племя, якое жыло каля падножжа Апенінскіх гор. Ад назвы гэтага племя абарыгенамі сталі называць увогуле старажытнае насельніцтва, карэнных жыхароў якой-небудзь мясцовасці (у процівагу перасяленцам). Напрыклад, славяне - абарыгены Ўсходняй Эўропы. Этнагенез беларусаў праходзіў на той тэрыторыі, дзе яны жывуць і цяпер, іх таксама можна лічыць абарыгенамі гэтай тэрыторыі. Назва абарыгены адпавядае старажытнагрэчаскаму тэрміну «аўтахтоны».
@Абрады, сукупнасць замацаваных звычаямі ўмоўных дзеянняў, што сімвалічна паказваюць адносіны людзей да прыроды, паміж сабой, іх паводзіны ў важных жыццёвых сітуацыях; састаўная частка традыцыйнай бытавой культуры народа. Зарадзіліся ў першабытным грамадстве, калі людзі імкнуліся заклінаннямі і іншымі спосабамі ўздзейнічаць на незразумелыя ім з'явы прыроды. Былі звязаны з гаспадарчай дзейнасцю, бытавымі ўмовамі, грамадскімі адносінамі. Падзяляліся на каляндарна-вытворчыя (земляробчыя, паляўнічыя, жывёлагадоўчыя, рыбалоўныя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзінныя, пахавальныя), грамадскія і рэлігійныя. Маюць у сабе элементы песеннага, харэаграфічнага, драматычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Большасць беларускіх абрадаў узнікла на агульнай славянскай глебе. Многія з іх звязаны з культам продкаў (Дзяды, Радаўніца, Асяніны, Бабы), грамадскімі і сямейна-бытавымі адносінамі (вяселле, радзіны, хаўтуры), гаспадарчай дзейнасцю (зажынкі, дажынкі, талака). Глыбока старажытная абраднасць ляжыць у аснове свят Купалля і купальскай ночы, Каляд і калядавання, Масленіцы, шчодравання, валачобніцтва, гукання вясны і інш. Асаблівасць беларускіх абрадаў - перапляценне ў іх аграрна-бытавых, язычніцкіх (паганскіх) і хрысціянскіх элементаў. Яны звычайна суправаджаюцца музыкай, песнямі, танцамі, карагодамі, пераапрананнямі. Каляндарныя абрады, звязаныя з працоўным годам земляроба, узніклі ў першабытным грамадстве ў перыяд развіцця земляробства і прыстасаваны да пэўных яго перыядаў. Яны падзяляліся на зімовыя, звязаныя са святкаваннем Каляд, Масленіцы, Грамніц; вясновыя - з гуканнем вясны, першым выхадам у поле; летнія - са святкаваннем Купалля, зажынак, дажынак; восеньскія - са святкаваннем Спаса, Багача, Пакроваў. Многія элементы абрадаў страцілі ранейшае значэнне, ператварыліся ў сімвалы, традыцыйныя святкаванні.
@Абсалютнае і адноснае. Чалавек сутыкаецца з гэтымі паняццямі практычна ў любой галіне ведаў. Абсалютныя і адносныя велічыні ў прыродазнаўстве, абсалютная і адносная храналогія ў археалогіі, абсалютныя і адносныя правы ў юрыспрудэнцыі даўно сталі спецыяльнымі навуковымі тэрмінамі. Устойлівымі ў нашай мове сталі такія словазлучэнні, як «абсалютная (адносная) большасць», «абсалютная (адносная) перавага» і інш. Справа ў тым, што ў самых розных з'явах рэчаіснасці прысутнічаюць такія рысы, уласцівасці, прыкметы, якія характарызуюцца як нешта адноснае, г.зн. залежнае, зменлівае, абумоўленае нечым, або абсалютнае, г.зн. незалежнае, пастаяннае, безумоўнае. Увесь свет можна разглядаць як бясконцае мноства адносных рэчаў, здарэнняў, працэсаў, з'яў, якія разам утвараюць адзіную, невычарпальную, г.зн. абсалютную, аб'ектыўную рэальнасць. У гэтым кантэксце паняцці абсалютнага і адноснага набываюць філасофскае значэнне, становяцца філасофскімі катэгорыямі, якія адлюстроўваюць самыя агульныя (характэрныя ўсяму, што існуе ў рэчаіснасці) уласцівасці быцця і свядомасці. Акрамя прыродных характарыстык катэгорыямі абсалютнага і адноснага ў філасофіі сталі надаваць духоўны змест (дасканаласці, дабра, мудрасці). У сярэднія вякі гэтым катэгорыям надалі яшчэ і рэлігійны сэнс (абсалютнае трактавалася як божае, а адноснае - як створанае). У выніку гэтага ў некаторых філасофскіх канцэпцыях паняцце «абсалют» атаясамліваецца з паняццем Бог.
@Абстрактнае і канкрэтнае. Калі мы бачым аўтамабіль, то ўспрымаем яго як цэлае, што складаецца з формы, колеру, руху, гуку і г.д. Але гэта наша ўяўленне пра аб'ект ёсць толькі пачуццёвы вобраз, які не дае нам дэталёвых ведаў пра аўтамабіль, яно - абстрактнае паняцце. Для таго, каб аўтамабіль вырабляць, эксплуатаваць і абслугоўваць, неабходны тэарэтычныя веды ў галіне фізікі, матэматыкі, механікі, тэхналогіі вытворчасці, тэхнікі кіравання і вялікае мноства практычных ведаў. Сукупнасць усіх гэтых ведаў дазваляе мысленна стварыць цэласны канкрэтны вобраз пэўнага аб'екта (напрыклад, аўтамабіля), які дазваляе практычна авалодаць усёй разнастайнасцю яго рэальных уласцівасцей. Метад стварэння абстрактнага вобраза аб'екта называецца абстракцыяй. Абстрактнымі з'яўляюцца, напрыклад, такія паняцці, як праца, кошт, аб'ём, тэмпература і інш. Метадам абстракцыі фармуюцца ўсе паняцці, якія існуюць у свеце. Абстрактныя паняцці з'яўляюцца лагічнымі катэгорыямі і па гэтай прычыне выкарыстоўваюцца ў разважаннях, формулах, законах, пры пабудове розных тыпаў мадэлей і інш. Метад абстракцыі - гэта ўніверсальны метад пазнання, лагічная аснова разумення з'яў прыроды і грамадскага жыцця. Паняцце канкрэтнага адлюстроўвае факт існавання прадметаў і з'яў як адзінства разнастайных бакоў, уласцівасцей і адносін. Паняцце абстрактнага адлюстроўвае адносную самастойнасць гэтых «частак», розныя іх адносіны да сутнасці аб'екта і задач суб'екта.
@Агітацыя (ад лац. agitatio - прывядзенне ў рух), вусная і друкаваная дзейнасць, якая мае на мэце палітычнае ўздзеянне на грамадскую і індывідуальную свядомасць праз распаўсюджванне розных ідэй, поглядаў, лозунгаў, перакананняў, а таксама прыцягненне людзей да актыўнай сацыяльна-палітычнай дзейнасці. Для агітацыі могуць актыўна выкарыстоўвацца сродкі масавай інфармацыі, мітынгі, сходы, дэманстрацыі і інш.
@Аграрнае пытанне. Зыходнай матэрыяльнай асновай дабрабыту людзей з'яўляецца зямля (на грэчаскай мове agros), таму што яна - галоўны сродак вытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Ад эфектыўнасці зямлі залежыць стан харчовай праблемы і ў многім - сыравіннай базы прамысловасці, таму цэлы комплекс сацыяльна-эканамічных праблем абумоўлены формай уласнасці на зямлю і характарам аграрнай палітыкі. Яны і складаюць аграрнае пытанне, якое ўключае аграрныя адносіны, аграрную палітыку, аграрныя крызісы, аграрныя рэформы, а таксама вырашэнне харчовай праблемы і сацыяльных запатрабаванняў сялянства.
Цэнтральнае месца ў аграрным пытанні займае форма ўласнасці на зямлю. З часоў сярэднявечча яна падзяляла людзей на заможных землеўладальнікаў (памешчыкаў), малазямельных і беззямельных сялян. Пры карыстанні зямлёй яны ўступалі ў пэўныя вытворчыя адносіны: сяляне павінны былі адпрацоўваць на памешчыцкіх палетках павіннасці, арэндаваць у іх зямлю ці наймацца ў парабкі. У сувязі з умовамі арганізацыі вытворчасці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманых даходаў пэўныя адносіны складваліся паміж дзяржавай і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, асобнымі землеўладальнікамі. Гэта і ёсць аграрныя адносіны. Яны ўзаемазвязаны з аграрнай палітыкай - стратэгіяй і тактыкай дзяржавы ў адносінах да сялянства. Гэта палітыка, як правіла, адпавядала інтарэсам пануючых класаў і замацоўвала сацыяльную няроўнасць ў землеўладанні і землекарыстанні, што спараджала антаганізмы, масавую незадаволенасць і выступленні сялян за справядлівае вырашэнне аграрнага пытання. У выніку праводзіліся зямельныя рэформы, якія хоць і ўносілі змены ў сістэму землеўладання і землекарыстання, але не вырашалі аграрнага пытання.
У Беларусі нават пасля адмены прыгоннага права (1861) характар аграрных адносін быў абумоўлены захаваннем манаполіі прыватнай уласнасці на зямлю. У 1905 тут было 119 буйных латыфундый больш як па 10 тыс. дзесяцін кожная, а на кожную з 576,2 тыс. сялянскіх гаспадарак у 1917 прыпадала ў сярэднім па 8,9 дзесяціны зямлі. За гэтай сярэдняй лічбай - вялікая колькасць беззямельных гаспадарак. Аграрная палітыка дзяржавы, у тым ліку і яе аграрныя рэформы, ажыццяўлялася ў інтарэсах памешчыкаў, з мэтай захавання т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, хоць сяляне выступалі за «амерыканскі» шлях - ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феадальных перажыткаў. Савецкая ўлада пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 нацыяналізавала зямлю і перадала бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам значныя плошчы канфіскаваных памешчыцкіх, царкоўных і казённых зямель. У 1920-я г. з ажыццяўленнем новай эканамічнай палітыкі характар аграрных адносін вызначаўся фармаваннем і развіццём сялянскай дробнатаварнай вытворчасці. Але аграрнае пытанне зноў абвастрылася ў сувязі з калектывізацыяй - добраахвотна-прымусовым аб'яднаннем сялянскіх гаспадарак у калектыўныя. З дапамогай дзяржавы за час калектыўнага гаспадарання многа зроблена для павышэння эфектыўнасці аграрнага сектара, яго сацыяльнага развіцця. Аднак у гэтым мы істотна адстаём ад развітых краін. Адсюль неабходнасць новых аграрных рэформаў, сутнасць якіх у перабудове аграрнага сектара на шматукладнай рыначнай аснове. Некаторыя калгасы і саўгасы ператвараюцца ў асацыяцыі, аграфірмы, з тым, каб кожнага сябра калектыву зрабіць уласнікам сродкаў вытворчасці і вынікаў працы. Дазволена стварэнне сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, для вядзення якіх можна ўзяць у арэнду ці набыць ва ўласнасць зямлю, неабходную тэхніку, наймаць работнікаў. Але за свабодную куплю і продаж зямлі выказалася ўсяго 15,3% прыняўшых удзел у рэферэндуме 24 лістапада 1996.
@Адаптацыя сацыяльная. На працягу жыцця чалавек пастаянна павінен прыстасоўвацца да ўмоў жыцця. Такі працэс узаемадзеяння індывіда (групы, суполкі) з сацыяльным асяроддзем называюць адаптацыяй. Паступова выпрацоўваюцца і актуалізуюцца такія якасці, што забяспечваюць выжыванне. Адначасова чалавек актыўна ўздзейнічае на новыя ўмовы і абставіны, кантралюе і рэгулюе іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры пэўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (змена работы і інш.). У псіхалагічных і сацыяльных адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў). Адаптацыйны сіндром, які ўзнікае пры гэтым, уяўляе сабой сукупнасць асноўных рэакцый і ў сваім развіцці праходзіць стадыі трывогі, супраціўляльнасці, аднаўлення. Адаптацыя сацыяльная цесна звязана з асваеннем і прыняццем індывідам нормаў і каштоўнасцей таго грамадства, да якога ён належыць, утвараючы адзіны працэс сацыялізацыі.
@Адзінота. Чалавек не можа жыць без кантактаў з іншымі людзьмі. Праз сацыяльныя сувязі ў яго выпрацоўваецца адчуванне ўласнай годнасці, развіваецца самасвядомасць, фармуюцца асновы самасцвярджэння і самаарганізацыі. У шэрагу выпадкаў кантакты, зносіны і адносіны паміж людзьмі могуць быць парушаны. Узнікае стан адзіноты. Адзінота - гэта сацыяльна-псіхалагічны стан ізаляцыі чалавека ад іншых людзей. Ён можа быць рэальным і ўяўным, часовым і працяглым, вымушаным і добраахвотным; можа быць абумоўлены геаграфічнай (тэрытарыяльнай), сацыяльнай, турэмнай, псіхалагічнай ізаляцыяй. Такому стану найчасцей за ўсё спадарожнічаюць негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, псіхалагічны шок, дэпрэсія, трывожны настрой і бездапаможнасць. Чым большы час чалавек знаходзіцца ў стане адзіноты, тым вастрэй актуалізуецца патрэба ў сувязі з іншымі людзьмі, з навакольным светам. Поўная адзінота вядзе да псіхалагічнага разбурэння асобы. Чалавек можа быць фізічна адзінокі, але пры гэтым быць звязаным з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., што надае яму адчуванне прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, грамадскага руху і г.д. І наадварот, ён можа жыць сярод людзей, але адчуваць сябе ў поўнай ізаляванасці; калі такі стан пераходзіць пэўную мяжу, можа ўзнікнуць шызафрэнічны стрэс. Фізічная адзінота становіцца непераноснай ў выпадку, калі ёй спадарожнічае маральная, сацыяльная, псіхалагічная адзінота. Адсутнасць сувязей з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сацыяльным наваколлем - сацыяльная адзінота. Духоўная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм, мноства людзей выпадае з ранейшых прафесійных, партыйных, грамадскіх суполак і атрымлівае сапраўдную свабоду самавызначэння, не маючы да гэтага ні звычак, ні імкнення. Аднак побач з негатыўным характарам адзіноты існуе «адзінота-лякарства», што дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць. Пазбавіцца ад адзіноты дапамагаюць умацаванне сацыяльных сувязей, любоў і творчая праца. Асабліва важныя два апошнія, менавіта на іх грунтуецца цэласнасць асобы, рэалізуецца яе творчы патэнцыял.
@Адказнасць. У жыцці кожны чалавек амаль няспынна робіць пэўныя дзеянні і ўчынкі - на службе, дома, у грамадскіх месцах, за межамі краіны і г.д. Усе яны рэгламентаваны адпаведнымі нормамі маралі і права. Разуменне і ўсведамленне гэтых сацыяльных нормаў, іх неабходнасці і практычнага выкарыстання - доўг, абавязак, а дакладнасць выканання доўгу - адказнасць.
Пачуццё адказнасці - адна з важнейшых якасцей асобы. Яна непарыўна звязана з такімі рысамі, як чалавечы гонар, чалавечая годнасць, сумленнасць, прыстойнасць, абавязковасць. Таму любы ўчынак найперш заснаваны на маральнай адказнасці. У сваіх рашэннях і дзеяннях у чалавека заўсёды ёсць выбар паміж асабістым ці групавым «хачу» і грамадска неабходным «трэба». У безадказнага чалавека верх бярэ «хачу», а сумленны, адказны робіць так, як «трэба», прытым стараецца, каб вынік быў найлепшы. Таму адказнасць звязана не толькі з дысцыплінай, а і з ініцыятывай, пошукам. Яна патрабуе адзінства правоў і абавязкаў, слова і справы. Чым больш правоў, паўнамоцтваў, тым вышэй мера адказнасці.
Безадказнасць спараджае бюракратыю, злачыннасць, карупцыю, мафію, тэрарызм і інш. У безадказнасці - прычына большасці ўсіх няўдач і няшчасцяў: ад звычайнай незаслужанай крыўды да такой глабальнай катастрофы, як Чарнобыльская. Для павышэння адказнасці найперш неабходна маральнае, духоўнае аздараўленне грамадства, усталяванне рэальнай дэмакратыі і самакіравання, каб дзейнасць кожнага была навідавоку, каб кожны адчуваў асабістую адказнасць за справы калектыву, за лёс дзяржавы.
@Адоранасць, своеасаблівае спалучэнне здольнасцей, якое забяспечвае паспяховае выкананне пэўнай дзейнасці. У дарослага чалавека трактуецца як шырыня яго магчымасцей, узровень і своеасаблівасць дзейнасці, часта разглядаецца як разумовы патэнцыял або інтэлект. У маладых людзей часцей трактуецца як цэласная характарыстыка пазнавальных магчымасцей і здольнасцей да вучобы; а ў тых, што заступаюць на шлях самастойнага жыцця, - як таленавітасць, наяўнасць унутраных умоў для выдатных дасягненняў у дзейнасці. У дзяцей пад адоранасцю звычайна разумеюць сукупнасць прыродных задаткаў, ступень выяўлення перадумоў здольнасцей да навучання. Агульная дзіцячая адоранасць сустракаецца даволі рэдка; найчасцей яна назіраецца як спецыяльная (да музыкі, матэматыкі, малявання і інш.). Раней за іншыя ў дзяцей выяўляецца мастацкая адоранасць (напачатку ў музыцы, потым у маляванні). У галіне навукі раней праяўляюцца здольнасці да матэматыкі. Аднак нават самыя выдатныя праявы здольнасцей дзіцяці не з'яўляюцца дастатковай гарантыяй будучага таленту. Прыроджаныя задаткі - гэта толькі адна з умоў складанага працэсу станаўлення індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей, якія ў вялікай ступені залежаць ад акаляючага асяроддзя (умовы сямейныя, выхавання, навучання). Прыкметы незвычайных здольнасцей дзіцяці прынята дыягнаставаць у адпаведнасці з узростам і тэмпамі разумовага развіцця з дапамогай тэстаў. Аднак і гэты метад нельга лічыць дасканалым, таму што ступень і своеасаблівасць адоранасці выяўляюцца ў працэсе навучання і выхавання, пры выкананні пэўнай змястоўнай дзейнасці.
@Адраджэнне (Рэнесанс), эпоха ў развіцці духоўнай культуры Эўропы ў пераходны перыяд ад сярэднявечча да новага часу (14 - першая палова 17 ст.), азнаменаваная вялікімі адкрыццямі і вынаходніцтвамі ў розных галінах навукі і тэхнікі, абуджэннем цікавасці і адраджэннем каштоўнасцей антычнай культуры (адсюль назва эпохі), стварэннем выдатных узораў рэалістычнага мастацтва, паступовым пераадоленнем дагматызму і схаластыкі ў грамадскай думцы, сцвярджэннем гуманістычнага светапогляду і нацыянальнай самасвядомасці. Таму гэту рэгіянальную эўрапейскую і лакалізаваную ў часе гісторыка-культурную эпоху называюць яшчэ гуманістычным Адраджэннем і разглядаюць як пэўны этап Адраджэння нацыянальнага, якое адлюстроўвае агульную заканамернасць у гістарычным развіцці грамадства і яго культуры. Дух вальнадумства, сцвярджэнне абсалютнай духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавечага жыцця, грамадзянскасці і маральнай дабрачыннасці асобы былі характэрныя для творчасці такіх выдатных дзеячаў Рэнесансу, як Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, Дж.Бруна, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Рабле, Т.Мор, Т.Мюнцэр, М.Капернік, Дантэ, Ф.Петрарка, А.Дзюрэр, У.Шэкспір, М.Мантэнь, М.Сервантэс, Н.Макіявелі і інш.
У Беларусі станаўленне культуры Адраджэння было абумоўлена шырокім развіццём таварна-рыначных адносін, ростам гандлёвых гарадоў эўрапейскага тыпу, арганізаваных на прынцыпах самакіравання паводле магдэбургскага права, адносным дэмакратызмам дзяржаўнага ладу, завяршэннем працэсу фармавання беларускага этнасу і старабеларускай мовы. Тыповыя рысы рэнесанснай культуры найбольш выразна праявіліся ў навуковай і культурна-асветніцкай дзейнасці Францішка Скарыны, які заклаў падмурак беларускага гуманізму і талерантнасці, пакінуў нашчадкам яскравыя ўзоры патрыятызму і самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне. Важкі ўклад у распрацоўку ідэалаў дабра, высокай духоўнасці, нацыянальнай самасвядомасці, павагі да людзей іншых нацыянальнасцей і краін свету ўнеслі Мікола Гусоўскі, Міхаіл Літвін, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Волан, Мялецій Сматрыцкі, Стафан Зізаній і Лаўрэнцій Зізаній, Сімяон Полацкі, Ю.Даманеўскі, Л.Карповіч і інш. Беларускія мысліцелі-гуманісты падзялялі нацыянальна-дзяржаўную дактрыну новага часу, прызнавалі права кожнага народа на самастойнае палітычнае і культурнае развіццё. Новыя погляды на чалавечае грамадства яны спалучалі з пошукам найлепшых формаў дзяржаўнага ўпарадкавання і дэмакратычнай сістэмы кіравання. Пра гэта сведчаць унікальныя помнікі тагачаснага права - Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588, у якіх прапаведавалася ідэя прававой дзяржавы, абвешчаны прынцыпы вяршэнства закону, урадавай абароны правоў і свабод чалавека. Характэрным было і тое, што паўсюдна арганізоўваліся шматлікія беларускія брацтвы, закладваліся друкарні, адкрываліся школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, расла цікавасць да культурна-філасофскіх каштоўнасцей, узмацняліся мецэнацкія тэндэнцыі, пашыраліся ідэі гуманізму і рэфармацыі, ішло станаўленне беларускай мовы, нацыянальнай пісьменнасці, літаратуры, мастацтва. Усё гэта, як адзначаў Максім Багдановіч, вылучыла Беларусь на адно з першых месцаў сярод культурнага славянства, збліжала яе ў эканамічных і культурных адносінах з Заходняй Эўропай.
@Адраджэнне нацыянальнае, заканамернасць у гістарычным развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нацыянальнай свядомасці пасля застою альбо ўпадку. Яго неабходна адрозніваць ад эпохі Адраджэння, альбо Рэнесансу, - эўрапейскай культурна-гістарычнай эпохі на сумежжы сярэднявечча і новага часу, характэрнай для тых рэгіёнаў, гістарычныя працэсы якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Нацыянальнае адраджэнне, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усходняй Эўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гістарычныя працэсы якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю.
Прыкметы раннехрысціянскага адраджэння ў Беларусі ўзніклі ў 11-13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царкоўнага выяўленчага мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага). Грамадска-палітычны і творча-культурны ўзлёт Беларусі ў 16 - першай палове 17 ст. абумоўлены беларускай дзяржаўнасцю, культурнымі сувязямі з Заходняй Эўропай, уплывам гуманістычнага светапогляду (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, станаўленне свецкай літаратуры і мастацтва, дзяржаўнасць беларускай мовы). У 2-й палове 17 - пачатку 20 ст. нацыянальная культура развівалася і набыла новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная літаратура, асветніцкая філасофія), але паступова выцяснялася афіцыйнай польскай культурай на этнаграфічны, часткова царкоўнапрыходскі ўзровень.
Беларускае нацыянальнае адраджэнне пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў, якія адрозніваліся сваімі мэтамі, вынікамі, грамадскімі і духоўнымі імпульсамі, што спараджалі гэты рух. Чарговыя хвалі ўздыму руху ў неспрыяльных умовах змяняліся яго спадам. Першы этап нацыянальнага адраджэння пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ўніверсітэта і меў асветніцкі ліберальна-рамантычны кірунак: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы дзвюх культур - польскай і беларускай (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэзскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) - марылі пра аднаўленне гістарычна пройдзенай рэальнасці - Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных пачатках. Пасля падаўлення паўстання 1863 і палітычнай рэакцыі ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап нацыянальнага адраджэння - пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне нацыянальнай самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, літаратуры, мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сацыяльна-культурных структур - аматарскіх і прафесійных суполак, нацыянальнага друку, партый, кнігавыдавецтваў, набліжэнне школы і царквы да традыцый нацыянальнай культуры. За нацыянальнае самавызначэнне выступіў падпольны часопіс «Гоман». У выніку рэвалюцыі 1905-1907 гэты рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі: нацыянальную класічную літаратуру (творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё беларускага кнігадрукавання і перыядычнага друку («Наша ніва», «Наша доля», «Гоман», «Лучынка», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нацыянальнай школы ў тэатральным, музычным і іншых відах мастацтва, пачалі арганізоўвацца нацыянальныя палітычныя партыі і рухі. Завяршальным звяном гэтага этапу нацыянальнага адраджэння была барацьба за палітычнае самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (25.03.1918). Ва ўмовах Беларускай ССР (абвешчана 01.01.1919) нацыянальнае адраджэнне выявілася ў практычным ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі 1920-х г., у выніку якой створаны нацыянальныя школа, навука, друк, тэатральнае, выяўленчае, музычнае і іншыя віды прафесійнага мастацтва, эканоміка і структуры дзяржаўнага кіравання. Новы этап нацыянальнага адраджэння пачаўся ў 2-й палове 1950-х г., калі беларуская культура набыла сусветную вядомасць, адраджаліся яе страчаныя пласты, даследаваліся культурныя традыцыі. Аднак да канца 1980-х г. склалася цяжкае становішча ў беларускай культуры ў выніку недастаткова ўважлівых адносін да яе жыватворных крыніц (жывое бытаванне нацыянальнай мовы ў грамадстве, фальклор і іншыя віды аўтэнтычнай культуры). Распад СССР і ўтварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь паволі і няўхільна звужаюць сацыяльна-палітычную базу дэнацыяналізацыі беларускага грамадства, ствараюць аб'ектыўныя перадумовы для новага, глабальнага адраджэння нацыі.
@Адукацыя (ад лац. educatio - выхаванне), працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навучальных установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане адукацыя - гэта культурна-адукацыйная прастора, якая ахоплівае сям'ю, разнастайныя навучальна-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сацыяльна-педагагічную інфармаструктуру, адукацыйныя працэсы на вытворчасці і ў грамадска-культурным жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафесійна-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Беларуская нацыянальная сістэма адукацыі ўключае агульную, прафесійную адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб'ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць агульную адукацыю (пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні), прафесійную адукацыю (дапрафесійная арыентацыя, адбор, сярэдняя прафесійная падрыхтоўка), вышэйшую адукацыю (падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры) і адукацыю дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная; паводле адносін да царквы - свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная, якую кантралюе царква. Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнародным і нацыянальным стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.
Дзяржаўная палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на наступных прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей; нацыянальна-культурная аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусветны ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фізічнага ўдасканалення; дэмакратызм; свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзяржаўных навучальных установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё народнай педагогікі беларусаў; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Галоўныя мэты нацыянальнай сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцей; фармаванне і ўмацаванне нацыянальнай свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзяржаўнай мовай і мовамі іншых народаў; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культурна-гістарычных каштоўнасцей беларускага народа і іншых нацыянальных супольнасцей краіны; падрыхтоўка да самастойнага жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы. Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафесійнай адукацыі з улікам нацыянальных традыцый, індывідуальных патрэб, здольнасцей; бясплатным навучаннем у дзяржаўных базавых школах, а таксама іншых навучальных установах. Нацыянальная сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных, таленавітых дзяцей і ажыццяўляе сацыяльную дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем'яў, з разумовымі ці фізічнымі недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў.
@Адчуванне, адлюстраванне аб'ектыўнай рэальнасці, якое ўзнікае ў выніку яе ўздзеяння на органы пачуццяў і ўзбуджэння нервовых цэнтраў галаўнога мозга; зыходны пункт пазнання свету. Сукупнасць адчуванняў стварае пачуццёвы склад прадметных вобразаў рэчаіснасці, выступае крыніцай і перадумовай пазнання. Віды адчування разнастайныя: зрокавыя, слыхавыя, вібрацыйныя, нюхальныя і г.д. Адчуванне ўзнікла ў сувязі з утварэннем нервовай сістэмы ў працэсе эвалюцыі жыцця. Пры гэтым толькі для невялікага ліку відаў энергіі выпрацаваліся спецыфічныя органы пачуццяў. Адчуванне многіх іншых уласцівасцей аб'ектыўнага свету (напрыклад, формы, велічыні і інш.) узнікае толькі ў працэсе ўзаемадзеяння розных органаў пачуццяў. Такім чынам на аснове інфармацыі будуецца вобраз аб'ектыўнай рэальнасці, а не сукупнасць перажыванняў ад уздзеяння знешняга раздражняльніка на органы пачуццяў. Прадметнае аднясенне адчуванняў, іх зрашчэнне з тымі значэннямі, якія маюць для чалавека ўспрымальныя рэчы, дазваляюць зразумець адчуванне не толькі як псіхафізіялагічны, але і як сацыяльна-гістарычны феномен. Пачуцці чалавека апасродкаваны вопытам яго прадметна-практычнай дзейнасці, развіццём асобы, багаццем свету прадметнай культуры.
@Адчужэнне. У сваёй дзейнасці чалавек імкнецца дамагчыся пастаўленай мэты, найбольш поўна задаволіць свае патрэбы і інтарэсы. Але не заўсёды гэта атрымліваецца, бо чалавек знаходзіцца ў сістэме грамадскіх адносін. Умовы дзейнасці яму могуць быць навязаны звонку. У многіх выпадках мэты і інтарэсы чалавека і сацыяльнай сістэмы не толькі разыходзяцца, але і супрацьстаяць, знаходзяцца ў непрымірымым канфлікце паміж сабой. Усё гэта знешняе праяўленне глыбіннага сацыяльнага працэсу, які атрымаў назву адчужэння. Адчужэнне - аб'ектыўнае ператварэнне чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самастойную сілу. Няздольнасць паўплываць на характар сацыяльных працэсаў, палітычнае жыццё і г.д. прыводзіць да ўсведамлення іх як варожай сілы, што знішчае індывідуальнасць, ператварае чалавека з актыўнага суб'екта гісторыі ў яе пасіўны аб'ект. Складваецца парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку, чалавек можа рэалізаваць сябе толькі ў дзейнасці, з другога - ён можа заставацца асобай, індывідуальнасцю толькі па-за рамкамі гэтай дзейнасці.
У сучаснай філасофіі паняццем «адчужэнне» імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства - сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю і разбурэнне прыроднага асяроддзя, бездухоўнасць асобы, нявер'е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць і нават нацыянальна-вызваленчую барацьбу народаў. А.Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця, фатальнай непазбежнасцю смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як праяўленне спецыфічнага адчужэння ў грамадстве з дзяржаўна-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з'яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца ўтапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і ісціннай рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.
@Акультызм (ад лац. occultus - патаемны, скрыты). Калі чуем гэта слова, то ў памяці ўзнікаюць вядзьмаркі, чарадзеі і іншыя носьбіты нячыстай сілы. Акультызм - агульная назва вучэнняў і поглядаў, якія прызнаюць існаванне звышнатуральных, не даступных навуковаму даследаванню феноменаў і сіл у чалавеку і космасе. Узнік у антычнасці, як паняцце «акультны» ўпершыню выкарыстаны ў 16 ст. З таго часу акультызм імкнецца злучыць матэрыялістычны светапогляд і рэлігійную веру, выдае сябе за навуку, якая можа пранікнуць у сутнасць рэчаў, зразумець тайны будовы свету і чалавека, стварыць суцэльны светапогляд. Розныя віды акультызму ў якасці асновы ўсяго існага прызнаюць якое-небудзь бажаство і тым самым зводзяць у зман чалавека ў яго імкненні пазнаць і рэфармаваць навакольную рэчаіснасць. Лічыцца даступным толькі тым, хто прайшоў спецыяльную псіхічную трэніроўку. Да акультных вучэнняў адносяцца магія, астралогія, спірытызм, тэасофія, парапсіхалогія, тэлепатыя, празорлівасць, ёга і інш. У філасофскім плане акультызм блізкі да гілазаізму і пантэізму. На розных этапах развіцця культуры стаўленне навукі, філасофіі, рэлігіі, мастацтва да акультызму мянялася.
@Акцыянернае таварыства, форма арганізацыі вытворчасці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Купляючы каштоўныя паперы - акцыі, іх уладальнікі тым самым аб'ядноўваюць свае капіталы для сумеснай прадпрымальніцкай дзейнасці, а самі атрымліваюць права на дывідэнды - пэўную частку прыбытку. Акцыянернае таварыства з'яўляецца юрыдычнай асобай, мае свой статут. Яго вышэйшы орган - сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктараў). Акцыянернае таварыства мае абмежаваную адказнасць па абавязацельствах: адказвае толькі маёмасцю таварыства, а акцыянеры - толькі коштам сваіх акцый. Маёмасць акцыянернага таварыства фармуецца з укладаў акцыянераў (уласны капітал) і назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску сваіх аблігацый. Бываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы (акцыі свабодна прадаюцца і купляюцца) і закрытыя (акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў акцыянернага таварыства). Ва ўмовах рыначнай эканомікі акцыянерныя таварыствы становяцца асноўнай формай функцыянавання сярэдніх і буйных прадпрыемстваў.
У Беларусі акцыянерныя таварыствы існавалі на пачатку 20 ст., дзейнічалі і ў перыяд нэпа і зноў пачалі ўзнікаць у 1990-я г., пераважна на базе дзяржаўных прадпрыемстваў.
@Алкагалізм. Алкагольныя напіткі - не прадмет першай неабходнасці, але ж яны рэальна існуюць тысячагоддзямі. А рэальнасць трэба ведаць, каб выпрацаваць правільныя, разумныя адносіны да яе. Магчыма, чалавецтва не адмовіцца ад ужывання алкагольных напіткаў, нягледзячы на тое, што вынікі гэтага ўжывання для многіх людзей і ў цэлым для грамадства ўяўляюць сур'ёзную праблему. Каб вырашыць праблему алкагалізму, асобныя дзяржавы і грамадскія аб'яднанні ўводзілі т.зв. «сухія законы», што катэгарычна забаранялі вытворчасць і ўжыванне алкагольных напіткаў, абмяжоўвалі іх продаж і г.д. Аднак падобныя прымусовыя меры не прыносілі жаданых вынікаў. Вырашэнне алкагольнай праблемы хутчэй за ўсё звязана з выхаваннем з дзяцінства маральных якасцей чалавека, яго агульнай культурай, у тым ліку і культурай ужывання алкагольных напіткаў.
Залішняе захапленне спіртным становіцца для чалавека шкоднай звычкай, якая з цягам часу пераходзіць у небяспечную хранічную хваробу. Алкагалізм - гэта хваравітая цяга да спіртных напіткаў, якая ўзнікае ад празмернага і частага іх ужывання. Выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у расстройстве здароўя. П'янства і алкагалізм - закаранелае зло, і пераадолець яго толькі метадамі пераканання не заўсёды магчыма. Таму побач з комплексам выхаваўчых, санітарна-асветніцкіх, адміністрацыйных і медыцынскіх мерапрыемстваў заканадаўствам Беларусі прадугледжаны канкрэтныя прымусовыя меры па папярэджанні і выкараненні алкагалізму. Сярод іх асаблівае месца належыць адказнасці дарослых за ўцягненне непаўналетніх у п'янства.
@Амаралізм (ад грэч. a - адмоўная часціца + лац. moralis - маральны). Калі мы чуем, што нехта зрабіў амаральны ўчынак, то адразу разумеем: здзейсненае гэтым чалавекам не адпавядае маральным нормам. Амаралізм - гэта адмаўленне агульнапрынятых нормаў маралі і абвяшчэнне разбэшчанасці, распусты нормай паводзін чалавека ў грамадстве. Ён мае розныя формы праявы і можа быць абумоўлены маральнай недасканаласцю чалавека або пэўнымі сацыяльнымі супярэчнасцямі, якія прыводзяць да дэградацыі цэлых слаёў грамадства і духоўнага распаду асобы. Амаралізм можа праяўляцца ў выглядзе адкрытага цынізму, чалавеканенавісніцтва, беспрынцыповасці, свядомага парушэння маральных нормаў пры задавальненні эгаістычных інтарэсаў (эгаізм) або, наадварот, у псеўдагуманнай цярплівасці да злачынных, антыграмадскіх дзеянняў іншых людзей. Калі хто-небудзь прызнае нармальным і законным выкарыстанне любых, у т.л. і амаральных, сродкаў для дасягнення быццам бы маральнай мэты або аддае перавагу дэмагогіі, а не сапраўднай справе, то гэта таксама з'яўляецца амаральным. Як пэўная жыццёвая пазіцыя амаралізм узнік у рабаўладальніцкім грамадстве. У выніку разбурэння традыцыйных грамадскіх устояў і адносін амаралізм стаў праяўляцца ў прызнанні поўнай умоўнасці і адноснасці любых маральных прынцыпаў і нормаў, у адмоўных адносінах да каштоўнасцей культуры. У перыяд крызісу ці заняпаду пэўнай грамадскай сістэмы амаралізм асабліва пашыраецца ў паводзінах, настроі, думках людзей і ў этычных тэорыях, а таксама ў карумпаванасці ўлады, хабары, «ценявой эканоміцы», разбурэнні навакольнага асяроддзя і г.д.
@Амбівалентнасць (ад лац. ambo - абодва + valentia - сіла), дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб'ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейцарскі псіхіятр Э.Блейлер для вызначэння супярэчлівага стану. Расейскі літаратуразнавец М.Бахцін надаў яму значэнне эстэтычнага паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў народнай і неафіцыйнай культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, народным мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрныя для беларускай і іншай архаічнай міфалогіі, спалучэнняў разнародных элементаў у мастацкай творчасці (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалетныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.Рабле, М.Сервантэса, М.Гогаля, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы. У класічным мастацтве і беларускім нацыянальным фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, народным тэатры, прыказках і прымаўках, літаратурна-мастацкіх травесціцыях і пародыях (камедыі, інтэрмедыі 17-18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве яна найчасцей прысутнічае ў сатырычных жанрах (творы А.Макаёнка, ананімная паэма «Сказ пра Лысую гару»), у цыркавой клаунадзе і інш.
@Анамія (ад франц. anomie - адсутнасць закону, беззаконнасць), стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыдычных, маральных і іншых нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў французскі сацыёлаг Э.Дзюркгайм. У манаграфіях «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён падкрэсліваў, што анамія або дэзарганізацыя грамадскага жыцця найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў стане глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу і ў якім імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей у сваёй большасці не маюць шансаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Таму трэба знаходзіць сродкі і шляхі для гарманізацыі імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак. Паводле Дзюркгайма анаміі здольна пазбегнуць устойлівае і з'яднанае грамадства. Далейшае развіццё тэорыя анаміі набыла ў працах амерыканскіх сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сацыяльных беспарадкаў), Р.Мертана (вызначаў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»), нямецкага сацыёлага Р.Дарэндорфа (лічыў анаміяй такое становішча, калі нормы права, маралі і грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі). Відавочна, што ўсе прыведзеныя характарыстыкі анаміі маюць дачыненне да сучаснага стану нашага грамадства, якое знаходзіцца на шляху пераходу ад таталітарнай сістэмы да дэмакратыі.
@Анархізм (ад грэч. anarchia - безуладдзе). Калі якая-небудзь з'ява ці працэс адбываецца стыхійна і неарганізавана, калі ў чым-небудзь існуе беспарадак і хаос, гэта, як правіла, называюць анархіяй. Анархізм - ідэалогія, грамадска-палітычная плынь у рэвалюцыйным руху, мэта якой - вызваленне асобы ад палітычнай, эканамічнай і духоўнай улады. У тэарэтычных адносінах не мае адзінай, лагічна паслядоўнай канцэпцыі. Асобныя ідэі анархізму існавалі яшчэ ў антычнай філасофіі (Платон, стоікі). Развіваліся ў ідэалогіі гусізму, у творах французскіх асветнікаў і асабліва актыўна - грамадска-палітычнымі дзеячамі 19 ст. М.Штырнерам, П.Прудонам, М.Бакуніным, П.Крапоткіным і інш. Сацыяльна-філасофская аснова анархізму - індывідуалізм, суб'ектывізм і валюнтарызм. Негатыўна ставіцца анархізм да дзяржавы як сацыяльнага інстытута і імкнецца замяніць дзяржаву абшчынай, у якой, на яго думку, можа найбольш поўна рэалізавацца свабода асобы. Як грамадска-палітычная плынь анархізм аформіўся ў 1840-1870-я г. ў Заходняй Эўропе. У Расеі гэтыя ідэі ўспрынялі народнікі. Новы ўсплёск анархізму адбыўся на пачатку 20 ст. У 1903-1905 у Беларусі групоўкі анархістаў існавалі ў Баранавічах, Берасці, Горадні і інш. гарадах, у 1917-1920 - у Віцебску, Гомелі, Менску. Дзейнасць анархістаў праявілася ў гады грамадзянскай вайны. Для іх характэрна рэвалюцыйная нецярпімасць, авантурызм, хістанні ад супрацоўніцтва з Саветамі да антысавецкіх выступленняў. Пасля 2-й сусветнай вайны анархізм выступае пераважна ў форме неанархізму (анархасіндыкалізм, анархакалектывізм, анархакамунізм, трацкізм, мааізм і г.д.). Ідэі анархізму ўплываюць на погляды «новых левых», «зялёных», «левых радыкалаў», прыхільнікаў альтэрнатыўных рухаў.
@Антаганізм, ідэйнае, палітычнае, маральнае і іншае процістаянне супрацьлеглых сіл; адна з формаў супярэчнасцей у прыродзе і грамадстве. Антаганізму характэрны непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з'яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т.л. сацыяльнай філасофіі (тэорыі класаў і класавай барацьбы, грамадска-эканамічных фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманістычных і рэлігійна-маральных філасофскіх вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёй і прыродай усё больш нарастаюць, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).
@Антрапалогія (ад грэч. anthropos - чалавек + logos - слова, вучэнне). Людзей заўсёды цікавіла пытанне аб паходжанні чалавека і аб тым, што ён сабой уяўляе. Гэта адлюстроўвалася ў міфалогіі, рэлігійных вучэннях. Першыя навуковыя назіранні і ідэі на гэтую тэму з'явіліся ў Старажытнай Грэцыі (Гіпакрат, Герадот, Анаксагор, Сакрат, Арыстоцель). Цікавасць да фізічнага і духоўнага жыцця чалавека павялічылася ў эпоху Адраджэння (Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр і інш.). Вялікія геаграфічныя адкрыцці 15-16 ст. значна пашырылі гарызонты пазнання ў гэтай галіне, пазнаёмілі эўрапейцаў з іншымі чалавечымі расамі і народамі, якія насялялі Амерыку, Акіянію, Усходнюю Азію. Першыя сур'ёзныя спробы пабудаваць навуковыя гіпотэзы пра паходжанне чалавека і яго месца ў прыродзе ажыццёўлены ў 18 ст. (у Францыі - Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый, Ж.Бюфон, у Германіі - І.Кант, у Швецыі - К.Ліней, у Расеі - А.М.Радзішчаў). У сярэдзіне 19 ст. сфармавалася антрапалогія - навука аб паходжанні і эвалюцыі фізічнай арганізацыі чалавека і яго рас. У яе станаўленні вялікае значэнне мела эвалюцыйнае вучэнне Ч.Дарвіна і Ж.Б.Ламарка. Па сутнасці, антрапалогія - гэта біялагічная навука, але яна вельмі блізкая да грамадскіх навук. Яе асноўныя раздзелы: антрапагенез, расазнаўства і марфалогія чалавека. Сам па сабе антрапагенез - гэта працэс узнікнення і развіцця чалавека як грамадскай істоты, дыялектычна звязаны з развіццём яго працоўнай дзейнасці, свядомасці, членараздзельнай мовы і першабытных формаў грамадства. Большасць сучасных антраполагаў вылучаюць у развіцці чалавека 4 стадыі: 1-я стадыя пачалася каля 4-3 млн. гадоў таму назад са з'яўленнем непасрэднага антрапоіднага продка чалавека - аўстралапітэка; 2-я стадыя, архантропаў, пачалася каля 1,5-1 млн. гадоў таму назад; 3-я стадыя, палеантропаў (неандэртальцаў), пачалася каля 250 тыс. гадоў таму назад; 4-я стадыя, неаантропаў, пачалася каля 40-35 тыс. гадоў таму назад. Змены гэтых стадый звязаны з найбольш значнымі якаснымі фізіялагічнымі пераўтварэннямі чалавека, узроўнем яго свядомасці, з выкарыстаннем прылад у працоўнай дзейнасці, з яго сацыяльнай арганізацыяй. Расазнаўства вывучае чалавечыя расы, праблемы класіфікацыі сучасных рас, іх геаграфічнае пашырэнне, гісторыю фармавання і інш. Марфалогія чалавека вывучае заканамернасці чалавечага арганізма (узроставыя, палавыя, тэрытарыяльныя, прафесійныя). У сваю чаргу яна падзяляецца на саматалогію, якая вывучае заканамернасці індывідуальнай зменлівасці чалавечага арганізма ў цэлым, і мералогію, навуку аб варыяцыях асобных частак цела чалавека. Сучасная антрапалогія мае таксама 2 асноўныя кірункі: саматычная антрапалогія вывучае цела жывых людзей, палеантрапалогія - выкапнёвых людзей. Часам тэрмін «антрапалогія» выкарыстоўваюць для пазначэння сукупнасці ўсіх навук пра чалавека, уключаючы і этнаграфію (культурная антрапалогія, сацыяльная антрапалогія). Існуе таксама паняцце «філасофская антрапалогія», заснаваная на антрапалагізме - філасофскай канцэпцыі, якая разглядае паняцце «чалавек» як асноўную філасофскую катэгорыю, зыходзячы з яе пры тлумачэнні прыроды, грамадства і мыслення.
@Антысемітызм (франц. antisémitisme, ням. Antisemitismus), праяўленне варожых адносін да жыдоў (семітаў) па нацыянальных і рэлігійных матывах. Узнікненне антысемітызму належыць да часоў вымушанага масавага перасялення жыдоў з Палесціны ў іншыя краіны Рымскай імперыі (1 ст. н.э.), дзе яны ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў краінах Эўропы жыды былі непаўнапраўныя, жылі ў асобных ізаляваных кварталах (гета), падвяргаліся рэлігійным і нацыянальным ганенням. У выніку буржуазных рэвалюцый прававыя абмежаванні ў большасці краін былі зняты, але міфы аб «сусветнай змове жыдоў», іх вінаватасці ў розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. Напрыклад, у Расеі для жыдоў была ўведзена т.зв. «мяжа аселасці», дзейнічалі законы, якія забаранялі жыдам купляць зямлю, паступаць на дзяржаўную службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і інш. На пачатку 1880-х г., а таксама ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 па Расеі пракацілася хваля жыдоўскіх пагромаў, арганізатарамі якіх, як правіла, выступалі палітычная паліцыя, розныя шавіністычныя арганізацыі, аддзяленні «Саюза рускага народа» і інш. Асабліва жахлівыя формы антысемітызм набыў у фашысцкай Германіі і акупаваных ёй краінах у 1933-1945, калі гітлераўцы знішчылі каля 6 млн. жыдоў, у т.л. 3 млн. грамадзян СССР. На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі 70 гета, знішчылі больш за 300 тыс. жыдоў. У сучасных умовах праяўленні антысемітызму маюцца ў ЗША (т.зв. негрыцянскі антысемітызм), у Францыі (Ле Пэн і яго аднадумцы), у асяроддзі арабскіх экстрэмістаў, у дзейнасці праванацыяналістычных арганізацый Расеі і інш.
@Антыфашызм, ідэйна-палітычная плынь і грамадскі рух палітычных сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакратычных урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Эўропе да пачатку 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фашысцкіх арганізацый і партый на палітычнае жыццё і дзяржаўную ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Гішпаніі, актывізацыяй фашысцкіх сіл у шэрагу іншых эўрапейскіх краін. У 2-ю сусветную вайну антыфашызм з'явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызваленчай барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нацыянальнаму аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.
@Антычнасць (ад лац. antiquus - старажытны). У шырокім сэнсе - гэта проста старажытнасць, у больш вузкім і часцей ужывальным - грэка-рымская старажытнасць (гісторыя і культура Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма). У антычным грамадстве створаны многія вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці: у гарадах-полісах узнікла дэмакратыя, ва ўмовах якой паўнапраўныя грамадзяне прымалі ўдзел у палітычным жыцці і кіраванні дзяржавай; высокага развіцця дасягнулі філасофія (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), літаратура (Гамер, Гесіёд, Сапфо, Вергілій, Авідзій і інш.), выяўленчае мастацтва (Фідый, Праксіцель, Лісіп і інш.), архітэктура (Іктын, Калікрат, Вітрувій і інш.). Спадчына антычнасці стала адной з асноў развіцця эўрапейскага грамадства і культуры.
@Апазіцыя (ад лац. oppositio - проціпастаўленне, пярэчанне), 1) супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі іншым поглядам, палітыцы. 2) Агульная назва партый, арганізацый, грамадскіх рухаў і аб'яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і палітычных груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фармаванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фармаваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя - партыйныя групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яго кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя - неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У беларускім парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі было абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі.
@Апакаліпсіс (грэч. apokalypsis - літар. адкрыццё). Гэта слова выкарыстоўваецца ў значэнні буйнамаштабнага бедства, пагрозы пагібелі чалавецтва ці навакольнага асяроддзя; часта асацыіруецца з крызісам альбо канцом цывілізацыі, эканамічнымі катастрофамі, ядзернай вайной. Тэрмін запазычаны з Новага Запавета - з Адкрыцця святога Яна Багаслова, напісанага ў 1 ст. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Галоўная ідэя кнігі - чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусветныя катастрофы. Тлумачальнікі разглядаюць гэту кнігу як прароцтва пра апошнія часы сусвету і чалавецтва, якія адбудуцца напярэдадні 2-га прышэсця Ісуса Хрыста на Зямлю. Праз увесь тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Госпада, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чаш Божага гневу і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастроф выклікаюць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету.
Пасля Чарнобыльскай катастрофы шмат якія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т.л. і ў Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі 3-га анёла, які апавяшчае пра падзенне на Зямлю вялікай зоркі пад назвай «Палын» (па-ўкраінску - «чарнобыль»), як біблейскае прадказанне гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы - нацыянальнай трагедыі беларускага народа.
@Апатыя (ад грэч. opatheia - абыякавасць), 1) абыякавыя, безуважныя адносіны да навакольнага; хваравіты стан, пры якім паніжаны або поўнасцю страчаны ўнутраныя памкненні, інтарэсы, эмацыянальныя рэакцыі (назіраецца пры псіхічных і іншых цяжкіх захворваннях). 2) Адно з асноўных паняццяў этыкі стаіцызму, поўная свабода душы ад захапленняў, якія перашкаджаюць унутранаму заспакаенню і душэўнай непарушнасці. Мае на ўвазе наяўнасць у чалавека такіх якасцей, як памяркоўнасць, мужнасць, разважлівасць, справядлівасць, патрабуе ад яго дзейнага жыцця ў згодзе з прыродай і ўласным розумам.
@Апафеоз (ад грэч. apotheosis - абагаўленне), услаўленне, узвышэнне якой-небудзь асобы, з'явы і падзеі; урачыстае завяршэнне падзеі. Бярэ пачатак ад старажытнай блізкаўсходняй традыцыі прылічэння цароў да багоў або іх сыноў, што з цягам часу трансфармавалася ў культ правіцеляў. У старажытных эгіпцян, грэкаў і рымлян гэта быў урачысты абрад абогатварэння правіцеляў за іх асаблівыя заслугі.
@Апека, адна з формаў абароны правоў і інтарэсаў грамадзян. Апеку і апякунства часцей устанаўліваюць над непаўналетнімі, а часам і дарослымі (паўналетнімі). У першым выпадку гэта спосаб забяспечыць выхаванне непаўналетніх і абараніць іх законныя інтарэсы, калі бацькі памерлі, пазбаўлены бацькоўскіх правоў ці хворыя. Апека ўстанаўліваецца над дзецьмі ва ўзросце да 15 гадоў, а апякунства - ад 15 да 18 гадоў. У выніку назначэння апекі або апякунства непаўналетні трапляе ў сям'ю, якая павінна замяніць яму родную. Над дарослымі апека і апякунства ўстанаўліваюцца, калі яны па стане здароўя не могуць самастойна карыстацца сваімі правамі і выконваць свае абавязкі. Апякунства ўстанаўліваецца над дзеяздольнымі паўналетнімі асобамі, якія па стане здароўя (напрыклад, бязрукія, сляпыя) не маюць магчымасці ўласнымі дзеяннямі рэалізаваць свае правы (напрыклад, падпісваць дагаворы) і выконваць свае абавязкі. Апекуны (тыя асобы, што ажыццяўляюць апеку) прызначаюцца асобам, якія абмежаваны судом у дзеяздольнасці ў сувязі са злоўжываннем спіртнымі напіткамі або наркатычнымі рэчывамі.
Органамі апекі і апякунства з'яўляюцца выканкомы раённых, гарадскіх, раённых у гарадах, пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Яны па заявах адпаведных асоб устанаўліваюць і адмяняюць апекуноў ці вызваляюць іх ад выканання абавязкаў. У раённых і гарадскіх Саветах рэалізацыя функцый па апецы і апякунстве ўскладзена непасрэдна на аддзелы народнай асветы ў адносінах да непаўналетніх, на аддзелы аховы здароўя - у адносінах да недзеяздольных або абмежавана дзеяздольных, на аддзелы сацыяльнай абароны - у адносінах да дзеяздольных, якім патрэбна дапамога апекуна па стане здароўя. Выканкомы ж сельскіх і пасялковых Саветаў адначасова з'яўляюцца органамі апекі і апякунства і непасрэдна выконваюць адпаведныя функцыі. Апека і апякунства рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям'і Беларусі.
@Аптымізм (ад лац. optimus - найлепшы). Пад аптымізмам часта разумеюць якасць, якая цалкам залежыць ад характару і тэмпераменту чалавека. На асабістым узроўні аптымізм разглядаецца як эмацыянальная характарыстыка жыццядзейнасці чалавека, якая адлюстроўвае яго светаўспрыманне. На грамадскім узроўні мы маем справу з больш агульнымі светапогляднымі прынцыпамі, звязанымі з рэалізацыяй дамінуючай мэты людзей. Як філасофска-этычны прынцып аптымізм звязаны з асэнсаваннем каштоўнасці быцця, з прызнаннем таго, што жыццё чалавека ўяўляе сабой найвышэйшую каштоўнасць. Гісторыя чалавечай думкі ведае і чыста індывідуалістычныя канцэпцыі сэнсу жыцця (напрыклад, геданізм, які звязвае найвышэйшыя даброты з задавальненнем пачуццёвых патрэб) і тэорыі, якія звязваюць сэнс жыцця і шчасце чалавека з дасягненнем усеагульнага дабра. Таму паняцце «аптымізм» найперш звязана з магчымасцямі рэалізацыі дамінуючай мэты - прагрэсу і ў грамадскім развіцці, і ў індывідуальным быцці. На асабістым узроўні аптымізм грунтуецца на веры ў свае сілы і магчымасці, на адчуванні паўнаты быцця. Тут найбольш дакладна выяўляецца эмацыянальны характар аптымізму: пачуццё ўпэўненасці, бадзёрасці, жыццярадаснасці, жыццялюбства. Калі гэтыя рысы з'яўляюцца ўстойлівымі ў характары чалавека, мы называем яго аптымістам.
Такім чынам, аптымізм - гэта сістэма ўяўленняў, у аснове якой ляжыць перакананасць у лепшай будучыні, у магчымасці перамогі дабра над злом, у найвышэйшай каштоўнасці чалавечага жыцця; гэта светаадчуванне, бачанне і ўспрыманне свету, звязанае з імкненнем знаходзіць ва ўсім дадатныя бакі. Аптымізм процілеглы песімізму.
@Арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ААН). Гэта буйнейшая міжнародная арганізацыя, заснаваная на аснове добраахвотнага аб'яднання намаганняў суверэнных дзяржаў для падтрымання і ўмацавання міру і бяспекі, для развіцця мірнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
ААН створана ў 1945 пасля заканчэння 2-й сусветнай вайны ў Эўропе. Яе статут падпісаны 26.06.1945 на канферэнцыі ў Сан-Францыска прадстаўнікамі 51 дзяржавы, у т.л. і БССР. Статут уступіў у сілу 24.10.1945 (гэта дата адзначаецца як Дзень ААН). Штаб-кватэра ААН размешчана ў Нью-Ёрку. У складзе ААН звыш 180 дзяржаў. Паводле Статута ААН заклікана падтрымліваць міжнародны мір і бяспеку, прымаць эфектыўныя калектыўныя меры па прадухіленні і ліквідацыі пагрозы міру і спыненні актаў агрэсіі або іншых парушэнняў міру; развіваць дружалюбныя адносіны паміж народамі, прымаць іншыя меры для ўмацавання ўсеагульнага міру.
Галоўныя органы ААН: Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і сацыяльны савет (ЭКОСОС), Савет па апецы, Міжнародны суд і Сакратарыят. У міжнародную сістэму ААН уваходзяць таксама спецыялізаваныя ўстановы (ЮНЕСКА і інш.), шматлікія дапаможныя органы, камітэты і камісіі.
Генеральная Асамблея складаецца з прадстаўнікоў усіх краін - сябраў ААН. Кожная краіна мае адзін голас. Генеральная Асамблея з'яўляецца адзіным агульнасусветным форумам для разгляду любога значнага міжнароднага пытання, выступае асноўнай крыніцай новых міжнародных законаў, фіксуе сусветную ўвагу на глабальных праблемах: гонка ўзбраенняў, рост народанасельніцтва, пагаршэнне навакольнага асяроддзя, эканамічнае развіццё, спецыфіка чалавечых паселішчаў, вычарпальнасць прыродных рэсурсаў. Савет Бяспекі - цэнтральны орган ААН па падтрыманні міру. У яго ўваходзяць 5 сталых сябраў (Вялікабрытанія, ЗША, КНР, Расея, Францыя), якія валодаюць правам вета (калі адзін з іх галасуе супраць, рашэнне не прымаецца), і 15 дзяржаў-сябраў, 10 з якіх перавыбіраюцца кожныя 2 гады. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі можа ўхваляць рэзалюцыі, абавязковыя для выканання, прымаць меры, неабходныя для іх выканання (перагаворы, арбітраж, эканамічныя санкцыі і нават выкарыстанне ўзброенай сілы). Вайсковым кантынгентам ААН звычайна забяспечваюць краіны, нейтральныя адносна якога-небудзь канфлікту; такі кантынгент называецца «войскамі ААН па падтрыманні міру». Эканамічны і сацыяльны савет ажыццяўляе функцыі ў сферы эканамічнага і сацыяльнага міжнароднага супрацоўніцтва. Савет па апецы закліканы пад кіраўніцтвам Генеральнай Асамблеі сачыць за ажыццяўленнем дзяржавамі, якія кіруюць падапечнымі тэрыторыямі, асноўных задач міжнароднай сістэмы апекі. Міжнародны суд складаецца з 15 суддзяў, якія ўяўляюць сабой найвышэйшую міжнародную юрыдычную інстанцыю. Сакратарыят ААН складаецца з генеральнага сакратара і міжнароднага персаналу. З 1996 генеральным сакратаром ААН з'яўляецца Кофі Ананд. Персанал ААН налічвае больш як 15 тыс. чалавек, якія працуюць у розных пунктах свету.
Сваёй дзейнасцю ААН унесла істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага міру і бяспекі, адыграла важную ролю ў працэсе дэкаланізацыі, распрацоўцы і заключэнні многіх міжнародных пагадненняў, садзейнічала пераадоленню многіх вострых міжнародных крызісаў. У Афрыцы, Азіі і на іншых кантынентах мільёны бежанцаў атрымліваюць дапамогу і падтрымку з боку адпаведных службаў ААН. Аперацыі ААН па падтрыманні міру дапамаглі ўстанавіць кантроль над эскалацыяй насілля ў шэрагу краін. ААН распрацаваны і прыняты карысныя рашэнні ў эканамічнай, сацыяльнай і прававой галінах. Праграма ААН у сферы эканамічнага развіцця - найважнейшая крыніца жыццёванеабходнай матэрыяльнай і тэхнічнай дапамогі для многіх краін, якія набылі незалежнасць. Дзіцячы фонд ААН аказвае дапамогу мільёнам бедных, хворых і асірацелых дзяцей. Беларусь падтрымлівае ААН як важны інструмент урэгулявання актуальных міжнародных праблем і выступае за павышэнне эфектыўнасці яе дзейнасці.
@Артадокс (ад грэч. orthodoxos - прававерны), чалавек, светапогляду якога ўласцівы паслядоўнасць, глыбокая перакананасць, прыхільнасць да якога-небудзь вучэння, тэорыі, кірунку. У сучасным палітычным лексіконе паняцці «артадокс» і «артадаксальны» часта атаясамліваюцца з паняццямі «дагматык», «рэтраград», што часам скажае сапраўдны змест гэтых паняццяў.
@Арыстакратыя (грэч. aristokratia літар. - ўлада найлепшых), 1) знаць, вышэйшае паводле права нараджэння вяльможнае саслоўе. 2) Дзяржаўная ўлада саслоўя арыстакратаў і адпаведная ёй форма рэспубліканскага грамадскага ўладкавання (процілеглая дэмакратыі). 3) Эліта, прывілеяваная частка саслоўяў ці брацтваў, адказная за іх культурны патэнцыял і маральную годнасць.
@Асвета, сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культурна-асветных мерапрыемстваў і спецыяльных устаноў. Яе мэта, задачы і структура залежаць ад канкрэтнага гістарычнага перыяду, узроўню эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця грамадства. Правобраз будучай сістэмы асветы ўзнік яшчэ ў першабытным грамадстве, калі абшчына вылучала спецыяльных людзей, якія займаліся навучаннем і выхаваннем падрастаючага пакалення. Хлопчыкі з іх дапамогай атрымлівалі навыкі стральбы з лука, верхавой язды, земляробства і г.д., знаёміліся са звычаямі, павер'ямі і рэлігійнымі вераваннямі. Дзяўчаты асвойвалі навыкі вядзення хатняй гаспадаркі. У Афінах, напрыклад, мэтай выхавання і адукацыі лічылася фармаванне маральна і фізічна дасканалага чалавека. Хлопчыкі з 7 гадоў наведвалі школы, найбольш забяспечаныя юнакі ва ўзросце 15-17 гадоў маглі прадоўжыць навучанне ў гімназіях, дзе вывучалі філасофію, палітыку, літаратуру, рыхтаваліся да ўдзелу ў кіраванні дзяржавай. Сістэма асветы ўвесь час мянялася ў залежнасці ад сацыяльных умоў і пад уплывам уласнай логікі развіцця. Распаўсюджванне перадавых ведаў і перакананняў ажыццяўлялася ў межах сістэмы адукацыі і праз іншыя формы пашырэння ведаў - сродкі масавай інфармацыі, літаратуру, аб'яднанні па інтарэсах, а таксама праз непасрэдныя зносіны людзей. Выразных межаў паміж адукацыяй і асветай няма, бо вынікамі гэтых працэсаў з'яўляюцца веды, навыкі, уменні і перакананні асобы. Аднак існуюць пэўныя адрозненні: асвета не абавязкова дае сістэматызаваныя веды і ўменні, як гэта адбываецца пры атрыманні адукацыі праз спецыяльныя навучальныя ўстановы. Уключэнне ў сістэму асветы і атрыманне праз яе ведаў не так часта змяняе сацыяльны статус чалавека, як атрыманне такіх жа ведаў і ўменняў праз сістэму адукацыі.
Асвета, як правіла, дапаўняе сістэму адукацыі. Напрыклад, калі ў Беларусі яшчэ не было пісьменнасці, асвета існавала ў выглядзе народнай педагогікі і была звязана з працоўным навучаннем - авалоданнем навыкамі земляробства, асновамі будаўніцтва, разнастайных рамёстваў. З 10 ст. асвета на беларускіх землях стала пашырацца ў форме пісьменнасці і кніжнасці. Напачатку былі рукапісныя кнігі (рэлігійна-дыдактычныя, гісторыка-асветніцкія, павучанні, жыціі, зрэдку і прыродазнаўчыя). Пры манастырах і цэрквах ствараліся школы, бібліятэкі, вялося летапісанне. У часы ВКЛ пісьменнасць пашыралася, расла кніжная культура. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэрыторыі Княства стала беларуская мова. Рукапісныя майстэрні (скрыпторыі) дзейнічалі пры буйных манастырах і цэрквах у Полацку, Наваградку, Смаленску, Вільні, Віцебску і іншых гарадах. У эпоху Адраджэння пашыраўся гуманістычны і рэфармацыйны рух, складваліся ўмовы для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў; акрамя каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх узніклі таксама юдэйскія, мусульманскія школы. Вялікі ўклад у асвету і культуру Беларусі зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Стафан Зізаній і Лаўрэнцій Зізаній, В.Цяпінскі і інш. (гл. Асветніцтва). Пасля паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 сістэма асветы была рэфармавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», былі закрыты Віленскі ўніверсітэт, Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Наваградская гімназія і інш. У пачатку 20 ст. пад націскам рэвалюцыйнага руху і патрэб эканамічнага развіцця царызм пайшоў на пашырэнне народнай адукацыі і асветы. Так, з 1900 да 1914 колькасць пачатковых і сярэдніх школ усіх тыпаў павялічылася ў Віленскай навучальнай акрузе з 6297 да 7593, а навучэнцаў - з 148 тыс. да 4900 тыс. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 ліквідаваны саслоўныя, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя прывілеі, адноўлены Горы-Горацкі земляробчы інстытут, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1920-я г. ў рамках палітыкі беларусізацыі большасць пачатковых, 7-гадовых школ і тэхнікумаў, некаторыя ВНУ былі пераведзены на беларускую мову навучання. Аднак з 1930-х г. сфера ўжывання беларускай мовы па розных прычынах паступова звужалася на карысць расейскай мовы. У суверэннай Беларусі створаны ўмовы для развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі і выхавання; кожнаму грамадзяніну гарантуецца магчымасць атрымання агульных і прафесійных ведаў, засваення агульнакультурных каштоўнасцей і далучэння да культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа.
@Асветніцтва, грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт навукі і розуму, імкнуліся падпарадкаваць ідэальнаму разумнаму пачатку грамадскі і дзяржаўны лад, норавы і звычаі людзей. Пачалося і найбольшае пашырэнне мела ў 18 ст. ў Францыі, дзе мысліцелі-асветнікі Вальтэр, Ж.Ж.Русо, П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый выступалі за ўстанаўленне ў дзяржаве суверэнітэту народа на аснове «грамадскага дагавору», за арганізацыю навучання і выхавання дзяцей з улікам іх здольнасцей. Увагу да побыту і нораваў народа, зацікаўленасць у раскрыцці яго творчых магчымасцей выказвалі Дж.Лок, Ф.Бэкан, Дж.Свіфт, Д.Дэфо (Англія), У.Акоста, Б.Спіноза (Галандыя), Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ (Германія) і інш. У Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Расеі, Індыі, Кітаі, краінах Блізкага і Сярэдняга Ўсходу ідэалогія Асветніцтва была цесна звязана з нацыянальна-вызваленчай барацьбой, ажыццяўленнем дэмакратычных ідэалаў і свабодалюбівых памкненняў народаў. Высокія ідэалы, этычныя і эстэтычныя ідэі Асветніцтва паўсюдна знайшлі адлюстраванне ў розных кірунках літаратуры, выяўленчага і музычнага мастацтва (класіцызм, рэалізм, сентыменталізм, барока).
У Беларусі ідэйныя вытокі Асветніцтва бяруць пачатак у духоўна-культурным развіцці грамадства эпохі Адраджэння, у творчасці мысліцеляў канца 17 - пачатку 18 ст. (К.Лышчынскі, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч, Ф.Пракаповіч і інш.). Прадстаўнікі ранняга перыяду Асветніцтва (Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі і інш.) сцвярджалі гуманістычныя ідэі павагі да чалавека, выхавання і адукацыі на аснове свабоды перакананняў, высокай грамадзянскасці і адказнасці. Гісторык-асветнік А.Нарушэвіч адводзіў розуму галоўную ролю ў гістарычным працэсе, а прадметам навуковага даследавання лічыў не толькі дзеянні кіраўнікоў і военачальнікаў, але і жыццё простага народа. Г.Каніскі прапагандаваў неабходнасць усталявання ў краіне парадку і законнасці, крытыкаваў духоўнае ўбоства тых, хто меў уладу. М.Матушэвіч у сваіх творах асуджаў самавольства пануючых класаў, абараняў чалавечую годнасць простых людзей. Фізіякраты (Г.Млоцкі, М.Страйноўскі, І.Храптовіч і інш.) разглядалі грамадства як натуральны арганізм, што складае частку прыроды; лічылі, што адыход чалавека ад разумных законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. П.Бжастоўскі, М.Карповіч, І.Яленскі развівалі тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сацыяльна-ўтапічныя ідэі. Для пашырэння ідэй Асветніцтва ў Беларусі шмат зрабіла Камісія народнай адукацыі Рэчы Паспалітай (Адукацыйная камісія), якая, па сутнасці, была першым у Эўропе міністэрствам асветы, а таксама выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта, народных навучальняў. Прагрэсіўныя асветніцкія тэндэнцыі адлюстраваны ў літаратуры і мастацтве, кнігавыдавецкай, культурна-асветнай і навукова-педагагічнай дзейнасці.
@Аскетызм (ад грэч. asketes - той, хто ў чым-небудзь практыкуецца; падзвіжнік). Вытокі аскетызму ў першабытным грамадстве з яго суровымі ўмовамі жыцця, з абмежаванымі шансамі на выжыванне, захаванне сваёй родавай адметнасці, што патрабавала вялікіх фізічных затрат, самаабмежавання (хутчэй інстынктыўнага, чым свядомага), здольнасці мужна пераносіць цяжкія ўмовы жыцця. Галоўны дэвіз аскетызму: «Абыходзіцца тым, што ёсць». Аскетызм склаўся ў даволі выразна акрэсленую філасофскую сістэму. Аскет звычайна вядзе строга рэгламентаваны, пазбаўлены якіх-небудзь выгод лад жыцця, абмяжоўваецца мінімальна неабходным, стрымлівае свае жаданні, добраахвотна пераносіць фізічны боль, адзіноту і іншае, даводзячы сябе часам да самакатавання. Ён вельмі сціплы ў эмоцыях і пачуццях, жыве сваім духоўным жыццём, ігнаруе ўсё, што перашкаджае такому самапаглыбленню, вядзе самотны лад жыцця ў баку ад людзей. Такі чалавек абыякавы да сацыяльнай няроўнасці, беднасць і жабрацтва часта ўзводзіць у культ. Ідэі аскетызму прысутнічаюць у вучэнні кінікаў, у розных рэлігіях, талстоўстве, у тэорыях «ураўняльнага камунізму». Мэта аскетызму - дасягненне свабоды ад патрэб, сканцэнтраванасць духу, атрыманне «звышнатуральных здольнасцей» (ёга), у хрысціянстве - саўдзел у пакутах Хрыста і інш. Хоць у аскетызме ёсць і па-свойму прывабныя рысы (арыентацыя на самаабмежаванне, самадысцыпліну, мэтанакіраванасць, рашучасць, перакананасць у тым, што выбраны аскетам жыццёвы шлях з'яўляецца правільным), аднак сапраўднае прызначэнне чалавека - у паўнакроўным, стваральным быцці.
@Асоба. Гэта паняцце разглядаецца ў трох асноўных аспектах: асобны чалавек у грамадстве, індывід; прадстаўнік пэўнага класа ці сацыяльнай, прафесійнай, дэмаграфічнай групы (асоба рабочага, інжынера, школьніка і г.д.); абагульненая характарыстыка чалавека, сябра грамадства, яго ўнутранага «я» (асоба высокага ўзроўню, неразвітая, звычайная, нізкая асоба і інш.). Чалавек як асоба выступае прадуктам грамадства і адначасова ўплывае на яго праз сумесную грамадскую дзейнасць. Такім чынам, асоба - гэта ўстойлівая сістэма сацыяльна значных рыс, якія характарызуюць індывід; прадукт грамадскага развіцця і ўключэння індывіда ў сістэму сацыяльных адносін шляхам актыўнай дзейнасці і зносін. Асоба фармуецца ў працэсе сваёй жыццядзейнасці (працоўнай, сацыяльна-палітычнай, духоўна-пазнавальнай, культурна-асветніцкай, сямейна-бытавой). Фармаванне асобы - складаны, шматпланавы і доўгі працэс, бо ў ім злучаюцца біялагічныя і сацыяльныя фактары. Кожнае грамадства фармуе пэўны тып асобы, у якім увасабляюцца вынікі авалодання ёю гісторыка-культурнай спадчынай і традыцыямі, сусветным вопытам чалавецтва, уласнага развіцця і самасвядомасці чалавека. Сучасны сацыяльны і навукова-тэхнічны прагрэс грамадства не ўяўляецца без адпаведнага развіцця чалавека як асобы, якая не толькі рацыянальна карыстаецца ўсімі дасягненнямі матэрыяльнай і духоўнай культуры, але і ўзбагачае яе новымі каштоўнасцямі, сама з'яўляецца суб'ектам гістарычнага прагрэсу.
@Астралогія, вучэнне, якое сімвалічнай мовай апісвае суперпазіцыю ўплыву планет і зорак на жыццё прыроды, зямлі і яе жыхароў. У яе аснову пакладзены прынцыпы цыклічнасці і рэзанансу (адлюстроўвае заканамернасці ўзаемадзеяння розных цыклаў). Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Была звязана з астральным культам, з'яўлялася часткай рэлігіі, з яе дапамогай рабіліся прадказанні будучыні. У Старажытным Эгіпце, Міжрэччы назіранні за нябеснымі целамі праводзілі ўжо каля 20 тыс. гадоў таму назад. У сярэднявеччы ўваходзіла ў лік сямі вольных навук, выкладалася ва ўніверсітэтах. У Рэчы Паспалітай кафедра астралогіі была ў Кракаўскім універсітэце. Сучасная астралогія падзяляецца на генетліалогію (разглядае ўплыў планет, знакаў задыяка, розных аб'ектаў на характар і лёс чалавека), сусветную астралогію (уплыў астралагічных аб'ектаў на дзяржавы, рэгіёны, гарады), метэаралагічную астралогію (уплыў астралагічных аб'ектаў на надвор'е), паўсядзённую астралогію (залежнасць найбольш зручных момантаў ад размяшчэння астралагічных аб'ектаў для здзяйснення штодзённых спраў чалавека). У рамках космабіялогіі вывучае сувязь Зямлі і Космасу, уплыў касмічных цыклаў на здароўе чалавека, яго біярытмічную актыўнасць.
@Атэізм (франц. atheisme ад грэч. atheo - бязбожны), сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцей. Існуе некалькі разнавіднасцей атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, што Бог (калі ён нават і існуе) не можа быць пазнаны людзьмі. Такі від атэізму быў характэрны філосафам Старажытных Грэцыі і Рыма (Дэмакрыт, Крытый, Пратагор, Горгій, Эпікур, Лукрэцый, раннія кінікі і скептыкі). У 20 ст. праявы такога атэізму можна знайсці ў працах пазітывістаў (Б.Расел, Л.Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Ён характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму - Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах, Ж.Ламетры, Л.Феербах. Найбольш рэльефна рысы радыкальнага атэізму выяўлены ў поглядах К.Маркса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Галоўным прадстаўніком пастулатыўнага атэізму быў нямецкі філосаф Н.Гартман - заснавальнік т.зв. «крытычнай (новай) анталогіі». Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм Божага наканавання адмаўляе этычную свабоду, а разам з тым і ўсе перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага існуе так званы стыхійны атэізм, які ідзе ад прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без ніякіх звышнатуральных з'яў. Праявы яго вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падставай для якіх з'яўляецца вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.
У Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16-17 ст. (К.Бекеш, С.Будны, С.Лован, К.Лышчынскі і інш.). Пачатковай яго крыніцай служылі вальнадумства і ерасі. Моцны штуршок для развіцця атэізму даў рэфармацыйны і гуманістычны рух і звязаны з імі рэлігійны скептыцызм. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 пачалося шырокае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзяржаўную ідэалогію. У сучаснай Беларусі ідзе глыбокая светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджвання атэізму ўсё больш звужаецца.
@Аўтакратыя (ад грэч. autokrateia - самаўладдзе, самадзяржаўе), адна з найстаражытнейшых і найбольш вядомых у гісторыі формаў дзяржаўнага кіравання, заснаванага на падпарадкаванні аўтарытэту ўлады, якая абапіраецца на прымус і прамое насілле. Аўтакратыя - гэта сістэма праўлення, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада. Аўтакратыямі былі ўсе дынастычныя манархіі Старажытнага Ўсходу, тыранічныя праўленні ў некаторых старажытных грэчаскіх дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу. Познія палітычныя традыцыі аўтакратычнай улады ідуць ад часоў Аляксандра Македонскага, эліністычнай ідэі «цара» і «царства». Элінізм скасаваў полісы (гарады-дзяржавы антычнага часу) і стварыў тэрытарыяльную манархію пад уладай аднаго цара. Як і ўсходнія дэспатыі, эліністычная аўтакратыя вызначалася неабмежаванай уладай, яе абагаўленнем, праўленнем з апорай на бюракратыю, армію, культ правіцеля. Аднак у адрозненне ад усходніх дэспатый, заснаваных выключна на волі ці капрызе дэспата, эліністычная, а за ёй рымская, візантыйская і эўрапейскія аўтакратыі ў той ці іншай ступені прызнавалі традыцыйныя законныя нормы адносін у грамадстве. Тэрмін нярэдка ўжываецца ў сучасным лексіконе для вызначэння асоб і груповак, якія імкнуцца да непадзельнага палітычнага панавання, прэтэндуюць на неабмежаваную ўладу.
@Аўтаномія (ад грэч. autonomia ад autos - сам + nomos - закон), самастойнае ажыццяўленне дзяржаўнай улады ці кіравання, якое дадзена канстытуцыяй якой-небудзь частцы дзяржавы. Найчасцей будуецца паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага прынцыпу і можа мець розны статус (рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нацыянальная ці рэлігійная супольнасць). У былым СССР існавала 20 аўтаномных рэспублік (АССР), 18 аўтаномных абласцей і акруг. Яны мелі формы аўтаноміі: палітычную ці адміністрацыйную. Палітычная аўтаномія надавалася аўтаномным рэспублікам, якія з'яўляліся нацыянальнымі дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, уласнае грамадзянства. Адміністрацыйная аўтаномія надавалася аўтаномным абласцям і акругам (лічыліся нацыянальна-тэрытарыяльнымі ўтварэннямі, а не дзяржавамі). Яны не мелі сваёй канстытуцыі і грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адміністрацыйнага кіравання. Паводле Канстытуцыі 1993 у Расейскай Федэрацыі захаваліся 10 аўтаномных акруг і аўтаномная жыдоўская вобласць. Беларусь аўтаномных адзінак не мае. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў іншых краінах свету (напрыклад, у Вялікабрытаніі, Швейцарыі) і надаецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нацыянальнымі супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.
Існуе таксама нацыянальна-культурная аўтаномія - свабоднае, самастойнае функцыянаванне і развіццё нацыянальных культур асобных этнічных супольнасцей. Яна грунтуецца на канстытуцыі ці іншых заканадаўчых актах краіны і можа існаваць у форме нацыянальных саветаў, школ, культурна-асветных устаноў і інш. У Беларусі ў 1920-1930-я г. ў месцах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцей дзейнічалі нацыянальныя сельскія і местачковыя Саветы з правамі аўтаноміі: 23 польскія, 23 жыдоўскія, 16 расейскіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія нацыянальныя саветы, а таксама Койданаўскі польскі нацыянальны раён; дзейнічалі нацыянальныя дамы, хаты-чытальні, тэатры, мастацкія студыі, літаратурныя аб'яднанні; выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нацыянальных меншасцей. У канцы 1930-х г. усе формы нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў БССР перасталі існаваць. Іх адраджэнне пачалося ў канцы 1980-х г. Створаны Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», беларускія аб'яднанні жыдоўскіх арганізацый і суполак, Беларускае згуртаванне татар-мусульман «Аль-Кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны і культурна-асветныя ўстановы, выходзяць перыядычныя выданні на мовах асобных нацыянальных супольнасцей краіны.
@Аўтарытарызм (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas - улада, уплыў). Гістарычны вопыт сведчыць пра наяўнасць дзвюх процілеглых сістэм кіравання грамадствам - дэмакратычнай, у аснове якой ляжыць свабодны выбар і паўнаўладдзе народа, і антыдэмакратычнай, пры якой адсутнічаюць законнасць, правапарадак, ігнаруюцца правы і свабоды грамадзян, пашыраны сацыяльная дэмагогія і валюнтарызм. Калі антыправавая тэорыя і практыка палітычнага ўладарання спалучаецца з рознага роду элементамі асабістай дыктатуры, яе называюць аўтарытарызмам. Неабмежаванае, бескантрольнае, паўнаўладнае праўленне адной асобы вядзе да аўтакратыі і дэспатызму. Тэрмін «аўтарытарызм» уведзены ў навуковы ўжытак нямецкім філосафам і сацыёлагам Т.Адорна і абазначаў форму палітычнай свядомасці, адметную паталагічнай, агрэсіўнай адданасцю аўтарытэту, арыентацыяй на ўладу і сілу. Да гістарычных формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія формы праўлення сярэднявечча і новага часу (манархіі). У 20 ст. пры розных формах ваенна-паліцэйскіх і дыктатарскіх рэжымаў тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы - таталітарызму, пры якім ажыццяўляецца абсалютны, татальны кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства і асобы. Аўтарытарны рэжым звычайна ўсталёўваецца ва ўмовах палітычнага крызісу, дзяржаўнага перавароту або грамадзянскай вайны.
Безумоўнае паслушэнства, празмерны цэнтралізм улады, задушэнне дзяржавай творчых пачаткаў і сацыяльнай самастойнасці людзей, прамая апора на ваенна-карны апарат - тыповыя прыкметы аўтарытарызму. Рэальныя ўлада пры гэтым канцэнтруецца ў руках лідэра і пануючай эліты, арганізаванай у строга іерархічную вертыкальную структуру кіравання. Звычайна такія рэжымы трымаюцца на непрыкрытым насіллі, дэманстрацыйнай жорсткасці і культываванні ў масах фанатызму, страху і рабалепных адносін да ўлады. Усяму гэтаму спадарожнічаюць сістэматычныя парушэнні канстытуцыі і дзеючага ў краіне заканадаўства, пазбаўленне самастойнасці прадстаўнічых і судовых органаў улады, зніжэнне дзелавой і палітычнай актыўнасці, дэградацыя духоўнай сферы і культуры. Альтэрнатывай аўтарытарызму з'яўляецца дэмакратыя як адна з асноўных формаў праўлення і палітычнай арганізацыі грамадства, грамадскі кантроль за дзейнасцю органаў дзяржаўнага кіравання, поўная адпаведнасць фармальна абвешчаных і рэальна дзеючых нормаў грамадскіх адносін.
@Аўтарытэт (ням. Autorität ад лац. auctorias - улада, уплыў), у шырокім сэнсе - агульнапрызнаны ўплыў якой-небудзь асобы або арганізацыі ў розных сферах грамадскага жыцця, заснаваны на ведах, маральных якасцях, вопыце (аўтарытэт бацькоў, настаўнікаў і інш.); у больш вузкім значэнні - адна з формаў здзяйснення ўлады. Існуе таксама аўтарытэт закону, якога-небудзь правіла, сацыяльнай нормы, прызнаных людзьмі, на якіх пашыраецца іх дзеянне. Аўтарытэт выяўляецца ў здольнасці індывіда (групы індывідаў) накіроўваць учынкі ці думкі другога чалавека (групы людзей), пазбягаючы прымусу. Абмежаваная магчымасць чалавека вырашаць праблемы, што паўстаюць перад ім, прыводзіць яго да неабходнасці прымаць на веру сцверджанні носьбітаў аўтарытэту. У першабытным грамадстве бясспрэчны для ўсіх яго сябраў быў аўтарытэт старэйшын, якія мелі жыццёвы вопыт, веды, уменні і навыкі. З узнікненнем прыватнай уласнасці аўтарытэт часам залежаў не толькі ад ведаў, вопыту і маральных рыс асобы, але і ад яго маёмаснага стану - багацця. З узнікненнем дзяржавы аўтарытэт становіцца палітычным і прававым паняццем. Сапраўдны аўтарытэт мае прававая і дэмакратычная дзяржава, дзе захоўваюцца правы чалавека, гарантуюцца асноўныя свабоды грамадзян. Дзяржава не можа існаваць без палітычнага аўтарытэту, а ён павінен грунтавацца на маральнай чысціні, павазе да людзей, прафесіяналізме і інш. Існуюць таксама эканамічны, духоўны, маральны, прафесійны, навуковы аўтарытэт. Найчасцей аўтарытэт выкарыстоўваецца для кіравання людзьмі. З гэтай прычыны кожны кіраўнік імкнецца заваяваць аўтарытэт як сярод падначаленых, так і сярод тых, каму ён сам падпарадкаваны. Бываюць выпадкі, калі чый-небудзь або свой аўтарытэт імкнуцца ўзвысіць дзякуючы пасадзе. Але нельга стварыць аўтарытэт ні пасадамі, ні законамі, ні пастановамі. Аўтарытэт не мае нічога агульнага з культам асобы. Дэмакратыя, галоснасць, а часам і калегіяльнасць у прыняцці рашэнняў здольныя прадухіліць ператварэнне любога аўтарытэту ў культ асобы.
@Ахлакратыя (ад грэч. ochlos - натоўп + kratos - улада), улада натоўпу; сітуацыя мяцяжоў, пагромаў, буйных вулічных беспарадкаў, у якіх натоўп выступае гаспадаром становішча. Характарызуецца праяўленнем самых ганебных намераў і дзеянняў (збіванні, бяссудныя забойствы, бяссэнсавыя разбурэнні) і да т.п. 2) Улада грамадска-палітычных груповак, якія апелююць да папулісцкіх настрояў у іх найбольш прымітыўных варыянтах. Іх палітыка вызначаецца зменлівасцю, імкненнем улавіць і адлюстраваць імгненныя грамадскія настроі. Ахлакраты - гэта пераважна «людзі з народа», якія незадаволены сваім статусам і гатовы да неадкладных дзеянняў. Каб шырокія масы зразумелі іх, ахлакраты крайне спрашчаюць складаныя грамадскія праблемы, імкнуцца справакаваць масавы запал. Недахоп уяўлення, палітычнай кампетэнцыі, няўтольная прага да ўлады, падштурхоўвае іх на разнастайныя ўнутрыпалітычныя і знешнепалітычныя авантуры. Гэта робіць ахлакратыю адной з найбольш небяспечных палітычных з'яў, здольных прывесці грамадства да агульнанацыянальнай катастрофы. Працяглае знаходжанне ахлакратаў ва ўладзе стварае мноства тупіковых сітуацый; іх лавінападобнае назапашванне ў выніку пазбаўляе ахлакратаў улады звычайна прымусовым шляхам.
@Банк. Са з'яўленнем грошай і каштоўных папер узнікла неабходнасць іх уліку, захоўвання, размеркавання і выдаткавання на пэўныя мэты. У выніку і з'явіліся банкі - фінансавыя ўстановы, якія акумулююць грашовыя сродкі і зберажэнні (уклады), выдаюць іх у часовае карыстанне ў выглядзе крэдытаў, пасрэднічаюць ва ўзаемных плацяжах і разліках паміж прадпрыемствамі, установамі ці асобамі, рэгулююць грашовае абарачэнне ў краіне, уключаючы выпуск (эмісію) грошай.
Існуюць Цэнтральны, ці Нацыянальны, банк (у большасці краін належыць дзяржаве і валодае манапольным правам эмісіі грошай) і камерцыйныя банкі (спецыялізуюцца на разнастайных відах абслугоўвання галін эканомікі, прыватнай кліентуры). Камерцыйныя банкі бываюць універсальныя і спецыялізаваныя, да апошніх належаць ашчадныя банкі (залучаюць грашовыя зберажэнні і часова свабодныя грашовыя сродкі насельніцтва), знешнегандлёвыя (імпартныя аперацыі), інвестыцыйныя (мабілізуюць доўгачасовы пазыковы капітал і даюць яго пазычальнікам у выглядзе доўгатэрміновага крэдытавання капітальных укладанняў, у т.л. і каштоўных папер, аблігацый ці інш. дакументаў узаемных абавязацельстваў), іпатэчныя (выдаюць доўгачасовыя грашовыя пазыкі пад залог нерухомай маёмасці - зямлі, будынкаў і інш.). Паводле формаў уласнасці бываюць дзяржаўныя, прыватныя (у выглядзе акцыянерных таварыстваў, таварыстваў з абмежаванай, дадатковай адказнасцю), змешаныя (з удзелам розных формаў уласнасці), замежныя, сумесныя (з удзелам замежнага капіталу).
Сукупнасць банкаў краіны ўтварае яе банкаўскую сістэму, роля якой у сацыяльна-эканамічным развіцці настолькі вялікая, што яе вобразна называюць крывяноснай сістэмай эканомікі: акумуліруючы фінансавыя рэсурсы і накіроўваючы іх у эканоміку, банкі тым самым істотна ўплываюць на аб'ём і структуру вытворчасці і спажывання, сацыяльнае развіццё грамадства. Банкаўскія сістэмы бываюць нацыянальныя (адной краіны), рэгіянальныя (забяспечваюць інтарэсы некалькіх краін, напрыклад, Эўрапейская валютная сістэма) і міжнародныя. Аснову апошняй складаюць Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, ці Сусветны банк (дае пазыкі для мадэрнізацыі развіцця эканомікі краін), і Міжнародны валютны фонд (садзейнічае развіццю міжнароднага гандлю і супрацоўніцтву ў валютнай сферы); гэта спецыялізаваныя ўстановы ААН, іх сябры - абсалютная большасць краін свету.
Першы ў Беларусі Менскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 буйныя памешчыкі і купцы. У розны час тут дзейнічала шырокая сетка аддзяленняў і філіялаў расейскіх банкаў, а таксама таварыстваў узаемнага крэдыту, крэдытных, кааператыўных і гарадскіх грамадскіх банкаў. Савецкая банкаўская сістэма пачала фармавацца ў 1922 з адкрыццём Беларускай канторы Дзяржбанка РСФСР (потым СССР). У 1923-1925 пачалі дзейнічаць Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк. Пасля 1959 засталіся Беларускія Рэспубліканскія канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР. Сучасная нацыянальная банкаўская сістэма двухузроўневая: складаецца з Нацыянальнага банка Беларусі і іншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны, грашовае абарачэнне ў краіне, вызначае парадак разлікаў і валодае выключным правам эмісіі грошай, выконвае іншыя аперацыі ў адпаведнасці з законам аб гэтым банку.
@Байкот (англ. boycott), адзін з прыёмаў палітычнай барацьбы, які выяўляецца ў поўным або частковым спыненні зносін з дзяржавай, арганізацыяй, установай, пэўнай асобай як пратэст супраць чаго-небудзь. Насельніцтва часам выкарыстоўвае байкот як частковае або поўнае адмаўленне ад удзелу ў выбарах у прадстаўнічыя органы і г.д. Тэрмін «байкот» паходзіць ад прозвішча ангельца Ч.К.Байкота - аканома маёнтка, дзе ўпершыню ў 1880 ірландскія арандатары выкарысталі такі метад барацьбы.
@Банкруцтва (ням. Bankrott ад італьян. bancarotta - зламаная лаўка), няздольнасць кампаніі, прадпрыемства ці прадпрымальніка плаціць крэдыторам па сваіх даўгавых абавязацельствах з-за адсутнасці сродкаў. Рашэнне аб банкруцтве прымае суд па просьбе саміх юрыдычных ці фізічных асоб (добраахвотная ліквідацыя) ці паводле патрабавання іх крэдытораў (прымусовая ліквідацыя). Пасля судовага рашэння банкрут спыняе эканамічную дзейнасць, а яго маёмасць прадаецца для выплаты даўгоў. Пагашаць даўгі можа і калектыў прадпрыемства-банкрута. У гэтым выпадку маёмасць прадпрыемства пераходзіць у калектыўную ўласнасць яго работнікаў.
@Бартэр (ад англ. barter - тавараабмен). Звычайна абмен таварамі ці паслугамі адбываецца на валютнай аснове. Пры адсутнасці ці недахопе валюты ажыццяўляецца бартэр - прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі. Гэта найпрасцейшы від гандлёвых аперацый - натуральны абмен. Ён найбольш пашыраны ў міжнародным гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу дзяржаўных органаў, на аснове бартэрных здзелак і пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусветных ці блізкіх да іх дагаворных цэнах, каб забяспечыць эквівалентнасць абмену. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.
@Бацькаўшчына (Айчына, Радзіма), гісторыка-культуралагічнае і філасофскае паняцце, якое абазначае пэўную этнакультурную супольнасць; палітычнае, сацыяльнае і культурнае асяроддзе, у якім жыве і працуе народ; краіна, у якой чалавек нарадзіўся і грамадзянінам якой з'яўляецца; тэрыторыя, якая гістарычна належыць пэўнаму народу. Блізказначныя да гэтага паняцця выразы «родная краіна», «родная старонка», «родная зямля». Як сацыяльная з'ява паняцце «бацькаўшчына» ахоплівае ўсе бакі грамадскага жыцця: мову, культуру, духоўныя каштоўнасці, грамадскі лад, традыцыі і звычаі. Бацькаўшчына - гэта вялікая каштоўнасць, якую атрымлівае ў спадчыну кожны чалавек, што нарадзіўся на зямлі сваіх бацькоў. Я.Купала ў вершы «Спадчына» пісаў: «Ад прадзедаў спакон вякоў // Мне засталася спадчына; // Паміж сваіх і чужакоў // Яна мне ласкай матчынай» і заканчвае верш словамі: «Завецца ж спадчына мая // ўсяго Старонкай Роднаю». У гісторыі беларускай грамадскай думкі паняцце «бацькаўшчына» прайшло шматвяковую эвалюцыю. У старажытных летапісах, дакументах і мастацкіх творах гэта паняцце перадавалася словамі-выразамі «зямля», «атчына», «атчызна», зрэдку «материзна». Па меры фармавання цэнтральнай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў змест гэтага паняцця пашыраўся і паглыбляўся як увасабленне агульнадзяржаўных, агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое Княство Литовское» (Устаўная грамата вялікага князя Аляксандра, 1501), «панство отчызны нашое» (Грамата Віленскага сейма, 1514) і г.д. Шырока выкарыстоўваліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «Княства». У афіцыйнай практыцы феадальнага грамадства ідэя бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў саслоўным разуменні («народ-шляхта»). У эпоху Адраджэння пашыраецца дэмакратычная канцэпцыя паняцця «бацькаўшчына», заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сацыяльных станаў, нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Францішка Скарыны паўстае ідэал справядлівага арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, «дабра паспалітага», «людзей простых, паспалітых», адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Патрыятычную па сутнасці народнадэмакратычную ідэю бацькаўшчыны ён выказаў у прадмове да адной з кніг Бібліі: «тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Скарынаўская патрыятычная традыцыя знайшла свой працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, Магілеўскай хронікі і інш. Якаснае паглыбленне і ўзбагачэнне паняцця «бацькаўшчына» прыпадае на канец 18 - пачатак 20 ст. - эпоху нацыянальнай кансалідацыі, вызваленчага змагання беларускага народа з-пад каланіяльнага ўціску царскай Расеі, польскай і спаланізаванай мясцовай арыстакратыі. У новай беларускай літаратуры (у «Песні беларускіх жаўнераў», творах В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, нарадавольцаў групы «Гоман», пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыятычныя імкненні, абуджэнне нацыянальнай свядомасці народа. Цэласны змест паняцце «бацькаўшчына» набывае на этапе разгорнутай барацьбы за адраджэнне нацыянальнае Беларусі, укаранаванае абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, а потым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідуюцца розныя літаратурныя, культурна-асветныя, партыйныя аб'яднанні, плыні і рухі. Праблема бацькаўшчыны стала кансалідуючай ідэяй беларускага адраджэнскага руху. У публіцыстыцы Я.Купалы развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны - справядлівай маці ўсіх людзей краіны незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання: «У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць «ні эліна, ні юдэя». Усе роўныя перад дзяржаўнай уладай, усе роўныя перад правам і законам, усе вольна развіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасць і кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам агульнай Бацькаўшчыны-Беларусі» (Купала Я. Незалежная дзяржава і яе народы // Беларусь. 1919, 29 ліст.). Ідэя Бацькаўшчыны адыграла вялікую ролю ў барацьбе за ўз'яднанне Заходняй Беларусі ў адзінай беларускай дзяржаве; у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Другой сусветнай вайны; служыла і служыць духоўным стымулам новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, яе незалежнасці і суверэнітэту.
@Бежанцы. Упершыню гэты тэрмін з'явіўся ў міжнародным праве пасля 1-й сусветнай вайны 1914-1918 для вызначэння асоб, якія былі выселены ўладамі напярэдадні ваенных дзеянняў ці пакінулі месцы свайго пражывання пад пагрозай захопу іх непрыяцелем. У далейшым праблема бежанцаў неаднойчы набывала асаблівую вастрыню (напрыклад, у выніку захопу ўлады фашыстамі ў Германіі, агрэсіўных войнаў ЗША ў Карэі і Індакітаі, Ізраіля супраць арабскіх краін і народа Палесціны). З мэтай вырашэння гэтай праблемы 25.07.1951 у Жэневе шэраг эўрапейскіх дзяржаў падпісалі Канвенцыю аб статусе бежанцаў, у адпаведнасці з якой да гэтай катэгорыі аднесены і т.зв. перамешчаныя асобы, гвалтоўна вывезеныя ў час 2-й сусветнай вайны 1939-1945 гітлераўцамі з акупаваных тэрыторый для выкарыстання ў якасці таннай рабочай сілы. У рамках ААН у 1951 заснавана і функцыянуе Кіраўніцтва вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. У 1967 падпісаны Пратакол, паводле якога Канвенцыя 1951 пашырана і на асоб, якія сталі бежанцамі ў выніку падзей, што адбыліся пасля 1951. СССР не далучаўся ні да Канвенцыі, ні да Пратакола, матывуючы гэта тым, што пад выглядам бежанцаў у некаторых краінах хаваліся ваенныя і крымінальныя злачынцы. Пасля распаду СССР на тэрыторыях некаторых новаўтвораных дзяржаў (былых саюзных рэспублік) узніклі міжнацыянальныя канфлікты і ваенныя дзеянні, якія выклікалі новую хвалю бежанцаў. Вярхоўны Савет Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржавы і агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права 27.02.1995 прыняў закон «Аб бежанцах» (уведзены ў дзеянне з 01.07.1995), якім вызначаны паняцце і статус бежанцаў, створана Дзяржаўная міграцыйная служба Беларусі.
Такім чынам, паняцце «бежанцы» ахоплівае асоб, якія не з'яўляюцца грамадзянамі гэтай краіны і прыбылі на яе тэрыторыю, вымушаныя пакінуць дзяржаву свайго ранейшага месцажыхарства з прычыны абгрунтаванай асцярогі стаць ахвярай праследаванняў па палітычных, расавых, рэлігійных матывах або ў выніку ўзброеных дзеянняў ці іншых надзвычайных сітуацый, і не атрымалі грамадзянства іншай дзяржавы.
@Беспрацоўе, характэрная для рыначнай эканомікі сацыяльна-эканамічная з'ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Беспрацоўе бывае фрыкцыйнае (калі часовая незанятасць звязана з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі ў вытворчасці занята большая колькасць работнікаў, чым гэта патрабуе вытворчы працэс), структурнае (вымушаная незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (вымушаная незанятасць у сувязі са спадам вытворчасці). Паводле звестак Міжнароднай арганізацыі працы ў канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных паказваюць узровень беспрацоўя, які аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нацыянальнага прадукту (ВНП). Паводле закону вучонага-эканаміста А.Ойкена, 1% беспрацоўных памяншае ВНП на 2,5%. Гэта дае магчымасць вызначаць абсалютныя страты прадукцыі пры любым узроўні беспрацоўя. Для ўліку беспрацоўных, аказання ім матэрыяльнай дапамогі, дапамогі ў набыцці новых прафесій і працаўладкаванні ствараюцца біржы працы.
У Беларусі, як і ў іншых краінах, беспрацоўе з'явілася ў выніку рацыяналізацыі вытворчасці. Пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у беларускіх вёсках было не занята 1127,8 тыс. чалавек (38,9%), у 1900 - 2039,8 тыс. чалавек (56,9%). Па 5-6 месяцаў на працягу года не мелі работы многія дробныя таваравытворцы. У час крызісу 1901-1903 беспрацоўныя складалі амаль 19% прамысловых рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусветнай вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. Афіцыйна лічылася, што беспрацоўе ў БССР ліквідавана ў 1931 у выніку пераваг сацыялістычнай эканомікі. Фактычна высокая занятасць падтрымлівалася за кошт неапраўдана вялікай колькасці работнікаў пры ўраўняльна нізкай аплаце іх працы, гэтаму спрыяла і тэхнічная адсталасць значнай часткі прадпрыемстваў, асабліва ў дапаможнай вытворчасці. Рыначныя адносіны ў сучаснай Беларусі прывялі да фармавання рынку працы. На пачатак 1997 зарэгістравана 182500 беспрацоўных, узровень беспрацоўя склаў 3,6%. Функцыі біржаў працы выконваюць цэнтры занятасці.
@Біблія (грэч. biblia літар. - кнігі), збор розначасовых і рознахарактарных твораў, кананізаваных рэлігійнай традыцыяй як свяшчэннае пісанне. Складаецца з 2 частак - Старога і Новага запаветаў. Юдэйская рэлігія прызнае толькі Стары запавет, хрысціянская - абедзве часткі. Створана ў 8 ст. да н.э. - 2 ст. н.э. Уключае міфы пра паходжанне свету і чалавека, рэлігійныя павучанні, догматы, прароцтвы, малітвы і інш. Адначасова з'яўляецца літаратурным помнікам старажытнай пісьменнасці. На працягу тысячагоддзяў біблейскія творы распаўсюджваліся ў рукапісах. У Беларусі спісы асобных біблейскіх кніг або іх фрагментаў з'явіліся пасля хрышчэння Русі (988). У канцы 10 ст. перапісваннем свяшчэнных кніг, верагодна, займалася Рагнеда Рагвалодаўна, у 12 ст. - Ефрасіння Полацкая. Пра сталую біблейскую традыцыю сярэднявечнай Беларусі сведчаць рукапісныя помнікі: Аршанскае, Полацкае, Друцкае евангеллі, Смаленскі псалтыр і інш. Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданнем Бібліі на роднай мове, блізкай да тагачаснай беларускай літаратурнай мовы, была Біблія Ф.Скарыны. Пазней у 1563 выдадзена Берасцейская (Радзівілаўская) Біблія. Выданнем біблейскіх кніг займаўся С.Будны, В.Цяпінскі, І.Фёдараў і П.Мсціславец, С.Собаль, М.Вашчанка і інш. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы выкарыстоўвае літаратура, выяўленчае, тэатральнае, музычнае і іншыя віды мастацтва.
@Бізнес (англ. business), эканамічная дзейнасць з мэтай атрымання прыбытку ці іншай выгады. Адзін з асноўных заняткаў ва ўмовах рыначнай эканомікі, крыніца эканамічнага і сацыяльнага развіцця грамадства. Ахоплівае вытворчую, камерцыйную, кансультацыйную, банкаўскую і іншыя сферы дзейнасці. Паводле колькасці работнікаў, аб'ёму вытворчасці прадукцыі, умоў дзейнасці вылучаюць малы, сярэдні і буйны бізнес. Самы масавы - малы бізнес: як правіла, гэта невялікія прадпрыемствы, якія выпускаюць аднародную прадукцыю і займаюць невялікую ўдзельную вагу на рынку. У развітых краінах існуе сістэма дзяржаўнай падтрымкі такога бізнесу, бо ён задавальняе штодзённыя дробныя патрэбы людзей.
Чалавек, які займаецца бізнесам, - бізнесмен. Ён можа быць уласнікам прадпрыемства або нанятым прадпрымальнікам для работы ў сферы менеджменту, маркетынгу, фінансаў і г.д. Для прыняцця аптымальных рашэнняў ён павінен мець адпаведныя здольнасці, каб вызначаць галоўныя канцэпцыі і тэндэнцыі рынку, апрацоўваць вялікія інфармацыйныя масівы з выкарыстаннем камп'ютэрнай і іншай сучаснай тэхнікі. У цывілізаваных краінах усё больш узрастае і роля маральна-этычных прынцыпаў бізнесу - захавання дзелавой этыкі, сумленных метадаў канкурэнтнай барацьбы, выканання фармальных і нефармальных абавязацельстваў. Сацыяльны і эканамічны статус бізнесмена залежыць не толькі ад росту яго прыбытку, а і ад удзелу ў вырашэнні сацыяльных праблем грамадства - у стварэнні новых рабочых месцаў, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, дапамозе маламаёмным і г.д. Гл. таксама Прадпрымальніцтва.
@Білінгвізм (ад лац. bi... - дву(х)... + lingua - мова), двухмоўе - карыстанне дзвюма мовамі. Многія народы знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва суседнія этнасы, ці тыя, што знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Эканамічныя, культурныя, навуковыя і іншыя кантакты таксама патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў.
У Беларусі білінгвізм існаваў здаўна, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся. У перыяд Вялікага Княства Літоўскага (13-18 ст.) існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. Пасля аб'яднання ВКЛ з Польскім каралеўствам у фэдэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую пачало складвацца беларуска-польскае двухмоўе. Калі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі былі далучаны да Расейскай імперыі, а функцыі афіцыйнай мовы стала выконваць расейская мова, шырока развівалася беларуска-расейскае двухмоўе. Функцыі міжнацыянальных кантактаў расейская мова выконвала і ў былым СССР. Моўная сітуацыя ў Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды характарызавалася як шматмоўная пры фактычным аднамоўі значнай часткі беларускага насельніцтва. Сучасная моўная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем беларускай і расейскай моў і можа быць вызначана як беларуска-расейскае двухмоўе. З прыняццем у 1990 закону «Аб мовах у Беларускай ССР» і наданнем беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы суадносіны моў у Беларусі пачалі мяняцца на карысць беларускай мовы. Пасля рэферэндумаў 1995 і 1996, паводле вынікаў якіх расейскай мове быў нададзены роўны статус з беларускай, гэты працэс запаволіўся.
@Біржа (ням. Börse ад грэч. byrsa - кашалёк). Першапачаткова гэта слова абазначала гандлёвы цэнтр горада, час, на працягу якога адбываліся таргі (сходы), і самі таргі. У сучасным значэнні біржа - гэта структура для куплі-продажу масавых тавараў (таварная), каштоўных папер (фондавая), валюты (валютная), а таксама для пасрэдніцтва ў найме рабочай сілы (біржа працы). Біржай называюць таксама будынкі, дзе адбываюцца сустрэчы пакупнікоў з прадаўцамі і заключаюцца здзелкі. Галоўнае прызначэнне біржы - стварыць больш спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення гандлёвых аперацый. Спецыяльна падрыхтаваныя асобы - брокеры - ці брокерскія канторы (фірмы) па даручэнні пакупнікоў і за іх кошт (часам і па ўласнай ініцыятыве) знаходзяць патрэбныя тавары і выступаюць пасрэднікамі пры заключэнні здзелак на куплю-продаж.
Таварная біржа ажыццяўляе аптовы продаж масавых тавараў, пераважна сыравінных і харчовых (каляровых металаў, бавоўны, збожжа, цукру і інш.). Тавары павінны адпавядаць пэўным узорам і стандартам. Рэалізуюцца яны партыямі, мінімальны памер якіх вызначаецца загадзя. Узровень цэн на таварных біржах называюць біржавымі каціроўкамі, якія адлюстроўваюць сусветны ўзровень цэн на біржавыя тавары і з'яўляюцца асновай для ўстанаўлення цэн на аналагічныя тавары ў звычайным гандлі.
Фондавая біржа займаецца купляй-продажам акцый і аблігацый акцыянерных кампаній, а таксама аблігацый дзяржаўных пазык. Асноўныя яе функцыі: мабілізацыя часова свабодных сродкаў для доўгатэрміновых інвестыцый у эканоміку і фінансавання дзяржаўных праграм; устанаўленне біржавога курсу - рыначнага кошту каштоўных папер; пераліванне капіталу паміж кампаніямі, галінамі і сферамі.
Валютная біржа ажыццяўляе куплю-продаж замежнай валюты па рыначных цэнах.
Біржа працы - дзяржаўная структура, пасрэдніцкае звяно паміж прадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. Вывучае попыт і прапанову ў розных рэгіёнах, займаецца пытаннямі прафесійнай арыентацыі моладзі, прафесійнай перападрыхтоўкі і працаўладкавання.
У Беларусі ў ліку першых адкрыты ў 1908 Менская лясная, у 1913 Віцебская таварная біржа (спынілі дзейнасць у 1-ю сусветную вайну). У 1920-я г. таварныя біржы існавалі ў Віцебску, Менску, Гомелі і Магілеве з мэтай уздзеяння на прыватны рынак, каб ператварыць яго ў сацыялістычныя формы гандлю. З дасягненнем гэтага біржы ліквідаваны. З фармаваннем рыначнай эканомікі зноў узніклі на пачатку 1990-х г. У 1991 зарэгістравана 13 біржаў, з іх найбольшыя Беларуская фондавая, таварная «Белая Русь», Беларуская аграпрамысловая (таварна-фондавая), Міжбанкаўская валютная біржа. Функцыі біржы працы выконваюць цэнтры занятасці.
@Біялагічнае і сацыяльнае. Чалавека звычайна разглядаюць у двух розных вымярэннях яго існавання - біялагічным і сацыяльным. Вылучаюць таксама і псіхічны ўзровень вымярэння чалавечага быцця. Біялагічнае праяўляецца ў марфалогіі (будова чалавека), фізіялогіі (функцыянаванне яго сістэм і органаў), генетычных працэсах (спадчынныя змены ў арганізме). Але чалавек валодае духоўным светам. На базе асэнсаваных і неўсвядомленых працэсаў (воля, памяць, характар і г.д.) фармуюцца мысленне і свядомасць. Гэтыя два паняцці характарызуюць якасную спецыфіку і ўзаемадзеянне двух арганічна звязаных узроўняў развіцця матэрыі: жывой прыроды і чалавечага грамадства. Арганізм і асоба - дзве непадзельныя сутнасці чалавека. Цялесная арганізацыя чалавека разглядаецца як матэрыяльны субстрат асобы, яе матэрыяльная аснова, над якой, як над фундаментам, узвышаецца псіхасацыяльная арганізацыя асобы. Вымярэнне чалавека з двух бакоў - біялагічнага і сацыяльнага - мае філасофскі сэнс менавіта ў адносінах да асобы. Біялагічнае ў чалавеку прадвызначаецца, дэтэрмінуецца галоўным чынам спадчынным (генетычным) механізмам. Сацыяльнае абумоўлена спецыфікай уваходжання чалавека ў культурна-гістарычны працэс развіцця грамадства. Як жа ўжываюцца, аб'ядноўваюцца ў чалавеку гэтыя два пачаткі? Працяглая эвалюцыя змяніла біялогію чалавека, вызначальнай перадумовай станаўлення чалавека была праца. З'явіўшыся на свет істотай біялагічнай, чалавек развівае ва ўмовах сацыяльнага асяроддзя свае анатама-фізіялагічныя сістэмы, індывідуальныя таленты, патэнцыяльныя здольнасці, закладзеныя ў выглядзе спадчынных задаткаў. Развіваючыся ва ўмовах поўнай ізаляцыі ад грамадства чалавек ніколі не стане асобай. Толькі ў грамадстве чалавек можа развіць сваю сапраўдную прыроду.
@Біясфера (ад грэч. bios - жыццё + sphaira - шар). Зараджэнне жыцця на Зямлі, якое азнаменавала з'яўленне якасна новай формы арганізацыі і руху матэрыі, стала зыходным пунктам у эвалюцыі ўсёй прыроды і ў гісторыі нашай планеты. Узнікненне жывой матэрыі істотна змяніла характар геахімічных працэсаў на Зямлі. Бесперапынным узаемадзеяннем з рэчывам і энергіяй навакольнага асяроддзя, жывыя арганізмы ператварыліся ў магутны фактар геалагічных змяненняў. Паступова сфармавалася прыродная сфера, у якой галоўную ролю стала выконваць жывое рэчыва. Гэта прыродная сфера атрымала назву біясфера. Агульнае вучэнне пра біясферу стварыў расейскі вучоны Ў.І.Вярнадскі, які развіў ідэю аб комплексным прыродна-гістарычным вывучэнні складаных прыродных аб'ектаў разнаякаснай структуры. Біясфера - гэта складаны прыродны аб'ект, які ўключае ўсё жывое і генетычна звязанае з ім неарганічнае рэчыва; гэта зямная абалонка, якая ахоплена жыццём і валодае ў сувязі з гэтым своеасаблівай геалагічнай і фізіка-хімічнай арганізаванасцю. Яна неаднародная і нераўнамерна ўпісваецца ў геалагічныя ўмовы Зямлі (акіяны, горы, раўніны). У ёй адбываюцца складаныя працэсы міграцыі рэчыва і энергіі, якія абумоўліваюць эвалюцыю жывых арганізмаў і адпаведнае яе змяненне. Вучэнне пра біясферу ахоплівае ўсе ўзроўні ўзаемадзеяння жывога рэчыва з навакольным светам: ад сувязі біясферна-планетарных з'яў з касмічнымі выпрамяненнямі да глабальных вынікаў вытворчай дзейнасці чалавецтва для жыцця на Зямлі. Тэхнагенез, разумнае ператварэнне прыроды ствараюць перадумовы для пераходу біясферы ў новы стан - наасферу. Аднак глабальны ўплыў чалавека на біясферу пакуль што дае шматлікія прыклады разбуральнага ўздзеяння, якое пагражае экалагічнай катастрофай (гл. Экалогія), таму праблема «біясфера і чалавецтва» з'яўляецца сёння агульнапланетарнай праблемай разумнага вядзення зямных спраў у імя захавання жыцця на Зямлі.
@Быт, сфера невытворчага сацыяльнага жыцця: сукупнасць спосабаў і формаў непасрэднага задавальнення патрэб людзей. Уключае задавальненне матэрыяльных (прадукты харчавання, адзенне, жыллё, лячэнне і падтрымка здароўя) і духоўных (навука, культура, мастацтва, рэлігія, навучанне і выхаванне дзяцей, адпачынак, забавы) патрэб. Элементамі быту з'яўляюцца таксама звычаі, абрады, нормы і звычкі індывідуальнага жыцця, шлюбна-сямейныя адносіны. У шырокім сэнсе быт - уладкаванне паўсядзённага жыцця. Ён вельмі моцна ўплывае на іншыя сферы сацыяльнага жыцця і найперш на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей, на іх здароўе.
Адрозніваюць грамадскі, гарадскі, сельскі, сямейны і індывідуальны быт. У розных народаў пад уплывам сацыяльных і геаграфічных умоў фармуецца комплекс традыцый, звычаяў, абрадаў, якія звязаны з жыццядзейнасцю ў побыце. Пры гэтым у розных сацыяльных слаях, нацыянальных і рэлігійных абшчынах, у горадзе і ў вёсцы ўтвараюцца розныя формы быту, у якіх адлюстроўваецца духоўны і матэрыяльны стан грамадства. Найбольш яскрава тэндэнцыі змены быту выяўляюцца ў сям'і. Маральны стан сям'і, яе традыцыі, абрады, звычаі ўплываюць на фармаванне характару чалавека і яго светапогляду. Працэсы, што адбываюцца ў сферы быту, прыводзяць да стандартызацыі некаторых яго элементаў. Аднак гэта не абазначае нівеліроўкі патрэб і густаў людзей, хоць і спараджае падобны стыль жыцця ў прадстаўнікоў пэўных прафесійных і сацыяльных груп і іх сем'яў.
@Быццё, філасофская катэгорыя, якая абазначае рэчаіснасць, што існуе аб'ектыўна, па-за свядомасцю чалавека і незалежна ад яе. Філасофскае разуменне быцця і яго суадносіны са свядомасцю вызначаюць змест асноўнага пытання філасофіі. Платон супрацьпаставіў пачуццёвае быццё чыстым ідэям - свету сапраўднага быцця. Арыстоцель, абапіраючыся на распрацаваны ім прынцып узаемасувязі формы і матэрыі, стварыў вучэнне аб розных узроўнях быцця. Сярэднявечная хрысціянская філасофія адстойвала «ісціннае», створанае Богам быццё, адрозніваючы пры гэтым сапраўднае быццё (акт) і магчымае быццё (патэнцыя), сутнасць і існаванне, сэнс і сімвал. У 17-18 ст. быццё разглядалася як рэальнасць, што процістаіць чалавеку і асвойваецца ім у дзейнасці. Адсюль узнікла тлумачэнне быцця як аб'екта, што процістаіць суб'екту як коснай рэальнасці, падпарадкаванай сляпым, аўтаматычна дзеючым законам (напрыклад, закону інерцыі). Г.Лейбніц трактаваў быццё як адлюстраванне дзейнасці духоўных субстанцый - манад. Паняцце «быццё» найбольш шырока разгледжана ў нямецкай класічнай філасофіі. Паводле І.Канта быццё не з'яўляецца ўласцівасцю рэчаў, спосабам сувязі нашых паняццяў і разважанняў. І.Фіхтэ лічыў, што сапраўдным быццём з'яўляецца свабодная, чыстая дзейнасць абсалютнага «Я», а матэрыяльнае быццё - вынік усведамлення і самасвядомасці «Я». Ф.Шэлінг бачыў у прыродзе неразвіты розум, які толькі дрэмле, а сапраўднае быццё - у свабодзе чалавека, у яго духоўнай дзейнасці. У канцэпцыі Г.Гегеля быццё разглядалася як першая, непасрэдная ступень ва ўзыходжанні духу да самога сябе. Кант і Гегель выявілі аб'ектыўна-ідэальны ўзровень быцця, што ўвасабляецца ў розных формах дзейнасці суб'екта. У філасофскіх канцэпцыях 19-20 ст. дамінуюць спробы зразумець быццё, ідучы ад аналізу свядомасці.
У марксісцкай філасофіі, якая абвяргала розныя формы ідэалізму, падкрэсліваўся шматузроўневы характар быцця (арганічная і неарганічная прырода, біясфера, грамадскае быццё, быццё асобы).
@Бюджэт. Літаральна, у перакладзе з ангельскай мовы budget - сумка. А ў сумку, як вядома, спачатку нешта кладуць, а потым бяруць. Штосьці падобнае адбываецца з грашовымі сродкамі краіны пры распрацоўцы дзяржаўнага бюджэту: каб ведаць свае магчымасці на наступны год, дзяржаўныя органы падлічваюць, колькі і з якіх крыніц паступіць грашовых сродкаў, і распісваюць, на якія мэты і ў якіх аб'ёмах іх накіраваць. Штогодні расклад паступлення грашовых сродкаў і расходаў краіны і ёсць дзяржаўны бюджэт. Інакш кажучы, гэта генеральны фінансавы план дзяржавы.
У Беларусі ён складаецца з нацыянальнага і мясцовых (абласных, раённых, гарадскіх, пасялковых) бюджэтаў, якія ўтвараюць бюджэтную сістэму, ці дзяржаўны бюджэт. Даходы фармуюцца за кошт вызначаных законам падаткаў прадпрыемстваў, арганізацый, насельніцтва і іншых плацяжоў і паступленняў. За кошт нацыянальнага бюджэту ажыццяўляюцца агульнадзяржаўныя расходы: фінансаванне дзяржаўных органаў улады і кіравання, абароны, органаў дзяржаўнай бяспекі, прадпрыемстваў, устаноў і аб'ектаў агульнанацыянальнага падпарадкавання, а таксама мерапрыемстваў па ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. У мясцовыя бюджэты паступаюць мясцовыя падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнанацыянальных падаткаў і даходаў. Мясцовыя ўлады накіроўваюць гэтыя сродкі на вырашэнне сацыяльна-эканамічных праблем сваіх рэгіёнаў.
Важнае патрабаванне да бюджэту - збалансаванасць даходаў і расходаў. Калі расходы большыя за даходы (розніца ў перавышэнні называецца бюджэтным дэфіцытам), то суму недахопу даходаў дзяржава павінна ўзяць у крэдыт (пазычыць) у Нацыянальнага банка. Распрацаваны ўрадам дзяржаўны бюджэт на кожны наступны год, як і выкананне бюджэту за мінулы год, зацвярджае Вярхоўны Савет Беларусі. У некаторых сем'ях з мэтай эканомнага выдаткавання сродкаў распрацоўваюць сямейны бюджэт - расклад грашовых даходаў і расходаў сям'і.
@Бюракратыя. Сэнс гэтага слова паходзіць ад французскага bureau, што абазначае зялёнае сукно, якім накрывалі сталы службовых асоб дзяржаўных канцылярый. Адсюль і тэрмін «бюракрат», г.зн. служачы дзяржаўнага апарату, чыноўнік. Іх існаванне - аб'ектыўна непазбежнае і неабходнае для функцыянавання ўлады, як і пашырэнне дзяржаўнага апарату, ускладненне яго функцый. Але пры гэтым часта адбываецца ўмацаванне ўлады бюракратыі, усталяванне фактычнага яе самаўладдзя. Дарэчы, бюракратызм даслоўна - гэта ўлада, панаванне канцылярыі. Валодаючы важнай дзяржаўнай інфармацыяй, маючы магчымасць удзельнічаць у выпрацоўцы адказных рашэнняў, весці перапіску, у т.л. даваць адказы на пісьмы грамадзян, бюракрат ставіць у залежнасць ад сябе вялікую частку насельніцтва і вышэйшыя інстанцыі ўлады. Кожны бюракрат, робячы выгляд дзяржаўнага чалавека, на першае месца вылучае асабістыя інтарэсы - кар'еру і дабрабыт. Адсюль яго рабалепства перад непасрэдным начальнікам, імкненне дагадзіць яму, зрабіць хоць і фармальную, але прыгожую справаздачу. У адносінах жа да падначаленых і простых грамадзян ён дапускае свавольства, дэспатызм, валакіту, адпіскі, жаданне атрымаць для сябе выгаду. Таму бюракратыя - гэта сістэма кіравання з дапамогай апарату ўлады, які надзелены асаблівымі функцыямі і прывілеямі, аддзелены ад грамадства і стаць над ім.
@Ваенна-прамысловы комплекс (ВПК). Гэта сукупнасць прадпрыемстваў па вытворчасці ваеннай тэхнікі, мілітарызаванай навукі, кіраўніцтва ўзброеных сіл і пэўных структур дзяржаўнага апарату краіны.
ВПК пачаў інтэнсіўна развівацца пасля 2-й сусветнай вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння дзвюх сусветных сістэм на чале з США і СССР і ўзмацненнем «халоднай вайны». У канцы 1980-х г. у сферы ваеннай вытворчасці ў свеце было занята каля 30 млн. чалавек і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзброеных сілах, каля 500 тыс. вучоных займалася ваенна-навуковымі даследаваннямі. За 1987-1991 у ЗША на ваенныя мэты выдаткавана 1,8 трыльёна даляраў. Не менш магутны ВПК меў і былы СССР. Толькі на тэрыторыі Беларусі на яго працавала больш як 100 прадпрыемстваў - пераважна радыёэлектроннай прамысловасці і прыладабудавання. ВПК быў «кузняй» гонкі ўзбраенняў, асновай мілітарызацыі эканомікі. Пасля распаду СССР, сусветнай сацыялістычнай сістэмы і яе ваеннага блоку (Варшаўскага Дагавора) на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія - перавод іх на выпуск мірнай прадукцыі. Але гэты комплекс па-ранейшаму выпускае вялікую колькасць узбраенняў як для ўзброенных сіл сваіх краін, так і для ваеннага бізнесу.
@Вайна, гэта, бадай, самае жахлівае з усіх бедстваў: яна нясе людзям пакуты, разбурэнні, смерць, а часта - і заняволенне народаў пераможаных краін. Паводле ацэнак спецыялістаў, усяго ў гісторыі зафіксавана больш як 14,5 тыс. войнаў, якія ўзялі каля 4 млрд. чалавечых жыццяў. І тым не менш войны амаль не спыняюцца. Асабліва жорсткія яны сталі ў нашу эпоху, у 20 ст. 1-я сусветная вайна (1914-1918) працягвалася амаль 4 з паловай гады. У ёй удзельнічала больш як 30 дзяржаў, забіта і памерла ад ран 13,6 млн. чалавек, матэрыяльныя страты склалі 360 млрд. даляраў. Амаль за 6 гадоў 2-й сусветнай вайны (1939-1945), у якой удзельнічала больш як 60 дзяржаў, забіта і памерла ад ран больш як 50 млн. чалавек, матэрыяльныя страты дасягнулі 4 трыльёнаў даляраў. Французскі вучоны-фізік і змагар за мір Ф.Жаліо-Кюры падлічыў, што сродкаў, якія выдаткоўваліся толькі за 1 месяц 2-й сусветнай вайны, хапіла б на арашэнне самай вялікай у свеце пустыні Сахара. Непазбежнымі вынікамі вайны, як правіла, з'яўляюцца: анексіі - прымусовы захоп агрэсарам усёй ці часткі тэрыторыі пераможаных краін ці народаў; кантрыбуцыі - грашовыя сумы, якія пераможаныя дзяржавы выплачваюць дзяржавам-пераможцам; рэпарацыі - від матэрыяльнай адказнасці дзяржавы за страты, прычыненыя дзяржаве ў выніку ваеннай агрэсіі.
З даўніх часоў у міжнародных адносінах прызнавалася права на вайну, паводле якога свае інтарэсы можна было адстойваць і ўзброеным шляхам. Фактычна гэта быў дыктат сілы: лічылася, што пераможцаў не судзяць. Пазней з улікам трагічнага вопыту войнаў, асабліва дзвюх сусветных, адносіны да вайны набылі асуджальна-пакаральны характар. У статуце ААН (арт. 51) замацаваны прынцып забароны войнаў; дамагацца сваіх правоў неабходна шляхам перагавораў, а не ўзброенай сілы. 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН (1974) прыняла спецыяльную рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой агрэсія - гэта незаконнае выкарыстанне дзяржавай узброенай сілы супраць суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці ці палітычнай незалежнасці іншай дзяржавы. У гэтай рэзалюцыі падкрэслена, што агрэсарам з'яўляецца той, хто нападае першы.
Для дзяржавы-агрэсара прадугледжана палітычная і матэрыяльная адказнасць: часовае абмежаванне яе суверэнітэту (напрыклад, поўная ці частковая дэмілітарызацыя), адказнасць за прычыненыя страты (выплаты рэпарацый, вяртанне нарабаванай маёмасці і інш.). Асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць за гэта крымінальную адказнасць. Такая адказнасць была прадугледжана ў рашэннях Крымскай і Патсдамскай канферэнцый (1945) дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі і замацавана ў статутах Нюрнбергскага і Такійскага міжнародных трыбуналаў (1945). Гэта мера пакарання была выкарыстана ў адносінах да ваенных злачынцаў фашысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусветную вайну.
Паводле рашэнняў ААН, міжнароднае супольніцтва прымае санкцыі і нават ваенныя акцыі супраць краін, якія ўчыняюць ваенныя напады на іншыя дзяржавы; дапамагае краінам, якія падвяргаюцца агрэсіі, у іх справядлівай вайне за сваю свабоду і незалежнасць. І ўсё ж у розных рэгіёнах свету не затухаюць рэгіянальныя ваенныя канфлікты (т.зв. «гарачыя кропкі»), а на ваенныя рыхтаванні затрачваюцца надзвычай вялікія сродкі (гл. Ваенна-прамысловы комплекс, Узброеныя сілы).
Аднак у арсеналах буйных дзяржаў назапашана такая колькасць ядзернай і іншай зброі масавага паражэння, што яе хапіла б, каб знішчыць усё жывое на зямлі. У гэтых умовах лічыць вайну сродкам палітыкі, як было раней, легкадумства і самазабойства. Вайна - гэта сацыяльная з'ява, якая ўяўляе сабой адну з формаў вырашэння грамадска-палітычных, эканамічных, ідэалагічных, а таксама нацыянальных, рэгіянальных, тэрытарыяльных і іншых супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі, класамі і сацыяльнымі групамі сродкамі ўзброенага насілля. Але сёння войны не толькі не з'яўляюцца фатальна непазбежнымі, але пастаўлены сусветным супольніцтвам па-за законам. Мір і супрацоўніцтва - адзіны шлях для захавання і развіцця чалавечай цывілізацыі.
Тэрыторыя Беларусі з-за яе геаграфічнага размяшчэння была арэнай шматлікіх войнаў. У час Другой сусветнай вайны яна 3 гады была акупавана нямецкімі фашыстамі, якія ўстанавілі тут жорсткі рэжым: створана 260 лагераў смерці, праведзена 140 карных аперацый, спалена і разбурана 209 гарадоў (больш як 8 млн. м2 жылога фонду), 9200 вёсак, 1,2 млн. дамоў, 10 тыс. прадпрыемстваў, знішчана 2 млн. 200 тыс. чалавек, 380 тыс. чалавек вывезена на работы ў Германію; разам з насельніцтвам спалена 628 вёсак, у тым ліку в. Хатынь у Лагойскім раёне, дзе створаны сусветна вядомы мемарыяльны комплекс. Таму Беларусь як сябра ААН актыўна падтрымлівае намаганні народаў свету за прадухіленне і спыненне войнаў, ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву - нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нацыянальнага заканадаўства, з'яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымінальным парадку.
@Вальнадумства. Прызнаючы вышэйшую годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, нельга адказваць ёй у праве на самастойную думку, уласны выбар, на асабісты пошук ісціны, спалучаны з высокай адказнасцю перад грамадствам. Доўгі і цяжкі быў шлях чалавека да набыцця свабоды думкі. Тэрмін «вальнадумства» ўвайшоў ва ўжытак толькі ў 18 ст. Шматвяковыя традыцыі разняволення чалавечага інтэлекту ідуць ад тых часоў, калі аб'ектыўным і дакладным ведам супрацьстаялі суб'ектыўныя «суджэнні» і фантастычныя здагадкі, якія часта набывалі статус вышэйшай ісціны. Найбольш яскрава вальнадумства праявілася ў сярэднія вякі, у эпоху непадзельнага панавання рэлігійнай ідэалогіі з характэрнымі для яе аўтарытарызмам і нецярпімасцю да іншадумства. Гэтым абумоўлена і тое, што ў гісторыі найбольш замацавалася рэлігійнае вальнадумства як форма гуманістычнай і рацыяналістычнай апазіцыі царкоўнай дагматыцы і падрыву гегемоніі рэлігійна-тэалагічнага светапогляду. Адной з ранніх папулярных формаў вальнадумства была тэорыя «дваістай ісціны», якая сцвярджала незалежнасць розуму ад веры, раўнапраўе прыродазнаўчанавуковых і рэлігійных уяўленняў. У эпоху Адраджэння вальнадумства стала характэрнай рысай усёй прагрэсіўнай гуманістычнай культуры. Найвышэйшага росквіту вальнадумства дасягнула ў перыяд ранніх буржуазных рэвалюцый і Асветніцтва 17-18 ст. (Вальтэр, Ж.Ламетры, П.Гольбах, Д.Дзідро, М.В.Ламаносаў, А.М.Радзішчаў і інш.).
Вальнадумства аказала глыбокае ўздзеянне на развіццё культуры Беларусі. Элементы вальнадумства былі ўжо ў ерасях 14-15 ст., дзе крытыкавалася пануючая царква, духавенства, абраднасць і культы. Якасна новы характар вальнадумства набыло ў эпоху Адраджэння. Заснаваны Ф.Скарынам гуманістычна-асветніцкі кірунак вальнадумства ў 16-17 ст. развіты ў творчасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Л.Зізанія і інш. Вяршыняй вальнадумства ў Беларусі ў 17 ст. сталі ідэі К.Лышчынскага, які творцамі рэлігіі абвясціў людзей. Жорсткія рэпрэсіі вымушалі беларускіх вальнадумцаў ствараць парадыйныя і сатырычныя ананімныя творы: «Прамовы Мялешкі» (першая палова 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655); трыумф вальнадумства - творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Новую хвалю вальнадумства ў Беларусі выклікалі пашырэнне навуковых ведаў і дэмакратызацыя культуры ў эпоху Асветніцтва. У 19 ст. гістарычныя традыцыі антырэлігійнага вальнадумства зліліся з рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіяй.
Такім чынам, вальнадумства - гэта рашучае адмаўленне ад аўтарытарна-дагматычнага, традыцыяналісцкага мыслення, сцвярджэнне самакаштоўнасці чалавечага розуму і яго неад'емнага права на свабодны пошук ісціны.
@Валюнтарызм (ад лац. voluntas - воля), 1) ідэалістычны кірунак у філасофіі, які абвяшчае першаасновай быцця волю і тлумачыць яе як сляпую сілу. На гэтай аснове адмаўляюцца аб'ектыўныя законы развіцця прыроды, грамадства і прапаведуецца культ «выдатных асоб». 2) Сацыяльна-палітычная практыка, якая ігнаруе аб'ектыўныя заканамернасці гістарычнага працэсу і кіруецца суб'ектыўнымі жаданнямі і адвольнымі рашэннямі асоб, што яе ажыццяўляюць. Прыхільнікі валюнтарызму перабольшваюць ролю валявога, стыхійнага пачатку ў жыцці чалавека і грамадства. Палітычны працэс яны трактуюць як адвольны, перарывісты і недаступны розуму. Асноўную ўвагу акцэнтуюць не на праграмах, а на прамых дзеяннях, адвольных рашэннях, часта на бессэнсоўным палітычным ціску. У палітыцы вынікам валюнтарызму найчасцей бывае аўтарытарызм або таталітарызм, звышрэвалюцыйнасць або анархізм. Як філасофскі кірунак валюнтарызм узнік у 19 ст. Найбольш вядомыя яго прадстаўнікі - А.Шапенгаўэр (сцвярджаў, што ў аснове ўсіх з'яў ляжыць нічым не абумоўленая «сусветная воля»), Ф.Ніцшэ (надаў валюнтарызму агрэсіўны характар, рухальнай сілай гісторыі абвясціў «волю да ўлады» і «культ сілы»), Э.Гартман. Погляды гэтых філосафаў з'явіліся адной з галоўных ідэйных крыніц фашызму. У Расеі ў 2-й палове 19 ст. валюнтарызм быў характэрнай рысай сацыялагічных поглядаў і палітычных ідэй прыхільнікаў суб'ектыўнага метаду ў сацыялогіі П.Л.Лаўрова і М.К.Міхайлоўскага, якія лічылі волю «герояў» стымулюючай сілай, якая вядзе за сабой натоўп. Ён праяўляўся ў палітычнай дзейнасці народнікаў, анархістаў, эсэраў.
@Валюта. Слова гэта паходзіць ад італьянскага valuta, што абазначае «кошт». Адрозніваюць нацыянальную і міжнародную валюту. Нацыянальная валюта - грашовая адзінка краіны (напрыклад, рубель Беларусі, даляр ЗША, рубель Расеі, марка Германіі). Міжнародная валюта - грашовыя знакі замежных краін, а таксама крэдытныя і плацежныя дакументы (вэксалі, чэкі і іншыя), якія выражаны ў замежных грашовых знаках і выкарыстоўваюцца ў міжнародных разліках. Існуюць і спецыяльныя міжнародныя разліковыя валюты: СДР (выкарыстоўваецца Міжнародным валютным фондам) і ЭКЮ (разліковая грашовая адзінка краін - сябраў Эўрапейскага Супольніцтва).
Нацыянальная валюта бывае свабодна канверсаваная (абарачальная), часткова канверсаваная і неканверсаваная (неабарачальная, ці замкнутая). Канверсаваная валюта свабодна абменьваецца на любую іншую валюту і можа быць выкарыстана для любых аперацый без абмежавання. Да такіх валют адносяцца даляр ЗША, марка ФРГ, японская іена, ангельскі фунт стэрлінгаў, французскі франк і некаторыя інш. Часткова канверсаваная валюта абменьваецца на іншыя не па ўсіх аперацыях, а неканверсаваная зусім не абменьваецца і не выкарыстоўваецца ў міжнародных разліках.
Пры канверсаванасці валюты важнае значэнне набываюць валютны парытэт (суадносіны, якія афіцыйна вызначае дзяржава паміж дзвюма валютамі - нацыянальнай і валютай кожнай з іншых краін) і валютны курс (суадносіны валюты, якія ўстанаўліваюцца на валютным рынку пры куплі-продажы валюты ў залежнасці ад попыту і прапановы). У СССР і іншых сацыялістычных краінах існавала валютная манаполія - выключнае права дзяржавы на валютныя аперацыі. З фармаваннем рыначнай эканомікі валютныя аперацыі ажыццяўляюць банкі і суб'екты гаспадарання; асабістыя валютныя рахункі ў банках могуць адкрываць і грамадзяне Беларусі. Аднак за дзяржавай захавалася права валютнага рэгулявання. З 1993 у Менску дзейнічае міжбанкаўская валютная біржа.
@Веды. Вырашэнне простых жыццёвых праблем і спасціжэнне глыбінных асноў быцця непарыўна звязана і залежыць ад пэўных ведаў. Веды - гэта вынік пазнання прадметаў і з'яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей - ідэй (Платон) або формаў (Арыстоцель) ад невыразнага і няўстойлівага свету з'яў. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання «абсалютнага, сусветнага духа». Рацыянальныя элементы гэтага падыходу развівалі прадстаўнікі дыялектычнага матэрыялізму, якія ўяўлялі веды як прадукт гістарычнага развіцця ўсіх формаў практычнага і духоўнага засваення свету. Адрозніваюць веды данавуковыя, якія абапіраюцца на здаровы сэнс і зводзяцца толькі да канстатацыі фактаў, і навуковыя, што ўзнімаюцца да іх тлумачэння і глыбокага асэнсавання. Навуковыя веды ў сваю чаргу падзяляюцца на эмпірычныя і тэарэтычныя, абстрактныя і канкрэтныя. У розныя перыяды гісторыі чалавецтва ўзніклі і працягваюць уздзейнічаць на грамадскую свядомасць міфалагічныя веды, мастацкія, рэлігійныя і іншыя (гл. Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Правілы і нормы грамадскіх паводзін, умельствы і навыкі перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная народная творчасць, сямейнае выхаванне і інш.). Веды чалавек набывае ў школе, ВНУ, у практычнай дзейнасці. Роля ведаў расце ў сувязі з камп'ютэрызацыяй усіх сфер вытворчай і духоўна-культурнай дзейнасці. У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафесійных ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі і практычнага выкарыстання атрыманых ведаў, засваення вышэйшых дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры, агульначалавечых каштоўнасцей.
@Велікадушнасць, маральная якасць; форма праяўлення душэўных якасцей у паўсядзённых адносінах паміж людзьмі, пры якой гуманнасць пераўзыходзіць меру агульнапрынятых нормаў або выяўляецца ў адносінах да тых, хто яе не заслугоўвае. Велікадушнасць заснавана на народных гуманістычных традыцыях, рэлігійных вучэннях і розных маральна-этычных канцэпцыях гуманістычнага кірунку. У хрысціянскай маралі яна разумеецца як усёдараванне. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам чалавек павінен дараваць усе грахі і дрэнныя ўчынкі, «не помніць зла», «любіць ворагаў сваіх». У маральнай свядомасці грамадства велікадушнымі лічацца ўчынкі, заснаваныя на гуманных адносінах да людзей: самаахвяраванне для інтарэсаў іншых; добрыя, чалавечныя адносіны да пераможаных, палонных; адмова ад патрабавання пакараць таго, хто здзейсніў злачынства і інш. Адваротным бокам велікадушнасці з'яўляецца адсутнасць патрабавальнасці да людзей, патуранне, беспакаранасць, што вядзе да парушэнняў законнасці, росту злачыннасці і дэзарганізацыі грамадства. Велікадушнасць у дачыненні да злачынцаў павінна праяўляцца толькі ў выключных выпадках: да тых, у каго яшчэ не сфармавалася маральная свядомасць або хто здзейсніў антыграмадскі ўчынак ненаўмысна і да т.п.
@Вера. Педагог В.А.Сухамлінскі сцвярджаў, што без веры чалавек вырастае духоўна спустошаным і маральна няўстойлівым, а нямецкі паэт і мысліцель І.В.Гётэ, наадварот, сцвярджаў, што вера - «не пачатак, а канец усякай мудрасці». Сёння відавочна наіўнасць веры народа ў добрага цара-бацюшку ці геніяльнага правадыра. Шмат стагоддзяў, людзі верылі, што Зямля плоская, што яна з'яўляецца цэнтрам сусвету і г.д. Гэта не адпавядала сапраўднасці, але было ўяўленнем і прадметам веры. Прадмет веры - уяўленне, якое можа быць сапраўдным або несапраўдным.
Вера ўзнікае ў чалавека тады, калі ён зацікаўлены ў ёй і для яго важна, каб такое ўяўленне стала пануючым або рэальнасцю. Вера можа ўплываць на паводзіны чалавека, абумоўліваць яго перакананні і матывы дзейнасці. Вера ў магчымасць прадухілення ядзернай вайны, заснаваная на агульначалавечым імкненні да захавання жыцця на Зямлі, заахвочвае людзей да такіх дзеянняў, якія, на іх думку, могуць прадухіліць знішчэнне чалавецтва. Такім чынам, вера - гэта эмацыянальныя, зацікаўленыя адносіны чалавека да тых уяўленняў і ідэй, якія адлюстроўваюць жаданую рэчаіснасць. У большасці рэлігійных вучэнняў вера - цэнтральная светапоглядная пазіцыя і адначасова псіхалагічная ўстаноўка, якая трактуецца як унутраны стан чалавека. У юдаізме, хрысціянстве і ісламе паняцце «вера» амаль супадае з паняццем «рэлігія» (выразы «хрысціянская вера» і «хрысціянская рэлігія» выкарыстоўваюцца як сінонімы).
У філасофіі І.Канта вера пераасэнсоўваецца як пазіцыя розуму, які прымае тое, што з'яўляецца лагічна недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. Яна можа станоўча або адмоўна ўздзейнічаць на грамадскія працэсы, развіццё асобы. Лепш верыць у сапраўднае, чым у лжывае ці ілюзорнае ўяўленне. Так, маленькія дзеці схільныя верыць, што іх бацькі - лепшыя людзі ў свеце і таму заслугоўваюць пераймання. Дадатнае ўздзеянне веры будзе забяспечана толькі ў тым выпадку, калі дарослыя будуць сапраўды вартыя таго, каб стаць прыкладам для іншых. Другім момантам веры з'яўляюцца інтарэсы, з якімі яна звязана. Прагрэсіўныя, высокамаральныя, гуманістычныя інтарэсы станоўча ўплываюць на веру. Калі ж вера вызначаецца рэакцыйнымі, ганебнымі, карыслівымі інтарэсамі, то яна будзе перашкаджаць прагрэсу грамадства і ўдасканаленню чалавека.
@Вернасць, маральная якасць, якая характарызуе духоўны стан асобы і вызначае лінію яе паводзін. Людзі са старажытных часоў высока цанілі стойкасць, нязменлівасць пачуццяў і адносін, выкананне абавязкаў перад людзьмі і грамадствам. Бытуе думка, што вернасць - дабро для таго, каму адданы другі чалавек, але нялёгкая ноша для таго, хто адданы. Сапраўды, вернасць - адна з умоў сумеснага жыцця і дзейнасці людзей, яна высока цэніцца ў грамадстве. Адданасць чалавека справам і інтарэсам блізкіх яму людзей, калектыву, сацыяльнай групы, грамадства ў цэлым, абавязковасць у выкананні сваіх абяцанняў і абавязкаў, пастаянства ў адносінах з сям'ёй, сябрамі -- усе гэтыя праяўленні вернасці робяць чалавека прывабным. Але не менш важная вернасць і для самога чалавека, фармавання яго духоўнага свету, вызначэння цэласнасці жыццёвага шляху. Пачынаючы з вернасці канкрэтнаму чалавеку (сябру, каханай, бацькам, настаўніку), яна становіцца прынцыпам адносін чалавека да сваёй справы, Радзімы, свайго народа. Ва ўсіх сваіх праявах вернасць можа аказацца нялёгкай і нават непасільнай задачай для чалавека. Калі маральныя прынцыпы яго няўстойлівыя, калі ўчынкі, нават і добрыя, ён здзяйсняе пад уздзеяннем імгненнага настрою, уласных інтарэсаў, не супастаўляючы іх з патрабаваннямі маралі, то любая сітуацыя, у якой яго інтарэсы сутыкаюцца з неабходнасцю падпарадкоўвацца абавязку, можа стаць крытычнай. Кампрамісы з сумленнем непазбежна вядуць да маральнага распаду асобы, што пацвярджае вопыт многіх пакаленняў людзей, якія разглядаюць вернасць як адну з галоўных маральных якасцей чалавецтва.
@Вечнасць, бясконцае (у часе) існаванне матэрыяльнага свету, абумоўленае нестваральнасцю і незнішчальнасцю матэрыі і яе атрыбутаў, матэрыяльным адзінствам свету. Вечнасць уласціва толькі матэрыі ў цэлым; кожная асобная матэрыяльная сістэма, у т.л. грамадскае жыццё і формы яе арганізацыі, абмежавана ў прасторы і часе (мае пачатак і канец). Вечнасць не зводзіцца да неабмежаванага аднароднага існавання матэрыі ў адных і тых жа станах ці да бясконцай паслядоўнасці кругаваротаў. Яна ўключае ў сябе пастаянныя якасныя ператварэнні матэрыі і ўзнікненне новых станаў. Прызнанне вечнасці матэрыяльнага свету, яго здольнасці бясконца рухацца і самаразвівацца з'яўляецца асновай матэрыялістычнага погляду на працэсы ў Свеце. У тэалогіі і аб'ектыўным ідэалізме вечнасць трактуецца як атрыбут Бога або абсалютнага духа; яны разумеюцца па-за часам, г.зн. ў вечнасці, і надзяляюцца здольнасцю рэгуляваць працэсы, якія адбываюцца ў Сусвеце ў адпаведнасці з ідэаламі абсалютнага дабра і маральнай дасканаласці. Матэрыялістычная філасофія адхіляе тэорыі, якія ў процілегласць вечнасці матэрыяльнага свету прапаведуюць ідэю яго канчатковага стану («цеплавая смерць Сусвету», сцісканне ўсяго рэчыва свету да бясконца вялікай шчыльнасці і інш.), а таксама зваротнага руху.
@Вёска. Этымалогія слова ідзе ад старажытнаславянскага «въсь». Гэта асноўны тып сельскага паселішча ў Беларусі. Вёскі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці пры рассяленні земляробаў. Напачатку пераважалі невялікія (плошчай да 3 га) паселішчы на паплавах ці берагавых схілах рэк і азёр. З узнікненнем рамяства некаторыя з іх пачалі ператварацца ў гарады і мястэчкі. З таго часу вёска засталася спецыфічным паселішчам насельніцтва, занятага сельскагаспадарчай і блізкай да яе па мясцовых умовах вытворчасцю. У сярэднявеччы існавалі і іншыя віды вясковых паселішчаў: сяло (адрознівалася ад вёскі большымі памерамі, часта наяўнасцю панскай сядзібы, царквы), слабада, слабодка (іх насельніцтва асвойвала новыя землі і часова вызвалялася ад падаткаў), засценак (размяшчаліся «за сценамі», г.зн. за межамі зямель сялянскай абшчыны). Пазней усе яны сталі называцца вёскай.
Характэрныя рысы вёскі абумоўлены асаблівасцямі вытворчасці, укладу жыцця, гістарычнымі і географа-кліматычнымі ўмовамі. На пачатку 20 ст. на поўдні Беларусі пераважаюць буйныя вёскі (200-300 жыхароў), на поўначы - дробныя (каля 50 жыхароў).
У савецкі час аблічча вёскі, як і ўклад жыцця іх насельнікаў, істотна змянілася. Вёскі сталі большыя (за кошт ссялення хутароў і маладворных вёсак), палепшылася іх планіроўка, з'явілася шмат прадпрыемстваў культурна-бытавога прызначэння. Іншымі сталі планіроўка сядзіб, гаспадарчыя пабудовы, інтэр'ер жылых дамоў. А многія вёскі забудаваны накшталт гарадоў - з усімі бытавымі выгодамі і арыгінальнай планіроўкай.
Варта згадаць, што ў Другую сусветную вайну гітлераўскія акупанты спалілі і разбурылі 9200 вёсак, з іх 628 спалены разам з жыхарамі; 186 такіх вёсак не адрадзіліся пасля вайны. У 1960-1980-я г. ліквідавана шмат т.зв. «неперспектыўных» вёсак, у якіх было спынена развіццё сацыяльнай сферы. Сотні вёсак поўнасцю ці часткова апусцелі з-за Чарнобыльскай катастрофы. У 1986-1992 на новае жыхарства з забруджаных радыяцыяй тэрыторый пераехала больш як 130 тыс. чалавек, пераважна вяскоўцаў, якія абжылі 183 паселішчы на новых месцах, у т.л. і спецыяльна пабудаваныя для іх новыя пасёлкі. Усяго колькасць вёсак у Беларусі зменшылася з 34,4 тыс. у 1959 да 24 тыс. на пачатак 1997. У іх жыве амаль 3,2 млн. (30,7%) насельніцтва краіны. Па ўзроўні камфортнасці жыцця пераважнай большасці вяскоўцаў яшчэ вельмі далёка да гараджан. Тым не менш вёска з'яўляецца карміцелькай краіны: галоўным пастаўшчыком прадуктаў харчавання. На працягу стагоддзяў яна была і цяпер застаецца хавальніцай самабытных народных традыцый, у чым вытокі этнічнага самазахавання і нацыянальнага адраджэння беларускага народа.
@Воля, свядомая самарэгуляцыя суб'ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты; дадатковыя стымулы, створаныя суб'ектам да знешніх ці ўнутраных дзеянняў, якія не маюць дастатковай матывацыі. Як маральна-псіхалагічная якасць воля сфармавалася ў працэсе працоўнай дзейнасці пры пераўтварэнні чалавекам прыроды. Калі чалавек не мае свядомых мэт, імкненняў і інтарэсаў, то яго паводзіны не выходзяць за межы інстынктыўнага дзеяння, абумоўленага рэфлексамі, яго воля не праяўляецца. Калі чалавек усведамляе свае патрэбы, але не ў стане іх ацаніць, параўноўваючы з грамадскімі каштоўнасцямі, то і ў гэтым выпадку не гавораць аб праяўленні волі. Воля існуе і выяўляецца тады, калі чалавек робіць выбар паміж рознымі варыянтамі ўчынкаў, калі ён у стане самастойна выбіраць варыянт дзеяння, калі ён пераадольвае перашкоды і лічыць сябе вольным у выбары і прыняцці рашэнняў, здольны ацэньваць свае ўчынкі і несці адказнасць за прыняцце рашэнняў. Яна праяўляецца ў такіх якасцях чалавека, як настойлівасць, цвёрдасць характару, мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць, рашучасць, смеласць, мужнасць, уменне валодаць сабой у самых складаных сітуацыях. Важныя рысы волі - яе самабытнасць, незалежнасць, свабода. Чалавек адчувае сябе больш вольным тады, калі на яго ў меншай ступені ўздзейнічаюць знешнія сілы. Маральны бок волі звязаны з гуманнымі, грамадска значнымі матывамі дзеянняў. Валявы чалавек той, хто асабістыя інтарэсы ўзгадняе з грамадскімі, хто імкнецца да высакародных мэт і дасягае іх, пераадольвае любыя перашкоды ў імя грамадскага і ўласнага дабрабыту.
У філасофіі воля трактуецца як здольнасць да выбару мэты дзейнасці і ўнутраных намаганняў, неабходных для яе здзяйснення. Не любое свядомае дзеянне, нават звязанае з пераадоленнем перашкод на шляху да мэты, з'яўляецца валявым. У ідэалістычнай філасофіі воля трактуецца або як звышнатуральная з'ява, або як нічым не абумоўленая здольнасць чалавека выбіраць і здзяйсняць неабходныя дзеянні; як абсалютна аўтаномная, не залежная ад вонкавых фактараў катэгорыя, якая сама сябе вызначае. Матэрыялістычная філасофія лічыць, што воля мае прычыннавыніковую абумоўленасць, звязана са спадчыннасцю, генетычнай памяццю. На волю ўздзейнічае асяроддзе, выхаванне, якія здольны карэктаваць спадчынную інфармацыю і гэтым садзейнічаць перадачы новым пакаленням палепшанай спадчыннасці. Валявыя паводзіны яна разглядае як абумоўленыя сістэмай грамадскіх адносін і ўнутраным характарам чалавека. Воля - важны фактар самавыхавання асобы, які вызначае паводзіны і характар чалавека.
@Вопыт. Без вопыту немагчыма ніякае пазнанне. З вопыту пачынаецца разумовае развіццё чалавецтва і кожнага асобнага чалавека. У ім рэалізуюцца веды і ўменне, якія ім жа і выпрабоўваюцца на дакладнасць і практычную прыдатнасць. Вопыт - гэта непасрэднае пачуццёва-эмпірычнае адлюстраванне рэчаіснасці, у працэсе якога адбываецца перапрацоўка аб'ектыўных уздзеянняў, замацаванне ведаў і звычак у памяці чалавека, што дазваляе выкарыстоўваць іх у далейшай жыццядзейнасці.
Але свет ведаў і мыслення далёка не абмежаваны прыродна-эмпірычным патэнцыялам чалавечага ўспрымання. Магчымасці бязмежна пашыраюцца пад уздзеяннем двух фактараў развіцця цывілізацыі: эвалюцыі мыслення і прагрэсу тэхнікі. Калі вока арла па сваіх прыродных уласцівасцях і набытым вопыце бачыць значна вастрэй чалавечага, то разумнае вока чалавека бачыць шмат глыбей і здольна спасцігнуць прычынна-выніковыя сувязі з'яў. А аснашчанае тэхнічнымі прадуктамі разумовай працы ўспрыманне людзей пераадольвае бар'еры, пастаўленыя яму прыроднай арганізацыяй органаў адчування, пранікае ў мікрасвет і касмічную прастору. Развіццё мыслення як умовы фармавання доследнай навукі пачалося задоўга да ўзнікнення прыродазнаўства. Міфалагічны светапогляд выцясняўся касмаганічным, сістэма ўяўленняў якога будавалася ўжо на прынцыпах лагічнага і тэарэтычнага мыслення, якія закладвалі асновы дыялектычнай формы свядомасці. Фармавалася карціна свету, у якой усеагульная сувязь з'яў яшчэ дэталёва не даследавалася. Гэта быў перыяд, калі развіваўся вопыт пазнання свету ў цэлым пры адсутнасці вопыту вывучэння асобных рэчаў і сістэм, з якіх складаецца гэта цэлае. На падставе дыялектычнага спосабу мыслення ў Старажытнай Грэцыі яшчэ да нашай эры сфармаваліся тры доследныя праграмы: матэматычная, атамістычная і фізічная. У іх аснове ляжалі такія аб'екты (лічбы, атам, матэрыя, форма, рух, час, месца і да т.п.), якія не маглі быць прадметамі прыродазнаўчанавуковага доследу. Даследаванне вялося выключна тэарэтычнымі сродкамі ў сферы ўнутранага вопыту філасофскай навукі і яе дзеячаў. Гэтыя даследаванні на многія стагоддзі вызначылі дэдуктыўна-сілагістычны характар навуковага мыслення і абстрактна-тэарэтычнага кірунку навуковых пошукаў.
Усведамленне ролі вопыту як актыўнага назірання і эксперыменту выклікана развіццём вытворчых сіл грамадства і звязана з прозвішчам ангельскага філосафа Ф.Бэкана, які лічыў, што даследчык прыроды павінен «дапытваць Прыроду». Назапашванне і перадача вопыту з пакалення ў пакаленне складае істотную характарыстыку грамадскага развіцця. Ён увасабляецца ў прадметнай і моўнай формах, у каштоўнасцях культуры і адлюстроўвае дасягнуты людзьмі ўзровень авалодвання аб'ектыўнымі законамі прыроды, грамадства і мыслення на пэўным этапе іх гістарычнага развіцця.
@Выбарчая сістэма, заканадаўча замацаваны парадак арганізацыі і правядзення выбараў у прадстаўнічыя ўстановы дзяржаўнай улады. Паводле Канстытуцыі Рэчпублікі Беларусь выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з'яўляюцца ўсеагульнымі, свабоднымі (выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць), роўнымі (выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў) і прамымі (дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна). Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным (кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца). Падрыхтоўка і правядзенне выбараў адбываюцца адкрыта і галосна. Права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім арганізацыям, калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам. Расходы на выбарчую кампанію ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах сродкаў, выдзеленых на гэтыя мэты. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі. Парадак правядзення выбараў вызначаецца законам. Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян з'яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.
@Вытворчасць. Цывілізаванаму чалавеку для забеспячэння жыццядзейнасці патрэбна многа разнастайных тавараў і паслуг, якіх прырода даць не можа. Таму людзі здаўна наладзілі і пастаянна ўдасканальваюць іх выраб самі. Дзейнасць людзей з мэтай задавальнення сваіх патрэб і ёсць вытворчасць.
Вытворчы працэс - гэта ўзаемадзеянне чалавека з прыродай і яе пераўтварэнне ў інтарэсах чалавека (гл. Прыродакарыстанне). Для практычнай арганізацыі вытворчага працэсу неабходны рэсурсы: прыродныя, матэрыяльныя, фінансавыя, працоўныя. Тыя з рэсурсаў, якія рэальна задзейнічаны ў вытворчасці, называюць фактарамі вытворчасці, асноўныя з якіх зямля, капітал, праца. Кожны з іх можа прыносіць яго ўладальніку даход. Сукупнасць сіл (фактараў), якія выкарыстоўваюцца ў вытворчым працэсе, ёсць прадукцыйныя сілы, аснову якіх складаюць сродкі вытворчасці. Апошнія падзяляюцца на прадметы працы - зыходныя матэрыялы (сыравіна), на якія пры вырабе прадукцыі накіравана праца чалавека, і сродкі працы (машыны, станкі, прылады і інш.), якімі чалавек уздзейнічае на прадмет працы. Галоўнай прадукцыйнай сілай грамадства з'яўляецца чалавек.
Уладальнікамі (уласнікамі) фактараў вытворчасці могуць быць асобныя індывіды, іх групы ці сацыяльныя інстытуты. Гэта значыць, што вытворчы працэс мае грамадскі, сацыяльны характар: у ім узаемадзейнічаюць не толькі самі фактары вытворчасці, а і іх уласнікі, якія ўступаюць пры гэтым у пэўныя вытворчыя адносіны. Сутнасць іх у тым, якая роля (гаспадара ці наёмнага работніка) належыць кожнаму ў вытворчым працэсе і якая каму дастаецца доля ад вынікаў вытворчасці. У вызначальнай ступені гэта абумоўлена формай уласнасці: у большай выгадзе той, хто валодае сродкамі вытворчасці.
Асноўныя ячэйкі вытворчасці - прадпрыемствы, якія па выпуску аднароднай ці тэхналагічна звязанай прадукцыі аб'ядноўваюцца ў галіны і падгаліны эканомікі, што ў сукупнасці ўтвараюць народную гаспадарку краіны, ці яе эканоміку. Развіваецца вытворчасць на аснове грамадскага падзелу працы і кааперацыі. Для рацыянальнай яе арганізацыі ажыццяўляюцца планаванне і кіраванне, рацыянальнае размяшчэнне вытворчасці - геаграфічнае размеркаванне галін матэрыяльнай сферы на тэрыторыі краіны з улікам прыродных, сацыяльна-эканамічных умоў асобных рэгіёнаў і асаблівасцей тэрытарыяльнага падзелу працы.
Грамадская вытворчасць - бясконцы ўзнаўляльны працэс, які ўключае саму вытворчасць, размеркаванне (вызначае долю кожнага сябра грамадства і вырабленай прадукцыі), абмен (даводзіць прадукт да спажыўца) і спажыванне. Частка сродкаў за выручаную прадукцыю і частка прадукцыі вытворчага прызначэння (сродкі вытворчасці) зноў накіроўваюцца на прадпрыемствы для новага вітка вытворчасці. Гэта ёсць узнаўленне, якое бывае простым (узнаўленне вытворчасці ў нязменным маштабе) і пашыраным (у маштабах, большых за ранейшыя). Адрозніваюць таксама 2 тыпы развіцця вытворчасці: экстэнсіўны (з выкарыстаннем сродкаў вытворчасці, якія ўжо дзейнічаюць) і інтэнсіўны (з укараненнем новых сродкаў вытворчасці).
Паколькі насельніцтва на Зямлі хутка павялічваецца і адначасова растуць патрэбы людзей, маштабы вытворчасці аб'ектыўна павялічваюцца. Прытым адбываецца канцэнтрацыя вытворчасці - засяроджванне вытворчасці і рабочай сілы на буйных прадпрыемствах з мэтай павелічэння эфектыўнасці выпуску пэўнай прадукцыі. Аднак гэты працэс параджае манаполію. Каб пазбегнуць яе негатыўнага ўздзеяння на эканоміку, у краінах з развітай рыначнай структурай існуе дзяржаўная падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, бо чым больш таваравытворцаў, тым лепшыя ўмовы для канкурэнцыі і развіцця вытворчасці. Прымаюцца і іншыя меры па рэгуляванні вытворчасці. І тым не менш у ёй назіраюцца спады, эканамічныя крызісы. Канчатковая мэта вытворчасці - выпуск прадукцыі (тавараў). Праблема толькі ў тым, што і колькі выпускаць, бо прадукцыя павінна карыстацца попытам і даваць прыбытак. Гэта ўжо праблема эфектыўнасці вытворчасці.
@Выхаванне, перадача новым пакаленням грамадска-гістарычнага вопыту папярэдніх пакаленняў у адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі дзяржавы. У больш вузкім сэнсе - працэс свядомага мэтанакіраванага і сістэматычнага фармавання асобы пад уздзеяннем сацыяльных інстытутаў (сям'і, выхаваўчых, навучальных і культурна-асветных устаноў грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі і інш.) з мэтай яе падрыхтоўкі да выканання сацыяльных роляў і жыццядзейнасці ў розных сферах грамадскага жыцця. У псіхалогіі - планамернае і мэтанакіраванае ўздзеянне на свядомасць і паводзіны чалавека з мэтай фармавання пэўных установак, паняццяў, прынцыпаў, каштоўнасных арыентацый, якія забяспечваюць неабходныя ўмовы для яго развіцця. Выхаванне арганічна звязана з навучаннем, а яго змест вызначаецца найперш мэтамі. У сучасным беларускім грамадстве выхаванне накіравана на фармаванне грамадзяніна Беларусі - вольнай, незалежнай, нацыянальна свядомай, духоўна багатай і фізічна здаровай асобы, здольнай будаваць самастойную дзяржаву і абараняць яе суверэнітэт.
@Галоснасць, гэта свабода слова і друку; права любога грамадзяніна звярнуцца ў любы дзяржаўны орган і атрымаць адказ па сутнасці пытання; магутная перашкода на шляху лжывых чутак, разнастайных маніпуляцый, паклёпаў, скажэння сапраўднага сэнсу фактаў і з'яў; адзін з найважнейшых прынцыпаў жыццядзейнаці дэмакратычнага грамадства. Галоснасць патрабуе ад уладных структур адкрытай, праўдзівай, публічнай інфармацыі па ўсіх важных пытаннях працы дзяржаўных органаў, іх планах, намерах, рашэннях, акцыях. Сюды ўваходзіць неабходная народу праўда аб прыродных і прамысловых катастрофах, пра становішча ў эканоміцы, памеры ваеннага бюджэту, пра сістэму прывілеяў і льгот, пра злачыннасць, змену кіраўнікоў і г.д. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведным заканадаўствам і павінны ўзгадняцца з настроямі, жаданнямі і імкненнямі грамадзян. З дыяпазону галоснасці выключаецца толькі сфера дзяржаўных сакрэтаў.
@Гармонія (грэч. harmonia - сувязь, зграбнасць, адпаведнасць), эстэтычная катэгорыя, якая азначае адпаведнасць частак і цэлага, спалучэнне розных кампанентаў на аснове пэўных заканамернасцей, адзінства разнастайнага. У антычнасці гармонію лічылі асноўнай рысай быцця наогул, гарманічную ўпарадкаванасць космасу проціпастаўлялі хаосу. Паводле светапогляду старажытных грэкаў гармонія разам з сіметрыяй, парадкам і мерай складала аснову прыгожага. У эстэтыцы эпохі Адраджэння гармонію лічылі не толькі прыкметай, але і крыніцай прыгожага. Кожная эпоха ўносіла свае папраўкі ў разуменне гармоніі, па-новаму трактавала яе сувязь з прыгожым. У мастацтве разнастайнасць гарманічных адносін раскрываецца праз гукавую (акорд, лад, вершаваны памер), і колеравую гармонію праз кампазіцыйныя заканамернасці, у архітэктуры - праз прапорцыі, якія выяўляюць суадносіны частак і цэлага і г.д.
@Геапалітыка (ад грэч. geos - зямля + politike - мастацтва кіравання дзяржавай), палітычная канцэпцыя (дактрына), якая адлюстроўвае складаную залежнасць і сувязь знешняй палітыкі дзяржавы з яе геаграфічным становішчам - кліматам, прыроднымі рэсурсамі, тэрыторыяй і г.д. Адным з праяўленняў геапалітыкі стаў, напрыклад, лозунг барацьбы за «жыццёвую прастору германскай нацыі», які ўзнік ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі і быў узведзены ў ранг афіцыйнай палітычнай дактрыны фашысцкай імперыі трэцяга рэйха. Гл. таксама Каланіялізм.
@Геданізм (грэч. hedone - задавальненне, асалода). Сама прырода, надзяліўшы людзей пачуццямі, здольнасцю да адчування задавальнення і болю, прадвызначыла натуральную цягу чалавечага арганізма да асалоды і пачуццё агіды да пакут. У сувязі з гэтым і ў грамадскай маралі асноватворнымі крытэрыямі шчаслівага стану асобы лічыцца наяўнасць прыемных, радасных адчуванняў і перажыванняў. З гэтай натуралістычнай трактоўкі і біялагічнага тлумачэння рэгулятараў чалавечай дзейнасці і вынікае геданізм, які ўяўляў сабой разнастайнасць натуралізму ў этыцы. Геданізм - гэта філасофска-этычнае вучэнне, паводле якога асалода лічыцца найвышэйшым дабром, мэтай усіх памкненняў чалавека, рухальнай сілай і асноўным матывам яго паводзін. Ён узнік ужо ў антычнай філасофіі. Кірэнская школа (Арысціп, Эўгемер), атаясаміўшы шчасце з асалодай, узвяла ў культ пачуццёвыя ўцехі, практычна не робячы ніякіх абмежаванняў для задавальненняў, прапаведуючы пагоню за «радасцямі жыцця». Эпікур таксама прызнаваў, што нельга аддзяліць шчасце ад асалоды, даброты - ад задавальненняў. Але ён прытрымліваўся «разумнага геданізму», які выбіральна ставіўся да крыніцы чалавечай радасці і задавальнення. Агульнавядома, што празмерныя задавальненні і асалода прыводзяць урэшце да пакут. За імгненнае шчасце часам даводзіцца плаціць непамерна высокую, бязлітасную цану, пазбаўляючы сябе надзеі на будучыню. Вось чаму, паводле Эпікура, натуральна імкнучыся да асалоды, нельга быць па-чалавечы шчаслівым без мудрасці, праўдзівасці і пачуцця меры. Быць у гармоніі пачуццёвага і духоўнага, у вольным і ціхамірным стане душы - вось такі ідэал эпікурэйскай этыкі.
Гэтаму ідэалу процістаіць рэлігійная канцэпцыя, паводле якой асноўнымі крыніцамі радасці чалавека з'яўляецца вера ў Бога, духоўныя пачуцці, імкненне чалавека рабіць дабро бліжнім; матэрыяльны дабрабыт, плоцевыя задавальненні і асалоды павінны быць на другім плане, суадносіцца з рэлігійнай мараллю, кантралявацца розумам чалавека. Рэлігійная мараль і этыка дамінавалі ў сярэднявеччы. З эпохі Адраджэння чалавецтва паступова пачало вяртацца да эпікурэйскага ідэалу каштоўнасцей з яго імкненнем да зямных радасцей, асалоды жыцця і плоцевых задавальненняў. У гэту эпоху з'явілася тэорыя «разумнага эгаізму». Яе ўдасканалілі філосафы-асветнікі 18 ст. П.А.Гольбах і К.А.Гельвецый. У перыяд прамысловай рэвалюцыі і бурнага развіцця прыватнага прадпрымальніцтва геданізм развіваецца ў кірунку індывідуалістычнай этыкі, звязанай з канцэпцыяй утылітарызму. Паводле гэтай канцэпцыі, асновай маралі і крытэрыем чалавечых учынкаў з'яўляецца карысць. У сучасных філасофскіх вучэннях геданістычны культ асалоды і задавальненняў разглядаецца як грубая прымітывізацыя рухальных сіл і мэт чалавечага жыцця, вульгарызацыя рэгулятараў свядомасці і маралі.
@Генацыд (ад грэч. genos - род, племя + лац. caedo - забіваю), знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных або рэлігійных матывах; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва.
Злачынствы генацыду здзяйсняліся ў масавых маштабах у час 2-й сусветнай вайны ў акупаваных краінах Эўропы, асабліва супраць славянскага і жыдоўскага насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей гітлераўцы знішчалі ў канцэнтрацыйных лагерах і лагерах смерці, турмах, гета, у час карных аперацый і інш. За 3 гады акупацыі фашысты стварылі на тэрыторыі Беларусі больш як 260 лагераў смерці, знішчылі больш як 2 млн. 200 тыс. чалавек. Выкрыццё гэтых злачынстваў паслужыла штуршком да прыняцця міжнародна-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Статуты Нюрнбергскага і Такійскага ваенных трыбуналаў і Канвенцыя 1948 «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго» ўстанаўліваюць міжнародную крымінальную адказнасць асоб, вінаватых у ажыццяўленні генацыду. Да яго адносяць дзеянні, якія праводзяцца з мэтай знішчыць цалкам або часткова якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу, у т.л. забойства сябраў такой групы, нанясенне ім цяжкіх пакалечанняў, наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на яе поўнае або частковае знішчэнне, гвалтоўную перадачу дзяцей з адной чалавечай групы ў другую, меры па папярэджванні дзетанараджэння ў асяроддзі такой групы. Да сферы генацыду адносіцца таксама знішчэнне мовы, рэлігіі або культуры якой-небудзь нацыянальнай, расавай або рэлігійнай групы, у т.л. забарона карыстацца нацыянальнай мовай у штодзённым жыцці або ў школах, друкаваць і распаўсюджваць выданні па мове такой групы, знішчэнне бібліятэк, музеяў, школ, гістарычных помнікаў, будынкаў для патрэб рэлігійных культаў і інш.
@Генеалогія (грэч. genealogia - радавод), навука, якая вывучае гісторыю і паходжанне родаў, асобных іх прадстаўнікоў, устанаўлівае роднасныя сувязі, складае радаводы; цесна спалучана з геральдыкай і іншымі дапаможнымі гістарычнымі дысцыплінамі. Радаводы цароў, правіцеляў, міфічных герояў існавалі ўжо ў старажытнасці, але найбольшае пашырэнне генеалогія набыла ў сярэднявеччы ў сувязі з устанаўленнем і афармленнем саслоўных (асабліва шляхецкіх) родаў. Гэта выклікала неабходнасць складання асобых генеалагічных даведнікаў (у выглядзе генеалагічнага дрэва або табліц), у якіх пазначаліся ўсе асобы асноўных і бакавых галін роду, іх шлюбныя сувязі. Асабліва шмат такіх даведнікаў з'явілася з 15 ст.
У Беларусі генеалогія для многіх родаў (князёў, магнатаў) вялася з 14 ст., адлюстравана ў беларускіх летапісах. Як навука сёння яна адраджаецца і знаходзіцца ў стане развіцця. Звесткі па беларускай генеалогіі можна знайсці ў генеалагічных даведніках Расеі і Польшчы. У адной з апошніх прац В.Насевіча «Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 стагоддзяў» (Мн., 1993) паказаны радаводы найбольш знакамітых родаў, прадстаўнікі якіх пакінулі значны след у гісторыі Беларусі.
У шырокім сэнсе тэрмін «генеалогія» абазначае радаслоўе, гісторыю роду, радаслоўны запіс.
@Геніяльнасць, найвышэйшы ўзровень развіцця здольнасцей чалавека. Сярод твораў антычнага мастацтва ёсць выява юнака, які трымае ў руках рог дастатку - сімвал багацця. Так у старажытнасці малявалі вобраз Генія - бажаства, якое апекавала асобных людзей, сем'і, гарады і нават цэлыя народы. Людзі прасілі, каб Геній ахоўваў іх і спадарожнічаў ім усё жыццё, прыносілі яму ахвяры. Сёння мы называем геніем чалавека, які валодае прыроджанымі творчымі здольнасцямі, дасягнуў найвышэйшай ступені свайго развіцця ў галіне навукі, мастацтва, культуры і інш. У адрозненне ад таленту геніяльнасць уяўляе сабой і найвышэйшую ступень здольнасцей, і велізарную працаздольнасць, і здольнасць дабівацца такіх вынікаў у сваёй творчай працы, якія пакінулі б прыкметны след у жыцці грамадства. З псіхалагічнага пункту погляду геній не з'яўляецца нейкім асаблівым тыпам чалавека.
Гістарычны погляд на прыроду геніяльнасці звязаны з агульным разуменнем творчага працэсу. Так, з антычных часоў да нас дайшоў погляд на геніяльнасць як род ірацыянальнага натхнення (Платон, неаплатанізм). У эпоху Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Скалігер) пашыраны погляд на генія як на творчую індывідуальнасць. Свайго апагею культ геніяльнасці дасягнуў ў перыяд рамантызму (перадрамантычная плынь «Бура і націск» у Германіі, вучэнне Карлейля, Ніцшэ з характэрным для іх проціпастаўленнем генія і масы). У 18 ст. паняцце геніяльнасці набывае сучаснае яго разуменне і становіцца адным з эстэтычных паняццяў (геній стварае так, як сіла прыроды; яго творы арыгінальныя, у адрозненне ад мастака, які запазычвае чужыя ідэі). Паводле Канта геній - гэта «прыроджаныя задаткі душы, праз якія прырода дае мастацтву правіла». Шылер прыроду геніяльнасці раскрываў праз паняцце «наіўнасці» як інстынктыўнай імітацыі прыроды і як здольнасці да непрадузятага асэнсавання свету.
@Гераізм, здзяйсненне выдатных па сваім грамадскім значэнні дзеянняў, якія адпавядаюць інтарэсам большасці людзей і патрабуюць ад чалавека асабістай мужнасці, стойкасці, здольнасці дзейнічаць рашуча ў небяспечных і складаных абставінах, гатоўнасці да самаахвяравання. Пытанне аб гістарычнай прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст. італьянскім філосафам Дж.Віка. Ён лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», які папярэднічаў «веку людзей». «Век герояў» - гэта т.зв. «гераічны перыяд» у гісторыі Старажытнай Грэцыі, адлюстраваны ў антычнай міфалогіі. Міфічны герой надзяляўся звышчалавечай сілай, яго апекавалі багі, здзяйсняў подзвігі ў імя чалавецтва. Канцэпцыю Віка развіваў Гегель, які трактаваў «гераічны век» як супадзенне індывідуальнай асабістай справы і яе ўсеагульнага значэння і адносіў яго да перыяду, што папярэднічаў развітаму дзяржаўна-прававому ладу. З пункту гледжання Віка і Гегеля, ва ўмовах, калі для кожнага чалавека сфармуляваны і строга акрэслены нормы паводзін, якія ўсталёўваюць раўнавагу паміж правамі і абавязкамі асобы, для гераізму ўжо не застаецца месца. Некаторыя прадстаўнікі рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і іншыя) надавалі гераізму выключна індывідуальныя асаблівасці. Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль - гэта мараль «натоўпу». Марксісты трактавалі гераізм, як спалучэнне індывідуальнага подзвігу з подзвігам народных мас. У паўсядзённым жыцці прававых дэмакратычных грамадстваў, у якіх пануе дух здаровага сэнсу і практычнага разліку, гераізм страціў свой першапачатковы сэнс. У кожнага народа свае адносіны да герояў і гераізму ўвогуле. Гэта звязана з гістарычнымі ўмовамі, рэлігіяй, нацыянальнымі традыцыямі і інш. Гераізм трэба разглядаць як подзвіг індывіда або групы людзей, які яны здзяйсняюць у экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і іншае) у інтарэсах народа. Прыкладамі гераізму могуць служыць подзвігі многіх тысяч людзей, што аддалі сваё жыццё ў імя прагрэсу чалавецтва, свабоды і незалежнасці сваёй Айчыны ў гады Другой сусветнай вайны, удзельнікаў нацыянальна-вызваленчых паўстанняў і войнаў мінулага.
@Гістарычнае і лагічнае, філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэтычнай свядомасці. З'яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі прынцыпу гістарызму, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб'екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае - гэта сам аб'ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з'явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывідуальных праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб'екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб'екта (напрыклад, узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з'яўленне дзяржавы, ход палітычнай гісторыі чалавецтва і інш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навуковым мысленні. Яго зыходным пунктам з'яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з'явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гістарычны рух аб'екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з'яўляецца яго супярэчлівасць - вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сацыяльных, палітычных і іншых фактараў. Кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гістарычнага працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб'екта і адначасова захаваць яго індывідуальныя асаблівасці.
@Гісторыя (грэч. historia - апавяданне пра мінулае, даследаванне мінулага), 1) працэс развіцця прыроды і грамадства ў цэлым. 2) Комплекс грамадскіх навук, якія вывучаюць мінулае грамадства для пазнання, разумення яго сучаснага і перспектыў развіця. Працэс назапашвання гістарычных ведаў пачаўся ў далёкім мінулым, спачатку ў вуснай творчасці, а потым у пісьмовых помніках. Значны след у выпрацоўцы гістарычных уяўленняў пакінулі антычныя гісторыкі Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх, Ціт Лівій, Тацыт і інш., многія падзеі гісторыі адлюстраваны ў старажытнарымскіх аналах. Асноўнымі гістарычнымі творамі эпохі сярэднявечча, у т.л. старажытных беларускіх княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, былі летапісы, хранографы, хронікі. Працяглы час гісторыя мела апісальны, эмпірычны характар. З 18 ст. вядомы гістарычныя школы, якія вывучалі сувязі, структуру чалавечага грамадства, механізм гістарычнага працэсу. У станаўленні гісторыі як навукі вялікае значэнне мелі творы французскіх і ангельскіх сацыялістаў-утапістаў, нямецкага філосафа Гегеля, які ў канцэпцыю сусветна-гістарычнага працэсу ўнёс ідэі аб яго ўнутранай сувязі. Паводле тэорыі К.Маркса і Ф.Энгельса развіццё грамадства ёсць натуральны гістарычны працэс. Людзі самі ствараюць сваю гісторыю, але ход грамадскага развіцця вызначаецца не іх адвольнымі памкненнямі і жаданнямі, а матэрыяльнымі ўмовамі іх жыцця; у аснову перыядызацыі сусветнай гісторыі яны паклалі вучэнне пра грамадска-эканамічныя фармацыі. Вылучаюць гісторыю ўсеагульную, асобных краін і народаў, гісторыю першабытнага грамадства, старажытную, сярэднявечную, новую і найноўшую. У залежнасці ад таго, які бок ці з'ява грамадскага жыцця вывучаюцца, вылучаюць сацыяльна-эканамічную гісторыю, палітычную, ваенную, гісторыю мастацтва і інш. Арганічнымі яе часткамі з'яўляюцца спецыяльныя гістарычныя навукі, археалогія, этналогія, гістарыяграфія. Асобную групу складаюць дапаможныя гістарычныя дысцыпліны, крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка і інш.
@Глабальныя праблемы сучаснасці, сукупнасць жыццёва важных праблем чалавецтва: палітычных, сацыяльных, эканамічных, экалагічных, дэмаграфічных, навукова-тэхнічных. Вылучаюць таксама інтэрсацыяльныя праблемы, праблемы адносін чалавека і грамадства, грамадства і прыроды. Сумарна можна вылучыць 3 асноўныя групы праблем: прадухіленне сусветнай тэрмаядзернай вайны; праблемы, абумоўленыя адносінамі чалавека і грамадства (абмежаванне імклівага росту насельніцтва), прадбачанне і прадухіленне наступстваў навукова-тэхнічнага прагрэсу, якія могуць прывесці да біялагічнай дэградацыі чалавека; праблемы, якія ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння грамадства і прыроды: прадухіленне забруджвання навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных і пошукі новых энергетычных рэсурсаў, забеспячэнне чалавецтва сыравінай і харчаваннем, асваенне касмічнай прасторы і інш. Глабальныя праблемы сучаснасці, як вынік папярэдняга грамадскага развіцця, дасягнулі надзвычайнай вастрыні з прычыны празмерна ўзмоцненай нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, навукова-тэхнічнага, дэмаграфічнага, экалагічнага і культурнага развіцця розных краін і народаў. Іх вырашэнне патрабуе аб'яднання намаганняў усіх краін для пераадолення небяспекі экалагічнай катастрофы. Паслядоўнае вырашэнне гэтых праблем мае на ўвазе ліквідацыю сацыяльных антаганізмаў, наладжванне гарманічных адносін паміж грамадствам і прыродай. Рэалізацыя такіх задач магчыма пры ўмове нармалізацыі агульнай палітычнай атмасферы паміж дзяржавамі, перабудовы эканамічных, палітычных, культурных і іншых адносін на аснове навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі і ўстанаўлення адпаведнай арганізацыі грамадства.
@Годнасць, паняцце, якое адлюстроўвае ўяўленне аб каштоўнасці чалавека як маральнай асобы, а таксама катэгорыя этыкі, якая абазначае маральныя адносіны чалавека да самога сябе і грамадства да яго. З аднаго боку, усведамлене чалавекам уласнай годнасці з'яўляецца формай самасвядомасці і самакантролю асобы, на ёй заснавана патрабавальнасць чалавека да самога сябе. У такім сэнсе разуменне ўласнай годнасці побач з сумленнем і гонарам з'яўляецца адным са спосабаў усведамлення чалавекам сваёй адказнасці перад сабой і грамадствам. З другога боку годнасць асобы патрабуе і ад іншых людзей павагі да яе, прызнання за ёй адпаведных правоў. На разуменне годнасці чалавека ўплываюць асаблівасці гістарычнай эпохі, у якой ён жыве. Быў час, калі годнасць звязвалася з саслоўным гонарам. Пасля адмены саслоўных прывілеяў гэта пачуццё трактавалася як самасцвярджэнне чалавека з дапамогай асабістых якасцей (энергія, воля, прадпрымальнасць, працаздольнасць і інш.). Годнасць чалавека вызначаецца яго маральнымі (праўдзівасць, добрасумленнасць, сціпласць), інтэлектуальнымі і фізічнымі (здароўе, сіла, спрыт, прыгажосць) якасцямі. Яна выяўляецца ў адносінах чалавека да грамадства, у яго здольнасці рабіць людзям дабро. Асноўнай умовай існавання чалавечай годнасці з'яўляецца свабода асобы. Важную ролю ў развіцці і захаванні гэтага пачуцця адыгрывае эканамічная незалежнасць асобы, якая служыць гарантам палітычнай незалежнасці. У шырокім сэнсе паняцце годнасці ўключае і наяўнасць у чалавека пачуцця нацыянальнай годнасці. Каб заставацца асобай, чалавек на працягу ўсяго жыцця павінен берагчы свае гонар і годнасць.
@Гонар, грамадская ці асабістая годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу. Гістарычна паняцце гонару ўзнікла ў сувязі са старажытнымі родавымі і саслоўнымі звычаямі і традыцыямі, калі пашану і павагу заслугоўвалі тыя, хто клапаціўся пра свой род, валодаў такімі якасцямі, як сіла, спрыт, вынослівасць і смеласць, высакароднасць. У рабаўладальніцкім грамадстве паняцце гонару датычылася толькі свабодных грамадзян (рабы не лічыліся людзьмі). У феадальным грамадстве лічылася за гонар не ўступаць ў раўнапраўныя адносіны з людзьмі «ніжэйшых» саслоўяў, не займацца абразлівай фізічнай працай, выклікаць на дуэль роўнага сабе за абразу. Захаваліся такія паняцці, як «шляхецкі гонар», «гонар арыстакрата», «абавязак гонару» і інш. Пазней паняцце гонару страціла саслоўнае адценне і звязвалася з добрасумленнасцю, багаццем, асабістымі здольнасцямі. Сёння асноўнымі ўмовамі фармавання гонару і годнасці чалавека з'яўляюцца грамадска карысная праца, уклад чалавека ў агульную справу, усведамленне матэрыяльных і маральных крытэрыяў ацэнкі працы.
@Гора. «Гора ды бяда з кім не была» - гаворыць народная мудрасць. Гора прыносіць душэўны боль і пакуты. Невыпадкова слова «гора» паходзіць ад дзеяслова «гарэць» - тое, што «пячэ, мучыць». Нават у самыя спрыяльныя гістарычныя перыяды ў асабістым жыцці людзей будуць не толькі радасці, дасягненні, шчаслівыя імгненні, а і гора: хвароба і смерць блізкіх, страта сяброў, цяжкія канфлікты і няўдачы, няздзейсненыя жыццёвыя планы і г.д. У тым, як чалавек пераносіць сваё і суперажывае чужое гора, праяўляюцца яго адносіны да дабра і зла, разуменне сэнсу жыцця, ацэнка сябе і свайго месца ў жыцці, павага да іншых людзей.
Непераадольныя жыццёвыя сітуацыі ўспрымаюцца як цяжкі, але натуральны ход падзей. Пакуты непазбежна будуць больш моцныя, калі чалавек адчувае віну за тое, што ён мог бы прадухіліць няшчасце, змяніць штосьці ў лепшы бок, але гэтага не зрабіў. Псіхолагам вядома, што смерць блізкага чалавека найбольш балюча перажываюць тыя, хто не выканаў якіх-небудзь абавязкаў перад памерлым. Не рабі сваімі дзеяннямі болю, абразы, цяжкіх перажыванняў іншым людзям - і ты зменшыш цяжар магчымага ўласнага гора. Перажыванне свайго гора з годнасцю патрабуе ад чалавека не толькі мужнасці і стойкасці, але і пэўных псіхалагічных навыкаў. Трэба навучыцца жыць без таго, што назаўсёды страчана, не зламацца пад цяжарам перажыванняў, а годна ахоўваць памяць аб перажытым, з удзячнасцю помніць пра тое добрае, што забрала з сабой гора і адраджаць гэта добрае ўсім сваім жыццём. Высокамаральны чалавек здольны адчуць і чужое гора, зразумець таго, хто пакутуе, дапамагчы яму. Навучыцца адчуваць, разумець і дзяліць чужое гора - высакародная, але цяжкая задача. Калі чалавек будзе помніць, што гора, якое дзеляць з табой іншыя людзі, - гэта палова гора, калі ён будзе імкнуцца зразумець, аблегчыць пакуты іншых, то і гора ў нашым жыцці стане меней. Народны пісьменнік Беларусі А.Макаёнак пісаў: «І гора - паўгора, калі людзі разам».
@Горад. У глыбокай старажытнасці спачатку ўзнікалі сельскія паселішчы - вёскі, дзе жылі земляробы, жывёлаводы. У працэсе паглыблення грамадскага падзелу працы - з аддзяленнем рамёстваў ад земляробства - з'явіліся гарады, якія хутка развіваліся і ператварыліся ў вялікія населеныя пункты, жыхары якіх заняты пераважна ў прамысловасці, гандлі, абслугоўванні, кіраванні, працуюць у навуцы і культуры. Сучасныя гарады ў большасці з'яўляюцца адміністрацыйнымі, індустрыяльнымі, гандлёвымі, навуковымі і культурнымі цэнтрамі; маюць развітую транспартную сістэму, вялікі жыллёвы фонд, высокі ўзровень задавальнення культурных, камунальна-бытавых і іншых сацыяльных патрэб. У гарадах канцэнтруецца ўсё большая частка насельніцтва. Працэс павелічэння ролі гарадоў у грамадстве называецца урбанізацыя.
У Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9-10 ст. (Полацак, Тураў, Віцебск, Заслаўе, Лукомль, Ваўкавыск, Наваградак, Чачэрск і інш.). Да 13 ст. іх налічвалася 35. Ядром горада звычайна быў дзядзінец, які найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, акружаным (агароджаным - адсюль і назва «горад») абароннымі збудаваннямі. Побач знаходзіўся рынак. Далей ішлі вакольны горад (меў 2-ю лінію ўмацаванняў) і пасады, дзе жылі пераважна рамеснікі і купцы. Развіваліся гарады на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, з 11-13 ст. будаваліся мураваныя храмы, замкавыя вежы-данжоны. Абарончая сістэма спалучала прыродны ландшафт (высокі бераг ракі, абрыў) і штучныя ўмацаванні: земляныя валы, на якіх у 10-12 ст. узводзіліся вастраколы, будаваліся зрубныя сцены-гародні, умацаваныя драўлянымі вежамі. Вуліцы шырынёй 2-5 м масцілі бярвеннем, абапал вуліцы размяшчаліся двары гараджан, абгароджаныя парканамі. У 12-13 ст. у гарадах развіваліся пераважна кавальства, ювелірнае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы, надпісы на драўляных і касцяных вырабах і сценах храмаў. Вяршыняй матэрыяльнай культуры старажытных гарадоў Беларусі з'яўляліся манументальныя мураваныя пабудовы (саборы ў Полацку, Віцебску, Ваўкавыску, Наваградку, Полацку, Тураве). Фармаваліся некаторыя рысы вытворчай спецыялізацыі гарадоў: у Слуцку пашыралася гарбарнае рамяство, Віцебску - будаўнічае, Менску і Полацку - зброевае, Магілеве - футраапрацоўчае; Горадня, Полацак, Віцебск, Бабруйск, Нясвіж, Любча ператвараліся ў гандлёвыя цэнтры. Пазней у гарадах развіваліся вотчынная прамысловасць, мануфактуры, а потым і машынная вытворчасць.
У 17 ст. у Беларусі было 37 гарадоў і 320 мястэчак. У канцы 18 - пачатку 19 ст. ў Беларусі было 40 гарадоў і больш як 300 мястэчак. З 1786 да 1861 колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. чалавек. У 1913 было 36 губернскіх і павятовых гарадоў, у якіх налічвалася 925 тыс. чалавек (13,4% усяго насельніцтва).
У Другую сусветную вайну гітлераўскія акупанты разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў. У пасляваенны перыяд разам з іх аднаўленнем і расшырэннем узніклі новыя гарады - Белаазёрск, Жодзіна, Наваполацак, Новалукомль, Салігорск, Светлагорск. Усяго ў Беларусі 102 гарады з насельніцтвам 7089,8 тыс. чал. (1997), у т.л. Менск (1708 тыс. чал). У Гомелі, Магілеве, Віцебску, Горадні, Берасці, Бабруйску налічваецца больш за 200 тыс. жыхароў у кожным, у 15 гарадах - больш як па 50 тыс. жыхароў. Усяго ў гарадах жыве 7073,9 (68,2%) насельніцтва Беларусі.
@Гордасць, сацыяльнае і маральнае пачуццё асабістай павагі, форма праяўлення чалавечай годнасці асобы, паказчык развітай самасвядомасці. Пачуццё гордасці ў значнай ступені раскрывае маральнае аблічча чалавека (або групы людзей) і вызначае характар паводзін; патрабуе такіх учынкаў, якія адпавядаюць ўяўленню члавека пра самога сабе і не дазваляюць рабіць тое, што магло б прынізіць годнасць, павагу да сябе. Такое пачуццё звычайна звязана з асабістымі заслугамі перад грамадствам (дасягненні ў навуцы, мастацтве, спорце і інш.), з прыналежнасцю да асобнай сацыяльнай групы (нацыі, суполкі, прафесіі), з валоданнем пэўнай уласнасцю і інш. У некаторых выпадках пачуццё гордасці можа нават стымуляваць дзейнасць чалавека. Так, гордасць за сваю Радзіму вызначае ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, садзейнічае самаадданай працы на карысць свайго народа, фармуе лад жыцця чалавека. Чалавек адчувае пачуццё нацыянальнай гордасці за поспехі свайго народа, свой уласны ўклад у вырашэнне грамадска важных праблем. Нацыянальная гордасць з'яўляеца асновай праяўлення патрыятызму, гераізму, мужнасці і высакароднасці. Чалавек, які мае нацыянальную і ўласную годнасць, самапавагу, здольны да новых поспехаў, адчувае задавальненне ад той справы, якой ён займаецца. Аднак празмернае развіццё пачуцця гордасці можа стаць прычынай перараджэння яго ў самазадавальненне, фанабэрыю, пагардлівасць, зняважлівыя адносіны да людзей. Сапраўдная гордасць несумяшчальная з ідэяй нацыянальнай (расавай) перавагі, абсалютызацыяй няроўнасці як прынцыпу жыцця, аднабокім перабольшваннем значнасці сваёй персоны. Высакамернасць, фанабэрыя, ганарыстасць непазбежна вядуць да самазаспакоенасці, славалюбства і эгаізму. Высакамерны, пыхлівы чалавек губляе ўласную годнасць у вачах людзей, ператвараецца ў карыкатуру на чалавечую гордасць і годнасць. Сапраўднае пачуццё гордасці дапамагае чалавеку паглядзець на сябе з боку, ацаніць сябе і свае магчымасці, ліквідаваць недахопы, узвышае яго, садзейнічае пераадоленню нягод.
@Грамадзянства, палітыка-прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. На грамадзяніна пашыраецца суверэнітэт гэтай дзяржавы і ён карыстаецца дзяржаўнай аховай сваіх правоў і законных інтарэсаў як унутры краіны, так і па-за яе межамі. У манархічных дзяржавах паняццю «грамадзянства» адпавядае тэрмін «падданства». Парадак набыцця або страты грамадзянства рэгулюецца заканадаўствам кожнай дзяржавы. Заканадаўства пераважнай большасці дзяржаў адрознівае набыццё грамадзянства пры нараджэнні (філіяцыя), у парадку натуралізацыі або ўкаранення. Пры вырашэнні пытання аб набыцці грамадзянства пры нараджэнні выкарыстоўваецца два прынцыпы: нацыянальны (т.зв. «прынцып права крыві»), паводле якога грамадзянства дзіцяці залежыць ад грамадзянства бацькоў, і тэрытарыяльны (т.зв. «прынцып права глебы»), калі грамадзянства абумоўлена месцам нараджэння і не звязана з грамадзянствам бацькоў. У заканадаўстве большасці замежных краін спалучаюцца два гэтыя прынцыпы з выкананнем пэўных абавязковых умоў.
Паводле закона Беларусі «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 яе грамадзянамі з'яўляюцца асобы, якія пастаянна жылі на тэрыторыі Беларусі на дзень уступлення ў сілу гэтага закона, і асобы, якія набылі беларускае грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым законам. У Беларусі грамадзянства з'яўляецца роўным для ўсіх грамадзян дзяржавы, незалежна ад падстаў яго набыцця, ніхто з іх не можа быць пазбаўлены грамадзянства або адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Падставы і парадак набыцця грамадзянства, яго спынення, змянення і іншае вызначаны заканадаўствам. Дакументам, які сведчыць аб беларускім грамадзянстве, з'яўляецца пашпарт.
@Грамадска-эканамічная фармацыя. Для сістэмнага аналізу сусветна-гістарычнага працэсу важная яго перыядызацыя на аснове пэўных вызначальных фактараў. Такую перыядызацыю гісторыі прапанавала марксісцкая тэорыя. К.Маркс абгрунтаваў паняцце «фармацыя» ў адносінах да капіталістычнай грамадскай арганізацыі, а яго паслядоўнікі, у т.л. У.І.Ленін, пашырылі фармацыйны падыход і на астатнія сацыяльныя арганізацыі: рабаўладальніцкую, феадальную і інш. Паводле гэтай тэорыі, грамадска-эканамічная фармацыя - грамадства на пэўнай ступені развіцця з панаваннем адпаведнага спосабу вытворчасці. Спосаб вытворчасці разглядаецца як дыялектычнае адзінства прадукцыйных сіл (матэрыяльна-тэхнічная база грамадства з адпаведным адукацыйна-прафесійным узроўнем людзей) і вытворчых адносін (эканамічныя адносіны людзей у працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных і духоўных даброт). На аснове гэтага крытэрыя вылучаюць 5 грамадска-эканамічных фармацый: рабаўладальніцкі лад (гл. Рабства), феадалізм, капіталізм, сацыялізм, камунізм; яны паступова змяняюць адна адну і з'яўляюцца асновай перыядызацыі гісторыі.
Марксісцкая фармацыйная мадэль адлюстроўвае матэрыялістычны погляд на гісторыю. Яна значна паўплывала на развіццё навукі, дазволіла пачаць сістэмнае вывучэнне грамадства, глыбей асэнсаваць грамадскія адносіны і гаспадарчыя сістэмы. Шмат людзей успрымаюць сусветна-гістарычны працэс менавіта па гэтай мадэлі. Аднак яна падвяргаецца крытычнаму аналізу і сучаснае светазнаўства сцвярджае, што суіснуюць розныя фармацыйныя ўтварэнні. У марксісцкай гістарычнай метадалогіі, як лічаць прадстаўнікі гэтай канцэпцыі, дамінуюць матэрыяльныя «базісныя» фактары, а палітычным, духоўным і культурным адведзена роля залежных элементаў, гэта адносіцца і да такіх паняццяў, як клас, грамадства, спосаб вытворчасці, з аднаго боку, і сям'я, абшчына, індывід - з другога. Нарэшце, на іх думку, марксісцкая мадэль фармацый пабудавана на эўрапейскім вопыце і непрымальная да гісторыі Ўсходу з характэрнай для яго ўстойлівасцю сацыяльных сістэм. Таму сёння выпрацоўваецца новая тэорыя грамадскага развіцця, якая павінна зняць супярэчнасць паміж паняццем «цывілізацыя» з яго акцэнтам на духоўны бок і паняццем «спосаб вытворчасці». Гэта новая тэарэтычная канструкцыя ўключае разнастайныя гістарычныя падыходы - фармацыйны, цывілізацыйны і сучасны сусветна-сістэмны.
@Грамадская думка, сукупнасць адносін розных сацыяльных груп і слаёў насельніцтва да праблем, працэсаў і фактаў сацыяльна-палітычнай і сацыяльна-культурнай рэчаіснасці. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сацыяльных груп і супольнасцей, а таксама сацыяльных інстытутаў у грамадстве, выпрацоўваючы пэўныя нормы грамадскіх адносін са сферы культуры, навукі, рэлігіі і пашыраючы іх сярод насельніцтва. У залежнасці ад зместу выказванняў (ацэначных, аналітычных і канструктыўных), ацэнкі (станоўчай ці адмоўнай) можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай ці рэгулятыўнай функцыях. Грамадская думка здаецца дынамічнай, зменлівай, аднак у кожным асобным выглядзе яна з'яўляецца больш або менш тоесным выяўленнем народнага характару. Яна дзейнічае і ў межах грамадства ў цэлым, і ў розных сацыяльных групах ці супольнасцях. У гэтым сэнсе можна гаварыць пра грамадскую думку пэўнай краіны, нацыі або асоб адной прафесіі, канфесіі, субкультурнай групоўкі ці пэўнага горада, вёскі, раёна, вобласці. Таму носьбітам грамадскай думкі можа выступаць і грамадства ў цэлым, і сацыяльныя групы ў яго складзе (напрыклад, жанчын, мужчын, моладзі, гараджан, сялян, прадпрымальнікаў, рабочых, інтэлігентаў, вернікаў і інш.). Яна можа быць аднадушная або плюралістычная. У дэмакратычным грамадстве найбольш актыўна дзеючымі каналамі яе фармавання і функцыянавання з'яўляюцца рэферэндумы, выбары органаў улады, сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навуковая распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася з 2-й паловы 19 ст. ў працах французскага сацыёлага Г.Тарда, а ў 20 ст. - амерыканскіх сацыёлагаў і палітыкаў інстытута Дж.Гэлапа А.Хоўэла, У.Ліпмана і інш. У Беларусі тэндэнцыю развіцця грамадскай думкі даследуюць інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, недзяржаўная арганізацыя «Грамадская думка» і іншыя сацыялагічныя даследчыя групы. Актуальнасць і важнасць вывучэння грамадскай думкі абумоўлены тым, што менавіта такім чынам можна даведацца пра інтарэсы, спадзяванні, чаканні, патрэбы розных сацыяльных груп, супольнасцей, насельніцтва краіны ў цэлым.
@Грамадская свядомасць, сістэма духоўных поглядаў грамадства, адносін людзей да навакольнай рэчаіснасці і да саміх сябе, якая ўзнікае, функцыянуе і развіваецца ў працэсе жыццядзейнасці розных тыпаў сацыяльных супольнасцей і абслугоўвае іх прынцыпамі, нормамі, меркаваннямі сумлення, самаадказнасці асобы і г.д. Любая супольнасць - гэта мноства ўзаемадзеючых адзін з адным розных індывідаў, сацыяльных статусаў і ролей. Таму сапраўднымі творцамі і суб'ектамі грамадскай свядомасці выступаюць не асобныя індывіды, а іх сукупнасці, групы. Грамадская свядомасць паўстае ў выглядзе ўяўленняў, ідэй, каштоўнасцей, настрояў, імкненняў мноства людзей і таму носіць звышіндывідуальны характар. Яна ўяўляе сабой адну з многіх падсістэм грамадства і функцыянуе ў ім побач і ва ўзаемадзеянні з іншымі падсістэмамі (эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай). Як залежная ад гэтых падсістэм і ад грамадства ў цэлым яна, у сваю чаргу, актыўна ўздзейнічае на іх, адыгрывае важную ролю ў сацыяльным жыцці.
Адметная рыса грамадскай свядомасці - разнастайнасць яе складу і структуры. Асноўныя кампаненты гэтай структуры - палітычная свядомасць, правасвядомасць, мараль, рэлігія, навука, мастацтва, філасофія, эканамічная, экалагічная, касмічная свядомасць. Адна з сістэмных структурных характарыстык грамадскай свядомасці - сацыяльна-гістарычная памяць. Яна забяспечвае захаванне грамадствам раней назапашаных інфармацыі, сістэм каштоўнасцей, ідэалаў, узораў дзейнасці, вопыту, а таксама акумуліруе новую інфармацыю, новыя каштоўнасці, што выпрацоўваюцца ў працэсе развіцця практычнай дзейнасці, навуковага пазнання, духоўнай творчасці асобных індывідаў, вытворчых, сацыяльна-палітычных, навуковых, культурных, рэлігійных, спартыўных і іншых суполак.
У складзе грамадскай свядомасці вылучаюць узроўні: паўсядзённы (адлюстроўвае тыповыя жыццёвыя сітуацыі), тэарэтычны (выяўляе лагічныя сувязі, тэндэнцыі і заканамернасці прыроды, грамадства), сацыяльна-псіхалагічны (адлюстроўвае сукупнасць сацыяльных працэсаў і адносін, што існуюць у індывідаў і іх суполак), ідэалагічны (выяўляе і абараняе карэнныя інтарэсы пэўнай суполкі, сацыяльнай групы, рэлігійнай ці этнічнай супольнасці, палітычнай партыі). Іх распрацоўваюць і пашыраюць спецыяльна падрыхтаваныя прадстаўнікі гэтых суполак, груп, арганізацый. У сувязі з гэтым важна адрозніваць групавы, масавы і агульначалавечы тыпы грамадскай свядомасці, асаблівасці ўзаемадзеяння ў працэсе духоўнага развіцця індывідаў і грамадскіх супольнасцей. На сучасным этапе сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі адбываюцца працэсы плюралізацыі і сакралізацыі (узмацненне рэлігійнасці) грамадскай свядомасці, узмацнення ў ім ролі этнанацыянальных кампанентаў і значнасці правоў чалавека.
@Грамадскі падзел працы. У наш век навукова-тэхнічнага прагрэсу майстроў на ўсе рукі, што «і касец, і жнец, і на дудзе ігрэц», у грамадскай вытворчасці не так многа. І хоць валоданне сумежнымі прафесіямі цэніцца і заахвочваецца, але агульная тэндэнцыя ўдасканальвання прафесійнага майстэрства развіваецца ў кірунку спецыялізацыі. Чым больш ускладняецца вытворчасць, тым больш грамадская праца расчляняецца на асобныя формы, віды і падвіды, у кожным з якіх узнікаюць і ўдасканальваюцца свае спосабы і прыёмы працы. У выніку з'яўляюцца новыя прафесіі і спецыяльнасці. Гэта і ёсць грамадскі падзел працы - дыферэнцыяцыя грамадскага працэсу працы на асобныя віды працоўнай дзейнасці. Канцэнтруючы намаганні на вырабе пэўнай прадукцыі ці на адной аперацыі, работнік тым самым павышае, адшліфоўвае сваё ўменне, што істотна павышае прадукцыйнасць працы. Менавіта ў гэтым галоўны вынік грамадскага падзелу працы.
У гісторыі чалавечай цывілізацыі вядомы 3 вялікія падзелы працы. 1-ы падзел - аддзяленне жывёлагадоўлі ад земляробства - прывёў да ўзнікнення рабаўладальніцкага грамадства, супярэчнасці паміж фізічнай і разумовай працай. 2-і падзел - аддзяленне рамяства ад земляробства - даў пачатак аддзяленню горада ад вёскі і ўзнікненню супярэчнасці паміж імі, развіццю таварнай вытворчасці. Далейшае пашырэнне вытворчасці і абмену прывяло да 3-га вялікага падзелу працы - аддзялення гандлю ад вытворчасці і вылучэння купецтва. Грамадскі падзел працы асабліва паскорыўся з узнікненнем машыннай індустрыі і паглыбляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу. Вылучаюць 3 узроўні грамадскага падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства: усе вытворчыя аперацыі скіраваны на выпуск гатовай прадукцыі свайго прадпрыемства), прыватны (паміж прадпрыемствамі: вырабляюцца вузлы ці дэталі для зборкі гатовай прадукцыі на іншых прадпрыемствах) і агульны (у маштабе грамадства: падзел працы на прамысловую і сельскагаспадарчую, фізічную і разумовую, ручную і механізаваную і г.д.).
Грамадскі падзел працы вядзе да спецыялізацыі вытворчасці, якая выяўляецца ў падзеле працы ўнутры галін эканомікі: пэўныя прадпрыемствы і іх падраздзяленні выконваюць толькі характэрныя ім вытворчыя функцыі па выпуску прадукцыі пэўнай галіны. Такім чынам, падзел працы не толькі не раз'ядноўвае таваравытворцаў, як можа падацца на першы погляд, а, наадварот, аб'ядноўвае іх, бо чым глыбей спецыялізацыя працы, тым мацней узаемазалежнасць спецыялізаваных вытворцаў, тым большая неабходнасць у кааперацыі працы.
Спецыялізацыя эканомікі Беларусі фармавалася ў складзе адзінага народнагаспадарчага комплексу былога СССР з улікам агульнасаюзных патрэб. Пры невялікай забяспечанасці ўласнай сыравінай і энерганосьбатамі Беларусь спецыялізавалася на выпуску прадукцыі машынабудавання - аўтамабіляў, трактароў, сельскагаспадарчых машын, станкоў, прылад. Яна спецыялізуецца таксама на развіцці хімічнай, дрэваапрацоўчай і лёгкай прамысловасці, а ў сельскай гаспадарцы - на развіцці жывёлагадоўлі, бульбаводства, ільнаводства. Таму ва ўмовах дзяржаўнай незалежнасці і рыначнай эканомікі адбываецца структурная перабудова народнай гаспадаркі з карэкціроўкай спецыялізацыі яе галін.
@Грамадскія адносіны, сістэма сувязей, якая забяспечвае функцыянаванне розных сфер грамадскага жыцця (эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай, прававой, культурнай і інш.), а таксама ўсяго грамадства. Удзельнікамі (суб'ектамі) грамадскіх адносін выступаюць: само грамадства, яго інстытуты (дзяржава, сям'я, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі і інш.), сацыяльныя (класы, слаі) і дэмаграфічныя групы, нацыянальныя і этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, нацыянальная меншасць, этнас), аб'яднанні людзей па рэлігійных і іншых прыкметах, а таксама індывідуумы. Асновай узнікнення, існавання і спынення грамадскіх адносін у канкрэтных выпадках з'яўляюцца агульныя (грамадскія) і спецыфічныя (прыватныя) патрэбы, інтарэсы і воля ўдзельнікаў. Падзяляюцца на віды па розных крытэрыях: у залежнасці ад сферы грамадства (гаспадарчыя, палітычныя, сямейныя і інш.), па суб'ектах (дзяржаўна-палітычныя, класавыя, нацыянальныя і інш.), па спосабе рэгулявання грамадскага жыцця (прававыя, маральныя), па метадзе ўздзеяння на паводзіны людзей (уладарныя і заснаваныя на перакананні), па характары (стыхійныя і мэтанакіраваныя). Могуць набываць розныя формы выяўлення, адрознівацца працягласцю, ахопам грамадскіх з'яў і іншымі прыкметамі. Характэрныя рысы грамадскіх адносін - іх супярэчлівасць, якая можа праяўляцца і ўнутры кожнага канкрэтнага віду грамадскіх адносін, і паміж рознымі відамі. Характар супярэчнасцей (наяўнасць або адсутнасць антаганізму) абумоўлівае спосаб іх вырашэння і, адпаведна, шлях далейшых змен і развіцця сістэмы грамадскіх адносін ці яе асобных элементаў (эвалюцыйны ці рэвалюцыйны). Прыхільнікі матэрыялізму падзяляюць усе грамадскія адносіны на матэрыяльныя (іх лічаць вызначальнымі, першаснымі) і ідэалагічныя (іх лічаць вытворнымі, другаснымі). Такі падзел узыходзіць да вучэння К.Маркса і Ф.Энгельса пра базіс і надбудову, у адпаведнасці з якім матэрыяльныя і ідэалагічныя грамадскія адносіны выступаюць таксама як базісныя (вытворчыя адносіны) і надбудовачныя (палітычныя, прававыя, маральныя і інш.); кожнаму гістарычнаму тыпу грамадства ўласціва спецыфічная сістэма базісных і надбудовачных грамадскіх адносін. Ідэалістычныя падыходы звязаны з праяўленнем духоўнага пачатку ў развіцці чалавечага грамадства і, па сутнасці, здымаюць пытанне пра прыярытэтнае значэнне якога-небудзь канкрэтнага віду грамадскіх адносін (Гл. таксама Дзяржава, Вытворчасць, Нацыя, Рэлігія, Сацыяльныя структуры).
@Грамадства. Грамадства стваралася мэтанакіраванай і разумна арганізаванай сумеснай працай і іншымі спосабамі жыццядзейнасці людзей. Разам з тым варта мець на ўвазе, што грамадства - гэта не сума любых індывідаў, а сам чалавек, які выступае ў сваёй родавай якасці (як супольнасць мноства асоб) і ў сукупнасці грамадскіх адносін. У больш вузкім сэнсе грамадства - гэта: 1) структурна ці генетычна вызначаны тып (род, від) сумежных зносін і дзейнасці людзей у гістарычна канкрэтных умовах іх існавання і ўзаемадзеяння (антычнае, індустрыяльнае, сучаснае беларускае грамадства); 2) адносна самастойны элемент гэтай устойлівай цэласнасці (інтэлігентнае, крымінальнае і іншае грамадства); 3) добраахвотнае аб'яднанне людзей на аснове агульных інтарэсаў (экалагічнае, філатэлістычнае грамадства).
Грамадства як сістэму падзяляюць на 4 узаемазвязаныя аспекты: 1) сукупнасць мноства індывідаў, у аснове ўзаемадзеяння якіх знаходзяцца пэўныя агульныя ўмовы існавання і жыццядзейнасці (горад, вёска, прамысловае прадпрыемства, навучальная ўстанова і г.д.); 2) сукупнасць іерархічна супадпарадкаваных сацыяльных пазіцый (статусаў), якія займаюць асобы ў функцыянаванні гэтай сістэмы, а таксама сацыяльных функцый (сацыяльных роляў), якія яны выконваюць на аснове сваіх сацыяльных пазіцый (кіраўнік - падначалены, настаўнік - вучань, рэжысёр - акцёр і г.д.); 3) сукупнасць нормаў і каштоўнасцей (юрыдычных, маральных, культурных і іншых), якія вызначаюць характар і змест паводзін, узаемадачыненняў індывідаў, сацыяльных статусаў і роляў у дадзенай сістэме; 4) сукупнасць відаў і спосабаў дзейнасці, якімі займаюцца індывіды, сацыяльныя групы і суполкі ў гэтай сістэме (вытворчая, навукова-даследчая, адукацыйная, упраўленчая і іншыя) і якія складаюць функцыянальную сістэму грамадства.
Любое грамадства павінна мець неабходныя і дастатковыя ўмовы самазабеспячэння і развіцця. Гэтыя ўмовы могуць быць створаны толькі адпаведнай арыентацыяй і арганізацыяй сумеснай дзейнасці індывідаў і суполак, г.зн. больш ці менш развітай супольнасцю сфер грамадскага жыцця. Асноўнымі сферамі з'яўляюцца эканамічная, сацыяльная, палітычная, духоўная. Эканамічная сфера складаецца з дзейнасці людзей па вытворчасці, размеркаванні, абмене і спажыванні матэрыяльных даброт і паслуг, а таксама ўзаемадачыненняў людзей у працэсе такой дзейнасці. У склад эканамічных адносін уваходзяць адносіны паміж сацыяльнымі групамі, якія займаюць рознае сацыяльна-эканамічнае становішча (наймальнік і працаўнік); выконваюць розную ролю ў грамадскай арганізацыі працы (кіраўнік прадпрыемства і яго падначаленыя); маюць розныя дачыненні да сродкаў вытворчасці (гаспадар сродкаў і наёмны працаўнік); валодаюць рознымі вытокамі і памерамі долі грамадскага багацця - заработнай платай, прыбыткам і іншым (прадпрымальнік - інжынер - рабочы). Сацыяльная сфера складаецца з дзейнасці і ўзаемадачыненняў людзей у галінах быту, паслуг, сацыяльнага забеспячэння, сацыяльнай інфраструктуры (транспарту, сувязі і інш.), узаемадзеяння паміж сацыяльнымі групамі і слаямі насельніцтва. Палітычная сфера ўяўляе сабой сукупнасць умоў стварэння і функцыянавання ўлады, адносін да яе розных грамадскіх рухаў і палітычных партый, груп і суполак, забеспячэнне ці змену грамадскага ладу, тыпаў праўлення (прэзідэнцкае, парламенцкае і г.д.). Духоўная сфера - стварэнне духоўных каштоўнасцей, культурнае развіццё індывідаў і суполак, узаемадзеянне этнанацыянальных, этнарэлігійных, субкультурных і іншых суполак у галіне культуры, маралі, філасофіі, рэлігіі. Такім чынам, грамадства - гэта гістарычна зменлівая цэласная сістэма ўсіх формаў і спосабаў адносін, узаемадзеянняў і аб'яднанняў людзей, у якіх выяўляецца ўсебаковая залежнасць іх адзін ад аднаго. Гэта таксама свет чалавека, які ствараецца ім самім у працэсе творчага пераўтварэння рэчаіснасці і адначасова стварае, фармуе, выхоўвае чалавека ў яго індывідуальнай якасці.
Праблемамі грамадства са старажытных часоў займаліся славутыя мысліцелі - Платон, Арыстоцель, Гобс, Дзідро, Гегель і інш. З часоў А.Конта яно стала прадметам вывучэння і галоўным пунктам сацыялогіі. Сучаснае беларускае грамадства знаходзіцца ў стане глыбокіх трансфармацыйных змен, складанага пераходу ад таталітарнай сацыяльна-палітычнай сістэмы да дэмакратычнай з рынкавымі адносінамі і шматукладнай эканомікай.
@Грашова-крэдытная палітыка, сукупнасць мерапрыемстваў у галіне грашовага абарачэння і крэдыту, накіраваных на рэгуляванне эканамічнага росту, стрымліванне інфляцыі, забеспячэнне занятасці насельніцтва і выраўноўванне плацежнага балансу; адзін з найважнейшых метадаў умяшання дзяржавы ў працэс узнаўлення.
@Грошы. У глыбокай старажытнасці людзі абыходзіліся без грошай: роды ці абшчыны абменьвалі лішкі сваіх прадуктаў на іншыя прадукты суседніх абшчын (збожжа - на авечку, сякеру - на збан і г.д.). З развіццём вытворчасці колькасць тавараў павялічылася і абмен з выпадковага ператварыўся ў пастаянны. Узнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б выменяць любы іншы тавар. Такі тавар (а гэта маглі быць шкуры звяроў, пэўная мера збожжа, упрыгожанні, часам - жывёла і іншае) набываў ролю грошай. Пазней для зручнасці ў якасці ўсеагульнага эквіваленту сталі выкарыстоўваць металы (золата, серабро). У канчатковым выніку за золатам замацавалася роля грошай у сусветным маштабе. Такім чынам, грошы - гэта асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў.
На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся залатымі зліткамі, пазней - залатымі манетамі пэўнай вагі. Але пры доўгім карыстанні манеты зношваліся, гублялі ранейшую вагу, а значыць, і вартасць. Узнікла неабходнасць замяніць іх на манеты з медзі ці іншых металаў, а потым - і папяровымі грашыма, якія ў адрозненне ад золата з'яўляюцца толькі знакамі вартасці, але маюць законную плацежную сілу.
Грошы як усеагульны эквівалент выконваюць некалькі функцый. Асноўныя з іх - мера вартасці (каб ацаніць кошт тавару, неабходна параўнаць яго з коштам грошай), сродак абарачэння (за куплены тавар прадавец выручае грошы, за якія купляе новы тавар), сродак накаплення (калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння).
Празмерны выпуск (эмісія) грошай у абарачэнне выклікае інфляцыю. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх: дэфляцыя - змяншэнне грашовай масы шляхам зняцця з абарачэння лішкавых папяровых грошай; нуліфікацыя - замена старых грашовых знакаў новымі (у меншай колькасці); дэнамінацыя - змена намінальнай вартасці грашовых знакаў разам са зменай у такой жа прапорцыі цэн, тарыфаў, аплаты працы і іншых плацяжоў; дэвальвацыя - афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканадаўчага змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэнне курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты; рэвальвацыя - афіцыйнае павышэнне залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты.
У старажытнасці ў Беларусі вядомы манеты розных дзяржаў. У Вялікім Княстве Літоўскім у 14-15 ст. выпускаўся свой дэнарый, у 15-16 ст. - сярэбраны абол, дэнарый, двайны і трайны дэнарыі, солід, паўгрош, грош, 2 грошы, 3 грошы, шастак, паўталер, талер, дукат, партугал. У 15-17 ст. дзейнічалі манетныя двары Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні, Коўне, Уяздаве, Аліве, Мальбарну і іншыя. Медныя соліды Вялікага Княства Літоўскага выпускаў Берасцейскі манетны двор (1665-1666), а на пачатку 18 ст. траякі і шастакі - Гарадзенскі манетны двор. Першымі папяровымі грашыма ва Ўсходняй Беларусі былі расейскія асігнацыі ўзору 1769, у Заходняй - асігнацыі 1794 урада Т.Касцюшкі. З канца 18 ст. пасля далучэння да Расейскай імперыі (1772, 1793, 1795) у Беларусі абарачаліся пераважна расейскія манеты. З 1918 ва Ўсходняй Беларусі ў абарачэнні былі «савдзензнакі», чырвонцы, транспартныя сертыфікаты, з 1924 - папяровыя банкаўскія чырвонцы і казначэйскія рублі, сярэбраныя і медныя (пазней нікелевыя, бронзавыя) рублі і капейкі. У Заходняй Беларусі абарачаліся польскія маркі, злотыя і інш. Старыя грашовыя знакі час ад часу мяняліся на новыя. 25.05.1992 пачаўся выпуск папяровых разліковых білетаў Нацыянальнага банка Беларусі.
Грашовыя адзінкі некаторых краін свету:
Гуманізм (лац. humanus - чалавечны). У вузкім сэнсе - культурны рух эпохі Адраджэння. Менавіта ў гэты перыяд гуманізм складваецца як аформленая ідэйная плынь. Рэлігія і феадальна-царкоўная ідэалогія сярэднявечча сцвярджалі нікчэмнасць чалавечай натуры, выступалі за аскетызм. Новы гуманістычны кірунак, выразнікамі якога былі Ф.Петрарка, Леанарда да Вінчы, М.Капернік і інш., на першы план ставіў пачуццёвыя патрэбы чалавека і прапаведаваў неабходнасць іх задавальнення ў зямным свеце. Чалавек абвяшчаўся вянцом прыроды і цэнтрам Сусвету. Гуманісты сцвярджалі, што імкненне чалавека да шчасця з'яўляецца законным і натуральным. Ва ўсе часы гуманізм ішоў ад прызнання неабходнасці праяўляць дабрату да людзей, клапаціцца пра іх. Ад чалавека гуманізм патрабуе не толькі абвяшчэння любові да сябе падобных, але і канкрэтных абавязкаў, адказнасці за лёс чалавека, ахвярнасці. Чалавекалюбства заўсёды адкрытае, шчырае, адназначнае, у роўнай ступені праяўляецца ўсюды. Гуманізм - гэта чалавечнае ў чалавеку, узрастанне меры чалавечнасці ў грамадскіх адносінах. Гуманізм - сукупнасць поглядаў, што адлюстроўваюць годнасць і каштоўнасць чалавека, яго права на свабоду, шчасце, развіццё і праяўленне сваіх здольнасцей, якія сцвярджаюць роўнасць, справядлівасць, чалавечнасць як найважнейшую норму адносін паміж людзьмі.
@Густ, здольнасць чалавека па адчуванні задавальнення ці незадавальнення (падабаецца ці не) дыферэнцыравана ўспрымаць і ацэньваць розныя эстэтычныя аб'екты, адрозніваць прыгожае ад агіднага ў рэчаіснасці і ў мастацтве, эстэтычнае і неэстэтычнае, выяўляць у з'явах рысы трагічнага і камічнага (пачуццё гумару). Інтарэс да праблемы густу павялічыўся ў 17-18 ст. Французскія асветнікі і тэарэтыкі класіцызму (Буало, Мантэск'е, Вальтэр і іншыя) разглядалі яго з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. Прадстаўнікі ангельскай сенсуалістычнай эстэтыкі (Шэфсберы, Хом і іншыя) выводзілі густ з чалавечых пачуццяў, але звязвалі яго з маральнасцю. І.Кант адзначаў супярэчлівы, грамадска-індывідуальны характар густу. Прадстаўнікі іншых філасофскіх плыней разглядаюць густ як сацыяльна абумоўленую з'яву і форму мастацкага ўспрымання, якое фармуецца пад уздзеяннем асяроддзя і ладу жыцця. На густ уплывае мастацтва, якое ўключаецца ў побыт людзей, дзейнічае паўсядзённа, часам непрыкметна. Мае непасрэдную сувязь з модай. Фармаванне густу - адна з задач эстэтычнага выхавання.
@Дабрабыт. Пад гэтым тэрмінам разумеюць дастатак, забяспечанасць насельніцтва. У найбольш агульным выглядзе дабрабыт - гэта ступень задавальнення матэрыяльных, духоўных і сацыяльных патрэбнасцей, ці ўзровень жыцця. Але важна вызначыць, колькі гэтых даброт патрэбна чалавеку і якія з іх найбольш важныя. Як у такім разе вызначаць узровень дабрабыту і як супастаўляць гэты паказчык? Вучоныя лічаць, што для вызначэння ўзроўню дабрабыту трэба выкарыстаць больш як 220 колькасных і якасных паказчыкаў, сярод якіх асноўныя: даходы і спажыванне (аплата працы, рэальныя даходы, зберажэнні, выплаты і льготы, продаж тавараў народнага спажывання, аб'ём і структура спажывання); жыллёвыя ўмовы; суадносіны рабочага і свабоднага часу; сярэдняя працягласць жыцця; узровень адукацыі, аховы здароўя, культуры і інш.
Паводле ацэнак спецыялістаў, зараз налічваецца больш як 1 мільён разнастайных патрэб у прадметах спажывання (адзенне, прадукты харчавання, кватэра, мэбля, аўтамабіль і інш.) і некалькі дзесяткаў тысяч - у паслугах і сацыяльных дабротах (адукацыя, адпачынак, ахова здароўя, рамонт бытавой тэхнікі і іншае). Даступнасць іх спажывання залежыць ад узроўню эканамічнага развіцця краіны, яе сацыяльнай палітыкі, месца асобных сацыяльных груп у грамадстве. Вызначальны фактар дабрабыту - узровень даходаў, наяўнасць зберажэнняў і асабістай маёмасці (багацця), што фактычна падзяляе грамадства на багатых і бедных. Нават у развітых краінах, дзе даволі высокі паказчык дабрабыту, існуе значная праслойка абяздоленых людзей. А ў цэлым у свеце, найперш у краінах, якія позна сталі на шлях незалежнага развіцця, мільёны людзей паміраюць ад голаду, жывуць у трушчобах, не могуць атрымаць адукацыю, медыцынскую дапамогу, пазбаўлены элементарных бытавых умоў.
Пэўнае ўяўленне пра дабрабыт дае індэкс чалавечага развіцця - інтэгральны паказчык, які разлічваецца па ініцыятыве ААН на аснове паказчыкаў даўгалецця (чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні), адукаванасці (пісьменнасць дарослых і сярэдняя колькасць гадоў навучання) і даходаў (велічыня валавога ўнутранага прадукту ў разліку на душу насельніцтва). Па гэтых паказчыках за 1991-1992 Беларусь заняла 40-е месца сярод краін свету. Але спецыялісты лічаць, што рэальны ўзровень дабрабыту ў краіне значна ніжэйшы. Ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага крызісу за мяжой беднасці аказалася амаль 2/3 насельніцтва. З-за высокіх цэн і слабай сацыяльнай аховы істотна зменшылася спажыванне харчовых прадуктаў, для значнай часткі насельніцтва рэальнымі сталі недаяданне і галаданне. Расце беспрацоўе, абвастраецца жыллёвая праблема, пагаршаецца медыцынскае абслугоўванне, узрастаюць бездухоўнасць і злачыннасць. Усё гэта з улікам радыяцыйнага чарнобыльскага бедства адмоўна ўплывае на маральны стан грамадства і здароўе людзей, што прывяло да пагражальных вынікаў: смяротнасць перавысіла нараджальнасць, а сярэдняя працягласць жыцця мужчын зменшылася да 62,1 года (1996).
@Дабрачыннасць, катэгорыя этыкі, якая абазначае дадатныя маральныя якасці асобы; сплаў ідэй, пачуццяў і практычных навыкаў, якія вызначаюць паводзіны чалавека. Г.Гегель сцвярджаў, што «калі чалавек здзяйсняе той ці іншы маральны ўчынак, то гэтым ён яшчэ не дабрачынны, ён дабрачынны толькі ў тым выпадку, калі гэты спосаб паводзін з'яўляецца пастаяннай рысай яго характару». І сапраўды, паняцце «дабрачыннасці» адлюстоўвае дзейную форму праяўлення дабра, бо веданне маральных прынцыпаў яшчэ не робіць чалавека дабрачынным. Цыцэрон падкрэсліваў, што «увесь сэнс дабрачыннасці - у дзеянні», а Дэмакрыт - што «неабходна прывучаць сябе да дабрачынных спраў і ўчынкаў, а не да прамоў пра дабрачыннасць». Паняцце дабрачыннасці мянялася на працягу гісторыі чалавецтва. Кожная культура фармавала свой ідэал дасканалай асобы і асноўныя паняцці дабрачыннасці. У Старажытнай Грэцыі дабрачыннасць трактавалася як мудрасць, мужнасць, умеранасць і асабліва - справядлівасць. Арыстоцель падкрэсліваў, што дабрачыннасць мае не прыроджаны характар, а фармуецца чалавекам у працэсе практычнай дзейнасці: «Не для таго мы разважаем, каб ведаць, што такое дабрачыннасць, а для таго, каб стаць добрымі людьмі». У сярэднявеччы гэтае паняцце трактавалася з пазіцый хрысціянскай маралі. У эпохі Адраджэння і Асветніцтва дабрачыннасць звязвалася, пераважна, са шчасцем чалавека, яго зямнымі інтарэсамі. Асноўнымі яе прынцыпамі лічыліся працавітасць, прадпрымальнасць, ашчаднасць, заснаваныя на справядлівасці. Існуе і пункт погляду, паводле якога маральныя якасці чалавека, паводзіны людзей тлумачацца не столькі асаблівасцямі кожнага індывіда, колькі аб'ектыўнымі законамі грамадска-эканамічнай фармацыі, асаблівасцямі пэўнага тыпу грамадства.
@Дабро і зло, найбольш важныя катэгорыі этыкі, супрацьпастаўленне маральнага і амаральнага, таго, што адпавядае сацыяльным нормам грамадства і таго, што ім супярэчыць. Гэта найбольш агульныя формы размежавання і супрацьпастаўлення дадатнага і адмоўнага ў матывах і ўчынках людзей. З дапамогай гэтых катэгорый людзі ацэньваюць сацыяльную практыку, паводзіны і дзеянні асобных індывідаў, іх маральнае аблічча. У паняцці дабра яны адлюстоўваюць свае найбольш агульныя інтарэсы, імкненні, пажаданні і надзеі на будучыню, якія выступаюць тут у выглядзе абстрактнай маральнай ідэі аб тым, што павінна быць і заслугоўвае ўхвалення. Гістарычна паняцце «дабро» ўзнікла як спосаб размеркавання і пераразмеркавання пэўных каштоўнасцей, маёмасці, багацця. Так, Арыстоцель лічыў: «Каб рабіць дабро, трэба перш за ўсё яго мець». У рэлігійнай інтэрпрэтацыі дабро атаясамліваецца з Богам, яго дабрадзейнасцю, а крыніцай зла з'яўляецца сатана і богаадступніцтва. Утылітарысцкія канцэпцыі звязвалі паняцце дабра з імгненнай карысцю, выгадай, асабістым поспехам; прагматычныя тэорыі - з поспехам, удачай. Рэлятывісцкае разуменне гэтых паняццяў звязана са спробай сцерці мяжу паміж дабром і злом, укараніць у паводзінах чалавека самавольства. Напрыклад, Ф.Дастаеўскі лічыў, што свабода асобы, звязаная з усёй яе структурай, не толькі крыніца дабра, але і зла - «падполля чалавека».
@Давер, характар адносін паміж сацыяльнымі суб'ектамі (асобамі, сацыяльнымі групамі і інстытутамі); у больш канкрэтнай форме - гэта адносіны аднаго чалавека да другога (партнёра, кіраўніка, сябра), заснаваныя на перакананасці ў яго праваце, вернасці і добрасумленнасці. Супрацьлеглым гэтаму паняццю з'яўляецца недавер, падазронасць, калі пад сумненне ставіцца вернасць агульнай справе ці шчырасць адносін паміж людзьмі. Шчырасць у характары адносін можа існаваць толькі тады, калі суб'екты адносін перакананы ў тым, што могуць з вялікай ступенню імавернасці прагназаваць паводзіны іншых людзей і калі партнёры прытрымліваюцца агульнапрынятых маральных прынцыпаў - добрасумленнасці, гонару і інш.
Псіхолагі лічаць, што ў аснове даверу ляжаць разуменне і веданне іншых людзей. Здольнасць праяўляць давер у розных людзей неаднолькавая. Упэўнены ў сабе чалавек здольны больш лаяльна ставіцца да іншых людзей, найперш заўважаць у іх дадатныя рысы, а не недахопы. Шлях да даверу ляжыць і праз удасканаленне самога сябе. Давер адыгрывае важную ролю ў выхаванні чалавека. Калі чалавеку даручаюць адказную справу і пры гэтым ставяцца да яго як да роўнага, хоць ён яшчэ не па ўсіх параметрах адпавядае гэтаму, то давер становіцца моцным стымулам для развіцця, ён акрыляе. Таму давер і недавер - моцныя стымулятары чалавечых паводзін, з якімі неабходна абыходзіцца асцярожна і на індывідуальным, і на грамадскім узроўні.
@Дагматызм (ад грэч. dogma - палажэнне, думка). Тэрмін гэты ўведзены старажытнагрэчаскімі філосафамі-скептыкамі Піронам і Зянонам. Яны называлі дагматычнай любую філасофію. У далейшым змест гэтага паняцця эвалюцыянаваў. І.Кант лічыў дагматызмам пазнанне, не заснаванае на папярэдніх даследаваннях яго магчымасцей і перадумоў. Гегель разглядаў дагматызм як метафізічнае разумовае мысленне. Найчасцей дагматызм заснаваны на аднабаковым падыходзе да ісціны. Ён прызнае існаванне толькі абсалютных (вечных) ісцін, ігнаруючы прынцып адноснасці нашых ведаў. Характэрнымі яго прыкметамі з'яўляюцца адрыў тэорыі ад практыкі, абстрактны, пазагістарычны падыход да з'яў рэчаіснасці. Таму любая тэорыя ці палажэнне могуць ператварыцца ў догму, калі разглядаць іх недыялектычна, па-за канкрэтнымі гістарычнымі ўмовамі. Дагматызм - гэта разнавіднасць метафізічнага спосабу мыслення, які аперыруе догмамі, г.зн. нязменнымі палажэннямі, што прымаюцца на веру без доказаў, без уліку канкрэтных абставін месца і часу, на аснове сляпога падпарадкавання аўтарытэту. Як антыгістарычны абстрактны спосаб разгляду тэарэтычных і практычных праблем дагматызм з'яўляецца адной з прычын з'яўлення застойных з'яў у эканоміцы, сацыяльнай і духоўнай сферах. Найлепшы спосаб барацьбы з дагматызмам - творчае развіццё тэорыі, уменне абапірацца на цвёрдую глебу рэальнасці і аб'ектыўных фактаў.
@Даходы, грашовая ацэнка вынікаў дзейнасці суб'екта рыначнай эканомікі, грашовая сума, якая рэгулярна і законным шляхам паступае ў непасрэднае распараджэнне рыначнага суб'екта. Галоўныя іх крыніцы - заработная плата, прадпрымальніцкі прыбытак, арэндная плата, асабістая дапаможная гаспадарка, розныя дзяржаўныя выплаты і інш. Даход, як правіла, вызначаецца грашыма. Гэта значыць, што дзейнасць кожнага павінна быць карыснай грамадству, бо толькі ў гэтым выпадку можна атрымаць даход як меру свайго ўдзелу ў сацыяльна-эканамічнай дзейнасці. Інакш кажучы, рыначны даход абумоўлены супадзеннем прапановы тавараў адных рыначных суб'ектаў з попытам на гэтыя тавары іншых суб'ектаў. Як і заработная плата, даходы бываюць намінальныя і рэальныя. Узровень даходаў падзяляе грамадства на багатых і бедных. Багацце забяспечвае жыццёвы камфорт, асабістую свабоду, высокі сацыяльны статус асобы ў грамадстве, а беднасць абмяжоўвае многія бакі жыццядзейнасці чалавека. У ЗША, напрыклад, зафіксавана 10-разовая дыферэнцыяцыя даходаў паводле так званага дэцыльнага каэфіцыента: 10% найбольш забяспечаных сямей атрымліваюць сродкаў у 10 разоў больш, чым 10% сямей з самымі нізкімі даходамі. Крыніцай вялікіх даходаў і багацця К.Маркс лічыў эксплуатацыю: уласнікі капіталу прысвойваюць частку неаплачанай працы наёмных рабочых і таму багацеюць. Тэорыя рыначнай эканомікі дае іншае тлумачэнне: усе затраты па арганізацыі вытворчасці нясуць уласнікі фактараў вытворчасці (капіталу, рэсурсаў і працы), хто робіць большы ўклад у вытворчасць - у таго большы даход. Жаданне камфортна жыць спакушае многіх на «лёгкія» даходы - шляхам карупцыі, мафіі, наркабізнесу, хабарніцтва, рабавання і інш. Для кантролю за крыніцамі і памерамі даходаў у многіх краінах уведзена абавязковае іх дэклараванне.
Няроўнасць у даходах і ў якасці жыцця - адна з прычын канфліктнасці, сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, якая можа прывесці да сацыяльнага выбуху. Для вырашэння гэтай праблемы марксізм рэкамендаваў ліквідаваць эксплуататараў, устанавіць агульнанародную ўласнасць на сродкі вытворчасці, а даходы размяркоўваць па працы. Рыначная стратэгія ў сферы даходаў мае іншы падыход: усе не могуць быць багатыя, але ніхто не павінен быць бедны. Багатыя людзі - багатая і краіна, большы яе сусветны прэстыж. Ад дзяржавы тут патрэбна адно: стварыць умовы, каб дзелавыя, энергічныя людзі маглі рэалізаваць свае патэнцыяльныя магчымасці ў прадпрымальніцтве, ажыццявіць сваю прыродную цягу да прыстойнага камфортнага жыцця праз сумленна заробленыя высокія даходы. Валавы даход прадпрыемства і грамадства вызначаюць адпаведна як розніцу паміж выручкай і матэрыяльнымі затратамі на вытворчасць. Гл. таксама Нацыянальны даход.
@Дзейнасць. Гісторыя чалавечага грамадства пачынаецца з вытворчасці матэрыяльных сродкаў для жыцця і прылад працы, а таксама з узнікненнем спосабу ўзаемадзеяння паміж індывідамі і прыродным асяроддзем. Людзі, уступаючы паміж сабой у пэўныя грамадскія адносіны, рэалізуюць іх у спецыфічнай чалавечай форме, што і называецца дзейнасцю. Жыццядзейнасць як спосаб існавання ўсяго жывога забяспечвае адаптацыю (прыстасаванне) арганізма да асяроддзя пражывання. Чалавек не толькі ўзаемадзейнічае з прыродай і сацыяльным асяроддзем, але паступова фармуе і сябе як асобу. Ён можа дзейнічаць самастойна, індывідуальна і ў складзе калектыву, групы, класа і г.д. Але дзейнасць устанаўлівае ўзаемасувязь паміж людзьмі, забяспечвае пераемнасць паміж рознымі іх пакаленнямі шляхам назапашвання і выкарыстання створаных матэрыяльных даброт і духоўных каштоўнасцей. У залежнасці ад тыпу ўзаемадзеяння людзей з навакольным светам, характару аб'екта, на які яно накіравана, і віду патрэб, якія задавальняюцца пры гэтым, адрозніваюць практычную і духоўную дзейнасць. Практычная дзейнасць накіравана на змену прыроднага і сацыяльнага свету, у ходзе якога мяняецца і сам чалавек. Яна, у сваю чаргу, дзеліцца на матэрыяльна-вытворчую, сацыяльна-палітычную і сямейна-бытавую. Вынікам духоўнай дзейнасці з'яўляюцца змены ў свядомасці і самога чалавека. Разнастайнасць канкрэтных тыпаў і відаў дзейнасці адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, дыферэнцыраванасць патрэб чалавека. Усе віды дзейнасці цесна звязаны паміж сабой, узаемаабумоўліваюць адна адну. Без паняцця дзейнасці немагчыма аналізаваць многія заканамернасці развіцця асобы, калектыву, сацыяльнай групы і грамадства ў цэлым.
@Дзелавітасць, здольнасць хутка схопліваць унутраную логіку, заканамернасць змены канкрэтных з'яў і ўменне найбольш паспяхова ажыццявіць пэўную справу. Як і іншыя сацыяльныя рысы асобы, дзелавітасць фармуецца на аснове асабістага вопыту і выхавання. Яе можа выпрацаваць у сабе кожны чалавек. На фармаванне дзелавітасці аказваюць уздзеянне псіхафізіялагічныя асаблівасці індывіда (тып нервовай сістэмы, тэмперамент), узровень культуры і самастойнасці, сістэма кантролю. Дзелавітасць - адна з асноўных рыс стылю работы індывіда (установы, кіраўнічага органа), якая вылучаецца канкрэтнасцю, аператыўнасцю, дакладнасцю ў выкананні намечаных планаў, сістэмнасцю, упарадкаванасцю, лагічнасцю ў планаванні і ажыццяўленні, уменнем даводзіць пачатую справу да канца. Антыподам дзелавітасці выступаюць «манілаўшчына», пустаслоўе, несабранасць, раскіданасць, бессістэмнасць у планах і іх рэалізацыі.
@Дзяржава, асноўная форма палітычнай сістэмы грамадства, якая арганізуе, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і адносіны людзей, грамадскіх груп, асацыяцый, класаў. Яе найбольш істотнай прыкметай з'яўляецца наяўнасць публічнай улады, якая пашыраецца на ўсё грамадства і абапіраецца на сродкі і меры прымусу (армія, паліцыя, турма і да т.п.). Важным сродкам ажыццяўлення дзяржаўнай улады з'яўляецца права - абавязковыя правілы паводзін, якія ўстанаўлівае і санкцыянуе дзяржава. З дапамогай права яна замацоўвае парадак грамадскіх адносін, структуру і функцыі дзяржаўнага механізма. Ідэя панавання закону як найважнейшай крыніцы права нарадзілася ў старажытнасці як процівага самаўладдзю і дэспатызму асобы правіцеля. Старажытнагрэчаскі філосаф Платон пісаў: «Я бачу блізкую пагібель той дзяржавы, дзе закон не мае сілы і знаходзіцца пад чыёй-небудзь уладай». Падобныя погляды развіваў другі старажытнагрэчаскі вучоны і філосаф Арыстоцель, які лічыў, што панаванне законаў, а не людзей абазначае стабільнасць існуючай формы дзяржавы і яе палітычнага парадку. Гэтыя ідэі былі развіты пазней французскімі асветнікамі Ш.Л.Мантэск'е, Ж.Ж.Русо, ангельскім філосафам-матэрыялістам Дж.Локам, у Расеі А.М.Радзішчавым, А.І.Герцэнам і інш., у Вялікім Княстве Літоўскім Ф.Скарынам, Л.Сапегам і інш. Нямецкі філосаф І.Кант разглядаў дзяржаву як «аб'яднанне мноства людзей, падпарадкаваных прававым законам».
Першабытнае грамадства не ведала дзяржаўнага ладу. Першай у гісторыі грамадства была рабаўладальніцкая дзяржава, якая падзялялася на рабоў і рабаўладальнікаў. У рабаўладальніцкіх дзяржавах існавалі розныя формы праўлення: манархія (Рымская імперыя), арыстакратычная рэспубліка (Спарта), дэмакратычная рэспубліка (Афіны). З зараджэннем феадальных вытворчых адносін склалася феадальная дзяржава. Яе характэрнай формай праўлення стала абсалютная манархія. У выніку буржуазных рэвалюцый узнікла буржуазная дзяржава. Там, дзе ў ходзе рэвалюцыі буржуазія ішла на кампраміс з дваранствам (Вялікабрытанія), дзяржава набыла форму канстытуцыйнай манархіі; там, дзе буржуазія дамаглася толькі свайго панавання, утварылася рэспубліка (Францыя). У выніку Кастрычніцкага перавароту 1917 у Расеі і народна-дэмакратычных рэвалюцый у шэрагу краін Эўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі пасля 2-й сусветнай вайны ўзнік прынцыпова новы тып дзяржавы - сацыялістычная дзяржава.
Сістэма арганізацыі і функцыянавання вярхоўнай улады, якая характарызуецца падзелам заканадаўчых і выканаўчых функцый, пры прывілеяваным становішчы парламента стала называцца парламентарызмам. Цэнтральная ідэя, закладзеная ў такой структуры дзяржаўнага кіравання, - падзел выканаўчай, заканадаўчай і судовай улад, які стварае сістэму «стрымак» і «проціваг». Патрабаванне вяршэнства прадстаўнічых органаў дзяржавы вынікае з прынцыпу народнага суверэнітэту як асновы ўсёй улады. Суверэнітэт народа з'яўляецца крыніцай дзяржаўнага суверэнітэту, які спалучае ў сабе вяршэнства дзяржаўнай улады і панаванне права. Улада дзяржавы пашыраецца на ўсю яе тэрыторыю і ўсё насельніцтва. Аднак гэта не пазбаўляе народ яго неадчужальнага права вызначаць і змяняць формы і змест свайго дзяржаўна-прававога жыцця. У такім кантэксце дзяржава выступае як суверэнная форма арганізацыі і ажыццяўлення публічнай палітычнай улады. Менавіта на такіх прынцыпах заснаваны дзяржаўны лад Беларусі.
@Дзяржаўная мова, асноўная мова дзяржавы, на якой у адпаведнасці з заканадаўствам вядзецца абслугоўванне ўсіх сфер палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця, забяспечваюцца зносіны органаў улады і кіравання з насельніцтвам. Сусветная практыка сведчыць, што звычайна ў краінах дзяржаўнай мовай з'яўляецца мова асноўнай нацыянальнасці, а ў полінацыянальных - некалькі моў найбольш буйных па колькасці нацый, якія маюць свае гістарычныя, этнічныя тэрыторыі і ўласныя дзяржаўна-адміністрацыйныя ўтварэнні. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі яе дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца беларуская і расейская мовы. Дзяржаўнасць беларускай мовы замацавана і ў «Законе аб мовах у Беларускай ССР», прынятым Вярхоўным Саветам Беларусі 26.01.1990.
Старабеларуская мова ўпершыню стала афіцыйнай дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім у перыяд праўлення вялікага князя Альгерда (1345-1377). У 1696 рашэннем канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай афіцыйнай мовай была абвешчана польская мова. У красавіку 1918 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вярнула беларускай мове статус дзяржаўнай мовы. Такім жа статусам, але ўжо разам з летувіскай, польскай і жыдоўскай, карысталася беларуская мова ў перыяд кароткачасовага існавання Літоўска-Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі (люты-жнівень 1919). У адпаведнасці з абвешчанай у ліпені 1924 палітыкай беларусізацыі дзяржаўнымі мовамі ў БССР прызнаваліся беларуская, расейская, польская і жыдоўская, пры яўнай перавазе сацыяльных функцый першай, паколькі беларусы складалі абсалютную большасць насельніцтва рэспублікі.
@Дзяржаўныя сімвалы, сукупнасць рэчавых або ўмоўных апазнавальных знакаў, якія ўвасабляюць дзяржаўны суверэнітэт краіны. Найчасцей такімі сімваламі дзяржавы з'яўляюцца дзяржаўныя герб, сцяг і гімн. На розных этапах гістарычнага развіцця дзяржаўныя сімвалы Беларусі неаднаразова мяняліся. Дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага была «Пагоня». Таму абвешчаная 25.03.1918 Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) сваімі дзяржаўнымі сімваламі зрабіла герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. Дзяржаўны герб БССР, зацверджаны ў 1919, пасля шматлікіх дапрацовак складаўся з выявы пяціканцовай зоркі, сярпа і молата, абкружаных вянком з жытніх каласоў, пераплеценых канюшынай і лёнам. Абедзве паловы вянка былі перавіты чырвонай стужкай, на якой змяшчаліся надпісы на беларускай і расейскай мовах: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», і ніжэй ініцыялы: «БССР». Дзяржаўным сцягам БССР напачатку было чырвонае палотнішча з сярпом і молатам, зоркай і надпісам «БССР». У 1956 зацверджаны новы сцяг-палотнішча з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй чырвонага колеру ў 2/3 шырыні і ніжняй зялёнага колеру ў 1/3 шырыні; у верхнім левым рагу чырвонай паласы размяшчаліся серп і молат, а пад імі чырвоная пяціканцовая зорка; каля дрэўка вертыкальна размяшчаўся беларускі нацыянальны арнамент белага колеру на чырвоным полі, якое складала 1/9 даўжыні сцяга. У 1991 зацверджаны герб «Пагоня»: выява ўзброенага конніка на чырвоным фоне ў руху, у правай яго руцэ гарызантальна падняты меч, у левай - шчыт, на белым полі якога шасціканцовы залаты крыж. Тады ж прыняты і Дзяржаўны сцяг - прамавугольнае палотнішча з трох гарызантальна размешчаных каляровых палос роўнай шырыні: верхняй і ніжняй - белага, сярэдняй - чырвонага колеру. У выніку рэферэндуму 14.05.1995 Дзяржаўны герб Беларусі ўяўляе сабой контур Рэспублікі Беларусь у залатых прамянях Сонца над зямным шарам; зверху пяціканцовая чырвоная зорка; абрамляе ўсё гэта вянок з залатых каласоў, пераплеценых канюшынай і лёнам; каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу надпіс «Рэспубліка Беларусь». Дзяржаўны сцяг Беларусі - палотнішча з дзвюх палос: верхняй - чырвонага колеру ў 2/3 шырыні і ніжняй - зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга; каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні сцяга. Дзяржаўны гімн БССР зацверджаны ў 1955 (тэкст М.Клімковіча, музыка Н.Сакалоўскага). Прынята рашэнне аб падрыхтоўцы новага тэксту і музыкі гімна.
@Дзяцінства. Паводле прынятай перыядызацыі, дзяцінства ахоплівае маленства (ад нараджэння да 1 года), ранняе дзяцінства (да 3 гадоў), дашкольны ўзрост (ад 3 да 7 гадоў), школьны ўзрост (ад 6 да 11 гадоў); а ўсё разам - ад нараджэння да падлеткавага ўзросту - дзяцінства. У дэмаграфіі дзеці разглядаюцца як вынік узнаўлення насельніцтва і аснова для ацэнкі перспектыў яго далейшага развіцця, у сацыяльна-эканамічных даследаваннях - як залежная частка насельніцтва ва ўзросце ніжэй за працаздольны (16 гадоў). Дзяцінства як сацыякультурны феномен носіць канкрэтна-гістарычны характар і мае сваю гісторыю развіцця. Галоўная сацыяльная функцыя дзяцінства заключаецца ў падрыхтоўцы чалавека да дарослай самастойнай працы. На характар і змест яго асобных перыядаў уплываюць канкрэтныя сацыяльна-эканамічныя і этнакультурныя асаблівасці грамадства, у якім расце дзіця. Пры паслядоўнай змене аднаго віду дзейнасці другім адбываецца засваенне дзецьмі чалавечых здольнасцей і схільнасцей, нормаў грамадскіх паводзін. Важную ролю ў падрыхтоўцы дзяцей да жыцця, засваенні імі неабходных ведаў, уменняў і навыкаў адыгрываюць сям'я, школа і сістэма грамадскага выхавання падрастаючага пакалення.
@Доблесць, паняцце маралі, якое характарызуе гераічныя самаадданыя справы і ўчынкі людзей, што здзяйсняюцца ў імя высакароднай мэты. Слова паходзіць ад стараславянскага «добль» - храбры. У беларускай мове яго сінонімамі з'яўляюцца смеласць, храбрасць, бясстрашнасць, адважнасць, рашучасць, мужнасць, гераізм. З гэтым словам асацыіруюцца подзвігі казачных волатаў, гістарычных асоб, палкоў і нават народаў, якія вялі барацьбу супраць іншаземных захопнікаў за свабоду і незалежнасць сваёй радзімы. Сімвалам доблесці і славы продкаў у свядомасці ўдзячных нашчадкаў з'яўляюцца Грунвальдская бітва, абарона Берасцейскай крэпасці, мноства гераічных падзей у гады Другой сусветнай вайны. Доблесныя ўчынкі людзі здзяйсняюць найчасцей у экстрэмальных умовах. У крытычнай сітуацыі слабы духам можа разгубіцца, а рашучы і смелы чалавек з моцнай воляй здольны пераадолець страх і разгубленасць.
Праяўляецца доблесць і ў мірны час. У залежнасці ад гэтага і формы яе праяўлення будуць рознымі (у ваенных абставінах - гэта найчасцей подзвіг-імгненне, у мірных - працяглы ў часе, напрыклад у касманаўтыцы), але сутнасць у іх адна: выкананне «звышзадачы», рашучае пераадоленне перашкод і цяжкасцей, самаадданасць і гераізм. Доблеснымі могуць лічыцца як асобныя ўчынкі чалавека, так і ўсё яго жыццё. Аднак доблеснымі з'яўляюцца толькі тыя ўчынкі і справы, што здзяйсняюцца ў імя высакароднай мэты і з выкарыстаннем сродкаў, якія не супярэчаць агульначалавечым прынцыпам маралі і гуманізму.
@Дружба, форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на агульнасці інтарэсаў і ўзаемнай прыхільнасці. Словы «дружба», «сябар» ёсць у мове кожнага народа. Без дружбы чалавек адчувае сябе духоўна бедным і адзінокім. Арыстоцель уяўляў сябра як alter ego (маё другое «я»). Патрэба ў сяброўстве ўзнікае ў чалавека з развіццём яго самасвядомасці. Калі ў чалавека радасць, ён можа падзяліцца ёю і з сябрам, і са знаёмым, і нават з зусім незнаёмым чалавекам. Але калі ў яго бяда, гора, няшчасце, то на дапамогу, як правіла, прыходзіць сябар. Нездарма ў народзе кажуць, што сябар пазнаецца ў бядзе. Імкненне чалавека зразумець іншага, гатоўнасць дзяліць з ім радасці і гора ўзвышае яго духоўна. Сяброўскія ўзаемаадносіны паміж юнакамі і дзяўчатамі, агульнасць іх інтарэсаў і поглядаў нярэдка садзейнічаюць узнікненню кахання - пачуцця больш эмацыянальнага, чым дружба. У дзяўчынак патрэбнасць у інтымнай дружбе ўзнікае раней і праяўляецца больш моцна, чым у хлопчыкаў. У сталым узросце, калі ўзнікаюць новыя прыхільнасці і сімпатыі (каханне, сямейныя і бацькоўскія пачуцці), дружба страчвае сваю выключнасць і сумяшчаецца з іншымі адносінамі (сямейнымі, грамадскімі, вытворчымі). Дружба цесна звязвае паміж сабой не толькі асобных людзей, але і калектывы, цэлыя краіны і народы. Дружба народаў засноўваецца найперш на ўзаемнай павазе традыцый, гісторыі, культуры, на прызнанні права кожнага народа самастойна рашаць свае ўнутраныя праблемы. Усе людзі - дзеці адной планеты, і без міру і дружбы на зямлі паміж краінамі і народамі немагчымы прагрэс чалавецтва.
@Духоўнасць, маральная якасць, якая характарызуе матывацыю і змест паводзін асобы. Гэта пазіцыя свядомасных каштоўнасцей, уласцівых усім яго формам - маральным, палітычным, рэлігійным, эстэтычным, мастацкім. Асабліва істотная яна ў сферы маральных адносін. У хрысціянскай этыцы гэтае паняцце звязваюць з унутранай чысцінёй, супакоенасцю, сціпласцю. Але духоўная прырода чалавека мае сацыяльныя аспекты, бо яна - прадукт і глыбінная аснова культуры, праяўленне «чалавечага ў чалавеку». Духоўнае - асаблівы, вышэйшы вынік матэрыяльнай, грамадска-гістарычнай практыкі людзей. Духоўнае жыццё грамадства - гэта грамадская свядомасць. Яна выступае як адлюстраванне грамадскага быцця, актыўна ўздзейнічае на яго і на практычную дзейнасць чалавецтва. У грамадскім лексіконе апошніх гадоў духоўнасць стала часта ўжывальным словам з адценнем светапогляднага, жыццеарыентуючага значэння. Зыходзячы з гэтага, намецілася тэндэнцыя надаць тэрміну «духоўнасць» строга фіксаваны сэнс і ўключыць яго ў склад філасофска-этычных катэгорый.
@Душа, паводле рэлігійных уяўленняў, асаблівая нематэрыяльная сутнасць, што не залежыць ад цела і вызначае жыццё, здольнасці і асобу чалавека. Вера ў душу, якая складае сутнасць анімізму, зазнала змены ў працэсе рэлігійнага развіцця чалавецтва. У сучасных рэлігіях душа разглядаецца не як вытанчаная копія чалавека, а як нешта нематэрыяльнае і бесцялеснае, як божы дар, які чалавек атрымлівае пры нараджэнні і траціць у момант смерці. Большасць рэлігій прызнае або бессмяротнае існаванне душы ў замагільным свеце (хрысціянства, іслам), або бясконцае перасяленне яе з аднаго цела ў другое (будызм).
@Дызайн (англ. design - задума, праект, чарцёж), мастацка-праектная творчасць, якая фармуе тэхнічна-эстэтычныя якасці прадметна-прасторавага асяроддзя чалавека. Сучасны дызайн узнік у канцы 19 - пачатку 20 ст. пад уплывам бурнага развіцця тэхнікі і масавай вытворчасці. Ён азнаменаваў новыя адносіны да прадметнага свету, выявіў неабходнасць арганічнай сувязі паміж прыродай і чалавекам. Фармаванню такой сувязі спрыялі спецыяльныя метады праектавання, у першую чаргу дызайн, які дапамагае ператвараць любыя тэхнічныя канструкцыі і прадметы ў носьбітаў гармоніі і прыгажосці. Інжынер распрацоўвае тэхнічную логіку канструкцыі, а дызайнер - яе эстэтычныя якасці. Сёння маштабы дызайну велізарныя: ад адзінкавага вырабу да гарманічнага прадметна-прасторавага асяроддзя. Адпаведна паявіліся і новыя віды дызайну - дызайн прамысловых вырабаў, дызайн асяроддзя, графічны дызайн, дызайн сацыяльна-культурнай сферы і г.д.
@Дыпламатыя. Гэта слова паходзіць ад грэчаскага diploma - так у Старажытнай Грэцыі называлася дошчачка з пісьмёнамі, якая выдавалася пасланцам у якасці дакумента, што пацвярджаў іх паўнамоцтвы. Дыпламатыя - гэта адмысловае палітычнае майстэрства ў ажыццяўленні адносін з іншымі дзяржавамі і ўрэгуляванні рознагалоссяў шляхам перагавораў. Гістарычна яна разглядалася як вяршыня дзяржаўнай мудрасці, якая заключалася ва ўменні не дапусціць сутыкнення нацыянальных (дзяржаўных) інтарэсаў. У сучаснай дыпламатыі важна таксама не дапусціць узвышэння нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў над агульначалавечымі, умець на іх аснове знаходзіць кампраміс, баланс інтарэсаў (гл. Міжнародныя адносіны).
Асноўныя формы дыпламатычнай дзейнасці: двух- ці шматбаковыя сустрэчы (канферэнцыі); дыпламатычная перапіска ў форме заяў, пісьмаў, нотаў, мемарандумаў і інш.; паўсядзённае прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой, якое ажыццяўляюць яе пасольствы і місіі; удзел прадстаўнікоў дзяржаў у дзейнасці міжнародных арганізацый; асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пазіцыі ўрада па тым ці іншым пытанні. Пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі паводле ўзаемнай дамоўленасці ствараюцца дыпламатычныя прадстаўніцтвы на чале з паслом або місіі на чале з пасланнікам ці павераным у справах. Асоба пасла ці пасланніка засведчваецца даверчай граматай. Для ажыццяўлення знешнеэканамічных зносін на тэрыторыі іншых краін (пры іх згодзе) могуць стварацца консульствы, кіраўнікі якіх падзяляюцца на 4 класы: генеральны консул, консул, віцэ-консул і консульскі агент. Дыпламатычныя рангі: пасол, пасланнік, саветнік, сакратары (1-ы, 2-і, 3-і), аташэ. Сукупнасць дыпламатаў, якія знаходзяцца ў пэўнай краіне, называецца дыпламатычным корпусам. Яго ўзначальвае дуаен - пасол з самым вялікім тэрмінам службы на гэтай пасадзе ў дадзенай краіне. Ён вырашае толькі пратакольныя (цырыманіяльныя) пытанні і інструктуе новых сябраў дыпламатычнага корпуса аб мясцовых традыцыях і звычаях. Дыпламатычны персанал пасольства карыстаецца дыпламатычным імунітэтам. Але дыпламат павінен паважаць законы краіны, у якой ён знаходзіцца, каб не быць абвешчаным персонай нон грата (непажаданая асоба) і высланым.
У пераносным сэнсе дыпламатыя - здольнасць дамагацца сваіх мэт шляхам кампрамісаў, а дыпламатам часам называюць чалавека, які здольны тонка і ўмела наладжваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі.
@Дыскрымінацыя (ад лац. discriminatio - адрозненне), абмежаванне або пазбаўленне правоў пэўных катэгорый грамадзян па прыкметах расавай ці нацыянальнай прыналежнасці, сацыяльнага паходжання, палітычных поглядаў, полу і г.д.
Паняцце дыскрымінацыі выкарыстоўваецца і ў міжнародных адносінах і абазначае ўшчамленне ў правах прадстаўнікоў, арганізацый або грамадзян пэўнай дзяржавы. Адна з крайніх формаў расавай дыскрымінацыі - сегрэгацыя - палітыка прымусовага аддзялення адных людзей ад другіх, абмежавання іх у правах па матывах расавай або нацыянальнай прыналежнасці, гвалтоўнае перасяленне на спецыяльна вылучаныя тэрыторыі - у рэзервацыі, гета. Палітыка дыскрымінацыі якіх-небудзь груп і суполак можа прымаць крайнія формы, аж да генацыду, што з'яўляецца злачынствам і парушэннем нормаў міжнароднага права.
Захаваліся сведчанні дыскрымінацыі і па рэлігійных матывах: праследаванні ерэтыкоў, дысідэнтаў, іншадумцаў, жорсткія адносіны эўрапейцаў да карэнных нехрысціянскіх народаў. Ёсць і такія віды дыскрымінацыі, як больш нізкая аплата працы жанчын, моладзі, «каляровых», карэннага або, наадварот, прышлага насельніцтва, імігрантаў; абмежаванне ў правах па палітычных або рэлігійных перакананнях. Таму абарона правоў і свабод кожнай асобы незалежна ад расавай, нацыянальнай, класавай, рэлігійнай і іншай прыналежнасці з'яўляецца глабальнай праблемай сучаснасці. Міжнародная супольнасць распрацоўвае ўсё больш дзейсныя механізмы кантролю фактаў дыскрымінацыі, а краіны, якія парушаюць правы чалавека, усё часцей апынаюцца ў маральнай ізаляцыі.
Канстытуцыя Беларусі, прынятая ў 1994, абвясціла, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян краіны з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы. Усе роўныя перад законам і маюць правы на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.
@Дысцыпліна. У шырокім сэнсе гэтае паняцце звычайна звязваюць з парадкам. І сапраўды, дысцыпліна - гэта пэўны парадак паводзін людзей у адпаведнасці з нормамі маралі і права ў грамадстве і патрабаваннямі той ці іншай арганізацыі (калектыву). Сутнасць дысцыпліны ў тым, што яна ўяўляе сабой форму грамадскай сувязі паміж людзьмі, без якой немагчымае нармальнае функцыянаванне ні вялікіх грамадскіх сфер, ні іх першасных ячэек - працоўных калектываў. На аснове выканання рэжыму, правіл і патрабаванняў людзі ўзгадняюць, рэгулююць свае дзеянні ў часе і прасторы, што забяспечвае іх калектыўную работу, функцыянаванне сацыяльных структур, існаванне і развіццё ўсяго грамадства. Чым лепшая дысцыпліна, тым больш з'яднаны калектыў, больш эфектыўная яго дзейнасць. Асабліва калі дысцыпліна не прымусовая, а ўсвядомленая. Умацаваннем такой дысцыпліны, навядзеннем парадку можна без вялікіх дадатковых затрат забяспечыць істотны рост прадукцыйнасці працы.
Дзяржаўная дысцыпліна - устаноўлены дзяржавай парадак адносін, у адпаведнасці з якім усе дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, арганізацыі, установы, службовыя асобы і грамадзяне павінны дакладна выконваць ускладзеныя на іх дзяржавай задачы і абавязкі. Яна патрабуе строгага выканання законнасці, планавых заданняў, дагаворных абавязацельстваў. Адрозніваюць планавую, фінансавую, дагаворную, працоўную і інш. віды дысцыпліны. Працоўная дысцыпліна - парадак узаемаадносін удзельнікаў вытворчага працэсу ў адпаведнасці з нормамі працоўнага заканадаўства, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, службовымі абавязкамі. Падтрымліваецца найперш шляхам пераканання і заахвочвання за добрасумленную працу. Да парушальнікаў дысцыпліны могуць выкарыстоўвацца і меры прымусу - дысцыплінарная і матэрыяльная адказнасць.
Існуе таксама вайсковая, партыйная і інш. дысцыпліна. Чалавек такім чынам паўсюдна звязаны з дысцыплінай. Добра, калі яму ўласцівая яшчэ і свая ўнутраная дысцыпліна, ці самадысцыпліна. Такі чалавек заўжды прыстойна паводзіць сябе на рабоце, у грамадстве, дома, з'яўляецца абавязковым - не дазваляе сабе адступіцца ад прынятых нормаў і правіл, не дапускае разыходжання слова са справай.
@Дыялектыка (грэч. dialektike - вяду гутарку, разважаю). Загадкавае, недасягальнае і хаатычнае перапляценне з'яў здаўна выклікала ў свядомасці людзей меркаванне, што ў прыродзе павінны існаваць пэўны парадак і ўстойлівыя сувязі. Ужо антычная філасофія падкрэслівала зменлівасць усяго, што існуе, рэчаіснасць разумела як працэс, высвятляла ролю, якую ў гэтым працэсе іграе пераход усялякіх уласцівасцей у процілеглае (Геракліт, мілецкія матэрыялісты, піфагарыйцы). Першапачаткова тэрмінам «дыялектыка» абазначалі мастацтва весці спрэчкі ў выглядзе пытанняў і адказаў, а таксама мастацтва класіфікацыі паняццяў, раздзяленне рэчаў на роды і віды. Платон называў дыялектыку метадам пазнання ідэй з іх супярэчнасцямі, адзінкавага і шматлікага, вечнага і часовага, нязменнага і зменлівага. Платонаўскія ідэі развіў Арыстоцель, трактуючы дыялектыку не проста як абстрактныя веды, а як веды толькі яшчэ магчымага ці верагоднага. У філасофіі сярэднявечча - схаластыцы - дыялектыкай сталі называць адзін з раздзелаў логікі - фармальную логіку, якая тады супрацьпастаўлялася рыторыцы. У эпоху Адраджэння элементы дыялектыкі былі ў Мікалая Кузанскага і Дж.Бруна. У матэрыялістычнай філасофіі новага часу запанавала метафізіка. Аднак асобныя элементы дыялектыкі сустракаліся ў працах Р.Дэкарта, Б.Спінозы, Д.Дзідро. Новы этап у развіцці дыялектыкі звязаны з імёнамі нямецкіх філосафаў-ідэалістаў 18-19 ст. (Кант, Фіхтэ, Шэлінг, Гегель). Гегель упершыню сфармуляваў асноўныя законы дыялектыкі і стварыў сістэму яе катэгорый. Матэрыялістычную дыялектыку распрацоўвалі К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін. Яны лічылі, што дыялектыка ўяўляе сабой філасофскі метад даследавання прыроды, грамадства і пазнання, што толькі з пазіцый дыялектыкі можна зразумець складаны, поўны супярэчнасцей шлях станаўлення аб'ектыўнай ісціны. Універсальныя формы руху і развіцця матэрыяльнага свету і яго пазнання, а таксама аснову ўсеагульнага метаду дыялектычнага мыслення адлюстроўваюць законы дыялектыкі (закон адзінства і барацьбы процілегласцей, закон пераходу колькасных змен у якасныя, закон адмаўлення адмаўлення і інш.). Асноўныя законы дыялектыкі дапаўняюцца і канкрэтызуюцца заканамернасцямі, выяўленымі ў катэгорыях (матэрыя, рух і самарух, прастора і час, якасць і колькасць, адзінкавае і ўсеагульнае, суб'ект і аб'ект, змест і форма, неабходнасць і выпадковасць, магчымасць і рэчаіснасць, матэрыяльнае і ідэальнае, абсалютнае і адноснае і інш.). Сучасная эпоха характарызуецца асаблівым дынамізмам змен, вастрынёй супярэчнасцей, таму востра стаіць пытанне выкарыстання дыялектычнага метаду ва ўсіх галінах пазнання і практыкі пераадолення дагматызму і кансерватызму.
@Дыяспара. У перакладзе з грэчаскай мовы гэты тэрмін абазначае «рассейванне». У адносінах да народа (этнічнай супольнасці) гэта тая яго частка, якая знаходзіцца па-за межамі краіны паходжання. Утвараецца дыяспара з прычыны прымусовага высялення, пагрозы генацыду, пад уплывам эканамічных ці геаграфічных фактараў. Першапачаткова гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў адносінах да жыдоў, якія вымушаны былі жыць па-за межамі Палесціны пасля іх выгнання адтуль у пачатку 6 ст. да н.э.
Паводле неафіцыйных звестак, па-за межамі Беларусі ў пачатку 1990-х г. жыло да 3,5 млн. беларусаў. З іх каля 500 тыс. - у ЗША, каля 100 тыс. - у Канадзе, дзесяткі тысяч - у Аргенціне, Францыі, Бельгіі, Германіі, а таксама ў Англіі і Аўстраліі. У асноўным гэта перасяленцы канца 19 - пачатку 20 ст., бежанцы 1-й сусветнай вайны, палітычная эміграцыя пасля Кастрычніцкага перавароту. У выніку 2-й сусветнай вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіраваліся на ўсход і толькі трэць з іх вярнуліся назад. Многа грамадзян Беларусі вывезена на работы ў Германію ці ў ліку ваеннапалонных апынулася за мяжой. Прыкладна 250-400 тыс. беларусаў засталіся ў Польшчы пасля перадачы ў яе склад Беласточчыны. Больш за 2,1 млн. беларусаў апынуліся за мяжой (у былых саюзных рэспубліках) пасля распаду СССР, найбольш у Расеі (каля 1 млн. 200 тыс.), на Ўкраіне (440 тыс.), у Казахстане (183 тыс.), Латвіі (160 тыс.), Летуве (60 тыс.).
Беларуская дыяспара захоўвае нацыянальныя традыцыі і свядомасць. Гэтаму спрыяюць рэлігійныя ўстановы, згуртаванні беларусаў у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстрыі, Францыі, Бельгіі, моладзевыя і іншыя арганізацыі. На беларускай мове там выдаюцца перыядычныя выданні, у тым ліку газеты «Беларус», «Бацькаўшчына». Беларускія суполкі і таварыствы ўзніклі і ў новых незалежных краінах блізкага замежжа.
Сусветную вядомасць набылі цэнтры навукова-культурнага жыцця беларускай дыяспары: Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Ангельска-беларускае таварыства, бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, інстытут беларусазнаўства і беларускі музей у Ляймене (Германія) і інш. З асяроддзя замежных беларусаў выйшла шмат вядомых людзей у розных галінах навукі, мастацтва, грамадскага жыцця, рэвалюцыйнага руху. Беларуская дыяспара аказвае сваёй Бацькаўшчыне дапамогу ў ліквідацыі вынікаў чарнобыльскай катастрофы.
У пасляваенны час для сувязі з беларускай дыяспарай створаны беларуская секцыя савецкага камітэта «За вяртанне на Радзіму», Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом, выдаецца газета «Голас Радзімы». З 1990 дзейнічае Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», па ініцыятыве якога і пры падтрымцы ўрада Беларусі праведзены Першы сход беларусаў блізкага замежжа (1992) і Першы з'езд беларусаў свету (1993). Прынята дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце» (1993), а пры ўрадзе Беларусі створаны каардынацыйны савет па справах беларускай дыяспары.
@Дэізм (франц. deisme ад лац. deus - бог). У 17 ст. ангельскі філосаф Г.Чэрберы ў сваім «Трактаце аб ісціне» (1624) развіў ідэю рэлігіі розуму, накіраваную супраць традыцыйнай рэлігіі з яе абраднасцю, вучэннем аб адкрыцці і ўяўленні Бога як асобаснай істоты (Хрыстос, Магамет, Буда і інш.). Гэтая ідэя аформілася ў вучэнне, якое атрымала назву «дэізм». Выступаючы супраць цудаў, дэізм тым не менш дапускаў першапачатковы цуд, разглядаў Бога як першапрычыну Свету. На думку дэістаў, Бог з'яўляецца безаблічным разумным пачаткам, які стварыў Свет, усталяваў законы і, даўшы Свету першы штуршок, спыніў далейшае ўмяшанне ў паўсядзённы ход падзей.
Такім чынам, дэізм - гэта рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне Бога толькі ў якасці безаблічнай першапрычыны Свету, які потым развіваецца ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі законамі. Дэісты лічылі, што доказ існавання Бога («Нябеснага механіка») заключаецца ў гарманічнай мэтанакіраванасці «цудоўнай машыны» прыроды. Гэта так званы «фізіка-тэалагічны» доказ быцця Бога. Дэісты прызнавалі Бога і ў якасці маральнага пачатку, маральнай санкцыі. Да дэізму ў розныя часы далучаліся мысліцелі розных кірункаў - і ідэалісты і матэрыялісты. Найвышэйшае развіццё дэізм атрымаў у першай палове 18 ст. У Вялікабрытаніі дэістамі былі Дж.Толанд, які бачыў у хрысціянстве толькі маральнае вучэнне, А.Колінз, М.Ціндаль, А.Шэфстберы, Г.Болінгброк; у Амерыцы - Т.Джэферсан, Б.Франклін, І.Ален; у Францыі - Вальтэр, да дэізму набліжаўся Русо. З крытыкай дэізму выступалі французскія матэрыялісты 18 ст. У Германіі дэізм пашыраўся на глебе філасофскага рацыяналізму (Лейбніц, Лесінг). Ідэі дэізму своеасабліва адлюстраваліся ў творы Канта «Рэлігія ў межах толькі розуму» (1793). У Расеі ў канцы 18 - пачатку 19 ст. дэістамі былі І.І.Пнін, І.Д.Ертаў, А.С.Лубкін, некаторыя дзекабрысты. Дэізм адыграў пэўную ролю ў развіцці вальнадумства 17-18 ст.
У сучаснай філасофіі дэізм не мае самастойнага значэння, але яго прытрымліваюцца многія даследчыкі прыроды, якія ў заканамернасці і ўпарадкаванасці Свету бачаць доказ быцця яго стваральніка.
@Дэмагогія (грэч. demagogia ад demos - народ + ago - вяду). У Старажытнай Грэцыі дэмагогамі называлі палітычных дзеячаў, якія валодалі выдатнымі аратарскімі здольнасцямі, што рабіла іх папулярнымі ў грамадстве. Зараз паняцці «дэмагогія» і «дэмагог» набылі іншы, нават супрацьлеглы, сэнс. У побыце дэмагогія стала сімвалам слова «балбатня», а ў палітыцы гэты тэрмін ужываецца ў якасці ацэнкі палітычных прамоў, выступленняў, заяў, у якіх няма канструктыўных ідэй і прапаноў, а наўмысна ці несвядома заблытваецца праблема, адцягваючы ўвагу ад складаных надзённых пытанняў. Дэмагогамі называюць і палітыканаў, якія ствараюць папулярнасць і аўтарытэт любымі ганебнымі сродкамі і прыёмамі: ілжывымі і безадказнымі абяцаннямі, перакручваннем фактаў, падманам, маніпуляваннем свядомасцю маладасведчаных людзей і г.д. Дэмагогія - з'ява негатыўная і небяспечная, яна спрыяе ўкараненню ў грамадскую свядомасць памылковых уяўленняў пра сапраўдны стан спраў у грамадстве.
@Дэмаграфія (ад грэч. demos - народ і grapho - пішу), навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця: узнаўленні, зменах яго колькасці, складу, размяшчэнні, натуральным руху (нараджальнасці, смяротнасці), міграцыі. Дэмаграфічныя працэсы абумоўлены пэўнымі адносінамі, што складваюцца паміж людзьмі ў іх жыццядзейнасці, таму дэмаграфія цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. навукамі. Дэмаграфія даследуе насельніцтва ў розных аспектах і вымярэннях. Так, дэскрыптыўная дэмаграфія апісвае насельніцтва на аснове статыстычных даных, эканамічная і сацыяльная дэмаграфія даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі працэсамі, гістарычная - гісторыю развіцця народанасельніцтва, матэматычная апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэматычнай мовы, патэнцыяльная - агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць, вайсковая - вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканамічным і тэхнічным патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваенны час і інш. Сукупнасць мерапрыемстваў, мэта якіх - уздзейнічаць на дэмаграфічныя працэсы, утварае палітыку народанасельніцтва - састаўную частку сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Рухальным матывам дэмаграфічнай палітыкі з'яўляецца клопат пра ўзнаўленне і развіццё фізічна і духоўна здаровага насельніцтва.
@Дэмакратыя (ад грэч. demos - народ + kratos - улада), форма кіравання, пры якой крыніцай улады прызнаецца народ. Існавала яшчэ ў першабытнаабшчынным грамадстве, калі агульныя сходы сябраў рода ці племя выбіралі сваіх правадыроў і вырашалі асноўныя пытанні грамадскага жыцця. У класавым грамадстве вядучай установай грамадска-палітычнай улады становіцца дзяржава. З часоў Арыстоцеля пад дэмакратыяй разумелася такая форма дзяржавы, пры якой кіраванне грамадствам было заснавана на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады.
Як з'ява гістарычная дэмакратыя ўдасканальвалася па меры грамадскага развіцця. Найбольш яркі прыклад рабаўладальніцкай дэмакратыі - форма дзяржавы ў Афінах 5-4 ст. да н.э. і ў іншых развітых старажытнагрэчаскіх полісах. Усе пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі ў Афінах вырашаліся народным сходам (эклесіяй), які рэгулярна заслухоўваў справаздачы службовых асоб, абмяркоўваў і прымаў законы, выбіраў ваенных і службовых асоб. Аднак да ўдзелу ў кіраванні дзяржавай не дапускаліся рабы, жанчыны, свабодныя грамадзяне іншых полісаў, якія жылі ў Афінах, і афіняне, народжаныя ад змешаных шлюбаў. Асобныя элементы дэмакратыі назіраліся ў эўрапейскіх сярэднявечных гарадах (напр., многія гарады паўночнай Францыі, Ноўгарад і Пскоў на Русі). У Полацкім княстве да сярэдзіны 12 ст. набыў важнае палітычнае значэнне народны сход гараджан - веча. Веча абмяжоўвала ўладу князёў, прымала ўдзел у вырашэнні дзяржаўных пытанняў, часам выступала як вышэйшы судовы орган. Яшчэ больш элементаў дэмакратыі назіралася ў Беларусі ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Хоць дзяржавай кіраваў вялікі князь, але яго ўлада абмяжоўвалася ўрадам - Радай Вялікага Княства Літоўскага (т.зв. паны-рада). Акрамя таго, існаваў сойм, у якім засядалі па 2 дэпутаты ад кожнага павета. Сойм разам з вялікім князем і Радай вырашаў найважнейшыя пытанні дзяржаўнага жыцця. Федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая, у склад якой у 17-18 ст. уваходзіла Вялікае Княства Літоўскае, таксама насіла дэмакратычны характар: кіраўнік дзяржавы - кароль - выбіраўся шляхтай, існаваў агульны сойм, які складаўся з 2 палат - пасольскай і сената. Кожны дэпутат мог накласці забарону (вета) на любую пастанову сойма.
Найважнейшым рубяжом у развіцці тэарэтычных уяўленняў пра дэмакратыю стала эпоха Асветніцтва, якая падрыхтавала ідэалагічнае абгрунтаванне для буржуазных рэвалюцый. Гэтыя рэвалюцыі і адкрылі перыяд буржуазна-дэмакратычнага развіцця (ангельская буржуазная рэвалюцыя 17 ст., Вялікая французская рэвалюцыя 1789-1799). Органам народнага прадстаўніцтва быў абвешчаны парламент (гл. Парламентарызм), развіваліся перш за ўсё формы прадстаўнічай дэмакратыі, калі рашэнні прымалі паўнамоцныя выбарныя калегіяльныя органы, якія прадстаўлялі ўвесь народ, - з'езды, парламенты, мясцовыя органы ўлады. Упершыню дзяржава ўраўнавала ўсіх грамадзян перад законам, замацавала свабоду мітынгаў і дэманстрацый, свабоду сумлення і права на іншадумства. Было абвешчана ўсеагульнае выбарчае права, і прадстаўнікі ўсіх сацыяльных груп ураўноўваліся ў палітычных правах.
Канкрэтныя формы такой арганізацыі дзяржаўнай улады абумоўліваюцца нацыянальнымі і гістарычнымі асаблівасцямі развіцця кожнай краіны. Аднак для ўсіх заходнеэўрапейскіх і амерыканскіх дэмакратычных дзяржаў уласцівы наступныя прыкметы: наяўнасць канстытуцыі, якая замацоўвае асабістыя і палітычныя правы і свабоды грамадзян; падзел улад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую; правядзенне выбараў і фактычнае функцыянаванне прадстаўнічых органаў; свабода дзейнасці ў межах закону палітычных партый і іншых аб'яднанняў грамадзян. У пачатку 20 ст. ў Расеі самадзяржаўе стварыла прадстаўнічую заканадаўчую ўстанову з абмежаванымі правамі - Дзяржаўную думу, якая павінна была разам з царом і ўрадам кіраваць краінай. Сваіх дэпутатаў у Думу выбіралі і беларускія губерні. У 1917 Расейская імперыя распалася. На яе месцы ўзнікла новая краіна - СССР. Беларусь увайшла ў яе склад як асобная рэспубліка. У СССР, а пазней у краінах Усходняй Эўропы, Паўднёва-Ўсходняй Азіі і на Кубе ствараліся прынцыпова новыя дэмакратычныя формы дзяржавы, якія забяспечвалі ўладу працоўных. Былі абвешчаны дэмакратычныя прынцыпы вяршэнства прадстаўнічых калегіяльных органаў, удзел працоўных у кіраванні грамадскімі справамі, права нацый на самавызначэнне, адказнасць і падсправаздачнасць службовых асоб перад народам і інш. Калі СССР распаўся, то краіны, якія ўтварыліся з былых яго рэспублік, у тым ліку і Беларусь, абвясцілі сябе дэмакратычнымі дзяржавамі.
Тэрмін «дэмакратыя» мае яшчэ адно значэнне - гэта метад кіравання, пры якім рашэнні прымаюцца паводле волі большасці, але з улікам меркаванняў і правоў меншасці. Дэмакратычныя метады кіравання справамі грамадства і дзяржавы (выбары, рэферэндумы ці кансультацыі) з'яўляюцца агульначалавечымі каштоўнасцямі, якія выпрацоўваюцца на працягу ўсёй гісторыі. Невыпадкова таму яны замацаваны міжнародным супольніцтвам у дакументах ААН. У дэмакратычных дзяржавах кіраванне ажыццяўляецца паводле волі і пры ўдзеле большасці народа або кааліцыі правячых сацыяльных сіл, але і меншасці пры гэтым даюцца гарантыі ажыццяўлення іх правоў. Гарантыяй захавання і ўмацавання дэмакратычных метадаў служыць барацьба за неад'емныя правы чалавека, важнейшым з якіх з'яўляецца права асобы ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, што адбіваюцца на яе жыцці і дзейнасці.
@Ерась (грэч. hairesis - адбор, вучэнне, школа), рэлігійнае вучэнне, якое адступае ад прынятага ў царкве веравучэння і тым падрывае яго дагматычныя асновы. Часцей за ўсё гэта паняцце ўжываюць у дачыненні да плыней, што ўзнікаюць у хрысціянстве. У аснове хрысціянскіх ерасей ляжалі непрыняцце часткай вернікаў Тройцы (траістай сутнасці аднаго Бога - Бога-бацькі, Бога-сына, Бога-Духа Святога), богачалавечнасці Ісуса Хрыста, адмаўленне ад ушанавання Багародзіцы і святых, схільнасць да пантэізму (мнагабожжа), вера ў хуткае наступленне на Зямлі тысячагадовага Царства Божага і да т.п. У перыяды масавага праяўлення ерасей іх прыхільнікаў падзялялі паводле сацыяльнага складу на сялянскія і сялянска-плебейскія, гарадскія і бюргерска-дваранскія. Ерасі царква знішчала самастойна або з дапамогай дзяржаўнай улады. Падобныя плыні ўзнікаюць і ў іншых рэлігіях. У ісламе ерэтыка называюць кафірам («няверным»).
@Жаль, маральна-псіхалагічнае пачуццё спачування і спагады. У наш час нямала людзей лічаць такое пачуццё праявай слабасці і нават бязволля, ганарацца раўнадушшам і абыякавасцю нават да блізкіх ім людзей. У падлеткавым узросце такія пачуцці многія хлапчукі старанна хаваюць і, дэманструючы смеласць і мужнасць, часам праяўляюць паказную жорсткасць. Але гэта не значыць, што ў іх няма пачуцця жалю. Спачуванне - гэта ўласцівасць душы, элементарны маральны прынцып чалавечага быцця: ты спачуваеш некаму, а нехта клапоціцца пра цябе. Асаблівы жаль чалавек павінен праяўляць да дзяцей, хворых, састарэлых, слабых, бездапаможных і адзінокіх людзей. Гэтае пачуццё можа быць наследавана ад бацькоў, можна развіць яго і з дапамогай выхавання. Адзін са шляхоў фармавання пачуцця жалю - клопат пра хатніх жывёл, расліны. Бо калі дзіця жорстка абыходзіцца з катамі ці сабакамі, то з цягам часу ў яго могуць развіцца садысцкія схільнасці. Жаль - пачуццё выбіральнае і высокае, накіраванае на вартых яго людзей.
@Жыццё, адна з формаў існавання матэрыі, што заканамерна ўзнікае пры пэўных умовах у працэсе яе развіцця. Жыццё на Зямлі ўзнікла каля 4,5 млрд. гадоў таму. Вышэйшай формай жывога на Зямлі з'яўляецца чалавек. Поруч з агульнымі законамі руху матэрыі ў жывым праяўляюцца біялагічныя заканамернасці, уласцівыя толькі жыццю, - раздражняльнасць, зменлівасць, спадчыннасць і інш. Навука ўстанавіла, што бялкі і нуклеінавыя кіслоты ўваходзяць ва ўсе жывыя арганізмы і з'яўляюцца пастаянным матэрыяльным субстратам жыцця, носьбітам генетычнай інфармацыі. Ажыццяўляючы сінтэз бялку, нуклеінавыя кіслоты тым самым вызначаюць характар абмену рэчываў, накіраваны на самааднаўленне і самазахаванне жывых сістэм, якія абменьваюцца з навакольным асяроддзем энергіяй, рэчывамі і інфармацыяй, г.зн. з'яўляюцца адкрытымі сістэмамі. У адрозненне ад нежывых сістэм, жывому ўласцівая здольнасць да ўпарадкавання. Філасофскае разуменне жыцця заўсёды мела светапогляднае значэнне і з'яўлялася адным з асноўных пытанняў барацьбы матэрыялізму і ідэалізму, навукі і рэлігіі.
@Забабоны (прымхі), беспадстаўная вера, якая ўспрымаецца як відавочная памылка. Часцей за ўсё да забабонаў адносяць праяўленні ранніх і родаплемянных рэлігій, што захаваліся па-за сучаснымі рэлігійнымі сістэмамі: вера ў ахоўную сілу фетышаў (талісманаў), чарадзейства, ведзьмаў, варажбу, прарочыя сны і да т.п. У рэлігійным ужытку забабонамі часам называюць усякую чужую веру - і старажытную, і сучасную: напрыклад, для праваслаўнага забабонамі з'яўляюцца не толькі ўсе нехрысцянскія рэлігіі, але і іншыя разнавіднасці хрысціянства.
@Закон. Жыццё кожнай краіны патрабуе рэгулявання асноўных, найбольш важных пытанняў, якія вырашаюцца ў адпаведнасці з інтарэсамі яе грамадства. У старажытнасці такое рэгуляванне адбывалася паводле звычаяў і традыцый - нормаў так званага звычаёвага права. З развіццём грамадства звычаёвае права замянілася пісаным правам, асновай якога стаў закон - нарматыўна-прававы акт вышэйшага органа ўлады, дзяржавы, выдадзены ва ўстаноўленым парадку і абавязковы для ўсеагульнага выканання; закон мае вышэйшую юрыдычную сілу. Асноўны закон кожнай краіны - Канстытуцыя, якая з'яўляецца юрыдычнай базай для ўсіх астатніх нарматыўна-прававых актаў. У Беларусі такім асноўным законам з'яўляецца Канстытуцыя Беларусі. У Беларусі выданне законаў з'яўляецца выключнай кампетэнцыяй яе вышэйшага прадстаўнічага органа - Нацыянальнага схода Беларусі. Ніякія іншыя дзяржаўныя органы не маюць права на выданне законаў. Выключэннем з гэтага правіла з'яўляецца ўсенародны рэферэндум. Закон змяшчае прававыя прадпісанні, якія ўяўляюць сабой зыходныя пункты ўсёй прававой сістэмы і законнасці. Усе астатнія прававыя акты выдаюцца на аснове закону і павінны не супярэчыць яму. Закон можа быць адменены або заменены толькі законам.
@Заработная плата. Сутнасць паняцця вынікае з самой назвы артыкула: гэта заробленая плата. Вучоныя-эканамісты вызначаюць яе як працоўны даход работніка, адпаведны яго працоўнаму ўкладу, з улікам сродкаў, неабходных для ўзнаўлення рабочай сілы. Але заработная плата - не толькі заробленыя грошы. Для маладога чалавека, які пачынае працоўную дзейнасць, яна - сведчанне пераходу ад становішча ўтрыманца да паўнапраўнай грамадскай сталасці.
Існуюць 2 асноўныя формы заработнай платы: пачасовая (залежыць ад працягласці адпрацаванага часу, можа быць «пагадзінная», «патыднёвая», «падзённая») і здзельная (ад колькасці вырабленай прадукцыі). Адрозніваюць намінальную заработную плату (атрыманая работнікам плата ў грашовым выражэнні) і рэальную (сума даброт і паслуг, якія можна атрымаць за яе пры наяўных цэнах). Узровень заработнай платы залежыць ад стану эканомікі краіны і попыту на рабочую сілу: вышэй попыт - вышэй і заробак.
У развітых краінах склаліся 3 асноўныя тыпы арганізацыі заработнай платы - амерыканскі, японскі і заходнеэўрапейскі. Амерыканскі заснаваны найперш на ўліку і ацэнцы зробленай работы. Асабліва цэніцца кваліфікацыя, валоданне сумежнай прафесіяй. Японскі найперш ацэньвае здольнасці работніка - яго агульнаадукацыйны ўзровень, стаж работы, узрост, стараннасць, ахайнасць, адданасць фірме, што абумоўлена японскай традыцыяй пажыццёвага найму работніка. Заходнеэўрапейскі называюць прамежкавым (змешаным), бо ў ім выкарыстоўваюць элементы амерыканскага і японскага тыпаў.
У Беларусі з фармаваннем рыначнай эканомікі ажыццяўляецца пераход да новай арганізацыі заработнай платы на наступных асноўных прынцыпах: дзяржаўнае рэгуляванне ўзроўню мінімальнай заработнай платы, на якую можна набыць мінімальна неабходныя для жыцця сродкі (так званы «спажывецкі кошык»); роўныя магчымасці зарабляць грошы на выплату зарплаты ва ўсіх сферах дзейнасці незалежна ад формаў уласнасці прадпрыемстваў; аплата за рэальны працоўны ўклад кожнага работніка і эфектыўнасць яго працы; самастойнасць прадпрыемстваў (фірмаў) у арганізацыі і ўзроўні аплаты працы; перагаворна-дагаворная форма ўзаемадзеянняў паміж суб'ектамі, звязанымі з аплатай працы. Ажыццяўляецца пераход да адзінай тарыфнай сеткі, на аснове якой вызначаюцца месячныя тарыфныя стаўкі канкрэтным прафесійна-кваліфікацыйным групам работнікаў з улікам складанасці іх працы. Памеры грашовых выплат па кожнай тарыфнай стаўцы вызначаюцца на аснове генеральнага трохбаковага тарыфнага пагаднення ўдзельнікаў - дзяржавы, работадаўцаў і прафсаюзаў. Але канчатковы ўзровень заработнай платы вызначае само прадпрыемства (фірма). Акрамя таго, на аснове калектыўнага дагавору могуць выплочваць прэміі і надбаўкі з атрыманага прыбытку і дывідэнды па акцыях. Але пакуль па ўзроўні заработнай платы Беларусь істотна адстае ад развітых краін.
@Звычай, атрыманы ў спадчыну стэрэатыпны спосаб паводзін, які ўзнаўляецца ў пэўным грамадстве або сацыяльнай групе і з'яўляецца прывычным для іх сябраў. У старажытным грамадстве гэта быў адзін з асноўных рэгулятараў адносін паміж людзьмі, што вызначала ўстойлівы і нерухомы характар сацыяльнага ўкладу і слабае развіццё міжкультурных зносін. Звычай перадаваўся ад пакалення да пакалення, рэгламентаваў паводзіны індывіда, служыў сродкам далучэння яго да пэўнага сацыяльнага і культурнага вопыту, падтрымліваў унутрыгрупавое згуртаванне. У ролі звычаяў выступалі вытворчыя адносіны, грамадскія святы, рэлігійныя абрады і г.д. З узнікненнем дзяржавы і права шэраг звычаяў, санкцыянаваных уладамі, уключаны ў сістэму прававых нормаў т.зв. звычаёвага права. З пашырэннем сувязей паміж рознымі культурамі, вызваленнем грамадскай і разумовай дзейнасці ад царкоўнага ўплыву роля звычаяў стала зніжацца. Дынамізм сучаснага сацыяльнага жыцця, развіццё прамысловасці і сродкаў масавай камунікацыі ўзмацняюць гэты працэс, на першы план у якасці рэгулятара грамадскай дзейнасці вылучаюць сацыяльныя інстытуты. Звычай захоўваецца ў найбольш «чыстым» выглядзе ў сферы побыту, маралі (норавы), царкоўнай і грамадзянскай абраднасці.
@Здольнасці, індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, што з'яўляюцца ўмовай паспяховага выканання пэўнай прадуктыўнай дзейнасці. Здольнасці выяўляюцца ў працэсе авалодання дзейнасцю, у тым, наколькі індывід пры роўных умовах хутка і грунтоўна, лёгка і трывала засвойвае спосабы яе арганізацыі і здзяйснення. Яны цесна звязаны з агульнай накіраванасцю асобы, з тым, наколькі ўстойлівыя схільнасці чалавека да пэўнай дзейнасці. У аснове аднолькавых дасягненняў пры выкананні якой-небудзь дзейнасці могуць ляжаць розныя здольнасці, і ў той жа час адны і тыя ж з іх могуць з'яўляцца ўмовай паспяховага выканання розных відаў дзейнасці. Гэтая акалічнасць забяспечвае магчымасці шырокай кампенсацыі здольнасцей. Прадметам спецыяльнага псіхалагічнага вывучэння здольнасці сталі на пачатку 20 ст., калі ангельскі псіхолаг Ф.Гальтон пачаў эксперыментальныя і статыстычныя даследаванні індывідуальных асаблівасцей людзей. Найбольш пашыранай формай ацэнкі здольнасцей з'яўляюцца тэсты. Яны дазваляюць вылучыць агульныя якасці індывіда, якія адпавядаюць больш вузкаму колу патрабаванняў (здольнасці спецыяльныя). Развіццё спецыяльных здольнасцей грунтуецца на адпаведных задатках (музычны слых, памяць і інш.) і адбываецца ў аптымальных узроставых перыядах, спрыяльных для фармавання пэўных здольнасцей. Так, для музычных здольнасцей - гэта перыяд да 5 гадоў, калі актыўна фармуюцца музычны слых і памяць дзіцяці. Пэўны ўзровень спецыяльных здольнасцей (матэматычных, мастацкіх і інш.) можа быць сфармаваны ў любога здаровага дзіцяці. Для гэтага неабходна, каб працэс навучання быў арганізаваны ў адпаведнасці са спецыяльнай методыкай. Узровень і ступень развіцця здольнасцей вызначаюць паняцце таленту і геніяльнасці.
@Злачынства, небяспечнае для грамадства дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на грамадскі лад дзяржавы, яе палітычную ці эканамічную сістэму, дзяржаўную, грамадскую і прыватную ўласнасць, на асобу, палітычныя, працоўныя, маёмасныя правы і свабоды грамадзян, а таксама іншае небяспечнае дзеянне, накіраванае супраць існуючага правапарадку і прадугледжанае крымінальным законам. Пад злачынным дзеяннем разумеюцца небяспечныя для грамадства актыўныя, свядомыя, валявыя паводзіны асобы; злачынная бяздзейнасць адрозніваецца ад яго пасіўнасцю, што выяўляецца ў невыкананні асобай дзеянняў, якія яна была абавязана і магла выканаць у пэўных умовах. Не з'яўляюцца злачынствам дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна ўтрымліваюць прыкметы якога-небудзь злачынства, але паводле сваёй малазначнасці не ўяўляюць грамадскай небяспекі. Небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымінальным законам, гэта значыць не было процізаконным, проціпраўным. Яно можа быць прызнана злачынствам тады, калі ўчынена пры наяўнасці віны - гэта значыць наўмысна або па неасцярожнасці. Закон вызначае, якія дзеянні з'яўляюцца злачыннымі і якое за кожнае з іх можа быць пакаранне. Устаноўленае за адпаведнае злачынства пакаранне яшчэ не абазначае, што яно з'яўляецца абавязковым і павінна ўжывацца ў кожным выпадку. Пры пэўных акалічнасцях асоба можа быць вызвалена як ад пакарання, так і ад крымінальнай адказнасці.
@Ідэал (франц. idéal ад грэч. idea - ідэя, паняцце), уяўленне пра найвышэйшую дасканаласць, якая, з'яўляючыся ўзорам, нормай і вышэйшай мэтай, вызначае спосаб і характар дзеяння чалавека ці сацыяльнай групы. У залежнасці ад сферы чалавечай жыццядзейнасці фармуюцца палітычны, грамадскі (узор дасканалага грамадскага ладу), эстэтычны (узор прыгожага), этычны (уяўленне пра дасканалыя якасці асобы і адносіны паміж людзьмі), гнасеалагічны і іншыя ідэалы, якія паказваюць актыўна-творчыя адносіны чалавека да рэчаіснасці, адыгрываюць ролю канчатковых мэтавых арыенціраў. Ідэал лічыцца актыўным пачаткам жыццядзейнасці. Пры яго наяўнасці чалавек здольны не толькі адлюстроўваць рэчаіснасць, але і пераўтвараць яе як у сваёй свядомасці, так і на практыцы. Працэс пераўтварэння пры пэўных умовах можа весці да неадэкватнай рэальнасці, стаць ілюзорным прадуктам ідэала. Ідэалы могуць быць здзейснены толькі тады, калі яны адпавядаюць патрэбам развіцця грамадства, фармавання гарманічнай, творчай асобы.
@Ідэалізацыя (франц. idéalisation ад грэч. idea - ідэя, паняцце), мысленнае канструяванне абсалютызаваных аб'ектаў, якія не існуюць і не могуць існаваць у рэчаіснасці, але для якіх ёсць правобразы ў рэальным свеце. І хоць у свеце няма нічога поўнасцю дасканалага, імкненне да яго надае высакароднасць жыццю і людзям. Людзі ствараюць вобразы дасканалых асоб, рэчаў, грамадскіх адносін, якія служаць ім узорам і арыенцірам у жыцці і дзейнасці, прыродных з'яў у «чыстым выглядзе». У выніку ідэалізацыі ўтвараюцца паняцці, якія называюцца ідэалізаванымі аб'ектамі. Такімі аб'ектамі з'яўляюцца, напрыклад, «абсалютна чорнае цела» ці «ідэальны газ», «абсалютная сацыяльная свабода», «камунізм», «рай» і «пекла», мастацкія вобразы тыпу «Дон-Кіхот», «Несцерка», «Паўлінка» і інш. У навуцы выкарыстоўваюцца ў якасці сродку пазнання. Абсалютызаваныя характарыстыкі сацыяльнай рэальнасці выступаюць крытэрыямі жаданага ці нежаданага сацыяльнага быцця (напр., «абсалютна справядлівае» ці «абсалютна несправядлівае грамадства»). Выкарыстанне такіх ідэалізаваных у станоўчы ці адмоўны бок аб'ектаў пры аналізе рэальных працэсаў дазваляе ацэньваць адхіленне сацыяльнай рэальнасці ад нормы. Нярэдка ідэалізаваныя аб'екты (людзі, рэчы, сацыяльнае жыццё) усведамляюцца як такія, што існуюць або могуць існаваць у рэальным быцці. Па гэтай прычыне ідэалізаваныя аб'екты з'яўляюцца моцным рэгулятарам грамадскага жыцця. Людзі як сацыяльныя істоты звычайна адчуваюць патрэбу ў практычнай ідэалізацыі, у тым ліку і ў высокіх ідэалах. Цяжка знайсці чалавека, які б каго-небудзь або што-небудзь не ідэалізаваў у дадатны або адмоўны бок. Узвышаныя ідэалы стымулююць імкненне чалавека да самаўдасканалення, нізкія, наадварот, схіляюць да ганебных учынкаў.
@Ідэалізм. Імкнучыся асэнсаваць светабудову як нешта адзінае, філосафы сутыкнуліся з пытаннем, у якіх жа адносінах знаходзіцца мысленне да быцця, дух да прыроды. Адны прызнавалі першаснасць духу (ідэалісты), другія - першаснасць матэрыі (матэрыялісты). Калі філосафы-матэрыялісты імкнуліся да прыродазнаўча-навуковых ведаў, да натуралістычнага тлумачэння рэчаіснасці, то ідэалісты ў большасці былі блізкія да рэлігійнага светаразумення. Ідэалізм - гэта процілеглы матэрыялізму філасофскі кірунак, які ідзе ад першаснасці духоўнага, нематэрыяльнага і другаснасці матэрыяльнага. Філасофскі ідэалізм вядзе да атаясамлівання рэчаіснасці з унутраным светам чалавека, а рэальных рэчаў - з яго пачуццямі, уяўленнямі, ідэямі. На розных этапах гісторыі ідэалізм па-свойму выяўляў эвалюцыю грамадскай свядомасці, асэнсоўваў дасягненні сацыяльнай практыкі і навуковага прагрэсу. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі ўзнік аб'ектыўны і суб'ектыўны ідэалізм.
Першы за аснову існага прымае безасабовы ўніверсальны дух, надіндывідуальную свядомасць, другі адмаўляе якую-небудзь рэальнасць за межамі свядомасці індывіда. Класічнай формай аб'ектыўнага ідэалізму была філасофія Платона, Аўгусціна, Фамы Аквінскага і інш. Суб'ектыўна-ідэалістычная тэндэнцыя пераважала ў філасофскіх сістэмах Дж.Берклі, Д.Юма, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінга і асабліва Г.Гегеля, які стварыў усеабдымную сістэму дыялектычнага ідэалізму. Акрамя гэтага галоўнага раздзялення ідэалізму існуе мноства спецыфічных тыпаў і варыянтаў ідэалістычнай філасофіі, якія адрозніваюцца трактоўкай духоўнага першапачатку (розум, адчуванні, воля), адзінства (манізм) ці множнасці (плюралізм), магчымасцю пазнання (рацыяналізм ці ірацыяналізм), метадам мыслення (метафізічны або дыялектычны) і г.д. Нягледзячы на тое, што навукова-тэхнічны прагрэс і развіццё грамадскай практыкі ўсё больш пераканаўча сведчылі на карысць правільнасці матэрыялістычнага тлумачэння рэчаіснасці, ідэалістычная філасофія на працягу многіх стагоддзяў захоўвала свой аўтарытэт і ўплывала на развіццё чалавецтва. У сярэдзіне 20 ст. значнае пашырэнне набылі такія формы ідэалізму, як экзістэнцыялізм, неапазітывізм, неатамізм і інш. Сярод шматлікіх формаў сучаснага ідэалізму найбольш уплывовымі з'яўляюцца фенаменалогія, персаналізм, «філасофія жыцця», філасофская антрапалогія, крытычны рацыяналізм і інш.
@Ідэалогія (ад грэч. idea - паняцце, уяўленне + logos - слова, вучэнне), сістэма палітычных, прававых, маральных, рэлігійных, эстэтычных і філасофскіх поглядаў і ідэй, у якіх усведамляюцца і ацэньваюцца адносіны людзей да рэчаіснасці. Як правіла, яна выражае інтарэсы і фармулюе мэты пэўных сацыяльных груп.
Любы палітычны рух прадстаўлены пэўнай палітычнай ідэалогіяй, якая адпавядае яго характару, арыентацыі, задачам, мэтавым устаноўкам. Функцыі ідэалогіі не вычэрпваюцца тэарэтычным абгрунтаваннем палітычных і іншых інтарэсаў адпаведных сіл. Яна заклікана фармуляваць праграму іх дзеянняў, вызначаць арыенціры і мэты палітычнага руху, выступаць матывуючым і волестваральным фактарам. Характар і змест ідэй і поглядаў, што складаюць палітычную ідэалогію, залежаць ад кваліфікацыі, кампетэнтнасці і інтэлекту ідэолагаў, іх умення аналізаваць рэчаіснасць, вызначаць шляхі спалучэння ідэй з грамадскай практыкай. Тэрмін «ідэалогія» часам выкарыстоўваюць і для абазначэння памылковай ілюзорнай, адарванай ад рэчаіснасці свядомасці.
@Ідэя (ад грэч. idea - паняцце, уяўленне), у шырокім сэнсе - думка, намер, план; у філасофіі і логіцы - форма адлюстравання рэчаіснасці, якая выяўляе галоўную думку, накіроўны тэарэтычны прынцып, сутнасць, закон існавання і развіцця з'яў. У гісторыі філасофіі катэгорыя ідэі ўжываецца па-рознаму. У Платона, сярэднявечных ідэалістаў, Г.Гегеля, неатамістаў ідэя - сутнасць рэчаў, якая аб'ектыўна існуе, духоўны першапачатак і творца рэчаіснасці. Суб'ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, прагматысты, махісты, неапазітывісты) атаясамлівае ідэю з рэчамі, комплексам або сукупнасцю адчуванняў чалавека. У дыялектычным матэрыялізме ідэя разглядалася як адлюстраванне аб'ектыўнай рэальнасці; разам з тым падкрэсліваўся і ўзаемны ўплыў ідэі на развіццё матэрыяльнай рэчаіснасці ў мэтах яе пераўтварэння. У навуцы ідэя не толькі падсумоўвае вопыт папярэдняга развіцця ведаў у той ці іншай галіне, але і служыць асновай, што сінтэзуе веды ў нейкую цэласную сістэму, выконвае ролю актыўных эўрыстычных прынцыпаў тлумачэння з'яў, пошукаў новых шляхоў вырашэння праблем. Ідэя, у залежнасці ад зместу, паскарае сацыяльны працэс, арыентуе грамадства на пераадоленне аджытага і ўстанаўленне новага, прагрэсіўнага (гл. таксама Ідэалізацыя, Ідэал).
@Іерархія (грэч. hierarchia ад hieros - свяшчэнны + arche - улада), строга вызначаная ступень падпарадкавання ніжэйстаячых органаў і службовых асоб вышэйстаячым, паслядоўнае размяшчэнне чыноў і званняў у парадку праходжання ад ніжэйшых да вышэйшых, так званая іерархічная (службовая) лесвіца. Тэрмін «іерархія» ўжываюць, калі размова ідзе пра падпарадкаванне і сузалежнасць, субардынацыю, размяшчэнне службовых пасад, навуковых званняў, ваенных і класных чыноў, а таксама для характарыстыкі структуры, напрыклад палітычнай улады, рангаў падначаленасці і г.д. Прыкладам іерархічнай лесвіцы можа служыць «Табель аб рангах» - заканадаўчы акт у Расеі 18 - пачатку 20 ст., які вызначаў парадак праходжання службы чыноўнікамі, уведзены Пятром I у 1722, устанаўліваў 14 рангаў (класаў).
@Іміграцыя (ад лац. immigrare - усяляцца), уезд іншаземцаў у якую-небудзь краіну на пастаяннае або працяглае жыхарства. У залежнасці ад прычын іміграцыю падзяляюць на палітычную і эканамічную, або працоўную. Іміграцыя характэрная для многіх гістарычных эпох, адыгрывала важную ролю ў фармаванні насельніцтва некаторых краін і нават засяленні асобных частак свету. На фармаванне насельніцтва Эўразіі паўплывалі міграцыі апошніх 2 тысячагоддзяў, такія, як Вялікае перасяленне народаў у Эўропе (4-7 ст.), міграцыі, звязаныя з арабскімі заваяваннямі (7-8 ст.), з экспансіяй цюрка-манголаў (11-17 ст.). Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў (15-17 ст.) паклала пачатак шырокаму развіццю міжкантынентальных міграцый галоўным чынам з Эўропы ў Амерыку, Аўстралію і інш. Не аслаблі тэмпы іміграцыі, выкліканыя перамяшчэннямі насельніцтва ў сувязі з дзвюма сусветнымі войнамі, перасяленнем жыдоў у Ізраіль, распадам СССР. Працягваецца іміграцыя рабочай сілы ў развітыя краіны Заходняй Эўропы. Яна прыводзіць да змешвання розных этнічных груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Пытанні іміграцыі рэгулююцца нормамі міжнароднага права і нацыянальнымі заканадаўствамі. Гл. таксама арт. Эміграцыя, Бежанцы, Грамадзянства.
@Імідж (англ. imige літар. - вобраз), 1) знешні вобраз, які стварае суб'ект, каб выклікаць пэўнае ўражанне, меркаванне, адносіны з боку іншых. 2) Сукупнасць уласцівасцей, што прыпісваюцца суб'екту прапагандай, рэкламай, прымхамі, традыцыямі і да т.п. з мэтай выклікаць да яго пэўныя станоўчыя ці негатыўныя адносіны. Праблема іміджу ўсё больш становіцца першараднай праблемай палітычнай практыкі.
@Імпічмент (ад англ. impeachment - асуджэнне, ганьбаванне, абвінавачванне), асобы парадак і ўстаноўленая працэдура прыцягнення да адказнасці вышэйшых службовых асоб дзяржавы (прэзідэнта, кіраўніка ўрада і г.д.). У краінах, дзе існуе двухпалатны парламент (напрыклад, ЗША, Вялікабрытанія, Японія), узбуджае справу і аддае пад суд вышэйшых службовых асоб, як правіла, ніжняя палата парламента, а справу разглядае верхняя палата. Вынікам імпічменту можа быць вызваленне (адхіленне) ад пасады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў, атрыманых службовай асобай у выніку выбараў, або за грубыя парушэнні дзеючага ў краіне заканадаўства. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі прэзідэнт дзяржавы можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стану здароўя ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі. Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; у гэтым выпадку справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярхоўным судом.
@Імунітэт (ад лац. immunitas (immunitatis) - вызваленне ад чаго-небудзь), неўспрымальнасць арганізма да ўзбуджальнікаў хвароб або пэўных ядавітых рэчываў. Бывае прыроджаны імунітэт, абумоўлены ўнаследаванымі асаблівасцямі арганізма, і набыты, што ўзнікае пасля перанесенага захворвання або ўвядзення вакцыны.
Пад паняццем імунітэту ў феадальным праве Заходняй Эўропы разумелася сукупнасць правоў феадала ажыццяўляць у сваіх уладаннях некаторыя дзяржаўныя функцыі (суд, збор падаткаў і інш.) без умяшання цэнтральнай улады, а таксама вызваленне асобных груп насельніцтва і пэўных катэгорый зямель. У сучаснай юрыспрудэнцыі імунітэт - выключнае права, якое нададзена асобам, што займаюць асаблівае становішча ў дзяржаве, не падпарадкоўвацца некаторым агульным законам (імунітэт дэпутата - недатыкальнасць асобы сябра заканадаўчага органа: дэпутат не можа быць арыштаваны або прыцягнуты да судовай адказнасці без згоды заканадаўчага органа; дыпламатычны імунітэт - сукупнасць правоў і прывілеяў, якія надаюцца дыпламатычным прадстаўнікам замежных дзяржаў).
@Інвестыцыі (ням. Investition ад лац. investire - абкладаць), доўгатэрміновыя ўкладанні капіталу найперш у матэрыяльную вытворчасць з мэтай атрымання прыбытку ці сацыяльнага эфекту. Капіталаўкладанні могуць быць у выглядзе сродкаў дзяржаўнага бюджэту, фінансавых рэсурсаў банкаў, прыбытку прадпрыемстваў (фірмаў), зберажэнняў насельніцтва, дабрачынных ахвяраванняў, замежнага капіталу. Для гэтага ствараюцца спецыяльныя інвестыцыйныя фонды - акцыянерныя таварыствы, якія шляхам выпуску і продажу акцый канцэнтруюць грашовыя сродкі, якія потым ад свайго імя накіроўваюць у якасці інвестыцый у пэўныя сферы эканомікі. Да інвестыцыйных фондаў адносяцца і акцыянерныя таварыствы, якія засяроджваюць прыватызацыйныя чэкі шляхам абмену іх на акцыі ўласнай эмісіі для ўдзелу ў прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Вялікія аб'ёмы інвестыцый - паказчык дзелавой актыўнасці, аснова эканамічнага росту і сацыяльнага развіцця краіны. Практыка накіравання інвестыцый у эканоміку замежных краін называецца вывазам капіталу.
@Індустрыялізацыя, працэс пераўтварэння аграрных краін і рэгіёнаў у індустрыяльныя на базе буйной машыннай вытворчасці. На лацінскай мове слова induatrio абазначае вытворчасць, стараннасць, што, відаць, адлюстроўвае складанасць стварэння індустрыяльнай вытворчасці (у мінулым, пры наяўнасці прымітыўных прылад працы сапраўды патрэбна была вялікая стараннасць, каб ажыццявіць якасны скачок у вытворчым працэсе, каб замяніць мускульную энергію рабочых механічнай). Дарэчы, гэты працэс пачаўся ў 1860-х г. у Вялікабрытаніі і ўвайшоў у гісторыю як прамысловы пераварот. Далейшае яго развіццё прывяло да стварэння вядучай галіны эканомікі - прамысловасці і новай сацыяльнай сілы - рабочага класа, стварыла аснову для развіцця прадукцыйных сіл і росту прадукцыйнасці працы, пераўтварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсёй эканомікі і сацыяльнай структуры грамадства.
У Беларусі першыя паравыя рухавікі ўстаноўлены ў 1825-1827 на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава (Івацэвіцкі раён) і Хомск (Драгічынскі раён). Характэрна, што ў Беларусі гэты працэс найбольш актыўна пашыраўся не ў баваўнянай прамысловасці, як у эўрапейскіх краінах, а ў металаапрацоўчай і вінакурнай. Машынабудаванне і металаапрацоўка былі прыярытэтныя ў індустрыялізацыі і ў савецкі час. За перадваенны перыяд у БССР пабудавана больш як 1700 прамысловых прадпрыемстваў. У 1940 90% прамысловай прадукцыі давалі прадпрыемствы, пабудаваныя ці рэканструяваныя ў савецкі час. У пасляваенны перыяд разбураныя прадпрыемствы адноўлены, створана многа новых. Сучасная прамысловасць Беларусі ўключае каля 20 узбуйненых галін, у іх ліку электраэнергетыка, аўтамабільная, станкабудаванне, трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне, станка- і прыладабудаванне, хімічная і нафтахімічная, дрэваапрацоўчая, лёгкая, харчовая і інш. Вызначальнымі для паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу з'яўляюцца галіны і вытворчасці, якія ўзніклі ў 1950-1960-я г.: радыёэлектронная, электратэхнічная, нафтаперапрацоўка, дакладнае прыладабудаванне, вытворчасць аўтаматычных ліній, рухавікоў, мінеральных угнаенняў, сінтэтычных смол і інш. навукаёмістыя і высокатэхналагічныя вытворчасці. У прамысловасці занята прыкладна 30% насельніцтва, на яе долю прыпадае найбольш (прыкладна 40%) валавога ўнутранага прадукту.
@Індывід (ад лац. individuum - непадзельнае; асоба). Такім тэрмінам карыстаюцца пры вызначэнні асаблівасцей чалавека, узятых паасобку, у адноснай адасобленасці ад калектыву ці грамадства. Індывід - гэта асобны, вылучаны з сацыяльнай супольнасці чалавек, які характарызуецца спецыфічнымі, толькі яму ўласцівымі асаблівасцямі псіхічных працэсаў, інтарэсаў, патрэб, здольнасцей, рыс асобы, паўсядзённых паводзін. Індывід і грамадства знаходзяцца ў дыялектычных узаемаадносінах. Іх нельга проціпастаўляць, бо індывід ёсць грамадская істота, і любое праяўленне яго жыцця (нават калі ён і не выступае ў непасрэднай форме калектыўнага яго праяўлення) з'яўляецца праяўленнем грамадскага жыцця. Неправамерна і атаясамліваць гэтыя паняцці, бо кожны індывід, хоць і валодае агульнародавымі прыкметамі, можа выступаць і як самабытная індывідуальнасць. У вывучэнні паўсядзённых учынкаў асобных індывідаў і іх сацыяльных супольнасцей важную ролю адыгрывае прынцып тыпізацыі, г.зн. вылучэнне тыповых асаблівасцей пэўнай сацыяльнай групы на аснове агульных для іх сацыяльна-палітычных, сацыяльна-псіхалагічных, духоўна-маральных і інш. істотных характарыстык. Выкарыстанне такога прынцыпу дазваляе выразна выявіць, якія грамадскія адносіны ўвасабляюцца ў сацыяльным і духоўным абліччы, паўсядзённых учынках дадзенай групы індывідаў. Толькі разгляд своеасаблівых уласцівасцей і якасцей індывіда ў сацыяльным кантэксце іх фармавання, развіцця і праяўлення дазваляе выявіць яго сапраўдную ролю і месца ў жыцці калектыву і грамадства.
@Індывідуалізм, імкненне да выяўлення сваёй асобы, сваёй індывідуальнасці; жыццёвая пазіцыя, якая сцвярджае безумоўнае права кожнага чалавека на свабоду і незалежнасць, на актыўнасць і ініцыятыву, на абарону свайго ўнутранага свету, прыватнага жыцця ад замахаў на іх з боку іншых людзей, грамадства, дзяржавы. У аснове індывідуалізму ляжыць прызнанне абсалютнай каштоўнасці, непаўторнасці, унікальнасці асобы, якая валодае творчымі здольнасцямі і магчымасцямі. Індывідуалізм не азначае права парушаць законы, агульнапрынятыя нормы маралі, калі яны не зневажаюць годнасць і гонар іншых людзей, а, наадварот, мае на ўвазе развітае пачуццё адказнасці за свае думкі і ўчынкі. Пры празмернай абсалютызацыі пазіцый асобнага індывіда ў яго проціпастаўленні другому індывіду, грамадству ў цэлым, індывідуалізм можа перарасці ў эгаізм.
@Індывідуальнасць. Кожная асоба вылучаецца своеасаблівасцю пачуццяў, думак, учынкаў. Разам з тым індывідуальнасць выяўляецца ў самабытнасці псіхічных якасцей асобы - у яе тэмпераменце, характары, каштоўнасных арыентацыях. Такім чынам, індывідуальнасць - непаўторная своеасаблівасць адметных уласцівасцей, якасцей індывіда. Яна вылучае асобу з масы іншых людзей і праяўляецца ў тым, што чалавек пры роўных магчымасцях здольны зрабіць ці ўбачыць тое, чаго не могуць іншыя. Своеасаблівасць асобы заўсёды грунтуецца на глыбінных, сапраўды індывідуальных структурах. Яе духоўна-маральная каштоўнасць заключаецца ў захаванні вернасці самому сабе, у адстойванні і развіцці сваёй індывідуальнасці. Але гэта магчыма толькі пры індывідуальным увасабленні асноватворных этычных каштоўнасцей грамадства - дабра, высакароднасці, сумлення, годнасці і г.д. Сацыяльная значнасць індывідуальнасці заключаецца ў тым, што асабістая своеасаблівасць чалавека развіваецца не ў процівагу інтарэсам і каштоўнасным арыентацыям іншых людзей і грамадства ў цэлым, а гарманічна спалучаецца з імі і садзейнічае грамадскаму прагрэсу.
@Інквізіцыя (ад лац. inquisitio - расследаванне), судова-паліцэйская ўстанова ў каталіцкай царкве для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцаркоўным і антыфеадальным рухам. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Ажыццяўляла духоўную цэнзуру над выданнямі навуковай і мастацкай літаратуры, складала так званыя «Індэксы забароненых кніг». Узнікла ў 13 ст. на поўдні Францыі, потым пашырылася ў большасці краін Заходняй Эўропы, а пазней перанесена гішпанскімі і партугальскімі каланізатарамі ў Амерыку. У каталіцкіх краінах сярэднявечнай Эўропы была сродкам масавага тэрору супраць іншадумцаў. Па яе прыгаворах закатаваны і знішчаны мільёны людзей. Ахвярамі сталі многія выдатныя дзеячы навукі і культуры: жывыя спалены Дж.Бруна, Дж.Ч.Ваніні, Ян Гус, праследаваліся Т.Кампанела, Г.Галілей і інш. Падобныя метады выкарыстоўвалі пратэстанцкія і праваслаўныя цэрквы. У большасці краін інквізіцыя ліквідавана ў 18 ст., у Партугаліі, Гішпаніі і Папскай вобласці - 19 ст. Пасля ліквідацыі інквізіцыі царкоўнікі пакінулі за сабой права змагацца з іншадумцамі шляхам адлучэнняў ад царквы і праклёнаў.
@Інтарэс (ад лац. interest - важна, мець значэнне). Фактычна ўсе дзеянні і памкненні людзей абумоўлены пэўным інтарэсам. Выбар прафесіі, праца, наведанне тэатра, падарожжа, нават злачынства - усё заснавана на інтарэсе. Інтарэс - гэта рэальная прычына асэнсаванай ці неасэнсаванай патрэбнасці ў чым-небудзь, прыхільнасці да чаго-небудзь, пачуццяў, пазнавальных працэсаў і сацыяльных дзеянняў. Выступае як форма выяўлення патрэбнасці ў чым-небудзь асобы ці сацыяльнай групы, супольнасці людзей (дэмаграфічнай, этнічнай, прафесійнай, палітычнай, рэлігійнай і інш.). Суб'ектыўна інтарэс выяўляецца ў павышэнні ўвагі да аб'екта ці з'явы. Задавальненне інтарэсу не заўсёды вядзе да яго згасання; ён можа яшчэ больш павялічыцца ці перарасці ў новы.
Паводле аб'екта, які зацікавіў асобу, інтарэсы бываюць матэрыяльныя і духоўныя, эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, навуковыя, рэлігійныя, спартыўныя і інш.; па ступені супольнасці - індывідуальныя, групавыя, грамадскія; па магчымасці здзяйснення - рэальныя і ўяўныя; па адносінах да тэндэнцый грамадскага жыцця - прагрэсіўныя, кансерватыўныя, рэакцыйныя. Сутнасная рыса інтарэсаў - іх устойлівасць, якая выяўляецца ў іх працягласці і інтэнсіўнасці. Шырыня, маштабнасць ці, наадварот, вузкасць інтарэсаў вызначаюцца іх зместам і значнасцю для асобы ці сацыяльнай супольнасці.
Праблемы інтарэсу даўно сталі аб'ектам навуковых даследаванняў. К.Гельвецый падкрэсліваў, што калі фізічны свет падпарадкоўваецца закону руху, то свет духоўны ў не меншай меры падпарадкоўваецца закону інтарэсаў. Г.Гегель лічыў, што дзеянні людзей вынікаюць з іх патрэбнасцей, захапленняў, інтарэсаў. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін і іх паслядоўнікі сцвярджалі, што ў аснове ўсіх грамадскіх з'яў ляжаць інтарэсы сацыяльных класаў, найперш эканамічныя, якія стымулююць развіццё прадукцыйных сіл і сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства. У цывілізаваным дэмакратычным грамадстве, якое гарантуе чалавеку рэальныя правы і свабоды, кожны можа вызначаць свае асабістыя інтарэсы. Але нават самы індывідуальны інтарэс асобы абумоўлены грамадствам, а часам з'яўляецца адлюстраваннем грамадскага інтарэсу. Таму дзяржава, грамадства, вызначаючы прыярытэты ў матэрыяльнай і духоўнай сферах, унутры- і знешнепалітычнай дзейнасці, нясуць адказнасць за фармаванне разумных, цывілізаваных інтарэсаў сваіх грамадзян.
@Інтуіцыя (ад лац. intueri - пільна, уважліва глядзець), пазнавальны працэс спазнання ісціны праз непасрэднае ўспрыманне без доказаў. Працэс гэты адбываецца нечакана, непрадказальна, у выглядзе своеасаблівай успышкі ці прасвятлення, што не суправаджаюцца разумовымі ці лагічнымі вывадамі, якія свядома кантралююцца; чалавек звычайна не ў стане даць здавальняючы адказ на пытанне, якім чынам атрыманы веды, якія тым не менш здаюцца яму яснымі, відавочнымі, сапраўднымі і не патрабуюць доказаў. Вынікам інтуіцыі можа быць новая ідэя, гіпотэза, прадугаданне інфармацыі, якой не хапала, разуменне ўнутранай складанасці, арганізаванасці з'яў, што разглядаюцца, іх прычын і вынікаў. Асаблівую каштоўнасць інтуіцыя мае ў мастацкай і навуковай творчасці, дзе з яе дапамогай могуць быць дасягнуты значныя вынікі. На працягу многіх стагоддзяў інтуіцыю разглядалі як адну з невырашальных загадак. Яе імкнуліся зразумець такія славутыя мысліцелі, як Платон, Дэкарт, Г.Лейбніц, І.Кант і інш. Зразумела стала толькі адно, што ў аснове інтуіцыі ляжаць назапашаныя чалавекам веды і абагульнены вопыт.
Інтуіцыя адыгрывае вялікую ролю і ў працэсах штодзённых адносін людзей. Інтуітыўная ацэнка другога чалавека, яго намераў, мэт, інтарэсаў, думак назіраецца часта і добра, калі яна адпавядае сапраўднасці. Але ж нярэдка ацэнка можа быць прадузятая, памылковая. Тады гэта прыводзіць да цяжкіх эмацыянальных канфліктаў.
@Інтэграцыя (ад лац. integratio - аднаўленне, папаўненне), працэс і вынік узаемасувязі, узаемадзеяння, збліжэння і аб'яднання ў адзінае цэлае якіх-небудзь частак, элементаў - краін, іх эканомік, сацыяльных і палітычных структур, культур, сацыяльных і палітычных груп, партый, рухаў, арганізацый і г.д. Гэты працэс звычайна ахоплівае ўсе сферы грамадскага жыцця: эканоміку, палітыку, сацыяльнае і духоўнае жыццё. Можа адбывацца на глабальным, рэгіянальным і дзяржаўным узроўнях, выступаючы як вынік дастаткова высокага ўзроўню інтэрнацыяналізацыі жыцця краін і народаў. Асабліва наглядна працэсы інтэграцыі на рэгіянальным узроўні праявіліся за апошнія дзесяцігоддзі ў Заходняй Эўропе ў выглядзе стварэння спачатку Эўрапейскай Эканамічнай Супольнасці (ЕЭС), а з 1992 - больш шырокага і глыбокага аб'яднання - Эўрапейскага Звязу (ЕЗ), які ахоплівае сёння 15 краін. Процілеглым інтэграцыі працэсам з'яўляецца дэзінтэграцыя, прыкладам якой можа служыць распад СССР. Сёння на частцы тэрыторыі былога СССР развіваюцца тэндэнцыі інтэграцыі на новай аснове. Формамі такой інтэграцыі з'яўляюцца створаная ў 1991 Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), у 1996 - Садружнасць Расеі, Беларусі, Казахстана і Кіргізіі, Супольнасць Расеі і Беларусі, а ў 1997 - Саюз Расеі і Беларусі.
@Інтэлект (ад лац. intellectus - разуменне, спасціжэнне), адносна ўстойлівая структура разумовых здольнасцей індывіда. У шэрагу канцэпцый інтэлект атаясамліваюць з сістэмай разумовых аперацый, са стылем і стратэгіяй рашэння праблем, з эфектыўнасцю індывідуальнага падыходу да сітуацыі, што патрабуе высокай пазнавальнай актыўнасці. Нямецкія псіхолагі М.Вертгаймер і В.Кёлер распрацавалі паняцце інсайта (раптоўнае і без уліку мінулага вопыту разуменне істотных адносін і структуры сітуацыі ў цэлым, з дапамогай якога дасягаецца асэнсаванае рашэнне праблем). На пачатку 20 ст. французскія псіхолагі А.Бінэ і Т.Сімон прапанавалі вызначаць ступень разумовых здольнасцей з дапамогай спецыяльных тэстаў. Савецкія псіхолагі падкрэслівалі залежнасць інтэлектуальных здольнасцей чалавека ад сацыяльна-эканамічных умоў яго жыцця. Псіхолагі В.Штэрн, Ж.Піяжэ і іншыя часцей разглядаюць інтэлект як біяпсіхічную адаптацыю да наяўных абставін жыцця.
Змястоўнае вызначэнне самога інтэлекту залежыць ад характару грамадска значнай актыўнасці сферы індывіда (навучанне, вытворчасць, палітыка і інш.).
У сувязі з развіццём кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, вылічальнай тэхнікі пашырыўся тэрмін «штучны інтэлект» (умоўнае абазначэнне кібернетычных сістэм і іх логіка-матэматычнага забеспячэння, прызначаных для рашэння задач, што патрабуюць выкарыстання інтэлектуальных здольнасцей чалавека).
@Інтэрнацыяналізацыя (ад лац. inter - паміж + natio (nationis) - народ), заканамернае распаўсюджанне якой-небудзь з'явы або працэсу за рамкі адной краіны або народа (этнасу), у выніку якога адбываецца пашырэнне і паглыбленне міжнацыянальнага, міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, пераадоленне замкнёнасці і адасобленасці, інтэнсіўнае ўзаемаўзбагачэнне назапашаным вопытам і яго дасягненнямі, павышэнне месца і ролі агульнага, інтэрнацыянальнага аж да фармавання міжнацыянальных і міждзяржаўных аб'яднанняў, інтэграцыі. Сёння, напрыклад, важнымі фактарамі інтэрнацыяналізацыі выступаюць навукова-тэхнічны прагрэс, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, інфарматызацыя грамадства і інш. Інтэрнацыяналізацыя выяўляецца ў развіцці і паглыбленні міжнацыянальных, міждзяржаўных эканамічных і культурных сувязей, у стварэнні адпаведных аб'яднанняў (напр., Эўрапейскі Звяз), росце шматнацыянальнасці насельніцтва многіх краін, міграцыі, павелічэнні колькасці змешаных шлюбаў і сем'яў, пашырэнні і ўзмацненні ўзаемаўплыву нацыянальных культур, у пашырэнні ведання сусветных моў, моў міжнацыянальных зносін і г.д. Інтэрнацыяналізацыю нельга атаясамліваць з дэнацыяналізацыяй, бо інтэрнацыяналізацыя прадугледжвае не адмаўленне ад нацыянальнага, а яго захаванне і ўдасканаленне, яго ўздым да ўзроўню інтэрнацыянальнага, усё большае пранікненне інтэрнацыянальнага ў нацыянальнае. Праяўленнем і вынікам інтэрнацыяналізацыі з'яўляецца ўзмацненне інтэрнацыянальных тэндэнцый у рэгіянальных і планетарных маштабах, у вырашэнні глабальных праблем сучаснасці.
@Інтэрнацыяналізм, палітыка і практыка, ідэалогія і псіхалогія міжнароднага ўзаемадзеяння і салідарнасці розных краін, нацый, сацыяльных груп, арганізацый, палітычных партый, рухаў і асобных людзей на аснове супадзення іх карэнных інтарэсаў і мэт. Да апошняга часу інтэрнацыяналізм тлумачыўся звычайна з вузкапартыйных, «звышкласавых» пазіцый як уласцівасць, характэрная толькі пралетарыяту і яго партыям. Так, інтэрнацыяналізм па-рознаму ўвасабляецца ў жыццядзейнасці розных класаў. І ў гэтым плане інтэрнацыяналізм рабочых адрозніваецца ад інтэрнацыяналізму сялян ці буржуазіі. Але інтэрнацыяналізм - з'ява, выкліканая аб'ектыўным працэсам інтэрнацыяналізацыі жыцця ўсяго чалавецтва на ўсіх узроўнях. У сучасным свеце праяўленнем інтэрнацыяналізму розных сацыяльна-палітычных груп з'яўляецца міждзяржаўная і міжнацыянальная інтэграцыя. Сёння, калі ў развіцці чалавецтва на першы план вылучаюцца агульначалавечыя інтарэсы і каштоўнасці, інтэрнацыяналізм закліканы аб'яднаць на інтэрнацыянальнай аснове самыя розныя сацыяльныя і палітычныя сілы ў барацьбе за выжыванне чалавецтва, сцвярджэнне прынцыпаў і ідэалаў дэмакратыі і гуманізму ва ўсім свеце.
@Інфарматыка, у шырокім сэнсе гэта сістэма ведаў, якія адносяцца да вытворчасці, перапрацоўкі, захавання і распаўсюджвання ўсіх відаў інфармацыі ў грамадстве; у вузкім сэнсе - камп'ютэрнае праграмаванне. Найважнейшай тэарэтычнай базай інфарматыкі з'яўляецца агульная тэорыя сістэм і кібернетыка. Тэхнічныя сродкі інфарматыкі розныя: камп'ютэрная тэхніка, тэлефонныя сеткі, штучныя спадарожнікі Зямлі і да т.п. Сродкі інфарматыкі набылі пашырэнне і развіццё ў сувязі з усё большым выкарыстаннем электронна-вылічальных машын у самых розных сферах чалавечай дзейнасці, у сувязі з камп'ютэрызацыяй і інфарматызацыяй сучаснага грамадства, якое ўступіла ў постіндустрыяльную, інфармацыйную эпоху, калі роля ўсялякай сацыяльнай інфармацыі (эканамічнай, ваеннай, медыцынскай і г.д.) становіцца вядучай у інфраструктуры грамадства, такой жа важнай, як энергія, сыравіна і інш.
@Інфармацыя (ад лац. informatio - тлумачэнне, выкладанне). Звычайна пад словам «інфармацыя» разумеюць паведамленне пра якія-небудзь з'явы, факты. Хуткае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу ў 2-й палове 20 ст. садзейнічала фармаванню і агульнай тэорыі інфармацыі. З гэтага часу яна становіцца агульнанавуковым паняццем. У залежнасці ад функцый у розных галінах навукі ёй надаецца рознае тлумачэнне. Вылучаюць біялагічную, тэхнічную і сацыяльную інфармацыі. У самым агульным выглядзе інфармацыю можна вызначыць так: 1) перадача ці адлюстраванне разнастайнасці ў любых аб'ектах і працэсах прыроды; 2) асобныя звесткі ці сукупнасць якіх-небудзь звестак, ведаў, што перадаюцца людзьмі; 3) у матэматыцы, кібернетыцы - колькасная мера зняцця неакрэсленасці, мера арганізацыі сістэм. Метадалагічнай асновай даследавання ўсіх відаў інфармацыі з'яўляецца тэорыя адлюстравання. Вышэйшай формай адлюстравання з'яўляецца мысленне чалавека. У навуцы лагічную інфармацыю разглядаюць звычайна ў статыстычным і зместавым аспектах. Для кібернетыкі найбольш важны колькасны бок інфармацыі. Практычная значнасць даследавання колькасных характарыстык інфармацыі стымулявала развіццё інфарматыкі - навукі пра заканамернасці і прынцыпы, у адпаведнасці з якімі адбываюцца працэсы фармавання, пераўтварэння, зберагання і выкарыстання ўсіх відаў інфармацыі з шырокім выкарыстаннем сучасных сродкаў вылічальнай, інфармацыйнай, камп'ютэрнай тэхнікі, сродкаў сувязі. Інфарматыцы належыць адно з вядучых месцаў у навукова-тэхнічнай палітыцы ўсіх прамыслова развітых краін. Зместавая інфармацыя па сваім характары з'яўляецца сацыяльнай, таму што ўзнікае ў працэсе зносін людзей і адлюстроўвае факты, з'явы розных сфер грамадскага жыцця (палітычнай, эканамічнай, культурнай, ваеннай, спартыўнай). Найважнейшы канал пашырэння сацыяльнай інфармацыі ў грамадстве - сродкі масавай інфармацыі: друк, радыё, тэлебачанне.
@Інфляцыя (ад лац. inflatio - узняцце), працэс абясцэнення грошай у выніку іх празмернага выпуску (эмісіі) або скарачэння таварнай масы ў абарачэнні пры нязменнай колькасці выпушчаных грошай. Інфляцыя мае такое ж старажытнае паходжанне, як і намінальныя грашовыя знакі, з якімі яна непарыўна звязана. Напачатку гэта праяўлялася ў форме манетна-грашовай інфляцыі, калі манеты абясцэньваліся ў выніку чаканення лішкавай колькасці непаўнацэнных (па вазе і якасці металу) манет і выпуску іх у абарачэнне па намінале паўнацэнных. З паяўленнем папяровых грошай інфляцыю пэўны час стрымлівала сістэма залатога стандарту (размен папяровых грошай на золата). Тэрмін «інфляцыя» ўпершыню сталі ўжываць у ЗША ў перыяд Грамадзянскай вайны 1861-1865 для вызначэння разбухання папярова-грашовай масы. У Эўропе гэты тэрмін набыў пашырэнне пасля 1-й сусветнай вайны 1914-1918.
Інфляцыя суправаджаецца ростам цэн на тавары і паслугі, падзеннем рэальнай заработнай платы і ўзроўню жыцця людзей, зніжэннем курсу нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют. Яна з'яўляецца рэакцыяй на незбалансаванасць дзяржаўных даходаў і расходаў, на манапалізацыю эканомікі, апераджальны рост выдаткаў вытворчасці (у прыватнасці, зарплаты) у параўнанні з ростам прадукцыйнасці працы, на незбалансаванасць плацежных адносін паміж краінамі і інш. Адрозніваюць віды (тэмпы) інфляцыі: паўзучую (умераную), калі адбываецца рост цэн у межах 10% за год; галапіруючую - імклівы рост цэн ад 20 да 200% за год, гіперінфляцыю - выключна хуткі рост і таварных цэн, і грашовай масы ў абарачэнні (50% у месяц, што найчасцей абумоўлена вайной або эканамічнай разрухай). Памяркоўная інфляцыя - нармальная з'ява для эканамічна развітых краін. У Беларусі сярэднямесячны прырост цэн на спажывецкія тавары і паслугі склаў: у 1992 - 26,4%, у 1993 - 28,9%, у 1994 - 28,7%; у 1995-1996 інфляцыйныя працэсы адбываліся пры спадзе агульнага аб'ёму вытворчасці. Антыінфляцыйныя меры дзяржавы павінны найперш прадугледжваць: скарачэнне дзяржаўных расходаў, павышэнне падатковых ставак, «замарожванне» зарплаты, кантроль за грашовай масай (эмісіяй папяровых грошай). Адным з метадаў падтрымання рэальнай велічыні грашовых абавязацельстваў і розных даходаў ва ўмовах інфляцыі з'яўляецца індэксацыя.
@Інфраструктура. Гэты тэрмін запазычаны з вайсковага лексікона, дзё ён абазначае комплекс тылавых збудаванняў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць узброеных сіл (склады, палігоны, аэрадромы, ракетныя базы і інш.). Своеасблівыя «тылы» фармуюцца і ў сферы эканомікі. Павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці, ускладненне вытворча-гаспадарчых сувязей абумовілі з'яўленне галін, спецыялізаваных на аказанні паслуг - мэтазгоднай дзейнасці ў форме карыснай працы, накіраванай на задавальненне пэўных патрэб чалавека і вытворчасці. Сукупнасць галін па абслугоўванні прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама насельніцтва і ёсць інфраструктура. Яна ўключае транспарт, сувязь, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, сістэму адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бытавога абслугоўвання насельніцтва, праваахоўных органаў і інш. Часам інфрастуктуру падзяляюць на 2 часткі: вытворчую і невытворчую (сацыяльную).
Уся інфрастуктура, у тым ліку і па абслугоўванні насельніцтва, аказвае непасрэдны станоўчы ўплыў на вытворчасць. Справа ў тым, што чалавек - галоўная прадукцыйная сіла грамадства, і сучасная сацыяльная інфрастурктура спрыяе ўзнаўленню яго рабочай сілы, пашырэнню кругагляду, павышэнню адукаванасці, што станоўча адбіваецца на яго вытворчай дзейнасці. Практыка развітых краін паказвае, што тэмпы росту вытворчасці і яе эфектыўнасць знаходзяцца ў прамой залежнасці ад узроўню развіцця інфрастуктуры.
@Ірацыяналізм (ад лац. irrationalis - неразумны). На працягу шматвяковай гісторыі чалавек імкнуўся пераадолець перашкоды, шукаў новыя магчымасці для вырашэння цяжкасцей, самаўдасканальваўся, што спрыяла далейшаму прагрэсу чалавецтва. Але пры пэўных сацыяльных умовах, асабліва ў пераломныя эпохі, бяссілле, песімізм і скептыцызм, настрой думак атрымалі абгрунтаванне ў вучэннях, якія свядома прыніжалі значэнне ведаў, розуму і навукі. Гэтыя філасофскія вучэнні інтэлект падмяняюць сляпой верай, логіку - інстынктам. Яны імкнуцца навязаць людзям думку, што ў свеце пануе хаос, усё носіць бяссэнсавы і выпадковы характар, таму немагчыма якая-небудзь разумная дзейнасць. Такія філасофскія погляды атрымалі назву ірацыяналізму. У шырокім сэнсе ірацыяналізм - гэта любыя канцэпцыі, якія лічаць асновай быцця і светапогляду нешта недасягальнае і непадуладнае розуму, тое, што раскрываецца з дапамогай перажыванняў, містычнага «азарэння», волі і г.д. Гэта разнавіднасць ідэалістычнага светапогляду. Адмаўляючы чалавечаму розуму ў здольнасці дакладна ўяўляць рэальны свет, ірацыяналізм далучаецца да агнастыцызму. Розніца паміж імі ў тым, што для ірацыяналізму свет непазнавальны толькі для розуму адкрываецца нерацыянальным спосабам. Па сваіх зыходных устаноўках ірацыяналізм несумяшчальны з любымі формамі навуковага тлумачэння рэчаіснасці, з'яўляецца іх антыподам. Ірацыяналізм імкнецца разбурыць рацыянальныя механізмы разумення, уздзейнічаць на ўяўленні, сферу падсвядомага, актыўна садзейнічае сацыяльнай дэзарыентацыі асобы, яе духоўнаму прыгнёту.
У грамадстве непазбежна ўзнікаюць розныя формы ірацыяналізму, калі яно не ў стане рацыянальна (планамерна і мэтанакіравана) рэгуляваць, кіраваць уласнымі сацыяльнымі адносінамі і сіламі, і яны праяўляюцца як непадуладныя сілы прыроды. Шырокая плынь філасофскага ірацыяналізму ў 19-20 ст. адлюстравала глыбокі крызіс буржуазнага грамадства і яго культуры. Прадстаўнікі ірацыяналістычнай філасофіі 19 ст. - А.Шапенгаўэр, С.К'еркегор, Э.Гартман і Ф.Ніцшэ. Традыцыі ірацыяналізму прадоўжаны ў фрэйдызме, экзістэнцыялізме і іншых кірунках філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі.
@Ісціна. Імкнучыся падкрэсліць своеасаблівасць чалавека, самастойнасць яго мыслення, звычайна кажуць, што ў яго ёсць свой пункт погляду, асаблівая думка, уласная пазіцыя да таго ці іншага пытання. Але, жывучы ў грамадстве, чалавек не можа абысціся без узгаднення сваіх дзеянняў. Яшчэ ў антычнасці сфармаваўся погляд, паводле якога пад ісціннымі ведамі сталі разумець адлюстраванне ў свядомасці чалавека рэальных прадметаў, з'яў, уласцівасцей такімі, якія яны ёсць на самой справе, г.зн. аб'ектыўна і незалежна ад нас. Трактоўка ісціны як адпаведнасці ведаў рэчаіснасці атрымала развіццё ў матэрыялістычнай філасофіі. Дыялектыка дазволіла раскрыць сутнасць ісціны як супярэчлівага працэсу развіцця ведаў. Прызнаючы аб'ектыўную ісціну (уяўленні не залежаць ад суб'екта), філосафы лічаць, што яна змяняецца, пастаянна развіваецца і ў гэтым плане з'яўляецца адноснай ісцінай. Дыялектычны матэрыялізм прызнае адноснасць усіх нашых ведаў не ў сэнсе адмаўлення аб'ектыўнай ісціны, а ў сэнсе гістарычнай умоўнасці межаў набліжэння нашых ведаў да гэтай ісціны. Навуковы працэс вядзе да абсалютнай ісціны, якая складваецца з вялікай колькасці адносных ісцін. Ацэнкай ісціннасці нашых ведаў выступае грамадская практычная дзейнасць. Калі тэорыя паспяхова пацвярджаецца на практыцы, гэта значыць, што яна з'яўляецца ісцінай. Ісціна - гэта правільнае адлюстраванне рэчаіснасці ў думках, крытэрыем якога ў выніку з'яўляецца практыка.
@Кааперацыя (ад лац. cooperatio - супрацоўніцтва), сукупнасць арганізацыйна аформленых аб'яднанняў грамадзян, якія вядуць гаспадарчую і іншую дзейнасць. Узнікла ў выніку руху за стварэнне альтэрнатыўнага капіталізму спосабу арганізацыі эканамічнага жыцця шляхам аб'яднання груп людзей у агульную гаспадарку. Першыя кааператыўныя асацыяцыі арцельнага тыпу ўзніклі самаадвольна ў канцы 18 ст. ў Англіі сярод рабочых мукамольнай і хлебапякарнай вытворчасці. Кааператыўны рух сучаснага тыпу зарадзіўся таксама ў Англіі ў 1820-я гады. Яго ідэйным натхняльнікам і тэарэтыкам стаў Р.Оўэн. Аналізуючы прычыны беднасці і шукаючы сродкі яе ліквідацыі, ён прыйшоў да высновы пра магчымасць мірнага, добраахвотнага пераўтварэння існуючага ладу і вызваленне ўсіх саслоўяў. У процівагу прыватнай уласнасці ён развіў ідэю аб дэцэнтралізаваных супольніцтвах, якія звязаны тавараабменам і служаць агульнаму дабру. Ідэі Оўэна былі развіты ў дзейнасці так званых Рачдэйльскіх піянераў - групы ткачоў, якія ў 1844 аб'ядналіся ў спажывецкі кааператыў на прынцыпах, сфармуляваных іх кіраўніком і духоўным настаўнікам Ч.Гавартсам (1814-1868): тавары прадаваліся не па аптовых, а па рыначных цэнах, частка прыбытку пароўну дзялілася паміж пайшчыкамі, а частка ішла на стварэнне сацыяльнага фонду таварыства. Далейшае развіццё кааперацыі ў Эўропе пайшло па двух кірунках - вытворчым і спажывецкім. Поспехі спажывецкай кааперацыі былі відавочныя, а вытворчая кааперацыя не апраўдала надзей сваіх ідэолагаў. Сельскагаспадарчыя камуны - найбольш закончаная форма вытворчай кааперацыі - былі або недаўгавечныя, або малаэфектыўныя. Гэта асабліва характэрна для камун, арганізаваных прымусовым шляхам.
На пачатку 20 ст. розныя мадыфікацыі і канцэпцыі кааператыўнага сацыялізму распрацоўвалі ў Францыі, Ірландыі, ЗША, Германіі, Расеі. Тэарэтыкі кааператыўнага руху зыходзілі з меркавання, што кааперацыя - гэта сродак ліквідацыі супярэчнасцей паміж эканамічна эфектыўнай капіталістычнай формай вытворчасці і недасканаласцю размеркавання. На сучасным этапе кааператыўны рух найбольш пашыраны ў Эўропе (Швецыя, Аўстрыя, Фінляндыя, Данія, Нарвегія). Сацыял-дэмакратычныя партыі разглядаюць развіццё кааперацыі як адзін з стратэгічных і найбольш бязбольны спосаб рэфармавання капіталістычнага грамадства і вырашэння класавых канфліктаў. Шмат кааператыўных гаспадарак існуе ў Італіі, Галандыі, Канадзе і інш. У шэрагу краін дзейнічаюць кааператыўныя партыі. Міжнародны кааператыўны альянс (створаны ў 1895 г.) аб'ядноўвае 500 млн. чалавек з 72 краін свету (1986). Тым не менш сёння кааператыўны рух на Захадзе перажывае крызіс, бо кааператывы, створаныя як форма сацыяльнай абароны слабых грамадскіх груп, паступова трацяць сваё значэнне з прычыны агульнага павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Іншая справа ў Беларусі і іншых краінах былога СССР, дзе адной з асноўных праблем сучасных кааператываў з'яўляецца захаванне раўнавагі паміж кааператыўнымі ідэаламі і камерцыйным бокам справы. Тут большасць кааператываў - дробныя і сярэднія прадпрыемствы, якім часта не хапае вопыту і капіталаў для вырашэння эканамічных праблем. Цяжкасці адчуваюць не толькі вытворчыя, але і спажывецкія кааператывы.
@Каланіялізм, форма нацыянальна-палітычнага і эканамічнага заняволення развітымі капіталістычнымі дзяржавамі народаў слабаразвітых краін з мэтай рабавання іх прыродных багаццяў і эксплуатацыі людскіх рэсурсаў. Каланіяльная сістэма пачала фармавацца з канца 15 ст. ў працэсе каланіяльнай экспансіі. Каланіяльныя імперыі стваралі з 16 ст. Гішпанія і Партугалія, з 17 ст. - Нідэрланды, Англія, Францыя, з 19 ст. - Германія. Каланіяльныя захопы ў канцы 19 - пачатку 20 ст. вялі ЗША, Японія, Італія, Бельгія. У сувязі з узмацненнем нацыянальна-вызваленчай барацьбы пасля 2-й сусветнай вайны пачаўся распад каланіяльнай сістэмы. Да сярэдзіны 1960-х гадоў яна канчаткова разбурылася, пакінуўшы глыбокі негатыўны след у гісторыі зняволеных народаў. З'явілася шмат маладых незалежных краін. Але народы, якія набылі свабоду, здолелі ацаніць і тое станоўчае, што прынесла ім далучэнне да эўрапейскай навукі, тэхнікі, культуры, што ім дала падрыхтоўка нацыянальнай інтэлігенцыі ва ўніверсітэтах метраполій, будаўніцтва і вытворчасць па сусветных узорах. Многія нацыянальныя лідэры імкнуцца спалучыць запазычаныя імі ў былых гаспадароў ідэі дэмакратыі і правоў чалавека з іх мясцовымі традыцыямі і гэтым пераадолець векавую замкнутасць сваіх краін, з годнасцю ўвайсці ў сусветную садружнасць раўнапраўных народаў. Выкарыстоўваючы законы цэнаўтварэння на сусветным рынку, прамыслова развітыя краіны працягваюць даволі эфектыўна эксплуатаваць насельніцтва краін, якія сталі на шлях развіцця. Склалася сістэма неакаланіяльнай эксплуатацыі, якая навязвае былым калоніям стратную і аднабаковую спецыялізацыю ў рамках сусветнай капіталістычнай гаспадаркі.
@Калектывізм (ад лац. colligere - збірацца разам), жыццёвая пазіцыя, якая патрабуе ад чалавека такіх якасцей, як дружалюбнасць, чалавечнасць, давер, сумленнасць, велікадушнасць, адданасць, без якіх немагчыма жыццё ў грамадстве. Калектывісцкія адносіны, што знаходзяць сваё выяўленне ва ўзаемнай дапамозе і падтрымцы, складваюцца на аснове сумеснай дзейнасці людзей, якая патрабуе аб'яднання намаганняў для вырашэння агульных задач, узгаднення мэт, выбару сродкаў для іх дасягнення, увязвання прыватных і грамадскіх інтарэсаў. У той жа час калектывізм вымагае ад кожнага чалавека асабістай адказнасці, індывідуальнага сумлення, інакш кажучы, патрабуе ўсведамлення сябе асобай.
@Кампраміс (лац. compromissum), разумны спосаб вырашэння канфліктаў, які заключаецца ў дасягненні згоды праз узаемныя ўступкі іх удзельнікаў. Для дасягнення кампрамісу неабходна дакладна вызначыць прадмет або аб'ект спрэчкі, усвядоміць межы ўступак, на якія ў дадзеных умовах можа пайсці кожны з бакоў, сфармаваць аўтарытэтныя групы, якім даверана весці перагаворы і ў выніку іх поспеху заключыць пэўнае пагадненне. Аднак магчымы сітуацыі, калі закранаюцца асновы існавання процілеглых бакоў. У такіх сітуацыях проціборства можа быць бескампрамісным і вырашаецца яно іншымі сродкамі, аж да насілля.
@Камунізм (франц. communisme ад лац. communis - агульны), 1) ідэі, тэорыі і ідэалогія, якія адмаўляюць асновы капіталістычнага сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і духоўна-маральнага грамадскага ладу і абгрунтоўваюць неабходнасць і непазбежнасць усталявання грамадства, заснаванага на грамадскай уласнасці, сацыяльнай роўнасці і сацыяльнай справядлівасці, народаўладдзі, гуманізме і г.д. (ідэі ўтапічнага сацыялізму Т.Мора, Т.Кампанелы, А.Сен-Сімона, Ш.Фур'е, Р.Оўэна і інш.; камуністычнае вучэнне К.Маркса, Ф.Энгельса, К.Каўцкага, Г.В.Пляханава, У.І.Леніна і інш.). 2) Камуністычны рух і камуністычныя партыі розных краін свету. 3) Паводле вучэння марксізму камунізм - вышэйшая ступень грамадскага прагрэсу; асобная грамадска-эканамічная фармацыя або яе вышэйшая фаза, якая прыходзіць на змену капіталізму, і павінна ўвасобіць у жыццё прынцыпы, каштоўнасці і ідэалы камунізму. Адносіны да камунізму ў сучасным свеце надзвычай разнастайныя - ад уяўлення аб ім як ідэальным узоры грамадскага ўладкавання і рэалізацыі спрадвечнай мары чалавецтва аб «светлай будучыні» да поўнага адмаўлення і прызнання яго галоўнай пагрозай і найбольш небяспечнай перашкодай на шляху сацыяльнага прагрэсу чалавецтва.
@Канкурэнцыя (позналац. concurrentia ад concurrere - сутыкацца). У рыначнай эканомікі жорсткі закон: карыстаюцца попытам і даюць прыбытак тавары адносна танныя і з высокімі спажывецкімі якасцямі. Таму таваравытворцы вымушаны пастаянна выкарыстоўваць навукова-тэхнічныя навацыі, павышаць прадукцыйнасць працы, паляпшаць якасць тавараў (паслуг), зніжаць выдаткі вытворчасці, каб апярэдзіць сапернікаў, зацікавіць спажыўцоў, забяспечыць больш выгадны збыт сваёй прадукцыі. Прытым яны імкнуцца захаваць тайну пра сваю дзейнасць. Гэта і ёсць канкурэнцыя - эканамічная барацьба, саперніцтва паміж адасобленымі таваравытворцамі за найбольш спрыяльныя ўмовы вытворчасці і рэалізацыі сваіх тавараў (паслуг).
Адрозніваюць некалькі відаў канкурэнцыі. Для капіталізму 19 ст. была характэрная свабодная канкурэнцыя: таваравытворцы вялі паміж сабой канкурэнтную барацьбу толькі шляхам зніжэння цэн. Такая канкурэнцыя блізкая да тэарэтычнай мадэлі дасканалай ці неабамежаванай канкурэнцыі, калі таваравытворцы, прадаўцы або пакупнікі не могуць уплываць на ўзровень рыначнай цаны тавараў (паслуг). Але рэальна яна не існуе. Манаполіі, якія ўзніклі з развіццём капіталізму, атрымалі магчымасць устанаўліваць манапольна высокія цэны на пэўныя віды тавараў (паслуг) і тым самым знішчаць дробных канкурэнтаў. Але дзяржавы з развітай рыначнай эканомікай не зацікаўлены ў гэтым і з мэтаю абароны дробных таваравытворцаў і развіцця канкурэнцыі ажыццяўляюць антыманапольную палітыку.
Практычна ў краінах з развітай рыначнай эканомікай існуе алігаполія - такі тып рыначнай структуры, пры якой некалькі буйных прадпрыемстваў (фірмаў) манапалізуюць вытворчасць і збыт асноўнай масы прадукцыі і вядуць паміж сабой пераважна нецанавую канкурэнцыю. Рэалізуючы прадукцыю (паслугі) па вызначанай цане, кожнае прадпрыемства (фірма) манапалістычнага аб'яднання імкнецца забяспечыць сабе пэўныя перавагі. Дасягаецца гэта выпускам новых ці істотна мадэрнізаваных тавараў (канкурэнцыя па прадукту) ці дадатковым зацікаўленнем спажыўца праз рэкламу, цэнавыя льготы, кантроль за дзейнасцю гандлёвай сеткі (канкурэнцыя па ўмовах продажу). Такім шляхам дзяржава рэгулюе суадносіны паміж манаполіяй і канкурэнцыяй.
Існуе таксама нядобрасумленная канкурэнцыя - з парушэннем прынятых нормаў і правіл. Але вядомым фірмам, што ахоўваюць свой імідж, які дапамагае ім у канкурэнтнай барацьбе, яна не характэрная. Важны паказчык дзелавой актыўнасці прадпрыемства (фірмы) - канкурэнтаздольнасць прадукцыі, які вызначаецца суадносінамі карыснага эфекту гэтай прадукцыі да затрат на яе набыццё і эксплуатацыю.
Паводле марксісцкай тэорыі ў сацыялістычным грамадстве жорсткую канкурэнцыю замяняе сацыялістычнае спаборніцтва, заснаванае на ўзаемадапамозе, вывучэнні і пашырэнні перадавога вопыту, спалучэнні матэрыяльных і маральных стымулаў працы. Яно давала пэўны эканамічны эфект, але часта насіла фармальны, паказны характар і не аказвала такога ўплыву на эканоміку, як канкурэнцыя.
@Кансерватызм (франц. conservatisme ад лац. conserv - ахоўваю, захоўваю), палітычная ідэалогія, арыентаваная на захаванне і падтрыманне формаў дзяржаўнага і грамадскага жыцця, у першую чаргу маральна-прававых яго асноў, увасобленых у нацыі, рэлігіі, шлюбе, сям'і, уласнасці. Тэрмін «кансерватызм» уведзены французскім пісьменнікам Ф.Шатабрыянам. Адрозніваюць тры разнавіднасці кансерватыўнай ідэалогіі: традыцыяналізм, лібералізм, неакансерватызм. Традыцыяналізм абапіраецца на неабходнасць захавання сацыяльных асноў і маральных традыцый, уласцівых класічнаму рыначнаму капіталізму ці нават феадалізму, так званых «старых добрых часоў» (Э.Бёрк, Л.Банальд і інш.). Лібералізм выступае за неабмежаваную свабоду індывіда, разглядае калектывізм як шлях да рабства (Ф.Хайек, Дж.Дж.Рауль, Р.Позік). Неакансерватызм адстойвае ідэі грамадскага развіцця, гістарычнай, сацыяльнай і палітычнай актыўнасці чалавека, дэмакратызацыі палітыкі і сацыяльных адносін. Тэорыя самастойнай развітай асобы, здольнай адказваць за сябе, дабівацца поспехаў без надзеі на пратэкцыю каго-небудзь, была своеасабліва трансфармавана сучасным кансерватызмам у звужэнне сацыяльных гарантый. Кансерватызм можна трактаваць і як настрой думак, уласцівы даволі шырокім грамадскім групам і асобным індывідам. Ён характарызуецца прыхільнасцю да традыцый, стабільнасці, упарадкаванасці. Найвышэйшымі каштоўнасцямі для кансерватызму з'яўляюцца разважлівасць і дысцыплінаванасць.
На ўзроўні палітычнай крытыкі кансерватызм - гэта праграмны курс Кансерватыўнай партыі ў Вялікабрытаніі, галісцкай у Францыі, хрысціянска-дэмакратычных партый у іншых краінах Эўропы. Кансерватыўнае крыло існуе ў Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыях ЗША.
@Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі, замацаваныя Канстытуцыяй асабістыя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя, сацыяльна-культурныя правы і абавязкі грамадзян. Яны ствараюць аснову прававога статуса грамадзяніна, узаемаадносіны дзяржавы і асобы. Да асабістых правоў і свабод, замацаваных Канстытуцыяй Беларусі, адносіцца права на жыццё, недатыкальнасць і годнасць асобы; абарона ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў; свабода перамяшчэння і выбару месца жыхарства ў межах краіны, пакіданне яе і бесперашкоднае вяртанне назад; вызнанне любой рэлігіі; уступленне ў шлюб і стварэнне сям'і. Да палітычных правоў і свабод адносяцца свабода поглядаў, перакананняў і іх выказвання, права на атрыманне, захоўванне поўнай своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя; свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы, мець доступ да любых пасад у дзяржаўных органах. У ліку асноўных сацыяльных і эканамічных правоў гарантуецца права на працу, на дапамогу па беспрацоўі; права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, права на забастоўку; права на ахову здароўя, сацыяльную ахову і жыллё. У склад сацыяльна-культурных правоў уваходзяць права на ўдзел у культурным жыцці і свабоду творчасці.
Адначасова Канстытуцыя замацоўвае абавязак кожнага паважаць годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гістарычна-культурную спадчыну і інш. культурныя каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе, плаціць падаткі. Абарона Беларусі абвешчана абавязкам і свяшчэнным доўгам яе грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, і калі гэтага патрабуюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
@Канстытуцыя (ад лац. constitutio - устанаўленне), асноўны закон дзяржавы. Вызначае грамадскі і дзяржаўны лад, парадак і прынцыпы стварэння прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады, выбарчую сістэму і прававое становішча асобы, парадак арганізацыі, кампетэнцыю органаў улады і кіравання, арганізацыю і асноўныя прынцыпы правасуддзя. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу ў параўнанні з усімі іншымі нарматыўна-прававымі актамі пэўнай нацыянальнай прававой сістэмы. Існуе некалькі спосабаў прыняцця Канстытуцыі. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, які можна лічыць адной з першых канстытуцый, быў зацверджаны вялікім князем Жыгімонтам III. Асноўны закон ЗША 1787 ратыфікаваны канстытуцыйнымі канвентамі штатаў. Канстытуцыі Італіі і Індыі ўхвалены ўстаноўчымі сходамі. Праекты Канстытуцыі Францыі (1958), Грэцыі (1975), Гішпаніі (1978) былі вынесены на рэферэндум (народнае галасаванне). Па форме Канстытуцыі падзяляюцца на пісаныя і няпісаныя - складзеныя з шэрагу парламенцкіх законаў і судовых прэцэдэнтаў (напр., Канстытуцыя Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі). Для захавання стабільнасці Канстытуцыі прадугледжаны больш складаны, чым для прыняцця звычайных парламенцкіх законаў, механізм унясення паправак. Канстытуцыя Беларусі прынята на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання 15.03.1994 і ўступіла ў сілу з дня яе апублікавання. 24.11.1996 па ініцыятыве прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Беларусі 1994. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996.
@Канфармізм (ад позналац. conformis - падобны, адпаведны). Псіхолагам вядома, што музыканты, якія працуюць у аркестры, хутчэй прыходзяць да згоды ў канфліктных сітуацыях, чым салісты. Гэтая з'ява можа служыць мадэллю для разумення прычын і вытокаў канфармізму. Чалавек жыве сярод людзей і не можа не ўзгадняць свае паводзіны з агульнымі для ўсіх нормамі. Чым больш абавязковая для чалавека задача дзейнічаць як усе, арыентавацца на агульнапрынятыя стандарты, густы, меркаванні, тым хутчэй ён прывыкае пасіўна прыстасоўвацца да патрабаванняў людзей, што яго акружаюць. У пэўнай меры гэта нармальная з'ява. Звычайна чалавек не абдумвае кожнае сваё слова, жэст, учынак, а прывычна дзейнічае ў рамках сацыяльных, калектыўных норм; робіць так, як прынята ў яго асяроддзі. Многія думкі і дзеянні ўзнікаюць аўтаматычна. Але бываюць такія сітуацыі, калі ўласныя меркаванні разыходзяцца з думкамі іншых людзей. Тады ўзнікае канфлікт, сутыкненне розных думак. Калі канфлікт пераадольваецца пасіўнай згодай індывіда з меркаваннем групы, будзе мець месца канфармізм. Напрыклад, вучні вырашылі сарваць урок; канфарміст, нават калі ў душы ён не згодзен з гэтым, будзе моўчкі ўдзельнічаць у агульных дзеяннях, разумеючы, што ён прынясе шкоду ўсяму калектыву, але адказнасць будзе зведзена да мінімуму, бо кожны зрабіў як усе. Менавіта страх, няўменне ці няздольнасць узяць на сябе адказнасць за свае дзеянні ў канфліктнай сітуацыі і ляжаць у аснове канфармізму. Такім чынам, канфармізм - гэта прыстасавальніцтва, пасіўнае прыняцце існуючага парадку рэчаў, пануючых меркаванняў, адсутнасць уласнай пазіцыі, і некрытычнае прытрымліванне любога ўзору (традыцыя, прызнаны аўтарытэт і г.д.). Схільны да канфармізму чалавек не выпрацоўвае ўласнай маральнай, палітычнай ці ідэалагічнай пазіцыі, а імкнецца рабіць «як усе». Адносіны да канфармізму неадназначныя. У Японіі жаданне быць «як усе» лічыцца годнасцю. Для эўрапейскай культурнай традыцыі, дзе прынята шанаваць цвёрдыя прынцыпы асобы, характэрны негатыўныя адносіны да канфармізму.
@Канфедэрацыя (ад позналац. confoederatio - саюз, аб'яднанне), форма міждзяржаўнага аб'яднання, пры якой дзяржавы - суб'екты канфедэрацыі ўтвараюць пастаянны саюз для каардынацыі сваёй дзейнасці ў пэўных сферах, поўнасцю захоўваючы сваю незалежнасць. Часам паняцце «канфедэрацыя» выкарыстоўваюць і ў арганізацыйным плане, для абазначэння аб'яднання розных больш або менш самастойных грамадска-палітычных арганізацый (напр., канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў). У адрозненне ад дзяржаўнай федэрацыі канфедэрацыя дзяржаў больш слабае, менш цеснае аб'яднанне, якое ўяўляе сабой не адну новую суверэнную дзяржаву, а больш або менш устойлівую сукупнасць дзяржаў, аб'яднаных для ўзгаднення і сумеснага ажыццяўлення пэўных абмежаваных мэт, функцый і задач, часцей за ўсё ваенных, знешнепалітычных, мытных і інш. Канфедэрацыя звычайна не мае адзінага грамадзянства, адзінай прававой сістэмы. Кожны суб'ект канфедэрацыі мае ўласныя суверэнныя дзяржаўныя органы, а органы канфедэрацыі, як правіла, складаюцца з прадстаўнікоў яе суб'ектаў. Гістарычна канфедэрацыя звычайна папярэднічала федэрацыі і з'яўлялася пераходнай формай да яе поўнай раздробленасці. Так, канфедэрацыяй былі Злучаныя Штаты Амерыкі да 1787, Швейцарыя да 1848, Нідэрланды да 1795, Германія да 1867. У сучасным свеце канфедэрацыя не мае прыкметнага распаўсюджвання.
@Канфесія (ад лац. confessio - прызнанне, споведзь), веравызнанне. Тэрмін мае два вельмі блізкія, але розныя значэнні. Кожная рэлігія ўключае пэўнае веравучэнне і пэўную абраднасць. Кароткую лаканічную фармулёўку веравучэння называюць сімвалам веры, або крэда (напрыклад, у мусульман-сунітаў сімвалам веры з'яўляецца выслоўе: «Няма Бога, акрамя Аллаха і Мухамед прарок яго»). Падрабязна ж распрацаванае веравучэнне, выкладзенае ў спецыяльных палажэннях, называюць канфесіяй. Гэты тэрмін выкарыстоўваюць у дачыненні да рэлігійных кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу (юдаізм, хрысціянства, іслам, будызм і інш.). У дачыненні да язычніцкіх вераванняў тэрмін, як правіла, не ўжываюць. У Беларусі вядомы розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўе, каталіцызм, баптызм і інш. Так, каталіцызм з'яўляецца адзінай канфесіяй, г.зн. мае адзінае хрысціянскае веравучэнне, хоць уключае не толькі рымска-каталіцкую царкву (царкву лацінскага або заходняга абраду), але і былыя праваслаўную і старажытнаўсходнія цэрквы, якія прызналі ўладу папы рымскага і ператварыліся такім чынам у вуніяцкія пры захаванні сваёй абраднасці. Сярод іх грэка-каталіцкая царква (ёсць і цяпер у Беларусі), армяна-каталіцкая, копцка-каталіцкая (у Эгіпце), мараніцкая (у Ліване) і інш. Усе гэтыя цэрквы належаць да адзінай каталіцкай канфесіі і адрозніваюцца толькі абраднасцю, вернікаў гэтых цэркваў часта называюць католікамі ўсходняга абраду. Другое значэнне тэрміна «канфесія» - прыналежнасць да пэўнай царквы, як у веравучэнні, так і ў абраднасці. У гэтым сэнсе вуніяцкія аб'яднанні лічацца асобнымі канфесіямі. У большасці краін свету царква аддзелена ад дзяржавы. У некаторых жа краінах канфесіяналізм уплывае і на палітычнае жыццё. Яскравым прыкладам у гэтых адносінах з'яўляецца Ліван. Сярод 99 дэпутатаў яго парламента павінна быць 55 хрысціян (30 маранітаў, 11 праваслаўных, 6 грэка-католікаў, 4 армяна-грыгарыяніны, 1 армяна-католік, 1 пратэстант і 1 прадстаўнік рэлігійных меншасцей) і 45 мусульман (20 сунітаў, 19 шыітаў і 6 друзаў); прэзідэнтам можа быць толькі хрысціянін-мараніт, прэм'ер-міністрам - мусульманін-суніт, старшынёй парламента - мусульманін-шыіт.
@Канфлікт (ад лац. conflictus - сутыкненне). У аснове любога канфлікту ляжыць сітуацыя, якая вынікае з супярэчлівых пазіцый бакоў, процілеглых мэт ці сродкаў іх дасягнення, несупадзення інтарэсаў, жаданняў, прыхільнасці апанентаў і да т.п. Такім чынам, канфлікт - гэта сутыкненне процілегла накіраваных мэт, інтарэсаў, пазіцый, меркаванняў або поглядаў апанентаў ці суб'ектаў узаемадзеяння. Аднак, каб канфлікт пачаў развівацца, неабходны інцыдэнт, калі адзін з бакоў пачынае дзейнічаць і ўшчамляць інтарэсы другога боку. Суб'ектамі канфлікту могуць быць і адна асоба і некалькі. У залежнасці ад канфліктнай сітуацыі могуць быць унутрыасабовыя, міжасабовыя, міжгрупавыя, міжарганізацыйныя, класавыя, міжнацыянальныя, міждзяржаўныя канфлікты. Пры канфліктных сітуацыях назіраецца розная стратэгія паводзін; саперніцтва (суправаджаецца адкрытай барацьбой за свае інтарэсы), супрацоўніцтва (пошук рашэння, якое задавальняе інтарэсы ўсіх бакоў), кампраміс (урэгуляванне рознагалоссяў праз узаемныя ўступкі), пазбяганне (імкненне выйсці з канфліктнай сітуацыі без яе вырашэння, не ўступаючы свайго, але і не настойваючы на сваім), прыстасоўванне, канфармізм (тэндэнцыя згладзіць супярэчнасці, адступіўшыся ад сваіх інтарэсаў). Абагульненае выяўленне гэтай стратэгіі паводзін характарызуюць як карпаратыўнасць (адасобленасць) і настойлівасць.
Пры аналізе канфлікту самая цяжкая праблема - правільна вызначыць яго прычыны, вытокі. Часта здараецца, што ўдзельнікі канфліктаў забываюцца пра сапраўдныя прычыны. Многія канфлікты як бы «перадаюцца ў спадчыну», пераходзяць да новых удзельнікаў, адрываюцца ад дзелавой асновы, абрастаюць прадузятасцю, прымхамі, правакуюць насцярожанасць, варожасць ва ўзаемаадносінах і тады, калі іх прычын ужо даўно не існуе. Тыповай і пашыранай памылкай з'яўляецца імкненне як найхутчэй пагасіць інцыдэнт, «загнаць канфлікт унутр». У такіх выпадках канфліктная сітуацыя правакуе новыя ўскосныя і скрытыя формы проціборства, уцягвае ў яго новых удзельнікаў. Ліквідаваць канфлікт - гэта значыць вырашыць супярэчнасць у дзейнасці ці адносінах людзей.
@Канфрантацыя (франц. confrontation ад лац. con - супраць + frons (frontis) - фронт, лоб), процістаянне, проціборства, проціпастаўленне сацыяльна-палітычных сістэм, ваенна-палітычных саюзаў, асобных дзяржаў, розных сацыяльных сіл унутры дзяржавы, процілеглых ідэйна-палітычных прынцыпаў. Адрозніваюць пасіўную канфрантацыю, калі процілеглыя інтарэсы і намеры не рэалізуюцца ў адкрытых дзеяннях, а існуюць у скрытай форме як адна з крыніц напружання, і актыўная канфрантацыя, якая выяўляецца ва ўзброеным канфлікце, «халоднай вайне», блакадзе краіны па пэўных матывах (мытным, фінансавым і г.д.).
@Капіталізм, тып грамадства, заснаваны на прыватнай уласнасці, рыначнай эканоміцы і дэмакратычных інстытутах улады. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, а сучасная ступень капіталізму - як «змешаная эканоміка», «постіндустрыяльнае грамадства», «інфармацыйнае грамадства» і інш. У марксізме капіталізм вызначаецца як грамадска-эканамічная фармацыя, заснаваная на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і эксплуатацыі капіталам наёмнай працы.
Узнік капіталізм у гарадах Італіі (гандаль) і Галандыі (мануфактура) у 14-15 ст. у працэсе т.зв. першапачатковага назапашвання капіталу. У выніку прамысловага перавароту была створана буйная машынная вытворчасць. Ва ўмовах капіталізму механізм рыначнай канкурэнцыі прымушае прадпрымальніка для атрымання прыбытку пастаянна павялічваць капітал і ўдасканальваць вытворчасць. Гэта садзейнічае дынамічнаму развіццю вытворчых сіл, навукі і тэхнікі. У канцы 19 - пач. 20 ст. ў развітых краінах Захаду ўзніклі буйныя прамысловыя і банкаўскія карпарацыі, важную ролю набываў фінансавы капітал, рыначная канкурэнцыя дапаўнялася механізмамі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Склалася ўстойлівая сацыяльная структура, у якой побач з буйнымі ўласнікамі і наёмнымі работнікамі значнае месца заняў сярэдні клас уласнікаў.
Сучасныя формы капіталізму ўключаюць кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) дзяржаўнае рэгуляванне. Яно ажыццяўляецца пры дапамозе заканадаўчых і адміністрацыйных актаў, а таксама ў формах падаткаў, расходаў дзяржаўнага бюджэту, амартызацыйных адлічэнняў і інш. Акрамя гэтага існуюць галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы) развіцця вытворчасці, якія носяць рэкамендацыйны характар. Паступова ўсталяваныя ў многіх краінах развітая рыначная эканоміка і парламенцкая дэмакратыя забяспечылі ў 2-й палове 20 ст. павышэнне ўзроўню жыцця і культуры насельніцтва, змякчэнне сацыяльных супярэчнасцей і выпрацоўку прававога механізму іх рэгулявання. З ростам інтэрнацыяналізацыі гаспадарчага жыцця, узмацненнем транснацыянальных карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусветная эканамічная інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта знайшло адлюстраванне ва ўзнікненні такіх спецыяльных устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Эўрапейскі Звяз і інш.
@Кар'ерызм, імкненне да асабістага поспеху ў любых відах дзейнасці, выкліканае карыслівымі, індывідуалістычнымі мэтамі. Адмоўная маральная якасць, што характарызуе паводзіны і асобу чалавека, які падпарадкоўвае гэтым мэтам усю сваю грамадскую дзейнасць, а свае службовыя абавязкі выконвае настолькі, наколькі гэта садзейнічае паляпшэнню яго афіцыйнага становішча. Кар'ерызм - адна з праяў эгаізму ў сферы службовай дзейнасці асобы, якая, аднак, крывадушна выступае пад маскай бескарыслівага служэння справе. Жыццёвым прынцыпам кар'ерыста з'яўляецца не служэнне грамадскім інтарэсам, а толькі дэманстрацыя сваёй прыхільнасці ўказанням вышэйшых інстанцый і начальства. Кар'ерыст вылучаецца беспрынцыповасцю: ён з лёгкасцю мяняе перакананні ў залежнасці ад сітуацыі, выкарыстоўвае для асабістых мэт несумленныя сродкі (шлюб па разліку, падлог, ліслівасць і г.д.). Яму абыякавы лёс людзей і інтарэсы справы.
@Карупцыя (ад лац. corruptio - подкуп), абагульненая назва злачынстваў, якія вынікаюць з прамога выкарыстання службовымі асобамі, палітычнымі і грамадскімі дзеячамі правоў, звязаных з іх пасадамі, з мэтай асабістага ўзбагачэння і на шкоду дзяржаве і грамадству. Выяўляецца ў хабарніцтве, подкупе і іншых карыслівых учынках, якія практыкуюцца для атрымання пэўных пераваг і прывілей. Вылучаюць палітычную карупцыю, калі пэўныя асобы прызначаюцца на адказныя і ўплывовыя пасады не за іх асабістыя якасці, а за мінулыя паслугі або ў разліку на будучыя. Прыкладамі эканамічнай карупцыі могуць служыць размяшчэнне выгадных дзяржаўных заказаў, выдача на льготных умовах крэдытаў камерцыйным структурам і інш. Для карупцыі характэрнае зрошчванне прадстаўнікоў арганізаванай злачыннасці (мафіі) з дзяржаўным і гаспадарчым апаратам, праваахоўнымі органамі, палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі. У выніку розных прычын (бюракратызм, нястача, нізкі ўзровень духоўнай культуры, спажывецкая ідэалогія, утрыманства) карупцыя набыла шырокі размах у маладых краінах і фактычна ператварылася ў своеасаблівую форму пераразліку нацыянальнага даходу. Рост легальнага і падпольнага бізнесу стымулюе разрастанне маштабаў подкупу бюракратыі, стварае рэжым беспакаранасці за эканамічныя злачынствы і фінансавыя махінацыі. Гэтыя тэндэнцыі ставяць пад пагрозу працэс дэмакратызацыі беларускага грамадства.
@Карыслівасць, адмоўная маральная якасць, што характарызуе паводзіны і матывы чалавека, які разглядае і накіроўвае свае ўчынкі і ўзаемаадносіны з людзьмі з пункту гледжання асабістай матэрыяльнай выгады. Гэта адна з праяў эгаізму ў сферы адносін людзей да матэрыяльных ці духоўных даброт. У сацыяльным плане карыслівасць найчасцей трактуюць як імкненне чалавека клапаціцца найбольш пра асабістыя, а не пра грамадскія інтарэсы. Аднак такая трактоўка занадта катэгарычная. Трэба адрозніваць карыслівасць ад карысці. Справа ў тым, што асабісты матэрыяльны інтарэс і карысць з'яўляюцца рухавіком развіцця эканомікі і ўсяго грамадскага прагрэсу. Рэдка хто будзе займацца справай, якая не прыносіць яму ніякай карысці. І калі чалавек уласнай працай імкнецца задаволіць свае асабістыя патрэбы, мець пэўную карысць, то гэта яшчэ нельга разглядаць як карыслівасць. Таму ў сацыяльнай, эканамічнай сферах і асабліва на бытавым узроўні бывае цяжка адрозніць карыслівасць ад асабістай карысці. Пра карыслівасць можна гаварыць толькі ў плане індывідуалізаваных адносін суб'екта да рэчаіснасці, калі ён успрымае выключна тое, што з'яўляецца карысным толькі для яго, а ўсё іншае яго не цікавіць. Такое стаўленне безумоўна перашкаджае маральнаму развіццю асобы і грамадства ў цэлым.
@Касмалогія (ад грэч. kosmos - сусвет + logos - слова, навука). Касмалагічныя ўяленні (часцей у фантастычнай форме) праявіліся ўжо ў глыбокай старажытнасці, калі чалавек рабіў першыя спробы зразумець свет і сваё месца ў ім. Яны былі пастаянным элементам першабытных вераванняў, міфаў, рытуалаў. З назапашваннем ведаў і назіранняў, станаўленнем філасофскага мыслення складваюцца перадумовы рацыянальнага тлумачэння будовы свету. У эпоху антычнасці распрацавана першая тэарэтычная (матэматычная) мадэль Сусвету - геацэнтрычная сістэма свету (Пталамей). Яна ўяўляла сабой космас у выглядзе нерухомай Зямлі, размешчанай у цэнтры Сусвету, вакол яе - Сонца, Месяц, планеты і зоркі. Геацэнтрызм быў агульнапрынятай касмалагічнай дактрынай і для ўсяго сярэднявечча. Толькі ў 16 ст. польскі вучоны М.Капернік на аснове вылічэння залежнасці паміж бачнымі рухамі планет і Сонца сфармуляваў геліяцэнтрычную канцэпцыю будовы Сусвету. У хуткім часе яна была пацверджана астранамічнымі назіраннямі і разлікамі Г.Галілея. Дапоўненая вывадам Дж.Бруна пра бясконцасць Сусвету і адсутнасць у ім цэнтра, гэтая канцэпцыя стала асновай рэвалюцыі і ў астраноміі, і ў светапоглядзе людзей.
З адкрыццём закону сусветнага прыцягнення касмалогія стала фізічнай навукай, якая разглядае Сусвет як сістэму ўзаемадзеючых мас, што кіруецца гэтым усеагульным законам прыроды. Выяўленыя пры гэтым цяжкасці (т.зв. «касмалагічныя парадоксы») патрабавалі пошукаў па-за рамкамі класічнай механікі. Сучасная рэлятывісцкая касмалогія вырашыла іх на аснове агульнай тэорыі адноснасці А.Эйнштэйна і дадзеных пазагалактычнай астраноміі. Яе прынцыпы былі сфармуляваны ў 1920-я г. савецкім вучоным А.Фрыдманам і інш., якія прапанавалі тэорыю Сусвету, што расшыраецца. Пацвярджаюць гэтую тэорыю адкрытыя законы чырвонага зрушэння (1929, Э.Хабл) і т.зв. рэліктавага выпрамянення (1965). Сучасная касмалогія - гэта навука пра Сусвет як адзінае, цэласнае матэрыяльнае ўтварэнне і пра сукупнасць даступных астранамічнаму назіранню касмічных сістэм як часткі гэтага цэлага; раздзел астраноміі. У ёй усё большае значэнне набывае ядзерная фізіка і фізіка элементарных часцінак. Яна імкнецца растлумачыць сучасны стан бачнай часткі Сусвету як вынік заканамерных працэсаў, што адбыліся за першапачатковым выбухам, які стаў пунктам адліку яе гісторыі (10-20 млрд. гадоў назад). Развіццё касмалогіі дае адказы на многія пытанні эвалюцыі і стану сучаснай карціны Сусвету. Разам з тым касмалогія не мае навуковых звестак для адказу на шэраг прынцыповых пытанняў: якая прырода выбуху; ці будзе пашырэнне працягвацца бясконца, ці зменіцца сцісканнем; бязмежная прастора Сусвету замкнутая ці адкрытая, і г.д.
@Касмапалітызм (ад грэч. kosmopolites - грамадзянін свету), спецыфічная ідэалогія т.зв. «сусветнага грамадзянства». Слова «касмапаліт» упершыню выкарыстана ў Старажытнай Грэцыі. Ва ўмовах феадалізму носьбітам касмапалітычных тэндэнцый выступала каталіцкая царква. Абстрактна-гуманістычныя ідэі «сусветнага грамадзянства» абвяшчаліся і ў эпоху Адраджэння (Дантэ, Т.Кампанела). Ідэолагі рэвалюцыйнай буржуазіі Францыі высунулі касмапалітызм як гуманістычны ідэал чалавецтва, а ў Германіі касмапалітычныя ідэі развіваліся Г.Лесінг, І.В.Гёте, Ф.Шылер, І.Кант, І.Фіхтэ ў процілегласць феадальна-партыкулярнаму «патрыятызму», княжацкаму дэспатызму і рэлігійнасці. Характэрна, што ў той час ідэі сусветнага грамадзянства развіваліся ў адзінстве з патрыятызмам, адлюстроўваючы імкненне да нацыянальнага адзінства. Касмапалітычныя ідэі выкарыстоўваліся ў барацьбе супраць нацыянальна-вызваленчага руху з мэтай дыскрэдытацыі нацыянальнага суверэнітэту. У палітыцы касмапалітычныя ідэі часам прымалі форму пропаведзі сусветнай палітычнай інтэграцыі, наднацыянальных блокаў і міждзяржаўных арганізацый. У эканоміцы з іх дапамогай прапагандуюцца сацыяльна-ўтапічныя праекты стварэння сусветнай эканамічнай сістэмы. У праве яны садзейнічаюць насаджэнню тэорыі міжнароднай правасуб'ектыўнасці асобы, т.зв. «сусветнага права», заснаванага на адмаўленні нацыянальнага суверэнітэту. Такія погляды з'яўляюцца ўтопіяй, бо яны не ўлічваюць існаванне дзяржаў з розным грамадскім ладам, барацьбы народаў за нацыянальнае вызваленне, захаванне нацыянальнага суверэнітэту. Касмапалітызм - гэта ідэалогія, якая адмаўляе дзяржаўны і нацыянальны суверэнітэт і прапаведуе адмаўленне ад нацыянальных традыцый, нацыянальнай культуры, патрыятызму. Касмапалітамі называюць людзей, якія не лічаць сябе прыналежнымі да якой-небудзь нацыянальнасці, краіны, а прызнаюць сваёй Айчынай увесь свет.
@Каштоўнасць, станоўчая або адмоўная значымасць для чалавека і грамадства пэўных з'яў рэчаіснасці і аб'ектаў навакольнага асяроддзя. Па сутнасці, ўся разнастайнасць з'яў рэчаіснасці, грамадскіх адносін і прадметаў чалавечай дзейнасці можа ацэньвацца ў плане іх дабра і зла, прыгажосці і агіднасці, справядлівасці і несправядлівасці, дапушчальнага і забароннага і да т.п. Каштоўнасці могуць быць агульначалавечымі (напр., ісціна, прыгажосць, міласэрнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (дэмакратыя, патрыярхат, манархія). Другой формай існавання каштоўнасці з'яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэтычных, палітычных, прававых і інш.). Да прадметных каштоўнасцей адносяць і натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; спажывецкую вартасць прадуктаў працы; сацыяльныя даброты і зло, абумоўленыя сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; прагрэсіўнае або рэакцыйнае значэнне гістарычных падзей; культурную спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэтычныя характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб'ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры; маральнае дабро і зло, якія заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэлігійнага пакланення і г.д. Адрозніваюць каштоўнасці, якія ўваходзяць у псіхалагічную структуру асобы ў форме асобаснай каштоўнаснай устаноўкі, ацэнкі, мэты і служаць звязвальным звяном паміж духоўнай культурай грамадства і духоўным светам асобы. Яны адлюстроўваюцца ў свядомасці ў выглядзе каштоўнасных арыентацый асобы, яе ўсвядомленых і мэтанакіраваных дзеянняў на карысць грамадства, дабрабыту і шчасця людзей.
Каштоўнасці, іх прырода і сутнасць з'яўляюцца прадметам даследавання спецыяльнай навукі - аксіялогіі. Як асобная навуковая дысцыпліна яна ўзнікла ў 2-й палове 19 ст., хоць розныя пытанні агульнай праблемы прыроды каштоўнасці (сэнс жыцця, сутнасць дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці) ставіліся на працягу ўсёй гісторыі філасофіі, пачынаючы са старажытнасці (Арыстоцель, Платон, Пратагор, Сакрат, Аўгусцін, П.Абеляр, Фама Аквінскі, Г.Гегель, І.Кант і інш.). Упершыню філасофскае азначэнне паняцця «каштоўнасці» як станоўчай або адмоўнай значнасці аб'екта ў адрозненне ад яго існавання было дадзена ў 1880-я г. нямецкімі філосафамі Р.Г.Логцэ і Г.Когенам. У сацыялогіі паняцце «каштоўнасць» увялі амерыканскія вучоныя Ў.Томас і Ф.Знанецкі, якія ў 1918 далі яго вызначэнне праз паняцце грамадскай значнасці прадмета і сацыяльнай устаноўкі, або больш ці менш выяўленых «правіл паводзін» асобы. У Беларусі філасофскі прынцып духоўнай самакаштоўнасці чалавека, хрысціянскія маральныя ідэалы дабра і справядлівасці знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці і творчасці Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У высокай духоўнасці, самаахвярным служэнні Бацькаўшчыне, агульнаму дабру і шчасцю суайчыннікаў бачылі галоўнае прызначэнне асобы Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, А.Луцкевіч, І.Канчэўскі і іншыя мысліцелі-гуманісты.
@Кібернетыка (ад грэч. kybernetike - мастацтва кіравання), навука аб агульных рысах працэсаў і сістэм кіравання ў тэхнічных прыладах, жывых арганізмах і чалавечых арганізацыях. Як асобая галіна міждысцыплінарнага характару сфармавалася ў сярэдзіне 20 ст. Прынцыпы кібернетыкі ўпершыню выкладзены ў працах амерыканскага матэматыка Н.Вінера (1894-1964). Узнікненне кібернетыкі падрыхтавана шэрагам тэхнічных і прыродазнаўчых дасягненняў у галіне тэорыі аўтаматычнага рэгулявання: радыёэлектронікі, якая дазволіла сканструяваць хуткадзеючыя назіральныя і праграмна-кіроўныя вылічальныя прылады; матэматычнай логікі і тэорыі алгарытмаў; фізіялогіі нервовай дзейнасці і інш. У адрозненне ад прылад, якія пераўтвараюць энергію або рэчыва, для кібернетычных сістэм характэрны працэсы перапрацоўкі інфармацыі. Інфармацыйна-рэгулятыўныя працэсы ўзніклі разам з арганічным жыццём на Зямлі: аднаклетачныя арганізмы - гэта першыя кібернетычныя сістэмы прыроднага паходжання, якія валодаюць асаблівай функцыянальнай уласцівасцю, што не можа быць выяўлена з дапамогай органаў пачуццяў і прыбораў і праяўляецца ў інфармацыйна-рэгулятыўных працэсах. Займаючы прамежкавае становішча паміж філасофіяй і матэматыкай, з аднаго боку, і прыватнымі навукамі - з другога, агульная тэорыя сістэм і тэхнічная кібернетыка ствараюць асаблівы міждысцыплінарны блок навуковых ведаў, які нельга аднесці ні да гуманітарных, ні да тэхнічных, ні да прыродазнаўчых навук і які дапамагае філасофіі і матэматыцы ў інтэграцыі сучаснай навукі. Такім чынам, эпоха навукова-тэхнічнай рэвалюцыі прынесла агульную тэорыю сістэм і кібернетыку, якія радыкальным чынам змянілі навуковую карціну свету і стыль мыслення сучаснага вучонага.
@Кіч, спецыфічная з'ява масавай культуры, якая імітуе мастацтва, але пазбаўлена яго мастацкай каштоўнасці. Слова «кіч» паходзіць ад трох найбольш верагодных першаасноў: нямецкіх kitsch - халтура, verkitschen - зрабіць таннейшым; ангельскай for, the, kitchen - для кухні. Шырокая камерцыялізацыя спажывання выклікала ў 20 ст. з'яўленне масавай прадукцыі, разлічанай на шырокі і зменлівы пакупны попыт. Кіч пранік літаральна ва ўсе сферы культуры: ад стварэння коміксаў да імітацыі ўнікальных твораў; ён фармуе ў масавым маштабе пэўныя густы і арыентацыі.
@Космас (грэч. kosmos - лад, парадак, свет, сусвет), першапачаткова ў старажытных грэкаў Сусвет - стройная арганізаваная сістэма ў процілегласць хаосу, бязладнаму нагрувашчванню матэрыі. У сучасным разуменні тэрмін «космас» мае некалькі значэнняў: сінонім Сусвету; усё, што знаходзіцца па-за межамі Зямлі і яе атмасферы; вобласць прасторы, даступная даследаванням касмічнымі апаратамі (прыблізна супадае з планетнай сістэмай); найбліжэйшая і найбольш даступная для такіх даследаванняў вобласць - калязямная прастора (часам называюць «блізкі космас»).
@Крызіс (ад грэч. krisis - рашэнне, паваротны пункт, выхад), рэзкі, круты пералом у чым-небудзь, цяжкае пераходнае становішча; востры недахоп, нястача чаго-небудзь, цяжкая сітуацыя. Крызіс эканамічны - адна з фаз цыкла вытворчасці, якая выяўляецца ў рэзкім спадзе аб'ёмаў вытворчасці ў выніку перавытворчасці тавараў у параўнанні з плацежаздольнасцю насельніцтва. Крызіс фінансавы - глыбокае расстройства дзяржаўных фінансаў, якое ўзнікла ва ўмовах агульнага крызісу эканомікі. Крызіс палітычны - усеагульная незадаволенасць і ўзбурэнне ў краіне, выкліканыя правіламі дзяржаўнай палітыкі кіруючых колаў. У медыцыне паняцце «крызіс» азначае пералом у цячэнні хваробы, які суправаджаецца хуткай нармалізацыяй тэмпературы і знікненнем іншых прыкмет захворвання.
@Культура (лац. cultura), сукупнасць практычных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія адлюстроўваюць гістарычна дасягнуты ўзровень развіцця грамадства, чалавека, ўвасоблены ў выніках вытворчай дзейнасці. Пачаўшы сваю гісторыю ў мове старажытных рымлян як агратэхнічны тэрмін, што абазначаў апрацоўку зямлі, паняцце «культура» ўпершыню было выкарыстана Цыцэронам для абазначэння духоўнай дзейнасці, філасофію ён назваў «культурай розуму». Антычнасць вылучыла і такі аспект культуры, звязаны са штучным асяроддзем, якое ствараецца чалавекам і без якога грамадскае жыццё было б немагчымае. Розум як аснова і інструмент стваральна-творчай дзейнасці людзей, як крыніца культуры атрымаў філасофскае вытлумачэнне мысліцеляў арабскага Ўсходу Ібн Рушда, Ібн Сіны і інш. Філосафы-асветнікі 18 ст. пачалі разумець культуру як сукупнасць непрыродных якасцей чалавека і ўсяго, што створана ім, а нямецкі пісьменнік-філосаф І.Г.Гердэр выкарыстаў гэтае паняцце для характарыстыкі ўсяго грамадска-гістарычнага быцця людзей. У яго культура стала родавай прыкметай усяго чалавецтва.
Сучасная філасофская тыпалогія культуры зыходзіць з фундаментальнага адрознення спосабаў чалавечай дзейнасці (матэрыяльная і духоўная вытворчасць) і ўзроўняў арганізацыі грамадскага быцця людзей (асоба, група, сістэма, чалавечая цывілізацыя). Матэрыяльная культура ахоплівае ўсю сферу прадметна-практычнай дзейнасці чалавека і яе вынікі: сродкі вытворчасці, тэхніку, транспарт, сувязь, жыллё, прадметы штодзённага ўжытку, вопратку і г.д. Да духоўнай культуры адносяцца з'явы індывідуальнай і грамадскай свядомасці: чалавечыя ўяўленні, маральнасць, выхаванне, асвета, прававыя нормы, навука, мастацтва, філасофія, міфалогія, рэлігія і да т.п. Матэрыяльная і духоўная культура пераплецены, непарыўна звязаны паміж сабой. Перавага матэрыяльных культурных каштоўнасцей як вынік навукова-тэхнічнага прагрэсу і тэхналагізацыі грамадскага жыцця, якая намецілася ў 20 ст., стымулявала рост песімістычных прагнозаў пра будучыню чалавецтва. Цывілізацыя як матэрыяльная форма культуры пачала разглядацца ў якасці антыпода духоўнасці. Бескантрольная вытворчасць у імя неабмежаванага спажывання, прыярытэт прадметна-рэчавых каштоўнасцей над якасцямі духоўнымі, бязлітасная эксплуатацыя прыродных і інтэлектуальных рэсурсаў - усе гэтыя рэаліі нашага часу не з'яўляюцца выключнай прэрагатывай сучаснай эпохі. Такое ўжо было ў пераломныя для гісторыі перыяды неаднойчы. Адсюль і трывога, безнадзейнасць і змрочныя прароцтвы. Аднак чалавецтву страшны не прагрэс матэрыяльнай культуры, які сам па сабе з'яўляецца ўмовай гуманізацыі людскога быцця, а стыхійнасць і бескантрольнасць яго развіцця. Непазбежная гістарычная перабудова класічных формаў культурнай арганізацыі чалавечага грамадства ў адпаведнасці з новымі магчымасцямі матэрыяльнай вытворчасці зусім не абазначае скасавання духоўнага кампанента культуры, цэласнасць якой, наадварот, звязана з узаемастымуляваннем гэтых унутрана звязаных бакоў грамадскага развіцця. Аднак без свядомых намаганняў, без павышэння патэнцыялу разумнасці чалавецтва, без асэнсаванага кіравання ўласнымі сіламі падняцца на новую ступень гармоніі матэрыяльнай і духоўнай культуры нельга. Шлях да гэтай гармоніі - не вяртанне да патрыярхальных форм існавання паводле ўтапічных рэцэптаў выратавання свету, а прарыў да такога становішча, калі намаганнямі аб'яднанага чалавецтва грамадства пазбавіцца ад скажоных праяў сучаснай цывілізацыі, створыць культуру, у якой свабоднае і гарманічнае развіццё кожнага стане ўмовай і гарантам такога развіцця ўсіх.
У больш вузкім сэнсе культура - сфера духоўнага жыцця грамадства, якая перш за ўсё ахоплівае сістэму выхавання, адукацыі, духоўнай творчасці, а таксама ўстановы і арганізацыі, якія забяспечваюць яе функцыянаванне. Пад культурай таксама разумеюць узровень адукаванасці, выхаванасці людзей, валоданне імі пэўнай галіной ведаў або дзейнасці.
@Легітымацыя (ад лац. legitimus - законны), прызнанне ці пацвярджэнне законнасці дзяржаўнай улады; а таксама пэўных сацыяльных інстытутаў, статуса, паўнамоцтваў, якія абапіраюцца на прынятыя ў дадзеным грамадстве каштоўнасці. Асновай легітымацыі могуць быць канстытуцыйныя нормы, традыцыі і звычаі, выключная адоранасць (харызма), дэмакратычныя выбары, рэферэндум ці плебісцыт.
@Лёс, звышнатуральная і загадкавая прадвызначанасць і непазбежнасць падзей і ўчынкаў людзей. У старажытнагрэчаскай міфалогіі атаясамліваўся ў вобразах мойраў (трох багінь лёсу); старажытныя рымляне называлі іх паркамі і верылі ў няўхільную прадвызначанасць усяго, што адбываецца з чалавекам, у яго фатальнасць («фатум» - лёс). Вера ў лёс - перадумова ўзнікнення і існавання астралогіі. Хрысціянства проціпастаўляла веры ў лёс ідэю боскага прадвызначэння, а іслам - спадзяванне на волю Алаха.
@Лібералізм (ад лац. liberalis - свабодны), лад мыслення і дзейнасці, што характарызуецца незалежнасцю ў адносінах да традыцый, догмаў, схільнасцю да актыўнага самавызначэння ў свеце; ідэйна-палітычнае вучэнне, палітычныя і эканамічныя праграмы, мэта якіх - ліквідаванне ці змякчэнне дзяржаўнага і грамадскага прымусу ў адносінах да асобы. Ідэі лібералізму ідуць ад эпохі буржуазных рэвалюцый 17-18 ст., калі былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы буржуазнага грамадства. Выступіўшы з крытыкай феадальных эканамічных парадкаў, прадстаўнікі ангельскай класічнай палітэканоміі абгрунтавалі і заклік «Не перашкаджайце дзейнічаць!», які патрабаваў пазбаўлення ад кругавой рэгламентацыі і абмежавання знешняга гандлю, поўнага разняволення прыватнай ініцыятывы, вызвалення прадпрымальніцтва ад апекі дзяржавы.
Светапоглядныя ўстаноўкі лібералаў прапаведуюць свабоду ад групавых, класавых і нацыяналістычных перакананняў, памяркоўнасць, гуманізм, дэмакратызм, безумоўную каштоўнасць асобы. У палітычным плане лібералізм настойвае на прыярытэце правоў чалавека, раздзяленні заканадаўчай і выканаўчай улады, свабодзе выбару заняткаў і канкурэнцыі. Пры гэтым асабліва вылучаецца непарыўная сувязь свабоды індывіда і яго сацыяльнай адказнасці. Найноўшыя версіі лібералізму характарызуюцца рацыяналізмам, індывідуалізмам, паслядоўнай абаронай правоў і свабод асобы, імкненнем даць ідэалагічнае абгрунтаванне дэмакратыі, антыфашысцкімі і антыкамуністычнымі памкненнямі.
У сучасным свеце відавочна паслабленне ідэйных і палітычных пазіцый лібералізму. У краінах Заходняй Эўропы з ліберальнымі партыямі паспяхова сапернічаюць сацыял-дэмакраты і кансерватары. У ЗША лібералізм эвалюцыянаваў у напрамку сацыял-рэфармізму і працягвае ўплываць на жыццё амерыканскага грамадства. У краінах былога сацыялістычнага лагера ліберальныя ідэі набылі прыкметнае пашырэнне, але іх рэалізацыя адбываецца з улікам традыцыйных гістарычных і культурных каштоўнасцей народаў гэтых краін.
@Лідэрства (ад англ. leader - вядучы, кіраўнік). Практычна ў любым відзе дзейнасці сярод канкрэтнай групы асоб вылучаецца найбольш аўтарытэтная, здольная ўздзейнічаць на іншых, аб'ядноўваць у сумеснай дзейнасці. Лідэр - гэта індывід, які валодае найбольш ярка выяўленымі якасцямі, яго дзейнасць больш прадукцыйная, і за ім пэўная супольнасць прызнае права на прыняцце рашэнняў. Аўтарытэт лідэра найчасцей заснаваны на здольнасці згуртоўваць, аб'ядноўваць іншых для дасягнення групавой мэты. Такая асоба незалежна ад стылю лідэрства (аўтарытарнага або дэмакратычнага) рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы ў міжгрупавых зносінах, уплывае на фармаванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей і ў некаторых выпадках сімвалізуе іх. Такім чынам, лідэрства - гэта адзін з механізмаў інтэграцыі групавой дзейнасці, калі індывід або частка сацыяльнай групы аб'ядноўвае, накіроўвае дзеянні ўсёй групы, якая прымае і падтрымлівае дзеянні лідэра. Адрозніваюць фармальнае лідэрства, якое вынікае з устаноўленых правіл прызначэння кіраўніка, і нефармальнае лідэрства, што ўзнікае на аснове асабістых адносін удзельнікаў. Асаблівы від уяўляе лідэрства палітычнае як з'ява палітычнага і грамадскага жыцця, звязаная з ажыццяўленнем функцый улады. Кожнаму гістарычнаму этапу грамадскага развіцця, кожнаму класу ўласцівы свае метады фармавання, выхавання і вылучэння лідэраў, арганізацыі лідэрства.
@Літаратура (лац. litteratura літар. - напісанае), творы пісьменства, сукупнасць пісьмовых і друкаваных тэкстаў, адзін з асноўных відаў мастацтва. Паводле зместу адрозніваюць мастацкую, інфармацыйную, навуковую літаратуру; паводле паходжання - арыгінальную, перакладную; паводле прызначэння - навучальную, тэхнічную, палітычную і г.д. З 18 ст. тэрмін «літаратура» замацоўваецца за прыгожым пісьменствам - відам мастацтва, дзе вобразнасць ствараецца з дапамогай слова. Мастацкая літаратура ўключае вусна-паэтычную творчасць (фальклор) і пісьмовую літаратуру. Літаратуру дзеляць на 3 роды - эпас, лірыку і драму. Сярод мастацтваў літаратура вылучаецца ўніверсальнасцю, змястоўнасцю, глыбінёй пранікнення ў жыццё. Яна ўзаемадзейнічае з філасофіяй, мараллю, палітыкай і іншымі формамі грамадскай свядомасці, актыўна ўплывае на іншыя віды мастацтва, дае аснову для тэатра, оперы, балета, кінамастацтва, тэлебачання, радыё, узбагачае графіку, жывапіс, музыку і інш. Даследаваннем літаратуры займаецца літаратуразнаўства.
Узнікненне літаратуры ў Беларусі выклікана культурна-гістарычнымі патрэбамі і звязана са з'яўленнем у 10 ст. ва ўсходніх славян пісьменства. У сярэднявеччы ўжо бытавалі ўсе асноўныя віды і жанры старажытнай літаратуры. Буйнейшымі цэнтрамі пісьменства былі Полацак і Смаленск, дзе складзены жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве ў 12 ст. тварыў Кірыла Тураўскі.
У 14-16 ст., калі беларуская мова набыла ў Вялікім Княстве Літоўскім статус дзяржаўнай, на ёй актыўна развівалася дзелавое пісьменства, вялося агульнадзяржаўнае летапісанне, ствараліся мастацкія творы і перакладаліся творы зарубежнай літаратуры. У 16-17 ст., дзякуючы развіццю беларускага друкарства (Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі і інш.), літаратура дасягнула значнага ўзроўню. Пазней пісьменства на старажытнай беларускай мове затухае і адраджаецца толькі ў 19 ст. на аснове нацыянальнага фальклору і дзейнасці выдатных пісьменнікаў-адраджэнцаў (Ян Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч). На пачатку 20 ст. беларуская літаратура праходзіць працэс паскоранага развіцця, узбагачаецца класічнымі творамі ўсіх паэтычных, празаічных, драматычных жанраў і выходзіць на міжнародную арэну (творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.). Для многіх твораў беларускай літаратуры ўласцівыя жыццесцвярджальны пафас, гуманізм, патрыятызм, імкненне да праўдзівага мастацкага адлюстравання рэчаіснасці.
@Лобі (лабізм; ад англ. lobby - кулуары), закулісная, утоеная дзейнасць прадстаўнікоў розных палітычных колаў ці арганізацый, якія дамагаюцца прыняцця або правалу рашэння ці закону шляхам уздзеяння на заканадаўцаў і іншых афіцыйных асоб. Лабізм - гэта кулуарная арганізаванасць для дасягнення пэўных, найчасцей невысокіх мэт надакучліва-настойлівым шляхам, а таксама прыхільнасць да інтарэсаў вузкіх груповак, што рвуцца да ўлады.
@Логіка (грэч. logike), агульная назва навук, якія вывучаюць законы, формы, сродкі і метады мыслення. Вылучаюць фармальную, дыялектычную і матэматычную логіку. Яшчэ ў старажытнасці была заўважана важная ўласцівасць мыслення чалавека: з выказваемых сцвярджэнняў могуць быць зроблены не любыя, а канкрэтныя вывады. Вынікі мыслення ў многім абумоўлены і прадвызначаны папярэднімі ведамі. Гэту ўласцівасць шырока выкарыстоўваў у сваіх дыялогах старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат. Арыстоцель паказаў, што дакладнасць вынікаў разважанняў залежыць не толькі ад ісціннасці зыходных палажэнняў (пасылак), але і ад адносін паміж імі, спосабу іх злучэння, г.зн. ад формы разважання. Ён сфармуляваў законы правільнага разважання: тоеснасці, супярэчнасці, выключанага трэцяга. Такую навуку І.Кант называў фармальнай логікай. Уклад у развіццё фармальнай логікі зрабілі раннія стоікі, у сярэднія вякі - схаласты (Дунс Скот, Р.Лулій), у новы час - Г.Лейбніц і інш. Дыялектычная логіка на ідэалістычнай аснове ўсебакова распрацавана Г.Гегелем, на матэрыялістычнай аснове - марксізмам. Яна зыходзіць з аналізу ўзнікнення і развіцця формаў мыслення, высвятлення ролі знакаў і знакавых сістэм у адлюстраванні рэчаіснасці, узаемаадносін агульных і прыватных метадаў пазнання, сапраўдных і несапраўдных ведаў і інш. У сярэдзіне 19 ст. ангельскі матэматык і логік Дж.Вуль заклаў асновы матэматычнай (сімвалічнай) логікі; тады ж як раздзел логікі пачала распрацоўвацца і лагічная семантыка (даследаванне адносін паміж словамі і выразамі і тым, што яны азначаюць). Матэматычная логіка шырока выкарыстоўваецца ў вылічальнай матэматыцы, кібернетыцы, у тэорыі праграмавання, пры праектаванні і ў рабоце вылічальных машын, у матэматычнай лінгвістыцы, інфарматыцы, псіхалогіі, тэорыі кіравання і эканоміцы, юрыспрудэнцыі і этыцы. Логіка мае вялікае значэнне ў павышэнні агульнай і прафесійнай культуры людзей. Яна вучыць правілам вядзення дыскусій, спрэчак, аргументаванай абароны сваіх перакананняў, прапаноўвае метады набліжэння да ісціны.
@Любоў (каханне, любасць), пачуццё, якое адпавядае адносінам агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, заснаваным на іх узаемнай зацікаўленасці і схільнасці. Праявы любві могуць быць розныя: пачуццё ўзаемнай сімпатыі і дружбы паміж людзьмі (у шырокім сэнсе - узаемаадносіны паміж людзьмі, заснаваныя на агульнасці імкненняў і інтарэсаў); палавая цяга, якая параджае каханне, нарэшце, станоўчыя адносіны да аб'екта пазнання і практычнай дзейнасці (любоў да прыроды, ісціны, да жыцця і г.д.). У самым абагульненым, абстрактным сэнсе любоў у этыцы і філасофіі разумеецца як такія адносіны паміж людзьмі, калі адзін чалавек разглядае другога як блізкага самому сабе і пэўным чынам атаясамлівае сябе з ім: адчувае патрэбнасць да аб'яднання і збліжэння; атаясамлівае з ім свае ўласныя інтарэсы і памкненні; добраахвотна фізічна і духоўна аддае сябе іншаму і імкнецца ўзаемна валодаць ім. Катэгорыя любві адыгрывала важную ролю ў гісторыі маральных вучэнняў, этыкі і нават філасофіі. У старажытнагрэчаскай філасофіі любоў напачатку разглядалася як «эрас» - касмічная сіла, падобная на сілу прыцягнення. Вучэнне пра любоў грэкі разглядалі як энергію сусвету, якая будуе, згуртоўвае, рухае. Нават Арыстоцель бачыў у руху нябесных сфер праяву нейкай сусветнай любві да духоўнага прынцыпу руху - рухальнай першапрычыны. Платон жа прадметам любві лічыў абсалютнае дабро і абсалютную прыгажосць. Ён разглядаў любоў як чыста духоўнае паняцце, не звязанае з пачуццём (адсюль выраз «платанічная любоў»). У хрысціянскай рэлігіі любоў трактуецца як сутнасць Бога і адначасова галоўны запавет чалавеку: «Палюбі бліжняга, як самога сябе». У эпоху Рэнесансу ўзнаўляецца цікавасць да платонаўскай тэорыі любві і геданістычнага самазадавальнення (радасная натуральнасць пачуцця кахання). У паўсядзённым жыцці любоў трактуецца як каханне - інтэнсіўнае, напружанае і адносна ўстойлівае пачуццё, фізіялагічна абумоўленае сексуальнымі патрэбамі. Любоў абавязкова ўключае парыў і волю да пастаянства, якія афармляюцца ў этычныя патрабаванні вернасці. Любоў узнікае як самая свабодная і «непрадказальная» выява сутнасці асобы. Яе нельга прымусова выклікаць або пераадолець. Важнасць і складанасць з'явы любві вызначаецца тым, што ў ёй, як у фокусе, перакрыжоўваюцца супрацьлегласці біялагічнага і духоўнага, асабістага і сацыяльнага, інтымнага і агульназначнага.
@Магія (лац. magia ад грэч. mageia - чарадзейства), абрады, таямнічыя дзеянні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на з'явы прыроды, людзей, духаў. У Старажытнай Грэцыі магіяй называлі таямнічыя дзеянні, звязаныя з астралогіяй, гаданнем і народнай медыцынай. Неаплатонікі і неапіфагарыйцы яшчэ адрознівалі магію ад чарадзейства. У 3 ст. яе сталі разумець як чарадзейства. У такім значэнні гэтае паняцце дайшло да нашых дзён. У старажытнасці магічную практыку падзялялі на вытворчую (абрады выклікання дажджу, садзейнічанне паспяховаму паляванню), лячэбную (белая магія), шкодную (пасыланне сурокаў - чорная магія) і інш. Элементы магіі ўласцівыя абрадам усіх рэлігій. Магічныя ўяўленні пра свет, пра ўзаемасувязь усіх рэчаў далі штуршок развіццю алхіміі, натурфіласофіі і розных «тайных вучэнняў», пашыраных у сярэднявеччы. У сувязі з магіяй развівалася вопытнае прыродазнаўства (працы Дж. дэла Порта, Дж.Кардана, Парацэльса і інш.). Да нашага часу магія захавалася галоўным чынам на бытавым узроўні ў выглядзе веры ў замовы, у псаванне і інш.
@Магчымасць і рэчаіснасць, суадносныя філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць дзве асноўныя ступені ў станаўленні і развіцці прадмета або з'явы. Магчымасць - аб'ектыўная тэндэнцыя станаўлення прадмета, якая выяўляецца ў наяўнасці ўмоў для яе ажыццяўлення. Рэчаіснасць - аб'ектыўна існуючы прадмет як вынік рэалізацыі некаторай магчымасці, у шырокім сэнсе - сукупнасці ўсіх рэалізаваных магчымасцей. Існуюць абстрактная (фармальная) і рэальная (канкрэтная) магчымасці. Абстрактная магчымасць характарызуе адсутнасць прынцыповых перашкод для станаўлення прадмета («усё магчымае, што не супярэчыць сабе»), але для яе здзяйснення няма ўсіх неабходных умоў. Рэальная магчымасць валодае для сваёй рэалізацыі ўсімі неабходнымі ўмовамі: схаваная ў рэчаіснасці, яна пры пэўных умовах становіцца новай рэчаіснасцю. Змяненне ўмоў вызначае пераход абстрактнай магчымасці ў рэальную, а апошняя ператвараецца ў рэчаіснасць. Філасофскае асэнсаванне гэтых паняццяў пачалося ў Старажытнай Грэцыі. Эгейская і мегарская школы сцвярджалі, што толькі пра рэчаіснае (разумелася як агульнае ўсеабдымнае быццё) можна гаварыць як пра магчымае. Арыстоцель раскрыў сувязь магчымасці і рэчаіснасці з рухам і развіццём. Апошняе ён тлумачыў як пераход ад магчымасці да рэчаіснасці. Сваю дыялектыку магчымасці і рэчаіснасці Арыстоцель звязваў з вучэннем пра абсалютную пасіўнасць матэрыі і актыўнасць формы, лічачы, што форма надае пасіўным магчымасцям здольнасць ператварацца ў рэчаіснасць. Гэтая канцэпцыя панавала і ў сярэднявечнай філасофіі. У 17-18 ст. прадстаўнікі механістычнага матэрыялізму (Т.Гобс, Ж.Б.Ламарк, П.Гольбах) абсалютызавалі ў катэгорыі рэчаіснасці аспект строгай дэтэрмінаванасці і прыйшлі да адмаўлення аб'ектыўнага значэння магчымасці, атаясамліваючы яе з выпадковасцю. І.Кант лічыў, што магчымасць адпавядае фармальным умовам вопыту, рэчаіснасць - матэрыяльным умовам, неабходнасць - усеагульным умовам вопыту. Г.Гегель разглядаў магчымасць як абстрактны момант рэчаіснасці і вызначаў апошнюю як канкрэтнае адзінства ўнутранага і знешняга, сутнасці і з'явы. Паводле дыялектыка-матэрыялістычнага вучэння, пераход магчымасці ў рэчаіснасць пастаянна здзяйсняецца ў неарганічнай і арганічнай прыродзе. У пазнавальнай дзейнасці чалавека пазнанне як магчымасць існуе ўжо ў элементарным пачуццёвым успрыманні, але сваёй сапраўднасці дасягае ў навуцы і іншых формах адлюстравання. Працэс ператварэння магчымасці ў рэчаіснасць можа мець выгляд простага змянення (пераважна ў неарганічнай прыродзе), стыхійнага развіцця (у арганічнай прыродзе), свядомай дзейнасці (у грамадстве). Пераход магчымасці ў рэчаіснасць адкрывае шлях да магчымасцей наступнага, больш высокага ўзроўню. Калі ў грамадскім жыцці ўзнікаюць розныя магчымасці, то людзі як свядомыя актыўныя істоты выбіраюць тыя з іх, якія ў найбольшай ступені адпавядаюць іх інтарэсам, вартасным устаноўкам індывідаў, сацыяльных груп і дзейнічаюць у адпаведнасці з гэтым выбарам, ператвараючы магчымасць у рэчаіснасць.
У фармальнай логіцы паняцці магчымасці і рэчаіснасці ляжаць у аснове тэорыі мадальнасці, заснаванай Арыстоцелем. Разважанні ён класіфікаваў на праблематычныя (разважанні магчымасці), асертарычныя (разважанні рэчаіснасці) і ападыктычныя (разважанні неабходнасці). Гэтая класіфікацыя захавалася і ў сучаснай логіцы. Разважанні магчымасці (тыпу «магчыма, заўтра будзе дождж») і рэчаіснасці (тыпу «неба пахмурнае») могуць быць адзінкавыя, прыватныя або агульныя; разважанні магчымасці па форме заўсёды сцвярджальныя; разважанні рэчаіснасці могуць быць і сцвярджальныя і адмоўныя.
@Маёмасць. Паводле беларускага заканадаўства, ва ўласнасці грамадзян могуць знаходзіцца жылыя дамы, кватэры, дачы, зямельныя ўчасткі (т.зв. «нерухомая маёмасць»), транспартныя сродкі, грашовыя сродкі, акцыі і іншыя каштоўныя паперы, прадметы хатняй гаспадаркі і асабістага ўжытку, сродкі вытворчасці для вядзення сялянскай (фермерскай) або асабістай падсобнай гаспадаркі, садоўніцтва, агародніцтва, індывідуальнай і іншай гаспадарчай дзейнасці, створаная прадукцыя і атрыманыя даходы, а таксама іншая маёмасць спажывецкага і вытворчага прызначэння. Склад і вартасць маёмасці, набытай грамадзянінам за кошт працоўных даходаў і зберажэнняў і на іншых падставах, дазволеных заканадаўствам, не абмяжоўваецца. Грамадзянін правамоцны распараджацца сваёй маёмасцю паводле асабістага меркавання - прадаваць, здаваць у арэнду, рабіць з ёю іншыя здзелкі, якія не супярэчаць закону. Права на маёмасць ахоўваецца законам. Уласнік мае права выпатрабаваць сваю маёмасць з чужога незаконнага валодання і спагнаць панесеныя ім страты. Такім чынам, маёмасць - гэта матэрыяльны аб'ект грамадзянскіх правоў асобы, тое, што знаходзіцца ў чыёй-небудзь уласнасці, а таксама сукупнасць маёмасных правоў (актыў) або маёмасных правоў і абавязкаў (актыў і пасіў), якія належаць пэўнай асобе.
@Манаполія (ад грэч. monos - адзін + poleo - прадаю), выключнае становішча ці права асобы, прадпрыемства, дзяржавы ў пэўнай сферы эканомікі, што дазваляе ім атрымліваць максімальны прыбытак. Сутнасць гэтай з'явы ў тым, што буйныя прадпрымальнікі ці іх аб'яднанні ўстанаўліваюць кантроль у сферы вытворчасці і на рынках збыту сваіх тавараў і дыктуюць на іх манапольна высокія цэны.
Існуюць наступныя віды манаполіі: картэль - пагадненне паміж удзельнікамі-вытворцамі пра долю кожнага з іх у агульным аб'ёме вытворчасці, цэны на тавары, умовы найму рабочай сілы і размежаванне рынкаў збыту; фірмы, што ўваходзяць у картэль, застаюцца самастойныя ў адміністрацыйных і фінансавых адносінах, аднак умовы пагаднення для іх абавязковыя; сіндыкат - аб'яднанне ўдзельнікаў-вытворцаў, якія маюць юрыдычную і вытворчую самастойнасць, але сумесна набываюць сыравіну, рэалізуюць прадукцыю і таму трацяць камерцыйную самастойнасць; трэст - аб'яднанне ўдзельнікаў-вытворцаў, якія губляюць вытворчую, камерцыйную і юрыдычную самастойнасць; канцэрн - шматгаліновае аб'яднанне прадпрыемстваў прамысловасці, гандлю, транспарту, фінансавых кампаній, банкаў, якія пазбаўлены самастойнасці і знаходзяцца пад фінансавым кантролем галаўной фірмы; кансорцыум - часовае пагадненне паміж прамысловымі кампаніямі і банкамі для ажыццяўлення буйных праектаў, правядзення маштабных фінансавых аперацый па размяшчэнні каштоўных папер і сумесных навуковых даследаванняў; яго ўдзельнікі захоўваюць пэўную самастойнасць; дзяржаўная манаполія - падпарадкаванне дзяржаве пэўных сфер гаспадарчай дзейнасці (напрыклад, у СССР і іншых сацыялістычных краінах існавала валютная манаполія, манаполія знешняга гандлю). Панаванне манаполій адносіцца да перыяду станаўлення манапалістычнага капіталізму, калі манаполіі валодалі сферай вытворчасці, рынкамі збыту прадукцыі і дыктавалі цэны на прадукцыю. Аднак пазней развітыя краіны, ажыццяўляючы дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, пачалі ўводзіць антыманапольнае заканадаўства з мэтай абмежаваць карыслівыя дзеянні манаполій, падтрымаць малы і сярэдні бізнес, паспрыяць развіццю канкурэнцыі.
@Манетарызм (ад англ. monetarism), эканамічная тэорыя, паводле якой колькасць грошай у абарачэнні з'яўляецца вызначальным фактарам фармавання гаспадарчай кан'юнктуры і існуе прамая сувязь паміж змяненнем грашовай масы ў абарачэнні і велічынёй валавога нацыянальнага прадукту. У рыначнай эканоміцы некаторых краін з дапамогай рэгулявання аб'ёму грашовай масы рэгулююцца эканамічныя працэсы. Прыхільнікі манетарызму абсалютызуюць грошы і, надаючы ім ролю вызначальнага фактара, часам атрымліваюць непажаданыя вынікі ў грамадскім жыцці (напрыклад, шматлікія забастоўкі гарнякоў у Расеі, выкліканыя штучным затрымліваннем выплаты зарплаты). Палітыка стрымлівання даходаў насельніцтва, змяншаючы попыт, выклікае рост беспрацоўя і іншыя сацыяльна-эканамічныя дэфармацыі і супярэчнасці.
@Манія (грэч. mania - вар'яцтва, цяга), хваравітая, канцэнтрацыя свядомасці на якой-небудзь адной ідэі, мэце, якая часам даходзіць да абсурду. У палітычнай практыцы вядомы, напрыклад, манія вялікасці, манія праследавання, манія падазронасці, манія валодання ісцінай і г.д. Дзеянні ўладарнага палітыка (у асаблівасці лідэра), псіхіка якога абцяжарана маніякальнымі сімптомамі, могуць нанесці вялікую шкоду не толькі яго акружэнню, але і грамадству ў цэлым.
@Мараль (франц. morale ад лац. moralis - маральны), адзін з асноўных спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве; асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); прадмет спецыяльнага вывучэння этыкі. Мараль рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх без выключэння сферах яго грамадскага жыцця - у працы, побыце, палітыцы, навуцы, у сям'і і грамадскіх месцах, хоць і адыгрывае ў іх неаднолькавую ролю. Акрамя маралі ва ўсіх гэтых сферах дзейнічаюць і іншыя рэгулятары паводзін - дзяржаўныя прававыя нормы і дэкрэты, вытворча-адміністрацыйныя інструкцыі, статуты і ўказанні. На паводзіны людзей ўздзейнічаюць і такія грамадскія фактары, як выхаванне, звычаі, традыцыі, грамадская думка. Ва ўсёй разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца тыя ці іншыя ўчынкі. Так, эканамічнае рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; нормы права замацоўваюцца ў афіцыйным заканадаўстве і падтрымліваюцца сілай дзяржаўнага прымусу; адміністрацыйныя формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіцыйных паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні маралі кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях маралі не звязаны з якімі-небудзь афіцыйнымі паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. Ён з'яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. У адрозненне ад звычаяў, норавы падтрымліваюцца не толькі ў выніку заведзенага і агульнапрызнанага парадку, а набываюць сэнс агульначалавечых маральных каштоўнасцей і прынцыпаў. Апошнія аб'ядноўваюцца ў стройную сістэму поглядаў на прызначэнне чалавека, дабро і зло, сэнс жыцця. З дапамогай гэтай сістэмы можна ацаніць кожны ўчынак, лінію паводзін або лад жыцця ў цэлым. Важную ролю ў маральным стане чалавека адыгрывае яго свядомасць. Абапіраючыся на выпрацаваныя грамадствам маральныя крытэрыі, асобны індывід можа рэгуляваць свае паводзіны і даваць маральную ацэнку ўсяму, што адбываецца вакол яго. Чалавек можа выступаць і як аб'ект грамадскага кантролю, і як самастойная асоба (суб'ект) з уласнай маральнай самасвядомасцю (перакананнямі, пачуццямі, схільнасцямі, сумленнем). Мараль складаецца з дзейнасці, паводзін і ўчынкаў людзей, матываваных спецыяльным чынам. Маральная дзейнасць і адносіны адлюстроўваюцца і замацоўваюцца ў свядомасці чалавека. Адзінства ўсіх гэтых бакоў вызначае прыроду і спецыфіку маралі.
@Маркетынг (англ. marketing ад market - рынак, збыт), сістэма кіравання вытворча-збытавай дзейнасцю прадпрыемстваў і фірмаў, якая грунтуецца на комплексным аналізе рынку. Узнікла на пачатку 20 ст. ў ЗША. Пашырэнне набыла ў 1950-1960-я г. ў сувязі з абвастрэннем праблем збыту і выкарыстаннем новых, т.зв. «няцэнавых метадаў канкурэнтнай барацьбы» (рэклама, канкурэнцыя якасці і інш.). Мэта маркетынгу - стварэнне ўмоў для прыстасавання вытворчасці да грамадскага попыту, патрабаванняў рынку, распрацоўка комплексу ўзаемаўзгодненых арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па вывучэнні рынку, інтэнсіфікацыі збыту, павышэнні канкурэнтаздольнасці тавараў. У функцыі маркетынгу ўваходзяць: вывучэнне попыту і пытанняў цэнаўтварэння; рэклама і стымуляванне попыту; прагназаванне таварнага асартыменту, збыту і гандлёвых аперацый; дзейнасць, звязаная з захоўваннем, транспарціроўкай тавараў, кіраваннем гандлёва-камерцыйным персаналам, арганізацыяй абслугоўвання спажыўцоў. На аснове аналізу рынку, яго тэндэнцый, вывучэння спажывецкіх звычак, тэрытарыяльных, сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцей попыту на прадукцыю фірмы служба маркетынгу складае праграму вытворчасці гэтай фірмы. Потым на аснове комплекснага вывучэння рынку (усіх яго аспектаў, уключаючы аналіз вытворчасці і рыначнай палітыкі фірм-канкурэнтаў) і з улікам праграмы вытворчасці распрацоўваецца праграма маркетынгу, асноўная задача якой - вызначэнне агульных прынцыпаў стратэгіі канкурэнтных паводзін фірмы на рынку збыту. Гэтая праграма з'яўляецца аператыўным планам дзейнасці для ўсіх падраздзяленняў і службаў маркетынгу. Разам з гэтым актыўна і мэтанакіравана выкарыстоўваецца як традыцыйны метад інтэнсіфікацыі збыту - рэклама, так і новыя - выстаўкі-продажы, сістэма дадатковых паслуг, ільгот і прэмій пакупнікам і інш.
@Марксізм, філасофскае, эканамічнае і палітычнае вучэнне, заснавальнікамі ягога з'яўляюцца К.Маркс і Ф.Энгельс. Яны распрацавалі матэрыялістычную дыялектыку, матэрыялістычнае разуменне гісторыі, тэорыю прыбавачнай вартасці і вучэнне аб камунізме. Грамадства ў марксізме разглядаецца як арганізм, у структуры якога вытворчыя сілы вызначаюць адносіны паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці (вытворчыя адносіны) і формы ўласнасці, якія ў сваю чаргу абумоўліваюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, мараль, філасофію, рэлігію, мастацтва. Узаемадзеянне гэтых сфер утварае грамадска-эканамічныя фармацыі, змена якіх вызначае працэс паступальнага руху грамадства. Паводле марксісцкай канцэпцыі, барацьба пануючага і прыгнечаных класаў - рухаючая сіла гісторыі, а вышэйшым адлюстраваннем класавай барацьбы з'яўляецца сацыяльная рэвалюцыя.
Марксізм стаў важнай вяхой у развіцці сацыяльнай думкі 19 ст., ідэалагічнай асновай сацыял-дэмакратычнага руху, які з пач. 20 ст. падзяліўся на дзве плыні - рэвалюцыйную (У.І.Ленін і інш.), у якой перамагло бальшавіцкае вытлумачэнне марксізму, і рэфармісцкую (Э.Бернштэйн і інш.), якая падвергла крытыцы тэорыю марксізму і адмовілася ад яго асноўных палажэнняў. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 у Расеі марксізм стаў дзяржаўнай ідэалогіяй у РСФСР, потым СССР, іншых сацыялістычных краінах. Пры гэтым многія яго пастулаты (нават першапачаткова навукова аргументаваныя) ва ўмовах капіталістычнага акружэння СССР, а потым «халоднай вайны» падвергліся дагматызацыі, вульгарызацыі і выкарыстоўваліся пераемнікамі і паслядоўнікамі Ў.І.Леніна для ўмацавання аўтарытарнай улады, усталявання адміністрацыйна-камандных, бюракратычных метадаў кіравання грамадствам.
@Масавая культура. Гэтым тэрмінам найчасцей абазначаюць разнастайныя і разнародныя з'явы ў культуры 20 ст., якія набылі пашырэнне ў сувязі з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй і пастаянным абнаўленнем сродкаў масавай інфармацыі. Вытворчасць, распаўсюджванне і спажыванне прадуктаў масавай культуры носіць індустрыяльна-камерцыйны характар. Даволі шырокім з'яўляецца сэнсавы дыяпазон масавай культуры - ад прымітыўнага кіча (ранні комікс, меладрама, эстрадны шлягер, «мыльная опера») да складаных, змястоўна насычаных формаў (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў, поп-арт). Для эстэтыкі масавай культуры характэрна балансаванне паміж трывіяльным і арыгінальным, агрэсіўным і сентыментальным, вульгарным і вытанчаным. Маскультура адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў адпачынку, эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, забавах і гульнях. Тэорыя масавай культуры развівалася як частка канцэпцыі «масавага грамадства». У заходняй філасофіі і сацыялогіі разнастайна прадстаўлены як традыцыі крытычнага аналізу масавай культуры і проціпастаўлення яе элітарнай (О.Шпенглер, Х.Артэга-і-Гасет, Г.Адорна, Г.Маркузе), так і нейтральныя і нават пазітыўныя адносіны (Д.Бел, М.Мак-Люэн, Л.Уайт, А.Тофлер), якія бачаць у ёй сродак павышэння культурнага ўзроўню шырокіх мас і ў цэлым здавальняючую форму дэмакратызацыі сучаснага грамадства.
@Масонства (франкмасонства; ад франц. franc macon - вольны муляр), рэлігійна-этычны рух, згуртаванне тайных арганізацый якога прэтэндуе на аб'яднанне ўсяго чалавецтва на аснове «брацтва». Узнікла ў пачатку 18 ст. ў Вялікабрытаніі, пашырылася ў многіх краінах, у тым ліку Расейскай імперыі. Назва, арганізацыя (ложы), іерархія, сімвалы і іншыя традыцыі запазычаны ад сярэднявечных цэхаў (брацтваў) будаўнікоў-муляраў, якія ў той час будавалі цэрквы, замкі, крэпасці і жылі ў часовых памяшканнях - ложах (ад англ. lodge), а таксама часткова і ад сярэднявечных рыцарскіх містычных ордэнаў. Масоны імкнуліся стварыць тайную сусветную арганізацыю з мэтай мірнага аб'яднання чалавецтва ў брацкім саюзе. Лічачы Бога найвялікшым архітэктарам, масонства дапускае вызнанне любой рэлігіі, прымальныя любыя палітычныя структуры, калі ў іх прызнаецца важнасць маральнага выхавання людзей. Яго палітычныя арыентацыі неадназначны. У Амерыцы, Англіі, Швецыі, у меншай ступені ў Германіі і Францыі масонства санкцыянавала «ахоўныя» функцыі дзяржавы і падтрымлівала ўладныя структуры. Рэвалюцыйны патэнцыял масонства выяўляўся пераважна ва «ўскраінных» краінах: Польшчы (ілюмінатары), Італіі (карбанарыі), Расеі (тут яны былі звязаны з дзекабрыстамі), Лацінскай Амерыцы (большасць лідэраў барацьбы за незалежнасць было масонамі). Статус палітычных функцый і мэт масонства ў дастатковай ступені не вызначаны. Рэальны ўплыў яго часта перабольшваецца, што часам з'яўляецца крыніцай неверагодных чутак пра магутнасць гэтага руху.
@Мастацтва. Першапачаткова слова «мастацтва» абазначала тое, да чаго прыклаў руку чалавек, у чым ён стаў умелым майстрам. Ад слова «маста» (вучэнне, навука), утворанага ад грэчаскага mastoras (майстра), паходзяць і беларускія словы «мастак», «мастацтва». Ужо з гэтага вынікае цесная сувязь працы з мастацтвам. На пачатку чалавечай цывілізацыі мастацтва непасрэдна адлюстроўвала стан прадукцыйных сіл і вытворчых адносін. Але чым больш высокага ўзроўню развіцця дасягала грамадства, тым больш завуаляваным станавілася сувязь паміж матэрыяльнай асновай быцця і мастацкай дзейнасцю. Мастацтва - адлюстраванне рэчаіснасці ў мастацкіх вобразах, найважнейшы спосаб эстэтычнага асваення свету, адна з формаў грамадскай свядомасці. Пад мастацкім вобразам разумеюць такі спосаб адлюстравання, пры якім нейкая абагульняльная ідэя перадаецца гледачу, слухачу, чытачу ў канкрэтнай пачуццёвай форме. Гістарычна ў мастацтве склаліся свае мадыфікацыі - віды. Мастацкая апрацоўка прадметаў і прылад працы, пабудова жылля паклалі пачатак архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. З адлюстравання пластычных формаў прадметаў і з'яў у колеры ўзніклі скульптура, жывапіс, графіка. Калектыўная праца знайшла адлюстраванне ў танцах, музыцы, песнях, у тэатралізаваных паказах. Адным з самых старажытных з'яўляецца мастацтва слова, якое напачатку існавала ў вуснай форме, а са з'яўленнем пісьменнасці развілося ў мастацкую літаратуру. З адкрыццём новых тэхнічных сродкаў адлюстравання рэчаіснасці пачало сваю гісторыю мастацтва фатаграфіі, тэлебачання, кінамастацтва. Ва ўсе часы мастацтва мела і мае адну існую мэту - усебаковае развіццё сацыяльна значнай і самакаштоўнай асобы.
@Масы, вялікая колькасць людзей, шырокія колы насельніцтва. Тэрмін ужываецца ў двух больш-менш выразна выяўленых процілеглых сэнсах: у станоўчым, калі масы фактычна атаясамліваюцца з народам («народныя масы»); у адмоўным, калі масы проціпастаўляюцца творчай меншасці (у некаторых выпадках - эліце). Неабходна адрозніваць паняцце «маса» ад паняцця «натоўп»: другое можа мець спецыяльны сацыяльна-псіхалагічны сэнс (выпадковы збор людзей, ахопленых аднымі эмоцыямі, часцей за ўсё разбуральнымі, негатыўнымі) або выкарыстоўваюцца ў сацыяльнай філасофіі як метафара («цёмная маса», г.зн. неадукаваная, якая дзейнічае стыхійна).
@Матэрыя (лац. materia). З гэтым словам звязваюць розныя паняцці. Арыстоцель вызначаў матэрыю як чыстую магчымасць, ёмістасць формаў. Пазней пад матэрыяй разумелі нешта такое, што валодае працягласцю, масай, інерцыяй і г.д. Паступова матэрыя страчвала гэтыя атрыбуты. Навука вызначае матэрыю як аб'ектыўную рэальнасць, што існуе па-за і незалежна ад чалавечай свядомасці і адлюстроўваецца ёю. Яна ахоплівае бясконцае мноства рэальна існуючых аб'ектаў і сістэм свету, з'яўляецца субстанцыяльнай асновай разнастайных уласцівасцей і формаў руху; існуе толькі ў бясконцым мностве канкрэтных формаў, розных аб'ектаў і сістэм. Яна нестваральная і незнішчальная, вечная па часе і бясконцая ў прасторы, у сваіх структурных праявах, непарыўна звязана з рухам, здольная да незгасальнага самаразвіцця, якое на пэўных этапах, пры наяўнасці спрыяльных умоў прыводзіць да ўзнікнення жыцця і істот, якія мысляць. Фізічнымі формамі існавання матэрыі з'яўляюцца рэчыва (часцінкі - атамы, малекулы і інш.) і розныя палі (электрамагнітныя, гравітацыйныя і інш.). Свядомасць выступае як найвышэйшая форма адлюстравання, уласцівага матэрыі. У свеце нічога не існуе, што не было б вызначаным відам ці станам матэрыі, яе ўласцівасцямі ці формай руху, прадуктам яе гістарычнага развіцця. Прызнанне першаснасці матэрыі ў адносінах да свядомасці і яе незалежнасці ад свядомасці - асноўны прынцып філасофскага матэрыялізму.
@Матэрыялізм (франц. matérialisme ад лац. materialis - рэчыўны). У працэсе практычнага асваення навакольнага свету людзі не толькі змянілі ўмовы свайго існавання, але і паступова вызваляліся ад прывідаў, надзеленых звышнатуральнай здольнасцю кіраваць прыродным і сацыяльным жыццём. Накопленыя веды фармавалі рацыянальнае мысленне чалавека. З пераходам ад міфалагічнага да філасофскага спосабу светаўспрымання, заснаванага на натуральным і прычынным тлумачэнні рэальнасці, узнікаюць і самыя розныя формы матэрыялістычных поглядаў. Думка пра існаванне рэчыўнай першаасновы рэальнасці прывяла да прызнання першапачатковасці, першаснасці прыроды ў адносінах да духоўнага жыцця чалавека. Філосафы падзяліліся на 2 лагеры - матэрыялістычны (першааснова матэрыя) і ідэалістычны (першааснова дух). Матэрыялізм -процілеглы ідэалізму навуковы філасофскі кірунак, які ў рашэнні асноўнага пытання філасофіі ідзе ад таго, што прырода, быццё і матэрыя - першасныя, а свядомасць, мысленне і дух - другасныя. Адрозніваюць 3 формы матэрыялізму: стыхійны, прыродазнаўчанавуковы і філасофскі. Асноўныя гістарычныя формы філасофскага матэрыялізму: наіўны (быў пашыраны ў старажытных краінах Усходу, Грэцыі і Рыме), метафізічны (механістычны, характэрны для 17 - пач. 19 ст.), дыялектычны і гістарычны. Разглядаючы розум як форму адлюстравання рэчаіснасці, матэрыялізм абгрунтоўвае пазнавальнасць прыроды, магчымасць пранікнення ў глыбіню матэрыі.
@Мафія (італ. maf(f)ia), тайная злачынная арганізацыя, якая дзейнічае метадамі шантажу, насілля, забойства. Заснавана на бясспрэчным падпарадкаванні, кругавой паруцы і бязлітасным тэроры. Узнікла на востраве Сіцылія ў пачатку 19 ст. 3 часам уплыў і дзейнасць сябраў мафіі (мафіёзі) выйшлі за межы Сіцыліі. Італьянскія эмігранты перанеслі «законы» мафіі ў ЗША, дзе яна атрымала назву «Коза ностра» («Наша справа») і ў хуткім часе пачала кантраляваць там арганізаваную злачыннасць. У 20 ст. мафія стала магутнай арганізацыяй злачыннага свету, урасла ў эканамічную і палітычную структуру ЗША, Італіі. Класічнай формай дзейнасці мафіі з'явіўся рэкет. Напрацаваныя злачынным шляхам сродкі ўкладваюцца ў легальны бізнес, у подкуп службовых асоб, ва ўстанаўленне кантролю над некаторымі прафсаюзамі і іх фондамі, над сродкамі масавай інфармацыі і інш. У наш час тэрмін «мафія» сталі выкарыстоўваць і для абазначэння незаконнага, злачыннага ціску на пэўных асоб або арганізацыі з мэтай атрымання матэрыяльных, палітычных і іншых пераваг.
@Мацярынства. Мацярынства (як і бацькоўства) мае біялагічны, агульнасацыяльны і прававы бакі. З прававога пункту гледжання мацярынства існуе, калі ёсць адпаведныя дакументы. Звычайна гэта актавы запіс і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, у якія заносяцца звесткі пра маці. З юрыдычна пацверджанага мацярынства вынікаюць яе правы і абавязкі адносна дзіцяці. Маці (як і бацька) мае права патрабаваць вяртання дзіцяці ад любой асобы, якая трымае яго ў сябе не на падставе закону або судовага рашэння. У пэўных выпадках маці можа быць пазбаўлена правоў адносна дзіцяці.
У Беларусі мацярынства карыстаецца пашанай і ўвагай, абараняецца і заахвочваецца дзяржавай. Для жанчын ствараюцца ўмовы, якія даюць ім магчымасць спалучаць работу з мацярынствам, забяспечваюцца прававая абарона, матэрыяльная і маральная падтрымка. Ахова маці і дзіцяці прадугледжана Канстытуцыяй Беларусі, заканадаўствам аб шлюбе і сям'і, законамі аб працы і іншымі нарматыўнымі актамі. Для аховы здароўя маці і дзіцяці працуе шырокая сетка жаночых кансультацый, радзільных дамоў, ясляў, дзіцячых садоў і іншых устаноў. У час цяжарнасці і родаў жанчына атрымлівае водпуск з выплатай дапамогі па сацыяльным страхаванні, выплатай у сувязі з нараджэннем дзіцяці і дапамогай на час догляду за хворым дзіцем і інш. Мнагадзетныя маці маюць дадатковыя прывілеі; устаноўлена вышэйшая ступень адзнакі мацярынства - ордэн Маці для жанчыны, якая нарадзіла і выхавала 5 і больш дзяцей.
@Менеджмент (ад англ. management - кіраванне, загадванне, арганізацыя), сукупнасць прынцыпаў, метадаў, сродкаў і формаў кіравання вытворчасцю ва ўмовах рыначнай эканомікі. Сучасны менеджмент узнік ў пачатку 20 ст. ў ЗША. Яго сутнасцю з'яўляецца пошук аптымальных рашэнняў і распрацоўка эфектыўных метадаў рэалізацыі прадукцыі. Правільнае і своечасова прынятае рашэнне з'яўляецца вызначальным фактарам выжывання прадпрыемстваў ва ўмовах канкурэнтнай барацьбы. Важнае значэнне маюць нестандартныя, творчыя рашэнні. Аб'ектамі кіравання на фірме з'яўляюцца тры кампаненты: матэрыяльна-рэчавы (прадукцыя, абсталяванне і інш.), інфармацыйны (дакументы, праекты, праграмы і інш.) і чалавечы - асабовы. Менавіта з гэтага пачынаецца комплекснае кіраванне якасцю - сучасная форма менеджменту. У яе аснове ляжаць наступныя прынцыпы: ясная стратэгія фірмы і свабода пошуку ў яе межах; інтэграцыя асабістых інтарэсаў і мэт даследаванняў; стварэнне пэўнай сістэмы (фармальнай і нефармальнай) збору спецыялізаванай інфармацыі знешніх сувязей, абмену персаналам і ўнутры, і паміж фірмамі, актыўнага пошуку новых ідэй; сістэма матывацыі, заснаваная на задаволенасці працай, на яе адпаведнасці асабістым інтарэсам, прэстыжы і грамадскай ацэнцы руху па службе (адміністрацыйнай і прафесіянальнай), матэрыяльным стымуляванні, якое залежыць ад канчатковых вынікаў дзейнасці. Менеджмент грунтуецца на комплексе сацыяльных навук і ўключае 6 асноўных комплексаў мерапрыемстваў: вызначэнне мэты, задачы, спосабаў дасягнення мэт; навучанне і падрыхтоўка кадраў; рэалізацыя кіраўніцкіх рашэнняў; праверка вынікаў іх выканання; карэкціроўка кіруючых уздзеянняў. Для сучаснага менеджменту характэрны дэцэнтралізацыя, сканцэнтраванне адказнасці на ніжэйшых узроўнях кіравання і найперш на рабочых месцах, таму што змены спажывецкага попыту, ускладненне вытворчасці, павышэнне кошту абсталявання, узмацненне канкурэнтнай барацьбы пастаянна змяняюць умовы гаспадарання, патрабуюць павышэння кампетэнтнасці і ініцыятыўнасці работніка. Механізм стымулявання накіраваны на вынаходніцтва, а санкцыі за няўдачы пры павышанай рызыцы мінімізаваныя. У пераходны перыяд да рыначнай эканомікі авалоданне асновамі менеджменту служыць важнай перадумовай адаптацыі кіруючых кадраў і спецыялістаў прадпрыемстваў (арганізацый) да новых умоў гаспадарання.
@Менталітэт (ментальнасць; франц. mentalité ад лац. mentalis - разумовы, духоўны), своеасаблівы тып, спосаб мыслення і светабачання асобнага чалавека або пэўнай супольнасці. Спецыфічныя ўяўленні пра саміх сябе, прыроднае і сацыяльнае асяроддзе маюць прадстаўнікі розных краін, народаў, гістарычных эпох, сацыяльных, канфесійных, этнічных, прафесіянальных, полаўзроставых супольнасцей. Таму адрозніваюць такія разнавіднасці менталітэту, як першабытны, антычны, сярэднявечны, дзіцячы, жаночы, мужчынскі, таталітарны, бюракратычны, рэлігійны, сялянскі і г.д. Тэрміны «менталітэт» і «ментальнасць» увёў у навуковы ўжытак амерыканскі філосаф Р.Эмерсан у сярэдзіне 19 ст. Гэтая праблематыка паглыблена развіта ў працах Г.Лебона, Л.Леві-Бруля, Ж.Лефеўра д'Этапле, Э.Фрома, З.Фройда, І.Хёйзінга, К.Юнга і інш. вучоных, якія паказалі ўплыў на ментальнасць падсвядомых імпульсаў, біялагічных, геаграфічных, кліматычных, сацыяльных, культурных і інш. фактараў.
Для менталітэту беларусаў у старажытны перыяд былі ўласцівыя язычніцкі політэізм (вера ў адначасовае існаванне многіх багоў), абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і іншых прыродных з'яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), адчуванне непарыўнай еднасці паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай. Пасля прыняцця хрысціянства ў 10-12 ст. адбывалася своеасаблівае перапляценне двух тыпаў светабачання - старога язычніцкага і новага хрысціянскага з яго монатэізмам (перакананне ў існаванні адзінага Бога), уяўленнямі пра стварэнне Сусвету і чалавека па волі Божай, пра неабходнасць для выратавання душы выконваць спецыяльныя абрады, ушаноўваць хрысціянскіх святых і г.д. Але ва ўсе часы беларусам была ўласцівая моцная прывязанасць да сваёй зямлі-карміцелькі, да роднага кутка, пастаяннае імкненне гарманічна прыстасоўваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пор года (т.зв. «каляндарны накірунак ментальнасці»), надзвычайная талерантнасць (цярпімасць) да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў. Такі традыцыйны беларускі менталітэт у сваіх асноўных рысах доўгі час захоўваўся без істотных змен. У сучасны перыяд пад уплывам істотных грамадскіх змен менталітэт многіх грамадзян Беларусі паступова пазбаўляецца празмернай заідэалагізаванасці, бязбожніцтва, у ім умацоўваюцца ідэі аб неабходнасці сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, незалежнасці краіны, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.
@Месія (стараж.-жыд. машыях - памазанік), у юдаізме - пасланец Бога, закліканы ўстанавіць на Зямлі парадак, пажаданы Богу. У хрысціянстве такім месіяй лічыцца Ісус Хрыстос, які аднойчы пабываў на зямлі і чакаецца ў другі раз (другое прышэсце). Месіямі называлі сябе заснавальнікі бахаізму і Аб'яднанай царквы, а таксама стваральнікі і кіраўнікі малых хрысціянскіх груповак (сектаў). У ісламе месія - махдзі (араб. «вядзёны»).
@Мецэнацтва. Гэта паняцце паходзіць ад прозвішча старажытнарымскага дзеяча Мецэната (Maecenas), які афіцыйна не займаў ніякіх дзяржаўных службовых пасад, а выконваў розныя даручэнні імператара Актавіяна Аўгуста па дыпламатычных, палітычных і прыватных пытаннях. Маючы вялікія матэрыяльныя сродкі і значны ўплыў на імператара, Мецэнат выкарыстоўваў гэта для падтрымання літаратуры і мастацтва, апекаваў многіх дзеячаў тагачаснай культуры. Дзякуючы яго апякунству нарадзіліся дзівосныя паэтычныя шэдэўры Віргілія, Гарацыя і інш. Практыка матэрыяльнай і маральнай падтрымкі таленавітых здольных людзей і іх творчасці з боку добразычлівых прадпрымальнікаў, камерсантаў і дзяржаўных дзеячаў з цягам часу набыла характар традыцыі і стала называцца мецэнацтвам.
У Вялікім Княстве Літоўскім першыя звесткі пра мецэнацтва звязаны з кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасцю Францішка Скарыны. Пры матэрыяльнай падтрымцы заможных беларускіх гараджан Юрыя Адверніка, Якуба Бабіча, Багдана Онкава стаў магчымы выхад у свет пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны. У маёнтку Заблудава беларускага магната Рыгора Хадкевіча знайшлі сабе прытулак і магчымасць працягваць выдавецкую дзейнасць першадрукары Іван Фёдараў і Пётар Мсціславец (апошняму пазней садзейнічалі віленскія прадпрымальнікі Мамонічы, якія збеглі з Масквы). Пры пасрэдніцтве Радзівілаў (Мікалая Чорнага і Мікалая Сіроткі) у 1550-1560-я г. заснаваны першыя на сучаснай тэрыторыі Беларусі Берасцейская і Нясвіжская друкарні, стала развівацца свецкае кнігадрукаванне. Палітычны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Антоній Тызенгаўз (1733-1785) заснаваў у Горадні кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую і іншыя школы, стварыў тэатр, арганізаваў першую ў Горадні друкарню. На аснове буйных архіўных і кніжных збораў, багатых калекцый жывапісу, зброі, прадметаў прыкладнога мастацтва, сабраных у магнацкіх уладаннях Алелькавічаў, Астрожскіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш. пазней створаны бібліятэкі, музеі, архівы. Плённай мецэнацкай дзейнасцю адзначаны гады праўлення апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага ўраджэнца Беларусі Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732-1798), які матэрыяльнай і маральнай падтрымкай актывізаваў дзейнасць вучоных і літаратараў, асвету, заснаваў у Варшаве кадэцкі корпус, а ў Вільні Корпус інжынераў, дапамагаў Камісіі народнай адукацыі.
У выніку навукова-краязнаўчай і мецэнацкай дзейнасці братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, а намаганнямі братоў Антона і Івана Луцкевічаў заснаваны Беларускі музей старажытнасцей (у Вільні), беларускія газеты «Наша доля» і «Наша ніва», Беларускае навуковае таварыства, беларускія настаўніцкія курсы, гімназіі і школы.
Актыўнай асветніцкай і мецэнацкай дзейнасцю вызначаўся дзяржаўны дзеяч Расеі М.Л.Румянцаў, значная частка жыцця якога звязана з Беларуссю. Ён быў заснавальнікам Румянцаўскага музея і бібліятэкі, якая ў 1925 паслужыла базай для стварэння Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі, ажыццявіў за свой кошт выданне многіх помнікаў славянскай славеснасці, у тым ліку беларускіх старажытных грамат і інш. Мецэнацкай дзейнасцю ў Расеі вызначаліся прадпрымальнікі С.І.Мамантаў, які заснаваў Маскоўскую прыватную расейскую оперу, а свой маёнтак Абрамцава зрабіў цэнтрам мастацкага жыцця краіны; С.Ц.Марозаў, які быў мецэнатам Маскоўскага мастацкага тэатра (МХАТа), П.М.Траццякоў жыццё прысвяціў збору твораў расейскага выяўленчага мастацтва, а потым перадаў Маскве сваю і братаву калекцыі, якія сталі асновай Траццякоўскай галерэі.
Апошнім часам у Беларусі пашыраецца спонсарства - дабрачынныя акцыі з боку заможных асоб, прадпрымальнікаў, камерсантаў, якія аказваюць матэрыяльную падтрымку ў справе функцыянавання і далейшага развіцця навукі, асветы і культуры.
@Міжнародныя адносіны, сукупнасць палітычных, гістарычных, дыпламатычных, ваенных, культурных і іншых сувязей паміж дзяржавамі, народамі і іх прадстаўнікамі, міжнароднымі органамі і арганізацыямі. Міжнародныя адносіны ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Напачатку яны мелі эпізадычны характар. Але спрадвечныя правілы зносін паміж плямёнамі ці іх саюзамі прадугледжвалі недатыкальнасць асоб, якія вялі перагаворы, свабоднае выкананне імі іх рэлігійных абрадаў, прысягу ў якасці гарантыі выканання дамоўленасці. Істотны ўплыў на міжнародныя адносіны аказалі сусветныя рэлігіі. Ідэя роўнасці, якую прапаведавала хрысціянства, падрывала старыя ўяўленні пра выключнасць асобных народаў. Пасля крушэння Рымскай імперыі цэнтр міжнародных адносін перамясціўся ў Заходнюю Эўропу. У эпоху станаўлення феадальных адносін і дзяржаў сталі развівацца дагаворныя і дыпламатычныя правы, правы ўласнасці феадалаў і інш. У міжнародных адносінах гэтага перыяду вялікую ролю адыгрывалі дынастычныя шлюбы. У 16-17 ст. у Заходняй Эўропе пачалі ўсталёўвацца новыя прынцыпы міжнародных адносін. Адкрыццё новых зямель, бурнае развіццё мараплавання і міжнароднага гандлю востра паставілі пытанне пра панаванне на моры. Нідэрланды і Францыя ў барацьбе з Гішпаніяй і Англіяй рашуча сталі на абарону прынцыпу свабоды адкрытага мора, які атрымаў паўсюднае прызнанне. Важкі ўклад у развіццё міжнародных адносін унеслі буржуазныя рэвалюцыі 16-18 ст. - нідэрландская, ангельская, французская. У час Вялікай французскай рэвалюцыі 1789-1799 абвешчаны новыя прынцыпы і створаны адпаведныя інстытуты ў галіне міжнародных адносін, якія прызнавалі роўныя правы ўсіх народаў, спынялі бясконцыя спрэчкі пра іерархію і няроўнасць паміж кіраўнікамі дзяржаў і пасламі. У дакументах гэтай рэвалюцыі (канстытуцыі 1791 і 1793 Дэкларацыя правоў народаў 1795) заяўлялася, што ніводзін народ не мае права ўмешвацца ў справы іншых, што кожны народ - гаспадар сваёй тэрыторыі і дзяржавы. Пасля 1-й сусветнай вайны была створана Ліга нацый, у статуце якой упершыню ў гісторыі міжнародных адносін было юрыдычна замацавана раззбраенне і адмова ад вайны. Аднак дасягнуць гэтага не ўдалося.
Пасля 2-й сусветнай вайны важны ўклад у развіццё міжнародных адносін уносіць Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, статут якой прадугледжвае недапушчальнасць канфрантацый паміж дзяржавамі, лідэры якіх стаяць на розных ідэалагічных пазіцыях, сістэму міжнародных гарантый бяспекі ад любых відаў агрэсіі, узаемныя дагаворныя абавязацельствы з улікам інтарэсаў усіх краін народаў. Вельмі актуальная выказаная ў Статуце ААН ідэя стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі, прынцыпы і мэты міжнароднага супольніцтва дзяржаў, што адпавядае агульначалавечым інтарэсам. У наш час асаблівае значэнне маюць добрасуседскія адносіны паміж Расеяй і ЗША. Супрацоўніцтва гэтых вялікіх дзяржаў у справе падтрымання міжнароднага міру і бяспекі неацэннае ў выпадку ўзнікнення якога-небудзь узброенага канфлікту.
Беларусь, усведамляючы сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольніцтва, у сваёй знешняй палітыцы і міжнародных адносінах ідзе ад прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці меж, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.
@Міласэрнасць, чуласць, спагадлівасць, спачуванне; бескарыслівая дапамога аднаго чалавека другому, моцнага - слабаму. Доўгі час у сацыялістычных краінах лічылася, што міласэрнасць як маральнае і сацыяльнае паняцце можа існаваць толькі ў буржуазным грамадстве, дзе ёсць бедныя і абяздоленыя людзі. Але і ў нашай краіне міласэрнасць патрэбна знясіленым старым людзям, якія жывуць адны або ў дамах для састарэлых, дзецям-сіротам, інвалідам вайны і працы, падлеткам з цяжкім лёсам і г.д. Існуе і спецыфічная форма міласэрнасці ў адносінах да жывёлы, прыроды ўвогуле. Неабходна разумець, што міласэрнасць - гэта зусім не міласціна і яна не павінна быць абразлівая ў дачыненні да таго, каму аказваецца дапамога. Міласэрнасць неабходна і для таго, хто яе ажыццяўляе. Яна засцерагае чалавечую душу ад ачарсцвення, дапамагае ва ўмовах жыццёвага дабрабыту заставацца чалавекам. Асабліва актуальным стала ўзнаўленне паняцця міласэрнасць пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, калі вынікі гэтай трагедыі на фоне агульнага эканамічнага крызісу значна павялічылі ў Беларусі колькасць хворых, нямоглых і абяздоленых, якім штодзённа патрэбна міласэрнасць.
@Мілітарызм (франц. militarisme ад лац. militaris - ваенны), палітыка, арыентаваная на ваенныя сродкі вырашэння знешніх і ўнутраных праблем. Праяўляецца ў бурнай ваенізацыі эканомікі і гонцы ўзбраення, вялізных ваенных выдатках і несуразмерным росце ўзброеных сіл, узмацненні ролі ваеншчыны ў грамадска-палітычным і эканамічным жыцці. Развіццю мілітарызму садзейнічае стварэнне ваенна-прамысловых комплексаў, якія ў найбольш мілітарызаваных краінах становяцца асновай дзяржаўна-манапалістычнага капіталу. Нягледзячы на часовае павелічэнне агульнага аб'ёму вытворчасці, якое садзейнічае накапленню ваеннага капіталу, стварэнню гарантаванага рынку ўзбраення і ўзбагачэнню ваенна-прамысловых манаполій, мілітарызацыя эканомікі і вядзенне войнаў вычэрпвае эканамічныя рэсурсы любой краіны, падрывае асновы пашыранага ўзнаўлення вытворчасці. Развіццё мілітарызму непазбежна выклікае павелічэнне дзяржаўнага доўгу, дарагоўлю жыцця, скарачэнне выдаткаў на асвету, ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне. Мілітарысцкая знешняя палітыка некаторых дзяржаў прывяла да дзвюх сусветных і каля 300 лакальных войнаў, у ходзе якіх загінула каля 100 млн. чалавек; эканоміцы і культуры ўцягнутых у ваенныя канфлікты краін нанесены незлічоныя матэрыяльныя і духоўныя страты. Процілеглае гэтаму паняццю - раззбраенне.
@Містыка (ад грэч. mystikos - таямнічы). У перыяд ранняга дзяцінства чалавек лёгка і ахвотна ўспрымае «казачную» форму тлумачэння таго, што адбываецца навокал. Няведанне першабытным чалавекам рэальных прычын прыродных з'яў запаўнялася фантазіямі пра існаванне таямнічых, чарадзейных сіл, стварала фантастычныя карціны рэальнасці. Над жыццём чалавека ўладарылі добрыя і злыя духі, феі, дэманы. Нясмелыя спробы «зносін» з гэтымі істотамі з мэтай задобрыць іх, заваяваць іх прыхільнасць вялі да з'яўлення мноства формаў пакланення звышнатуральным сілам. Гэтыя формы пакланення (заклінанні, чары, магічныя дзеянні і г.д.) пазней ператварыліся ў рэлігійныя культы. У ходзе развіцця культуры, станаўлення філасофскага мыслення з'явілася містыка - спецыяльнае вучэнне, якое абгрунтоўвала і замацоўвала рэлігійную практыку «зносін» чалавека са звышнатуральнымі сіламі з дапамогай азарэння, экстазу, прасвятлення, адкрыцця і г.д. Містычны характар уласцівы многім рэлігійна-філасофскім вучэнням старажытнасці (брахманізм, будызм у Індыі, даасізм у Кітаі, піфагарэізм, платанізм у Грэцыі). Ён з'яўляецца атрыбутам усіх рэлігійных сістэм (юдаізм, хрысціянства, іслам, канфуцыянства, будызм і інш.). Найбольшага пашырэння і ўплыву гэтыя ідэі дасягалі ў пераломныя перыяды чалавечай гісторыі. У асобных выпадках (пры панаванні царкоўна-рэлігійнай ідэалогіі) у форме містыкі выяўляўся пратэст супраць афіцыйнай дактрыны царквы (напр., Сялянская вайна ў Германіі ў 16 ст.). Элементы містыкі прысутнічаюць у многіх плынях ідэалістычнай філасофіі з антычнасці да нашых дзён. На пераломных этапах развіцця грамадства рэзка ўзмацнялася ўздзеянне містыкі на культуру, ідэалогію, філасофію і свядомасць. Поруч з вучэннямі філасофскага містыцызму (неатамізм, персаналізм, рэлігійны экзістэнцыялізм) узніклі рэлігійна-ідэалістычныя сістэмы містыкі (тэасофія, антрапасофія і інш.), пашыраліся розныя віды акультнай практыкі - магія, вядзьмарства, спірытычныя сеансы. Культываванне містыкі адрывае чалавека ад рэальнага жыцця, спусташае свядомасць, ставіць яго па-за грамадствам, пагражае яго здароўю і жыццю.
@Міфалогія (ад грэч. myths - паданне + logos - слова, вучэнне). Сучасная цывілізацыя захоўвае шмат таямнічага. Асаблівае месца займаюць вобразы-сімвалы, створаныя фантазіяй старажытнага чалавецтва. Многія з іх знайшлі адлюстраванне ў мастацтве, сталі неад'емнай часткай духоўнай культуры. Паэтычныя метафары ўключаюць вобразы Венеры і Марса, Арфея і Эўрыдыкі, Апалона, Музы, Геракла. За імі цэлыя апавяданні пра жыццё і смерць, любоў і прыгажосць, мужнасць і сілу. Мова чалавека насычана водгаласам даўніны. Розум чалавека той эпохі ствараў вобраз свету, спалучаючы рэальнае і фантастычнае. Такая свядомасць атрымала назву міфалагічнай. Фантастычнае адлюстраванне ў свядомасці старажытных людзей, увасобленае ў народнай творчасці, а таксама ў навуцы, якая вывучае міфы, іх паходжанне і адлюстраванне ў іх рэчаіснасці, называецца міфалогіяй. Міфалогія была першай формай грамадскай свядомасці. Старажытны чалавек не мог вылучыць сябе як асобу. Міфы былі амаль адзіным спосабам тлумачэння рэчаіснасці. Яны развіваліся, ускладняліся і сталі зачаткамі філасофскага і навуковага мыслення. Праз казку, гераічны эпас, што ўзніклі ў нетрах міфалогіі, вобразы, сюжэты, прыёмы міфалагічнага мыслення пераходзяць у літаратуру. Сляды цеснай сувязі з міфалагічнай спадчынай выразна захоўваюць і першыя крокі развіцця навукі, напрыклад, натурфіласофія старажытных грэкаў (Фалес, Геракліт, Эмпедокл), гісторыя (Герадот), медыцына (Гіпакрат). Міфалогія служыла крыніцай фармавання розных рэлігійных вучэнняў і ўвайшла істотнай часткай у склад пазнейшых рэлігійных вераванняў. Распад міфалагічнага светапогляду, вылучэнне з яго такіх формаў грамадскай свядомасці, як філасофія, мастацтва, мараль, рэлігія не сцерлі з культурнай памяці чалавецтва яе важнейшыя вобразы-элементы.
@Мова. У любой сферы чалавечага жыцця найважнейшай умовай асэнсавання і паспяховай дзейнасці з'яўляюцца зносіны людзей, у ходзе якіх набываюцца веды, адбываецца абмен вопытам, навыкамі, перадаецца сацыяльна важная інфармацыя і г.д. Разумець адзін аднаго людзям дапамагае мова. Яе паходжанне звязана са станаўленнем чалавека як сацыяльнай істоты. Па меры вылучэння першабытных людзей з прыроднага асяроддзя, гукавыя сігналы са сродку выказвання эмоцый і інстынктаў ператварыліся ў інструмент абазначэння рэчаў, іх уласцівасцей і адносін, сталі сродкам перадачы наўмыснага паведамлення. Мова - гэта сістэма дыскрэтных (членараздзельных) гукавых знакаў, якая служыць сродкам чалавечых зносін, мысліцельнай дзейнасці, спосабам выяўлення самасвядомасці асобы, зберажэння і перадачы ад пакалення сацыяльна-гістарычнага вопыту, культурнай спадчыны. Яна найважнейшы фактар духоўнага прагрэсу чалавецтва. Неаддзельная ад шматвяковага вопыту народаў, мова адлюстроўвае ў сваім строі, нормах, лексіцы своеасаблівасць гістарычнага шляху, устойлівыя рысы грамадскай свядомасці і народнай псіхалогіі, звычаі, навыкі, вераванні людзей, нацыянальную спецыфіку іх культуры, светаўспрымання, жыццёвых каштоўнасцей і г.д. (гл. таксама Дзяржаўная мова). Мнагамернасць свету мовы, непарыўная сувязь з рознымі формамі чалавечага быцця зрабілі яе прадметам вывучэння як гуманітарных, так і прыродазнаўчых навук. Навукай, якая непасрэдна займаецца разглядам мовы ў адзінстве яе асноўных бакоў, уласцівасцей і функцый, з'яўляецца мовазнаўства. Як складаная знакавая сістэма, падпарадкаваная спецыфічным законам функцыянавання, мова цесна звязана з мысленнем. Праз мову акумулююцца, фіксуюцца, зберагаюцца для будучых пакаленняў і становяцца ўсеагульным здабыткам вынікі пазнавальнай дзейнасці, дасягненні культуры і сацыяльны вопыт чалавецтва. Асаблівасцю чалавечай мовы з'яўляецца яе здольнасць да самаапісання і апісання іншых знакавых сістэм, а таксама да іх канструявання. Цяпер у свеце налічваецца больш як 3 тыс. натуральных моў, якія стыхійна ўзніклі ў ходзе гістарычнага развіцця чалавецтва і выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. У 2-й палове 19 ст. варшаўскі лекар Людвік Заменгоф стварыў штучную міжнародную мову - эсперанто, карані слоў якой узяты з найбольш пашыраных эўрапейскіх моў. Існуюць і спецыяльна створаныя штучныя мовы з пэўнай сукупнасцю знакаў (алфавітам), правіламі іх спалучэння і выкарыстання. Гэта мова матэматычнай сімволікі, мова фізічных тэорый, мова і коды праграмавання для ЭВМ, розныя сістэмы сігналізацыі (азбука Морзе, дарожныя знакі) і г.д. У сувязі з узрастаннем ролі навукі ў жыцці грамадства павысілася цікавасць да вывучэння заканамернасцей штучных (фармалізаваных) моў, якія аналізуюцца ў рамках навукі семіётыкі. Працэс камп'ютэрызацыі вытворчай і бытавой сферы жыцця зрабіў актуальнай задачу масавага авалодання мовай праграмавання.
@Мода (франц. mode ад лац. modus - мера, вобраз). Моднае - гэта складанае спалучэнне новага са старым. Крыніцай новага з'яўляецца творчасць. Зачаткі новага мастак бачыць у самім жыцці, у адносінах людзей, іх паўсядзённых зносінах. Інтуіцыя і разлік, добрыя веды мінулага і адчуванне сучаснасці дазваляюць у «фантазіях» моды ўбачыць будучы вобраз прадмета прасторавага асяроддзя, знешняе аблічча і манеру паводзін. Актыўную ролю ў механізме моды выконвае перайманне. Штуршком да змены моды часта служаць гістарычныя падзеі, але таксама мода здольная ўплываць на звычаі, норавы і нават выклікаць пазітыўныя зрухі ў маралі. Мода - шматбаковая сацыяльная з'ява, якая ўяўляе сабой зменлівую форму стандартызаваных масавых паводзін, што ўзнікаюць пад уздзеяннем сацыяльна-гістарычных фактараў, псіхалагічна абумоўленых настрояў і думак; яна адыгрывае актыўную ролю ў грамадстве, фармуе некаторыя сацыяльныя пачуцці, параджае ідэі ў сферы паўсядзённай і сістэматызаванай свядомасці, выхоўвае чалавека ў духу таго ці іншага ладу жыцця.
Галоўная сфера моды - побыт (адзенне, абутак, харчаванне, захапленні і інш.). Масавая мода вызначаецца прадукцыяй прамысловай вытворчасці. Сучасная мода бярэ сваё натхненне з розных крыніц народнай культуры, нацыянальнага касцюма, адзення розных эпох, з жывапісу, літаратуры, музыкі. Існуюць самыя розныя стылі: фальклорны, рамантычны, класічны, спартыўны, дзелавы, авангардны, рэтра, жаночы і нават касмічны. Спецыялісты лічаць, што псіхалогія сучаснай моды праяўляецца ў імкненні падабацца кожнаму паасобку і быць зручнай усім. Модным і сучасным заўсёды выглядае той чалавек, які гатовы ўспрыняць новае, але не схільны рабіць з моды ідала, страціць сваё ўласнае аблічча. Слова «мода» ўжываецца таксама для абазначэння нетрывалай папулярнасці, якая хутка праходзіць.
@Мужнасць, асабістая якасць, якая выражаецца ў здольнасці дзейнічаць рашуча і мэтанакіравана ў складанай небяспечнай сітуацыі, кантраляваць свой псіхічны стан, пераадольваць пачуццё страху і няўпэўненасці, ва ўменні мабілізаваць усе сілы на дасягненне мэты.
Са старажытных часоў гэта паняцце звязвалася з подзвігамі воінаў, у сярэднявеччы трактавалася як прывілея рыцараў. Мужнасць выяўляецца ў здольнасці дзейнічаць не толькі смела і рашуча ў складанай сітуацыі, але і ва ўменні быць стрыманым, валодаць сабой. Ангельскі філосаф 18 ст. Дж.Лок лічыў, што сапраўдная мужнасць выяўляецца ў самавалоданні і спакойным выкананні свайго абавязку, нягледзячы ні на якую небяспеку. У той жа час сапраўдная мужнасць несумяшчальная з авантурызмам, адчайнасцю, самаўпэўненасцю. Яе праявы заўсёды звязаны з усведамленнем вынікаў здзяйсняемых учынкаў, з уменнем распазнаваць дадатнае і адмоўнае, захоўваць пачуццё ўласнай годнасці. Мужнасць цесна звязана з мэтанакіраванасцю, здольнасцю чалавека кіравацца ў сваіх дзеяннях высокай мэтай у інтарэсах свайго народа. Мужны чалавек паслядоўны ў сваіх дзеяннях, не праяўляе разгубленасці, адказвае за свае словы і ўчынкі, перакананы ў справядлівасці сваёй справы, якой ён аддае свае сілы і веды. Ён настойліва адстойвае свае перакананні, абараняе справядлівасць, праяўляе добрасумленнасць і прынцыповасць. Праяўленне мужнасці звязана з уменнем не толькі цярпець душэўныя і фізічныя пакуты, але і знайсці сілы выстаяць, пераадолець негатыўныя абставіны. Мужнасць з'яўляецца асновай гераічных учынкаў і подзвігаў. Выпрабаваннем мужнасці чалавека з'яўляецца жыццёвы шлях, на якім няўдачы чаргуюцца з поспехамі, а перамогі з паражэннямі. Мужнасць можа выяўляцца ў малых, нязначных, на першы погляд, справах: уменні не адступацца ад прынцыпаў, адстойваць сваю пазіцыю, выкрываць недахопы, прызнаваць уласныя памылкі.
@Мэтазгоднасць, уласцівасць працэсаў і з'яў прыводзіць да пэўных вынікаў, у шырокім, умоўным сэнсе - мэты. Мэтазгоднасць спецыфічна праяўляецца ў арганічным свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Яна розная ў розных галінах: у арганічнай прыродзе - гэта прыстасаванне і рэгуляцыя арганізмаў, накіраванасць працэсаў развіцця; у грамадскім жыцці - адміранне сацыяльных парадкаў, якія зжылі сябе, і ўзнікненне новых, якія спрыяюць далейшаму развіццю грамадства; у дзейнасці людзей - гэта дасягненне пэўных мэт і да т.п. Прыхільнікі тэлеалогіі (рэлігійна-філасофскае вучэнне аб наяўнасці ў свеце аб'ектыўных пазачалавечых мэт і мэтазгоднасці) лічаць, што мэта і мэтазгоднасць уласцівы ўсім з'явам прыроды. Такое памылковае расшыранае тлумачэнне гэтых паняццяў вядзе да прызнання звышнатуральных істот, да тэалогіі. Вышэйшая форма мэтазгоднасці - мэтазгоднасць чалавечай дзейнасці, дзе ў прычынна-выніковую сувязь у якасці яе найважнейшага звяна ўключаецца свядомая мэта.
@Мысленне. Чалавек мыслячым розумам у стане ахапіць свядомасцю ўвесь свет. Вылучыўшы мысленне як своеасаблівую форму пазнавальнай актыўнасці чалавека і прызнаўшы, што «мысленне ёсць найвялікшая перавага» (Геракліт), антычныя філосафы падзяліліся на 2 лагеры ў залежнасці ад разумення яго паходжання і сутнасці. Ідэалісты адрывалі мысленне ад матэрыяльнай рэчаіснасці, лічылі яго праяўленнем духоўнага першапачатку быцця. Матэрыялісты першаасновай лічаць матэрыю. Узнікае мысленне ў працэсе вытворчай дзейнасці людзей і забяспечвае непасрэднае адлюстраванне рэчаіснасці. Яно мае грамадскую прыроду, існуе толькі ў сувязі з працоўнай і прадметнай дзейнасцю грамадства, адбываецца ў цеснай сувязі з мовай. Мысленне - найвышэйшая форма актыўнага адлюстравання аб'ектыўнай рэальнасці, што ўяўляе сабой мэтанакіраваны, апасродкаваны і абагульнены працэс пазнання чалавекам істотных сувязей і адносін прадметаў і з'яў, творчага ўсведамлення новых ідэй, прагназавання з'яў і дзеянняў. Дзякуючы яму чалавек вызначае пэўныя мэты, якія гарантуюць вынікі практычнай дзейнасці, падпарадкоўваюць дзеянні людзей і абумоўліваюць працэс пераўтварэння свету. Складаны сацыяльна-гістарычны феномен мыслення вывучаюць розныя навукі: тэорыя пазнання, логіка, псіхалогія, фізіялогія вышэйшай нервовай дзейнасці, мовазнаўства і інш. У наш час вялікую ролю набылі метады мадэлявання мыслення з дапамогай розных кібернетычных прылад.
@Мытня (мытніца, таможня), дзяржаўная ўстанова, якая кантралюе правоз праз дзяржаўную мяжу розных гандлёвых і іншых грузаў, у т.л. багажных і паштовых адпраўленняў. Мытня збірае пошліны і іншыя зборы з грузаў, што правозяцца. Размяшчаецца звычайна на памежных пунктах, у міжнародных аэрапортах, чыгуначных станцыях, марскіх і рачных портах, буйных цэнтрах дзяржавы. Назва «мытня» паходзіць ад слова «мыта» (мыт, цло), якое абазначала грашовы збор (пошліна). З набыццём дзяржаўнай незалежнасці Беларусі 20.09.1991 утворана самастойная мытная служба - Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.
@Наасфера (ад грэч. noos - розум + spaira - шар), сфера ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, у межах якой разумная чалавечая дзейнасць становіцца вызначальным фактарам развіцця. У гэтым значэнні часам карыстаюцца тэрмінамі «антрапасфера», «сацыясфера», «біятэхнасфера». Паняцце і тэрмін «наасфера» ўвёў у пач. 20 ст. французскі вучоны Э.Леруа. Наасфера - гэта новая вышэйшая стадыя развіцця біясферы, станаўленне якой звязана з развіццём грамадства, якое аказвае вялікае ўздзеянне на прыродныя працэсы. Паводле Ў.І.Вярнадскага, «у біясферы існуе вялікая геалагічная, магчыма, касмічная сіла, планетнае дзеянне якой звычайна не бярэцца пад увагу ва ўяўленнях пра космас... Гэта сіла ёсць розум чалавека, накіраваная і арганізаваная воля яго як істоты грамадскай» (Біягеахімічныя нарысы. М.; Л., 1940, с. 47). Станаўленне чалавецтва як геалагічнай сілы прывяло да ўзнікнення новых формаў абмену рэчывам і энергіяй паміж грамадствам і прыродай. Тэарэтычныя абгрунтаванні сувязі чалавека і біясферы пакуль што не распрацаваны, таму праектаванне чалавечай дзейнасці натыкаецца на прынцыповыя цяжкасці. Канцэпцыя наасферы - гэта метадалагічная арыентацыя эвалюцыі чалавека і біясферы. Яна дае магчымасць узгадняць чалавечую дзейнасць у адпаведнасці з характарам прыродных заканамернасцей. Бо штучная прырода, што ствараецца чалавекам, з'яўляецца практычным увасабленнем эвалюцыі, якой кіруе розум.
@Навука. Практычна кожны чалавек разумее, што ён жыве ў эпоху навукова-тэхнічнага прагрэсу і што развіццё грамадства і ўвогуле прагрэс немагчымы без навукі. Людзі часта карыстаюцца гэтым словам, нават займаюцца якой-небудзь навуковай дзейнасцю, але не заўсёды задумваюцца над пытаннем, што такое навука. А з'ява гэтая вельмі складаная, таму існуюць розныя падыходы да яе разумення. Навука - гэта і сістэма ведаў пра навакольны свет, і сфера чалавечай дзейнасці, і з'ява культуры, і форма свядомасці, і сацыяльны інстытут грамадства. Найбольш пашыраны погляд на навуку як на сукупнасць сістэматызаваных аб'ектыўных ведаў пра навакольны свет і нас саміх. Навуковыя веды з'явіліся ў старажытныя часы. Яны былі абумоўлены рознымі вытворча-практычнымі патрэбамі (развіццём земляробства, будаўніцтва, мараплавання, ваеннай справы і г.д.) і прыходзілі на змену міфалагічнаму тлумачэнню з'яў прыроды. У сярэднія вякі і асабліва ў новы час, калі настаў перыяд доследнага прыродазнаўства, навуковыя веды набылі форму больш строгай тэарэтычнай сістэматызацыі, з'явілася магчымасць абгрунтаванага тлумачэння законаў прыроды і грамадства. З 17-18 ст. навука арганізоўваецца як сацыяльны інстытут: ствараюцца навуковыя грамадствы, установы, акадэміі, выдаюцца адпаведныя часопісы. У 19-20 ст. узнікаюць буйныя навукова-даследчыя цэнтры, інстытуты і лабараторыі з моцнай тэхнічнай базай, што наблізіла навуковую дзейнасць да высока арганізаванай індустрыяльнай працы.
Развіццю навукі ўласцівы камулятыўны характар: новыя веды, калі яны не супярэчаць тэарэтычным сістэмам, якія існуюць, уваходзяць неад'емнай часткай у агульны навуковы фонд. Але ў гісторыі навукі бываюць і такія перыяды, калі новыя факты нельга растлумачыць, ідучы ад «старых» тэорый. У выніку такой крызіснай сітуацыі ў навуцы бывае т.зв. «навуковая рэвалюцыя» - змена тэарэтычных сістэм, што існуюць, новымі, якія маюць больш высокі тлумачальны і эўрыстычны патэнцыял. Сістэму навук увогуле падзяляюць на прыродазнаўчыя, тэхнічныя, гуманітарныя і грамадскія навукі. Па сваёй накіраванасці і практычных функцыях навуку звычайна падзяляюць на фундаментальную, якая займаецца даследаваннем асноўных заканамернасцей прыроды і грамадства, і прыкладную, якая выкарыстоўвае вынікі фундаментальных навук для вырашэння канкрэтных сацыяльна-практычных задач. У нашай краіне арганізацыяй і правядзеннем навуковых даследаванняў займаюцца НАН Беларусі, галіновыя навукова-даследчыя інстытуты, універсітэты і іншыя навучальныя ўстановы.
@Навукова-тэхнічны прагрэс. У наш час навука і тэхніка развіваюцца вельмі хуткімі тэмпамі, адкрыцці адно за адным укараняюцца ў вытворчасць. Гэтую паступальную бесперапынную змену стадый развіцця і называюць навукова-тэхнічным прагрэсам. Галоўныя яго адметныя рысы - цесная сувязь навукі і тэхнікі, іх узаемаўплыў. Зачаткі навуковых ведаў узніклі шмат тысяч гадоў таму, калі першабытны чалавек вучыўся вырабляць прымітыўныя прылады працы, здабываць агонь, будаваць жыллё і г.д. Прынята лічыць, што навука ўзнікла ў Старажытнай Грэцыі, дзе былі закладзены асновы матэматыкі (Піфагор, Эўклід), астраноміі (Эўдокс), клінічнай медыцыны (Гіпакрат), біялогіі (Арыстоцель). Архімед адкрыў вядомы ўсім закон, названы яго прозвішчам, вынайшоў водапад'ёмную машыну - архімедаў вінт, з рычагоў і блокаў стварыў прыстасаванне для спуску вялікіх суднаў на ваду. У эпоху сярэднявечча прыродазнаўчыя навукі і тэхніка ў Эўропе развіваліся даволі марудна. Многія навуковыя адкрыцці эўрапейцы запазычвалі ў краінах Азіі. Напрыклад, кітайцы першыя наладзілі вытворчасць паперы, фарфору, вынайшлі порах, кнігадрукаванне. Некаторыя адкрыцці сталі вядомы эўрапейцам праз арабаў, якія ў час сваіх паходаў запазычвалі іх у іншых народаў. Хуткае развіццё рамёстваў у эўрапейскіх гарадах 11-12 ст. прывяло да ўзнікнення мануфактур - адносна буйных прадпрыемстваў, заснаваных на раздзяленні працы і выкарыстанні ручной рамесніцкай тэхнікі. У працэсе развіцця мануфактур павялічвалася прадукцыйнасць працы, вучоныя сталі выкарыстоўваць свае веды, вынаходствы і адкрыцці для развіцця вытворчасці, а вытворцы пачалі часцей звяртацца да навукі. Навука ў сучасным яе разуменні пачала складвацца ў Эўропе ў 16-17 ст. У 18-19 ст. адбыўся т.зв. «прамысловы пераварот» - пераход ад ручной рамеснай тэхнікі да машыннай індустрыі. Пачаўся ён вынаходствам і выкарыстаннем шматлікіх машын, якія вызвалялі чалавека ад аперацый, звязаных з цяжкай фізічнай працай, а скончыўся стварэннем машынабудавання. У сярэдзіне 20 ст. адбыўся сапраўдны пераварот у навуцы і звязаны з ім узлёт тэхнічных дасягненняў, які часта называюць навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй. Карані гэтай рэвалюцыі прыпадаюць на час, калі на базе навуковых адкрыццяў былі створаны рухавікі, якія выкарыстоўвалі электрычную энергію і энергію вадкага паліва. Гэта зрабіла магчымым стварэнне рухавікоў унутранага згарання, а на іх аснове масавых і хуткасных відаў транспарту - аўтамабільнага, паветранага, воднага. Галоўнымі дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу 20 ст. сталі развіццё касманаўтыкі, кібернетыкі, энергіі мірнага атама, дзе выявіўся класічны прыклад плённага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння навукі і тэхнікі.
Пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу значна змяніліся ўмовы жыцця нашай цывілізацыі. Навука і тэхніка глыбока праніклі ва ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека, аказалі ўплыў на яго ўзаемаадносіны з прыродай, далі яму новыя прыёмы і спосабы вытворчасці, паўплывалі на ўзровень і лад жыцця людзей. Дзякуючы сучаснай тэхніцы людзі могуць за некалькі гадзін перамяшчацца з адной кропкі зямнога шара ў другую, з дапамогай тэлефоннай і радыётэлевізійнай сувязі звязвацца адзін з адным на вялізных адлегласцях, практычна імгненна даведвацца пра падзеі ў свеце ці назіраць за імі па прамой трансляцыі. Чалавек можа апускацца ў самыя глыбокія мясціны Сусветнага акіяна, дзе ціск у сотні разоў большы за атмасферны, і працаваць на іншых планетах ва ўмовах касмічнага перападу тэмператур, пры поўнай адсутнасці атмасферы. Аптычная і элементарная тэхніка дапамагае нам вывучыць жыццё велізарных касмічных аб'ектаў і будову найдрабнейшых элементаў жывой клеткі, асобных малекул і атамаў. Стварэнне камп'ютэраў і распрацоўкі ў галіне кібернетыкі дазволілі чалавеку адмовіцца ад непасрэднага ўдзелу ў многіх вытворчых працэсах і даручыць іх выкананне аўтаматам. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс стварае для сучаснай цывілізацыі і шэраг праблем. Гэта выкарыстанне навуковых дасягненняў у сродках для масавага знішчэння людзей, псіхалагічныя стрэсы, звязаныя з велізарным інфармацыйным патокам, экалагічныя праблемы нашай планеты і інш. Усё гэта патрабуе разумнага выкарыстання буйных дасягненняў навукі і тэхнікі, што дазволіць зрабіць кожнага чалавека шчаслівым насельнікам Сусвету.
@Надзея, эмацыянальнае перажыванне, якое ўзнікае пры чаканні чалавекам нейкай жаданай падзеі, або прадугаданая магчымасць рэальнага здзяйснення чаго-небудзь. Надзея фармуецца ў выніку пазнання аб'ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове суб'ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.), назапашанага ў мінулых падобных сітуацыях. Прадказваючы магчымае развіццё падзей у пэўных абставінах, надзея адыгрывае ролю ўнутранага рэгулятара, які дапамагае чалавеку вызначыць яго вынікі і мэтазгоднасць. У выпадку моцнай матывацыі надзея можа захоўвацца нават пры адсутнасці абгрунтаваных умоў для яе ажыццяўлення, як прынята казаць, - надзея памірае апошняя.
@Наркаманія (ад грэч. narke - здранцвенне + mania - цяга), захворванне, якое ўзнікае ад злоўжывання наркотыкамі і рэчывамі наркатычнага ўздзеяння. Разнастайнасцю бытавой наркаманіі з'яўляюцца алкагалізм і курэнне. Абумоўліваецца наркаманія здольнасцю наркатычных сродкаў, алкаголю і тытуню выклікаць стан эйфарыі - неапраўданага ўзнёсла-радаснага настрою, ілюзіі фізічнага і псіхічнага камфорту. У гэтым адна з прычын цягі да наркотыкаў. Але за гэта чалавек расплачваецца дарагой цаной: наркаманія прыводзіць да глыбокіх парушэнняў жыццядзейнасці арганізма і сацыяльнай дэградацыі асобы. Незалежна ад першапачатковага матыву (цікаўнасць, перайманне, неабходнасць) прычынай наступных ужыванняў наркотыкаў становіцца псіхічная, а потым і фізічная залежнасць ад наркатычных сродкаў. Арганізм хутка прызвычайваецца да іх і пачынае патрабаваць усё новых і большых доз. Пры гэтым, калі арганізм здольны процістаяць алкаголю, то супраць наркотыкаў ён бяссільны. Яны пашкоджваюць не толькі нервовую сістэму, але і іншыя сістэмы арганізма. У сувязі з неадольнай цягай да наркотыкаў адбываецца пераарыентацыя жыццёвых каштоўнасцей. Наркаманы грэбуюць службовымі і асабістымі справамі і абавязкамі, ствараюць канфліктныя сітуацыі, выйсце з якіх яны не могуць і не жадаюць знаходзіць. Распад асобы немінуча цягне за сабой антыграмадскія паводзіны. Для задавальнення цягі да наркотыкаў наркаман ідзе на падман, здрадніцтва, крадзеж, насілле, злачынства. Наркаманія губіць не толькі здароўе таго, хто захварэў, але і яго сям'і. Дзеці наркаманаў нараджаюцца аслабленымі, адстаюць у фізічным і псіхічным развіцці.
У Беларусі распрацаваны і дзейнічае шэраг медыцынскіх мер і прававых нормаў барацьбы з наркаманіяй. Лячэнне наркаманаў праводзіцца ў псіхіятрычных бальніцах, у наркалагічных дыспансэрах і кабінетах. З мэтаю прафілактыкі наркаманіі і яе выкаранення заканадаўства прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне наркатычных рэчываў без назначэння лекара і крымінальную адказнасць за незаконны выраб, збыт, захаванне наркотыкаў, арганізацыю або ўтрыманне прытонаў для іх ужывання, сяўбу і вырошчванне раслін, якія з'яўляюцца сыравінай для вырабу наркотыкаў, і інш. Важнае значэнне ў прафілактыцы наркаманіі, асабліва сярод моладзі, мае выхаванне ў традыцыях здаровага ладу жыцця, правільная арганізацыя вольнага часу, нецярпімасць да марнай яго траты.
@Народ. Гэта паняцце мае некалькі значэнняў. Пад ім разумеюць насельніцтва якой-небудзь краіны (напр., народ Беларусі, Эстоніі, Францыі і г.д.), працоўных, проста групу, натоўп людзей і тое, што вучоныя называюць тэрмінам «этнас», «этнічная супольнасць», «нацыя». Этнас (народ) вызначаюць як устойлівую сукупнасць людзей, якая гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі і валодае адносна стабільнымі асаблівасцямі мовы, культуры і псіхікі, а таксама ўсведамляе сваё адзінства і адрозненне ад іншых падобных утварэнняў. У свеце жыве некалькі тысяч народаў. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю, узроўнем грамадскага і сацыяльна-культурнага развіцця, мовай і культурай, расавым абліччам. Колькасць буйнейшых народаў перасягае 100 млн. чалавек. Гэта кітайцы, хіндустанцы, амерыканцы ЗША, бенгальцы, расейцы, бразільцы, японцы. Ёсць зусім дробныя (выміраючыя) этнасы, у якіх менш як 10 чалавек (некаторыя групоўкі ў Папуа-Новай Гвінеі і інш.). Самая вялікая этналінгвістычная сям'я народаў - гэта індаэўрапейская, якая аб'ядноўвае 45% насельніцтва Зямлі (у гэту сям'ю ўваходзяць і беларусы); самая дробная - картвельская (каля 0,1% насельніцтва свету), да якой адносяцца грузіны і блізкія да іх этнічныя супольнасці. Народы свету падзяляюць на тры асноўныя расы: эўрапеоідную, мангалоідную і негроідную.
@Народнасць, супольнасць людзей, якая гістарычна складвалася з племянных саюзаў (добраахвотна ці ў выніку заваявання адных плямён другімі). Узнікненне народнасці звязана з працэсам узмацнення і пашырэння міжплемянных гаспадарчых і культурных кантактаў на аснове агульнай тэрыторыі і мовы. Першыя народнасці (старажытнаэгіпецкая, старажытнаэлінская і інш.) сфармаваліся ў перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносін і складвання рабаўладальніцкага грамадства. У Эўропе перыяд завяршэння фармавання французскай, польскай і іншых народнасцей супадае з перыядам станаўлення феадальных адносін. Фармаванне беларускай народнасці завяршылася ў 13-16 ст. Працэс складвання народнасцей садзейнічаў паяўленню ў іх адзінай мовы, самасвядомасці, а таксама ўмацавання дзяржаўнасці. Народнасць як форма супольнасці людзей папярэднічае больш высокай супольнасці - нацыі.
@Народніцтва, ідэалогія і рух разначыннай інтэлігенцыі, якія панавалі на буржуазна-дэмакратычным этапе вызваленчага руху ў Расейскай імперыі і аб'ектыўна адлюстроўвалі антыфеадальныя інтарэсы сялянства. Ужо на ранніх этапах руху выявіліся разыходжанні ў пытаннях тактыкі рэвалюцыйнай барацьбы (ад асветніцка-прапагандысцкай дзейнасці да палітычнага тэрору) і пачалі складвацца асноўныя тэарэтычныя канцэпцыі. У пачатку 1870-х г. гэты рух набыў своеасаблівую форму «хаджэння ў народ», заклікаючы сялянскую беднату да паўстання. Але прапаганда ў вёсцы не мела поспеху. У 1879 таварыства «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» і «Чорны перадзел», якія ў канцы 1880-х г. перасталі існаваць.
У Беларусі ідэі рэвалюцыйных дэмакратаў А.І.Герцэна і М.І.Чарнышэўскага падзялялі К.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863-1864. Сярод прапагандыстаў «хаджэння ў народ» былі ўраджэнцы Беларусі С.Кавалік, М.Судзілоўскі і інш. У 1874-1884 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у Пецярбургскім і іншых універсітэтах. Беларуская сацыяльна-рэвалюцыйная група «Гоман» мела сувязі ў Віцебску, Менску і іншых гарадах. У 1884 выйшлі 2 нумары часопіса «Гомон», выдаваліся адозвы да інтэлігенцыі. З дзейнасцю рэвалюцыйных народнікаў звязана ўзнікненне ў Беларусі першых рабочых гурткоў.
@Натхненне, стан асаблівага напружання і пад'ёму духоўных сіл чалавека, спрыяльны для розных відаў творчай дзейнасці, што прыводзіць ад узнікнення задумы і ідэі твора мастацтва, навукі ці тэхнікі і да іх рэалізацыі. Характарызуецца павышанай актыўнасцю чалавека, засяроджаннем усіх яго духоўных сіл на аб'екце творчасці, «апантанасцю» і эмацыянальным паглыбленнем у творчасць, у выніку чаго праца становіцца надзвычай прадукцыйная. На першы погляд здаецца, што натхненне ўзнікае быццам бы самаадвольна, спантанна. На самай жа справе яго ўзнікненне абумоўлена і ўнутранымі і знешнімі фактарамі (стымуламі), якія здольныя выклікаць уздым духоўных сіл, даць імпульс нараджэнню творчай задумы. Існуюць розныя погляды на прычыны ўзнікнення натхнення. Ідэалістычная дагматыка разглядае яго як «боскую ўтрапёнасць», містычнае азарэнне (Платон, Ф.Шэлінг, Э.Гартман, З.Фройд, Г.Рыд), матэрыялісты ж адмаўляюць яго звышнатуральны характар і разглядаюць як псіхічную з'яву, абумоўленую грамадскімі і індывідуальнымі стымуламі, а таксама працэсам працы і творчасці. Натхненне як духоўны і эмацыянальны фактар садзейнічае развіццю культуры і навукова-тэхнічнага прагрэсу, дапамагае здзяйсняць адкрыцці ў сферы навукі, ствараць шэдэўры мастацтва, літаратуры і інш.
@Нацыя (ад лац. natio - племя, народ), сацыяльна-эканамічная і духоўная супольнасць людзей з пэўнай псіхалогіяй і самасвядомасцю, якая мае агульную мову, адметную культуру, побыт і тэрыторыю сталага пражывання. Сярод гэтых прыкмет галоўныя мова і тэрыторыя. Складанне нацый заняло ў гісторыі чалавецтва доўгі час. З плямён, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, паступова ўтваралася народнасць, якая з цягам часу набыла прыкметы нацыі. Напрыклад, на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўжо ў 6 ст. н.э. жылі славянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Але да іх прыходу тут жылі балцкія плямёны ліцвінаў, яцвягаў, латыголаў. І славянскія, і балцкія плямёны мелі многа агульнага: іх асноўным заняткам былі земляробства і жывёлагадоўля, і славяне і балты былі язычнікамі, і тыя і другія ўступалі ў стадыю распаду родавага ладу. Асноваю для вызначэння прыналежнасці да беларускай народнасці і яе далейшага пашырэння служылі жывая народная мова, асаблівасці псіхалагічнага побыту і традыцыйнага ладу жыцця, якія складваліся на працягу 7-12 ст. і сталі асноўнай перадумовай фармавання беларускага этнасу. Беларусаў на поўначы краю называлі ліцвінамі, на поўдні - палешукамі. Старабеларуская мова зафіксавана ў пісьмовых помніках 13-16 ст. У Вялікім Княстве Літоўскім, тэрыторыя якога ў той час працягвалася ад Балтыйскага да Чорнага мора, уласна беларускімі землямі былі Полацкае, Віцебскае, Смаленскае, Мсціслаўскае, Менскае, Берасцейскае, Наваградскае, Гарадзенскае, Віленскае ваяводствы. У 16-17 ст. тут былі ўжо на высокім узроўні літаратура і мастацтва, існавалі дэмакратычныя інстытуты дзяржаўнага кіравання, завяршаўся працэс станаўлення беларускага этнасу і старабеларускай мовы (гл. Адраджэнне). У сталай нацыі ўжо дзейнічалі 2 галоўныя тэндэнцыі развіцця. Эканоміка і культура патрабавалі шырокіх сувязей з іншымі нацыямі, таму дзяржава імкнецца пашыраць міжнародныя сувязі. Пранікненне на яе тэрыторыю тавараў, новай тэхналогіі, культуры іншых нацый пагражае дэфармацыямі ў развіцці вытворчасці, побыце, культуры, таму нацыя імкнецца захаваць сваю самабытнасць, развіваць і ўмацоўваць спецыфічны нацыянальны пачатак сваёй жыццядзейнасці, духоўныя і гістарычныя традыцыі.
@Нацыяналізацыя (франц., англ. nationalisation ад. лац. natio - племя, народ), палітыка і практыка пераўтварэння прыватнай уласнасці на зямлю і на больш або менш значную частку нацыянальнай гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт і сувязь і г.д.) ва ўласнасць дзяржавы. У 20 ст. нацыяналізацыя праводзілася ў розных краінах свету па-рознаму. У Расеі пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 яна ахапіла ўсю зямлю і амаль ўсю народную гаспадарку. Падобным чынам яна праведзена ў 1940-1950-я г. ў шэрагу іншых сацыялістычных краін. Патрабаванне нацыяналізацыі ў пэўным выглядзе змяшчалася ў праграмах многіх партый несацыялістычных краін, найперш у партыях сацыялістычнай і камуністычнай арыентацыі. Дастаткова энергічна праводзілася нацыяналізацыя ўрадамі сацыялістаў у Францыі, лейбарыстаў у Вялікабрытаніі і інш. Практыка, аднак, паказала, што сама па сабе нацыяналізацыя не заўсёды і не ўсюды дае неабходны эфект. Таму нярэдка адбываліся і працэсы дэнацыяналізацыі. У апошнія гады, у т.л. ў Беларусі, усё больш усталёўваецца думка аб перавагах змешанай эканомікі, якая спалучае дзяржаўную і прыватную ўласнасць. Праяўленнем гэтага працэсу з'яўляецца прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, банкаў і інш. Часам паняцце «нацыяналізацыя» выкарыстоўваецца і ў зусім іншым этнічным сэнсе - як працэс надання нацыянальнай, этнічнай формы якой-небудзь з'яве (напр., павелічэнне ў дзяржаўным апараце прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці).
@Нацыяналізм (фр. nationalisme), палітыка і практыка, ідэалогія і псіхалогія ў нацыянальным пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый і іх узаемаадносін асабліва важным фактарам грамадскага развіцця, прыярытэтнага і прывілеяванага месца, ролі і інтарэсаў пэўнага народа ў сацыяльна-палітычным, эканамічным і культурным жыцці ўсяго чалавецтва. Гістарычна нацыяналізм як асобая ідэйна-палітычная плынь пачала складвацца ў канцы 18 ст. ў сувязі з бурным развіццём нацыянальных рухаў, станаўленнем нацый і ростам нацыянальнай самасвядомасці, разгортваннем нацыянальна-вызваленчага руху ў калоніях і паўкалоніях. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, нацыяналізм адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і г.д. Але існуюць і крайнія формы выяўлення нацыянальных інтарэсаў, якія могуць перарасці ў сваю процілегласць - у пачуццё нацыянальнай выключнасці, перавагі над іншымі нацыямі (гл. Шавінізм). У сучасным свеце нацыяналізм - адна з уплывовых і распаўсюджаных ідэйна-палітычных плыней, якія праяўляюцца як у глабальным, так і ў рэгіянальным і дзяржаўных маштабах.
@Нацыянальнае багацце. Нягледзячы на разбуральныя войны і розныя стыхійныя бедствы, чалавечае грамадства памнажае набыткі стваральнай працы продкаў: будуе жыллё, прадпрыемствы, транспартныя і інжынерныя камунікацыі, стварае творы літаратуры і мастацтва, развівае навуку, павышае адукацыйна-прафесійны ўзровень сваіх сябраў. Сукупнасць матэрыяльных і духоўных даброт, створаных у грамадстве за перыяд яго існавання, і ёсць нацыянальнае багацце. У самым агульным выглядзе нацыянальнае багацце складаецца са сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання, а больш дэталёва ўключае: асноўныя вытворчыя фонды (тэхнічнае абсталяванне, транспартныя сродкі, пладовыя насаджэнні, прадукцыйная жывёла, будынкі, збудаванні, навуковая апаратура, прылады і інш.), вытворчыя абаротныя фонды (вытворчыя запасы сыравіны, матэрыялаў, паліва, незавершаная прадукцыя), фонды абарачэння (запасы гатовай прадукцыі), невытворчыя асноўныя фонды (жыллёвы фонд і грамадскія будынкі), маёмасць грамадзян (жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы, уласныя сродкі вытворчасці, прыватызаваная зямля, бытавыя прылады, транспартныя сродкі, прадметы раскошы, творы літаратуры, мастацтва і інш.), прыродныя рэсурсы (зямля, лясы, мінеральныя і водныя рэсурсы, флора і фауна, паветраная прастора, сонечная энергія і інш.), дзяржаўныя рэзервы і страхавыя фонды, духоўныя каштоўнасці, залаты фонд і каштоўныя металы. На жаль, афіцыйная статыстыка дае абмежаваныя звесткі пра нацыянальнае багацце Беларусі, найперш пра кошт асноўных фондаў (з жывёлай), у тым ліку і пра кошт хатняй маёмасці насельніцтва. Пакуль адсутнічае методыка ацэнкі прыродных рэсурсаў, духоўных каштоўнасцей, адукацыйнага і прафесійнага патэнцыялу грамадства і іншых важных састаўных частак нацыянальнага багацця краіны. Таму пра фактычныя памеры нацыянальнага багацця можна меркаваць толькі ацэначна на аснове ўскосных паказчыкаў.
@Нацыянальная самасвядомасць, сукупнасць уяўленняў, ведаў і пачуццяў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі, а таксама аб самім сабе, сваім паходжанні, месцы і ролі ў жыцці роднага народа. Фармуецца ў працэсе ўтварэння нацыі на аснове ўсведамлення свайго агульнага паходжання і непарыўнай звязанасці з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, а таксама пачуцця агульнанацыянальнай салідарнасці. Этнічная самасвядомасць узнікла ў старажытнасці, калі чалавек пачаў усведамляць сваё адрозненне ад іншаэтнічнага насельніцтва па антрапалагічных, культурных, рэлігійных і інш. прыкметах і мысліць у катэгорыях супрацьпастаўлення «мы-яны». Уласна нацыянальная самасвядомасць большасці народаў свету аформілася ў канцы 18-20 ст., калі на розных кантынентах у выніку кансалідацыі сфармаваліся сучасныя нацыі (ангельская, нямецкая, расейская, французская, японская і многія інш.). Гісторыя сведчыць, што фармаванне і развіццё нацый паскаралі (хоць і не заўсёды) такія фактары, як небяспека знешняй агрэсіі, каланізацыя, пагроза моўнай і культурнай асіміляцыі. Так, нацыянальна-вызваленчая барацьба супраць каланіялізму прывяла да станаўлення развітых формаў нацыянальнай самасвядомасці значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі. Нацыянальная самасвядомасць беларусаў аформілася адносна позна, у 2-й палове 19 - пачатку 20 ст., што было звязана з узмацненнем нацыянальна-вызваленчага руху і актывізацыяй нацыянальна-культурнага жыцця. Напачатку яе больш высокі ўзровень быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, частцы сялянства. У 1920-я г. нацыянальная самасвядомасць прыкметна вырасла сярод прадстаўнікоў усіх сацыяльных катэгорый насельніцтва Беларусі, што звязана з ажыццяўленнем палітыкі беларусізацыі, гарманізацыяй міжнацыянальных адносін. У далейшым яе развіццё было запаволена пад уплывам узмацнення працэсаў дэнацыяналізацыі грамадства. Сёння паглыбленне нацыянальнай самасвядомасці з'яўляецца важным сродкам самазахавання беларускай нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у пабудове свабоднага, дэмакратычнага грамадства.
@Нацыянальны даход. Звычайна пад даходам разумеюць выручку ад рэалізаванай прадукцыі. У маштабе краіны - гэта сукупны (валавы) грамадскі прадукт у супастаўных (нязменных) цэнах: паказвае, колькі грамадства напрацавала за год. Але гэты паказчык не адлюстроўвае рэзультатыўнасці работы народнагаспадарчага комплексу краіны. Адказ на гэтае пытанне дае нацыянальны даход - нанава створаная вартасць у сферы матэрыяльнай вытворчасці. Для яго вызначэння з сукупнага грамадскага прадукту вылічваюць затраты - кошт выкарыстаных у вытворчым працэсе сродкаў вытворчасці. У былым СССР і іншых краінах сацыялістычнай арыентацыі нацыянальны даход быў галоўным паказчыкам эфектыўнасці грамадскай вытворчасці краіны. На аснове яго аб'ёму, памеру ў разліку на душу насельніцтва, структуры (удзельная вага розных галін эканомікі ў яго стварэнні) і паказчыкаў размеркавання характарызавалі ўзровень развіцця эканомікі і дабрабыту насельніцтва. Па вытворчасці нацыянальнага даходу ў разліку на душу насельніцтва Беларусь займала адно з першых месцаў сярод саюзных рэспублік, амаль 60% яго стваралася ў прамысловасці і будаўніцтве. Аднак нацыянальны даход як паказчык эфектыўнасці грамадскай вытворчасці мае пэўную абмежаванасць, ахоплівае толькі сферу матэрыяльнай вытворчасці, дапускае двайны ўлік (кошт прамежкавай прадукцыі паўторна ўлічваецца ў кошце гатовай прадукцыі) і інш. Таму з пераходам да міжнародных стандартаў у статыстыцы і аналізе для характарыстыкі эфектыўнасці народнагаспадарчага комплексу краіны выкарыстоўваюцца такія паказчыкі, як валавы нацыянальны даход і валавы ўнутраны даход.
@Нацыянальныя меншасці, нацыянальныя супольнасці ў поліэтнічных дзяржавах, якія складаюць адносную меншасць насельніцтва ў параўнанні з асноўнай нацыянальнасцю краіны. Да іх звычайна адносяцца групы людзей, што пастаянна жывуць на тэрыторыі пэўнай дзяржавы, маюць яе грамадзянства, але адрозніваюцца сваім этнічным паходжаннем, матэрыяльнай і духоўнай культурай, самасвядомасцю, мовай, рэлігіяй, ментальнасцю. Нацыянальныя меншасці існуюць ва ўсіх шматэтнічных краінах свету. Іх асноўныя правы і свабоды забяспечваюцца адпаведнымі дзяржаўнымі законамі, міжнароднымі канвенцыямі і дэкларацыямі. У прынятай ААН у 1992 «Дэкларацыі правоў асоб, што належаць да нацыянальных ці этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей» абвешчаны іх правы на бесперашкоднае развіццё сваёй культуры, мовы і рэлігіі, стварэнне ўласных аб'яднанняў і таварыстваў, а таксама магчымасць карыстацца ўсімі грамадзянскімі свабодамі без ніякай дыскрымінацыі і абмежавання. Закон «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», прыняты ў 1992, гарантуе свабоднае развіццё культур, моў, традыцый усіх этнічных супольнасцей у Беларусі, садзейнічае гарманізацыі міжнацыянальных адносін, дазваляе ствараць нацыянальныя грамадскія арганізацыі і культурна-асветныя ўстановы.
У Беларусі прадстаўнікі нацыянальных меншасцей упершыню з'явіліся ў сярэднявеччы (пераважна ў 14-16 ст.), што было абумоўлена геапалітычным становішчам беларускіх зямель на скрыжаванні шляхоў паміж Польшчай і Расеяй, Украінай і Летувой, міграцыйнымі працэсамі, войнамі, міжэтнічнымі кантактамі і г.д. Паводле перапісу 1989 у БССР пражывалі прадстаўнікі каля 100 нацыянальных меншасцей, у т.л. 1342 тыс. расейцаў (13,2%), 418 тыс. палякаў (4,1%), 291 тыс. ўкраінцаў (2,9%), 111,9 тыс. жыдоў (1,1%); жывуць таксама татары, летувісы, латышы, немцы, цыганы і інш. Усе разам яны складаюць звыш 20% насельніцтва Беларусі. У канцы 1980-х г. узніклі першыя культурна-асветніцкія таварыствы нацыянальных меншасцей. Зарэгістраваныя згуртаванні маюць палякі, жыды, расейцы, украінцы, татары, летувісы, немцы, армяне, азербайджанцы і карэйцы. У чэрвені 1994 у Менску заснаваны Цэнтр нацыянальных культур Беларусі.
@Нейтралітэт (ням. Neutralität ад лац. neuter - ні той, ні іншы), 1) у міжнародным праве асобы статус дзяржавы. Выяўляецца ў непрыманні ўдзелу ў вайне; у мірны час - у адмове ад удзелу ў ваенных блоках, ваенных канфліктах, у адмове ад прадстаўлення сваёй тэрыторыі для ваенных баз замежных дзяржаў (т.зв. «пастаянны нейтралітэт», які афіцыйна маюць Швейцарыя, Аўстрыя, Мальта). 2) Ухіленне ад удзелу ў спрэчках пры сутыкненні процілеглых поглядаў, імкненняў, інтарэсаў або ад удзелу ў канфлікце паміж двума бакамі.
@Нігілізм (ад лац. nihil - нішто). У філасофію гэты тэрмін упершыню ўвёў нямецкі філосаф Ф.Якобі. У Расеі ён атрымаў пашырэнне дзякуючы раману І.С.Тургенева «Бацькі і дзеці» (1862), дзе нігілістам названы яго галоўны герой Базараў, які адмаўляў старыя асновы дваранскага грамадства. У Расеі і Беларусі нігілізм адлюстроўваў настрой думак той часткі інтэлігенцыі 1850-1860-х г., якая глыбока разумела крызіс прыгонніцкага ладу. З пазіцый прыродазнаўчанавуковага матэрыялізму і атэізму нігілізм абвяргаў ідэалістычную філасофію, устарэлыя нормы маралі, канцэпцыю прыхільнікаў «чыстага мастацтва». Для яго былі характэрныя механіцызм і эмпірызм, сціранне меж паміж матэрыялізмам і пазітывізмам, перабольшванне рацыяналістычнага характару мастацтва і маралі. Такі нігілізм, хоць і прыводзіў да недаацэнкі культурных традыцый (у т.л. этыкету, мастацтва), сцвярджаў прагрэсіўныя ідэалы рэвалюцыйнай дэмакратыі. Заходнія філосафы 19 - пачатку 20 ст. (Ф.Ніцшэ, С.К'еркегор, О.Шпенглер) стварылі канцэпцыю «нігілістычнай эпохі», якая адлюстроўвала крызісны стан буржуазнага грамадства і яго светапогляду. Іх папярэднік А.Шапенгаўэр стварыў нігілістычна афарбаваную дактрыну будыйскай абыякавасці да свету. Прыняўшы шапенгаўэраўскую пазіцыю «абясцэньвання» свету, Ніцшэ надаў нігілізму актыўны імпульс «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей». У 20 ст. нігілізм з яго «апафеозам беспадстаўнасці» стаў істотным элементам «катастрафічнага» ўсведамлення зададзенасці эвалюцыйнага руху. Спекулюючы на стыхійнай незадаволенасці мас, нігілізм выступаў з асуджэннем скнарнасці, прыстасавальніцтва, спажывальніцтва, але пры гэтым прымяншаў ролю агульначалавечых маральных нормаў, ведаў і розуму. Ён стаў правадніком індывідуалізму. Выяўляецца нігілізм у крытыканстве, за якім не стаіць ніякая канструктыўная праграма дзейнасці, у адмове змагацца з адмоўнымі з'явамі рэчаіснасці. Нігілізм - гэта адмаўленне агульнапрынятых каштоўнасцей, ідэалаў, маральных нормаў, культуры, формаў грамадскага жыцця і аўтарытэтаў. У сваім крайнім выяўленні ён пераходзіць у цынізм і амаралізм.
@Норавы, прынятыя ў грамадстве або калектыве ўстойлівыя на доўгі час узоры паводзін, што склаліся ў ходзе працяглага гістарычнага развіцця і маюць маральную каштоўнасць. У норавах захоўваюцца не толькі тыя ўзоры паводзін, што маюць вечнае значэнне і з'яўляюцца неад'емнай часткай культурных традыцый, але і тыя, што перашкаджаюць далейшаму развіццю культуры, абмяжоўваюць свабоду маральнага выбару чалавека.
@Нянавісць, адносіны ўзаемнай варожасці паміж людзьмі. У псіхалогіі гэтае паняцце вызначаецца як устойлівае актыўнае адмоўнае пачуццё чалавека, накіраванае на з'явы, што супярэчаць яго перакананням і каштоўнасцям. Яно здольна выклікаць не толькі адпаведную ацэнку свайго аб'екта, але і актыўную дзейнасць супраць яго. Фармаванню нянавісці звычайна папярэднічае вострае незадавальненне, якое выклікаецца падзеямі, што развіваюцца ў непажаданым кірунку, або сістэматычнае адмоўнае ўздзеянне пэўнага аб'екта. Прадметам нянавісці ў такіх выпадках становіцца рэальная ці ўяўная прычына гэтых падзей. У практыцы выхавання кантроль за фармаваннем нянавісці ажыццяўляецца з дапамогай раскрыцця сутнасці непажаданых з'яў і іх прычын. Знешне пачуццё нянавісці можа выступаць як нешта адзінае і непадзельнае, аднак па сутнасці яно ўключае шэраг узаемазвязаных момантаў, напрыклад, агіду і жаданне зла іншаму, адмаўленне дапамагчы ненавіснай асобе, супрацьдзеянне ўсім яе імкненням. Пачуццё нянавісці процілеглае пачуццю любасці, разам з тым яно заўсёды так ці іначай дапускае любоў; нянавісць да зла дапускае любоў да дабра, а чалавеканенавісніцтва звязана з сябелюбствам. Хрысціянская мараль прапаведуе любоў да бліжняга і асуджае ўсялякую праяву нянавісці ў адносінах паміж людзьмі.
@Павага, адно з найбольш важкіх патрабаванняў маралі, якое выяўляецца ў паважлівых адносінах да людзей і заснавана на прызнанні годнасці асобы; адзін з асноўных паказчыкаў годнасці асобы або сацыяльнай групы, іх аўтарытэту і бездакорнай маральнай рэпутацыі.
@Падаткі, абавязковыя грашовыя плацяжы, якія дзяржава збірае з юрыдычных і фізічных асоб (прадпрыемстваў, устаноў, насельніцтва). Асноўная іх функцыя фіскальная, бо паступленні ідуць у даход дзяржавы, у дзяржаўны ці мясцовы бюджэт. Падаткі збіралі і збіраюць усе дзяржавы ва ўсе перыяды іх існавання. З іх дапамогай ствараюцца дзяржаўныя даходы і ўмовы для функцыянавання дзяржавы. Акрамя таго, падаткі выкарыстоўваюць для стабілізацыі эканомікі, росту яе патэнцыялу, дасягнення агульнай занятасці насельніцтва і інш. мэт. Такім чынам, падаткі выконваюць і рэгулюючую (стымулюючую) функцыю. Для дасягнення асноўных мэтаў падаткаабкладання неабходна, каб падаткі адпавядалі прынцыпам справядлівасці і эканамічнай эфектыўнасці. Існуе аптымальны ўзровень падатковай нагрузкі, перавышаць які эканамічна немэтазгодна. Фактары, якія ўплываюць на дапушчальную велічыню падатковай нагрузкі, у значнай ступені залежаць ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Чым вышэй узровень дабрабыту плацельшчыкаў (грамадзян, суб'ектаў гаспадарання), тым большая іх цярпімасць да падаткаў. У краінах з нізкім узроўнем даходаў не можа быць высокіх падаткаў, інакш страчваюцца стымулы да працы і павышэння легітымных даходаў, якія складаюць аснову росту падатковых сум. Вопыт сведчыць, што высокія падаткі ў краінах з нізкімі даходамі часта вядуць да сур'ёзных сацыяльных узрушэнняў. У наш час узровень падатковай нагрузкі ў краінах з развітой рыначнай эканомікай вагаецца ад 30% валавога ўнутранага прадукту (ЗША) да 57% (Швецыя). У Беларусі ўзровень падаткаў у 1993-1996 складаў 50-60% валавога ўнутранага прадукту. Падатковая сістэма звычайна складаецца з сукупнасці розных падаткаў. Прамыя падаткі ўстанаўліваюцца на даходы і маёмасць фізічных і юрыдычных асоб, ускосныя падаткі ўключаюцца ў цану тавару ці паслугі (падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, мытныя пошліны і інш.). Агульнадзяржаўныя падаткі дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі краіны і паступаюць у дзяржаўны бюджэт, мясцовыя падаткі - на тэрыторыі адпаведнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падраздзялення, а іх сродкі паступаюць у адпаведны мясцовы бюджэт.
Адрозніваюць таксама агульныя падаткі, якія прызначаны для фінансавання расходаў дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў без замацавання за якім-небудзь відам даходу, спецыяльныя, якія маюць мэтавае прызначэнне (напрыклад, узносы на сацыяльнае забеспячэнне, сацыяльнае страхаванне і інш.). Устанаўліваюцца падаткі заканадаўчым актам. Заканадаўчая рэгламентацыя падаткаабкладання дазваляе цэнтралізавана кіраваць падатковай сістэмай, ператвараць яе ў адзін з інструментаў эканамічнай палітыкі дзяржавы.
@Пазнанне. Для таго, каб свядома і паспяхова дзейнічаць, чалавеку неабходны самыя розныя веды. У першабытную эпоху пазнанне было непасрэдна зліта з прымітыўнай матэрыяльнай вытворчасцю. З развіццём цывілізацыі, дыферэнцыяцыі і грамадскага падзелу працы, тэарэтычнай і практычнай дзейнасці пазнанне стала разглядацца як праяўленне вышэйшай, самастойнай здольнасці чалавечага духу ствараць ідэальныя вобразы свету. Асаблівую вастрыню гэтыя праблемы набылі ў 17-19 ст. у сувязі з хуткім развіццём прыродазнаўства і паскарэннем сацыяльнага прагрэсу. Палеміка па пытаннях крыніцы ісціннага пазнання вялася паміж прыхільнікамі эмпірызму (Ф.Бэкан, Дж.Лок) і рацыяналізму (Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц). Пераадолець аднабаковасць гэтых пазіцый спрабаваў І.Кант, але ідэалістычны адрыў пазнання ад матэрыяльнай практыкі і аб'ектыўнай рэальнасці прывёў яго да агнастыцызму - вываду пра непазнавальнасць знешняга свету. У сваім развіцці пазнанне праходзіць шэраг ступеней. Поруч з вылучэннем розных яго ўзроўняў (пачуццёвае і рацыянальнае, эмпірычнае і тэарэтычнае) адрозніваюць і асноўныя тыпы пазнання: паўсядзённае (арыентавана на непасрэдную дзейнасць чалавека, вызначаецца яго паўсядзённым быццём), мастацкае (вызначаецца вобразнасцю, свабодай фантазіі, вымыслам) і навуковае (раскрывае аб'ектыўныя законы рэчаіснасці). Розныя бакі і аспекты пазнання з'яўляюцца аб'ектам даследавання такіх навуковых дысцыплін, як псіхалогія, логіка, навуказнаўства, гісторыя, прыродазнаўства і інш. Сутнасць, універсальныя законы і формы пазнання вывучае тэорыя пазнання (гнасеалогія). Такім чынам, пазнанне - гэта грамадска-гістарычны працэс творчай дзейнасці людзей, які фармуе іх веды, на аснове якіх узнікаюць мэты і матывы чалавечай дзейнасці.
@Паклёп, распаўсюджванне заведама хлуслівай інфармацыі, якая ганьбіць асобнага чалавека, групу людзей ці грамадскую супольнасць. Паклёп існаваў ва ўсе часы і будзе існаваць, пакуль на зямлі існуе зло. Ён заснаваны на такіх адмоўных якасцях чалавека, як эгаізм, зайздрасць, подласць, і выкарыстоўваецца для дасягнення мэты на бытавым, грамадскім, дзяржаўным узроўнях, часам у адносінах паміж дзяржавамі. На бытавым узроўні ён найчасцей грунтуецца на канфліктах і выкарыстоўваецца, каб адпомсціць за крыўду або проста зняважыць прыстойнага чалавека, каб сапсаваць яму настрой. У працоўных калектывах яго выкарыстоўваюць, каб зняважыць ці дыскрэдытаваць поспехі калегі-канкурэнта. Паклёп выкарыстоўваюць у ліку сродкаў палітычнай барацьбы паміж партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, рухамі. Найбольш непрыстойную і вульгарную форму ён набывае ў час перадвыбарных кампаній для дыскрэдытацыі канкурэнтаў, сапернікаў. Паклёп прычыняе вялікую шкоду не толькі асобным людзям, але і ўсяму грамадству.
@Пакуты, стан чалавека, калі ён церпіць боль, пераносіць гора, адчувае смутак, страх, трывогу. Пакуты могуць узнікаць пад уздзеяннем знешніх фактараў і па ўласнай волі (рэлігійныя фанатыкі пакутуюць па ўласным жаданні). У антычнай маралі і філасофіі лічылася, што пакуты выпадаюць на долю чалавека ў адпаведнасці з законамі лёсу (рок). З гэтай прычыны спачуванне тым, хто пакутаваў, не лічылася дабрачыннасцю. У старазапаветнай юдэйска-хрысціянскай рэлігіі пакуты таксама лічыліся негатыўнай з'явай і ў адпаведнасці з традыцыяй успрымаліся як божая кара за грахі. Новы запавет разглядае пакуты як сродак выратавання людзей, знак любові Бога да чалавека. Дзе існуюць пакуты, там ёсць і спачуванне, яны разглядаюцца поруч. У хрысціянстве ад спачування вынікае запавет любові да бліжняга. У процілегласць хрысціянскаму вучэнню Кант лічыў, што спачуванне мае абмежаваную маральную каштоўнасць: як абавязак чалавечнасці яго неабходна памнажаць, аднак само па сабе яно пасіўнае і ірацыянальнае, яно не супярэчыць патрабаванням маралі, але сляпое і неразумнае, а таму ненармальнае. Шапенгаўэр разглядаў спачуванне як аснову маралі і лічыў, што яно дапамагае пераадольваць эгаістычныя памкненні. Пакуты ён лічыў крытэрыем і зместам сапраўднай духоўнасці. Ніцшэ разглядаў пакуты як сродак дасягнення велічы душы, а спачуванне адхіляў як дэпрэсіўны стан, што змяншае каштоўнасць жыцця.
@Палітыка (ад грэч. politike - мастацтва кіравання дзяржавай), сфера дзейнасці, звязаная з адносінамі паміж класамі, нацыямі і іншымі сацыяльнымі групамі. Яе ядром з'яўляецца праблема заваявання, утрымання і выкарыстання дзяржаўнай улады. Тэрмін «палітыка» стаў шырока ўжывацца пад уплывам трактата Арыстоцеля аб дзяржаве, праўленні і ўладзе, названага ім «Палітыка». Як сфера грамадскага жыцця палітыка ўключае таксама палітычныя ідэі і адпаведныя ім установы. Палітыка валодае вялікай ступенню самастойнасці, моцна ўплывае на эканоміку і іншыя сферы грамадства. Унутраная палітыка ахоплівае асноўныя кірункі дзейнасці дзяржавы, партый (эканамічная, сацыяльная, культурная, тэхнічная палітыка і інш.). Знешняя палітыка належыць да сферы зносін паміж дзяржавамі.
@Палітычная сістэма грамадства, цэласная, упарадкаваная сукупнасць палітычных інстытутаў, палітычных роляў, адносін, працэсаў, прынцыпаў палітычнай арганізацыі грамадства, падпарадкаваных палітычным, сацыяльным, юрыдычным, культурным нормам, гістарычным традыцыям і ўстаноўкам палітычнага рэжыму канкрэтнага грамадства. Побач з дзяржавай і яе апаратам уключае партыі палітычныя, прафсаюзы, царкву, кааперацыю, творчыя саюзы і іншыя арганізацыі і рухі, якія ставяць сабе палітычныя мэты.
@Паняцце. У працэсе працоўнай дзейнасці чалавек навучыўся мысленна аб'ядноўваць прадметы ў класы, абагульняць па іх уласцівасцях. Напачатку паняцці мелі наглядна-вобразны характар, потым з'явіліся больш абстрактныя (напр., паняцце малекулы, атама). Утварэнне паняццяў магчыма толькі праз абстракцыю (уласціва толькі чалавеку), з дапамогай якой адбываецца пранікненне ад знешняга да ўнутранага, ад з'явы да сутнасці. З дапамогай паняцця вылучаюць істотнае, агульнае ў прадмеце (уласцівасць, прыкмета, функцыя і г.д.), адхіляючыся ад індывідуальнага, асобнага. Таму паняцце характарызуе не асобны прадмет, а цэлы клас прадметаў, аб'яднаных той ці інш. прыкметай. Кожнае паняцце характарызуецца зместам (сукупнасць адлюстраваных у ім уласцівасцей прадметаў) і аб'ёмам (множнасць, хаос прадметаў). Устанаўліваючы сувязі і адносіны паміж паняццямі, навуковае мысленне, якое прытрымліваецца законаў дыялектычнай логікі, узыходзіць ад абстрактнага да канкрэтнага, у выніку чаго нашы веды пра рэчаіснасць становяцца ўсё больш шырокімі, шматграннымі і змястоўнымі. Такім чынам, паняцце - гэта думка, якая ў абагульненай форме адлюстроўвае прадметы і з'явы рэчаіснасці; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца іншыя формы мыслення (суджэнне, вывады).
@Папулізм (франц. popylisme ад лац. populus - народ), від, форма, стыль, метад палітычнай дзейнасці, уласцівы як асобным палітыкам, так і розным грамадскім плыням і рухам, якія апелююць да шырокіх мас і адлюстроўваюць супярэчнасці масавай свядомасці («левы», «правы» папулізм і г.д.). Асноўныя ідэі папулізму: прамы ўдзел народа ў кіраванні («прамая дэмакратыя»), аўтарытэтны лідэр, недавер да прадстаўнічых дзяржаўных інстытутаў, агульная крытыка бюракратыі, карупцыі і да т.п. Папулісты найчасцей выкарыстоўваюць наіўную веру мас у магчымасць найпрасцейшым і найхутчэйшым чынам вырашыць сацыяльныя ці нацыянальныя праблемы, антыінтэлектуалізм і інш. Папулізм можа быць дэмакратычны, кансерватыўны, рэакцыйны і інш. У паліталогіі ён існуе ў шырокім спектры - ад апалагетыкі ў якасці мадэлі «непасрэднай» дэмакратыі да рэзкай крытыкі і атаясамлення з дэмагогіяй.
@Парламентарызм, сістэма арганізацыі функцыянавання вярхоўнай дзяржаўнай улады, якая характарызуецца раздзяленнем заканадаўчых і выканаўчых функцый пры прывілеяваным становішчы парламента. Цэнтральная ідэя, закладзеная ў такой структуры кіравання, - раздзяленне і ўзаемадзеянне выканаўчай, заканадаўчай і судовай улад, якія ствараюць сістэму «стрымлівання» і «проціваг». Ураўнаважанне кожнай з галін улады іншымі служыць стрымліванню памкненняў да тыраніі. Пры такой сістэме ўрад, як правіла, ствараецца парламентам з ліку сябраў партыі, якая мае большасць у заканадаўчым органе краіны і адказная перад ім. Патрабаванне вяршэнства прадстаўнічых органаў дзяржавы вынікае з прынцыпу народнага суверэнітэту як асновы ўсёй улады. Менавіта суверэнітэт народа з'яўляецца крыніцай дзяржаўнага суверэнітэту (унутранага і знешняга), які спалучае ў сабе вяршэнства дзяржаўнай улады і панаванне права. Выключная ўлада дзяржавы пашыраецца на ўсю тэрыторыю і ўсё насельніцтва. Аднак гэта не пазбаўляе народ яго неадчужальнага права вызначаць і змяняць формы і змест свайго дзяржаўна-прававога жыцця. У такім сэнсе дзяржава выступае як суверэнная форма арганізацыі і ажыццяўлення публічнай палітычнай улады. Парламент як найвышэйшы прадстаўнічы заканадаўчы орган будуецца цалкам або галоўным чынам на аснове выбараў, складаецца з адной або двух палат. У Англіі гэты орган называецца парламентам, у ЗША - кангрэсам, у Швецыі - рыксдагам, у Нарвегіі - сторцінгам і г.д. Ролю парламента ў Беларусі выконвае двухпалатны Нацыянальны сход, функцыі якога вызначаны канстытуцыяй і адпаведным ёй заканадаўствам.
@Партыя палітычная, арганізацыя, якая выяўляе інтарэсы пэўных груповак, слаёў або класаў грамадства. Яна мае ўсталяваную арганізацыйную структуру, ідэалогію, палітычную платформу (праграму), склад сябраў. Спробы стварыць палітычныя групоўкі прадпрымаліся яшчэ ў старажытнасці, але гэта былі часовыя фракцыі ці групы людзей, якія аб'ядноўваліся вакол палітычных лідэраў. Палітычныя партыі ў сучасным разуменні склаліся ў 19 ст. ў выніку станаўлення і развіцця капіталістычнай сістэмы. Першыя буржуазныя партыі (фракцыі ангельскага парламента - вігі і торы, амерыканскія партыйныя групоўкі федэралістаў і антыфедэралістаў і інш.) з моманту стварэння і да цяперашняга яго часу знаходзяцца ў пастаянным развіцці. На ранніх этапах развіцця капіталізму дзяржава не ўмешвалася ў дзейнасць партый. З паглыбленнем сацыяльных супярэчнасцей і прыцягненнем у палітыку ўсё больш шырокіх мас людзей роля партый узрасла, яны пачалі актыўна змагацца за дзяржаўную ўладу. У Расеі ў канцы 19 - пачатку 20 ст. існавала каля 50 буйных палітычных партый.
У Беларусі ў канцы 19 - пачатку 20 ст. таксама існавала шмат партый розных кірункаў, у тым ліку Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыялістычная грамада, Бунд і інш. У СССР адзінай кіраўнічай партыяй стала КПСС, у БССР - як састаўная частка КПСС. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Беларусі (1990) сталі ўтварацца новыя палітычныя партыі: Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Аграрная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Ліберальна-дэмакратычная партыя, партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў Беларусі, Славянскі сабор «Белая Русь» і інш. Дзейнасць палітычных партый у Беларусі рэгулюе адпаведны закон, прыняты 05.10.1994.
@Патрыятызм (ад грэч. patris - айчына, радзіма), шырокае і глыбокае пачуццё любові да сваёй Радзімы, да сваёй Айчыны, гатоўнасць падпарадкаваць свае асабістыя і групавыя інтарэсы агульным інтарэсам краіны, верна служыць ёй і абараняць яе. Праблемы патрыятызму набываюць асобую актуальнасць, тэарэтычную і практычна-палітычную значнасць у перыяды фармавання і станаўлення нацый, стварэння новых дзяржаў, развіцця нацыянальных і асабліва нацыянальна-вызваленчых рухаў, войнаў і г.д. Сёння яны абвастраюцца ў сувязі з інтэрнацыяналізацыяй, міждзяржаўнай, рэгіянальнай і планетарнай інтэграцыяй, глабалізацыяй, спробамі паставіць пад сумненне ролю і значэнне дзяржаўнага і нацыянальнага суверэнітэтаў. Сапраўдны патрыятызм недапушчальна проціпастаўляць інтэрнацыяналізму і касмапалітызму. Патрыятызм, заснаваны на проціпастаўленні свайго народа, сваёй краіны іншым краінам і народам, не з'яўляецца сапраўдным і канструктыўным. Такі патрыятызм часта перарастае ў шавінізм. Інтэрнацыяналізм і касмапалітызм, якія грунтуюцца на нацыянальным і нацыянальна-дзяржаўным нігілізме, на адмаўленні ад дакладнага ўліку і гарманічнага спалучэння нацыянальных і нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў і каштоўнасцей, не набліжаюць, а аддаляюць ад сцвярджэння сапраўды інтэрнацыянальных і агульначалавечых інтарэсаў і каштоўнасцей, іх прыярытэту. Правільна адзначаў у свой час М.Г.Чарнышэўскі: той, хто не належыць сваёй Айчыне, не належыць і чалавецтву. Іншая справа, што ў сучасных умовах інтэрнацыяналізацыі, інтэграцыі і глабалізацыі ў свеце патрыятызм павінен напаўняцца і новым канкрэтна-гістарычным зместам, які спрыяе, а не перашкаджае грамадскаму прагрэсу.
@Пацыфізм (ад лац. pacificus - міратворчы). На працягу ўсёй гісторыі чалавецтву спадарожнічалі войны, якія прыносілі яму незлічоныя страты і бяду. Пацыфізм - гэта антываенны рух, удзельнікі якога галоўным сродкам прадухілення войнаў лічаць асуджэнне іх амаральнага характару. Пацыфісты вераць у магчымасць прадухілення войнаў шляхам пераканання і мірных маніфестацый, без змены сацыяльна-эканамічных і палітычных умоў, што спараджаюць войны. У сферу свайго ўплыву пацыфізм прыцягнуў даволі шырокія дэмакратычныя колы. Першыя пацыфісцкія арганізацыі ўзніклі ў Вялікабрытаніі і ЗША пасля напалеонаўскіх войнаў. У канцы 19 ст. пацыфісцкі рух значна пашырыўся. Міжнародныя кангрэсы пацыфістаў неаднаразова выступалі з прапановамі забараніць войны наогул, па якой бы прычыне яны ні ўзнікалі, ажыццявіць усеагульнае раззбраенне, а спрэчкі, што ўзнікаюць паміж дзяржавамі, вырашаць у міжнародных трацейскіх судах. Пасля другой сусветнай вайны, калі над светам навісла рэальная пагроза страшэннай, разбуральнай вайны з выкарыстаннем атамнай зброі, нарадзіўся і арганізацыйна аформіўся новы масавы рух прыхільнікаў міру, які ставіць задачу пошукаў новых формаў і метадаў уздзеяння на ўрады з мэтай захавання міру. Да гэтага руху далучылася і частка пацыфістаў.
@Пачуцці. Дзейнасць чалавека не абыходзіцца без асабістых эмацыянальных перажыванняў. Пачуцці - адна з формаў (поруч з розумам і воляй) праяўлення адносін чалавека да прадметаў і з'яў рэчаіснасці. У пачуццях адрозніваюць псіхалагічную аснову (утварэнне ў свядомасці чалавека такіх адэкватна-валявых рэакцый, як эмоцыі і імкненні) і сацыяльную (суб'ектыўныя адносіны чалавека да розных сфер грамадскага быцця, што вызначае сацыяльнае аблічча індывіда). Таму ацэнка, што праяўляецца ў пачуццях, залежыць не толькі ад аб'ектыўных уласцівасцей прадмета ці з'яў, ад іх месца ў сістэме грамадскіх адносін, але і ад вопыту чалавека і яго светапогляднай пазіцыі. Пачуцці прычынна абумоўлены, аб'ектыўныя паводле зместу і суб'ектыўныя па праяўленні. Ім уласцівы прадметны характар (рэальны ці ўяўны). Чалавек не можа перажываць увогуле, безадносна, а толькі ў адносінах да каго-небудзь, чаго-небудзь (нельга зазнаць пачуццё кахання, калі няма аб'екта сімпатыі ці пакланення). Вылучаюць грамадскія і асабістыя, станоўчыя і адмоўныя, абстрактныя і канкрэтныя, нацыянальныя, інтэлектуальныя, палітычныя, маральныя, рэлігійныя і іншыя пачуцці. Пачуццё непасрэдна звязана з мысленнем, успрыманнем, уяўленнем, памяццю, актывізуе пазнавальныя намаганні індывіда, яго волю, уплывае на пошук жыццёвага шляху, фармаванне светапогляду. Пачуцці са станоўчым эмацыянальным тонам (задавальненне, радасць, добры настрой) павышаюць жыццядзейнасць чалавека, з адмоўным (незадаволенасць, смутак, дрэнны настрой) - прыгнятаюць актыўнасць асобы. Пачуцці чалавека адыгрываюць вялікую ролю ў яго паводзінах, практычнай і пазнавальнай дзейнасці. Выхаванне пачуццяў - частка выхавання гарманічна развітага чалавека.
@Пашана, паняцце маральнай свядомасці, што абазначае павагу грамадства да чалавека, які сваім жыццём і дзейнасцю яе заслугоўвае. Гэтае паняцце неаддзельнае ад шчырага пачуцця ўдзячнасці, захаплення, імкнення людзей вучыцца ў такога чалавека, браць з яго прыклад. Мы часта ўжываем паняцці «пашана і павага», «пачэсны абавязак», «ганаровая пасада», «ганаровае званне» і інш. Кожнае з іх змяшчае ў сабе асаблівы сэнс. Паняцце «пашана» блізкае па сэнсу да этычнай катэгорыі гонар, хоць і не раўназначнае яму. Гонар - больш ёмістае паняцце, якое ўключае пашану ў якасці аднаго з адценняў. Без пашаны можна спакойна жыць, галоўнае - быць прыстойным, добрасумленным, працалюбівым чалавекам. А вось без гонару жыць не вельмі прыемна. Нездарма кажуць, што «гонар даражэй за жыццё», «страціў гонар - усё страціў». У ідэале чалавек павінен займаць тое ці іншае месца ў грамадстве ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, здольнасцямі, узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі і агульнай культуры. Аднак у рэальным жыцці часта адбываецца інакш. Здараецца так, што нехта не ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі прасоўваецца па службовай лесвіцы, хутка робіць сабе кар'еру. Калі чалавек займае высокую пасаду, то яму аддаецца належная пашана. Напрыклад, у войску ніжні чын аддае пашану больш высокаму. Мяркуецца, што пасады і званні даюцца ў адпаведнасці з асабістымі заслугамі. Такім чынам, асобы, надзеленыя асобымі паўнамоцтвамі, могуць прэтэндаваць на пэўную пашану і павагу. Сапраўдныя ж аўтарытэт і павагу неабходна пастаянна заваёўваць паўсядзённай працай, добразычлівымі адносінамі да людзей. У грамадстве, дзе роўнасць усіх грамадзян і сацыяльная справядлівасць з'яўляюцца нормамі жыцця, ніхто не атрымлівае пашану ў спадчыну. Толькі асабістыя заслугі з'яўляюцца сапраўднай гарантыяй пашаны. Калі чалавек шчодра дзеліцца сваімі ведамі, жыве не толькі асабістымі інтарэсамі, паводзіць сябе натуральна і сціпла, то ён карыстаецца заслужанай павагай і пашанай. Калі нехта імкнецца дамагчыся пашаны сваімі антысацыяльнымі паводзінамі або папулісцкімі абяцаннямі, то рана ці позна яго перастануць не толькі шанаваць, але і паважаць. Ліслівасць, падхалімаж, пахвальба блізкіх не бяруцца ў разлік, не маюць нічога агульнага з маральнымі паняццямі пашаны і павагі.
@Педагогіка (грэч. paidagogike). Гэты тэрмін мае 2 значэнні: навука, якая даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фармавання асобы ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; навучальны прадмет у сярэдніх спецыяльных і педагагічных ВНУ. Сучасная педагогіка вывучае аб'ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), тэорыю і методыку выхавання, а таксама сістэму педагагічных навук, якія маюць самастойныя галіны даследавання: агульная педагогіка, дашкольная, школьная, сямейная, спецыяльная, ваенная, спартыўная, інжынерная, сацыяльная педагогіка, андрагогіка (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыя педагогікі і інш. Як сістэма выхавання педагогіка пачала складвацца ў старажытных дзяржавах (Грэцыі, Рыме, Эгіпце, краінах Усходу), калі складваліся ўстойлівыя погляды на выхаванне, якія адлюстроўвалі менталітэт народаў, іх сацыяльны склад, характар вытворчасці, погляды на дабро і зло. Як навука яна вылучылася з сістэмы філасофскіх ведаў у пачатку 17 ст. Першае абагульненне педагагічнага вопыту зрабіў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка». Уклад у гэтую навуку зрабілі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, І.Г.Песталоці, І.Ф.Гербарт, А.Дзістэрвег і інш.; у расейскай педагогіцы - К.Д.Ушынскі, М.І.Пірагоў, В.П.Астрагорскі, П.Ф.Лесгафт і інш.
У Беларусі з развіццём пісьменнасці і ўзнікненнем школ канцэпцыі выхавання і навучання складваліся пад уздзеяннем хрысціянскай маралі (Ефрасіння Полацкая) і ідэй старажытных філосафаў. Педагагічныя ідэі, заснаваныя на народных традыцыях, выказвалі беларускія асветнікі 16 ст. Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, у 17-18 ст. М.К.Сарбеўскі, К.Нарбут, Ян Снядэцкі і інш. Асветнікі і вучоныя 19 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі) разглядалі педагагічныя ідэі як сродак абуджэння самасвядомасці народа. Уклад у педагагічную навуку Беларусі зрабілі Цётка («Першае чытанне для дзетак беларусаў» і артыкулы пра выхаванне), Я.Колас (аўтар падручнікаў, у т.л. «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Методыка роднай мовы»), П.Пашкевіч, І.Пічэта, І.Замоцін, М.Гарэцкі, Д.Жарыкаў, М.Байкоў, Л.Шашкоў і інш. У наш час арганізацыя адукацыі і выхавання ўсё ў большай ступені набывае грамадска-дзяржаўны характар: апрача школ, ВНУ, НДІ ў яе ўключаюцца сям'я, палітычныя партыі, канфесіі, прафсаюзы, прадпрымальніцкія колы, розныя грамадскія аб'яднанні. Адраджаюцца гімназіі, ліцэі, каледжы, галіновыя ўніверсітэты, акадэміі. Тэорыю і практыку педагогікі распрацоўваюць Нацыянальны інстытут адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Беларуская акадэмія адукацыі, кафедры педагогікі ўніверсітэтаў, педагагічнае таварыства і інш.
@Першабытнаабшчынны лад, сацыяльна-эканамічны лад, які папярэднічаў дзяржаўна арганізаванаму грамадству. Характарызаваўся родаплемянной арганізацыяй і панаваннем родавай абшчыны. Пачаў складвацца больш як 1,5 мільёна гадоў назад і ў некаторых мясцінах захаваўся да нашага часу. Развіваўся разам са станаўленнем чалавека, удасканаленнем метадаў выкарыстання гатовых дароў прыроды, а потым і развіццём прадукцыйных сіл. Першабытнае грамадства прайшло некалькі этапаў станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак (праабшчына), ранняя родавая абшчына (каменны век), познародавая патрыярхальная абшчына (бронзавы век), распад родаплемяннога ладу і пераход да феадалізму (жалезны век).
@Песімізм (ад лац. pessimus - найгоршы), гэта пэўная сістэма ўяўленняў і поглядаў, звязаных з адназначна негатыўным успрыманнем жыцця і яго перспектыў, паводле якіх у свеце пераважае зло і чалавек асуджаны на пакуты і безвыходнасць. Такія погляды прапаведаваў нямецкі філосаф 19 ст. А.Шапенгаўэр, які сцвярджаў, што чалавечае жыццё «паводле свайго ладу не здольна ні да якога сапраўднага шчасця, а па сутнасці ёсць толькі разнастайныя пакуты і скрозь гаротнае становішча», а чалавечы лёс - «нягоды, гора, плач, мука і смерць». Падобныя думкі на 2 стагоддзі раней выказваў французскі філосаф Б.Паскаль. Дык у чым жа прычына такога змрочнага і бесперспектыўнага бачання свету? Ці мае яно падставы ў рэальным жыцці? Сапраўды, жыццё поўнае супярэчнасцей, у ім шмат таго, што процістаіць чалавеку. Менавіта на гэтых баках жыцця песімісты і фіксуюць сваю ўвагу. Сёння чалавецтва стаіць перад шэрагам глабальных праблем, якія здольны навесці на думку пра марнасць чалавечага жыцця. Пажыўнай глебай для песімізму служаць сацыяльныя антаганізмы, супярэчнасці сучаснай цывілізацыі: неадназначнае ўспрыманне навукова-тэхнічнага прагрэсу, страта традыцыйных каштоўнасцей, узмацненне маральнага скептыцызму, нігілізму і г.д. Песімісты лічаць, што чалавечае жыццё па сваёй сутнасці бесперспектыўнае, бо ў ім пануе зло і пакуты, што чалавек адзінокі, свет варожы чалавеку. А калі жыццё чалавека фатальна прадвызначана і асуджана на пакуты, то вынікае, што ён не ў стане што-небудзь змяніць. Перанос такой пазіцыі ў сацыяльную сферу вядзе да адмаўлення любых грамадскіх змен і пераўтварэнняў. Таму ў сваіх ідэалагічных формах песімізм скіраваны на ўвекавечанне таго парадку, які існуе. Нявер'е ў будучыню вядзе да адмаўлення сэнсу сацыяльнага дзеяння, да думак, што ўсё ў гэтым свеце ідзе да горшага, што лепшыя часы чалавецтва калі яны і былі, то даўно мінулі. Антычнасць уяўлялася «залатым векам» чалавецтва. Сучасныя песімісты лічаць, што негатыўныя вынікі навукова-тэхнічнага прагрэсу выклікаюць дэгуманізацыю грамадскіх адносін, пагаршэнне нораваў, разбурэнне маральных нормаў і каштоўнасцей. Рэальных жа перспектыў выхаду з гэтай крызіснай сітуацыі яны не бачаць і не прапануюць. Яны прапаведаваюць погляд на чалавека як на істоту злую, сапсаваную, жорсткую, эгаістычную і хлуслівую; быццам гэтыя рысы ўласцівыя яму спрадвеку, яны непазбежна «прарываюцца» праз пласт культуры і выяўляюцца ў амаралізме, злачыннасці. Відавочна, што, надаючы чалавеку такія якасці, цяжка чакаць ад яго дзеянняў, накіраваных на самаўдасканаленне, павышэнне маральнай культуры.
@Пісьменства. Каля 5 тысяч гадоў таму назад чалавецтва стварыла адно з самых важных вынаходстваў - пісьменства - спосаб перадаваць звесткі праз прастору і час. Яшчэ ў каменным веку людзі спрабавалі перадаваць звесткі з дапамогай малюнкаў, так званых піктаграфій. Але каб намаляваныя, высечаныя на камянях альбо іншыя рэчавыя звесткі можна было заўсёды правільна і аднолькава разумець, трэба было дамовіцца пра агульнапрызнанае значэнне ўмоўных знакаў. Такі агульнапрызнаны набор умоўных графічных знакаў для слоў мовы называецца пісьмом або пісьменствам. Пераход ад выпадковых запісаў-малюнкаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага пісьма, знакі якога перадавалі б цэлыя словы ці завершаныя думкі, абумоўлены ўтварэннем дзяржавы, якой патрэбна была пісьмовая дакументацыя. Ідэаграфічная сістэма пісьма (іерогліфы) здольная была абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканамічнага і культурнага жыцця дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Старажытнаэгіпецкая, шумерская, кітайская сістэмы захаваліся да нашага часу. Але гэтая сістэма пісьма не адпавядала фанетыцы мовы, была грувасткая, мела вялікую колькасць знакаў. Таму ў 2-м тысячагоддзі да н.э. пачало фармавацца складовае пісьмо з меншай колькасцю знакаў. Ім карыстаюцца некаторыя народы сучаснай Індыі і краін Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Найбольш зручнае пісьмо літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яно больш простае, з меншай колькасцю знакаў і лёгка перадае граматычныя формы слоў. Большасць народаў свету карыстаюцца літарна-гукавымі сістэмамі. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма.
У сярэдзіне 2-га тысячагоддзя да н.э. фінікійцы (міжземнаморскія семіцкія купцы-мараходы) вынайшлі спрошчанае пісьмо, якое складалася з 22 знакаў. Кожны знак у ім абазначаў пэўны зычны і любы або ніякі галосны; словы не аддзяляліся адно ад аднаго. Паступова тэкст пачалі падзяляць на словы, літарамі пазначаць і пэўныя галосныя. Знакі фінікійскага пісьма ўспрынялі суседнія народы - жыды, арамеі, арабы, а ў 9-8 ст. да н.э. - грэкі. Але ў грэчаскай мове не было некаторых зычных гукаў, для якіх у фінікійскім пісьме меліся літары. Такія «лішнія» літары грэкі выкарысталі для таго, каб перадаваць галосныя гукі. Так узнік першы сапраўдны алфавіт, або азбука. Ад грэчаскага пісьма паходзяць лацінскі алфавіт і кірыліца з дадаткам некаторых новых літар для гукаў, якія адсутнічалі ў грэчаскай мове. Доўгі час кірыліца выкарыстоўвалася ў балгарскім, старабеларускім, стараўкраінскім і старарасейскім пісьменствах. Выдатным дасягненнем старабеларускай графікі было стварэнне Ф.Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для іншых усходнеславянскіх друкароў. Вялікае значэнне ў развіцці расейскага пісьма мела Пятроўская рэформа 1708-1710, у выніку якой быў створаны грамадзянскі шрыфт. Пад яго ўплывам пазней змяніліся беларуская і ўкраінская пісьмовыя сістэмы.
Стварэнне славянскай азбукі звязваюць з імёнамі візантыйскіх місіянераў Канстанціна (Кірыла; каля 827-869) і яго брата Мяфодзія (815-885). У 862 у Канстанцінопаль прыбылі паслы мараўскага князя Расціслава, які прасіў накіраваць у Маравію прапаведнікаў для ўсталявання там хрысціянскай рэлігіі на зразумелай народу мове. У хуткім часе Кірыла, які валодаў некалькімі мовамі і мясцовым славянскім дыялектам, стварыў славянскую азбуку з 38 літар. Частка літар была запазычана з грэчаскага алфавіта, а некаторыя спецыяльна прыдуманы для перадачы гукаў славянскіх моў. Кірыла пераклаў Евангелле і іншыя царкоўныя кнігі. Пасля 894, калі славянскую мову абвясцілі афіцыйнай мовай царквы і дзяржавы, у Балгарыі пачалі адзначаць Дзень славянскага пісьменства. Верагодна, напачатку гэта было выключна царкоўнае свята, пазней яно стала ўсенародным. Міжнароднае свята славянскага пісьменства і славянскіх культур у 1986 адбылося ў Маскве, у 1989 - у Кіеве, у 1990 - у Менску (Вязынка). З 1994 у Беларусі шырока адзначаецца свята беларускага пісьменства і друку.
Пісьменствам таксама прынята называць сукупнасць пісьмовых літаратурных помнікаў якой-небудзь мовы або народа.
@Планаванне. Распрацоўка планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а таксама комплексу практычных мер па іх рэалізацыі. На мікраэканамічным узроўні выступае як унутрывытворчае (унутрыфірменнае) планаванне. На макраэканамічным узроўні - важны элемент сістэмы кіравання грамадствам і сродак ажыццяўлення сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы. Ахоплівае ўласна распрацоўку плана, арганізацыю і кантроль за яго выкананнем. Адрозніваюць дырэктыўнае і індыкатыўнае планаванне. У першым выпадку гэта абавязковае, цэнтралізаванае звяно дзяржаўнага кіраўніцтва народнай гаспадаркай; у другім - адзін з элементаў дзяржаўнага рэгулявання і стымулявання эканомікі на аснове комплексных агульнагаспадарчых праграм, якія вызначаюць агульныя арыенціры ўздзеяння дзяржавы на эканоміку (пераважна праз фінансавую і крэдытна-грашовую палітыку) і маюць рэкамендацыйны характар. Гістарычны вопыт дырэктыўнага цэнтралізаванага планавання (пяцігодкі ў СССР, у т.л. Беларусі, і ў іншых сацыялістычных краінах) паказаў, што сістэма заказаў, разнарадак, фандавання рэсурсаў і інш. абмяжоўвае самастойнасць, ініцыятыву і стымулы вытворцаў, вядзе да дыспрапорцый у народнай гаспадарцы.
@Помста, акт расплаты за прычыненае зло шляхам нанясення крыўдзіцелю фізічнай, матэрыяльнай або маральнай шкоды. Звычай помсты вядомы з ранняй стадыі родавага ладу. Помста за забойства сваяка або нанясенне яму цялесных пашкоджанняў называлася кроўнай. Яе суб'ектам (мсціўцам) з'яўляўся род, адсюль сінонім кроўнай помсты - родавая помста. З узнікненнем прававых адносін помста страціла функцыі абароны сваякоў і ператварылася ў стыхійны, часам дзікі самасуд. Паколькі такі звычай моцна ўкараніўся ў псіхалогію людзей і нават у традыцыю цэлых народаў, пераадолець яго заканадаўчымі актамі было цяжка, таму ў старажытным праве з'явілася мера пакарання, роўная прычыненай шкодзе: «вока за вока, зуб за зуб». Пазней яе замянілі штрафам і іншымі формамі спагнання. З узнікненнем дзяржавы і права функцыі ўзаемнай абароны і грамадскага пакарання перайшлі да судоў і спецыяльных дзяржаўных органаў. Аднак кроўная помста ў некаторых народаў захавалася і да нашых дзён. Помста як з'ява існуе ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці і ў злачынным свеце. Чалавецтва прайшло па шляху гераізацыі сілы (асабліва ваеннай), абароны сілай, пагрозы адказаць ударам на ўдар. У наш час, калі па ўсім свеце распаўсюдзіўся тэрарызм і іншыя формы злачыннасці, чалавецтва пачало шукаць сродкі барацьбы з помстай і іншым злом. Яно ўсё часцей і часцей пачало звяртацца да запаветаў хрысціянскай маралі: не забі, не ўкрадзі, не пажадай і не зрабі зла бліжняму і г.д. Хрысціянская мараль сцвярджае, што зло нельга перамагчы злом. Наспеў час, калі людзям патрэбна духоўнае ачышчэнне.
@Поп-арт (англ. pop art ад popular art - агульнадаступнае мастацтва), кірунак, які напачатку склаўся ў мадэрнісцкім выяўленчым мастацтве, а потым стаў пашыраным у розных сферах масавай культуры 2-й паловы 20 ст. Узнік у 1950-я г. ў ЗША і Вялікабрытаніі. Атрымаў перамогу над абстракцыянізмам на міжнароднай выстаўцы ў Венецыі (1964), дзе галоўная прэмія была прысуджана амерыканскаму мастаку Р.Раўшэнбергу за «прадметную кампіляцыю», складзеную са стракатых паштовак, абрыўкаў плакатаў, выразак з ілюстраваных часопісаў і фатаграфіі забітага прэзідэнта Дж.Кенэдзі. Прадстаўнікі поп-арта прапаноўвалі гледачу мастацтва, што аперыравала звыклымі прадметамі, вырванымі са звычайных іх сувязей з навакольнымі аб'ектамі і пададзенымі ў выпадковых, парадаксальных спалучэннях. «Новая прадметнасць», якую ў пачатку 20 ст. сцвярджаў кубізм, вярнулася ў прадметных кампіляцыях поп-арта. Звярнуўшыся да свету рэчаў, поп-арт хутка ўвайшоў у сферу сучаснай масавай культуры і злучыўся з рэкламай, дызайнам, афармленчым і сцэнічным мастацтвам.
@Попыт у эканоміцы. Гэтую сферу лічаць душой і рухавіком эканомікі, бо яна разам з прапановай папярэднічае любому акту куплі-продажу, уплывае на аб'ём здзелак і ўзровень цэн на рынку. Павышаны попыт можа стымуляваць рост вытворчасці або справацыраваць рост цэн; змяншэнне попыту можа выклікаць структурныя змены ў эканоміцы або крызіс перавытворчасці. Попыт - гэта плацежаздольная патрэба пакупнікоў у дадзеным тавары пры дадзенай цане. Інакш кажучы, попыт - толькі тая патрэба, якая забяспечана наяўнасцю плацежных сродкаў (грошай). Гэта абумоўлівае аб'ём магчымай куплі тавараў пры наяўнай цане на іх. Але попыт - гэта толькі патэнцыяльная здзелка, бо патрэбны адпаведныя захады, каб ператварыць яго ў куплю, тым самым задаволіць попыт спажыўцоў, а прадпрымальнікам забяспечыць даходы.
Эканамічнай навукай сфармуляваны закон попыту, які выражае адваротную залежнасць паміж цаной і колькасцю купленых тавараў (чым ніжэй цэны - тым большы попыт і наадварот) і паступовае змяншэнне попыту на пэўны тавар і паслугу (кожная новая купля аднаго і таго ж тавару прыносіць спажыўцу параўнальна меншую карысць, выгаду і задавальненне). Пры гэтым улічваюць «эфект даходу» (пры больш нізкай цане спажывец можа на тыя ж сродкі купіць больш дадзенага тавару, не адмаўляючы сабе ў набыцці альтэрнатыўных тавараў, і тым самым фактычна павялічваць свае даходы) і «эфект замяшчэння» (з масы аналагічных патрэбных тавараў спажывец выбірае больш танныя, тым самым замяшчае дарагія і, зноў жа, забяспечвае дадатковы эфект даходу). На велічыню попыту ўплываюць таксама густ і перавага спажыўцоў, колькасць спажыўцоў на рынку, іх грашовыя даходы, цэны на аналагічныя тавары, гарантыйны і паслягарантыйны сэрвіс тавараў, прагноз узроўню цэн і даходаў. Пры моцнай рэакцыі пакупнікоў на змену цаны попыт называюць эластычным (на кожны працэнт зніжэння цаны велічыня попыту павялічваецца больш як на 1%). Слабая рэакцыя пакупнікоў на змену цаны тавара абазначае, што попыт неэластычны (на кожны працэнт зніжэння цаны колькасць купленых тавараў павялічваецца менш як на 1%). Інфляцыя і рост цэн выклікаюць імклівы рост попыту (ажыятаж) на тавары і паслугі. Веданне рэальнага попыту - компас для таваравытворцы: якія тавары (паслугі) пастаўляць на рынак, як і колькі іх вырабляць, каму і дзе прадаваць. Вырашэнню гэтай праблемы спрыяе маркетынг.
@Права. З нормамі права грамадзяне маюць справу на працягу ўсяго жыцця, хоць часам і не заўважаюць гэтага. З моманту нараджэння чалавека яго адносіны ў сям'і і калектыве, з іншымі грамадзянамі, з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, яго валоданне і распараджэнне асабістай маёмасцю, працоўная дзейнасць і асабістая бяспека - усё гэта ахопліваецца правам і рэгулюецца яго нормамі. Побач з такімі рэгулятарамі нормаў паводзін, як мараль, звычаі, традыцыі, культура і рэлігія права накіравана яшчэ і на развіццё ўсяго сацыяльнага арганізму ў адпаведнасці з эканамічнымі законамі і патрэбамі грамадства. Сутнасць права вызначаецца характарам і ступенню выяўлення волі і інтарэсаў розных груп сацыяльна неаднароднага грамадства. У больш раннія перыяды развіцця грамадства (у антычнасці, пры феадалізме) права адкрыта замацоўвала і ахоўвала класавыя і сацыяльныя прывілеі. Па меры дасягнення пэўнага ўзроўню цывілізаванасці права стала адлюстроўваць усё больш шырокую сукупнасць сацыяльных інтарэсаў і трансфармавацца ў сродак кампрамісу пры іх сутыкненні. Найпершае прызначэнне права - забеспячэнне і абарона свабоды чалавека. Такім чынам, права - гэта сукупнасць агульнаабавязковых правіл паводзін (нормаў), узаконеных магчымасцей чалавека, якія санкцыянаваны, рэгулююцца і ахоўваюцца дзяржавай. Прававыя нормы распрацоўваюць і выдаюць органы дзяржаўнай улады і кіравання. Нормы, якія рэгулююць аднародныя адносіны, складаюць галіну права. Сістэма беларускага права складаецца з наступных галін: дзяржаўнай, адміністрацыйнай, фінансавай, зямельнай, цывільнай, працоўнай, сямейнай, крымінальнай і інш. Амаль усе галіны права маюць свае зводы асноўных законаў у выглядзе кодэксаў. Асноўнай прававой базай усяго заканадаўства з'яўляецца Канстытуцыя Беларусі.
@Прававая дзяржава, дзяржава, у якой ажыццяўляюцца прынцыпы вяршэнства канстытуцыі і прававога закону; дзяржаўная ўлада падзяляецца на заканадаўчую, выканаўчую (яны ўзаемна стрымліваюцца і кантралююцца) і незалежную судовую, якая падпарадкоўваецца толькі закону; забяспечваецца палітычны плюралізм, узаемная адказнасць дзяржавы і грамадзяніна. Мэта прававой дзяржавы - стварэнне гарантый сацыяльнай і прававой аховы грамадзян, забеспячэнне іх правоў і свабод. Канцэпцыя сучаснай прававой дзяржавы склалася на аснове асэнсавання і ўспрымання ўніверсальных ідэй мысліцеляў былых эпох - вяршэнства закону (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), раздзяленне ўлад (Палібій, Дж.Лок, Ш.Мантэск'ё і інш.), неадчужальнасць прыродных правоў чалавека (Ж.Ж.Русо, Дж.Лілберн і інш.). Паводле Канстытуцыі Беларусі наша краіна абвешчана ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай; дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя, але яны закліканы ўзаемадзейнічаць паміж сабой, стрымліваць і ўраўнаважваць адзін аднаго.
@Правапарушэнне. У шырокім сэнсе гэтым тэрмінам пазначаюць любое антыграмадскае дзеянне, якое наносіць шкоду грамадству і караецца ў адпаведнасці з законам. Правапарушэнні падзяляюцца на цывільныя (нанясенне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арганізацыі, распаўсюджванне звестак, што ганьбяць гонар і годнасць грамадзяніна ці арганізацыі, і да т.п.), адміністрацыйныя (дробнае хуліганства, парушэнні правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя правіннасці (прагул, спазненне на працу і інш.). Найбольш небяспечным відам правапарушэння з'яўляецца злачынства. За правапарушэнні законам прадугледжана адпаведная цывільная, адміністрацыйная, дысцыплінарная, крымінальная адказнасць.
@Правасвядомасць, свядомае перакананне ў неабходнасці ўсеагульнага падтрымання прававых нормаў на карысць чалавечага грамадства. У аснове фармавання правасвядомасці ў многіх выпадках ляжаць маральныя каштоўнасці, уяўленні пра дабро і зло, справядлівасць, грамадская псіхалогія, гістарычныя традыцыі. На яе фармаванне ўплываюць і прававыя нормы, што склаліся ў грамадстве, і практыка іх выкарыстання. Таму правасвядомасць уключае веданне дзеючага права, яго асноўных прынцыпаў і патрабаванняў. Правасвядомасць падпарадкавана агульным заканамернасцям развіцця грамадскай свядомасці. Удасканаленне правасвядомасці ўсіх сябраў грамадства, павышэнне прававой культуры, выпрацоўка такога ўзроўню адносін да права і закону, якое павінна стаць асабістым перакананнем кожнага чалавека, - важная частка выхавання насельніцтва краіны.
@Правасуддзе. Правасуддзе ажыццяўляецца ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку. Пры гэтым дзейнасць судоў мае на мэце ахову ад замаху на замацаваныя ў канстытуцыі грамадскі лад краіны, яго палітычную і эканамічную сістэму, дзяржаўныя і грамадскія інтарэсы, сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, маёмасныя і асабістыя правы і свабоды грамадзян, дзяржаўных, кааператыўных і прыватных прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый. Такім чынам, правасуддзе - гэта форма дзяржаўнай дзейнасці судовай улады, у працэсе якой разглядаюцца і вырашаюцца ў судовым парадку справы, аднесеныя да яе кампетэнцыі - аб крымінальных злачынствах, аб цывільных і гаспадарчых спрэчках і інш. Суддзі незалежныя ў сваёй дзейнасці і падпарадкоўваюцца толькі закону, якое-небудзь умяшанне ў іх дзейнасць недапушчальнае. У Беларусі судаўладкаванне і статус суддзяў вызначаюцца Канстытуцыяй Беларусі, іншымі актамі заканадаўства. Судовая сістэма Беларусі ўключае агульныя суды (Вярхоўны суд, абласныя і прыраўнаваны да іх Менскі гарадскі суд, раённыя, гарадскія), а таксама ваенныя, гаспадарчыя і іншыя суды. Вышэйшымі звеннямі судовай сістэмы з'яўляюцца Вярхоўны суд і Вышэйшы гаспадарчы суд. Органам дзяржаўнага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў дзяржавы з'яўляецца Канстытуцыйны Суд Беларусі, заключэнні якога з'яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць.
@Правы чалавека. Тэрмін «правы чалавека» з'явіўся ў перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі. Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна, прынятая Ўстаноўчым сходам 26 жніўня 1789, абвясціла народны суверэнітэт і прыродныя неадчужальныя правы чалавека, што адзначыла пачатак барацьбы супраць феадальна-абсалютысцкіх парадкаў не толькі ў Францыі, але і ў іншых краінах. Французскія асветнікі - сучаснікі рэвалюцыі небеспадстаўна лічылі, што ўлады і народ павінны быць раўнапраўнымі партнёрамі, а не панамі і рабамі, як гэта разумелася стагоддзямі. Пад дэвізам «Свабода, роўнасць, братэрства» народ пачаў барацьбу супраць феадальных парадкаў. Аднак гэтыя высакародныя прынцыпы, як выявілася пазней, не маглі ў той час быць здзейснены і трансфармаваліся ў канцэпцыю, паводле якой за індывідуумам засталася ўласцівая яму ад нараджэння сукупнасць правоў (права на жыццё, свабода асобы, слова, сумлення, права на валоданне ўласнасцю і інш.). З развіццём грамадства спіс правоў чалавека пашыраўся, набываючы розныя адценні і тлумачэнні.
Сучасныя ўяўленні аб правах чалавека ўтрымліваюць у сабе і вопыт чалавецтва, звязаны з пераадоленнем фашызму і таталітарызму, разнастайных формаў насілля і эксплуатацыі. Яны выкладзены ва Ўсеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 10 снежня 1948, дзе падкрэсліваецца, што «ўсе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці» (арт. 1), што «кожны чалавек павінен валодаць усімі правамі і ўсімі свабодамі... без якога б там ні было адрознення» (арт. 2). Далей у Дэкларацыі раскрываюцца грамадзянскія правы і палітычныя свабоды, у т.л. права на жыццё, свабоду і бяспеку асобы, на роўнасць перад законам, на грамадзянства і ўдзел у кіраванні сваёй краінай, на валоданне маёмасцю. У Дэкларацыі адзначаны эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы, у т.л. на сацыяльнае забеспячэнне, на працу і свабодны выбар работы, на жыццёвы ўзровень, неабходны для падтрымання здароўя і дабрабыту, на адукацыю, на ўдзел у культурным жыцці; падкрэслены пазітыўныя свабоды - перамяшчэнне, сумленне, мірныя сходы і асацыяцыі і да т.п., а таксама негатыўныя свабоды - супраць адвольнага арышту, затрымання і выгнання, адвольнага ўмяшання ў асабістае і сямейнае жыццё і да т.п. Адначасова адзначана, што «чалавек нясе абавязкі перад грамадствам, у якім толькі і магчыма свабоднае і поўнае развіццё яго асобы».
Такім чынам, правы чалавека - гэта комплекс сацыяльна-эканамічных, грамадзянскіх, палітычных, культурных і іншых правоў і свабод, якія характарызуюць прававое становішча асобы ў дзяржаве.
Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека з'яўляецца першым раздзелам Міжнароднага біля аб правах чалавека, які ўключае таксама Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і факультатыўны пратакол да яго, прынятыя ў 1966. Правы чалавека пазначаны таксама ў Заключным акце Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Эўропе 1975 і ў шэрагу іншых дакументаў і міжнародных пагадненняў. Канцэпцыя правоў чалавека працягвае развівацца. Істотнай праблемай застаецца дастасаванне нацыянальных заканадаўстваў і палітычнай практыкі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
@Прагназаванне (ад грэч. prognosis - прадбачанне, прадказанне), распрацоўка прагнозу; першапачатковае прадказанне, суджэнне або заключэнне аб стане і развіцці якой-небудзь з'явы ў будучым (напрыклад, прагноз надвор'я, цячэння хваробы, зыходу выбараў). У вузкім значэнні - спецыяльнае навуковае даследаванне канкрэтных перспектыў развіцця якой-небудзь грамадскай з'явы (напрыклад, эканамічнае прагназаванне). Існуюць прагназаванні: кароткатэрміновае (на 1-2 гады), сярэднетэрміновае (на 5-10 гадоў), доўгатэрміновае (на 15-20 гадоў) і звышдоўгатэрміновае (на 50-100 гадоў). Вылучаюць 3 класы метадаў прагназавання: мадэляванне, апытанне экспертаў, экстрапаляцыя (пашырэнне вывадаў, атрыманых пры вывучэнні адной часткі з'явы, працэсу на другую частку, на будучае і да т.п.).
@Прагрэс (ад лац. progressus - рух наперад), кірунак развіцця, для якога характэрны пераход ад ніжэйшага да вышэйшага, ад менш дасканалага да больш дасканалага. Аб прагрэсе можна весці гаворку як у дачыненні да сістэмы ў цэлым, так і да яе асобных элементаў, да структуры аб'екта ў стадыі развіцця. Паняцце «прагрэс» процілеглае паняццю «рэгрэс».
@Прадпрыемства, самастойны суб'ект гаспадарання, які на аснове выкарыстання працоўным калектывам маёмасці стварае і рэалізуе прадукцыю, выконвае работы ці аказвае паслугі. Прадпрыемства мае права займацца любой гаспадарчай дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам, што прадугледжаны ў статуце прадпрыемства. Яно мае правы юрыдычнай асобы, самастойны баланс, разліковы і іншыя рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем. Адрозніваюць прадпрыемствы, якія функцыянуюць у адпаведнасці з асновамі заканадаўства аб арэндзе; малыя прадпрыемствы, адметнымі прыкметамі якіх з'яўляюцца абмежаванні, што тычацца колькасці працуючых або аб'ёму гаспадарчай дзейнасці; сумеснае прадпрыемства, якое дзейнічае на аснове аб'яднання маёмасці стваральнікаў (юрыдычных і фізічных асоб; у айчыннай практыцы гэты тэрмін ужываецца ў дачыненні да прадпрыемстваў з удзелам замежных партнёраў) і інш.
@Прадпрымальніцтва, ініцыятыўная самастойная дзейнасць грамадзян, накіраваная на атрыманне прыбытку або асабістага даходу. Ажыццяўляецца ад свайго імя, пад сваю матэрыяльную адказнасць або ад імя і пад юрыдычную адказнасць юрыдычнай асобы. Прадпрымальнік можа займацца любымі відамі гаспадарчай дзейнасці, якая не забаронена законам, уключаючы камерцыйнае пасрэдніцтва, гандлёва-закупачную, кансультацыйную і іншую дзейнасць, а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Адрозніваюць прыватнае і калектыўнае прадпрымальніцтва, што ажыццяўляецца і грунтуецца на ўласнасці грамадзян або на маёмасці, атрыманай і выкарыстанай на законнай падставе. Прадпрымальніцтва можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы ці з яе выкарыстаннем, без стварэння юрыдычнай асобы ці з яе стварэннем. Для ажыццяўлення сваёй дзейнасці прадпрымальнік мае правы: ствараць любыя віды прадпрыемстваў, арганізацыя якіх не супярэчыць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на іншых формах уласнасці, іншую ўласнасць і маёмасныя правы; прымаць удзел сваёй маёмасцю ў дзейнасці іншых суб'ектаў гаспадарання, выкарыстоўваць па дамоўленасці маёмасць юрыдычных асоб і грамадзян; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў, устаноўленых заканадаўствам; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і іншыя віды даходаў асоб, якія працуюць па найму; самастойна фармаваць праграму гаспадарчай дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый; свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля аплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў; атрымліваць неабмежаваны ў памерах асабісты даход; карыстацца ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай сістэмай сацыяльнага забеспячэння і страхавання; абскарджваць ва ўстаноўленым парадку дзеянні дзяржаўных і іншых органаў, якія ўціскаюць яго правы і інтарэсы; выступаць удзельнікам знешнеэканамічных адносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Прадпрымальнік, які ажыццяўляе сваю дзейнасць без стварэння юрыдычнай асобы, адказвае па сваіх абавязацельствах, звязаных з гэтай дзейнасцю, усёй маёмасцю, за выключэннем той маёмасці, якая паводле закону не падлягае спагнанню.
@Пражытачны мінімум, сацыяльна-эканамічная катэгорыя, якая характарызуе мінімум жыццёвых сродкаў, фізічна неабходных для падтрымання жыццядзейнасці чалавека і аднаўлення яго рабочай сілы. Гл. таксама Спажывецкі кошык.
@Практыка. Вядома, што абставіны ствараюць людзей, але і самі абставіны з'яўляюцца прадуктам чалавечай дзейнасці. Людзі на практыцы прыстасоўваюць да сябе прыроду, ствараюць матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці; у сацыяльнай сферы яны пераўтвараюць грамадскае быццё. І практыка ўсёй дзейнасці людзей застаецца ім у спадчыну. Змяняючы ўмовы і абставіны свайго жыцця, чалавек непазбежна мяняецца і сам як асоба. Практыка - гэта спосаб існавання чалавека ў свеце шляхам пераўтварэння свету (прыроды і грамадства), змянення ўмоў свайго жыцця і самога сябе ў адпаведнасці з гістарычнымі формамі развіцця грамадскага быцця. У чалавечай дзейнасці прырода (а зараз і космас) усе больш становіцца часткай свету культуры, а прадметны свет культуры пераўтвараецца ў аснову прыроднага быцця людзей. Людзі здольныя развівацца толькі ў працэсе пераўтварэння прыроды праз грамадскія адносіны паміж сабой. Гуманныя адносіны да прыроды ў глабальным маштабе практычна стануць магчымыя толькі на аснове такога ўзроўню і якасці грамадскага быцця, калі людзі ўсёй планеты пачнуць па-чалавечы ставіцца адзін да аднаго. Гэта магчыма, калі чалавецтва прыступіць да рашэння такіх праблем і задач, рэалізацыя якіх сёння тэхналагічна не па сіле аднаму народу ці дзяржаве і патрабуе аб'яднання намаганняў усіх краін свету. У такой сітуацыі грамадская практыка набудзе агульначалавечы характар, які будзе пераважаць над індывідуальнымі, нацыянальнымі, класавымі асаблівасцямі як адзіная гуманістычная аснова жыцця людзей.
@Прапанова ў эканоміцы. Як і попыт - гэта самастойная сфера рыначнай эканомікі, неад'емная ўмова працэсу куплі-продажу: попыт задавальняецца пры наяўнасці пэўных тавараў (паслуг). Сукупнасць гэтых тавараў і паслуг, што пастаўляюць на рынак таваравытворцы, і ёсць прапанова. Наменклатура яго вялікая і разнастайная, але ў ёй вылучаюць 5 асноўных груп тавараў і паслуг: сыравіна (рэсурсы), тавары вытворчага прызначэння, наёмная праца, капітал (прадукцыйны і грашовы), тавары спажывецкага прызначэння, у тым ліку вырабы доўгатэрміновага карыстання (аўтамабілі, халадзільнікі, тэлевізары і інш.), вырабы кароткатэрміновага карыстання (прадукты харчавання, касметыка), паслугі (абслугоўванне, рэстараны, турызм і інш.). Велічыня прапановы знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узроўню цэн. Але калі стымулятар попыту - нізкая цана, то стымулятар прапановы - высокая: чым яна вышэй, тым больш тавараў і паслуг паступае на рынак, таму што ад гэтага залежаць выручка, даход, прыбытак. Пры змяншэнні цаны да ўзроўню, калі вытворчасць тавараў (паслуг) не дае даходу, іх прапанова губляе сэнс. У гэтым выпадку патрабуюцца складаныя прадпрымальніцкія захады па пераарыентацыі рэсурсаў, змене тэхналогій, аб'ёмаў і асартыменту выпуску прадукцыі. Пры гэтым прапанова не проста «адгукаецца» на наяўны попыт, а фармуе яго. Таму прапанова пастаянна мяняецца: павялічваецца яе аб'ём, абнаўляецца асартымент за кошт новых тавараў і паслуг (інфармацыя, ноў-хаў, бытавая электронная тэхніка і інш.). На рынку бывае і раўнавагавая цана, калі на кожны тавар няма лішку і дэфіцыту. Такім чынам, на рынку адбываецца пастаяннае ўзаемадзеянне попыту і прапановы. У гэтым - галоўны механізм функцыянавання рыначнай эканомікі, яе аб'ектыўны рэгулятар, аснова кан'юнктуры рынку. Той, хто будуе сваю дзейнасць з улікам законаў попыту і прапановы рыначнай кан'юнктуры, перамагае ў канкурэнцыі, забяспечвае працвітанне свайго бізнесу. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае служба маркетынгу.
@Пратэкцыянізм (франц. protectionisme ад лац. protectio літар. - прыкрыццё), гэта эканамічная палітыка пэўнай краіны, якая імкнецца ахаваць свой унутраны рынак ад пранікнення імпарту ў інтарэсах развіцця ўнутранай вытворчасці і засцерагчы айчынных прадпрымальнікаў ад замежнай канкурэнцыі. Ён ажыццяўляецца праз павышэнне ставак увазных пошлін і іншых захадаў мытна-тарыфнага рэгулявання, а таксама выкарыстаннем нетарыфных мер знешнеэканамічнага рэгулявання.
Для 20 стагоддзя характэрна тэндэнцыя да зніжэння мытных пошлін у міжнародным гандлі. У асобныя перыяды яна спалучаецца з узмацненнем нетарыфных абмежаванняў у знешнім гандлі развітых капіталістычных краін. Такія абмежаванні шырока выкарыстоўваюць ва ўзаемным гандлі ЗША, Японія і краіны Эўрапейскага супольніцтва (ЕС), найперш з-за незбалансаванасці міжнародных разлікаў паміж імі. Пры гэтым ад замежнай канкурэнцыі засцерагаецца звычайна не ўся нацыянальная вытворчасць, а толькі асобныя яе галіны, г.зн. праводзіцца палітыка селектыўнага пратэкцыянізму (асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі; таму такую палітыку называюць аграрным пратэкцыянізмам). Увядзенне колькасных абмежаванняў часта выклікае ўспышкі так званых «гандлёвых войнаў» паміж гэтымі дзяржавамі. Развіццё інтэграцыйных працэсаў вядзе да ўзнікнення калектыўнага пратэкцыянізму, які ажыццяўляюць інтэграваныя групоўкі (найперш краіны ЕЗ з іх адзінай знешнегандлёвай палітыкай) у адносінах да трэціх краін.
У так званым «трэцім свеце» (у краінах, якія сталі на шлях развіцця) пратэкцыянізм з'яўляецца элементам палітыкі індустрыялізацыі і інструментам эканоміі замежнай валюты ва ўмовах вялікай знешняй дзяржаўнай запазычанасці. Монакультурнасць знешняга гандлю гэтых краін і арыентацыя на рынкі развітых капіталістычных дзяржаў робяць іх асабліва адчувальнымі да пратэкцыянізму развітых капіталістычных краін. Асноўнымі сродкамі пратэкцыянізму краін «трэцяга свету» з'яўляюцца мытныя пошліны, валютныя абмежаванні, ліцэнзаванне і кантынгентаванне імпарту.
Тэрмін «пратэкцыянізм» таксама азначае падбор людзей на службу не па дзелавых якасцях, а па знаёмстве, па пратэкцыі.
@Праўда, гэта тое, што адпавядае рэчаіснасці, маральная ісціна, парадак, заснаваны на справядлівасці. Патрабаванне праўды з'яўляецца агульначалавечым і выцякае з патрэбы асобы мець правільнае ўяўленне пра грамадства, у якім яна жыве, пра ўчынкі (свае і чужыя), пра сутнасць жыццёвых абставін. Таму, каб служыць праўдзе, трэба быць смелым, мужным, адукаваным. Праўдзівасць як маральная якасць асобы патрабуе ад яе ў любых абставінах гаварыць ісціну. Але поруч з праўдай у чалавеку ўжываецца і яе процілегласць - хлусня. Слабыя людзі пры нябяспецы могуць няшчыра адказаць на прынцыповае пытанне, змаўчаць, а часам і падмануць. Праўда простая, але не проста быць праўдзівым і прынцыповым. Праўдзівасць, як і іншыя рысы характару, фармуецца самім чалавекам. У грамадстве, дзе асуджаецца хлусня, двайная мараль, спроба ўпрыгожыць рэчаіснасць, праўда і справядлівасць становяцца рэальнасцю.
@Прафсаюзы (прафесійныя саюзы), масавыя грамадскія арганізацыі наёмных работнікаў, заснаваныя на агульнасці іх інтарэсаў у працэсе працы з мэтай паляпшэння ўмоў жыцця і працы сваіх сябраў. Узніклі ў 2-й палове 18 ст. ў Вялікабрытаніі як асацыяцыі высокакваліфікаваных рабочых, якія аб'ядналіся для абароны сваіх прафесійных інтарэсаў і сацыяльнага статуса. На працягу 19 ст. прафсаюзы створаны амаль ва ўсіх развітых краінах Эўропы і Амерыкі. У Расеі першыя прафсаюзы з'явіліся пасля 1905. У пачатку 20 ст. пачалі стварацца міжнародныя прафсаюзныя федэрацыі і прафсаюзы работнікаў пэўных галін гаспадаркі. У 1945 створана Сусветная федэрацыя прафсаюзаў, якая стала адзіным у свеце ўніверсальным аб'яднаннем (у 1991 аб'ядноўвала каля 200 млн. чалавек). У 1949 узнікла Міжнародная канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў. Існуе таксама Сусветная канфедэрацыя працы, якая з'яўляецца цэнтрам хрысціянскага прафсаюзнага руху.
У Беларусі першыя прафсаюзы ўзніклі ў 1905. Структура, формы і метады работы прафсаюзаў БССР ў складзе СССР залежалі ад партыйнага і дзяржаўнага ўплыву. Цяперашнія працэсы ў прафруху накіраваны на рашучы паварот да ўзмацнення ахоўнай функцыі прафсаюзаў, набыцця імі незалежнасці ад любых палітычных, дзяржаўных і гаспадарчых органаў, ствараюцца альтэрнатыўныя прафаб'яднанні. У 1990 створана Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (уключае 35 арганізацый, аб'ядноўвае больш за 5 млн. чалавек). Апрача Федэрацыі існуюць Незалежны прафсаюз Беларусі, канфедэрацыя працы Беларусі, Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі, прафсаюз прадпрымальнікаў «Формум» і інш.
@Праца. Усё, што мы маем, - вынік працы. Яе справядліва называюць найвялікшым стваральнікам. Навучыўшыся вырабляць прылады працы, чалавек пастаянна ўдасканальвае іх і ў працэсе працоўнай дзейнасці ўдасканальваецца сам, чым забяспечвае прагрэс грамадскага развіцця і ўзыходжанне чалавецтва да вышынь цывілізацыі. Уся гісторыя чалавецтва - гэта не што іншае, як выхаванне і адукацыя чалавека працай. Менавіта ў ёй крыніца дабрабыту і радасці, сілы духу, высакародства вялікіх здзяйсненняў і подзвігаў.
Штодзённа і штохвілінна велізарная колькасць людзей на нашай планеце занята працоўнай дзейнасцю. Гэта дзейнасць надзвычай разнастайная па месцы, умовах і функцыях. Існуюць дзесяткі тысяч прафесій, спецыяльнасцей і пасад. Аднак ва ўсёй гэтай разнастайнасці працы вылучаюць дзве галоўныя сферы яе прыкладання: вытворчую (вытворчасць матэрыяльных даброт) і невытворчую (вытворчасць нематэрыяльных даброт і паслуг). Кожны чалавек валодае пэўным фізічным і разумовым патэнцыялам, які вызначае яго здольнасці да працы - рабочай сілы. Праца - гэта выкарыстанне рабочай сілы, мэтазгодная дзейнасць людзей, у якой яны пры дапамозе сродкаў працы ўздзейнічаюць на прыроду, прыстасоўваючы яе для задавальнення сваіх патрэб; гэта аснова існавання і развіцця грамадства, пастаянная прыродная ўмова чалавечага жыцця. Змест працы вызначаецца тыпам тэхнікі, тэхналогіі і арганізацыі вытворчасці. У выніку тэхнічнага прагрэсу ў вытворчасці змяншаецца ўдзельная вага ручной цяжкай працы, павышаецца значымасць і ўдзельная вага разумовай працы. Аснашчэнне працы высокаэфектыўнай тэхнікай, паляпшэнне яе арганізацыі і культуры, заахвочванне высокакваліфікаванай працы матэрыяльнымі і маральнымі сродкамі дазваляюць значна павысіць яе прадукцыйнасць.
Канстытуцыя Беларусі гарантуе сваім грамадзянам «права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў у адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па прычынах, якія не залежаць ад яе, ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам... Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы» (арт. 41).
@Прыбытак, абагульняльны паказчык фінансавых вынікаў гаспадарчай дзейнасці; вызначаецца як розніца паміж выручкай ад гаспадарчай дзейнасці і сумай затрат на гэту дзейнасць. Прыбытак балансавы - агульная сума прыбытку за пэўны перыяд, які адлюстроўваецца ў бухгалтарскім балансе. У балансавы прыбытак уключаецца прыбытак ад рэалізацыі рознага роду прадукцыі, работ, паслуг і пазарэалізацыйных аперацый (розніца паміж штрафамі, пенямі, няўстойкамі, атрыманымі і заплачанымі, арэндная плата ад здадзенай у арэнду маёмасці і інш.). Прыбытак чысты - частка балансавага прыбытку, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства (фірмы) пасля выплаты падаткаў, рэнтавых і іншых плацяжоў у бюджэт.
@Прыватызацыя (ад лац. privatus - прыватны, асабісты). У сувязі з пераходам эканомікі Беларусі да рыначных адносін і надання яе грамадзянам права на прыватную ўласнасць Вярхоўны Савет Беларусі 19.01.1993 прыняў закон «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Паводле гэтага закону, раздзяржаўленне і прыватызацыя з'яўляецца дзейнасцю ўпаўнаважаных на гэта дзяржаўных органаў па перадачы маёмасці, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, у прыватную або калектыўную ўласнасць шляхам ператварэння прадпрыемстваў (арганізацый) у акцыянерныя, гаспадарчыя і прыватныя. У больш вузкім значэнні прыватызацыя - гэта пераход маёмасці ў прыватную ўласнасць. Ажыццяўляецца яна праз бязвыплатную перадачу або продаж. Аб'ектамі прыватызацыі з'яўляюцца жыллё, прадпрыемствы, цэхі, участкі, абсталяванне, будынкі, збудаванні, паі, акцыі дзяржавы ў капітале акцыянерных таварыстваў і іншых аб'яднанняў і прадпрыемстваў. Суб'ектамі прыватызацыі могуць быць грамадзяне Беларусі, юрыдычныя асобы, працоўныя калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства.
@Прывілеі (лац. privilegium ад privus - асаблівы + lex - закон), ільготы пэўным катэгорыям грамадзян або юрыдычным асобам, устаноўленыя заканадаўствам, як выключэнне з агульных правіл. Так, у Беларусі існуюць ільготы для моладзі, якая сумяшчае працоўную дзейнасць з навучаннем; для цяжарных жанчын і жанчын, якія маюць малалетніх дзяцей; для інвалідаў вайны і працы, пенсіянераў, удзельнікаў вайны, ваеннаслужачых і інш. Ільготы праяўляюцца ў скарачэнні рабочага часу, дадатковых водпусках, зніжэнні сумы падаткаў або вызваленні ад іх, паляпшэнні жыллёвых умоў, дадаткі да пенсіі, зніжэнні платы за камунальныя паслугі і інш.
У мінулым прывілеі мелі саслоўны характар і надаваліся пераважна пануючым класам. Так, у Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і іншых феадальных дзяржавах прывілеямі называліся заканадаўчыя акты, якімі вялікія князі ці каралі надавалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючых саслоўяў, пэўных сацыяльных ці рэлігійных груп, асоб, а таксама пэўных тэрыторый, гарадоў, мястэчак і інш. Яны класіфікаваліся на льготныя, дарчыя і ахоўныя. Былі прывілеі земскія (пашыраліся на ўсіх феадалаў дзяржавы), гарадскія, абласныя, валасныя (толькі для асобнай тэрыторыі). Самыя старажытныя ў Беларусі абласныя прывілеі выдадзены ў 2-й палове 14 ст. гарадам і мястэчкам. Першыя земскія прывілеі выдадзены 20.02.1387 аб ільготах феадалам за пераход у каталіцтва, 22.02.1387 аб вызваленні каталіцкага духавенства і яго маёнткаў ад дзяржаўных павіннасцей і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 меў на мэце пашырэнне правоў феадалаў-католікаў і абмежаванне правоў праваслаўных феадалаў (прывілеі, выдадзеныя пазней, ураўнавалі правы феадалаў-католікаў і праваслаўных). Асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты забяспечваў прывілей 1414 г. Прывілеямі называліся і заканадаўчыя акты на ўступленне ў дзеянне пэўных законаў. Так, прывілеем 1588, выдадзеным вялікім князем Жыгімонтам ІІІ Вазам, уведзены ў дзеянне 3-і Статут Вялікага Княства Літоўскага.
@Прыгажосць. Сакрэт прыгажосці з даўніх часоў імкнуліся разгадаць мастакі, паэты, пісьменнікі і вучоныя. У грэкаў багіняй прыгажосці і любові лічылася Афрадыта. Яе спадарожнікамі былі драпежныя звяры. Мужам Афрадыты лічыўся Гефест. І міф пра божы саюз кульгавага каваля-мастака з незямной прыгажосцю Афрадыты стаў як бы завяшчаннем нашчадкам пра неабходнасць спалучаць прыгажосць з мастацтвам і рамяством. Афрадыта ўмела адцягваць увагу ад дрэнных спраў і крывавага бога вайны Арэя. Магчыма, старажытныя грэкі ў іншасказальнай форме звязвалі ўяўленне пра ўплыў прыгажосці на ўпарадкаванне і ўдасканальванне чалавечых адносін, на яе здольнасць папярэджваць канфлікты, што вядуць да знішчэння людзьмі адзін аднаго. Поруч з тэрмінам «прыгажосць» у якасці сіноніма часам ужываецца паняцце «прыгожае». Але прыгожае - катэгорыя эстэтыкі, а прыгажосць характарызуе толькі адзін з бакоў прыгожага. У адрозненне ад прыгожага як эстэтычнага ідэалу ўспрыманне прыгажосці ў паўсядзённым жыцці найчасцей не вылучаецца з цэласнага ўспрымання навакольнага свету, а служыць эмацыянальна-эстэтычным працягам агульнай карціны, што ствараюць чалавеку яго органы пачуццяў. Будзе памылкаю думаць, што прыгажосць з'яўляецца натуральным сродкам прыроды. Прыгажосць - гэта вынік аб'ектыўных з'яў з іх прыроднымі якасцямі, што трапілі ў сферу чалавечых інтарэсаў і ацэнены з пункту погляду магчымасці ўключэння іх у грамадскую дзейнасць, зыходзячы з яе патрабаванняў. У пацвярджэнне можна прывесці верш І.Сельвінскага: «Бачыш мармур? Гэта проста кальцый. // Хімія, пародзісты крышталь. // Але дакрануліся гэтай глыбы пальцы, - // І Венерай выйшла прыгажосць». Сістэма чалавечых патрэб вельмі рухомая і гістарычна зменлівая, разам з ёй вар'іруюцца і ўяўленні пра прыгажосць. Адзначаючы іх адноснасць, Геракліт пісаў: «З малпаў найпрыгажэйшая брыдкая, калі параўнаць яе з чалавечым родам...» Эўрапейская традыцыя лічыць адным з увасабленнем жаночай прыгажосці статую Венеры Мілоскай (італьянская багіня, якую атаясамліваюць з Афрадытай).
@Прынцыповасць (ад лац. principium - аснова, першапачатак). Паводзіны чалавека вызначаюцца пэўнай мэтай, якую ён імкнецца дасягнуць. Калі асоба характарызуецца паслядоўнасцю сваіх учынкаў, здольнасцю быць адданай пэўнай ідэі, сваім перакананням, то такога чалавека называюць прынцыповым. Прынцыповасць - гэта дадатная маральная якасць, якая характарызуе паводзіны і дзеянні асобы, заснаваныя на характары і змесце пэўных прынцыпаў. Яна абазначае адданасць пэўнай ідэі, паслядоўнае яе ажыццяўленне, устойлівасць сацыяльных арыентацый, цвёрдасць перакананняў і адпаведную ім дзейнасць. Прынцыпы павінны мець гуманны характар і адпавядаць агульначалавечым каштоўнасцям. Але прынцыповасць сама па сабе не дае ўяўлення пра маральнае аблічча чалавека. Яна характарызуе толькі форму яго маральнай свядомасці (унутраную перакананасць) і спосаб паводзін (паслядоўнасць), не закранаючы грамадскай накіраванасці. Прынцыповасць неабходна адрозніваць ад фанатызму, дагматызму і звычайнай упартасці. Прынцыповасць абараняе чалавека ад негатыўных уплываў і настрояў, надае ўпэўненасць ў праваце сваёй справы. Чалавек не можа жыць нармальна, развіваць і ўдасканальваць свае задаткі, калі ён не мае яснай мэты і ўзвышанага ідэалу. Яснасць мэты і прынцыповасць значна павялічваюць фізічныя і духоўныя магчымасці чалавека. Яны з'яўляюцца асновай сілы духу, маральнай устойлівасці, мэтанакіраванасці, самаадданасці і гераізму.
@Прыродакарыстанне, 1) сфера грамадска-вытворчай дзейнасці чалавецтва па задавальненні ўсіх сваіх патрэб шляхам эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Прыродакарыстанне не зводзіцца да асобных ці галіновых паняццяў (водакарыстанне, землекарыстанне, лесакарыстанне і інш.), а мае комплексны, сінтэзаваны характар. Як кампанент ўзаемаадносін грамадства і прыроды яно ўяўляе сабой усебаковае ўздзеянне чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі, сукупнасць усіх формаў выкарыстання, захавання і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў. 2) Навуковы кірунак, які вывучае прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, аналізуе навукова абгрунтаваныя шляхі аптымізацыі ўзаемадзеяння грамадства і прыроды. Як навука таксама патрабуе комплекснага падыходу і не можа быць зведзена да геаграфіі, экалогіі, эканомікі або іншых спецыяльных дысцыплін, бо гэта аб'яднанне намаганняў прадстаўнікоў шэрагу прыродазнаўчых, грамадскіх навук і спецыялістаў-практыкаў.
Адрозніваюць рацыянальнае і нерацыянальнае прыродакарыстанне. Рацыянальнае прыродакарыстанне накіравана на разумнае асваенне прыродных рэсурсаў, забеспячэнне і паляпшэнне ўмоў існавання чалавецтва, на падтрыманне і павышэнне прадукцыйнасці працы, на гарманічнае ўзаемадзеянне грамадства і прыроды, чалавека і навакольнага асяроддзя, недапушчэнне непажаданых, тым больш неабарачальных наступстваў для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Нерацыянальнае прыродакарыстанне выяўляе «вузкаспажывецкія», марнатраўныя, драпежніцкія, тэхнакратычныя адносіны да прыроды і яе рэсурсаў, адлюстроўвае імкненне як найхутчэй атрымаць максімум матэрыяльных даброт. Вынікам такой дзейнасці з'яўляецца паскоранае знішчэнне прыроды, разбурэнне і дэградацыя яе ўнікальных комплексаў, а ў крайніх формах - глабальная экалагічная катастрофа з крызіснымі ўмовамі для здароўя і жыцця людзей і магчымай пагрозай самому існаванню чалавецтва (гл. Экалагічны крызіс, Экалогія).
Уздзеянне чалавека на прыроду непарыўна звязана з гісторыяй станаўлення і развіцця грамадства. Характар і вынікі гэтага ўздзеяння супярэчлівыя. На ранніх этапах грамадства было пасіўным спажыўцом прыродных рэсурсаў. З развіццём цывілізацыі ўздзеянне чалавека на прыроду ўзмацнялася: разам з акультурваннем і паляпшэннем прыроднага асяроддзя былі знішчаны многія віды млекакормячых і птушак, шматлікія біяцэнозы, зменены ландшафты, павялічылася тэхнагеннае забруджванне навакольнага асяроддзя, зменшыліся запасы прыродных рэсурсаў. Паводле ацэнкі Ў.І.Вярнадскага, у старажытнасці чалавек выкарыстоўваў да 19 хімічных элементаў, а на пачатку 20 ст. - ужо 59. У эпоху НТР ён выкарыстоўвае ўсе хімічныя элементы зямной кары. Павялічыліся і колькасць, маштабы тэхнагенных катастроф з асабліва цяжкімі вынікамі. Такія з іх, як Чарнобыльская катастрофа, маюць рысы глабальнага характару. Як адказ на гэтыя тэндэнцыі ў свеце пашыраецца масавы рух грамадскасці ў абарону прыроды («Грынпіс» і інш.), большасць краін ажыццяўляе дзяржаўную палітыку прыродакарыстання. У Беларусі дзейнічае закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя», ажыццяўляецца прыродны маніторынг і іншыя мерапрыемствы, якія ўключаюць сацыяльныя, тэхнічныя, эканамічныя, арганізацыйныя, медыцынскія, псіхалагічныя аспекты вырашэння праблемы прыродакарыстання.
@Прысяга, афіцыйнае ўрачыстае абяцанне прытрымлівацца пэўных абавязкаў, патрабаванняў закону, захоўваць вернасць справе, быць праўдзівым. Была пашырана ў палітычнай і юрыдычнай практыцы Беларусі ў мінулым. У часы Вялікага Княства Літоўскага прысягалі вялікія князі, канцлеры, ваяводы, суддзі і іншыя службовыя асобы дзяржаўнага апарату; у судаводстве прысяга была дадатковым сродкам забеспячэння доказаў па справах праз абавязковае прысяганне сведкаў. Прысяга пашырана і ў іншых краінах (прысяга прэзідэнтаў, губернатараў, суддзяў, сведкаў і інш.), у многіх устаноўлена палітычная, адміністрацыйная і крымінальная адказнасць за парушэнне прысягі. Першапачаткова прысягу давалі ў выглядзе клятвы (напрыклад, клятва Гіпакрата, якую давалі лекары пры атрыманні дыплома), парушэнне якой магло цягнуць за сабой маральнае і грамадскае ўздзеянне. Прававыя вынікі мела парушэнне прысягі ваеннаслужачымі, работнікамі міліцыі. Прысяга прэзідэнта ўпершыню ў СССР уведзена ў 1990 на з'ездзе народных дэпутатаў. У Беларусі практыка прысягання адноўлена ў апошнія гады. Канстытуцыя Беларусі замацавала прыняцце прысягі ва ўрачыстай абстаноўцы на спецыяльным пасяджэнні парламента як адну з найважнейшых умоў уступлення прэзідэнта на сваю пасаду. У заканадаўстве Беларусі прадугледжана таксама прысяга для ваеннаслужачых, суддзяў, работнікаў міліцыі і інш.
@Псіхааналіз (ад грэч. psyche - душа + analysis - раскладанне). Гэта вучэнне ідзе ад таго, што жыццёвыя хваляванні, душэўныя траўмы, стрэсавы стан, нерэалізаваныя жаданні не знікаюць бясследна з псіхікі, а толькі выцясняюцца ў падсвядомасць і там працягваюць актыўна ўздзейнічаць на псіхічнае жыццё чалавека. Асноўныя прынцыпы псіхааналізу распрацавалі аўстрыйскі вучоны З.Фройд і яго паслядоўнікі Ф.Адлер, К.Хорні, Г.Саліван і інш. На раннім этапе даследаванняў па псіхааналізе за яго аснову бралі вучэнне пра розныя формы і праявы псіхічнай энергіі з акцэнтам на сексуальныя схільнасці, здольныя ў выніку складаных трансфармацый уплываць на псіхічнае здароўе чалавека (прынцып «лібіда»). Гэты прынцып разглядаўся як дамінуючы матыў чалавечых паводзін. Надаючы псіхааналізу ўніверсальны характар, Фройд і яго паслядоўнікі спрабавалі перанесці яго метады і на гісторыю грамадства, тлумачачы яго з'явы як праяву «комплексаў» не толькі пэўнай асобы, але і ў цэлых народаў. У выніку гэтага псіхааналіз з канкрэтнай тэорыі і метаду псіхатэрапіі ператварыўся ў філасофска-антрапалагічнае вучэнне ірацыяналістычнага сэнсу. З пераацэнкі ролі лібіда ў фармаванні псіхікі чалавека, абсалютызацыі антаганізму свядомага і бессвядомага вынікае тэндэнцыя да біялагізаванага і натуралістычнага разумення чалавека і грамадскіх адносін людзей. Шэраг распрацаваных гэтымі вучонымі паняццяў і лячэбных методык адыгралі важную ролю ў развіцці сучасных уяўленняў пра чалавечую псіхіку. Псіхааналітычная практыка выпрацавала метады лячэння душэўных хвароб. Псіхааналіз - гэта псіхалагічнае вучэнне і метад даследавання бессвядомых псіхічных працэсаў, выяўленне схаваных схільнасцей з мэтай лячэння розных нервовых расстройстваў і душэўных захворванняў.
@Псіхалогія (ад грэч. psyche - душа + logos - вучэнне), навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як уласцівасці высокаарганізаванай матэрыі (мозга), якая заключаецца ў актыўным адлюстраванні суб'ектам аб'ектыўнага свету. Узнікла ў Старажытнай Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію. Пачынальнікам рацыяналістычнай псіхалогіі з'яўляецца Р.Дэкарт, які адкрыў рэфлекторную прыроду паводзін чалавека. Прадстаўнікі нямецкай класічнай філасофіі (асабліва Г.Гегель) выявілі гістарычны падыход у трактоўцы псіхічных з'яў. У самастойную навуку вылучылася ў сярэдзіне 19 ст. У сучаснай псіхалогіі шырока выкарыстоўвацца кібернетычныя і тэарэтыка-інфармацыйныя паняцці і мадэлі. Важнымі кірункамі псіхалогіі становяцца праблемы «штучнага інтэлекту» з аднаго боку, творчасці - з другога. Поруч з імі развіваюцца сацыяльная псіхалогія, псіхалогія кіравання, што вырашаюць праблемы ролі «чалавечага фактару» ў развіцці грамадства, даследаванні, звязаныя з асваеннем касмічнай прасторы, дэмаграфічнымі, экалагічнымі і іншымі актуальнымі праблемамі сучаснасці. Псіхалогія падзяляецца на агульную, сацыяльную, узроставую, педагагічную, інжынерную, медыцынскую, псіхалогію мастацтва, рэлігіі і інш.
@Рабства, гістарычна першая і самая грубая форма эксплуатацыі, пры якой раб з'яўляўся ўласнасцю свайго гаспадара - рабаўладальніка. Старажытныя дзяржавы, аснову якіх складала рабства, склаліся на мяжы 4-га і 3-га тысячагоддзяў да н.э. (Месапатамія, Эгіпет). Найвышэйшага развіцця рабства дасягнула ў Грэцыі (5-4 ст. да н.э.) і Рыме (2 ст. да н.э.). Асноўныя крыніцы рабства - ператварэнне ў рабоў ваеннапалонных, пірацтва, звычай ператвараць у рабоў злачынцаў, а таксама аднапляменнікаў за нявыплату даўгоў, гандаль рабамі. Цяжкае становішча, пастаянны прыгнёт, беспрасветная праца выклікалі незадаволенасць рабоў, стваралі пастаянную напружанасць у адносінах паміж імі і іх уладальнікамі. Нярэдка ўспыхвалі паўстанні, самым арганізаваным і магутным з якіх было паўстанне італійскіх рабоў пад кіраўніцтвам Спартака ў 74-71 да н.э. Аднак усе такія паўстанні жорстка падаўляліся. З 17 ст. праца рабоў, якіх завозілі з Афрыкі, яшчэ шырока выкарыстоўвалася ў калоніях на Амерыканскім кантыненце. Рабства ў ЗША было ліквідавана ў выніку Грамадзянскай вайны 1861-1865. У шэрагу каланіяльных і залежных краін рабства захоўвалася аж да пачатку 20 ст., а ў Саудаўскай Аравіі яно адменена толькі ў 1962. Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараніла рабства і гандаль рабамі. Канферэнцыя ў Жэневе ў 1956 прыняла дадатковую канвенцыю аб адмене рабства і гандлю рабамі.
Антычнае рабства, аднак, мела і пэўныя прагрэсіўныя бакі. Яно дазволіла арганізаваць даходную і прадукцыйную эканоміку як аснову вялікай цывілізацыі; у рамках рабаўладальніцкай эканомікі былі распрацаваны формы арганізацыі вялікіх мас работнікаў і тым самым закладзены асновы буйной вытворчасці, асвоены многія метады гаспадарання - кааперацыя і спецыялізацыя, раздзяленне працы, рыначны механізм і грашовае абарачэнне, сістэма нармавання і цэнаўтварэння, якія выкарыстоўваліся ў іншых умовах і ў больш познія эпохі. Урэшце, распрацоўка антычнай юрыдычнай думкай рабства як абсалютнага бяспраўя дазволіла распрацаваць паняцце свабоды, чалавечага і грамадзянскага паўнапраўя, якое зноў-такі стала здабыткам наступных гістарычных эпох.
@Развіццё, накіраваныя, заканамерныя змены ў прыродзе і грамадстве. У выніку развіцця ўзнікае якасна новы стан аб'екта. Адрозніваюць 2 асноўныя формы развіцця: эвалюцыйную, звязаную з паступовымі колькаснымі зменамі аб'екта, і рэвалюцыйную, якая характарызуецца імгненнымі, хуткімі якаснымі зменамі ў структуры аб'екта. Вылучаюць таксама ўзыходную лінію развіцця і сыходную. У сучаснай навуцы разглядаюцца спецыяльныя навуковыя тэорыі развіцця, дзе ў адрозненне ад класічнага прыродазнаўства, якое разглядае галоўным чынам абарачальныя працэсы, апісваюцца нелінейныя, скачкападобныя пераўтварэнні.
@Раздзяленне ўлад. Ідэю пра падзел улад выказвалі яшчэ антычныя і сярэднявечныя вучоныя (Арыстоцель, Марсілій Падуанскі і інш.). У якасці самастойнага вучэння ў сярэдзіне 18 ст. яе сфармуляваў Ш.Мантэск'ё ў трактаце «Пра дух законаў». На яго думку, гарантыя палітычных свабод дасягаецца выключна адпаведнай арганізацыяй улады. У дзяржаве ён бачыў тры ўлады: заканадаўчую, выканаўчую і судовую, якія ў інтарэсах забеспячэння свабоды павінны быць адасоблены адна ад адной. Кожная з гэтых улад павінна функцыянаваць так, каб, выконваючы сваю спецыяльную справу, кантраляваць і ўраўнаважваць іншыя ўлады. Такім чынам, раздзяленне ўлад - гэта палітыка-прававая дактрына, паводле якой дзяржаўная ўлада разумеецца не як адзінае цэлае, а як сукупнасць розных уладных функцый, якія ажыццяўляюцца незалежнымі адзін ад аднаго дзяржаўнымі органамі. Гэта дактрына, звязаная з тэорыямі натуральнага права, гістарычна адыграла прагрэсіўную ролю ў барацьбе буржуазіі з абсалютызмам і самавольствам каралеўскай улады. Пазней гэты прынцып быў абвешчаны адным з асноўных прынцыпаў буржуазнага канстытуцыяналізму. Марксісцка-ленінская тэорыя адхіляла дактрыну раздзялення ўлад. Канстытуцыя Беларусі, якая абвясціла краіну прававой дзяржавай, замацавала і прынцып раздзялення ўлад.
@Раззбраенне, сістэма мер, накіраваная на ліквідацыю або рэальнае скарачэнне розных відаў узбраення, абмежаванне і прадухіленне гонкі сродкаў знішчэння чалавека. Сярод іх нераспаўсюджванне ядзернай зброі, спыненне яе выпрабаванняў, забарона размяшчэння ў пэўных асяроддзях і раёнах і г.д. Раззбраенне - адна з найважнейшых праблем сучаснасці, ад вырашэння якой залежыць лёс міжнароднага міру і бяспекі, спакойная будучыня і дабрабыт людзей. Ужо ў глыбокай старажытнасці прадпрымаліся спробы забараніць або абмежаваць выкарыстанне варварскай і жорсткай зброі, напрыклад, выкарыстанне ядаў. «Вайна вядзецца зброяй, а не ядам», - казалі рымскія юрысты. Верагодна, першым міжнародным пагадненнем, якое забараняла выкарыстанне атручаных куль, быў страсбургскі дагавор 1675, падпісаны паміж Францыяй і Германіяй. Пагадненнямі мірных канферэнцый у г. Гаага ў 1899 і 1907 забаронена выкарыстанне ўдушлівых газаў, ядаў, атручанай зброі, разрыўных куль, Жэнеўскім пратаколам 1925 - хімічнай і бактэрыялагічнай зброі. Міжнародны дагавор 1963 аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, у касмічнай прасторы і пад вадой хоць не прадухіліў нарошчвання ядзерных арсеналаў, але значна аздаравіў навакольнае асяроддзе. Дагавор 1968 абмежаваў лік дзяржаў, якія могуць ствараць ядзерную зброю. Аднак не ўсе пагадненні выконваюцца, гонка ўзбраенняў працягваецца. Беларусь таксама з'яўляецца ўдзельнікам міжнародных пагадненняў па гэтай праблеме і ўносіць ініцыятывы па раззбраенні. Паводле Канстытуцыі Беларусі ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай.
@Расізм, сукупнасць канцэпцый, аснову якіх складаюць палажэнні аб фізічнай і псіхічнай нераўнацэннасці чалавечых рас, аб вырашальным уплыве расавых адрозненняў на гісторыю і культуру грамадства і аб спрадвечным падзеле людзей на «вышэйшыя» і «ніжэйшыя» расы. Пры гэтым першыя прызнаюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі, закліканымі да панавання, другія - не здольнымі да стварэння і нават засваення высокай культуры і асуджанымі на эксплуатацыю. Выставіўшы ў сярэдзіне 19 ст. першую расісцкую канцэпцыю, француз Ж.А.Габіно абвясціў арыйцаў «вышэйшай расай». У далейшым расізм, пераплецены з сацыяльным дарвінізмам, мальтузіянствам, еўгенікай (Д.Хайкрафт і Б.Кід у Вялікабрытаніі; Ж.Лапуж у Францыі; О.Вольтман, Х.Чэмберлен і О.Аман у Германіі), выкарыстоўваўся для апраўдання расавай дыскрымінацыі, сегрэгацыі і апартэіду, стаў афіцыйнай ідэалогіяй фашызму. Расізм асуджаны міжнародным супольніцтвам.
@Раўнадушнасць. У развіцці грамадскага жыцця і сацыяльных адносін, фармаванні інтэлекту асобы важную ролю адыгрывае інтарэс. Вельмі важна, каб інтарэсы садзейнічалі стваральнай дзейнасці, духоўнаму і фізічнаму развіццю асобы. Зацікаўлены чалавек адчувае сябе задаволеным, радасным і ўпэўненым у поспеху. Зніжэнне ж інтарэсу вядзе да развіцця абыякавасці і раўнадушша. Раўнадушнага чалавека не цікавяць працэсы, што адбываюцца ў грамадстве, ён пасіўны, абыякавы да ўсяго. У яго зніжана пачуццё адказнасці, яму неўласцівыя актыўнасць і імкненне да новага. Развіццё раўнадушнасці звязана з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жыцця, маральным кліматам, які існуе ў сям'і, у калектыве і ў грамадстве ў цэлым. Характэрна, што перыяды грамадскіх крызісаў параджаюць раўнадушнасць і на асабістым, і на агульнадзяржаўным узроўнях. Такім чынам, раўнадушнасць - гэта стан абыякавых, безудзельных адносін да рэчаіснасці (людзей, прадметаў і з'яў). Раўнадушнасць часам параўноўваюць з хваробай, з «духоўным самазабойствам». Раўнадушны чалавек не здольны перажываць, весяліцца, цешыцца шчасцем. Яго абыякавасць вядзе да пакут, незадаволенасці, апатыі, бяздушнасці, гультайства. За раўнадушшам часта хаваецца баязлівая нерашучасць, лянота і бяссілле. Чалавек пазбаўлены інтарэсу ў жыцці, рана старэе, раўнадушнасць садзейнічае развіццю невуцтва, разумовай друзласці, тупасці. Дыяпазон праяўлення раўнадушнасці шырокі: у адносінах да справы, прафесіі, у абыякавасці да блізкіх людзей (дзяцей, бацькоў, родных). Раўнадушнасць звязана з такімі сацыяльнымі з'явамі, як фармалізм, бюракратызм, жаданне жыць спакойна без справы і турбот. Раўнадушнасць да чалавечых пакут, лёсу свайго народа, Радзімы знішчае ўсё гуманнае, што ёсць у чалавеку, і ўяўляе сабой небяспеку для цывілізацыі, культуры, жыцця.
@Рацыяналізм. У штодзённым словаўжыванні пад рацыянальным разумеюць такую жыццёвую пазіцыю, лад думак, учынкаў і дзеянняў, калі чалавек кіруецца дакладнымі разлікамі, выбірае аптымальны шлях да пастаўленай мэты, абапіраецца на дакладныя, бясспрэчныя аргументы і не ўлічвае эмоцый. Але ў філасофіі гэтае паняцце мае больш шырокае значэнне. Рацыяналізм - філасофскі кірунак, які прызнае розум у якасці ўсеагульнай асновы, крыніцы і крытэрыя пазнання і дзейнасці людзей. У гэтым сэнсе рацыяналізм процістаіць ірацыяналізму, рэлігійнай містыцы. Як гнасеалагічная канцэпцыя рацыяналізм, пачынаючы з 17 ст., канфрантуе з эмпірызмам і скептыцызмам. Вытокі філасофскай традыцыі рацыяналізму ў глыбокай антычнасці. Старажытнагрэчаскі філосаф Парменід аргументавана размежаваў веды, заснаваныя на розуме, ад ведаў, што апабіраюцца на выпадковыя назіранні, думкі, суб'ектыўныя ацэнкі. Тым самым ён заклаў фундамент тэарэтыка-пазнавальнага рацыяналізму. У 17 ст. прадстаўнікамі рацыяналізму былі Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц, у 18 ст. - І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. Рацыяналізм мае розныя праявы ў розных галінах ведаў. У псіхалогіі ён на першы план вылучае інтэлектуальныя псіхічныя функцыі, зводзячы, напрыклад, волю да розуму (Спіноза); у этыцы - рацыянальныя матывы і прынцыпы маральнай дзейнасці; у эстэтыцы - рацыянальны (інтэлектуальны) характар творчасці. Ва ўсіх гэтых выпадках рацыяналізм абазначае веру ў розум, у відавочнасць разумнага погляду, у сілу даказальнасці. У багаслоўі рацыяналізм - кірунак, згодна з якім прымальнымі могуць быць толькі тыя догмы веры, якія розум лічаць адпаведным і логіцы і довадам розуму.
@Рашучасць, здольнасць чалавека самастойна прымаць адказныя рашэнні і рэалізоўваць іх на практыцы. Рашучасць патрабуе канцэнтрацыі валявых намаганняў, сабранасці, перакананасці ў сваёй праваце і ў неабходнасці пэўнага ўчынку. Ёй папярэднічае складаная барацьба матываў, альтэрнатыўных пунктаў погляду. Можна сцвярджаць, што рашучасць - адна з ключавых праблем маральнага выбару, у якім пераважае апора на сябе, аднак не ігнаруецца дапамога іншых людзей, апеляцыя да грамадскай думкі. Рашучасць характэрная для сацыяльна сталай, маральна актыўнай і па-грамадзянску адказнай асобы і сведчыць пра моцныя характар і волю. Нерашучасць - адна з тых нешматлікіх чалавечых якасцей, якія практычна немагчыма выправіць. Нерашучаму чалавеку нельга давяраць адказных спраў, на яго нельга спадзявацца ў складанай сітуацыі. Яго ваганні, пасіўнасць у адказны момант могуць прывесці да бяды і вялікіх страт. Лічыцца, што чалавек са слабым характарам не можа быць адкрыты, шчыры, прынцыповы. А калі няма волі - няма і правільнага жыццёвага шляху. Такім чынам, рашучасць - гэта сапраўдны дар чалавечай душы, які падкрэслівае стойкасць чалавека, здольнасць ацэньваць свае сілы, супрацьстаяць спакусам, пазбягаць бяздзейнасці і апатыі. Без перабольшання яе можна лічыць адной з галоўных умоў поспеху ў паўсядзённым жыцці. Бо дзякуючы гэтай якасці задумы ператвараюцца ў рэальныя справы. Рашучасць заснавана на цвярозасці розуму і мужнасці духу, на саюзе розуму і волі і выклікаецца пэўнымі прынцыпамі і валявой энергіяй. Яна фармуецца сацыяльным асяроддзем, жыццёвымі абставінамі, разумнай і мэтанакіраванай сістэмай выхавання, самавыхавання, атмасферай даверу і падтрымкі, што склалася ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Асабліва яскрава яна выяўляецца ў складаных сітуацыях, калі ўчынак звязаны з рызыкай і неабходнасцю выбару з некалькіх альтэрнатыў. Рашучасць абазначае таксама здольнасць смела браць на сябе адказнасць за прынятае рашэнне. Маральная ацэнка рашучых учынкаў залежыць ад іх канкрэтнага сацыяльнага зместу.
@Розум. Розум чалавека як фактар культурнага прагрэсу, станаўлення і развіцця цывілізацыі праявіўся задоўга да таго часу, калі ён быў асэнсаваны і адэкватна зразуметы. Раннія ўяўленні пра розум, што ўзніклі ў старажытнай філасофіі, абапіраліся на адрозненне выпадковых, суб'ектыўных, адносных чалавечых паняццяў (думак) і нязменных ісцінных ідэй. Доступ да апошніх і адкрываў розум як нешта вышэйшае, абсалютна боскае ў мысленні людзей. У эпоху Адраджэння фармавалася вучэнне пра розум, як здольнасць непасрэдна «ахопліваць» і спасцігаць адзінства процілегласцей, аб'ектыўную супярэчнасць свету (Нікалай Кузанскі, Дж.Бруна). Развіццё навуковага пазнання зрабіла паняцце «розум» цэнтрам філасофскіх даследаванняў і светапоглядных альтэрнатыў (гл. Рацыяналізм). У дыялектычным матэрыялізме разуменне розуму абумоўлена ўвядзеннем практыкі ў тэорыю пазнання, выяўленнем яго сувязі з прадметнай дзейнасцю чалавека, сацыяльна-гістарычнай абумоўленасцю творчых патэнцый мыслення. З розумам звязана ўся творчасць чалавека ва ўсіх сферах яго жыццядзейнасці. Ён дазваляе правільна класіфікаваць факты і з'явы, паслядоўна разважаць і рабіць вывады, прыводзіць атрыманыя веды ў стройную сістэму, падпарадкаваную лагічным законам і правілам. Розум - гэта здольнасць лагічна і творча мысліць, вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека, на якой здзяйсняецца пранікненне ў сутнасць навакольнага свету, адбываецца сінтэз эўрыстычных функцый думкі, ствараюцца новыя ідэі, якія выходзяць за межы сістэм ведаў, што склаліся. (Гл. таксама Рацыяналізм).
@Роўнасць сацыяльная. Патрабаванні палітычнай і сацыяльнай роўнасці адыгрывалі актыўную, часта рэвалюцыйную ролю ў гістарычным працэсе. Антычны стаіцызм выпрацаваў паняцце роўнасці ўсіх людзей, грунтуючыся на іх агульнай разумнай прыродзе. Тэарэтыкі звычаёвага права сцвярджалі роўнасць як раўнацэннасць і раўнапраўе ўсіх людзей, у т.л. роўнасць усіх перад законам. Ж.Ж.Русо разумеў роўнасць, у т.л. роўнасць выхавання, як неабходную перадумову свабоды. У процівагу яму французскі гісторык і сацыёлаг А.Таквіль лічыў, што ўстаноўка на роўнасць сацыяльных умоў жыцця вядзе да дэспатычнага эгалітарызму (усеагульная ўраўняльнасць) і да страты асабістай свабоды. Патрабаванне маёмаснай і эканамічнай роўнасці характэрна для розных плыней сацыялістычнай думкі 19-20 ст. У сучаснай грамадскай думцы крытыкуюцца прынцыпы ўраўняльнага размеркавання і ўстанаўлення поўнай роўнасці. Найбольшае пашырэнне набылі канцэпцыі, у якіх абгрунтоўваецца неабходнасць забеспячэння роўных умоў старту для пакаленняў, якія ўступаюць у жыццё.
@Рыначная эканоміка, эканоміка, вызначальнай рысай якой з'яўляецца рынак як форма ўзаемаадносін і сувязей паміж суб'ектамі гаспадарання і дзяржавай. Тэрмін з'явіўся як антыпод планава-размеркавальнай эканомікі. Рыначная эканоміка - складанае сацыяльнае ўтварэнне, якое прайшло шлях эвалюцыі ад свабоднай рыначнай эканомікі 19 ст. да сучаснай з дзяржаўным яе рэгуляваннем. Неабходныя ўмовы функцыянавання рыначнай эканомікі: наяўнасць незалежных таваравытворцаў, свабода прадпрымальніцтва і гарантыі правоў уласнасці розных эканамічных суб'ектаў; канкурэнцыя таваравытворцаў і рыначныя цэны для ўраўнаважання попыту і прапановы; наяўнасць сістэмы розных рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і г.д.); адкрытасць эканомікі сусветным інтэграцыйным працэсам, магчымасць міграцыі рабочай сілы, тавараў і капіталаў; стварэнне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва. У Беларусі паступовы пераход да рыначнай эканомікі пачаўся ў 1990-я г. з трансфармацыі формаў уласнасці: заканадаўча дазволена існаванне прыватнай уласнасці, у тым ліку і на зямлю на прысядзібных і садова-агародніцкіх участках з правам перадачы яе ў спадчыну і продажу; ажыццяўляецца прыватызацыя жылля, прадпрыемстваў прамысловасці, будаўніцтва і сферы абслугоўвання; у сельскай мясцовасці ствараюцца фермерскія гаспадаркі; фармуецца банкаўская сістэма, у склад якой, акрамя Нацыянальнага, уваходзяць камерцыйныя і прыватныя банкі; фармуецца і рынак працы. З узнікненнем беспрацоўя дзейнічае сістэма па перападрыхтоўцы работнікаў і працаўладкавання. Ажыццяўляюцца таксама меры па сацыяльнай абароне насельніцтва. Для авалодання ведамі па кіраванні вытворчасцю ва ўмовах рыначнай эканомікі створана сетка навучальных устаноў і навуковых цэнтраў.
@Рэгрэс (ад лац. regressus - адваротны рух), тып развіцця, для якога характэрны пераход ад вышэйшага да ніжэйшага, працэсы дэградацыі, паніжэнне ўзроўню арганізацыі, страты здольнасці выконваць тыя ці іншыя функцыі. Уключае таксама моманты застою, вяртання да адмерлых формаў і структур. Процілеглы прагрэсу.
@Рэйтынг (англ. rating літар. - ацэнка, клас, разрад), індывідуальны якасны паказчык папулярнасці палітычных дзеячаў, які вызначаецца ў выніку высвятлення грамадскай думкі шляхам апытання, сацыялагічных даследаванняў і г.д.
@Рэкет (англ. racket), вымаганне з дапамогай шантажу, запалохвання, пагроз. Від арганізаванай злачыннасці, якая заключаецца ў патрабаванні перадачы маёмасці, каштоўнасцей, здзяйснення якіх-небудзь дзеянняў на карысць злачынцаў. Нярэдка суправаджаецца жорсткім насіллем, захопам заложнікаў. Узнік у ЗША як разнавіднасць гангстэрызму і злачыннага бізнесу. У апошнія часы пашырыўся ў іншых краінах, у т.л. і ў Беларусі.
@Рэлігія (ад лац. religio - набожнасць, святыня), светаўспрыманне, а таксама адпаведныя культавыя дзеянні, што абумоўлены верай у рэальнасць быцця Бога (або некалькіх багоў), «свяшчэннага» пачатку. Ідэйная аснова рэлігіі мае ідэалістычны характар, процілеглы матэрыялізму і атэізму. Важнейшая яе прыкмета - вера ў звышнатуральнае, у адносіны свету і чалавека да абсалютнай першаасновы быцця - да Бога, проціпастаўленне «зямных» і «нябесных» каштоўнасцей.
Першыя рэлігійныя вераванні, відаць, узніклі ў каменным веку 40-50 тыс. гадоў назад. Аб'ектамі рэлігійных адносін першабытнага грамадства станавіліся прыродныя з'явы, з якімі яно было звязана ў сваёй непасрэднай практыцы і якія ўнушалі страх і патрэбу ў абароне ад іх. Да першабытных формаў вераванняў адносяцца фетышызм, магія, татэмізм і анімізм. Рэлігійныя вераванні перыяду родавага ладу адлюстроўвалі спецыфіку пэўнай супольнасці людзей, характар сацыяльных сувязей, асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. З разлажэннем родавых сувязей першабытныя культы ўступілі месца політэістычным рэлігіям ранняга класавага грамадства (мнагабожжа). На гэтай стадыі рэлігійнага развіцця звышпачуццёвыя ўласцівасці прадметаў аддзяліліся і ператварыліся ў самастойныя істоты, склаліся ўяўленні пра зямное і нябеснае існаванне. Узнікненне дзяржаў абумовіла стварэнне нацыянальна-дзяржаўных рэлігій (напрыклад, канфуцыянства, сінтаізм, індуізм, юдаізм). Паваротным пунктам у гісторыі рэлігіі стала з'яўленне сусветных рэлігій: будызму (6 ст. да н.э.), хрысціянства (1 ст.), ісламу (7 ст.). Галоўная асаблівасць сусветных рэлігій - адзінабожжа (Бог адзіны і ўніверсальны) і касмапалітычны характар, які дазваляе пераадолець нацыянальныя і дзяржаўныя межы. Сусветныя рэлігіі звернуты да ўсіх народаў, прапаведуюць усеагульную роўнасць бедных і багатых перад Богам, сацыяльную справядлівасць, абвяшчаюць залогам набыцця вечнасці (выратавання) маральныя (набожныя і дабрачынныя) паводзіны ў зямным жыцці. Пра паходжанне рэлігіі існуюць 2 процілеглыя пункты погляду. Атэістычна-матэрыялістычны (марксісцкі) - настойвае на зямных вытоках рэлігіі, тлумачыць прыроду рэлігіі праз яе сацыяльныя, гнасеалагічныя і псіхалагічныя карані. Багаслоўскі, рэлігійна-філасофскі - звязвае паходжанне рэлігіі са звышнатуральнай крыніцай: Богам, «абсалютам» як першапрычынай усяго існага. Нягледзячы на розныя пункты погляду на рэлігію, яна стала важным фактарам гуманізацыі грамадскіх адносін, духоўнага і маральнага ўзвышэння асобы, далучэння яе да высакародных ідэалаў дабра і справядлівасці.
@Рэнтабельнасць (ад ням. rentabel - даходны, прыбытковы), адзін з асноўных якасных паказчыкаў эфектыўнасці вытворчасці на прадпрыемствах, у аб'яднаннях, асобнай галіне і народнай гаспадарцы ў цэлым. Характарызуе ўзровень аддачы выдаткаў і ступень выкарыстання сродкаў у працэсе вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Разлічваецца як адносіны прыбытку да сумы вытворчых асноўных фондаў і абаротных сродкаў або да сабекошту прадукцыі. Рэнтабельнымі лічацца прадпрыемствы або галіны народнай гаспадаркі, якія апраўдваюць выдаткі, атрымліваюць прыбытак і з'яўляюцца мэтазгоднымі з эканамічнага пункту гледжання.
@Рэсурсы (ад франц. ressource - дапаможны сродак), асноўныя элементы эканамічнага патэнцыялу (прыродныя, людскія, створаныя чалавекам рэсурсы, грашовыя сродкі, каштоўнасці, запасы, магчымыя крыніцы даходу), якія выкарыстоўваюць для дасягнення канкрэтных мэт эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Адрозніваюць матэрыяльныя, фінансавыя, працоўныя і прыродныя рэсурсы. Матэрыяльныя рэсурсы - гэта сродкі і прадметы працы: заводскія, фабрычныя і сельскагаспадарчыя пабудовы, усякага роду абсталяванне і інструменты, машыны, сродкі транспарту і сувязі і інш. Фінансавыя рэсурсы - сродкі грашова-крэдытнай і бюджэтных сістэм. Крыніцы іх паступлення - прыбыткі прадпрыемстваў, эмісія каштоўных папер, пазыкі, грашовыя зберажэнні прыватных асоб, зборы і розныя непадатковыя даходы, даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці і інш. Але асноўныя крыніцы фінансавых рэсурсаў дзяржавы - падаткі. Працоўныя рэсурсы - гэта частка насельніцтва, якая валодае здольнасцямі і магчымасцямі працаваць у адпаведнасці са сваім узростам, фізічным станам, ведамі і прафесіянальнай падрыхтоўкай. Да прыродных рэсурсаў адносяцца сукупнасць прыродных умоў існавання людзей і кампаненты прыроднага асяроддзя, прыцягнутыя грамадствам у гаспадарчы абарот з мэтай задавальнення яго матэрыяльных і культурных патрэб. Да іх адносяцца зямельныя, водныя, лясныя, мінеральныя багацці, рэсурсы жывёльнага свету, сонечная энергія і інш. Па сваёй сутнасці прыродныя рэсурсы дзеляцца на вычарпальныя і практычна невычарпальныя. Вычарпальныя рэсурсы падзяляюцца на неўзнаўляльныя (паклады карысных выкапняў) і ўзнаўляльныя (вада, лясы, зямля, жывёльны свет - для свайго ўзнаўлення патрабуюць значных затрат працы).
@Рэўнасць, непрыязна-варожае пачуццё ў адносінах да поспехаў, набыткаў або папулярнасці іншай асобы. Паводле зместу рэўнасць не што іншае, як імкненне чалавека да таго, каб поспехі, заслугі, прыхільнасць іншых людзей непадзельна належалі толькі яму. Усякія праявы рэўнасці ў грамадскай дзейнасці людзей, у працы, навуцы, палітыцы, адносінах паміж людзьмі лічацца адмоўнымі пачуццямі, бо яны заснаваны на эгаізме, славалюбстве і зайздрасці да поспехаў іншых людзей. Асаблівы выпадак - рэўнасць у адносінах паміж поламі. Дабро гэта ці зло, тут можна спрачацца, але неабходна мець на ўвазе, што рэўнасць - спадарожніца кахання. Разам з адчуваннем радасці кахання звычайна прыходзіць і страх страціць яго. Цяжка знайсці закаханага, які б не зведаў пачуцця рэўнасці. Але яно выяўляецца ў розных людзей па-рознаму. Псіхолагі адрозніваюць два віды рэўнасці: «тыранічную» і «ад ушчамлёнасці». Першая ўласціва звычайна людзям эгаістычным, дэспатычным, самазадаволеным, не здольным на бескарыслівае каханне. Рэўнасць «ад ушчамлёнасці» ўласціва людзям з недаверлівым характарам, няўпэўненым у сваіх магчымасцях, схільным бачыць небяспеку там, дзе яе няма. Калі людзі вырашылі жыць разам, то гэта не значыць, што асабістае жыццё кожнага скончылася. Аднак для многіх маладых людзей рэўнасць - адзін з прыемных доказаў кахання. Яна нібыта танізуе каханне, уносіць у яго элемент здаровага хвалявання, падштурхоўвае чалавека да самаўдасканальвання. У жыцці кожны павінен кантраляваць свае ўчынкі, каб пачуццё рэўнасці не прымала крайніх формаў, не прыводзіла да ўзаемнай падазронасці і непавагі.
@Рэфармацыя (ад лац. reformatio - пераўтварэнне), шырокі рэлігійны і сацыяльна-палітычны рух за карэннае абнаўленне царквы, які разгарнуўся ў 16 ст. ў большасці эўрапейскіх краін. Раскалоўшы каталіцкую царкву і парваўшы з ёю, гэты рух выклікаў да жыцця новыя рэлігійныя плыні (пратэстантызм), цэрквы і секты. Рэфармацыя вербавала сваіх прыхільнікаў ва ўсіх сацыяльных слаях, і кожная з сіл, якая брала ў ёй удзел, тлумачыла яе задачы ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі і пажаданнямі. Адсюль і выключная разнастайнасць разумення Рэфармацыі - то вузкае, абмежаванае рэлігійна-царкоўнымі зменамі, то шырокае, якое даходзіла да ідэй усеагульнай перабудовы. Пачатак рэфармацыі паклала выступленне ў 1517 у Германіі М.Лютэра. Ідэолагі Рэфармацыі выставілі тэзісы, якія фактычна адмаўлялі неабходнасць каталіцкай царквы і духавенства наогул: адхілялася ці рэвізавалася Свяшчэннае паданне, адмаўляліся правы царквы на зямныя багацці і інш. Асноўныя кірункі Рэфармацыі: бюргерскае (Лютэр, Ж.Кальвін, У.Цвінглі); народнае, якое спалучала патрабаванне скасаваць каталіцкую царкву з барацьбой за ўстанаўленне роўнасці (Т.Мюнцэр, анабаптысты); каралеўска-княжацкае, што адлюстроўвала інтарэсы свецкай улады, якая імкнулася захапіць зямельныя ўладанні царквы. Пад ідэйным сцягам Рэфармацыі праходзілі Сялянская вайна 1524-1526 у Германіі, Нідэрландская і Ангельская рэвалюцыі.
У Беларусі Рэфармацыя як састаўная частка эўрапейскага рэфармацыйнага руху была выклікана зменамі ў эканамічным, сацыяльна-палітычным і ідэйным жыцці Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку ростам гарадоў, эканамічным, культурным уздымам, фармаваннем беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці. Заахвочваннем была магчымасць стварыць у гарадах і мястэчках «сваю» танную царкву, не звязаную з духоўнай іерархіяй. У 1550-я г. пратэстанцкія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Берасці, Клецку, Ляхавічах, Койданаве, Наваградку і інш. Кальвінізм прынялі буйныя беларускія феадалы Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы. У Рэфармацыю ўключыліся сярэднія і ніжэйшыя слаі насельніцтва. Важным фактарам культурнага жыцця ў краіне, асновай для Рэфармацыі была выдавецкая і літаратурная дзейнасць Францішка Скарыны. Яго кнігі сталі адной з крыніц рэфармацыйнага перакладу Бібліі. Да іх звярталіся С.Будны, М.Кавячынскі, Л.Крышкоўскі, В.Цяпінскі. Яны дэмакратызавалі свае выданні, імкнуліся пашыраць іх у беларускім асяроддзі, сцвярджалі ідэі гуманізму, верацярпімасці і асветы. Рэфармацыйны рух адыграў вялікую ролю ў падрыве ідэалагічных, палітычных, у меншай ступені сацыяльна-эканамічных пазіцый каталіцкай (часткова і праваслаўнай) царквы ў Беларусі і ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. Адстойваючы свабоду розуму і навукі ад рэлігіі, станаўленне новых, секулярызаваных формаў культуры, Рэфармацыя садзейнічала развіццю рэнесансна-гуманістычных і рацыяналістычных тэндэнцый. (Гл. таксама Гуманізм, Рацыяналізм).
@Рэформа (франц. réforme ад лац. reformo - пераўтвараю), структурнае пераўтварэнне ў грамадстве (у грамадскіх парадках, адносінах, установах, арганізацыях), якое ажыццяўляецца дзяржаўнай уладай у інтарэсах захавання асноў пэўнага ладу або ў інтарэсах змянення гэтых асноў. У першым выпадку рэформа выступае як «засцерагальная рэакцыя» пануючых класаў на пагрозу сацыяльнай рэвалюцыі; у другім - як асобая форма за прагрэсіўныя пераўтварэнні ў грамадстве. У любым выпадку рэформа - гэта сродак удасканалення розных сфер грамадскага жыцця. Глабальныя праблемы сучаснай цывілізацыі па сутнасці дыктуюць неабходнасць адмаўлення ад насільных формаў вырашэння вострых сацыяльных калізій, патрабуюць новых сродкаў для ажыццяўлення наспелых структурных пераўтварэнняў.
@С