##ShortTitle: Міфы Бацькаўшчыны ##LongTitle: Міфы Бацькаўшчыны ##FrontpageTitle: Міфы Бацькаўшчыны ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданьне. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. ISBN 5-85700-162-5
Укладальнік: Уладзімір Васілевіч

Гэта кніга ўпершыню зьбірае пад адзінай вокладкай народныя ўяўленьні пра старажытных багоў, дэманаў, нячысьцікаў, якімі насяляў калісьці беларус сваё жытло, гаспадарчыя забудовы, навакольле, сусьвет. Спроба звесьці разам усе міфалагічня постаці ня зможа не зацікавіць чытача, які адчувае і ацэніць багацьце ўяўленьняў і фантазіі, спрадвеку ўласьцівых нашаму народу.


##HTMLDescription_END @

Аржавень (Аржавеннік)

Аржавень - брудна-руды, з надзвычай тоўстым жыватом і тонкімі, як сцябліна хвашча, нагамі, з іржавымі прыліпамі да ўсяго яго покрыва; увесь час рыгае і не можа прыцягнуць да сябе ўвагу нават неразборлівых нячысцікаў - усе жывыя істоты абыходзяць яго жытло. Такім чынам Аржавенніку вельмі рэдка даводзіцца мець ахвяру: жывёла забягае ў аржавенне (балотнае месца, пакрытае іржою) паспешліва, ратуючыся ад драпежнікаў, а чалавек зойдзе хіба што ў ненармальным стане. У час, калі Балотнік і Багнік могуць зімою, напрыклад, падмануць прахожага і праезджага, Аржавенніку не ўдаецца закрыць свайго сараматнога жытла: калі аржавенне абы-як закрылася ільдом і зацерусілася снегам, той і другі абавязкова выдадуць знаходжанне аржавенніка сваёю бура-жоўтаю афарбоўкаю.

Аржавеннік больш спакойны, чым яго браты - Багнік і Балотнік, таму што спякотнае лета не высушвае аржавенне, а людзям не патрэбна гэтая неўрадлівая зямля: нячысціку застаецца валяцца на дне свайго жытла, абрастаць ліпкімі слаямі і падтрымліваць каламуць у аржавенні. (Никифоровский II, с. 83-84.)

@

Баба-Яга (Ягіня)

«Баба-Яга», ці «Ягіня», ... гаспадыня ўсіх ведзьмаў: яна страшна, чорна, старая, раскудлачана, у яе заміж ног жалезныя таўкачы, то яна як ідзе лесам, то лес ломіць і дарогу сабе цярэбіць тымі таўкачамі».

«Баба-Яга ўсіх ведзьмаў цётка». (Federowski, s. 80.)

Баба-Яга - злая чараўніца, якая робіць уночы рознае паскудства і пра якую гаворыцца, што яна «ў ступе едзіць, таўкачом паганяець, а памялом след замятаець». (Носович, с. 54.)

Баба-Яга... Паводле мясцовага падання, яна гоніць вятры і хмары вогненнаю мятлою... Яна таксама ляціць на Лысую гару ў жалезнай ступе, паганяючы кульбаю ці таўкачом і замятаючы след памялом. Але не заўсёды яна лётае ў ступе. Як і іншыя падуладныя ёй ведзьмы, яна лётае таксама на мятле, качарзе, лапаце, граблях і мыліцы. (Киркор, с. 273-274.)

Паводле павер'яў беларусаў, Баба-Яга - касцяная нага і падначаленыя ёй ведзьмы харчуюцца душамі людзей, ад чаго і робяцца паветранымі, лёгкімі, як душы. (Древлянский, с. 110.)

@

Багнік

Багнік туліцца ў тарфяным балоце, якое ніколі не пакрываецца расліннасцю, якое мае выгляд чорнай бруднай лужыны. Ён ніколі не паяўляецца над паверхняю сваёй багны і прысутнасць у ёй выдае толькі бурбалкамі на паверхні ды зрэдку - дробненькімі агеньчыкамі там жа: тыя і другія суправаджаюцца асаблівым «пуктаннем» - нязначным уздрыгваннем паверхні. Гэта дыхае і пыхкае вечна бяздзейны Багнік, які не падымаецца з мяккага ложа і тады, калі ахвяра трапіла ў багну і гіне ў гразі. Ён упэўнены, што ёй не пайсці адсюль і што ахвяра сама падыдзе да яго.

Не толькі людзі, але і шматлікія жывёлы асцерагаюцца багны..., якая парою забівае атрутнымі газамі, што выпускае час ад часу Багнік.

З выгляду Багнік яшчэ бруднейшы, чым Балотнік. Ён таксама баіцца асушэння, але яго не палохаюць маразы, якім даволі рэдка ўдаецца закрываць багну - яна абаграваецца цёплым пыхканнем Багніка. Найбольшы страх для яго - калі прадпрыймальныя людзі вычэрпваюць багністую гразь для вырабу з яе паліва, угнаення для палёў і агародаў і гэтым вельмі трывожаць нячысціка, які, як бач, застанецца без багны. У сухое ж лета, калі багна не толькі падсыхае, але дзе-нідзе гарыць, паўмёртвы Багнік мучыцца на дне свайго жытла і ледзьве перажывае час да новага разбаўлення багны дажджамі і ручаямі. (Никифоровский II, с. 82-83.)

@

Балотнік

Вызначальнай асаблівасцю Балотнікаў, Багнікаў, Аржавеннікаў, Лознікаў трэба лічыць іх узаемадапамогу ў праследаванні ахвяры - чалавека ці яго памочнікаў - свойскіх жывёл; але яны не бываюць супрацоўнікамі і памочнікамі Вадзяніка, які пазбягае гэтых брудных, ва ўсім неахайных нячысцікаў. Між сабою яны не маюць сувязі, хоць нярэдка і жывуць поруч. Не здольны яны да пяшчоты і ласкі, таму што няўклюдныя, нерухомыя, панурыя... Гэтыя нячысцікі шукаюць ахвяру, заманьваючы прыгожымі вобразамі і гукамі, у чым і сама прырода дапамагае ім, падстаўляючы ахвяры заманлівую расліннасць, але каварную глебу, ці проста дае міраж. Яны пачынаюць дзейнічаць тады, калі ахвяра паддалася каварству і загрузла ў багне, заблыталася ў каранях і ствалах лазняка: адпаведны нячысцік хапае яе за ногі і паволі, але трывала цягне да сябе; раз'яднаная было паверхня багны сыходзіцца зноў і не пакідае слядоў пагібелі жывой істоты.

Балотнікі, Багнікі, Аржавеннікі і Лознікі не паражаюцца грамавымі стрэламі, якія губляюць забойную сілу пры першым судакрананні з паверхняю іх жытла, і нячысцікі бясстрашна, з сатанінскаю насмешкаю падхопліваюць гэтыя стрэлы. Але для ўсіх гэтых нячысцікаў ёсць непазбежная найвялікшая небяспека - асушэнне іх жытла правядзеннем каналаў: раз адсюль сыходзіць вада і асела, згусціўшыся, зямля - нячысцік гіне, бо не ў стане выбрацца з жытла, якое цяпер робіцца яму магілаю. З цягам часу астанкі нячысціка зліваюцца з зямлёю і служаць угнаеннем - і адным нячысцікам робіцца меней, таму што ўсе яны вечна самотныя, халасцякі.

Балотнік цешыцца, калі на паверхні яго жытла ідзе расліннае і жывёльнае жыццё; па вечарах і раніцамі ён раве як карова (голас птушкі бугая), кракае па-качынаму, булькае, нібы цецярук, каб завабіць сюды паляўнічага ці драпежніка - дзіка, стогне і тут жа раптоўна выбухвае рогатам маладога чалавечага голаса (пардва - белая курапатка), гагоча прыманлівым гудам (бакас на таку) і інш.

Калі прырода расквечвае паверхню жытла Балотніка цудоўнымі кветкамі, ягаднікам (брусніцы, журавіны, марошка), грыбамі (махавікі), нячысцік патаемна вырошчвае паміж іх каварны багун, які нібы чадам задурманьвае галаву наведвальніку. Бавячы свой бясконцы вольны час, Балотнік там і тут прабівае парою балотныя акенцы і акружае іх то здрадніцкай расліннасцю, то падганяе туды рыбу. Гэта - сатанінская пастка, якая загубіла не адну ахвяру.

Якім бы чынам ні прыцягвалася ахвяра, Балотнік у стане загубіць яе толькі тады, калі багна дастаткова глыбокая; у адваротным выпадку яму застаецца мучыцца бяссільнаю злобаю і тым мацней, чым надзейней выратаванне ахвяры. Надта злуе Балотніка людское прыстасаванне хадзіць па багне з дапамогаю балотных лыжаў: трасецца глеба, гнецца ўніз, а чалавек смела рухаецца наперад! Верхам жа злобы становіцца спякотнае лета: не толькі сам чалавек смела топча паверхню багны, але нярэдка праводзіць па ёй каня з возам. Што ж датычыцца зімовага часу, то мярзляк-Балотнік курчыцца і трасецца на дне жытла і вымушаны падумаць пра ўласную бяспеку: вымерзне балота - загіне і Балотнік. Праўда, з яго бярлогі падымаецца час ад часу цёплае дыханне, яно ўтварае балотную палонку, але прыцісне новы мароз - Балотнік зноў у трывозе за сваё існаванне, зноў бяссільна злуецца на конскі тупат, што рэхам аддаецца ў яго бярлозе.

Хоць нікому з людзей не даводзілася бачыць Балотніка такім, які ён ёсць на самай сраве, аднак... вядома, што ён страшэнны таўстун, зусім без вачэй, увесь у тоўстым слоі гразі, да якой наліплі ў беспарадку водарасці, мохавыя валокны, смаўжы, жукі і іншыя вадзяныя насякомыя. Усё гэта разам з непаваротлівасцю робіць Балотніка найбольш пачварным з нячысцікаў. (Никифоровский II, с. 80-82.)

@

Бялун

Бялун - сівы дзед, які нібыта жыве ў жыце ля дарогі. «Ён, кажуць, паказваецца бедняку, што ідзе па дарозе, і просіць яго ўцерці яму нос, з каторага цякуць возгры; калі гэты згадзіцца да ўтрэць, то Бялун высыпіць яму золата із сваёй торбы». (Носович, с. 54.)

У ліку старажытных паданняў беларусаў захавалася памяць і пра галоўнага, добрага бога, бацьку неба, Белбога, Прабога, бацьку Перуна, якога завуць Белуном. Пра веліч і высокае значэнне Белбога ў іх самае цьмянае ўяўленне, але паэтычны настрой беларуса і яго здольнасць увасабляць адцягненыя прадметы дазволілі яму надаць нават рэчыўны вобраз Белуну. Беларус пераконвае, што Бялун сыходзіць часам на зямлю; што гэта - стары з доўгай белай барадою, у белым адзенні і з кіем у руках. Ён літасцівы і творыць адно дабро. Белбог, ці Бялун, паказваецца толькі ўдзень, пры сонечным святле, і, калі сустрэне ў дрымучым лесе вандроўніка, які заблудзіўся, ён выведзе яго на вялікую дарогу. Таму існуе і прымаўка: «Без Белуна цёмна ў лесе». У час жніва ён любіць паяўляцца на нівах і нават дапамагае жнеям. Часам Бялун любіць і пажартаваць, але заўсёды як стваральнік дабра, як дарыцель багацця. Парою ён з'яўляецца ў жыце з вялікім мехам на носе. Высачыўшы добрага работніка ці работніцу, ён падманьвае да сябе рукою і просіць уцерці яму нос. Як толькі той дакранецца да носа, з меха раптам пасыплецца золата і Бялун знікне. Пра такога шчасліўца кажуць беларусы: «Мусіць, пасябрыўся з Белуном». (Киркор, с. 272.)

@

Вадзянік (Вадзяны, Вадзяны дзед, Вірнік, Ціхоня)

З нячысцікаў, якія гаспадараць у вадаёмах, неабходна выдзеліць тых, што жывуць у адкрытай чыстай вадзе, таму што яны бліжэй да чалавека, часам нават апякуюць яго амаль з той жа бескарыслівасцю, што і Дамавікі. Такія нячысцікі звычайна завуцца Вадзянікамі. Сярод іх бываюць Вірнікі і Ціхоні, першыя жывуць у рухомай вадзе, а другія - у стаячай (азёрах і ставах). Але гэтая розніца нязначная, адзін і той жа Вадзянік можа займаць бягучыя і стаячыя вадаёмы, абы яны злучаліся адзін з адным.

Па знешнім выглядзе Вадзянік - глыбокі стары сярэдняга росту, з доўгай лапацістай барадою, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліна, з гладкай бліскучай скурай, расплывістым тварам, азызлым пузам і непрапарцыянальна доўгімі нагамі, на якіх між пальцаў перапонкі. Акрамя таго і ўсё цела Вадзяніка пакрыта доўгімі валасамі, якія, пры бліжэйшым разглядзе, аказваюцца ці тонкімі струменьчыкамі вады, ці нечым накшталт водарасцяў, што прыліплі да яго скуры. Менавіта ў такім выглядзе Вадзянік паўстае ў момант выхаду з вады: застаўшыся на сушы столькі часу, колькі трэба, каб сцякла вада з цела і прасохла ціна і водарасці, Вадзянік хутка пачынае губляць абрысы, не можа вярнуцца ў ваду і гіне. Тонкі пласт засохлай ціны і водарасцяў, абцягнуты ледзь прыкметнаю плеўкаю, - вось мізэрныя рэшткі загінуўшага Вадзяніка. Але калі такі пласт, нікім не крануты, будзе падхоплены вадою ці ўкінуты ў ваду чалавекам, Вадзянік аджывае і ў апошнім выпадку застаецца ўдзячным за выратаванне, што зможа даказаць, калі яго выратавальнік пачне тапіцца. Вадзянік не толькі не прыме яго як ахвяру, але нават выштурхне на неглыбокае месца, пасуне бервяно, куст і інш. Ды і пазней Вадзянік будзе выказваць падзяку - напрыклад, заганяючы рыбу ў сетку свайго выратавальніка.

Падзяка Вадзяніка адчуваецца і ў наступным: ён прымае чалавека, якім апякуецца, спаць на сваю пасцель, што знаходзіцца на дне вадаёма, прычым на соннага не ўпадзе нават ні кроплі вады. Пасцель Вадзяніка абавязкова ўступаецца нямногім выбраннікам, яна вельмі мяккая, з чароўнай абстаноўкаю: над тым, хто спіць, тонкая, як павуцінне, засень, скрозь якую ён бачыць жыццё раслін і водных жывёл, пераліванне вады, гульні русалак; калі ж чалавек ткне пальцам у гэтае покрыва - вада адразу прасочыцца ў дзірку і залье неасцярожнага...

Вадзянік можа і жартам і па злосці пужаць рыбу каля сетак рыбакоў, раз'язджаючы на сваім любімым кані (соме), рве і выварочвае сеткі і іншыя прылады, раскрывае плаціны на млынах, псуе і зрывае млыны; уважліва пільнуе тых, хто купаецца, падхопліваючы ахвяры між іх, рыбакоў і людзей, якія ўпалі ў ваду па неасцярожнасці, прычым не робіць літасці і скаціне: сеўшы на жывёлу, якая плыве ці валтузіцца ў вадзе, Вадзянік едзе на ёй і сваёй вагою прыціскае яе да дна. Калі ж ён толькі жартуе, дурэе і забаўляецца, то відаць будзе, як у тым ці іншым месцы нечакана заклубіцца вада, усплывуць на паверхню бурбалкі, пачнуць разыходзіцца кругі, а ўночы, пры ціхім надвор'і, пляскае далонямі па паверхні вады ці раве нібы карова, кракае быццам качка, вішчыць і бляе, падобна да вадзяных птушак. У сваю чаргу ў раптоўным разліве невялікай рэчкі і ручая, у напоры іх вады, у каламучанні чыстых дагэтуль водаў даводзіцца бачыць то жарты Вадзяніка, то яго вяселле: пры апошнім не вытрымлівае самая моцная плаціна, млын, і заўсёды тут павінна быць чалавечая ахвяра.

Вадзянікоў параўнальна няшмат - па адным на кожны вадаём: возера, стаў, раку, лужыну, якая не высыхае, калодзеж - і толькі ля млына іх бывае столькі, колькі паставоў, ці вадзяных колаў, на вяршыні якіх Вадзянікі трымаюцца, калі тыя круцяцца. На працягу дня яны звычайна ляжаць, распластаўшыся на дне, і толькі пасля захаду сонца пачынаюць сваю дзейнасць, але ў тыдзень перад Іллёю Вадзянікі дзейнічаюць і ўдзень - іх незразумелае для людзей узбуджэнне асабліва небяспечна ў гэты час.

Як і Дамавікі, Вадзянікі не сыходзяцца адзін з адным як з-за варожасці, так і з-за немагчымасці перамяшчэння па сушы. Таму часта здараецца, што два Вадзянікі - рачны і калодзежны, што жывуць у двух-трох сажнях, ведаюць адзін аднаго завочна, па голасе і плёску вады, размаўляюць, але ніколі не бачацца. Зрэшты, калі б і магчыма было перамяшчэнне Вадзянікоў у чужую вотчыну, яны не маглі б вытрымаць уласцівасцей новай вады. Людзі карыстаюцца гэтым для вываду Вадзянікоў і, злучыўшы канаваю ці каналам два вадаёмы, адначасова знішчаюць двух Вадзянікоў. Акрамя гэтага, Вадзянікоў можна выжываць свістам, якога, як і Лесуны, яны не пераносяць. Не пераносяць і попелу, які сыплюць раніцай у ваду: Вадзянік атручваецца ад попелу, шалёна рвецца ад свісту і заканчвае тым, што разбіваецца аб падводныя завалы. Шаленства Вадзяніка вельмі небяспечна для таго, хто праходзіць па беразе: Вадзянік хапае яго за крысо, пераварочвае лодку з чалавекам і цягне на глыбіню. Калі такі чалавек здолее ўцячы ад Вадзяніка, ён не пазбегне няшчасця на сушы: сухапутны нячысцік адпомсціць за Вадзяніка, асабліва калі пры свісце і насыпанні ў ваду попелу было згадана імя Вадзяніка.

Якім бы чынам ні замучыў Вадзянік сваю ахвяру, ён доўга цешыцца з яе адчайных парыванняў вызваліцца з вады: то падыме на паверхню, дасць удыхнуць паветра, то зноў яшчэ глыбей апусціць уніз, да таго часу, пакуль канчаткова знясіленая ахвяра не ўпадзе на дно. Але і тут Вадзянік працягвае мучыць ахвяру спадзяваннямі магчымага выратавання. Канчаткова забіўшы сваю ахвяру, Вадзянік зганяе да трупа п'явак, ракаў, жукоў, каб тыя здзекаваліся над целам, якое ён кідае, калі дастане душу - яна ідзе на службу да Вадзяніка. Пасінелы труп тапельца сведчыць пра тое, што ахвяра была вельмі цьмянага, нават сатанінскага паходжання. Вадзянік абыякавы да такіх тапельцаў і аддае перавагу ахвяры з чыстаю хрысціянскаю душою. Труп такой ахвяры часта назаўсёды ўтрымліваецца Вадзяніком у ламаччы, у каранях надбярэжных дрэў, між камянёў і інш.

Вадзянік - стары халасцяк, і ў гэтым асаблівае няшчасце жанчын наогул і дзяўчат асабліва: пры сваёй старэчай несамавітасці ён любіць маладосць і прыгажосць. Калі ў яго ўладаннях ужо было некалькі тапельніц, Вадзянік прытрымлівае толькі самазабойцаў, адпускаючы астатніх выпадковых тапельніц. Але і першых ён воляй-няволяй вымушаны бывае адпусціць (труп іх) - гэта суправаджаецца хваляваннем і бушаваннем вады: так хвалюецца Вадзянік. Што ж тычыцца душы самагубцы, яна робіцца Русалкаю, якая трапляе пад суровую ўладу Вадзяніка, з якім вымушана бывае трываць ненавісную сувязь. Вынікам гэтай сувязі бываюць шматлікія нячысцікі, якія, аднак, больш за свайго бацьку шукаюць сувязей з жывымі жанчынамі: гэтым апошнім і ўсяму іх роду яны дапамагаюць у рыбалоўстве. «Вадзяняты» знікаюць, як толькі дасягнуць паўналецця; іншыя гінуць на сушы, калі спадзе разводдзе; пры праследаванні жывых жанчын яны знішчаюцца сапраўднымі Вадзянікамі ці ўдушваюцца сваімі азлобленымі мацяркамі.

Ёсць Вадзянікі, якім не суджана было сумесна жыць разам з Русалкамі таму, што ў іх уладаннях дагэтуль не было ніводнай самагубцы. Такія Вадзянікі злосныя да крайнасці і не прапускаюць ніводнай ахвяры, спадзеючыся сустрэць у ёй жанчыну.

У сувязі з тым, што стасункі не настолькі прыбытковыя, як з іншымі нячысцікамі, а ўмовы цяжкія (пасля ўтаплення аддавай душу, а зараз - кінь у ваду нацельны крыж ды адцурайся радні!), з ім уступаюць у саюз нямногія адчайныя людзі, якім, бадай, няма чаго губляць, няма чаго выракацца. (Никифоровский II, с. 75-79.)

Вадзяніка просты народ уяўляе ці старым дзедам, у якога барада па калена, ці паўчалавекам, ці паўрыбаю... Вадзянік можа ператварыцца хоць у якую рыбіну. Пад вадою ў Вадзяніка ёсць цудоўны палац, з якога ён у пэўны час дня і ночы выходзіць на дно рэк і азёраў і тут у якім-небудзь віры альбо завадзі чакае здабычы. Ратаваць тапельца, г.зн. адбіраць здабычу ў Вадзяніка, баяцца, каб не ўгнявіць дзядулю Вадзяніка. Купальшчыка Вадзянік часта хапае за ногі і стараецца яго заліць. Асабліва небяспечна купацца і лавіць рыбу, на думку сялян, апоўдні і апоўначы. Тапельніц Вадзянік ператварае ў Русалак. Часам Вадзянік жыве пад млыном; калі ён захоча, можа перашкодзіць будаўніцтву млына... У багністых мясцінах, на думку народа, Вадзянік мае выгляд гарбатага і барадатага старога з нагамі і хвастом як у каровы; небяспечна гуляць па лясным балоце ва ўладаннях гэтага Вадзяніка. Гэты Вадзянік паказваецца людзям то ў вадзе, то паблізу вады, то ў выглядзе шэрай пачвары на карачках.

Вадзянікі далёка ад свайго месца жыхарства не адыходзяць, людзей палохаюць гучным рогатам і моцным плясканнем у далоні; з таго, хто заблудзіць, яны смяюцца. (Добровольский II, с. 74-75. Варыянт: Живая старина. 1908. Вып. 1, с. 11-12.)

Пра Вадзянікоў расказваюць, што яны любяць жыць ля млыноў, пад шлюзамі і ў завадзях рэк; што бяруць да сябе, г.зн. топяць людзей, якія ім спадабаліся... Мужчыны становяцца такімі ж Вадзянікамі, а жанчыны - Русалкамі. Пра апошніх кажуць, што вельмі часта гэта бываюць праклятыя бацькамі дзяўчаты, якія не заслужылі пры жыцці даравання. Абавязкова, верыць народ, павінны ўтапіцца тыя, якія купаюцца ў свята, калі вада павінна адпачываць, ці пасля захаду сонца. Кажуць, нібыта Вадзянікі заводзяць сем'і - жонкі іх - Русалкі, яны маюць дзяцей, такіх жа нечысцей, як самі. Менавіта напярэдадні свята Вадохрышча сяляне пераварочваюць вазкі і сані, таму што ў гэты час за імі прыходзяць Вадзянікі, каб на ўвесь наступны дзень, пакуль асвячоную ваду не знясе плынь, вывезці сваіх дзяцей, якія могуць загінуць ад апускання крыжа ў ваду. Перавернутыя сані Вадзянік чамусьці ўзяць не асмельваецца. (Ляцкий I, с. 37.)

У ноч на Івана Купалу выплываюць з глыбіняў Вадзянікі і накіроўваюцца да млыноў, дурэюць там, круцяць колы, адкрываюць шлюзы. Перамолатая ў гэту ноч мука мае глыбокае і таямнічае значэнне для беларуса: хлеб з гэтай мукі, асвечаны ў царкве, на працягу года захоўвае тую сілу, і той, хто з'есць кавалак яго, не можа ўтапіцца. Паводле агульнапрынятай думкі, млынары сябруюць з Вадзянікамі і карыстаюцца іх паслугамі для паспяховага вядзення сваёй справы і ў тых выпадках, калі неабходна дапамога звышнатуральнай сілы... Падзьме млынар на ваду, пашэпча яму аднаму вядомыя словы - і справа зроблена, жаданне выканана. Зносіны ж з нячыстым адбіраюць у млынара магчымасць загінуць ад вады: менавіта млынары ніколі не тонуць. Многія рыбакі таксама заклікаюць яго, каб добра лавілася. Словам, ён поўны гаспадар вадзянога царства. (Ляцкий I, с. 37-38.)

Што датычыцца Вадзяніка, то гэта безумоўна шкодны дух. Галоўны яго занятак - тапіць людзей. Але ён не супраць пасадзіць баржу на мель, абарваць вуды ў рыбака, які іх накідаў у яго вір; не супраць пацягнуць за ногі качку ў ваду. Знешнасць яго ў народным уяўленні дваіцца: адны - надрэчныя жыхары - уяўляюць яго старым вялікага росту з зялёнымі валасамі і барадою з водарасцей. Ён нярэдка апоўдні выскоквае з вады да пояса і крычыць: «Рот ёсць, ды няма каго есці!» Іншыя ўяўляюць яго сабе чалавекападобнай істотай, але чорнай, аброслай валасамі, з рагамі на галаве, з хвастом, які заканчваецца стрэлкаю, і з кіпцюрастымі лапамі замест рук і ног. Яны злыя і не толькі топяць людзей, але і мучаюць тапельцаў. Іх шмат. Яны жэняцца на дзяўчатах, праклятых мацяркамі, і на тапельніцах. На рэчках жывуць пераважна ў вірах, дзе вечныя вадаверці, а на азёрах - у такіх глыбокіх і «закаложаных» месцах, якія зусім недаступныя. Каля такіх мясцін плаваюць з вялікім страхам, асабліва ўночы, - як на зямлі са страхам праходзяць паўз балоты. (Романов, с. 289-290.)

Механік, які будуе вадзяныя млыны, а затым і млынар абавязаны знацца з Вадзяніком і ўсяляк з ім ладзіць. У адваротным выпадку Вадзянік не раз сарве млын пры пабудове і ў будучым будзе яго псаваць і ламаць. Звычайна Вадзяніку даюць залог: засыпаюць у плаціну жывую курыцу, хаця патрабуецца хрысціянская душа. У этнаграфічных запісах Гарадзенскай губерні ёсць сведчанні, што ў мінулыя грубыя часы ў аналагічных выпадках закопвалі жывых сірот. Пчаляры таксама прадаюць сваю душу Вадзяніку, каб мець шмат пчол, мёду і воску. Пра такіх пчаляроў кажуць, што «ў іх у носі нешта ёсь!» (Романов, с. 290.)

Вадзянік, ці Вадзяны, жыве ў «жывой» вадзе, г.зн. якая толькі што прабілася з-пад зямлі. Кожны вір мае свайго Вадзяніка; яны ж жывуць у бяздонных крыніцах, у глыбіні рэк і азёр, наогул у такіх месцах, якія зімою не замярзаюць; гэта - як тлумачыць народ - лёд растае ад подыху Вадзяніка. Захавалася дагэтуль перакананне, што Вадзянік патрабуе чалавечай ахвяры, і міжвольныя тапельцы лічацца ахвярамі яго драпежнасці: ён цягне іх да сябе на дно. У Беларусі паказваюць шмат мясцін, на якіх, згодна з паданнямі, былі некалі азёры, і ў іх жылі вельмі прагныя Вадзянікі. Яны вельмі часта цягалі людзей у вір. Тады навакольныя жыхары звярталіся да якой-небудзь знахаркі, і яна, адшукаўшы вір, смела нырала на дно, затыкала жэрла - галоўны выток возера - «гарохвінамі» і закладвала зверху каменнем. Вада ў возеры мала-памалу знікала, і Вадзянік перасяляўся куды-небудзь у іншае месца. (Богданович, с. 76-77.)

Вопытны млынар з вадзянога млына пры першых замаразках, калі вада пакрываецца тонкай коркаю ільда, апускае Вадзяному пад кола кавалак сала, «каб калёсы не скрыпелі», як растлумачыў гэта стары млынар Рыгор Парэцкі (Халопенічы Барысаўскага павета), а калі забіваюць свінню, то кідаюць і цэлае сцягно. Зрэшты, непераборлівы Вадзяны здавольваецца і часткаю свіных кішак, пакрытых кішэчным тлушчам. Не прынясі млынар гэтай ахвяры Вадзяному, то не набярэшся змазкі для колаў: Вадзяны будзе вылізваць яе з буксаў і злізваць з восяў і, акрамя таго, можа шмат нашкодзіць. (Богданович, с. 135-136.)

Вадзяны дзед - душа тапельца - быў увасабленнем брыдоты. Стары з вялікімі вылупястымі вачыма, доўгаю зялёнаю барадою ды такімі ж валасамі. На руках даўжэзныя пазуры. Выплывае ён пасля захаду сонца ды ўцягвае ў рачную тонь усіх тых, хто ў гэтую пару купаецца. Асабліва страшылі ім дзяцей. (Шаховіч, с. 134.)

У вадзе сядзіць чорт у выглядзе чорнага сабакі, які заваблівае да сябе людзей. Часам выходзіць ён на бераг у выглядзе чалавека. Каб прывабіць да сябе купальшчыкаў, вядзе іх на глыбіні, зацягвае на дно, выпівае з іх дух, цела кідае, і яно выплывае на паверхню, але як бяздушны труп.

Плывучы на лодцы, хрысцяць сябе і ваду, каб не ўбачыць таго чорнага сабаку. Хто яго ўбачыць, той павінен плюнуць на чатыры бакі свету і павярнуць галаву са словамі: «І чэрці ад Бога моц узялі». Узірацца ў яго - гэта значыць добраахвотна аддаць яму сябе на здабычу. Ён усюды знойдзе і ўтопіць калі-небудзь, хай сабе і ў малой вадзе, у рове ці багне. (Kibort, s. 395-396.)

@

Вазіла (Канькач, Табуннік, Вісуснік)

Вазіла - конскі апякун. Беларусы ўяўляюць яго ў чалавечым абліччы з конскімі вушамі і капытамі, у чалавечым адзенні... Кожны гаспадар мае свайго Вазілу, які клапоціцца пра размнажэнне коней і засцерагае ад хвароб і прыпадкаў. Вазіла, кажуць, большую частку жыве ў конскіх хлявах, але таксама заўсёды прысутнічае на начлегах, калі коні пасуцца вялікімі табунамі... Пастухі... звычайна забіваюць на месцы начлега вялізны шост і надзяваюць на яго конскі чэрап, спадзеючыся, што гэта сімвалічная выява Вазілы выратуе табун ад усіх магчымых небяспек.

Беларусы асабліва паважаюць Вазілу... за тое, што ён нібыта ноччу прывозіць на сабе нейкую асаблівую траву і падмешвае яе ў корм коням, ад якой тыя дужэюць і растуць... Вазіла ў вялікай пашане ў Беларусі, але ён не ўсюды вядомы пад адным і тым жа імем: дзе называюць яго Канькачом, дзе - Хлеўнікам, дзе - Табуннікам, а дзе - Вісуснікам. (Древлянский, с. 85-87.)

@

Ваўкалак (Ваўкалака, Ваўкалека, Пярэварацень)

Ваўкалака (ці Ваўкалека) - пярэварацень, г.зн. чалавек, ператвораны кім-небудзь ці які ператварыўся сам сабою, па сваім жаданні ў ваўка.

Беларусы думаюць, што ў Ваўкалака не ўсё цела пакрыта поўсцю, а толькі месцамі, так што дзе-нідзе відаць чалавечае цела. На думку беларусаў, ёсць два віды Ваўкалак. Да першага адносяцца Ваўкалакі-знахары, да другога - няшчасныя ахвяры, ператвораныя ў ваўкоў: першых беларусы вельмі баяцца, а другіх шкадуюць.

Ваўкалакі-знахары, як і наогул знахары, паводле беларускага разумення, знаходзяцца ў сувязі з нячыстай сілаю - чортам, якому яны перадаюць сваю душу, у выніку чаго атрымліваюць уладу ператвараць людзей у ваўкоў і потым па жаданні зноў адрабляць у людзей.

Паводле ўяўленняў беларусаў, Ваўкалакі-знахары набываюць звярыныя ўласцівасці, робяцца таксама драпежнымі і крыважэрнымі, як і сапраўдныя ваўкі, нават больш драпежныя за іх, таму што Ваўкалакі не столькі нападаюць на свойскую жывёлу і душаць яе, як ваўкі звычайныя, колькі на людзей, асабліва на маладых і пераважна на дзяцей. Яны, аднак, не ядуць іх, а толькі высмоктваюць з іх кроў, як расамахі, мозг, думаючы гэтым амаладзіць сябе... Нападзенні іх тым жахлівей, што ніякая чалавечая сіла не можа супрацьстаяць ім...

Зусім інакш успрымаюць у Беларусі Ваўкалак другога віду, г.зн. ахвяр знахарскіх ператварэнняў... Кажуць, што гэтыя Ваўкалакі зусім ручныя, як хатнія жывёлы, выюць вельмі жаласліва ці то па-воўчы, ці то па-сабачы, а часта глуха стогнуць, як цяжка хворыя людзі, таму што, нягледзячы на ператварэнне ў ваўкоў, яны не губляюць чалавечых пачуццяў і нават некаторай свядомасці. З выгляду гэтыя Ваўкалакі - зусім як ваўкі, толькі большай часткаю бываюць аднавокія і нават сляпыя на абодва вокі...

У стане ператварэння бедныя ахвяры бываюць па некалькі дзён, месяцаў і нават гадоў, але ніколі не бываюць усё жыццё: гэтага, кажуць беларусы, не зможа падрабіць знахарская моц. (Шпилевский, с. 3-4, 10-11, 14-15, 18, 20.)

Ваўкалаку лёгка адрозніць ад звычайнага ваўка; у яго вакол шыі белая палоска, вочы чалавечыя і вые ён не па-воўчы, а нібыта стогне і плача. (Ляцкий I, с. 40.)

Ваўкалак - гэта чалавек, які ператвараецца ў ваўка. У воўчым выглядзе ён зжырае і людзей і скаціну. Такі воўк-пярэварацень надзвычай крыважэрны і таму небяспечны. Ростам ён большы за звычайнага ваўка; асабліва вялікая ў яго галава; у яго чатыры вокі; два на ілбе, два на патыліцы, так што ён бачыць ва ўсе бакі.

Каб пераўвасобіцца ў ваўка, трэба тройчы перавярнуцца цераз нож, уторкнуты ў зямлю, вымаўляючы пры гэтым асаблівае закляцце...

Калі такі воўк уволю нап'ецца чалавечай крыві і захоча зноў стаць чалавекам, ён павінен тройчы перавярнуцца цераз той жа нож, але ў адваротны бок. А калі хто-небудзь падсцеражэ гэтыя ператварэнні і ў адсутнасць Ваўкалака вырве нож з зямлі, то Ваўкалак так назаўсёды і застанецца ваўком. (Богданович, с. 145. Варыянты: Шейн III, с. 485; Szukiewicz, z. 4, s. 436; Сержпутоўскі, с. 275.)

Маючы якія-небудзь нядобрыя мэты, чараўнік ператварае самога сябе ў ваўка. У розных месцах і рознымі асобамі гэта ператварэнне адбываецца па-свойму. Так, адзін адшуквае ў лесе асінавы пень, які, калі секлі дрэвы, не перахрысцілі, хапаецца зубамі за яго край і праз галаву перакідваецца на супрацьлеглы бок пня. Другі кладзе на такі пень шчотку і грэбень ці трэску, якая са свістам адскочыла ўбок, калі секлі дрэва, і ў сваю чаргу куляецца цераз пень тройчы. Трэці ўтыркае ў зямлю сем аднолькавых нажоў вастрыём угору і куляецца цераз іх. Ва ўсіх гэтых выпадках, апынуўшыся на другім баку пня, нажоў, калоў, чараўнік робіцца ваўком, які значна адрозніваецца ад Ваўкалака нават па знешнім выглядзе. Чараўнік выбірае для свайго ператварэння найбольш зацішныя месцы, схаваныя ад самых блізкіх да яго асоб, распранаецца дагала і ў такім выглядзе куляецца. Калі ж надыдзе час ператварэння ў чалавека, пярэварацень падыходзіць да месца куляння з супрацьлеглага боку і куляецца адваротным парадкам. Калі хто-небудзь парушыць, забярэ пакінутыя чараўніком прадметы ці хаця б частку старанна прыхаванага адзення, то пярэварацень назаўсёды застанецца ваўком. (Никифоровский I, с. 264.)

Часамі чараўнік не насылае чартоў, а робіць ліха сам, а дзеля таго пераварочваецца воўкам, шуляком або чым-небудзь іншым. Пераварочваюцца ўсялякімі спосабамі. Хто ўбівае ў зямлю чатыры асінавыя калочкі і перакульваецца цераз іх, хто проста куляецца цераз асінавую калоду ці цераз пень і як толькі тое зробіць, то становіцца воўкам ці чым іншым, што яму трэба. Потым ён такім жа чынам куляецца назад. Але як яму што-небудзь ці хто перашкодзіць, то ён назаўсёды застаецца воўкам ці чым іншым. Такога воўка можна адразу пазнаць, бо ён усё бегае толькі адзін, а не ў пары.

Калі Ваўкалакі пераскочаць цераз працягнуты па зямлі пояс, то стануць зноў людзьмі. (Сержпутоўскі, с. 243, 258.)

Ёсць такія асаблівыя чараўнікі, якія могуць ператварацца ў ваўка і рабіць спусташэнні. Такога ваўка нельга ні забіць, ні злавіць. Перад тым як ператварыцца ў ваўка, чараўнік заганяе ў зямлю пяць асінавых калоў у якім-небудзь патаемным месцы, але так, каб два калы нагадвалі пярэднія ногі, два - заднія, а пяты - хвост, і, скачучы наперад цераз усе, пачынаючы ад задняга кала, ён становіцца ваўком. Калі ж, вярнуўшыся са здабычы, ён жадае зноў ператварыцца ў свой першапачатковы чалавечы вобраз, гэты воўк зноў скача цераз тыя ж пяць калоў, але ў адваротным парадку, прычым задам наперад. Варта толькі выняць усе калы, каб прадухіліць гэтыя скачкі, і пярэварацень назаўсёды застанецца ваўком. Калі ж не паспець выняць усе і пакінуць хоць адзін ці больш калоў, то пярэварацень назаўсёды застанецца з воўчымі членамі. (Шейн III, с. 253.)

Пад уздзеяннем нячыстай сілы... чалавек можа быць ператвораны ў разнастайныя прадметы - адушаўлёныя і неадушаўлёныя...

Каб ператварыцца ў нейкую жывёлу, чалавек уторквае ў глухім месцы леса, аддаленай пусткі дванаццаць аднолькавых нажоў у зямлю, вастрыём угору, і тройчы куляецца цераз іх, імкнучыся не скрануць нажоў з месца. Пасля першага куляння чалавек губляе дакладныя рысы свайго твару, пасля другога - застаецца бясформеннай жывой істотай, пасля трэцяга - набывае поўны выгляд жывёлы, у якую пажадаў ператварыцца. Калі надыходзіць час вярнуць першапачатковы воблік, пярэварацень зноў тройчы куляецца цераз тыя ж нажы, але з адваротнага боку, прычым змена яго знешнасці адбываецца ў адваротным парадку.

Для ператварэння ў ваўка, лісу, тхара ці ласку дастаткова сямі нажоў, цераз якія адбываецца тое ж трохразовае кулянне. Але каб ператварыцца ў дробную птушку, паўзуна ці казяўку можна абысціся і без нажоў, толькі з дапамогаю асінавага пня, які, калі сякуць дрэва, не хрысцяць. Чалавек хапаецца за верхні край пня і імкліва куляецца цераз яго - на другім баку ён адразу робіцца жаданай жывёлаю. Адваротным куляннем пярэварацень зноў ператвараецца ў чалавека.

Калі сам пярэварацень скрануў з месца адзін з прадметаў, цераз якія куляўся, ці гэта зрабіў старонні і тым больш знёс прадметы, пярэварацень назаўсёды застанецца ў прынятым выглядзе, хіба што яго выручыць давераны ў таямніцы такога пярэваратня блізкі чалавек. Бывалі выпадкі, калі няшчасны пярэварацень падаў ад кулі, трапляў у пастку, сіло, у паляўнічую сетку; здымаючы шкуру з забітага пярэваратня, знаходзілі пад ёю струхлелае адзенне, пацеркі, завушніцы, пярсцёнкі, а ва ўсім яго целе - чалавечую форму. Часцей за ўсё пярэваратні ператвараюцца ў жывёлу для продажу - каня, карову, авечку, свінню, гуся, куру; але згодна з папярэдняй дамоўленасцю з блізкай асобаю пярэварацень прадаецца на базары як сапраўдная жывёла, якая неўзабаве сыходзіць ад свайго гаспадара, прададзеная ў другі раз, у другія рукі, жывёла зноў сыходзіць ці ператвараецца ў новую жывёлу, праходзіць другі продаж у некалькі рук. З прадметаў неадушаўлёных пярэваратні робяцца «паваротнымі рублямі» і ў такім стане адбываецца тое ж, што і ў стане жывёлы. Але апошняе ператварэнне яшчэ больш небяспечнае таму, што парою такі рубель можа пагнуцца, пераламацца, калі справа абарочваецца спрэчкаю, ці можа быць расплаўлены на іншы выраб: пярэварацень калечыцца ці канчаткова гіне.

Дарэмна пераконваюць, што ператварэнні пярэваратняў адбываюцца беспакарана для іх саміх; наадварот, вядома, што за кожным такім дзеяннем жыццё іх скарачаецца на некалькі дзён... У выніку гэтага пад старасць пярэваратні адступаюцца ад сваёй дэманічнай дзейнасці, тым ці іншым сродкам выкупаюць жыццёвыя грахі і паміраюць звычайнымі дабрачыннымі людзьмі. (Никифоровский II, с. 100-103.)

Самую значную ролю іграюць між сялян знахары, г.зн. ведзьмары, чараўнікі, іх паважаюць, з імі баяцца заводзіць сваркі, а на вяселлях і іншых бяседах саджаюць на пярэдні кут і частуюць як самага ганаровага госця. Раззлаваць знахара - гэта значыць сапсаваць усё жыццё маладых.

У сялян Бабруйскага і Мазырскага паветаў існуе павер'е, што бывае час, калі знахар абавязкова павінен каго-небудзь зачараваць, нават ні ў чым не вінаватага, а таму, калі едзе вяселле, усе прахожыя хаваюцца, каб пушчаная знахарам порча не трапіла ў іх.

Самая велізарная порча - гэта ператварэнне ўсяе вясельнае бяседы, у тым ліку і маладых, у ваўкоў; многія расказваюць, што Ваўкалакі ходзяць па некалькі гадоў, ядуць авечак, ходзяць разам з ваўкамі на здабычу, заходзяць нават у двары сваіх родных, разумеюць, што гавораць людзі, самі ж не могуць ім адказваць і стараюцца збегчы ад людзей. Аднойчы, калі нехта забіў ваўка і калі знялі шкуру, тады пад ёю ўбачылі труп жанчыны ва ўсім вясельным строі нявесты. (Васильева, 9.)

Ваўкалакі - людзі, чарадзейнай сілаю ператвораныя ў ваўкоў. Са шматлікіх апавяданняў пра Ваўкалакаў відаць, што гэта ператварэнне робіцца магутным чарадзеем ці асабіста над сабою, дзеля чарадзейных мэт, ці над вясельным поездам.

Гвалтоўнае ператварэнне ў ваўкоў можа быць здзейснена над такім вясельным поездам, дзе едзе 12 асоб. Зласлівы чарадзей робіць гэта ператварэнне пры самым ад'ездзе: з вядомымі яму аднаму заклінаннямі ён кідае цераз поезд гарошыну, узятую са струка з 12 зернямі; робіць гэта і ў час, калі едзе вяселле, перацягваючы нітку цераз дарогу. Часцей за ўсё магутны чарадзей ператварае вяселле моцным заклінаннем - што зручней зрабіць на месцы, дзе сустрэліся і пабіліся два вяселлі. Дзе б ні было зроблена ператварэнне, яно ўсё-такі часовае, і ні адзін чарадзей не можа ператварыць яго на ўсё жыццё, як не можа зрабіць ператварэнне на цотную колькасць гадоў.

Як толькі адбылося ператварэнне, ваўкі саскокваюць з вазоў і, жаласна выючы, ідуць у бок ад дарогі, а перапалоханыя коні ў большасці вяртаюцца дадому: чары не распаўсюджваюцца на жывёл. Трымаючыся адзін аднаго, Ваўкалакі з апушчанымі галовамі ўвесь час ходзяць паблізу паселішчаў, хоць і не забягаюць туды, як звычайна ваўкі. Спераду зграі звычайна ідуць адзін ці двое больш бадзёрых ваўкоў: гэта - ці маладыя, ці адзін з іх, у залежнасці ад таго, хто быў у зачараваным вясельным поездзе. Надзвычай асцярожныя пры сустрэчах з паляўнічымі, Ваўкалакі не палохаюцца, калі на іх нападаюць з палкамі; заўважаюць нават, што яны стараюцца трапіць пад удары палак.

Ваўкалакі харчуюцца выключна расліннаю ежаю. Бадзяючыся па палях і дарогах, яны старанна падбіраюць рэшткі ежы і крошкі, кінутыя людзьмі, не грэбуюць косткамі ядомых жывёл. У цяжкіх выпадках ваўкалакі з'ядаюць знойдзеныя на дарозе кавалкі вупражы, падэшвы і нават санныя «завірты». Толькі ў дні разгавення Ваўкалакі ядуць мяса, здабытае драпежніцтвам, але не ў родным і блізкім сяле, а ў аддаленых мясцінах, прычым яны пароўну дзеляць мясную здабычу, якая б малая яна ні была. Ні падлы, ні мяса нячыстых жывёл Ваўкалакі не ядуць нават у час галадовак.

Спосаб жыцця Ваўкалакаў розніцца ад звычайнага воўчага. Так, Ваўкалакі выюць на ўсход ці ў бок сваіх вёсак, калі кладуцца спаць і падымаюцца, - гэта малітва; пад галавою выкладваюць мох, траву, сухое галлё ці абрубак дрэва і каменя; раніцой мыюцца, водзячы мордаю па расяной траве; падпарадкоўваючыся звычцы, у першую веснавую пару яны разграбаюць зямлю - аруць. Зразумела, ва ўсіх гэтых дзеяннях няма жыццёвага сэнсу, а толькі слабы водгалас іх чалавечай звычкі.

Натуральная смерць не насцігае Ваўкалакаў: пасля заканчэння тэрміна ператварэння кожны з іх захоўвае той выгляд, у якім знаходзіўся ў момант зачаравання. Адзіным выпадкам смерці Ваўкалака можна лічыць смерць ад выстрала стрэльбы. Калі паляўнічы, які забіў Ваўкалака, стане здымаць шкуру, то ён знойдзе пад ёю чалавечае адзенне, часам ужо сатлелае, каралі і крыж на шыі; калі ж забітым акажацца адзін з маладых, то на пальцы пярэдняй лапы будзе і пярсцёнак. Акрамя пакут, голада і пакутлівага ўсведамлення свайго становішча, Ваўкалакі не перажываюць ніякіх хвароб.

Ёсць шмат выпадкаў, калі ці ўсе Ваўкалакі, ці адзін з іх заканчвае сваё ператварэнне раней таго тэрміну, на які зачараваны былі «вясельнікі»... Нямала ёсць сродкаў дапамагчы Ваўкалакам скараціць ператварэнне. З мноства сродкаў найбольш дзейсныя наступныя: а) трэба зайграць на скрыпцы вясельныя песні і ўпрашальна-дакорліва гаварыць: «Ці ня досыць жа вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць?! Ідзіце лепш дамоў!» Як толькі зайграецца месца песні, на якім заспела зачараванне, Ваўкалакі радасна крычаць і становяцца людзьмі; б) трэба перакінуць цераз Ваўкалака суконны пояс, часам граблі, часам вілы так, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста; в) трэба зняць уласную кашулю ці штаны, адным узмахам разарваць іх і цераз галаву кінуць да ног Ваўкалака: апошні ператвараецца ў чалавека, як толькі дакранецца да кашулі ці штаноў; г) трэба перацягнуць цераз дарогу (калі сустрэча на дарозе) суровую нітку і, прапусціўшы праз яе Ваўкалака, адразу разарваць папалам. Акрамя гэтых сродкаў ёсць і іншыя, дзе Ваўкалакі ратуюць сябе выпадкова, без удзелу сваёй волі і разумення. Так, напрыклад, Ваўкалаку дастаткова прашмыгнуць пад тою дугою, якая была ў першым экіпажы зачараванага вяселля, з'есці кавалак украдзенага на вяселлі каравая, быць пагрызеным сапраўднымі ваўкамі ці, ратуючыся ад іх, нечакана кінуцца ў ваду, пераважна бягучую.

Ні сам чараўнік, які зачараваў вяселле, ні другі, больш моцны, не могуць спыніць тэрміна, на які асуджаны няшчасныя Ваўкалакі. Калі надыдзе апошняя хвіліна чараў, яны радасна і дружна клічуць і падскокваюць угору, прычым з іх спадае воўчая шкура і сатлелая адзежа. Месцам ператварэння галоўным чынам бывае гумно, ток ці пуня, якія належаць дому, адкуль выехалі апошні раз няшчасныя «вясельнікі». Родная сям'я спяшаецца да дарагіх гасцей, апранае іх і вядзе ў дом, дзе наскора робіцца і тут жа заканчваецца перапыненае вясельнае свята.

Калі ў зачараваным вяселлі знаходзілася цяжарная жанчына, - што можа здарыцца з-за няведання, паколькі цяжарная не дапускаецца да вяселля, - то пасля заканчэння ўзаконенага тэрміну, яна - Ваўкалак - нараджае чалавека. Убачыўшы такую маці з дзіцем, здагадлівы чалавек сцеле на зямлі ўласны пояс, ручнік, хустку ці вымаўляе жаночыя імёны: як толькі Ваўкалак пераступіць падасланае ці пачуе сваё імя, тут жа ператвараецца ў чалавека. Мужчына дапамагае такому Ваўкалаку зусім беспакарана, у той час як жанчына, якая дапамагае, можа і сама стаць Ваўкалакам, асабліва калі носіць аднолькавае з ім імя.

Дзеці, прыжытыя ў «ваўкалацтве», бываюць Ваўкалакамі да ператварэння сваіх бацькоў. Але, зрабіўшыся людзьмі, няшчасныя становяцца нехрысцямі і падманшчыкамі... нягледзячы на зробленае над імі хрысціянскае хрышчэнне, якое да іх не прыстае, хіба што яго правядзе свяшчэннік, які сам быў калісьці Ваўкалакам. (Никифоровский I, с. 67-70.)

Варта на парэваратня накінуць абрус, на якім асвячаліся велікодныя стравы на свята раніцаю, - і сіла чарадзейства знікае. (Янчук II, с. 175.)

Пры закладцы хлява гаспадар секануў сякераю па парозе тры разы і пасля заклінанняў вымавіў: «Хто пераступіць гэта месца, той скінецца ваўком на ўсё жыццё!» Той, хто вымавіў гэта закляцце, меў на ўвазе ненавіснага суседа, які цішком мог з'явіцца на будаўніцтве. Здарылася, аднак, гэтак, што ў перапынку паміж работай заклінальнік падвыпіў, а вярнуўшыся да сваёй работы, забыўся і пераступіў заклятае месца і адразу ж стаў ваўком, згодна з закляццем, на ўсё жыццё. (Никифоровский I, с. 264.)

@

Воспа (Воспік)

Злоснай, агіднай старой з бліскучымі вачыма і з адным моцным зубам, які тырчыць вонкі, малюецца ўяўленню сялян цётка-Воспіца, якая пырскае сваёю атрутнай слінаю ў намечаную ёю ахвяру... Мясцовыя назвы Воспы: Рабая, Рабуха, Шчарбачка, Ліхая і інш. Пра чалавека, твар якога захаваў сляды гэтай хваробы, кажуць у насмешку, што на яго фізіяноміі чэрці гарох малацілі ці ячменныя крупы дралі. (Ляцкий II, с. 33-34.)

@

Вупыр (Вупар)

Толькі людзі, што мелі пры жыцці сувязь з нячыстай сілай, ператвараюцца пасля смерці ў Вупараў. Па начах яны прыходзяць у хаты сваіх былых ворагаў, а часам нават сяброў і родных, кладуцца на грудзі абранай ахвяры, прыпадаюць вуснамі да яе сэрца і высмоктваюць гарачую кроў. Убачыўшы Вупара, можна даведацца, кім ён быў пры жыцці, таму што асноўныя рысы ён захоўвае і пасля смерці, толькі яго вусны распухаюць ад частага смактання, а язык робіцца востры, як змяінае джала. Яго Вупар і запускае ў грудзі чалавека і потым з ранкі высмоктвае кроў. Рана застаецца невялікая, яе і не заўважыш, тым больш што Вупар яе ўмела замазвае.

Толькі па бледным твары - так гаворыць павер'е - можна пазнаць ахвяру прагнасці Вупара. Тады трэба запрасіць дасведчанага чалавека, знахара, каб даведацца, хто гэты Вупар. Зрэшты, для смельчака - гэта справа няцяжкая. Трэба на ноч схаваць пад пасудзіну запаленую васковую свечку, стараючыся, каб яна не патухла. А пасля паўночы, калі разгульвае нячыстая сіла, трэба час ад часу падымаць пасудзіну і асвятляць пакой. Пры раптоўным асвятленні Вупар відзён. Тады бі яго наводмаш асінавым паленам, загадзя, вядома, падрыхтаваным. Такім чынам яго можна адахвоціць хадзіць у гэты дом. Але каб канчаткова спыніць начныя наведванні, для гэтага павер'е рэкамендуе прыгледзецца, да каго з памерлых вядомых чараўнікоў ён падобны. Дазнаўшыся, трэба раскапаць труну гэтага чараўніка, адсекчы яму галаву і пакласці яе між ног, а цела прыбіць да зямлі асінавым калом. Гэта лічыцца радыкальным сродкам супраць Вупара. (Богданович, с. 57-58.)

«Вупар» выходзіць на паверхню зямлі па ўласных пабуджэннях, каб нашкодзіць людзям. Сам іх выхад з труны адбываецца без старонняй дапамогі, і наогул, для цела іх не існуе натуральных перашкод. Цела «Вупара» на працягу ўсяго часу хаджэнняў па зямлі не паддаецца тленню, яно ляжыць у труне, як жывое, з расплюшчанымі вачыма. Ёсць павер'е, што калі чалавек, паміраючы, будзе пра што-небудзь моцна шкадаваць, то ён абавязкова дзеля гэтага прадмета будзе прыходзіць з таго свету «Вупарам». (Демидович, гл. IV, с. 140.)

Вупыр, ва ўяўленні народа, часам бывае даволі велікадушны, прынамсі, на думку тых смельчакоў, якія аказаліся ненапалоханымі.

Вупыр, таксама як і Сатана, можа ператварацца ў розныя стварэнні. Ён можа не толькі сам мяняць сваё аблічча, але і чалавека ператварыць у любога звера.

Вупыр пасля смерці можа рабіць усё тое, што і пры жыцці... Бываюць, напрыклад, выпадкі, калі мярцвяк прыходзіць уночы да сваёй жонкі і застаецца з ёю ў інтымнай блізкасці, іншыя наведваюць каханку, але кожны з іх перад спевам пеўня павінен вярнуцца ў сваю магілу.

Вупыр настолькі помслівы, што за кожную знявагу ў свой адрас, за самую малую крыўду, нават за нястрыманае слова або жывым разрывае чалавека, або адкручвае яму галаву.

Вупыр, як і Сатана, палохае людзей і чыніць ім розныя штукі. Чалавек, калі ён толькі разумны, можа з лёгкасцю ашукаць Вупыра, бо той не ў стане дазнацца пра тое, пра што чалавек думае.

Чалавек, прыгнечаны Вупыром, каб выйграць час, можа яго загаварыць. З першым спевам пеўня небяспечны час мінае: Вупыр знікае, а чалавек, дзякуючы сваёй гаварлівасці, застаецца цэлы. (Federowski, s. 64, 66, 67, 69, 70, 72.)

Ад Вупыра. «Калі мрэц задушыць мужчыну, то каб ажыў, трэба як найхутчэй на правай руццэ і левай назе пасцінаць велькія пальцы, а калі бабу - то на левай руццэ і на правай назе». (Federowski, s. 339.)

@

Гарцук

Гарцукі - чорныя духі. Беларусы вераць, што ў вялікіх гарах жывуць духі, падначаленыя Перуну... У час усходу і захаду сонца гуляюць па гарах як дзеці; у поўдзень стралою носяцца яны на конях па палях і лясах, а ноччу ў выглядзе розных драпежных птушак лятаюць у паветры па даручэнні Перуна. Гарцукоў, кажуць, вялікае мноства: усе яны па чарзе знаходзяцца на службе ў Перуна; ... возяць па небе грамавы жарон, на якім раз'язджае Пярун з вогненным лукам... Гарцукі ўтвараюць вятры, буры, віхуры і іншыя разбуральныя з'явы прыроды...

Слова «Гарцук» паходзіць ад гарцаваць - гуляць, бегаць навыперадкі, адсюль - Гарцук... (Древлянский, с. 87-88.)

@

Грамаўніца

Грамаўніца - жонка Перуна. Як багіню лета беларус уяўляе яе прыгожай поўнай жанчынай з галавой, прыбранай спелымі каласамі і з пладамі ў руках. (Соболевский, с. 23.)

@

Гуменнік (Падавіннік)

Гуменнік, ці Падавіннік, жыве пад асеццю. Гуменнік - дабрадушны дзядок маленькага росту, падперазаны саламяным перавяслам, які ахоўвае гумно і дапамагае гаспадару сушыць і малаціць збожжа. Апавяданняў пра гэтых духаў існуе шмат, і бачыць іх можна часта. Але не трэба толькі загаворваць з імі, а трэба маліцца і хрысціцца. Тады яны зробяць сваю работу і стануць нябачнымі.

Палевіка народ блытае з Гуменнікам, сцвярджаючы, што Гуменнік жыве ў жыце і ў полі, пакуль гумны пустыя. (Романов, с. 289.)

@

Дабрахочы

Вераць яшчэ ў нейкага ляснога бажка, якога называюць Дабрахочы. Даўней бачылі яго, як ён хадзіў каля лясоў... Рост яго залежыць ад вышыні дрэў, вакол якіх ходзіць, таму што яго бачылі заўсёды роўным з дрэвам, пры якім ён стаяў. Гэта не злы дух, як Русалкі, а хутчэй справядлівы суддзя. Ён апякун людзей пачцівых, але сурова карае нецнатлівых. Кара яго распаўсюджваецца толькі на саму асобу вінаватага і не датычыцца яго скарбу. Пасылае пакутлівыя хваробы на вінаватага, які памірае ў страшных мучэннях, калі не пайсці за паратункам да шчасліўцаў, якія ўмеюць задобрыць гэтага бога ахвярамі. Уся ахвяра складаецца з акрайца хлеба і шчопаці солі, загорнутых у чысты шматок. Гэты шчаслівы ідзе ў лес з пакутнікам і, памаліўшыся над кавалкам хлеба і шчопаццю солі, пакідае ўсё гэта ў лесе разам з хваробаю, бо хворы вяртаецца ўжо здаровы.

Аднак жа гэты Дабрахочы мае адну ў сабе непрыстойнасць. Калі хто-небудзь першым ступіць у яго след, адразу ж заблукае ў лесе і ледзьве вечарам можа вярнуцца дадому...

Часта здараецца, што селянін п'е некалькі дзён у карчме або дзесьці нейкі час цягаецца, а вярнуўшыся потым да пана, запэўнівае, што Дабрахочы трымаў яго ў лесе, і расказвае пра дзіўныя здарэнні. (Czarnowska, s. 407-408.)

@

Дамавік (Дамавы, Дамавой, Хатнік, Гаспадар, Падпечнік, Хоплік)

Беларус не толькі ўяўляе сабе Дамавіка ў вобразе змяі, але нават і па паходжанні лічыць яго амаль што змяёю... Трэба пеўня, які заспявае на трэці дзень пасля выхаду з яйка, трымаць сем гадоў. За гэты час ён знясе зносак (маленькае яйка велічынёй з галубінае), які трэба зашыць у мяшэчак і насіць яго пад левай пахаю шэсць месяцаў. Праз гэты тэрмін з яго вылупіцца змеяня, якое, уласна, і ёсць Дамавік. У знак падзякі за прытулак ён будзе чалавеку, што насіў яго, прыносіць дастатак у гаспадарцы.

Дамавік звычайна жыве ў клеці (у каморы, па некаторых звестках - у падпеччы) і вылазіць адтуль толькі на Дзяды для ўдзелу ў агульнай вячэры. Пры гэтым яму аказваюць усялякую пашану: дарога з клеці да стала высцілаецца белым палатном, стравы прапануюцца самыя лепшыя, пераважна малако.

Адзін селянін расказваў мне, што ён быў сведкам, як на Дзяды Дамавік з'яўляўся на агульную вячэру ў выглядзе кудлатага сабакі.

Дамавіка можна бачыць яшчэ і ў Вялікі чацвер; для гэтага трэба толькі ў царкве на вячэрнім набажэнстве ўзяць запаленую свечку і ісці з ёю дадому, беражліва ахоўваючы, каб вецер не затушыў яе. А ўжо дома з гэтай свечкай трэба падняцца на гарышча, і там абавязкова будзе ляжаць Дамавік у вобразе голага чалавека. Тады трэба чым-небудзь прыкрыць Дамавіка, і ён у знак падзякі за гэта спытае ў чалавека, што яму трэба. Чалавек павінен у гэты час шчыра адкрыць Дамавіку свае патрэбы, і ён пастараецца задаволіць іх.

Дамавік любіць, калі ў гаспадарцы падабрана ўсё адпаведна з яго асабістым густам, тады ён з асаблівай стараннасцю дапамагае гаспадару. У адваротным выпадку ён замест дапамогі прыносіць толькі шкоду: заезджвае ўночы нелюбімых коней, кароў і інш. У гэтых адносінах немалаважную ролю іграе месцазнаходжанне пабудоў у гаспадара, асабліва дома. Каб пазбегнуць магчымай па гэтай прычыне сваркі між Дамавым і гаспадаром дома, апошні перад пабудовай яго павінен зрабіць наступную спробу: у чатырох месцах, дзе прыблізна прыйдуцца вуглы дома, насыпаецца жыта. Калі праз ноч жыта акажацца некранутым, то гэта верная прыкмета, што Дамавіку падабаецца абранае месца. У выпадку, калі жыта акажацца разгрэбленым, то гэта значыць, што Дамавік супраць пабудовы дома на абраным месцы. Тады гаспадар павінен насыпаць чатыры кучкі жыта на іншым месцы і гэтак працягваць да таго часу, пакуль пасля ночы жыта не застанецца некранутым. Калі выпадкова гаспадар пабудуе дом на месцы, якое не падабаецца Дамавіку, то ён будзе ўночы з трэскам і грукатам разгульваць па дому і псаваць у ім рэчы. (Демидович, гл. I, с. 118-119.)

[Дамавік]. Гэта чалавекападобная істота, чорная, пакрытая валасамі. Месца жыхарства яго ў доме вызначаецца па-рознаму: на печы, пад печкаю, пад падлогаю, у хлявах і іншых забудовах, дзе размяшчаецца скаціна. У апошнім выпадку дамавы дух змешваецца з Хлеўнікам. Пры апякунстве Дамавіка ў доме ўсё ідзе спраўней; у адваротным выпадку ён стараецца шкодзіць гаспадару: уночы б'е посуд, кідае качэргі, нават спрабуе душыць гаспадара, калі той спіць; у доме ўсё не ладзіцца і, галоўным чынам, не вядзецца скаціна. Дзейнасць сваю Дамавік праяўляе выключна ўночы і пераважна ў хлявах, дзе ён ці песціць коней, ці, наадварот, мучыць іх, заезджвае. Каб абясшкодзіць Дамавога, застрэльваюць у першы дзень каляд, 25 снежня, ці ў дзень Новага года, да абедні сароку ці варону і, зачапіўшы вяровачкай за горла, вешаюць яе ў хляве. Іншыя пякуць на поўню хлеб і ад першай булкі (бахонкі, кулідкі) адразаюць акраец, соляць яго і ўночы ідуць з ім у хлеў, дзе гаспадар гаворыць: «Дамавік дамавы! Прымі ад мяне хлеб-соль, любі маіх коней і жалуй! І я буду цябе любіць і жалаваць!» І кладзе дзе-небудзь пад страхой. (Романов, с. 289.)

Хатнік ва ўяўленнях беларуса надзяляецца ўсімі якасцямі дбайнага гаспадара. Тыя, каму ён здаваўся, кажуць, што ён мае выгляд старэнькага дзядка, з сівой барадою і доўгімі сівымі валасамі, апрануты ён у насоў, а другія кажуць - у белую кашулю, падперазаны ён дзягай, а па другіх версіях - лыкам. Спіць ён на печы ці пад печчу, таму яго часам называюць Падпечнікам. Устае ён рана і палохае пеўня, штурхаючы яго. Певень з перапуду хлопае крыламі і крычыць, чым будзіць гаспадароў на працу. Часам Дамавы... раздзімае агонь і ідзе ў клець ці ў свіран і прасушвае хлеб, перасыпаючы яго жменямі, заглядвае ў хлеў і дае корм коням і каровам. Гладзіць іх і песціць. Такое дагляданне Гаспадара аказвае добры ўплыў: зерне «спарнее» ад перасыпання Дамавога, скаціна робіцца бадзёрая і вынослівая ад яго пагладжванняў. Гаспадар любіць дружную сям'ю, ён не церпіць сварлівых баб і часам строга карае зачыншчыкаў сямейных нязгод: ноччу, у час сну, ён навальваецца зачыншчыку на грудзі і душыць яго. Калі ўсе справы ідуць добра і добрае прадбачыцца ў будучым, тады ён скача на лаве ў хаце, ці ў клеці, ці ў сенцах. Калі ж сям'ю чакаюць няшчасці, ён у прадчуванні гэтага пачынае завываць па начах і тым папярэджвае гаспадара. З Дамавым трэба жыць у згодзе, трэба ўмець яму дагаджаць... Прагнявіш Дамавога - і ён не толькі не будзе спрыяць, але нават можа пашкодзіць у гаспадарцы. (Богданович, с. 66-67.)

У Дамавіка толькі адна жонка. Пасля смерці яе ён можа ажаніцца да чатырох разоў, але не на сваячках - інакш ён абавязаны пакінуць хатнюю службу і паступіць, напрыклад, у Лесавікі, Вадзянікі, Балотнікі. Ад сваёй жонкі Дамавік мае сыноў і дачок. Дасягнуўшы ўзросту, сыны звычайна становяцца Дамавікамі новых пабудаваных дамоў; дочкі ж выдаюцца замуж за Дамавікоў, хоць некаторыя з іх застаюцца ў дзеўках назаўсёды. У гэтым выпадку яны застаюцца вечна юнымі красунямі, чым і зводзяць хатніх хлопцаў і схіляюць на сувязь з сабою, але ў той жа час яны няўлоўныя. Дамавічкі патрабуюць вернасці толькі сабе адным і неміласэрна помсцяць хлопцам пры парушэнні вернасці, нават і тады, калі самі пачалі новую сувязь. Дамавікі спраўляюць вяселлі сваіх дзяцей у залежнасці ад дома, дзе жывуць, - то багата, то сціпла, прычым стараюцца прымеркаваць іх да вяселляў гаспадаровых дзяцей, каб не плаціць асобна музыкантам; адпаведна яны надзяляюць дачок пасагам. Час харчавання, сну і работы Дамавікі размяркоўваюць у адпаведнасці з прынятым у доме распарадкам.

Улічваючы, што без Дамавіка абысціся нельга і што ён не заўсёды выявіць сваё знаходжанне ў доме, прадбачлівы гаспадар стараецца завабіць яго. Заклік адбываецца ў Велікодную ноч, калі сям'я ў царкве, прыблізна так: «Выбач, дзедзька (ці браток), за трывогу, але толькі прыйдзі ка мне ні зелен, як лісціна, ні сінь, як вална на вадзе, ні панур, як воўк; прыйдзі такей як я сам!» З'явіцца двайнік гаспадара - чалавек таго ж росту, складу, у такой самай адзежы, які перш за ўсё наказвае захаваць тайну спаткання: ні на яве, ні ў сне, ні бацьку, ні маці, ні на споведзі гаспадар не павінен выдаваць гэтай тайны, пад страхам, што Дамавік не толькі перастане пасылаць дабро, але і спаліць дом, якому перад гэтым спрыяў. Іншыя Дамавікі страшаць, што іх гнеў і помста працягнуцца да чацвёртага пакалення гаспадара; усе ж яны помсцяць каварнаму гаспадару, які чамусьці адступіўся ад іх, ды і за розныя абразы ад хатніх гневаюцца і караюць не крыўдзіцеля, а гаспадара...

Не ў кожны дом увойдзе закліканы Дамавік... а толькі ў той, які прыйшоўся яму па нораву і густу, што назіраецца, напрыклад, пры пераходзе гаспадароў у новы дом: як бы ні схілялі яго да пераходу, ён застаецца ў старым доме, пакуль той не разбурыцца. Тады Дамавік пераходзіць у выбраны, да новых гаспадароў, але не сваякоў папярэдняга, увесь час злуецца на сужыцеляў, што кінулі яго, і помсціць ім.

Пры адваротным стане спраў Дамавік - дабрадзейны слуга дома, якому дастаткова толькі выказаць уголас свае жаданні, але без сведкаў. Тады ён праяўляе незвычайную дзейнасць і ледзь не штогадзіны просіць работы, што, відаць, мала стасуецца з гэтым цельпуком: ён чысціць, мые сцены і мэблю, выконвае работы найбольш любімых ім асоб - шые, прадзе, мые, меле па начах; тады ён закручвае любімчыкам кучары, пляце косы, адганяе ад тых, хто спіць, насякомых і інш. У той жа час Дамавік сцеражэ дом і дабро, папярэджвае пра будучыя няшчасці - пажар, крадзеж ці хваробы - то асобым стукам, то смехам ці плачам, то пагладжваннем галавы і твару соннага, то з'яўленнем жывёлы... Моцны стук Дамавіка, яго плач і стогн прарочаць звычайна хваробу ў доме, з'яўленне ж у сваім сапраўдным выглядзе - смерць гаспадара. Дарэчы дадаць: ён мае стасункі з гаспадаром і сямейнымі мужчынамі, і толькі найбольш прыгожыя сямейныя жанчыны карыстаюцца нязначнай яго ўвагаю.

За ўсю бескарыслівую дапамогу Дамавік патрабуе ад хатніх заўсёды пашаны і таго, каб яны не забывалі дабрадзея ва ўрачыстыя для сям'і дні. Удзячныя гаспадары шануюць Дамавіка просьбаю з'явіцца за стол (у памінальныя дні), пасцілаючы дзеля яго чыстае палатно ад парога да стала; падобнае, але маўклівае запрашэнне робяць яны і збіраючы гасцей на хрэсьбіны, на вяселлі...

Дамавік капрызны, нават пераборлівы, і не мірыцца з тым, што ідзе супраць яго волі, густаў і звычак. Ён не церпіць у доме люстэркаў, масак, вясёлых зборышчаў; не любіць, калі ля парога ляжыць які-небудзь прадмет, а тым больш - жывая істота, што перашкаджае яго пераходам з хаты ў сенцы і назад. Тады ён пачынае сваволіць і тым самым перасцерагае жыхароў ад свайго далейшага гневу: уночы скідвае посуд у балею, перастаўляе прадметы... ці звальвае грудаю пад лаву, у падпечча, прычым пакідае некранутымі абразы, хлеб і соль на стале.

Штосьці падобнае робіць Дамавік і ў час сваіх жартаў і заляцанняў з жыхарамі, выказваючы гэтым сваю прыхільнасць: штурхае, нават шчыпае сонных, з-за чаго ў іх бывае нямала сінякоў, якія, аднак, не баляць. Асабліва часта ён жартуе з мужа і жонкі і цешыцца, назіраючы за іх часовымі сваркамі, дзеля чаго нябачна падкідае ў іх страву і пітво «раздорнае зелле». У гуллівым, як і ў абыякавым стане, Дамавік любіць апранацца ў адзежу гаспадара, якую, аднак, паспешліва кладзе на месца, як толькі яна спатрэбіцца...

Часцей за ўсё Дамавік прымае чалавечы выгляд; тады ён - тоўсты, сярэдняга росту мужчына з паўсівою лапацістаю барадою, з прыгожым, дабрадушным тварам, блакітнымі адкрытымі вачыма; валасы на галаве раскудлачаны, часткова спускаюцца на лоб; за выключэннем часткі твару вакол вачэй і носа, усё цела яго, нават далоні і падэшвы пакрыты, нібы пушком, мяккаю поўсцю; зусім чалавечыя кіпці яго даўгаватыя і нейкія асабліва халодныя, што адчуваецца, калі Дамавік гладзіць. Часам ён - глыбокі стары, ростам з пяцігадовае дзіця, са зморшчаным тварам, белаю, як снег, барадою, сіва-жоўтымі валасамі на галаве, з фасфарычным бляскам вачэй, ад якіх ідуць у бакі палосы святла.

Звычайным месцам знаходжання Дамавіка лічыцца запечны кут, адкуль ён заходзіць у падполле, у падпечак, дзе бавіць час з мышамі і курамі. Любімым жа месцам яго ў запечным куце служыць менавіта лінія злучэння запечных сцен, заўсёды насупраць кута, адкуль ён назірае за сям'ёю ў час поўнага збору яе за сталом, на сямейнай радзе, пры прыёме гасцей, для чаго ён высоўваецца над паверхняю печы па грудзі. Калі няма патрэбы, Дамавік спускаецца на самы ніз запечнага кута, дзе звычайна дрэмле.

Акрамя месцаў у хаце, Дамавік туліцца ў сенцах, на гарышчы і ў клеці, калі там летняю парою большы час знаходзіцца і сям'я. Тут ён садзіцца на жэрдачку, на палог, на малочную скрыню, на жорнавы пастаў ці на ўбіты ў сцяну драўляны крук.

Дзе ні размесціцца Дамавік, ён будзе сядзець у нерухомым забыцці, з якога не выводзяць яго ні петушыны спеў, ні малітоўныя воклічы людзей, ні кіданне прадметаў з месца на месца, ні нават зварот да яго. І толькі тады ён адхіліцца злёгку ўбок, калі кінуты прадмет асабліва брудны (як, напрыклад, знятыя з ног лапці, анучы...).

Ёсць рэдкія дамы і сем'і, дзе Дамавік часта і падоўгу ўтрымлівае прыняты чалавечы выгляд. Тады, у залежнасці ад пары года і надвор'я, ён носіць то цёплую, то лёгкую адзежу. Але і летам і зімою ён ходзіць босы, без шапкі, надзявае яе толькі перад смерцю гаспадара, калі часова прысядае на яго месца, бярэцца за яго работу. Той, хто заклікаў Дамавіка раней, бачыць яго другі раз зусім такім, якім бачыў і ўпершыню. Застаецца ў доме варты пераемнік паміраючага гаспадара ці не, Дамавік не выкажа спачування, не перастане спрыяць да таго часу, пакуль да яго будуць захоўвацца пачатыя адносіны. Калі ж у кіраванне дома ўступіла жанчына і яно зацягваецца, Дамавік аслабляе сваю спрыяльную дзейнасць, а нярэдка і зусім спыняе яе, застаючыся толькі сведкам заняпаду хатняга дабрабыту.

Сувязі з Дамавіком не лічацца злачыннымі ў той меры, як з іншымі нячысцікамі, і атрыманае пры яго спрыянні дабро не ідзе прахам. Аднак жа ад гэтай сувязі чалавек робіцца задумлівым, маўклівым ці гаворыць коратка, больш рыфмаю - тым больш бесталкова, чым глыбей сувязі; ён адасабляецца і заканчвае ці вар'яцтвам, ці самагубствам.

Дамавік ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў, ён жыве па старых законах; гэта ж пераймаюць у спадчыну і яго сыны. Таму Дамавік не ўжываецца з новаўвядзеннямі, а туліцца і дабрадзейнічае там, дзе жывуць прасцей, па-старому.

Колькі часу жывуць Дамавікі - нікому невядома, хоць кожны ведае, што адзіная іх пагібель - ад грамавых удараў - магчыма тады, калі сам ён, у гэтым выпадку вельмі асцярожны, штосьці зрабіў не так, як трэба. Як і ўсе нячысцікі, забіты Дамавік ператвараецца ў прах, прычым нават дзеці яго не збіраюцца плакаць па бацьку. (Никифоровский II, с. 48-53.)

Дамавікі з выгляду падобныя да людзей; некаторыя лічаць, што ў іх ёсць падабенства з гаспадаром дома. Дамахамі, ці Дамавіхамі, завуць жонак Дамавікоў; у Дамавікоў бываюць і дзеці. Дамавікі і Дамахі з'яўляюцца ў белым адзенні; у Дамах на галаве старажытнабеларускі ўбор - намітка. Нябачна ад людзей, у чалавечым жытле вядуць Дамавікі сваё існаванне, п'юць, ядуць, смуткуюць і радуюцца, нараджаюцца і паміраюць. Галоўнае месцазнаходжанне Дамавіка - у хаце за прыпечкам, ён жа бывае і пад печкай і ў пячуры. «Вылез, як чура з пячуры» (народная прымаўка). Дамавікі нас бачаць, а мы іх - не. Раней людзі часта бачылі Дамавікоў... і цяпер дастойным людзям паказваюцца Дамавікі, толькі пераважна апоўначы, у хвіліну агульнай цішыні, спакою. Здараюцца выпадкі, што Дамавікі ўступаюць у незаконную сувязь з жанчынамі, ад такіх сувязей нараджаюцца ведзьмары. У Дамахі такія ж схільнасці і заняткі, якія ў дбайнай гаспадыні-сялянкі: яна працалюбівая і гаспадарлівая, любіць чысціню і ад усёй душы ненавідзіць бруд, ляноту і беспарадак; яна прадзе, тчэ, вышывае і даглядае жывёлу...

Стары дзядуля Дамавік (ён многім уяўляецца вельмі старым паважным старцам з доўгай барадой) клапоціцца пра гаспадарова дабро і блізка да сэрца прымае ўсе яго інтарэсы: ён усюды суне свой нос, яму да ўсяго ёсць справы.

Уночы ён даглядае коней і рагатую жывёлу, раздае ім сена, авёс, заплятае коням грывы, гладзіць любімага коніка па спіне, ад чаго той з прыемнасцю выцягвае шыю, становіцца на калені і кладзецца. Але трэба задобрываць Дамавіка, трэба ўзгадняцца з яго густамі. Каб Дамавіку спадабалася жывёла, яна павінна быць пэўнай масці.

Некаторыя лічаць, што гаспадар павінен набываць коней і кароў па масці, якая нагадвае колер уласнай барады, - гэта Дамавіку даспадобы; такія каровы і коні прыжывуцца і будуць весціся.

Дамавік любіць гаспадароў і гаспадынь працалюбівых, рахманых і цвярозых; заўважана, што ўсе іх дзеянні яму падабаюцца...

Дамавік бывае злосны і надзвычай капрызны. Нелюбімых коней ён замучвае, катаецца на іх верхам цэлую ноч ды блытае ім грывы. Калі падысці да хлява ці да канюшні ўночы, адразу можна заўважыць, злуецца Дамавік ці жыве ў згодзе з гаспадаром. У першым выпадку коні стаяць неспакойна, фыркаюць і стукаюць капытамі; выгляд у іх загнаны, напалоханы, яны ўсе потныя.

Раззлаваны «Гаспадар» насылае падзеж на скаціну, чарвей на агарод, у засекі пацукоў і ўтварае поўную разруху ва ўсіх справах нелюбімага мужыка, пасяляе разлад у сямейных і грамадскіх яго адносінах.

Вынікам няміласці Дамавіка лічыцца неўраджай на полі і разлад у сям'і... Калі хто з членаў сям'і не палюбіцца Дамавіку, Дамавік наганяе на яго сум, панурасць, нелюбімец захворвае, сохне... нарэшце, памірае, паколькі быў нежаданы. Так знахары... тлумачаць родным прычыну яго смерці...

А то на Дамавіка нападае дух гарэзлівасці і дзікага шалу. У адным сялянскім двары Дамавік раскідаў на двары ўсе рэчы і рассваволіўся да таго, што хлопчыка, які спаў на возе, закінуў у бліжэйшую лагчыну і сухім галлём закідаў, але, зрэшты, зрабіў гэта надзвычай асцярожна: хлопчыка знайшлі ў ламаччы, калі ён спакойна спаў.

Паколькі Дамавік вельмі капрызны, то цяжка растлумачыць прычыну яго сімпатый і антыпатый, цяжка спадабацца яму і лёгка здараецца, наадварот, раззлаваць яго да крайнасці і нажыць у ім небяспечнага ворага...

Ёсць рэчы, якія Дамавік катэгарычна не любіць. Дамавік цярпець не можа шуму і сваркі, неахайнасці, бруду, абыякавасці і неакуратнасці ў рабоце. Асабліва трэба асцярожна трымаць сябе ў хляве... апоўдні трэба асцерагацца лаянкі, буйных размоў, асабліва кляцьбы. Апоўдні збываецца кляцьба маці. Ці не ад таго, што апоўдні Дамавік моцна спіць, а калі пабудзіць яго і патрывожыць, то ён не ў настроі і злуецца?

Часам Дамавік бывае вельмі крыўдлівы: не спадабаецца яму якое-небудзь слова, ён у цемры, у небяспечным месцы штурхае пад калена, збівае з ног і робіць калекам. Хоць у час малітвы да Дамавіка ніхто не хрысціцца, Дамавік цярпець не можа, каб яго называлі чорным імем «чорт».

Дамавікі, як і людзі, б'юцца і вядуць між сабою адчайную барацьбу... Справа ў тым, што ў кожным доме, у кожным падпечку хаты можа жыць толькі адзін Дамавік; калі ж задумае ў гэтым доме пасяліцца другі, то між імі заўсёды адбываецца барацьба, якая заканчваецца тым, што пераможаны чужы Дамавік пакідае дом, ці чужак, выжыўшы мясцовага Дамавіка, пасяляецца ў чужым доме, не забываючы і пра сваю гаспадарку.

Прыблудны Дамавік ці Хлеўнік («гвалтоўнік») не надта клапоціцца пра чужы двор, дзе часцей за ўсё ён пераварочвае ўсё дагары нагамі. А напалоханы непарадкамі ў доме гаспадар звычайна не адважваецца аб'явіць адкрытую вайну прыблуднаму Дамавіку ці Хлеўніку, баючыся розных непрыемных выпадковасцей, хваробы і нават смерці; ён звяртаецца за парадаю і непасрэднаю дапамогаю да знахара, якому вядомы тайны быцця Дамавікоў, Лесавікоў, Палевікоў і Вадзянікоў, які добра разумее іх узаемныя адносіны і адносіны гэтых «гаспадароў» з людзьмі...

Дамавік даволі чула ставіцца да няшчасця ў двары гаспадара; акрамя таго, ён дальнабачлівы, празорлівы і таму часта папярэджвае гаспадароў пра розныя няшчасці. Перад вялікай бядой Дамавік плача, стогне; апоўначы сярод усеагульнай цішыні можна чуць такія стогны, якія з'яўляюцца сумным прадказаннем. Дамавік часта прадказвае будучыню, паведамляючы стукам у дзверы ці сцяну хаты; ён жа з'яўляецца перад бядой ці перасяленнем гаспадару альбо яго блізкім: родным, слугам. Часам Дамавік-прадказальнік душыць таго, хто спіць, балюча сціскаючы горла, а здараецца - кладзе на яго сваю руку; калі рука калматая і цёплая - гэта на шчасце, дакрананне голай і халоднай рукі прадказвае бяду.

Прысыпанне дзяцей народ тлумачыць тым, што прыспанага выкрадае Дамавік, а замест яго кладзе цурбан. Жанчына асабліва павінна асцерагацца сёмага і семнаццатага тыдня пасля родаў: калі яна ў гэты час, кладучыся спаць, забудзецца перахрысціць дзіця альбо неасцярожна вымавіць: «чорт», то чэрці возьмуць дзіця, а замест яго пакладуць у люльку «балвана» (абрубак дрэва). Знесеныя Дамавікамі вяртаюцца тады, калі на Дамавікоў падзейнічаюць ахвяры ці старанныя малітвы. І ўкрадзеных Дамавікі вяртаюць неахвотна.

На думку народа, памерлыя ў доме становяцца Дамавікамі гэтага дома. А паколькі дом не можа існаваць без Дамавіка, то ў кожным новым доме хтосьці ды павінен памерці, і ў хуткім часе: дом без нябожчыка не бывае. Сталыя людзі не любяць будавацца, прытрымліваючыся прыкметы: «Як пачнеш пад старасць будавацца, так і памрэш, дом абновіш».

Некаторыя думаюць, што нядаўна памерлы жыве на могілках і вартуе іх, пакуль каго-небудзь не пахаваюць пасля яго; гэтыя нядаўна памерлыя і з'яўляюцца ў дамы, дзе ёсць людзі, гатовыя змяніць іх.

Дамавік любіць мыцца ў лазні і парыцца венікам. Часам апоўначы можна пачуць, як ён крэкча на палку і сячэ сябе венікам; у гэты ж час ён робіць заўвагі, якія гаспадару не грэх прыняць да ведама.

Спрадвеку ў Смаленскай губерні існаваў звычай, прымеркаваны да Чыстага чацвярга перадвелікоднага тыдня. Мыюцца ў лазні перад узыходам сонца, кажучы, што і воран перад гэтым днём купае сваіх дзяцей... Узыходзячы на палок, прыгаворваюць: «Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка». Выходзячы з лазні, пакідаюць на палку вядро вады і венік для «Гаспадара» і, перахрысціўшыся, кажуць: «Табе, баня, на стаянне, а нам на здароўе». (Добровольский I, с. 361-363, 366, 368, 371, 372, 378-379.)

Дамавік наглядвае за скацінаю, з'яўляецца перад смерцю і пераменамі ў жыцці; у некаторых мясцовасцях лічыцца святым...

Дамавік не любіць сварак, гучных размоў і бруду ў хаце і хляве, асабліва на сцежках...

Дамавік-чужак часта паяўляецца ў дварах, гумнах, пунях і іншых хатніх пабудовах. Ён шкодзіць гаспадару і гаспадарцы, вядзе барацьбу з хатнім Дамавіком. Часам пад уздзеяннем чужака-Дамавіка здараюцца хваробы людзей і скаціны і розныя няшчасці... Часам чужакі-Дамавікі ў выглядзе кошак ці іншых жывёл з'яўляюцца на гумнах і ў дварах і ўступаюць у барацьбу са сваімі Дамавікамі. Небяспечна ўмешвацца ў бойку Дамавікоў, асабліва калі гаспадар памылкова прыме бок чужака: за гэта можа атрымаць граблямі ў лоб, а яшчэ горш - наклікаць гнеў свайго Дамавіка. (Добровольский II, с. 179.)

Дамавікі бліжэй за ўсіх стаяць да сялян, удзельнічаюць у найбольш важных справах хатняга жыцця... Дзённым месцазнаходжаннем Дамавіка служыць печ, а ў некаторых месцах «падпечак», адкуль яны выходзяць з надыходам ночы. Зрэшты, яны жывуць усюды, дзе ёсць печ: у сушыльнях, у лазнях і інш... Па-за домам ён пераносіць свае дзеянні пераважна на канюшню, чысціць любімых ім коней, заплятае ім грывы, але часцей ганяе і мучыць іх. (Ляцкий I, с. 31-32.)

У кожнай хаце, у кожнай гаспадарцы жыве гэтак званы Дамавік, істота няўлоўная і надзвычай шкадлівая. Ніхто яго ніколі не бачыў, але ўчынкі яго даюцца ў знакі кожнаму. Ён то ўночы, калі ўсе заснуць спакойным сном, заезджвае коней, гойсаючы на іх па палях і так іх замучвае, што пад раніцу бедныя жывёлы бываюць стомленыя і пакрытыя пенай (ад гэтага дапамагае павешаная над дзвярамі стайні сарока); ён дражніць сонных сабак, і тыя зрываюцца і жаласліва выюць. Ён раптам адгукаецца трэскам і грукатам у коміне і па сценах і пужае адзінокіх жанчын, выцягвае зэдлік з-пад таго, хто на ім сядзіць, і той падае на зямлю. Яго шчыра ненавідзяць, але даць рады яго выбрыкам не могуць і мусяць іх спакойна цярпець. (Jeleńska, s. 503.)

«Чорт у кожнай хаце ёсць, каторы называецца Дамавік. Каб ні чорт, сваркі ў хаце нігды не было б. Чорт любіць увесь час з чагось смяяцца, а як не мае з чаго, то паддурывае людзей да сваркі, а найчасцей бабы, бо і чалавеку збоку гледзячы, ёсць з чаго смяяцца, як бабы сварацца альбо б'юцца». (Federowski, s. 18.)

«Дамавік е ўсюды: і ў мужыцкіх хатах, і ў панскіх пакоях. Наш брат з ім асвойтаўся, дак ужо не вельмі яго баіцца, а пан... ось недалёка шукаючы, памочнік махайніка, што смалу жане - Насовіч - прышоўшы з заводу, стаў поначы люлькі шукаць, да й абмацаў нейкую кашлатую морду, дак спужаўся, крыкнуў: «Ушэлькі дух Пана Бога хваліць», а морда адказала: «І я хвалю», да й шчэзла. Ета быў справядлівы Дамавік, той, што ўжэ пасябраваўся з чалавекам, бо іншы чорт як пачуе такую клятву, то моўчкі ўцякае.

Дамавік пляце толькі дробныя гарэзы, якія не прыносяць надта вялікай шкоды. Дзякуючы яму, рвецца на кроснах у час работы прадзіва, нітка ў вушка іголкі цяжка прасоўваецца альбо блытаецца ў час шытва. «Як Дамавік плутае нітку, то трэба яе мазаць тым воскам, што капае з свечкі, як яна гарыць у цэркві».

Часта наракаюць на Дамавіка за тое, што ён выхоплівае з-пад рук розныя прадметы і на хвіліну хавае іх ці пераносіць у іншыя месцы. Падчас пэўнай работы, напрыклад, пляцення лапцей, гаспадар шукае інструмент, які хвіліну перад гэтым трымаў у руцэ:

- А дзе ж мая падплётка? Паглянь, аж дзе ляжыць; бач, куды запраторыў Хоплік (Дамавік) пракляты.

Калі пасля доўгага шукання згубленае знойдзецца паблізу, то выкрыквае:

- Тху ты, нячыстая сіла! Чорт хвастом накрыў, дак досі не відаць было.

Вельмі часта даводзіцца чуць нараканні ці перасцярогі ў гэтым сэнсе:

- Прапала! Мабыць чорт хвастом накрыў; прыйдзецца доўга шукаць, як чорт хвастом накрые; пільнуй, штоб чорт хвастом не накрыў, і г.д.

Дамавік як захоча завесці сварку паміж суседзей, то ўсякую капасць прыдумае. Нажане курэй або свіней ад аднаго суседа к другому ў гарод, узбударажыць дзяцей, штоб пачубіліся за якісь пусцяк да штоб на іх крык збегліся маткі і палаяліся, а то шчэ і пабіліся. Чорт тагды смяецца, а людзі кажуць: «Дзеткі за шчэпкі, а маткі за дзеткі».

Найбольш яго карціць, штоб у самой хаце як найчасцей была звада, дак настырняе жонку на мужыка, пакуль не пасварацца, або напусціць туман на глузды, так што яна не ўпамкі трэйчы пасоліць боршч, а мужык, сербануўшы, трэсне ложку аб зямлю, а жонцы накладзе па шыі. Не ўздумаеш яго ўсіх ухваткаў, як і калі ён наскуе адно на адно, штоб узяліся за грудкі або ўхапіліся за качаргу да за вілкі.

Як Дамавік упадабае каня, то на ём ездзіць штоноч, аж пакуль конь, хварэючы, не здохне. Хацеўшы, штоб етаго не было, то трэба каля коней дзяржаць чорнага казла на прывязі, а над яслямі або над дзвярыма павесіць сароку. Калі ета не паможа, то трэба ўзяць у цэркві свечку, засвяціць да й накрыць хлебнаю дзяжою, а як Дамавік сядзе на каня, дзяжу швыдка падняць. Як людзі пабачаць Дамавіка на каню, чы на іншай рабоці, то ён етага больш ужэ рабіць не будзе». (Pietkiewicz I, s. 202-204.)

Дамавой... з'яўляецца таксама свайго роду чортам, які жыве ў хаце або гаспадарчых будынках і апякуецца жывёлай. Кажуць, калі палюбіць ён нейкую карову, дык будзе пра яе дбаць, будзе дасыпаць корму, каню будзе заплятаць грыву. Але дастаткова яго нечым прагнявіць, і ў гаспадарцы пачнуцца ўбыткі, жывёла будзе худнець і падаць. (Шаховіч, с. 131.)

Дамавікі бывалі ў старых людзей, а сёння ўжо адышлі. Дапамагалі людзям, а тыя душу ім за гэта аддавалі. Частавалі Дамавікоў некаторымі стравамі... Насілі ім штосьці то ў стайню, то ў піўніцу... (Moszyński, s. 172.)

@

Дзікія людзі

«За морамі жывуць Дзікія людзі, у іх анно па адном воку на лобе, і яны больш нічога не робяць, анно ляжаць каля дарогі і забіваюць нашых людзей і ядуць. А калі зарэжуць барана, так зара кладуцца каля яго, дудачкі ў горла паўстаўляюць і ссуць кроў».

«Дзікі народ за морамі ў чужом краю, без адзення, толькі шэрсць на іх парасла, з хвастамі доўгімі і з велькімі вушамі, як у вала, і не гавораць, толькі пішчаць». (Federowski, s. 232.)

@

Дзявоя (Калая, Гожня, Сева)

Дзявоя - багіня цнатлівасці. У беларусаў ёсць звычай пры выхадзе дзяўчыны замуж святкаваць апошні дзень яе дзявоцтва... Са стратаю дзявочай залатой вольніцы кожная дзяўчына пазбаўляецца апякунства Дзявоі...

Дзявоя вядомая амаль ва ўсёй Беларусі, толькі пад рознымі імёнамі (напрыклад, Калая, Гожня, Сева і інш.). (Древлянский, с. 88-93.)

@

Ератнікі

У Ератніках многія хочуць бачыць ведзьмароў і ведзьмаў, якія перад смерцю жадаюць адрачыся ад сваіх агідных паводзін, але ім не дазваляюць іх уладары - чэрці... Кожную ноч яны павінны паяўляцца на дарогах, чакаць тут і мучыць запозненых падарожнікаў, рабіць тое ж з людзьмі і на іх уласных дварах, у сярэдзіне пабудоў.

Ератнікі пачынаюць згубную дзейнасць пасля вячэрніх прыцемкаў і працягваюць яе да першых пробліскаў ранішняга золку... Дзёрзкі ератнік раптоўна прыстае да ахвяры і абхоплівае яе аберуч ці хапае за горла; у тым і другім выпадку ахвяра губляе прытомнасць ці кідаецца, пакуль не развітаецца з жыццём. Тады Ератнік, нацешыўшыся са страху і пакут ахвяры, п'е цёплую кроў, а цела нявечыць. Нават калі ахвяра пры першым подступе Ератніка і не разгубілася, то далей не ў стане ад яго адбіцца.

На шчасце, Ератнікоў адносна няшмат, ды і нішчаць яны адзін другога. У такіх выпадках у поўнай начной цішыні два Ератнікі неміласэрна грызуцца, драпаюцца, душаць адзін аднаго, і не было яшчэ выпадку, каб адзін з іх застаўся цэлы... Акрамя таго, і людзі навучыліся зжываць са свету Ератнікоў, якія, не баючыся грамавых стрэл, могуць быць паранены вострымі металічнымі прадметамі і хутка гінуць ад уколаў, парэзаў. Пры кожнай пагібелі Ератніка матэрыяльнае рэчыва яго ператвараецца ў смярдзючы прах, які разбуральна дзейнічае на здароўе людзей і нават жывёл, калі праз ежу і пітво трапляе ў цела. (Никифоровский II, с. 61-62.)

@

Ёўнік (Асетнік)

Ёўнік, ці Асетнік, туліцца ў сушні, дзе нязменна панура сядзіць у куце - ці ў запечным, ці на рагу печы, што выступае на сярэдзіну сушні, ці на сушыльнай жэрдцы і толькі зрэдку падыходзіць да акна, каб выхаркаць пыл і сажу; яшчэ радзей пераступае ён ганак сушні, каб агледзець ток, склады снапоў, накіраваць ці адхіліць вецер, неабходны ў час веяння збожжа, паглядзець на малацьбу і на тых, хто працуе ў ёўні. У тых выпадках, калі ў ёўню заходзяць непатрэбныя тут асобы, Ёўнік узнікае ў розных месцах ёўні і палохае прышэльцаў; калі ж у ёўню прыйшоў ненавіснік Ёўніка, апошні пільна сочыць за ім, каб, счакаўшы хвіліну, патрывожыць яго сон, нагнаць дыму, удушыць чадам і нават спаліць разам з дабром, што тут захоўваецца.

Пры міралюбных адносінах Ёўнік клапоціцца, каб правільна палілася сушыльная печ і сушыліся снапы і зерне, не ломіць саломы, пасылае патрэбны для веяння скразняк... дапамагае, спорыць работу. Калі сушня служыць і для першапачатковай апрацоўкі пянькі і ільну, Ёўнік таксама дружалюбна служыць ля мялкі і трапалкі, хаця і не пераносіць смуроду адмочанай і адлежанай пянькі і ільну. Вельмі падабаецца таксама Ёўніку, калі сушня замяняе лазню: тут у яго ёсць адзіная магчымасць змыць сажу і пыл...

Калі Ёўнік прымае зрокавы вобраз, [то ўяўляе] чалавекападобную масу, дзе сажа, пыльныя ніткі павуціння, наліплая мякіна з-за паўзмроку ў сушні не даюць магчымасці разгледзець асобныя формы. Але Ёўнік пераважна застаецца нябачным.

Ёўнік не баіцца простага агню, і пажар у ёўні з-за людской неасцярожнасці мала трывожыць яго; ён выходзіць са свайго жытла і спакойна назірае за тым, што адбываецца, а пасля пажару і адыходу людзей залазіць у печ, на абгарэлае бервяно, і тут жыве, пакуль не адбудуецца новая ёўня, куды адразу і пераходзіць. Крыху інакш з пажарам ад маланак: тут нярэдка Ёўнік гіне ад нечаканасці грамавога ўдару. Мякінны пыл лёгка ўспрымае полымя, і Ёўнік згарае, не пакідаючы пасля сябе ні пылінкі. Калі гэта здарылася з адным Ёўнікам, другі не пойдзе ў ёўню, адбудаваную на тым самым месцы: ёўня застаецца без Ёўніка. (Никифоровский II, с. 57-59.)

Ёўнік жыве ў ёўні, у печы ці на печы; па знешнасці ён адрозніваецца ад Дамавіка толькі тым, што гэты апошні «здаецца» ў белым насове, а Ёўнік - чорны (трэба меркаваць - ад пастаяннага куродыму бяструбнай печы), толькі вочы як вугалі гараць. Той і другі з выразнымі гаспадарчымі схільнасцямі: Ёўнік па начах замятае гумно, вее зерне, надае яму «спорню», а ў разумных гаспадароў нават малоціць ранкам.

Калі насаджваюць ёўню, г.зн. кладуць снапы для прасушкі, то кідаюць сноп у агонь; таксама пасля заканчэння малацьбы пакідаюць сноп жыта ў ёўні, каб Ёўніку «была занятка». Калі прагнявіць яго, то ён пачне кідаць снапы ў агонь і спаліць ёўню, - так тлумачаць беларускія сяляне іх частыя пажары з-за няўмелай насадкі снапоў. (Богданович, с. 69-70.)

Ёўнік і Лазнік... несумненна «вогненнага паходжання», таксама ўвасабленне агню. Яны атрымалі свае вотчыны: першы - ёўню, другі - лазню. Беларускія ёўня і лазня па сваім уладкаванні вельмі мала адрозніваюцца адна ад адной, і ёўня нярэдка замяняе лазню. Гэтак жа мала адрозніваюцца адзін ад аднаго іх захавальнікі, так што мы можам лічыць Ёўніка і Лазніка роднымі братамі і бліжэйшымі сваякамі Дамавіка. (Богданович, с. 69.)

@

Жалезная баба

У палях і агародах жыве яшчэ Жалезная баба. Гэта злая нізкарослая старая з жалезнымі вялікімі грудзямі хапае жалезным круком тых дзяцей, якія асмельваюцца заходзіць адны ў палі і агароды, каб паласавацца бобам, гарохам, макам, гароднінай, кідае іх у сваю жалезную ступку, таўчэ і есць... (Романов, с. 290.)

Жалезная баба жыла ў студні і ўцягвала туды ўсіх, хто ў яе заглядаў, а ўжо асабліва дзяцей. (Шаховіч, с. 134.)

@

Жыж (Жыжаль, Зніч)

Жыж - бог агню, тое ж, што Зніч у літоўцаў (ці, лепш, старажытных яцвягаў). Беларусы вераць, нібыта Жыж тое і робіць, што расхаджвае пад зямлёю і так выпускае з сябе агонь. Калі ён ходзіць паціху, то праз гэта, кажуць, саграваецца зямля; калі ж хутка, то зямля загараецца, адсюль здараюцца ў розных месцах зямной паверхні пажары; пажары гэтыя, кажуць, знішчаюць лясы, выпальваюць сенакосы, сушаць агароды, палі, ад чаго яны робяцца бясплоднымі.

Зрэшты, пра Жыжа мала вядома ў Беларусі: яго ведаюць толькі, здаецца, у Менскай губерні. Прыслоўі: «Жыж унадзіўся» - г.зн. засуха ці пажар сталі часта ўзнікаць; «Няўмычны, як Жыж» - неадчэпны, прыліплівы, як Жыж; «Жыжка села» - нешта накшталт высыпкі ці лішая села, узнікла (на губах). Жыжка ва ўласным значэнні - прышч на губах, вогнікам іначай названы ў Беларусі. (Древлянский, с. 93-94.)

@

Жыцень

Жыцень - бог восені. Беларусы ўяўляюць Жыценя крыху грозным, нібыта вечна некім незадаволеным... Жыцень нізкага росту, худы, нават кашчавы, даволі сталага веку, з трыма вачыма (трэцяе на патыліцы); ходзіць вельмі ціха, сагнуўшыся, з ускудлачанымі валасамі. Расхаджвае ён па палях і агародах, каб агледзець, ці ўсё добра прыбрана, як павінна быць у добрай гаспадарцы. Калі Жыцень знойдзе на жніўніку шмат каласоў, пакінутых жнеямі, збірае іх і, звязаўшы ў адзін сноп, пераносіць на іншы жніўнік, дзе сабрана ўсё чыста, з ашчаднасцю. Вынікам гэтага здараецца неўраджай у наступным годзе на тым месцы, дзе Жыцень знайшоў шмат пакінутых каласоў, і, наадварот, вялікі ўраджай на той ніве, дзе пакінуў ён сноп.

Тое ж бывае і з агародамі, якія наведвае Жыцень і ў якіх знаходзіць нядбайнасць, гаспадарскія непарадкі. Убачыўшы каго-небудзь з гаспадароў агарода, Жыцень падыходзіць да яго і грозіць яму пальцам: гэта значыць у тым агародзе трэба чакаць неўраджаю. У Беларусі ёсць павер'е, нібыта Жыцень з'яўляецца часам у выглядзе жабрака, як звычайна, з суровым тварам, грозячы пальцам кожнаму стрэчнаму. З'ява гэта, кажуць, заўсёды бывае прадвесцем усеагульнага голаду ці вялікага неўраджаю на наступны год. Зрэшты, у гэтым выглядзе Жыцень з'яўляецца беражлівым і старанным гаспадарам... каб папярэдзіць іх пра надыход небяспек і такім чынам даць ім магчымасць падрыхтаваць запас хлеба на галодны год.

Жыцень, паводле беларускага падання, прысутнічае ў полі пры восеньскай сяўбе... Жыцень у час пасеваў расхаджвае з грозным выглядам па пасеяным жыце і нібыта ўсё прыглядаецца да чагосьці ўнізе, утоптвае ўсялякае зерне, каб лепш увайшло ў зямлю і хутчэй апладнілася зямельнымі сокамі... Жыцень пераважна вядомы ў Магілеўскай і Менскай губернях. Прымаўкі: «Жыцень хлеба даў»; «Баржджэй на Жытня, калі ў засеку хлеба не прытне», «Жыцень з кабзой, голад на двор». (Древлянский, с. 93-94. Варыянт: Соболевский, с. 24-25.)

@

Злыдні

Злыдні - малыя, гарбатыя, скурчаныя стварэнні, у вялізных ботах і шапках; час ад часу яны нападаюць на пэўную хату, і тады там ужо нічога не вядзецца. Звычайна жывуць пад печчу, робяць адтуль выправы па ўсёй гаспадарцы і адбіраюць розныя набыткі. Заглядваюць у гаршкі з ядою і ў лепшую кашу падсыпаюць пяску, у самае тлустае малако наліваюць вады, псуюць у дзежцы хлеб, у курэй крадуць яйкі... Ва ўсім шкодзяць і перашкаджаюць, так, што хата, у якой яны пасяліліся, бяднее і галее. Часам яны ўзнікаюць без прычыны, іх можна таксама выклікаць, дзякуючы вялікаму жаданню разбагацець, празмернасці ў працы. Калі, напрыклад, хтосьці ў час яды працуе, можна з упэўненасцю сказаць, што злыдні нападуць на яго. (Jeleńska, s. 503.)

@

Змей

Змей, які носіць грошы. Пра кожнага больш-менш багатага селяніна ў Беларусі кажуць, што «яму Змей грошы носіць»... Такія змеі, паводле расказаў, выводзяцца штучна. Пра гэта існуе такое павер'е. Калі чорны певень пражыве сем гадоў, то пад канец сёмага года знясе асаблівага выгляду яйка, якое па форме нагадвае нібыта ракавіну звычайнага смаўжа. Гэтае яйка трэба насіць пад пахаю тры гады. Тады вылупіцца з яго маленькае Змеяня. Яго трэба пеставаць, трымаць у цяпле, карміць яечняй (гэта яго выключная ежа) і нічым не раздражняць. Вырасшы, ён пачне лятаць, адшукваць скарбы і насіць грошы свайму гаспадару. Жыве змей у клеці, нікому не паказваецца. Туды яму гаспадар ці гаспадыня штодзённа носіць свежую яечню. Але яе чамусьці нельга саліць: нічым так не ўгнявіш Змея, як пасаліўшы яму яечню. За гэта ён спальвае ўсё гаспадарова дабро і сам адлятае. Наогул, ён, раззлаваўшыся, помсціць пажарам. Калі хто-небудзь убачыць, як ён нясе грошы, і зняважыць яго непрыстойнасцю, то ён грошы рассыпле, а свайго гаспадара чамусьці спаліць.

Большасць лічыць, што ён падобны да звычайнага вужа, толькі значна большы за яго - увесь залаты, гарыць як жар і мае крылы. Другія прыпадабняюць яго да чалавека, які ўмее лятаць. (Богданович, с. 73-74.)

@

Зюзя

Зюзя - бог зімы. Паходзіць ад дзеяслова зюзець - мерзнуць, калець ад марозу. Вось якім уяўляюць Зюзю беларусы: ён, кажуць, стары, з белымі, як снег, валасамі на галаве і такой жа даўжэзнай барадой, нізенькага росту, тоўсты; увесь у белай цёплай вопратцы; ногі ў яго босыя і галава нічым не пакрытая. У руцэ носіць жалезную булаву. Зюзя, кажуць беларусы, большую частку зімы праводзіць у лесе... Часам ён заходзіць у вёску па розных прычынах: ці для таго, каб папярэдзіць сялян пра жорсткую суровую зіму на будучы год, ці затым, каб дапамагчы каму-небудзь; напрыклад, вызваліць ад холаду няшчасную бедную сям'ю ці проста для таго, каб наесціся куцці... Каб як-небудзь задобрыць Зюзю, беларусы напярэдадні Новага года гатуюць, як звычайна, куццю, адкладваюць частку яе ў асобную талерку (ці лепш міску) і пакідаюць на ноч на асобным стале: куцця застаецца цэлая, але агульнае павер'е сведчыць, што яе з'ядае Зюзя.

Кажуць, нібыта Зюзя, раззлаваўшыся на людзей, звычайна стукае сваёй булавой у які-небудзь пень і гэтым магутным ударам робіць такі пераварот, такую ломку па ўсёй зямлі, што зямля, а часам і дамы трэскаюцца. Здаралася, кажуць, быць у лесе ў гэты час і пытаць: «Хто гэта там стукае?» На гэтае пытанне быў адказ: «Сам Зюзя стукае, людзей ушчувае».

Пра Зюзю беларусы гавораць з нейкай асаблівай павагай. Прымаўкі: «Зюзя ў хаце, а тут ужо ні снапа на палаце...», «Зюзя на дварэ - куцця на стале». (Древлянский, с. 96-97.)

@

Кадук

Кадук - самы старэйшы злы дух... Жыве ў самым цёмным лесе, да таго ж у самым багністым балоце; тут... на службе ў яго знаходзяцца ўсе злыя духі меншыя, падначаленыя яму; тут Кадук чыніць расправу над імі; адсюль ён пасылае іх да людзей чыніць розныя шкоды. Бяда, калі чалавеку выпадзе няшчасце трапіць у гэта балота: пагібель непазбежная. Нейкі фурман нападае на чалавека, «ходзіш па ўсіх напрамках балота, а між тым, бач, стаіш на адным і тым жа месцы». Кадук рэдка сам выходзіць са свайго балота: ён вечна заняты шматлікімі распараджэннямі, і расправамі, і выдумваннем шкод супраць людзей. Ён тады толькі выходзіць са свайго балота і выпраўляецца да людзей, калі нейкі падначалены дух не здолее выканаць яго даручэнне. Беларусы вераць, што Кадук есць жывых маленькіх дзяцей, якіх носяць яму яго падначаленыя духі... Кадук вядомы амаль па ўсёй Беларусі. (Древлянский, с. 98.)

Кадук нагадвае здалёк капу сена ці кучу моху, якія могуць напалохаць чалавека хіба сваім нязвыклым для людзей рухам. (Никифоровский II, с. 45.)

«Кадук - гэта такая страшэнная пачвара: ні чалавек, ні звер, але больш змахвае на звера з вялізазнай калматаю галавою і з шырокім горлам аж да самых вушэй. Як разявіць ён сваю халяву, у каторуй блішчаць белыя зубы да чырванее, бы агонь, язык, дак от так здаецца, што ён гатоў пракаўтнуць цалкам з касцямі і патрахамі. Часамі людзі сярдзітыя кажуць: «Каб яго ўзяў Кадук» ці «Вазьмі яго Кадук», але Кадук рэдка бярэ, бо ён праяўляецца толькі ў ліхую часіну, а такая часіна бывае адзін момант пры ўсходзе сонейка, у самы поўдзень і ў самую глупась сярод ночы. Гэтая пачвара пахапала б усіх людзей, каб ёй было вольна аб'яўляцца заўжды, але Бог так даў, што яна сама не мае ўлады над чалавекам, а чакае, покуль ён назаве ў такі ліхі момант, у які што чалавек ні скажа, то ўсё станецца». (Сержпутоўскі, с. 231.)

«Калі скаццё з начы ў хляве застаюць мокрае, дык гэта ўсю ноч Кадук на ім ездзіў і цяпер на ім сядзіць. Каб адвучыць Кадука ездзіць на тэй жывёле, дык трэба гальнік [галень - спрацаваны венік] абрабіць у самы горшы бруд ды біць тым гальніком па хрыбце тую жывёліну і прамаўляць: «Які госць, такая й чэсць». (Забабоны, с. 9.)

@

Касны

Касны... дзейнічаюць абавязкова гуртам... Напаўшы на ахвяру, яны прысмоктваюцца да яе, нібы п'яўкі, і не пакідаюць да тых часоў, пакуль не давядуць да смерці... Касны тым з большай сілаю і злосцю прыстаюць да ахвяры, чым больш тая супраціўляецца. Злоба ап'яняе Каснаў...

Адзінкавае прыстасаванне Каснаў амаль бясшкоднае. Калі ж нападзенне зроблена двума-трыма Каснамі, то, пакуль адзін ля ахвяры, астатнія спяшаюць склікаць таварышаў, прычым яны так пішчаць, што пачуць той піск ахвяра можа толькі ў тым выпадку, калі мае з сабою «чацвярговую соль». (Никифоровский II, с. 38-39.)

@

Кікімара (Вешчыца)

Кікімары (Вешчыцы) - юныя істоты, што жывуць па сядзібах, выключна жаночага полу, загубленыя да хрышчэння дочкі ці праклятыя маткаю яшчэ ў чэраве. Дзякуючы свайму юначаму ўзросту, які не мяняецца з гадамі, Кікімары зусім бясшкодныя, хоць і засылаюцца ў дамы людзей з варожай мэтаю. Галоўным чынам Кікімары збіраюцца ў тыя дамы, дзе адбылося забойства дзяцей, пракляцце і паблізу якіх быў схаваны трупік. З-за свае дзяціннасці і часткова полу Кікімары зусім забываюцца пра мэты знаходжання ў доме, загульваюцца і перашкаджаюць жыхарам хіба адной валтузнёй, ад якой чуваць няпэўны шум уперамешку з рэдкім знямоглым піскам і віскам. Але сярод самай ажыўленай валтузні Кікімары часам спыняюцца: гэта значыць увага іх прыцягнута хатняй абстаноўкай, тою ці іншаю работаю, немаўлятамі, якіх пестуюць іх мацяркі. Тады Кікімары не па-зямному, неяк асабліва ўздыхаюць, чым выказваюць зайздрасць да чужой ласкі і недасягальнае жаданне завалодаць ёю самім. Не ведаючы іншай работы, Кікімары часцей за ўсё накідваюцца на пакладзенае некім шытво і пражу, каб дагадзіць ласкавай маці ці яе дачцэ, і працягваюць перапыненую работу. Мэта, аднак, не дасягаецца: крывыя і няўмелыя швы, няроўнасць выпрадзеных нітак і г.д. раніцой разбіраюцца сталымі жанчынамі і ў адрас майстрых выказваюцца дакоры, заўвагі, нават лаянка. Усё гэта ячшэ больш засмучае бедных Кікімар, выклікае больш цяжкія ўздыхі.

Звычайна месцазнаходжанне Кікімар у доме - пляцоўка на паверхні печы і падпечак, куды яны нябачна спускаюцца. У тыя рэдкія імгненні, калі Кікімары прымаюць цялесны воблік, іх няцяжка злавіць і разгледзець. Калі здагадлівы чалавек хуценька выстрыжа ў Кікімары валасы на цемені крыж-накрыж, яна назаўсёды застанецца чалавекам і працягвае звычайны рост дзіцяці, хаця ў будучым не можа пазбегнуць таго ці іншага недахопу: непрапарцыянальнасць форм, крывізна асобных органаў, касавокасць, немата, заіканне, благая памяць і розум - вось непазбежныя недахопы былой Кікімары, якая з узростам зусім забывае пра сваё даўняе жыццё. (Никифоровский II, с. 64-65.)

@

Кладнік (Кладавік)

Многія памыляюцца, калі ахоўнікамі кладаў (скарбаў) лічаць Лесуноў і Пушчавікоў. Безумоўна, у лясах і пушчах схавана шмат скарбаў, але наўрад ці менш схавана іх на сядзібных участках, у палях і лугах, у лагчынах і розных вадаёмах, куды ні Лесуны, ні Пушчавікі не могуць нават заходзіць. Тады ў роўнай меры давялося б лічыць гаспадарамі скарбаў сядзібных нячысцікаў, Палевікоў і Вадзянікоў з іх братамі - Балотнікамі, Багнікамі, Аржавеннікамі. На самай справе яны - ці паасобныя вартаўнікі на службе ў Кладнікоў, ці, як гаспадары дадзеных абсягаў, толькі ведаюць месцазнаходжанне скарбаў, якія, аднак, перадаць нікому не могуць. Такім чынам, застаецца прызнаць, што сховішчы скарбаў маюць асобных гаспадароў - Кладнікоў, ці Кладавікоў.

Кладнікі валодаюць незлічонымі багаццямі. Апранаюцца яны ў сярэбраныя світкі, абуваюцца ў гэткія ж лапці, зрэдку - у боты з залатымі насамі; канічныя шапкі Кладнікоў - з літога золата, паясы - залатыя путы з вялізным замком (нагадваюць жалезныя путы для коней); іх дарожныя кіі - з чыстага серабра з залатымі булдавешкамі і наканечнікамі. Акрамя таго, і ўся хатняя абстаноўка Кладнікоў блішчыць золатам, серабром, каштоўнымі камянямі, якія, між іншым, служаць для асвятлення дома і ў дарозе. Але пры сваіх незлічоных багаццях Кладнікі - няшчасныя беднякі, таму што са свайго велізарнага дабра яны не выдзяляюць на харчовыя патрэбы нават шпількавай галоўкі. Ідзе, напрыклад, Кладнік, заліты золатам ды серабром - і ад худобы ледзьве перасоўвае ногі; у сярэбраным кашалі яго валяецца хлебная скарынка, то недаедзеная некім, то ўкрадзеная, то выпрашаная як міласціна, паколькі Кладнікі не грэбуюць самымі бессаромнымі сродкамі здабычы харчавання.

Магчыма, незвычайная сквапнасць і выпрацоўвае ў Кладнікоў адпаведную злосць не толькі да людзей, але і да сваіх братоў: з першымі яны не ўступаюць ні ў якія здзелкі, а ў другіх бачаць пасягальнікаў на дабро, якое ахоўваюць. Згодна з сатанінскімі запаветамі гэта дабро павінна нарошчвацца за кошт ахвяры, а яшчэ лепш - пагібелі душы гэтай ахвяры. З вялікай гісторыі пра скарбы і іх шукальнікаў відаць, што Кладнікі загубілі шмат людзей, таму што тыя звычайна самі навыперадкі ідуць да Кладнікоў, а не вышукваюцца імі; гэтак, несумненна, будзе і надалей, пакуль людзі не перастануць цягнуцца да скарбаў, як матылі да свечкі, пакуль як належыць не ацэняць тое, што так старанна шукаюць.

Пра скарбы трэба сказаць, што, за малымі выключэннямі, яны з'яўляюцца крадзеным, здабытым разбоем і рознымі няпраўдамі дабром; калі яно не абмыта чалавечаю крывёю, дык у назапашванні яго мелі месца прагнасць і сквапнасць, паволі, але трывала падточвалася жыццё сквапнага чалавека, - што зноў жа адгукаецца забойствам. Па гэтай прычыне на скарбах ляжыць прамы і ўскосны праклён, які, уласна, і губіць тых, хто знаходзіць скарбы, якія большай часткаю прагульваюць і знойдзенае дабро, і сваё напрацаванае.

Калі ўладальнік дабра пажадае схаваць яго ў зямлю і тут жа наложыць закляцце, Кладнік пільнуе момант закрыцця скарбу першым слоем зямлі, падхоплівае і нясе яго ўглыбіню. Пасля гэтага ўжо і той, хто паклаў скарб, - не гаспадар схаванага дабра, якое ён можа зноў убачыць хіба для таго толькі, каб нешта дакласці; выкарыстае яго іншы карысталюбец, скнара, шукальнік лёгкай нажывы. Кладнік падымае скарб да паверхні зямлі і злосна назірае за карысталюбцам, які ўжо не адыдзе прэч, пакуль не заключыць пагібельную здзелку з Кладніком і ўласным гонарам.

У рэдкіх выпадках Кладнік падымае на паверхню зямлі то адзін, то другі скарб для праветрывання. Гэты момант самы зручны для захопу клада без страты для таго, хто яго знайшоў, толькі б на гэту пару ля клада не было яго страшнага гаспадара. Але гэта здараецца так рэдка, [і ўдаецца] такой абмежаванай колькасці шчасліўцаў, што на іх цяжка і ўказаць. (Никифоровский II, с. 73-75.)

@

Кумяльган

Кумяльган - злы дух у абліччы чалавека і каня. Беларусы ўяўляюць яго з чалавечым тулавам, пакрытым конскай шэрсцю, і такімі ж рукамі і нагамі; з конскай галавой і такімі ж капытамі на руках і нагах, і вераць, што ён ходзіць часам, як конь, на карачках, а часам, нібы чалавек, на задніх нагах... Прызначэнне яго - мучыць, псаваць, раніць коней; падмешваць у іх корм якую-небудзь атрутную расліну і г.д. Яшчэ добра, кажуць, што Кумяльган слабы - іначай ён мог бы перадушыць усіх коней... Затое Кумяльган шмат выйграе спрытнай сваёй выкрутлівасцю. Забраўшыся ў хлеў уночы, ён звычайна ўскоквае па чарзе на кожнага каня... і ўсяляк яго душыць, цісне і курчыць да той пары, пакуль, нарэшце, конь выб'ецца з сіл і ўпадзе як мёртвы, потым залазіць у другое, трэцяе стойла і такім чынам на працягу ночы паспявае замучыць усіх коней...

Не менш шкодным лічаць беларусы Кумяльгана і ў час начлегаў. Кумяльган... адводзіць з табуна па адным кані ў бок лесу і там мучыць іх гэтак жа, як і ў хляве. Кумяльган адводзіць таксама жарабят ад кабыл, але не мучыць іх, а пакідае на здабычу драпежным звярам. Прычына, чаму Кумяльгану часта ўдаецца прабірацца ў табун незаўважаным, у тым, што ён вельмі падобны на каня, да таго ж ён можа прымаць любую масць шэрсці і такім чынам падманвае гаспадароў: прыняўшы масць каня якога-небудзь гаспадара, ён спакойна ўваходзіць у хлеў, не сустракаючы з боку гаспадара ніякай перашкоды, часам нават гаспадар сам адмыкае яму хлеў, прымаючы яго за свайго каня. Слова Кумяльган паходзіць ад «кумель» ці «камель» - ніжняя частка тулава жывёл, заднія ногі, лапы ці ад «кумяльганіць» - станавіцца на заднія лапы. (Древлянский, с. 100-101.)

@

Купальскі дзядок

Купальскія кветкі бесперашкодна збірае толькі Купальскі дзядок; ён ходзіць з кошыкам і напаўняе яго кветкамі, таму кошык гарыць, як жар. Купальскі дзядок - добры. Калі сустрэцца з ім і разаслаць перад ім белы абрус, то ён кіне на яго адну кветку. Хапай тады хутчэй яе і, разрэзаўшы далонь правай рукі, кладзі пад скуру: адтуль нячысцік не дастане. Шчаслівы ўладальнік цудоўнай кветкі атрымлівае дар ведаць пра ўсё на свеце і асабліва ведае, дзе якія скарбы ляжаць і як да іх прыступіцца, ведае, якія закляцці на іх накладзены і як іх адчараваць. Зразумела, што нячысцікі, якія сцерагуць скарбы, усімі сіламі стараюцца адабраць кветку. (Богданович, с. 30-31.)

@

Лада

Лада трымаў парадак на зямлі - лад, і пад яго апекай усё ішло парадкам, ладам, кругам: пасля дня наступала ноч, пасля зімы - лета, і ўсё ў сваім парадку, усё ў ладзе.

Год састаўляў круг Лада і ў гаду было тры Ладавых святкі і адно дзядовае свята. Святы гэтыя прыпадалі якраз на пералом сонечнага году на вясну, лета, восень і зіму. (Ластоўскі, с. 237.)

@

Лазавік (Лознік)

Лазавік - нейкі лясны бог, які жыве ў лазе. Беларусы ўяўляюць яго старэнькім карлікам, не большым за пазногаць, аднавокім, з аршыннаю барадою, які заўсёды носіць з сабою доўгую (у сем сажняў) пугу. Ён, кажуць, звычайна жыве ў лазе, у маленькім дамку, акружаным балотам; дамок гэты без дзвярэй і вокнаў, толькі з маленькай адтулінай на страсе, куды звычайна залазіць сам гаспадар Лазавік. Дамок гэты недаступны для людзей: як толькі хто-небудзь задумае падысці да яго, дома як і не было на тым месцы, пойдзе далей; чалавек за ім - дамок далей ад яго. Лазавік, кажуць, часта расхаджвае па розных балотах. Тут яго адразу пазнаеш: вочка яго бліскае, як агеньчык... Што робіць Лазавік сваёй пугай і навошта носіць з сабою, беларусы самі не ведаюць. Лазавік вядомы ў Беларусі пад рознымі іншымі імёнамі; у некаторых месцах яго завуць Балотнікам, які жыве ў балоце, а ў іншых - Вадавіком, які жыве ў вадзе. (Древлянский, с. 101-102.)

Лознікі ўтвараюць асобны гурт хутчэй надводных, чым падводных нячысцікаў. Жытлом ім служаць густыя кусты пераплеценага лазняку, у залежнасці ад якога афарбавана іх цела. Самі па сабе Лознікі - драбнюткія гуллівыя чарцяняты, яны не маюць намеру загубіць тую ахвяру, якую заблытваюць у куст лазы, у яе карэнні ці прымушаюць правальвацца ў прыхаванае вадзяное акенца ў багне. Усё гэта робіцца не як сатанінскае насланнё, а як гульня, жарт, пасля якіх яны самі дапамагаюць ахвяры, падсоўваючы ёй куст лазы, трыснёг, аер і інш. Калі і пры такой дапамозе ахвяра не выратавалася, значыць яе падхапіў буйны нячысцік, які жыве тут - Вадзянік, Балотнік, Багнік...

Паколькі Лознікі зусім бясшкодныя і малыя з выгляду, грамавыя стрэлы забіваюць іх не спецыяльна, а выпадкова. У Лознікаў застаецца адна небяспека, пра якую яны, аднак, зусім не дбаюць. Гэта - асушэнне месца пад іх жытлом і з-за гэтага знішчэнне лазняку, з якім звязана жыццё Лознікаў. У такім выпадку яны гінуць усе разам назаўсёды і бясследна. (Никифоровский II, с. 84-85.)

@

Лазнік (Лазеннік)

Лазеннік жыве ў лазні пад палком... Гэта злы дух, які выглядам нагадвае Вадзяніка. (Романов, с. 289.)

Лазнік любіць парыцца і мыцца; яму пакідаюць дзеля гэтага венік і ваду. Сваё мыццё ён робіць пасля апоўначы, а таму не любіць, каб хто-небудзь заставаўся да гэтага часу ў лазні. Калі ж хто застанецца так доўга, то Лазнік пачынае кідаць з печы камяні, намагаючыся забіць дзёрзкага. (Богданович, с. 70.)

Лазнік больш злосны за іншых сядзібных нячысцікаў і цярпець не можа гультаёў, а тым больш - несвоечасовых наведвальнікаў, якіх палохае ненатуральным храпам, шыпеннем, паімённымі заклікамі, віскам, стукам у сцяну, варочаннем камянёў у лазні на каменцы, рогатам і інш. Зларадны рогат пужае запозненых у лазні жанчын, вымушаных уцякаць голымі. Ад пужання Лазніка не ўратавацца і тым, хто задумаў бы мыцца ў лазні пасля апоўначы: у іх ён кідае смеццем, нават камянямі, а пры вострым выпадку можа нават загубіць парушальніка спакою.

Нямала злобнага непакою прыносіць Лазніку першапачатковая апрацоўка пянькі і лёну, калі іх мнуць і трэплюць, а таксама папярэдняя сушка іх у самой лазні. Тады Лазніку даводзіцца пераносіць смурод і пыл ад падгнілай кастрыцы. Калі гэта застаецца ў лазні надоўга, Лазнік яшчэ больш злуецца на наведвальнікаў, якім ён помсціць пажарам у лазні.

Ёўнікі, ці Асетнікі, Пуннікі і Лазнікі - няпрошаныя сядзібныя госці, без якіх лёгка абысціся, а таму пры пераходзе ў новыя збудаванні іх звычайна не запрашаюць, як Дамавікоў і Хлеўнікаў, яны самі набягаюць туды. Але, сумуючы ад адноснай бяздзейнасці, назойлівасці недарэчных і несвоечасовых наведвальнікаў, гэтыя нячысцікі часам раптоўна пакідаюць будыніну, дзе жылі. Такі зыход нячысціка суправаджаецца пагібеллю ці разбурэннем пакінутага прытулку - ён згарае, раскідваецца бураю ці ў ім правальваецца страха, столь, печка, крывіцца сцяна... У падпраўленае збудаванне нячысцік ўжо не ўвойдзе зноў. (Никифоровский, с. 60.)

@

Ліхаманка (Трасца, Шуня, Хондзя)

Было дванаццаць сясцёр нейкіх духаў, яны хадзілі па свеце, клікалі людзей, і хто адгукаўся ім, у тым адна сястра адразу пасялялася, і ён страшэнна мучыўся. Часам яны проста прыходзілі да людзей уночы ў выглядзе прыгожых жанчын; калі той, да каго падыходзілі, не ўставаў ці не гразіў ім, то і ў яго ўваходзіла Ліхаманка. Таксама ўваходзілі яны ў людзей у выглядзе парушынкі або мухі, што ўпала ў малако, калі хто-небудзь еў. І калі той працягваў есці гэта малако, то ў яго адразу рабілася ліхаманка; калі ж ён возьме тую парушынку і кіне ў печ, то яна згарыць, а калі, уклаўшы яе ў яечнае шкарлупінне, павесіць у коміне, то яна надзвычайна мучыцца. Такім чынам, шэсць сясцёр ужо спалены, тры дзесьці мучаюцца, а тры і цяпер блукаюць па свеце. (Запісаў у 1839 г. Ул.Радкевіч // НАРБ, ф. 2507, воп. 1, спр. 75, л. 62.)

Тутэйшы народ адрознівае дванаццаць постацей Трасцы, якіх уяўляе сабе як дванаццаць сясцёр, вельмі прыстойных і падобных між сабою маладых дзяўчат, якія паасобку выбіраюць сабе на пэўны час жытло ў чалавечым арганізме, пераходзячы па чарзе ад чалавека да чалавека і жывучы яго сокамі. Час ад часу збіраюцца яны на сустрэчу звычайна на якой-небудзь лясной палянцы і там расказваюць пра свае справы, складаюць планы на будучае, дзеляць між сабою нагледжаныя ахвяры. Часам з'яўляюцца яны ў сне, прадказваючы хваробу ці зыход яе, або таксама засцерагаюць чалавека ад пагрозы хваробы, напрыклад, т.зв. «Трасца смяротная» гаворыць звычайна: «Ляшчына, не ляшчына, а я цябе насмерць затрасу!»; іншая зноў, калі чалавек засне выпадкова на зямлі ў тым месцы, што запэцкана скацінаю, з'яўляецца чалавеку ў сне і будзіць яго, каб неадкладна ўстаў, а калі не паслухае, Трасца плюе на соннага і той адразу ж захворвае на трасцу. Назвы розных постацей Трасцы наступныя: 1) «Трасца смяротная», якая выклікае смерць без выключэнняў; 2) ««Трасца ўнутраная», якая паражае вантробы, у прыватнасці, «кала сэрца нудзіць»; 3) ««Трасца павярхоўная», «скура выбіваецца наверх...»; 4) ««Трасца касцявая», якую суправаджае ламата ў касцях; 5) ««Трасца пудавая», якая ўзнікае з перапуду; 6) ««Трасца лістаадзеватная», якая пануе ўвесну; 7) ««Трасца лістаападная», ці восеньская, - адна з найбольш упартых постацей; 8) ««Трасца гарохавая», якая пануе, калі гарох цвіце; 9) ««Трасца асінавая»; 10) ««Трасца ядленьцавая»; 11) ««Трасца агнявая» і 12) ««Трасца ледавая». Апошнія чатыры назвы паходзяць ад лекаў, эфектыўных на гэтыя постаці (асіна, ядловец, цяпло, холад). (Werenko, s. 166-167.)

Ліхаманка або цётка-Ліхаманка выходзіць з зямлі восенню і вясною. Ліхаманка бывае розная, гледзячы на тое, якая цётка-Ліхаманка залезла ў цела чалавека. Усяго гэтых цётак-Ліхаманак 12, якіх таксама завуць дачкамі цара Ірада. Іх колькасць недастатковая для ўсяго свету, таму яны толькі перыядычна наведваюць сваіх ахвяр, адсюль і зменлівы характар Ліхаманкі.

Асеннія Ліхаманкі ўяўляюцца беларусу ў выглядзе кастлявых, агідных старых баб, а веснавыя - надзвычай прыгожых, грацыёзных, але халодных стварэнняў. (Минский листок, 1894, № 90.)

Вельмі многія хваробы беларус уяўляе сабе ў чалавечым вобразе... Ліхаманку, напрыклад, беларус уяўляе сабе ў вобразе халоднай прыгажуні ці, наадварот, у вобразе злоснай, пачварнай бабы. Цётка-Ліхаманка, як і шматлікія іншыя хваробы, выходзіць з-пад зямлі якраз увесну і бадзяецца паўсюль, пакуль не натрапіць на каго-небудзь, хто спіць на веснавым сонейку. Калі гэта ёй удаецца, яна падкрадзецца да соннага, пацалуе яго і ўжо не расстанецца з ім. Прачнуўшыся, ён адчувае, што спаў асабліва соладка, і толькі потым няпрошаная госця пачынае заяўляць свае правы. Таму клапатлівыя маткі, калі выводзяць сваіх дзяцей на сонца, у першую чаргу папярэджваюць іх, каб яны не заснулі. (Янчук I, с. 35.)

Усіх Ліхаманак існуе семдзесят сем, і яны - дочкі Ірада (лаянка: «ірадава племя»), праклятыя і ператвораныя ў 77 шкодных струменяў паветра. Дочкі надта злоснага бацькі, яны хаця і аднолькава шкодныя, але адрозніваюцца ўласнымі асаблівасцямі, якія выяўляюцца ў той ці іншай ступені жорсткасці ў адносінах да сваёй ахвяры, а таксама ў мужыкаватасці і высакародстве. Таму і сродкі супраць Ліхаманак самыя разнастайныя, а іменна - 77 сродкаў, яшчэ да гэтага часу не вывучаных людзьмі.

Паводле другога падання, Ліхаманкі ператвораны ў 77 мух, якія стараюцца трапіць ў страву і быць праглынутымі тым ці іншым чалавекам, пасля чаго, заразіўшы патрэбную асобу, яны выходзяць нізам. Варта толькі падхапіць такую муху, завязаць у анучку і падвесіць у коміне - ніводная Ліхаманка не прыстане да чалавека ўсё яго жыццё. Акрамя таго, дзякуючы гэтаму, свет вызваляецца ад аднаго мучыцеля. (Никифоровский I, с. 274.)

«Трасца, шуня або хондзя - такая хвароба, якая мае постаць худое, сіняе старое паненкі. К каму яна дабярэцца да ўссядзе, то той няхутка ад яе адчэпіцца...

Калі Трасца трасе, то яе хутчэй можна атагнаць, чым тую, якая толькі гняце да ломіць косці.

Калі Трасца толькі гняце да ломіць косці, то трэ напіцца свежага бярозавага соку ці кіслага малака, тагды яна пачне трасці, а як трасе, то хутчэй можна ад яе адчапіцца». (Сержпутоўскі, с. 268-269.)

Трасцы сядзяць на асіне, от затым асіна заўжды трасе сваім лістам, бо яе калоціць гэтая погань. (Сержпутоўскі, с. 204.)

Ліхаманку нельга лаяць, пра яе інакш не ўспамінаюць, як з прыгаворкаю: «Няхай яна здаровенькая і вясёленькая ходзіць», і нават на Дзяды клічуць на вячэру Трасцухну-матухну. (Суеверия, с. 139.)

@

Лойма (Чарціха)

Лоймамі называюць у нас людзі злых духаў, толькі ў бабскай постаці. Яны знойдуцца найбольш у балоце, у лазе і страшаць бабаў, хоць часам і да мужчын прывязуюцца. У Лоймы вечна раскудлачаныя косы і наверху цыцкі вялікія вісяць, а сама страшная. (Federowski, s. 36.)

Чарціхі, ці іначай т.зв. Лоймы... могуць выкрадаць у жанчын дзяцей, падкідаць на іх месца сваіх няўклюдаў.

«Чарціцы то ў постаці жаноцкай. Яны ўганяюцца за дзецьмі харошымі, бо чарцяняты, вядома што заўсюды страшныя. То як каторы ўгледзіць дзе дзіця на дарозе або на мяжы, а нат і ў хаце, як матка, адходзячы, не перажагнае яго і адно пакіне, то яна свае прынясе, пакіне, а тое ўхопіць». (Federowski, s. 36.)

«Калі ў каго дзіця адменяна, то трэба ўзяць асовых дубцоў, палажыць дзіця на захадзе слонка на парозі і біць, пакуль Чарціха не прыйдзе па сваё тое дзіця, а кабеціна, што замяніла, аддасць. Кажуць, што Чарціха, аддаючы, кажа: «Я тваё так пяленгавала, а ты маё б'еш». (Federowski, s. 273.)

@

Любмел

Любмел, здаецца, бог шлюбу, як можна меркаваць на падставе абраду, які і дагэтуль адбываецца пераважна ў Менскай і Віцебскай губернях у гонар Любмела. У дзень шлюбу апранаюць прыгожага хлопчыка гадоў 10 ці 12 у белую кашулю з прыгожым поясам, у чырвоныя боты ці чаравікі; на галаву надзяваюць вянок з чырвоных кветак ці чырвоны завой накшталт вянка: такі ва ўяўленні беларусаў Любмел. (Древлянский, с. 102.)

@

Ляля (Лёля)

Ляля (Лёля), багіня вясны. Беларусы ўяўляюць яе ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, стройнай, высокай дзяўчыны. Святкаванне яе бывае напярэдадні Юр'я... Выбраўшы са свайго асяроддзя сяброўку, якая б выражала ўяўленне іх пра Лялю, карагод беларусак адзявае яе ў доўгі, белы саван, перавязвае ёй шыю, рукі і стан рознай зелянінаю, а на галаву кладзе вянок з розных веснавых кветак. Дзяўчыну-Лялю саджаюць на дзярновую лаву, на якой з аднаго боку пастаўлены гладыш з малаком, сыр, масла, яйкі, смятана і тварог, а з другога - хлеб; ля ног Лялі кладуць вянкі, адпаведна колькасці дзяўчат з карагода. Узяўшыся за рукі, яны танцуюць вакол Лялі і пяюць у пахвалу ёй песню... Ляля раздае ўсім дзяўчатам па чарзе малако, масла, сыр і г.д., пакуль, нарэшце, нічога не застанецца. Пасля гэтага дзяўчаты зноў пачынаюць танцаваць вакол Лялі... Ляля бярэ вянкі і кідае па адным на тых, хто танцуе, пакуль усе дзяўчаты не схопяць па вянку... (Древлянский, с. 105-107. Варыянт: Соболевский, с. 23.)

@

Лясун (Лесавік, Лешы, Лясны дзед)

Паходжанне Лешых такое ж, як і ўсюды. Яны родныя з Дамавікамі, Вадзянікамі, з Русалкамі, з паветранымі д'ябламі (віхурамі) - словам, з усім, што вядома ў Беларусі пад агульнай назваю «чарцё, чартоўе, чартоўня»... Лешыя - гэта тыя духі, якія ўпалі ў лясы. Яны пасяліліся ў лясных гушчарах. У іншых месцах яны з надыходам маразоў хаваюцца ў пекле і толькі з вясною паяўляюцца на паверхні. Беларускія Лешыя, прынамсі большасць іх, не баяцца маразоў і застаюцца на ўсю зіму. Наадварот, у моцную сцюжу яны больш чым калі палохаюць і наводзяць жах на людзей. Некаторыя нават ператвараюцца ў дэманаў зімовых завірух. Лешы ростам роўны з самымі высокімі дубамі і іншымі дрэвамі, але калі паявіцца на паляне, ён роўны з травою. Беларусы сцвярджаюць, што рост яго менавіта і залежыць ад вышыні тых дрэў, паблізу якіх ён стаіць ці праходзіць. Беларускія Лешыя часам прымаюць аблічча лясных цмокаў, г.зн. змей, якія высмоктваюць у кароў малако. Лешы - цар лясоў. У кожнага ёсць свой участак, яны пільнуюць, аглядаюць іх, і не абыходзіцца без таго, каб не адбывалася спрэчак і боек між суседнімі ўладальнікамі ўчасткаў. Лешы, як і Русалка, любіць гойдацца на галінах дрэў, і ў яго, як і ў Русалкі, валасы зялёныя. Ён заўсёды кульгавы і лысы, а таму часта завецца гэтым імем, таксама як і «ліхім», «нялёгкаю», «нячыстым» і г.д. Іх шмат парод: ёсць калдыга, кляскун, дабрахот і інш. У кожнага свой характар, свае ўладанні і свае абавязкі. Так, напрыклад, жывуць: клецьнік і падклецьнік, падкольнік і падпечнік і т.д. У час абходу сваіх уладанняў Лешы робіць дзікія гукі, якія прыводзяць чалавека ў жах і трапятанне: ён то свішча, то рагоча, то пляскае ў далоні. Парою іржэ, як конь, мычыць, як карова, брэша, як сабака, мяўкае, як кошка. Гэтыя дзікія гукі, смех, свіст, плясканне, шалёныя крыкі чуваць на дзесяткі вёрстаў. Калі Лешы зловіць чалавека, ён гэтаксама, як Русалкі, заказыча яго да смерці. Але не заўсёды бывае такім жорсткім Лешы. Часцей ён любіць забаўляцца, палохаючы чалавека, асабліва ўночы. У таго, хто едзе ці йдзе ў начной летняй цемры, ёсць звычайна свае прыкметы, дарожныя знакі, каб не заблукаць. Лешы пацяшаецца, калі перастаўляе гэтыя знакі з аднаго месца на другое. Дзе-небудзь на перакрыжаванні дарог стаяў магутны дуб, там праезджы раптам бачыць невялікі куст; вось тут была палянка, бач, а тут ужо невялікае возера і дарогі няма. Гэтымі штукамі ён збівае з дарогі, прымушае блукаць, давядзе да роспачы і тады рагоча, як шалёны. А то раптам прытворыцца добрым знаёмым падарожніка, завядзе з ім размову і просіць трошкі падвезці. Той згаджаецца. Праехалі крыху, раптам сані пераварочваюцца ў раўчук, а спадарожнік знікае і толькі дзесьці ўдалечыні чуваць яго свіст і плясканне. Здараецца і так, што праезджы чуе збоку енк, які разрывае душу, ці плач дзіцяці, ці бачыць перад сабою раку. Вопытны беларус ведае, што гэта азначае, яго не разжаляць гэтыя стогны і плач, не спалохаецца ён і ракі - ідзе ён ці едзе, не прыпыняючыся і не паварочваючы ўбок. Але гора таму, хто паверыць і прыме за сапраўднасць хітрыкі Лешага. Яму не пазбегнуць смерці, альбо ён трапіць у такую багну, што толькі ўдзень, пры дапамозе людзей вызваліцца з яе. (Киркор, с. 271.)

Абсяг дзейнасці Лешага - уся лясная плошча ад узлеску да ўзлеску, з усімі ўзгоркамі, нізінамі, ярамі і палянамі, за выключэннем вадаёмаў, дзе маецца асобны нячысцік - Вадзянік. У глыбіні гэтай тэрыторыі знаходзіцца дом Лешага, дзе жывуць яго жонкі і дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць - больш вандруе, адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэў, у дуплах, густых зарасніках, у ламаччы, бураломах, у лагчынах і прадоннях. Хаця Лешы здольны прымаць розныя воблікі, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часцей за ўсё паўстае ў вобразе старога з белым, як бяроста ці як воск, ніколі не загарэлым тварам, з вялізнымі цьмянымі вачыма свінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя і ніколі не закрываюцца. Адны кажуць, што Лешы мае сплюшчаны, рабром наперад, доўгі твар, доўгую - клінам - бараду, адно вока і адну нагу пятою наперад. Калі ж ён ператвараецца ў звычайнага чалавека, то... пазнаць яго можна толькі па тым, што левае крысо адзення ў яго будзе пакрываць правае, г.зн. зусім іначай, чым у хрышчоных людзей, а правае вока будзе нерухомае і заўсёды большае, чым левае.

Лешы здольны перадаваць галасы ўсіх жыхароў свайго краю - ад мядзведжага рыку да піску камара ўключна; калі ж ён падае свой уласны голас, голас нябачнай істоты, то ці глушыць чалавека, ці лашчыць пяшчотным шэптам, каб выканаць мэты свайго каварства. Але якім бы ні быў гэты голас, вопытны слых разбярэ ў ім дзікія пералівы, злоснае павіскванне нячысціка...

Лешы - дзікі, няўмольны нячысцік, якога можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак мяркуемага шляху ці апрануць на ўзлеску адзенне навыварат. Калі гэта не зроблена - Лешы адразу падступаецца да ахвяры і зласліва цешыцца з яе пакут, збіўшы з належнага накірунку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра страціць усякую развагу і даходзіць да адчаю, Лешы злосна рагоча, і яго рогат чуваць за вёрст сорак па акрузе. Часам па пяпярэдняй дамоўленасці з Вадзяніком ці Балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, у іх уладанні, нягледзячы, што іншым разам Лешыя і Вадзянікі - непрымірымыя ворагі, прычым Вадзянік заўсёды першы напаскудзіць Лешаму.

Акрамя гэтай сатанінскай забавы над чалавекам, у Лешых ёсць і свае, сярод якіх вылучаюцца вяселлі Лешых. На іх, як і на кумаванні, нячысцікі любяць пагуляць, разгарнуцца на ўсю чартоўскую шырыню. Дзе відаць паласа паваленага лесу, ляжыць ламачча, там несумненна праімчаўся вясельны поезд Лешых, але той самы поезд любіць лясныя дарожкі і сцежкі і абавязкова спыняецца для бясчынстваў на лясных скрыжаваннях. Лешаму ў гэтым вясельным руху папярэднічае вецер, па якім можна дазнацца, куды накіроўваецца Лешы, адзін ён ці ў кампаніі, але той самы вецер і віхор замятае сляды Лешага. Па гэтай прычыне асцярожны лясны падарожнік не ходзіць па такіх дарогах і сцежках, не садзіцца на іх, як і на скрыжаваннях, для адпачынку, бо рызыкуе быць знішчаным ці зганьбаваным...

Ад Лешага і Ляшухі нараджаецца пачварная істота, вельмі мала падобная да сваіх бацькоў. Для апошніх такое ненажэрнае дзіця з'яўляецца цяжарам, і яны імкнуцца падмяніць яго неахрышчаным хрысціянскім дзіцем, якога адразу ператвараюць у Лешага. Сапраўднае Лешаня застаецца ва ўяўных бацькоў гадоў да 11 і потым хаваецца ў лесе, адкуль нябачна для выхавацеляў плаціць ім рэчыўнай падзякаю, прыносіць нават грошы. Дакрананне грамавой стралы да такога паўлешука ператварае яго, як і кожнага Лешага, у раз'юшанага лютага драпежніка - мядзведзя, ваўка, рысь, арла, якія да канца свайго жыцця шукаюць магчымасці загубіць чалавека.

Здараецца часам, што Лешы ўступае ў сумеснае жыццё з жанчынаю, якую ён трымае ў лясных сховішчах, не паказваючы сваім надзвычай раўнівым Лешым. Вынікам такога сумеснага жыцця з'яўляецца дабрадзейнае Лешаня, бескарыслівы слуга людзей, чаго, аднак, сам бацька і іншыя не дапускаюць, а пры яўнай упартасці Лешаняці губяць яго.

Дзеля згубнай нажыўной мэты Лешы можа быць прыцягнуты чалавекам на службу. Робіцца гэта асаблівым заклікам у купальскую ноч: той, хто выклікае, становіцца на асінавы пень, тварам на поўнач і кліча прыблізна так: «Акажыся не ваўком-зверам, не воранам-птушкаю, не дрэвам іглістым, а такім, як я сам!» Лешы адразу паўстане ў чалавечай постаці і, згаджаючыся на здзелку, патрабуе за будучую працу адну толькі душу таго, хто выклікае пасля непазбежнай яго смерці ў лесе...

Лешы помсціць, калі часта і без патрэбы згадваюць яго імя; калі Лешаму не ўдаецца помста ў адносінах да чалавека асабіста, ён адпомсціць яму пагібеллю той ці іншай хатняй жывёлы, якая трапіць у лес.

Лешы надзейна і няспынна служыць таму, хто яго паклікаў: гоніць яму дзічыну, паказвае дарогу да борцей, ягадных і грыбных мясцін, падказвае месцазнаходжанне скарбаў і ўсяляк адводзіць шкоду сапернікаў, якіх прымушае блукаць падманнымі шляхамі, пужае лютымі звярамі... Акрамя прамой службы, Лешы дапамагае і ўскосна: да такога чалавека стануць звяртацца пры пошуках скаціны, што заблудзіла ў лесе, прасіць назваць прыбытковыя мясціны там жа і інш... Да свойскай жывёлы Лешы не мае варожасці, ён добра ставіцца да сабак, якім ахвотна дазваляе бегаць па лесе ў любы час. Калі ж ён заманьвае ў лес і губіць там якую-небудзь хатнюю жывёлу, то робіць гэта толькі таму, што ловіць выпадак, каб адпомсціць гаспадару ці даць узбагаціцца свайму апекуну...

Колькі існуе на зямлі Лешых, няцяжка вылічыць па наяўных лясных плошчах, таму што для кожнай з іх прызначаецца адзін Лешы. Калі ж лясная плошча вялікая, то і тут можна вызначыць уладанне Лешага, якое ахоплівае не больш, як сем квадратных вёрст. (Никифоровский II, с. 68-72.)

Лесавікі ў Парэцкім павеце, паводле ўяўленняў мясцовых сялян, маюць выгляд людзей здаровых і мужных. Ростам Лесавікі бываюць з лес, а сілу маюць незвычайную. Начальнік Лесавікоў... Лясны цар росту велізарнага, на цэлую галаву вышэй за лес, над якім ён валадарнічае, на руках і нагах у яго закручаныя кіпцюры, падобныя на сабачыя; барада ў яго доўгая, сівая, носіць ён яе ў руках.

Некаторыя бачылі Ляснога цара з белай, доўгай барадой, як сядзіць ён спакойна ў лесе і моцна свішча, іншы раз ён пры месячным святле пляце лапці. Ён магутны і страшны, волю яго слепа выконваюць Лесавікі, начальнікі асобных частак лесу. І цар лясны, і падначаленыя яму Лесавікі, аднак, не маюць улады за межамі свайго лесу.

Лічаць таксама, што Лесавік мае выгляд чалавека з белымі лупатымі вачыма; выраз твару ў Лесавіка такі, які бывае ў моцна напалоханага чалавека... А яшчэ Лесавік з'яўляецца людзям у выглядзе звычайнага сівенькага дзядка, у белым адзенні; яго можна пазнаць па тым, як ён хутка расце, аддаляючыся ад чалавека, і робіцца веліканам...

Лесавік - пярэварацень. Істотная яго рыса - што ён мяняецца ў росце і прымае разнастайнае аблічча: у лесе Лесавік ідзе - ён з лесам роўны, па лузе ці полі - ён з травой і былінкай роўны. А часам ён хаваецца пад былінку, кветку ці лісток дрэва; у лесе Лесавік хаваецца ў дупло і пад каранямі выварачаных бураю дрэў; наогул Лесавік прынароўліваецца да навакольнага асяроддзя. З'яўляецца Лесавік і дзядулем, і красой-дзеўчынай, і прыгожым мужчынам, і зверам, і птушкаю і заманьвае спадарожнікаў за сабою ў непралазны гушчар лесу, адкуль цяжка выбрацца.

Ён рагоча, крычыць дзікім голасам, сцябае пугаю; парою, не паказваючыся з гушчару, кліча падарожніка па імені знаёмым голасам; падарожнік збочвае з дарогі і ідзе на голас, аддаляючыся ўсё далей і далей у глыбіню лесу...

Што трэба рабіць, калі заблукаеш, калі абыдзе цябе Лесавік, або сам пападзеш на яго логава, ці наогул адурманіць нячыстая сіла?

Пераапрані што-небудзь з адзення навыварат, разуй левую нагу і абуй правую, выверні шапку наадварот ці павярні яе брылём назад; прачытай, калі ведаеш, нядзельную малітву тры разы; прыгадай, што напярэдадні Новага года вараць свіную галаву - гэтымі сродкамі ты не дасі пажартаваць з сябе Лесавіку, які водзіць чалавека па самай ускраіне лесу і не дае яму пазнаць, да якога месца ён выйшаў ля паселішча. А злуецца на цябе прыдзірлівы Лесавік за тое, што выпадкова ты перайшоў яго любімую сцяжынку. Зрэшты, іншы раз Лесавікі збіваюць са шляху тых, хто выпраўляецца ў лес без блаславення, г.зн. не памаліўшыся Богу; яны таксама заводзяць дзяцей, якія зняважылі маці і праклятыя ёю апоўдні. Лесавікі зносяць пераважна хлопчыкаў, Лесавіхі - дзяўчынак. Жанчын Лесавікі заводзяць больш свавольных, якія кепска жывуць з гаспадарамі...

Добры Лесавік корміць палонных абаранкамі, арэхамі, пернікамі, толькі дае ў меру, надта не балуе... Што гаспадар забудзе ці пакладзе абы-як, то Лесавік сцягне...

На думку Лесавіка, пасля вячэры трэба маліцца, кладучыся спаць трэба перахрысціцца, і дзяцей на ноч трэба перахрысціць; трэба быць акуратным і ахайным і гаспадыні і гаспадару. Муку для хлеба трэба прасейваць, з хлебам рэкамендуецца абыходзіцца беражліва і з асаблівай пачцівасцю: расчыняючы хлеб, не лішне працадзіць ваду; хлеб трэба класці на стале, але не на лаўцы. Рэкамендуецца ў засеках накрываць зерне накрыўкаю, каб яно не запылілася. Калі страва згатавана смачна і ахайна, Лесавік, бадай, пакаштуе яе, ад кепскай стравы ён адвернецца, скрывіць морду - і пойдзе...

Лесавік часам прымае блізкі і непасрэдны ўдзел у смутках чалавека - ён закалыхвае хворае дзіця, каб супакоіць схіленую над ім маці і даць ёй адпачыць. Лесавік прадбачыць будучыню, і яму наперад вядомы лёс чалавека; іншы раз ён з'яўляецца ў ролі прадказальніка...

Вяртанню ўкрадзеных Лесавікамі людзей садзейнічаюць ахвяры. Яны кладуцца на скрыжаваннях дарог, дзе збіраюцца Лесавікі. Ахвяраю можа служыць кавалак сала, гаршчок з кашай, хлеб з соллю, а то бабы напякуць бліноў ці пірагоў, загорнуць з соллю ў чыстую анучку, перавяжуць чырвонай нітачкай, занясуць усё гэта ў лес і пакладуць на скрыжаванні лясных дарог...

Знесеныя Лесавікамі дзеці пасля вяртання з цяжкасцю прывыкаюць гаварыць і дзічацца людзей. Лесавікі самі выносяць іх і кідаюць на тое месца, адкуль узялі... Многія, пачуўшы ад Лесавіка ўсялякай прамудрасці, робяцца знахарамі і знахаркамі і падтрымліваюць сувязь з Лесавікамі, Дамавікамі і рознай нячыстай сілай...

Звышнатуральныя веды і багацце атрымліваюць ад Лесавіка тыя, хто зробіць якую-небудзь паслугу яго дзецям, пакрые іх, калі знойдзе ў лесе голых. Усім уласціва павер'е, што ў Лесавікоў ёсць дзеці, а некаторыя нават бачылі іх: ляжаць яны, голыя, у люльках, падвешаных да галін елкі ці хвоі. Калі ўбачыш такое дзіця, трэба што-небудзь з сябе зняць, накрыць дзіця і несці. З'явіцца жанчына, якая будзе ўбівацца, упрошваць аддаць ёй дзіця, абяцаць за яго выкананне любога, але аднаго жадання. І вам раскажуць прыклад, што сапраўды, такі чалавек разбагацеў, дзякуючы знойдзенаму ў лесе дзіцяці, а такі - атрымаў чарадзейныя веды і зрабіўся знахарам...

Хто ўбачыць Лесавіху ў час родаў, той павінен што-небудзь накінуць, не хрысцячыся і не чытаючы малітвы, на ёю народжанае дзіця і адразу ж пайсці. Лесавіха пойдзе за гэтым чалавекам і ўсё будзе пытацца, што яму трэба: грошай ці добрага жыцця. Хто папросіць у яе грошай, то яна адразу ж насыпле яму цэлы прыпол грошай, якія пры выхадзе з лесу ператвараюцца ў вуголле. Але хто будзе гаварыць, што яму нічога не трэба, той усё жыццё будзе карыстацца поспехам ва ўсіх сваіх справах. Таму народ кажа пра таго, хто жыве ў багацці, што, напэўна, ён бачыў Лесавіху ў час родаў. Толькі шчаслівы чалавек можа бачыць Лесавіка і Лесавіху, апранутымі ў добрае адзенне; калі хто ўбачыць Лесавіка ў кепскім адзенні, не будзе шчасця. Мужчыны, калі ўбачаць Лесавіху і пачуюць яе голас, пачынаюць сумаваць і худнеюць.

Да Лесавіка звяртаюцца з просьбаю вярнуць жывёлу, што заблудзілася ў лесе. Гаспадар згубленай жывёлы кладзе на скрыжаванні дзесятак яек, кавалак сала, бохан хлеба і становіцца да ахвяраванага задам; знахар абводзіць яго і заклінае духаў рознымі галасамі, пасля чаго гаспадар, не паварочваючы галавы, вяртаецца назад дадому. (Живая старина, 1908. Вып. 1, с. 3-8.)

Лесавік такі ж вялікі, як самыя высокія дрэвы; ён падобны на чалавека, але можа крычаць, як птушка, выць, як звяры і плакаць, як дзіця... Але гэта толькі ў лесе: як толькі ён выходзіць з лесу, усе гэтыя бачныя грозныя атрыбуты знікаюць, і пра яго прысутнасць можна меркаваць толькі па вялізным цені... У Лесавікоў ёсць жонкі. Яны выглядаюць як звычайныя жанчыны з распушчанымі валасамі, у якія ўплецены зялёныя галіны. Гэта - душы загубленых Лесавіком дзяўчат, якія праклятыя былі бацькамі ці паднялі на іх руку. Па начах яны «хітаюцца», г.зн. гойдаюцца на галінах дрэў, а на дзень разам з Лесавіхамі ідуць пад зямлю, дзе жывуць у палацы. Часта Лесавікі заманьваюць неасцярожнага паляўнічага ў лясны гушчар, падрабляючыся пад птушыны крык, палохаюць яго там, перашкаджаюць яму страляць па дзічыне, адводзяць стрэл у другі бок і, нярэдка здараецца, губяць паляўнічага ў багне пакутлівай і маруднай смерцю. (Ляцкий I, с. 36.)

Лесавік уяўляецца чалавекам вялізнага росту - «з дрэва», у лапцях і з доўгаю пугаю ў руках. Ён звярыны пастух і вечна варагуе з паляўнічымі, усяляк адводзіць іх убок ад дзічыны і дапамагае заблудзіцца. У гэтым яму дапамагаюць і чэрці, адгукаючыся рэхам на воклічы тых, хто заблудзіў. Рэха - гэта галасы чарцей. Калі заблудзішся, трэба сесці і разуцца, левы лапаць абуць на правую нагу, а правы на левую. Тады знойдзеш дарогу. Але да выпадковых наведвальнікаў лесу ён ставіцца лагодна, выводзіць іх на дарогу і нават дзеліцца хлебам. Жыхары лясных мясцовасцей бачаць яго даволі часта, але яшчэ часцей чуваць, як ляскае яго пуга і як ён крычыць на звяроў: го-го-го-го-го! (Романов, с. 289.)

«Чарты лесавыя заўсёды анно ўночы лятаюць па лесе і людзям шкоду робяць. Не раз чутно, як яны сярод ночы гучаць і смяюцца. Каторы бартнік з імі пазнаецца, то яны яму памагаюць: усё яму ручыцца, і дзе анно борць заложыць, так зараз пчолы прыляцяць. Каторы жа з імі не пазнаецца, то яму мёд выдзіраюць і так робяць, каб раі ўцякалі». (Federowski, s. 17.)

Існуюць розныя віды чарцей. Лясныя чэрці лётаюць па дрэвах, абломваюць галіны, атрасаюць жоўтае лісце, а часам і зялёнае, валяць дрэвы, сеўшы на адно якое цэлым гуртам. Людзей яны заманьваюць словамі: «Хадзі, хадзі!» Каму жыццё дарагое, голасу гэтага не слухае, а толькі ўцякае ад яго, каб не завёў сілаю ў якія-небудзь багны без выйсця. (Kibort, s. 395.)

Над лясамі і ўсім, што ў іх, валадарыць Лешы... Ростам ён роўны з дрэвамі таго лесу, у якім разгульвае. Ён можа павялічвацца і памяншацца, прыстасоўваючыся да велічыні дрэў. Ён надзвычай дужы: калі разгуляецца ў лесе ў час буры, то з коранем вырывае магутныя дубы, на кавалкі ламае векавыя сосны, валіць на зямлю мноства дрэў, высцілаючы свой шлях у лесе, каб ніякая сіла не магла дабрацца па яго слядах да яго логава. А жыве ён у так званым «матачніку» - сярэдзіне пушчы, недаступнай для звычайнага смяротнага.

Матачнік абкружаны непраходным лесам, завалены ламаччам, акрамя таго, вакол яго багністыя балоты, якія не замярзаюць і ў самыя суровыя зімы. Там і жыве Лешы са сваімі звярамі і птушкамі. Усе буйныя звяры туды ідуць паміраць: яны толькі ведаюць патаемныя сцежкі, па якіх можна дабрацца да матачніка...

Калі Лешы разгульвае па сваіх уладаннях, яго суправаджаюць зграі звяроў і чароды птушак, асабліва совы, пугачы, вароны і сарокі. Галава яго пакрыта доўгімі кучарамі і нагадвае вершаліну хвоі; вялізнае тулава апранута ў звярыныя скуры - воўчыя і мядзведжыя - поўсцю навыварат; рукі і ногі тоўстыя і моцныя, як ствалы дубоў, вочы гараць, як у ваўка ці савы. Ён «ржэць», рагоча, калі вясёлы; ваўком вые, калі сумны; рыкае, як мядзведзь, калі злосны, а часам дзіка павісквае. Ён пляскае ў далоні, і ад гэтага трэск ідзе па лесе. У руках ён, здараецца, трымае вялізную дубіну, якой стукае па дрэвах, таму, маўляў, і чуецца ў лесе грукат. Паводле другой версіі - у руках у яго доўгі бізун, якім ён стукае, падганяючы сваіх спадарожнікаў.

Такі Лешы водзіцца толькі ў вялікіх лясах і пушчах; з ім надта ўжо небяспечна сустракацца. А ў малых лясах і Лешы бывае меншы. Зрэшты, і яму пальца ў рот не кладзі: можа парадкам напалохаць чалавека і ваўкоў нацкаваць. (Богданович, с. 77-79.)

У лесе жыве Лясны дзед. Хаваецца ён у глыбокіх і непадступных багнах і прываблівае да сябе жывёлу, што заблудзілася, так што часта бедная карова хоць і ведае дарогу ў вёску і чуе, што трэба туды паварочваць, але ўсё далей у лес заходзіць і, нарэшце, робіцца ахвяраю ваўкоў, гіне. (Jeleńska, s. 503.)

@

Мара (Мара, Марня)

Мара - нейкая вялізная жахлівая істота на кароткіх лапах, абавязкова чорная, якую дзеці вельмі баяцца. Калі Мара рухаецца, ад яе зыходзяць металічныя гукі, як аддаленыя ўдары ў чыгунны кацёл. Цяпер Мара - пудзіла з саломы, апранутае ў рвань. (Романов, с. 285.)

Марня - нейкі дух ці прывід. Ва ўяўленні беларусаў, Марня праследуе людзей, якія ўчынілі якое-небудзь зладзейства. Для гэтага яна звычайна прымае выгляд таго чалавека, якога праследуе і, выстаўляючы перад ім яго злачынства, не дае яму нідзе і ніколі спакою, так што той вымушаны аб'явіць пра сваё злачынства перад начальствам... Марня праследуе злачынцаў і пасля іх смерці: прыняўшы на сябе воблік памерлага злачынца, яна з'яўляецца ў сне родным яго і не дае ім спакою да таго часу, пакуль яны не раскрыюць злачынствы нябожчыка перад народам. Марня вядома па ўсёй Беларусі і, напэўна, паданне пра яе захавалася між беларусамі ў спадчыну ад старажытных славян. (Древлянский, с. 107-108.)

Мара... юнакоў і дзяўчат душыць у час моцнага сну; ад яе не можа пазбавіцца і хатняя скаціна. Конь, на якім ездзіла Мара ўночы, мае на сваіх баках знакі, зробленыя кароткімі нагамі гэтага страшыдлы. Мара не пойдзе да скаціны, калі ў хляве вывешана забітая сарока; каб аднадзіць Мару ад людзей, купляюць, не таргуючыся, новы гладыш; хто жадае ад яе пазбавіцца, злавіўшы на сабе ўночы звярка, кладзе яго ў гэты гладыш ці, запрасіўшы Мару на снеданне, кладзе на парозе накрыж мятлу і сякеру. (Бобровский, с. 823.)

Мары мучаць сонных, не перапыняючы іх сну. Звычайна Мара садзіцца на грудзі ці горла соннага чалавека і пачынае душыць, прычым, перашкаджаючы чалавеку дыхаць, яна час ад часу адпускае яго, каб нацешыцца яшчэ большымі пакутамі ахвяры пасля перадыху. Ахвяра, імкнучыся выратавацца, падымае руку, каб адагнаць Мару ці перахрысціцца, але тут вёрткая Мара прытрымлівае занесеную руку, прычым ад дакранання Мары рука млее, чым прычыняе новыя пакуты. Адзіным магутным сродкам выратавання ад Мары лічыцца згадка, што ўсё гэта адбываецца ў сне, а не на яве, пакутнік прачынаецца - і Мара знікае. Але дадумацца да гэтага могуць толькі пажылыя людзі, да якіх, дарэчы, Мара чапляецца наогул рэдка, хаця б яны спалі нават на спіне (любімая Мараю поза соннага чалавека). Людзі ж маладыя, «з цёпленькай крывёю», да якіх любіць прыставаць Мара, звычайна не дадумваюцца да гэтага сродка і вымушаны доўга пераносіць пакуты, якія нясе Мара...

Яна чапляецца ў сне пераважна да таго чалавека, які шумна правёў час перад сном і, значыць, з цяжкасцю можа разабрацца ва ўражаннях. Мара мяняе свой воблік, калі паслядоўна прыстае да адной і той жа асобы. Воблік Мары вырысоўваецца прыблізна так: яна мае чалавекападобныя формы, ростам з тыднёвае дзіця, з голай скураю ці пакрытая рэдкім кароткім пер'ем, часам поўсцю, мяккая навобмацак, падае на ахвяру неадчувальна і не адразу, а цішком, прычым першае яе дакрананне нават прыемнае. Адступаецца ж Мара ад ахвяры імкліва, пакінуўшы пасля сябе ў соннага знямелыя рукі ці ногі ды вялікі пот на твары і целе.

Мары не баяцца асвечаных прадметаў і крыжоў і таму свабодна прабіраюцца да соннага чалавека. Ці гінуць Мары і з якой прычыны - застаецца невядомым і дагэтуль. (Никифоровский II, с. 63-64.)

«Калі Мара ўвойдзе, то трэба тую дзірку заткнуць асовым калочкам, каб не выйшла, бо яна іначай не выйдзе нікудэю, толькі як увайшла, каб нават вокны былі паадчыняныя, то ніц не значыць».

«Як Мара на чалавека наляжа, то трэба варушыць мізіным пальцам, на правай руццэ, то Мара адляціць». (Federowski, s. 269.)

Некаторы вупыр, званы мясцовымі людзьмі Марою, з'яўляецца ў выглядзе розных мёртвых прадметаў, напрыклад: шкілета, труны, шыбеніцы, асмаленага пня, калоды, што тырчыць, як пень, і г.д. Узнікае неспадзявана, стаіць на месцы ці паволі пасоўваецца за тым, хто ідзе. Мара нічога благога не робіць, але сама яе прысутнасць прыгнятае («сэрца нача каты дзяруць, на душы ляжыць пячаль важкім каменем»).

Ходзіць таксама апавяданне з мястэчка Петрыкова, дзе штодня ў летнія месяцы на досвітку паяўлялася Мара ў вобразе тоўстай вертыкальнай калоды, удвая вышэйшай за чалавека, на вельмі кароткіх нагах, падобных на барсучыныя лапы. Яна стаяла нерухома пры ўездзе ў мястэчка, енчыла чалавечым голасам і з усходам сонца знікала. Як яе пазбавіліся - нявядома, але народ згадвае яе не толькі ў казцы, але і ў размовах, у прыслоўях. Калі хто каму дакучае, кажуць: «Надаеў, як Мара петрыкоўская. Чаго ты прыстаў, як Мара петрыкоўская? Адчапіся ты ад мяне, Мара петрыкоўская». (Pietkiewicz II, s. 185.)

Ёй прыпісваюць усе начныя душнасці, прывіды і болі, асабліва болі галавы... Канкрэтнага вобраза яна не мела. У залежнасці ад ваколіц яна ператваралася ў розных звяроў або птушак. Мара ў расказах выступае ці сама па сабе, ці яна - служанка ў чорта. Паяўляецца ноччу. Непрыкметна прабіраецца ў хату або гаспадарчыя пабудовы. Даволі часта з'яўляецца ў стадоле, асабліва, калі там нехта спіць. Таму так часта і старанна, нават цёплай летняй ноччу, замыкалі перад сном у хаце ўсе вокны, закрывалі комін. Закладвалі над дзвярыма абор ліпавыя галінкі, што было знакам аховы жывёлы перад Марай. Пра выгляд і характар Мары сведчаць паасобныя згадкі, якія захаваліся ў народзе: «Выглядаеш, як Мара» - у адрас раскудлачанай дзяўчыны, ці «прычапіўся, як Мара» - пра чалавека нахабнага і прычэплівага...

У ваколіцах Драгічына бачылі Мару на кані. Калі яе злавілі, пачала яна прымаць выгляд усялякіх звяроў і ў пэўны момант змянілася ў каня. Чалавек, доўга не думаючы, узяў ды падкаваў яго. Вярнуўшыся дамоў, убачыў ён, што ў іх у хаце ёсць нейкая жанчына з акрываўленымі рукамі. Прыгледзеўся ён да іх, а там падковы. (Шаховіч, с. 132.)

@

Мароз (Дзед Мароз, Ледзяны дзед)

«Мароз - то сівы старэнькі мужчына». (Federowski, s. 159.)

«Мароз - стары сівы дзед з сінім або чырвоным носам. Замест вусоў і барады ўніз спускаюцца саплякі аж да долу; на галаве ўся гіра пакрыта белым інеем. Ён заўжды любіць дужацца з сонейкам, але не мажэ яго пабароць. Сонейка шуткуе з Марозам, а ён злуе да кліча сабе да памогі вецер...

Мароз увесь белы, бо ён адзет у снег, лёд да іней, толькі ў яго губы чырвоныя, да нос, бы бурак.

Зімою Бог пасылае Мароз на карысць людзям, каб ён усюды паслаў масты цераз рэкі, вазёра, балота або якую-небудзь тхлань ці нетру. Людзі дзякуюць Богу, як ён дае «здаравенныя» марозы, бо тагды добрая дарога і здаровае паветра. Калі ж Мароз бывае позна вясною, ці вельмі рана аб восень або ўлетку, то гэта яго пасылаюць ведзьмы або ведзьмакі.

Калі часамі хопіць сіберны Мароз, як гэта бывае каля Грамніц, то сонейка адразу растопіць яму бораду так, што аж з яе пацячэ». (Сержпутоўскі, с. 15-16.)

Мароз уяўляюць у вобразе велізарнага дзеда з лёду (Ледзяны дзед) у снегавой сярмязе, валасы і доўгую бараду якога пакрывае густы іней.

Начное стуканне і трэск у кутках у час вялікіх маразоў прыпісваюць Ледзяному дзеду, які мае звычай садзіцца на хаце. Менавіта таму, каб задобрыць гэтага страшнага дзеда, запрашаюць яго на калядную вячэру... «Як дзед Мароз сядзе на хаці, то вуглы трашчаць; затым то яго трэба пасадзіць на куццю, штоб не рассердзіўся, да не разбураў хаты. Такі страшэнны велікан можа не то сракаю да стапою раздушыць усякае кубло; лёд які таўсты, да і то стогне, калі ён па ём ідзе. Ета можна пачуць, жывучы паблізу ракі, возера або ставу, на зарэ, або як сонца стане ўсходзіць». (Pietkiewicz II, s. 19.)

@

Марэна

Радаўніца называецца «наўскі вялікдзень». У гэты дзень яшчэ і цяпер дзе-нідзе топяць куль саломы, прыбраны за бабу, у першай за вёскай лужыне, разумеючы, што гэта топяць саму Марэну - смерць, каторая разам з маразамі панавала ўсю зімку над зямлёй і людзьмі; цяпер ужо скончылася яе панаванне, цяпер ужо прыйшла закліканая Ладава дачка, Лёля, каб панаваць над светам. (Ластоўскі, с. 257.)

@

Меша

Меша - нейкі нячысты дух. Па павер'ях беларусаў нячыстыя духі з'яўляюцца перад людзьмі няйначай як у выглядзе жывёл; калі ж у вобліку чалавека, што здараецца вельмі рэдка, то самага мярзотнага, агіднага. Меша мае выгляд нейкай калматай жывёлы невялікага росту, чорнага колеру. Ён жыве ў руінах якой-небудзь будыніны, шкоды нікому не робіць, а толькі часам палохае прахожых. Гэта, кажуць, злы дух, пазбаўлены Кадуком сілы, шкодзіць людзям і асуджаны на пакуты. Часам Меша прабіраецца ў жылы дом, але тут прытулкам яго бывае падпечак, дзе ён і харчуецца хоць чым. Уночы ён выпаўзае з-пад печкі і нярэдка, пасябраваўшы з хатнім сабакам, спіць з ім на падлозе пасярод пакоя; удзень ён не паказваецца. Пасяленне Мешы ў якім-небудзь жылым доме лічыцца няшчасцем. Меша - амаль агульнавядомае імя ва ўсёй Беларусі: гэтым імем нянькі палохаюць дзяцей. (Древлянский, с. 109.)

@

Начніца

«Катора кабета ніколі не мела дзіцяці праз сваё шэльмоўства, або яе людзі праклялі, то такая па смерці ходзіць Начніцаю: не дае дзецям спаць, шчыпле іх, дакучае, а дзіця ўсё плача ды плача ўсю ноч».

«Начніца дае ссаць з свае грудзі, а ў яе цыцках не малако, да атрута, то і дзіця праз тое хварэе, мэнчыцца, а як не дагадаюцца чым лячыць, то і ўмірае...»

«Начніцы, як толькі ноч настане, то лазяць па гнёздах птушыных, выпіваюць яйца і ядзяць птушанятка». (Federowski, s. 76-77.)

«Як Начніца пералезе пад калубелю або ў калубель улезе, то дзіця плача па начах». (Federowski, s. 217.)

«Калі Начніца да дзіцяці падпадзе, то трэба з брудных хустаў нарабіць лялек, папастаўляць на кожным акне па дзве-тры і сказаць: «Глядзеце, лялечкі, каб мой маленькі спаў!» - то і Начніцы мінуцца». (Federowski, s. 270.)

@

Ох

«Ох - барадаты чалавек, жыве пад зямлёю, а хто, бядуючы, уздыхае: «Ох!», то ён выйдзе з-пад зямлі і папытае: «Чаго патрабуеш?» А як хто ўжэ гэта ведае, да не спалохаецца, да і скажа яму, чаго хоча, то ён яму тое дасць». (Federowski, s. 236.)

@

Паветрыкі

Паветрыкі прыпадаюць да ахвяры выпадкова, не шукаючы яе... Рэючы над багнаю, у глухім месцы, забаўляючыся чартоўскімі пацехамі, Паветрыкі раптоўна падхопліваюцца з месца ветрам і нясуцца, пакуль не закрануць выпадковай ахвяры і не спыняцца на ёй. Злосныя з-за перапыненых забаў, Паветрыкі накідваюцца на ахвяру і пачынаюць губіць яе... Скончыўшы работу, Паветрыкі зноў носяцца ў паветры, гуляюць і забаўляюцца, пакуль вецер не перанясе іх да новай ахвяры.

Вельмі часта здараецца, што чалавек, знаходзячыся паблізу ад Паветрыкаў ці іх расправы над ахвяраю, не толькі не церпіць ад іх, але нават застаецца па-за іх увагаю ў той час, калі аддаленая ахвяра робіцца раптоўнаю іх здабычаю. Тут усё залежыць ад напрамку ветру і затрымкі яго ў тым ці іншым месцы.

Паветрыкі прыцягваюцца да сваёй спарадычнай дзейнасці адносна рэдка - праз няроўныя прамежкі гадоў, прычым усе разам, гуртам, таму што адзінаасобная дзейнасць Паветрыка слабая і мэты не дасягае...

Дзе знаходзяцца Паветрыкі перад пачаткам сваёй дзейнасці - гэта дакладна невядома: адны называюць іх месцазнаходжаннем паветраную вышыню, другія - аддаленыя чужаземныя краіны, трэція - глыбіні балот і багнаў. (Никифоровский II, с. 42-43.)

@

Падвей

Падвей - гэта той дух, які круціцца ў віхры. Ён насылае на людзей асаблівую хваробу, якая таксама называецца Падвеем: наляціць віхор на чалавека - і скруціць яму галаву набок, адніме мову, а то скурчыць руку ці нагу. Таму трэба ратавацца ад віхру. Калі ён круціцца, трэба паказваць яму кукіш: гэтага Падвей не любіць і праімчыцца бокам, не закрануўшы чалавека. (Богданович, с. 79.)

@

Палявік

Тэрыторыя кожнага Палевіка - палі і лугі адной або некалькіх сумежных вёсак, не раздзеленых адна ад аднае ні лесам, ні вадою - з усімі пагоркамі, нізінамі і ярамі, што мяжуюць з палямі. Тут часта на вялікім абшары Палявік жыве на горцы, у доле, у канаве, ля каменя ці ля палявога дрэва, куста, межавага слупа абавязкова пад прыкрыццём гэтых прадметаў, з якімі абавязкова разлучаецца ў разводдзе, пры вялікіх дажджах, таму што цярпець не можа макрэчы і ўцякае ад яе на вышэйшыя мясціны. Праўда, Палявік клапоціцца пра ўраджайнасць палёў, пра ўкосныя сенажаці, выганяе адсюль шкоднікаў, раўняе сцябліны і лісты раслін, але гэта робіцца дзеля таго, каб прывабіць сюды як мага болей людзей, паміж якімі ён несумненна знойдзе і ахвяры. Але здараецца, што ён гоніць тых непажаданых, хто зайшоў у яго ўладанні дзеля ўласнага спакою. Між іншым, Палявік вартуе палявыя скарбы, якія не выдае ні пры якой здзелцы з чалавекам і неміласэрна помсціць таму, хто выпадкова знаходзіць скарб. Ведаючы гэта, шукальнікі скарбаў не звяртаюцца да Палевіка, а калі зробяцца ўладальнікамі палявога скарбу, стараюцца не трапляць у мясціны, дзе жыве Палявік.

Дзейнасць Палевіка накіравана на адну толькі шкоду палявой гаспадарцы чалавека. Ён разбурае загародкі, вешкі, прываблівае выглядам хлебных і лугавых раслін, каб прыманіць скаціну ў шкоду, прычым стараецца зрабіць гэта на ўчастку ненавісніка. Тое ж робіць Палявік, калі прыманьвае дзяцей і моладзь у кветкі, палявыя (і агародныя) расліны, як, напрыклад, бульба, бручка, агуркі ці проста - для гульняў і зборышчаў. Замест усяго гэтага Палявік учыняе і прамую шкоду: прыгінае да зямлі збожжа і траву, скручвае расліны, адхіляе дождж, засылае шкодных насякомых, водзіць там і тут да знямогі дзяцей, што заблудзілі; падстройвае каровам «гізы», мучыць жывёл на пашы, як і людзей за работаю, авадамі, сляпнямі, камарамі. Не пашкадуе Палявік і сталага нармальнага чалавека: апошні можа заснуць на кучы камянёў ці палявых каранёў, якія збіраюць пасля баранавання, у бруднай канаве, у мокрай лагчыне і інш. Усіх наведвальнікаў палёў і лугоў Палявік насцярожвае дзікім рэхам, перадражніваннем, свістам, ровам, а галоўнае - страшным выглядам. Ён прымае выгляд пачварнага ценю, які то гоніцца за чалавекам, то ідзе ад яго, заманьваючы ахвяру. Варта толькі паддацца каварнаму прынаджванню, і чалавек шмат пацерпіць за даверлівасць: можа здарыцца, што лашчачы, Палявік раптам паражае чалавека страшэнным санцапёкам і забівае на месцы.

Палевікі... гасцююць адзін у аднаго, дапамагаюць мучыць знойдзеную ахвяру, па-сяброўску пераклікаюцца, асабліва начною парою, калі стаіць пагода. Пры амаль поўнай бяздзейнасці зімою Палевікі сыходзяцца для забаў, любімая з іх - знішчэнне дарожных вешак, зацярушванне дарогі, занос снегам канаў і калдобін, каб туды трапіў прахожы ці праезджы, які збіўся з дарогі. Палевікі доўга водзяць яго ўзад і ўперад, пакуль той не замерзне.

Найгорш жывецца Палевікам вясною і восенню, калі слякоцце і макрэча: якім вялікім ні было б іх сатанінскае жаданне шкодзіць чалавеку і яго дабру, яны не могуць расставацца з утульным сухім месцам, не могуць мясіць нагамі брудную і мокрую глебу. Але тут нярэдка сам чалавек даецца ім у рукі, калі прыходзіць адпачыць на сухадоліну. Каб утрымаць чалавека, Палевікі лашчаць і закалыхваюць яго зацішкам, сонечным цяплом, пакуль у яго не пачнуцца ліхаманкавыя дрыжыкі, якія нярэдка ператвараюцца ў хваравітую ліхаманку.

Як гінуць Палевікі і ці гінуць наогул - цяжка сказаць, хоць вядома, што гэтыя асцярожныя нячысцікі хутчэй за іншых пазнаюць набліжэнне навальніцы, умеюць хавацца ад грамавых стрэл, пры гэтым і сама тэрыторыя Палевікоў, калі там няма высокіх дрэў, якія растуць паасобку, рэдка прымае ўдары грому. Людзі ж пакуль не прыдумалі надзейных сродкаў для пагібелі Палевікоў, ад якіх параўнальна менш церпяць, чым ад астатніх нячысцікаў, бо палі перыядычна асвячаюцца, засяваюцца блаславёным зернем, ды і сама работа тут суправаджаецца малітвамі. (Никифоровский II, с. 66-68.)

@

Паляндра

Паляндра, багіня смерці, тое, што ў старажытных яцвягаў, жыхароў цяперашняй Гарадзенскай губерні, была Мажанна. Паляндра, кажуць беларусы, знаходзіцца ў варожых адносінах з людзьмі і таму рада бывае, калі людзі часцей паміраюць: яна адразу ў выглядзе пачварнай жанчыны з'яўляецца ў хатах паміраючых людзей і там забірае душы. Душы гэтыя ў яе забірае Баба-Яга - касцяная нага, з якою моцна сябруе, таму што яны разам раз'язджаюць у адной жалезнай ступе. Прымаўкі: «Багдай цябе Паляндра змарнявала», «Паляндра ўчамерылася», «Каб ты запаляндраваўся». Калі беларусы гавораць пра смерць якога-небудзь дарагога чалавека, то звычайна адплёўваюцца, кажучы: «А кыш, Паляндра, не табе б, а кыш!» (Древлянский, с. 110.)

@

Паралікі

Паралікі не ідуць, як іншыя нячысцікі, на заклік чалавека ў тую ж хвіліну, а значна пазней, нават праз гады. Любімымі ахвярамі іх бываюць людзі сталага ўзросту, мужчыны і жанчыны - усё роўна... Паралікі падступаюцца спадцішка, быццам крадучыся (падступіцца і адступіцца, за кожным разам - усё бліжэй), незаўважна авалодваюць ахвяраю, якая пазнае іх уздзеянне толькі тады, калі яны канчаткова зжыліся з ёю і калі аддаліць іх няма чалавечай магчымасці. Слабыя Паралікі да ахвяры падступаюцца заўсёды па двое-трое: тут яны працуюць папераменна і толькі пры асаблівым супраціўленні ахвяры - разам... Паралікі не кранаюць душу сваёй ахвяры, не нападаюць на яе непасрэдна, яны галоўным чынам даймаюць цела, а душа робіцца іх ахвяраю адначасова... Як паволі падступаюць Паралікі да ахвяры, гэтак жа няспешна, з неаднаразовымі вяртаннямі яны і аддаляюцца ад яе. (Никифоровский II, с. 41-42.)

@

Паўночнікі

Паўночнікі селяцца па ўсіх сядзібных забудовах: дзе жыве чалавек - там ёсць і яны, нягледзячы на прысутнасць сядзібных нячысцікаў, якія не ладзяць з гэтымі гарэзамі. Паўночнікі пачынаюць сваю свавольніцкую дзейнасць у час агульнага людскога спакою, уночы і выяўляюць яе дзікімі воклічамі чалавека, фальшываю просьбаю дапамагчы, свістам і ровам буры, дзіўным рогатам ці плачам. Усё гэта робіцца звонку памяшкання, дзе знаходзіцца чалавек, і тым яно невыноснае, што застае чалавека, калі ён сніць першы сон, і цягнецца ад 11 гадзін вечара да 3 гадзін раніцы.

Дзе жывуць Паўночнікі і як выглядаюць - нікому дагэтуль не давялося ведаць. Можна здагадвацца па хуткіх рухах паўночніка, па голасе, што гэтыя гарэзы маладзей сярэдніх гадоў, што яны вандруюць паасобку і гуртам і што сярод іх ёсць і мужчыны, і жанчыны. Паўночнікаў асабліва шмат разводзіцца там, дзе багата моладзі. (Никифоровский II, с. 61.)

@

Прахі

Прахі - гэта ці нячысцікі-пачаткоўцы, ці малаздольныя, ці гультаяватыя, ці тыя, што служаць у іншых чарцей на пабягушках. Самі па сабе яны не нясуць небяспекі - па ўласнай волі не чапляюцца да ахвяры, і пры выкананні даручэнняў перакручваюць чартоўскія намеры, за што часцей за іншых нячысцікаў церпяць расправы ад чарцей...

Якімі б праставатымі ні былі Прахі, яны не пазбаўлены чартоўскай раззлаванасці на людзей, жадання шкодзіць ім... (Никифоровский II, с. 43-44.)

@

Пуннік

Пуннік не такі брудны, як Ёўнік, прынамсі на ім няма слоя сажы, хоць і дастаткова хапае пылу і смецця ад сена і трухі; ён таксама пакрыты запыленымі ніткамі павуціны. Калі ён набывае зрокавы вобраз, то бачыцца чалавекападобнай істотай, у якой хутчэй можна пазнаць ахапак дробнага забруджанага сена, чым жывую істоту. Матэрыяльнае аблічча прымае, пакуль у пуні ёсць сена, звычайна ж ён нябачна сядзіць на кроквах, бэльках, назіраючы за тымі, хто заходзіць у пуню, завозіць ці забірае сена, цешыцца сцэнамі гульняў і сутыкненняў моладзі, мілуецца, як валтузяцца і вішчаць каты, як ловяць яны мышэй, і цярпець не можа, як у гнёздах выводзяцца птушкі. Дзетак і паасобных прахожых Пуннік звычайна палохае ненатуральным аханнем, хрыпам і свістам ці жаласным енкам цераз шчыліны і шматлікія адтуліны пуні, што ў сваю чаргу прыносіць яму немалую асалоду.

Пуннік туліцца не толькі ў сядзібнай, але і ў лугавой, і лясной пуні, абы толькі яна мела страху і кроквы: любая макрэча, у тым ліку і ад дажджу скрозь страху, дзейнічае на Пунніка разбуральна. Ён паволі марнее, хоць і не даходзіць да пагібелі, якая магчыма ад удару грому і пры неасцярожных рухах Пунніка ў час выхаду з пуні, калі яна запалена маланкаю. Як і Ёўнік, ён ператвараецца тады ў пыл. (Никифоровский II, с. 59.)

@

Пушчавік

Пушчавікі маюць абмежаваную, цесную тэрыторыю - некрануты лес ці лес незвычайнай вышыні («пушча-дрымушча»). Пушчавік перавышае галавою самае высокае дрэва, што дапамагае бачыць навакольныя прадметы на далёкай адлегласці. Ёсць, аднак, Пушчавікі, якім такія дрэвы толькі да пляча...

Пушчавік робіць адно толькі зло, не забываючыся, што яму давялося сысці ў векавыя дубровы толькі з-за чалавека. Ён не шкадуе ні старых, ні дзяцей, ні жанчын, ні знямоглых, ні памочнікаў чалавека - свойскіх жывёл. Калі ахвяра зайшла ў пушчу - яе пагібель непазбежная. Калматы, зарослы доўгім мохам па ўсім целе, не выключаючы носа і вачэй, ростам гігант, Пушчавік здольны забіць ахвяру адным сваім выглядам. Калі дасягнута мэта, ён не рагоча, як Лясун, не здзекуецца з ахвяры, а спакойна ідзе далей, нібы зрабіў звычайную справу, выканаў сціплы абавязак.

На шчасце чалавека, Пушчавікі даволі рэдкія, і сустракаецца нямала пушчаў, дзе гаспадараць адны толькі Лесуны... Пушчавік непаваротлівы, лядашчы, кепска бачыць, што робіцца ў яго пад нагамі. Усё гэта дапамагае чалавеку ўцякаць ад Пушчавіка. Пры непазбежнай сустрэчы з ім трэба рабіць крутыя павароты туды і сюды, ды паспешліва пакідаць тэрыторыю пушчы, далей якой Пушчавік не адважыцца ступіць сваім старэчым крокам. (Никифоровский II, с. 72-73.)

@

Пякельнікі

Месца дзейнасці Пякельнікаў - пекла... сама ж дзейнасць заключаецца ў падтрыманні агню і мучэнні ім грэшных душ. Далей пякельных сцен гэтыя чэрці нічога не ведаюць, не могуць выйсці за іх... Яны маюць напалову сабачы, напалову казіны выгляд, пазбаўлены поўсці на тоўстай скуры, якая нечым нагадвае скуру кажана, пакрытую тоўстым слоем сажы, якою таксама пакрыты доўгі хвост і сярэдняй велічыні прамыя рогі. Сярод пякельнага змроку неяк асабліва рэзка выдзяляюцца белізною іх зубы з доўгімі клыкамі і вялікія бялкі вачэй. У дадатак да ўсяго гэтага Пякельнікі нястомна трымаюць свой высалаплены, вогненнага колеру язык, якім, як і з ноздраў, час ад часу абліваюць ахвяры расплаўленаю смалою і сераю, якія змяшчаюцца ў сярэдзіне Пякельнікаў...

Яны знемагаюць ад аднастайнай дзейнасці, якая закрыла ад іх свет, і ад успамінаў пра вольнае жыццё на вольным свеце. Менавіта гэта і развіло тую жорсткасць, з якою Пякельнікі ставяцца да ахвяр: у енку, стогнах, у пакутных рухах апошніх яны знаходзяць некаторае забыццё ад ранейшага свайго жыцця, да якога ў іх няма звароту.

Перад тым, як яны былі прыстаўлены да гэтай дзейнасці, Пякельнікі былі вольнымі нячысцікамі, але яны пазбавіліся вольнага жыцця з-за чартоўскіх няспраўнасцей ці сасланы сюды па прычыне старасці, калецтва, дуркаватасці. Прычым выгляд іх прыстасоўваўся да пякельнага жыцця - ападала поўсць, замест капытоў на нагах сталі хваткія кіпцюры, вантробы пачалі змяшчаць найвышэйшы жар, дзе імгненна могуць плавіцца нават камяні. Калі б Пякельнікі папярэдне ведалі пра сваю дзейнасць у пекле, яны прыклалі б усе чартоўскія намаганні, каб не трапіць у пастылае месца, але яны не ведаюць нічога пра пякельнае жыццё і знаёмяцца з ім толькі трапіўшы ў пекла. Здараецца парою, што ў пекла адначасова трапляюць былыя наземныя сябры - чалавек і яго спакушальнік, якія тут сустракаюцца як ахвяра і кат: тут толькі і даведаецца надта позна чалавек, якою цаною купіў ён зямны дабрабыт, чаго каштуюць стасункі з нячыстаю сілаю. (Никифоровский II, с. 36-37.)

@

Пярун

Калі загрыміць гром, то мужыкі - і старыя, і малыя - ляцяць стралою па сваіх хатах, прыгаворваючы: «Ай, Пярун заб'е!» На іх думку, гэта Пярун (бог) раз'язджае па небе і дзе ўбачыць, што людзі твораць беззаконне, разбівае скалы і праз гэта пускае на зямлю агонь-маланку. Акрамя таго, кажуць: «Гэта Пярун пускае стралу з неба». Таму і ў будынках, куды яна скіруецца, шчыліны дакладна такія, якія бываюць ад стрэл. Зрэшты, яны не вераць, што гэты агонь (маланка) мае такую ж сілу, як агонь звычайны. Гэта толькі напамінак чалавеку пра яго абавязкі перад Богам. (Эгилевский, с. 42.)

Пярун - бог нябеснага агню - забівае, пасылаючы свае каменныя, у клубах агню стрэлы; стрэлы забіваюць, а агонь спальвае. Свае ўдары ён скіроўвае часцей за ўсё на горы. У час навальніцы чорт любіць хавацца пад дрэвам, таму небяспечна станавіцца пад дрэвы, каб схавацца ад дажджу: замест чорта Пярун можа забіць чалавека. Пры громе і маланцы трэба хрысціцца, каб адагнаць ад сябе чорта.

...Пярун трымае ў руках двое велізарных жорнаў, трэ імі і стукае адзін аб адзін; трэннем і ўдарамі ён робіць гром і атрымлівае маланку, падобна да того, як атрымліваюцца іскры ад удараў сталі па крэмені. Драбкі жорнаў, што адскокваюць ад удараў, ляцяць на зямлю і паражаюць, як стрэлы... «Перуновымі стрэламі» народ называе каменныя сякеры і нажы. (Богданович, с. 75-76.)

Пярун, паводле ўяўленняў беларусаў, велічны, статны, высокага росту з чорнымі валасамі і доўгай залатой барадою. Седзячы на вогненнай калясніцы, ён раз'язджае па небе, узброены лукам і стрэламі. Яго грымотны лук - каменны молат, часам вясёлка. Яго стрэлы - маланкі. Імі ён знішчае варожыя полчышчы Чарнабога. Яны нагрувашчваюць велізарныя хмары, каб затуманіць сонца, сарваць месяц, сабраць у хмары пітво жыцця - ваду. Пярун адным ударам свайго каменнага молата разбівае хмары, і апладняльная вада імкліва льецца на зямлю. Чэрці бягуць на зямлю, але і тут іх даганяюць стрэлы Перуна. Чэрці ведаюць, што Пярун любіць чалавека і беражэ яго, таму яны кідаюцца ў жытло людзей, каб выратавацца сярод іх. Але ў такіх выпадках Пярун знішчае і жытло чалавека, а калі здарыцца, што страла трапіць у чалавека, то богі ўзнагародзяць яго за тое ў будучым жыцці. Вось чаму беларусы не адважваюцца ратаваць таго, хто загінуў ад грому, г.зн. ад выезда Перуна на неба. Духі, падуладныя Перуну, носяцца па палях і лясах на імклівых конях з хуткасцю стралы; іх жа праціўнікі Чарнабогі, г.зн. цёмныя сілы, у вобразе драпежных птушак утвараюць вятры і буру. (Соболевский, с. 24.)

Пярун у народным уяўленні - гэта Божая страла, накіраваная ў д'ябла, калі той Богу надта дапячэ; пры гэтым тая страла часам выпадкова забівае чалавека ці запальвае будынак. Душа чалавека, забітага Перуном, ідзе прама на неба. За страты ад пажару з Перуна Бог таксама багата ўзнагароджвае. (Werenko, s. 198.)

@

Рай

Рай - гэта дэман, які клапоціцца галоўным чынам зжатым збожжам, у прыватнасці звезеным у стадолу, дзе знаходзіцца да таго часу, пакуль не будзе ўсё вымалачана. Пажадана, каб Рай усе стадолы адначасова ўзяў пад сваю апеку, то кожны, хто яшчэ не пачаў звозіць, убачыўшы першы воз са снапамі, запрашае яго да сябе, тройчы кажучы: «Рай, Рай, ідзі к нам!» (Pietkiewicz II, s. 186.)

@

Русалкі (Вадзяніцы, Купалкі, Каўкі)

Русалкі - гэта душы дзяцей жаночага полу, якія памерлі да хрышчэння... Але ў вобразе Русалак яны паўстаюць ужо дарослымі спелымі дзяўчатамі, з доўгімі русымі валасамі, якія ўвесь час распушчаныя. Неабходная прыналежнасць Русалак - гэта, на думку пінчукоў і маларосаў, таўкач. Жывуць Русалкі на дне рэк, а ў маі месяцы, раніцой, перад узыходам сонца, калі добрае надвор'е, выходзяць адтуль і голыя, са сваімі таўкачамі, скачуць у жыце і пяюць. Аднак яны паяўляюцца для сваіх скокаў не ў кожным жытнёвым полі, а толькі выключна ў тым, якое займае значную плошчу. У час такіх скокаў ніхто з маладых хлопцаў не асмеліцца ў адзіночку праходзіць міма: Русалкі заказычуць яго насмерць.

Па перакананні сялян в. Азяркі (Наваградскі павет, Менская губерня), Русалкі паяўляюцца з вады вясною, каля Вялікага чацвярга, і жывуць на зямлі да позняй восені. У лесе яны жывуць на высокіх дрэвах, як, напрыклад, дуб, ліпа і інш. У гэтых жа сялян існуе павер'е, нібыта Русалкі, седзячы на суках дрэў, разматваюць ніткі, украдзеныя імі ў тых сялянак, што кладуцца спаць без малітвы. Пасля заходу сонца можна часам заўважыць на могілках агонь. Гэта значыць, што Русалкі выйшлі для сваіх забаў, і гора таму, хто ў гэты час асмеліцца пайсці туды: яны адразу ж пачнуць яго казытаць і заказычуць да смерці.

Жывуць Русалкі ў густым жыце і ў гаросе, і таму імі палохаюць дзяцей, каб туды не хадзілі. Каб пазбавіцца Русалак, неабходна мець пры сабе пэўнае зелле, убачыўшы якое, Русалкі ўцякаюць, пакідаючы падарожніка ў спакоі.

У гонар Русалак спраўляюцца асобыя святы, як, напрыклад, Сямік, Купала і інш. У гэтыя дні, асабліва ў Сямік, нельга працаваць, і хто парушыць гэта патрабаванне старажытнага звычаю, у доме таго гаспадара Русалкі абавязкова перадушаць усю скаціну.

Сяляне Бабруйскага павета мяркуюць, што Русалкі залазяць у рэкі з восені і праводзяць там усю зіму. Пад Сёмуху яны выходзяць на бераг і застаюцца там на працягу ўсяго лета. Удзень яны тады ходзяць па палях і лясах і калі каго ўбачаць, то клічуць да сябе, даганяюць непаслухмянага і казычуць яго да таго часу, пакуль ён не памрэ ад сутаргавага смеху. Уночы ж Русалкі робяць на дрэвах арэлі і гушкаюцца на іх, падпільноўваючы ахвяру. Згубнае ўздзеянне Русалак на чалавека мацней за ўсё на працягу наступнага за Сёмухаю тыдня, які таму ў сялян... і называецца Русальны. Ва ўсе дні гэтага тыдня дзяўчаты збіраюцца па вечарах і, як зберагальны сродак ад злых хітрыкаў Русалак, пяюць своеасаблівыя песні, якія таму і завуцца русальнымі. А ў апошні вечар таго тыдня дзяўчаты ходзяць у лес і вешаюць на дрэвы вянкі з кветак, упэўненыя, што Русалкі іх выкарыстаюць і будуць бегаць па палях і лясах у гэтых вянках. Гэтым прынашэннем яны думаюць іх задобрыць. (Шейн II, с. 196-198.)

...На працягу гэтага тыдня, які папярэднічае святу Сёмухі, ці Св. Духа (Русальнага), старыя не пускаюць дзяцей купацца: «Не хадзіце, дзеткі, купацца, вас Русалкі пахапаюць. Яны сядзяць на дрэве валасатыя і калышуцца...» Русалкі паказваюцца выключна апоўдні. Яны купаюцца, смяюцца на паверхні азёр і балот, гойдаюцца на дрэвах. Сяляне расказваюць, нібыта Русалкі паявіліся ад таго, «што бываець, вядома, жонка спіць, ды прыспіць рабёнка і робіцца Русалка». (Шейн I, с. 126.)

Заўсёды іх бачылі голымі, з доўгімі распушчанымі чорнымі валасамі і такога ж колеру вачыма. Жылі ў гаях, гойдаліся на галінах дрэў, і каго толькі заўважаць, клічуць такімі словамі: «Га! Га! Хадзіце к нам на арэлі калыхацца». Няшчасны, хто да іх наблізіцца. Рабілі жудасныя позіркі, ад якіх тыя, хто іх бачыў, адразу скрыўляліся назаўсёды... Русалкі - гэта памерлыя неахрышчаныя дзеці беларусак. (Czarnowska, s. 406.)

Русалкі - істоты выключна жаночага полу, вечна юныя красуні з чароўным і абаяльным абліччам. Яны альбо вырадкі людскіх дачок ці дочкі, праклятыя бацькамі яшчэ ў матчыным чэраве, альбо тыя, што памерлі нехрышчонымі, загубленыя сваімі маткамі неўзабаве пасля нараджэння абавязкова ў вадзе, ці ж маладыя тапельніцы, што скончылі жыццё самагубствам. Якімі б рознымі ні былі гэтыя ахвяры па ўзросце, стаўшы Русалкамі, яны аб'ядноўваюцца, так што кожная з іх уяўляе істоту ў пару найлепшага развіцця дзявоцтва, і толькі вопытнае вока ўлоўлівае між імі розніцу ўзростаў пры жыцці, хрышчоных асоб. Апошняе выдае ледзь бачнае адценне крыжа між грудзей, што можна назіраць на адлегласці дзевяці крокаў ад Русалкі.

Русалкі маюць ласкавыя блакітныя вочы, якімі, між іншым, так удала прыманьваюць ахвяру, але, злавіўшы яе, тыя ж вочы застаюцца нібы шкляныя і нерухомыя, як у нябожчыка. Па далікатным, амаль празрыстым іх целе рассыпаюцца хвалістыя валасы русага колеру, якія растуць ад маленькай галавы да каленяў; у асобных Русалак гэтыя валасы хутчэй падобныя на пасмачкі зялёнай тонкай асакі.

Вечна вясёлыя, гуллівыя, рагатушкі Русалкі не пакідаюць свае вадаёмы і жывуць тут у крышталёвых дамах пад доглядам русальскай царыцы, якую звычайна прыводзіць мясцовы Вадзянік. Звычайна Русалкі могуць заставацца без вады столькі часу, колькі патрэбна для асушэння іх цела і валасоў ад макрэчы, пасля чаго яны могуць адразу ж пакутліва загінуць. Русалкі толькі зрэдку на кароткі тэрмін выплываюць на паверхню вады, прысаджваюцца на падводны камень, на бераг, каб заманіць ахвяру ці атрэсці валасы ад вады... Расчэсваючы свае мокрыя валасы, напрыклад, на працягу гадзіны, яна можа вычасаць столькі вады, што яе дастаткова будзе для затаплення цэлай вёскі.

У Русальны тыдзень (восьмы пасля Вялікадня) Русалак выпускаюць на сушу на больш працяглыя тэрміны, прычым знікае небяспека загінуць на сушы. Яны смела і весела размяшчаюцца на беразе вадаёмаў, нават адыходзяць у бліжэйшыя гаі, на лугі і палі, залазяць на дрэвы, каб пагушкацца на галінах і вершалінах. Гэтым Русалкі асвяжаюць успаміны пра пакінутую зямлю і пра людзей, сярод якіх яны абавязкова стараюцца злавіць ахвяру. Гэта робіцца, між іншым, гэтак: спакушальніцы куляюцца, гуляюць, бегаюць навыперадкі, водзяць карагоды, скачуць, рагочуць, пяюць песні і заманлівымі рухамі клічуць да сябе выпадковага гледача. Калі ён паддасца закліку і падыдзе да Русалак ці спыніцца, здранцвелы, яны гуртам абступаюць ахвяру, ціскаюць яе ў абдымках, казычуць да смерці. Пры гэтым, пачуўшы вясёлы рогат і песні, ніхто не ідзе на дапамогу, бо не падазрае небяспеку там, дзе весяліцца моладзь. Адзіным магчымым сродкам выратавання ад Русалак служыць укол хаця б аднае з іх іголкаю ці шпількаю, якія неабходна мець пры сабе напагатове: тады ўвесь гурт Русалак з віскам кідаецца ў ваду, дзе яшчэ доўга чуюцца іх галасы. Аднак і пры такой перасцярозе лепш за ўсё пазбягаць у Русальны тыдзень мясцін каля вады, не мыцца, не праць бялізну і не лавіць рыбу.

Калі Русалкі завалодаюць ахвяраю, яны заносяць яе ў сваё жытло і тут акружаюць самым пяшчотным клопатам: у ахвяры-жанчыне яны бачаць магчымую жонку свайго ўладара - Вадзяніка, новую сяброўку сабе, а ў мужчыне, асабліва калі той малады і прыгожы, - магчымага палюбоўніка аднае з іх. Зразумела, больш за іншых даглядае загінуўшага тая Русалка, якой ён прыйшоўся даспадобы... Русалка расчэсвае яго галаву, расцірае цела, адганяе вадзяных жывёл, прыбірае ложа лепшымі водарасцямі, а ў Русальны тыдзень выводзіць яго разам са сваім гуртам на сушу, нават дазваляе зазірнуць у родны дом і пабачыць людзей, каб хоць як паслабіць тугу па зямным жыцці. Астатнія ахвяры застаюцца без увагі: Русалкі дазваляюць ракам і насякомым нявечыць іх цела, а калі ахвяра аказалася чаму-небудзь несімпатычнай, яны выштурхваюць труп на паверхню вады, да берага.

Той, хто выратаваўся ад Русалак, ці нават хто бачыў іх або чуў здалёк, не заўсёды застаецца беспакараны. Так, адзін набывае звычку без прычыны нястрымна рагатаць, другі крывіць паходку, твар, у некаторага прападае тое ці іншае адчуванне, пераважна слых. Характэрна, што чым мацней натура ахвяры, тым большыя ў яе пашкоджанні, з якімі чалавек не можа справіцца ўсё жыццё.

Акрамя варожых нападаў, калі бязлітасна праследуюцца людзі ўсіх узростаў - ад немаўлят да старых уключна, - вядомы таксама заляцанні Русалак, пераважна тых, хто пры зямным жыцці не ведаў людзей, як, напрыклад, немаўляты. Гэтыя заляцанні менш варожыя і не такія небяспечныя; больш за ўсё яны прыходзяцца на маладых мужчын, асабліва хлопцаў, зносіны з якімі новыя і заманлівыя для Русалак. Тут Русалка падхоплівае які-небудзь яго прадмет - адзежу, абутак, рыбалоўную прыладу і, збіраючыся затапіць яго, тым самым прымушае ўладальніка кідацца без разбору лавіць прадмет, сама ж нябачна падштурхоўвае прадмет усё далей і далей, у небяспечнае месца, куды, зразумела, заманьвае і гаспадара. Калі той паспяхова пазбегнуў небяспекі, вылавіў украдзены Русалкаю прадмет, гэтаму прадмету не пашанцуе: чалавек абавязкова згубіць яго ў будучым, ці яго ўкрадуць, ці ён сапсуецца. Шмат даводзіцца цярпець ад заляцанняў Русалак маладым рыбаловам: кратаючы лёску, Русалкі падманваюць вудзільшчыкаў фальшывым клёвам; у другіх яны выварочваюць сеткі, напаўняюць іх цінаю і травою, вырываюць вясло, шост ці разгойдваюць лодку, каб перавярнуць разам з рыбаком.

Якое б прыгожае жыццё ў Русалак ні было, у іх хапае смутку, які яны не могуць заглушыць забавамі. Перш за ўсё ім з зайздрасцю даводзіцца глядзець на волю сваіх зямных сябровак-жанчын, назіраць за матчынымі ласкамі, якія многім з іх былі не толькі не знаёмыя, але мелі адмоўны характар у адносінах да іх. Самазабойцам даводзіцца перажываць з-за хвіліннага неабдуманага рашэння развітацца з жыццём, каб потым накласці на сябе вечную няволю. Але найбольш прыгнятае паднявольная сувязь з Вадзяніком, ва ўладаннях якога яны жывуць і якому падпарадкаваны з той хвіліны, як трапілі сюды. Не толькі жальба, а найвышэйшая ступень бяссільнай злосці павінна ахапіць істоту Русалкі, калі ёй даводзіцца бачыць маладую шчаслівую пару, калі тая гуляе па беразе жытла Русалак ці плавае на лодцы. Затое які радасны крык чуецца тут парою, калі становіцца вядома пра пагібель ненавіснага Вадзяніка! Гэта, аднак, апошні радасны крык, таму што разам з пагібеллю Вадзяніка пачынаецца і іх уласная, калі толькі Русалкі не паспелі сысці з асушанага жытла і перабрацца ў новае. Але тут лёгка можа здарыцца, што з аднае няволі яны трапляюць у новую, магчыма, больш цяжкую.

У рэдкіх мясцінах жыхарства Балотнікаў, Багнікаў і Аржавеннікаў ёсць асобныя Русалкі, якім гэтае імя даецца хіба што смехам і якія, акрамя жанчынападобнага аблічча, не маюць нічога агульнага з сімпатычнымі ласкавымі Русалкамі. Гэтыя Русалкі старыя, з кульбакамі ў руках, пачварныя, брудныя, як і іх месца жыхарства, злыя і панурыя не менш за сваіх сужыцеляў, з якімі, аднак, яны не маюць зусім ніякіх зносін, а часта і не ведаюць адзін аднаго. (Никифоровский II, с. 85-89.)

Русалкі, што маюць выгляд то прыгожых, то брыдкіх жанчын, выходзяць на бераг, заплятаюць валасы, што свецяцца ў цемры, плятуць і ўпрыгожваюць галовы вянкамі. У гэты час небяспечна з'яўляцца аднаму на бераг ракі ці возера, асабліва, калі бачны рухомыя агеньчыкі і чутна журботная песня. Завабяць яны смельчака гульнёю безлічных агнёў, зацягнуць чароўнай сілаю тужлівай песні, і ён беззваротна загіне ў балотнай багне ці ў глыбіні цёмных водаў. На перадсмяротныя крыкі яго жорсткія жыхаркі вадзянога царства будуць адказваць злосным рогатам, і зноў пальецца сумная песня, якая звініць над вадою і гулка замірае ўдалечыні. Усю ноч да зары гучаць іх песні, зліваюцца з гукамі песень маладых хлопцаў і дзяўчат... (Ляцкий I, с. 38.)

Беларусы ўяўляюць сабе Русалак дзяўчатамі, абавязкова голымі, з доўгімі распушчанымі валасамі і з целам зямлістага колеру, пакрытым не скураю, а нечым цвёрдым, накшталт пазногцяў. Расказваюць выпадкі, калі Русалкі заманьвалі людзей, асабліва дзяцей, у лес і там іх казыталі насмерць. Але бывалі выпадкі, што людзі нападалі на паасобных Русалак і прыводзілі іх у вёску. Такія Русалкі працуюць, але моўчкі, не кажучы ні слова. Калі ж праз год зноў наступіць Русальны тыдзень, такая Русалка раптам запляскае ў далоні, закрычыць: «Гу-та-та! Гу-ля-ля!» і ўцячэ ў лес. Тады і на кані яе не дагоніш. (Романов, с. 204.)

У вадзе жывуць і Русалкі. Яны, аднак, могуць лічыцца «земнаводнымі», таму што жывуць у вадзе толькі з восені да «Русальнага тыдня» (першы пасля Сёмухі). Тады яны выходзяць з вады і пасяляюцца на галінах дрэў, асабліва на бярозах. Русалкі гойдаюцца на іх гнуткіх галінах, заклікаючы прахожых: «Чалавек! Чалавек! Хадзі калыхацца!» А калі хто здуру падыдзе да іх блізка, то яны заказычуць яго да смерці.

Уяўляюцца яны беларусу прыгожымі жанчынамі, з распушчанымі доўгімі валасамі. Пакуль Русалкі не выйдуць з вады, г.зн. да Русальнага тыдня, лічыцца небяспечным купацца, таму што ці хвароба якая-небудзь здарыцца, ці Русалкі да сябе зацягнуць у глыбіню ракі і ўтопяць.

Існуе павер'е, што душы дзяцей, памерлых да хрышчэння, ператвараюцца ў Русалак. (Богданович, с. 77.)

Русалкі, на думку народа, гэта душы памерлых: тапельніцы і дзеці, якія нараджаюцца на свет нежывыя ці якія паміраюць нехрышчоныя. Русалкі да Духава дня жывуць у вадзе; у гэты ж час выходзяць са свайго жытла, плешчуцца апоўначы пад месяцам на паверхні вады ці гойдаюцца ў лясах на дрэвах і бегаюць па палях, заманьваючы прахожых, каб потым заказытаць іх да смерці. На Духаў дзень і Сёмуху народ не купаецца, баючыся, каб Русалкі не заказыталі. (Неверович, с. 153.)

Русалкі - маладыя прыгожыя жанчыны з доўгімі, да пят, косамі; жывуць яны ў лясах, балотах, але галоўнае месцазнаходжанне Русалак у рэчцы, у якім-небудзь глыбокім віры. На бераг Русалкі выходзяць рэдка, а калі і вылазяць, то далёка ад вады не адыходзяць. Яны заманьваюць да сябе падарожных мужчын, якіх больш за ўсё прывабліваюць прыгажосцю і стараюцца заказытаць. Ад няма чаго рабіць Русалкі смяюцца з рыбакоў: блытаюць іх сеткі, выцягваюць нерат на бераг...

Русалкі - душы тапельніц, мёртванароджаных ці дзяцей, памёршых нехрышчонымі...

Да Духава дня яны жывуць у водах. На Духаў дзень выходзяць са свайго жытла і плёскаюцца на паверхні вады. Тады Русалкі могуць заходзіць і далёка ад месца свайго жыхарства, у лясы і гаі. Чапляючыся валасамі за сукі і ствалы, калі гэтыя дрэвы сагнутыя бураю, яны гойдаюцца, як на арэлях з крыкам: «Рэ-лі, рэ-лі!» ці «Гутынькі, гутынькі!»

Заходзяць Русалкі на палі і лугі, каб завабіць прахожых бліжэй да вады і потым утапіць іх ці заказытаць да смерці. У любое месца могуць зайсці Русалкі. Асцерагаюцца купацца на Сёмуху і на Духаў дзень. На крывым тыдні небяспечна ехаць аднаму цераз жытнёвае поле: Русалкі могуць напасці і замучыць... Каб пазбавіцца ад іх у час нападу, трэба начарціць на зямлі крыж, абвесці кругам і ў гэтым крузе стаць. Русалкі тады не падступяцца; паходзяць, паходзяць вакол, а потым і схаваюцца.

Існуе павер'е, што на Духаўскім тыдні ходзяць па лесе голыя жанчыны і дзеці. Пры сустрэчы з імі трэба абавязкова накінуць на іх хустку ці хоць якую-небудзь анучку. Калі ж нічога з сабою няма, то трэба хаця б адарваць рукаў ад сукенкі і кінуць Русалкам - у адваротным выпадку пагражае непазбежная смерць.

Паводле народных перакананняў, Русалку можна злавіць і прывесці дадому... Вось адна легенда: «Мой прадзед пайшоў аднойчы на Русальным тыдні ў лес лыкі драць; на яго там напалі Русалкі, а ён хутка начарціў крыж і стаў на яго. Пасля гэтага ўсе Русалкі адступіліся, толькі адна ўсё яшчэ прыставала. Прадзед мой схапіў Русалку за руку і ўцягнуў у круг, хутчэй накінуў на яе крыж, які вісеў у яго на шыі. Тады Русалка скарылася яму. Пасля гэтага ён прывёў яе дадому. Жыла Русалка ў прадзеда майго цэлы год, ахвотна выконвала ўсе жаночыя работы, а калі надышоў наступны Русальны тыдзень, то Русалка зноў збегла ў лес. Злоўленыя Русалкі, кажуць, ядуць мала - больш падсілкоўваюцца параю, і хутка бясследна знікаюць з чалавечага жытла». (Живая старина, 1908. Вып. 1, с. 12, 13, 16.)

Небяспецы падвяргаецца той, хто пойдзе ў лес на Русальную суботу (апошняя субота перад Тройцай). У той дзень Русалкі збіраюцца гуртам і гойдаюцца на дрэвах. Бяда, калі яны першыя заўважаць чалавека: зараз жа аблытаюць яго сваімі доўгімі валасамі і заказычуць да смерці. Але іншая справа, калі чалавек сам спачатку заўважыць Русалак і скажа: «Чур мая!» Тады Русалкі для яго бясшкодныя, а адна з іх нават пойдзе за ім у яго дом і будзе выконваць усе хатнія работы, як самая старанная работніца; піць і есці не будзе, а будзе харчавацца толькі параю, што выходзіць з гаршкоў. Гэтак Русалка пражыве год, да наступнай русальнай суботы, а тады абавязкова ўцячэ ў лес. (Васильева, 11.)

Русалкамі народ лічыць самазабойцаў, якія ходзяць заўсёды голыя, з доўгімі валасамі, гушкаюцца на дрэвах, гуляюць у жыце. Русалкі ў полі не любяць ніякае збожжа, акрамя жыта, дзе качаюць яйкі на Наўскі вялікдзень.

Першы сродак, каб не зачапіла Русалка, калі чалавек убачыў яе ў жыце, начарціць пальцам ці палкаю кола і ў цэнтры яго стаць. Русалка будзе кружыцца вакол рысы, а пераступіць цераз яе не адважыцца, кідае ў чалавека камяні; а каб яна не папала, трэба кола зрабіць вялікае. (Булгаковский, с. 189-190.)

Калі пачуе паляшук у лесе сваё імя, ён хрысціцца, чытае малітву і з жахам кідаецца ў супрацьлеглы бок, але ні за што не адгукнецца, думаючы, што яго кліча Русалка, якая гойдаецца на галінах дрэў (асабліва бяроз) і заманьвае да сябе прастадушнага, каб заказытаць яго да смерці. Дэман-прыгажуня, з зялёнымі валасамі, наўмысна пералічвае вядомыя мужчынскія імёны для таго, каб трапіць на імя прыведзенага ў лес якой-небудзь крайняй патрэбай чалавека. Пакуль чалавек, названы па імені, не адгукнецца, Русалка з ім нічога не зробіць. (Эремич, с. 47.)

Русалка - гэта дзяўчына, якая была нарачонаю, але не дачакалася шлюбу. На працягу года хаваецца дзесьці па лясах, але вясною выходзіць са свайго сховішча і, поўная кахання, шукае сярод маладых мужчын свайго нарачонага. Аднак і іншых вабіць да сябе, адрываючы іх ад жонак і каханак; адсюль і нянавісць жанчын. Кажуць, што гэта - жанчына надзвычайнага хараства, з поўнымі расцвілымі грудзямі, з расплеценымі валасамі, прыбраная рознымі аздобамі і прыгожымі сукнямі, «вельмі чапурна». Бегае па палях пасярод жыта з «пранікам» у руцэ, схопленага забівае тым пранікам альбо туліць да грудзей і казыча да смерці. (Jeleńska, s. 504.)

Русалка, або, як яе народ называе ў Сакольскім, Казытка, - гэта мае быць дэманічная істота, якая сцеражэ нівы (у прыватнасці, жыта), каб дзеці, што збіраюць кветкі, не атрасалі пылку з каласоў, калі жыта красуе. Як толькі Русалка ўхопіць неасцярожнага смельчака ў свае абдымкі, то ўжо не выпускае яго датуль, пакуль насмерць не заказыча. Народ уяўляе яе як сапраўдную дзяўчыну, бледную, з распушчанымі валасамі, якая вечна маўчыць. Худзізна яе ўвайшла ў прымаўку: «Худая, як Русаўка»; кажуць таксама: «Як Русаўка, распусціла валасы». Апроч таго, гэта таямнічая істота павінна мець на сабе залацістае адзенне, ад якога зыходзіць такі бляск, што яго ніводнае чалавечае вока не можа вытрымаць... «што аж папрэ слёзы, як глянеш на яе». (Federowski, s. 75-76.)

«- Не ідзі ў жыта, бо Русаўка заказыча!

- А чым яна, мамачка, заказыча?

- Ля, у яе цыцкі жалезныя, шылаватыя, то імі дзеці на смерць заказытвае». (Federowski, s. 76.)

«Кожная дзеўка, што памрэ ў Русальным тыжні, на том свеце жыве Русалкаю, а ходзіць з вянком на галаве голая, штоб відна было, што яна шчэ не саграшыла.

Русалкі сядзяць у жыце, як яно расце, ета Бог іх пасылае пільнаваць, штоб ніхто не тоўкся да не трусіў каласкоў, бо не нальюцца. Дак і не дзіва, што як нейкі загавайла ўпрэцца ў пашню, то яго заслакочуць. Хлопца заслакочуць, бо раззявака, а дзеўку, штоб было больш Русалак. Русалкі безнявінна нікому не робяць зла; яны сядзяць і ў вадзе, да ў самых глубінах, у самых кручынах (віры), каб людзі зналі, што туды не лезь, бо ўтопішся. Сядзяць яны і ў лесе да найчасцей паблізу ўсякае твані, усякіх нетраў, асцерагаючы ўсіх, што там найбольш чарцей». (Pietkiewicz II, s. 186.)

На думку беларусаў, адзіны сродак вызваліцца ад Русалак - паказаць ім што-небудзь стальное, і Русалкі, кажуць беларусы, нібыта змяя ад медуніцы, адразу ўцякаюць. Медуніца - трава з моцным пахам. Яе змешваюць з тытунём. Дзе расце медуніца, там... змеі не водзяцца. Русалкі лічацца нядобрымі духамі, і беларусы ад Сёмухі да наступнага тыдня не адважваюцца гарадзіць платы, ні рабіць бароны, бо разгневаныя Русалкі сваю злосць перанясуць на кароў і коней. (Киркор, с. 261.)

Паняцце «Русалка» ў Дарашэвічах амаль сінонім паняццяў «ліхі, злы дух» і г.д. Русалкі бываюць мужчынскага полу (даводзілася чуць: «Той Русалка») і жаночага. Жывуць часам на палях, у жыце, часцей у вадзе, яшчэ часцей у лясах.

Дзяўчаты, што памерлі адразу пасля замужжа, а таксама дзеці, якія памерлі нехрышчонымі, робяцца пасля смерці Русалкамі. Даўней расказвалі людзі, што Русалкі з доўгімі валасамі ходзяць па жыце. Найбольш небяспечнымі для людзей Русалкі бываюць у наступны пасля Сёмухі тыдзень (Русальна нядзеля). Апошні дзень Сёмухі завецца «Розыгры» - у гэты дзень Русалкі часта нападаюць на прахожых... Адзін раз Русалкі напалі на селяніна, які ехаў на возе якраз у дзень, званы «Розыгры». Селянін тройчы абвёў сябе сякераю і кінуў яе ў іх бок, тады яны і зніклі.

«Русалка, калі каго схопіць, то можа насмерць заказытаць. Гэта - дзеўка белая з вялікімі цыцкамі, з камлатымі косамі. Калісь хадзіла па шляху, а цяпер ужэ не чутно; пасвяцілі зямлю, так ужэ няма. Даўней не толькі дзеўкі, але і хлопцы хадзілі.

Не раз Русалак бачылі. Хадзілі апоўначы і сярод дня. Аднойчы палолі дзякавіцкія кабеты проса. Раптам чуюць: стукае штосьці па лесе і свішчыць; перапужаліся страшэнна, але баяліся адразу ісці дадому, тады яны абвялі вакол сябе і калыскі нажамі. А калі сціхла, уцяклі з поля дадому.

Калі на Русальным тыдні ці яшчэ калі хоча чалавек засцерагчыся ад Русалак, то перад тым, як легчы спаць, ён павінен памаліцца і нажом правесці вакол сябе настолькі далёка, каб Русалка рукою не здолела яго дастаць.

На ўсёй Траечнай нядзелі няможна купацца, бо непраменна ўтоне: Русалкі ўтопяць, багата такіх, што тонуць.

Русалкі вылазяць з вады, бегаюць, скачуць і размаўляюць: даўней і сярод белага дня на Русальным тыдні бегалі. Частавалі таксама салам і булкаю, але калі хто з малітваю да іх звяртаўся - прападалі, а заместа булкі заставалася ў руцэ губа (драўляны грыб), замест сала - жаба». (Moszyński, s. 172-174.)

Русалкі народ падзяліў на тры разрады: вадзяныя, тыя, што ахоўваюць пасевы, і лясныя. Найбольш вядомыя на Беласточчыне Русалкі, што жывуць у жыце... Знаходжанне ў жыце Русалкі адстрашвала дзяцей. Але не яны былі асноўнай мэтай атакі Русалкі. Хапала яна і заказытвала перш за ўсё маладых хлопцаў. Было гэта свайго роду помстай, калі ўлічыць, што ў Русалку замяніў народ душу маладой дзяўчыны, якая, пакінутая сваім каханым, пакончыла з жалю самагубствам... Русалку ўяўлялі прыгожай і маладой дзяўчынай з доўгімі белымі валасамі, прыбранымі кветкамі...

Найменш вядомы на Беласточчыне Русалкі лясныя. Жывуць яны на дрэвах ды заманьваюць падарожных у непраходныя гушчэвіны. (Шаховіч, с. 133-134.)

@

Сарэны (Людзі марскія, Вадзяныя каралеўны, Фараонкі)

«Сарэны - гэта марскія людзі, яны ў харошы дзень выходзяць на бераг, сядаюць і спяваюць або плачуць, а як угледзяць нашага чалавека, то пытаюцца, ці хутка будзе сканчэнне свету. Як ім хто скажа, што хутка, то яны цешацца, у далоні плешчуць, а як сказаць ім, што не хутка, то яны так плачуць, так лямантуюць; бо як свет скончыцца і другія людзі настануць, то і яны ўжэ не будуць у вадзе, але на зямлі, як цяпер мы, і заміж хвастоў мецьмуць ногі...»

«Песні і ноты ўсялякія выходзяць з мора ад заклятых людзей марскіх, каторых найсвентша матка закляла, каб былі палавінаю рыбы, а палавінаю чалавека. Людзі, што плаваюць па моры, то бачаць і чуюць, як яны часам спяваюць, весяляцца, у далоні плешчуць, а часам плачуць, жалосныя песні спяваюць, а як угледзяць нашага чалавека, то ўсё пытаюць: ці хутка свет скончыцца? Як ім скажуць, што хутка, то яны плачуць, рукі ломяць».

«У моры жывуць Вадзяныя каралеўны, то яны ўночы з вады выходзяць і спяваюць. А ёсць такія пісары, што ўсё гэта запісваюць, і такім спосабам іх песні між людзей разыходзяцца па свеце». (Federowski, s. 108-109.)

«Фараонкі жывуць у мору, ест яны такія: да пояса кабета, а далей рыбі хвост. Яны неякі час выходзяць з вады на купы морскія і спяваюць пекнымі галасамі так, што нашы людзі падслухуюць і вучацца ад іх спяваць, і ад іх людзі ўзялі ноту. А скуль яны ўзяліся? То як жыдэ пераходзілі без мора да нас, Фараон казаў усім людзям з свайго кралеўства ганіць жыдоў, жэбы іх не пусціць па гэты бок, то некаторыя, гонячы жыдоў, паўходзілі ў мора, і як Мойжэш лескаю махнуў, вада зышлася ў мору да мейсца і заліла іх там і яны да канца свету будуць у мору. Бывае час, што тыя Фараонкі спяваюць, а іншым часам плачуць, а як забачаць нашага чалавека, то пытаюць, ці хутка свет скончыцца. Як чалавек скажа, што хутка, то пляскаюць у далоні з радасці, а як скажа, што яшчэ не хутка, то заплача і пойдзе ў ваду. Ест паміж імі мужчыны і кабеты, але Фараоны не спяваюць, толькі Фараонкі». (Federowski, s. 109.)

@

Спарышка (Спешка-Спарышка)

«Спешка-Спарышка дае поспех і спор усякай рабоце. Хто яе, пачынаючы работу, папросіць і пажджэ момант на яе, то яна пераляціць перад ім і ўжо яму работа робіцца хутка і лёгка, і хутка дзень мінецца і вечар набяжыць. А якая тая Спарышка, то невядома, бо ніхто яе не бачыў, анно кажуць, што е нейкая, бо ўсе яе просяць...

Бачыце, дзеткі, як жнеячкі пекна Спешкі-Спарышкі папросяць, то яна прыляціць на матыльчыку, абдарыць іх спорам, поспехам, ім сярэдзінка ўжо не забаліць, работанька лёгка зробіцца і не агледецца, як слоненька зойдзе». (Federowski, s. 135-136. Варыянт: Pietkiewicz I, s. 15.)

«Спарышка - ета такі кліч або думка; калі ў чом няма спору, да на душы ляжа важкі камень, то як згадаеш «Спарышка», дак зараз і палегчае, бо пакажацца спор і ў рабоце і ў хлебе». (Pietkiewicz II, s. 186.)

@

Стрыга

Стрыга робіць непакой цяжарным і нават можа перамяніць дзіця, замест добрага і тоўстага падкінуць плаксівае, бледнае і худое, калі цяжарная жанчына не звернецца своечасова да знахаркі... Цяжарныя жанчыны бачылі Стрыгу: гэта - жанчына высокага росту, худая, бледная, з праваленымі вачыма; па вечарах яна з аднаго двара пераходзіць на другі. Схапіўшы дзіця, Стрыга шматае яго так, каб маці чула крыкі. Каб пазбегнуць гэтага зла, дзяцей купаюць перад заходам сонца, пасля чаго ваду адразу выліваюць. Але ні ў якім выпадку не трэба выліваць ваду пасля заходу сонца. У пятніцу дзяцей купаць не варта. (Бобровский, с. 823.)

Ёсць яшчэ ў Беларусі чараўніцы, якія завуцца Стрыгі. Стрыга вялізнага росту, з распушчанымі валасамі, праваленымі шчокамі і зялёнымі кашэчымі вачыма. Стрыга не мае сталага жыхарства; яна ходзіць па вёсках, і яе з'яўленне наводзіць жах на цяжарных кабет. Стрыга падменьвае дзіця, часам знявечвае яго, а калі раззлуецца, то на вачах ва ўсіх разаб'е яму галоўку аб камень. Можна, аднак, задобрыць Стрыгу. Цяжарная кабета, сустрэўшыся з ёю, запрашае яе да сябе ў хату на час родаў. Стрыга з'яўляецца, ёй усе дагаджаюць, аказваюць асаблівую павагу і часам справа наладжваецца: дзіця цэлае. Стрыга не баіцца нават святой вады. Для захавання дзіцяці ад Стрыгі яго купаюць штодзённа да заходу сонца. (Киркор, с. 274.)

@

Талака

Талака - апякунка жніва і ўрадлівасці. Яна ў вялікай пашане ва ўсіх беларусаў і, здаецца, па ўсёй Беларусі вядома пад адным гэтым імем. Свята ў яе гонар бывае не ў адзін час: у адных мясцінах раней, у іншых пазней, гледзячы дзе і калі бывае ўборка ўсіх пасеваў, а парою толькі хлеба. Святкаванне ў гонар Талакі бывае вельмі ўрачыстае, радаснае... На дажынкі, ... калі дажынаюць апошні загон... звязаўшы агульны сноп і зрабіўшы талаковы вянок, талачэйкі кідаюць жэрабя, каму быць Талакою. Выбраўшы Талаку, карагод упрыгожвае яе рознымі кветкамі, дае ў рукі дажынкавы сноп, а на галаву яе надзявае талаковы вянок з доўгім белым пакрывалам накшталт шаля. Пасля гэтага карагод акружае Талаку і... танцуе, прыпяваючы... Пастаўшы за ёю папарна... ідуць у дом гаспадара... Гаспадар падносіць хлеб-соль Талацэ, кланяецца ёй у пояс. Талака... аддае ўзамен... дажынкавы сноп... Гаспадар і гаспадыня бяруць Талаку пад рукі і саджаюць яе на кут... Пасля заканчэння вячэры карагод з Талакою падыходзіць да гаспадароў і дзякуе за пачастунак пацалункамі. Затым Талака здымае з галавы вянок і аддае яго гаспадару, пакрывала ж застаецца ў яе на памяць. Карагод талачэек абавязаны адвесці Талаку да самага яе дома. (Древлянский, с. 111-120.)

@

Халера

Халеру ўяўлялі нейкай жанчынай на каровіных нагах, якая раз'язджала на тройцы вараных коней і надзвычай любіла нюхаць табаку. (Запісаў у 1839 г. Ул.Радкевіч // НАРБ, ф. 2507, воп. 1, спр. 75, л. 62.)

Халера прымае выгляд худога чалавека, а часам - такой жа жывёлы, ходзіць уночы па хатах і «затручываіць» квас і іншае пітво, пакінутае непакрытым. Таму ў халерны час трэба як мага старанней прыкрываць ваду, квас, «берку» (бярозавы сок), сыроватку і малако. (Никифоровский I, с. 270.)

«Халера - то чорная, худая, страшная баба, яна зусім бы то з імглы злеплена была: дзе яна пяройдзе, то там зараз народ пачне ўміраць». (Federowski, s. 145.)

Халеру ўяўляюць сабе беларусы ў вобразе жахлівай жанчыны з доўгімі светлымі валасамі і бліскучымі вачыма. Яна раскідвае на вялізную адлегласць зерне хваробы, вымаючы яго з невычэрпнага кошыка. Робіць яна гэта часцей за ўсё вясною, і зерне яе прымешваецца да агароднага насення і заражае яго. Так народ тлумачыць шкоду, якую прыносіць у халерны год гародніна.

Малюецца яна таксама і іншым вобразам - халоднай прыгажуняй, якая махае з-за могільніка на сяло чырвонай ці чорнай хусцінай, з-за чаго людзі мруць як мухі... Злосныя сабакі могуць не пускаць Халеру ў двор. (Ляцкий II, с. 34-35.)

«Халера прыходзіць у вёску ці ў пастаці старое жанчыны, ці каровы, або якога-небудзь іншага жывёла. Як толькі дзе блізка праявіцца Халера, то трэ сцерагці, каб яна як-небудзь не прабралася на вёску, а для гэтага лепш усяго нікога і нічога не пускаць, раскладваючы на дарозе агонь, які трэ выцерці дзеравамі аб дзерава. Агонь павінен гарэць дзень і ноч. Часамі гэтая погань прыкінецца якою-небудзь беднаю жанчынаю, каторая папросіцца, каб яе падвезлі, а як толькі яе давязуць да вёскі, дак яна і пачне касіць і старых і малых.

Як хто першы захварэе на халеру, то лепш усяго пахаваць яго жыўцом, то тагды разам з хворым пахаваецца і халера». (Сержпутоўскі, с. 269.)

«Халеру народ уяўляе як старую кабету, замучаную і вельмі брыдкую. Ідзець яна па вадзе, заражаючы яе». (Werenko, s. 171.)

@

Хлеўнік (Хляўнік)

Хляўнік - Дамавік, які жыве ў хляве. Хляўнік наброжы - чужы Дамавік, які адолеў мясцовага Дамавіка і выжыў яго з месца жыхарства; такі наброжы Хляўнік лічыцца шкодным.

Хляўніца - Дамавіха, што жыве ў хляве. (Добровольский II, с. 961.)

Хлеўнік. Як толькі дазнаюцца, што ён завёўся, адразу ж стараюцца яго выжыць... Згодна з павер'ем, ён псуе скаціну: па начах ён ездзіць у канюшні на конях, ад такой язды конь хутка худзее, слабее і, калі не пазбавіць яго ў час ад Хлеўніка, то неўзабаве акалее. Часам ён ездзіць папераменна то на адным, то на другім кані, а іншы раз чапляецца да якога-небудзь аднаго, улюбёнага. Конь б'ецца, кідаецца, стараецца скінуць Хлеўніка, але яму гэта не ўдаецца. Ён іржэ, кліча на дапамогу гаспадара, а калі той увойдзе - нікога няма, толькі конь узмылены і не можа аддыхацца. Тое ж здараецца і з каровамі, - і на іх Хлеўнік ездзіць. Каровы бегаюць па хляве, мычаць, хутка худнеюць і перастаюць даваць малако.

Хлеўнік чамусьці баіцца сарокі, і вопытныя фурманы вешаюць гэту вешчую птушку над дзвярыма канюшні.

Самы лепшы сродак выгнаць Хлеўніка наступны. Трэба звіць з «пасконі» (канаплі) пугу ў тры «стволкі», на канцы завязаць тры вузельчыкі; ад іх на адлегласці адной пядзі яшчэ тры, а праз пядзю і яшчэ тры. У тую ноч, калі настае маладзік, бітую пугу навязаць на асінавае пугаўё, перад варотамі паставіць жароўню з асінавымі палаючымі вуглямі; зрэшты, вуглі могуць быць і іншыя, але асінавыя нібыта лепш. Калі ўсё гэта гатова, трэба ўзяць карову ці кабылу за хвост і гнаць яе цераз хлеў да дзвярэй, сцябаючы наводмаш пугай і стараючыся перагнаць цераз жароўню. І гэтак перабраць усіх кароў і коней. Пры гэтым трэба прыгаворваць: «Пайшла, хіра (немач, хвароба, погань), на ўзвей вецер!»... Калі на якой-небудзь жывёле і сядзеў Хлеўнік, то ад уздзеяння пугі з «пасконных» валокнаў, якая рассякае яго цела да крыві, агня, якога ён баіцца, і, нарэшце, замовы, якой надаецца чароўная сіла, ён не адважыцца вярнуцца назад і пакіне статак у спакоі. (Богданович, с. 71-72.)

Калі пад раніцу конь будзе спацелы і знясілены, несумненна, уночы на ім ездзіў Хляўнік, якога неабходна адвадзіць ад хлява. Калі ў наступную ноч каравуліць Хляўніка ў хляве з незапаленай грамнічнай свечкай, дык ён, зразумела, не ўвойдзе туды, а апоўначы стане свістаць і гучна шумець перад хлявом. Тады трэба перахрысціць свечкаю месца перад сабой і з насмешкаю сказаць: «Прыходзіў ён і відзіў мяне, ды злякнуўся і вярнуўся». Прысаромлены Хляўнік больш не падыдзе да каня. На ўсякі выпадак грамнічную свечку неабходна павесіць над яслямі кнотам уніз. (Никифоровский I, с. 143-144.)

Многія не адрозніваюць Дамавіка ад Хляўніка, бо лічаць, што ў доме і хляве дзейнічае адзін і той жа Дамавік, які па волі і ў залежнасці ад абставін часова перасоўваецца туды і сюды, каб аддаць сябе службе ў доме ці ў хляве. Гэта несправядліва: у той час, калі ў доме паспяхова нараджаюцца, гадуюцца і бяруць шлюб дзеці, спраўна ідзе работа, паляпшаецца дабрабыт, расце пашана, у хляве - блага вядзецца скаціна, хварэе, падае, няма ў яе сілы. Гэта значыць, што Дамавік апякуе, а Хляўніка ці зусім няма, ці ён шкодзіць гаспадарцы...

Праўда, Дамавік і Хляўнік вельмі падобныя адзін да аднаго характарам, дзівацтвамі, звычкамі, абодва стараюцца спрыяць сваёй гаспадарцы, але ў дабрадзейнасці таго і другога ёсць і розніца: Дамавік не пойдзе ў хлеў, а Хляўнік - у дом; кожнаму на сваім месцы дастаткова работы.

Хляўнік пераважна звязаны з гаспадаровымі коньмі (Канёўнік) і каровамі, вельмі рэдка - з авечкамі і ніколі - з козамі і свіннямі; ён ледзьве пераносіць іх прысутнасць у хляве. Летам і зімою Хляўнік пастаянна застаецца ў хляве, займаючы ў ім ці задні кут, ці залазячы на бэльку, на курынае седала, адкуль назірае за скацінаю, кожны раз падыходзячы да парога хлява, калі скаціна выпраўляецца ў поле ці вяртаецца ў хлеў. Здараецца, найбольш любімую жывёлу Хляўнік суправаджае часам да самога месца яе адлучкі, нават застаецца пры ёй ледзь не да вяртання дадому. Калі ж у час гнойнай талакі ці пашкоджання хлява скаціна заганяецца ў іншую гаспадарчую пабудову, у палявую загараду і начуе там, Хляўнік ідзе за жывёлай і займае свае прывычныя месцы - кут, бэльку ці жэрдачку.

Калі ўпадабаў Хляўнік гаспадароў, калі даспадобы прыйшоўся яму падбор масці жывёлы - ён песціць і чысціць кожную скаціну, а коням нават заплятае грывы і хвасты, носіць любімцам ваду хатнімі вёдрамі, цішком падхопленымі ў сенцах ці пад паветкаю, падкладае паболей корму, не дапускае да крыўды адных жывёл другімі і інш. У адваротным выпадку ён кудлаціць, нават выдзірае шэрсць, грывы і хвасты скручвае ў каўтуны, трывожыць уночы, гойсае да апошніх сіл жывёлы па хляве. Болей за ўсіх дастаецца нялюбай кабыле, на ёй Хляўнік выязджае на двор, у гумно, носіцца з канца ў канец па вёсцы, праскача вёрст пяць па дарозе ці па полі, і за адну толькі ноч давядзе яе так, што кабыла спадзе з цела. Акрамя таго, ён адштурхоўвае жывёлу ад корму і пойла ці пераносіць іх да любімца, які такім чынам адкормліваецца за кошт нелюбімца. Апошні худнее, марнее, самкі скідваюць плод, нованароджаныя бываюць са скрыўленнямі, арганічнымі парокамі.

Ва ўсіх такіх стасунках з жывёламі Хляўнік застаецца нябачным і толькі зрэдку ўзнікае ў вобразе скурчанага, зморшчанага, худога чалавека: здаецца, нібы шкілет хлопчыка памясцілі ў скуру дарослага. Ён можа дзейнічаць і ў цемры, аднак абыходзіць скаціну і дае распараджэнне пры свечцы з сінім полымем, якую запальвае па-даўнейшаму: крэсівам і трутам.

Хляўнік пераборлівы ў густах: адзін не любіць вараных, другі - шэрых, трэці - двухжыльных коней; усе ж яны цярпець не могуць стракатых, лапленых: на апошніх ён звычайна заязджае ў хлеў, калі толькі датуль не было яго там, і псуе ўсю жывёлу. Неяк мірачыся з казою, Хляўнік не пераносіць казла (самца), і калі пажадана вывесці Хляўніка, дык варта пасяліць з іншым таварам казла, і тут жа, у канюшні, павесіць забітую сароку. Хляўнік рашуча не выносіць яе; калі яна часта садзіцца на хлеў і сакоча, выдаючы гэтым знаходжанне Хляўніка, дык той робіцца раз'юшаным і пачынае шкодзіць любімым жывёлам і, нарэшце, зусім сыходзіць з хлява.

У тых адзінкавых выпадках, калі Хляўнік жартам ці ў раптоўным гневе патрывожыў скаціну ўночы, яго можна спыніць, прысарамаціўшы: увайшоўшы цішком у хлеў з прыхаванай, незапаленай грамнічнай свечкай, пры першым шамаценні падняць свечку і дакорліва сказаць, што, маўляў, бачу твае хітрыкі, яны зусім непрыстойныя...

Пры згадванні Хляўніка імя яго не называецца. Асцярога забараняе глядзець у кут, на бэлькі і шасты, дзе, мяркуецца, знаходзіцца Хляўнік. Пры неабходнасці крануць бэльку, жэрдку, трэба спачатку назваць гэтыя прадметы, каб папярэдзіць Хляўніка, які са сну можа нарабіць нямала бяды.

Тэрміны жыцця, як і магчымая пагібель Хляўніка, аднолькавыя з Дамавіком, але Хляўнік старэе і гніе ад знаходжання ў брудным хляве хутчэй за Дамавіка, асабліва калі яму даводзіцца цярпець ад паразітаў, што... прыстаюць да яго ад жывёл. Калі Хляўнік не дрэмле, то так неміласэрна цярэбіцца, скідваючы паразітаў і кару ад наліплага гною, прычым скура яго лысее... Калі хлеў утрымліваецца неахайна і недастаткова абаронены, Хляўнік больш сядзіць у сваіх патаемных месцах і скацінаю мала займаецца, тады і найбольш любімыя ім жывёлы застаюцца без яго догляду, робяцца бруднымі... Паморак скаціны - гэта альбо помста Хляўніка, які заносіць заразу, ці неабходная ахвяра пры яго пагібелі. Дзе такім чынам загінуў Хляўнік, там ніколі не развядзецца скаціна. (Никифоровский II, с. 53-57.)

@

Хут

«Хут, у каго ў доме жыве, вельмі таму спрыяцель у гаспадарцы, багацце ў дом прыносіць, снапы з чужых палёў у гумно, золата з няведамых скарбаў. Вечарам яго можна часам бачыць на небе, як ляціць вогненны, чырвоны - золата нясе, як цёмна, чорна - збожжа, снапы. Але яго трэба шанаваць, смачна карміць, яго любімая страва - яечня. Як спячэ гаспадыня яечню, нясе на гарышча, ставіць там і кліча:

- Хут, Хут, ідзі сюды, дам яечаньку, абарачаньку.

Ён тады прыходзіць і есць. І тады ўсё ў дом носіць. На гарышчы Хут жыве, а лятае дзе хоча, ніхто не ведае дзе. Можа перакінуцца ў што хочаш - у корч, у старое калясо, палена.Кажуць, быў такі выпадак. Парабак падслухаў, як гаспадыня клікала Хутка есці яечню, ды з'еў тую яечню сам. Хут вельмі разгневаўся, думаў, што гаспадыня кпіны састроіла, і спаліў увесь двор, і гумно, і дом. Гасілі людзі, гасілі і не далі рады. Стаяць, глядзяць на галавешкі. А тут калясо старое ляжыць (а гэта быў Хут, ён перакінуўся ў калясо, жыць яму ўжо не было дзе). Дык сусед кажа:

- А што ж яно тут будзе гарэць - дый перакінуў у свой двор.

Дак адкуль толькі што ўзялося ў яго! Усё яму пайшло і ўраджай, і ўсялякае дабро». (Запісала Л.Салавей у 1975 г. ў в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Менскай вобл. ад сваёй бабулі Марыі Чарняўскай, 1878 г.н.)

@

Цёця

Цёця, багіня лета. Па разуменні беларусаў, Цёця адрозніваецца ад Лялі, багіні вясны, тым, што першая крыху старэй за другую. Цёця - гэта ўжо не маладзенькая, зграбная, тоненькая дзяўчына, а мажная, пажылая, поўная жанчына; яна, кажуць, з'яўляецца на полі ўся прыбраная ў спелыя каласы і са спелымі пладамі ў руках... Яна мала вядома ў Беларусі. У гонар яе ніякіх асаблівых цырымоній і песень няма. Яна вядома толькі ў некаторых губернях Беларусі. (Древлянский, с. 120-121.)

@

Цмок (Смок, Чмок, Змей)

Цмок жыве і дзейнічае сам па сабе, яго не любяць іншыя нячысцікі з-за яго фанабэрыстасці. Дзякуючы прыроднай ляноце, нерухавасці з-за таўшчыні, Цмок не заўсёды адгукаецца дапамагчы на заклік чалавека ці на заклік іншага нячысціка. Аднак калі ён падступіўся да ахвяры - абавязкова дамучыць яе, папярэдне ўзважыўшы, ці варта яна ўвагі, парушанага спакою; калі не - Цмок пагардліва адварочваецца, пакідаючы яе іншым нячысцікам.

Знешне Цмок акуратней за астатніх нячысцікаў, любіць купацца, ходзіць у лазню і штодзённа мыецца... Прадбачлівая асцярожнасць захоўвае Цмокаў даўжэй, чым усіх нячысцікаў. Яны рэдка чапляюцца да простых вясковых людзей. На людзей сямейных Цмокі не нападаюць. Затое парушальнікі грамадскіх абавязкаў - першыя іх ахвяры. (Никифоровский II, с. 40-41.)

«Змей, або Смок, вялізны, як будынак, бывае ў яго тры або шэсць, або дзевяць, або і дванаццаць галоў, тыя галовы, як цабры, вялізныя, зубы, як нарогі, пазуры, як сярпы, а крылы, як палашы, вострыя: як дасць імі па чом, так і перасячэ. Гэта найстрашнейшы звер на свеце; дзе ён жыве, ці ў лесе, ці на воблаках, то няведама, бо ён і па паветры лятае». (Federowski, s. 126.)

@

Чорт (Д'ябал, Сатана, Бес, Нячысты дух, Люцыпер, Нялёгкая сіла, Злы)

Чорт, паводле народных уяўленняў, мае цялесны вобраз; ён з выгляду чорны, калматы, на галаве ў яго двое невялікіх рагоў, ззаду хвост, на нагах і руках шмат вострых кіпцюроў. У Чарцей мужчынскага полу ёсць нават барада, але барада гэтая рэдзенькая, казліная. Чорт можа прымаць на сябе розныя абліччы: ён можа з'яўляцца ў вобразе жывёл і нават чалавека. Пераўвасабляючыся ў чалавека, ён з'яўляецца пераважна ў выглядзе пана. Але як бы Чорт ні стараўся падрабіцца пад чалавека, яго ўсё ж лёгка пазнаць па рагах на галаве, кіпцюрах на канечнасцях і па хвасце, таму што гэтыя прыкметы не могуць быць ні скінуты, ні зменены. Таму ён стараецца па магчымасці закрыць гэтыя свае характэрныя прыкметы адзеннем, і заўсёды з'яўляецца ў капелюшы і пальчатках на руках. (Демидович, гл. I, с. 98.)

На галаве рогі, казліная барада, двухкапытныя ці аднакапытныя ногі, каровін хвост, на руках доўгія кіпцюры, цела пакрыта поўсцю. Хто з Чарцей найважнейшы, той у дадатак яшчэ кульгавы і гарбаты. Чорт таксама часта прымае аблічча казла. У гэтым выглядзе ён любіць жартаваць над прастадушнымі людзьмі. Калі пачнецца навальніца ці дождж, Чорт прыкінецца козлікам і пачынае жаласліва бляяць. Спагадлівы чалавек возьме яго ў крысо і нясе дадому, каб адагрэць. А Чорту толькі гэта і трэба: з хрышчонай душой яму бяспечней ад грымот, а таксама прыемна прымусіць чалавека паднесці сябе. Чым далей ідзе чалавек, тым козлік робіцца цяжэйшы. Чалавек, знемагаючы ад цяжару, ледзьве дыхае, а козліка шкада кінуць - так ён жаласліва бляе. Але вось ужо і дом. Тут козлік, выскачыўшы з крыса, рассмяецца дзікім голасам, зробіць непрыстойнасць - і толькі яго бачылі. Чорт любіць збіваць падарожнікаў са шляху, скідваць колы з восяў у час язды, заводзіць п'яных у балоты ці ў палонкі. (Богданович, с. 128-129.)

Прымаючы чалавекападобны воблік, нячысцік носіць адзенне нямецкага крою - цесную куртачку, вузкія панталоны, чаравікі з высокімі абцасамі і абавязкова - капялюш, які можа хаваць воблік нячысціка. Калі тое трэба, ён апранаецца ў звычайную сялянскую ці мяшчанскую адзежу, але, за выключэннем увасаблення ў жанчыну, нячысцік ніколі не апранаецца ў жаночыя адзежы; як не любіць сатаніць і саму жанчыну. Можна сцвярджаць, што з любой сямейнай пары нячысцік стане выводзіць мужа, следам за якім жонка сама па сабе прыйдзе да наканаванай пагібелі. (Никифоровский II, с. 19.)

Чорт - агідная істота з хвастом, казлінымі рагамі і нагамі, а часам у выглядзе пана ў фраку і капелюшы, ці, хутчэй за ўсё, у цыліндры. Казліныя ногі з капытамі прымушаюць Чорта, па магчымасці, хаваць ніжнюю палову свайго тулава. Яго, зрэшты, можна зрэдку бачыць у час моцнага віхру ў паднятым пыле, калі плюнуць тры разы і сказаць: «Чорт, Чорт, пакажы хвост!» Тады можна заўважыць «нячысціка» ў воблаку пылу, які круціцца і ўтварае віхор, толькі і тут доўга глядзець на яго нельга, «бо ён прычэпіцца да цябе і можа схапіць, штоб занесці дзецям на забаву». (Ляцкий I, с. 26-27.)

Чэрці падобныя да чалавека, але толькі пакрытыя доўгімі калматымі чорнымі валасамі і жывуць у розных месцах і хатах, лясах, водах, ёўнях, лазнях і завуцца Лесавікамі, Дамавікамі, Лазеннікамі, Авіннікамі. У летні час, а дванаццатай гадзіне дня, усе Чэрці сыходзяцца разам на берагі рэк, азёр; таму народ у згаданы час дня баіцца купацца на рэках і мыцца ў лазнях, асцерагаючыся, каб не загінуць ад Чарцей. (Добровольский I, с. 361.)

Людзей, якія бачылі Чорта, вельмі шмат. Асабліва часта бачаць яго жанчыны: адна выцягне яго вядром з калодзежа ў выглядзе чорнага ката; у другой ён у тым жа выглядзе вылез з-пад падлогі; трэція лавілі рыбу брэднікам і выцягнулі Чорта ў выглядзе вялікага сома і г.д. Усе гэтыя Чэрці з рогатам беглі ад жанчын. У 1890 гадах у м. Ветка хадзіла гаворка, што Чорт вылез з Сожа ў выглядзе карліка з паўаршына ростам, у круглай шапачцы і ездзіў на палачцы, як гэта робяць дзеці. Пазней бачылі, як ён плавае на маленечкай лодцы. Пасля гэтага прывіду ў Ветцы былі тапельцы. Мужчыны бачаць Чорта звычайна паблізу шынкоў у выглядзе высокага чорнага чалавека, аброслага валасамі, і з хвастом. (Романов, с. 288.)

Чорт у сваім звычайным вобліку рэдка паказваецца... Можа праціснуцца цераз самую маленькую шчылінку, прасачыцца цераз дрэва, камень, шкло і г.д., але пры сутыкненні з чалавекам без перамены чортавага выгляду траціць гэту здольнасць...

Чорт часта ператвараецца ў жывёл і нежывыя прадметы. Да абраных жывёл належаць: чорны казёл, баран і кот; з птушак: певень, сава і няясыць; радзей ператвараецца ў іншую істоту. Абарочваецца таксама капой сена, вязкаю гарошын, абгарэлым пнём і г.д., і ўсё гэта вырастае ў адзін момант і знікае, прасоўваецца наперад перад тым, хто едзе ці ідзе пешшу. Часам коціцца, як бочка, незапрэжаны воз ці кола («чортава калясо»). Парою Чорт ператвараецца ў зайца, у селяніна ці элегантна апранутага маладога чалавека. (Pietkiewicz II, s. 188, 197.)

Чорт ва ўяўленні палешука мае постаць, падобную да чалавечай... Ён худы, тонкі, на казліных нагах, калі жыве ў балоце, ці індычых, калі жыве сярод лясоў, палёў і ў дамах. Мае казліныя рогі, а пад старасць у яго вырастае казліная барада; рукі вельмі доўгія, з вострымі кіпцюрамі замест пальцаў, таўшчынёй з апошнія, але значна даўжэйшыя за іх; звычайна бывае іх па 5, а часам і па 6. Увесь, не выключаючы і твар, аброслы бараняй воўнай, у маладосці рыжай, а потым чорнай, насуперак прыказцы «Усе чэрці аднае шэрсці». На гэтым фоне злавесна блішчаць белыя зубы. Як блісне сваімі чартоўскімі зубамі, ды яшчэ заскрыгоча, то аж сумна робіцца, аж мурашкі па спіне пойдуць...

Язык Чорт мае вельмі доўгі, спружыністы; карыстаецца ім, быццам якой прыладай. «Уночы як высалапіць язык, да як лясне сам сабе па мордзе, то здаецца, што нехта пачаў паліць з біча, як робяць панскія хурманы, пад'язджаючы к пакоям, або як пастух ляпае пугаю. Падчас ходзіць кругом начэльнікаў з коньмі да й дражніцца: тут лясне, там лясне, а хлопцы думаюць, што ета з іх каторы адбіўся да й кепкуе. Абгукаюцца, да як даведаюцца, што ўсе тут, дак тады як стануць хрысціцца, то сатана зараз у ногі. А чы мала то раз ён падманіў стральца: як зачне ляпаць языком па асіне, бы нача глушэц спявае, то як добра ўдае яго песню, што найстарэйшага стральца ў блуд увядзе...

Чорт мае вельмі порсткі кашлаты хвост, што адным махам патушыць усе свечкі ў жыдоўскай школе ў судную ноч, як яму трэба ўхапіць жыда». (Pietkiewicz II, s. 188.)

Усімі Чарцямі кіруе самы старшы Чорт - Анцыпар, «Нічыпар». Ён «прабывае пастаянна ў пеклі, за дванаццаццю дзвярыма, на дванаццаці ланцугах». Пекла знаходзіцца пад зямлёю, у балоце. (Демидович, с. 99.)

Галава чартоўскай сілы, верхавод злосных дзеянняў у свеце - Люцыпыр (ён жа - «Анчыпыр», «Сатон д'ябальскі») - першы анёл, які адпаў і быў аддалены ад Святла Праўды і... скінуты з першазданнай вышыні... Па знешнім выглядзе Люцыпыр - сатанінскі гігант з буйнымі формамі і выразнасцю, якой баяцца нават падуладныя яму Чэрці; важыць столькі, колькі ўсе нячысцікі, узятыя разам. Як і трэба чакаць, Люцыпыр мае бачныя адзнакі сваёй годнасці - жалезную карону, прыбітую да чэрапа цвікамі, што праходзяць яго наскрозь, і штосьці накшталт жалезных вілаў у правай, з магутнымі кіпцюрамі лапе... Пры кожным выдыху Люцыпыр выпускае з ноздраў і пашчы доўгія пукі вогненных промняў, якія на далёкай адлегласці паляць сустрэчныя прадметы.

З часу свайго падзення Люцыпыр вольна жыў на свеце, і тады шмат цярпеў чалавек ад яго і служак яго. Але вось ужо некалькі стагоддзяў гэты першы чалавеканенавіснік запёрты ў змрочным пекле за дванаццаццю дзвярыма, за дванаццаццю замкамі, прыкаваны дванаццаццю жалезнымі ланцугамі... Ад яго шалёных кіданняў і парыванняў штомесяц разбураюцца адны дзверы, разрываецца адзін замок і ланцуг; яшчэ крыху - і Люцыпыр гатовы знішчыць апошнія перашкоды, сарвацца з месца і апынуцца на вольным свеце... Але ў гэты менавіта момант чуецца паўночны велікодны звон - і разбураныя дзверы, замкі і ланцугі зноў набываюць цэлы выгляд, змрочнае пекла робіцца яшчэ больш змрочным. Тады ў знямозе ад бяссільнай злабы горды ўладар зла падае ніц і застаецца нерухомым да Ўшэсця, пасля чаго ён зноў бярэцца за сваю векавую работу - грызе, кідаецца, енчыць...

Пры ўсім тым без волі і ўказання Люцыпыра не творыцца ніводная чартоўская справа... Перад канцом свету Люцыпыр, аднак, вырвецца на ранейшую, хоць і кароткатэрміновую волю, наробіць шмат зла людзям, што будуць жыць на той час, але хутка загіне з усім мноствам падначаленых Чарцей... Як хутка збудзецца ўсё гэта - нікому са створаных істот не дадзена ведаць... (Никифоровский II, с. 33-35.)

«Адзін старшы ангел, збунтаваўшыся, хацеў пабратацца з Богам, а Бог яго так піхануў, дак ён і паляцеў сторч галавою проста ў пекла, да там зрабіўся чортам Лапцыхвірам (Люцыфер). Патом яшчэ доўга ўслед за ім чорнаю хмараю сыпаліся Чэрці з яго дружыны, аж цёмна стала на свеце.

Як Чорту ў пеклі стала надта горача, ведама, яшчэ не прывыкшаму, то ён не выцерпеў, да й пабег шукаць вады, штоб пакупацца. Бяжыць ён да бяжыць, аж бачыць возера да велічэзнае, што і берагоў не відаць. Зірнуў у воду да й вельмі спужаўся, пабачыўшы там сваю паганую морду чортаву. Тады давай каламуціць ваду; каламуціў-каламуціў, пакуль з возера не зрабілася балота. Тут зараз напаўзло гадзюк, вужоў, яшчарыц, жаб да ўсякае іншае нечысці, бо й акурат пад той час у бусла паўцякалі з мяшка ўсе гады». (Pietkiewicz II, s. 186-187.)

«Трон боскі зроблены высока, а Люцыпер хацеў быць роўным з Богам і казаў сабе зрабіць такі самы трон, як у Бога. Так Бог яго за тае скінуў з яго анёламі да пекла і парабіліся чартамі...» (Federowski, s. 14.)

«Пекла - бо гэта аграмніста гара на канцы свету. Падыходзячы да яго, здалёк ужо чутно, як людзі енчаць, і відно, як дым з яго валіць, а на ўсіх дарогах грэшнікі да яго на вазох ковалы смалы саматугам валочаць. Каб хто ўвайшоў у сярэдзіну, то ўгледзеў бы б пасерад пекла да слупа дванаццацьма ланцугамі прыкутага Люцыпара. Навакол яго стаяць катлы з душамі, а рэшта то так і без катлоў валяюцца. З падыспаду пячэ іх агонь, а зверху смала распалена льецца. У гэтых катлох самы кролі, паны, ксяндзы: ім было на гэтым свеце добра, то затое на том свеце кепска. Навакол пекла мужыкі з сакерамі ўвіхаюцца: рубаюць, смалу возяць да пекла і кладуць пад катлы.

Пекла ёсць у найніжшым небе, у ём двое жалезных вароцяў: адны надта шырокія, а другія надта цесныя. Праз шырокія душы да пекла ідуць, а праз цесныя з пекла да неба, калі катора выпакутуецца... У пекле незмярона моц чарцей і кацёл вялізны са смалою, дзе грэшныя душы кіпяць і сам найстаршы чорт Люцыпар сядзіць, на ланцугу жалезным прыкаваны і пілнуе, каб увесь час агонь клалі пад кацёл, каб нігдачкі душы не пераставалі кіпець у смале.

Чорт худы, страшны, чорны, з рагамі і з хвастом. Ён можа зрабіцца катом, сабакаю, канём, чалавекам і чым толькі захоча.

Нячысты ходзіць заўсёды ў кароткім адзетку і ў чырвоным капялюшыку». (Federowski, s. 15-16.)

«Між палескіх Чарцей асобнае месца займае смаляны Чорт, а пры ім, нібы напалову Чорт - наглядчык смалярні, атаман. Бадай, на ўсім абшары Беларусі нідзе так выразна, як на Палессі, не вызначаецца роля гэтага Чорта, які жыве ў першабытнай смалакурні (майдан альбо печ), у лейкападобных ямах рознай велічыні, якія нагадваюць малыя гарадзішчы. Жыве ён у падземным калідоры (прыгрэбіца), які вядзе да лейкі, з якой выбіраецца смала, у чыстай ці смаляной бочцы, у будане рабочых у час іх адсутнасці, у дуплах, што застаюцца пасля дзятлаў, і часам на сасне, якая павінна быць звалена на смалякі.

Калі мужык падкопуе хвою на лучыну, то Чорт, седзячы на ёй, жджэ, пакуль ён дакапаецца да старчавіка да стане клесці, а тагды ўхопіцца за шчык, завісне да й паваліць да долу. Так стараецца, штоб больш было смалы ў пекле.

Смаляны Чорт заўсёды ў добрых адносінах з атаманам. Дапамагае яму не толькі ў смалярні пры вырабе смалы, але і за яе сценамі апякуецца ім.

Чорт за атамана вельмі журыцца, бо ён толькі спераду быццам то чалавек, а ззаду такі самы каўтунаваты Чорт смаляны. Яго Чорт любіць і вучыць знахарству за тое, што ён гоніць смалу, штоб было ў чэм варыць грэшнікаў у пеклі. Атаманы пераймаюць ад Чорта ўсякае знацце і ўхваткі - кожны нешта знае.

З работнікамі ён не так запанібрата, як з атаманам, але ім таксама дапамагае ў рабоце - і тым, што робяць у смалярні, і тым, хто дастаўляе смалякі; часам толькі ладзяць дробныя гарэзы.

Як хто хваліцца да хвастае, што без Чорта абыйдзецца ў рабоце каля смалы, то ён яму зараз і адпора якуюсь чартоўскую штучку. Знай, маўляў, што без мяне нічога не зробіш...

Смаляны Чорт назірае за смалою, якая перавозіцца ў бочках да прыстані над Прыпяццю, і плыве з ёю на плытах Дняпром аж да Краменчуга - і нічога дзіўнага, бо смала, як лічыць палескі люд, - гэта яго ўласнасць. (Паляшук ведае для чаго служыць такая вялікая колькасць смалы, і тым не менш верыць, што ідзе яна ў пекла.)

Як вязуць бочкі з смалою да берагу ў Юравічы або ў Ламачы, то і Чорт едзе вечарам за падводамі. Ён не пад'язджае блізка да прыастаецца ззаду... сколькі раз азірнешся, то пабачыш, што на каню сядзіць нешта чорнае, да тут было, а тут і шчэзла. Калі ў дарозе прыйдзецца начаваць, то ўночы чорны казёл ходзіць паміж бочак да нюхае тую смалу, што падчас цячэ з бочак.

Лоцманы кажуць, што чорны казёл бывае і на плытах, да не такі рахманы, як у нас; уночы выскачыць з вады, прабяжыць на плыту да й боўць у воду, а ўдзень то толькі выткне морду з рагамі, да й нырне.

Смаляны Чорт адрозніваецца ад сваіх пабрацімаў толькі шэрсцю, заўсёды ўскудлачанай, у выніку доўгага ацірання аб смаляны посуд... Уночы ён ператвараецца чорным казлом, а ўдзень набывае воблік селяніна ці пана.

Як Чорт смаляны пабратаўся з панамі да з немцамі, то па заводу казлом чорным ходзіць толькі ўночы, а ўдзень надзявае панскі храк з хвастом, чырвоны капялюш да панчохі доўгія, як у жыда. Чаравічкі скрыпяць, як цвыркуны, а як ідзе чы то па пяску, чы па балоце, то адзінакава курава падымаецца. Ведама, прыгледзеўся к немцам, як ставілі завод, да й сам у немца ўклепаўся. Цяпер ужэ мужыцкую люльку пакінуў, да смокча панскага цыгана (цыгару), уваткнуўшы ў таўстую чараціну, да носіць дзыгарак, а на нос чапляе акуляры. З атаманамі стаў строгі - дзяржы вуха! А як каторы чуць што прашкапіць, то ад яго смолу адбярэ, да занясе ў завод, а то яшчэ і дурнем зробіць. Тады пан таго атамана па шыі, да «пашоў вон, дурню, з маго майдану, бо ты нічога не знаеш»...

У Прушыне кішыць ад Чарцей, а махайнік, лысы пан, той, што смалу гоніць, не то штоб быў з імі ў хаўрузі, да бы нача за прыганятага над імі настаўляны. Уночы каўтунаватыя смалявікі пруць яму цэбрамі смалу адусюль: то ад атамана, правініўшагася, то з пекла, а ён сядзіць сабе ў пакоях да й люльку курыць. Пад той час чорны казёл па катлах скача да й скача, а далей як стане балбатаць, дак пан зараз і прыбяжыць у завод; паходзіць, нешта пашэпча, тады балбатня сціхне, змяя зашыпіць, а Чорт давай жорыць у два малаткі: лап! лап! лап! лап! Аж пакуль пеўні заспяваюць. Настане божы дзень, дак пракляты немчык збыту не дае: куды ні зірні, то ён тут - пакажацца, да й скрозь зямлю пойдзе, то перабяжыць да й шчэзне». (Pietkiewicz II, s. 204, 206-208.)

Згодна з перакананнем людзей, жыве ён у пекле, якое памяшчаецца недзе ў глыбіні зямлі. На зямлю выходзіць толькі дзеля спакушэння чалавека і авалодання яго душою ды з дапамогаю ведзьмарам і чарадзеям... Чорт - гэта постаць, пакрытая цёмнай поўсцю, сваім выглядам ён нагадвае крыху чалавека. Так, як і той, ходзіць на дзвюх нагах, але закончаных капытамі. Неразлучнай рысай яго знешнасці з'яўляюцца хвост і рогі, якія нагадваюць рогі маладога козліка. Вушы заўсёды адтапыраныя і даволі вялікія.

Другі воблік Чорта ўзалежнены абставінамі, у якіх ён знойдзецца на зямлі. Часта прыходзіць ён туды, выкліканы шматлікімі варожбамі маладой дзяўчыны, якая хоча ўбачыць свайго будучага мужа. І тады набывае постаць прыстойнага элегантнага мужчыны ў капелюшы. З твару смуглы і пацяглы, з арліным носам ды рэдкай спічастай бародкаю. Але ёсць і пэўныя пастаянныя рысы. Заўсёды застаюцца пад капелюшом рогі... гавораць, што застаецца таксама і хвост. Таму чалавечая фантазія апранае Чорта ў доўгі чорны плашч... На нагах у яго замест чаравікаў - капыты..., бачылі яго і на курыных лапах. Здараецца і такое, што абуваюць яго ў чорныя бліскучыя боты...

Чорт-жартаўнік прыходзіць найчасцей у выглядзе багата апранутага мужчыны, які сустракаецца на дарозе чалавеку і завязвае з ім гандлёвыя адносіны... Чалавек застаецца ашуканым і абсмяяным.

Чорт-спакушальнік, высланы з пекла па душы людзей, або які прыйшоў з намерам звесці чалавека з добрай дарогі..., набывае розныя постаці. Неаднаразова сам ён знаходзіўся ў гумарыстычным святле, быў ашуканы чалавекам, які атрымаў ад яго багацце або нейкую дапамогу ўзамен за сваю душу...

Супрацоўніцтва з Чортам, паводле народнага веравання, давала карысць чалавеку толькі пры жыцці. Потым поўнасцю Чорт авалодваў яго душою і спіхваў яе ў пекла на вечныя пакуты. Паслядоўнасцю гэтага супрацоўніцтва было дакучанне сям'і памёршага. Чорт пасяляўся ў яго хаце і муціў яе спакой - біў пасудзіну, ламаў мэблю, перарываў начны сон. (Шаховіч, с. 127-130.)

Чорт ператварае людзей у звяроў. Беларускі народ перакананы, што д'ябал можа ператварыць чалавека ў хоць якое стварэнне...

Чорт, як толькі захоча, можа вокамгненна зрабіцца чалавекам. Бывалі выпадкі, што д'ябал у вобразе валацугі здабываў сэрцы найпрыгажэйшых дзяўчат і нават ездзіў на спаборніцтва да самой каралеўны...

Злы дух, каб ашукаць чалавека, не толькі можа прыняць яго аблічча, але робіцца такім падобным да таго, чыім двайніком хоча стаць, што нават жонка не ў стане адрозніць яго ад свайго ўласнага мужа...

«Часам бывае, што Чорт сам увойдзе ў чалавека, калі чалавек надыдзе або над'едзе на віхар, як пясок круціць, а часам вядзьмар увашле або праз злосць якую, або як яму прыйдзе тая пара, што ён мусіць каму ўваслаць, то і ўвашле або ветрам, або дасць у чом з'есці ці выпіці. Чорт заўсёды губаю ўходзіць у чалавека, асабліва, калі, рана ўстаўшы, не перажагнаешся, але ўпярод Чорта спамяне. Як нячысты ўходзіць ветрам у чалавека, то дмухне яму ў твар халодны вецер, што аж ён зжахнецца і ўжо ўвайшоў».

«Чалавек, у которум Чорт пражывае не з яго волі, але праз ліхія людзі, карысці ад Чорта жаднае не мае. Наадварот, ён яшчэ яго мучыць, вядзе яго ў крыніцы, у балота, адбірае яму розум, пад'юрувае яго з людзьмі біцца, або сварыцца, а калі прывядуць такога чалавека да ксяндза... то не раз людзі чуюць, як Чорт просіцца: «Што я вінен! Не наракайце на мяне, я ўвасланы, а я слухаць мушу сваіх старшых. Мяне той і той уваслаў, але пазвольце мне выйсці, кудою я схачу, то я выйду». Але Чорт заўсёды просіцца выйсці то праз ногу, то праз руку, то праз палец мізіны на руццы або на назе, або праз голаў, а ксёндз не можа пазволіць, бо ён бы адарваў гэту часць цела. Ксёндз гаворыць, свенцячы: «Выходзь тудою, кудою ўвайшоў». Калі выскачыць Чорт праз горла, то чалавек з гадзіну або і больш ляжыць сіні, без жыцця, покі яго ксёндз то тым, то сім, то камуняю святою агуціць, але то рэдка здарываецца, бо і ксяндзоў мала такіх шчаслівых, каторыя Чартоў могуць выганяць».

Народ верыць, што вельмі часта да жанчыны ці дзеўкі, якая сярод ночы не пакідае думаць пра мёртвага мужа ці каханка, прыходзіць д'ябал у вобразе любага ці таксама ў яго целе. (Federowski, s. 20-22.)

«Няможна думаці ніколі ўночы ані аб умерлым, ані аб каханку дзеўцы, ані хлопцу аб дзяўчыне, каторую любіць, бо ўночы Чорт у тае асобы постаці будзе прыходзіць». (Federowski, s. 250.)

«Як святы Міхайла, надзеўшы на шыю Лапцыхвіру ланцуг, да яго самога ў пекле прыкаваў к жалезнаму стаўпу, а Бог Чарцей перунамі разагнаў на ўсе стораны, то яны паўцякалі, куды каторы глядзеў: той у балота, той у лозу, той у лес, а то і па хатах пахаваліся, да яшчэ дзе можна».

«З гэтай легендай звязаны некаторыя назвы, нададзеныя Чорту: Чорт, Чорт з балота, Чорт лазаты, альбо Чорт лесавы, Чорт смаляны, Чорт кашлаты, Чорт рагаты, Чорт кульгавы альбо храмы, Чорт з лапамі. Іншыя назвы: Кадук, Бес, Сатана, Нячыстая сіла, Нячысты (Нялёгкая сіла, Нялёгкі), Ліха, Штось, Нешта, Яно, Дамавік, Дамавы альбо Хлоплік (Хохлік)». (Pietkiewicz II, s. 187-188.)

Не ўсе, аднак, Чэрці сядзяць у пекле: жаданне шкодзіць, наколькі магчыма, людзям цягне іх на паверхню зямлі. З гэтай мэтаю Чорт падшуквае сабе жытло бліжэй да чалавека і туліцца ў тых месцах, дзе вельмі часта даводзіцца бываць чалавеку. Але як бы там ні было, Чорт больш за ўсё выказвае сімпатыі да вады і балота; вада і балота - яго стыхія і паблізу іх ён стараецца выбраць галоўнае сваё жытло. (Демидович, гл. I, с. 99.)

Не па ўсіх месцах Чорту можна блукаць па зямлі, напрыклад, яму нельга залятаць туды, дзе раслі лён, каноплі, пшаніца, таму што з іх вырабляюцца алей і прасфоры, якія пастаянна ўжываюцца ў царкве; Чорту нельга таксама знаходзіцца ў вадзе ад Вадохрышча да Раства Іаана Прадцечы (Купалля), садзіцца на вярбу з Вербнай нядзелі да Вадохрышча і на ўсе наогул травы ад Раства Іаана Прадцечы да зімы. Беларус кажа, што Чорт ад Вадохрышча да Вербнай нядзелі сядзіць на вярбе, з Вербнай нядзелі да Раства Прадцечы - на травах, а з Раства Прадцечы да Вадохрышча - у вадзе. (Демидович, гл. I, с. 99-100. Варыянт: Никифоровский II, с. 12.)

Вербніца. У гэты дзень «вярбу свецяць і з вярбы выганяюць нячыстага духа». Няма куды падзецца нячысцікам. Бягуць яны з гэтага дня ў траву. Настане Іванаў дзень, і іх з травы святой вадой выганяюць. Тады яны кідаюцца ў ваду і жывуць там да Хрышчэння. У гэты дзень іх пераганяюць зноў у лазу, калі апускаюць крыж на «Ірдані». Так і ганяюць іх, як сабак, цэлы год. (Пщелко, 161, с. 2.)

«Па жытнім полі, таксама, як і ўсюды, Чорт можа хадзіці, а Русалкі ўвесь час у жыце жывуць, покі жыта перарасце».

«Да пшаніцы Чорт прыступу не мае таму, што з яе пякуць аплаткі і камунію (для прыгосця)...»

«На пшаніцы і пшонніку чалавеку найбяспечней, бо там Пярун не ўдарыць і ліхі вецер не падвее».

«Да пшаніцы, да льну, мёду і воску ніколі нічога злога не прычэпіцца».

«Да льну, паводле пераканання мясцовага народа, таксама ніводная нячыстая сіла не прыступіцца: «Бо з лёну робяцца кноты да свецаў касцельных і лямпаў». (Federowski, s. 170-171.)

Галоўным месцазнаходжаннем Чарцей лічацца балоты, асабліва бурыя, тарфяныя... Другім любімым месцам знаходжання Чарцей лічацца лазні. У вольны час Чэрці гоняць смалу, у якой гараць у пекле грэшнікі. (Романов, с. 286.)

Улюбёнымі месцамі чортавых зборышчаў, як і паасобных блуканняў, трэба лічыць пусткі, пакінутыя сялібы, старыя і напаўразбураныя пабудовы, млыны, пераважна ветраныя, месцы самазабойстваў, яры і наогул мясціны, куды рэдка ступае нага чалавека і куды даўно не заносіўся асвечаны прадмет, а з бойкіх мясцін - вядомыя «ростынькі». Шмат іх туліцца ў розных вадаёмах, адкуль, аднак, яны імгненна выскокваюць пры кожным асвячэнні тут вады, садзяцца на бліжэйшыя прадметы - дрэвы, камяні, узгоркі - і горка плачуць па пакінутым месцы. Тут зімою яны падпільноўваюць баб, што прыходзяць праць бялізну, а летам - першых купальшчыкаў: як толькі пачуюцца першыя ўдары праніка аб лёд ці купальшчык ступіць у ваду - туды ж радасна ўскокваюць і нячысцікі. Калі ні адно ні другое не здарыцца на працягу года - нячысцікі так і праседзяць на навакольных прадметах цэлы год, пакуль не выберуць новыя месцы. (Никифоровский II, с. 25.)

У збожжы часам у адным месцы вырастаюць прыгожыя каласы, высокія, нібы цёмны буйны астравок, які адрозніваецца ад цэлага поля. Менавіта там сядзіць д'ябал у выглядзе вужа, ад подыху якога там буяе збожжа. Ён вельмі доўгі, не мае ног. Аднак падскоквае, нібы мае ногі, і высока падымае галаву. Уночы ён выпаўзае са збожжа на пашу, каб укусіць каня ці вала. Укушаная жывёла гіне без ніякай відавочнай прычыны, таму што той не пакідае след ад укусу. (Kibort, s. 397.)

Каб убачыць д'ябла, трэба апоўначы пайсці ў лес ці ў балота, паклікаць тройчы сваім іменем, і ён прыйдзе. (Szukiewicz, z. 4, s. 436.)

«Чорт касцельны. У кожным касцёлі пры імшы канешне мусіць быць Чорт, каторы сядзіць у бабіньцы з валоваю скураю. Яго людзі не бачаць, але ён усіх нават і праз сцену бачыць і як хто аглянецца ці засмяецца, не моліцца альбо так зграшыць, так ён зараз і запісувае на валовай скуры. Уночы Чорт лятае наўкол касцёла і бароніць уваход у яго. Нават ксёндз як адзін, то вайсці ўвойдзе, а выйсці не дасць рады». (Federowski, s. 18.)

«У каторум дому не жывуць людзі, то там ужэ Чэрці жывуць; яны там свішчуць, скачуць».

«Калі чорт улюбіць сабе які пусты будынак, а чалавек улезе яму ў дарогу, то тады кідае ўсім, гракаціць датуль, пакуль чалавек не ўступіць». (Federowski, s. 40.)

«Людзі кажуць, што Чорт любіць сядзець у сухой дуплястай вярбе». (Federowski, s. 173.)

«Чорт вельмі настырнёны ў самую глубасць (смелы апоўначы), а як толькі першыя пеўні запяюць, то ён уцякае або дабрэе і не лезе сляпіцаю ў вочы. Уночы Чорт прыходзіць у хату праз комін. Калі Чорт лезе ў хату чэраз комін, то ўюшкі брашчаць, бо ён іх рагамі падымае; бывае, да ўюшак не датыркаецца, да пхне засланачку, да й вылезе на печ, а то за тым, што гаспадыня, кідаючы ў печ дровы пасля хлеба, укіне так, што падчас два палена пакладуцца наўхрэст.

Чорт праз трубу ад лучыны ў хату не ўваходзіць, таму што пад ёю прымацоўваюць лучыну, сплеценую з прутоў, а гэта яму нагадвае крыж. Пазбягае таксама і акна, бо рама таксама перакрыжаваная; гэту апошнюю дарогу выбірае толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, пра што нават прыказка гаворыць: «Зачыні Чорту дзверы, то ён у вакно». (Pietkiewicz II, s. 202.)

Калі віхор падымае слупы пылу на полі, кажуць, што Д'ябал са сваёй маткай жэніцца. (Szukiewicz, z. 4, s. 436.)

Чэрці жэняцца, маюць дзяцей і жывуць сем'ямі. Калі падымаецца віхор, то беларус перакананы, што гэта едзе «чортава вяселле». Калі ў гэты час кінуць у віхор якую-небудзь вострую прыладу, то на ёй можна заўважыць кроў; гэта азначае, што кінутая прылада трапіла ў Чорта. (Демидович, гл. I, с. 101.)

Сам Чорт, аднак, можа быць добрым мужам і сем'янінам. Існуе перакананне, што жэніцца ён на адной з Ведзьмаў пасля свята Вадохрышча і ў час яго вяселля бывае вялікая завіруха... Жонка яго жыве на высокай гары, куды людзі не могуць узабрацца і Чорт носіць ёй у выглядзе ласунка воўчыя ягады, а напярэдадні Івана Купалы прыносіць папараць-кветку, сарваўшы якую, Чорт пакідае на кусце знак сваёй рукі - сіні агеньчык, які не гасне ўсю гэту ноч. Гэты агеньчык і ёсць верная прыкмета скарба, закапанага паблізу нячысцікам у знак узнагароды зямлі за папараць-кветку.

Віхор уяўляе чортава вяселле, у якім удзельнічаюць і Ведзьмы. Калі кінуць у сярэдзіну слупа ад віхра нож, то ён упадзе на зямлю скрываўлены...

Чэрці не паміраюць, і іх можа забіць толькі гром. Грому яны вельмі баяцца. Гэта відаць з таго, што вяселлі свае яны гуляюць толькі ў вельмі добрае надвор'е, калі нельга чакаць навальніцы. У час навальніцы яны хаваюцца нават у ваду і ператвараюцца ў рыб. Вопытныя рыбаловы нізавошта не стануць есці злоўленай у час навальніцы рыбы, у якой чырвоныя вочы. Гэта, несумненна, Чэрці. Чэрці крадуць у жанчын неахрышчаных дзяцей ці падменьваюць сваімі. Калі такое Чарцяня панясуць хрысціць, яно зробіцца чорным катом ці казлянём, а таксама бараном ці сабакам (абавязкова чорнымі) і пабяжыць з рогатам. Тады Чэрці вяртаюць парадзісе ўкрадзенае дзіця. (Романов, с. 286.)

Паводле некаторых апавяданняў, у Чорта ёсць дзеці, якім строга адведзены сферы іх дзеянняў, - гэта Дамавікі, Лесавікі, Вадзянікі і Русалкі (Купалкі, Вадзяніцы). Таму, народжаныя ад шлюбу з Ведзьмаю, жыхаркаю зямлі, чортавы дзеці жывуць выключна на зямлі і не заглядваюць у пекла. Кожны дом, згодна з народным павер'ем, мае свайго Дамавіка, кожнае больш-менш значнае возера ці рака мае свайго Вадзяніка і Русалак; вялікі гай, густы дрымучы лес служыць жытлом свайго асобнага Лесуна. Чым гусцей і шырэй лес, тым страшней яго Лясун. Чым глыбей возера ці шырэй балота, тым больш грозны Вадзянік, які ў ім жыве і наадварот... Паводле другіх крыніц, Дамавікі, Лесуны і інш. паходзяць ад людзей, якія зрабілі цяжкае злачынства ці загінулі без надзеі на Бога - без крыжа на шыі і г.д.

(Дамавікі, Лесуны і інш.) раней былі «яжгалы», г.зн. анёлы, але на чале са старшым сваім захацелі пазбавіць Бога нябеснага ўладарання, за што Бог паразіў іх грамамі, перунамі, і яны паляцелі на зямлю. Адны трапілі ў балота і засталіся там, іншыя запыніліся ў лясах, трэція ўпалі ля чалавечага жытла. (Ляцкий I, с. 29-30.)

Кожны асілак мае ў сабе «чортава рабро», якое даецца яму наступным чынам. У адзін час і ў адным доме з асілкам нарадзілася Чарцяня, якое, як вядома, не п'е матчына малако. Пакуль хрысціянскае дзіця не атрымала хрышчэння, карыстаючыся матчыным і бабчыным недаглядам, Чорт прыносіць дзіця сваёй жонцы, каб здаіць малако, прычым апяразвае яго чортавым поясам між грудзьмі і жыватом. Пояс упіваецца ў цела, а ў час хрышчэння зацвердзявае і ўтварае новую пару рабрын. (Никифоровский I, с. 82-83.)

Беларусы ўяўляюць, што на дне непадступнай дрыгвы сядзіць старшы Чорт і адтуль рассылае падуладных яму Чарцей для спакусы людзей, слухае справаздачы пра іх дзейнасць, падае ім парады, як дасягнуць больш паспяховых вынікаў, і карае гультаяватых. Між імі існуе даволі доўгая іерархія, але сумленнасці ў іх асяроддзі няма і паміну; наадварот, падначаленыя ўсяляк імкнуцца падмануць начальнікаў, ухіліцца ад зададзенай работы, асабліва калі яна цяжкая і непрыемная, і пазбегнуць кары... Мяркуецца, што яны маюць палавыя і ўзроставыя адрозненні: ёсць Чэрці, Чартоўкі і Чарцяняты. Аднак Чорт не супраць уступіць у палавую сувязь і са звычайнай смяротнай. Ад такога кантакту нараджаюцца пачвары і вырадкі, якія не маюць ніякага падабенства з чалавекам. Адразу ж пасля нараджэння яны знікаюць з віскам і рогатам. (Богданович, с. 130-131.)

Нячыстая сіла даволі шматлікая. Сярод яе вылучаюць Д'ябла, Чорта, Сатану, Беса, Нячыстага духа, Анціпку бяспятага, Кадука, Паралюша. Сатана і Д'ябал старшыя, а ўсе астатнія - радавыя нячысцікі. Самым старшым лічыцца дзядуля Люцыпер, які развёў Чарцей. Чэрці жэняцца на Чарціхах і маюць дзяцей. Але акрамя Чарціх Чэрці знаюцца і з жанчынамі-ведзьмамі. Ад такой сувязі нараджаюцца пачвары з рагамі ці калматыя, са свіным лычом, ці без рук і ног. Чэрці жэняцца яшчэ на самазабойцах-жанчынах, а Чарціхі выходзяць замуж за самазабойцаў-мужчын... Чэрці лятаюць да сваіх жонак-ведзьмаў у выглядзе вогненных змеяў, праз комін. Чырвоныя змеі носяць ведзьмам грошы, жоўтыя - жыта, хлеб, белыя - воўну, а таксама муку. (Романов, с. 285-286.)

Нават самае малое дакрананне Чорта да Чартоўкі адразу ж дае Чарцяня; калі ж чортава пара ўвайшла ў ваду, у балота ды ўзялася за рукі - паміж рук пачынаюць плёскацца Чарцяняты, якіх за чвэрць гадзіны можа з'явіцца добрая сотня. Атрымліваюцца чыстакроўныя вольныя нячысцікі, адразу гатовыя да чартоўскай дзейнасці; для разводу іх толькі патрэбна Чартоўка. (Никифоровский II, с. 22-23.)

Нячысцікаў шмат размнажаецца толькі ўвосень, менш - зімою і зусім мала - увесну, да першага грому - магутнага знішчальніка іх на працягу ўсяго лета. Нямала гіне Чарцянят пры самым іх нараджэнні. Напрыклад, калі момант нараджэння Чарцяняці супаў з паўдзённым ці паўночным крыкам пеўня, які нябачна знаходзіўся паблізу, нованароджаны гіне ад «разрэзу», г.зн. ад уздзеяння пеўневага голасу: ён рассякаецца папалам, прычым раз'яднаныя часткі ўжо не могуць з'яднацца зноў. (Никифоровский II, с. 28.)

Асцерагаючыся добрай сілы як праціўніка сатанінскай, нячысцікі асабліва баяцца верхаводцаў граманоснай сілы - святых Юр'я і Іллі, з якіх першы кіруе грамамі вясною, а апошні - у астатні час, да самай глыбокай восені. Людзям ніколі не пералічыць, колькі тут гіне Чарцей: дакладна вядома, што кожны ўдар грому абавязкова трапляе ў нячысціка, а калі маланка бліснула накрыж і запаліла прадмет, за якім ці ў якім несумненна схаваўся нячысцік, - апошні загінуў. (Никифоровский II, с. 28-29.)

Пярун - гэта ні што іншае, як стрэл, якім святы Юрай забівае Чарцей. Пачуўшы першы ўдар, астатнія Чэрці пачынаюць хавацца за розныя прадметы, жывёл і людзей, якія маюць мала «хрышчонага», прычым накіраваны ў Чорта ўдар часам трапляе не ў яго, а ў прадмет, які засланяў яго. Таму, калі пачынаюцца грымоты, трэба перахрысціцца і перахрысціць месца вакол сябе, каб не падступіўся Чорт. (Никифоровский I, с. 212.)

Асабліва любіць Чорт жартаваць з п'янага. Пойдзе п'яны чалавек дадому, Чорт абавязкова прычэпіцца да яго па дарозе і выцягае яго ўсюды, дзе толькі сам пажадае. Загнюсіцца, замочыцца чалавек за гэты час - проста страх! І галоўнае, пакуль чалавек не падазрае, што з ім робіцца, то можа хадзіць па самых багністых балотах і азярынах, як па гладкай дарозе, хоць і бачыць будзе, што ідзе па непраходных месцах. Але як толькі прасветліць чалавека здагадка пра сапраўднае становішча спраў, то Чорт пакідае яго на тым самым месцы, чалавек губляе сваю чароўную здольнасць. (Демидович, гл. I, с. 113.)

Чорт рухавы, дасціпны і зласлівы, часта пляце людзям розныя штукі, парою шкодзіць. Уночы, напрыклад, водзіць ён па балотах п'яных людзей ці падарожнікаў, здараецца, некалі так зрок затуманіць, што чалавеку штосьці зусім іншае ўявіцца, чым тое, на што глядзяць яго вочы. Адным словам, ён невычэрпны ў сваіх штуках. (Federowski, s. 23.)

Людзям чэрці з'яўляюцца апоўдні і апоўначы і пераважна «на ростаньках» - перакрыжаваннях. І такія «бесы палудзённыя» вельмі небяспечныя, асабліва летам. У гэты час і здараецца ад іх больш за ўсё небяспекі: тыя, хто купаюцца ці ловяць рыбу, топяцца, жнеі рэжуць рукі, падарожнікі, паляўнічыя і леснікі блудзяць і г.д. Стараюцца таму поўдзень перачакаць. Асабліва любяць Чэрці п'яных. Напускаюць на іх туман, ваду і заводзяць у балота. Тут садзяць іх на купіну і, калі п'яны - музыкант, прымушаюць іграць, а самі скачуць. Ці пераконваюць п'яных, што яны знаходзяцца ў лазні. Тыя распранаюцца і лезуць у багну, а зімою ў гурбы, дзе і замярзаюць.

Калі на ноч не накрыць пасудзіну з вадою ці гарэлкаю, ці гладыша з малаком, то Чорт абавязкова апаганіць іх. І калі чалавек вып'е такой вады, гарэлкі ці малака не перахрысціўшыся, то Чорт і яго апаганіць. Гэтым тлумачаць шаленства тых п'яных, якія п'юць з раніцы. Відаць, з гарэлкаю яны выпілі бесавы спражненні. Ва ўсякім выпадку тыя, што пілі, апаганяцца і прахварэюць. Гэтаксама трэба хрысціць рот, калі пазяхаеш, інакш Чорт і там нагнюсіць. (Романов, с. 286-287.)

На зямлі дзейнічае Злы, які ўмее прымаць разнастайныя абліччы, шкодзіць людзям, спакушае іх на благія ўчынкі, падгаворвае на п'янства і крадзеж, гарэзнічае, напрыклад, на роўнай дарозе пераварочвае цяжка напоўненыя вазы, у зімовую пару засылае снежныя віхуры, указвае падманныя дарогі і г.д. (Jeleńska, s. 502.)

У некаторых мясцінах Чорт запальвае агеньчык побач з зямлёю і гэтым святлом гэтак затуманьвае вочы, што кожны мусіць заблудзіць, нават калі ішоў па ўласнай ніве. (Kibort, s. 397.)

Не трэба, ідучы праз лес, пераступаць цераз нявысахлыя галіны, што ляжаць каля дрэў, бо калі яны адламаліся без дапамогі ветру, то значыць - дзякуючы Д'яблу. Такім чынам можна заблудзіцца і не выбрацца, пакуль хто-небудзь не пакажа дарогу. (Pietkiewicz II, s. 37.)

Пыл слупам і віхор звычайна падымае Чорт, які хаваецца ад людзей ці ад святога Юр'я і нясецца ў віхурным вузле. Заўважыўшы апошні, кожны чалавек павінен саступіць убок, іначай Чорт як стукне неасцярожнага, то назаўсёды пашкодзіць ці ўсё цела, ці адзін член, ці зробіць яго слабым на розум. (Никифоровский I, с. 214.)

Калі здараецца летняй парою, віхор падніме слуп пылу, кажуць, што Д'ябал па полі гарцуе. Трэба ў такі слуп пырнуць нажом, і тады, калі трапіш у Д'ябла, на канцы ляза з'явіцца кропля крыві. Тыя кроплі трэба захаваць, і Д'ябал любое жаданне выканае. (Szukiewicz, z. 3, s. 272.)

Ён [Чорт] абавязкова прысутнічае на кожным вяселлі... і імкнецца ўсімі сіламі перашкаджаць выезду жаніха і нявесты ў царкву: нябачна трымае каня, які ўздрыгвае, пераступае з нагі на нагу, часта «абмірае» - словам, не дае паязджанам рушыць да тых пор, пакуль не ахрысцяць прастору перад канём і не перавядуць лейцы з аднаго боку хамута на другі. Гэтым не заканчваюцца свавольствы нячыстага. Па дарозе ў царкву ён можа перабегчы дарогу чорным зайцам, ваўком, і гэта заўсёды прадказвае няшчасце. Пасля вяртання маладых з царквы любімай забаваю «нячысціка» служыць сварка і бойка мужыкоў паміж сабою... Наогул, кажуць мужыкі: «Чорт бывае ўсюды, дзе толькі ёсць гарэлка: на гульнях, ігрышчах, на васэллі, на рынка� @

Чума (Мор, Мара, Чорная немач)

Чума... уяўляецца ў вобразе чорнай жанчыны, паветранай істоты, стыхіі, якая валодае вогненнымі стрэламі. Калі яна набліжаецца да прызначанай мясцовасці, то ператвараецца ў цёмную птушку, часцей за ўсё пугача ці саву, і носіцца ў паветры, намячае сабе ахвяры. Часам уночы, праследуючы якога-небудзь чалавека, яна кліча яго па імені і стогне, каб падарожны азірнуўся назад. Але той павінен, не азіраючыся, ісці наперад і шаптаць пра сябе малітву; іначай - смертаносная красуня праткне яго сваёй стралою, чорная атрута разальецца ў крыві, і агідная смерць занясе сваю нястомную руку з касой. Складкі белага адзення Чумы шырока развяваюцца... і закрываюць ззянне месяца. Яна не церпіць ні крыку пеўня, ні сабачага брэху, таму ўсюды, дзе яна пануе, сабакі перастаюць брахаць, а петушыны спеў робіцца хрыплы («У халеру і жаба не квакне»). (Ляцкий II, с. 35.)

@

Чур

Чур - бажаство родавае, продак, роданачальнік, які і пасля смерці «радзее» свайму роду і ахоўвае яго членаў ад усялякай нячыстай сілы; таксама азначае - правесці рысу вугалем ці крэйдаю ці чым-небудзь іншым на зямлі ці на падлозе, за якую, згодна з павер'ем, ніякая нячыстая сіла не можа перайсці... Чур, відаць, лічыўся ахоўнікам родавых уладанняў, ён не дазваляў іншым духам пранікаць за рысу, за сваю мяжу. Гэта думка часткова падмацоўваецца сэнсам іншага беларускага дзеяслова - «адчурацца», што наогул азначае - не кранацца, лічыць сябе не маючым дачынення, а ў прыватнасці - адмовіцца ад бацькаўшчыны... «адчурацца ад хаты і таты». Гэта наводзіць на думку, што першапачатковы сэнс слова выражаў адмаўленне ад родавай маёмасці і роду, азначаў, так сказаць, выхад з-пад улады і нагляду Чура. (Богданович, с. 64-65.)

Старажытная міфічная істота Чур вядомая паўсюль... у Беларусі дагэтуль карыстаецца асаблівай павагай і мае самае шырокае пашырэнне ў жыцці. Чур беларусаў - бог, які аберагае межы зямельных уладанняў. Пагоркі ці невялікія курганкі, нярэдка агароджаныя частаколам, насыпаныя на межах участкаў як межавыя знакі, знаходзяцца пад асобаю апекаю Чура, і ніхто не адважыцца раскапаць такі ўзгорак, каб не прагнявіць бога. У той жа час Чур з'яўляецца хатнім пенатам, і такім чынам кожны дом, кожная сям'я мае свайго Чура, ахоўніка хатняга ачага, які праследуе і адганяе дэманаў змроку. Ад назвы бога і таямнічага яе значэння пайшло шмат прымавак, закляццяў і зваротаў, часта ўжо безадносных да бога. «Чур мяне!» - гаворыць беларуская дзяўчына, калі да яе чапляецца які-небудзь нахабнік, г.зн. не чапай мяне, уласна заклік да Чура, каб абараніў яе. «Чур табе на язык!» - г.зн. замаўчы, просьба, каб Чур прымусіў замаўчаць. «Чур маё!»; «Чур разам ці папалам!» - у гэтых выразах Чур з'яўляецца абаронцам правоў уласнасці. Вытворны дзеяслоў ад Чура - «чырацца», значыць пазбягаць, выракацца, чужацца. Чур заклікаецца, каб абараніў, адхіліў ад каго ці ад чаго-небудзь... Другая форма слова «чур» - гэта шчур, ад слова пра-шчур - роданачальнік, продак, што цалкам адпавядае міфу бога Чура. (Киркор, с. 270.)

@

Шатаны

Гэтыя нячысцікі назойлівыя і неадчэпныя, як і Касны, але жывуць і дзейнічаюць паасобку, не дзелячыся намерамі з іншымі Шатанамі. Панурыя, маўклівыя, гэтыя нелюдзі не пойдуць на дапамогу адзін аднаму, а пры патрэбе не папросяць да сябе... [бо] не церпяць адзін аднаго.

«Не так Шатан, як Шацяняты» - кажа выслоўе... На шчасце, гэтыя нячысцікі ў сваёй большасці гінуць у час чартоўскіх прыставанняў. Яны мала размнажаюцца, таму што пануры Шатан рэдка мае стасункі са сваёю Шатаніхаю і цярпець не можа Ведзьмаў, якія беспакарана дражняць Шатанаў і прымушаюць іх да ўцёкаў...

У вольны час Шатаны плятуць лапці або майструюць дарожныя палкі, і тыя і другія ў іх хутка зношваюцца. (Никифоровский II, с. 39-40.)

@

Шчадрэц

Шчадрэц, бог балявання, бяседы... Свята ў гонар Шчадраца... пачынаюць святкаваць у Беларусі напярэдадні першага студзеня і працягваюць да пятага і далей...

Вось цырымонія свята Шчадраца. Вечарам збіраецца вялікі карагод хлопцаў, якія апранаюцца ў розныя касцюмы і нават нібыта маскіруюцца... Але галоўную ролю між пераапранутымі іграе той, каго прыбіраюць Шчадрацом... - звычайна дзецюка высокага, мужнага. Яго апранаюць у шырокі плашч (пераважна яркага колеру), абвешаны рознымі званочкамі, каляровымі абрэзкамі і разнастайнымі доўгімі тасёмкамі; на галаву яму надзяваюць своеасаблівую карону з бліскучай паперы, на твары - пачварная маска з чырвонымі шчокамі і носам; з-пад кароны... распускаюцца доўгія валасы з конскага хваста; у рукі даюць тоўстае жазло, аздобленае рознакаляровымі тасёмкамі... Шчадраца саджаюць на спецыяльна зроблены для гэтага выпадку вазок, асветлены ліхтарамі і абвешаны рознымі стракатымі анучамі і званочкамі. Вазком гэтым кіруе так званы Шчадранец, яму дапамагаюць... і іншыя пераапранутыя - Шчадраванцы. Гэты стракаты карагод пад ігру музыкаў і спевы... ходзіць па вуліцах і спыняецца ля кожнага дома... (Древлянский, с. 121-123.)

@

Шэшкі

Шэшкі - вольныя нячысцікі - уяўляюць нешта радаснае ў чартоўскім гурце, што выражана і ў ласкальным імені іх - «Шэшачкі». Гэтаму, зрэшты, адпавядае сціплы рост Шэшкі - не большы за велічыню рослай кошкі. Вёрткі, рухавы і ў той жа час легкадумны Шэшка здольны быць выдатным чартоўскім сышчыкам, разведчыкам грахоўных рухаў чалавека; асабіста ён не можа ўхапіць ахвяру, а тым больш - давесці да канчатковай пагібелі. Сапраўдныя нячысцікі... не шукаюць яго ненадзейнай дапамогі... [Яны] глядзяць на Шэшку, як на блазнаватага; чалавека ж ён падкупляе ласкавымі заляцаннямі, гуллівасцю, гарэзлівасцю... Шэшка раптоўна набліжаецца да чалавека, дражніць, адрывае ад справы ў дарагі момант, хапае з-пад рук і выносіць прэч патрэбныя прадметы, цешачыся злосцю чалавека і тратаю часу на пошукі згубленага прадмета. У доўгія вольныя вечары, калі чалавеку няма чым заняцца і яго ахопліваюць грэшныя думкі, Шэшкі паяўляюцца гуртам, мітусяцца вакол яго, заляцаюцца, чапляюцца... Такое прыставанне Шэшак гуртам бывае адносна рэдка; яны жывуць і дзейнічаюць пераважна паасобку. (Никифоровский II, с. 37-38.)

@

Ядзерка

«У моры жывуць тры родныя сёстры - Ядзеркі, яны морскія каралюўны. Яны ўсе высокія, ценькія, сукні на іх і чаравікі срэбныя, іх валасы і бровы залатыя, а твар такі харошы, што сказаць трудна. Як катора Ядзерка выйдзе з мора, то з такім блескам, што аж у вачах засвеціцца».

«Як Ядзерка ідзе, то перад ею дыяментавая раса, як зоры коціцца.

Ядзеркі вельмі дзікія, да іх няможна бліжай прыступіцца, як на мілю, а хто бы прыступіўся бліжай, зараз нарабілі б крыку, а падданыя як учулі б, то ўхапілі б якога чалавека і страцілі. У іх ест падданыя, коні і ўсяка жывіна». (Federowski, s. 108.)

@

Ярыла

Гэта малады, прыгожы юнак, ён раз'язджае на белым кані... і ў белым плашчы; на галаве ў яго вянок, у руках каласы, ногі босыя. Ярыла - бог урадлівасці і пачуццёвага кахання. У Юр'яў дзень Ярыла... па загадзе маці адмыкае вароты неба і на белым кані прыязджае на зямлю, а з яго ўзнікненнем пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выпускаюць скаціну ў поле... І ў наступныя дні, да канца красавіка, беларусы ўшаноўваюць Ярылу. Яшчэ нядаўна святкаванне яго суправаджалася карагодам, песнямі, потым папойкаю. Паданне малявала Ярылу як апекуна пачуццёвага кахання. Таму не лічылася злачынствам пад яго покрывам і саграшыць у каханні... Дзяўчаты выбіраюць самую прыгожую, прыбіраюць яе Ярылам і садзяць на белага каня. Ярылу акружаюць не толькі дзяўчаты, а ўсе жыхары паселішча, старыя кіруюць карагодам, а ў кожнага з прысутных вянок са свежых кветак. Ярыла едзе па засеяных нівах, а карагод спявае песні, дзе паказана, як народ разумее Ярылу, як той спрыяе ўрадлівасці зямлі і нараджэнню дзяцей. У адной песні гаворыцца:

А гдзе ж ён нагою - там жыта капою,


А гдзе ж ён не зырне - там колас зацвіце!

Трэба думаць, што ў старажытнасці паганскія шлюбы і выкраданні жонак спалучаліся са святкаваннем Ярылы. (Киркор, с. 258-259. Варыянты: Ластоўскі, с. 258; Соболевский, с. 23.)