##ShortTitle: Беларускія рэлігійныя дзеячы ##LongTitle: Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік ##FrontpageTitle: Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.) ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Менск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
Аўтар-укладальнік: Юрась Гарбінскі

Даведнік распавядае пра жыцьцё, рэлігійна-царкоўную дзейнасьць і лёс удзельнікаў беларускага хрысьціянскага руху XX ст.




##HTMLDescription_END @

Абрантовіч Фабіян (1884-1946), каталіцкі святар усходняга абраду, прэлат Менскай і Пінскай капітул, архімандрыт, місіянер, манах-марыянін, доктар філасофіі, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., тэарэтык і практык беларускага вуніяцтва, педагог. Як публіцыст выступаў пад псеўданімам Фабіч (Fabič).

Нарадзіўся 14.09.1884 у засценку Вераскоўшчына Наваградскага павета. Паходзіў з мяшчанскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Янка і Юлія (з дому Кашыцаў) Абрантовічы - жыхары Наваградка. Скончыў Наваградскую гарадскую 3-класную навучальню. У красавіку 1902 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. З восені таго ж года - у Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасля яе заканчэння паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1906). На 3-м курсе акадэміі (09.11.1908) пасвячоны ў святары. Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах (Імператарская навучальня правазнаўства, Імператарская камерцыйная навучальня, Кадэцкі корпус імператара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). З 09.12.1910 - законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу. 11.03.1912 атрымаў дазвол на выезд з Расейскай імперыі ў Бельгію. Працягваў вучобу ў каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912-1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі. У лістах з Лёвена адзначаў не толькі высокі ўзровень ведаў выкладчыкаў і прафесараў каталіцкага ўніверсітэта, але таксама і глыбіню, неардынарнасць навуковых праграм, асабліва па філасофіі: «Чым больш знаходжуся ў Лёвен, тым больш з таго цешуся. І сам дзіўлюся, бо ніколі не быў вялікім аптымістам. А яшчэ хацеў бы застацца тут даўжэй». Пасля вяртання з Бельгіі прыняты на пасаду прафесара духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе (01.09.1914). Выкладаў філасофію, сацыялогію і спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Належаў да культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Разам са святаром Л.Хвецькам заснаваў першую нацыянальна-рэлігійную арганізацыю Хрысціянская дэмакратычная злучнасць. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях («Krynica», 1917-1920, Петраград-Менск-Вільня; «Chryścijanskaja Dumka», 1928-1929, Вільня). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917), дзе выступіў з рэфератам «Справа прасьветная». Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Камандзіраваны Адміністратарам Магілеўскай архідыяцэзіі біскупам Э.Ропам у Менск «для проведения духовных треб местным католикам» (30.04.1918). Адзін з кіраўнікоў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Менску. Пры падтрымцы біскупа C.Лазінскага, ініцыятара адкрыцця Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі, абраны яе рэктарам. З верасня 1919 г. - сябра Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19.09.1919 прыняў у Менску Ю.Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме. У пачатку 1920-х гадоў - выкладчык эвакуіраванай у Наваградак, а пазней у Пінск каталіцкай семінарыі. З 1926 г. - у ордэне айцоў марыянаў у Друі. У 1929-1938 гг. узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. Прымаў удзел у пасяджэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме. Улетку 1939 г. знаходзіўся ў Польшчы. Напрыканцы верасня таго ж года арыштаваны савецкімі органамі бяспекі, больш за 5 гадоў правёў у вязніцах. Памёр ад катаванняў 02.01.1946 у Бутырскай турме (Масква). Месца пахавання невядома.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1871; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Архівы БНР; Directorium... Mohiloviensi; ЭГБ, I; EK, I; Усходняя Беларусь; Беларусь (Менск). 1919. № 1; Krynica (Вільня). 1919. № 12; 1920. № 9; Stankiewicz А., 1929; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Stankievič А., 1939; Źnič (Рым). 1952. № 18; Божым шляхам (Парыж). 1957. № 76-81; Byelorussian Statehood; Скарыніч; Царква (Менск). 1998. № 1; Dzwonkowski R., 1998. @

Аляшкевіч Францішак (1889-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 04.10.1889 у в. Дзядолайці Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Язэп і Марыяна (з дому Каспяровічаў) Аляшкевічы. У кнізе метрык Сольскага касцёла прозвішча Аляшкевіч запісана як Аляхновіч. Паводле пашпарта і рэвізскіх казак - Аляшкевіч, У іншых дакументах - Ляшкевіч. У траўні 1907 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У 1909-1914 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. На правах сябра ўваходзіў у беларускі гурток студэнтаў семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у тым жа годзе. Працаваў у парафіях Віленскай дыяцэзіі (м. Канстанцінаў Надвілейскага дэканата), пробашчам у мясцовасці Ўдзял Глыбоцкага дэканата (1917-1939). Удзельнічаў у працы 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Матэрыяльна падтрымліваў беларускія каталіцкія перыядычныя выданні («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). У ліку 15 святароў ад імя беларускага каталіцкага духавенства Заходняй Беларусі падпісаў мемарыял, прадстаўлены 19.05.1925 на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Памёр у 1943 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «А»; Directorium... Vilnensi; Elenchus... Vilnensis; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Krynica (Вільня). 1920. № 12; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Андрэй (1901-1983), праваслаўны святар, архіепіскап, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа. У свецкім жыцці - Аляксандар Крыт.

Нарадзіўся 03.07.1901 на Стаўбцоўшчыне ў Менскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у беларускіх грамадска-палітычных і культурных арганізацыях. З 1944 г. - у эміграцыі. З пачатку 1950-х гадоў жыў у Вялікабрытаніі. Рукапаложаны ў сан святара 25.06.1950. Сябра Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. З сярэдзіны 1950-х гадоў браў удзел у арганізацыі беларускага царкоўна-рэлігійнага жыцця ў эміграцыі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў парафіі БАПЦ у г. Брэдфард. Працаваў адміністратарам Беларускага грамадска-царкоўнага дома. Адпраўляў багаслужэнні для беларускіх вернікаў у Бірмінгеме, Кембрыджы, Лондане. У Манчэстэры адначасова са святарскай службай выкладаў Закон Божы для беларускіх дзяцей у суботняй школе. Старшыня вікарыяльнай управы БАПЦ у Вялікабрытаніі. З лютага 1961 г. - у ЗША. Рукапаложаны ў сан епіскапа 15.02.1968. У 1970 г. абраны кіраўніком епархіі БАПЦ у Паўночнай Амерыцы. З 1971 г. - першы іерарх БАПЦ у эміграцыі. Адміністраваў і выконваў святарскія абавязкі ў прыходзе Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлендзе (штат Агаё). Удзельнік 2-га сабора БАПЦ (Гайленд-Парк, штат Нью-Джэрсі, 27-29.05.1972). На саборы абраны старшынёй прэзідыума. Памёр 21.05.1983, пахаваны на беларускіх могілках у Гайленд-Парку (штат Нью-Ёрк).

Літ.: Вініцкі А.; Беларус (Нью-Ёрк). 1971. № 172; 1975. № 220; 1983. № 210; Голас царквы (Нью-Ёрк). 1975. № 44; 1978. № 50; Кіпель В. @

Аніська Дамінік (1888-1971), рэлігійны свецкі дзеяч, вайсковец, пачынальнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., пісьменнік, публіцыст.

Нарадзіўся 12.01.1888 у в. Слойнікі Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Людвіка (з дому Галеяў) Аніські. У 1906 г. скончыў сярэднюю школу ў г. Саколка. Прымаў удзел у баявых дзеяннях на франтах Першай сусветнай вайны. У 1921 г. - на афіцэрскіх курсах у Быдгашчскай школе падхарунжых. Пасля 1923 г. выйшаў у запас. З 1914 г. супрацоўнічаў з беларускімі каталіцкімі перыядычнымі выданнямі, шырока выступаў з артыкуламі і допісамі ў шэрагу часопісаў і газет («Biełarus», 1913-1915, Вільня; «Krynica», 1918-1920, Петраград-Менск-Вільня; «Chryścijanskaja Dumka», 1928-1929, Вільня, і інш.). Прымаў удзел у заходнебеларускім культурным і грамадска-палітычным жыцці, адзін з відных беларускіх рэлігійных публіцыстаў 1-й паловы 20 ст. Матэрыяльна падтрымліваў рэлігійны друк. Быў сталым падпісчыкам «Chryścijanskaj Dumki».

На пачатку Другой сусветнай вайны ў польскай арміі. Трапіў у савецкі палон. Пэўны час знаходзіўся з групаю палонных польскіх афіцэраў у сумнавядомым Казельску. З 1942 г. - у польскай арміі генерала Ў.Андэрса ў Савецкім Саюзе, а пазней - у Палесціне і Эгіпце. Знаходзячыся ў Ерусаліме, супрацоўнічаў з польскім рэлігійным выданнем «Tygodnik Katolicki». Пасля 1947 г. жыў у Вялікабрытаніі, дзе час ад часу выступаў на старонках беларускіх і польскіх эмігранцкіх перыядычных выданняў. Памёр 28.12.1971 у Лондане, дзе пахаваны на могілках св. Панкрата.

Літ.: LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Stankiewicz A., 1929; Божым шляхам (Лондан). 1972. № 1; Запісы (Нью-Ёрк). 1983. № 17. @

Аношка Вацлаў (1899-1966), каталіцкі святар усходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху 20 ст., у душпастырскай дзейнасці пракламаваў ідэю беларускага нацыянальна-рэлігійнага вуніяцтва, асаблівую ўвагу аддаваў працы з моладдзю.

Нарадзіўся ў 1899 г. на Магілеўшчыне. Паходзіў з заможнай беларускай сям'і. Атрымаў гімназічную адукацыю. Вучыўся ў Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі пасля эвакуацыі яе ў Кельцы. Пасвячоны ў святары 01.11.1924. Душпастырскую працу распачаў на пасадзе вікарыя ў мястэчку Ляхавічы Баранавіцкага павета. Ёсць падставы меркаваць, што ў 2-й палове 1920-х гадоў стаў святаром грэка-каталіцкага абраду: у 1926 г. быў прызначаны пробашчам вуніяцкай парафіі ў мясцовасці Альпень каля Давыд-Гарадка на Палессі. У перадваенныя гады пераведзены на парафію ў Дзяляцічы (1935), дзе знаходзіўся да 1944 г. Паводле сведчанняў кс. Пятра Татарыновіча з'яўляўся сябрам экзархальнай Рады Беларускага Экзархата пад кіраўніцтвам біскупа А.Неманцэвіча. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. У душпастырскай дзейнасці звяртаўся да вернікаў на беларускай мове. Напрыканцы Другой сусветнай вайны апынуўся ў Польшчы. Працаваў капеланам у кляштары сясцёр-манахінь «Rodziny Maryi». Памёр 18.02.1966 у Раберціне каля мясцовасці Пясэчна. Пахаваны на могілках каля Раберціна.

Літ.: Elenchus... Pinscensis; Spis kościołów, 1933-35; Stankiewicz A., 1929; Божым шляхам (Лондан). 1966. № 3, № 4; Znič (Рым). 1966. № 87. @

Асіповіч-Асіпчык Аляксандар (1909-1990), праваслаўны свецкі і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., публіцыст. У беларускім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Зніч.

Нарадзіўся 01.04.1909 на Слонімшчыне. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і. У гады Другой сусветнай вайны прымаў удзел у дзейнасці беларускіх грамадскіх і культурна-нацыянальных арганізацый. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Матэрыяльна падтрымліваў беларускіх скаўтаў у г. Рэгенсбург. Супрацоўнічаў з беларускім праваслаўным часопісам «Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі». Быў асабіста знаёмы з Ю.Стукалічам. У сакавіку 1950 г. выехаў у ЗША. Пэўны час жыў у Нью-Ёрку. Пазней працаваў у г. Нью-Брансуік на фабрыцы. Пасля пяці гадоў побыту ў г. Таронта (Канада) вярнуўся ў ЗША. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Жыровіцкага праваслаўнага брацтва. З 1950-х гадоў быў звязаны з Расейскім аб'яднаннем таварыства ўзаемадапамогі (РООВА). Выступаў на старонках беларускіх эмігранцкіх выданняў («Беларускі праваслаўны каляндар на 1968 г.», Нью-Ёрк, 1967, «Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Апошнія гады жыцця правёў у г. Джэксан (штат Нью-Ёрк), дзе 14.03.1990 памёр. Пахаваны там жа на мясцовых могілках «Фармы РООВА».

Літ.: Вініцкі А.; Беларус (Нью-Ёрк). 1990. № 369; Кіпель В. @

Астрамовіч Аляксандар (1878-1921), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Андрэй Зязюля.

Нарадзіўся 26.11.1878 у в. Навасяды Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Сцяпан і Ганна (з дому Міхалевічаў) Астрамовічы. У 1888-1890 гг. вучыўся ў Гальшанскай народнай навучальні. Прадоўжыў вучобу ў павятовай навучальні ў Ашмянах (1890-1892). Наступныя тры гады правёў у бацькоў, дзе займаўся вывучэннем французскай мовы. З 01.01.1901 служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку ў Гомелі і Барысаве. Звольнены ў запас 14.09.1903 у званні малодшага унтэр-афіцэра. Пасля няўдалых спроб у 1903-1904 гг. паступіць у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю выехаў у Пецярбург. Там з 1905 г. рыхтаваўся да паступлення ў духоўную каталіцкую семінарыю. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі (студзень 1906). У 1906-1911 гг. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары ў 1910 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў 04.02.1911 на пасадзе вікарыя Ракаўскага касцёла. З 02.07.1912 - філіяліст у парафіі Анопаль Менскага дэканата. Пазней прызначаны вікарыем у Бабруйскую парафію (з 02.07.1915). У кастрычніку 1915 г. цяжка хварэў. Са снежня 1916 г. служыў вікарыем у парафіі Смілавічы Ігуменскага павета. На працягу гэтага ж года - філіяліст у Лунінскім, Лунінецкім і Осаўскім рымска-каталіцкіх касцёлах. Адначасова выконваў абавязкі адміністратара Гарадзішчанскага касцёла. З беларускім культурна-адраджэнскім і рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. З 1909 г. друкаваўся ў беларускім свецкім і рэлігійным перыядычным друку («Наша ніва», «Biełarus», «Śvietač», «Krynica»). Аўтар зборніка вершаў «З роднага загону» (1914). У жніўні 1917 г. служыў капеланам у мясцовасці Жарноўка пры хатняй рымска-каталіцкай капліцы ў маёнтку графіні Марыі Магдалены Радзівіл. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод беларусаў-католікаў. Шырока практыкаваў беларускія казанні ў душпастырскай дзейнасці. З 09.09.1917 - пробашч мясцовага касцёла ў Абольцах Аршанскага дэканата. Пасля 1917 г. на працягу двух гадоў не меў уласнай парафіі. 21.07.1919 вышэйшымі духоўнымі ўладамі Магілеўскай архідыяцэзіі прызначаны на пасаду выконваючага абавязкі адміністратара касцёла ў мястэчку Сянно Віцебскай губ. Па даручэнні Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі праводзіў работу па арганізацыі местачковых, павятовых і губернскіх радаў у Магілеўскай губ. За нацыянальна-рэлігійную дзейнасць праследаваўся бальшавіцкімі ўладамі. Быў арыштаваны. Некалькі тыдняў правёў у турме Віцебскай губчэка. Пэўны час жыў у свайго сябра святара І.Жаўняровіча ў мясцовасці Залессе Аболецкай парафіі. У апошні год свайго жыцця працаваў у мястэчку Сянно Аршанскага дэканата, дзе і памёр 17.01.1921. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1962; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Архівы БНР; Directorium... Mohiloviensi; БП, III; ЭГБ, III; Усходняя Беларусь; Stankiewicz A., 1929; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1931. № 2; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Парыж). 1951. № 3; Божым шляхам (Лондан). 1968. № 6; Byelorussian Statehood. @

Аўгусціновіч Аляксандар (1890-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 20.05.1890 у в. Селішча Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Казімір і Ўршуля (з дому Аўгусціновічаў) Аўгусціновічы. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі (люты 1908). У красавіку 1908 г. паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. З прычыны адсутнасці вольных месцаў прыняты ў лік семінарыстаў у кастрычніку наступнага 1909 г. Сябра беларускага гуртка семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1913 г. Першую святую імшу адправіў як вікарый касцёла св. Рафала ў Вільні. З 1918 г. - пробашч мясцовага рымска-каталіцкага касцёла ў парафіі Беніца Віленскага дэканата і адміністратар у парафіі Лоск Ашмянскага дэканата. У 1925 г. пераведзены ў парафію Даўгінава Вілейскага дэканата. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У душпастырскай дзейнасці звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Публічна выступіў супраць канкардату, падпісанага паміж Апостальскім пасадам і Польскай Рэспублікай. З 1931 г. - пробашч у парафіі Нецеч Віленскай архідыяцэзіі. Ад імя заходнебеларускага каталіцкага духавенства разам з іншымі віднымі беларускімі святарамі Ф.Абрантовічам, Я.Рэшацем, А.Станкевічам, В.Гадлеўскім, К.Стаповічам і інш. падпісаў 19.05.1925 так званы «Мемарыял пятнаццаці», накіраваны ўдзельнікам агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. У міжваеннае дваццацігоддзе выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў духоўных семінарыях Вільні і Пінска, а таксама ў дадатковыя набажэнствы ў касцёле. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускай рэлігійнай перыёдыкі. Памёр у 1943 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «А»; Directorium... Vilnensi; Elenchus... Vilnensis; Catalogus... Vilnensis; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Лондан). 1964. № 84; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Афанасій (1904-1983), праваслаўны святар, магістр багаслоўя, епіскап Віцебскі і Полацкі, манах, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, гісторык. У свецкім жыцці - Антон Мартас.

Нарадзіўся 08.09.1904 на Наваградчыне. Паходзіў з сялянскай сям'і Вікенція Мартаса. Скончыў гімназію ў Наваградку і багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (1930). На 2-м курсе ўніверсітэта пастрыгся ў манахі ў Пачаеўскай лаўры. У 1933 г. абараніў магістэрскую дысертацыю. У сан архімандрыта ўзведзены ў 1938 г. З 1940 г. выконваў святарскія абавязкі на Холмшчыне. У гады Другой сусветнай вайны браў удзел у беларускім грамадскім і нацыянальна-рэлігійным жыцці. 08.03.1942 рукапаложаны ў сан епіскапа Віцебскага і Полацкага. Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабора ў Менску (30.08-02.09.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. З 1944 г. - у эміграцыі. Знаходзіўся ў лагеры для перамешчаных асоб у Германіі. 06.05.1946 разам з епіскапамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы далучыўся да Расейскай зарубежнай праваслаўнай царквы. У пачатку 1950-х гадоў перабраўся ў Аргенціну. Даследаваў гісторыю беларускага царкоўна-рэлігійнага жыцця. Аўтар манаграфіі «Матар'ялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы» (1947) і кнігі «Беларусь в исторической государственной и церковной жизни» (Буэнас-Айрэс, 1966). Памёр 03.11.1983 у Буэнас-Айрэсе.

Літ.: Касяк І.; Мартос А.; Вініцкі А.; Запісы (Нью-Ёрк). 1983. № 17. @

Ачапоўскі Васіль (2-я пал. 19 ст. - пасля 1930), праваслаўны святар, протаіерэй Менскай епархіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся ў 1880 г. (?). Паходзіў з праваслаўнай сям'і. Вучыўся ў духоўнай праваслаўнай семінарыі. У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад праваслаўнага духавенства. Служыў у Кацярынінскай царкве ў Менску (1921). Прымаў удзел у беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі. Разам з мітрапалітам Мелхіседэкам у пачатку 1920-х гадоў прымаў удзел у стварэнні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ). Удзельнічаў у з'ездзе праваслаўных іерархаў, духавенства і вернікаў Менскай епархіі (09-10.07.1927). Паплечнік Філарэта, епіскапа Бабруйскага. Падпісаў Маніфест 1927 года, які абвясціў утварэнне БАПЦ. За рэлігійную дзейнасць у 1930-я гады праследаваўся савецкімі ўладамі. Быў арыштаваны. Далейшы лёс невядомы.

Літ.: НГАБ, ф. 2786, воп. 1, спр. 165; Архівы БНР; Касяк І.; Мартос А.; За незалежнасьць; Процька Т. @

Багдановіч Вячаслаў (1878 - пасля 1940), праваслаўны рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч, багаслоў, удзельнік беларускага хрысціянскага руху міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, педагог, сенатар Польскай Рэспублікі.

Нарадзіўся ў 1878 г. на Лепельшчыне ў Віцебскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі прадоўжыў вучобу ў Кіеве, дзе ў 1903 г. скончыў духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. З 06.11.1903 - выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай семінарыі. Увесну 1907 г. пераехаў у Менск, дзе працаваў на пасадзе інспектара ў мясцовай праваслаўнай семінарыі (з 18.05.1907). З восені таго ж года - інспектар Літоўскай духоўнай семінарыі. У 1911-1913 гг. - хавальнік Літоўскага епархіяльнага сховішча старажытных каштоўнасцей. Дэлегат Вялікага царкоўнага сабора ў Маскве (1917-1918). У пачатку 1920-х гадоў выконваў абавязкі рэктара духоўнай праваслаўнай семінарыі. Сакратар Літоўскага епархіяльнага савета (1921). З верасня 1921 г. - сябра Таварыства беларускай школы. У 1922 г. абраны ў сенат Польскай Рэспублікі. Сябра Беларускага пасольскага клуба. У 1920-1930-я гады - сябра Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) у Вільні, да 28.11.1933 - старшыня царкоўнай Праваслаўнай камісіі пры БНК. Выступаў супраць аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы. Сябра Духоўнай праваслаўнай кансісторыі і епархіяльнага савета. Працаваў выкладчыкам у жаночай епархіяльнай навучальні і Віленскай расейскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў царкоўна-рэлігійнай суполкі «Беларускае дэмакратычнае праваслаўнае аб'яднанне» ў Вільні. Да сярэдзіны 1930-х гадоў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Падтрымліваў кантакты з беларускімі каталіцкімі дзеячамі і з суполкай віленскіх марыявітаў. Паводле некаторых крыніц, у канцы 1930-х гадоў быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З прыходам у Вільню савецкіх войскаў арыштаваны 30.09.1939 органамі бяспекі. Далейшы лёс невядомы.

Літ.: LCVA, ф. 306, воп. 1, спр. 13; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр, 1; ЭГБ, I; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1908. № 20; Krynica (Вільня). 1921. № 29; Выясьненьні (Вільня). 1935. 3 ліп.; Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. № 42; Праваслаўе (Менск). 1997. № 5; Славяноведение (Масква). 1997. № 3. @

Байко Язэп (1890 - пасля 1939), каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы шамбялян надлічбавы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 18.09.1890 у Малявічах Дольных Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Мацей і Ева (з дому Аніськаў) Байко. У кастрычніку 1907 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1909 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. На правах сябра ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-клерыкаў. Пасвячоны ў святары 16.06.1913. Душпастырскую дзейнасць пачынаў вікарыем у мясцовасці Ельня Лідскага дэканата. Пазней - на той жа пасадзе ў мясцовасці Поразава. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917), сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1918 г. служыў адміністратарам рымска-каталіцкага касцёла ў парафіі Спас Вілейскага дэканата. У душпастырскай дзейнасці звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. У 1920-1925 гг. - у парафіі Слядзяны Драгічынскага дэканата. З 1933 г. - пробашч парафіі Налібакі.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Б»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Elenchus... Pinscensis; Spis kościołów, 1933-35; Усходняя Беларусь; Stankiewicz A., 1929. @

Бакіноўскі Альберт (1897-1978), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 04.02.1897. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і. У 1915 г. паступіў на 1-ы курс Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе. У сувязі з прыходам да ўлады бальшавікоў і закрыццём царкоўна-рэлігійных навучальных устаноў прадоўжыў вучобу ў Пінску. Пасвячоны ў святары 12.06.1921 у г. Улацлавак (Польшча). Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на Палессі. У сярэдзіне 1920-х гадоў працаваў у Століне. Пазней служыў пробашчам у мястэчку Камянец-Літоўскі (1921-1934) і ў г. Шарашова Пружанскага павета Палескага ваяводства. Звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газет. Браў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця Заходняй Беларусі. Выступаў з казаннямі на беларускай мове. Пасля Другой сусветнай вайны працаваў рэзідэнтам у парафіі Слізаў Сыцаўскага дэканата (Вроцлаўскае ваяводства). Памёр у 1978 г.

Літ.: LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Elenchus... Pinscensis; Directorium... Mohiloviensi; Spis kościołów, 1933-35; Krynica (Вільня). 1925. № 5; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Schematyzm, 1964. @

Бараноўскі Якаў (1872-1937), праваслаўны святар, дыякан Менскай епархіі, удзельнік беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Беларусі.

Нарадзіўся ў 1872 г. ў беларускай праваслаўнай сям'і Сцяпана Бараноўскага. У 1920-я гады служыў псаломшчыкам у Менскім кафедральным саборы. Прыхільнік стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, браў удзел у яе арганізацыі і абвяшчэнні ў 1927 г. Удзельнік з'езда прадстаўнікоў праваслаўнай іерархіі, духавенства і вернікаў Менскай епархіі (Менск, 09-10.07.1927). У 1930-я гады - клірык царквы св. Марыі Магдаліны ў Менску. За «контррэвалюцыйную дзейнасць» 28.07.1937 арыштаваны савецкімі ўладамі. Расстраляны 01.11.1937 у Менску.

Літ.: НГАБ, ф. 2786, воп. 1, спр. 165; Касяк І.; Мартос А.; Синодик. @

Бароўка Юльян (1886-1964), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 26.04.1886 у в. Лынкішкі Варанянскай воласці Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай каталіцкай сям'і: бацькі - Баніфацый і Марцыяна (з дому Прусевічаў) Бароўкі. У сакавіку 1905 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня перад камісіяй Маскоўскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, якую закончыў у 1910 г. Пасвячоны ў святары ў тым жа годзе. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Горадні, дзе разам са святарамі Ф.Грынкевічам і В.Родзькам выступаў за асвету для беларускага народу на яго роднай мове. Пазней працаваў адміністратарам у парафіі Нараўка Пружанскага дэканата. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Прамаўляў да вернікаў у дадатковых казаннях на беларускай мове. З 1923 г. служыў у парафіі Баруны Ашмянскага дэканата. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. У 1924-1932 гг. - пробашч парафіі ў Забярэжжы Вішнеўскага дэканата. Пэўны час выконваў святарскія абавязкі ў Вільні. З 1937 г. - у парафіі Рэпля Віленскай архідыяцэзіі. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускай каталіцкай перыёдыкі («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). Памёр у 1964 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Б»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920. № 15; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Белагаловы Язэп (1883-1928?), каталіцкі святар заходняга абраду, кандыдат тэалогіі і магістр кананічнага права, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 11.02.1883 у Пецярбургу. Паходзіў з каталіцкай сям'і Мацея Белагаловага. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Пецярбургу: вучыўся ў прыватнай каталіцкай гімназіі пры касцёле св. Кацярыны і ў 6-й гімназіі. Скончыў у Пецярбургу Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1903) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію (1907). Пасвячоны ў святары ў 1906 г. Пазней, у 1907-1910 гг., знаходзіўся ў Смаленску, дзе працаваў настаўнікам рэлігіі ў мужчынскай гімназіі і рэальнай навучальні. Вышэйшымі ўладамі Магілеўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі 14.08.1910 прызначаны выкладчыкам Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. За адмову праспяваць «многие лета» расейскаму самадзержцу высланы з семінарыі біскупам С.Данісевічам за мяжу (Рым, Інсбрук). У 1913-1918 гг. - зноў у Пецярбургу, дзе выконваў абавязкі намесніка прафесара грамадзянскага і кананічнага права ў духоўнай акадэміі. Адначасова выкладаў Закон Божы ў Інстытуце архітэктуры імя Мікалая I, у Мікалаеўскай школе кавалерыі і ў Канстанцінаўскай школе артылерыі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы і душпастырскай дзейнасці ў Пецярбургу. У 1918 г. прызначаны пробашчам і дэканам у Магілеў. Пэўны час выконваў абавязкі афіцыяла біскупскай курыі ў Менску. Тут быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і інтэрнаваны ў Смаленск. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілеў. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця ў часы царызму і ў 1920-я гады ў Савецкай Беларусі. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Выказваўся за стварэнне самастойнай беларускай каталіцкай царквы, падначаленай непасрэдна Ватыкану. Прыхільнік пашырэння ў Беларусі каталіцызму ўсходняга абраду. Падтрымліваў шырокія кантакты з Леанідам Фёдаравым, экзархам католікаў усходняга абраду ў Расеі. У 1921 і 1926 гг. арыштоўваўся органамі савецкай бяспекі. Пасля апошняга арышту «за контррэвалюцыйную дзейнасць і шпіянаж на карысць Ватыкана» асуджаны на 5 гадоў канцэнтрацыйных лагераў без права амністыі. У 1928 г. прывезены з Салаўкоў у Маскву. Знаходзіўся ў турме на Лубянцы, дзе, па ўсёй верагоднасці, і быў закатаваны. Дакладная дата смерці і месца пахавання невядомы.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1871; ЦГИА, ф. 46, воп. 3, спр. 238, 251; ф. 46, воп. 1, спр. 39; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Mohiloviensi; PSB, II; Biełarus (Вільня). 1913. № 2; Dzwonkowski R., 1997; Dzwonkowski R., 1998; Скарыніч. @

Більдзюкевіч Усевалад (1879 - пасля 1940), праваслаўны свецкі і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэдактар, журналіст, публіцыст.

Нарадзіўся 09.04.1879 у Менску. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Віктар і Аляксандра (з дому Башынскіх) Більдзюкевічы. Да Першай сусветнай вайны працаваў чыноўнікам на чыгунцы. З 1918 г. ўваходзіў у склад урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Са студзеня 1919 г. - у Вільні. Разам з Ф.Вернікоўскім і А.Каўшом у студзені 1930 г. на канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацый удзельнічаў у стварэнні Беларускага праваслаўнага камітэта па беларусізацыі царквы. Рэдагаваў часопіс «Сьветач Беларусі» (1931). Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Выступаў на старонках беларускіх свецкіх і рэлігійных перыядычных выданняў, публікуючы матэрыялы па праблемах праваслаўнай царквы ў Польшчы і беларусізацыі рэлігійнага жыцця («Сьветач Беларусі», «Biełaruskaja Krynica» і інш.). Публікацыі падпісваў як уласным прозвішчам, так і псеўданімамі («Тутэйшы», «Местный»). Падтрымліваў сяброўскія адносіны з архімандрытам Філіпам і з беларускай групоўкай А.Луцкевіча. Прыхільнік ідэі аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы.

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 6, 1687; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1. @

Біруля Ўладзімір (1873 - пасля 1945), праваслаўны святар, протаіерэй Менскай епархіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся ў 1873 г. З 1917 г. звязаны з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. Сябра Беларускай народнай грамады ў Маскве. У сакавіку 1920 г. выступіў з казаннем на беларускай мове ў сувязі з 2-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920-1926 гг. выступаў за стварэнне аўтакефальнай Беларускай праваслаўнай царквы. Прыхільнік мітрапаліта Мелхіседэка. Служыў протаіерэем у царкве Казанскай Божай Маці ў Менскай епархіі (1926). У 1930-я гады праследаваўся савецкімі ўладамі. За рэлігійную дзейнасць у красавіку 1935 г. арыштаваны органамі бяспекі. Тры гады правёў у савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Памёр у пасляваенны час.

Літ.: НГАБ, ф. 2786, воп. 1, спр. 165; Архівы БНР; Синодик; Stankievič A., 1939. @

Бобіч Ільдэфонс (1890-1944), каталіцкі святар заходняга абраду, доктар філасофіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., відны беларускі і польскі тэолаг, душпастыр, педагог, перакладчык, пісьменнік і публіцыст, у беларускім каталіцкім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Пётра Просты (Piotra Prosty).

Нарадзіўся 10.01.1890 у в. Дзедзінка Друйскай воласці Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Канстанцін і Юзэфа (з дому Тарашкевічаў) Бобічы. У чэрвені 1909 г. паспяхова закончыў Ковенскую гімназію і ў верасні таго ж года паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Сябра беларускага гуртка семінарыстаў. З 1912 г. вучыўся ў Collegium Germanicum у Рыме, які закончыў з навуковай ступенню доктара філасофіі. Пад час вучобы ў Рыме, як згадвае А.Клімовіч, «патрапіў дайсьці да тагачаснага папы Пія Х і атрымаць ад яго апостальскае блаславенне для чытачоў беларускага часапіса для беларусаў-католікаў "Biełarus"». Пасвячоны ў святары 15.07.1915. На 1-м з'ездзе беларускіх святароў у Менску (24-25.05.1917) уступіў у саюз ксяндзоў-беларусаў. Працаваў вікарыем у Друі і душпастырам на Дзісеншчыне (1917-1920). Браў удзел у 3-м з'ездзе беларускіх каталіцкіх святароў (Вільня, 12-13.07.1921), дзе выступіў з рэфератам пра беларускае рэлігійнае выдавецтва. У 1921-1923 гг. працаваў законавучыцелем у Віленскай беларускай гімназіі. Пазней, у 1923 г., - пробашч у мястэчку Германавічы. Апошнія чатырнаццаць гадоў душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе пробашча і дэкана ў мястэчку Іўе (1930-1944). З 1913 г. супрацоўнічаў з беларускімі каталіцкімі выданнямі («Biełarus», «Krynica» і інш.). Выступаў у польскіх рэлігійных часопісах («Przegląd Homiletyczny», «Nowa Biblioteka Kaznodziejska»). Пераклаў на польскую мову працы св. Бернара Клервоскага («Kazania św. Bernarda o NMP»). Падкрэсліваў важную ролю і функцыю казанняў як сродку папулярызацыі тэалагічнай навукі. У міжваеннае дваццацігоддзе падрыхтаваў і выдаў «Нядзеляшнія эвангеліі і навукі» (1912). Да 1930 г. актыўна выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дзейнасць каталіцкай царквы на заходнебеларускіх абшарах. Праследаваўся польскім духавенствам Віленшчыны. На пачатку 1930-х гадоў адышоў ад беларускай дзейнасці. У гады Другой сусветнай вайны падрыхтаваў два тамы фундаментальнай працы «Навучайце ўсе народы». Быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Знаходзіўся ў турме. Неўзабаве пасля вызвалення 28.04.1944 памёр у Іўі. Пахаваны на мясцовых могілках.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Б»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; БП, V; EK, II; Усходняя Беларусь; Krynica (Вільня). 1920. № 16; Spis kościołów, 1973; 1979; Stankiewicz A., 1929. @

Борык Міхаіл (1892-1956), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст, душпастыр.

Нарадзіўся 27.12.1892 у в. Свілы Лідскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Міхаіл і Юзэфа (з дому Гедройцаў) Борыкі. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі (сакавік 1909). З 1911 г. - у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Удзельнік культурна-асветнага гуртка беларускіх клерыкаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. Прымаў удзел у 1-м з'ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. У 1918-1924 гг. - адміністратар у парафіі Дзеркаўшчына Надвілейскага дэканата. Пазней служыў у мясцовасці Бальбінава Міёрскага дэканата (з 1925). Напрыканцы 1920-х гадоў працаваў пробашчам у парафіі Баброўшчына Віленскай архідыяцэзіі (1927-1932). Пашыраў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці каталіцкіх святароў. Пазней выконваў святарскія абавязкі ў Смаргоні і мясцовасці Нестанішкі (1933-1938). Памёр у 1956 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Б»; Elenchus... Vilnensis; Catalogus... Vilnensis; Spis kościołów, 1973; 1979; Усходняя Беларусь; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939. @

Будзька Францішак (1884-1920), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, пачынальнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., пісьменнік, перакладчык і публіцыст.

Нарадзіўся 23.01.1884 у в. Вознаўшчына Вілейскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Карл і Кацярына (з дому Падрэзаў) Будзькі. Скончыў Вілейскую павятовую навучальню (1899). У 1901 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1901-1905 гг. - у Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе пачаў перакладаць на беларускую мову рэлігійныя кнігі. Працягваў вучобу на свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі (1906). Праз год па прычыне цяжкага матэрыяльнага становішча ад вучобы адмовіўся. Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў 09.01.1908 на пасадзе вікарыя ў Полацкім касцёле. У 1912-1917 гг. - у Пецярбургу, дзе служыў вікарыем і вёў заняткі ў Сестржанцэвіцкай павятовай навучальні пра касцёле св. Станіслава. Пасля 1917 г. працаваў у Полацкім дэканаце. На працягу сваёй культурна-асветнай і рэлігійнай дзейнасці паслядоўна і актыўна выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. Матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» (Вільня, 1913-1915). Сябра арганізацыйнага камітэта і ўдзельнік 1-га з'езда беларускага каталіцкага духавенства ў Менску (24-25.05.1917). Адзін з пачынальнікаў беларускага каталіцкага выдавецкага руху. З прыходам савецкай улады ў Беларусь праследаваўся органамі бяспекі. Паводле беларускіх гісторыка-рэлігійных крыніц памёр 02.01.1920 у мясцовасці Янатруда на Полаччыне.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1794; Directorium... Mohiloviensi; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Dzwonkowski R., 1998. @

Буклярэвіч Міхаіл (1884-1919), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 12.10.1884 у в. Лінгі Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Філіп і Ганна (з дому Стэфановічаў) Буклярэвічы. Вучыўся ў гарадской 2-класнай навучальні пры Віленскім настаўніцкім інстытуце, якое паспяхова скончыў у чэрвені 1901 г. У 1-й Віленскай мужчынскай гімназіі здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня. З 1904 г. - у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1908 г. У гэтым жа годзе распачаў душпастырскую дзейнасць, працаваў адміністратарам у парафіі Нараўка Сакольскага павета. З 1917 г. - адміністратар у мястэчку Іказнь Дзісенскага павета. Займаўся беларускай культурна-асветнай дзейнасцю, адкрываў беларускія школы. Прымаў удзел у з'ездзе каталіцкага духавенства Дзісенскага дэканата (06-07.08.1918), які выказаўся за шырокае адкрыццё ў дэканаце беларускіх школ «з мовай навучання беларускай». Удзельнікі з'езда падкрэслілі і той факт, што «абшар дзейнасьці Каталіцкай дэмакрацыі ў дэканаце ёсьць беларускі». У час ваенных падзей 1919 г. выступіў супраць бальшавіцкіх улад. За антыбальшавіцкую дзейнасць 27.06.1919 асуджаны на смерць. Расстраляны ў в. Бігосава на Віцебшчыне. Урачыста перапахаваны 24.03.1920 у Іказні.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Б»; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; PSB, III; Stankiewicz A., 1929; Dzwonkowski R., 1998. @

Бычкоўскі Антон (2-я пал. 19 ст. - ?), культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэдактар, выдавец.

Нарадзіўся ў 1887 г. (?) у в. Каробчыцы Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Янкі Бычкоўскага. Скончыў 4-класную мужчынскую гімназію ў Горадні. З верасня 1905 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. 17.03.1906 г. падаў прашэнне аб выключэнні яго з ліку семінарыстаў па асабістых прычынах. На пачатку 1910-х гадоў уключыўся ў беларускі нацыянальна-рэлігійных рух. Адзін з ініцыятараў і выдаўцоў першай нацыянальна-рэлігійнай газеты «Biełarus». На пасадзе яе рэдактара-выдаўца працаваў больш года. На старонках выдання выступаў з паэтычнымі творамі.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Б»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; Biełarus (Вільня). 1913. № 8. @

Бэта Генрык (1886-1965), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, прэлат Ломжынскай кафедральнай капітулы, канонік, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог. Як пісьменнік выступаў пад псеўданімам H.Biarozka.

Нарадзіўся 07.11.1886. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Скончыў духоўную каталіцкую семінарыю ў Сейнах (1908). Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу (1908-1912). Пасвячоны ў святары 17.06.1911. З часоў вучобы ў Пецярбургу звязаны з беларускім культурна-нацыянальным і рэлігійным рухам. Сябра культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў у духоўнай акадэміі. Паводле сведчання А.Клімовіча «меў вялікі ўплыў на нацыянальнае ўсведамленьне адносных з ім беларускіх студэнтаў». Супрацоўнічаў з першай беларускай каталіцкай газетай «Biełarus» (1914). З 1919 г. працаваў на пасадзе прафесара ў дыяцэзіяльнай каталіцкай семінарыі ў г. Ломжа (Польша). Выкладаў Святое Пісанне для студэнтаў-клерыкаў. Цэнзураваў кнігі рэлігійнага зместу. З 1925 г. - на пасадзе рэктара духоўнай семінарыі. Віцэ-афіцыял Ломжынскай кафедральнай капітулы (з 26.04.1929). Сябра рады прасінадальных экзаменатараў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны працаваў на пасадзе рэктара Місіянерскага інстытута ў Ломжы. Быў сталым падпісчыкам газеты «Chryścijanskaja Dumka». У гады вайны і ў пасляваенны час па-ранейшаму жыў і працаваў у Ломжы. Займаўся выкладчыцкай і душпастырскай дзейнасцю, гаспадарчымі і грамадскімі справамі. З 1952 г. служыў пробашчам у парафіі Чыжаў Ломжынскай дыяцэзіі. У 1956 г. абраны прасінадальным экзаменатарам. Сябра Ломжынскай дыяцэзіяльнай гаспадарчай рады. Памёр 01.10.1965 г. Сваё разуменне і адносіны да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху прадставіў яшчэ на пачатку 1920-х гадоў у адным з лістоў да вядомага дзеяча беларускага хрысціянскага руху А.Станкевіча. Падкрэсліваючы факт адраджэння Беларусі, ён пісаў: «Беларусы, як і кожны іншы народ, маюць права на адраджэнне. [...] Рухам гэтым будуць кіраваць альбо сумленныя і ахвярныя людзі, альбо ашуканцы. Саветы несумненна выкарыстаюць гэты рух для сваіх мэт».

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 138; ф. 5, воп. 1, спр. 1; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Lomzensis; Krynica (Вільня). 1919. № 4; 1925. № 4; Rocznik, 1972. @

Валадкевіч Каспар (1891-1970), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 08.02.1891 у в. Слабада Віленскага пав. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Восіп і Іаанна (з дому Тышкевічаў) Валадкевічы. Скончыў гарадскую 3-класную навучальню ў Ашмянах (1909). Па выніках экзаменаў у лістападзе 1911 г. атрымаў пасведчанне на званне аптэкарскага вучня ў навучальнай акрузе Пецярбурга. З 1912 г. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасля яе заканчэння ў 1920 г. пасвячоны ў святары. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў Саколцы. У 1921-1928 гг. - пробашч у парафіі Маева. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў міжваеннае дваццацігоддзе на заходнебеларускіх абшарах. Прамаўляў казанні на беларускай мове. Сярод парафіян, дарослых і моладзі распаўсюджваў беларускія свецкія і рэлігійныя выданні. На пачатку ліпеня 1921 г. быў абвінавачаны польскімі ўладамі ў антыдзяржаўнай дзейнасці паводле артыкулаў 129 і 130 Крымінальнага кодэксу Польскай Рэспублікі. Следства па яго справе, якое вяла пракуратура Акруговага суда ў Вільні, скончылася 26.10.1923 апраўданнем. У 1929-1933 гг. працягваў выконваць святарскія абавязкі ў Малой Бераставіцы. З 1934 г. - на пасадзе пробашча ў мясцовасці Квасаўка. У перадваенныя гады служыў у парафіі Анжадаў. Памёр у 1970 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «B»; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 71; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Васіль (1900-1970), праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), доктар багаслоўя, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Уладзімір Тамашчык.

Нарадзіўся 15.04.1900 у в. Вялікія Азярыны Гарадзенскага пав. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Даніла і Марыя (з дому Жанеўскіх) Тамашчыкі. Скончыў пачатковую школу ў в. Вялікія Азярыны. У 1913 г. з сям'ёй пераехаў у маёнтак Дубляны недалёка ад мястэчка Вялікая Бераставіца. Вучыўся ў Горадні. У час Першай сусветнай вайны з набліжэннем фронту з сям'ёй эвакуіраваўся ўглыб Расеі. Са снежня 1915 г. жыў у Омску, дзе скончыў сярэднюю школу (1920). У 1921 г. разам з сям'ёй вярнуўся ў Беларусь. Адбудаваў з братамі зруйнаваны вайной маёнтак у Дублянах. Да беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху далучыўся ў 1920-я гады пад уплывам заходнебеларускага перыядычнага друку і выступленняў беларускіх паслоў на пасяджэннях у сейме Польскай Рэспублікі. У 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі, беспадстаўна абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці і прыгавораны да 3 гадоў турмы. З 1930 г. - у Чэхаславакіі. Вучыўся ў Пражскім політэхнічным інстытуце на агранамічным факультэце. Пасля заканчэння вучобы ў 1934 г. быў запрошаны на пасаду асістэнта ў Пражскі інстытут заалогіі. Адначасова з навуковай працай браў удзел у грамадскім жыцці беларускай эміграцыі. Пэўны час працаваў сакратаром старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі В.Захаркі. У гады Другой сусветнай вайны, пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі, на кароткі час вярнуўся ў Дубляны. Пазней пераехаў у Беласток, дзе ўключыўся ў беларускую грамадска-культурную працу. Працаваў намеснікам рэдактара беларускай газеты «Новыя дарогі». З 1944 г. - у эміграцыі. З сярэдзіны 1940-х гадоў жыў і працаваў у Мюнхене. Быў абраны старшынёй Цэнтральнага беларускага камітэта ў Германіі. Як «нацыянальную здраду» ацаніў пераход епіскапаў БАПЦ у Расейскую зарубежную праваслаўную царкву. Пастрыгся ў манахі і прыняў імя Васіль 23.04.1949 у г. Констанц (Германія). Вышэйшымі духоўнымі іерархамі Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ўзведзены ў сан епіскапа ў беларускай царкве св. Мікалая ў г. Розенгайм (19.12.1949). У 1951 г. скончыў Украінскую багаслоўскую акадэмію ў эміграцыі. На свяшчэнным Саборы епіскапаў БАПЦ у гэтым жа годзе абраны адміністратарам БАПЦ у ЗША, Канадзе і Эўропе. З 2-й паловы 1951 г. - у ЗША. Стала жыў у Нью-Ёрку, дзе арганізаваў царкоўна-рэлігійны і адміністрацыйны цэнтр епіскапата БАПЦ у Паўночнай Амерыцы. Удзельнічаў у беларускім грамадска-культурным жыцці на эміграцыі. Некаторы час узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання. Выступаў з малітвамі ў Сенаце ЗША ў сувязі з гадавінамі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў асабіста знаёмы з прэзідэнтамі ЗША Л.Джонсанам і Р.Ніксанам. Садзейнічаў арганізацыі новых прыходаў БАПЦ, функцыянаванню суботніх і нядзельных школ беларусаведы. Памёр 09.06.1970 у Нью-Ёрку.

Літ.: Беларус (Нью-Ёрк). 1970. № 159; 1980. № 279; Кіпель В. @

Вернікоўскі Аляксандар (1884-1994), праваслаўны святар, протаіерэй, кандыдат багаслоўя, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэлігійны і культурны дзеяч, педагог.

Нарадзіўся 25.07.1884 у Вільні. Паходзіў з сям'і Льва Вернікоўскага, псаломшчыка Віленскага Прачысценскага сабора. У 1893-1897 гг. вучыўся ў Замкавай 2-класнай прыходскай навучальні. Скончыў Віленскую Андрэеўскую духоўную навучальню (1901). Пазней вучыўся ў Менскай духоўнай семінарыі (1901-1907). З чэрвеня 1907 г. - канцылярскі служачы Віленскай філіі Дзяржаўнага банка. Праз год прызначаны псаломшчыкам у царкву Казанскай пяхотнай юнкерскай навучальні (05.05.1908). 25.08.1909 паступіў у Казанскую духоўную акадэмію, якую закончыў са ступенню кандыдата багаслоўя. Са жніўня 1914 г. - канцылярскі служачы Казанскай кантрольнай палаты. Напрыканцы таго ж года прызначаны на пасаду намесніка інспектара Тульскай духоўнай семінарыі, дзе адначасова выкладаў нямецкую і французскую мовы. У лютым 1922 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Працаваў псаломшчыкам Нараўскай царквы Белавежскага павета Гарадзенскай губ. У 1922-1923 гг. - дырэктар беларускай гімназіі ў г. Радашковічы Віленскай губ. З 16.10.1923 - настаўнік гісторыі, царкоўных спеваў і беларускай мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Пэўны час жыў у Беластоку, а пазней пераехаў у Менск. Служыў настаяцелем Свята-Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе. У жніўні 1944 г. прымаў удзел у сходзе духавенства, дзе выступіў з асуджэннем «камуністычных парадкаў». Арыштаваны савецкімі ўладамі 03.01.1945. Пяць гадоў правёў у канцэнтрацыйных лагерах на Ўрале, у Сібіры і Казахстане. Ў Беларусь вярнуўся ў 1950 г. Служыў настаяцелем у м. Дварэц (Дзятлаўскага раёна) і ў м. Леніна Слуцкага раёна, дзе выйшаў на пенсію. Пераехаў да сына Святаслава ў г. Ворша. Памёр 06.07.1994.

Літ.: Прыватны архіў С.Вернікоўскага; LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 172; Синодик. @

Вернікоўскі Фёдар (1861 - пасля 1935), грамадска-палітычны і свецкі праваслаўны дзеяч, адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі.

Нарадзіўся ў мястэчку Дудзічы Ігуменскага павета Менскай губ. Паходзіў з сям'і псаломшчыка Міхаіла Вернікоўскага. Вучыўся ў духоўнай навучальні і праваслаўнай семінарыі ў Менску. Пазней - у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Працаваў у Сялянскім пазямельным банку, Заходняй экспедыцыі па асушцы палескіх балот і арашэнні паўднёвых зямель, Міністэрстве земляробства і дзяржаўнай маёмасці Расейскай імперыі. У 1906 г. - кансультант-дарадчык камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў 1-й Дзяржаўнай думе. Пасля выхаду ў адстаўку жыў у Менску. На правах сябра быў абраны ў Менскую гарадскую думу. Далучыўся да беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Працаваў скарбнікам Менскага беларускага народнага прадстаўніцтва (снежань 1917 - красавік 1918). Абраны ў харчовую і фінансавую камісіі на 2-й сесіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР; 01.05.1918). У першым урадзе БНР пад кіраўніцтвам Р.Скірмунта займаў пасаду дзяржаўнага скарбніка. Быў прызначаны народным сакратаром гандлю і прамысловасці. Са снежня 1918 г. жыў у Вільні. Пазней пераехаў у Горадню, дзе на правах сябра ўваходзіў у Беларускі нацыянальны камітэт і ў Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Са жніўня 1919 г. - у Часовым Беларускім нацыянальным камітэце ў Менску. Выконваў абавязкі дарадчыка і адказнага за ўзаемакантакты з Царкоўнай радай Менскай праваслаўнай епархіі. З 1921 г. - у Вільні. Працаваў у заходнебеларускіх грамадска-культурных, рэлігійных і палітычных арганізацыях. У 1928-1929 гг. - рэдактар газеты «Грамадзянін». Адзін з актыўных удзельнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі, ініцыятар выдання і першы рэдактар беларускага праваслаўнага часопіса «Сьветач Беларусі». У 1930 г. у Вільні на канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацый абраны старшынёй Беларускага праваслаўнага камітэта па беларусізацыі царквы.

Літ.: Архівы БНР; ЭГБ, II. @

Весялкоўскі Юры (нар. 1924), культурна-грамадскі і праваслаўны свецкі дзеяч беларускага замежжа ў Вялікабрытаніі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., гісторык, рэдактар, публіцыст.

Нарадзіўся 02.01.1924 у мястэчку Новы Свержань. Паходзіць з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Мікалай і Соф'я Весялкоўскія. Пачатковую адукацыю атрымаў дома і ў польскай школе. З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войск (1939) вучыўся ў сярэдняй школе. З 1942 г. - студэнт Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы. Пазней накіраваны ў афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. Улетку 1944 г. эвакуіраваны з іншымі выхаванцамі афіцэрскай школы ва Ўсходнюю Прусію. Адтуль быў накіраваны на фронт у Заходнюю Францыю. Напрыканцы верасня 1944 г. перайшоў на бок французскіх партызанаў. Пазней быў інтэрнаваны амерыканскімі вайсковымі ўладамі. Знаходзіўся ў польскім вайсковым лагеры ў г. Марсель. З 27.12.1944 - у польскім войску. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны трапіў у Вялікабрытанію. Вучыўся ў польскай гімназіі ў г. Мадэн, дзе пазнаёміўся з беларускім дзеячам В.Грышкевічам. Прымаў удзел у дзейнасці Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Пасля дэмабілізацыі з польскага войска ў лістападзе 1948 г. пераехаў у Лондан. Уступіў у Хрысціянскае аб'яднанне беларускіх работнікаў (ХАБР), дзе ўзначаліў рэдакцыю часопіса «Аб'яднанне». Выйшаў з ХАБР у 1962 г. пасля канфлікту з беларускім палітычным дзеячам Р.Астроўскім. З 1974 г. рэдагаваў беларускі праваслаўны царкоўна-рэлігійны часопіс «Званіца». Актыўна супрацоўнічае з беларускімі перыядычнымі выданнямі ў эміграцыі і Польшчы. Выступае з артыкуламі гістарычнага і рэлігійнага характару. Найбольш шырока яго публіцыстычная дзейнасць была прадстаўлена на старонках двухмесячніка «Voice of Time» («Голас часу»), рэдактарам якога ён быў з 1989 г. Як адзначае беларускі гісторык з Польшчы А.Мірановіч, у адносінах да беларускага вуніяцка-місіянерскага асяродка ў Лондане і яго прыхільнікаў быў у апазіцыі. Аўтар шэрагу кніг, прысвечаных праблемам праваслаўя, гісторыі Беларусі 20 ст. («Дарога рымскіх папаў на Усход», 1992; «Што прывяло Армію Краёву на Беларусь», 1995; «Беларусь у Першай сусветнай вайне», 1996).

Літ.: Bialoruskie Zeszyty Historyczne (Беласток). 1996. № 2. @

Войтанка Віктар (1912-1972), праваслаўны святар, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., доктар медыцыны. У эміграцыі - Васілеўскі.

Нарадзіўся 06.11.1912 у фальварку Мачульня Наваградскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Сцяпан (праваслаўны святар) і Філамена (з дому Рахавецкіх) Войтанкі. Скончыў пачатковую школу ў мястэчку Дварэц і чатыры класы гімназіі ў Наваградку. З пераводам бацькі ў прыход у мясцовасці Ястрабль і Жалязніца Баранавіцкага павета (?) працягваў вучобу ў гімназіі імя Тадэвуша Рэйтана ў Баранавічах. Пасля яе заканчэння ў 1931 г. паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стафана Баторыя. Браў удзел у дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза і акадэмічнага гуртка беларусаведы. З восені 1937 г. служыў у польскім войску. Год правёў у «санітарнай падхаранжоўцы», а наступныя шэсць месяцаў - у вайсковым шпіталі ў г. Торунь. Пасля дэмабілізацыі ўвесну 1939 г. здаў выпускныя экзамены ва ўніверсітэце і атрымаў дыплом доктара медыцыны. На пачатку Другой сусветнай вайны зноў быў мабілізаваны, але ў хуткім часе, у сувязі з акупацыяй Польшчы нямецкімі войскамі, вярнуўся ў родныя мясціны. З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкай улады жыў з сям'ёй у Баранавічах. Працаваў загадчыкам дзіцячай паліклінікі і лекарам хуткай дапамогі. На пачатку 1941 г. знаходзіўся ў Менску на курсах па ўдасканаленні лекараў-педыятраў. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі арганізаваў у Баранавічах медыцынскую школу з лекарскім, фармацэўтычным і адміністрацыйным аддзеламі. Звяртаўся да акупацыйных улад з просьбамі аб вызваленні з лагераў для ваеннапалонных беларусаў. Прыкладаў намаганні, каб не дапусціць вывазу ў Германію беларускай моладзі. У 1943 г. па загадзе нямецкіх акупацыйных улад быў пераведзены на пасаду акруговага лекара ў Слонім. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку знаходзіўся ў Германіі. Жыў у гарадах Людвігсбург і Зальгаў. Працаваў лекарам на суднах, якія ў 1948-1950 гг. перавозілі эмігрантаў-бежанцаў у ЗША і Аўстралію. Пасля капітуляцыі Германіі імкнуўся «не дапусціць да пераходу беларускіх праваслаўных епіскапаў у Расейскую зарубежную праваслаўную царкву». На правах прадстаўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі сустракаўся з украінскім епіскапам Сяргеем і звярнуўся да яго з прапановай узначаліць Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву (БАПЦ). Вынікам перамоў стала скліканне 05.06.1948 у г. Констанц (Германія) сабора, на якім было абвешчана аднаўленне БАПЦ. У 1950 г. з сям'ёй пераехаў у ЗША. Прайшоў медыцынскую стажыроўку ў Джэрсі-Сіці. Працаваў лекарам у Нью-Ёрку і ў Фэйр-Гевен (штат Нью-Джэрсі). У 1960 г. атрымаў ліцэнзію на права займацца ўласнай медыцынскай практыкай. Прайшоў двухгадовую анестэзіялагічную спецыялізацыю і да 1968 г. працаваў у мясцовасці Пасэйк (штат Нью-Джэрсі). Пасля смерці бацькі, мітрафорнага протаіерэя БАПЦ Сцяпана Войтанкі, прыняў рашэнне стаць святаром. Рукапаложаны ў духоўны сан 15.06.1969 у Нью-Ёрку архіепіскапам Васілём. Выконваў святарскія абавязкі ў прыходзе Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку. Прымаў удзел у грамадска-культурным жыцці беларускага замежжа ў ЗША. Сябра Вялікалітоўскага навуковага таварыства імя Францішка Скарыны, у якім займаў пасаду скарбніка. Памёр 25.04.1972. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку.

Літ.: Вініцкі А.; Голас царквы (Нью-Ёрк). 1972. № 36; Беларус (Нью-Ёрк). 1972. № 182; 1977. № 241; Малецкі Я.; Кіпель В. @

Войтанка Сцяпан (1886-1968), праваслаўны святар, мітрафорны протаіерэй, рэлігійны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі.

Нарадзіўся 28.10.1886. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Парфірый і Ефрасіння Войтанкі. Скончыў пачатковую школу. Паспяхова здаў экзамены ў гімназію, аднак з-за матэрыяльных цяжкасцей ад вучобы адмовіўся. Веды здабываў самаадукацыяй і прыватнымі заняткамі. З 18-гадовага ўзросту працаваў настаўнікам у в. Карыца-Рабкі на Наваградчыне. Пазней кіраваў царкоўным хорам у Зэльве. Пры Гарадзенскай кансісторыі вытрымаў экзамен на дыякана. У гады Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска. Служыў пісарам. Паводле дэкрэта, выдадзенага ўрадам Керанскага, быў адкліканы з войска як настаўнік. Працаваў у Сакаловічаўскай школе Сенненскага павета Віцебскай губ. Рукапаложаны ў сан святара 02.08.1918 у Горадні. У 1930-я гады - настаяцель Марозавіцкага прыхода на Гарадзеншчыне. У 1938 г. звольнены Гарадзенскай кансісторыяй «за супраціў паланізацыі праваслаўнай царквы» і за ўдзел сына Віктара ў віленскіх беларускіх арганізацыях. З 1944 г. - у эміграцыі. Напрыканцы 1940-х гадоў уключыўся ў царкоўна-рэлігійнае жыццё. Прымаў удзел у скліканні ў 1948 г. Констанцкага сабора і аднаўленні БАПЦ. Служыў настаяцелем прыхода Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Апошнія гады святарства правёў у прыходзе БАПЦ у Нью-Брансуіку. Памёр 26.06.1968. Пахаваны на могілках у Іст-Брансуіку.

Літ.: Вініцкі А.; Беларус (Нью-Ёрк). 1968. № 173; Кіпель В. @

Вярсоцкі Янка (1888-1937), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 17.02.1888 у мястэчку Гальшаны Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Янка і Ганна (з дому Сініцкіх) Вярсоцкія. Вучыўся ў Ашмянскай гарадской 3-класнай навучальні (1904-1908). Пасля яе заканчэння паспяхова вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі (06.04.1909). У 1910-1915 гг. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў. У 1915 г. пасвячоны ў святары. Працаваў вікарыем парафіі св. Тройцы ў Менску і Смаленску. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. У Менску ўдзельнічаў ў працы 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (24-25.05.1917) і прысутнічаў на Ўсебеларускім кангрэсе ў снежні 1917 г. Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1919 г. - адміністратар парафіі Забялы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губ. Арыштаваны 08.08.1927 органамі савецкай бяспекі. Абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Асуджаны на тры гады лагераў. З 01.01.1928 - на Салаўках. Пасля заканчэння тэрміну зняволення зноў арыштаваны і высланы ў г. Алма-Ата (Казахстан). У высылцы прыгавораны да вышэйшай меры пакарання (11.12.1937). Расстраляны 22.12.1937 у турме НКУС Алма-Аты.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2169а; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka. 1934. № 4, 11; 1936. № 8; Stankievič A., 1939; Dzwonkowski R., 1998. @

Гадлеўскі Вінцук (1888-1942?), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны, культурны і грамадска-палітычны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, журналіст, выдавец, публіцыст, перакладчык.

Нарадзіўся 16.11. (паводле іншых звестак 16.12) 1888 у мястэчку Шурычы Ваўкавыскага павета Віленскай губ. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1912) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбургу (1916). Пасвячоны ў святары 03.06.1914. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 г. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Менску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. прымаў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый. Абраны сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917), сябра яго арганізацыйнага камітэта. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. Удзельнічаў у працы 1-га Ўсебеларускага кангрэса (снежань 1917). Абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Да 26.05.1918 працаваў асобаўпаўнаважаным у камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР. Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэдагаваў каталіцкае перыядычнае выданне «Krynica» (Менск, 1918). На пачатку 1920-х гадоў пераехаў на Віленшчыну, дзе ў міжваеннае дваццацігоддзе шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю. Праследаваўся польскімі ўладамі, быў некалькі разоў арыштаваны. Два гады правёў у Макатоўскай турме ў Варшаве. У наступныя гады жыў у Вільні. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (кастрычнік 1928). У 1930 г. пераклаў на беларускую мову «Новы Запавет» (Вільня, 1939). У 1936 г. выйшаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб'яднанне. З сярэдзіны 1930-х гадоў займаўся пераважна грамадска-палітычнай дзейнасцю. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст. У гады Другой сусветнай вайны працаваў у шэрагу беларускіх культурна-асветных і палітычных арганізацый. З верасня 1941 г. - у Менску, галоўны школьны інспектар пры генеральным камісарыяце нямецкіх акупацыйных улад. Супрацоўніцтва з немцамі разглядаў як магчымасць для кансалідацыі беларускіх нацыянальна-свядомых сіл. 24.12.1942 арыштаваны ў Менску нямецкай тайнай паліцыяй. Дата, месца і акалічнасці смерці невядомы.

Літ.: LMABRS, ф. 44, спр. 122; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 247, 330, 608; ф. 131, воп. 3, спр. 331; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1206-1207; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Архівы БНР; ЭГБ, II; Мартос А.; Byelorussian Statehood. @

Гайлевіч Язэп (1893-1971), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 26.02.1893 у в. Прыдруйск Дзісенскага павета Віленскай губ. У 1913 г. паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. У сувязі з падзеямі 1917-1918 гг. у Расеі вучобу прыйшлося перапыніць. Заняткі прадоўжыў у Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 29.02.1920 у мясцовасці Бальбінава. Душпастырскую дзейнасць пачаў як вікарый у мястэчку Друя Браслаўскага павета (1920-1921). У наступныя гады выконваў абавязкі адміністратара ў Бальбінаве (1921-1934), працаваў вікарыем у касцёле Сэрца Ісуса ў г. Рэзекне (Латвія, 1934-1935). Перадваенны час і гады Другой сусветнай вайны правёў у Дзвінску, дзе служыў вікарыем у касцёле Дзевы Марыі і адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах (1935-1943). Прымаў удзел у беларускім культурным і грамадскім жыцці міжваеннага дваццацігоддзя ў Латвіі. Выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. У 1943-1949 гг. - адміністратар каталіцкага касцёла ў Бальбінаве. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Быў арыштаваны органамі бяспекі. За «нацыяналістычную дзейнасць» асуджаны на 10 гадоў лагераў. Да 22.06.1956 знаходзіўся ў савецкім канцэнтрацыйным лагеры ў Мардовіі. Пасля вызвалення працаваў адміністратарам касцёла ў мясцовасці Рундак (Латвія, 1956-1959). Апошнія гады душпастырскай дзейнасці займаў пасаду адміністратара касцёла ў Бальбінаве (1959-1971). Памёр 18.10.1971. Пахаваны ў Бальбінаве.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2369/141; ЦНБ, ф. 5, воп. 1; спр. 1; Directorium... Mohiloviensi; Krynica (Вільня). 1925. № 3; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 5; Божым шляхам (Лондан). 1972. № 1; Źnič (Рым). 1974. № 118; Cakuls J. @

Галянкевіч Міхаіл (1852?-1924), праваслаўны святар, протаіерэй Літоўскай епархіі, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог.

Нарадзіўся ў 1852 г. (?) у Бельскім павеце Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўных беларусаў. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю. У 2-й палове 19 ст. - ключар Віленскага Мікалаеўскага кафедральнага сабора. У 1884-1906 гг. працаваў у складзе Літоўскага епархіяльнага «попечительства о бедных духовного звания». За заслугі «по духовному ведомству» адзначаны ўказам імператара Мікалая II ордэнам св. Уладзіміра VI ступені (06.05.1908). З 1910 г. (?) - протаіерэй Літоўскай епархіі, сябра духоўнай кансісторыі. У гады Першай сусветнай вайны, пасля адступлення расейскіх войск з Вільні, свядома застаўся пры сваім прыходзе. З 1914 г. - удзельнік беларускага грамадска-культурнага і рэлігійнага руху. Разам з архімандрытам Саваціем прадстаўляў праваслаўнае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Аказваў дапамогу ў арганізацыі першых беларускамоўных пачатковых школ у Вільні і першых беларускіх настаўніцкіх курсаў. На апошніх працаваў выкладчыкам Закону Божага для слухачоў праваслаўнага веравызнання. У час нямецкай акупацыі Вільні звярнуўся да вайсковых улад з пісьмовай просьбай перадаць частку нерухомасці Віленскай праваслаўнай епархіі на патрэбы беларускага школьніцтва. Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларускага навуковага таварыства ў Вільні (1917-1924). Браў удзел у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі ў Вільні (1918). На канферэнцыі разам з каталіцкім святаром У.Талочкам абраны ў склад Віленскай беларускай рады. У лютым 1918 г. звярнуўся да ўдзельнікаў з'езда святароў былой Віленскай праваслаўнай епархіі, які праходзіў у Дзісне, заклікаючы праваслаўнае духавенства «адмовіцца ад русіфікацыйных функцыяў і ўзяць актыўны ўдзел у беларускай культурна-нацыянальнай творчай працы». Глыбока перажываючы за палажэнне праваслаўнай царквы на Віленшчыне, патрабаваў абароны «як праваслаўнай веры, так і праваслаўнага насялення беларускае нацыянальнасьці (іншае цяпер тут няма!)». Для паспяховай рэалізацыі гэтай праблемы-задачы заклікаў праваслаўнае духавенства Віленшчыны «адрачыся ад навязаных яму старым расейскім урадам абрусіцельных функцый і выступіць як адна з чынных сіл беларускае культурна-нацыянальнае работы, - адным словам, выступіць, як нацыянальна-беларускае духавенства». Памёр 10.11.1924 у Вільні.

Літ.: БДАЛіМ, ф. 3, воп. 1, спр. 134, 140; Архівы БНР; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1883. № 11; Сялянскай Праўда (Вільня). 1924. № 17. @

Гарасімовіч Вінцук (1870-1932), каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік Магілеўскай архі-дыяцэзіі, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся ў 1870 г. ў мястэчку Мір Менскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Янкі Гарасімовіча (паводле іншых крыніц - з мяшчан). У 1889 г. скончыў 6-ю Пецярбургскую гімназію. Вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу (1889-1894). Пасвячоны ў святары 17.12.1894. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. З 1895 г. служыў вікарыем пры Менска-Кальварыйскім касцёле. Пасля двух гадоў службы пераведзены на пасаду філіяліста ў Смалянскі касцёл Аршанскага дэканата. З 17.03.1904 выконваў абавязкі пробашча мясцовага касцёла ў Клецку і адначасова выкладаў Закон Божы ў Мядзведзіцкай народнай навучальні (з 1906). Намаганнямі парафіян і В.Гарасімовіча ў кастрычніку 1905 г. ў Мядзведзічах католікам быў вернуты рымска-каталіцкі касцёл, забраны царскімі ўладамі ў 2-й палове 19 ст. 11.03.1911 арыштаваны паліцыяй ў Менску. За «сепаратызм» высланы адміністрацыйна на 3 гады ў Архангельск. З гэтага часу заставаўся без пасады. Рашэннем кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў 28.09.1913 атрымаў дазвол выконваць святарскія абавязкі «вне однако девяти западных губерний». Апостальскім адміністратарам Магілеўскай архідыяцэзіі 25.09.1914 часова прызначаны выконваць абавязкі эканома ў Імператарскай духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі. З 01.04.1915 - вікарый касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла ў Маскве. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). На з'ездзе выступіў з рэфератам «Акцыя духавенства грамадска-эканамічная». На правах сябра ўваходзіў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (1918-1919). У чэрвені-жніўні 1918 г. камандзіраваны біскупам Э.Ропам у Маскву і Менск. Быў асабіста знаёмы з львоўскім грэка-каталіцкім мітрапалітам А.Р.Шаптыцкім. На пачатку 1920-х гадоў (паводле некаторых крыніц, у 1925) у сувязі з рэпрэсіямі савецкіх улад супраць духавенства і пагрозаю магчымага арышту выехаў у Польшчу. З сярэдзіны 1920-х гадоў працаваў на пасадзе пробашча ў парафіі Машчаніцы Лодзінскай дыяцэзіі. Памёр 26.06.1932.

Літ.: ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 65; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1529/240; ф. 821, воп. 3, спр. 823; ф. 821, воп. 128, спр. 300; LVIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7717; Архівы БНР; Spis duchowieństwa, 1936; Dzwonkowski R., 1998. @

Гарошка Леў (1911-1977), каталіцкі святар усходняга абраду, архімандрыт, місіянер, рэлігійны, культурна-асветны і грамадскі дзеяч, педагог, культуролаг, даследчык гісторыі рэлігійнага жыцця ў Беларусі, саветолаг, пісьменнік і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімамі Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш.

Нарадзіўся 26.02.1911 у в. Трашчычы Наваградскага павета Менскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў з вуніяцкімі традыцыямі. У 1923-1931 гг. вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі. Пазней паступіў у Львоўскую духоўную акадэмію, у якой вучыўся да 1936 г. У тым жа годзе выехаў на вучобу ў Інсбрук (Аўстрыя), аднак па прычыне недастатковага ведання лацінскай мовы вучыцца далей не змог. Пасвячоны ў святары 17.10.1937 у Львове. Душпастырскую працу пачаў у Пінскай дыяцэзіі (1937-1939). У гады Другой сусветнай вайны жыў у Баранавічах, дзе працаваў у гандлёвай і медыцынскай школах (1939-1944). У сувязі з арганізацыяй Беларускага экзархата прызначаны экзархам А.Неманцэвічам сябрам Экзархальнай рады (02.05.1942). Прымаў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе ў Менску (1944). З 1944 г. - у эміграцыі. Займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Германіі. З восені 1945 г. знаходзіўся ў Рыме. Рашэннем Усходняй кангрэгацыі ў Ватыкане ад 16.10.1946 прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Да 1958 г. жыў у Парыжы, дзе рэдагаваў і выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам» (1947-1957). У 1959 г. выехаў у Рым, дзе ўступіў у навіцыят айцоў марыянаў. У 1960 г. біскупам Ч.Сіповічам прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Дзейны сябра лонданскага аддзела Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Удзельнік XIV Кангрэса «Царква ў патрэбе» ў Кёнігштайне (31.07-04.08.1964). У 1970-1977 гг. кіраваў Беларускай секцыяй Ватыканскага радыё і выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Памёр 28.07.1977 у Парыжы. Пахаваны на могілках св. Панкрата ў Лондане.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЭГБ, II; Мартос А.; Божым шляхам (Лондан). 1966. № 94; 1978. № 1. @

Германовіч Язэп (1890-1978), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, місіянер, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, пісьменнік, паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Вінцук Адважны.

Нарадзіўся 20.02.1890 у мястэчку Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. Вучыўся ў Гальшанскай пачатковай школе і ў гарадской школе ў Ашмянах. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Пасвячоны ў святары 29.06.1913. Тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата (Беласток, Крынкі, Мсцібова, Вялікая Лапеніца). З 1921 г. - сябра Таварыства беларускай мовы. У 1924 г. уступіў у ордэн айцоў марыянаў. Служыў пробашчам у Друі, дзе адначасова выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў гімназіі. Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). Праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. З 1932 г. займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Харбіне (Маньчжурыя). Па стане здароўя ў 1936 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Кіраваў у Вільні Беларускім домам марыянаў. У 1938 г. дэпартаваны польскімі ўладамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 г. арыштаваны кітайскімі ўладамі і перададзены органам савецкай бяспекі. Да 1955 г. знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры. Пасля вызвалення быў змушаны выехаць у Польшчу, адкуль напрыканцы 1959 г. выехаў у Італію, пазней - у Вялікабрытанію. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Рэдагаваў часопіс «Божым шляхам». Напісаў успаміны «Кітай-Сібір-Масква». Памёр 26.12.1978 у Лондане. Пахаваны на могілках св. Панкрата.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Г»; LVIA, ф. 604, воп. 6, спр. 757; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; ЭГБ, I; БП, I; Божым шляхам (Лондан). 1964. № 82; 1973. № 136; 1979. № 50; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1938. № 17; Беларус (Нью-Ёрк). 1979. № 262. @

Гітлін Майсей (?-1969), пратэстанцкі прапаведнік, місіянер, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа ў ЗША, публіцыст.

Нарадзіўся ў Беларусі. Паходзіў з жыдоўскай сям'і. Вучыўся ў хедары. У 1920-я гады перайшоў у хрысціянскую веру. Скончыў Біблейскі інстытут. Працаваў місіянерам у Польшчы. З 2-й паловы 1930-х гадоў праводзіў хрысціянскую місіянерскую дзейнасць сярод жыдоў у Варшаве. Арганізоўваў і вёў біблейскія школы ў Аргенціне і Канадзе. З пачатку 1950-х гадоў - у ЗША. Працаваў у місіянерскіх арганізацыях. Супрацоўнічаў з беларускім эмігранцкім перыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус»). Па запрашэнні беларускага пратэстанцкага дзеяча Тараса Сайкі ўключыўся ў працу па перакладзе Святога Пісання на беларускую мову. На правах экзаменатара ўвайшоў у Беларускі біблейскі камітэт, створаны для падрыхтоўкі перакладу і выдання Бібліі ў эміграцыі. Гісторыю перакладу апісаў у брашуры «A Brief History of the Translation of the Bible into Whiterussian». Памёр 10.01.1969 у г. Кліўленд (штат Агаё, ЗША).

Літ.: Пятроўскі Я.; Бацькаўшчына (Мюнхен). 1959. № 1-2; Беларускі голас (Таронта). 1969. № 171; Кіпель В. @

Глякоўскі Станіслаў (1896 - снежань 1941?), каталіцкі святар заходняга абраду, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, душпастыр, рэдактар, выдавец, педагог і публіцыст. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Стасюк з-над Нёмна (Stasiuk z-nad Niomna).

Нарадзіўся 02.03.1896 у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Антона і Антаніны Глякоўскіх. У 1904-1907 гг. вучыўся ў Поразаўскай народнай навучальні. Скончыў гарадскую 4-класную навучальню ў Ваўкавыску (07.06.1913). У 1914 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У пачатку 1920-х гадоў выехаў на вучобу за мяжу. Вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. Пасвячоны ў святары 29.05.1921 у Вільні. Пасля вяртання з Рыма служыў вікарыем у парафіі Тжцяннэ Кнышынскага дэканата і пробашчам у парафіі Трычоўка Ваўкавыскага дэканата. З 1928 г. выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі і настаўніцкай семінарыі. Прымаў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці. Пашыраў беларускую мову сярод беларусаў-католікаў, выступаў за яе шырокае ўвядзенне ў душпастырскую практыку на заходнебеларускіх абшарах. Сябра Беларускага навуковага таварыства і Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Выдаваў каталіцкі часопіс для дзяцей «Пралескі» (Вільня). Быў старшынёй беларускіх скаўтаў пры Віленскай беларускай гімназіі. Працаваў вікарыем у парафіі св. Яна ў Вільні. У гады Другой сусветнай вайны прымаў актыўны ўдзел у беларускім рэлігійным і культурна-асветным руху. Выконваў святарскія абавязкі пры касцёле святых Сымона і Алены. Удзельнік канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Менску (15.12.1941). Там жа публічна арыштаваны нямецкай тайнай паліцыяй. Дакладная дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.

Літ.: Прыватны архіў Паплаўскіх; LMABRS, ф. 318, каталог «Г»; LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 953; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; ЭГБ, III; Źnič (Рым). 1951. № 65; Мартос А.; Наша вера (Менск). 1996. № 4. @

Голад Лукаш (1892-пасля 1940), праваслаўны святар, протаіерэй Літоўскай епархіі, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, рэдактар, выдавец.

Нарадзіўся ў 1892 г. Сябра Віленскай праваслаўнай кансісторыі. Прымаў удзел у беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Праследаваўся польскімі ўладамі. У 1925 г. асуджаны на 5 месяцаў турмы. Рэдактар і выдавец рэлігійнага часопіса «Праваслаўная Беларусь» (1927-1928). Звязаны з беларускімі праваслаўнымі дзеячамі сенатарам В.Багдановічам і святаром А.Каўшом, якія аказвалі фінансавую падтрымку пры выданні часопіса. Рашэннем Свяшчэннага Сінода праваслаўнай царквы ў Польшчы пазбаўлены сана святара. У 2-й палове 1930-х гадоў зноў узведзены ў сан. У 1940 г. паводле ўказу мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Еліферыя прызначаны прадстаўніком Ковенскага праваслаўнага савета ў Вільні.

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 716; Открытое письмо. @

Голасаў Уладзімір (1913 - каля 1944), праваслаўны святар, магістр багаслоўя, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларусізацыі праваслаўнай царквы ў міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі

Нарадзіўся 12.07.1913 у мясцовасці Ілья Віленскага павета. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара: бацькі - Сяргей і Людміла Голасавы. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю ў Вільні (1931). Прадоўжыў вучобу на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1935 г. са ступенню магістра багаслоўя. Рукапаложаны ў сан святара 17.05.1934. Пастырскую дзейнасць распачаў у в. Ятвеск Шчучынскага павета. 25.09.1935 пераведзены ў Маладэчна. Працаваў намеснікам настаяцеля ў праваслаўным прыходзе ў Радашковічах. У 1944 г. арыштаваны савецкімі ўладамі. Памёр у канцэнтрацыйным лагеры. Дата, месца і акалічнасці смерці невядомы.

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 903; За незалежнасьць. @

Грынкевіч Станіслаў (1901-1945), культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., лекар-псіханеўролаг, пісьменнік і перакладчык.

Нарадзіўся 23.02.1901 у мястэчку Новы Двор Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Пляменнік беларускага святара і культурнага дзеяча Францішка Грынкевіча. Вучыўся ў Гарадзенскай мужчынскай гімназіі. У пачатку Першай сусветнай вайны выехаў у Смаленскую губ. Скончыўшы 7-ы клас Дарагабужскай гімназіі, вярнуўся ў родную вёску. Вучыўся на медыцынскім факультэце ўніверсітэта імя Стафана Баторыя ў Вільні, адкуль перавёўся ў Пазнанскі ўніверсітэт, дзе і закончыў вучобу. Працаваў асістэнтам у клініцы Познані, ардынатарам псіхіятрычнага шпіталя ў мястэчку Харошч на Беласточчыне. Прымаў удзел у заходнебеларускім культурна-грамадскім жыцці. У 1931-1936 гг. - сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і віцэ-старшыня кіруючага органа гэтай партыі. Уваходзіў у склад прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Аўтар працы «Народ», кнігі «Аб тэатры», апавядання «Арлянё» (усе 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936), медыцынскіх брашур і інш., выдадзеных у Вільні. Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую кнігу вядомага аскета і містыка Тамаша Кемпійскага «Сьледам за Хрыстусам» (1934). У гады Другой сусветнай вайны быў звязаны з беларускім незалежніцкім і грамадска-палітычным рухам. З прыходам савецкіх войскаў арыштаваны органамі бяспекі (1944). 18.05.1945 ваенным трыбуналам Беларуска-Летувіскай ваеннай акругі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЭГБ, III; БП, VI. @

Грынкевіч Францішак (1884-1933), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся ў 1884 г. ў в. Новы Двор Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навадворскай народнай школе. Скончыў гімназію ў Горадні. У 1901-1905 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З 01.09.1906 прадоўжыў навучанне за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе сустрэў сярод выкладчыкаў і студэнтаў свядомых беларусаў (лектар Б.Эпімах-Шыпіла, студэнты А.Лісоўскі і Г.Бэта). На адной са студэнцкіх сходак у 1905 г. выступіў з рэфератам, прысвечаным беларускаму адраджэнскаму руху. У 1907-1909 гг. вучыўся за мяжой у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Германія). Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1909 г. як настаўнік Закона Божага ў Гарадзенскай гімназіі. Служыў пробашчам пры кляштары брыгітак. Арганізаваў у Горадні гурток беларускай моладзі (1909-1914), які аб'яднаў у сваіх шэрагах будучых дзеячаў беларускага хрысціянскага і нацыянальна-адраджэнскага руху (Бычкоўскія, Л.Лявіцкі, Я.Чарапук і інш.). Супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газета «Biełarus» (Вільня, 1913-1915). Напрыканцы Першай сусветнай вайны адышоў ад беларускай грамадскай і асветнай дзейнасці. Прыхільнік краёвага руху. Памёр 26.07.1933 у Горадні.

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 146; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2520, 2526; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 92; Directorium... Mohiloviensi; Directorium... Vilnensi; ЭГБ, III; Stankiewicz A., 1929; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 7; 1934. № 2. @

Далецкі Міхаіл (1884-1942), каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 11.08.1884 у в. Абабы Слабодскай воласці Новааляксандраўскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Ігнат і Іаанна (з дому Багародзяў) Далецкія. Атрымаў хатнюю адукацыю. Здаў экзамен на атэстат сталасці пры Кадэцкім корпусе імператара Аляксандра II у Пецярбургу. У 1904-1909 гг. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 19.05.1909 біскупам С.Данісевічам у Пецярбургу. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Пінску. У 1911 г. - адміністратар Старчыцкай парафіі Слуцкага дэканата. На ўрачыстасцях з нагоды ўзвядзення ў сан біскупа Ф.Карэвіча ў 1914 г. выступіў па пытанні ўжывання беларускай мовы ў касцёле. Карэспандаваў і матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». З 1924 г. - на пасадзе пробашча ў парафіі Ўселюб Пінскай дыяцэзіі. У 1933 г. прызначаны пробашчам і дэканам у Наваградак.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1811; ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 130; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Pinscensis; Spis kościołów, 1933-35; Biełarus (Вільня). 1914. № 5; Stankievič A., 1939. @

Данілюк Фёдар (1887-1960), праваслаўны святар, мітрафорны протаіерэй, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэлігійны і грамадскі дзеяч, прыхільнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ).

Нарадзіўся 12.08.1887 у в. Сурынка Слонімскага павета. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Васіль і Агрыпіна Данілюкі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе ў Сурынцы. Скончыў духоўную школу пры Жыровіцкім манастыры. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, а пазней псаломшчыкам у Кобрынскім павеце. З 1914 г. - у арміі. Скончыў школу прапаршчыкаў у Гатчыне (1917). У жніўні 1917 г. ўдзельнічаў у з'ездзе беларусаў-вайскоўцаў у Маскве. З кастрычніка 1917 г. - на Румынскім фронце, камісар 4-га беларускага корпуса. Пасля дэмабілізацыі пэўны час знаходзіўся ў Таганрогу. З верасня 1918 г. - у Беларусі. У снежні гэтага ж года абраны старшынёй Беларускай валасной рады ў Ваўкавыску. У студзені 1919 г. - малодшы афіцэр 1-га Беларускага Гарадзенскага палка. Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі быў накіраваны ў Летуву ў распараджэнне Міністэрства беларускіх спраў пры Летувіскім урадзе. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 г. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны 1920 г. жыў у в. Вярэйкі Ваўкавыскага павета, дзе служыў псаломшчыкам у мясцовай праваслаўнай царкве. Рукапаложаны ў сан святара 21.09.1921. У 1922-1939 гг. - настаяцель праваслаўных прыходаў на Слонімшчыне і Наваградчыне. У 1930-я гады праследаваўся польскімі адміністрацыйнымі ўладамі. У 1935 г. пазбаўлены ўласнага прыхода. Працаваў памочнікам настаяцеля ў мясцовасцях Крывошын і Заблудава. У час Другой сусветнай вайны прымаў удзел у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Як прадстаўнік Наваградскай епархіі ўдзельнічаў у працы Ўсебеларускага царкоўнага сабора ў Менску (30.08-02.09.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Адзін з ініцыятараў аднаўлення БАПЦ у эміграцыі, удзельнік царкоўнага сабора ў г. Констанц (Германія, 1948). У жніўні 1950 г. перабраўся ў ЗША. Стваральнік і настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк). На ўстаноўчым з'ездзе епархіі БАПЦ у ЗША і Канадзе ў траўні 1960 г. абраны ў епархіяльную ўправу, прызначаны кіраўніком царкоўна-судовага аддзела. У сваёй нацыянальна-рэлігійнай і святарскай дзейнасці паслядоўна адстойваў ідэю аўтакефальнасці Беларускай праваслаўнай царквы. Памёр 29.07.1960 у Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку.

Літ.: Вініцкі А.; Byelorussian Statehood; ЭГБ, III. @

Данісевіч Стафан (1836-1913), каталіцкі святар заходняга абраду, біскуп, капітулярны прэлат, апостальскі пранатарыус, афіцыял Кансісторыі, тытулярны біскуп клаўдыяпалітанскі, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, педагог і мецэнат, спрыяў выданню першых рэлігійных кніг на беларускай мове.

Нарадзіўся ў 1836 г. ў Чэрыкаўскай парафіі на Магілеўшчыне. Паходзіў з сям'і вольнаадпушчаных сялян. Атрымаў хатнюю адукацыю. Па выніках уступных экзаменаў 23.08.1856 залічаны на 1-ы курс Менска-Магілеўскай духоўнай рымска-каталіцкай семінарыі, дзе вывучаў Святое Пісанне, дагматычную і маральную тэалогію, гісторыю царквы, кананічнае права. Пасля заканчэння трох курсаў семінарыі 02.09.1859 як адзін з лепшых вучняў пераведзены на казённы кошт у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Поўны курс навучання ў акадэміі закончыў 23.06.1863 з навуковай ступенню магістра тэалогіі. Пасвячоны ў святары 16.04.1863 магілеўскім суфраганам біскупам Іосіфам Станеўскім. Душпастырскую працу распачаў у ліпені гэтага ж года на пасадзе законавучыцеля Дваранскай навучальні ў Воршы. У кастрычніку 1863 г. пераведзены на такую ж пасаду ў Магілеўскую губ. Выкладаў рэлігію ў 3-класнай павятовай навучальні і класічнай гімназіі. Адначасова выступаў з казаннямі ў Магілеўскім архікафедральным касцёле. З 20.07.1866 - куратар мясцовага рымска-каталіцкага касцёла ў Смаленску і выкладчык Закону Божага ў мясцовай губернскай гімназіі. Пасля сямі гадоў службы прызначаны на пасады пробашча Магілеўскага архікафедральнага касцёла і дэкана Магілева (30.07.1873). Са снежня 1876 г. - зноў на пасадзе куратара Смаленскага касцёла. Быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава III ступені. У 1891 г. заняў пасаду кіраўніка Клімавіцка-Мсціслаўскага дэканата і ўзначаліў Магілеўскую архідыяцэзію. Узведзены ў сан каноніка-сеньёра Магілеўскай архікафедральнай капітулы (07.02.1895). У верасні гэтага ж года прызначаны засядацелем Магілеўскай духоўнай рымска-каталіцкай кансісторыі. З 1901 г. - прэлат-схаласт і афіцыял Магілеўскай архікафедральнай капітулы. Вызначаўся шырокай дабрачыннасцю і мецэнацтвам. Праследаваўся царскімі ўладамі. У 1911 г. пазбаўлены тытулаў капітулярнага прэлата і афіцыяла кансісторыі, а таксама грашовых узнагарод. Пасля году апалы памілаваны. Пачынальнік беларускага хрысціянскага і рэлігійна-выдавецкага руху. Адзін з першых каталіцкіх душпастыраў, які прамовіў да беларусаў-католікаў на іх роднай мове. Выдаў лемантар з кароткім катэхізісам на беларускай мове. Цэнзар і выдавец першых беларускамоўных падручнікаў па рэлігіі. Аказваў матэрыяльную падтрымку выдаўцам каталіцкай газеты «Belarus». Памёр 03.12.1913 у Смаленску.

Літ.: РГИА, ф. 821, воп. 126, спр. 963; ф. 820, воп. 3, спр. 224; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Mohiloviensi; Stankievič A., 1939; ЭГБ, III. @

Дашута Язэп (1890-1966), каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, доктар кананічнага права, рэлігійны і культурна-адраджэнскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 20.12.1890 у г. Саколка Гарадзенскай губ. Паходзіў з мяшчанскай сям'і: бацькі - Дамінік і Зузанна (з дому Станіслаўчыкаў) Дашуты. У 1905-1910 гг. вучыўся ў Сакольскай гарадской 4-класнай навучальні. Пасля паспяховага яе заканчэння паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). На правах сябра ўваходзіў у гурток беларусаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары 26.05.1918. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Дабжынаў Беластоцкага дэканата. З дазволу біскупа Ю.Матулявічуса вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (з 1921). З 1925 г. - у ордэне айцоў марыянаў у Друі. Пасля навіцыяту выехаў на далейшую вучобу ў Рым, дзе праз год абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве. Напрыканцы 1927 г. вярнуўся ў Друю. Прымаў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці міжваеннага дваццацігоддзя. Выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў беларускіх каталіцкіх парафіях. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. 23.06.1938 дэпартаваны паліцыяй з друйскага кляштару. Пэўны час жыў у польскім марыянскім кляштары ў мясцовасці Скужэц каля Седльцаў. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Польшчы. Займаўся душпастырскай дзейнасцю ў кляштарах у Грудзёндзу, Улацлаўку. Падтрымліваў кантакты з беларускім асяродкам айцоў марыянаў у Лондане. Памёр 09.09.1966 ва Ўлацлаўку. Пахаваны ў Варшаве.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Д»; Directorium... Vilnensi; Stankiewicz A., 1929. @

Дварэцкі Мікалай (1903-1988), грамадска-культурны і праваслаўны рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, паэт і публіцыст.

Нарадзіўся 06.09.1903 у г. Выбарг. Пасля вяртання сям'і ў Беларусь вучыўся ў 7-гадовай школе ў Вільні. Пасля яе заканчэння працаваў краўцом. Потым «рыбачыў на Віленскіх і Аўгустоўскіх азёрах». Прымаў удзел у заходнебеларускім грамадска-палітычным, культурным і рэлігійным жыцці. Дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). 25.11.1928 на з'ездзе БХД быў абраны сябрам яе Цэнтральнага камітэта. У пачатку 1930-х гадоў быў адным з ініцыятараў стварэння праваслаўнай фракцыі БХД. Актыўна супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры. У міжваенны час друкаваўся ў заходнебеларускіх перыядычных выданнях пад псеўданімам Мікола Базылюк. У 1939-1941 гг. працаваў настаўнікам у Міёрах. З 1942 г. знаходзіўся на прымусовых работах ва Ўсходняй Прусіі. З 2-й паловы 1940-х гадоў жыў у Лашцы на Памор'і. Некаторы час працаваў на чыгунцы ў Гданьскай павятовай дарожнай управе ў мясцовасці Штутава. Памёр 15.08.1988 у г. Лембарк недалёка ад Гданьска.

Літ.: Biełaruskaja Krynica (Вільня). 1928. № 54; Ніва (Беласток). 1999. № 36. @

Дзекуць-Малей Лукаш (1888-1955), пратэстанцкі святар, прэсвітэр, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, біблеіст, педагог, мецэнат і выдавец, перакладчык рэлігійнай літаратуры.

Нарадзіўся 01.10.1888 у Гарадзенскай губ. Паходзіў з пратэстанцкай сям'і Мікалая Дзекуця-Малея. Вучыўся на Першых беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні (1913). Працаваў настаўнікам. Служыў у расейскай арміі ў Беластоку, дзе пазнаёміўся з вернікамі царквы баптыстаў. З 1910 г. звязаны з пратэстанцкім рухам. Пэўны час жыў у Пецярбургу, дзе на працягу двух гадоў наведваў біблейскія курсы. У 1918 г. браў удзел у працы Беларускага сялянскага з'езда ў Горадні, на якім быў абраны ў Гарадзенскую павятовую раду і Арганізацыйны камітэт па скліканні Краёвага беларускага з'езда Гарадзеншчыны. 13.02.1919 арыштаваны польскімі вайсковымі ўладамі і пазней вызвалены. Адзін з арганізатараў «Грамады беларускай моладзі ў Горадні». Улетку 1919 г. - кіраўнік Гарадзенскай цэнтральнай беларускай вучыцельскай рады. З 1920 г. - адзін з лідэраў Беларускага нацыянальнага камітэта і старшыня Беларускай школьнай рады ў Горадні. У ліпені-верасні таго ж года - на пасадзе камісара сацыяльнага забеспячэння Гарадзенскага рэўкома. Да пачатку 1920-х гадоў вёў святарскую дзейнасць. Быў пратэстанцкім прапаведнікам у Берасці. У 1920-1924 гг. пераклаў з польскай і расейскай моў на беларускую 17 рэлігійных брашур. Сумесна з А.Луцкевічам пераклаў і выдаў на беларускай мове «Новы Запавет і Псальмы» (Гельсінгфорс, 1931). У міжваеннае дваццацігоддзе шырока вёў нацыянальна-культурную, рэлігійную і дабрачынную дзейнасць у Заходняй Беларусі. У снежні 1927 г. адкрыў малітоўны дом, пры якім арганізаваў кравецкія і пчалярскія курсы. Пазней там жа адчыніў дзіцячы прытулак і нядзельную школу. З прыходам Чырвонай Арміі ў Беларусь праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 19.06.1941 г. органамі бяспекі. Знаходзіўся ў камеры для «смяротнікаў». У гады Другой сусветнай вайны жыў на бацькаўшчыне. Вёў святарскую дзейнасць, займаўся перакладамі. Выдаў у Менску ў 1942 г. малітоўнік на беларускай мове. Напрыканцы вайны пакінуў Беларусь. З 2-й паловы 1940-х гадоў жыў у Гданьску (Польшча). Служыў прэсвітэрам у пратэстанцкай царкве. Памёр 20.01.1955 у Гданьску.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1-2; ЭГБ, III; Архівы БНР. @

Дубейкаўскі Леў (1869-1940), культурна-нацыянальны і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага культурна-адраджэнскага руху міжваеннага дваццацігоддзя, архітэктар.

Нарадзіўся 07.07.1869 (па іншых звестках у 1867) у в. Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілеўскай губ. Скончыў Мсціслаўскую гарадскую навучальню, затым Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў (1903) і Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909). У 1880-1890-я гады працаваў будаўнічым майстрам у Магілеўскай губ., кіраваў аднаўленнем касцёлаў у Магілеве, Воршы, Крычаве, Мсціславе, у вёсках Смаляны Аршанскага і Свіслач Асіповіцкага паветаў. У 1896-1898 гг. удзельнічаў у будаўніцтве касцёла ў Смаленску. У 1903-1904 гг. пабудаваў мураваныя цэрквы на Смаленшчыне (Ярцава, Манастыршчына). У 1916 г. жыў у Менску, далучыўся да беларускага нацыянальна-культурнага руху. У 1917 г. працаваў у Арле і Пецярбургу, быў абраны сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта. З 1919 г. - старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве, фактычна з'яўляўся паслом Беларускай Народнай Рэспублікі ў Польшчы. У 1922 г. пасяліўся ў Вільні. Адышоў ад палітычнай дзейнасці і займаўся архітэктурна-будаўнічай працай. Спраектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах на Браслаўшчыне. Кіраваў аднаўленнем кляштара айцоў марыянаў у Друі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва. Супрацоўнічаў з заходнебеларускімі культурна-асветнымі і палітычнымі арганізацыямі. Памёр 06.11.1940 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЭГБ, III. @

Дуброўскі Антон (Дамброўскі; 1896-1947), каталіцкі святар усходняга абраду, тэолаг, манах-езуіт, прафесар філасофіі, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог і публіцыст.

Нарадзіўся 08.05.1896 у Кавалішках на Браслаўшчыне. У 1913-1917 гг. вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе. З 24.05.1918 - у ордэне езуітаў. Вывучаў філасофію ў гарадах Новы Сонч (1919-1921) і Кракаў (1921-1923). Прадоўжыў вучобу ў Рыме, дзе ў 1923-1925 гг. вывучаў маральную тэалогію ў Collegium Gregorianum. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў неавуніяцкага руху ў міжваеннае дваццацігоддзе. З 1925 г. - у мястэчку Альбярцін на Слонімшчыне. Арганізатар Усходняй місіі. У 1926-1929 гг. - магістр Дому і адміністратар неавуніяцкай парафіі. Прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў вуніяцкіх парафіях на Палессі. Выступаў з казаннямі на беларускай мове. Прымаў удзел у 5-м Вуніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). У 1931-1932 гг. - у папскай Усходняй семінарыі ў Дубне (Украіна). Працаваў рэктарам, прафесарам філасофіі і ўсходняй літургіі, выкладаў пастаральную тэалогію і гісторыю царквы. Да 1938 г. - суперыёр Усходняй місіі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны займаў пасаду рэктара і магістра навіцыята ў Альбярціне. Пасля 1940 г. служыў душпастырам у Шаўлях. У апошнія гады жыцця працаваў у Ковенскай духоўнай семінарыі. Памёр 16.04.1947 у Коўне.

Літ.: LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Mohiloviensi; EW; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1928. № 3; Stankiewicz A., 1929. @

Жалезняковіч Серафім (нар. 1913), праваслаўны святар, протапрэсвітэр, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся 14.12.1913 у в. Ярэмічы на Наваградчыне. Паходзіць з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Арсен і Галена Жалезняковічы. Скончыў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю (1935). У гады Другой сусветнай вайны працаваў у беларускай школе ў мястэчку Гайнаўка на Беласточчыне (1943). Выкладаў Закон Божы. З часу заканчэння вайны выконвае святарскія абавязкі ў Беластоку. Служыць настаяцелем кафедральнага сабора св. Мікалая.

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 903; Bialoruskie Zeszyty Historyczne (Беласток). 1994. № 2; Польская аўтакефальная праваслаўная царква. @

Жаўняровіч Ігнат (1890-1937), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 07.11.1890. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і. Скончыў Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1912). У 1913-1914 гг. вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, дзе ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Першапачаткова прызначаны на пасаду вікарыя ў Прыдруйскі касцёл. Аднак ужо праз месяц, 22.12.1915, камандзіраваны ў г. Рыбінск у дапамогу капелану мясцовага касцёла і для выкладання Закону Божага ў мясцовых навучальных установах. З 17.02.1917 часова загадваў Рыбінскім касцёлам. Пазней быў пераведзены ў Магілеўскую архіядыяцэзію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў Аршанскай парафіі (1921-1924). Карыстаўся вялікай павагай сярод мясцовых парафіян. Апошнія ў сувязі з пераводам І.Жаўняровіча ў іншую парафію падалі прашэнне вышэйшым уладам Магілеўскай архідыяцэзіі, у якім адзначалі душпастырскае прызванне святара, яго высокія маральныя і святарскія якасці. Просьбу пакінуць І.Жаўняровіча ў Аршанскай парафіі матывавалі яшчэ і тым, што «знакомство кс. И.Жолнеровича с нашим местным белорусским языком облегчало наше общение с ним». Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод беларусаў-католікаў. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. У сярэдзіне 1920-х гадоў выконваў абавязкі адміністратара ў Маскве. Працаваў адміністратарам у парафіі Свяцілавічы Магілеўска-Горацкага дэканата (1925-1927). Праследаваўся савецкімі ўладамі. Напрыканцы 1930-х гадоў арыштаваны органамі бяспекі. Быў асуджаны на 5 гадоў салавецкіх канцэнтрацыйных лагераў. Прыгавор адбываў на востраве Анзер. Да ліпеня 1932 г. прымаў удзел у тайных набажэнствах сярод зняволеных. У ліку 32 святароў за арганізацыю ў лагеры нелегальнай рэлігійнай службы абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Асуджаны яшчэ на 5 гадоў. Быў высланы ў Казахстан, дзе памёр у жніўні 1937 г.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2179; Elenchus... Mohiloviensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Stankiewicz A., 1929; Dzwonkowski R., 1998. @

Жук Янка (1897-1974), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 13.02.1897. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і. У 1913 г. паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. У гады вучобы ўключыўся ў беларускі незалежніцкі і нацыянальна-рэлігійны рух. Пасвячоны ў святары ў 1920 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў у парафіі Лужыца Магілеўскай архідыяцэзіі. У 1921-1924 гг. выконваў абавязкі пробашча ў в. Новы Пагост на Браслаўшчыне, дзе звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі. У 1930-я гады - пробашч у мясцовасці Мейшагола і адміністратар у мястэчку Шаркоўшчына. Пасля Другой сусветнай вайны выконваў святарскія абавязкі ў мясцовасці Рэшчынка Падляскай дыяцэзіі. Памёр 23.03.1974.

Літ.: Elenchus... Mohiloviensis; Catalogus... Vilnensis; Stankiewicz A., 1929; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Журавецкі Пётар (1901 - пасля 1985), каталіцкі артадаксальны святар, біскуп, апостальскі мадэратар, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся ў 1901 г. Паходзіў з беларускай сям'і з Берасцейшчыны. Вучыўся ў Венскай духоўнай семінарыі (Аўстрыя). З 1925 г. - у ЗША, дзе прадоўжыў тэалагічную адукацыю. Пасвячоны ў святары ў 1932 г. канстанцінопальскім патрыярхам экзархам Афінагорам. Мітру з рук александрыйскага патрыярха экзарха Хрыстафора Кантагеоргія атрымаў у 1942 г. Быў прызначаны адміністратарам «Усходне-Каталіцкай Апостальскай Дыяцэзіі Амерыкі». Узведзены ў сан біскупа ў 1950 г. З 1960 г. - прымас старакаталіцкага артадаксальнага касцёла. Пасля ўтварэння «Беларускай артадаксальнай каталіцкай субожні» (БАКС) прызначаны апостальскім мадэратарам 1-га сінода БАКС.

Літ.: Беларускі голас (Таронта). 1961. № 81. @

Журня Фелікс (1913-1982), каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., гісторык, публіцыст, бібліяфіл, педагог.

Нарадзіўся 20.06.1913 у в. Зарэчча на Браслаўшчыне. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў. У 1927 г. паступіў у Друйскую гімназію пры кляштары беларускіх айцоў марыянаў. У час вучобы з асаблівай павагай ставіўся да настаўніка і духоўнага апекуна святара Я.Германовіча. З 1932 г. - у ордэне айцоў марыянаў. Пасля заканчэння гімназіі разам з іншымі беларускімі клерыкамі прадоўжыў вучобу ў Вільні, дзе паглыбляў свае веды па тэалогіі і філасофіі. У 1938 г., пасля дэпартацыі польскімі ўладамі беларускіх святароў і клерыкаў з Друйскага кляштара айцоў марыянаў, пераехаў у Варшаву. Там прадоўжыў вучобу. Пасвячоны ў святары ў 1943 г. Да 1966 г. праводзіў душпастырскую працу ў Польшчы пры марыянскіх кляштарах: выконваў абавязкі шпітальнага капелана і магістра навіцыята. Служыў пры капліцы сясцёр Міласэрнасці ў парафіі Гара Кальварыя Варэцкага дэканата. Пасля заснавання ў Варшаве Беларускага грамадска-культурнага таварыства прымаў удзел у яго пасяджэннях і культурна-нацыянальных нарадах. У 1966 г. па ініцыятыве і пры падтрымцы беларускіх святароў пераехаў у Вялікабрытанію. Супрацоўнічаў з беларускім рэлігійным часопісам «Божым шляхам». Выступаў на яго старонках з артыкуламі тэалагічнага і культурна-асветнага характару. Даследаваў гісторыю беларускіх рэлігійных выданняў 19-20 стст. Дзейны сябра Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. У апошнія гады душпастырскай дзейнасці быў абраны суперыёрам Беларускага дома марыянаў у Лондане. У складзе беларускай дэлегацыі святароў 29.11-05.12.1982 знаходзіўся ў Ватыкане. 01.12.1982 г. на аўдыенцыі ў папы Іаана Паўла II браў удзел у абмеркаванні пытання пра стан каталіцкай царквы і пастырскай працы сярод беларусаў на бацькаўшчыне і ў эміграцыі. Неўзабаве пасля вяртання з Рыма раптоўна памёр 11.12.1982 у Лондане.

Літ.: Rocznik, 1966; Беларус (Нью-Ёрк). 1983. № 308-309. @

Завальнюк Уладзіслаў (нар. 1949), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст.

Нарадзіўся 08.07.1949 у сяле Жданава Вінніцкай вобл. Паходзіць з сялянскай каталіцкай сям'і: бацькі - Мацвей і Ганна (з дому Рошакаў) Завальнюкі. Скончыў Жданаўскую сярэднюю школу (1965). У гэтым жа годзе прыехаў у Рыгу. Рыхтуючыся да паступлення ў мясцовую духоўную каталіцкую семінарыю, вывучаў латышскую мову. Працаваў на будоўлі каменшчыкам-бетоншчыкам. У 1969-1974 гг. - клерык Рыжскай вышэйшай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пад час вучобы перапісваўся з місіянерамі ў Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы і Азіі. Меў намер прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці. Пасвячоны ў святары 26.05.1974 у Рызе кардыналам Юльянам Вайдосам. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе пробашча ў грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70 парафій (у тым ліку 11 нямецкіх). Карыстаўся глыбокай павагай вернікаў. За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. На пачатку 1979 г. быў змушаны пакінуць Малдову. Вярнуўся ў Латвію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў г. Валміера. Пазбаўлены магчымасці адпраўляць набажэнствы, увесну 1979 г. выехаў у Казахстан. Пэўны час жыў у Цалінаградзе, Какчатаве, Краснаармейску і Паўладары. Тры месяцы нелегальна займаўся душпастырскай дзейнасцю ў Краснаярску. З 1980 г. - у Латвіі. Служыў вікарыем у мястэчку Варакляны ў Латгаліі. Быў абмежаваны савецкімі адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў - меў права толькі спавядаць і адпраўляць імшу. У лістападзе - снежні 1980 г. прымусова змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу ў г. Даўгаўпілс. Са студзеня 1981 г. - на пасадзе пробашча ў парафіях Лэнас, Айспутэ, Вентспілс, Кулдзігэ Ліепайскага дэканата. У 1984 г. пераведзены ў Беларусь. Працаваў пробашчам у касцёле св. Тройцы ў Глыбокім. Пасля 1988 г. адначасова служыў вікарыем у Менскім Кальварыйскім касцёле Ўзвышэння крыжа. З 1989 г. разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Менску (касцёл святых Сымона і Алены, Кафедральны касцёл, касцёл св. Роха). Аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і інш. З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна праводзіць беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі. У 1991 г. адмовіўся ад прапановы выехаць на вучобу ў Рым. Завочна прадоўжыў вучобу ў Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магістэрскія курсы па тэалогіі (22.02.1993). З 1991 г. вядзе шырокую рэлігійную кнігавыдавецкую дзейнасць. Падрыхтаваў і выдаў на беларускай мове шэраг кніг для вернікаў: «Сьвятая Імша», 1990; «Катэхізм» (на 4 мовах), 1993; «Будслаўскі касьцёл - сьвятыня Беларусі», 1993; «Сьвятыня Беларусі», 1994; «Сьвяты Ружанец», 1994; «Прыгатаваньне да першай Сьвятой споведзі», 1995; «Абрады пахавання», 1998 і інш. Вялікую ўвагу аддае падрыхтоўцы рэлігійных спеўнікаў. Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-XX ст.)» (Менск, 1998). З 11.09.1993 на Беларускім радыё вядзе рэлігійную перадачу «Голас душы». Адзін з заснавальнікаў Хрысціянскага таварыства міласэрнасці (1993). Сябра Каардынацыйнай камісіі Сінода Менска-Магілеўскай і Пінскай архідыяцэзій (з 14.04.1996). Для пашырэння беларускай мовы ў святарскай дзейнасці прымаў удзел у перакладзе для каталіцкага духавенства ў Беларусі літургічных кніг («Імшал», «Рытуал»). Ініцыятар адкрыцця ў Менску Беларускага каталіцкага ўніверсітэта. Адзін з арганізатараў дабрачыннага Фонда абароны жыцця. 25.05.1999 абраны правадзейным членам Міжнароднай акадэміі экалогіі. Выступае з артыкуламі нацыянальна-рэлігійнай праблематыкі ў беларускім, нямецкім, польскім і латышскім перыядычным друку.

Літ.: Аўтабіяграфія Ў.Завальнюка; Звязда (Менск). 1995. № 221; Голас Радзімы (Менск). 1999. № 29-30; Літаратура і мастацтва (Менск). 1998. @

Зянкевіч Антон (1888-1949), каталіцкі святар заходняга абраду, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся ў 1888 г. ў г. Дзісна Віленскай губ. Паходзіў з дваранскай сям'і Ігната Зянкевіча. Вучыўся ў Сестржанцэвіцкай павятовай навучальні ў Пецярбургу. Там жа атрымаў пасведчанне на званне аптэкарскага вучня. У 1905 г. паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Аднак па прычыне адсутнасці вольных месцаў толькі праз два гады, увосень 1907 г., прыняты ў лік семінарыстаў. У беларускі нацыянальна-рэлігійны рух уключыўся пад час вучобы ў Вільні. Пасвячоны ў святары 10.06.1911. Вучыўся за мяжой. Вывучаў філасофію ў Інсбруку (Аўстрыя). Пасля вяртання на радзіму займаўся душпастырскай дзейнасцю. З 1917 г. працаваў у Дзісенскім дэканаце, дзе з пачатку сваёй духоўнай працы звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі (в. Мікалаева Дзісенскага павета). У жніўні 1918 г. удзельнічаў у дэканальным з'ездзе каталіцкіх святароў Віленшчыны, які прыняў пастанову пра шырокае ўжыванне беларускай мовы ў пачатковых школах і душпастырскай дзейнасці каталіцкіх святароў. На пачатку 1920-х гадоў - на пасадзе рэктара ў касцёле св. Стафана ў Вільні. Выступаў у абарону беларускага святара Міхаіла Пятроўскага, арыштаванага ў 1921 г. польскімі ўладамі. З 1924 г. - дэкан і пробашч у парафіі Глыбокае. Пазней, у 1928 г., прызначаны прэфектам рэлігіі ў Глыбоцкай гімназіі імя Т.Чацкага. У 1931 г. абраны кансультантам у святарскую сінадальную раду пры Віленскай мітрапалітальнай курыі. Прымаў актыўны ўдзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Адзін з 15 беларускіх святароў, якія 19.05.1925 выступілі ад імя беларускага духавенства з мемарыялам у справе беларусізацыі нацыянальнага рэлігійнага жыцця на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. У гады Другой сусветнай вайны па-ранейшаму ўзначальваў Глыбоцкі дэканат. Нягледзячы на варожыя адносіны і непрыхільнасць мясцовых польскіх каталіцкіх святароў і польскіх вернікаў, шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці. Памёр у 1949 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «З»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; ф. 604, воп. 5, спр. 7331; ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 139; Elenchus... Vilnensis; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920. № 1; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1928. № 2; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Ізяслаў (нар. 1926), праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа. У свецкім жыцці - Іван Бруцкі.

Нарадзіўся 22.01.1926 у с. Белавуша на Століншчыне. Паходзіць з сялянскай сям'і: бацькі - Даніла і Марыя (з дому Стэмпкоўскіх) Бруцкія. У 1933-1939 гг. вучыўся ў польскай пачатковай школе. З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войскаў, нягледзячы на арышт бацькі і яго высылку ў Сібір, прадоўжыў вучобу ў школе. У гады Другой сусветнай вайны быў вывезены на прымусовую працу ў Германію (травень 1943). Знаходзіўся ў «остарбайтарскім» лагеры ў мясцовасці Фленсбург. У пасляваенны час жыў у перасыльным украінскім лагеры ў г. Гановер, дзе ўвесну 1947 г. скончыў гімназію з атэстатам сталасці. З 1947 г. - у Канадзе. Скончыў Манітобскі ўніверсітэт у г. Вініпег (1954). Некаторы час працаваў інжынерам дарожнага аддзела ў правінцыі Антарыо (1954-1962). У 1957 г. быў абраны старшынёй Згуртавання беларусаў Канады. З 1962 г. - у ЗША. Жыў і працаваў у г. Дэтройт (штат Мічыган) і Лос-Анджэлес (штат Каліфорнія). Браў удзел у дзейнасці аддзела Беларуска-амерыканскага Задзіночання і Камітэта паняволеных народаў. Напрыканцы 1969 г. пераехаў у г. Кліўленд (штат Агаё). З 1970-х гадоў - дзеяч беларускага царкоўна-рэлігійнага руху ў эміграцыі. Сябра рады БАПЦ. У 1972 г. ўдзельнічаў у працы сабора БАПЦ у Гайленд-Парку. Рукапаложаны ў сан святара ў 1979 г. Вучыўся ва Ўкраінскай праваслаўнай семінарыі ў г. Баўнд Брук. Адначасова выконваў святарскія абавязкі ў парафіі БАПЦ у Гайленд Парку. 22.01.1981 прыняў сан епіскапа і манаскае імя Ізяслаў. На 3-м саборы БАПЦ узведзены ў сан мітрапаліта. Супрацоўнічае з беларускім эмігранцкім перыядычным друкам («Беларускі Голас», «Царкоўны пасланец»).

Літ.: Голас царквы (Нью-Ёрк). 1985. № 57; 1986. № 57, 58; Царкоўны пасланец (Самерсэт). 1995. III/37/47/; БелЭн, VII. @

Кавалеўскі Нікадзім (1888 - пасля 1939), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 01.01.1888 у мясцовасці Грабава Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Сямён і Марыяна (з дому Грыжанёвых) Кавалеўскія. Атрымаў хатнюю адукацыю. У 1905 г. скончыў Сакольскую гарадскую 3-класную навучальню. Прадоўжыў вучобу ў рэальнай навучальні Цесарэвіча Аляксея ў Горадні. З 1910 г. - на 1-м курсе Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Выбыў 12.11.1911 з 2-га курса ў сувязі з пераходам у свецкае званне для паступлення на вайсковую службу. На пачатку 1914 г. выказаў жаданне вярнуцца ў лік выхаванцаў семінарыі. Пасвячоны ў святары 26.05.1918. Душпастырскую дзейнасць распачаў у гэтым жа годзе на пасадзе вікарыя ў г. Кобрын. З 1921 г. - пробашч у г. Картуз-Бяроза. У 2-й палове 1930-х гадоў кіраваў спачатку Пружанскім, а пазней Ціханавецкім дэканатамі Пінскай дыяцэзіі. З часоў вучобы ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «К»; LCIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7799, 8297; Catalogus... Vilnensis; Elenchus... Pinscensis; Krynica (Вільня). 1925. № 3. @

Кавэлярт дэ Ўільс Роберт ван (1906-1986), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-бенедыкцінец, рэлігійны і культурны дзеяч беларускага замежжа ў Бельгіі.

Нарадзіўся 19.05.1906. Паходзіў з вядомай у Бельгіі фламандскай сям'і Кавэляртаў дэ Ўільс, з якой выйшлі вядомыя палітыкі і рэлігійныя дзеячы, журналісты. З 1948 г. звязаны з беларускім культурна-нацыянальным рухам у эміграцыі. У 1949 г. абраны сакратаром Дапамогавага камітэта беларускіх студэнтаў. Удзельнік Кангрэса Цэнтра беларускіх акадэмічных арганізацый (23.10.1949). Вёў душпастырскую дзейнасць у асяродках беларускіх рабочых у г. Лёвен. З пачатку 1950-х гадоў - адміністратар і духоўны куратар беларускіх студэнтаў у Лёвенскім каталіцкім універсітэце. Садзейнічаў папулярызацыі беларускай музычнай творчасці ў Бельгіі. Спрыяў выданню грампласцінак з запісамі рэпертуару беларускага Лёвенскага хору пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага. Падтрымліваў шырокія кантакты з беларускімі эмігранцкімі палітыкамі, свецкімі і рэлігійнымі дзеячамі (Ч.Сіповіч, М.Равенскі, А.Смаршчок, М.Абрамчык і інш.). Садзейнічаў арганізацыі ў Лёвене прыхода Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Памёр у 1986 г.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. № 21; Рагуля Б.; Беларус (Нью-Ёрк). 1986. № 333. @

Карчынскі Іван (2-я пал. 19 ст. - ?), праваслаўны святар, протаіерэй Гарадзенскай епархіі, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., публіцыст.

Удзельнічаў у працы Маскоўскага царкоўнага сабора ў 1917-1918 гг. Звязаны з беларускім царкоўна-рэлігійным і грамадска-культурным рухам. На правах сябра ўваходзіў у склад Гарадзенскай беларускай управы (1918-1919). Прымаў удзел у дзейнасці арганізацыйнага Камітэта па скліканні краёвага беларускага з'езда Гарадзеншчыны. Уваходзіў у склад Летувіскай Тарыбы. Аказваў падтрымку беларускім каталіцкім святарам, садзейнічаў у правядзенні набажэнстваў на беларускай мове. Быў звязаны з беларускімі эсэрамі. Праследаваўся польскімі вайсковымі ўладамі. У жніўні 1919 г. арыштаваны і адпраўлены ў Кракаў. Справаю яго вызвалення займаліся Брытанская ваенная місія ў г. Коўна і ваеннае прадстаўніцтва Вялікабрытаніі ў Вільні (31.01-20.02.1920). У нацыянальна-рэлігійнай дзейнасці выступаў за шырокую беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Беларусі. Аўтар брашуры «Чаго чакаць Беларусам, асабліва праваслаўным, ад Польшчы».

Літ.: Усходняя Беларусь; Архівы БНР. @

Кашыра Юры (1904-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 04.04.1904 у в. Александрова Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і: бацькі - Тадэвуш і Марыя Кашыры. У 1922 г. прыняў каталіцтва. З 1925 г. - у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У гэтым жа годзе ўступіў у навіцыят. Пазней скончыў мясцовую гімназію пры кляштары. У 1930 г. прыняў манаства і быў накіраваны на далейшую вучобу ў Рым. Аднак па прычыне кліматычных умоў у хуткім часе вярнуўся на радзіму. На працягу 1936 г. - суперыёр Беларускага дома марыянаў у Вільні. Пазней выкладаў Закон Божы ў Друйскай гімназіі. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Па загадзе польскіх улад у чэрвені 1938 г. дэпартаваны разам з іншымі беларускімі святарамі і клерыкамі з Друі ў Польшчу. Пасвячоны ў святары 20.06.1939 у Вільні. У гады Другой сусветнай вайны вёў душпастырскую дзейнасць на Віцебшчыне ў в. Росіца. Спалены разам з вернікамі (католікамі і праваслаўнымі) 18.02.1943 у Росіцы пад час нямецкай карнай экспедыцыі.

Літ.: Catalogus... Vilnensis; Божым шляхам (Лондан). 1971. № 5; ЭГБ, IV. @

Кіркевіч Антоній (1871-1937), праваслаўны святар, протаіерэй Менскай епархіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэлігійны дзеяч.

Нарадзіўся ў 1871 г. ў беларускай праваслаўнай сям'і Паўла Кіркевіча. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю. Служыў у Менскім кафедральным саборы (1926). Удзельнік з'езда прадстаўнікоў праваслаўнай іерархіі, духавенства і вернікаў Менскай епархіі (09-10.07.1927). Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 2-й палове 1930-х гадоў служыў у царкве св. Марыі Магдаліны ў Менску. Абвінавачаны савецкімі ўладамі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Арыштаваны 28.07.1937. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 01.11.1937 у Менску.

Літ.: ЦГИА, ф. 2786, воп. 1, спр. 165; Синодик; Мартос А. 1966. @

Кіслы Канстанцін (1898-1980), праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, рэлігійны музыколаг і кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хароў.

Нарадзіўся 25.05.1898 у мясцовасці Лянчыцы Лянчыцкага павета Калішскай губ. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у г. Каліш. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся ў г. Марыупаль, дзе паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю. У час вучобы на занятках прафесара музыкі кампазітара Салаўёва выявіў музычныя здольнасці. У сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 г. прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора выканаў і дзве беларускія песні («Чаму ж мне не пець» і «Ці свет, ці світае»). Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям'ю ў Беларускім камітэце Марыупаля, упершыню пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. У 1918 г. скончыў настаўніцкую семінарыю. Пачатак грамадзянскай вайны ў Расеі і ваенныя дзеянні закінулі яго ў Турцыю, дзе ён жыў пэўны час у мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля. У 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе арганізаваў царкоўны хор пры Праабражэнскім саборы. Адначасова стварыў мясцовы свецкі хор. У 1933 г. пераехаў у Беласток. Арганізаваў школьны царкоўны хор пры саборы св. Мікалая, а таксама свецкі хор пры Таварыстве беларускай школы. У 2-й палове 1930-х гадоў на іх аснове быў створаны агульны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных улад, ён шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў. З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі быў арыштаваны органамі бяспекі. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры. У ліпені 1941 г. вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асветную справу. Наладзіў кантакты з Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 г. выступаў з публічнымі канцэртамі. У хуткім часе хор быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца. У гарадах і вёсках шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа. З чэрвеня 1944 г. - у эміграцыі. Пэўны час жыў у Германіі. Пазней, у 1948 г., перабраўся ў Бельгію, дзе працаваў на вуглездабывальнай шахце. Пасля смерці вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага быў запрошаны на пасаду дырыжора студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў г. Лёвен. Шырока папулярызаваў беларускую песню ў Заходняй Эўропе. З ансамблем выступаў у Бруселі, Лондане, Парыжы, Кёльне і Боне. З траўня 1956 г. - у ЗША. Жыў у г. Кліўленд, дзе прымаў удзел у беларускім культурна-грамадскім жыцці. У якасці дырыжора супрацоўнічаў з беларускімі царкоўнымі і свецкімі харамі. У 1950-я гады прымаў удзел у рэарганізацыі кліўлендскага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». У Кліўлендзе адкрыў уласную інструментальна-музычную студыю. Цяжка хварэў. Вярнуўся ў Беласток, дзе 08.01.1980 памёр.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1958. № 20; Голас Царквы (Нью-Ёрк). 1980. № 53; Кіпель В.; Рагуля Б. @

Клімовіч Адольф (1900-1970), культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., палітык, выдавец, публіцыст.

Нарадзіўся 07(13?).04.1900 г. у в. Казаноўшчына (паводле іншых крыніц - у в. Клюшчаны) Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. У 1921 г. скончыў Віленскую беларускую гімназію. Прадоўжыў вучобу ў Чэхаславакіі, у Вышэйшай школе інжынераў сельскай і лясной гаспадаркі ў Празе (1922-1928). Дзеяч беларускага студэнцкага руху. У гады вучобы - кіраўнік Беларускай грамады ў Празе і загадчык аддзела міжнародных зносін у Аб'яднанні беларускіх студэнцкіх арганізацый. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у 5-м Вуніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). Пасля вяртання ў Вільню працаваў на культурна-грамадскай і рэлігійнай ніве. Відны дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1928-1936 гг. узначальваў гаспадарчае аддзяленне Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Працаваў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Супрацоўнічаў з заходнебеларускім свецкім і рэлігійным перыядычным друкам («Chryścijanskaja Dumka», «Маладое жыцьцё»). У 1932-1939 гг. рэдагаваў і выдаваў гаспадарчы часопіс «Самапомач». З 1934 г. - кіраўнік Беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва ў Польшчы. У 1938 г. быў дэпартаваны з Вільні польскімі ўладамі. Садзейнічаў выданню газеты «Biełaruskaja krynica» (1939-1940). У гады Другой сусветнай вайны прадоўжыў беларускую грамадска-палітычную і культурную дзейнасць. Пэўны час працаваў у Беларускай народнай самапомачы ў Лідзе. У 1952 г. арыштаваны органамі бяспекі. Ваенным трыбуналам Маскоўскай ваеннай акругі 28.02.1953 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Праз месяц расстрэл быў заменены на 25 гадоў лагераў. Вярнуўся ў Вільню ў 1956 г. У апошнія гады жыцця працаваў над біяграфічным слоўнікам беларускіх рэлігійных, культурных і палітычных дзеячаў. Памёр 24.10.1970 у Вільні. Пахаваны на парафіяльных могілках у в. Клюшчаны.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, вып. 1, спр. 1; ЭГБ, IV; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1928. № 7; Stankiewicz A., 1929. @

Коўш Аляксандар (1890-1943), праваслаўны святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэдактар, выдавец і публіцыст.

Нарадзіўся ў 1890 г. ў в. Рыдзялі Гарадзенскага павета. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў мястэчку Свіслач. Пэўны час працаваў настаўнікам на Століншчыне. Вучыўся на бухгалтарскіх курсах у Любліне. Пасля іх заканчэння - супрацоўнік Люблінскага аддзялення Расейскага дзяржаўнага банка. У пачатку Першай сусветнай вайны эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп. У 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Рукапаложаны ў сан святара ў 1924 г. (?) у Горадні. З 1925 г. - у Вільні. Служыў настаяцелем прыхода ў Сніпішках, галоўным бухгалтарам Беларускага кааператыўнага банка, выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў прафесійнага Саюза беларускіх настаўнікаў у Вільні, Клецку і Наваградку. Шырока супрацоўнічаў з заходнебеларускім перыядычным друкам, выступаў з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. У 1927 г., у сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады, арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 г. апраўданы. У 1928-1929 гг. - выдавец і рэдактар праваслаўнага царкоўна-рэлігійнага часопіса «Беларуская зарніца» і газеты «Народная Ніва» (з 05.01.1928), кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху пазбаўлены польскімі ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы ў в. Кастыкі Вілейскага павета. У 1939 г. вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. Паводле ўказу Ковенскага епархіяльнага савета (ад 07.12.1939, № 1274) звольнены з пасады настаяцеля па прычыне «серьёзных обвинениях, требующих расследования». У гады Другой сусветнай вайны звязаны з беларускімі нацыянальна-рэлігійнымі і грамадска-культурнымі арганізацыямі. У 1941 г. прызначаны ў выдавецкую камісію пры менскім архірэі. Паводле адной версіі, у 1943 г. быў арыштаваны гестапа і расстраляны ў Плешчаніцах за дапамогу жыдоўскаму насельніцтву, па другой - стаў ахвярай унутраных парахункаў паміж беларускімі палітычнымі групоўкамі.

Літ.: LCVA, ф. 218, воп. 1, спр. 21, 66, 79; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЭГБ, IV; Пранчак Л. @

Коўш Святаслаў (1916-1997), праваслаўны святар, протапрэс-вітэр, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа, пісьменнік, рэдактар, выдавец, публіцыст.

Нарадзіўся 25.12.1916 у Вільні (паводле іншых крыніц, у 1917 у мястэчку Ілья Вілейскага павета). Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара: бацькі - Аляксандар і Альжбета (з дому Сураўцоў) Каўшы. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і факультэт права ўніверсітэта імя Стафана Баторыя ў Вільні. Рукапаложаны ў сан дыякана 28.07.1938. Працаваў на Стаўбцоўшчыне псаломшчыкам у в. Засулле, з 1939 г. - завуч сярэдняй школы. У гады Другой сусветнай вайны звязаны з беларускімі культурна-асветнымі і палітычнымі арганізацыямі. У 1941-1944 гг. узначальваў адміністрацыю Клецкага павета. З 1944 г. - у эміграцыі. Напачатку жыў у Германіі. Працаваў камендантам лагера для перамешчаных асоб у г. Ватэнштэт, настаўнічаў у Беларускай гімназіі імя М.Багдановіча. У 1949 г. выехаў у ЗША. Рукапаложаны ў сан святара ў 1969 г. Служыў настаяцелем у беларускім праваслаўным прыходзе св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гілі (Нью-Ёрк, 1969-1977) і ў прыходзе св. Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, 1976-1986). З 1970 г. - сябра епархіяльнай рады Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі і Канады. Старшыня Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта (1976-1988). Пасля 1976 г. рэдагаваў праваслаўны рэлігійны часопіс «Царкоўны Сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны календар». У 1977 г. абраны адміністратарам беларускіх праваслаўных прыходаў ЗША і Канады, якія падлягалі юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха. Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш. Памёр 05.11.1997. Пахаваны на беларускіх праваслаўных могілках у г. Саўт-Рывер.

Літ.: Вініцкі А.; Кіпель В.; Пранчак Л.; Беларус (Нью-Ёрк). 1997. № 448; Юрэвіч Л., 1999. @

Красінскі Мікалай (1886-1938), праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог.

Нарадзіўся ў 1886 г. (па іншых крыніцах - у 1891) у г. Вілейка. Паходзіў з сям'і беларускага шляхціца. Скончыў 1-ю гімназію ў Вільні. Працягваў вучобу ў Пецярбургскім універсітэце. Пасля савецка-польскай вайны 1920 г. - у Вільні. Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта. Працаваў у Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі: спачатку ў якасці настаўніка, а пазней - інспектара. Адначасова знаходзіўся на службе ў Праваслаўнай духоўнай кансісторыі. Выступаў за беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Падтрымліваў сяброўскія адносіны з В.Багдановічам. Працаваў у Віленскай беларускай гімназіі (1922-1924). Прымаў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-асветных і грамадскіх арганізацый. Сябра Цэнтральнай школьнай рады і Беларускага грамадзянскага сходу, Беларускага навуковага таварыства ў Вільні. У віленскім асяроддзі заходнебеларускіх грамадска-палітычных і рэлігійных свецкіх дзеячаў празваны «архімандрытам». У 1-й палове 1920-х гадоў выехаў у Савецкую Беларусь. Працаваў у Народным камісарыяце асветы БССР. З 1925 г. - супрацоўнік Інстытута беларускай культуры: узначальваў тэатральную секцыю і выконваў абавязкі намесніка старшыні аддзела мастацтва. Арыштаваны органамі бяспекі ў сувязі з сумнавядомай справай «Саюза вызвалення Беларусі» (14.03.1930). На 5 гадоў быў высланы ў г. Оханск (Расея). Другі раз арыштаваны 12.06.1938. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 23.11.1938 расстраляны.

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 17, спр. 6; БелЭн, VIII; Krynica (Вільня). 1924. № 5. @

Кулак Казімір (1896-1989), каталіцкі святар заходняга абраду, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, педагог, актывіст беларускага студэнцкага руху міжваеннага дваццацігоддзя, прыхільнік беларускага вуніяцтва.

Нарадзіўся 26.03.1890 у в. Кудзераўшчына Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Вікенцій і Разалія (з дому Фалевічаў) Кулакі. Скончыў Дуброўскую вышэйшую пачатковую навучальню (07.06.1914). З 1915 г. - клерык Віленскай духоўнай семінарыі. Пасвячоны ў святары 30.05.1920. З 1923 г. служыў вікарыем у парафіі Трокі і адначасова выкладаў Закон Божы ў мясцовай школе. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Віленскай семінарыі. Вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, дзе ў 1927 г. паспяхова абараніў доктарскую працу на тэму «Псіхалогія вяртання да каталіцтва Мялеція Сматрыцкага, біскупа Полацкага». Пад час вучобы ў Рыме падараваў Папскай бібліятэцы ў Ватыкане «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» В.Ластоўскага. Перапісваўся з беларускім святаром У.Талочкам. У лістах да В.Ластоўскага палемізаваў у сувязі з прапановай апошняга «стварыць сваю ўласную веру». Пасля вучобы вярнуўся ў Пінскую дыяцэзію, дзе працаваў прафесарам расейскай мовы ў мясцовай духоўнай семінарыі. Кіраваў вуніяцкім сектарам. У 1933 г. - у Варшаве: выконваў абавязкі сакратара біскупа М.Чарнецкага. Прадстаўлены ў Ватыкане як кандыдат у папскія прэлаты, аднак прэлатуры не атрымаў. Магчыма, не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгралі дзве істотныя акалічнасці: прыхільнасць да вуніяцтва і паслядоўная падтрымка беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. У 1940-я гады праводзіў душпастырскую дзейнасць у Ляндварове і Тургелях Трокскага дэканата. Знаходзіўся пад арыштам.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «К»; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; Elenchus... Pinscensis; Архівы БНР; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 10. @

Кульчыцкі Стафан (1879-1937), праваслаўны святар, протаіерэй Менскай епархіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэлігійны і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся ў 1879 г. ў беларускай праваслаўнай сям'і Івана Кульчыцкага. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю. Удзельнік з'езда беларускага праваслаўнага духавенства ў 1917 г. ў Маскве. Прадстаўляў беларускае праваслаўнае святарства Менскай епархіі на Памесным саборы ў 1917-1918 гг. З красавіка 1918 г. як прадстаўнік Камітэта Менскага беларускага прадстаўніцтва ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Працаваў у камісіі па міжнародных справах БНР. Разам з каталіцкім святаром В.Гадлеўскім быў абраны ў выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва. З 1926 г. служыў у Кацярынінскай царкве ў Менску. Прымаў удзел у з'ездзе прадстаўнікоў праваслаўнай іерархіі, духавенства і вернікаў Менскай епархіі (Менск, 09-10.07.1927). Адзін з ініцыятараў абвяшчэння аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. У 1930-я гады служыў у царкве св. Марыі Магдаліны. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 28.07.1937. Абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 01.11.1937 у Менску.

Літ.: ЦГИА, ф. 2786, воп. 1, спр. 165; Архівы БНР; Вольная Беларусь (Менск). 1917. № 8; Усходняя Беларусь; Мартос А.; Синодик. @

Кушнер Іван (1908-1943), праваслаўны святар, протаіерэй Літоўскай епархіі, магістр багаслоўя, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэлігійны і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся ў 1908 г. ў мясцовасці Лужкі на Глыбоччыне. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў. Скончыў пачатковую народную школу і Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю (1930). У гэтым жа годзе рукапаложаны ў сан святара. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта (1930-1934). У 1935 г. абараніў магістэрскую дысертацыю. У час вучобы ў Вільні і Варшаве прымаў актыўны ўдзел у беларускай мастацкай самадзейнасці. З 1934 г. служыў настаяцелем праваслаўнага прыхода ў в. Ятвеск на Гарадзеншчыне. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у адраджэнні беларускага нацыянальна-рэлігійнага жыцця. З 1941 г. - у Менску. Служыў настаяцелем Аляксандра-Неўскай праваслаўнай царквы на Вайсковых могілках. Сябра Мітрапалітальнай управы Беларускай праваслаўнай царквы (1942-1943) Удзельнічаў у працы перадсаборнай праваслаўнай камісіі і Ўсебеларускага царкоўнага сабора ў Менску (30.08-02.09.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. Загінуў 05.07.1943 у выніку выбуху міны. Пахаваны на вайсковых могілках у Менску.

Літ.: Мартос А.; Касяк І. @

Лазінскі Сігізмунд (1870-1932), каталіцкі святар заходняга абраду, біскуп Менскі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся 05.06.1870 у в. Барацін каля Наваградка. Паходзіў з польскай каталіцкай сям'і: бацькі - Уладзіслаў і Людвіка (з дому Чачотаў) Лазінскія. Першапачаткова вучыўся ў Варшаве, два апошнія гімназічныя класы скончыў у Пецярбургу. З 1889 г. - клерык Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, а пазней - студэнт Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 23.06.1895. Працаваў выкладчыкам Святога Пісання і гамілетыкі ў духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. У сувязі з адмовай у 1898 г. даць згоду на наведванне малодшым братам праваслаўных набажэнстваў у школе быў звольнены з працы і ў якасці пакарання адпраўлены ў Аглонскі кляштар у Латвіі. Пасля вызвалення ў чэрвені 1900 г. прызначаны на пасаду вікарыя ў Смаленску. На працягу 1901-1902 гг. выконваў святарскія абавязкі ў гарадах Тула і Рыга. Пазней служыў пробашчам у Кальварыі пад Менскам і ў Менскім кафедральным касцёле. З 1908 г. - прафесар Святога Пісання ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Адначасова выкладаў у мясцовай духоўнай каталіцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны служыў капеланам у лагерах для нямецкіх і аўстра-вугорскіх ваеннапалонных. 12.11.1917 прызначаны біскупам адноўленай Менскай дыяцэзіі, заняў кафедру 14.08.1918. Браў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод беларусаў-католікаў. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў беларускай каталіцкай семінарыі ў Менску (1918). Падтрымліваў дзейнасць Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Шырока кантактаваў з беларускімі нацыянальна-рэлігійнымі дзеячамі Ф.Абрантовічам, В.Гадлеўскім, К.Кулаком і інш. З прыходам у Менск бальшавікоў быў арыштаваны. Пэўны час знаходзіўся ў Смаленску і Маскве. Вызвалены ў выніку абмену на ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Жыў у Менску. Перад наступленнем Чырвонай Арміі ўлетку 1920 г. выехаў у Наваградак. Пазней перабраўся ў Пінск, дзе ў 1925 г. быў прызначаны біскупам Пінскай дыяцэзіі. Выступаў за ўжыванне беларускай мовы ў душпастырскай дзейнасці на беларускіх абшарах і сам прамаўляў да вернікаў на беларускай мове. Супрацоўнічаў з рэлігійнымі каталіцкімі часопісамі «Miesięcznik Diecezji Pińskiej» (1925-1926) і «Piński Przegląd Diecezjalny» (1927-1932). Аўтар рэлігійна-навуковых брашур «Chrześcjańska miłość Ojczyzny і praca narodów» (Гнезна, 1918), «Rozważania majowe dla duchowieństwa» (Пінск, 1927), «Pedagogika w pierwszych rozdziałach Pisma Świętego» (Пінск, 1929). Заходнебеларускі дзеяч А.Клімовіч прыгадваў, што ў час адміністравання Пінскай дыяцэзіі на адной з канферэнцый дэканаў Лазінскі «проста і нядвузначна радзіў ужываць у пасторызацыі беларускага насельніцтва беларускую мову і за гэта сьцягнуў на сябе буру гневу з боку польскага шовіністычнага духавенства і наогул грамадзянства». Памёр 26.03.1932 у Пінску. Пахаваны ў крыпце Пінскага кафедральнага касцёла.

Літ.: Архіў КДБ РБ (Менск), спр. 20953-С; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 194, 252, 1306; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; PSB, XVIII; Беларусь (Менск). 1919. № 1; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939. @

Лазоўскі Цыпрыян (1891-1978), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 01.10.1891 у в. Пурнушкі Віленскага павета. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Марцін і Ганна (з доме Станулевічаў) Лазоўскія. У снежні 1911 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1912-1915). Сябра культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя. Служыў у парафіі Тжцяннэ Кнышынскага дэканата. У 1922 г. пераведзены ў парафію Ідольта Дзісенскага дэканата. Пазней служыў пробашчам у парафіі Монкі Кнышынскага дэканата (1925-1933). На пачатку 1930-х гадоў - у парафіі Калінаўка. З 1934 г. - пробашч у парафіі Ясянёўка Карыцінскага дэканата. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам быў звязаны з часоў вучобы ў Вільні. З 1-й паловы 1970-х гадоў на пенсіі. Памёр 26.01.1978.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Л»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Лапіцкі Мікалай (1907-1976), праваслаўны святар, мітрафорны протапрэсвітэр, магістр багаслоўя, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, журналіст, выдавец і публіцыст.

Нарадзіўся 30.11.1907 у в. Грэлікі Вілейскага павета Віленскай губ. Паходзіў з незаможнай мнагадзетнай сялянскай сям'і: бацькі - Сцяпан і Домна Лапіцкія. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1923 г. паступіў у Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю. Пасля яе заканчэння прадоўжыў вучобу на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта (1930-1934). Узначальваў студэнцкую арганізацыю «Кола багасловаў», выступаў на старонках студэнцкага праваслаўнага часопіса «Путь Правды». Рукапаложаны ў святары 29.07.1934. Абараніў магістэрскую дысертацыю «Праваслаўе ў ВКЛ у часы панавання Ягайлы». Святарскую дзейнасць пачаў у Ашмянах. Пазней пераведзены ў в. Сцяфанполле Дзісенскага павета Віленскай губ., дзе працаваў да пачатку Другой сусветнай вайны. З 1942 г. - у Менску. На правах сябра ўваходзіў у склад Часовай Мітрапалітальнай управы. Выконваў абавязкі настаяцеля чыгуначнай царквы ў Менску. Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні Ўсебеларускага царкоўнага сабора (30.08-02.09.1942), які абвясціў утварэнне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ). Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэса (Менск, 27.06.1944). З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Адстойваючы самастойнасць БАПЦ, выступіў супраць уваходу беларускіх епіскапаў у склад Расейскай зарубежнай праваслаўнай царквы. Адзіны з беларускіх святароў, які не здрадзіў справе незалежнасці і самастойнасці БАПЦ да канца сваёй святарскай дзейнасці. У Германіі выкладаў Закон Божы ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Працаваў і служыў настаяцелем прыходу св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Ініцыятар пераходу БАПЦ пад патранат канстанцінопальскага патрыярха і яе кіраўнік. З траўня 1951 г. рэдактар і выдавец беларускага эмігранцкага часопіса «Царкоўны Сьветач». Сябра рэдкалегій беларускіх перыядычных выданняў «Беларускае слова» і «Беларуская думка». Узначальваў Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт. Памёр 08.08.1976. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

Літ.: LCVA, ф. 220, воп. 2, спр. 237; ЭГБ, IV; Путь правды (Варшава). 1930; 1934; Касяк І.; Мартос А.; Вініцкі А.; Беларуская думка (Нью-Ёрк; Саўт-Рывер). 1976. № 20; Беларус (Нью-Ёрк). 1976. № 234. @

Лапошка Данат (1875-1957), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 26.03.1875 у Санкт-Пецярбургу. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў, якія прыехалі ў сталіцу Расейскай імперыі з Дрысенскага павета Віцебскай губ. Бацькі - Пётар і Зоф'я (з дому Бейняровічаў) Лапошкі. Скончыў Сестржанцэвіцкую павятовую навучальню. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры 6-й класічнай гімназіі ў Пецярбургу. Пазней там жа пры Ваенна-медыцынскай акадэміі здаў экзамены на званне памочніка аптэкара. З 1903 г. - клерык Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 31.05.1907 (паводле іншых крыніц - 12.06.1907). Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе капелана ў мясцовасці Колпіна. Адначасова служыў эканомам у Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі (з 27.06.1907). Пазней на той жа пасадзе капелана выконваў святарскія абавязкі ў Пецяргофе. Выкладаў Закон Божы ў рэальнай навучальні імя Аляксандра III і ў жаночых гімназіях. З 1912 г. - філіяліст у парафіях Лунін, Осава, Лунінец. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Удзельнічаў у працы 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. У душпастырскай дзейнасці пашыраў казанні на беларускай мове. Выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця ў каталіцкіх парафіях у Беларусі. З 2-й паловы 1920-х гадоў служыў у Пінскай дыяцэзіі. Выконваў абавязкі пробашча ў парафіі Марочна. У 1939-1955 гг. служыў пры парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Лодзі (Польшча).

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1845; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Pinscensis; Усходняя Беларусь; Spis duchowieństwa, 1936. @

Латушка Георгі (нар. 1952), праваслаўны святар, протаіерэй Менскай епархіі, магістр багаслоўя, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэдактар, выдавец.

Нарадзіўся ў 1952 г. у г.п. Лоеў Гомельскай вобласці. Паходзіць з сям'і праваслаўнага святара: бацькі - Пётар і Таццяна (з дому Корсакавых) Латушкі. Скончыў сярэднюю школу ў Лоеве. У 1969 г. паступіў у Ленінградскі тэхналагічны інстытут. Пасля 3-га курса адмовіўся ад далейшай вучобы. Вырашыў стаць святаром. З 1973 г. - клірык Ленінградскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Пасля яе заканчэння вучыўся там жа ў духоўнай праваслаўнай акадэміі (1975-1979). Рукапаложаны ў сан іерэя ў 1977 г. Служыў у Менскім Свята-Духавым кафедральным саборы (1979-1985). Пазней - настаяцелем Свята-Анінскай царквы ў г. Стоўбцы (з 1985). Пасля 4 гадоў святарскай дзейнасці ў Стоўбцах вярнуўся ў Менск. З 1991 г. - настаяцель Менскага Свята-Петрапаўлаўскага сабора. Адзін з заснавальнікаў Беларускага праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў (студзень 1992). Поруч са святарскай дзейнасцю праводзіць шырокую культурна-грамадскую працу. З 1993 г. - галоўны рэдактар царкоўна-рэлігійнага часопіса «Праваслаўе» (у 1993 -1995 - «Праваслаўе ў Беларусі і ў сьвеце»). Працаваў выкладчыкам Менскай духоўнай праваслаўнай семінарыі (1993-1997). Прымае ўдзел у выдавецкай, культурна-асветнай, навуковай і багаслоўскай дзейнасці Брацтва. Супрацоўнічае з рэлігійнымі і свецкімі перыядычнымі выданнямі ў Беларусі. Узначальвае выдавецкі аддзел Менскага Свята-петрапаўлаўскага сабора і брацтва. Прымаў удзел у падрыхтоўцы серыі выданняў навукова-рэлігійнага зместу («Беларускі Праваслаўны Каляндар», 1994-1999; «Православный церковный календарь с молитвословом», 1995; «Церкви и приходы Минска», 1996; «Малебен за беларускі народ з акафістам Святым Мучанікам Віленскім Антонію, Іаану і Яўстафію», 1998 і інш.).

Літ.: Праваслаўе ў Беларусі і сьвеце (Менск). 1994. № 1; Минские епархиальные ведомости (Менск). 1997. № 3; № 4. @

Лісоўскі Адам (1884-1929), каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік Пінскай капітулы, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 18.01.1884 (па іншых крыніцах - у 1883) у в. Каранды Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з нацыянальна-свядомай беларускай каталіцкай сям'і. Бацькі: Язэп і Францішка Лісоўскія. У 1899-1903 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. Пасля яе заканчэння прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. З часоў вучобы ў акадэміі быў звязаны з біскупам С.Данісевічам і выкладчыкам грэчаскай мовы Б.Эпімах-Шыпілам. Прыязджаючы ў родную вёску на вакацыі, распаўсюджваў сярод аднавяскоўцаў і ваколічных суседзяў беларускія кніжныя выданні («Смык беларускі» М.Бурачка і інш.). Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя ў касцёле Дзевы Марыі ў Магілеве. З 1910 г. служыў у парафіях св. Тройцы і св. Роха ў Менску. Выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле святых Сымона і Алены (1911). У 1912-1914 гг. працаваў у Маскве, выкладаў Закон Божы ў свецкіх навучальных установах. Пазней служыў пробашчам у парафіі Гарадзішча на Піншчыне. З 1916 г. - адміністратар і дэкан у Ігумене Менскай губ. У 1918-1922 гг. працаваў пробашчам парафіі Каралішчавічы і адміністратарам у парафіі Анопаль. У 1921 г. біскупам С.Лазінскім прызначаны генеральным вікарыем часткі Менскай дыяцэзіі ў Савецкай Беларусі. Сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Прымаў удзел у правядзенні ў Менску 1-га з'езда беларускага каталіцкага духавенства (24-25.05.1917). Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця. На пачатку 1920-х гадоў - пробашч, а пазней адміністратар кафедральнага касцёла ў Менску. У 1922 г. ўзначаліў Менскі дэканат. Абвінавачаны савецкімі ўладамі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Арыштаваны органамі бяспекі 31.05.1922. Быў прыгавораны да расстрэлу, які пазней замянілі на 5 гадоў турмы. Пасля менскай вязніцы сядзеў за кратамі ў Бутырскай турме ў Маскве і ў Яраслаўлі. Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу 28.04.1924 у выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж уладамі Польшчы і Савецкай Расеі. З сярэдзіны 1920-х гадоў жыў у Заходняй Беларусі. Працаваў адміністратарам у парафіі Гарадзішча недалёка ад Пінска. Пазней служыў пробашчам у парафіі Вышкі. Памёр 09.10.1929 у Варшаве. Пахаваны ў мясцовасці Кляшчэлі Бельскага павета.

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 140; Directorium... Mohiloviensi; ЭГБ, IV; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1929. № 15; Dzwonkowski R., 1998. @

Лукша Вацлаў (1892-1962), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 05.01.1892 у в. Баброўнікі (?) Віленскага павета. Паходзіў з сялянскай сям'і Вікенція Лукшы. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі (29.03.1910). Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1915). У час вучобы ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. У 1920-1930-я гады працаваў законавучыцелем, выкладаў рэлігію ў Ваўкавыскай (з 1925) і Гарадзенскай (з 1931) гімназіях. Памёр у 1962 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Л»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Лупіновіч Карл Аляксандар (1891-1937?), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 14.07.1891. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Скончыў Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1914). Працягваў вучобу там жа ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі (1914-1917). Сябра культурна-асветнага гуртка клерыкаў-беларусаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў Менску. Прымаў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця. Выступаў перад вернікамі з беларускімі казаннямі. Вясною 1919 г. арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі. Вызвалены ў выніку абмену на палонных чырвонаармейцаў. У 1922-1923 гг. - адміністратар парафіі ў г. Рэчыца Мазырска-Рэчыцкага дэканата. З 1924 г. - у Маскве, дзе працаваў у парафіі святых Пятра і Паўла. Выконваў абавязкі генеральнага вікарыя і фактычна з'яўляўся апостальскім адміністратарам у Маскве. Арыштаваны другі раз 20.02.1929. Пад ціскам органаў савецкай бяспекі падпісаў заяву аб супрацоўніцтве. Аднак пасля вызвалення паведаміў пра гэты факт вышэйшым каталіцкім уладам у Маскве. Пасля чарговага арышту адпраўлены на 3 гады ў ссылку ў Казахстан. У снежні 1933 г. арыштаваны ў ссылцы і на следства дастаўлены ў Менск. 29 сакавіка 1934 г. асуджаны на 3 гады ссылкі і дэпартаваны ў Казахстан. У чэрвені гэтага ж года арыштаваны ў ссылцы і асуджаны на 10 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Рашэннем калегіі НКУС 11.12.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Дакладная дата і месца экзекуцыі невядомы.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1473; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Dzwonkowski R., 1998. @

Лявош Антон (1896-1975), каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік мітрапалітальнай капітулы ў Беластоку, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 10.11.1896 у г. Саколка Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Зузанна (з дома Жывалеўскіх) Лявошы. У чэрвені 1913 г. скончыў гарадскую 4-класную навучальню ў Саколцы. З 1913 г. - на 1-м курсе Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Браў удзел у культурна-асветным гуртку клерыкаў-беларусаў. Пасвячоны ў святары 30.05.1920. Пасля заканчэння семінарыі прадоўжыў вучобу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (з 1921). Вучыўся ў Рыме, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Вуніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). З 1928 г. - вікарый пры касцёле св. Яна ў Вільні. У 1929 г. прызначаны на прасінадальную працу ў літургічнай камісіі Віленскай архідыяцэзіі. З 1932 г. - законавучыцель і адміністратар у парафіі Старасельцы. У міжваеннае дваццацігоддзе выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Вёў перапіску з рэдакцыямі беларускіх каталіцкіх выданняў («Chryścijanskaja Dumka» і інш.). Сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. З 1945 г. - у парафіі Беласток-Дойліды, дзе працаваў на пасадзе пробашча. Адначасова ўзначальваў Беластоцкі дэканат. Сябра архідыяцэзіяльнай адміністрацыйнай рады. Уваходзіў у склад камісіі па справах літургіі, музыкі і касцельнага мастацтва. Цэнзураваў кнігі рэлігійнага зместу. Памёр 08.03.1975.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Л»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1925. № 5; Stankiewicz A., 1929; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Ляўковіч Ілья (1880-1944), культурна-асветны і свецкі пратэстанцкі дзеяч, бібліяфіл, пісьменнік, перакладчык. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Гальяш Леўчык.

Нарадзіўся 29.07.1880 у г. Слонім (паводле іншых крыніц, у в. Шэйпічы Слонімскага павета). З дзяцінства выявіў здольнасці да малявання, ігры на скрыпцы і спеваў. Скончыў Слонімскую павятовую навучальню. Вучыўся на курсах чарцёжнікаў. Служыў у канцылярыі міравога суддзі ў Слоніме. З 1904 г. жыў у Варшаве, дзе да пачатку Першай сусветнай вайны працаваў чарцёжнікам. Пасля няўдалых спроб на пачатку 1920-х гадоў пераехаць у Вільню канчаткова асталяваўся ў Варшаве. З 1907 г. супрацоўнічаў з беларускім перыядычным друкам. У гісторыі беларускай літаратуры 20 ст. вядомы як паэт «нашаніўскай пары». Выдаў асобнай кніжкай зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912). Быў асабіста знаёмы з Янкам Купалам і Якубам Коласам. У міжваеннае дваццацігоддзе браў чынны ўдзел у дзейнасці рэлігійнай суполкі метадыстаў. Паводле ўспамінаў заходнебеларускага дзеяча А.Клімовіча, менавіта па гэтай прычыне не меў доступу да тагачаснага заходнебеларускага друку і таму шукаў падтрымкі і апірышча ў асяроддзі заходнебеларускіх радыкалаў. Са студзеня 1927 г. выдаваў у Варшаве штомесячнік «Дух і праўда» як дадатак да выдання «Pielgrzym Polski». Ад Радашковіцкага таварыства беларускай школы ўдзельнічаў у школьнай акцыі метадычнай місіі па арганізацыі беларускіх прыватных школ на вёсцы. Супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам «Заранка», на старонках якога выступаў з вершамі і прозай. У 1930 г. ў Вільні пад яго рэдакцыяй выйшаў спеўнік з нотамі «Хрысціянскія духоўныя песні. Божая ліра», выдадзены Паўночна-Амерыканскай суполкай «Sothern Trade». Вядомы як бібліяфіл. У сваёй прыватнай бібліятэцы ў Варшаве сабраў унікальныя беларускія друкаваныя выданні 19 ст. («Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, «Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча). Загінуў у верасні 1944 г. пры падаўленні нямецкімі войскамі Варшаўскага паўстання.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; БП, IV; ЭГБ, IV; Сьветач Хрыстовае навукі (Нью-Ёрк). 1962. № 6-7; 1965. № 2; Баявая Ускалось (Таронта). 1973. № 13. @

Ляўковіч Янка (1891-1976), каталіцкі святар заходняга абраду, ліцэнцыят кананічнага права, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 15.12.1891 у в. Біты Камень Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Віктар і Канстанцыя (з дому Панаскевічаў) Ляўковічы. У чэрвені 1912 г. скончыў Гарадзенскую мужчынскую гімназію з атэстатам сталасці. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1911-1914). Удзельнік культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. З 1916 г. служыў вікарыем у парафіі Янаў Сакольскага дэканата. У 1921-1939 гг. выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Сідэрка Віленскай дыяцэзіі. З 1950 г. - пробашч у мясцовасці Янаў Сакольскага павета. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Памёр 26.03.1976.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Л»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Stankiewicz A., 1929; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Ляшчэвіч Антон (1890-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, місіянер, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 17.09.1890 у в. Абрамаўшчына Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Ян і Караліна (з дому Садоўскіх) Ляшчэвічы. Вучыўся ў прыватнай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу (верасень 1902 - жнівень 1908). Там жа скончыў Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1914). У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Да выканання святарскіх абавязкаў прыступіў 17.06.1915 у якасці вікарыя рымска-каталіцкага касцёла ў Іркуцку. 02.08.1917 пераведзены на пасаду вікарыя ў Харбінскі касцёл з месцам жыхарства пры капліцы на станцыі Маньчжурыя Кітайска-Усходняй чыгункі. У 1930-я гады працаваў ва Ўсходняй місіі ў Іркуцку, Чыце, Харбіне (Маньчжурыя). Пад уплывам апостальскага адміністратара місіі Ф.Абрантовіча пасля вяртання ў Эўропу ўступіў у ордэн айцоў марыянаў. Прыняў манаства 13.06.1939 у мясцовасці Скужэц каля г. Седльцы (Польшча). Са жніўня 1939 г. і ў час Другой сусветнай вайны вёў душпастырскую дзейнасць у Беларусі. 17.02.1943 у в. Росіца на Віцебшчыне спалены разам з мясцовымі вернікамі (католікамі і праваслаўнымі) пад час нямецкай карнай аперацыі.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2135; Directorium... Mohiloviensi; Божым шляхам (Лондан). 1971. № 5; ЭГБ, IV. @

Мадэст (1894-1972?), праваслаўны святар, архімандрыт, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Мадэст Яцкевіч.

Нарадзіўся 01.05.1894 у мястэчку Паставы Дзісенскага павета. Паходзіў з праваслаўнай сям'і: бацькі - Іван і Вольга Яцкевічы. У 1921 г. скончыў Віленскую духоўную семінарыю. Рукапаложаны ў сан святара 21.11.1921. Пастырскую дзейнасць распачаў у прыходзе Трокі. З 1930 г. працаваў у Гейшышках. 31.12.1935 прызначаны на пасаду настаяцеля прыхода Габы ў Пастаўскім павеце. Супрацоўнічаў з заходнебеларускім перыядычным друкам («Незалежная Беларусь»). Выступаў за беларусізацыю царкоўна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. У гады Другой сусветнай вайны працаваў у беларускіх грамадска-палітычных арганізацыях самапомачы і пры самаўрадзе Лідскай акругі. Абраны ў Беларускі камітэт даверу пры генеральным камісары Беларусі (27.06.1943). З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Пазней перабраўся ў Аргенціну. З 1949 - у Аўстраліі. Служыў настаяцелем у прыходзе Трох Віленскіх пакутнікаў (з 06.04.1958). У 1962 г. выступіў з-пад юрысдыкцыі архіепіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) Сяргея і прыняў юрысдыкцыю Канстанцінопаля. Выдаваў часопіс Аўстралійскай епархіі БАПЦ «Наша Царква». Рэктар беларускіх прыходаў у Аўстраліі «пад патрыяршай юрысдыкцыяй царгародскай».

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 903; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1, с. 346; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1921. № 4-5; Беларуская газэта (Менск). 1943. № 48; Беларускі праваслаўны каляндар на 1960 г. (Мельбурн). 1960; Беларускі голас (Таронта). 1962. № 99; 1969. № 121. @

Малец Дзяніс (1909 - снежань 1941?), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся ў 1909 г. ў в. Лембаўка Дунілавіцкай воласці. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і. З 1933 г. - на 1-м курсе духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску. Пасвячоны ў святары ў 1937 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя пры парафіі Нараджэння Дзевы Марыі ў г. Бельск-Падляскі на Беласточчыне. З восені 1938 г. - прэфект мясцовых школ у Пінску. Пазней служыў вікарыем пры Пінскім кафедральным саборы. У гады Другой сусветнай вайны прымаў удзел у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. У якасці ганаровага госця разам са святаром С.Глякоўскім прысутнічаў на канферэнцыі школьных інспектараў у Менску (15.12.1941), дзе быў арыштаваны нямецкай тайнай паліцыяй. Дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.

Літ.: Elenchus... Pinscensis; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1937. № 9; Мартос А.; Наша вера (Менск). 1996. № 1. @

Маскалік Канстанцін (нар. 1918), каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, публіцыст.

Нарадзіўся 28.05.1918 у в. Гарадзея недалёка ад Нясвіжа. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Тодар і Ганна (з дому Шыманскіх) Маскалікі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай 7-гадовай школе. Два гады вучыўся пры Жыровіцкім праваслаўным манастыры. Пазней, у сярэдзіне 1930-х гадоў, два месяцы правёў ва Ўнеўскім манастыры на Ўкраіне. У час Другой сусветнай вайны, напярэдадні нападзення Германіі на Савецкі Саюз, быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. У 1943 г. ўступіў у польскую армію генерала Ў.Андэрса. Прайшоў Іран, Ірак, Палесціну. У 1944 г. ваяваў у Італіі. Пасля заканчэння вайны асталяваўся ў Рыме. У 1947 г. пачаў вучобу ў мясцовым калегіуме. Скончыў філасофскі і багаслоўскі факультэты Грыгарыянскага ўніверсітэта. Пасвячоны ў святары ў 1955 г. У 1950-1970-я гады падтрымліваў цесныя кантакты з вядомым беларускім святаром П.Татарыновічам. Адзін з актыўных супрацоўнікаў Беларускай секцыі Ватыканскага радыё.

Літ.: Źnič (Рым). 1955. № 33. @

Маскалік Міхась (1903-1965), каталіцкі святар усходняга абраду, доктар філалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 18.03.1903 у в. Гарадзея недалёка ад Нясвіжа. Вучыўся ў Віленскім універсітэце імя Стафана Баторыя. У 1932 г., атрымаўшы стыпендыю ад мітрапаліта А.Шаптыцкага, выехаў на вучобу ў Германію. У 1933 г. заснаваў «Саюз беларускіх студэнтаў у Нямеччыне». Скончыў калегіум св. Андрэя ў Мюнхене (1938), дзе вывучаў філасофію і тэалогію. Пасвячоны ў святары 17.07.1938. На кароткі час вярнуўся ў Вільню, дзе ў касцёле св. Мікалая адслужыў першую імшу. Напярэдадні Другой сусветнай вайны вярнуўся ў Германію. У гады вайны выконваў святарскія абавязкі сярод ваеннапалонных. У выніку непаразумення ў 1943 г. быў арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенхаўзен. Вызвалены дзякуючы намаганням Папскай місіі ў Германіі. Кароткі час працаваў пры Візітатуры ў Берліне. Пазней праводзіў душпастырскую дзейнасць у г. Гільдэсгайм. У пасляваенны час стала пасяліўся ў г. Госляр. Ініцыятар заснавання і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі. Праводзіў душпастырскую дзейнасць у парафіях Радэрборн, Оснабрук і Гільдэсгайм. У 1959 г. ў Мюнхенскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры. Памёр 25.09.1965 у г. Гільдэсгайм.

Літ.: Źnič (Рым). 1965. № 85-86; Божым шляхам (Лондан). 1965. № 6; ЭГБ, V. @

Матвейчык Антон (1889-1941), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 03.11.1889 у маёнтку Петрашоўцы Вільчукоўскай воласці. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Магдалена (з дому Чарнякоў) Матвейчыкі. У 1904-1906 гг. вучыўся ў мужчынскай 4-класнай навучальні пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны. Пасля яе заканчэння - у Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў як вікарый рымска-каталіцкай парафіі ў г. Самара. У заяве ад 19.08.1915 на імя вышэйшых духоўных улад Магілеўскай архідыяцэзіі выказаў жаданне вучыцца ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі на свой кошт. У сувязі з паступленнем на вучобу 09.09.1915 звольнены з пасады вікарыя Самарскай парафіі. З кастрычніка 1915 г. - студэнт Імператарскай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Петраградзе. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў-клерыкаў. 30.05.1918 камандзіраваны біскупам Э.Ропам у Менск «для исполнения духовных треб местных католиков». Са студзеня 1919 г. служыў вікарыем, а пазней выконваў абавязкі пробашча ў мястэчку Крэслаўка Віцебскай губ. У 1922 г. прызначаны адміністратарам у парафію Спас Вілейскага дэканата. Потым служыў адміністратарам у парафіях Аборак і Скрыбавіцы Магілеўскай архідыяцэзіі (1930-1938). З беларускім хрысціянскім рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Памёр у 1941 г.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 226; LCIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; Directorium... Mohiloviensi; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Матрунчык Мікалай (нар. 1959), праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч, магістр філасофіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., гісторык, культуролаг, публіцыст.

Нарадзіўся 22.05.1959 у Менску. Паходзіць з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Аляксандар і Любоў (з дому Шакураў) Матрунчыкі. У 1976 г. скончыў сярэднюю школу ў Менску. Служыў у Савецкай арміі (1977-1979). На пачатку 1980-х гадоў працаваў мулярам у Сібіры. Пазней вучыўся на філасофскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Менску (1981-1987). Пасля заканчэння працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў (студзень 1992). Прымае ўдзел у выдавецкай, культурна-асветніцкай і міжнароднай дзейнасці Брацтва. З 1997 г. па благаслаўленні Мітрапаліта Філарэта прадстаўляе Беларусь у Эўрапейскай міжцаркоўнай рабочай групе «Прымірэнне ў Эўропе - місія Цэркваў Украіны, Беларусі, Польшчы і Германіі». Удзельнічаў у працы 2-га Экуменічнага Кангрэса ў г. Грац (Аўстрыя, 1997). Супрацоўнічае з беларускімі свецкімі і царкоўна-рэлігійнымі выданнямі («Літаратура і мастацтва», «Царкоўнае слова» і інш).

Літ.: Аўтабіяграфія М.Матрунчыка; Минские епархиальные ведомости (Менск). 1997. № 3. @

Матулевіч Юры (таксама Матулявічус; 1871-1927), каталіцкі святар заходняга абраду, архібіскуп, доктар тэалогіі, летувіскі рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, рэфарматар ордэна марыянаў, сацыёлаг. Прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў беларускіх каталіцкіх парафіях у Беларусі.

Нарадзіўся 13.04.1871 у мясцовасці Лугіна недалёка ад Марыямпаля. Паходзіў з летувіскай каталіцкай сям'і. У 1891-1893 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў г. Кельцы. Наступныя два гады правёў у Варшаўскай духоўнай семінарыі (1893-1895). У ліку лепшых выпускнікоў быў накіраваны на далейшую вучобу ў духоўную каталіцкую акадэмію ў Пецярбург (з 1895). Пасвячоны ў святары ў 1898 г. Вучыўся за мяжой. Тэалагічныя і філасофскія веды паглыбляў у г. Фрайбург (Германія), дзе ў 1903 г. абараніў доктарскую дысертацыю. З 1907 г. - выкладчык сацыялогіі ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пазней там жа выкладаў дагматычную тэалогію (1909-1911). Браў удзел у грамадска-культурным жыцці каталіцкай грамадскасці Пецярбурга. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў рымска-каталіцкага таварыства «Асвета». У 1909 г. ўступіў у ордэн марыянаў, Падрыхтаваў праект рэформы і праграму аднаўлення ордэна марыянаў скасаванага царскімі ўладамі ў 1864 г. Хадайнічаў перад Апостальскім пасадам аб іх зацвярджэнні і атрымаў станоўчы адказ. У 1909-1915 гг. праводзіў актыўную працу па арганізацыі тайных навіцыятаў і Дамоў марыянаў у Фрайбургу, Чыкага, Вене і Марыямпалі. У Варшаве адначасова з Домам марыянаў арганізаваў прытулак для бяздомных дзяцей (1915), там жа быў абраны ў Камісію па справах ордэнаў пры канферэнцыі біскупаў Варшаўскай мітраполіі. Уваходзіў у склад гарадской управы Варшавы. У 1918 г. абраны віленскім ардынатарам. У снежні таго ж года кананічна ўзначаліў Віленскую дыяцэзію. Як рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч выступаў за нацыянальную і рэлігійную талерантнасць, клапаціўся пра ўзровень рэлігійнага жыцця ў дыяцэзіі. Падтрымліваў беларускі нацыянальна-рэлігійны рух. Заахвочваў маладых беларускіх клерыкаў і святароў да шырокага ўжывання іх роднай беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці і душпастырскай дзейнасці. Разам з іншымі летувіскімі біскупамі (у тым ліку Ф.Карэвічам) падтрымліваў выданне беларускіх рэлігійных кніг і перыёдыкі. Спрычыніўся да арганізацыі ў Друі беларускага кляштара айцоў марыянаў. Карыстаўся асаблівай павагай сярод беларускіх святароў і вернікаў беларускіх парафій Віленскай дыяцэзіі. У 1923 г. заснаваў Таварыства еўхарыстак, якое праводзіла рэлігійную дзейнасць сярод беларускага насельніцтва. Дзеяч летувіскага нацыянальна-культурнага і рэлігійнага руху канца 19 - 1-й чвэрці 20 ст. З 1923 г. знаходзіўся ў канфлікце з польскім урадам, які тройчы звяртаўся да Апостальскага пасада з патрабаваннем звольніць біскупа Ю.Матулявічуса з пасады кіраўніка Віленскай дыяцэзіі за «фаварызаванне летувісаў». У 1925 г. адышоў ад кіраўніцтва дыяцэзіяй. Выехаў у Рым, дзе як тытулярыст заняўся справамі ордэна марыянаў. У гэтым жа годзе па ініцыятыве Пія XI прызначаны Апостальскім адміністратарам у Летуве. Быў адным з ініцыятараў стварэння «Каталіцкіх акцый». Аўтар шэрагу артыкулаў тэалагічнага і педагагічна-грамадскага зместу. У апошнія гады душпастырскай і культурна-грамадскай дзейнасці працаваў над праектам новай летувіскай касцельнай адміністрацыі, зацверджаным Апостальскім пасадам 04.04.1926. Памёр 27.01.1927 у г. Коўна.

Літ.: PSB, XXXIX; Chryścianskaja Dumka (Вільня). 1937. № 5. @

Мацейчык Вацлаў (1928-1989), каталіцкі артадаксальны святар, доктар філасофіі, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся ў 1928 г. ў в. Пузінавічы на Стаўбцоўшчыне. Паходзіць з рэпрэсаванай савецкімі ўладамі беларускай сям'і. Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь бацьку Вацлава Мацейчыка расстралялі. Дванаццацігадовага хлопца з роднымі саслалі ў Сібір. У гады Другой сусветнай вайны, знаходзячыся ў Савецкім Саюзе, уступіў у польскі вайсковы корпус генерала Ў.Андэрса. У пасляваенны час жыў у Вялікабрытаніі, дзе скончыў сярэднюю школу. Далейшую вучобу прадоўжыў ва ўніверсітэце г. Атава (Канада). Абараніў магістэрскую дысертацыю па мастацтвазнаўстве. Вучыўся ў Паўднёвым біблейскім каледжы, які скончыў з навуковай ступенню доктара філасофіі. Пасля вучобы ў духоўнай каталіцкай семінарыі быў пасвячоны ў святары. На працягу трох гадоў служыў пробашчам у польскай эмігранцкай парафіі. З утварэннем «беларускай артадаксальнай каталіцкай субожні» уключыўся ў беларускае нацыянальна-рэлігійнае жыццё. Узначальваў беларускую тэалагічную акадэмію ў г. Прынстан (штат Нью-Джэрсі). 01.11.1980 быў прызначаны апостальскім візітатарам для католікаў у ЗША і Канадзе.

Літ.: Беларускі голас (Таронта). 1961. № 80. @

Мелхіседэк (1878-1931), праваслаўны святар, мітрапаліт Менскі і Беларускі, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог. У свецкім жыцці - Міхаіл Паеўскі

Нарадзіўся ў верасні 1878 г. ў в. Вітуліна Бельскага павета Холмскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара Льва Паеўскага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома і ў манастырскай школе. Пазней вучыўся ў духоўнай праваслаўнай семінарыі. У далейшым багаслоўскія і філасофскія веды паглыбляў у Казанскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Верагодна там жа, у Казані, прыняў манаскі пастрыг і атрымаў імя Мелхіседэк. Пасля заканчэння вучобы ў праваслаўнай акадэміі рукапаложаны ў святары і ў сане іераманаха накіраваны ў Магілеўскую епархію. З восені 1904 г. ў якасці выкладчыка маральнага багаслоўя распачаў службу «по духовному ведомству». Браў удзел у архірэйскіх набажэнствах у праваслаўным кафедральным саборы св. Іосіфа. Адначасова служыў на пасадзе ключара семінарскай царквы. 16.09.1905 прызначаны выконваць абавязкі ігумена Магілева-Брацкага манастыра. У кастрычніку гэтага ж года па прапанове епіскапа Магілеўскага і Мсціслаўскага акрамя асноўнай пасады стаў благачынным над мужчынскімі манастырамі - Аршанскім, Ахорскім, Бялыніцкім і Няклюдаўскім. 24.01.1907 пераведзены ў Бялыніцкі манастыр. У гэтым жа годзе ўзведзены ў сан архімандрыта. Удзельнічаў у культурна-асветных і дабрачынных арганізацыях. З 1906 г. - сябра Магілеўскага царкоўна-праваслаўнага Богаяўленскага брацтва і Магілеўскага камітэта Праваслаўнага місіянерскага таварыства. Паводле ўказа Сінода 22.09.1907 пераведзены ў Таўрычаскую епархію на пасаду ігумена Херсонскага манастыра св. Уладзіміра. Да 1914 г. знаходзіўся ў Крыме. Пазней святарскія абавязкі выконваў у Тыфлісе. З 1917 г. - епіскап Ладажскі, вікарый Пецярбургскі. Браў удзел у памесным саборы праваслаўнай царквы (Масква, жнівень 1917 - верасень 1918). У 1919 г. вярнуўся ў Беларусь. Служыў у Менскай епархіі. З 1919 г. - епіскап Менскі і Тураўскі. Адзін з ініцыятараў склікання схода беларускага праваслаўнага духавенства (10.07.1922). Пасля абвяшчэння на сходзе ў Менскім кафедральным саборы аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквы ўзведзены ў сан мітрапаліта Менскага і Беларускага. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі царкоўна-адміністрацыйных структур Беларускай праваслаўнай мітраполіі. Да абнаўленчых рэлігійных плыняў, што паўсталі пасля 1921 г. ў Расейскай праваслаўнай царкве, ставіўся адмоўна: не прызнаваў за імі кананічнага статуса. У траўні-чэрвені 1922 г. выклікаўся ў савецкія органы бяспекі «для переговоров о возможном использовании в борьбе с Тихоном и реакционным духовенством». Ад падтрымкі абнаўленства і супрацоўніцтва з органамі савецкай бяспекі катэгарычна адмовіўся. У складанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў 1919-1924 гг. выконваў святарскія абавязкі ў Свята-Петрапаўлаўскім праваслаўным кафедральным саборы ў Менску. Карыстаўся асаблівай павагай сярод вернікаў Менскай епархіі. З 01.06.1924 знаходзіўся пад следствам разам з шасцю святарамі і вернікамі. Быў абвінавачаны ва ўтойванні царкоўных каштоўнасцей і антысавецкай дзейнасці. Знаходзіўся пад хатнім арыштам. 17.08.1925 прыгавораны ўмоўна да 3 гадоў зняволення. З канца лістапада 1925 г. - вязень Бутырскай турмы ў Маскве. Пазней быў высланы ў Сібір, дзе да вясны 1927 г. знаходзіўся на Марыінскіх пасяленнях. Пасля вызвалення меў намер вярнуцца ў Беларусь. Затрыманы 23.05.1927 органамі бяспекі. Праз 11 дзён арыштаваны. Вызвалены з турмы 17.09.1927 з падпіскай аб нявыездзе. Пэўны час знаходзіўся ў Краснаярску (?). У 1930 г. быў выкліканы ў Маскву, дзе на летняй сесіі абраны ў Сінод. Памёр раптоўна пры нявысветленых абставінах 17.05.1931 у Дарагамілаўскім саборы перад хіратоніяй аднаго з архірэяў. Паводле адной з версій быў атручаны супрацоўнікамі бяспекі. Першапачаткова пахаваны ў Кузьмінках у Маскве. Пазней прах беларускага мітрапаліта перазахаваны на Праабражэнскіх могілках.

Літ.: Голас царквы (Нью-Ёрк). 1972. № 36; Беларусь; Процька Т.; ЭГБ, V. @

Мікалай (1917-2002), праваслаўны святар, архіепіскап, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа. Удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Міхаіл Мацукевіч.

Нарадзіўся 21.05.1917 на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскай губ. Паходзіць з праваслаўнай сям'і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькі - Кандрат і Домна (з дому Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне. У 1921 г., пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасці, дзе сустрэў Другую сусветную вайну. Быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасці. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Германію. Да лютага 1945 г. знаходзіўся на работах (капаў акопы) паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амерыканскімі войскамі. З 17.03.1945 жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад г. Глазга. Падтрымліваў сувязі з беларускімі перасяленцамі ў Германіі. У 1946 г. ў час наведвання сваякоў у беларускім лагеры ў г. Ватэнштэт пазнаёміўся з беларускім грамадскім дзеячам М.Шылам. Удзельнік 1-га з'езда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (1947). Пасля 1949 г. жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі св. Андрэя ў г. Вініпег. Рукапаложаны ў сан іерэя 06.05.1952 іерархам Украінскай грэка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Іларыёнам. Са жніўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход св. Кірылы Тураўскага. Першую святую літургію адслужыў 04.10.1954. Апрача Таронта святарскія абавязкі выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль і інш. З сярэдзіны 1960-х гадоў штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у г. Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа ў г. Дэтройт. У кафедральным саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 02.10.1966 пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапаложаны ў сан епіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10.03.1968 у Аўстраліі. У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першым іерархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (Нью-Ёрк) абраны паўторна першым іерархам БАПЦ. Садзейнічаў выданню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980). У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20.06.2002 у Таронта.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1960. № 23, 31-33; Вініцкі А.; Голас Царквы (Нью-Ёрк). 1972. № 36; Беларус (Нью-Ёрк). 1984. № 321; Беларус (Нью-Ёрк). 1992. № 390. @

Міцкевіч Міхаіл (1897-1991), грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч, педагог, празаік, публіцыст і перакладчык. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Антось Галіна.

Нарадзіўся 13.07.1897 у в. Мікалаеўшчына Менскага павета. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і: бацькі - Міхаіл і Ганна Міцкевічы. Прыходзіўся малодшым братам Якубу Коласу. Вучыўся ў пачатковай школе ў Мікалаеўшчыне. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1918). З 1917 г. ўдзельнічаў у беларускім нацыянальна-адраджэнскім руху. Браў удзел на правах дэлегата ў працы 1-га Ўсебеларускага кангрэса (Менск, 18.12.1917). Сябра саюза беларускіх настаўнікаў. Актыўна выступаў за пабудову беларускай нацыянальнай школы. 15.10.1919 Беларускай школьнай радай Меншчыны прызначаны настаўнікам беларускай мовы Менскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з беларускімі перыядычнымі выданнямі «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь» і інш. У верасні 1939 г. з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі працаваў настаўнікам і дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у працы беларускіх культурна-грамадскіх і асветных арганізацый. Працаваў інспектарам школ. З 1944 г. - у эміграцыі. Жыў у Чэхаславакіі, пазней знаходзіўся ў Германіі. У г. Рэгенсбург браў чынны ўдзел у арганізацыі культурна-грамадскага, школьнага і царкоўна-рэлігійнага жыцця. Працаваў школьным інспектарам амерыканскай зоны. Падрыхтаваў і выдаў у скаўцкім выдавецтве «Крыніца» чытанкі для дзяцей 1-га, 2-га і 3-га класаў пачатковых школ. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў рэлігійнага жыцця ў беларускіх лагерах для перамешчаных асоб. Сябра Вышэйшага царкоўнага праўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў эміграцыі. Прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні Брацтва Жыровіцкай Божай Маці. Пасля пераезда ў ЗША (1950) пасяліўся ў Нью-Ёрку. Вёў шырокую грамадскую працу. Быў абраны старшынёй выдавецкага фонду газеты «Беларус». На правах намесніка ўваходзіў у Галоўную ўправу Беларуска-Амерыканскага задзіночання. Апекаваўся саборам св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. У 1970-1981 гг. узначальваў рэдакцыю часопіса «Голас Царквы» (Нью-Ёрк). Падрыхтаваў «Беларускі царкоўны каляндар». У 1960-я гады пераклаў з царкоўнаславянскай мовы на беларускую тэксты малітваў, набажэнстваў, евангелляў. Памёр 25.10.1991 у Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку.

Літ.: Кіпель В.; Роднае слова (Менск). 1995. № 10; Полымя (Менск). 1997. № 7. @

Навіцкі Міхаіл (2-я пал. 19 ст. - 1931?), праваслаўны святар, протаіерэй Менскай епархіі, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог.

Выконваў святарскія абавязкі ў г. Веліж Віцебскай губ. Выкладаў Закон Божы ў 5-й Веліжскай школе. У 1920-я гады браў удзел у арганізацыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Удзельнічаў у з'ездзе прадстаўнікоў беларускай праваслаўнай іерархіі, духавенства і вернікаў (Менск, 09-10.08.1927). У ліку сямі праваслаўных святароў падпісаў адозву, якая пракламавала жыццёвасць ідэі аўтакефальнасці беларускай праваслаўнай царквы. Паплечнік мітрапаліта Мелхіседэка і Філарэта, епіскапа Бабруйскага. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Паводле адной з версій, загінуў у 1931 г. на Салаўках.

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1-2; Віцьбіч Ю. @

Надсон Аляксандар (нар. 1926), каталіцкі святар усходняга абраду, мітрафорны протаіерэй, магістр тэалогіі, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа ў Вялікабрытаніі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, педагог, культуролаг, гісторык, публіцыст і перакладчык, бібліяфіл.

Нарадзіўся 08.08.1926 у мястэчку Гарадзея недалёка ад Нясвіжа. Паходзіць з настаўніцкай сям'і. Сапраўднае прозвішча - Бочка. У гады Другой сусветнай вайны вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы. Прымаў удзел у дзейнасці беларускіх грамадска-культурных арганізацый. Сябра Саюза беларускай моладзі. З 1946 г. - у Вялікабрытаніі. Вучыўся на матэматычным факультэце Лонданскага ўніверсітэта, які скончыў у 1953 г. са ступенню бакалаўра дакладных навук. Прымае актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускай эміграцыі. Адзін з заснавальнікаў і сталых сяброў Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (з 1946 яго сакратар; у 1951-1953 - старшыня). Удзельнік і лідэр Беларускага каталіцкага акадэмічнага аб'яднання «Рунь». З 1946 г. - сталы супрацоўнік беларускага эмігранцкага перыядычнага друку («На шляху», 1946-1951; «Беларус на чужыне», 1947-1950; «Божым шляхам», 1947-1980 і інш.). У 1-й палове 1950-х гадоў выехаў у Рым. Вывучаў тэалогію ў папскім Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім універсітэце. Пасвячоны ў святары 23.11.1958 у Рыме. У 1961 г. вярнуўся ў Лондан. Быў прызначаны ў Беларускую каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Паўночнай Англіі. З 1961 г. займаўся педагагічна-выхаваўчай дзейнасцю ў Беларускай школе імя св. Кірылы Тураўскага пры Беларускім доме марыянаў у Лондане. З 1964 г. - на пасадзе дырэктара школы. Адначасова выкладаў матэматыку і беларускую мову (1964-1973). Арганізатар экуменічных сустрэч і выездаў вучнёўскай моладзі ў Германію, Бельгію, Італію. Адзін з актыўных дзеячаў Ангельска-беларускага навуковага таварыства (з 1965). Выкладаў на курсах беларусаведы (1968-1980). Удзельнічаў у семінарскіх занятках студэнтаў-славістаў Лонданскага ўніверсітэта. У 1960-я гады арганізаваў і правёў у Ліверпулі і Манчэстэры адукацыйна-азнаямляльныя курсы, прысвечаныя ўсходняму хрысціянству. Прымаў удзел у рэдагаванні часопіса «The Journal of Byelorussian Studies» (1965-1988). З 1971 г. - дырэктар Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Рашэннем Ватыкана прызначаны на пасаду апостальскага адміністратара для беларусаў-католікаў у Эўропе (1976). З 1986 г. - апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў усходняга абраду ў эміграцыі. Адначасова з'яўляецца кансультантам кангрэгацыі ўсходніх цэркваў пры Ватыкане. З 1989 г. кіруе Беларускім камітэтам дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар даследаванняў і артыкулаў па гісторыі беларускай духоўнай і свецкай літаратуры 16-17 стст. Падрыхтаваў тэалагічную працу «Наша вера: Кароткі катэхізіс хрысціянскай навукі. Для беларусаў-католікаў» (1988, Гішпанія). Пераклаў на беларускую мову літургічныя тэксты для правядзення набажэнстваў сярод беларускіх вуніятаў (афіцыйна зацверджаныя Апостальскім пасадам у 1994).

Літ.: Źnič (Рым). 1958-1959. № 49; Беларус (Нью-Ёрк). 1976. № 234; Божым шляхам (Лондан). 1976. № 1-2; ЭГБ, V. @

Найловіч Казімір (1904-1986), каталіцкі святар усходняга абраду, доктар тэалогіі, манах-марыянін, місіянер, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., публіцыст.

Нарадзіўся ў Пецярбургу. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. З часоў вучобы ў Друі звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. У 2-й палове 1920-х гадоў уступіў у ордэн айцоў марыянаў. Вывучаў тэалогію і філасофію ў Ватыкане, дзе абараніў доктарскую дысертацыю. Пасвячоны ў святары 25.03.1934 у Рыме. Супрацоўнічаў з беларускім каталіцкім перыядычным друкам («Chryścijanskaja Dumka» і інш.). Аўтар цыкла публікацый «Listy z Rymu». Удзельнік 31-га Міжнароднага Еўхарыстычнага Кангрэса ў г. Дублін (Ірландыя). З 2-й паловы 1930-гадоў займаўся місіянерскаю дзейнасцю ў Маньчжурыі. Аўтар рэлігійна-папулярных брашур «Światy Rym» (Вільня, 1931), «31-szy Miżnarodny Eucharystyczny Kanhres» (Вільня, 1933). Памёр 28.03.1986 у Чалябінску.

Літ.: Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1929-1931; 1934. № 4; 1935. № 8; 1936. № 8, 9. @

Неманцэвіч Антон (1893-1943), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-езуіт, першы экзарх беларускай вуніяцкай царквы, доктар тэалогіі і права, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, рэдактар, выдавец, педагог і публіцыст. Адзін з ініцыятараў і творцаў беларускага вуніяцкага руху міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Злучэнец.

Нарадзіўся 08.02.1893 у Пецярбургу. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і. Бацькі - Ян і Вікторыя (з дому Рудзевых) Неманцэвічы перабраліся ў «паўночную сталіцу» з в. Парчэўцы Круглянскай воласці Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Першапачаткова вучыўся ў Сестржанцэвіцкай павятовай навучальні, якую скончыў 29.05.1909. Вытрымаў дадатковыя экзамены на званне аптэкарскага вучня па геаметрыі, нямецкай і лацінскай мовах у экзаменацыйным камітэце Пецярбургскай навучальнай акругі ў сакавіку 1910 г. Па іншых звестках - скончыў гімназію пры парафіі св. Кацярыны. З 1910 г. - студэнт 1-га курса Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. У час вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка клерыкаў-беларусаў. Пасвячоны ў святары 27.09.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда. З прыходам да ўлады бальшавікоў праследаваўся за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны 25.05.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 г. служыў вікарыем пры парафіі святых Пятра і Паўла ў Маскве. Вёў шырокую рэлігійную і культурна-асветную працу сярод дзяцей і моладзі. Арыштаваны органамі савецкай бяспекі 31.05.1921 за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж польскім і савецкім урадамі. У 1925-1927 гг. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. У канцы 1920-х гадоў вярнуўся ў Польшчу. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928-1929 гг. вёў заняткі па параўнальнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры вуніяцкай парафіі ў Сынкавічах на Палессі. У 1932-1937 гг. рэдагаваў і выдаваў беларускі вуніяцкі часопіс «Да злучэньня». З 1934 г. - прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Ўкраіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 г. рэдагаваў часопіс «Злучэньне». 17.09.1939 мітрапалітам А.Р.Шаптыцкім узведзены ў сан экзарха беларускай вуніяцкай царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў духоўнае справаводства і царкоўнае жыццё. У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў шырокую дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур новастворанага Беларускага экзархата. У жніўні 1942 г. па дарозе з Львова ў Альбярцін арыштаваны нямецкай тайнай паліцыяй. Да пачатку 1990-х гадоў дата, месца і акалічнасці смерці першага беларускага экзарха заставаліся невядомымі. У сувязі з гэтым існаваў шэраг версій гібелі А.Неманцэвіча. Паводле апошніх польскіх публікацый і выданняў удалося ўстанавіць, што ён памёр 01.04.1943 у берлінскай турме.

Літ.: ЦГИА, ф. 46, воп. 3, спр. 226; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Pinscensis; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Stankievič A., 1939; Мартос А.; Dzwonkowski R., 1998; EW; ЭГБ, V. @

Падзява Антон (1913-1955), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., манах-марыянін.

Нарадзіўся ў 1913 г. ў в. Пярхулева Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і: бацькі - Габрыэль і Марцыяна (з дому Трышчынскіх) Падзявы. Малодшы брат беларускага каталіцкага святара Тамаша Падзявы. Вучыўся ў польскай гімназіі пры Друйскім кляштары і ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Супрацоўнічаў з беларускім рэлігійным перыядычным друкам. Займаўся перакладамі з летувіскай на беларускую мову (байка «Тры браты» і інш.). У 1930-я гады - у ордэне айцоў марыянаў у Друйскім кляштары. Пасля дэпартацыі з Друі ў 1938 г. беларускіх святароў і клерыкаў жыў у кляштары айцоў марыянаў на Бялянах у Варшаве. Вучыўся ў Варшаўскай духоўнай каталіцкай акадэміі. З часоў вучобы ў Друі звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Памёр у 1955 г. ў мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы. Пахаваны на мясцовых могілках.

Літ.: Catalogus... Vilnensis; Rocznik, 1966; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1937, № 2; 1939. №22. @

Падзява Тамаш (1906-1975), каталіцкі святар усходняга абраду, марыянін, тэолаг, місіянер, доктар філасофіі, сябра Марыянскай капітулы ў Рыме, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, вучоны, сацыёлаг, педагог і публіцыст.

Нарадзіўся 06.02.1906 у в. Пярхулева Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў, бацькі - Габрыэль і Марцыяна (з дому Трышчынскіх) Падзявы. У 1926 г. ўступіў у навіцыят айцоў марыянаў у Друі. Там жа скончыў гімназію (1929). Прадоўжыў вучобу ў папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Пасвячоны ў святары 23.12.1934. З 1935 г. займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Харбіне (Маньчжурыя). Працаваў выхавацелем, прэфектам і духоўнікам у місіі св. Мікалая. Супрацоўнічаў з харбінскім місіянерскім перыядычным выданнем «Католический вестник». Напрыканцы снежня 1948 г. арыштаваны кітайскімі вайсковымі ўладамі. Перададзены органам савецкай бяспекі. Да 1955 г. знаходзіўся ў адным з канцэнтрацыйных лагераў у Тайшэце (Усходняя Сібір). Пасля вызвалення вярнуўся ў Польшчу, дзе займаўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю. У 1969 г. выехаў у Рым, а пазней у Лондан. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Выступаў на старонках эмігранцкіх рэлігійных выданняў («Божым шляхам» і інш.), удзельнічаў у працы Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Памёр 02.10.1975 у Лондане. Пахаваны там жа на могілках Святога Панкрата.

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1975. № 3-4. @

Пазняк Янка (1895 - пасля кастрычніка 1939), грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., адзін з лідэраў заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху міжваеннага дваццацігоддзя, палітык, рэдактар і публіцыст. У заходнебеларускім друку выступаў пад псеўданімамі Янка Дудар, Той Самы, Сяленец.

Нарадзіўся 19.02.1895 (па іншых крыніцах у 1887) у мястэчку Суботнікі Лідскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Аляксандар і Ганна (з дому Тучкоўскіх) Пазнякі. Атрымаў агульную сярэднюю і музычную адукацыю. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў удзелу ў беларускіх гуртках «хрысціянска-дэмакратычнага і асветніцкага кірунку». У 1913-1915 гг. у Вільні сумесна з А.Бычкоўскім, Б.Пачопкам і А.Лявіцкім (Ядвігіным Ш.) прымаў удзел у выданні першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Служыў арганістам у Лаварышскім рымска-каталіцкім касцёле. Пазней працаваў на гэтай жа пасадзе ў касцёле св. Яна ў Вільні. З 1921 г. прымаў удзел у дзейнасці беларускіх хрысціянска-дэмакратычных арганізацый і партый. Як публіцыст супрацоўнічаў з заходнебеларускім перыядычным друкам («Biełaruskaja krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). У сваіх артыкулах закранаў праблемы заходнебеларускага культурна-грамадскага і рэлігійнага жыцця. Выступаў за адкрыццё беларускіх школ, асуджаў палітыку Віленскай архідыяцэзіі ў адносінах да заходнебеларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. На з'ездзе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) у 1928 г. абраны сакратаром яе прэзідыума. У 1928-1936 гг. - рэдактар газеты «Biełaruskaja krynica». За рэдактарска-публіцыстычную і палітычную дзейнасць праследаваўся польскімі ўладамі Віленшчыны. Некалькі месяцаў правёў у турме, штрафаваўся. Адзін з ініцыятараў рэарганізацыі БХД у Беларускае народнае аб'яднанне (БНА). Спрычыніўся да расколу ў шэрагах БНА. У 1936 г. абраны прэзідэнтам БНА. Напрыканцы 1938 г., у сувязі з закрыццём газеты «Biełaruskaja krynica», рэдагаваў газету «Chryścijanskaja Dumka». З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войск у верасні-кастрычніку (?) 1939 г. арыштаваны органамі бяспекі. Паводле адной з версій да чэрвеня 1941 г. знаходзіўся ў турме ў Старой Вілейцы недалёка ад Маладэчна. Дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.

Літ.: LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 3162; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; БП, IV; ЭГБ, V. @

Панцэвіч Ян (1907-1984), пратэстанцкі пастар, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэдактар і выдавец.

Нарадзіўся ў 1907 г. Паходзіў з Берасцейшчыны. Служыў пастарам у евангельска-баптысцкай царкве ў г. Познань (Польшча). З 1970-х гадоў у ЗША. Спачатку жыў у штаце Фларыда. Потым пераехаў у г. Дэтройт (штат Мічыган), дзе працаваў евангельскім прапаведнікам. З'яўляўся сурэдактарам пратэстанцкага эмігранцкага выдання «Весьнік Беларускага Эвангельска-Баптысцкага Брацтва». Прымаў удзел у арганізацыйным з'ездзе прадстаўнікоў беларускіх евангельскіх хрысціян у Канадзе, 08-09.09.1973). Быў абраны прэзідэнтам Саюза евангельска-баптысцкіх цэркваў Беларусі. Старшыня Беларускага Евангельска-Баптысцкага Брацтва ў ЗША, Канадзе. Памёр у красавіку 1984 г. ў г. Санта-Барбара.

Літ.: Пятроўскі Я.; Беларускі голас (Таронта). 1984. № 315; Весьнік Беларускага Евангельска-Балтысцкага Брацтва ў ЗША, Канадзе. 1974. № 2. @

Панцеляймон (1867-1950), праваслаўны святар, мітрапаліт Менскі і Беларускі, царкоўны і грамадскі дзеяч. У свецкім жыцці - Павал Ражноўскі.

Нарадзіўся 20.09.1867 у г. Кастрама (Расея). Паходзіў з праваслаўнай сям'і Сцяпана Ражноўскага. Вучыўся ў ваенна-інжынернай навучальні. Скончыў духоўныя курсы пры Казанскай духоўнай праваслаўнай акадэміі. У 1897 г. пастрыгся ў манахі і прыняў імя Панцеляймон. Служыў настаяцелем Маркава манастыра ў Віцебску (1905-1913). Узведзены ў сан епіскапа ў 1913 г. Маскоўскім патрыярхатам быў прызначаны епіскапам Пінскім. З 1922 г., у сувязі з адмоўным стаўленнем да польскіх урадавых «Часовых правіл» пра статус праваслаўнай царквы ў Польшчы, знаходзіўся пад адміністрацыйным наглядам. У процівагу варшаўскаму мітрапаліту Дзянісу выступаў за тое, каб духоўныя справы «вырашала сама царква з уласнымі царкоўнымі іерархамі». Негатыўна ставіўся да палітыкі супрацоўніцтва праваслаўных іерархаў з польскімі дзяржаўна-адміністрацыйнымі ўладамі. З 1931 г. знаходзіўся ў ссылцы ў Жыровіцкім манастыры. Пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі паводле ўказа маскоўскага патрыярха прызначаны экзархам далучаных да Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны абшараў. Падтрымліваў шырокія сувязі з іерархам Еліферыем, мітрапалітам Літоўскім і Вілейскім, і іераманахам Іаанам Шырынскім. У гады Другой сусветнай вайны браў удзел у арганізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця на акупаванай нямецкімі войскамі тырыторыі Беларусі. Фармальна спрычыніўся да аднаўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), кананічна ўзводзячы ў сан епіскапаў беларускіх святароў архімандрытаў Філафея і Афанасія. Адзін з арганізатараў і старшыня Часовай мітрапалітальнай управы Беларусі. У чэрвені 1942 г. высланы ў адміністрацыйным парадку нямецкімі ўладамі ў манастыр у мясцовасці Ляды. З восені 1942 г. пераведзены ў Вілейку. З набліжэннем нямецка-савецкага фронту ў чэрвені 1944 г. выехаў у Германію. Пазней, у 1946 г., з іерархамі епіскапату БАПЦ перайшоў у Расейскую праваслаўную зарубежную царкву. У пасляваенны час жыў у перасыльных лагерах у Германіі. Памёр 30.12.1950 у лагеры Шляйсгайм. Пахаваны на могілках у мясцовасці Фэльдмохен.

Літ.: НГАБ, ф. 6, воп. 1, спр. 206; Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1951. № 1; Касяк І.; Мартос А.; Вініцкі А.; ЭГБ, V; Скурат К.; Шейкин Г. @

Папуцэвіч Вацлаў (1911-1991), культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, магістр, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., гісторык, этнограф, культуролаг, рэдактар, выдавец і публіцыст. У эміграцыі - Вацлаў Пануцэвіч.

Нарадзіўся ў 1911 г. на Віленшчыне. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Быў выключаны з ліку клерыкаў за беларускую дзейнасць. З 1936 г. - студэнт юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стафана Баторыя. Удзельнічаў у працы «Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы» (1936-1939). З'яўляўся адным з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў». Рэдагаваў і выдаваў яго друкаваны орган - газету «Да 25 сакавіка» (лістапад 1936 - сакавік 1938). Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Належаў да заходнебеларускай нацыянал-дэмакратычнай групоўкі святара В.Гадлеўскага. Браў удзел у рэдагаванні заходнебеларускай газеты «Беларускі фронт» (1936-1938). У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у беларускім грамадска-палітычным руху. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у перасыльных лагерах Германіі. Узначальваў Задзіночанне беларускіх скаўтаў на чужыне. Пазней пераехаў у ЗША. Адзін з відных каталіцкіх свецкіх дзеячаў беларускага замежжа. Рэдагаваў і выдаваў часопісы «Беларуская царква» і «Litva». Аўтар гістарычных даследаванняў «Zamojdz і Litva: Roznyja krainy і narody» (1953-1954), «З гісторыі Беларусі або Крывіччыны-Літвы» (1965) і інш. Шырока супрацоўнічаў з беларускім эмігранскім перыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Памёр 25.08.1991 у г. Чыкага.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1949. № 8; Малецкі Я.; Беларус (Нью-Ёрк). 1991. № 382; Кіпель В.; Беларуская мінуўшчына (Менск). 1995. № 2. @

Паўловіч Сяргей (1875-1940), праваслаўны свецкі і культурна-асветны дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, багаслоў, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, пісьменнік, публіцыст і выдавец. У беларускім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Паляшук (Palašuk).

Нарадзіўся 13.09.1875 у в. Асавец Кобрынскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара Канстанціна Паўловіча. У 1896 г. скончыў Літоўскую духоўную праваслаўную семінарыю ў Вільні. Прадоўжыў вучобу ў Кіеве. У 1900 г. скончыў праваслаўную духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. Да 1909 г. працаваў у царкоўных установах. Пазней займаўся педагагічнай дзейнасцю: выкладчык у настаўніцкай семінарыі і жаночай гімназіі ў Рагачове (1909-1913), інспектар народных школ у Ваўкавыскім павеце (1913-1918), настаўнік і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1925-1928). Прымаў актыўны ўдзел у заходнебеларускім культурна-асветным і рэлігійным жыцці. Супрацоўнічаў з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі выданнямі («Летапіс», «Каласкі»). Уваходзіў у склад рэдакцыйнага камітэта заходнебеларускага часопіса «Голас праваслаўнага беларуса». Выдаваў царкоўны і культурна-асветны часопіс для дзяцей «Снапок». Адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Удзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства ў Вільні. Праследаваўся польскімі ўладамі Віленшчыны. Двойчы быў арыштаваны (1930, 1933). Сядзеў у Віленскай турме на Лукішках. Аўтар школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету» (1926), «Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма» (ч. 1, 1928), «Метадычныя ўвагі да пасобніка «Пішы самадзейна» (1929), «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету» (1936), «Zasieuki» (1937) і інш. Памёр 16.09.1940. Пахаваны ў Вільні на Літоўскіх могілках.

Літ.: LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 322; ЭГБ, V; ЭЛіМБел, V. @

Паўскі Дзмітры (1874-1937), праваслаўны святар, протаіерэй Менскай епархіі, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся ў 1874 г. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў. Да рэвалюцыі 1917 г. служыў настаяцелем Віленскага Петрапаўлаўскага кафедральнага сабора. Пазней, у 1920-я гады, настаяцель царквы Святога Духа ў Астрашыцкім Гарадку. Прыхільнік ідэі аўтакефальнасці Беларускай праваслаўнай царквы. У 1927 г. прымаў удзел у абвяшчэнні мітраполіі аўтакефальнай царквой. Удзельнік з'езда прадстаўнікоў праваслаўнай іерархіі, духавенства і вернікаў Менскай епархіі (Менск, 09-10.07.1927). За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. Упершыню арыштаваны ў 1931 г. Асуджаны на 5 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Пасля вызвалення выехаў у Цвярскую губ., дзе выконваў абавязкі настаяцеля ў с. Ульянава Пагарэльскага павета. Там жа ў ліпені 1937 г. зноў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14.09.1937.

Літ.: Синодик; Мартос А. @

Пачопка Баляслаў (1884-1940), каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., журналіст, педагог і публіцыст.

Нарадзіўся ў 1884 г. ў Віцебскай губ. Паходзіў з дваранскай сям'і Антона Пачопкі. 25.10.1905 залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У чэрвені 1907 г., на другі год навучання, пакінуў семінарыю. З 1913 г. - загадчык аддзела рэлігіі, у 1914-1915 гг. - рэдактар-выдавец першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» (Вільня). У гады Першай сусветнай вайны працаваў дырэктарам Свіслацкай настаўніцкай семінарыі ў Гарадзенскай губ. (1916-1918). Падрыхтаваў і выдаў у Вільні шэраг кніг на беларускай мове: «Жыццё папежа Піюса X» (1914), «Чалавек на вышыні сваёй годнасці», «Бог з намі: Беларускі малітэўнік» (1915), «Святы Езафат Кунцэвіч» (1916), «Граматыка беларускай мовы» (1918), «Як вучыць жыць і верыць св. Хрыстова Паўсюдная Царква» (1923). Пакінуў рукапісную спадчыну. У міжваеннае дваццацігоддзе далучыўся да справы беларускага вуніяцтва. Пасвячоны ў святары ў 1925 г. Душпастырскую дзейнасць праводзіў на Палессі. З 17.09.1926 - пробашч вуніяцкага Бабровіцкага прыхода ў Косаўскім павеце. Удзельнік вуніяцкіх канферэнцый у Пінску (1932, 1933). Друкаваўся ў перыядычных выданнях «Гоман», «Biełaruskaja krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Супрацоўнічаў з газетай віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileński». За прыхільнасць да беларускай мовы і культуры праследаваўся польскімі ўладамі. Памёр 26.12.1940 пасля таго, як быў збіты невядомымі.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Elenchus... Pinscensis; Spis kościołów, 1933-1935; ЭГБ, V. @

Пачопка Янка (1890-1977), праваслаўны свецкі і культурны дзеяч, удзельнік хрысціянскага руху 20 ст., рэдактар і выдавец, пісьменнік, перакладчык, фалькларыст. У літаратурным і культурна-грамадскім жыцці выступаў пад псеўданімамі Башкір, Праваслаўны і інш.

Нарадзіўся 26.10.1890 у в. Летнікі Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям'і лесніка Пятра Пачопкі. Скончыў Варанецкую сельскагаспадарчую школу на Пастаўшчыне. Служыў чыноўнікам у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. З 1913 г. выступаў у беларускім перыядычным друку («Наша ніва»). У 1925 г. рэдагаваў і выдаваў у Варшаве рэлігійны двухтыднёвік «Праваслаўны беларус», а з чэрвеня 1925 г. - штомесячнік-дадатак, у якім публікаваліся царкоўныя казанні на беларускай мове. У міжваеннае дваццацігоддзе шырока друкаваўся на старонках заходнебеларускіх дзіцячых часопісаў («Заранка», «Praleski»). Супрацоўнічаў з заходнебеларускімі перыядычнымі выданнямі («Маланка», «Калосьсе», «Сялянская ніва», «Chryścijanskaja Dumka»). У 1920-я гады выдаў у Вільні шэраг кніг сельскагаспадарчай тэматыкі. Быў блізкім сябрам і земляком мастака Язэпа Драздовіча. У 1939-1958 гг. працаваў аграномам. Памёр 26.05.1977. Пахаваны ў в. Малінаўка на Глыбоччыне.

Літ.: ЭГБ, V; БП, V. @

Пікарда Гай дэ (нар. 1931), ангельскі даследчык беларускай гісторыі і культуры, грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч беларускага замежжа ў Вялікабрытаніі, музыколаг, фалькларыст, скарыназнавец, архівіст, выдавец і аранжыроўшчык беларускай царкоўнай музыкі. У перыядычным беларускім і ангельскамоўным друку выступае пад псеўданімам Г.Піхура (Н.Pichura).

Нарадзіўся 20.07.1931 у Лондане. Паходзіць са старадаўняга брэтанскага роду (адзін з яго продкаў удзельнічаў у вайне 1812). Вучыўся ў Сарбонскім універсітэце (Парыж). Скончыў юрыдычны факультэт Оксфардскага ўніверсітэта. З канца 1950-х гадоў займаецца пошукам і вывучэннем старажытных царкоўных спеваў, даўняй і сучаснай беларускай музыкі (у тым ліку сакральнай). У 1959 г. адшукаў у Кіеве рукапісныя музычныя зборнікі 16 ст. рэлігійнага зместу: Супрасльскі і Жыровіцкі ірмалоі. Прымае актыўны ўдзел у беларускім грамадскім, культурна-асветным і духоўным жыцці ў эміграцыі. Звязаны з Лонданскім нацыянальна-рэлігійным асяродкам (Дом марыянаў). З 1960-х гадоў - сябра Ангельска-беларускага навуковага таварыства. Працаваў лектарам на курсах беларусаведы. Падрыхтаваў шэраг навукова-папулярных рэфератаў і артыкулаў («Гравюры Скарыны», «Беларусіка ў розных бібліятэках Эўропы», «Беларуская царкоўная музыка XV-XVI стагоддзяў» і інш.). Займаецца вывучэннем творчасці беларускіх кампазітараў на эміграцыі (М.Равенскага, М.Шчаглова-Куліковіча, Дз.Верасава і інш.). Даследуе гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, духоўную культуру і юрыдычнае права ў Вялікім Княстве Літоўскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага музея ў Лондане: разам з біскупам Ч.Сіповічам пачынаў збіраць старажытныя карты і старадрукі. У 1961-1970 гг. - выкладчык музыкі і спеваў у беларускай школе імя Кірылы Тураўскага пры Доме марыянаў у Лондане. Ініцыятар і арганізатар вучнёўскага хору, першы яго дырыжор. Браў удзел у рэдагаванні часопіса «The Journal of Byelorussian Studies» (1970-1988). Сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Падрыхтаваў і выдаў даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф.Скарыны ў Лондане (1971), «Беларускі царкоўны спеўнік Св. Літургія» (1979-1991, кн. 1-2), «Беларускі духоўны спеўнік» (1989). Аўтар навукова-папулярнага выдання «Царкоўная музыка на Беларусі 989-1995». Актыўна супрацоўнічае з беларускім эмігранцкім перыядычным друкам. Публікаваўся на старонках рэлігійных і свецкіх выданняў («Божым шляхам», «Беларус», «The Journal of Byelorussian Studies» і інш.). Уваходзіў у склад журы і ўдзельнічаў у 10-м Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча, 16-19.05.1991). З 1997 г. - рэдактар культурна-інфармацыйнага квартальніка «Byelorussian Chronicle».

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1967-1980; Беларус (Нью-Ёрк). 1970-1998; Крыніца (Менск). 1992. № 3; ЭГБ, V; The Journal of Byelorussian Studies (Лондан). 1970-1988. @

Пліс Міхаіл (1858-1924), праваслаўны святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог.

Нарадзіўся 15.08.1858 у Гарадзенскай губ. Скончыў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю (1879), рукапаложаны ў сан святара. З гэтага ж года - настаяцель праваслаўнага прыхода ў Ашмянскім павеце і ў Вільні. З 01.09.1903 выкладаў царкоўнаславянскую мову ў Віленскай жаночай навучальні духоўнага ведамства. Працаваў законавучыцелем Узорнай царкоўна-прыходскай школы пры жаночай навучальні. У 1903-1907 гг. - старшыня праўлення Дапамогавай касы праваслаўнага духавенства Літоўскай епархіі. 21.09.1907 на з'ездзе пры выбарах праўлення Дапамогавай касы абраны яе старшынёй на 1908-1912 гг. Звязаны з беларускім культурна-асветным і царкоўна-рэлігійным рухам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. - у Маскве. У час працы Маскоўскага царкоўнага сабора ў 1917-1918 гг. - давераная асоба будучага патрыярха Ціхана. З вясны 1919 г. - у Вільні, сябра Віленскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі, ключар Віленскага кафедральнага сабора. У 1919-1920 гг. уваходзіў у склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта. У 1919-1923 гг. - законавучыцель у Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў Закон Божы на беларускай мове. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1921 г. ў Вільні Святатроіцкага беларускага праваслаўнага таварыства. Быў у ліку заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1923 г. браў удзел у 1-м з'ездзе выкладчыкаў заходнебеларускіх гімназій. У міжваеннае дваццацігоддзе выступаў за беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Напісаў і падрыхтаваў да выдання працу па гісторыі праваслаўнай царквы (захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Летувы). У справе беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця актыўна супрацоўнічаў з беларускім праваслаўным святаром М.Галянкевічам. Памёр 29.04.1924 у Вільні.

Літ.: LMABRS, ф. 21, спр.465; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1907. № 1, 19-20; Krynica (Вільня). 1921. № 29; Сын Беларуса (Вільня). 1924. № 16; ЭГБ, V. @

Пучкар-Хмялеўскі Адам (1891-1938), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 24.12.1891 у мястэчку Івянец Стаўбцоўскага павета Менскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Бацькі: Іван Вікенцьевіч - адстаўны салдат, Юлія (з дому Пазнанскіх) Пучкар-Хмялеўскія. Са жніўня 1903 г. вучыўся ў Менскай рэальнай навучальні, якую скончыў 04.06.1911. У 1911-1916 гг. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Тады ж далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Пасвячоны ў святары ў 1916 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Бабруйскім касцёле. Пазней служыў пры каталіцкай парафіі ў Іркуцку. У 1920 г. быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі. Знаходзіўся ў групе заложнікаў, якая па дамоўленасці паміж польскім і савецкім ўрадамі рыхтавалася да выезду ў Польшчу. З 1922 г. - у Менску. Выконваў святарскія абавязкі ў касцёле святых Сымона і Алены. Працаваў у парафіях Койданава, Заслаўе, Воўчкавічы. Выступаў за шырокую беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. У 1926 г. на з'ездзе каталіцкіх святароў былой Менскай губ. выступіў з прапановай утварэння незалежнай рымска-каталіцкай дыяцэзіі на чале з беларускім біскупам. Сутнасць яго прапановы заключалася ў тым, каб каталіцкая царква ў Беларусі выйшла з-пад улады польскіх біскупаў і падпарадкоўвалася непасрэдна Ватыкану. З 1929 г. - пробашч Менскага кафедральнага касцёла. Беспадстаўна абвінавачаны ўладамі ў «антысавецкай дзейнасці» і прыналежнасці да польскай вайсковай арганізацыі. 26.06.1933 (паводле іншых крыніц - 03.08.1933) арыштаваны органамі бяспекі. Прыгавораны да 10 гадоў лагераў. З верасня 1934 г. знаходзіўся на Салаўках. Пасля пяці гадоў зняволення калегіяй АДПУ прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 01.09.1938 расстраляны.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2243; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Архіў КДБ РБ (Менск), спр. 9939-С; Dzwonkowski R.,1997; Dzwonkowski R.,1998. @

Пякарскі Павал (1889-1954), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 15.03.1889 у Віленскай губ. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і Антона Пякарскага. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу (1911-1915), дзе клерыкамі-беларусамі быў абраны старшынёй беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. З 1915 г. - на пасадзе вікарыя ў Беластоку, выкладаў Закон Божы ў мясцовых навучальных установах. На правах ганаровага госця ўдзельнічаў у пасяджэннях школьнай камісіі польскага епіскапата (02-03.03.1919). У 1925 г. прызначаны кіраўніком Ашмянскага дэканата і пробашчам у парафіі Жупраны. У 1932 г. абраны ў сінадальную Кансультатыўную раду святароў пры Віленскай мітрапалітальнай курыі. Выконваў святарскія абавязкі ў Віленскай архідыяцэзіі. Памёр 02.05.1954 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Літ.: LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2530; ф. 694, воп. 3. спр. 10; ф. 604, воп. 5, спр. 7332; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1359; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Пяткевіч Язэп (1892-1937), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 15.09.1892 г. у мясцовасці Ворань каля Лепеля. Паходзіў з каталіцкай сям'і Станіслава Пяткевіча. З 1912 г. - клерык Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. У гады вучобы далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Пасвячоны ў святары ў 1917 г. Служыў вікарыем у парафіі Койданава на Меншчыне (1920). У 1922-1923 гг. - адміністратар у парафіі Бабоўня недалёка ад Нясвіжа. З 2-й паловы 1920-х гадоў выконваў святарскія абавязкі ў Слуцку, Уздзе і Капылі. Праследваўся савецкімі ўладамі. У 1933 г. быў арыштаваны органамі бяспекі і прыгавораны да 5 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Пакаранне адбываў у Комі АССР. З сакавіка 1935 г. цяжка хварэў. Знаходзіўся ў цэнтральным лагерным шпіталі ў мясцовасці Вегерская Кем. У 1-й палове 1937 г. быў зноў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Калегіяй НКУС Комі АССР 02.09.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. У той жа дзень расстраляны.

Літ.: Directorium... Mohiloviensi; Directorium... Mohiloviensis; Stankievič A., 1939; Dzwonkowski R., 1998. @

Пятроўскі Міхаіл (1889-1931), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 03.10.1889 у маёнтку Празарокі Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мяшчанскай сям'і: бацькі - Язэп і Паўліна (з дому Садоўскіх) Пятроўскія. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. 16.12.1904 здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У траўні 1905 г. вытрымаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, але з-за адсутнасці вольных месцаў прыняты ў лік семінарыстаў у кастрычніку 1906 г. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе браў удзел у працы беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары ў 1912 г. Выконваў душпастырскія абавязкі на пасадзе вікарыя ў парафіі Даўгінава Віленскага дэканата. З 1917 г. - на пасадзе адміністратара ў в. Шаркоўшчына Дзісенскага дэканата. У сакавіку 1919 г. браў удзел у працы школьнай камісіі польскага епіскапата. На адным з пасяджэнняў падаў прапанову і ініцыяваў стварэнне «Хрысціянскай хрэстаматыі для моладзі». Удзельнік Беларускага з'езда Віленшчыны і Гарадзеншчыны (09-11.06.1919). На з'ездзе разам з праваслаўным святаром М.Кушнёвым быў абраны ў Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі. Шырока выкарыстоўваў родную мову на занятках па рэлігіі і пры катэхізацыі. У 1921 г. арыштаваны і зняволены ў турму на Лукішках у Вільні. У 1925 г. быў абвінавачаны ў «беларускай агітацыі» сярод жыхароў парафіі Даўгінава. Памёр 26.07.1931 у парафіі Вінна Пінскай дыяцэзіі, дзе і пахаваны на мясцовых могілках.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «П»; LVIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7146, 8144; ф. 694, воп. 3, спр. 10; ф. 694, воп. 1, спр. 2520, 2999; Архівы БНР; Directorium... Vilnensi; Elenchus... Pinscensis; Krynica (Вільня). 1919. № 4-5, 11; 1920. № 13; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1931. № 13. @

Пятроўскі Ян (нар. 1905), пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі і ў эміграцыі, публіцыст, выдавец, рэдактар, пісьменнік і перакладчык.

Нарадзіўся 27.01.1905 у г. Слуцак Менскай губ. Паходзіць з сям'і беларусаў: бацькі - Дзям'ян і Юл'яна Пятроўскія. З беларускім культурна-грамадскім рухам звязаны з 1920-х гадоў. Падтрымліваў шырокія кантакты з вучнёўскай моладдзю Віленскай беларускай гімназіі. Прыхільнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1927-1928 гг. меў намер выехаць у Савецкую Беларусь, аднак пазней адмовіўся ад яго. Служыў у польскім войску. Пад час вайсковай службы пазнаёміўся з сябрамі царквы метадыстаў. Напрыканцы 1920-х гадоў увайшоў на правах сябра ў пратэстанцкае рэлігійнае брацтва. Вучыўся ў біблейскай школе метадыстаў у мясцовасці Кларысава. З 16.03.1932 жыў у мястэчку Дзярэчын Слонімскага павета. Ініцыятар і арганізатар выдання на беларускай мове пратэстанцкага грамадска-рэлігійнага і літаратурнага часопіса «Сьветач Хрыстусовае навукі» (23.08.1935). У часопісе выконваў функцыі выдаўца і рэдактара. У канцы Другой сусветнай вайны выехаў у Аўстрыю. З 1953 г. - у ЗША. У эміграцыі ўзнавіў выданне евангельска-баптысцкага часопіса «Сьветач Хрыстовае навукі». Разам з жонкай Аліцыяй 09.12.1976 у г. Гейнсвіл (штат Фларыда) заснаваў Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд, мэтай якога стала «дапамога беларусаведным даследаванням і публікацыя матэрыялаў на беларускія тэмы». Пераклаў на беларускую мову і выдаў 7 тамоў выбраных твораў старажытнагрэчаскага філосафа Платона. Падрыхтаваў і выдаў класічны «Грэцка-беларускі слоўнік». Аўтар «Мемуараў» (т. 1-3, Гейнсвіл, 1983-1997). Адзін з пачынальнікаў беларускага евангельска-баптысцкага руху ў ЗША.

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 746; Кіпель В.; Пятроўскі Я.; Веснік БДУ (Менск). 1997. № 1. @

Равенскі Мікалай (1886-1953), культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў эміграцыі, кампазітар.

Нарадзіўся 05.12.1886 (па іншых крыніцах - 02.12.1886) у маёнтку Капленцы Ігуменскага павета. Паходзіў з праваслаўнай сям'і Якуба Равенскага. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Вучыўся ў вясковай школе. Валодаў выключным музычным слыхам і добрым голасам. Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Менскім архірэйскім хоры (1895-1902). З 1903 г. - дырыжор хору пры мужчынскім манастыры ў Менску. Пасля двух гадоў працы накіраваны ў Наваградак, дзе выкладаў спевы і музыку ў мясцовай школе, кіраваў царкоўным хорам. У 1911-1914 гг. вучыўся на 3-гадовых дырыжорскіх курсах у Маскве. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў Наваградак. З пачатку Першай сусветнай вайны - у эвакуацыі. Працаваў на ваенным будаўніцтве. На пачатку 1919 г. пераехаў у Менск. Працаваў выкладчыкам музыкі ў школе і дырыжорам царкоўнага хору пры царкве св. Кацярыны. З 1920 г. - у Менскім беларускім рабочым клубе, дзе разам з У.Галубком арганізоўваў канцэрты і ўрачыстыя імпрэзы. Праследаваўся савецкімі ўладамі. У 1922 г. быў арыштаваны. Пасля вызвалення выконваў абавязкі хормайстра ў Менскім гарадскім тэатры. З групай вучоных і культурных дзеячаў выязджаў у экспедыцыю ад Інстытута беларускай культуры на Случчыну. Плённа працаваў як кампазітар. Напісаў музыку да п'есы «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча і кантату для хору «Курган» на словы К.Буйло. Выдаў «Зборнік песень з нотамі» (Менск, 1922), у які ўвайшлі народныя апрацоўкі і ўласныя творы на вершы беларускіх паэтаў. У 1924-1939 гг. абіраўся членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі. Напрыканцы 1920-х гадоў актыўна супрацоўнічаў з У.Дубоўкам. Напісаў музыку да шэрагу яго паэтычных твораў. У 1929 г. разам з паэтам распачаў працу над операй «Браніслава». З 1930 г. займаўся педагагічнай дзейнасцю. Выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны ў Беларускім музычным тэхнікуме. Пазней працаваў у Беларускай кансерваторыі. У 1930-я гады зноў праследаваўся органамі бяспекі. З гэтай прычыны ў 1940 г. пераехаў у Магілеў. Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз жыў у акупаваным Менску. У 1943 г. пераехаў у г. Чэрвень, дзе цалкам аддаўся сакральнай музыцы. Працаваў рэгентам мясцовага царкоўнага хору. Напісаў музыку на царкоўныя малітвы «Херувімская», «Милость Мира», «Верую», «Отче наш», «Достойно есть» і канцэрт «Слава в вышних Богу». Нанава напісаў знішчаную ў ліпені 1941 г. музыку да п'есы В.Дуніна-Марцінкевіча «Залёты». З чэрвеня 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Актыўна займаўся музычнай творчасцю. Апрацаваў для хору нізку беларускіх народных песень. Пісаў музыку для беларускіх скаўтаў і жаночага ансамбля. Узнавіў музыку для вялікага хору «О, Беларусь, мая шыпшына» і арыю Браніславы з аднайменнай оперы, апрацоўваў народныя песні. З пераездам у Бельгію арганізаваў пры каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен студэнцкі ансамбль беларускай музыкі. Аўтар гімна-малітвы «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай) і песні на словы К.Буйло «Люблю наш край». Памёр 09.03.1953 (паводле іншых крыніц - 03.03.1953) у г. Лёвен.

Літ.: Беларусь (Нью-Ёрк). 1986. № 332; 1989. № 363; Рагуля Б.; Беларусь. @

Радзівіл Марыя Магдалена (1861-1945), культурна-грамадская і свецкая рэлігійная дзяячка, княгіня, мецэнат.

Нарадзілася 08.07.1861 у Варшаве. Паходзіла з вядомага беларускага графскага рода. Бацькі: граф Завіша-Кежгайла і графіня Марыя (з дому Хвілецкіх). Гады маленства правяла ў Беларусі. У 1881 г. выйшла замуж за польскага арыстакрата графа Людвіка Красінскага. Пасля смерці мужа выехала ў Заходнюю Эўропу. Другі раз выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла (Лондан, 1906). У 1910-1920 гг. звязана з беларускім грамадска-культурным і нацыянальна-рэлігійным рухам. Аказвала маральную і матэрыяльную падтрымку беларускім палітычным і культурным дзеячам. Фінансавала выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» (Вільня, 1913-1918), друкаванне зборніка «Вянок» М.Багдановіча, твораў Ядвігіна Ш. Пашырала асвету, адкрывала беларускія школы ў сваіх уладаннях і маёнтках у Беларусі. Асаблівую ўвагу надавала праблеме падрыхтоўкі нацыянальна-свядомай беларускай інтэлігенцыі. Шырока ангажавалася ў беларускае рэлігійнае жыццё. Прыхільніца ідэі адраджэння ў Беларусі вуніяцкай царквы. З 1918 г. - у эміграцыі. Пэўны час жыла ў Летуве, пазней у Германіі. На пачатку 1930-х гадоў пераехала ў Швейцарыю. Апошнія трынаццаць гадоў свайго жыцця правяла ў кляштары сясцёр-дамініканак у г. Фрыбур, дзе 06.01.1945 памерла.

Літ.: PSB, XXX/3. @

Радзівон Альбін (1892-1976), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 15.05.1892 у в. Грабава Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай каталіцкай сям'і Фелікса Радзівона. У красавіку 1912 г. пры Гарадзенскай мужчынскай гімназіі здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня. У 1912-1918 гг. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 07.04.1918. З 1923 г. служыў законавучыцелем у мястэчку Глыбокае. Пазней быў прызначаны на пасаду вікарыя ў Беластоку (1929). З гадоў вучобы ў Пецярбургу звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускіх рэлігійных часопісаў і газет. Пасля Другой сусветнай вайны выконваў святарскія абавязкі ў Беластоцкай архідыяцэзіі. Працаваў у пракафедральнай парафіі ў Беластоку. На пачатку 1970-х гадоў выйшаў на пенсію. Памёр 21.01.1976.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Р»; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2414; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1919 № 10; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Раманоўскі Вацлаў (1889 - пасля 1939), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 26.11.1889 (паводле іншых крыніц - у 1891) у Сумілішскай воласці Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Станіслаў і Міхаліна (з дому Міглікаў) Раманоўскія. У 1908 г. здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. Скончыў духоўную каталіцкую семінарыю ў Вільні (1913). У час вучобы прымаў удзел у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары 16.06.1913 у Вільні. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1913 г. на пасадзе вікарыя ў Троках. З 1922 г. - пробашч у парафіі Германішкі Лідскага дэканата. Матэрыяльна падтрымліваў выданне каталіцкай газеты «Biełarus». З 1936 г. працаваў на пасадзе пробашча ў парафіі Парэчча Віленскай архідыяцэзіі.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Р»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Stankiewicz A., 1929. @

Рамейка Францішак (1885-1931), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 11.07.1885 (паводле іншых крыніц - у 1886) у в. Нецкі Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Андрэй і Антаніна (з дому Янцэвічаў) Рамейкі. У лістападзе 1903 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У 1905-1909 гг. - студэнт духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1909 г. на пасадзе вікарыя пры былым бернардзінскім касцёле ў Вільні. Пазней працаваў на гэтай жа пасадзе ў мястэчку Іўе Ашмянскага павета. У 1910-1921 гг. - на пасадзе пробашча ў мясцовасцях Сельцы Пружанскага і Шарашова Дзісенскага паветаў. Выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў рэлігійным жыцці беларусаў-католікаў. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газет («Biełarus», «Krynica» і інш.). Распаўсюджваў газету «Krynica», евангеллі, кніжкі для набажэнства, календары на беларускай мове. У 1921-1928 гг. - пробашч у Шарашове. За пашырэнне беларускай мовы ў каталіцкай царкве і паўсядзённым жыцці парафіян праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Напрыканцы 1920-х гадоў часова пазбаўлены права займацца душпастырскай дзейнасцю. Не вытрымаў дыскрымінацыі і псіхалагічнага ўціску з боку польскіх духоўных улад Віленскай дыяцэзіі. Хворы псіхічна, скончыў жыццё самагубствам - застрэліўся 16.06.1931 у Вільні. Пахаваны на мясцовых бернардзінскіх могілках.

Літ.: LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 1151; ф. 604, воп. 5, спр. 7012; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Elenchus... Pinscensis; Stankiewicz A., 1929. @

Рапэцкі Юры (нар. 1944?), пратэстанцкі святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., прапаведнік, рэдактар, публіцыст.

Нарадзіўся ў 1944 г. (?) ў Германіі. Паходзіць з сям'і беларусаў-баптыстаў, якія ў гады Другой сусветнай вайны пакінулі Беларусь. Бацькі - Якуб і Яўгенія (з дому Апанасікаў) Рапэцкія. У двухгадовым узросце пераехаў з роднымі ў Канаду. Жыў у г. Саскатун, дзе скончыў мясцовую сярэднюю школу. Пазней вучыўся ва ўніверсітэце. На апошнім курсе выявіў асаблівую цікавасць да славістыкі. Пасля заканчэння вучобы пераехаў у г. Эдмантан. Там абараніў магістэрскую дысертацыю па расейскай літаратуры. Рэдагуе і вядзе на беларускай мове на транссусветным радыё ў Монтэ-Карла хрысціянскую перадачу «Добрая вестка». Аўтар кнігі «Новае жыццё ў Хрысьце» (Варшава, 1985; Менск, 1995). Служыць святаром евангельскай царквы хрысціян-баптыстаў у г. Таронта (Канада). Упершыню наведаў Беларусь у 1971 г. Наступная сустрэча адбылася на пачатку 1990-х гадоў, калі беларускі пастыр прыехаў у Беларусь з бацькам - Якубам Рапэцкім, адным з пачынальнікаў беларускага пратэстанцкага руху ў ЗША.

Літ.: Беларускі голас (Таронта). 1986. № 330; Літаратура і мастацтва (Менск). 1991. № 39; 1992. № 36; Настаўніцкая газета (Менск). 1992. № 2; Кіпель В. @

Родзька Вацлаў (1888-1940), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся ў 1888 г. ў Віленскай губ. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і. У 1910 г. скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў Гарадзенскім фарным касцёле. З часоў побыту ў Горадні звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Разам са святарамі Ф.Грынкевічам, Ю.Бароўкам і Ў.Талочкам выступаў за асвету для беларускага народа на роднай мове. З 1914 г. - на пасадзе адміністратара ў парафіі Рыконты Трокскага дэканата. У 1920-1928 гг. служыў пробашчам у парафіі Гальшаны Ашмянскага дэканата. У 1929 г. пераведзены ў парафію Старыя Васілішкі. З часоў выдання першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» матэрыяльна падтрымліваў нацыянальны рэлігійны друк. Памёр у 1940 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Р»; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 130; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Stankievič A., 1939; Biełarus (Вільня). 1914. № 37; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Роп Эдвард (1851-1939), каталіцкі святар заходняга абраду, архібіскуп Магілеўскі, грэміяльны канонік Жамойцкай капітулы, асістэнт Папскага трона, кандыдат юрыдычных навук, рэлігійны, грамадскі і культурны дзеяч, палітык, рэдактар і публіцыст.

Нарадзіўся 02.12.1851 у мясцовасці Ліксна Дынабургскага павета. Паходзіў з арыстакратычнай нямецкай сям'і: бацькі - барон Юл'ян Эмерык і Ізабела (з дому Плятэр-Зыберкаў) Роппы. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Скончыў факультэт права ў Пецярбургскім універсітэце (1875). Да 1879 г. служыў чыноўнікам у Сенаце. Паступіў у Ковенскую духоўную каталіцкую семінарыю, якую скончыў у 1886 г. Паглыбляў тэалагічную адукацыю ва ўніверсітэтах Інсбрука (Аўстрыя) і Фрайбурга (Германія). Пасвячоны ў святары 01.08.1886 у Коўне. У 1889-1902 гг. - пробашч і дэкан у г. Лібава, дзе заснаваў дабрачыннае таварыства і адкрыў некалькі школ. Апостальскай сталіцай 09.06.1902 прызначаны біскупам Ціраспальска-Херсонскім, 09.11.1903 папам Піем X прызначаны біскупам Віленскай дыяцэзіі. З 1904 г. актыўна падтрымліваў летувіскі і беларускі нацыянальна-рэлігійныя рухі. Выступаў за ідэю краёвасці на аснове канфесійнага адзінства палякаў, летувісаў і беларусаў. Адзін з ініцыятараў і прыхільнікаў увядзення нацыянальнай мовы ў рэлігійнае жыццё католікаў Летувы і Беларусі. Рашуча выступаў супраць пагромаў жыдоўскага насельніцтва. Быў абраны ў 1-ю Дзяржаўную думу Расеі. У кастрычніку 1907 г. адхілены царскім урадам ад рэлігійнай дзейнасці. З лютага 1917 г. актыўна ўключыўся ў грамадскае і рэлігійнае жыццё. 25.07.1917 прызначаны архібіскупам Магілеўскім. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. не прыняў Савецкую ўладу. Арыштаваны 29.04.1919 у Петраградзе. Пазней перавезены ў Маскву, дзе знаходзіўся пад хатнім арыштам. Вызвалены ў выніку палітычнага абмену. З пачатку 1920-х гадоў жыў у Варшаве. Арганізаваў Камітэт дапамогі галадаючым у Расеі (1921). Ініцыятар і заснавальнік Місіянерскага інстытута ў Любліне (1924). Выступаў за бірытуалізм ва Ўсходняй царкве. З 1932 г., пасля няшчаснага выпадку, жыў у сваіх родных у Познані, дзе і памёр 25.07.1939. У сакавіку 1983 г. труна біскупа Э.Ропа перавезена з Пазнанскага кафедральнага сабора ў кафедральны сабор Беластока.

Літ.: PSB, XXXII/I; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1939. № 2; Беларус (Нью-Ёрк). 1969. № 150. @

Рыбалтоўскі Казімір (1909-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся ў 1909 г. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і. З 1931 г. - на 1-м курсе духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску. Пасля заканчэння вучобы там жа пасвячоны ў святары. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя мясцовага касцёла ў в. Камень Івянецкага дэканата. У гады Другой сусветнай вайны браў чынны ўдзел у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Расстраляны 24.07.1943.

Літ.: Elenchus... Pinscensis; Наша вера (Менск). 1996. № 1. @

Рыжы-Рыскі Ўладзіслаў (1025-1978), каталіцкі артадаксальны святар, доктар тэалогіі, грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ў эміграцыі, заснавальнік і тэарэтык беларускай артадаксальнай каталіцкай царквы, вучоны, тэолаг, педагог, выдавец, паэт. У беларускім эмігранцкім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам У.Сноп.

Нарадзіўся на Віленшчыне(?). Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Беларускую нацыянальна-рэлігійную дзейнасць пачаў на Глыбоччыне. Прымаў удзел у арганізацыі касцельнага хору ў Глыбокім. Працаваў настаўнікам. У гады Другой сусветнай вайны - дзеяч Беларускай народнай самапомачы ў Глыбоцкай акрузе. З 1943 г.(?) жыў у Менску. Быў прызначаны сакратаром аддзела моладзі Беларускай цэнтральнай рады. Пазней перайшоў у аддзел прапаганды Беларускай краёвай абароны. Сябра Беларускай незалежніцкай партыі. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. З 2-й паловы 1940-х гадоў - у Бельгіі. Адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Саюза беларусаў у Бельгіі (з 1946). Прымаў удзел у арганізацыі беларускага студэнцкага саюза ў Лёвенскім каталіцкім універсітэце. Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў эмігранцкага перыядычнага выдання «Беларуская Праўда» (1946-1947). На пачатку 1950-х гадоў знаходзіўся ў Рыме. Вучыўся ў ватыканскім тэалагічным інстытуце «Russicum». За арганізацыю беларускага гуртка і грамадскую дзейнасць выключаны з ліку студэнтаў. Пэўны час жыў у Гішпаніі. Адзін з арганізатараў беларускага студэнцкага саюза ў Мадрыдскім універсітэце. У Мадрыдзе выдаваў часопіс «Беларускі прапаведнік». Прыкладаў намаганні па арганізацыі беларускіх праграм на Гішпанскім радыё. З 2-й паловы 1950-х гадоў у ЗША. Вучыўся ў Прынстанскім універсітэце, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. Працаваў выкладчыкам у гэтым жа ўніверсітэце. Ініцыятар і адзін з заснавальнікаў Інтэрнацыянальнага Інстытута Беларусаведы св. Ефрасінні Полацкай «Беларусікум» і Інстытута Льва Сапегі (Гішпанія-ЗША). Выкладаў у Жэнеўскім каледжы ў Пенсільваніі. У 1968 г. арганізаваў універсітэт народаў Амерыкі ў ЗША. Заснавальнік і тэарэтык беларускага артадаксальнага каталіцкага руху ў эміграцыі і «місійнай Старакаталіцкай Субожні». Са студзеня 1960 г. ўсклаў на сябе абавязкі апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў. Праводзіў арганізацыйна-адміністрацыйную дзейнасць па стварэнні і функцыянаванні беларускай артадаксальнай каталіцкай царквы як альтэрнатывы Апостальскаму пасаду ў Рыме і «экспансіі польскага каталіцызму». Аўтар рэлігійна-філасофскіх прац «Чалавек у гісторыі», «Матэрыялістычнае талкаваньне гісторыі», «Выклад інстытуцыі хрысьціянскай рэлігіі Яна Кальвіна». Тэалагічна-філасофскую дактрыну і сутнасць беларускага артадаксальнага каталіцызму выклаў у працы «Веравызнаньне беларускай хрысьціянскай Артадаксальна-Каталіцкай Субожні». Рэдагаваў і выдаваў рэлігійны часопіс «Беларускі каталік». Супрацоўнічаў з беларускім эмігранцкім друкам («Беларускі голас», «Баявая Ўскалось» і інш.). Сябра літаратурнага згуртавання «Баявая Ўскалось». Аўтар паэтычнага зборніка «Маці мая». Памёр 01.03.1978 у Нью-Ёрку.

Літ.: Беларускі голас (Таронта). 1960. № 66; 1978. № 263; 1991. № 359; Зважай (Таронта). 1978. № 1; Малецкі Я.; Рагуля Б. @

Рэшаць Язэп (1890-1958), каталіцкі святар заходняга абраду, бенедыкцінец, місіянер, доктар філасофіі і тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, вучоны, педагог, пісьменнік, драматург і публіцыст. У беларускім друку выступаў пад псеўданімам Я.Рушчанец (J.Ruščanec).

Нарадзіўся 28.07.1890 у в. Рушчаны Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Ян і Ганна (з дому Баброўскіх) Рэшаці. Скончыў Беластоцкую гарадскую гімназію (1910). У гэтым жа годзе паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. На правах сябра ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў. Прадоўжыў вучобу ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме (1913-1919), які скончыў са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі. Падчас побыту ў Вечным горадзе адначасова наведваў заняткі ў папскім Усходнім інстытуце (1919-1921) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары 02.12.1917 у Рыме. Пасля вяртання на бацькаўшчыну ў 1921 г. кароткі час служыў вікарыем-кааператарам у Горадні. Працаваў у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара філасофіі і апалагетыкі. Адначасова выкладаў патрыстыку ў мясцовым універсітэце імя Стафана Баторыя і Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Вуніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). Супрацоўнічаў з каталіцкімі перыядычнымі выданнямі («Chryścijanskaja Dumka»). З прыходам на пасаду кіраўніка Віленскай дыяцэзіі біскупа Р.Ялбжыкоўскага пераведзены ў Беластоцкую настаўніцкую семінарыю, а пазней - на душпастырскую дзейнасць у в. Даўнары на Мазурах (з 1931). У 1938 г. выехаў у Паўночную Амерыку, дзе ўступіў у ордэн св. Бенядзікта ў абацтве св. Пракопа ў мясцовасці Лайл недалёка ад Чыкага. Памёр 15.02.1958. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху 20 ст. Аўтар рэлігійных і навуковых кніг «З Хрысьціянскай Аполёгэтыкі», «Сьвятыя», «Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў».

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 138; Krynica (Вільня). 1924. № 5; Беларуская царква (Чыкага). 1963. № 25. @

Савацій (1874-1940), праваслаўны святар і грамадскі дзеяч, архімандрыт Літоўскай епархіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Сцяпан Сергяевіч.

Нарадзіўся ў 1874 г. ў в. Крэцішча на Беласточчыне. Паходзіў з сялянскай праваслаўнай сям'і Сцяпана Сергяевіча. З 1903 г. - паслушнік Свята-Духава манастыра ў Вільні. У гады Першай сусветнай вайны арганізаваў пры манастыры прытулак для бедных і бяздольных дзяцей. Разам з айцом М.Галянкевічам і каталіцкімі святарамі Ў.Талочкам і Я.Семашкевічам уваходзіў у склад Камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1914 г. звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. У 1917 г. з айцом М.Галянкевічам прадстаўляў праваслаўнае духавенства ў Віленскім арганізацыйным камітэце па правядзенні Беларускай канферэнцыі. Адстойваў ідэю аўтакефальнасці праваслаўнай царквы на заходнебеларускіх абшарах. Памёр у траўні 1940 г. ў Вільні.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Stankiewicz A., 1929. @

Сайка Тарас (1906-1973), пратэстанцкі пастар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа ў ЗША, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., мецэнат.

Нарадзіўся ў 1906 г. ў с. Ліпск на Піншчыне. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўных беларусаў. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Служыў у польскім войску. Пасля заканчэння службы вярнуўся ў роднае сяло. Прыняў святое хрышчэнне. Пры матэрыяльнай падтрымцы місіі «Свет на Востоке» пабудаваў у родным сяле малітвенны дом. З 2-й паловы 1930-х гадоў узначаліў у Ліпску мясцовую царкву баптыстаў. У час Другой сусветнай вайны быў высланы на біблейскія курсы ў духоўную семінарыю ў г. Відэнест (Германія). З 1950 г. - у ЗША. Жыў і працаваў у г. Мінеаполіс (штат Мінесота). Ініцыятар перакладу Бібліі на беларускую мову. Па пытаннях перакладу вёў вялікую перапіску з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі дзеячамі на эміграцыі Я.Пятроўскім, Я.Рапэцкім, Д.Ясько, Я.Станкевічам. Адзін з арганізатараў і каардынатараў Беларускага біблейскага камітэта па справе перакладу Бібліі. Дзеяч беларускага пратэстанцкага руху ў ЗША. Удзельнічаў у працы з'езда прадстаўнікоў беларускіх евангелічных хрысціян у Канадзе (08-09.09.1973). Памёр 26.09.1973.

Літ.: Пятроўскі Я.; Весьнік беларускага эвангельска-баптысцкага брацтва ў ЗША і Канадзе. 1974. № 2; Кіпель В. @

Сак Аляксандар (1890 - пасля 1937), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху 1-й чвэрці 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 14.08.1890 на Наваградчыне. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўнага беларуса Мікалая Сака. Прыняў рымска-каталіцкае веравызнанне. Скончыў Пінскую гімназію. Вучыўся ў інстытуце лясной гаспадаркі ў Пецярбургу. Пасля трэцяга курса перапыніў вучобу і паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1913). У час вучобы наведваў Б.Эпімах-Шыпілу, дзе пазнаёміўся з Янкам Купалам. Пасвячоны ў святары ў 1917 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Магілеўскай губ. Удзельнік з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 21.06.1917 служыў вікарыем у мясцовасці Фашчоўка Магілеўскай губ. Пасля трох месяцаў службы прызначаны адміністратарам Мікуліна-Руднянскай капліцы ў Аршанскім павеце. Напрыканцы ліпеня 1918 г. рашэннем вышэйшых духоўных уладаў Магілеўскай архідыяцэзіі быў прызначаны на пасаду вікарыя ў Смаленскі касцёл. Аднак па невядомых прычынах да святарскай службы ў Смаленску не прыступіў. З 19.12.1918 жыў у мястэчку Сянно. Пазней выконваў абавязкі пробашча ў Свяцілавіцкім касцёле і працаваў адміністратарам у Шклове (1919-1921). Па выкліку духоўных уладаў Магілеўскай архідыяцэзіі ў траўні 1922 г. прыязджаў у Петраград. У сувязі з прапановаю выезду і магчымай душпастырскай дзейнасцю ў Петраградзе 09.02.1924 быў вызвалены ад абавязкаў пробашча Фашчоўскага касцёле. У лісце ад 24.03.1924 звярнуўся да адміністратара Магілеўскай архідыяцэзіі з просьбай пакінуць яго на бацькаўшчыне: «... маю маці, якую не магу пакінуць на волю лёсу. Акрамя таго, ёсць у мяне яшчэ адна маці - мая айчына. Так дзіўна да недарэчнасці складваецца, што ў Беларусі няма аніводнага беларускага святара. Таму шкода мне і яе». З вясны 1924 г. пэўны час знаходзіўся ў Менску, дзе часта гасцяваў у Янкі Купалы. Займаўся літаратурнай творчасцю: «пісаў на беларускай мове байкі, лірычныя вершы, паэмы, вершаваныя драматургічныя творы». Пазней быў камандзіраваны ў Мазырска-Рэчыцкі павет. Працаваў на Меншчыне і Мозыршчыне, у Койданаве і Хойніках. Прыхільнік беларусізацыі рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. Шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці і ў паўсядзённых сустрэчах з парафіянамі. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Змушаны быў публічна адмовіцца ад святарскага сану (17.12.1929). Працаваў стыльрэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Першы раз арыштаваны органамі бяспекі 24.06.1930 у сувязі са справай «Саюза вызвалення Беларусі». У 1930-1934 гг. будаваў Беламорска-Балтыйскі канал. Другі раз арыштаваны ў 1937 г. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Паводле версіі родных - загінуў на Беламорска-Балтыйскім канале.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2297/535; Архіў КДБ РБ (Менск), спр. 20951-С; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЛМЯнК, ф. 1, воп. 1, спр. 4; Directorium... Mohiloviensi; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Янка Купала; Скарыніч; Dzwonkowski R., 1998. @

Салавей Уладзіслаў Уладзімір (1918-1974), каталіцкі святар усходняга абраду, мітрафорны протаіерэй, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа ў Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 15.09.1918 у Пецярбургу. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і: бацькі - Юльян і Зоф'я (з дому Аўдзевічаў) Салаўі. У 1921-1929 гг. жыў у Польшчы, Румыніі, дзе атрымаў пачатковую адукацыю. З канца 1920-х гадоў вучыўся ў гімназіях Лодзі і Варшавы. У 1936-1937 гг. вывучаў філасофію і ўсходнія навукі ў Варшаўскім універсітэце. У апошнія перадваенныя гады жыў у Лодзі, пэўны час знаходзіўся ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Ўкраіна). З 1939 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У сувязі з выбухам Другой сусветнай вайны і ваеннымі дзеяннямі прадоўжыў вучобу ў нямецкай духоўнай семінарыі ў г. Айштэт. Пасвячоны ў святары 21.07.1946 у Германіі. У 1955 г. Апостальскім пасадам прызначаны генеральным пастырам для беларусаў-католікаў у Германіі. Святарскія абавязкі выконваў у двух абрадах: заходнім і ўсходнім. Падтрымліваў шырокія кантакты з беларускімі святарамі і рэлігійнымі дзеячамі ў Заходняй Эўропе (Ч.Сіповіч, Б.Слосканс, П.Татарыновіч і інш.). Памёр 17.08.1974 у шпіталі мясцовасці Бляўбойрэн у Заходняй Германіі пасля дарожнага выпадку.

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1974. № 141; Źnič (Рым). 1975. № 119-120. @

Сарока Сяргей (1902-1941), грамадскі і праваслаўны свецкі дзеяч, удзельнік заходнебеларускага культурна-асветнага руху ў міжваеннае дваццацігоддзе, рэдактар, выдавец, публіцыст.

Нарадзіўся 25.04.1902 у Вільні. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і: бацькі - Якуб і Марыя (з дому Балушкаў) Сарокі. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Вучыўся на факультэце права Віленскага ўніверсітэта імя Стафана Баторыя (1930-1935?). Сябра Акадэмічнага гуртка беларусаведы (1934-1935). Прымаў удзел у дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза і студэнцкай карпарацыі «Скарынія». Відны дзеяч заходнебеларускага царкоўна-рэлігійнага жыцця. Падтрымліваў ідэю аўтакефальнасці праваслаўнай царквы і яе беларусізацыі ў Заходняй Беларусі. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай групы праваслаўнага часопіса «Сьветач Беларусі». Выдаваў газету «Беларусь працы». Звязаны з нацыянальна-рэлігійнай групоўкай Ф.Вернікоўскага і Ў.Більдзюкевіча. У пачатку Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве, дзе пэўны час працаваў разам з Ф.Акінчыцам у беларускіх грамадска-палітычных арганізацыях. Пасля трох месяцаў працы не знайшоў з ім паразумення і выехаў на вёску. Пазней жыў на Белападляшшы. Займаў пасаду войта воласці Лазы, а пасля выконваў абавязкі бурмістра ў в. Янаў-Падляскі. Паводле звестак А.Клімовіча і П.Ластаўка ў 1940 г. хварэў на тыф. Аслаблены пасля хваробы, памёр 01.12.1941 ад запалення лёгкіх у Янаве-Падляскім.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 6. @

Сасна Грыгорый (нар. 1939), праваслаўны святар, протаіерэй, магістр багаслоўя, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч у Польшчы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., гісторык, публіцыст.

Нарадзіўся 30.04.1939 у в. Шэрні Бельскападляскага павета. Паходзіць з праваслаўнай сям'і Афанасія Сасны. Скончыў Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве (1963). У 1960-1964 гг. выконваў святарскія абавязкі ў мясцовасцях Кадэнь і Капытоў. Пазней служыў у прыходах Сямяцічы, Рогаўка, Ціханавец (1964-1987). У 1966 г. абараніў магістэрскую дысертацыю па багаслоўі. З 1987 г. - настаяцель прыходаў Рыбалы, Паўлы, Войшкі на Беласточчыне. Даследуе гісторыю праваслаўнай царквы ў Польшчы. Сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Актыўна супрацоўнічае з польскімі і беларускімі рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі («Wiadomości Polskiego Autokefalicznego Kościoła Prawosławnego», «Cerkowny Wiestnik», «Przegląd Prawosławny», «Беларускі каляндар», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце» і інш. Аўтар навуковых даследванняў «Бібліяграфія праваслаўных прыходаў на Беласточчыне» (Беласток, 1984-1992; Рыбалы, 1991-1993. Ч. 1-4), «Праваслаўная царква на Беласточчыне і адносіны да яе ўлад у Рэчы Паспалітай: Выбраныя дакументы (1928-1939)» (Рыбалы, 1991). У сааўтарстве з Д.Фіёнікам напісаў манаграфію «Дзейнасць праваслаўнай царквы ў Бельску-Падляскім» (Беласток, 1995).

Літ.: Беларускае замежжа; Польская аўтакефальная праваслаўная царква. @

Семашкевіч Янка (1883-1956), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, паэт. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Янка Быліна.

Нарадзіўся ў 1883 г. ў в. Лакцяны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларуса-католіка Казіміра Семашкевіча. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1907). Пасвячоны ў святары ў гэтым жа годзе. У час вучобы завязаў сяброўства з будучымі віднымі беларускімі святарамі Ф.Грынкевічам, Ф.Рамейкам, У.Талочкам. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. З 1910 г. - адміністратар у парафіі Дварэц Слонімскага дэканата. У час Першай сусветнай вайны разам са святаром У.Талочкам прадстаўляў беларускае каталіцкае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 г. - у парафіі Лаварышкі Ашмянскага павета. Служыў пробашчам у парафіі Піярскія Дукшты Трокскага павета. У 1917-1918 гг. прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні ў Вільні Беларускай канферэнцыі. Шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў паўсядзённай душпастырскай дзейнасці. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Мемарыялу» беларускага каталіцкага святарства, прадстаўленага на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў 19.05.1925. У 1933 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў парафію Янаў. За ўжыванне беларускай мовы пры катэхізацыі дзяцей праследаваўся польскімі ўладамі. У міжваеннае дваццацігоддзе супрацоўнічаў з заходнебеларускімі перыядычнымі выданнямі («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka» і інш.). Аўтар паэтычных зборнікаў «На прызьбе» (Вільня, 1918) і «На покуці» (Вільня, 1934), шэрагу рэлігійных перакладаў і арыгінальных твораў («Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі», Вільня, 1928; «Песьні жальбы, або Набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста», Вільня, 1929; «Дарога крыжа», Вільня, 1930). Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. На пачатку 1950-х гадоў выконваў душпастырскія абавязкі ў мясцовасці Міхалова-Нязбудная на Беласточчыне. Памёр у 1956 г. (паводле іншых крыніц - у 1955).

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «С»; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1919. № 7; 1920. № 15; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Парыж). 1955. № 70-75; Spis kościołów, 1973; 1979; БП, I. @

Сіповіч Часлаў (1914-1981), каталіцкі святар усходняга абраду, тытулярны біскуп марыяметанскі, апостальскі візітатар беларусаў-католікаў ў эміграцыі, манах-марыянін, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., адзін з відных беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму, гісторык, культуролаг, пісьменнік, публіцыст і перакладчык. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Васіль Друя (В.Д-я), А.Дзедзінка (А.Дз-ка), Крывічанін і інш.

Нарадзіўся 25.11.1914 у в. Дзедзінка Браслаўскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мнагадзетнай сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Вінцук і Ядвіга (з дому Тычкаў) Сіповічы. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1928 г. - вучань Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. Пасля пяці гадоў навучання ўступіў у навіцыят. У 1934 г. прыняў часовы манаскі зарок і прадоўжыў вучобу ў гімназіі. Пасля яе заканчэння вывучаў тэалогію і філасофію ў Віленскім універсітэце імя Стафана Баторыя. Па загадзе польскіх адміністрацыйных улад Віленскага ваяводства разам з іншымі студэнтамі выселены з Друйскага кляштара айцоў марыянаў (09.07.1938). Першапачаткова меў намер прадоўжыць вучобу ва ўніверсітэце. Аднак вярнуцца ў Вільню не дазволілі польскія ўлады. Тады ж вырашыў стаць каталіцкім святаром усходняга абраду. Па прапанове вышэйшых духоўных улад ордэна марыянаў прадоўжыў вучобу на тэалагічным факультэце папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Там жа пасвячоны 16.06.1942 (паводле іншых звестак - у 1940) у святары. Вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў (19.12.1942) доктарскую дысертацыю, прысвечаную мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму. Адначасова з вучобаю выконваў абавязкі сакратара генеральнага кіраўніцтва ордэна айцоў марыянаў. У 1947 г. рашэннем Кангрэгацыі па справах Усходняй царквы прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Вялікабрытаніі. З 9 красавіка таго ж года - у Лондане. Адначасова са святарскай дзейнасцю браў удзел у беларускім грамадска-культурным жыцці ў эміграцыі. Сябра Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. У 1949-1960 гг. працаваў у Каардынацыйным камітэце па справах апекі. Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане. У складзе ініцыятыўнай групы беларускіх духоўных і свецкіх дзеячаў (П.Татарыновіч, Л.Гарошка, Л.Рыдлеўскі) хадайнічаў перад папам Піем XII аб адкрыцці Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Адзін з арганізатараў Беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната пры Лонданскім доме марыянаў (1961). Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і дзейнасці Ангельска-беларускага навуковага таварыства. Выступаў з рэфератамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусаведы. Удзельнік 2-га Ватыканскага сабора (1962-1965), дзе быў абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. У 1963-1969 гг. - генерал ордэна айцоў марыянаў у Рыме. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Златавуста ў Лондане (ангельскай арганізацыі, створанай у 1965 г. з мэтай пашырэння ў ангельскамоўным свеце ведаў пра ўсходняе хрысціянства). У жніўні 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапамогавага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Ф.Скарыны і музея пры ёй (травень 1971). Браў удзел у з'ездах беларускіх каталіцкіх святароў ў эміграцыі (1961, 1972). Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі эмігранцкімі перыядычнымі выданнямі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»). Публікаваў артыкулы рэлігійнай і культурна-грамадскай праблематыкі ў ангельскамоўных выданнях. Сябра рэдкалегіі навуковага часопіса «The Journal of Byelorussian Studies». Памёр 04.10.1981 у Лондане. Пахаваны на могілках св. Панкрата.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1960. № 125; The Journal of Byelorussian Studies (Лондан). 1981. Кн. 5. № 1. @

Слосканс Баляслаў (1893-1981), каталіцкі святар заходняга абраду, біскуп, апостальскі адміністратар Магілеўскі і Менскі, біскуп цылійскі, асістэнт Апостальскага пасаду, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа.

Нарадзіўся 19.08.1893 у г. Цілглс Рэжыцкага павета. Паходзіў з латышскай каталіцкай сям'і: бацькі - Бярнард і Цыцылія Слоскансы. У 1905-1907 гг. вучыўся ў Рэжыцкай гарадской 3-класнай навучальні. Скончыў Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1917). Пасвячоны ў святары 21.01.1917. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя пры касцёле св. Кацярыны ў Петраградзе. Выконваў святарскія абавязкі ў Абрамавай пустэльні ў Лужскім павеце Петраградскай губ. Кароткі час служыў у Віцебску. У 1925 г. выкліканы духоўнымі ўладамі ў Ленінград. Узведзены ў сан біскупа ў траўні 1926 г. ў Маскве. Прызначаны апостальскім адміністратарам Менскім і Магілеўскім. За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. Першы раз арыштаваны 16.09.1926. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах на Салаўках (1927-1930). Пасля адбыцця трохгадовага тэрміну вярнуўся ў Магілеў. 09.11.1930 арыштаваны органамі бяспекі другі раз. Да студзеня 1933 г. знаходзіўся ў сібірскай ссылцы. Вызвалены ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж урадамі Латвіі і СССР. У перадваенны час служыў духоўнікам у Рыжскай духоўнай каталіцкай семінарыі і выкладаў на тэалагічным факультэце Рыжскага ўніверсітэта. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Латвіі. З 1944 г. - у эміграцыі. Духоўны «патрон» беларускага студэнцкага асяродка ў каталіцкім універсітэце г. Лёвен (Бельгія). У 1952 г. вышэйшымі духоўнымі ўладамі Ватыкана прызначаны апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у Заходняй Эўропе. Прымаў удзел у культурным і нацыянальна-рэлігійным жыцці беларускага замежжа. Аказваў матэрыяльную падтрымку беларускім рэлігійным перыядычным выданням («Źnič», «Божым шляхам» і інш.). Памёр 18.04.1981 у Бельгіі.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2415; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Беларус (Нью-Ёрк). 1981. № 293. @

Смаршчок Аўген (1914-1984), праваслаўны святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, магістр псіхалогіі і філалогіі, старшыня Саюза беларусаў у Бельгіі.

Нарадзіўся 25.09.1914 у мясцовасці Зэльва Гарадзенскага павета. Паходзіў з настаўніцкай сям'і: бацькі - Трафім і Алена (з дому Тукальскіх) Смаршчкі. Вучыўся ў польскай пачатковай школе. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы (1934). З сярэдзіны 1930-х гадоў працаваў настаўнікам. У гады Другой сусветнай вайны мабілізаваны ў польскае войска. Браў удзел у абароне Варшавы. Трапіў у палон. Да кастрычніка 1940 г. знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных. Пасля вызвалення працаваў на фабрыцы ў Берліне. З восені 1947 г. - у г. Марбург, дзе вывучаў ва ўніверсітэце псіхалогію і абараніў магістэрскую дысертацыю. Рукапаложаны ў сан святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у 1950 г. Увосень таго ж года пераехаў у Бельгію. Скончыў педагагічны факультэт універсітэта г. Лёвен (1957). Выконваў святарскія абавязкі. У 1962-1966 гг. вучыўся ў Інстытуце філалогіі і гісторыі ўсходніх славян Брусельскага ўніверсітэта. Абараніў магістэрскую дысертацыю па філалогіі. Паглыбляючы багаслоўскую адукацыю, супрацоўнічаў з Інстытутам св. Сергія ў Парыжы. Да 1980 г. працаваў выкладчыкам расейскай мовы ў Вышэйшай фламандскай школе ў г. Антверпен. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў парафіі БАПЦ у Бельгіі. Памёр 25.09.1984 у мясцовасці Грэвер недалёка ад Лёвена. Пахаваны на мясцовых могілках.

Літ.: Беларускі праваслаўны каляндар на 1968 г. Нью-Ёрк, 1967; Беларус (Нью-Ёрк). 1984. № 323; Рагуля Б. @

Смулька Казімір (1894-1965), каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, удзельнік беларускага адраджэнскага і нацыянальна-рэлігійнага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 12.01.1894 у в. Пруднікі Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Вікенцій і Варвара (з дома Пулінаў) Смулькі. Скончыў 4-ю вышэйшую пачатковую навучальню ў Вільні (1915). У чэрвені 1915 г. паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У сувязі з Першай сусветнай вайной і ваеннымі падзеямі 1917-1921 гг. давучваўся ў духоўнай семінарыі ў г. Улацлавак (Польшча). Пасля яе заканчэння прыехаў у Друю. Першы манах у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Пасвячоны ў святары 19.12.1926. У якасці вікарыя Друйскага кляштара распачаў душпастырскую дзейнасць, адначасова выконваў абавязкі аканома. Пашыраў беларускую мову ў рэлігійным жыцці беларусаў-католікаў Друйскай парафіі. У 1938 г. выселены з кляштару польскімі ўладамі. Да сярэдзіны 1965 г. жыў у Доме марыянаў у мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы (Польшча), дзе і памёр у 1965 г. Пахаваны на мясцовых могілках.

Літ.: LMABRS, ф. 313, каталог «С»; Catalogus... Vilnensis; Божым шляхам (Лондан). 1965. № 6. @

Станкевіч Адам (1891-1949), каталіцкі святар заходняга абраду, кандыдат кананічнага права, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з тэарэтыкаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, гісторык, палітык, рэдактар, выдавец, публіцыст.

Нарадзіўся 24.12.1891 у в. Арляняты Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Вінцук і Антаніна Станкевічы. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе ў в. Баруны. У 1902 г. перайшоў у Гальшанскую народную школу. Скончыў гарадскую навучальню ў Ашмянах (1909?). Наступныя два гады рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Увесну 1910 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. З восені таго ж года - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. Прадоўжыў вучобу за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу (1914-1918), дзе ўключыўся ў дзейнасць пецярбургскага гуртка беларусаў-клерыкаў. У 1916-1918 гг. быў абраны яго старшынёй. Пасвячоны ў святары 28.12.1914. Супрацоўнічаў з беларускімі перыядычнымі выданнямі ў Пецярбургу («Śvietač», «Дзяньніца», «Krynica»). Браў удзел у дзейнасці першай беларускай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917). На з'ездзе выступіў з рэфератам пра беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух і яго сувязь з рэлігійным жыццём. Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З восені 1918 г. жыў у Вільні. Некалькі месяцаў працаваў душпастырам у польскай парафіі ў мястэчку Драгічын. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дыяцэзіі біскупа Ю.Матулявічуса вярнуўся ў Вільню, дзе разгарнуў шырокую нацыянальна-рэлігійную і культурна-асветную дзейнасць. Рэдагаваў беларускую каталіцкую газету «Krynica». Працаваў выкладчыкам рэлігіі ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1922 г. абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі, дзе стварыў фракцыю Беларускага сялянскага саюза. Узначальваў Таварыства беларускай школы (1924-1926). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. З 1926 г. разгарнуў шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва і друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні. Выступаў за шырокую беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі. На працягу ўсёй сваёй святарскай дзейнасці звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Арганізоўваў беларускія каталіцкія пілігрымкі. Праследаваўся польскімі духоўнымі і свецкімі ўладамі Віленшчыны. Разам з беларускімі нацыянальна-хрысціянскімі дзеячамі Ў.Талочкам і А.Клімовічам быў выселены з Вільні. Да кастрычніка 1939 г. знаходзіўся ў Слоніме. З пачаткам Другой сусветнай вайны - зноў у Вільні. Браў удзел у дзейнасці беларускіх грамадска-культурных арганізацый. Аўтар шэрагу гісторыка-культурных кніг «Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi XVI і XVII st.» (1928), «Rodnaja mowa ŭ światyniach» (1929), «Biełaruski chryścijanski ruch» (1939), «Хрысьціянства і беларускі народ» (1935), «Божае слова на нядзелі і сьвяты» (1938) і інш. З прыходам Чырвонай Арміі быў арыштаваны 07.12.1944 органамі савецкай бяспекі, але ў хуткім часе вызвалены. Зноў арыштаваны 13.04.1949. Прыгавораны да 25 гадоў зняволення. Накіраваны ў Тайшэтлаг. Памёр 04.12.1949 у лагеры. Пахаваны на могілках каля в. Шаўчэнка Тайшэцкага раёна.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «С»; РГИА, ф. 826, воп. 128; БП, V; Krynica (Вільня). 1921. № 29; Беларус (Нью-Ёрк). 1967. № 125; Божым шляхам (Лондан). 1959. № 68-69; Byelorussian Stathood; Літаратура і мастацтва (Менск). 1998. № 20. @

Стаповіч Альбін (1894-1934), грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., музыказнавец, кампазітар, літаратурны крытык, выдавец, палітык і публіцыст. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Арганісты беларус (Arhanisty biełarus), Кастусь Каравы і інш.

Нарадзіўся 18.03.1894 у в. Бараны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Мацей і Лізавета (з дому Субачаў) Стаповічы. Родны брат Канстанціна Стаповіча (паэт Казімір Сваяк). Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Пазней вучыўся ў Віленскай музычнай школе імя Монтвілы. На творчае станаўленне яго асобы аказаў уплыў кампазітар Л.Рагоўскі, які працаваў настаўнікам у школе і адкрыў юнаку багацце і прыгажосць народна-песеннай творчасці беларускага народа. Пасля заканчэння школы прадоўжыў вучобу на факультэце права Казанскага ўніверсітэта. Адначасова працаваў арганістам у мясцовым рымска-каталіцкім касцёле. У 1921 г. (паводле іншых крыніц - у 1918) вярнуўся ў Вільню. Да 1924 г. вучыўся ў Віленскім універсітэце імя Стафана Баторыя. Перапыніў вучобу па прычыне матэрыяльнага становішча. Выкладаў спевы і музыку ў Віленскай беларускай гімназіі. З сярэдзіны 1920-х гадоў уключыўся ў заходнебеларускае грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Сваё разуменне шляхоў развіцця беларускай нацыянальнай ідэі і дзяржаўнасці выклаў у працы «Biełarusy і dziaržaŭnaja niezaležnaść» (Вільня, 1929). Супрацоўнічаў з віленскімі перыядычнымі выданнямі («Biełaruskaja Krynica», «Przegląd Wileński» і інш.). Кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, уваходзіў у яго адміністрацыйна-кіраўнічыя органы. Відны дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Адначасова з грамадска-палітычнай дзейнасцю займаўся музычнай творчасцю. Быў кіраўніком беларускага хору пры віленскім рымска-каталіцкім касцёле св. Яна. Працаваў над развіццём і папулярызацыяй беларускай рэлігійнай песні. Даследаваў гісторыю беларускай музычна-песеннай творчасці. У 1930-я гады падрыхтаваў да друку беларускі спеўнік «За Бацькаўшчыну» (выдадзены пасля яго смерці ў Вільні ў 1935). Напісаў некалькі песень. Аўтар навукова-папулярных нарысаў па праблемах беларускай музычнай культуры і нацыянальнай песні. Памёр 18.12.1934 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Chryścianskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; БП, V. @

Стаповіч Канстанцін (1890-1926), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з ідэолагаў і пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімамі Казімір Сваяк, Ксёндз-Беларус.

Нарадзіўся 06.02.1890 у в. Бараны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мнагадзетнай сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Мацей і Лізавета (з дому Субачаў) Стаповічы. Скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы. У 1902-1906 гг. вучыўся ў Свянцянскай гарадской 3-класнай навучальні, якую закончыў з атэстатам сталасці. Увосень 1907 г. перад камісіяй навучальнай акругі ў Пецярбургу паспяхова вытрымаў экзамены па алгебры, французскай і лацінскай мовах. Атрыманае па выніках экзаменаў званне аптэкарскага вучня адкрыла магчымасць вучыцца ў рэлігійнай духоўнай установе. У 1909 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Пад час вучобы, аднак, захварэў на сухоты. З гэтай прычыны зімы 1913-1914 гг. правёў на лячэнні ў г. Закапанэ. Нягледзячы на хваробу, з часоў вучобы ў семінарыі шырока звязаны з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. У 1914 г. скончыў навучанне ў духоўнай семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў як вікарый у парафіі Камаі Свянцянскага павета. Пазней працаваў у Клюшчанах, дзе арганізаваў актыўнае рэлігійнае і культурна-грамадскае жыццё мясцовай парафіі. Шырока выкарыстоўваў у святарскай працы беларускую мову. Адкрыў некалькі беларускіх школ. Арганізаваў настаўніцкія курсы і касцельны хор у Клюшчанах. За беларускую нацыянальна-рэлігійную дзейнасць праследаваўся польскімі духоўнымі і свецкімі ўладамі. Напрыканцы 1916 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў в. Карыцін Сакольскага павета, дзе шырока прапагандаваў беларускае друкаванае слова. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі і свецкімі перыядычнымі выданнямі («Biełarus», «Krynica»). З 1920 г. - на пасадзе пробашча ў парафіі Засвір Свянцянскага павета. Тут прайшлі найбольш плённыя гады яго нацыянальна-рэлігійнай, грамадскай і літаратурнай дзейнасці. У гэты перыяд выйшаў зборнік вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924) і ўбачыў свет падрыхтаваны ў 1925 г. малітоўнік для беларусаў-католікаў (Вільня, 1926). Культурна-грамадская актыўнасць К.Стаповіча не прайшла незаўважанай для афіцыйных свецкіх улад. З 15.01.1922 пракуратура Віленскага акруговага суда праводзіла следства па яго справе, абвінаваціўшы ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Справа была спынена толькі ў сярэдзіне жніўня 1923 г. Памёр 06.05.1926 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «С»; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 134; LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 1161; Directorium... Vilnensi; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1931. № 9; БП, V. @

Стукаліч Юры (1905-1975), культурна-асветны і праваслаўны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага грамадскага і царкоўна-рэлігійнага руху ў эміграцыі, гісторык, культуролаг, мастацтвазнавец, рэдактар, выдавец, пісьменнік і публіцыст. У літаратурным жыцці і публіцыстыцы выступаў пад псеўданімамі Юрка Віцьбіч, Алесь Крыжаніч (?) і інш.

Нарадзіўся 02.06.1905 у г. Веліж Віцебскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Аляксандар (святар) і Еўдакія (з дому Паповых) Стукалічы. Вучыўся ў 5-й Веліжскай школе. У родным горадзе скончыў педагагічны тэхнікум. Працаваць настаўнікам, аднак, не дазволілі - меў варожае савецкай уладзе сацыяльнае паходжанне. Служыў у войску, дзе быў карэспандэнтам армейскай газеты. У сярэдзіне 1930-х гадоў выехаў у Маскву. Спачатку працаваў на будоўлі, пазней уладкаваўся на хімічную фабрыку. Як празаік дэбютаваў у 1929 г. на старонках часопіса «Узвышша». Супрацоўнічаў з беларускімі перыядычнымі выданнямі «Маладняк», «Полымя рэвалюцыі» і інш. У 1930-я гады асобнымі кніжкамі выйшлі яго аповесці «Сьмерць Ірмы Лаймінг» (1932) і «Формула супраціўленьня касьцей» (1937). Напярэдадні Другой сусветнай вайны жыў у Віцебску. У студзені 1941 г. быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі застаўся ў Віцебску. Прымаў удзел у дзейнасці беларускіх грамадскіх і культурных арганізацый. Выступаў у перыядычным друку як публіцыст. Пасля 1943 г. пераехаў з сям'ёй у Менск. З 1944 г. - у эміграцыі. У пасляваенны час жыў у Германіі. Рэдагаваў і выдаваў беларускі царкоўна-рэлігійны часопіс «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946-1947). На старонках выдання асвятляў нацыянальна-рэлігійнае жыццё і дзейнасць беларускай праваслаўнай царквы ў Заходняй Эўропе. Працаваў над укладаннем хрэстаматыі «Рэлігія ў творчасьці беларускіх пісьменьнікаў». Адзін з заснавальнікаў беларускага літаратурнага згуртавання «Шыпшына» (1945-1946, Берлін-Рэгенсбург). У 1946-1950 гг. рэдагаваў друкаваны орган згуртавання - літаратурна-мастацкі часопіс «Шыпшына». Выдаваў бюлетэнь «Біс» («Беларуская інфармацыйная служба»). Са снежня 1948 г. - рэдактар грамадска-палітычнай газеты «Беларускае слова» (1948-1949). На пачатку 1950-х гадоў пераехаў у ЗША. Як публіцыст выступаў на старонках шэрагу беларускіх і расейскіх эмігранцкіх перыядычных выданняў («Бацькаўшчына», Мюнхен; «Беларус», Нью-Ёрк; «Божым шляхам», Парыж-Лондан; «Новое русское слово», Нью-Ёрк). Аўтар дакументальна-эсэістычнай кнігі «Мы дойдзем», аповесцей і апавяданняў. Памёр 04.01.1975 у г. Саўт-Рывер. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку.

Літ.: Вініцкі А.; Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1975. № 1-2; Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1-2; Юрэвіч Л., 1997; Віцьбіч Ю. @

Сяргей (1890-1971), праваслаўны святар, епіскап Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (УАПЦ), першаіерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлігійны дзеяч беларускага і ўкраінскага замежжа. У свецкім жыцці - Ягор Ахоценка.

Нарадзіўся 12.03.1890 у сяле Малыя Гарошкі Жытомірскага павета. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Пракоп і Феадоля Ахоценкі. У 1911-1921 гг. - у Богаяўленскім манастыры ў г. Жытомір, дзе атрымаў першапачатковую духоўную адукацыю. Пастрыжаны ў манахі 28.06.1919. Першыя гады на шляху да святарскага сану правёў у Жытоміры. Служыў аканомам Архірэйскага дома і адначасова наведваў святарскія курсы. У 1925 г. ў Кіеве рукапаложаны ў іераманахі. З 1932 г. - архімандрыт. Святарскія абавязкі выконваў у праваслаўных прыходах у мясцовасцях Карасцень, Народзічы, Эмільчыцы, Кулешы на Ўкраіне. За рэлігійную дзейнасць праследваўся савецкімі ўладамі. У 1937 г. быў арыштаваны органамі бяспекі і высланы на папраўчыя работы ў Бярдзянск. На пачатку Другой сусветнай вайны быў вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелітопаль. Прыняў епіскапскае пасвячэнне 01.08.1943 у праваслаўным кафедральным саборы ў г. Кіраваград. З 1944 г. - у эміграцыі. Па просьбе беларускіх палітычных, грамадска-культурных і рэлігійных дзеячаў і са згоды вышэйшых іерархаў УАПЦ садзейнічаў адбудове БАПЦ у эміграцыі. 04-05.06.1948 удзельнічаў у 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германія), дзе быў абраны ў склад часовага кіраўніцтва БАПЦ і духоўнай Кансісторыі. На сесіі сабора БАПЦ 20.12.1949 выбраны галавою сабора і ўзведзены ў сан архіепіскапа. Прымаў удзел у аднаўленні кіруючых і адміністрацыйных структур БАПЦ. У 1950 г. пераехаў у Аўстралію, дзе прадоўжыў сваю святарскую дзейнасць сярод беларускіх вернікаў. Памёр 02.10.1971 у г. Адэлаіда.

Літ.: Голас царквы (Нью-Ёрк). 1971. № 34; Беларус (Нью-Ёрк). 1971. № 175; Кіпель В. @

Талочка Ўладзіслаў (1887-1942), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з ідэолагаў і пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., культуролаг, гісторык, літаратурны крытык. Як публіцыст выступаў пад псеўданімамі Адам Саладух, Дрыгвіч, Gvarneri, Wat і інш.

Нарадзіўся 06.02.1887 у Горадні. Паходзіў з мяшчанскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Аляксандар і Марыя (з дому Астроўскіх) Талочкі. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Вучыўся ў Гарадзенскай гарадской гімназіі (1896-1904). Паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У кастрычніку 1906 г. прыняты ў лік семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1909 г. Прадоўжыў вучобу за мяжою. У 1909-1914 гг. вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 г. - кіраўнік шпіталя віленскага мясцовага Жаночага камітэта Чырвонага Крыжа пры касцёле св. Яна. Святарскую дзейнасць у Вільні праводзіў у касцёле св. Стафана і ў былым бернардзінскім касцёле. Адным з першых пачаў публічна ўжываць беларускую мову ў набажэнствах. Напярэдадні Першай сусветнай вайны супрацоўнічаў з летувіскімі культурна-грамадскімі і рэлігійнымі выданнямі («Draugija», Коўна; «Vadovas», Сейны). Публікаваў матэрыялы гістарычнай тэматыкі ў віленскім каталіцкім часопісе «Dwutygodnik Diecezjalny». Маральна і матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Удзельнік 1-га і 2-га вуніяцкіх з'ездаў у Велеградзе (Чэхаславакія). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны (1915-1918), а таксама беларускага дзіцячага прытулку «Золак». З часоў Першай сусветнай вайны - выкладчык рэлігіі ў першых віленскіх беларускіх школах. У 1916-1917 гг. выкладаў на курсах для непісьменных і для рабочых. У студзені 1918 г. ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі ў Вільні. Удзельнік Беларускага з'езда Віленшчыны і Гарадзеншчыны (25-27.01.1918). На правах сябра ўваходзіў у склад Летувіскай Тарыбы. З 1917 г. звязаны з беларускай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыяй «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Шырока выступаў у яе друкаваным органе - газеце «Krynica» з артыкуламі культурна-адраджэнскай і рэлігійнай праблематыкі. Падтрымліваў шырокія кантакты і вёў перапіску з вядомымі эўрапейскімі рэлігійнымі і культурнымі дзеячамі (мітрапаліты Стоян і Прэчан з Маравіі, мітрапаліт А.Р.Шаптыцкі з Галіцыі). Супрацоўнічаў з нямецкім, італьянскім, летувіскім, украінскім і польскім дэмакратычным друкам. Настойліва і паслядоўна выступаў з пазіцый экуменізму, рэлігійнага яднання і таму, як згадвае А.Клімовіч, быў празваны «Усходнім агенствам». У міжваеннае дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў часопіса віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileński». Прымаў удзел у заходнебеларускім навуковым, рэлігійным і грамадска-культурным жыцці. Выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў царкоўным жыцці беларускіх парафій. На старонках віленскага перыядычнага друку выступаў у абарону беларускіх святароў, за беларусізацыю рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. З 1920-х гадоў праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Як «неблаганадзейная асоба» 15.12.1938 загадам ваяводы выселены з Вільні. Жыў у Беластоку. У Вільню вярнуўся на пачатку Другой сусветнай вайны. Памёр 13.11.1942 г. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Т»; LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 15, 134; ф. 694, воп. 1, спр. 2521; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ф. 4, воп. 1, спр. 130; Архівы БНР; Беларуская газэта (Менск). 1942. 29 лістапада; Божым шляхам (Парыж). 1955. № 66-68; Białoruskie Zeszyty Historyczne (Беласток). 1997. № 8. @

Тамушанскі Роберт (1940-1996), каталіцкі святар усходняга абраду, доктар філалагічных навук, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысціянскага руху, душпастыр, педагог і публіцыст.

Нарадзіўся 03.07.1940 у г. Порт-Чэстэр у штаце Нью-Ёрк (ЗША). Паходзіў з беларуска-нямецка-французскай сям'і: бацькі - Язэп Юры і Ганна Маргарэт (з дому Рут) Тамушанскія. У 1945-1952 гг. вучыўся ў пачатковай школе. Пазней паступіў у сярэднюю школу, адкуль у 1954 г. перайшоў у каталіцкую, якую паспяхова скончыў у 1958 г. Пасля выпускных экзаменаў 15.08.1958 уступіў у кляштар айцоў базыльянаў. Там жа адбыў двухгадовы навіцыят. У 1960 г. выехаў у г. Мундэр (Канада), дзе займаўся гісторыяй і стараславянскай мовай. З верасня 1961 г. вывучаў філасофію ва ўніверсітэце г. Атава. У студэнцкія гады знайшоў духоўную падтрымку і апірышча ў беларускага святара Ф.Чарняўскага і біскупа Ч.Сіповіча. У траўні 1964 г. пасля здачы апошніх экзаменаў у Атаўскім універсітэце пераехаў у Эўропу. У духоўнай семінарыі г. Кёнігштайн (Германія) вывучаў тэалогію. Пасвячоны ў святары 03.12.1966. З сярэдзіны 1960-х гадоў прымаў удзел у рэлігійным і культурна-грамадскім жыцці беларускага замежжа. З лістапада 1974 г. працаваў у Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Віцэ-дырэктар Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф.Скарыны. Супрацоўнічаў з беларускім эмігранцкім і айчынным перыядычным друкам («Божым шляхам», Лондан; «Унія», Менск і інш.). У школе славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх навук Лонданскага ўніверсітэта абараніў доктарскую дысертацыю «Нямецкія запазычанні ў беларускай мове». Вучыўся ў Папскім Інстытуце ў Ватыкане, дзе займаўся вывучэннем арабскай і мусульманскай культур і сучаснай літаратурнай арабскай мовы. Памёр 10.12.1996 у Рыме.

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1967. № 1; Беларус (Нью-Ёрк). 1974. № 210; 1985. № 326; 1997. № 442. @

Тарасевіч Уладзімір (1921-1986), каталіцкі святар усходняга абраду, біскуп марыяметанскі, доктар багаслоўя, манах-бенедыкцінец, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў на Захадзе, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа (ЗША), удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., выдавец і публіцыст.

Нарадзіўся 27.11.1921 у в. Клешнякі Гарадзенскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Напярэдадні Другой сусветнаай вайны выехаў у ЗША да свайго дзядзькі, беларускага святара Янкі Тарасевіча, манаха-бенедыкцінца ў чэшскім абацтве св. Пракопа недалёка ад Чыкага. Там вучыўся ў сярэдняй школе. Скончыў духоўную семінарыю і каледж. У 1944 г. уступіў у ордэн айцоў бенедыкцінцаў. Пасвячоны ў святары ў 1949 г. Вывучаў багаслоўе ў каталіцкім універсітэце ў г. Вашынгтон, дзе абараніў магістэрскую дысертацыю. На пачатку 1950-х гадоў вучобу прадоўжыў у Эўропе. Вучыўся ў папскім Грыгарыянскім універсітэце і ва Ўсходнім інстытуце ў Рыме. Вярнуўся ў ЗША з навуковай ступенню доктара багаслоўскіх навук. З 1958 г. - пастыр беларускай каталіцкай царквы Хрыста Збавіцеля ў Чыкага. Выдаваў бюлетэнь «Праўда». Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў вуніяцкага перыядычнага часопіса «Церковный голос», на старонках якога шырока асвятляў і беларускія нацыянальна-рэлігійныя справы. Прымаў удзел у аднаўленні беларускіх праграм на Амерыканскім радыё ў Чыкага. У 1975 г. быў рукапаложаны ў сан архімандрыта, 08.09.1983 узведзены ў сан епіскапа. Памёр 02.01.1986. Пахаваны на манастырскіх могілках у абацтве св. Пракопа ў мясцовасці Лайл недалёка ад Чыкага.

Літ.: Зважай (Таронта). 1983. № 3; Беларус (Нью-Ёрк). 1986. № 328; Кіпель В. @

Тарасевіч Янка (1892-1978), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-бенедыкцінец, доктар багаслоўя і філасофіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, адзін з пачынальнікаў беларускага рэлігійнага і палітычнага руху ў ЗША, пісьменнік, выдавец, публіцыст.

Нарадзіўся 20.10.1892 у в. Клешнякі Гарадзенскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Міхал і Хрысціна (з дому Раманкевічаў) Тарасевічы. Юнаком у 1911 г. выехаў у ЗША. Працаваў на прамысловых прадпрыемствах і фабрыках. Адначасова займаўся самаадукацыяй, уступіў у ордэн айцоў салатынаў у мясцовасці Гардфорт (штат Канектыкут). Вучыўся ў гімназіі і каледжы. Вышэйшую адукацыю атрымаў на эўрапейскім кантыненце - у г. Фрайбург (Германія, 1919-1925), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. Там жа 23.07.1923 быў пасвячоны ў святары. У сярэдзіне 1920-х гадоў разам з Я.Чарапуком і Я.Варонкам выступаў з лекцыямі ў школах Чыкага, дапамагаў у стварэнні беларускіх культурна-грамадскіх арганізацый там, дзе жылі вялікія групы беларусаў (г. Кенош, штат Вісконсін, г. Гэры, штат Індыяна, г. Гранд-Рэпідс, штат Мічыган). У сярэдзіне 1930-х гадоў з дазволу вышэйшых улад Ватыкана пакінуў ордэн айцоў салатынаў. З 1936 г. - у ордэне айцоў бенедыкцінцаў. У 1936-1937 гг. адправіў навіцыят. Пазней працаваў на пасадзе прафесара ў семінарыі і калегіуме. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады (1941). Выдаваў расейска-ангельскі часопіс «Церковный голос» і «Лісток к беларусам» (1952-1961). Шырока супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійна-адраджэнскімі выданнямі - «Chryścijanskaja Dumka» (Вільня), «Божым шляхам» (Парыж; Лондан), «Siaŭbit» (Нью-Ёрк). Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў беларускай парафіі Хрыста Спаса ў Чыкага. У 1967-1968 гг. наведаў Беларусь. Аўтар кнігі «Беларусы ў святле праўды». Памёр 11.06.1978 у абацтве св. Пракопа ў г. Лайл. Пахаваны на мясцовых кляштарных могілках.

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1979. № 150; Кіпель В. @

Татарыновіч Пётар (1896-1978), каталіцкі святар заходняга абраду, папскі прэлат, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, выдавец, рэдактар, пісьменнік, перакладчык і публіцыст. У літаратурна-публіцыстычным жыцці выступаў пад псеўданімамі Пётра Задума, Мядзведзіцкі.

Нарадзіўся 02.06.1896 у в. Гайнін Слуцкага павета Менскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Станіслаў і Караліна (з дому Пашукевічаў) Татарыновічы. Вучыўся ў архідыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, а пазней - у Менскай каталіцкай семінарыі. Будучы клерыкам, уключыўся ў беларускі нацыянальна-рэлігійны рух. Пасвячоны ў святары 12.06.1921. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў у Пінску (1921-1922). Працаваў настаўнікам у Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Наваградку. У 1922 г. прызначаны прэфектам некалькіх мясцовых школ у г. Баранавічы. У 1926 г. высланы з Беларусі на Мазуры (Польшча), дзе каля году выконваў святарскія абавязкі ў каталіцкай парафіі. Вярнуўся на Палессе ў 1927 г. Працаваў у парафіях Дамачава (1927-1931) і Столін (1932-1939). У час душпастырскай дзейнасці ў Пінскай дыяцэзіі шырока ўключыўся ў беларускую культурна-асветную і рэлігійную справу. Выступаў з казаннямі на беларускай мове, аказваў маральную і матэрыяльную падтрымку беларускім вуніяцкім парафіям у Дзяляцічах, Альпені, Хутарах і інш. Арганізаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі выданнямі «Krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Выступаў на старонках беларускага вуніяцкага часопіса «Да злучэння» (1932-1937). Шырока супрацоўнічаў з вуніяцкімі святарамі А.Неманцэвічам і В.Аношкам. Выдаў шэраг кніг і брашур рэлігійнага і папулярнага зместу («Вялікія людзі», «Купальле», «Шляхам дзіваў і ўражаньняў», «Зярняткі з роднай юнацкай нівы»). У гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве, дзе выкладаў рэлігію ў беларускай школе і выконваў святарскія абавязкі спачатку ў касцёле св. Марціна, а потым у касцёле айцоў базыльянаў. Удзельнічаў у працы 2-га Ўсебеларускага кангрэса ў Менску, дзе выступіў з прывітальнай прамовай. У 1943 г. працаваў рэферэнтам культуры і асветы ў Беларускім камітэце. З 1944 г. - у эміграцыі. Каля года жыў у Германіі. Пазней пераехаў у Рым, дзе з кастрычніка 1945 г. пасяліўся стала. У 1945-1949 гг. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце, абараніў доктарскую працу «Св. Кірыла Тураўскі і яго дактрына асцэтычная». З верасня 1950 г. выдаваў беларускі каталіцкі часопіс «Źnič» (Рым, 1950-1975). Арганізаваў Беларускую секцыю Ватыканскага радыё, дзе працаваў у 1950-1970 гг. Адначасова з душпастырскай і рэлігійнай дзейнасцю распачаў выданне беларускай духоўнай літаратуры (як арыгінальнай, так і перакладной). Аўтар пераклада і тлумачэнняў кнігі «Сьвятая Эвангелія, Апостальскія Дзеі» (Рым, 1954). Пераклаў на беларускую мову раман Г.Сянкевіча «Quo vadis» (Рым, 1956). Рашэннем Кансістарыяльнай кангрэгацыі ад 21.01.1964 быў прызначаны Апостальскім пасадам дырэктарам душпастыраў лацінскага абраду сярод беларускай эміграцыі. Ініцыятар і пачынальнік беларусізацыі літургіі. Памёр 03.09.1978 у Рыме.

Літ.: Elenchus... Pinscensis; Бацькаўшчына (Мюнхен). 1961. № 50-51; Мартос А.; Божым шляхам (Лондан). 1967. № 1; 1979. № 150; Беларус (Нью-Ёрк). 1978. № 258; 1980. № 283-284. @

Тэраўскі Ўладзімір (1871-1938), культурна-грамадскі дзеяч, кампазітар, царкоўны рэгент і кіраўнік свецкага хору, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху 20 ст., адзін з заснавальнікаў нацыянальнай оперы, творцаў беларускай музычнай школы.

Нарадзіўся 11.11.1871 у мястэчку Раманава Слуцкага павета. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара, кіраўніка царкоўнага хору. Выявіў вялікія музычныя здольнасці ў дзіцячыя гады. Скончыў Слуцкую духоўную навучальню. Вучыўся ў Менскай епархіяльнай семінарыі. Служыў у царскай арміі. Пасля дэмабілізацыі спяваў у хоры вядомага расейскага дырыжора Дзмітрыя Агрэнева-Славянскага. У рэпертуар хору ўваходзілі і беларускія народныя песні. У канцы 1890-х гадоў жыў на Ўрале, дзе кіраваў рабочымі харамі на Білімбаеўскім і Шайтанскім чыгуначных заводах. У 1901 г. вярнуўся ў Беларусь. Працаваў настаўнікам і хормайстрам у народных навучальнях Менска. Займаў пасаду рэгента царкоўнага хору пры Старажоўскай царкве. У ліпені 1914 г. стварыў свой першы беларускі хор з нацыянальным беларускім рэпертуарам. Браў удзел у арганізацыі культурна-асветнага асяродка пры «Беларускай хатцы». Выступаў перад дэлегатамі з'езда беларускіх партый і арганізацый у ліпені 1917 г. Восенню 1919 г. па запрашэнні Ў.Ігнатоўскага, рэктара Менскага педагагічнага інстытута, працаваў выкладчыкам. У 1919-1920 гг. - сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах. У гэты ж час па прапанове Беларускай вайсковай камісіі пачаў працу па складанні спеўніка для беларускага войска. Спеўнік быў падрыхтаваны да лета 1920 г., але асобнай кніжкай выйшаў толькі ў 1921 г. («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый»). Наступная кніга - «Беларускі лірнік» - была выдадзена З.Жылуновічам у Берліне ў 1922 г. Праз 4 гады ў Менску выйшаў яшчэ адзін спеўнік для курсантаў Аб'яднанай беларускай вайсковай школы («Вайсковы зборнік», 1926). Супрацоўнічаў з Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, з мастацкай трупай «Беларускі народны тэатр» пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Ініцыятар і адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнага беларускага хору. У 1920-1921 гг. - загадчык музычнай часткі і хормайстар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 23.09.1921 у Менску па сфабрыкаванай менскай ЧК справе. Быў прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 5 гадоў турмы. Сябра Камісіі беларускай песні пры Інбелкульце. У пачатку 1930-х гадоў пазбаўлены працы ў БДТ-1. Да 1933 г. служыў у Пярэспенскай царкве. Рэгент царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Менску. У гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва 20 ст. вядомы як аўтар музыкі да п'ес і тэатральных пастановак паводле твораў М.Чарота (драма «Купалле») і Я.Міровіча («Машэка», «Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі»). Паклаў на музыку верш М.Краўцова «Ваяцкі марш», які ў гісторыі незалежніцкага руху стаў нацыянальным гімнам. Другі раз арыштаваны 17.08.1938 (па іншых звестках - 17.09.1938). Як «агент польскай разведкі» пастановай асобай тройкі НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.11.1938 у Менску.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. 22 ліпеня; ЭЛіМБел V; Синодик; Мастацтва (Менск). 1996. № 12; Беларус (Нью-Ёрк). 1997. № 448. @

Урбановіч Міхаіл (1890-1973), каталіцкі святар заходняга абраду, магістар тэалогіі, манах-марыянін, місіянер, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, педагог.

Нарадзіўся 30.10.1890 у мясцовасці Масеўня (паводле іншых крыніц - у Астрыне) Гарадзенскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Язэп і Антаніна (з дому Кучынскіх) Урбановічы. Быў ахрышчаны святаром В.Гарасімовічам. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1897 г. жыў у Варшаве, дзе вучыўся ў школе. Прадоўжыў вучобу ў гімназіі. Пасля яе заканчэння вырашыў прысвяціць сваё жыццё святарскай дзейнасці. З восені 1910 г. - клерык Варшаўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 24.01.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. На пачатку 1920-х гадоў служыў у Віленскай дыяцэзіі. З 1922 г. - у ордэне айцоў марыянаў. Пасля навіцыята прыняў манаства. У 1924 г. выехаў ў ЗША. Працаваў на пасадзе прафесара ў духоўнай семінарыі каля Чыкага, вучыўся ва ўніверсітэце Лаёлы, дзе абараніў магістарскую дысертацыю па тэалогіі. Перад біскупам Юрыем Матулевічам 05.07.1926 у Чыкага даў апошнюю прысягу ордэну марыянаў. У 2-й палове 1920-х гадоў пазнаёміўся з беларускім святаром Янкам Тарасевічам. Служыў вікарыем у касцёле Маці Божай Вострабрамскай у Чыкага. У 1935-1940 гг. працаваў таксама на пасадзе пробашча. Ведаючы летувіскую мову, выконваў святарскія абавязкі ў каталіцкіх парафіях і асяродках летувіскіх эмігрантаў у ЗША. У 1944-1950 гг. зноў вучыўся ва ўніверсітэце Лаёлы, дзе атрымаў ступень магістра псіхалогіі. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі выданнямі («Божым шляхам», Лондан; «Źnič», Рым і інш.). Апошнія гады жыцця правёў у доме-прытулку ў Чыкага. Памёр 04.08.1973. Пахаваны на могілках св. Казіміра ў Чыкага.

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1973. № 3; Źnič (Рым). 1973. № 117. @

Філарэт (1880-1937), праваслаўны святар, епіскап Бабруйскі, архірэй Менскай епархіі, рэлігійны дзеяч, адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У свецкім жыцці - Фёдар Раменскі

Нарадзіўся ў 1880 г. ў праваслаўнай сям'і Яўграфа Раменскага. Выконваў абавязкі вікарыя пры мітрапаліце Мелхіседэку. Рэктар Менскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. У 1922-1927 гг. прымаў удзел у беларусізацыі рэлігійнага жыцця праваслаўных беларусаў. Удзельнік з'езда праваслаўных іерархаў, духавенства і вернікаў Менскай епархіі (Менск, 09-10.07.1927). Адзін з ініцыятараў абвяшчэння ў 1927 г. аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. Спадкаемца Мелхіседэка. Пасля закрыцця вясною 1937 г. ў Менску апошняга каталіцкага храма дазволіў вернікам-католікам маліцца ў царкве св. Марыі Магдаліны. За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 28.07.1937. Абвінавачаны ў стварэнні антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі. Расстраляны 01.11.1937 у Менску.

Літ.: Мартос А.; Запісы (Нью-Ёрк). 1983. № 17; Синодик; Dzwonkowski R., 1997; Dzwonkowski R., 1998. @

Філафей (1905-1986), праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Уладзімір Нарко.

Нарадзіўся 21.02.1905 у мястэчку Ілья (паводле іншых звестак - у в. Занарач) Вілейскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў. Бацька Еўдакім Нарко працаваў псаломшчыкам у Ільінскай царкве Віленскай епархіі. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Пазней вучыўся ў гімназіі Фердынанда Велера ў Вільні. Вытрымаў экзамен за курс сямі класаў навучання. У верасні 1921 г. залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Прадоўжыў вучобу на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта (1925-1929). У 1-й палове 1930-х гадоў пастрыгся ў манахі і прыняў імя Філафей. Жыў у манастыры св. Ануфрыя ў мясцовасці Яблачын Варшаўска-Холмскай епархіі. Пэўны час выконваў святарскія абавязкі ў Галіччыне. У апошнія перадваенныя гады жыў у Варшаве. Служыў настаяцелем беларускага праваслаўнага прыхода. У 1941 г. рукапаложаны ў сан епіскапа. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ. Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабора (Менск, 1942). На саборы прызначаны епіскапам Магілеўскім і Мсціслаўскім. Узведзены ў сан архіепіскапа. З 1944 г. - у эміграцыі. Разам з трыма іншымі іерархамі епіскапата БАПЦ у 1946 г. перайшоў у Расейскую праваслаўную зарубежную царкву. Царкоўная дзейнасць архіепіскапа Філафея ў справе беларускага рэлігійнага жыцця характарызавалася непаслядоўнасцю, што ў выніку прывяло яго да разрыву з БАПЦ. З канца 1940-х гадоў стала жыў у Германіі. Па прычыне хваробы ў 1982 г. выйшаў на пенсію. Памёр 24.09.1986 у г. Гамбург.

Літ.: LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 228; Касяк І.; Мартос А.; Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1967. № 1; Вініцкі А.; Новое Русское Слово (Нью-Ёрк). 1986. 2 кастр.; Запісы (Нью-Ёрк). 1983. № 17; Беларус (Нью-Ёрк). 1986. № 332. @

Філіп (1890 - пасля 1941), праваслаўны святар, архімандрыт, рэлігійны і грамадскі дзеяч, прыхільнік беларусізацыі праваслаўнай царквы ў міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі. У свецкім жыцці - Павал Марозаў.

Нарадзіўся ў г. Волагда. Паходзіў з расейскай праваслаўнай сям'і. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю (1910?) і Пецярбургскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1914). Служыў на Холмшчыне і ў Віленскай епархіі. Працаваў інспектарам Літоўскай духоўнай праваслаўнай семінарыі, а пазней быў яе рэктарам. Да 12.08.1921 - выкладчык Холмскай духоўнай семінарыі. Пасля быў пераведзены ў Віленскую епархіяльную семінарыю. У 1922 г. прызначаны выконваць абавязкі настаяцеля Віленскага Свята-Троіцкага манастыра. 25.03.1922 на ўрачыстым багаслужэнні з нагоды 2-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі вітаў прысутных на беларускай мове. У 1925 г. прыняў каталіцкае веравызнанне ўсходняга абраду. У студзені 1927 г. вярнуўся да праваслаўя. З 15.04.1927, пасля пакаяння, атрымаў дазвол выконваць святарскія абавязкі. Свяшчэнным сінодам Літоўскай епархіі ў 1930 г. ўзнагароджаны іконай «Нерукатворны Спас» за «ревностную законоучительско-миссионерскую работу на пользу церкви». Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускага рэлігійнага часопіса «Сьветач Беларусі». Асабліва блізкія кантакты падтрымліваў з беларускім праваслаўным святаром А.Каўшом, з групоўкай Ф.Вернікоўскага-У.Більдзюкевіча. У гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Жыровіцкім манастыры. Паводле адных звестак, у 1942 г. расстраляны нямецкімі ўладамі, па іншых - арыштаваны ў 1944 г. органамі савецкай бяспекі. Дата, месца і акалічнасці смерці невядомы.

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 15; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1921. № 2; 1922. № 1-4; Открытое письмо; Касяк І. @

Францук Янка (1891 - пасля 1968), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 01.06.1891 у мясцовасці Ліпнішкі Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Станіслаў і Анеля (з дому Гурневічаў) Францукі. Скончыў прыватную мужчынскую гімназію пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу (1908). У кастрычніку гэтага ж года паступіў на 1-ы курс Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасля яе заканчэння як лепшы з выпуснікоў вучыўся далей за казённы кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. У час вучобы ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-клерыкаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя Магілеўскага касцёла Ўспення Дзевы Марыі. Працаваў выкладчыкам Закону Божага ў сярэдніх школах Віцебска. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Праследаваўся бальшавіцкімі ўладамі. 27.06.1920 арыштаваны органамі савецкай бяспекі. 25 лістапада таго ж года прыгавораны да 3 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. У пачатку 1930-х гадоў вызвалены і высланы з СССР. З сярэдзіны 1930-х гадоў выконваў святарскія абавязкі ў Варшаўскай дыяцэзіі. Спачатку працаваў законавучыцелем, а ў 1940-я гады - адміністратарам мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Варшаве. Памёр пасля 1968 г.

Літ.: ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1469, 1470; ф. 46, воп. 4, спр. 250; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221, 2247; Directorium... Mohiloviensi; Stankievič A., 1939; Dzwonkowski R., 1998. @

Хамёнак Віталіс (1889-1971), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 04.04.1889 у в. Баяршчына Лепельскага павета Віцебскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Марцыяна (з дому Падзерскіх) Хамёнкі. Вучыўся ў Варшаўскай і Пецярбургскай духоўных каталіцкіх семінарыях. У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны, а пазней ваеннай завірухай 1917-1920 гг. скончыў тэалагічную адукацыю ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1922). У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Выкладаў рэлігію ў пачатковых школах Друйскай парафіі. З 02.08.1925 - у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У міжваеннае дваццацігоддзе пашыраў у рымска-каталіцкай царкве казанні на беларускай мове. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. Абвінавачваўся ў «беларускай агітацыі» сярод вучняў і моладзі Друйскай парафіі. У 1938 г. дэпартаваны з Друі разам з іншымі беларускімі святарамі і клерыкамі. Апошнія перадваенныя гады правёў у Цэнтральнай Польшчы. У час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве. Памёр у 1971 г. ў кляштары айцоў марыянаў у мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы (Польшча).

Літ.: LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 1146; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Божым шляхам (Лондан). 1971. № 5. @

Хвецька Люцыян (1889-1944?), каталіцкі святар заходняга абраду, папскі шамбялян, ганаровы канонік Магілеўскай і Менскай капітул, магістр тэалогіі, рэлігійны, культурна-асветны і грамадскі дзеяч, ідэолаг і пачынальнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, журналіст, рэдактар, педагог, выдавец і публіцыст.

Нарадзіўся 22.11.1889 у в. Малышоўка (паводле іншых крыніц - Малашоўка) Дамброўскай парафіі Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Антон і Міхаліна (з дому Драчынскіх) Хвецькі. Скончыў Сакольскую гарадскую 3-класную навучальню (1904). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1907 г. паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у жніўні 1911 г. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі і скончыў яе ў 1915 г. са ступенню магістра тэалогіі. Пасвячоны ў святары 31.05.1915 біскупам Я.Цеплякам. Сябра беларускага культурна-асветнага гуртка ў акадэміі. Заснавальнік першай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Ініцыятар выдання і першы рэдактар-выдавец беларускай каталіцкай газеты «Krynica». Заснавальнік беларускай каталіцкай выдавецкай суполкі. Выконваючы душпастырскія абавязкі, служыў вікарыем пракафедральнага касцёла ў Пецярбургу. Да 1918 г. - у духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара літургікі. Пэўны час працаваў у семінарыі аканомам. Пасля яе закрыцця бальшавіцкімі ўладамі прызначаны адміністратарам Пецярбургскага пракафедральнага касцёла. Арыштаваны ўладамі 10.03.1923. Праходзіў па справе біскупа Я.Цепляка. У мемарандуме беларускіх сеймавых паслоў-католікаў папу рымскаму ад 15.03.1923 быў прапанаваны на пасаду біскупа-суфрагана Віленскай дыяцэзіі. У выніку палітычнага абмену паміж польскімі і савецкімі ўладамі 01.02.1925 быў вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу. У 1925-1926 гг. выкладаў Закон Божы ў мясцовасці Шыманова пад Варшавай. У канцы 1920-х гадоў, дзякуючы падтрымцы біскупа Э.Ропа, працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне (1920-1931). З 1932 г. - пробашч парафіі Шчытнікі Пінскай дыяцэзіі. Працаваў у духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску, дзе займаў пасаду прафесара пастаральнай тэалогіі і выкладаў беларускую мову. У 1933-1939 гг. - скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады. У гады Другой сусветнай вайны заставаўся на Піншчыне. Памёр у 1944 г.(?) у Стоўбцах пасля таго, як быў збіты нямецкай паліцыяй.

Літ.: ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1476; ф. 46, воп. 3, спр. 251; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 3203/647; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Усходняя Беларусь; Krynica (Вільня). 1924. № 1-2; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 8; Źnič (Рым). 1965. № 81; Dzwonkowski R., 1998. @

Хоміч Павал (1893-1942), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 17.10.1893 у г. Ваўкавыск Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацька, Сямён Фларыянавіч, - праваслаўнага веравызнання, маці, Марыяна Людвікаўна, - каталічка. У 12-гадовым узросце прыняў рымска-каталіцкае веравызнанне (22.10.1905). Вучыўся ў Ваўкавыскай гарадской 4-класнай навучальні (1907-1910). Скончыў Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю і Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Петраградзе. Пасвячоны ў святары ў 1916 г. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Петраградзе, дзе ўдзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у якасці капелана на станцыі Вырыца Царскасельскай чыгункі. Пазней выконваў святарскія абавязкі на Пскоўшчыне. На пачатку 1920-х гадоў - пробашч парафіі св. Кацярыны ў Ленінградзе. Пазней працаваў у парафіі св. Казіміра. 02.06.1926 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў лагераў на Салаўках, дзе заставаўся да ліпеня 1933 г. З 21.07.1932 да 25.04.1933 знаходзіўся ў турме органаў бяспекі («на Шпалерцы») у Ленінградзе. У час допытаў ад яго патрабавалі адмовіцца ад духоўнага сану. Псіхічна хворы, быў адпраўлены на лесапавал у Карэлію (?). З 28.06.1938 жыў у ваколіцах г. Кастрама. У 1939 г. нелегальна вярнуўся ў Ленінград. 01.03.1942 прыгавораны Ваенным трыбуналам да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.03.1942 у Ленінградзе.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2417; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 10; 1934. № 2; Dzwonkowski R., 1997; Dzwonkowski R., 1998. @

Цікота Андрэй (1891-1952), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, архімандрыт, апостальскі адміністратар Усходняй місіі ў Маньчжурыі і Кітаі, генерал ордэна айцоў марыянаў, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з творцаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 05.12.1891 у Дуброўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Фелікса Цікоты. У траўні 1909 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. З верасня 1909 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У час вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца на казённы кошт у Пецярбург, дзе ў 1912 г. быў прыняты ў Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. Актыўна ўдзельнічаў у працы беларускага гуртка студэнтаў-акадэмікаў. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Маладэчне (1917-1918). У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У верасні 1919 г. увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. З адкрыццём беларускай каталіцкай семінарыі ў Менску запрошаны на пасаду прафесара-выкладчыка. У гады польска-савецкай вайны 1920 г. пэўны час знаходзіўся пад арыштам. На пачатку 1920-х гадоў уступіў у навіцыят айцоў марыянаў у Друі. Выязджаў у ЗША, дзе займаўся місіянерскай дзейнасцю. Пад час візітацыі марыянскіх кляштараў у Паўночнай Амерыцы наведаў кляштар айцоў салатынаў, дзе сустракаўся з беларускім святаром Я.Тарасевічам. Пасля 1923 г. жыў у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Арганізаваў гімназію. Разгарнуў шырокую культурную і асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў Друйскай парафіі і наваколля. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў душпастырскую дзейнасць каталіцкіх святароў у Заходняй Беларусі. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі на 5-м Вуніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). У 1933-1939 гг. двойчы абраны генералам ордэна айцоў марыянаў у Рыме. Праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. У 1939 г. накіраваны Апостальскім пасадам у якасці адміністратара Ўсходняй місіі ў Харбін (Маньчжурыя). Арыштаваны з групаю беларускіх святароў у снежні 1948 г. кітайскімі ўладамі. Перададзены органам савецкай бяспекі. Быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Асуджаны на 25 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Памёр 21.02.1952 (паводле іншых крыніц 13.02.1952) у адным з савецкіх лагераў пад Тайшэтам (Усходняя Сібір).

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ц»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 4; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Лондан). 1955. № 68-69, 82, 83; Źnič (Рым). 1972. № 113; Архівы БНР. @

Чарняк Леанард (1893-1976), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 20.04.1893 у в. Дордзішкі Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Міхал і Францішка (з дому Смешкаў) Чарнякі. У чэрвені 1911 г. скончыў гарадскую 4-класную навучальню ў Ашмянах. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1912-1917). Пад час вучобы ў семінарыі ў дакументах называў сябе беларусам. Пасвячоны ў святары 26.05.1918. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Эйшышкі Радунскага дэканата. З 1920 г. служыў пробашчам у Смаргоні. З пачатку 1930-х гадоў - у парафіі Трабы Вілейскага дэканата (1933-1936). Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вільні. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускай каталіцкай газеты «Krynica». Пасля Другой сусветнай вайны працаваў у парафіі Шчацінак Шчэцінскага дэканата. Памёр 11.06.1976.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ч»; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920. № 13; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Чарняўскі Ўладзіслаў (1916-2001), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 14.01.1916 у засценку Амбружын Гарадзенскай губ. Паходзіць з беларускай каталіцкай сям'і. Вучыўся ў Арляняцкай пачатковай школе. У 5-ы клас пайшоў у мястэчку Крэва. Вучобу прадоўжыў у беларускай настаўніцкай школе ў Барунах. Пасля пераехаў у Друю, дзе скончыў пры кляштары айцоў марыянаў мясцовую гімназію (1937). З 1938 г. - у ордэне айцоў марыянаў. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Напрыканцы кастрычніка 1944 г. адправіў першую святую імшу ў Крэве. У 2-й палове 1940-х гадоў вярнуўся ў Вільню да айцоў марыянаў пры касцёле св. Ігната. Адпраўляў набажэнствы і адначасова вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасля яе закрыцця ў 1945 г. служыў пры касцёле св. Ігната. Пасвячоны ў святары 24.09.1953(?). Са снежня 1953 г. выконвае святарскія абавязкі ў Беларусі ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна. У студзені 1968 г. быў запрошаны ў Рым, дзе прысутнічаў на аўдыенцыі ў папы Паўла VI. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны з боку ксяндзоў-палякаў застаецца свядомым беларускім каталіцкім святаром. Апостальскім пасадам быў прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў. У паўсядзённай душпастырскай дзейнасці звяртаецца да вернікаў з беларускімі казаннямі. Вёў перапіску з беларускімі святарамі Ф.Чарняўскім і Ч.Сіповічам. Памёр 22.12.2001 г.

Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1968. № 2; Памяць: Валожынскі раён. @

Чарняўскі Францішак (1893-1979), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, душпастыр, рэдактар, выдавец і публіцыст.

Нарадзіўся 03.11.1893 у в. Чухны Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Ганна (з дому Гецэвічаў) Чарняўскія. Скончыў гарадскую навучальню ў Ашмянах. З 1916 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Свядома звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам з часоў вучобы ў Вільні. Пасвячоны ў святары 30.05.1920. Душпастырскія абавязкі распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Сухаволя. Пазней працаваў у парафіях Саколка і Кузніца. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове, распаўсюджваў сярод парафіян беларускія рэлігійныя кніжныя выданні і перыёдыку. З 1924 г. знаходзіўся ў Рыме. Спачатку вучыўся ў папскім Грыгарыянскім універсітэце, пазней - у папскім Усходнім інстытуце, які закончыў, абараніўшы магістэрскую дысертацыю. У 1927 г. вярнуўся на бацькаўшчыну. Пэўны час жыў у кляштары айцоў марыянаў у Друі. Сябра беларускай дэлегацыі на 5-м Вуніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). Пазней быў прызначаны вікарыем пры касцёле св. Яна ў Вільні. У 1929 г. накіраваны місіянерам у Францыю з мэтай весці душпастырскую дзейнасць сярод польскіх і беларускіх вуглякопаў. У кастрычніку 1933 г. выехаў у Бельгію, дзе некалькі гадоў правёў у кляштары айцоў бенедыкцінцаў (1953-1955). Акрамя душпастырскай дзейнасці выдаваў і рэдагаваў бюлетэнь «Божае слова». З красавіка 1957 г. стала жыў у ЗША. Працаваў у шэрагу амерыканскіх каталіцкіх парафій на пасадзе вікарыя. Выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit». Выступаў з малітвамі ў Кангрэсе ЗША. Апошнія гады душпастырства правёў у мясцовасці Форт-Эдвард. Памёр 31.05.1979 у мясцовасці Амстэрдам (штат Нью-Ёрк).

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ч»; Catalogus... Vilnensis; Божым шляхам (Лондан). 1980. № 151; Кіпель В. @

Шалкевіч Міхаіл (1891-1972), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 18.09.1891 у в. Дубовая Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Мацей і Эва (з дому Усавых) Шалкевічы. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі (1911). З 16.09.1911 - студэнт Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Пасвячоны ў святары 15.08.1915. З пачатку душпастырскай дзейнасці шырока звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі. Праводзіў на беларускай мове катэхізацыю дзяцей у беларускіх каталіцкіх парафіях. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. У 1917-1921 гг. - вікарый, а пазней пробашч у парафіі Мосар Дзісенскага дэканата. Карыстаўся глыбокай павагай парафіян. Быў аднагалосна абраны старшынёй мясцовага валаснога камітэта. З 1922 г. служыў пробашчам у парафіі Тракелі Лідскага дэканата. Распаўсюджваў сярод вернікаў і насельніцтва каталіцкую перыёдыку і рэлігійныя кніжныя выданні на беларускай мове. За культурна-асветную і рэлігійную працу праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. У 2-й палове 1920-х гадоў быў абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Пракуратура Віленскага акруговага суда больш года вяла следства па справе святара М.Шалкевіча і яго «беларускай прапаганды» (14.04.1926-30.09.1927), але спыніла з-за недастатковасці фактаў. З канца 1930-х і да пачатку 1950-х гадоў выконваў святарскія абавязкі ў Віленскай архідыяцэзіі. Праследаваўся савецкімі ўладамі. У 1-й палове 1950-х гадоў выехаў у Польшчу. З 06.04.1959 - рэзідэнт у парафіі Святога Мікалая ў г. Эльбланг. У 1960 г. працаваў адміністратарам рымска-каталіцкага касцёла ў мясцовасці Бянова Мальбарк-Штумскага дэканата Вармінскай дыяцэзіі. Памёр у 1972 г.

Літ.: LAMBRS, ф. 318, каталог «Ш»; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 510; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Spis duchowieństwa, 1959; 1967. @

Шаптыцкі Раман Аляксандар (1865-1944), каталіцкі святар усходняга абраду, галіцыйскі мітрапаліт, львоўскі архібіскуп, манах-базыльянін, доктар права і багаслоўя, філосаф, украінскі рэлігійны, грамадска-культурны і незалежніцкі дзеяч, ідэолаг і аднавіцель вуніяцкага руху ва Ўсходняй Эўропе, прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі, мецэнат.

Нарадзіўся 29.07.1865 у мястэчку Прылбічы на Галіччыне. Паходзіў з вядомага ўкраінскага графскага роду Шаптыцкіх: бацькі - Іван і Зоф'я (з дому графоў Фрэдра) Шаптыцкія. Атрымаў хатнюю адукацыю. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кракава і Брэслаў. Служыў у аўстрыйскай арміі. З траўня 1888 г. - у навіцыяце айцоў базыльянаў у Дабрамышлі. Пасвячоны ў святары ў 1892 г. У 1900 г. уступіў у ордэн айцоў базыльянаў і прыняў імя Андрэй. Кіраваў навіцыятам. Пазней быў прызначаны ігуменам кляштара св. Ануфрыя ў Львове. Удзельнік украінскага незалежніцкага і нацыянальна-рэлігійнага руху. У 1901-1914 гг. абіраўся паслом у Галіцыйскі сейм. На пачатку 20 ст. сумесна з беларускімі незалежніцкімі дзеячамі братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі распрацаваў праект аднаўлення грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі. У 1907 г. на правах старшыні ўдзельнічаў у 1-м Вуніяцкім з'ездзе ў Інсбруку (Аўстрыя). Тайна наведаў Расейскую імперыю. Пабываў у Менску, Пецярбургу і Кіеве. У Вільні сустрэўся з беларускімі грамадскімі і рэлігійнымі дзеячамі. На пачатку 1908 г. знаходзіўся ў Рыме, дзе атрымаў ад папы Пія Х паўнамоцтвы на кіраванне колішняй Кіеўскай мітраполіяй. У час Першай сусветнай вайны арыштаваны расейскімі вайсковымі ўладамі. Быў высланы ў цэнтральную частку Расеі. Пэўны час знаходзіўся ў Курску, пазней - у Суздалі. Вызвалены пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Удзельнічаў у працы сабора расейскага каталіцкага духавенства. У час побыту ў 1917 г. ў Петраградзе сустракаўся з віднымі беларускімі нацыянальна-рэлігійнымі дзеячамі Б.Эпімахам-Шыпілам, Ф.Будзькам і В.Гадлеўскім. Кананічна зацвердзіў расейскі экзархат на чале са святаром Л.Фёдаравым. У 1920-1923 гг. шукаў падтрымку ўкраінскай нацыянальна-незалежніцкай справе ў Рыме. Падтрымліваў дзейнасць украінскіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый. У сваёй грамадска-палітычнай і рэлігійнай дзейнасці імкнуўся арганізаваць нацыянальна-хрысціянскі палітычны рух. Выступаў у абарону правоў украінскага і беларускага народаў. На працягу 1919-1923 гг. некалькі разоў арыштоўваўся савецкімі і польскімі ўладамі. У міжваеннае дваццацігоддзе матэрыяльна падтрымліваў беларускіх клерыкаў. Фінансаваў іх навучанне на тэалагічных факультэтах каталіцкіх універсітэтаў Заходняй Эўропы. Прымаў удзел у працы вуніяцкіх канферэнцый у Пінску. У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў шырокую рэлігійную дзейнасць і паспрыяў утварэнню некалькіх каталіцкіх экзархатаў усходняга абрада (у тым ліку і беларускага). Аказваў падтрымку першаму беларускаму экзарху А.Неманцэвічу. Да 1941 г. быў прыхільнікам украінска-нямецкага супрацоўніцтва. Пазней адмовіўся ад падтрымкі ўкраінскіх арганізацый пранямецкай арыентацыі. Настойліва і паслядоўна прапагандаваў ідэю вуніяцтва для хрысціянскіх веравызнанняў. Памёр 01.11.1944 у Львове.

Літ.: Богословія (Львоў). 1926. № 7; Божым шляхам (Парыж). 1954. № 53; Źnič (Рым). 1955. № 34-35; WEP, ХІ. @

Штафінскі Зыгмунт (1893-1932), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 29.04.1893 у в. Дамброва Беластоцкая Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Андрэй і Дамініка (з дому Квасоўскіх) Штафінскія. Скончыў гарадскую 3-класную навучальню ў г. Саколка (1909). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў Пецярбургскай навучальнай акрузе (снежань 1911). З 1912 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пры паступленні назваў сябе беларусам. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1919 г. Душпастырскія абавязкі выконваў на пасадзе вікарыя. З 1922 г. служыў у парафіі Лаварышкі Ашмянскага дэканата. У 1927 г. прызначаны пробашчам у парафію Аляны Віленскага дэканата. Пазней служыў вікарыем у Дзятлаве (з 1930). У 1931 г. пераведзены ў мясцовасць Парафіянава Надвілейскага дэканата. Матэрыяльна падтрымліваў беларускія рэлігійныя перыядычныя выданні. Памёр 28.12.1932.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920, № 2; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 1. @

Шутовіч Віктар (1890-1960), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 27.10.1890 у в. Шутавічы Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў у народнай школе. Пазней вучыўся ў гарадской школе ў Ашмянах. З 1909 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У гады вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. З гэтага часу стала звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Пасвячоны ў святары 16(29?).06.1913 у Вільні. Прадоўжыў вучобу за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. У сувязі з падзеямі 1917 г. і прыходам да ўлады бальшавікоў быў вымушаны спыніць вучобу. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў парафіі Барадзенічы Браслаўскага павета. Ад пачатку святарскай службы разгарнуў шырокую культурна-асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў мясцовай і навакольных каталіцкіх парафіях. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія рэлігійныя і свецкія выданні, перыёдыку. Арганізаваў некалькі беларускіх школ. За культурна-асветную дзейнасць праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Падвяргаўся публічным нападкам на старонках польскай «эндэцкай» прэсы. З 1925 г. некалькі разоў праводзілася следства па справе «антыдзяржаўнай дзейнасці» святара В.Шутовіча. У сувязі з гэтым ён пэўны час быў пазбаўлены права самастойна кіраваць парафіяй. З 1927 г. служыў вікарыем у польскай каталіцкай парафіі Тжцяннэ. У 1929 г. выехаў у ЗША, дзе знаходзіўся да жніўня 1932 г. Пасля вяртання з Паўночнай Амерыкі быў прызначаны вікарыем у мясцовасць Харошч, дзе прабыў да пачатку Другой сусветнай вайны. Супрацоўнічаў з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі. Асобнай кніжкай выдаў штодзённыя разважанні на месяц травень «Маёвая чытанка» (Вільня, 1940). У ваенны час не вёў актыўнай нацыянальна-рэлігійнай дзейнасці. Да 1943 г. заставаўся ў Харошчы. Пасля адступлення нямецкіх войск перабраўся ў Менск, дзе выконваў святарскія абавязкі на пасадзе пробашча кафедральнага касцёла. У снежні 1945 г. арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Да 1956 г. знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах у Комі АССР. Пасля адбыцця тэрміну зняволення вярнуўся ў Беларусь. Апошнія гады святарства правёў на пасадзе пробашча ў Барысаве, дзе і памёр 01.03.1960. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920. № 2; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1938. № 17; Stankievič A., 1939. @

Шчаглоў-Куліковіч Мікалай (1896-1969), культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў эміграцыі, кампазітар і музыколаг, даследчык беларускай царкоўнай і свецкай музыкі, дырыжор.

Нарадзіўся 13.10.1896 у Маскве (паводле іншых крыніц 04.04.1896 на Смаленшчыне). Паходзіў з праваслаўнай расейска-беларускай сям'і. Род бацькі выводзіўся з данскіх казакоў, маці - са Смаленшчыны, беларуска-расейскага культурна-гістарычнага пагранічча. З маленства выхоўваўся ў цёткі (матчынай сястры), ігуменні праваслаўнага жаночага манастыра ў Туле. Удзельнічаў у манастырскім хоры, дзе выявіліся яго музычныя здольнасці. Скончыў Маскоўскую сінадальную навучальню царкоўнага спеву. На пастаноўку і развіццё голасу, музычнага талента аказаў уплыў дырэктар навучальні, вядомы рэфарматар расейскай царкоўнай музыкі Аляксандар Кастальскі. Як спявак (альт) удзельнічаў у эўрапейскіх турнэ. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (да 1925). У 1930-я гады займаўся збіраннем і вывучэннем песеннага фальклору на Смаленшчыне. Пэўны час жыў на Ўкраіне. З 1936 г. - у Менску. Працаваў музычным рэдактарам на Беларускім радыё. З 1937 г. - дырыжор сімфанічнага аркестра Беларускага радыёкамітэта ў Менску. Адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра. У якасці музыказнаўцы супрацоўнічаў з усесаюзным часопісам «Советская музыка». У гады Другой сусветнай вайны жыў на акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Беларусі. У 1941-1942 гг. прадоўжыў збіранне беларускага песеннага і музычнага фальклору. Па выніках гэтай працы быў выдадзены «Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песьняў» (Менск, 1943). Супрацоўнічаў з беларускім перыядычным друкам («Беларуская газэта», «Новы шлях»), дзе апублікаваў шэраг артыкулаў пра беларускую музычную культуру. Узначальваў музычны аддзел Беларускай культурнай рады і Беларускага культурнага згуртавання. Пасля Ўсебеларускага царкоўнага сабора і аднаўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (Менск, 1942) займаўся рэфармаваннем беларускай царкоўнай музыкі. У гэтым жа годзе падрыхтаваў тэарэтычнае даследаванне «Беларуская песня» (засталося ў рукапісе). Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэса (Менск, 1944). У гады вайны стварыў оперы «Лясное возера» (1942) і «Усяслаў Чарадзей» (1944) на лібрэта беларускай паэткі Н.Арсенневай. У сувязі з набліжэннем фронту разам з кампазітарам М.Равенскім пакінуў Менск. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі, дзе кіраваў канцэртнай групай і ўзначальваў Беларускі тэатр эстрады. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Жыў у Чыкага. Выступаў у тэатры музычнай мініяцюры. На працягу 12 гадоў кіраваў царкоўным хорам у грэка-каталіцкай царкве Хрыста Збавіцеля. Працаваў над музыкай да літургічных тэкстаў. З царкоўным хорам браў удзел у экуменічных набажэнствах. Супрацоўнічаў з беларускімі і расейскімі эмігранцкімі перыядычнымі выданнямі («Беларус», «Новое русское слово» і інш.). Аўтар аперэты «У вырай», кантаты, сімфоній і сімфанічных сюіт, песень і рамансаў на словы Я.Купалы, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, У.Жылкі, Н.Арсенневай. Пісаў музыку да драматычных спектакляў. Укладальнік шэрагу зборнікаў - «Беларускія песенныя зборнікі» (1954, 1955, 1960), «Калядоўшчыкі» (1961), «Родныя матывы» (1967). Даследаваў гісторыю беларускага музычнага мастацтва. Аўтар культурна-гістарычных прац «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка» (1953), «Беларуская савецкая опера» (1957). Памёр 31.03.1969 у г. Чыкага.

Літ.: Беларус (Нью-Ёрк). 1989. № 358-362; Кіпель В. @

Шырокі Станіслаў (1881-1956), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 21.10.1881 у в. Чапялі Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Міхаіла Шырокага. Вучыўся ў Сакольскай павятовай навучальні. З кастрычніка 1901 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1905 г. У 1909-1912 гг. - адміністратар у парафіі Ружаны Лідскага дэканата. Выказаў жаданне вучыцца за свой кошт у Мітрапалітальнай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. У час вучобы далучыўся да дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-клерыкаў. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1917 г. - пробашч у парафіі Парафіянава Надвілейскага дэканата. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў. 27.12.1919 абраны ў раду прасінадальных суддзяў пры біскупскай курыі Віленскай дыяцэзіі. З 1924 г. выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Янава Сакольскага дэканата. З 1933 г. служыў пробашчам у парафіі Крынкі і адначасова кіраваў Бераставіцкім дэканатам. У 1935 г. пераведзены ў парафію Кузніца Сакольскага дэканата. Быў сталым падпісчыкам беларускага рэлігійнага каталіцкага выдання «Chryścijanskaja Dumka». Памёр у 1956 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521, 2770; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1492; РГИА, ф. 826, воп. 128, спр. 966; ф. 826, воп. 1, спр. 2221; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Spis kościołów, 1973; 1979. @

Шышко Антон (1892-1959), каталіцкі святар заходняга абраду, доктар кананічнага права, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст.

Нарадзіўся 07.03.1892. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям'і. З 1911 г. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 25.07.1918. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Выступаў за шырокую беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў Заходняй Беларусі. На пачатку 1920-х гадоў разам з Б.Пачопкам спрабаваў узнавіць у Беластоку выданне каталіцкай газеты «Biełarus». Ад імя беларускага каталіцкага духавенства падпісаў «Мемарыял пятнаццаці», які быў прадстаўлены 19.05.1925 на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў і закранаў пытанне шырокага выкарыстання беларускай мовы ў душпастырскай дзейнасці на абшарах з беларускім каталіцкім насельніцтвам. Да 1932 г. выконваў абавязкі пробашча ў парафіі Лунін Пінскай дыяцэзіі. У 1933-1939 гг. - без пасады. Апошнія перадваенныя гады жыў у мястэчку Свіслач Беластоцкага павета. У 1950-я гады выконваў святарскія абавязкі ў Седлецкай дыяцэзіі. Памёр 06.03.1959.

Літ.: Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Katalog duchowieństwa. @

Эпімах-Шыпіла Браніслаў (1859-1934), культурна-асветны і рэлігійны свецкі дзеяч, кандыдат гісторыка-філалагічных навук, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, мовазнавец, літаратурны крытык, лінгвіст, выдавец, фалькларыст, бібліяфіл.

Нарадзіўся 04.09.1859 у фальварку Судзілавічы Лепельскага павета Віцебскай губ. Паходзіў з сям'і дробнага шляхціца Ігната Эпімах-Шыпілы. Атрымаў хатнюю адукацыю. У 1871 г., пасля смерці бацькі, выехаў у Рыгу да сваякоў. Там з залатым медалём скончыў Александраўскую гімназію. У 1880 г. паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. У час вучобы зацікавіўся ўсходнімі культурамі. Выявіў вялікія лінгвістычныя здольнасці пры вывучэнні старажытных і новых моў. Авалодаў санскрытам, старажытнагрэчаскаю мовай, свабодна размаўляў на латыні. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1885 г. паспяхова здаў «педагагічны экзамен» і атрымаў ад інспектара Пецярбургскай навучальнай акругі пасведчанне на права выкладаня грэчаскай і лацінскай моў і літаратур у пецярбургскіх гімназіях. На працягу некалькіх гадоў не мог уладкавацца на педагагічную працу: «З прычыны таго, што я па дакументах лічыўся каталіцкай веры і быў не велікарускага паходжання, бо ўсіх католікаў тады лічылі палякамі, мне ўсюды адмаўлялі». Каб забяспечыць сябе «хлебам надзённым», даваў прыватныя ўрокі, працаваў у рэдакцыі «Журнала Министерства путей сообщения». Пазней па вольным найме прыняты на службу ў бібліятэку Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля 2 гадоў працы залічаны на пасаду памочніка бібліятэкара, на якой знаходзіўся да 1925 г. У 1907-1917 гг. працаваў у Імператарскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Выкладаў старажытнагрэчаскую мову і літаратуру. Адначасова больш за 20 гадоў вёў заняткі па гэтых жа прадметах у прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкай парафіі св. Кацярыны ў Пецярбургу. Там жа з 1917 г. пачаў выкладаць беларускую мову. Больш за 10 гадоў працаваў лектарам на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах А.Чарняева. Адзін з лідэраў беларускага культурна-грамадскага, навуковага і рэлігійнага жыцця ў Пецярбургу. З беларускім хрысціянскім рухам звязаны ад пачатку 20 ст. Ініцыятар заснавання і адзін з кіраўнікоў беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» (1906). З часоў выкладчыцкай дзейнасці ў духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу садзейнічаў развіццю нацыянальнай свядомасці цэлай плеяды будучых беларускіх каталіцкіх святароў - А.Станкевіча, А.Цікоты, М.Пятроўскага і інш. Адзін з духоўных патронаў культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Падтрымліваў цесныя кантакты з беларускімі святарамі Я.Белагаловым, Л.Хвецькам, Ф.Абрантовічам, В.Шутовічам і інш. Фактычны кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Пецярбургскім універсітэце (1912-1917). Яшчэ з гадоў вучобы ў Рыжскай гімназіі збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і літаратуры Беларусі. Укладальнік рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі» (1889-1931), дзе сабраў унікальныя тэксты беларускай літаратуры 19 ст. Спрыяў творчаму станаўленню Янкі Купалы, рэдагаваў першы зборнік паэта «Жалейка» (1908). Удзельнічаў у Акадэмічнай навуковай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу (Менск, 1926). У 1927-1929 гг. - дырэктар камісіі Інстытута беларускай культуры па складанні слоўніка беларускай мовы. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны ў Менску 18.07.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Правёў у турме 2 месяцы. Судовая справа была спынена 12.09.1930. Пасля вызвалення савецкія ўлады забаранілі жыць і працаваць у Менску. Увосень 1930 г. вярнуўся ў Ленінград. На працягу 4 гадоў знаходзіўся «на палажэнні ссыльнага»: без кватэры, сталай працы і грошай на ўтрыманне. Памёр 06.06.1934 у Ленінградзе. Месца пахавання невядома.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 128; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Krynica (Петраград). 1917. № 4; Stankievič A., 1939; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 11; БП, VI; Навіны Акадэміі навук Беларусі (Менск). 1992. № 21-22. @

Юневіч Эдвард (1894-1989), каталіцкі святар заходняга абраду, ліцэнцыят тэалогіі, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 12.09.1894 у мясцовасці Новая Вілейка Віленскага павета. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Стафан і Іаанна (з дому Дзятловічаў) Юневічы. Вучыўся ў сярэдняй школе ў Кіеве. Пазней - у Ларынскай гімназіі ў Пецярбургу, дзе атрымаў атэстат сталасці. У 1912-1917 гг. - клерык Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 30.04.1917 архібіскупам Янам Цеплякам. У тым жа годзе распачаў душпастырскую дзейнасць. Выкладаў Закон Божы ў прытулках для дзяцей з бежанскіх сем'яў у Маскве. Увосень 1917 г. паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію ў Петраградзе. З прыходам да ўлады бальшавікоў і закрыццём вышэйшых духоўных устаноў далей вучыцца не змог. Застаўся ў Пецярбургу, дзе служыў вікарыем пры касцёле Аб'яўлення Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1918-1920). У парафіі св. Станіслава, пасля арышту мясцовага святара Вітольда Івіцкага, выконваў абавязкі пробашча (1920). Удзельнічаў у нарадах і пасяджэннях каталіцкага духавенства, якімі кіравалі архібіскуп Э.Роп, а пазней архібіскуп Я.Цепляк. Разам з іншымі святарамі абмяркоўваў становішча каталіцкай царквы і адносіны да яе бальшавіцкай улады. У ліку 14 каталіцкіх святароў быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Праходзіў па вядомай справе архібіскупа Я.Цепляка. На судовым працэсе ў Маскве 21-25.03.1923 абвінавачаны ў прыналежнасці да антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і аказанні супраціўлення пры канфіскацыі царкоўнай маёмасці. Быў прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зняволення з пазбаўленнем усіх правоў. У студзені 1925 г., пасля двухгадовага побыту ў турме, вызвалены ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж урадамі Польшчы і Савецкай Расеі. З 01.02.1925 знаходзіўся ў Віленскай архідыяцэзіі. Выконваў святарскія абавязкі ў Новай Вілейцы на Віленшчыне. Пазней быў пераведзены ў Пінскую дыяцэзію. Працаваў у мясцовай дыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў якасці прафесара эстэтыкі і расейскай мовы. Адначасова служыў у семінарыі духоўнікам. У 1926-1930 гг. вучыўся ў Рыме, дзе атрымаў ліцэнцыят па тэалогіі. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў Пінск. У 1933-1934 гг. быў сакратаром па справах рэлігійных арганізацый у Пінскай дыяцэзіі. З 2-й паловы 1930-х гадоў і ў час Другой сусветнай вайны - пробашч і дэкан у мясцовасці Драгічын. У 1943-1945 гг. выконваў абавязкі генеральнага вікарыя ў Пінскай дыяцэзіі. Пазней уступіў у ордэн айцоў радэмптарыстаў (1946). Пасля навіцыяту ў Торуні і Тыхаве служыў у Глівіцах. З 2-й паловы 1950-х гадоў працаваў у Варшаве. Служыў духоўным айцом святароў з дэканата Воля ў Варшаве і ў дыяцэзіі ў Драгічыне (Польшча). Праводзіў рэкалекцыі і спавядаў вернікаў. Быў абраны візітатарам ордэнаў і ордэнскіх таварыстваў. Вёў шырокую перапіску са святарамі Пінскай дыяцэзіі, якія засталіся ў СССР. Памёр 25.08.1989 у Варшаве. Пахаваны там жа на могілках айцоў радэмптарыстаў.

Літ.: Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Catalogus... Vilnensis; Elenchus... Pinscensis; Stankievič A., 1939; Dzwonkowski R., 1997; Dzwonkowski R., 1998. @

Якуць Зянон (1894-1924), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 22.01.1894 у засценку Скурцішкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Юзэфа (з дому Гасянцоў) Якуці. У 1909-1912 гг. вучыўся ў Відзаўскай гарадской 4-класнай навучальні, дзе скончыў поўны курс навучання. Паспяхова здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў снежні 1912 г. і атрымаў пасведчанне з Пецярбургскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1919 г. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вільні. У 1920-1924 гг. выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Шаркоўшчына Дзісенскага дэканата. Ад пачатку душпастырскай дзейнасці свядома і паслядоўна праводзіў беларусізацыю рымска-каталіцкай царквы ў парафіях з беларускім насельніцтвам. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі і праводзіў катэхізацыю дзяцей на беларускай мове. Памёр 03.01.1924 у Шаркоўшчыне. Пахаваны на мясцовых парафіяльных могілках.

Напрыканцы 1920-х гадоў, акрэсліваючы месца і ролю З.Якуця ў беларускім хрысціянскім руху 20 ст., адзін з яго лідэраў, А.Станкевіч, напісаў: «Калі ўспамінаць далей аб кс. З.Якуцю як аб беларусу, дык трэба сказаць, што быў ён ідэальным прыкладам сваім калегам ксяндзам, як нязвычайна прыгожа зыходзяцца з сабой між беларускага народу духоўная пастырскасць і беларускасць. Кс. З.Якуць быў тыповы ксёндз-беларус. Ён глыбока разумеў важнасць беларускага адраджэння, цаніў яго і прыкладаў да роднай справы ўсе свае сілы».

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Я»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1924. № 3; Stankiewicz A., 1929; Biełaruskaja Krynica (Вільня). 1936. № 45.