##ShortTitle: Антысавецкія рухі ##LongTitle: Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956). Даведнік ##FrontpageTitle: Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956) ##ExpandArticle: true ##Type: enc ##TitleNote: тар. ##HTMLDescription_BEGIN Створана на падставе:
Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Разьдзелы:
 Пэрсаналіі  

 Арганізацыі (асяродкі, партыі, фармацыі)  

 Акцыі  

 Выданьні  

 Узнагароды  


У даведніку сабраная і сыстэматызаваная інфармацыя пра пэрсаналіі і падзеі, датычныя супрацьстаяньню людзей Беларусі таталітарнай савецкай сыстэме ў 1944-1956 гадох. Падобная праца праведзеная ўпершыню. Публікуецца інфармацыя пра ўзброеныя формы барацьбы, пра беларускае падпольле, а таксама пра антысавецкія арганізацыі нацыянальных мяншыняў Беларусі.
##HTMLDescription_END ##Chapter: 1. Пэрсаналіі @

Адамовіч Алесь (нарадзіўся на Пастаўшчыне), удзельнік беларускага моладзевага антысавецкага паваеннага руху. Быў сябрам Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП), сакратаром Пастаўскае групы гэтай падпольнай вучнёўскай арганізацыі. Вязень ГУЛАГу.

Па адкрыцьці ў Паставах пэдагагічнай навучальні пачаў вучыцца ў гэтай установе. Арыштаваны органамі МГБ у 1947 па выкрыцьці СБП. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў Сьвярдлоўскай вобл. каля гораду Турыйску ў лягеры, які ўваходзіў у аб'яднаньне «Восток-Ураллаг». Пад час зьняволеньня А. зрабіў спробу ўцёкаў, якая была няўдалай. Пасьля гэтага быў пераведзены ў адзін з штрафных лягпунктаў.

Рэабілітаваны. У часы дэмакратызацыі А. выступаў у друку на тэму ўспамінаў пра беларускі паваенны моладзевы антысавецкі рух.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 71, 77, 89, 112, 165, 252, 340.

Юры Грыбоўскі @

Агейка Міхась (1928, Наваградчына), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля ў 1946-1947 у Баранавіцкай вобл. Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. У 1945 скончыў Наваградзкую пэднавучальню, а ў 1947 - Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1946 - удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля пры Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, што ўваходзіла ў склад кансьпірацыйнай арганізацыі «Чайка», быў дарадцам Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху.

Арыштаваны органамі МГБ у пачатку чэрвеня 1947 і 16-18.10.1947 засуджаны ў Баранавічах ваенным трыбуналам паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР (цывільная здрада СССР і антысавецкая агітацыя) да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пакараньне адбываў у баранавіцкай турме і канцлягерох Комі АССР, працуючы ў вугальных шахтах Інты. Вызвалены па заліках умоўна-датэрмінова 18.11.1954, але бяз права выезду. Толькі 20.04.1956 высылка была адмененая. Пасьля вызваленьня працягваў працаваць на шахтах Інты. У 1963 завочна закончыў Варкуцінскі горны тэхнікум. Рэабілітаваны ў сьнежні 1975. З 1978 на пэнсіі і ў тым жа годзе вярнуўся ў Беларусь. Жыве ў Салігорску.

Васіль Супрун @

Альшэўскі Кастусь (1922, в. Новая Гута былога Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва (цяпер Вялейскі р-н Менскай вобл.)), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля ў Маладэчанскай вобл.

Пасьля вайны працаваў дырэктарам Скародзкай школы Ільлянскага р-ну Маладэчанскай вобл. У 1947 - удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля ў Маладэчанскай вобл. (група С.Яноўскага). Арыштаваны органамі МГБ 16.08.1947 і засуджаны ваенным трыбуналам у Менску 21.11.1947 паводле артукулаў 63-I і 76 КК БССР (цывільная здрада савецкай радзіме і антысавецкая агітацыя) да 10 гадоў зьняволеньня і 3 гадоў пазбаўленьня правоў (высылкі). Пакараньне адбываў у турмах Менску і канцлягерох СССР.

Васіль Супрун @

Амельляновіч Алесь (30.09.1928, в. Гулі Пастаўскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мядзельскі р-н Менскай вобл.)), сябра Пастаўскай групы паваеннай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1954.

Бацька А. быў адным з энтузіястаў, што пры т.зв. «тых саветах» у 1940 годзе браў удзел у стварэньні калгасу. Пад час нямецкае акупацыі ён падаў пэтыцыю, каб забраць сваю зямлю назад. За гэта па вяртаньні ў 1944 саветаў быў кінуты ў вязьніцу. Загінуў у 1948 годзе ў лягеры ў Кемераўскай вобл.

Пачатковую адукацыю А. атрымаў за польскім часам у школе, што месьцілася ў в. Слабада. «Сярод вяскоўцаў вельмі цанілася адукацыя. Як ня цяжка было, але кожная сям'я імкнулася калі ня ўсім, то аднаму-двум дзецям даць больш-менш прыстойную па тых мерках адукацыю. Але ўсё ішло ў ход, каб нас апалячыць. Усё ў нашай Слабадзкой школе выкладалася па-польску. Нам забаранялася ў школьных сьценах размаўляць па-свойму», - узгадвае А. [2, 247].

Па прыходзе Чырвонай Арміі ў 1940 годзе А. пайшоў у савецкую школу ў той жа Слабадзе. «Не скажу, што школа ў той час была сапраўды нацыянальная. Хоць былі настаўнікі, шчырыя беларусы, якія выкладалі прадметы па-беларуску», - кажа А. [2, 249].

Да пачатку вайны А. скончыў тут 5 клясаў. Яшчэ два гады ў Кабыльніцкай школе давялося давучвацца ўжо ўва ўмовах нямецкай акупацыі. Зь верасьня 1943 ён стаў вучыцца ў настаўніцкай сэмінарыі, што адкрылася ў Паставах. Тут А. быў залічаны ў СБМ. «Саюз Беларускай Моладзі стаўся для нас толькі свойскім, патрыятычным аб'яднаньнем, дзе нас вучылі любіць Беларусь, родную зямлю. У нас толькі-толькі закладаліся асновы нацыянальнай самасьвядомасьці, самапавагі. Ужо з гэтай прычыны мы проста не былі прыдатныя, каб стаць носьбітамі якога б там ні было нацыянальнага эгаізму, тым болей такой яго скрайняй формы, як фашызм», - успамінае А. [2, 250].

Пасьля вызваленьня Беларусі ад немцаў 1 верасьня 1944 у Паставах была адкрытая пэдагагічная навучальня, куды А. прымаюць на другі курс, паколькі за плячыма была ўжо вучоба ў сэмінарыі. Сышоўся са студэнцкім аб'яднаньнем навучэнцаў-падпольшчыкаў, што ўжо існавала тутака. «8 сакавіка на кватэры нашай аднакурсьніцы Ніны Асіненкі, куды мяне запрасіў Мікола Асіненка, я даведаўся, што ў пэднавучальні створаная нелегальная моладзевая арганізацыя. Мэты яе - бараніць родную мову, культуру, нацыянальныя традыцыі, самабытнасьць», - узгадвае А. [2, 251].

А. спрычыніўся да яе дзейнасьці. Па сканчэньні пэднавучальні ён паводле накіраваньня, з дыплёмам настаўніка, трапіў у школу ў в. Сваткі Мядзельскага р-ну. Далей А. меркаваў паступіць у ВНУ на завочнае аддзяленьне.

Арыштаваны органамі МГБ па т.зв. справе «Мядзельца-Асіненкі» 26.02.1947 году на працоўным месцы. А. быў засуджаны Менскім ваенным трыбуналам паводле арт. 63-I, 76 КК БССР на 10 гадоў лягероў з пазбаўленьнем потым правоў.

Пасьля бадзяньняў па перасылачных турмах нарэшце трапіў на капальні золата Бадайбінскага р-ну Іркуцкай вобл. «Здабытчыкі золата карысталіся ў ГУЛАГу крыху большай увагай, чымся іншыя зьняволеныя. Нам нават паёк стараліся даваць лепшай калярыйнасьці. Падтрымлівалі нашу працаздольнасьць. Але праца на прыіску была ня толькі цяжкай, але й небясьпечнай. Пасьля выбуху ў забоі патрывожаная парода магла неспадзявана абрынуцца пад сілай свайго цяжару», - узгадвае А. [2, 263].

З 1949 году А. быў пераведзены ў т.зв. «Берляг» Магаданскай вобл., дзе працаваў на рудніку імя Матросава. Выйшаў на волю трохі раней, чымся было прадугледжана прысудам - 10.06.1954, але на працягу яшчэ трох гадоў мусіў адбываць высылку: у прысудзе да тэрміну зьняволеньня быў вызначаны такі тыповы для палітычных «дадатак». Па вызваленьні А. скончыў Магаданскі горны тэхнікум, філія якога дзейнічала ў пасёлку Усьць-Амчак. Неаднаразова зьвяртаўся з просьбай да ўладаў дазволіць вярнуцца на радзіму, але атрымоўваў адмоўны адказ. Нейкі час давялося працаваць электрасьлесарам напрыіску імя Цімашэнкі і Гастэлы. У 1957 пасьля атрыманьня ўсё ж дазволу на выезд у Беларусь, разам з жонкай Фаінай Філіпавай пераехаў у Вялейку, дзе і жыве на сёньняшні дзень. Да выхаду на пэнсію ў 1994 працаваў на вялейскім рэмзаводзе. Рэабілітаваны. А. браў актыўны ўдзел у напісаньні артыкулу ўспамінаў у кнізе «Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 245-273, 340.

Юры Грыбоўскі @

Апановіч Мікалай (нар. у 1911 г. у в. Мохавічы Мядзельскага р-ну, селянін), асуджаны 20.07.1949 за «паклёп на савецкую ўладу» на 10 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн, 1998.

Міхась Чарняўскі @

Арцюшэўскі, удзельнік Амэрыканскага дэсанту 26-27.08.1952. Паводле сьведчаньняў Цімоха Вострыкава, А. адыграў не апошнюю ролю ў выкрыцьці органамі МГБ БССР групы Вострыкава. Інфармацыя патрабуе праверкі.

Літ.: 1. Цімох Вострыкаў: «Яшчэ не прыйшоў час» // Наша Ніва. 15.06.1998.

Юрась Думбляўскас @

Асіненка Мікола (Крывіч; ?, в. Рамельнікі (сёньня Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.)), удзельнік беларускага паваеннага антысавецкага моладзевага руху. Сябра моладзевай патрыятычнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Быў адным з заснавальнікаў і старшынём Пастаўскай групы СБП. Вязень ГУЛАГу.

Пасьля вызваленьня Беларусі ад немцаў у 1944 А. паступіў у адкрытую ў Паставах пэдагагічную навучальню. Пад час вучобы ў гэтай навучальнай установе пісаў патрыятычныя вершы. А. быў адным зь ініцыятараў згуртаваньня нацыянальна сьвядомых навучэнцаў у падпольную арганізацыю. А. браў удзел 25.03.1946 у прыняцьці прысягі на вернасьць Беларусі.

Па разгроме СБП органамі МГБ у лютым 1947 быў арыштаваны і асуджаны 20.06.1947 паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да сьмяротнай кары, якая была зьмененая на 25 гадоў пазбаўленьня волі з 5-гадовым паражэньнем у правох.

Пад час адбываньня тэрміну А. нейкі час быў шпіталізаваны і знаходзіўся ў Кемераўскай вобл. на адным з мэдыка-санітарных пунктаў для зьняволеных.

Па вызваленьні вярнуўся ў Беларусь, але ў хуткім часе пераехаў у Казахстан, потым ува Ўзбэкістан. Там А. завочна скончыў з чырвоным дыплёмам Ташкенцкі політэхнічны інстытут. Працаваў галоўным інжынэрам на заводзе будаўнічых матэрыялаў у Чэрыкаве. Пасьля сьмерці жонкі Ніны Асіненкі А. накіраваўся з брыгадай будаўнікоў на БАМ. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 23, 25, 39, 44, 47, 48, 71, 74, 108, 112, 113, 140, 143, 144, 146, 165, 167, 194, 251, 252, 287, 288, 320, 340.

Юры Грыбоўскі @

Асіненка Ніна, сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень.

08.03.1946 на кватэры Н.А. адбылася сустрэча пастаўскай моладзі, пад час якой была створаная арганізацыя «За Беларусь». Н.А. брала ўдзел ува ўрачыстай прысязе сяброў Пастаўскай групы СБП - гэта адбылося 25сакавіка 1946 у вёсцы Рамелькі пад Паставамі ў хаце Міколы Асіненкі. Н.А. прыняла псэўданім Незабудка.

Н.А. была арыштаваная па справе СБП. На судовым працэсе ў Менску (16-20.06.1947) яе нарачоны Мікола Асіненка паспрабаваў адмовіць удзел Н.А. у СБП. Але сама Н.А. заявіла: «Я была ў СБП і не адракаюся ад гэтага. Была і застаюся разам з маімі сябрамі» [1, 74]. Прыгавораная да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля вызваленьня з ГУЛАГу разам з мужам Міколам Асіненкам жыла ў Казахстане ды Ўзбэкістане. Зьнясіленая бальшавіцкімі лягерамі, Н.А. заўчасна памерла.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 74, 112, 113, 115, 146, 165, 251, 252, 340.

Алег Гардзіенка @

Асяцімскі Алесь, арганізатар беларускай антысавецкай партызанкі на Беласточчыне ў 1944. Сябра БНП. Пад час нямецкай акупацыі быў у беластоцкім беларускім батальёне. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Ёрш С. Зноў пра маёра Гелду // Ніва (Беласток). 12.01.1997, № 2.

Сяргей Ёрш @

Ахрамовіч, селянін з-пад в. Чарняты Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл., бацька Зянона Ахрамовіча, удзельнік антыкамуністычнага падпольнага руху на Смаргоншчыне (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

На хутары Ахрамовічаў захоўвалася пішучая машынка і друкаваліся антыкамуністычныя ўлёткі. Арыштаваны ў пачатку 1950, летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі асуджаны па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі на 25 гадоў зьняволеньня. Пасьля вызваленьня ў сярэдзіне 50-х гадоў выехаў у Польшчу, дзе і памёр.

Міхась Чарняўскі @

Ахрамовіч Ганна, сялянка з-пад в. Чарняты Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл., маці Зянона Ахрамовіча.

Арыштаваная ў пачатку 1950 і летам таго ж году асуджаная па справе мядзельска-смаргонскага падпольля на 25 гадоў зьняволеньня. У сярэдзіне 50-х гадоў разам з мужам і сынам выехала ў Польшчу, дзе і памерла.

Міхась Чарняўскі @

Ахрамовіч Зянон (1932, хутар каля в. Чарняты Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл.; жыве ў Эльблонгу, Польшча), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе, восеньню 1949 актыўна ўключыўся ў антыкамуністычную дзейнасьць, разам з кіраўніком падпольнай арганізацыі Р.Лапіцкім распаўсюджваў улёткі; захоўваў на бацькавым хутары пішучую машынку, на якой улёткі друкаваліся. Арыштаваны ў лютым 1950, летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі асуджаны па справе мядзельска-смаргонскага падпольля на 25 гадоў зьняволеньня ў лягерох. Пакараньне адбываў у асноўным у Сьвярдлоўскай вобл. на лесапавале і будаўнічых работах разам зь іншымі ўдзельнікамі арганізацыі К.Іваноўскім і Э.Сташкевічам. Вызвалены са зьняволеньня ў сярэдзіне 50-х. Вярнуўся на Смаргоншчыну і неўзабаве выехаў у Польшчу.

Міхась Чарняўскі @

Ахрэм, намесьнік генэрала М.Вітушкі ў кіраўніцтве аддзеламі «Чорнага ката».

Бібл.: 1. Падпольныя выданьні беларускіх партызанаў і нацыянальных арганізацыяў // Вольнае слова. 05.12.1949, № 7-9.

Сяргей Ёрш @

Ашукоўская Часлава (08(10).10.1932, Смаргонь Гарадзенскай вобл.; цяпер жыве ў Туапсэ, Расея), удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

З 1940 расла і выхоўвалася бяз бацькі, арыштаванага і асуджанага да зьняволеньня савецкімі ўладамі, якія ўсталяваліся ў верасьні 1939 у Заходняй Беларусі. Засталася з маці, старэйшымі братам і сястрой. Пасьля заканчэньня вайны вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. У 1949 у школе пазнаёмілася з вучнямі-антыкамуністамі, ведала пра існаваньне арганізацыі, сябравала і спачувала падпольшчыкам, але да актыўнай дзейнасьці далучыцца не пасьпела. Як дзевяціклясьніцу органы МГБ арыштавалі ў школе ў канцы сакавіка 1950, разам з Лапыцькай Зосяй. Утрымлівалі ў вязьніцы ў Маладэчне. У Маладэчне ж летам 1950 ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі была асуджана разам з групай іншых удзельніц мядзельска-смаргонскага падпольля. Атрымала 8 гадоў зьняволеньня «за недоносительство».

Як малалетняя, першы год утрымлівалася ў дзіцячай калёніі ў Гомелі, працуючы ў швейнай майстэрні. Далейшы тэрмін адбывала ў канцлягерох за Сьвярдлоўскам, дзе выкарыстоўвалася на розных цяжкіх работах. Летам 1954 вызваленая са зьняволеньня і вярнулася ў Смаргонь. Тут выйшла замуж за вайскоўца-армяніна, які ўсе гэтыя гады чакаў вяртаньня з канцлягера каханай дзяўчыны. Затым з мужам і дзецьмі трапляла ў розныя мясьціны Савецкага Саюзу, а таксама ў ГДР. Зараз па сьмерці мужа жыве ў Туапсэ, гадуе ўнукі.

Міхась Чарняўскі @

Бабіч Віктар, сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Прыгавораны да 10 год пазбаўленьня волі. Памёр.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 340.

Алег Гардзіенка @

Бабіч Іван (1930, вёска Бабічы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. - 03.10.1994), сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Пасьля выгнаньня немцаўз тэрыторыі Беларусі І.Б. разам зь сястрой Марыяй Бабіч паступіў на вучобу ў Глыбоцкую пэдагагічную навучальню. Пад час навучаньня І.Б. далучаецца да Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Гэта адбылося трохі пазьней за далучэньне да СБП Марыі Бабіч. Варта адзначыць, што ні Марыя, ні Іван напачатку не здагадваліся пра ўдзел адзін аднаго ў СБП. «Мы мала што пасьпелі зрабіць. Ды і задачы ставілі перад сабой галоўным чынам культурна-асьветніцкія: адстойваць сваю нацыянальную адметнасьць, мову, культуру, гісторыю, свае традыцыі» [1, 224].

У пэрыяд ад першых арыштаў сяброў СБП (08.02.1947) і да ўласнага арышту Іван і Марыя Бабічы перайшлі на паўлегальнае становішча. Абое яны былі арыштаваныя органамі МГБ 08.09.1947 на станцыі Навадруцак, што ля Глыбокага, пад час спробы выезду ў Польшчу. Можна меркаваць, што спробы ўцёкаў былі інсьпіраваныя МГБ дзеля арышту Івана і Марыі Бабіч. Да арышту мае непасрэднае дачыненьне навучэнец Глыбоцкае пэднавучальні «сэксот» Канстанцін Талапіла.

Пасьля арышту І.Б. знаходзіўся ў полацкай турме. Асуджаны ён быў разам з маці Ганнай і дзядзькам Аляксеем Бабічам. Пад час судовага працэсу былі дапушчаныя грубыя фальсыфікацыі. І.Б. быў асуджаны як паўналетні (дзеля гэтага запісалі, што нарадзіўся ён у 1929) да 25 год пазбаўленьня волі. «Маю віну асабліва абцяжарыла «зброя». Мне адмерылі аж 25 гадоў. А я ж зброю наогул у руках не трымаў па-сапраўднаму. Пад час свайго гуляньня па гумнах, па лесе меў з сабой усяго толькі сьцізорык - хлеба, сала адкроіць» [1, 229].

І.Б. адбываў тэрмін у лягерах Комі АССР, пад Тайшэтам, у Нарыльску (Горлагу). У часе знаходжаньня ў лягеры ў Нарыльску браў удзел у страйку вязьняў, які ахапіў нарыльскі Гарлаг (травень-ліпень 1953). У 1955 І.Б. разам зь сястрой Марыяй быў накіраваны ў Маладэчну для перагляду судовай справы. У хуткім часе І.Б. быў вызвалены.

Па вяртаньні ў Беларусь зьведаў уціск мясцовых савецкіх уладаў. Разам з Марыяй Бабіч і ейным мужам Лявом Бялевічам выехаў на заробкі ў Інту. Працаваў у шахце, потым электрыкам шахтавага абсталяваньня. Некалькі разоў прадстаўляўся да працоўных узнагародаў, але з-за свайго мінулага імя І.Бабіча выкрэсьлівалася са сьпісу кандыдатаў. Пад час перабудовы быў узнагароджаны ордэнам «шахцёрскае славы». Па выхадзе на пэнсію разам з жонкай Тацянай вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў Ваўкавыску. Пасьля доўгай хваробы на рак, выкліканай пакутамі ў ГУЛАГу, І.Б. памёр 03.10.1994. Вось што ўспамінае ягоная сястра Марыя Бабіч: «Перад сьмерцю, прадчуваючы свой канец, ён папрасіў нас, родных, каб паклалі яго ў труну з выявай «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцягу, а на помніку напісалі: «Хай сьняцца сны аб Беларусі». Мы выканалі ягоны запавет» [1, 243].

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 75, 86, 88, 117, 140, 141, 215-243, 311, 314, 340.

Алег Гардзіенка @

Бабіч Марыя (у шлюбе Бялевіч; 1928, вёска Бабічы Глыбоцкага р-ну Віцебскай вобл.), сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень; сястра Івана Бабіча.

Пад час навучаньня ў Глыбоцкай пэднавучальні ўступае ў Саюз Беларускіх Патрыётаў. 25.03.1946 разам зь іншымі сябрамі СБП прымае прысягу на вернасьць беларускаму народу: «У мяне былі шчырыя гутаркі з Антонам Фурсам наконт таго, як гвалтам выцясьняецца з нашае навучальні беларуская мова, як нас спрабуюць дэнацыяналізаваць. І я згаджалася зь ім, што нельга з гэтым мірыцца, патрэбна неяк процідзейнічаць. Я была ў ліку першых, з каго пачынаўся Саюз Беларускіх Патрыётаў» [1, 223-224].

У пэрыяд ад першых арыштаў сябраў СБП (08.02.1947) і да ўласнага арышту Марыя і Іван Бабічы перайшлі на паўлегальнае становішча. Абое былі арыштаваныя 08.09.1947 на станцыі Навадруцак пад час спробы выехаць у Польшчу. М.Б. пасьля арышту ўтрымлівалася ў полацкай турме. Асуджана была разам з братам Іванам, маці Ганнай і дзядзькам Аляксеем Бабічам. Апошнія двое былі асуджаныя за неданясеньне на «ворагаў народу» Марыю і Івана Бабічаў. М.Б. была асуджаная да 10 год пазбаўленьня волі. Тэрмін адбывала ў Комі АССР, Кіраўскай вобл., у Азерлагу пад Тайшэтам, працавала на будаўніцтве чыгункі Тайшэт-Брацк, потым у Мардоўскай АССР.

У 1955 М.Б. і Іван Бабіч былі прывезеныя ў Маладэчну, дзе адбыўся перагляд судовай справы. Тэрмін быў скарочаны да 8 год. М.Б. была вызваленая ў лютым 1956, вярнулася ў родныя мясьціны. Пабралася шлюбам зь сябрам Глыбоцкай групы СБП Лявом Бялевічам. Маюць дачку. З 1983 Леў і Марыя Бялевічы жывуць у Полацку.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18-21, 38, 75, 86, 88, 117, 126, 137, 139, 140, 141, 181, 182, 185, 186, 200, 215-243, 281-283, 314, 340.

Алег Гардзіенка @

Багдановіч Глеб (1913, Вільня - 1957, Радашкавічы?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, доктар мэдыцыны. Удзельнік дэсанту батальёну «Дальвіц» у лістападзе 1944 на Віленшчыну.

Сын сэнатара Вячаслава Багдановіча, расстралянага бальшавікамі ў Вялейцы ў 1941. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Быў сябрам Беларускай студэнцкай карпарацыі «Скарынія» ў Вільні. Пад час нямецкай акупацыі Б. спачатку працаваў доктарам у Івянцы. Удзельнічаў у падпольным руху, быў сябрам БНП. З траўня 1944 - афіцэр БКА. Зь ліпеня 1944 Б. знаходзіўся ў беларускім дэсантным батальёне «Дальвіц». 17.11.1944 у складзе 28-асабовай групы дэсантаваўся на Віленшчыне. Разам зь некалькімі дэсантнікамі трапіў у акаўскі аддзел «Комара». Зь вясны 1945 хаваўся ў вёсках, а ў чэрвені 1945 з акаўскай групай «Лялюся» з боем прарваўся ў Польшчу.

Б. жыў і працаваў доктарам на Беласточчыне, удзельнічаў у падпольным руху. Быў прызваны ў польскае войска, у ранзе паручніка служыў старшым палкавым доктарам. 14.04.1949 Б. быў арыштаваны польскай УБ ды дэпартаваны ў СССР.

Зьняволеньне Б. адбываў у Варкуце. Васіль Супрун успамінае: «У лягерох Багдановіча звалі «доктар Глебка». Вельмі шырокай эрудыцыі чалавек, і як мэдык, і як палітык, і як дыплямат...». Пасьля вяртаньня ў Беларусь жыў у Радашкавічах, працаваў доктарам, але хутка памёр.

Кр.: 1. Успаміны Васіля Супруна (архіў аўтара).

Бібл.: 2. Семашко Е. Коршуны из Дальвица // Семь дней. 1994, № 28 (236), ліпень; 3. Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 217-218; 4. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 148.

Сяргей Ёрш @

Баговіч Лявон, сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 340.

Алег Гардзіенка @

Баравец Тарас (паводле некаторых крыніцаў - Максім, мянушка «Тарас Бульба»; 09.03.1908, в. Быстрычы Бярэзнаўскага р-ну Ровенскай вобл., Украіна - 15.05.1981, Канада), украінскі вайсковы й палітычны дзеяч, стваральнік і камандзір украінскіх збройных фармаваньняў на Палесьсі.

Прыхільнік экзыльнага ўраду Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. З 1933 - кіраўнік падпольнай арганізацыі «Украінскае Нацыянальнае Адраджэньне» на Заходняй Украіне. Мэтаю арганізацыі была барацьба за адраджэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. У 1934-1935 знаходзіўся ў картуз-бярозаўскім канцлягеры. Летам 1941 утвораная ім Палеская Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі ўзяла пад кантроль частку Палесься. З восені 1941 адмовіўся ад супрацоўніцтва зь немцамі й сышоў у падпольле. ПС УПА супрацоўнічала зь Беларускай Народнай Партызанкай. У 1942 зьмяніў назоў ПС УПА на Ўкраінскую Нацыянальна-Рэвалюцыйную Армію. Летам 1943 аддзелы Бараўца былі сілай падначаленыя ОУН С.Бандэры, а сам атаман трапіў у нямецкі канцлягер Заксэнхаўзэн, дзе знаходзіўся да канца вайны.

На эміграцыі ўзначальваў вайсковую арганізацыю Ўкраінская Нацыянальная Гвардыя, супрацоўнічаў з падобнымі беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі. Выдаваў часапіс «Меч і воля». Аўтар успамінаў «Армія без держави» (Львоў, 1993).

Бібл.: 1. Леонюк В. Словник Берестейщини. Львів, 1996. С. 74-75; 2. Баравец Тарас // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Мн., 1996. Т. 2. С. 286.

Сяргей Ёрш @

Баравы Алесь, гл. Змагар Алесь. @

Баравы Віктар (нар. у 1891 у в. Каракулічы Мядзельскага р-ну, рыбак), асуджаны 27.03.1948 «за правядзеньне антысавецкай прапаганды і варожыя дзеяньні супраць прадстаўнікоў савецкай улады» на 10 гадоў зьняволеньня. Рэабілітаваны ў 1960.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Бароўка Іван, сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 340.

Алег Гардзіенка @

Бароўка Ліна (Ангеліна; мянушка Таполя; нар. ў 1931?), сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, скарбнік Пастаўскай групы, палітычны вязень.

Пад час навучаньня ў Пастаўскай пэдагагічнай навучальні Л.Б. увосень 1945 уступіла ў падпольную арганізацыю «За Беларусь». 25.03.1946 брала ўдзел ува ўрачыстай прысязе сяброў СБП. У лютым 1947 арыштаваная органамі МГБ. На кватэры, дзе жыла Л.Б., быў зроблены ператрус і ў якасьці рэчавага доказу сканфіскаваны падручнік беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча. На судовым працэсе ў Менску 20.06.1947 атрымала 10 год пазбаўленьня волі: «...варожа настроеная да савецкай улады, увосень 1945 уступіла ў падпольную арганізацыю СБП. Прыняла прысягу на вернасьць беларускаму народу. Размнажала тэксты прысягі для тых, хто ўступаў у арганізацыю. Прадастаўляла кватэру для правядзеньня нелегальных зборышчаў і сама актыўна ўдзельнічала ў іх. Для кансьпірацыі практычнай дзейнасьці мела мянушку Таполя. Захоўвала антысавецкую літаратуру. Разам з Асіненкам Мікалаем зрабіла сьцяг для арганізацыі. Зьбірала сяброўскія ўнёскі зь сяброў арганізацыі» (1, 114 - вытрымкі з тэксту прысуду).

Свой тэрмін Н.Б. адбывала ў дзіцячай калёніі Менску, потым у лягеры ў Мардовіі. Непасільная праца і лягерныя ўмовы падарвалі здароўе. На волю Л.Б. выйшла датэрмінова, з прычыны асуджэньня ў непаўналетнім узросьце. Адчуваючы ціск з боку ўладаў у Беларусі, пераехала са сваёй маці ў Рыгу на пастаяннае месца жыхарства.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 71, 111-115, 126, 139, 165, 194, 252, 340.

Алег Гардзіенка @

Барсук Алена (нар. у вёсцы Барсукі Глыбоцкага р-ну Віцебскай вобл.) сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень.

А.Б. вучылася ў Шкунціцкай школе, потым паступіла ў Глыбоцкую пэдагагічную навучальню. Разам з роднай сястрой Ларысай Барсук А.Б. уступіла ў Глыбоцкую групу СБП. 25 сакавіка 1946 брала ўдзел у прынясеньні прысягі. Увесну 1947 арыштаваная органамі МГБ. Пад час судовага працэсу ў Полацку (11-12.11.1947) атрымала 10 год пазбаўленьня волі. Тэрмін зьняволеньня адбывала ў «Азёрлягу» пад Тайшэтам. Няма ў жывых.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 38, 224, 227, 229, 236, 283, 317, 319, 340.

Алег Гардзіенка @

Барсук Ларыса (нар. у вёсцы Барсукі Глыбоцкага р-ну Віцебскай вобл.), сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень.

Л.Б. вучылася ў Шкунціцкай школе, потым паступіла ў Глыбоцкую пэдагагічную навучальню. Разам з роднай сястрой Аленай Барсук Л.Б. уступіла ў Глыбоцкую групу СБП. 25 сакавіка 1946 брала ўдзел у прынясеньні прысягі. Увесну 1947 Л.Б. арыштаваная органамі МГБ. Пад час судовага працэсу ў Полацку (11-12.11.1947) атрымала 10 год пазбаўленьня волі. Тэрмін зьняволеньня адбывала ў «Азёрлягу» пад Тайшэтам.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 38, 224, 227, 229, 236, 283, 317, 319, 340.

Алег Гардзіенка @

Барсук Тамара (нар. 26.03.1929 у вёсцы Барсукі Глыбоцкага р-ну Віцебскай вобл.), сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень

У 1939-1944 Т.Б. вучылася ў Шкунціцкай школе; увосень 1944 яна пайшла ў 9 клясу Глыбоцкай СШ № 1. Пад час навучаньня Т.Б. сутыкнулася з татальнай русіфікацыяй адукацыі. Праз навучэнку школы Лідзію Несьцяровіч Т.Б. далучаецца да моладзевай патрыятычнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП), сябры якой былі і сярод школьніцтва. «Як я зразумела, якіх-небудзь радыкальных, рэвалюцыйных мэтаў у СБП ня ставілі. Хацелі адстойваць сваё права на родную мову, на сваю гісторыю, культуру, на сапраўды сувэрэннуюдзяржаву» [1, 320].

У сакавіку 1947 Т.Б. была арыштаваная пад час заняткаў у школе. На кватэры, дзе яна жыла, быў учынены ператрус. Т.Б. была дастаўленая ў менскую турму, дзе адсядзела тры месяцы і дзе да яе неаднаразова тарнаваліся фізычныя меры ўзьдзеяньня. Т.Б. асуджаная 20.06.1947 паводле арт. 163 КК БССР на тры гады пазбаўленьня волі. «...маё сэрца балела за Бацькаўшчыну, забраную, зьняволеную, пакінутую бяз мовы, без гісторыі, без усяго, што даецца Богам, лёсам кожнаму народу» [1, 323].

Т.Б. тэрмін адбывала ў Архангельску, Дудзінцы, Нарыльску. Па заканчэньні тэрміну ўвесну 1950 вярнулася ў Глыбокае, працягнула вучобу ў СШ № 1. У паступленьні ў Горацкую БСГА было адмоўлена па прычыне нядобранадзейнасьці. Скончыла завочнае аддзяленьне Віцебскага пэдінстытугу, выкладала ў пачатковай школе ў вёсцы Шчумялі Шаркоўшчынскага р-ну Віцебскай вобл. У 1953 пабралася шлюбам зь Іванам Лагуном. Сям'я ў 1958 пераехала ў Глыбокае. Т.Б. да выхаду на пэнсію ў 1991 працавала настаўніцай у СШ № 2 Глыбокага. Пад час працы зьведала маральны ўціск з боку «пільных» калегаў.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 89, 283, 317-327, 340.

Алег Гардзіенка @

Барташэвіч Марыя (нарадзілася каля 1930 недалёка Крэва, у вёсцы (магчыма, у Войневічах) Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл.), удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. Восеньню 1949, калі знаходзілася ўжо ў 10-й клясе, далучылася да падпольнай вучнёўскай арганізацыі. У пачатку 1950 была арыштаваная, а ў ліпені таго ж году на працэсе ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падпольля асуджана ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі на 10 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Далейшы лёс М.Барташэвіч пакуль не вядомы.

Міхась Чарняўскі @

Барэйка Аляксандар (1927, Наваградчына), адзін з актыўных удзельнікаў і кіраўнікоў беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Баранавіцкай вобл.

Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, у 1945 скончыў Наваградзкую пэднавучальню, а ў 1947 - Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1946 - удзельнік і кіраўнік беларускага патрыятычнага падпольля пры Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, што ўваходзіла ў склад кансьпірацыйнай арганізацыі «Чайка», затым намесьнік кіраўніка Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР) у Заходняй Беларусі.

Арыштаваны органамі МГБ у самым пачатку чэрвеня 1947 і засуджаны ваенным трыбуналам войскаў МВД Баранавіцкай вобл. 16-18.10.1947 паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР (цывільная здрада СССР і антысавецкая агітацыя) да 25 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пакараньне адбываў у турмах Баранавічаў і канцлягерох Магаданскай вобл. Вызвалены ў 1956 на падставе рашэньня камісіі Вярхоўнага Савету СССР.

Васіль Супрун @

Буйко Адам (нар. у 1929 у в. Аўсянкі Мядзельскага р-ну, селянін), асуджаны 28.07.1947 «за паклёп на савецкі лад» на 8 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць:Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Бацяноўскі Альбэрт (20.09.1929, в. Сьнігальшчына Дзісьненскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мёрскі р-н Віцебскай вобл.)), сябра Глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1954.

Пад час нямецкай акупацыі ў 1943 Б. скончыў сёмую клясу Чарнеўскай школы. У 1944 па прыходзе Чырвонай Арміі паступіў у адкрытую Глыбоцкую пэдагагічную навучальню, дзе вучыўся да 1947-га. Тут ён далучаецца да ўтворанага навучэнцамі патрыятычнага гуртка.

Пасьля таго як органы МГБ пачалі разгром маладых патрыётаў, 1 сакавіка 1947 Б. быў арыштаваны за прыналежнасьць да падпольнай арганізацыі і асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмін адбываў у розных мясьцінах, у тым ліку ў лягеры «Краснае ўрочышча», што пад Менскам, дзе працаваў на будоўлі менскага аўтамабільнага заводу.

Па вызваленьні ў 1954 на падставе асуджэньня ў непаўналетнім веку Б. вярнуўся на Бацькаўшчыну ў Глыбокае. Працаваў рабочым на розных работах да 1988, пакуль не перажыў інсульт і не атрымаў II інвалідную групу. Сёньня пэнсіянэр. Рэабілітаваны. Жыве ў Глыбокім.

Кр.: 1. ANH, Р-3.

Бібл.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 89, 167, 182, 340.

Юры Грыбоўскі @

Бітэль Пятро (06(19).06.1912, мястэчка Радунь Лідзкага павету Віленскай губ. (сёньня г.п. Радунь Воранаўскага р-ну Гарадзенскай вобл.) - 18.10.1991), беларускі паэт, перакладчык, краязнаўца й мэмуарыст. Ахвяра савецкага паваеннага перасьледу.

Б. нарадзіўся ў сям'і паштовага службоўца. Пад час першай сусьветнай вайны ў 1915 сям'я Бітэляў мусіла ў якасьці ўцекачоў выехаць у Расею. У 1921 бацькі Б. вярнуліся на радзіму й пасяліліся ў в. Любаш Валожынскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1925 Б. з пахвальнай граматай скончыў шэсьць клясаў школы, якая месьцілася ў суседняй вёсцы Вішнева, дзе здаў экзамен за падрыхтоўчы курс і паступіў у настаўніцкую сэмінарыю ў вёсцы Баруны.Тут ён атрымаў моцны запал беларускасьці й загартаваўся, паводле словаў сьведкаў, у сапраўднага патрыёта. Каб атрымаць дазвол быць кіраўніком сямігодкі, паводле тагачасных правілаў, патрабавалася сканчэньне вышэйшага курсу - Б. два гады працягваў вучобу ў Віленскай настаўніцкай сэмінарыі імя Т.Зана, якую скончыў у 1931. У 1933-1934 ён адбываў тэрміновую службу ў польскім войску. З 1934 Б. атрымаў месца загадчыка пачатковай школы ў в. Даўгінава ля Карэлічаў. Працуючы тут, Б. адначасна завочна скончыў гістарычна-філялягічнае аддзяленьне настаўніцкіх курсаў пры Віленскім унівэрсытэце.У 1937-1939 у друку зьявіліся ягоныя артыкулы па пэдагогіцы, якія друкаваліся ў часопісе настаўніцкага прафсаюзу Віленскай акругі «Sprawy nauczycielskie».

У верасьні 1939, калі фашыстоўская Нямеччына зьдзейсьніла напад на Польшчу, Б., як афіцэр, быў мабілізаваны ў войска й накіраваны на фронт. Прайшоўшы праз савецкі палон, Б. быў вызвалены й вярнуўся ў родныя мясьціны, пасяліўся ў бацькоў. Непрацяглы час працаваў настаўнікам у Вішневе, потым быў дырэктарам СШ № 2 у Валожыне, пасьля інспэктарам-мэтадыстам школаў Валожынскага р-ну. З пачаткам нямецкае акупацыі Б. быў адным з арганізатараў гандлёвай школы ў Валожыне, дзе сам выкладаў геаграфію. Паколькі ён добра валодаў нямецкай мовай, то даводзілася быць перакладчыкам.

Улетку 1944 Б. разам зь сям'ёю трапіў у Нямеччыну. З прыходам Чырвонай Арміі быў мабілізаваны ў яе, дзе служыў да канца 1945. Па вяртаньні дамоў Б. працаваў настаўнікам у сямігадовай школе ў в. Забрэзьзе (Валожынскі р-н), пакуль у 1947 ня быў звольнены. З гэтага часу ён працуе сьвятаром у Докшыцах. У 1950 Б. быў арыштаваны і ў 1951 асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмін адбываў у Кемераўскай вобл., Омску, Джэзказгане. Тут на паперы ад мяхоў ад цэмэнту перакладаў на беларускую мову паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына». У 1956 Б. здолеў вярнуцца на радзіму. Нейкі час быў пазбаўлены магчымасьці настаўнічаць. Працаваў сьвятаром.

Дзякуючы намаганьням Максіма Танка Б. вярнуўся да сваёй настаўніцкай дзейнасьці. З 1963 па 1974 Б. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры й нямецкай мовы ў Вішнеўскай сярэдняй школе. Ня маючы вышэйшай адукацыі, у 1970 завочна скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту. Тады ж ён здаў іспыты на права выкладаць нямецкую мову.

У паваенны час Б. вядомы як аўтар шэрагу літаратурна-гістарычных твораў, а таксама на тэматыку жыцьця ў Заходняй Беларусі ў міжваенны пэрыяд. Б. - аўтар такіх кнігаў, як «Людзі і замкі» і «Паэмы». Б. таксама займаўся перакладам з польскай, нямецкай, ангельскай і інш. моваў на беларускую твораў сусьветна вядомых пісьменьнікаў і паэтаў; перакладаў, у тым ліку, «Боскую Камэдыю» Дантэ.

Цалкам Б. рэабілітаваны ў 1978. З 1986 - сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР. Свае мэмуары перадаў у нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Ф.Скарыны.

Памёр Б. у 1991 у Маладэчне; пахаваны ў в. Вішнева Валожынскага р-ну.

Кр.: 1. Успаміны А.Пяткевіча; 2. Успаміны В.Гарбачэўскага

Юры Грыбоўскі @

Блізьнюк Восіп (12.11.1930, в. Шаматова Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл. - 01.08.1994, пахаваны ў Смаргоні), удзельнік актыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Вучыўся ў Смаргонскай школе. За ўдзел у падпольнай антыкамуністычнай арганізацыі смаргонскіх школьнікаў (падрыхтоўка ўзрыву друкарні) у пачатку 1950 арыштаваны, а летам таго ж году асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі да 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Пасьля сьмерці Сталіна вызвалены і вярнуўся ў родную вёску.

Міхась Чарняўскі @

Будкевіч Іван (1916, в. Петрашова пад Маладэчнам - 05.09.1952, в. Пузава пад Маладэчнам), удзельнік Філістовіча групы.

Пад час другой сусьветнай вайны быў старастам Петрашоўскае грамады. З 1944 хаваўся ад органаў савецкай улады. У ліпені 1952 далучыўся да групы Філістовіча разам з Уладзімірам Шыцікам.

У ноч з 4 па 5 верасьня 1952, калі праводзілася апэрацыя МГБ па ліквідацыі групы Філістовіча, разам зь Янкам Філістовічам і Антонам Петрусевічам быў у вёсцы Пузава. Пры вяртаньні раніцой у свой лягер натрапіў на засаду апэратыўна-ваенізаванай групы МГБ. У перастрэлцы Б. быў забіты.

Бібл.: Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста. Менск, 1997. С. 47, 50, 52.

Юрась Думбляўскас @

Бялевіч Леў (10.03.1928, в. Багуцкія Дзісьненскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мёрскі р-н Віцебскай вобл.)), сябра Глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) з восені 1945. Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1955.

Бацькі Б. былі сьвядомымі на свой час людзьмі. І дзяцей сваіх выхоўвалі адпаведным чынам. Падмурак адукацыі, а разам з тым і першыя ўрокі беларушчыны, атрымаў яшчэ ў дашкольны час. «Мой дзядуля, а таксама мой бацька Нікан і бацькаў брат дзядзька Мілеця былі шчырымі беларусамі. Сьвядома падкрэсьлівалі гэта, ганарыліся гэтым. Я чуў ад іх узьнёслыя расказы пра Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, пра іхны ўдзел у працы мясцовага гуртка гэтай арганізацыі. У нашай хаце заўсёды былі кнігі, газэты на беларускай мове. Ад дзядулі я ў маленстве пачуў пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага, пра дзікія выхадкі царскага служкі Мураўёва-вешальніка», - гаворыць Б. [2, 152]. Таму, калі пайшоў вучыцца ў польскую школу, што знаходзілася ў в. Разьдзёрка, то адразу ж трапіў у атмасфэру, супрацьлеглую той, што панавала дома.

Прыход Чырвонай Арміі ў верасьні 1939-га сям'я Бялевічаў сустрэла радасна, зь вялікімі спадзяваньнямі на лепшае жыцьцё. Дзядзька Б. быў прызначаны савецкай адміністрацыяй старшынём мясцовага сельсавету. Але вельмі хутка сям'я Б. пераканалася ў тым, як «савецкія законы распаўсюджваюцца на насельніцтва Заходняй Беларусі» [2, 156] і пра што паведамлялі наконт жыцьця і ладу ў СССР штодзень за польскімі часамі афіцыйныя крыніцы.

«Як некалі ў польскай, так цяпер у савецкай школе мы амаль ня чулі роднай мовы ад большасьці нашых выкладчыкаў. Большасьць былі ня нашыя, прыежджыя, галоўным чынам з Расеі. Па-ранейшаму мы са сваёй хатняй гаворкай былі ў сьценах школы нібы чужыя. Пры паляках. хоць і ня Бог ведае як жылі, але ў гандлі было ўсё, ня толькі дарагое, але і таннае, даступнае і небагатым. А цяпер людзі пыталіся: чаму ж зараз няма анічога ў краме? Патроху па вёсцы папаўзьлі чуткі пра арышты, пра вываз людзей. За нішто, за сказанае слова забіралі ў НКВД, а празь нейкі час вывозілі сям'ю», - узгадвае Б. [2, 154-155].

Пры саветах Б. пасьпеў скончыць пяць клясаў. У шостую пайшоў ужо пры немцах. У гэты час Б. вучыўся ў школе, што месьцілася ў в. Янза, дырэктарам якой быў адзін зь дзеячоў Заходняй Беларусі Ігнат Мятла. Тутака выкладаньне, безумоўна, вялося на беларускай мове. «Нашая школа была ў поўным сэнсе гэтага слова беларуская. Усе прадметы выкладаліся на роднай мове... З глыбокім хваляваньнем адкрывалі для сябе, якія даўнія карані ў нашай дзяржаўнасьці, культуры», - кажа Б. [2, 157].

Але ўзімку 1943 году савецкія партызаны спалілі Янзенскую школку. Б. давялося, каб вучыцца, хадзіць пешкі ў в. Чарневічы, што знаходзілася за сем кілямэтраў. У 1943 годзе па заканчэньні Чарневіцкай школы Б. удала здаў экзамены ў Глыбоцкую прагімназію, але з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча вучыцца ня змог. Ужо па прыходзе Чырвонай Арміі (увосень 1944) у Глыбокім адкрылася пэдагагічная навучальня, куды Б. і паступіў. Але спадзяваньне на сапраўды належнае выкладаньне зь беларускім ухілам было дарэмным. «Усе мы, навучэнцы, вельмі сур'ёзна ставіліся да вучобы. Але не маглі мы застацца абыякавымі, калі ў хуткім часе зразумелі, што ў навучальні практычна не выкарыстоўваецца беларуская мова, што ігнаруюцца і замоўчваюцца нашая гісторыя, культура, зноў выпадаюць з праграмы калісьці забароненыя бальшавікамі імёны пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячоў», - успамінае Б.[2, 159].

Стала відавочнай палітыка русіфікацыі, што, безумоўна, не магло не абразіць былых вучняў Глыбоцкай прагімназіі. Афіцыйныя пратэсты, скіраваныя да адміністрацыі, не давалі ніякага плёну. Гэта натхняла юнакоў і дзяўчат Глыбоцкай пэднавучальні згуртавацца вакол сваіх аднадумцаў.

«Аднадумцы зь цягам часу прынялі рашэньне, што трэба гуртавацца і процістаяць абставінам хоць бы тым, каб самім трымацца патрыятычных пазыцыяў і прывабліваць людзей, якія не баяцца яшчэ лічыць сябе беларусамі. І стаяць за Беларусь. Гурток такі неўзабаве завязаўся. Зразумела, употай ад адміністрацыі. Нашыя важакі - Васіль Мядзелец, Антон Фурс, Алесь Юршэвіч - парупіліся надаць гуртку такое-сякое арганізацыйнае афармленьне. Той, хто ўступаў, прымаў прысягу перад сябрамі. На чарзе ў нас была выпрацоўка статуту, праграмы», - узгадвае Б. [2, 159-160].

Пасьля аб'яднаньня Глыбоцкага патрыятычнага асяродку з гуртком аднадумцаў з Пастаўскай пэднавучальні і ўтварэньня аб'яднанага Саюзу Беларускіх Патрыётаў Б. належаў да Глыбоцкай арганізацыі СБП.

У часе разгрому СБП органамі МГБ за ўдзел у гэтай моладзевай арганізацыі Б. быў арыштаваны. Здарылася гэта 8 лютага 1947. Прычыну хуткай паразы Б. бачыць ува ўласнай неасьцярожнасьці тагачасных маладых патрыётаў і правакатарстве аднаго з удзельнікаў СБП, які аказаўся супрацоўнікам энкавэдыстаў.

«СБП праіснаваў нядоўга. Зрэшты, тэрмін гэты мог быць, як пасьля стала зразумелым, і яшчэ карацейшы. Сярод нас аказаліся падасланыя энкавэдыстамі «сэксоты», празь якіх МГБ ведала пра нас шмат ці ня з самага пачатку. Даводзіцца толькі меркаваць, чаму, маючы пра нас немалую інфармацыю, энкавэдысты не сьпяшаліся распраўляцца з намі», - кажа Б. [2, 160].

Пасьля суду над СБП у Менску, які адбыўся 16-20 чэрвеня 1947, Б. быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Да лета 1948-га адбываў тэрмін у лягеры «Краснае ўрочышча», што пад Менскам, дзе працаваў на будаўніцтве менскага аўтамабільнага заводу. Потым ён трапіў у лік вязьняў, якія былі накіраваныя ў Інцінскія лягеры (Комі АССР). Ужо гэнам разам зь іншымі паплечнікамі-землякамі, такімі як, Васіль Супрун, Кастусь Шышэя, Шастаковіч уваходзіў у зямляцкі гурток, які ўзяў на сябе ролю беларускага цэнтру ў сыстэме лягероў вакол Інты.

Зь лягеру быў вызвалены ў 1955 у выніку т.зв. хрушчоўскай «адлігі». Па вяртаньні ў Беларусь ажаніўся з Марыяй Бабіч, таксама колішнім сябрам СБП. З 1956 году разам з жонкай пераехаў зноў пад Інту, дзе працаваў шахцёрам.

Па выхадзе на пэнсію ў 1984 пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Полацак. Рэабілітаваны ў 1992. Б. - суаўтар успамінаў у кнізе «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Мае публікацыю ў газэце «Наша слова» (1992).

Кр.: 1. ANH; F-3.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18-21, 24, 40, 43, 66, 71, 86, 89, 90, 126, 139, 140, 141, 151-187, 224, 240-242, 314, 340; 3. І сорам, і крыўда, і спадзяванне // Наша слова. 1992, № 23, 10 чэрвеня.

Юры Грыбоўскі @

Бялевіч Марыя, гл. Бабіч Марыя. @

Бялькевіч Андрэй (1920 - ?), уваходзіў у склад Філістовіча групы.

У гады другой сусьветнай вайны служыў у паліцыі. З самага пачатку ўваходзіў у групу, якая з траўня 1952 стала называцца групай Філістовіча. Пад час правядзеньня апэратыўна-ваенізаванай групай МГБ акцыі па ліквідацыі групы Філістовіча ў 23 гадзіны 4 верасьня 1952 быў захоплены пры спробе аказаць узброены супраціў у лесе на захад ад вёскі Седзіца. Удзельнічаў у апазнаньні трупаў Івана Будкевіча і Антона Петрусевіча, што праводзілася 6 верасьня 1952 у Маладэчне. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста. Мн., 1997. С. 47, 50, 52, 56, 69.

Юрась Думбляўскас @

Вазьнюк Віктар (Бэн), удзельнік Амэрыканскага дэсанту 26-27.08.1952. Быў адным са стваральнікаў так званага «Камітэту 12-ці». Арыштаваны МГБ БССР 10.09.1952 на шляху да месца сустрэчы ўдзельнікаў дэсанту. Далейшы лёс невядомы.

Літ.: 1. Михаил Токарев. «Комитет 12-ти» // Советская Белоруссия. № 265-266.

Юрась Думбляўскас @

Вітушка Міхал (1907, Нясьвіж - ?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, генэрал, кіраўнік Беларускага Рэзыстансу ў другой палове 1940-х - 50-х.

Скончыў Клецкую й Віленскую гімназіі (1930). Вучыўся ў Праскім унівэрсытэце і ў Варшаўскай палітэхніцы. Уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый і Асьветнага Таварыства Беларусаў у Варшаве. Праўдападобна, напярэдадні нямецка-савецкай вайны ўступіў у кантакт з Абвэрам.

У жніўні 1941 В. - адзін з камандзіраў аддзелаў беларускай самаабароны на заходнебеларускім Палесьсі, якая праводзіла сумесную з Палескай Сеччу УПА антыбальшавіцкую вайсковую апэрацыю. Арганізатар беларускай паліцыі ў Менску, да восені 1941 быў намесьнікам камэнданта паліцыі З.Касмовіча. Арганізоўваў аддзелы Беларускае Самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілеўшчыне (1942-1943).

В. уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай Незалежніцкай Партыі. Напрыканцы чэрвеня 1944 удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў сярод арганізатараў плянаванага антынямецкага паўстаньня, мэтай якога было абвяшчэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зь лета 1944 В. - афіцэр дэсантнага батальёну «Дальвіц», маёр Беларускай Краёвай Абароны. Паводле адных зьвестках, 17 лістапада 1944 В. дэсантаваўся на Віленшчыне на чале аддзелу парашутыстаў. Аднак ужо 07.01.1945 нібыта быў забіты ў баі з аддзелам Чырвонай Арміі. Паводле іншых зьвестках, у лістападзе 1944 пад прозьвішчам В. дэсантаваўся іншы афіцэр. Сам жа В. ў Беларусі зьявіўся пазьней.

Найбольш актыўную дзейнасьць у Беларусі генэрал (гэты ранг ён атрымаў ад ЦК БНП у 1944) В. распачаў у 1946. Ён здолеў рэарганізаваць беларускі партызанскі рух у цэнтральнай і заходняй Беларусі ў Беларускую Вызвольную Армію (найбольш пашыраная назва - «Чорны Кот»). В. кіраваў на Бацькаўшчыне і БНП, рэдагаваў часопіс «За волю». Пасьля спыненьня партызанскае барацьбы працягваў дзейнічаць у Беларусі і Летуве, кіраваў збройным падпольлем. Пазьней перабраўся на Захад. Паводле няспраўджаных даных, памёр некалькі гадоў таму.

Бібл.: 1. Ёрш С. Генэрал Вітушка // Наша Ніва. 12.05.1997, № 17-18 (85); 2. Ёрш С. Змаганьне за Вітушку пачалося // Наша Ніва. 03.11.1997, № 32 (93).

Сяргей Ёрш @

Вострыкаў Цімох (Міхась; 28.08.1922, в. Баршчоўка Церахаўскага павету (сёньня Добрускі р-н Гомельскае вобл.)). У якасьці паўнамоцнага прадстаўніка Рады БНР 27 жніўня 1952 быў высаджаны ў складзе групы з чатырох чалавек з амэрыканскага ваеннага самалёту на тэрыторыю БССР.

Быў арыштаваны НКВД 5 верасьня 1952 году праз здраду аднаго з удзельнікаў высадкі. Да 1955 году знаходзіўся ў менскай сьледчай турме «Валадарцы». У 1955 годзе быў асуджаны па артыкуле 63-б (здрада радзіме са зброяй у рукох) КК БССР, і да 1975 году адбываў тэрмін зьняволеньня ў лягерох Мардовіі. Сёньня пэнсіянэр, жыве ў Гомелі.

У 1939 годзе бацька В. Якім быў асуджаны на тры гады турмы за адмову ўступаць у калгас, а ў 1946 годзе быў асуджаны па фальшывым даносе аб супрацоўніцтве зь нямецкімі ўладамі.

У 1940 В. скончыў двухмесячныя настаўніцкія курсы і да пачатку нямецкае акупацыі настаўнічаў у Маларыцкім р-не Берасьцейскае вобл. У 1941 быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. У першыя месяцы вайны патрапіў у нямецкае акружэньне, а затым у нямецкі лягер для ваеннапалонных. В. уцёк зь лягеру ў Гомель. У 1942 працаваў як «остарбайтэр» у Нямеччыне. «Я прыкінуўся прыпадачным, і мне далі дакумэнт, што я нягодны для працы, і я вярнуўся ў Гомель. А ў Гомелі мне далі даведку, што я добраахвотна паехаў у Нямеччыну, але як хворы вярнуўся назад. Па гэтай даведцы ня бралі ні ў паліцыю, нікуды. Я нідзе не служыў», - успамінае В.

У 1943 перад наступленьнем савецкага войска перад В. паўстала дылема: альбо вяртацца да савецкага жыцьця, альбо шукаць іншыя пэрспэктывы. В. ізноў скіраваўся ў Нямеччыну, дзе ў 1944 апынуўся ў амэрыканскай акупацыйнай зоне.

У 1945 зьмяніў у дакумэнтах імя Цімох на Міхась і назваўся ўраджэнцам Заходняе Беларусі з увагі на прымусовую рэпатрыяцыю ўсіх «усходнікаў» у СССР. З 1946 па 1948 В. вучыўся ў Міхельсдорфскай беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, дзе пазнаёміўся з шэрагам будучых лідэраў беларускага эмігранцкага жыцьця: Я.Запруднікам, П.Урбанам, В.Кіпелем і інш. Па прызнаньні В., менавіта дзякуючы навучаньню ў гімназіі ён з простага праціўніка савецкага рэжыму ператварыўся ў сьвядомага беларуса. Па заканчэньні гімназіі В. разам з адзінаццацьма аднаклясьнікамі ўдзельнічаў у выпуску і распаўсюджваньні часопісу «Наперад», якога пасьпелі выдаць 12 нумароў. Неўзабаве група выдаўцоў беларускага моладзевага выданьня атрымала назву «слаўнае дванаццаткі». Напрыканцы 1948 году «дванаццатка» скіравалася на заробкі ў вугальныя шахты Англіі. У 1950 годзе «дванаццатку» знайшоў тагачасны прадстаўнік Рады БНР Барыс Рагуля. Ён запрапанаваў хлопцам навучаньне ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі.

«Я зразумеў, што на Захадзе не змагу прынесьці карысьці Бацькаўшчыне. Мы ўжо ведалі, што зь Беларусі людзі зьяжджаюць, а наплываюць чужынцы. У размовах зь сябрамі я выказаў жаданьне вярнуцца на Радзіму самастойна. А некаторыя з хлапцоў, як Урбан, у нейкай ступені былі зьвязаныя з амэрыканскай выведкай - праз Рагулю», - узгадвае В. У 1951 годзе ён апынуўся на амэрыканскай вайсковай базе Бадвэрысгофэн (Badverishofen) пад Мюнхенам. Пасьля спэцпадрыхтоўкі ў складзе чатырохасобавай групы В. як паўнамоцны прадстаўнік Рады БНР дэсантаваўся на тэрыторыю БССР у ноч з 26 на 27 жніўня 1952.

Па перакананьні В., адзін з удзельнікаў групы - Арцюшэўскі - быў здраднікам. Празь яго МГБ выкрыла групу на працягу аднаго тыдня. Гэта здарылася 5 верасьня за чатыры дні да арышту іншага прадстаўніка Рады БНР, які дэсантаваўся на тэрыторыю БССР 9 верасьня 1951 году - Янкі Філістовіча. «Я на допытах сьледчаму казаў, што прыбыў у Беларусь добраахвотна з мэтай дапамагчы маёй Бацькаўшчыне», - кажа В.

Паводле словаў В., ён мае доказы таго, што высадка была наўмысна сплянаваная на правал. Што амэрыканскай выведцы быў патрэбны адвадны манэўр для прыкрыцьця высадкі іншага разьведчыка. В. перакананы, што МГБ ведала пра плянаваную высадку наперад, што ЦРУ арганізавала адмысловую «ўцечку інфармацыі». «Яны нас заслалі на зьядзеньне, каб мы прыкрылі іхнага разьведчыка-ўкраінца... Я магу прывесьці восем фактаў пацьвержаньня: нас не абучалі, штурхнулі на тыя кватэры, пра якія ведалі гэбісты, загадалі адразу па высадцы падаць радыёсыгнал і інш.», - сьцьвярджае В.

В. быў асуджаны на 23 гады зьняволеньня ў лягерох агульнага рэжыму. Тэрмін ён адбыў «ад званка да званка» ў чатырох мардоўскіх лягерох. У кожным месцы зьняволеньня ён ствараў беларускі асяродак, скіраваны як на змаганьне за чалавечыя правы зьняволеных, гэтак і на культурна-асьветніцкую дзейнасьць: «Звычайна на дзьве - дзьве з паловай тысячы вязьняў нас зьбіралася ня менш за шэсьцьдзесят-семдзесят чалавек. То бок, выхадцаў зь Беларусі было значна болей, але гэта былі «цямці-лямці». Кшталту таго, што «я тоже белорус» альбо «też jestem białorusinem», а трэба было казаць «я таксама беларус».

Па вызваленьні ў 1975 годзе Цімох Вострыкаў працаваў да выхаду на пэнсію на пачатку 80-х на розных будаўнічых работах.

Яшчэ ў зьняволеньні ён пачаў пісаць гістарычную працу па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дасылаў свае матэрыялы ў Інстытут гісторыі АН БССР. З пачатку 90-х В. актыўна ўключыўся ў грамадзка-культурнае жыцьцё Беларусі. Выступаў з публічнымі лекцыямі на гістарычныя тэмы ў дзіцячых і грамадзкіх установах Гомельшчыны.

Па сьцьвярджэньні В., ён падрабязным чынам занатаваў свае ўспаміны, якія адносяцца да стасункаў з амэрыканскай выведкай і высадкі ў Беларусі. Сёньня В. лічыць, што «яшчэ не прыйшоў час» публікаваць дэталі гэтае справы.

Упершыню В. даў інтэрвію ў 04.06.1998 году карэспандэнту газэты «Наша Ніва» для Архіву Найноўшае Гісторыі.

Кр.: 1. ANH F-4/2:27.

Бібл.: 2. Ян Максімюк. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950. Ню Ёрк - Беласток, 1994.

Севярын Квяткоўскі @

Г., палкоўнік, камандзір партызанскага аддзелу на Меншчыне й Случчыне. Вядома пра ягоную актыўную дзейнасьць у 1945-1946. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП. 1946, № 6.

Сяргей Ёрш @

Гамолка Вячаслаў, стваральнік Лебедзеўскага моладзевага падпольля 1948-1951.

У 1948 згрупаваў вакол сябе навучэнцаў старшых клясаў мясцовае школы. Маючы мастацкія і паэтычныя здольнасьці, сам афармляў і рэдагаваў падпольныя часопісы «У хвалях маладосьці» і «Бяздонны мяшок».

Арыштаваны ўлетку 1951. Атрымаў тэрмін зьняволеньня 25 гадоў. Датэрмінова вызвалены пад час хрушчоўскае «адлігі».

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

Гардзейка Аляксандар (06.06.1928, в. Рацкевічы Івацэвіцкага р-ну Берасьцейскай вобл.), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 на Слонімшчыне.

З 1939 жыў у в. Кошлавічы на Слонімшчыне. Закончыў Слонімскую сярэднюю школу. У пачатку траўня 1946 узяў удзел у заснаваньні ў Слоніме беларускага патрыятычнага падпольля з кансьпірацыйным назовам «Чайка», сябрам якой быў да ліпеня 1947.

Арыштаваны органамі МГБ 17.07.1947 і засуджаны ваенным трыбуналам 16-18.10.1947 у Баранавічах паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Этапамі прайшоў праз турмы Баранавічаў, Воршы і канцлягеры Княжпагосту, Сольвычагорску, Азёрлягу, Магадану.

24.11.1954 - па заліках - быў вызвалены з канцлягера. Застаўся працаваць на прадпрыемствах Магадану, там жа ў 1959 закончыў горна-геалягічны тэхнікум і працаваў геолягам.

У Беларусь вярнуўся ў студзені 1965, уладкаваўся на працу геолягам у аб'яднаньні «Беларуськалій». Рэабілітаваны 13.10.1975. На пэнсіі з 1978. Жыве ў Салігорску.

Васіль Супрун @

Гарывада, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Бразыліі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, № 342, сакавік.

Сяргей Ёрш @

Герасімовіч Восіп (нар. у 1884 у в. Каракулічы Мядзельскага р-ну), селянін, асуджаны 27.03.1948 «за варожыя дзеяньні супраць прадстаўнікоў улады» на 10 гадоў зьняволеньня. Памёр у зьняволеньні 25.09.1951. Рэабілітаваны ў 1960.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Герасімовіч Пётра (нар. у в. Каракулічы Мядзельскага р-ну), селянін, асуджаны 27.03.1948 «за варожыя дзеяньні супраць прадстаўнікоў савецкай улады» на 8 гадоў зьняволеньня. Памёр у зьняволеньні 16.10.1950. Рэабілітаваны ў 1960.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Глінка, камандзір партызанскага аддзелу ў Радашкаўскім р-не Маладэчанскай вобл. (цяпер Маладэчанскі р-н Менскай вобл.).

У першыя пасьляваенныя гады працаваў на камсамольскай рабоце ў Радашкавічах, а пасьля сышоў у лес, арганізаваў партызанскі аддзел. У 1950(?) аддзел Г. трапіў у аблогу, частка партызан загінула ў баі, частка трапіла ў палон. Г. застрэліўся.

Бібл.: 1. Пракопчык Л. «Другія саветы» // Літаратура і мастацтва 19.06.1998.

Сяргей Ёрш @

Горбель Арсен (нарадзіўся ў 1920 ля Нясьвіжу), пад час другой сусьветнай вайны быў жаўнерам у войску заходніх хаўрусьнікаў. Па вайне вярнуўся ў Беларусь. Ахвяра савецкага перасьледу.

У 1942, з пачатку ўтварэньня польскага войска на чале з ген. Андэрсам, Г. быў у складзе гэтай вайсковай фармацыі да 1947, калі яна была распушчаная. Танкістам 11-га Польскага корпусу браў удзел у баёх з гітлерцамі на тэрыторыі Паўночнай Афрыкі і Італіі, у тым ліку ў бітве пад Монтэ Касына. Мае баявыя ўзнагароды «Зорка Афрыкі», «Зорка Італіі» і інш. Па вайне жыў у Англіі, пакуль у 1948 не пераехаў у БССР, пасяліўшыся ў г.п. Гарадзея.

У 1951 быў арыштаваны як «элемэнт, што праводзіць антысавецкую агітацыю, незадаволены савецкім ладам і прапагандуе чужы для савецкага чалавека буржуазны лад жыцьця» [1]. Пасьля месячнага знаходжаньня ў Гарадзенскай турме Г. атрымаў вечную высылку ў Караганду (Казахстан) з канфіскацыяй маёмасьці. У часе арышту былі сканфіскаваныя ўсе баявыя ўзнагароды й сяброўскія фотаздымкі часоў службы ў II-м Польскім корпусе. Г. выехаў у Караганду разам з жонкай і 7-месячным сынам.

У 1980, па атрыманьні дазволу на вяртаньне на Бацькаўшчыну, выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь. Сёньня на пэнсіі, жыве ў г.п. Гарадзея (Нясьвіскі р-н).

Бібл.: 1. Баханчык А. Лёс беларусоў, што ваявалі ў Афрыцы і Італіі, а пасьля вырашылі вярнуцца на Радзіму ў якасьці пераможцаў гітлерызму // Зважай (Таронта). 1995, кастрычнік.

Юры Грыбоўскі @

Грынь Уладзімір (1927, Наваградчына), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля ў 1946-1947 у Баранавіцкай вобл.

Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. У 1945 скончыў Наваградзкую пэднавучальню, а ў 1947 - Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1946 - удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля пры Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, якое ўваходзіла ў склад арганізацыі «Чайка».

Арыштаваны органамі МГБ у чэрвені 1947 і 16-18.10.1947 засуджаны ў Баранавічах ваенным трыбуналам паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР да 10 гадоў канцлягероў і 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у турмах Баранавічаў, канцлягерох Магаданскай вобл. ды інш.

Васіль Супрун @

Грыцук Мікола, арганізатар беларускай антысавецкай партызанкі на Беласточчыне ў 1944. Пад час нямецкай акупацыі служыў у беластоцкім беларускім батальёне. Сябра БНП. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Ёрш С. Зноў пра маёра Гелду // Ніва (Беласток). 12.12.1997, № 2.

Сяргей Ёрш @

Губарэвіч Віталь, удзельнік Саюзу Вызваленьня Беларусі. Быў упаўнаважаны СВБ у Дзятлаўскім р-не. Арыштаваны ў траўні 1947.

Алег Дзярновіч @

Гук Кастун (1913 - 02.04.1968 у Рыо-Грандэ Порт Алекра ў Бразыліі), удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948, ад'ютант атамана Якуба Харэўскага. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Загінуў разам з ат. Я.Харэўскім у аўтамабільнай катастрофе.

Бібл.: 1. Нэкралёг // Беларускі Голас (Таронта). 1968, № 159, красавік.

Сяргей Ёрш @

Гукалюк Сьцяпан, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Жыў у Бразыліі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, № 342, сакавік.

Сяргей Ёрш @

Гучок, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Парагваі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, № 342, сакавік.

Сяргей Ёрш @

Дземідовіч Надзея, вязень ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстаньня 1954.

Нарадзілася ў 1927 на Слонімшчыне. З восені 1941 вучылася ў Слонімскай беларускай прагімназіі. Сяброўка СБМ. У сьнежні 1944 пад час масавых арыштаў сябраў СБМ у Слоніме перайшла на нелегальнае становішча. Хавалася да 1949, калі была арыштавана ў Казахстане. У баранавіцкай турме Д. жорстка катавалі. Была асуджаная на 25 гадоў лягероў. Удзельніца Кенгірскага паўстаньня вязьняў 16.05-26.06.1954.

Жыве ў Калодзішчах пад Менскам.

Бібл.: 1. Майсеня Л. Надзея Дземідовіч: «Я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу» // Пагоня. 10.03.1998; 2. Тое самае // Народная воля. 08.05.1998.

Сяргей Ёрш @

Дземянчук Пятрусь («Бедны»), адзін з кіраўнікоў падпольнага Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку.

Пад час другой сусьветнай вайны ваяваў у складзе Чырвонай Арміі. У 1946-1947 - сябра СВБ. Арыштаваны 30.05.1947 сьледчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобл. Ужо памёр.

Бібл.: 1. Енка І. Злачынцы ці героі? // Пагоня (Горадня). 11-24.09.1992, № 7; 2. Толочко М. Из-за них следователи НКВД начали читать «Молодую гвардию» // Советская Белоруссия. 02.12.1992.

Сяргей Ёрш @

Дзеравянка Міхал, праходзіў па справе Саюзу Беларускіх Патрыётаў, хоць да гэтай падпольнай моладзевай арганізацыі не належаў.

Пасьля адкрыцьця ў Паставах пэдагагічнай навучальні быў ейным навучэнцам. Па выкрыцьці і разгроме СБПД у 1947 быў арыштаваны органамі МДБ і памылкова (магчыма, дзеля наўмыснага павелічэньня колькасьці арыштаваных у справаздачных мэтах) прылічаны да сяброў СБП. Пад час сьледзтва знаходзіўся ў адной камэры турмы ў Менску разам з адным зь лідэраў і закладнікаў Глыбоцкай групы СБП Антонам Фурсам. М.Дзеравянка аказаўся адзіным, хто прайшоў па справе «Мядзельца-Асіненкі» і быў апраўданы. Пад час суду быў вызвалены адразу з залі паседжаньня.

У далейшым працаваў школьным настаўнікам. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 73, 74, 76, 323, 340.

Юры Грыбоўскі @

Дзікавіцкі Аляксей (1903, вёска Месткавічы Пінскага р-ну - 1992), вязень камуністычнага рэжыму.

Яшчэ да пачатку другой сусьветнай вайны штодзённай руплівай працай змог пабудаваць вялікую ўласную фэрмэрскую гаспадарку з сучасным для тых часоў абсталяваньнем, прыдбаць зямлю. З прыходам Чырвонай арміі ў 1939 гаспадарка была цалкам разрабаваная, а гаспадар абвешчаны «ворагам народу». Ад адпраўкі ў Сібір выратаваў пачатак нямецка-савецкай вайны. У 1943 адпраўлены ў Нямеччыну на работы. З 1945 каля году служыў у Савецкай арміі.

Пасьля вяртаньня ў 1946 на радзіму быў арыштаваны па абвінавачаньні ў супрацоўніцтве зь немцамі - стандартнае і самае простае для камуністычных уладаў у паваенныя гады абвінавачаньне дзеля ізаляцыі асобаў з падазронай палітычнай пазыцыяй. Катавалі спачатку ў будынку Пінскага калегіюму, а потым быў пераведзены па этапу ў Віцебск, дзе быў асуджаны паводле арт. 63 КК БССР тэрмінам на 10 гадоў пазбаўленьня волі і на 5 гадоў пазбаўленьня грамадзянскіх правоў. Дома засталася жонка з двума дзецьмі-падлеткамі. Тэрмін зьняволеньня адбываў у Башкірыі на будоўлі. Вярнуўся ў канцы 50-х, ізноў адбудаваў гаспадарку і, нягледзячы на шалёны ўціск, да апошняга дня не ўступаў у калхоз. Шмат і бескарысьліва дапамагаў аднавяскоўцам. Памёр у 1992.

Віктар Ярашук @

Дзікі Аляксандар (25.03.1928, в. Кузьмічы Мядзельскага р-ну Менскай вобл. - 19.06.1993, пахаваны ў Полацку), удзельнік Пастаўскай групы падпольнай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП).

У часы нямецкай акупацыі скончыў сямігадовую школу ў Слабадзе на Мядзельшчыне, пасьля вызваленьня Беларусі паступіў вучыцца ў Пастаўскую пэдагагічную навучальню. Татальная русіфікацыя, якая праводзілася ў навучальні прысланымі з усходу настаўнікамі, выклікала пратэст нацыянальна ўсьвядомленага яшчэ ў слабадзкой школе Аляксандра, і ён далучыўся да падпольнай патрыятычнай арганізацыі навучэнцаў, якая пазьней аб'ядналася з аналягічнай арганізацыяй навучальні Глыбокага ў «Саюз Беларускіх Патрыётаў». У ноч на 07.02.1947 А.Дзікі разам зь першай групай пастаўскіх падпольшчыкаў быў арыштаваны. Утрымліваўся першыя тры дні ў вязьніцы ў Паставах, дзе зь яго безупыннымі допытамі і катаваньнямі выбівалі прызнаньні. Затым вязьняў з Пастаў і Глыбокага перавезьлі ў Менск, дзе допыты доўжыліся чатыры месяцы.

На судзе па справе СБП, які адбыўся ў чэрвені 1947, Аляксандар Дзікі атрымаў 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. У жніўні яго пераводзяць у лягер «Краснае ўрочышча» на паўднёва-ўсходняй ускраіне сталіцы, зьняволеныя якога працавалі на будаўніцтве Менскага аўтазаводу. У адной брыгадзе з А.Дзікім знаходзіўся і Л.Бялевіч. Залівалі бэтонам катлаваны. Вясной наступнага году абодвух юнакоў разам з тысячамі іншых зьняволеных вывозяць зь Беларусі на поўнач Комі АССР. У канцлягеры апынулася пяць сяброў СБП, а таксама шмат падпольшчыкаў са слонімскай «Чайкі». Патрыёты стараліся трымацца разам, падтрымліваючы адзін другога. Аднак зьнясільваючая праца ў вугальнай шахце і дрэннае харчаваньне рабілі сваё, і ў канцы 1951 Аляксандар захварэў на сухоты і быў адпраўлены ў лягерны сангарадок. Моцны малады арганізм перамог хваробу, гэтаму спрыяла і дапамога сяброў. Пасьля выздараўленьня А.Дзікі быў накіраваны на іншую шахту, дзе працаваў да вызваленьня са зьняволеньня ў лістападзе 1954. Але і пасьля вызваленьня зварот на Бацькаўшчыну быў заказаны. Працаваў усё на той жа шахце «Заходняя», мэханікам, затым начальнікам участка. Начальства некалькі разоў спрабавала звольніць былога «палітычнага» з кіруючай пасады, ды не знаходзіла на замену іншага спэцыяліста з такімі ж здольнасьцямі і працавітасьцю.

Там жа на поўначы жаніўся, пайшлі дзеці. Але душа ірвалася ў Беларусь. Як толькі выйшаў на пэнсію, вярнуўся на Бацькаўшчыну і пасяліўся ў старажытным Полацку. У горадзе і ў іншых мясьцінах Віцебшчыны да гэтага ўжо пасяліліся некаторыя іншыя паплечнікі па пастаўска-глыбоцкім падпольлі, каму пашчасьціла перажыць канцлягеры. У Полацку дачакаў абвяшчэньня беларускай незалежнасьці і дня, калі над Домам Ураду ў Менску залунаў бел-чырвона-белы сьцяг, а Пагоня зноў сталася дзяржаўным гербам. Тая Пагоня, перад выявай якой на лістку вучнёўскага сшытка ён прысягаў на вернасьць ідэалам Беларускага Адраджэньня. У пачатку лета 1992 Аляксандар Дзікі захварэў на невылечную хваробу. За месяц да сьмерці папрасіў, каб на будучым яго надмагільлі напісалі словы: «Хай сьняцца сны аб Беларусі...».

Кр.: 1. Успаміны Антона Бялевіча і жонкі А.Дзікага Эмілі Дзікай.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 19, 165-168, 171, 173, 174, 183-185, 251, 252, 340.

Міхась Чарняўскі @

Дзяшук Іосіф (нар. у 1911 у в. Германовічы Шаркоўшчынскага р-ну Віцебскай вобл.), арганіст касьцёла ў Сьвіры на Мядзельшчыне, асуджаны 18.11.1947 «за варожыя выказваньні і захоўваньне антысавецкай літаратуры» на 5 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 3 гады. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Доўнар, камандзір партызанскай групы (8 чалавек) у Стаўпецкім р-не летам-восеньню 1944.

Бібл.: 1. Хацкевич А. Узлы развязывает время // Нёман. 1994, № 1. С. 149.

Сяргей Ёрш @

Дуброва, камандзір партызанскага аддзелу на Піншчыне. Яго аддзел праводзіў напады на савецкія ўстановы і на савецкіх актывістаў, распаўсюджваў антысавецкія ўлёткі. Аддзелу Дубровы актыўна дапамагалі мясцовыя пратэстанты. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Аб пасьляваеннай партызанцы // Беларускі Голас (Таронта). 1963, № 110, кастрычнік.

Сяргей Ёрш @

Дылевіч Віктар, сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Пад час арыштаў сябраў СБП В.Д. здолеў выехаць у Польшчу, запісаўшыся палякам, і тым самым пазьбег рэпрэсіяў.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн, 1997. С. 340.

Алег Гардзіенка @

Дэмах, партызан. Дзейнічаў на тэрыторыі Менскай і Баранавіцкай абласьцей у другой палове 1940-х.

Паходзіць з в. Квачы Нясьвіскага р-ну. Паводле адных зьвестках, уцёк з Чырвонай Арміі, паводле іншых, пайшоў у лес ужо вярнуўшыся з фронту ды ўступіўшы ў канфлікт з прадстаўнікамі савецкай улады. На нелегальным становішчы трымаўся асобна або ўваходзіў у склад партызанскага аддзелу Івана Раманчука. Пад час правядзеньня акцый вызначаўся адвагай. Аддзел Раманчука быў больш вядомы як «банда Дэмаха», нягледзячы на тое, што Д. ня быў камандзірам.

У траўні 1949 у баі з чэкістамі Д. быў паранены й трапіў у палон. Атрымаў 25 гадоў лягероў. Пасьля вяртаньня ў Беларусь хутка памёр пад час апэрацыі ў больніцы.

Кр.: 1. Успаміны Пётры Рашэтніка (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Ермаковіч Серафім (нар. у 1907 у в. Папоўка Мядзельскага р-ну), настаўнік пачатковай школы ў в. Янушова, асуджаны 10.07.1946 «за правядзеньне антысавецкай агітацыі» на 3 гады зьняволеньня. Рэабілітаваны ў 1989.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Еўдакімаў Цярэнці, сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Арыштаваны па справе СБП. Пад час допытаў жорстка катаваны. У часе знаходжаньня ў турме ў Паставах Ц.Е. зрабіў няўдалую спробу ўцёкаў, быў затрыманы. Ц.Е. быў засуджаны на 25 год пазбаўленьня волі. Мяркуецца, што тэрмін адбываў у Дуброўлягу (Мардовія).

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 71, 72, 340.

Алег Гардзіенка @

Жамойда Зютэк (нар. у 1934 у Слоніме), удзельнік слонімскай вучнёўскай антысавецкай арганізацыі «Польскі падпольны камітэт».

Пасьля вайны вучыўся ў слонімскай СШ № 2. Сябра падпольнай групы, якая ў 1946-1947 распаўсюджвала ў Слоніме рукапісныя антысавецкія ўлёткі (на іх ставілася пячатка «Польскі падпольны камітэт»). Яшчэ да раскрыцьця арганізацыі савецкай дзяржбясьпекай арганізацыі выехаў вучыцца ў Менск(?). Пазьней жыў у Расеі. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. Успаміны Вячаслава Сьцяпуры (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Жданук Леанід, удзельнік беларускага патрыятычнага руху ў першыя пасьляваенныя гады. У часе другой сусьветнай вайны вучыўся ў Наваградзкай гімназіі, уваходзіў, як і большасьць навучэнцаў, у СБМ. Пасьля вайны выкладаў нямецкую мову і хімію ў Запольскай сямігадовай школе Наваградзкага р-ну, быў настаўнікам Анатоля Клышкі. Маюцца зьвесткі, што ў гэты ж час дапамагаў беларускім партызанам, верагодна, аддзелу Івана Раманчука, у прыватнасьці, перапраўляў ім лекі. Быў арыштаваны ў 1948 і асуджаны на зьняволеньне. Жыве ў Баранавічах(?). (Паводле вуснай інфармацыі А.Клышкі.)

Міхась Чарняўскі @

Жукоўскі Аляксандар (1926, в. Залесьсе Жыровіцкай гміны, Слонімшчына - 08.11.1973, пахаваны на вясковых могілках у в. Залесьсе Слонімскага р-ну), сябра слонімскай падпольнай патрыятычнай беларускай арганізацыі «Чайка».

Вучыўся ў школах Залесься і Жыровічаў. Пасьля вайны паступіў у Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе ў 1946 стаў сябрам беларускай патрыятычнай падпольнай арганізацыі «Чайка». Быў арыштаваны па гэтай справе ў 1947 і засуджаны ваенным трыбуналам да 6 гадоў няволі. Пакараньне адбываў у турмах Баранавічаў і Воршы, у канцлягеры № 2 у Інце (Комі АССР). Вызваліўся ў 1953 і ў тым жа годзе вярнуўся на Слонімшчыну ў в. Залесьсе. Завочна закончыў Наваградзкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў аграномам у Жыровіцкім саўгасе-тэхнікуме.

Васіль Супрун @

Жылінскі Іван (1922, в. Харашэвічы Слонімскага р-ну - ?, Іркуцкая вобл.), камандзір партызанскай групы на поўдні Слонімшчыны.

Пад час нямецкай акупацыі быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Пасьля вайны, за адмову ехаць на працу ў Расею, атрымаў тэрмін зьняволеньня. Здолеў перайсьці на нелегальнае становішча, арганізаваў партызанскую групу. Дзейнічаў некалькі гадоў. Напрыканцы 1940-х быў арыштаваны. Зь Сібіру ўжо не вярнуўся.

Бібл.: 1. Ёрш С. Людзі з лесу // Газета Слонімская. 6-12.02.1998, № 6 (35).

Сяргей Ёрш @

Жыхар Аўген (1925?, в. Навадруцак Пастаўскага р-ну - жнівень 1955, Пастаўшчына), камандзір партызанскага аддзелу на Пастаўшчыне ў др. пал. 40 - перш. пал. 50-х.

Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Быў сябрам СБМ. З 1944 - у БНП. З дэсантам «Дальвіцу» вярнуўся ў Беларусь, арганізаваў партызанскі аддзел, які за час сваёй дзейнасьці ліквідаваў больш за 30 чэкістаў і камуністаў.

У 1955 Ж. быў узяты ў аблогу на хутары ў сямёх кілямэтрах ад Паставаў. Віктар Сікора ўспамінае: «Я вярнуўся зь лягера, а Ж. яшчэ быў у лесе... Ж. ляжаў у хаце на печы, разабраў свой аўтамат, мусі, яго змазваў. Раптам у хату зайшлі тры лётчыкі, а ў іх колер пятліц падобны да гэбісцкіх. Ж. здалося, што за ім прыйшлі, і ён зь пісталета забіў двух. Пакуль сабраў аўтамат, хата была абкружаная іншымі, якія былі на падворку й пачулі стрэлы. Прыйшлося Аўгену пусьціць сабе кулю ў лоб...».

Кр.: 1. Успаміны Віктара Сікоры (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Завадзкі Васіль, удзельнік дэсанту вайсковай арганізацыі Беларускі Вызвольны Рух на пачатку 1950-х у Польшчы. Вярнуўся ў Англію, жыў у Манчэстэры.

Кр.: 1. Ліст да аўтара Юркі Весялкоўскага з Англіі ад 28.05.1996.

Сяргей Ёрш @

Зарэчны Людвіг (сапр. Галубовіч; 17.05.1915 - 15.09.1964, Зах. Нямеччына), беларускі вайсковы дзеяч, кіраўнік антыбальшавіцкай арганізацыі Беларускі Вызвольны Рух.

У 1920-1930 быў сакратаром Вярхоўнага Суду БССР, працаваў на іншых пасадах, удзельнічаў у беларускім антысавецкім падпольлі. Быў рэпрэсаваны. На пачатку нямецка-савецкай вайны служыў у Чырвонай Арміі, трапіў у палон. Пад час нямецкай акупацыі дзейнічаў на Смаленшчыне. Маёр Беларускае Краёвае Абароны.

У 1950 арганізаваў антыбальшавіцкую баявую вайсковую арганізацыю Беларускі Вызвольны Рух (БВР), якая напачатку дзейнічала кансьпіратыўна. З дапамогай ангельскіх спэцслужбаў БВР перакідваў у БССР і Польшчу сваіх разьведчыкаў і арганізатараў партызанскага руху. У 1954 увайшоў у канфлікт з прэзыдэнтам БЦР Р.Астроўскім. Пасьля гэтага арганізацыя раскалолася. З. спрабаваў арганізаваць «трэцюю сілу» на эміграцыі, але беспасьпяхова. Пазьней адышоў ад актыўнае дзейнасьці, стаў сьвятаром «Беларускай (Літоўскай) Рэфармаванай Каталіцкай Субожні». Памёр пры нявысьветленых абставінах. Пахаваны ў Глядбаху (Зах. Нямеччына).

Бібл.: 1. С.І. Памёр пал. Зарэчны // Беларускі Голас (Таронта). 1964, № 121, кастрычнік; 2. Дэклярацыя // Летапіс беларускай эміграцыі (ЗША). 1987. № 48, травень.

Сяргей Ёрш @

Змагар Алесь (сапр. Яцэвіч; мянушка - Баравы; 01.10.1903; в. Цароўка на Случчыне), беларускі палітычны дзеяч, на эміграцыі ўзначальваў беларускія антысавецкія вайсковыя арганізацыі.

Скончыў народную школу, паступіў у Слуцкую гімназію. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920, быў зьняволены ў бальшавіцкую турму ў Слуцку, адкуль праз год уцёк. Да 1924 дзейнічаў у складзе аддзелаў антыбальшавіцкіх партызанаў на Случчыне. У 1925 легалізаваўся, паступіўшы на пэдагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў настаўнікам, працягваў гэтую працу й пад час нямецкае акупацыі.

З 1944 - на эміграцыі. Жыў у Аўстрыі, дзе арганізоўваў беларускі грамадзкі й палітычны рух. У 1960-1980 кіраваў антыбальшавіцкімі вайсковымі арганізацыямі на эміграцыі: Саюзам былых удзельнікаў збройнай барацьбы за вызваленьне Беларусі, Беларускім Вызвольным Рухам. У Кліўлендзе ў 1970-х выдаваў газэту «Незалежная Беларусь». Паэт, празаік, аўтар некалькіх кнігаў. Жыве ў ЗША.

Бібл.: 1. Алесь Змагар // Баявая Ўскалось (Таронта). 1970. № 9, студзень. С. 30; 2. Сяргей Ёрш. Вэтэраны ў змаганьні // Наша Ніва. 1998, 14 верасьня.

Сяргей Ёрш @

Зуй Міхась (1912, в. Вялікае Сяло Германаўскай вол. Дзісьненскага пав. - 24.04.1995, Сыднэй, Аўстралія), беларускі палітычны дзеяч.

У 1940 быў студэнтам Глыбоцкага сельскагаспадарчага тэхнікуму. Пад час нямецкай акупацыі - начальнік Шаркоўшчынскага павету. Сябра ЦК БНП, удзельнік падрыхтоўкі антынямецкага паўстаньня ў Менску напрыканцы чэрвеня 1944. Дэлегат Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Са жніўня 1944 - у батальёне «Дальвіц», камандзір узводу «паўднёвай» роты. У траўні 1944 у Чэхіі трапіў у савецкі палон. Пад чужым прозьвішчам быў прызваны ў Чырвоную Армію, зь якой, перад пагрозай арышту, дэзэрціраваў. У 1945-1948 знаходзіўся на нелегальным становішчы ў Польшчы. Напрыканцы 1948 перабраўся ў Заходнюю Нямеччыну, браў удзел у працы Замежнага Сэктару БНП. У кастрычніку 1949 выехаў у Аўстралію. Актывіст беларускага руху ў Сыднэі. Удзельнік Беларускага Вызвольнага Фронту. Напрыканцы 1980-х стаў прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.

Бібл.: 1. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 157; 2. Зуй М. Мая аўтабіяграфія // Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Мн., 1998.

Сяргей Ёрш @

Зыбайла Рыгор (1913, в. Ёлкі Слонімскага пав. - ?), беларускі палітычны дзеяч, сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Настаўнік або інжынэр паводле адукацыі. У складзе польскай арміі ўдзельнічаў у нямецка-польскай вайне, у верасьні 1939 трапіў у нямецкі палон. У чэрвені 1941 у складзе Першага штурмовага зьвязу дэсантаваўся на тэрыторыі Беларусі, выконваў заданьне Абвэру. Пад час нямецкай акупацыі - старшыня слонімскай Беларускай Народнай Самапомачы (1941-1943), сябра ЦК БНП. Зь лета 1943 быў намесьнікам старшыні Беларускае Самапомачы Ю.Сабалеўскага ў Менску. У 1944 - начальнік Беларускае Краёвае Абароны ў Глыбокім, старшы лейтэнант. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 - у Нямеччыне. Напрыканцы 1944 са сваім аддзелам перайшоў на бок францускіх партызанаў. Пазьней пайшоў добраахвотнікам у польскую армію Андэрса.

Паводле адной вэрсіі, быў расстраляны польскай контраразьведкай у Марсэлі ў 1945. Паводле іншай - працаваў у сакрэтнай школе, якая рыхтавала людзей для антыбальшавіцкай барацьбы ў Беларусі, выкрадзены чэкістамі з Францыі й вывезены ў СССР. Быў асуджаны на 25 гадоў лягероў. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. Успаміны Віктара Сікоры (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Іваноўскі Канстанцін (03.01.1930, в. Дэгісі Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл.; цяпер жыве ў в. Дэгісі), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле). Скончыў Сольскую сямігодку, а затым пайшоў вучыцца ў Смаргонскую сярэднюю школу. Арыштаваны, калі быў вучнем 9 клясы, у пачатку 1950; асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі летам таго ж году па справе мядзельска-смаргонскай моладзевай падпольнай арганізацыі на 10 гадоў зьняволеньня. На допытах амаль усё адмаўляў, што, магчыма, і абумовіла адносна невялікі прысуд. Пакараньне адбываў разам з Э.Сташкевічам і З.Ахрамовічам у Сьвярдлоўскай вобл. на лесапавале і будаўнічых работах. У лютым 1954 вызвалены. Вярнуўся ў родную вёску.

Міхась Чарняўскі @

Ігнатаў, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Аргентыне.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, № 342, сакавік.

Сяргей Ёрш @

Ільляшэвіч Хведар (17.03.1910, Вільня - 07.11.1948, Ватэнштэт, Зах. Нямеччына), беларускі палітычны дзеяч, сябра Замежнага Сэктару ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Беларускі паэт, гісторык, журналіст, магістра філязофіі (1936). Скончыў Віленскую беларускую гімназію, гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Цярпеў перасьлед з боку польскіх уладаў - двойчы арыштоўваўся, у 1927 знаходзіўся ў зьняволеньні ў Лукішках. Аўтар некалькіх зборнікаў вершаў, прозы, гістарычных дасьледаваньняў.

Пад час нямецкай акупацыі кіраваў Беларускім аб'яднаньнем у Беластоку, рэдагаваў мясцовую газэту «Новая дарога», садзейнічаў пашырэньню сеткі беларускіх школаў. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1944 - у Нямеччыне. Рэдагаваў часапіс «Шляхам жыцьця» (1946-1948), бюлетэнь «Апошнія весткі», выданьні БНП. Уваходзіў у кіраўніцтва БНП на эміграцыі. Трагічна загінуў у 1948 у аўтамабільнай катастрофе ў Ватэнштэце.

Бібл.: 1. Вабішчэвіч А. Ільяшэвіч Хведар // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996, т. 3. С. 481-482.

Сяргей Ёрш @

Кабак Антон (1925, в. Сачыўкі на Ільляншчыне Вялейскага р-ну), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Заходняй Беларусі.

У 1946 паступіў на дзённае аддзяленьне Ганцавіцкай пэднавучальні Пінскай вобл. У тым жа годзе стаў сябрам беларускага патрыятычнага падпольля. Па заданьні Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР) быў упаўнаважаны заснаваць падпольную групу ў былым Ільлянскім р-не Маладэчанскай вобл.

К. быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі 07.11.1947, засуджаны ваеным трыбуналам войскаў МВД Беларускай акругі ў Менску 21.11.1947 на 10 гадоў зьняволеньня і 3 гады пазбаўленьня правоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Пакараньне адбываў у турмах Менску і канцлягерох Сібіру.

Васіль Супрун @

Кавальчук Леакадзія (01.06.1928, в. Церахоўшчына Слонімскага пав., цяпер - Дзятлаўскі р-н), удзельніца падпольнай слонімскай моладзевай арганізацыі «Чайка».

Пад час нямецкай акупацыі вучылася ў Слонімскай прагімназіі, была ў СБМ. З 1944 працягвала вучобу ў Слонімскай СШ № 1. У 1946 удзельнічала ў першых сходах «Чайкі». У чэрвені 1947 К. была арыштаваная, утрымлівалася ў баранавіцкай турме. Была асуджана. Вызвалілася ў 1954. «Паражэньне ў правах» зь яе зьнялі ў 1956. Жыве ў Вільні.

Бібл.: 1. Кавальчук Л. Дваццаць пяць гадоў за «Чайку» // Газета Слонімская. 1998, № 37 (66), 10-16 верасьня.

Сяргей Ёрш @

Казак Генадзь (1924, в. Брацянка Наваградзкага павету / р-ну - канец 1940-х), арганізатар і кіраўнік падпольнага Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку.

Меў сярэднюю асьвету. Пад час нямецкай акупацыі быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Сябра БНП. У 1945 быў жаўнерам дывізіі «Беларусь» у Нямеччыне. Вярнуўшыся ў Беларусь, у лістападзе 1946 арганізаваў Саюз Вызваленьня Беларусі, які налічваў на Наваградчыне некалькі дзясяткаў сяброў. Арыштаваны 30.05.1947. На допытах у Баранавіцкай турме К. моцна катавалі. Амаль адразу пасьля таго, як К. трапіў у канцлягер Долінка Карагандзінскай вобл., ён загінуў.

Кр.: 1. Успаміны Аўгена Ўсюкевіча (архіў С.Ярша).

Сяргей Ёрш, Васіль Супрун @

Казак Лявон, удзельнік беларускага паваеннага моладзевага антысавецкага падпольля. Пад час вучобы ў Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні быў сябрам Глыбоцкае групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП). Пад час разгрому СБП органамі МГБ К. быў арыштаваны ў верасьні 1947. Далейшы лёс невядомы.

Літ.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 227, 340.

Юры Грыбоўскі @

Кальніцкі Андрэй (Джо; ? - 11.11.1952, в. Клецішча Маладэчанскага р-ну), удзельнік Амэрыканскага дэсанту 26-27.08.1952.

Пад час другой сусьветнай вайны К. служыў у паліцыі. У 1943 зьехаў на Захад. Спачатку жыў у Нямеччыне, потым у Бэльгіі. Быў адным са стваральнікаў так званага «Камітэту 12-ці». К. браў удзел у Амэрыканскім дэсанце 26.08.1952 як радыст. 11.09.1952 быў забіты пры спробе збройнага супраціву апэратыўнай групе МГБ у кілямэтры ад вёскі Клецішча Маладэчанскага р-ну.

Літ.: 1. Михаил Токарев. «Комитет 12-ти» // Советская Белоруссия. № 265-266.

Юрась Думбляўскас @

«Канцавы», сябра ЦК БНП, арганізатар партызанскага й падпольнага руху ў Заходняй Беларусі, у 1945-1946 дыслякаваўся ў Налібоцкай пушчы. У пятым нумары «Бюлетэню БНП» (сьнежань 1944) пад ягоным подпісам была зьмешчаная адозва кіраўніцтва партыі да беларускага народу. У ёй, у прыватнасьці, абвяшчалася стварэньне Беларускага Краёвага Войска. Ня выключана, што пад псэўданімам «К.» дзеяў генэрал Міхал Вітушка.

Бібл.: 1. Ад ЦК БНП // Бюлетэнь БНП. 1944, № 5; 2. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП. 1946, № 6.

Сяргей Ёрш @

Капціловіч Міхась (21.05.1923, в. Равяцічы Любчанскай гміны на Наваградчыне), удзельнік наваградзкага патрыятычнага падпольля Саюз Вызваленьня Беларусі.

Скончыў Наваградзкую пэднавучальню, працаваў настаўнікам. У 1947 - удзельнік наваградзкага антысавецкага падпольля Саюз Вызваленьня Беларусі (СВБ), якое ставіла сваёй мэтай абуджэньне нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і выхад Беларусі з СССР. Быў упаўнаважаным СВБ у Любчанскім р-не.

Арыштаваны савецкімі карнымі органамі ў чэрвені (на Сёмуху) 1947, засуджаны на 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пакараньне адбываў у турмах Баранавічаў і Менску, спэцлягу № 2 на Інце (Комі АССР), працаваў на вугальных шахтах. Вызвалены ў чэрвені 1956 і вярнуўся на Наваградчыну. Працаваў на прадпрыемствах Наваградку і жыў у гэтым горадзе да сьмерці. Не рэабілітаваны.

Кр.: 1. Паведамленьні С.Пярловіча.

Васіль Супрун @

Каралёнак Ян (нарадзіўся (дата невядомая) у в. Лісіцы каля Дунілавічаў (сёньня Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) - 1953), камандзір антысавецкага партызанскага аддзелу на Пастаўшчыне.

Паходзіў зь сям'і беларусаў-каталікоў. Пад час нямецкай акупацыі, паводле адной з вэрсіяў, К. меў дачыненьне да дзейнасьці Арміі Краёвай. Па прыходзе ў 1944 годзе савецкай улады разам з братам ухіляўся ад прызыву на службу ў Чырвоную Армію. Каб хавацца ад органаў вышуку, мусіў са зброяй падацца ў лес. У хуткім часе К. сабраў аддзел зь ліку такіх людзей, як і сам, і разгарнуў собскую партызанку.

На працягу дзевяці гадоў ён несупынна тэрарызаваў мясцовую савецкую ўладу: забойствы міліцыянтаў, чэкістаў, фінагентаў, рабункі і напады на розныя адміністрацыйныя ўстановы.

Доўгі час К. карыстаўся падтрымкай мясцовага насельніцтва. Здараліся выпадкі, калі ён прапаноўваў сялянам дзяліцца нарабаваным. Гвалту да людзей, што ня мелі ніякіх адносінаў да савецкай улады, з боку аддзелаў К. не назіралася.

Па вайне ўсе дэзэрціры, што ўхіліліся ад службы ў Чырвонай Арміі, у гэтай мясцовасьці атрымалі памілаваньне. Але К. не спакусіўся на гэта. Чэкісты рабілі на яго засады, за ягоную галаву абяцалі ўзнагароджаньне, праводзілі вайсковыя апэрацыі, але нішто не давала посьпеху.

Толькі ў 1953 годзе карным савецкім органам усё-такі ўдалося выйсьці на сьлед К. Паводле згадкаў сьведкаў, дапамог чэкістам у гэтым адзін вясковы хлопчык-пастушок. Пад час бою К. быў забіты. Ягонае цела потым тры дні ляжала ў Варапаеве каля райаддзелу міліцыі.

Бібл.: 1. Алесь Касьцен. Барацьбіт за волю ці крывавы бандыт? // Сумежжа (Паставы). 1998, № 3-4 (79), красавік-травень.

Юры Грыбоўскі @

Карач Ніна (1928, Слонім), удзельніца падпольнай арганізацыі «Чайка». Бацька Н.К. быў засланы ў міжваенны час у Заходнюю Беларусь з БССР бальшавікамі для падпольнай працы. Пад час нямецкай акупацыі вучылася ў Слонімскай прагімназіі. У 1943-1944 - дружыновая СБМ. 13.12.1944 Н.К. была арыштаваная НКВД у Слоніме, але хутка вызвалена. Удзельнічала ў першым сходзе слонімскіх патрыётаў, на якім была заснавана «Чайка», была абрана сакратаром арганізацыі. На другі сход не зьявілася. Адбывала 10-гадовы тэрмін зьняволеньня ў савецкіх лягерох. Жыве ў Салігорску.

Кр.: 1. Успаміны Леакадзіі Кавальчук (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Карней Анатоль (1927 або 1928; в. Міцкавічы Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл.; цяпер жыве ў в. Забалаць Смаргонскага р-ну), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе. У пачатку 1950, калі быў вучнем 9 класы, арыштаваны і ў ліпені таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі асуджаны па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Вызвалены са зьняволеньня з падарваным здароўем у сярэдзіне 50-х. Вярнуўся на Бацькаўшчыну. Працаваў на розных працах у калгасе. Цяпер на пэнсіі, інвалід 2-й групы.

Міхась Чарняўскі @

«Кароль», камандзір партызанскага аддзелу на Браслаўшчыне ў другой палове 1940-х. Сябра БНП. Найбольш актыўна ягоны аддзел дзейнічаў у лютым-траўні 1945. Пасьля цяжкіх баёў і значных стратаў аддзел К. перадыслякаваўся на Дзісьненшчыну. У 1946 К. зноў дзейнічаў на Браслаўшчыне й меў сувязь з Замежным Сэктарам БНП. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП (Зах. Нямеччына). 1946, № 6.

Сяргей Ёрш @

Кароль Усевалад, беларускі палітычны дзеяч, актыўны дзеяч БНП. Скончыў мэдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Быў апошнім кіраўніком Беларускага Студэнцкага Саюзу. Пад час нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах доктарам. Браў удзел у беларускім падпольным руху. Ус.Родзька плянаваў перакінуць К. праз Швэцыю ў Лёндан. У 1944 быў арыштаваны, праходзіў па справе кіраўнікоў БНП. Атрымаў 10 гадоў канцлягероў. Пасьля вяртаньня жыў у Баранавічах. Ужо памёр.

Кр.: 1. Успаміны Пятра Рашэтніка (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Карповіч, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Жыў у Аргентыне.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, № 342, сакавік.

Сяргей Ёрш @

Касарэўскі Сямён, сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Атрымаў 10 год пазбаўленьня волі.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 252, 340.

Алег Гардзіенка @

Касмовіч Зьміцер (Каршун; 21.09.1909, Нясьвіж - 23.04.1991, Штутгарт), беларускі вайсковы і палітычны дзеяч, кіраўнік вайсковай антыбальшавіцкай арганізацыі Беларускі Вызвольны Фронт.

Пасьля заканчэньня беларускай гімназіі ў Радашкавічах у 1927 працаваў, каб зарабіць грошы на далейшую адукацыю. У 1929-1931 вывучаў політэхнічныя навукі ў Бэльгіі, дзе прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім руху. Быў сузаснавальнікам Беларускага Студэнцкага Гуртка ў Бэльгіі, сябрам Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў (АБСА) з цэнтрам у Празе, ад імя якога быў абраны дэлегатам на міжнародную канфэрэнцыю Міжнароднай Студэнцкай Канфэдэрацыі (Confederation L'Internationale d'Etudiants - CIE). У 1931-1934 на вайсковай службе ў Польшчы. У 1934-1939 працягвае далейшую вышэйшую асьвету ў Бэльгіі, дзе адначасова працуе на бэльгійскіх вугальных шахтах для здабыцьця грошай на навучаньне, якое заканчвае ў Югаславіі. Быў страшынём Беларускага студэнцкага гуртка ў Бялградзе.

У верасьні 1939 вярнуўся ў Нясьвіж, дзе быў на адміністрацыйнай працы. На прапанову мясцовых жыхароў быў зацьверджаны бурмістрам Нясьвіжу, працаваў начальнікам сацыяльнага забесьпячэньня Нясьвіскага р-ну, потым гаспадарчым інспэктарам у Нясьвіжы. У гэтых часох быў накіраваны на Народны Сход Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе абраны дэлегатам Народнага Сходу на 5-ую нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету СССР і на 3-ю сэсію Вярхоўнага Савету БССР у Менску. Атрымаўшы папярэджаньне аб магчымым арышце, пераехаў у Менск. У 1940-1941 вучыўся ў менскай палітэхніцы.

Улетку 1941 арганізаваў беларускую паліцыю ў Менску. У часе нямецкай акупацыі Менску быў кіраўніком і арганізатарам транспартнага, харчовага, прамысловага, гандлёвага аддзелаў Менскай гарадзкой управы. Сябрам Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). З.Касмовіч браў актыўны ўдзел у аднаўленьні беларускага царкоўнага жыцьця, адбудовы цэркваў і беларусізацыі багаслужбаў, быў дэлегатам і ўдзельнікам Аўтакефальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы (Менск, жнівень-верасень 1942).

У 1943-1944 пасьля заканчэньня паўторных афіцэрскіх курсаў быў інспэктарам Беларускай Краёвай Абароны; маёр БКА. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу (Менск, 27.06.1944), сябра Беларускай Цэнтральнай Рады, кіраўнік Замежнага Сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі (мянушка «Каршун»). Перабіраецца ў Нямеччыну, як упаўнаважаны прадстаўнік БНП на Захадзе, з заданьнем навязаць лучнасьць з заходнімі дзяржавамі для далейшай барацьбы за незалежную Беларусь. Працаваў у Міжнароднай дапамаговай арганізацыі UNRRA (United Nations Relief and Rehabilitation Administration, потым называлася IRO - Intertational Refugee Organization) з пачатку заснаваньня ў 1945 да ліквідацыі 03.01.1952. Гэтая арганізацыя дапамагала ўцекачом арганізаваць жыцьцё ў ДП (DP - Displaced Persons) лягерох, а таксама спрыяла ў справах эміграцыі ў іншыя краіны. Адначасова З.Касмовіч разгарнуў на міжнародным узроўні беларускую нацыянальна-палітычную працу і дабрачынную дзейнасьць сярод беларускай грамады, якая апынулася ў Нямеччыне.

У кастрычніку 1954 выканаўчы орган БЦР прызначыў яго старшынём дэлегатуры БЦР у Нямеччыне, потым старшынём эўрапейскай дэлегатуры БЦР і кіраўніком аддзелу вайсковых справаў і вызвольнай барацьбы БЦР, прадстаўніком БЦР у Цэнтральным Камітэце Антыбальшавіцкага Блёку Нацыяў (ЦК АБН).

З.Касмовіч - арганізатар і прэзыдэнт Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Фронту (створаны 27.10.1954, палітычная пляцформа БВФ - Акт 25-га Сакавіка 1918 і пастановы 1-га і 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў). Галоўнай мэтай З.Касмовіча і новаўтворанай арганізацыі было аб'яднаньне дзейнага беларускага актыву, пашырэньне беларускай вызвольнай ідэі ў вольным сьвеце, зацікаўленьне ўплывовых палітычных дзеячоў замежжа становішчам у Беларусі. З.Касмовіч меў шырокія кантакты з грамадзкімі і дзяржаўнымі дзеячамі, парлямэнтарамі, урадоўцамі розных краінаў, з супрацоўнікамі ААН.

З 1954 актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі (WACL, World Anti-kommunist League), у якой прадстаўляе Беларусь, а ў 1970 годзе Беларускі Вызвольны Фронт уваходзіць у Лігу як раўнапраўны ўдзельнік і З.Касмовіч абіраецца прэзыдэнтам беларускага сэктару WACL. У 1967 бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі Эўрапейскае Рады Свабоды (EFC - European Freedom Council), быў старшынём беларускага сэктару і сябрам выканаўчага камітэту гэтай арганізацыі. З.Касмовіч быў добра вядомы ў многіх сусьветных антыкамуністычных нацыянальных і інтэрнацыянальных арганізацыях, браў удзел і выступаў у шматлікіх канфэрэнцыях, сярод якіх «Барацьба за свабоду ў 20 стагодзьдзі», Франкфурт, 1960; «Камуністычная пагроза сьвету», Рым, 1961; «Правы чалавека і самавызначэньне нацыяў», Люцэрна, 1974. Выступаў у пытаньнях абароны правоў беларускага і ўсіх паняволеных народаў на 15 сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбургу, канфэсах Панэўропа-Уніон, канфэрэнцыях WACL.

Матэрыялы, прысьвечаныя дзейнасьці З.Касмовіча і Беларускага Вызвольнага Фронту, рэгулярна друкаваліся ў эміграцыйных часопісах «Беларуская думка» (Саўт Рывэр, ЗША), і «Барацьба» (Штутгарт, Нямеччына). Апошнія гады жыцьця З.Касмовіч працаваў над кнігай «За вольную і сувэрэнную Беларусь».

Літ.: 1. Дудаліч С. Беларускі генэрал-антыкамуніст // Пагоня. 1996, № 14, 15, красавік.

Марыя Міцкевіч @

Кашкевіч, камандзір партызанскага аддзелу на пачатку 1950 на Слонімшчыне. Спачатку ягоны аддзел дзеяў каля Дзярэчына, а пасьля перабраўся на поўнач Слонімшчыны. Многія партызаны К. легальна працавалі ў калгасах і саўгасах. К. быў арыштаваны ў 1953. Яго й іншых партызанаў судзілі ў Баранавічах. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Ёрш С. Людзі з лесу // Газета Слонімская. 1998, № 6 (35), 6-12 лютага 1998.

Сяргей Ёрш @

Качэрга Юзаф (27.09.1930, в. Качэргі Мядзельскага р-ну Менскай вобл.; цяпер жыве ў Шчэціне, Польшча), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне ў 1948-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і паважанага ў роднай вёсцы земляроба і рыбака. Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, дзе вылучаўся спакойным характарам і працавітасьцю. Там жа пазнаёміўся з Расьціславам Лапіцкім і пад яго ўплывам актыўна ўключыўся ў антыкамуністычны рух. Удзельнічаў у сходах падпольшчыкаў, у друкаваньні і распаўсюджваньні ўлётак з заклікамі аказваць супраціў прымусовай калектывізацыі, змагацца супраць камуністычнага рэжыму. 14.02.1950 арыштаваны ў школе на ўроку, празь некалькі дзён утрыманьня ў склепе-вязьніцы мядзельскай міліцыі перавезены ў турму ў Маладэчне. Пры ператрусе ў бацькоўскай хаце знойдзена пішучая машынка і запас выбуховых рэчываў. У часе допыту (сьледчы Пахомаў) жорстка зьбіваўся (выбіта некалькі зубоў і зламаныя рэбры), катаваўся халоднай кропельніцай. 20.07.1950, разам зь іншымі ўдзельнікамі мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага руху, асуджаны судам ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Тэрмін адбываў у Карлагу каля г. Тэмір-Таў (Казахстан).

Пасьля суду над Юзафам была звольнена з працы ягоная сястра, а ў 1953 г. і бацька быў асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня. Пасьля сьмерці Сталіна яны былі вызваленыя.

У 1956 сям'і было прапанавана выехаць у Польшчу і ў сувязі з гэтым абяцалася вызваліць са зьняволеньня сына. Ю.Качэрга вярнуўся летам 1956 на Мядзельшчыну, а восеньню таго ж году разам з бацькамі і сёстрамі выехаў у Польшчу.

Антон Мелец @

Кашэня Міхась, удзельнік настаўніцкай групы падпольнай арганізацыі «Чайка». Кіраўнік групы - Іван Тарасюк. Група не была выкрытая МГБ. @

Кісель Уладзімір (нар. у 1922 у Клецку), удзельнік падпольнай арганізацыі Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі (СЗНБ).

Пад час нямецкае акупацыі вучыўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі, дзе зь сябрамі заснаваў падпольны «Саюз беларускіх патрыётаў». З восені 1944 настаўнічаў на Нясьвіжчыне. Удзельнік арганізацыйных сходаў СЗНБ (мянушка «Раса»), разам зь іншымі рыхтаваў праграму арганізацыі. Арыштаваны 25.02.1949 у Горадні. Асуджаны ў Менску Ваенным трыбуналм войскаў МВД Беларускай Вайсковай Акругі на 25 гадоў лягероў з паражэньнем у правох і канфіскацыяй маёмасьці. Прайшоў канцлягеры ў Джэзказгане, Кінгіры, турму ў Горадні. Вызваліўся ў 1960. Сябра Дэмакратычнага Аб'яднаньня Вэтэранаў. Жыве ў Горадні.

Бібл.: 1. Кісель У. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі // Пагоня. 1998, 17 сакавіка.

Сяргей Ёрш @

Кліманскі Гардзей, удзельнік беларускага паваеннага антысавецкага моладзевага супраціву. Быў сябрам Глыбоцкае групы арганізацыі Саюз Беларускіх Пэтрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Па справе СБП атрымаў 10 год пазбаўленьня волі. Тэрмін адбываў у лягерох Сьвярдлоўскай вобл. Далейшы лёс невядомы.

Літ.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 79, 340.

Юры Грыбоўскі @

Клімовіч Рыгор (03.10.1924, в. Шляхецкая Ваколіца, сёньня в. Цярэшкавічы Гомельскае вобласьці; у наш час жыве ў Гомелі), адзін зь лідэраў руху супраціву ў ГУЛАГу, кіраўнік Нарыльскага паўстаньня 1953 году, аўтар гімну паўстанцаў «Не страшны нам тиранства большевизма».

К. паходзіць з аднадворнае шляхты, якая ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя была расьселеная ў ваколіцах Гомеля. У сярэдзіне 1930-х гадоў бацька К. быў «раскулачаны». Паводле ўспамінаў К., да беларускае ідэі ён спрычыніўся яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў беларускія кніжкі 1920-х гадоў, якія шчэ не прайшлі цэнзуры часу сталінскіх рэпрэсіяў.

Перад пачаткам нямецкай акупацыі К. паступае ў гомельскі тэхнікум. У канцы 1942 пераходзіць лінію фронту, і на працягу шасьцёх месяцаў дабіраецца да Саратава, дзе пад час эвакуацыі разьмяшчаўся тэхнікум. На пачатку 1943 накіроўваецца разам зь сябрам у Маскву, дзе К. арыштоўвае НКВД па абвінавачваньні ў «шпіёнстве». Па сьведчаньні Рыгора Клімовіча, яму імкнуліся інкрымінаваць забойства кіраўніка аднаго з партызанскіх аддзелаў, які ў 1942 годзе базаваўся паблізу Гомеля.

З 1943 па 1947 гады К. знаходзіцца ў Сьвярдлоўскім УВПЛІК. У гэты пэрыяд К. піша некалькі дзясяткаў вершаў, скіраваных на выкрыцьцё сталінскага рэжыму. У якасьці пакараньня К. скіроўваюць у Горлаг, што пад Нарыльскам - лягер асабліва строгага рэжыму ўтрыманьня.

У 1950 Клімовіча паўторна асуджаюць тэрмінам на 10 гадоў - паводле абвінавачваньня ў антысавецкай дзейнасьці. З 1950 па 1953 К. утрымліваецца ў Нарыльскай турме. У 1953 годзе яго ізноў вяртаюць у Горлаг, дзе неўзабаве К. узначальвае паўстаньне палітвязьняў, якое распачалося 25 траўня 1953 і трывала на працягу сарака дзён. Паўстаньне было задушанае войскамі МГБ, якімі кіраваў асабісты рэфэрэнт Берыі генэрал Кузьняцоў, пасьля чаго Горлаг быў расфармаваны.

З канца 1953 па 1956 К. утрымліваецца ў турмах Уладзіміра й Іркуцку, а таксама ў Азёрлагу. За гэты пэрыяд яго яшчэ раз судзяць за антысавецкую дзейнасьць, якая выявілася ў адмове працаваць, але амністыйнай пастановай Вярхоўнага Савету СССР Клімовіч быў вызвалены са зьняволеньня.

На волі К. адразу ж заняўся працай па згуртаваньні вызваленых паплечнікаў па барацьбе ў ГУЛАГу. Ужо на пачатку 1957 было створанае ядро арганізацыі, якая плянавала падрыхтоўку паўстаньня супраць савецкага рэжыму. Але КГБ удалося выйсьці на сьлед арганізацыі. Быў праведзены шэраг арыштаў, у тым ліку быў затрыманы Клімовіч. Адзін з удзельнікаў арганізацыі, украінец Дужынскі, усю адказнасьць узяў на сябе. Таму праз тры месяцы па арышце за адсутнасьцю дастатковых доказаў К. быў выпушчаны на волю.

Імя К. шырока вядомае сярод вэтэранаў антысталінскага руху ў ГУЛАГу. Пасьлядоўны праціўнік сыстэмы бальшавізму, К. найбольш ярка праявіў сваю прынцыповасьць і талент арганізатара ў траўні-чэрвені 1953 году, калі ўзначаліў паўстаньне палітвязьняў Горлагу.

Супраціў у ГУЛАГу існаваў увесь час існаваньня гэтае сыстэмы, і ў першую чаргу быў скіраваны на абарону зьняволенымі ўласных чалавечых правоў. «Супраць імкненьня «вертухаяў» ператварыць зьняволеных у рабоў, падуладных лёсу і волі начальнікаў», - адзначае ў сваіх успамінах К.

У траўні 1953 супрацьстаяньне паміж вязьнямі Горлагу і адміністрацыяй спазнала беспрэцэдэнтны для гісторыі ГУЛАГу маштаб і напятасьць. У той час, як пасьля сьмерці Сталіна 2 сакавіка 1953 па ўсёй тэрыторыі СССР пачаліся масавыя амністыі, у Горлагу ня толькі ўзмацніўся рэжым утрыманьня, але ахова атрымала дазвол расстрэльваць зьняволеных бяз суду й сьледзтва на ўласнае меркаваньне. За першыя вясновыя месяцы 1953 такім чынам былі забітыя 13 чалавек. Мяжа цярплівасьці палітвязьняў скончылася 25 траўня, калі былі забітыя яшчэ 4 чалавекі. Над лягерам быў узьняты чорны сьцяг з чырвонай паскай - спалучэньне колераў, якое сымбалізавала свабоду.

Паўстанцы патрабавалі прыезду з Масквы камісіі ЦК КПСС, а таксама рэабілітацыі для ахвяраў вайны, іншадумцаў і вязьняў, якія да 1939 не зьяўляліся грамадзянамі СССР. 7 чэрвеня з Масквы прыбыла камісія. Але яна складалася з вышэйшага кіраўніцтва МВД і МГБ на чале з генэралам Кузьняцовым. Асноўнай задачай камісіі зьяўлялася падрыхтоўка задушэньня паўстаньня. Пасьля працяглых перамоваў з кіраўнікамі паўстанцкіх камітэтаў 1 ліпеня 1953 генэрал Кузьняцоў даў каманду войскам увайсьці на тэрыторыю Горлагу і адкрыць агонь на зьнішчэньне з усіх відаў аўтаматычнае зброі. 3 ліпеня паўстаньне было задушанае.

Унікальнасьць Нарыльскага паўстаньня заключаецца ў мірным характары супраціву зьняволеных. «Мы адчулі ня страх, а пякучую нянавісьць да катаў, - узгадвае Рыгор Клімовіч. - Мы ня кінуліся ўцякаць ад небясьпекі, а рашуча ставалі на месцы забітых». Усяго пад час нарыльскай карнай апэрацыі была забіта больш як тысяча бяззбройных людзей. Маскоўская адміністрацыя ГУЛАГу прыняла рашэньне аб расфармаваньні Горлагу. Вязьні ўспрынялі гэтую інфармацыю як уласную перамогу, паколькі Горлаг выконваў функцыю свайго роду лягера сьмерці, адкуль мала хто вяртаўся жывым. Пасьля Нарыльскага паўстаньня вязьняў разьвезьлі па іншых лягерох зь мягчэйшым рэжымам утрыманьня, што дазволіла ўратаваць шматлікія людзкія жыцьці.

Упершыню інфармацыя аб Нарыльскім паўстаньні адкрыта прагучала ў 1991 годзе ў Кіеве на сусьветнай Канфэрэнцыі ўкраінскіх палітзьняволеных. Тады ж упершыню быў публічна названы аўтар гімну паўстанцаў «Не страшны нам тиранства большевизма» - Рыгор Клімовіч. «Калі пасьля задушэньня паўстаньня нас везьлі на баржы ўверх па Енісеі, мы былі перакананыя, што нас вязуць на зьнішчэньне. Таму кіраўнікі нацыянальных грамадаў зьняволеных на агульным сходзе прынялі рашэньне стварыць гімн паўстанцаў, каб аб паўстаньні засталася памяць. Вершы даручылі скласьці мне, беларусу, на матыў украінскае песьні (я выбраў адну зь песьняў Украінскай Паўстанцкай Арміі) на расейскай мове, як зразумелай усім зьняволеным», - узгадвае К. Сёньня гімн перакладзены на польскую, нямецкую, летувіскую ды ўкраінскую мовы.

З 1957 па канец 80, калі К. выйшаў на пэнсію, ён знаходзіўся пад наглядам КГБ. Гэты пэрыяд свайго жыцьця К. характарызуе як «пасыўнае дысыдэнцтва» - ён вёў актыўную, наколькі гэта было магчыма ў сытуацыі паднагляднасьці, дзейнасьць па падтрыманьні сувязяў паміж вэтэранамі ГУЛАГу, атаксама параспаўсюджваньні праўдзівае інфармацыі аб рэпрэсіях савецкага рэжыму. У 1986 годзе К. падрыхтаваў рукапіс успамінаў пад назовам «Канец Горлагу».

Сёньня Рыгор Клімовіч зьяўляецца ганаровым прэзыдэнтам некалькіх фондаў і арганізацыяў, якія займаюцца апякунствам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, каардынуе вэтэранаў ГУЛАГу ў Беларусі, працуе дзеля матар'яльнае і маральнае дапамогі ім. К. - ганаровы сябра Нарыльскага, Іркуцкага, Пермскага і Чэлябінскага таварыстваў «Мемориал», а таксама дзейны сябра маскоўскага гісторыка-культурнага таварыства «Возвращение».

З пачатку 90-х гадоў К. актывізаваў сваю грамадзкую дзейнасьць. Ён стаўся пастаянным удзельнікам разнастайных форумаў, прысьвечаных ахвярам савецкага рэжыму, ладзіць публічныя выступы (на мітынгах, перад школьнікамі і г.д.), выступае ў разнастайных сродках масавае інфармацыі. У 1993 годзе маскоўская студыя «Лад» зьняла пра Клімовіча дакумэнтальны фільм.

Зь сярэдзіны 90-х гадоў Рыгор Клімовіч як публіцыст актыўна ўздымае праблематыку незапатрабаванасьці інфармацыі аб удзеле беларусаў у антысталінскім супраціве. У сваёй публікацыі «Паўстаньне духу» К. як прыклад прыводзіць Нарыльскае паўстаньне, у якім брало ўдзел больш за пяць тысячаў беларусаў, чацьвёра зь якіх узначалілі паўстанцкія камітэты: «Прыкра, што ў Беларусі дагэтуль ня ведаюць пра паўстаньне, у якім беларусаў загінула больш, чым зьняволеных іншых нацыянальнасьцяў».

Кр.: 1. ANH F-4/2:28.

Бібл.: 2. Клімовіч Р. Паўстанне духу // «ЛіМ». 02.06.1995; 3. Рыгор Клімовіч: «Я бачу новых змагароў» // Наша Ніва. № 13, 06.07.1998.

Севярын Квяткоўскі @

Кожыч Міхась (1) (нар. у 1915 у вёсцы Апеча Стаўпецкага павету), удзельнік падпольнай арганізацыі Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі (СЗНБ).

Пад час нямецкае акупацыі быў выкладчыкам Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі. У пасьляваенны час - сьпявак у хоры Рыгора Шырмы, жыў у Горадні. Арганізатар падпольнага СЗНБ. У 1947, перад пагрозай арышту, перайшоў на нелегальнае становішча, быў у партызанскім аддзеле Івана Раманчука. Пасьля выйшаў зь лесу, быў арыштаваны. Пад час жудасных катаваньняў назваў імёны шэрагу сяброў СЗНБ. Быў асуджаны на 25 гадоў лягероў. У канцлягерох далучыўся да сэкты егавістаў. Жыве ў г. Савецк Калініградзкай вобл. Расейскай Фэдэрацыі.

Бібл.: 1. Кісель У. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі // Пагоня. 1998, 17 сакавіка.

Сяргей Ёрш @

Кожыч Міхась (2) (мянушка «Дубовы»; 1928?, в. Паўберг Наваградзкага павету), адзін зь ініцыятараў стварэньня Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку ў 1946.

Пад час нямецкай акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Наваградку. Настаўнічаў у роднай вёсцы, пакуль савецкія партызаны ў 1944 не спалілі школы. Пазьней працаваў у Наваградзкай паліклініцы. Летам 1944 быў прызваны ў Чырвоную Армію, ваяваў на Вісьленскім пляцдарме, фарсіраваў Одэр, быў цяжка паранены.

Адзін з кіраўнікоў СВБ у 1946-1947, узначальваў Арганізацыйны аддзел. Арыштаваны 30.05.1947. Засуджаны на 10 гадоў канцлягероў Жыве ў Наваградку.

Бібл.: 1. Клыкоўская Ц. Жыццё за імгненні: да 50-годдзя Саюзу Вызвалення Беларусі // Беларуская маладзёжная. 1996, № 2 (69), студзень.

Сяргей Ёрш @

Конан Мікола (26.10.1929, мястэчка Лужкі Вялейскага павету (сёньня Шаркоўшчынскі р-н Віцебскай вобл.)), вязень ГУЛАГу з 1948 па 1954. Удзельнік Нарыльскага паўстаньня 1953.

Пачатковую адукацыю К. атрымаў у польскай школе, што знаходзілася ў роднай вёсцы Лужкі. Нягледзячы на моцны польскі ўплыў, дзякуючы бацькам К. адчуваў подых беларускасьці. «У школе гучала толькі польская мова. Але дома бацька вучыў нас роднай. Бацька намагаўся зь людзьмі гаварыць толькі па-беларуску. Нас, Конанаў, у Лужках па-вулічнаму клікалі беларусамі, а малых, мяне і брата, адпаведна, беларусікамі», - кажа К. [2, 301].

У верасьні 1939 сям'я Конанаў вітала прыход Чырвонай Арміі. Пры саветах К. працягваў вучобу ў гэнай жа школе, што і раней. Сярод настаўнікаў быў і беларускі мастак Язэп Драздовіч.

Пад час нямецкай акупацыі скончыў 5-ую і 6-ую клясы школы ў Лужкох. «Адразу мы адчулі, што школа ў нас стала сапраўды беларускай. Не скажу, вісеў у нас у школе вялікі партрэт фюрэра з надпісам: «Гітлер - асвабадзіцель». Нам нешта казалі пра Гітлера, пра Нямеччыну. Але палітыкі ўсё ж у школе было няшмат. Ды і яе сьвядома стараліся пазьбягаць настаўнікі», - узгадвае К. [2, 303-304]. Пасьля ўдалай здачы экзаменаў зь верасьня 1943 К. пачынае навуку ў адкрытай у Глыбокім гімназіі. Пад час вучобы ў гэтай установе быў залічаны ў склад мясцовай суполкі Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ).

Па прыходзе Чырвонай Арміі К. працягваў навучаньне ў Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні. Пра існаваньне створанай у гэты час моладзевай паваеннай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) ня ведаў. «Усё маё дачыненьне да СБП было хіба ў тым, што я на просьбу аднакурсьніка Васіля Мядзельца, просьбу даверліва-сакрэтную, надрукаваў пад капірку экзэмпляраў пяць тэксту прысягі, якую прымалі тыя, хто ўступаў у гэтую арганізацыю. Я цалкам згаджаўся з тым, што прачытаў. Мог успрыняць тое, як выпісаную аднекуль удалую цытату, якая спадабалася Васілю, можа, нават як ягоную думку. Але ні ў якім разе я ня зьвязваў гэта зь якой арганізацыяй ці акцыяй», - узгадвае К. [2, 297-298].

Па сканчэньні Глыбоцкай пэднавучальні К. быў накіраваны працаваць настаўнікам у вёску Залесьсе, недалёка ад Глыбокага. У хуткім часе ён паступае ў Менскі пэдагагічны інстытут імя Горкага на завочнае аддзяленьне. Арыштаваны К. быў узімку 1948 органамі МГБ па справе СБП. Ведаючы пра толькі ўскоснае дачыненьне К. да СБП, МГБ намагалася завэрбаваць яго ў якасьці «сэксота». Але К. адмовіўся і быў засуджаны на 10 гадоў лягероў.

Пасьля знаходжаньня ў Аршанскай, Куйбышаўскай і Краснаярскай перасылачных турмах, трапіў на медзеплавільны камбінат у Нарыльску. Улетку 1953 К. браў удзел у хваляваньнях зьняволеных, якія скончыліся ўзброенымі сутыкненьнямі зь лягернай аховай. «Увесь наш лягер № 5 на працу ня выйшаў. Забастовачны камітэт выставіў патрабаваньні выклікаць для перамоваў прадстаўніка з Масквы. Усё ж прыбыў да нас пасланец з Масквы. У выніку перамоваў нашыя патрабаваньні як быццам былі прынятыя да ўвагі. Тады мы выйшлі на працу. Аднак на тым ня скончылася. Пасьля стала вядома, што было забіта каля 20 чалавек зь ліку паўстанцаў», - гаворыць К. [2, 312-313].

У верасьні 1954 К. быў вызвалены і накіраваўся ў Беларусь. Але спаткаў там адмоўнае стаўленьне да сябе з боку мясцовай адміністрацыі і ў хуткім часе разам зь сябрам Іванам Бабічам, які таксама прайшоў сталінскі ГУЛАГ за прыналежнасьць да СБП, зьехаў у Інту (Комі АССР), дзе ўладкаваўся на працу шахцёрам. Адначасна К. скончыў дзясятую клясу вечаровае школы і паступіў на завочнае аддзяленьне ў Маскоўскі інстытут нафты імя Гібкіна. Але потым мусіў перавесьціся ў Ленінградзкі горны інстытут. Па выхадзе на пэнсію пераехаў у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства. Жыве ў роднай вёсцы Лужкі. Рэабілітаваны. К. браў удзел у напісаньні ўспамінаў да кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 21, 297-315, 333-335, 340.

Юры Грыбоўскі @

Крапіўніцкі Іосіф (нар. у 1882 у в. Данюшава Смаргонскага р-ну), ксёндз у м. Крывічы, асуджаны 16.01.1946 «за правядзеньне антысавецкай агітацыі» на 8 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Краскоўскі Вячаслаў (1927, Наваградак - 1988), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Заходняй Беларусі.

У 1945 годзе скончыў Наваградзкую пэднавучальню, а ў 1947 - Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1946 удзельнічаў у беларускім патрыятычным падпольлі пры Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, якое ўваходзіла ў склад падпольнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі з кансьпірацыйным назовам «Чайка».

Арыштаваны МГБ у чэрвені 1947 і засуджаны 16-18.10.1947 у Баранавічах ваенным трыбуналам паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў (высылкі). Пакараньне адбываў у баранавіцкай турме і канцлягерох Комі АССР, працуючы на вугальных шахтах Інты (лягеры № 2 і 3).

Пасьля вызваленьня ў 1956 пэўны час працаваў тамсама на шахтах камбінату «Інтавугаль». Рэабілітаваны ў 1975. У Беларусь, у горад Салігорск, пераехаў пасьля выхаду на пэнсію - у 1977. Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Салігорску. Памёр у 1988, пахаваны ў Наваградку.

Кр.: 1. Зьвесткі М.Агейкі.

Васіль Супрун @

Краснадубская Людміла (нарадзілася ў в. Краўцы на Глыбоччыне), удзельніца беларускага паваеннага моладзевага антысавецкага падпольля. К. была ўдзельніцай Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Пачатковую адукацыю К. атрымала ў польскай школе, што знаходзілася ў суседняй вёсцы Лучайка. Тут яна скончыла тры клясы. Потым бацькі аддалі К. вучыцца ў школу імя Ю.Пілсудзкага ў вёсцы Падорцы. «Усё тут было прасякнута польскім духам. Я гэта адчула, хоць была тады зусім дзіцем. Такая тут была варожасьць да ўсяго беларускага. За беларускае слова, сказанае на перапынку - на ўроку, ясная справа, размаўляць трэба было толькі па-польску - вучню запісвалі штраф 5 грошай, каб затым бацькі разьлічваліся», - узгадвае К. [1, 190].

Але К. яшчэ зь дзяцінства набыла сьвядомы беларускі патрыятызм ад матчынага брата Янкі Пачопкі, які за польскім часам быў рэдактарам часопіса «Праваслаўны беларус», што выдаваў Беларускі пасольскі клюб у Варшаве.

Па прыходзе Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 К. працягвала вучобу ў Шкунцінскай школе, дзе правучылася два гады. У гэтай жа школе вучылася і пад час нямецкае акупацыі, пакуль не паступіла ў нядаўна адкрытую ў Паставах настаўніцкую сэмінарыю. «У сэмінарыі мне адкрывалася столькі дагэтуль малавядомага, а то й невядомага, такога ж цікавага, узварушлівага для душы пра нашу Беларусь! У нас, аказваецца, была вартая захапленьня гісторыя. Нас нікому не рыхтавалі прыслужваць. Немцам мы ніколі не прыслужвалі. Нас вучылі быць патрыётамі Беларусі», - узгадвае К. [1, 192].

Калі Беларусь была вызваленая з-пад немцаў і ў Глыбокім адчынілася пэдагагічная навучальня, К. пайшла туды вучыцца. «Мяне, як і іншых навучэнцаў, зразумела, затурбавала, што мы нібыта не ў Беларусі вучыліся. Усяго і было беларускага, што ўрокі роднай мовы і літаратуры. Па-беларуску з намі размаўлялі толькі выкладчыкі гэтых прадметаў», - кажа К. [1, 192].

У Глыбоцкай пэднавучальні К. спрычынілася да падпольна ўтворанай тут беларускай паваеннай моладзевай арганізацыі. «Сваю таямніцу мне даверылі Васіль Мядзелец і Антон Фурс. Да хлопцаў гэтых я зь дзяўчатамі часам заходзіла. Хлопцы неякі адкрылі мне, што сярод навучэнцаў ёсьць такая арганізацыя - Саюз Беларускіх Патрыётаў. Растлумачылі, што ў яе чыста патрыятычныя, чыста культурна-асьветныя задачы - трэба ж неяк процідзейнічаць той русіфікацыі, якая вядзецца ў навучальні. Вядома, я выказала згоду далучыцца», - прыпамінае К. [1, 193].

Па разгроме СБП органамі МГБ К. была арыштаваная ў лютым 1947 і паводле арт. 63-I КК БССР асуджаная на 10 гадоў пазбаўленьня волі з 5-гадовым тэрмінам паражэньня ў правох. Празь цяжарнасьць К. часова знаходзілася ў санчастцы менскай турмы, пакуль не была пераведзеная ў лягерную калёнію «маці і дзіцяці» Хальч, што ля Гомеля. Потым К. знаходзілася ў перасылачнай турме ў Воршы, пасьля чаго была накіраваная на этап. Яна трапіла ў адзін з заўральскіх лягероў, дзе працавала на лесапавале. На нейкі час К. апынулася ў лягеры ў Абезі (за 90 км ад Варкуты). Наступны этап для К. быў на поўдзень - у Казахстан. У выніку яна апынулася ў Каксунскім аддзяленьні Долінскага садова-агародніцкага аб'яднаньня. Тут К. дачакала вызваленьня.

У сакавіку 1956 ёй дазволілі выехаць у Беларусь. Па вяртаньні дадому ў гэтым жа годзе К. выйшла замуж за Івана Галкіна, зь якім пазнаёмілася яшчэ ў ГУЛАГу. Празь нейкі час К. мусіла разам з мужам ехаць у Казахстан. «Стала ясна, што ў Беларусі ў мяне няма ніякіх пэрспэктываў. Беларусь савецкая мяне цураецца, як непажаданага, варожага элемэнту», - згадвае К. [1, 211].

У Казахстане К. завэрбавалася на працу ў Сяміпалацінскую вобл. Празь колькі гадоў яна разам з мужам пераехала на сталае месцажыхарства ў сяло Актар Курцінскага р-ну Алма-Ацінскай вобл. Пэнсіянэрка. К. брала ўдзел у напісаньні ўспамінаў для кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 38, 89, 189-213, 283, 284, 317, 319, 340.

Юры Грыбоўскі @

Крывенка Валянцін, кіраўнік падпольнай групы ў Заходняй Беларусі. Месца дзеяньня невядомае. Пад час нямецкай акупацыі быў у Саюзе Беларускай Моладзі. Пад час арышту ў Крывенкі былі канфіскаваныя актысавецкія ўлёткі й вершы.

Бібл.: 1. Беларуская патайная арганізацыя ў БССР // Беларускі Голас (Таронта). 1972, № 202, травень.

Сяргей Ёрш @

Кулак, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Аргентыне.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, № 342, сакавік.

Сяргей Ёрш @

Курэц, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Парагваі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, № 342, сакавік.

Сяргей Ёрш @

Лабовіч Сьцяпан (паходзіць з в. Азярніца Слонімскага р-ну - 1951, Слонімскі р-н), камандзір партызанскага аддзелу на Слонімшчыне й Зэльвеншчыне.

Сябра камуністычнай партыі Заходняй Беларусі(?). Пад час нямецкай акупацыі кароткі час быў у Самаахове (або ў паліцыі). Летам 1944 добраахвотна хацеў пайсьці ў Чырвоную Армію, але перад пагрозай арышту быў вымушаны перайсьці на нелегальнае становішча. Арганізаваў партызанскі аддзел.

Паводле некаторых зьвестак, у 1945 аддзел Л. дзейнічаў у ваколіцах Зэльвы й налічваў да 150 чалавек. Супольна з партызанскім аддзелам, які адышоў у гэты раён з-пад Казлоўшчыны, партызаны Л. зрабілі напад на мястэчка Азярніца, дзе зьнішчылі аддзел НКВД. У 1951 Л. быў атручаны агентам дзяржбясьпекі Куляшэвічам на хутары недалёка в. Мыслава (Слонімскі р-н). Мёртвага атамана забрала міліцыя. Неўзабаве пасьля таго зь лесу прыйшлі «лясныя браты» і зьбілі забойцу. Празь месяц ён сканаў.

Кр.: 1. Успаміны Мікалая Ракевіча (архіў аўтара).

Бібл.: 2. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП (Зах. Нямеччына). 1946, № 6; 3. Ёрш С. Вайна пасьля вайны // Наша Ніва. 07.04.1997, № 13-14 (83).

Сяргей Ёрш @

Лагунёнак Валянцін, удзельнік беларускага паваеннага антысавецкага моладзевага падпольля, сябра Пастаўскай групы падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Па прыходзе ў 1944 Чырвонай Арміі Л. вучыўся ў адкрытай Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні, пакуль празь нейкі час не перавёўся ў Пастаўскую пэднавучальню. Там спрычыніўся да падпольна створанага сярод патрыятычна настроеных навучэнцаў гуртка. Л. браў удзел у перамовах з адпаведным гуртком маладых патрыётаў у Глыбоцкай пэднавучальні наконт аб'яднаньня ў адзіную арганізацыю. Па разроме СБП у 1947 органамі МГБ Л. быў арыштаваны і паводле арт. 63-I і 76 КК БССР засуджаны, як адзін зь лідэраў, да сьмяротнай кары, якая потым згодна з указам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 20 траўня 1947 была замененая на 25 гадоў пазбаўленьня волі з паражэньнем у правох на пяцігадовы тэрмін.

Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 39-41, 48, 115, 161, 165, 167, 251, 252, 340.

Юры Грыбоўскі @

Лазарэвіч Ірына (нар. у 1926 у м. Крывічы Мядзельскага р-ну), рахункавод раённай канторы сувязі, асуджаная 11.04.1945 за прыналежнасьць да Саюзу Беларускай Моладзі на 10 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Рэабілітаваная ў 1962.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Лазоўскі Іван (1927, Наваградчына), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Баранавіцкай вобл.

У 1945 скончыў Наваградзкую пэднавучальню, а ў 1947 - Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1946 удзельнічаў у беларускім патрыятычным падпольлі пры Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, якое ўваходзіла ў склад падпольнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі пад кансьпірацыйным назовам «Чайка».

Арыштаваны органамі МГБ у чэрвені 1947 і засуджаны ў Баранавічах 16-18.10.1947 ваенным трыбуналам паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў (высылкі). Пакараньне адбываў у баранавіцкай турме і канцлягерох Комі АССР і Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1975. Пасьля вызваленьня жыў і працаваў у Салігорску.

Кр.: 1. Зьвесткі М.Агейкі.

Васіль Супрун @

Лапіцкі Алег (родам зь мястэчка Кабыльнікі на Мядзельшчыне), камандзір партызанскага аддзелу на Вялейшчыне. Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Сябра БНП. У 1944 - кіраўнік СБМ у Лідзе. Магчыма, быў у батальёне «Дальвіц», але яго хутка перакінулі ў Беларусь.

Арганізаваў партызанскі аддзел, які дзейнічаў на Вялейшчыне асобнымі групамі. У кастрычніку 1944 працаваў настаўнікам у Мядзельскім р-не. Паводле некаторых зьвестак, браў удзел у Віленскай антысавецкай падпольнай арганізацыі. Напрыканцы 1944 Л. быў арыштаваны. Пасьля зьняволеньня застаўся ў Казахстане, каля Караганды. Закончыў музычную навучальню, працаваў дырэктарам музычнай школы. Забіты пры нявысьветленых абставінах.

Кр.: 1. Успаміны Віктара Сікоры (архіў аўтара).

Бібл.: 2. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП. 1946, № 6; 3. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў, Мн., 1997. С. 143-145; 4. Беларуская Незалежніцкая Партыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Мн., 1993. Т. 1. С. 394.

Сяргей Ёрш @

Лапіцкі Расьціслаў (01.09.1928, в. Касута Вялейскага р-ну Менскай вобл. - расстраляны 28.10.1950?), арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і праваслаўнага сьвятара Аляксандра Лапіцкага. Дзеці Лапіцкіх былі знаёмыя з друкаванай у Заходняй Беларусі патрыятычнай літаратурай, падтрымлівалі сувязі з навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі. У часе Другой сусьветнай вайны бацька з паменелай сям'ёй (два старэйшыя сыны і дачка ўжо жылі асобна) пераехаў на Мядзельшчыну, дзе атрымаў у Кабыльніку царкоўны прыход. Пасьля выгнаньня нямецка-фашысцкіх войскаў зь Беларусі ў пачатку восені 1944 Расьціслаў пайшоў вучыцца ў толькі што адчыненую Кабыльніцкую сямігодку. У гэты ж час праз старэйшага брата Алега Лапіцкага - сэмінарыста Віленскай духоўнай сэмінарыі - ён далучыўся да падпольнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі, якая ўтварылася сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскай сэмінарыі. Пасьля разгрому арганізацыі і арышту значнай часткі яе ўдзельнікаў 16-гадовы Расьціслаў быў таксама асуджаны, як малалетні, на тры гады зьняволеньня. Аднак па амністыі ў сувязі зь перамогай над фашысцкай Нямеччынай у 1945 быў вызвалены з турмы і вярнуўся ў Кабыльнік, дзе працягваў школьнае навучаньне. Пасьля сьмерці бацькі ў 1946 асірацелая сям'я - маці і сын - зімой з 1946 на 1947 перабіраюцца ў Мікасецак непадалёку Мядзела, дзе Расьціслаў спрабаваў знайсьці нейкі заробак пры мясцовай царкве. Зь Мікасецку ж юнак хадзіў і ў Мядзельскую дзесяцігодку ў 7, 8 і 9 клясы.

У памяці колішніх мядзельскіх і кабыльніцкіх школьнікаў, жыхароў абодвух мястэчкаў і навакольных вёсак Расьціслаў Лапіцкі застаўся як надзвычайная асоба, надзеленая многімі талентамі, са шчырай і добрай душой, адкрытай на чужы боль. Ён выдатна маляваў, добра сьпяваў і граў на розных музычных інструмэнтах. Меў здольнасьці да майстраваньня і вынаходніцтваў - рабіў радыёпрыймачы, змайстраваў электрамашыну, якой спрабаваў лячыць людзей, езьдзіў на самаробных роварах, у тым ліку і з маторам, мог зладзіць выбуховае прыстасаваньне, для якога ў пасьляваенныя гады яшчэ хапала матэрыялу. Ужо пасьля арышту Лапіцкага мы, меншыя вучні мядзельскай школы, на ўроках батанікі і заалёгіі яшчэ доўга вучыліся па ягоных плякатах, намаляваных каляровымі алоўкамі. І яшчэ аднавяскоўцы памятаюць, якой жахліва беднай была сям'я Лапіцкіх пасьля сьмерці бацькі.

Расьціслаў Лапіцкі ў Кабыльніку і, асабліва, у Мядзельскай школе вылучаўся сваімі ярка выражанымі антыкамуністычнымі і патрыятычнымі настроямі. Былая вучаніца школы Захарэвіч успамінала крылаты выраз юнака: «Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль - спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю - зьнішчы яе». Сваіх думак і перакананьняў не хаваў, зь юначым запалам адстойваў іх нават на ўроках.

Сярод мядзельскіх вучняў Расьціслаў знайшоў аднадумцаў, што не прымалі сутнасьці камуністычнага рэжыму, што ўсталяваўся ў Беларусі. Гэта былі найперш Несьцяровіч Факунда зь Юшкавічаў і Качэрга Юзік з Качарог. Часта зьбіраліся ў Мікасецку на кватэры Лапіцкіх, або ў хаце каго-небудзь зь мясцовых маладых сялянаў.

Нястачы і голад не пакідалі Лапіцкіх у Мікасецку. У пошуках нейкага паратунку восеньню 1949 маці з сынам пешкі, ведучы на вяроўцы карову-карміліцу, падаліся за 80 км у Смаргонь. Там жылі матчыныя браты Жабінскія. Думалася, што каля сваіх будзе лягчэй.

У Смаргоні Расьціслаў пайшоў у дзясятую клясу мясцовай школы. Патрыёт і тут адразу ж пачаў шукаць сяброў, каму быў бы неабыякавы лёс Бацькаўшчыны. Разгарнулася агітацыя - на школьных перапынках, вечарынах, у клюбе, дзе Расьціслаў падзарабляў ігрой на піяніне. Набралася каля паўтара дзясятка аднадумцаў. Рослы, прыгожы Лапіцкі, з вострым розумам і палкім характарам, які мог захапіць і словам і прыкладам, стаў і тут несумненным лідэрам. І ў Смаргоні нават на ўроках юнак не хаваў сваіх перакананьняў: спрачаўся з камсамольскімі арганізатарамі, некаторымі настаўнікамі. Аднойчы адмовіўся пісаць сачыненьне па рамане Фадзеева «Маладая гвардыя», заявіўшы, што ў іх маецца свая «Маладая гвардыя», толькі яна змагаецца за Беларусь.

Пасьля масавага зьяўленьня ў горадзе ў пачатку сьнежня 1949 антыкамуністычных улётак Расьціслаў Лапіцкі быў арыштаваны. Аднак пасьля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.

Нарада падпольнай арганізацыі вырашыла, што Лапіцкаму неабходна пакінуць Смаргонь. І ён зноў тайна вяртаецца на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Тут яго знайшоў Часлаў Цыбоўскі і перадаў прапанову партызанам Арміі краёвай пераправіць яго за мяжу. Аднак хворы Расьціслаў ня змог выкарыстаць гэты паратунак. У Кабыльніку ж ён быў паўторна арыштаваны. Да суду ўтрымліваўся ў нядобра славутай турме ў Вяленцы, дзе надопытах яго жорстка катавалі. Аднаму таксама арыштаванаму вучню кабыльніцкай школы ўдалося падгледзець, як па турэмным калідоры вялі Расьціслава, зьбітага так, што ня мог сам ісьці, выглядаў на старога дзеда.

Суд над Расьціславам Лапіцкім і большасьцю ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падпольля адбыўся ў Маладэчне ў ліпені 1950. Кіраўнік арганізацыі трымаўся мужна і нязломна, браў усю віну на сябе. Ён закідаў камуністам, што тыя прымусам заганяюць людзей у калгасы, прымучваюць непамернымі падаткамі, жорстка караюць за любы пратэст, закрываюць цэрквы і касьцёлы. Выступленьні падсуднага былі не апраўданьнямі, а абвінавачаньнем камуністычнаму рэжыму. Ваенны трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі прыгаварыў Расьціслава Лапіцкага да расстрэлу. Беларускі патрыёт мужна ўспрыняў такі прысуд і з абурэньнем адмовіўся ад прапановы прасіць памілаваньня. Як сьведчыць жыхарка Кабыльніка Таіса Камарніцкая (Бяліцкая), восеньню гэтага ж году ў мясцовай школе абвясьцілі аб расстрэле яе былога вучня. Аб расстрэле Расьціслава Лапіцкага ў ноч на 28 кастрычніка 1950 паведаміў асуджанай па справе мядзельска-смаргонскага падпольля Леакадзіі Цыбоўскай і наглядчык маладэчанскай турмы.

Памяць пра Расьціслава Лапіцкага, як найяскравейшага прадстаўніка беларускага антыкамуністычнага пасьляваеннага супраціву, і сёньня, нягледзячы на замоўчваньне рэжымам, захоўваецца сярод многіх жыхароў Мядзельшчыны і Смаргоншчыны. Яго прыклад выхаваў тут не аднаго патрыёта Бацькаўшчыны.

Міхась Чарняўскі @

Лапыцька Сафія (нарадзілася ў 1931 або 1932, Смаргонь Гарадзенскай вобл.; цяпер жыве ў Гіжыцку ў Польшчы), удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле). Вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. Удзельнічала ў падпольным руху смаргонскіх школьнікаў. У лютым 1950 арыштаваная, а летам таго ж году па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі асуджаная на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі. Пакараньне адбывала пераважна ў Іркуцкай вобл. Пасьля сьмерці Сталіна вызваленая і вярнулася ў Смаргонь. Неўзабаве выйшла замуж за былога палітвязьня, асуджанага за ўдзел у падпольнай беларускай арганізацыі навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскай духоўнай сэмінарыі Алега Лапіцкага (брата Расьціслава Лапіцкага) і паехала да мужа ў Казахстан. Пасля забойства мужа ў 1979 выехала зь дзецьмі ў Польшчу да старэйшага брата Лапіцкіх Вадзіма, які таксама быў удзельнікам беларускага патрыятычнага руху.

Міхась Чарняўскі @

Лапушынскі Павал, удзельнік беларускага паваеннага антысавецкага моладзевага падпольля. Уваходзіў у склад Пастаўскае групы падпольна створанай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 340.

Юры Грыбоўскі @

Лішко Яўген, удзельнік Саюзу Вызваленьня Беларусі. Арыштаваны ў траўні 1947. @

Луцкевіч Лявон (1922-1997, Вільня), беларускі культурнік, дэсантнік батальёну «Дальвіц». Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Пад час нямецкай акупацыі настаўнічаў. З 1944 - афіцэр БКА, быў у батальёне «Дальвіц». Арыштаваны ў Польшчы напрыканцы 1945. Праходзіў на судовым працэсе над кіраўніцтвам БНП («Справа шасьцёх», Менск, 1946). Пасьля канцлягероў жыў у Вільні. Аўтар кнігі «Вандроўкі па Вільні» (Вільня, 1998).

Бібл.: 1. Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Мн., 1998.

Сяргей Ёрш @

Луцкевіч Юрка (22.10.1920, Вільня - 12.08.1992, Вільня), уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, Віленскую тэхнічную навучальню. Напрыканцы 1930-х вучыўся ў Варшаўскай палітэхніцы, быў забраны ў польскую афіцэрскую школу. У верасьні 1939 трапіў у нямецкі палон. Пад час нямецкай акупацыі быў дырэктарам беларускай школы ў Радашкавічах, настаўнічаў у Баранавічах.

Удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, быў сябрам БНП. З 1944 - афіцэр БКА, удзельнічаў у падрыхтоўцы антынямецкага паўстаньня ў Менску напрыканцы чэрвеня 1944, якое не адбылося. Пасьля - у батальёне «Дальвіц». Разам з Усеваладам Родзькам вясной 1945 з Чэхіі перабраўся ў Польшчу з мэтай арганізацыі антыбальшавіцкага падпольля й партызанкі. Арыштаваны ў Варшаве напрыканцы 1945. Засуджаны на 25 гадоў лягероў «за здраду й супрацоўніцтва з ворагам». Зьняволеньне адбываў на Калыме. У Беларусь вярнуўся ў 1957, жыў у Вільні.

Бібл.: 1. Юры Луцкевіч (нэкралёг) // Беларус (Ню Ёрк), № 394, кастрычнік 1992.

Сяргей Ёрш @

Лысёнак Уладзімір, удзельнік беларускага паваеннага моладзевага супраціву. Пад час вучобы ў Пастаўскай пэдагагічнай навучальні Л. быў сябрам Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП). У 1947 за прыналежнасьць да СБП атрымаў 10 гадоў лягероў. Тэрмін зьняволеньня адбываў у Нарыльскіх лягерох. Памёр Л. па вызваленьні. Пахаваны ў Нарыльску.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 73, 79, 252, 340.

Юры Грыбоўскі @

Ляпешка Аляксандар, удзельнік Саюзу Вызваленьня Беларусі. Арыштаваны ў траўні 1947. @

Лях Лявон (1927, Наваградчына), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Баранавіцкай вобл.

У 1945 скончыў Наваградзкую пэднавучальню, а ў 1947 - Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1946 удзельнічаў у беларускім патрыятычным падпольлі пры Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, якое ўваходзіла ў склад падпольнай беларускай арганізацыі з кансьпірацыйным назовам «Чайка».

Арыштаваны карнымі савецкімі органамі ў чэрвені 1947 і засуджаны ў Баранавічах 16-18.10.1947 ваенным трыбуналам войскаў МВД Баранавіцкай вобл. паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у баранавіцкіх турмах і канцлягерох Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1975.

Кр.: 1. Зьвесткі М.Агейкі.

Васіль Супрун @

Маеўскі Міхась, сябра Замежнага Сэктару БНП, арганізоўваў сувязь Сэктару са структурамі партыі на Бацькаўшчыне. У 1950-х жыў у Нямеччыне, быў дэлегатам 14-га Пленуму БЦР. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. Успаміны Міхася Зуя (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Мазан Міхась, удзельнік Саюзу Вызваленьня Беларусі. Арыштаваны ў траўні 1947. @

Макар Іван, удзельнік Саюзу Вызваленьня Беларусі. Арыштаваны ў траўні 1947. @

Малько Мікалай (нар. у 1923 у в. Мацкі Мядзельскага р-ну), селянін з в. Вытраскі, асуджаны 26.04.1947 «за правядзеньне сярод насельніцтва антысавецкай агітацыі і паклёп на савецкую рэчаіснасьць» на 7 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р.-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Маляўка Фабіян, з 1944 камандзір партызанскага аддзелу ў Шаркоўшчынскім р-не. Скончыў у Нямеччыне разьведшколу(?). Ягоны аддзел атрымоўваў з Англіі праз Польшчу зброю, боепрыпасы й амуніцыю. Паводле адной з вэрсій, аддзел Маляўкі належаў да польскае партызанкі [1].

Бібл.: 1. Диско А. Правда об армии Крайовой // Новая Народная Газета, № 13, верасень 1994.

Сяргей Ёрш @

Мануйла Станіслаў, камандзір партызанскага аддзелу ў раёне Баранавічаў у 1944. Сябра БНП. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 394.

Сяргей Ёрш @

Маныла Іван (1927, Наваградчына), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Баранавічах.

У 1945 скончыў Наваградзкую пэднавучальню, а ў 1947 - Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1946 удзельнічаў у беларускім патрыятычным падпольлі пры Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, якое ўваходзіла ў склад сацыял-дэмакратычнай арганізацыі пад кансьпірацыйным назовам «Чайка».

Арыштаваны савецкімі карнымі органамі ў чэрвені 1947 і засуджаны ў Баранавічах 16-18.10.1947 ваенным трыбуналам войскаў МВД Баранавіцкай вобл. паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пакараньне адбываў у баранавіцкай турме і канцлягерох Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1975.

Кр.: 1. Зьвесткі М.Агейкі.

Васіль Супрун @

Марцінкевіч, кіраўнік Віленскага камітэту БНП у 1944-1945. Працаваў выкладчыкам фізкультуры ў Віленскай беларускай гімназіі. Быў арыштаваны. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. Успаміны Віктара Сікоры (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Мацко Сыльвэстар (нар. у 1904 у в. Камарова Мядзельскага р-ну), рабочы Будслаўскай МТС, асуджаны 24.08.1949 «за правядзеньне сярод аднавяскоўцаў антысавецкай агітацыі» на 10 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 3 гады. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Мацук Алена (Лілія), удзельніца Пастаўскай групы моладзевай паваеннай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Пад час вучобы ў Пастаўскай пэдагагічнай навучальні М. спрычынілася да дзейнасьці падпольна ўтворанага сярод нацыянальна сьвядомых навучэнцаў гуртка. 25 сакавіка 1946 брала ўдзел у прыняцьці прысягі на вернасьць Беларусі. Па сканчэньні Пастаўскай пэднавучальні М. нейкі час настаўнічала.

У часе разгрому СБП у 1947 органамі МГБ была арыштаваная і асуджаная на 10 гадоў лягероў. Пасьля знаходжаньня ў дудзінскай перасылачнай турме М. трапіла ў нарыльскі лягер, дзе працавала ў карпусох медна-нікелевага камбінату ў лябараторыі КМП (кантрольна-вымяральных прыладаў). Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 112, 113, 321, 322, 324, 325, 340.

Юры Грыбоўскі @

Мельнік Лідзія (Несьцяровіч; 16.06.1930, хутар Стафанполь Дзісьненскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мёрскі р-н Віцебскай вобл.)), удзельніца Глыбоцкай групы паваеннай падпольнай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Бацькі М. за польскім часам мелі кавалак зямлі і былі заможнымі. Па прыходзе ў верасьні 1939 Чырвонай Арміі яны ўважаліся новай уладай за т.зв. «кулакоў». Таму на сям'ю абрынуліся рэпрэсіі ў форме вялізных падаткаў. Потым бацька М. быў на нейкі час арыштаваны.

Пачатковую адукацыю М. атрымала ў савецкай вясковай школе. Рэпутацыя «кулацкай дачкі» і тут стварала дзяўчынцы цяжкасьці. «Нярэдка ў школу завітвалі правяральшчыкі, упаўнаважаныя. Перад імі настаўнікі наагул стараліся і прозьвішча майго не называць, а калі іншы раз бяз гэтага нельга было, то якія позіркі я заўважала на сабе, як выразна пераглядваліся між сабой дарослыя», - узгадвае М. [2, 279].

Пад час нямецкай акупацыі М. разам з бацькамі пераехала ў Дзісну, дзе працягвала вучобу ў тамтэйшай школе. Па сканчэньні сёмай клясы М. вытрымала экзамены і паступіла ў першую падрыхтоўчую клясу толькі што адчыненай Глыбоцкай прагімназіі. «І ў школе ў Дзісьне, і ў прагімназіі, дзе я змагла правучыцца толькі год, я па-сапраўднаму адчула, што я беларуска, жыву ў Беларусі, што ў маёй Радзімы даўнія карані, у нас багатая спадчына. Я толькі ўваходзіла ў жыцьцё, а ўжо ўва мне абуджаўся - кажучы словамі Максіма Багдановіча - «за краіну радзімую жах», - успамінае М. [2, 280-281].

Па вызваленьні Беларусі ад немцаў М. пайшла вучыцца ў Глыбоцкую сярэднюю школу ў дзявятую клясу. «У верасьні 1944 у Глыбокім адчыніліся дзьве сярэднія школы: адна беларуская і адна расейская. Я пайшла, зразумела, у беларускую дзесяцігодку. Але беларускай нашая школа была болей па назьве. Большасьць прадметаў выкладалася па-расейску», - прыгадвае М. [2, 281].

Пад час вучобы тут М. моцна зблізілася зь сяброўкай яшчэ па Глыбоцкай прагімназіі Марыяй Бабіч, якая вучылася ў Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні разам з Васілём Мядзельцам, Антонам Фурсам і іншымі маладымі беларускімі патрыётамі, што потым заклалі ў вучнёўскім асяродку падпольную моладзевую арганізацыю. М. была ў ліку першых, з каго пачыналася Глыбоцкая група Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП). На ейнай кватэры сябры СБП прымалі прысягу на вернасьць Беларусі.

Па разгроме СБП узімку 1947 М. была арыштаваная ды засуджаная на 8 гадоў працоўна-папраўчых лягероў і 5 гадоў паражэньня ў правох. Празь некалькі месяцаў пасьля суду М. апынулася ў Кемераўскай вобл., у т.зв. лягеры ЧСМР, дзе пераважна знаходзіліся зьняволеныя зь ліку сваякоў т.зв. «ворагаў народу і здраднікаў радзімы». «Я ўжо наперад ведала: мяне пашлюць валіць лес. Настроеная была прыняць найгоршае. Але, на зьдзіўленьне, мне выпала працаваць на швейнай фабрыцы, у цэху шырспажыву», - кажа М. [2, 286].

У верасьні 1949 М. трапіла на этап, які вывезьлі ў Казахстан. Тут яна працавала на цагельнай фабрыцы, недалёка ад Караганды, пакуль у 1953 не была пераведзеная ў «Карлаг». 4 лістапада 1954 М. была датэрмінова вызваленая. Па выхадзе на волю пасялілася ў пасёлку Кулагір пад Карагандой (Казахстан), дзе працавала ў дзіцячым садку.

М. брала ўдзел у напісаньні артыкулу ўспамінаў у кнізе «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Сёньня яна не цураецца і не наракае на сваё мінулае, у тым ліку і на колішнюю прыналежнасьць да паваеннага антысавецкага моладзевага руху. «Калі нават ня дасьць лёс скончыць сваю жыцьцёвую дарогу там, дзе я хацела б, дзе яна пачыналася - на роднай зямлі, маёй апошняй думкай я буду з Табой, дарагая мая Маці-Беларусь!» -дэкляруе М. [2, 295].

Кр.: 1. ANH, F-3.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 275-295, 340.

Юры Грыбоўскі @

Мікуліч Сяргей, удзельнік Філістовіча групы. У гады другой сусьветнай вайны служыў у паліцыі. З самага пачатку ўваходзіў у групу, якая з траўня 1952 стала называцца групай Філістовіча. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста. Мн., 1997. С. 47.

Юрась Думбляўскас @

Міранюк Клаўдзія, актыўна выступала супроць савецкага ладу жыцьця, пісала ўлёткі антысавецкага зьместу і распаўсюджвала іх. Сябра ВКП(б). Рэпрэсаваная.

У 1947 працавала ў Антопальскім райкаме КП(б)Б на пасадзе загадчыцы жаночага аддзелу. У асяродку працаўнікоў райкаму і некаторых камуністаў раёну крытыкавала савецкі лад. Карысталася павагай калегаў, якія выбралі яе кандыдаткай у сябры пленуму Берасьцейскага абкаму КП(б)Б.

У ноч на 6 лістапада 1946 М. вырабіла і расклеіла ўлёткі антысавецкага зьместу ў будынку райкаму партыі, на сьценах кватэраў сакратара райкаму, судзьдзі і іншых намэнклятурных работнікаў раёну. Ува ўлётках крытыкавалася камуністычная партыя, рабіліся заклікі не падпарадкоўвацца савецкай уладзе.

На допытах К.М. змусілі падпісаць прызнаньне, дзе было сьцьверджана, што яна «встала на преступный путь потому, что, будучи идеологически неустойчивым членом партии, часто бывая в деревнях, попала под влияние кулацких элементов, не согласна была с политикой партии и поэтому написала эти листовки» [1]. Гэты выпадак падаўся Л.Цанаву яркім прыкладам антысаветчыны, пра што ён заявіў на XV пленуме ЦК КП(б)Б (27 лістапада - 1 сьнежня 1947).

Пасьля арышту далейшы лёс М. невядомы.

Кр.: 1. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, арк. 269.

Ірына Кашталян @

Міхальчук Сымон, сябра Згуртаваньня Беларускіх Патрыётаў і Беларускага Вызвольнага Руху, старшы лейтэнант. Быў закінуты ў 1952-1953 ангельскімі спэцслужбамі ў БССР з мэтай арганізацыі партызанскага руху. Арганізаваў у партызанскі аддзел асобныя лясныя групы, якія ў той час дзейнічалі на Кобрыншчыне. Загінуў пад час сутычкі ягонага партызанскага аддзелу з аддзелам МГБ 28.03.1953 каля в. Запруды Кобрынскага р-ну. Меў 38 гадоў.

Бібл.: 1. Нэкралёг // Незалежная Беларусь (Лянгефэльд, Зах. Нямеччына). № 8 (14), верасень - кастрычнік 1953; 2. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас (Таронта). 1975, красавік, № 232.

Сяргей Ёрш @

Міцько Іван (сын Гальляша), удзельнік Лебедзеўскага моладзевага падпольля 1948-1951. Распаўсюджваў сярод местачкоўцаў падпольныя выданьні «У хвалях маладосьці» і «Бяздонны мяшок». Арыштаваны ўлетку 1951. Атрымаў тэрмін зьняволеньня 25 гадоў. Датэрмінова вызвалены пад час хрушчоўскае «адлігі».

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

Міцько Іван (сын Яна), удзельнік Лебедзеўскага моладзевага падпольля 1948-1951. Распаўсюджваў сярод местачкоўцаў падпольныя выданьні «У хвалях маладосьці» і «Бяздонны мяшок». Арыштаваны ўлетку 1951. Атрымаў тэрмін зьняволеньня 25 гадоў. Датэрмінова вызвалены пад час хрушчоўскае «адлігі».

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

Мядзелец Васіль (1928, в. Ружанпольле Дзісьненскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мёрскі р-н Віцебскай вобл.)), сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Быў адным з заснавальнікаў і старшынём Глыбоцкай групы гэтага вучнёўскага асяродку. Вязень ГУЛАГу.

Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай вясковай школе. Да прыходу Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 зьмяніў такіх тры. Са шкалярскіх часоў М. пачаў усьведамляць сябе беларусам: «Як ні дзіўна, але якраз школа зь яе ваяўнічай, надакучлівай пальшчызнай дала мне, як і іншым вучням, першыя ўрокі нацыянальнага пачуцьця. Настаўнікі патрабавалі, каб мы «мувілі» толькі на «гжэчнай» польскай мове, пазьбягаючы ўжываць «тутэйшыя» брыдкія словы. Тым самым абуджалі ў нас пратэст на такі гвалт», - узгадвае М. [2, 27].

«Прыход Чырвонай Арміі, як яго ўспрымаў я, як успрымала бальшыня нашых людзей, быў падобны да вясельля, шумнага сьвята. Але войскі прыйшлі, сьвята скончылася. Пачыналіся будні. На вёску рушылі розныя ўпаўнаважаныя, агітатары. У крамах неяк дужа хутка пачалі зьнікаць самыя ходкія, патрэбныя тавары, што дагэтуль былі невыводныя. Папаўзьлі страхавітыя чуткі, што некага арыштавалі, некага вывезьлі», - кажа М. [2, 27].

Пад час нямецкай акупацыі М. працягваў вучобу ў Янзенскай школе, якая дзякуючы мясцовым энтузіястам беларусам-патрыётам была адкрытая ўвосень 1941. Дырэктарам быў вядомы ў беларускім асяродку яшчэ з польскіх часоў Ігнат Мятла. «У школе панаваў сапраўдны беларускі дух. Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. На ўроках нам распавядалі пра Гарэцкага, Гаруна і іншых і пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і забароненыя ў БССР. Супроць школы і школьных работнікаў прабальшавіцкія сілы разгарнулі барацьбу яшчэ пад час вайны. Спачатку папярэдзілі нашага дырэктара, каб згортваў работу. А ўжо ад зімы 43-га году ў Янзе школы не было», - прыгадвае М. [2, 31-32].

Па вызваленьні Беларусі ад немцаў М. паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную навучальню. Пад час вучобы яго абралі сакратаром утворанай камсамольскай арганізацыі. «У нас не было выбару. У адказ на сваю незгаворлівасьць пачулі празрысты намёк: ня могуць быць сапраўдныя савецкія настаўнікі з тых, хто не дарос быць у шэрагах перадавога атраду моладзі. А мы настаўнікамі хацелі быць», - кажа М. [2, 33].

Разам з блізкімі сябрамі Антонам Фурсам, Лявом Бялевічам і Алесем Юршэвічам М. бярэ ўдзел у стварэньні вучнёўскага падпольнага патрыятычнага гуртка ў Глыбоцкай пэднавучальні. З часу ўтварэньня гэтага асяродку М. робіцца яго старшынём. «Нас займала вучоба, але ня толькі адна яна. Неяк разгаварыліся, што робіцца ў нас у пэднавучальні: амаль выводзіцца з ужытку беларуская мова, усе прадметы толькі па-расейску. Вядзецца русіфікацыя, дэнацыяналізацыя. І вось нашая тройка - я, Фурс і Юршэвіч - прыходзяць да рашэньня гуртаваць аднадумцаў, каб разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў на астатніх. Пачалі закладваць нашу суполку. Натуральна, паўстала пытаньне пра важака. Сябры назвалі маю кандыдатуру. Я разумеў гэта як гонар, але і як вялікую адказнасьць - першаму, як кажуць, чарка, але першаму й палка», - узгадвае М. [2, 25].

Па выкрыцьці СБП пачаліся арышты. М. адным зь першым быў арыштаваны органамі МГБ у лютым 1947, і як адзін з заснавальнікаў, асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да сьмяротнага пакараньня, якое потым замянілі на 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля знаходжаньня ў аршанскай, затым іркуцкай перасылачных турмах М. трапіў у Нарыльск, дзе адбываў тэрмін на Нарыльскім медна-нікелевым камбінаце. М. быў вызвалены датэрмінова, улетку 1956. Па вызваленьні нейкі час жыў у Беларусі, але досыць хутка мусіў зноў выехаць у Нарыльск.

«Хоць і пісалася, і гаварылася, што сталінскія беззаконьні партыя асудзіла, але па ўсіх пастох як сядзелі сталінцы, так і засталіся сядзець. Мясцовая ўлада дала нам выразна зразумець, што мы са сваімі дакумэнтамі колішніх палітычных - асобы непажаданыя», - кажа М. [2, 52].

У Нарыльску М. скончыў горна-мэталюргічны інстытут ды ўладкаваўся на працу ў «Нарыльскраммантаж». У 1985 ён разам з жонкай пераехаў у Беларусь на сталае месца жыхарства. У гады дэмакратызацыі спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця. М. браў удзел у напісаньні ўспамінаў для кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Рэабілітаваны. Сёньня пэнсіянэр, жыве ў Полацку.

Кр.: 1. ANH, F-3.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 23-55, 66, 68, 70, 71, 159, 161-163, 164, 167, 185, 193, 194, 224, 159, 283, 284, 297, 298, 306, 307, 329, 330, 334, 340.

Юры Грыбоўскі @

Мялешка Васіль, камандзір партызанскага аддзелу ў Баранавіцкім р-не. Зьбег зь менскае турмы. Вясною 1949 ствараў падпольную «Арганізацыю польскіх легіянэраў», у якую аб'яднаў больш двух дзясяткаў мясцовых сялянаў. Забіты ў 1950(?) сваім намесьнікам, агентам МГБ Марухіным («Ваня-Сібірак»).

Бібл.: 1. Медведский Ф. Тяжкий крест // Intexpress (Баранавічы). 1997, № 39 (144), 25 верасьня.

Сяргей Ёрш @

Мяшчэрскі Міхал (Карл; 1923, Гомельская вобл. - ?), удзельнік Амэрыканскага дэсанту 26-27.08.1952.

З пачаткам вайны быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. Пад Смаленскам патрапіў у нямецкі палон. У 1942 М. быў накіраваны на працу ў Нямеччыну. Па вайне апынуўся ў амэрыканскай акупацыйнай зоне. Зьехаў у Англію. Быў адным з заснавальнікаў так званага «Камітэту 12-ці».

У 19505 Барыс Рагуля прапанаваў М. паступіць у Лювэнскі ўнівэрсытэт. У наступным годзе М. быў задзейнічаны ў амэрыканскай разьведцы. Дэсантаваўся ў Беларусі 26.08.1952. 07.09.1952 быў арыштаваны МГБ БССР каля менскага чыгуначнага вакзалу.

На пачатку лістападу 1952 быў вызвалены з-пад варты і разам з Аляксеем Сьцяпанавым удзельнічаў у «радыёгульні» МГБ з амэрыканскім разьведцэнтрам у Нямеччыне.

Далейшы лёс невядомы.

Літ.: 1. Михаил Токарев. «Комитет 12-ти» // Советская Белоруссия. 1997, № 265-266.

Юрась Думбляўскас @

Несьцяровіч Факунда (Факунды; 08.03.1929, в. Юшкавічы Мядзельскага р-ну Менскай вобл. - 14.11.1987 у Польшчы, пахаваны ў Баляслаўцу Шлёнскім), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле). Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе. Там пазнаёміўся з Расьціславам Лапіцкім і пад ягоным уплывам уключыўся ў падпольны рух. Удзельнічаў у сустрэчах падпольшчыкаў у Мікасецку. Пасьля заканчэньня сёмай клясы паступіў у Менскі палітэхнікум. Арыштаваны ў пачатку 1950. Паводле словаў былых мядзельскіх вучняў, пры ператрусе на Мядзельшчыне ў яго была знойдзена зброя і выбуховыя рэчывы. На працэсе ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падпольля, які адбыўся ў Маладэчне ў ліпені 1950, ваенны трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі прыгаварыў Факунду Несьцяровіча да расстрэлу. Пазьней сьмяротны прысуд быў заменены на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Пакараньне адбываў пераважна ў Варкуце. Пад канец 50-х вызвалены. Адразу ж разам з бацькамі выехаў у Польшчу. Там скончыўбудаўнічы інстытут, працаваў, ажаніўся з перасяленкай зь Мядзельшчыны.

Міхась Чарняўскі @

Нявераў Мікалай, удзельнік беларускага падпольнага руху, журналіст, паэт. Пад час нямецкай акупацыі - удзельнік нацыянальнага партызанскага руху, служыў у Беларускай Краёвай Абароне. Зь лета 1944 жыў пад фальшывымі дакумэнтамі, пасьля хаваўся на вёсцы. Распаўсюджваў аддрукаваныя на машынцы антысавецкія ўлёткі й вершы, у якіх крытыкаваў калгасы й дзеяньні савецкіх уладаў. Пісаў рэцэнзіі на творы савецкіх пісьменьнікаў і высылаў іх у рэдакцыі газэт і часопісаў. Пад час арышту аказваў збройны супраціў.

Бібл.: 1. Мікалай Нявераў - змагар-адзіночка // Беларускі Голас (Таронта). 1972, травень, № 202.

Сяргей Ёрш @

Панько Іван (1897?, Баранавічы - ?), лідэр беларускіх пяцідзясятнікаў; адстойваў правы вернікаў. Нарадзіўся ў сям'і мешчаніна. У сярэдзіне 1920 прымае хрышчэньне і становіцца сябрам пратэстанцкае пяцідзясятніцкае суполкі. У 1937 абіраецца прэсьвітэрам баранавіцкае суполкі вернікаў. У 1938 браў удзел у сходзе пяцідзясятнікаў Заходняе Беларусі. З прыходам нямецкіх войскаў атрымоўвае афіцыйны дазвол на рэлігійную дзейнасьць. У 1942 І.П. склікае сход пяцідзясятнікаў Баранавіцкае акругі, на якім прымаецца пастанова пра пашырэньне сувязяў зь іншымі суполкамі. У тым жа 1942 І.П. становіцца старшым прэсьвітэрам, лідэрам усяе пяцідзясятніцкае паствы. Дзякуючы дзейнасьці І.П. удаецца пашырыць кола вернікаў. У Баранавічах засноўваюцца яшчэ некалькі суполак. Наладжваюцца сталыя кантакты зь Берасьцем, Пінскам і Маладэчнам. Вернікі дапамагалі грашыма й вопраткай Беларускай Самапомачы й БКА.

Найбліжэйшымі памочнікамі П. сталіся сакратар духовае кансысторыі Сяргей Вашкевіч і дзякан Нічыпар Касьніковіч. Яны ўтрох узімку 1944-1945 стварылі т.зв. «Нелегальны Кіраўнічы Цэнтар» (НКЦ) пяцідзясятніцкага руху, які актывізаваў рэлігійную працу пасьля прыходу савецкіх войскаў. Кіраўніком НКЦ быў абраны І.П. Сваёй мэтай Цэнтар ставіў вызваленьне прэсьвітэрскага (сьвятарскага) актыву ад мабілізацыі ў войска на падставе царкоўных догматаў. Гэта было магчыма дзякуючы новай рэлігійнай палітыцы (з 1942) маскоўскага ўраду.

І.П. меў адмысловую «царкоўную» пячатку, хоць афіцыйнага дазволу на сваю дзейнасьць НКЦ і нават суполкі, ня меў. І.П. выдаваў пастырскія пасьведчаньні. Паводле загаду кіраўніка НКЦ, Н.Касьніковіч разам з Асялоўскім на пачатку 1945, забясьпечаныя пастырскімі пасьведчаньнямі, выяжджаюць у Берасьце, дзе шляхам «арганізацыйных мерапраемстваў» і «введения в заблуждение служащих военкоматов» [3, 102] вызваляюць ад службы ў войску звыш дзесяцёх прэсьвітэраў. З паказаньняў Кульбіцкага ў 1945 І.П. разам з С.Вашкевічам у в. Красоўшчына Радашкавіцкага р-ну зьбіраюць сход прэсьвітэрскага актыву, на якім былі абмеркаваныя пляны далейшых сумесных дзеяньняў і праведзены збор грошай (каля дзесяцёх тысячаў рублёў) дзеля падтрымкі НКЦ. На працягу 1946-1947 дзякуючы дзейнасьці НКЦ мабілізацыі ў шэрагі савецкае арміі пазьбегла каля сотні чалавек.

Пра існаваньне Цэнтру органы МГБ даведаліся яшчэ ў 1945, калі прэсьвітэр Васюціч, ужо змабілізаваны, атрымаў ад І.П. неабходныя дакумэнты і паведамленьне, што ягоны прызыў незаконны. Васюціч, «полагаясь на авторитет Панько» [103, 97], уцёк пад час перамяшчэньня на фронт, але быў злоўлены.

Цяжка сказаць, чаму ўлады не арыштавалі кіраўніцтва Цэнтру. Яно, відаць, было добра закансьпіраванае. У 1948, паводле загаду І.П., НКЦ спыняе сваю вонкавую дзейнасьць. Гэта было зьвязана з чарговай хваляй рэпрэсіяў і больш зацятай палітыкаю ўраду да сьвятарства.

А ў 1949 органы выйшлі ўжо й на лідэраў НКЦ. Увесну былі арыштаваныя прэсьвітэры: Паляновіч - кіраўнік вернікаў Лагішынскага р-ну, Тур - Любчанскага р-ну, і Кульбіцкі - Радашкавіцкага р-ну. У лістападзе ў рукі МГБ трапіў Вашкевіч, а на пачатку сьнежня - сам І.П. Пры арышце ў яго быў знойдзены набор самаробных пячатак і штампаў, замежная валюта. У сакавіку 1950, пасьля канчатковага выкрыцьця сяброў НКЦ, адбыўся суд. Галоўным падсудным на ім быў лідэр беларускіх пяцідзясятнікаў І.П. Яму інкрымінавалі супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі, вайсковы сабатаж і распаўсюджаньне «религиозного опиума» сярод шырокіх колаў насельніцтва й, наперш, моладзі. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. Занальны Дзяржаўны Архіў у г. Баранавічы. Ф. 188, воп. 2, спр. 18; 2. НАРБ. Ф. 249, воп. 8, спр. 134.

Бібл.: 3. Документы обличают. Мн., 1964.

Дзяніс Лісейчыкаў @

Папко Ягор (1912, Беласточчына 1993, Зах. Нямеччына), беларускі палітычны й грамадзкі дзеяч. З 1944 - у Нямеччыне. Сябра Замежнага Сэктару БНП. У 1952-1954 быў кіраўніком палітычна-прапагандысцкага аддзелу Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Руху. Выдавец, пісьменьнік. З 1955 выдаваў часопіс «Вехі», газэту «Беларуская праўда», часопіс беларускіх рэвалюцыянэраў «Наш сьцяг». У 1981 арганізаваў Беларускі музэй у Ляймэне (Зах. Нямеччына).

Бібл.: 1. Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Мн., 1998.

Сяргей Ёрш @

Пачопка Мікалай сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Атрымаў 10 год пазбаўленьня волі. Мяркуецца, што тэрмін адбываў у Карагандзінскіх лягерох. Памёр.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 79, 340.

Алег Гардзіенка @

Пашкевіч Зьбігнеў (12.09.1928, в. Крапіўна Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл.; жыве ў Маладэчне), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле). Вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе. У пачатку 1950, калі быў вучнем 9 клясы, арыштаваны і летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Пасьля сьмерці Сталіна вярнуўся на Бацькаўшчыну хворым чалавекам, уладкаваўся на працу ў Маладэчне. Цяпер на пэнсіі.

Міхась Чарняўскі @

Перавалоцкі, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Аргентыне.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). Сакавік 1988, № 342.

Сяргей Ёрш @

Перагуд Іван (1898, Піншчына - вясна 1984, Бэлё Гарызонтэ, Брызылія), беларускі партызанскі атаман. Камандзір аддзелу Беларускай Народнай Партызанкі ў 1942-1948.

П. удзельнічаў у антыпольскай партызанцы ў 1922-1925 у складзе аддзелу атамана Якуба Харэўскага. Пасьля спыненьня партызанскае барацьбы пад чужым прозьвішчам жыў на Валыні. Удзельнік баранавіцкай нелегальнай нарады грамадоўцаў на пачатку 1939. Камандзір партызанскага аддзелу ў верасьні 1939 пад час акцыі «Заходнебеларуская рэспубліка».

Адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Партызанкі, сябра «Лавы атаманаў». Ягоны аддзел дзейнічаў на Марачаншчыне, пад Жабінкай, Драгічынам і Ратнам. Напрыканцы 1945 П. перадысьлякаваў свой аддзел зь Белавескай пушчы ў Польшчу - у Аўгустоўскія лясы. Аддзел П. змагаўся супраць польскіх нацыяналістычных лясных групаў, якія палілі беларускія вёскі. У 1947 праз Чэхію партызаны П. перабіраюцца ў Заходнюю Нямеччыну.

З 1949 П. жыве ў Бразыліі. Сябра Саюзу Вольных Беларускіх Журналістаў. З 1968 - кіраўнік Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі на Паўднёвую Амэрыку. П. рэгулярна праводзіць сустрэчы вэтэранаў Беларускае Народнае Партызанкі. Друкуе свае ўспаміны ў газэце «Беларускі Голас» (Таронта). Напісаў успаміны «Партызанская дзейнасьць» (ненадрукаваныя).

Бібл.: 1. Вір В. Памёр атаман // Беларускі Голас (Таронта). 1984, травень, № 315; 2. Ёрш С. Атаман Перагуд і яго партызаншчына // Ніва (Беласток). 10 верасьня 1995, № 37; 3. Атаман Іван Перагуд. Успаміны і дакумэнты беларускага партызанскага атамана // Пагоня (Горадня). 1996, сакавік, № 9-11.

Сяргей Ёрш @

Петраш Аляксандар, удзельнік дэсанту вайсковай арганізацыі Беларускі Вызвольны Рух на пачатку 1950 у Польшчу. Родам з-пад Баранавічаў. Пад час другой сусьветнай вайны брат яго пайшоў у савецкія партызаны, а 17-гадовы Саша ў нямецкую паліцыю. Пасьля дэсанту на пачатку 1950, выканаўшы заданьне, П. вярнуўся ў Англію. У Англіі напісаў аўтабіяграфічную кнігу «Няма месца, дзе злажыць галаву», дзе П. выступае як Саша Нёман. Памёр у Англіі.

Кр.: 1. Ліст да аўтара Юркі Весялкоўскага з Англіі (23.04.1996).

Сяргей Ёрш @

Петрусевіч Міхась (дата і месца нараджэньня невядомыя - 05.09.1952, Маладэчанскі р-н), удзельнік Філістовіча групы. Першапачаткова ўваходзіў у склад групы ворагаў савецкай улады, якая пазьней (з траўня 1952) была названая групаю Філістовіча. У ноч з 4 на 5 верасьня 1952 у лясным масыве на паўднёвым захадзе ад вёскі Самалі апэратыўна-ваенізаваная група МГБ праводзіла апэрацыю па зьнішчэньні гэтай фупы. Пры аказаньні супраціву П. быў забіты.

Бібл.: 1. Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста. Мн, 1997. С. 47, 50.

Юрась Думбляўскас @

Пігулеўскі Язэп (1912, Століншчына - 04.06.1984, Асунсьён, Парагвай), удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Быў партызанам аддзелу імя Нябабы. У 1948 перабраўся ў Зах. Нямеччыну, а праз год, разам зь іншымі партызанамі ат. Харэўскага, выехаў у Бразылію. Быў сябрам Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі.

Бібл.: 1. Нэкралёг // Беларускі Голас (Таронта). Ліпень 1984. № 316.

Сяргей Ёрш @

Протас Юстын, сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Па справе СБП атрымаў 10 год пазбаўленьня волі. Памёр.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 340.

Алег Гардзіенка @

Пярловіч Самсон (13.08.1923, в. Католышы на Наваградчыне), удзельнік наваградзкага патрыятычнага падпольля Саюз Вызваленьня Беларусі, паэт.

У часы нямецкай акупацыі быў прымусова вывезены на работы ў Нямеччыну. Пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну супрацоўнічаў з наваградзкай раённай газэтай. У 1947 - удзельнік антысавецкага беларускага патрыятычнага падпольля Саюз Вызваленьня Беларусі. Быў упаўнаважаным СВБ у Наваградзкім р-не.

Арыштаваны савецкімі карнымі органамі 30.05.1947. Утрымліваўся ў баранавіцкай сьледчай турме «Крывое кола». На працэсе, які праходзіў 29-31.08.1947 у Баранавічах, ваенным трыбуналам засуджаны на 10 гадоў зьняволеньня з пазьнейшай высылкай. Адбываў пакараньне на лесапавале ў канцлягеры Усьць-Вым (Комі АССР), а з 1949 - у спэцлягерох Караганды (на будаўніцтве шахтаў).

Вызвалены 03.01.1956. Высылку павінен быў адбываць у г. Сарань Карагандзінскай вобл., але яна была адменена. У Беларусь вярнуўся восеньню 1956 і працаваў на заводзе газавай апаратуры ў Наваградку. На пэнсіі з 1980. Не рэабілітаваны.

Выдаў кнігі вершаў «Бяссмертнік» (Менск, 1994), «Заяц на бярозе» (Наваградак, 1995) і «Чарадзейны агонь» (Наваградак, 1998). Жыве ў Наваградку.

Васіль Супрун @

Ракевіч Міхась (1927, в. Воўчкі Азярніцкай гміны на Слонімшчыне - 08.03.1992, пахаваны на могілках в. Клепачы на Слонімшчыне), адзін зь ініцыятараў заснаваньня і актыўны ўдзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Заходняй Беларусі. Вучыўся ў Азярніцы і Слоніме. Да 1944 скончыў тры курсы Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі. З 1945 - навучэнец Берасьцейскага чыгуначнага тэхнікуму. У пачатку 1946 - удзельнік стварэньня беларускага патрыятычнага сацыял-дэмакратычнага падпольля пад кансьпірацыйным назовам «Чайка» ў Слоніме. У тым жа годзе ім было створана аналягічнае падпольле і пры Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме. Прымаў актыўны ўдзел у кіраўніцтве падпольным рухам і заснаваньні Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР), у якім быў намесьнікам кіраўніка Цэнтру па вайсковых пытаньнях.

Арыштаваны баранавіцкім абласным аддзелам МГБ у чэрвені 1947. Да суду ўтрымліваўся ў баранавіцкім сьледчым ізалятары «Крывое кола». Р., як і ўсе ўдзельнікі падпольля, быў абвінавачаны паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР (цывільная здрада радзіме і антысавецкая агітацыя); засуджаны ваенным трыбуналам на закрытым працэсе 16-18.10.1947 у Баранавічах да 25 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Пакараньне адбываў у турмах гарадоў Баранавічы і Ворша, у кацлягерох № 2 і № 3 у Інце (Комі АССР); працаваў на шахтах. Вызвалены са зьняцьцём судзімасьці паводле рашэньня камісіі Вярхоўнага Савету СССР у 1956. Пасьля вызваленьня застаўся працаваць на шахтах «Інтавугаль» на пасадзе памочніка начальніка вэнтыляцыі шахты. Там жа скончыў горны тэхнікум і ажаніўся. Рэабілітаваны ў 1975. У Слонім вярнуўся ў 1988.

Васіль Супрун @

Ракецкі Якаў (нар. у 1897 у в. Выгалавічы Мядзельскага р-ну, селянін), асуджаны 10.07.1946 «за правядзеньне антысавецкай агітацыі» на 10 гадоў зьняволеньня. Рэабілітаваны ў 1966.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Рамановіч (каля 1920, в. Ляхова на Наваградчыне - 1951, Наваградчына), удзельнік антысавецкай партызанкі на Наваградчыне. З 1944 году браў удзел у антыбальшавіцкім збройным руху на тэрыторыі Налібоцкай пушчы.

Пад час нямецкай акупацыі быў прызваны ў Наваградзкі конны эскадрон, які ачольваў Барыс Рагуля. Па прыходзе Чырвонай Арміі Р. са зброяй у рукох вырашыў працягваць змаганьне ў партызанскіх умовах. У адным аддзеле «лясных братоў» разам з Р. партызанілі апрача жаўнераў з Наваградзкага эскадрону яшчэ колішнія акаўцы і летувісы з войска генэрала Пляхавічуса. Восеньню 1951 аддзел партызанаў, дзе знаходзіўся Р, быў высачаны і цалкам зьнішчаны савецкімі карнымі ораганамі. У часе гэтай апэрацыі партызаны моцна супраціўляліся.

Юры Грыбоўскі @

Рамановіч Кастусь (01.01.1927, в Лозкі гміны Шчорсы Наваградзкага павету/р-ну), удзелькік падпольнага Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку.

Пад час нямецкай акупацыі з 1942 - у СБМ. «У афіцэрскай школе прыняў прысягу на вернасьць Беларусі (гэта была першая і апошняя прысяга)» [1]. Першы раз быў арыштаваны ў ноч 13/14.12.1944 за ўдзел у СБМ. Асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі. Да 1946 адбываў тэрмін зьняволеньня ў Варкуце. Па вяртаньні на Бацькаўшчыну далучыўся да «Саюзу Вызваленьня Беларусі». У 1946-1947 быў кіраўніком фінансавага аддзелу СВБ (мянушка «Сокал»). Арыштаваны 30.05.1947. Ваенным трыбуналам войскаў МВД Баранавіцкай вобл. ў жніўні 1947 быў асуджаны на зьняволеньне тэрмінам на 10 гадоў лягероў і 5 гадоў паражэньня ў правох.

Пасьля вызваленьня ў 1956 у пашпарце меў штамп «Положение о паспортах», што не давала права на добрую працу ды вучобу ў сярэдніх спэцыяльных і вышэйшых навучальных установах. Пераехаў жыць у горад Макееўка Данецкай вобл., дзе ўжо, пасьля зьняцьця гэтага штампу з пашпарту, закончыў вячэрняе аддзяленьне будтэхнікуму, а пасьля вячэрняе аддзяленьне Данецкага політэхнічнага інстытуту. Паводле адукацыі - інжынэр-будаўнік. У 1972 пераехаў у Пінск, дзе жыве і цяпер.

Сябра ТБМ і БСДГ, браў удзел у стварэньні дэмакратычнай вэтэранскай арганізацыі. Актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным руху Пінску.

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Рамановіч К. У СБМ я загартаваўся ў сапраўданага патрыёта // Наша Ніва. 17.11.1997, № 33; 3. Рамановіч К. // Навіны. Кастрычнік 1998; 4. Алег Дзярновіч. Прыватныя гісторыі // Наша Ніва 17.11.1997, № 33.

Сяргей Ёрш, Алег Дзярновіч @

Раманчук Іван (мянушка «Ястраб»; нарадзіўся ў в. Баяры Нясьвіскага р-ну), камандзір партызанскага аддзелу ў Менскай і Баранавіцкай абласьцях.

Пад час нямецкай акупацыі працаваў інструктарам Беларускай Народнай Самапомачыў Нясьвіжы. Пасьля прыходу савецкіх уладаў працаваў настаўнікам у Нясьвіжы, а пасьля перайшоў на нелегальнае становішча. Камандзір партызанскага аддзелу, арганізатар падпольнага Саюзу Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі. У траўні 1949 аддзел Р. быў узяты ў аблогу на хутары ў Нясьвіскім р-не. Паранены ў баі Р. трапіў у палон. Атрымаў 25 гадоў канцлягероў. Зьняволеньне адбываў на Варкуце. У Беларусь вярнуўся ў 1970-х. Жыў у Барысаве. У 1980(?) памёр пад час нескладанай апэрацыі ў больніцы.

Бібл.: 1. Кісель У. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі // Пагоня (Горадня). 1998, № 20 (297), 17 сакавіка.

Сяргей Ёрш @

Раманчук Сымон (1916, в. Баяры на Нясьвіжчыне - 1952?), беларускі вайсковы дзеяч, вязень савецкіх лягероў.

У 1930-я закончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, паступіў у польскую школу падхаружых. Аднак пачатак нямецка-савецкай вайны перашкодзіў яе скончыць. З 1940 у родных мясьцінах хаваўся ад НКВД, езьдзіў у Львоў.

Пад час нямецкай акупацыі Р. працуе ў цывільнай адміністрацыі ў Нясьвіжы. З сакавіка 1944 ён, старшы лейтэнант, узначальвае пэрсанальнае бюро пры Галоўнай Управе Беларускае Краёвае Абароны. З 1944 - у Нямеччыне. У Беларусь вярнуўся ў 1945 г. з дэсантам батальёну «Дальвіц», быў арыштаваны.

Афіцэр БКА Уладзімір Сіўко ўспамінае, што ў лютым 1946 Р. спрабаваў уцячы зь менскае «амэрыканкі»: «Ён і былы савецкі партызан Кавалёў, калі іх вялі ў лазьню, аглушылі ахоўніка й пераскочылі празь сьцяну. Ад пагоні ўцекачы схаваліся ў руінах, але сабакі знайшлі іх сьлед. Р. зь сябрам адбіваліся ад энкавэдыстаў цэглай і каменьнем...». Р. пасьля няўдалай спробы пабегу моцна катавалі й ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

Р. засудзілі на 10 гадоў лягероў. Спачатку ён знаходзіўся ў «бытавых» лягерох, а пасьля трапіў да палітычных, у «Мінлаг». Там пазнаёміўся з паэткай Ларысай Геніюш, якая пазьней напіша пра яго ў «Споведзі»: «Наш сьветлы герой, які ведаў адно толькі - сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю». У «Мінлагу» Р. рыхтаваў паўстаньне, кантактаваў у гэтай справе з расейцамі й палякамі. Аднак яго здрадзілі. Пасьля суду быў расстраляны ў Інце.

Кр.: 1. Успаміны Пётры Рашэтніка (архіў аўтара).

Бібл.: 2. Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993; 3. Клімовіч Р. Паўстанне духу // «ЛіМ». 02.06.1995.

Сяргей Ёрш @

Раскоў Аляксандар (нар. у 1914 у в. Астраленка на Беласточчыне), селянін з в. Вытраскі Мядзельскага р-ну, асуджаны 31.07.1946 «за паклёп на савецкую ўладу» на 5 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 3 гады. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн, 1998.

Міхась Чарняўскі @

Родзевіч Анань (1928, в. Магільніца на Наваградчыне), удзельнік наваградзкага патрыятычнага падпольля Саюз Вызваленьня Беларусі. У 1947 - удзельнік антысавецкага беларускага падпольля Саюз Вызваленьня Беларусі ў Наваградку. Арыштаваны органамі МГБ у чэрвені 1947 і засуджаны ваенным трыбуналам у Баранавічах 29-31.08.1947 да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пакараньне адбываў у канцлягерох Комі АССР і Карагандзінскай вобл. Пасьля вызваленьня ў 1956 працягваў працаваць на вугальных шахтах Караганды. На пэнсіі з 1985. Жыве ў Карагандзе. Не рэабілітаваны.

Кр.: 1. Паведамленьні С.Пярловіча.

Васіль Супрун @

Родзька Ўсевалад («Воўк»; 1920, в. Чучэвічы Лунінецкага павету - 1946, Менск?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, старшыня ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, арганізатар антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы.

Скончыў Наваградзкую польскую гімназію імя А.Міцкевіча ў 1938, а пасьля - падафіцэрскую школу ў Замброве. У верасьні 1939 трапіў у нямецкі палон, адкуль вызваліўся ў 1940. Р. узначальвае Кракаўскую філію Варшаўскага Беларускага Камітэту. Уваходзіць у групу а. В.Гадлеўскага, якая арганізоўвала падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. Зь вясны 1941 супрацоўнічаў з Абвэрам. Зь ліпеня 1941 Р. - бурмістра Віцебску, праводзіць беларусізацыю гораду. У жніўні 1941 ён разам зь Міхалам Вітушкам і атаманам Якубам Харэўскім кіруе аддзеламі Беларускае Самаабароны ў сумеснай з Палескай сеччу УПА антыбальшавіцкай апэрацыі на Палесьсі. З 1942 Р. - старшыня ЦК БНП (мянушка «Воўк»), арганізоўвае падпольле й нацыянальны партызанскі рух. Сябра Беларускай Цэнтральнай Рады, адказны за працу з моладзю. З сакавіка 1944 - камандзір 15-га батальёну БКА. Распрацаваў плян антынямецкага паўстаньня ў Менску, якое меркавалася ўзьняць пад час правядзеньня Другога Ўсебеларускага кангрэсу, і якога не адбылося.

Арганізаваў беларускі дэсантны батальён «Дальвіц» ува Ўсходняй Прусіі, дзе беларускія вайскоўцы праходзілі падрыхтоўку для партызанскай дзейнасьці на Бацькаўшчыне. Праводзіў перамовы з кіраўніцтвам украінскіх нацыяналістаў аб каардынацыі антыбальшавіцкай барацьбы.

Пасьля раззбраеньня батальёну «Дальвіц» у Чэхіі з групай прабіраецца ў Польшчу. Знаходзіўся на нелегальным становішчы ў Беластоку, арганізоўваў падпольле й партызанку БНП. Быў арыштаваны, паводле адных зьвестках - у чэрвені 1945, паводле іншых - увосень 1945. Пад час сьледзтва ў Менску раскрыў МГБ прозьвішчы многіх сяброў партыі, якія пасьля гэтага былі арыштаваныя. Лявон Луцкевіч лічыў, што Р. «спрабаваў арганізаваць нейкую гульню й перайграць Цанаву. Але дзе-ж ты яго перайграеш?!.» Янка Жамойцін тлумачыць напісаньне Р. у турме падрабязных успамінаў тым, што ён хацеў захаваць для гісторыі сьведчаньні пра дзейнасьць беларускага супраціву.

У 1946 на працэсе над кіраўніцтвам БНП Р. быў засуджаны на сьмерць. Пасьмяротна атрымаў ад Рады БНР рангу генэрала.

Бібл.: 1. Ёрш С. Арыштаваны ў Беластоку // Ніва (Беласток). 07.07.1997, № 27; 2. Ёрш С. Усевалад Родзька // Наша Ніва. 11.05.1998, № 9.

Сяргей Ёрш @

Рымдзёнак Янка (нарадзіўся ў вёсцы Шкунцікі на Шаркоўшчыне), сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень.

Я.Р. вучыўся ў Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні, потым перавёўся ў Пастаўскую пэднавучальню. Па заканчэньні яе вярнуўся ў Шкунцікі, працаваў настаўнікам у мясцовай сямігодцы.

Арыштаваны органамі МГБ у хаце бацькоў. Герман Кірылаў, укладальнік кнігі «Гарт», узгадвае: «Праз вузенькую палоску ад талага ў верхняй шыбе шкла я бачыў шэрую купку людзей, што варушылася на бялёсай сьнежнай роўнядзі. Двое энкавэдыстаў вялі пад рукі Янку Рымдзёнка, адзін ішоў ззаду, а чацьвёрты - здаецца, быў і чацьвёрты - наперадзе... Я ня зводзіў вачэй з высокай, стройнай постаці настаўніка, які і сьціснуты пад бакі, ступаў, як заўсёды, лёгка, спружыніста. Старая Рымдзёніха ізноў загаласіла, стала вырывацца з рук сваіх дачок. Сын азірнуўся, характэрным задорным рухам ускінуў галаву, магчыма, і крыкнуў матцы. Адзін з двух, што трымалі арыштаванага пад локці, плячом злосна штурхануў яго, а тады яшчэ і замахнуўся вольнай рукой» [1, 11].

Я.Р. быў засуджаны да 10 год пазбаўленьня волі. Мяркуецца, што тэрмін адбываў на Калыме. Пасьля вызваленьня жыў, паводле зьвестак Станіслава Савіка, у пасёлку Хасын недалёка ад Магадану, працаваў на складзе. Далей зьвесткі пра Янку Рымдзёнка губляюцца.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 6, 10-13, 15, 17-19, 335, 336, 340.

Алег Гардзіенка @

Сабалеўскі Юры (24.04.1889, Стоўпцы - 26.12.1957, Зах. Нямеччына), беларускі палітычны дзеяч. Пасол польскага сойму, актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Арыштоўваўся польскімі, расейскімі й нямецкімі акупантамі. Пад час другой сусьветнай вайны - старшыня Галоўнай управы Беларускай Самапомачы, другі віцэпрэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР).

На эміграцыі быў старшынём Калегіі БЦР, актыўным прыхільнікам збройнай антыбальшавіцкай барацьбы. У 1950 ад імя БЦР заключыў пагадненьне аб сумесных дзеяньнях у барацьбе супраць бальшавізму з Украінскай Нацыянальнай Радай. Памёр пры нявысьветленых абставінах. Пахаваны ў Мюнхене, на могілках Фэльдлюхінг.

Бібл.: 1. Сабалеўскі Юры Аляксандравіч (нэкралёг) // Бюлетэнь 14-га пленуму Беларускай Цэнтральнай Рады. Ню Ёрк, 1959; 2. Ёрш С. Застаўся верны незалежніцкім ідэалам // Наша слова. 1995, № 41, 14 кастрычніка 1995.

Сяргей Ёрш @

Савік Станіслаў (24.08.1927, в. Дворышча Дзісьненскага павету (цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.)). На час утварэньня і дзейнасьці моладзевай паваеннай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) вучыўся ў Глыбоцкай пэднавучальні, жыў на адной кватэры зь лідэрамі Глыбоцкага СБП Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам. Сам сябрам СБП не зьяўляўся. Вязень ГУЛАГу. Арыштаваны органамі МГБ і засуджаны на 10-гадовае турэмнае зьняволеньне з пазбаўленьнем правоў яшчэ на 5 гадоў. Тэрмін адбываў у лягерох Магаданскай вобл. Сяньня на пэнсіі, жыве ў в. Гарадзец Шаркоўшчынскага р-ну Віцебскай вобл.

Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў Глыбоцкай прагімназіі, дзе быў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ). Па прыходзе Чырвонай Арміі і ўсталяваньні савецкае ўлады працягваў вучобу і ў 1945 годзе паступіў у нядаўна перад гэтым адкрытую Глыбоцкую пэдагагічную навучальню.

Гады навучаньня ў гэтай установе прыпалі якраз на той час, калі патрыятычна сьвядомая частка навучэнцаў тутака стварыла невялічкі гурток, які пазьней перайначыўся ў моладзевую арганізацыю Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). С. тады быў далёкі ад нейкай ідэі супраціву камуністычнаму рэжыму. Ён не ўваходзіў у склад СБП і да моманту свайго арышту нічога пра гэтую арганізацыю ня ведаў. Зь сябрамі СБП быў знаёмы толькі таму, што даводзілася разам вучыцца.

«Я нават і не здагадваўся, што ёсьць такая арганізацыя - Саюз Беларускіх Патрыётаў. Але мне пэўны час выпала жыць бок у бок зь яе галоўнымі важакамі: Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам. Хоць і жылі побач, але ў блізкіх адносінах ні зь першым, ні з другім я ня быў. Уся мая ўвага была аддадзеная вучобе. Грамадзкімі справамі, тым больш палітыкай, ня дужа цікавіўся», - кажа С. [2, 329]. Пасьля арышту правадыроў СБП С. МГБ не чапала. Арыштаваны ён быў 28 красавіка 1948 году, калі па заканчэньні пэднавучальні працаваў па накіраваньні настаўнікам у Відзы-Лаўчыноўскай пачатковай школе (тымчасовы Відзаўскі р-н).

«Спачатку разабраліся з тымі, хто хоць незнарок, мімаходзь мільгануў на фоне СБП. Каб месьці, дык падчыстую, каб і заводу, макавага зернейка не засталося», - узгадвае С. [2, 333].

Гэтае «мільгаценьне на фоне СБП» абышлося С. прысудам у 10 гадоў ГУЛАГу. Пасьля знаходжаньня ў Куйбышаўскай перасылачнай турме быў перавезены ў Новасібірск, дзе працаваў на будоўлі авіяцыйнага заводу.

Але там доўга не затрымаўся. Наступным этапам павезьлі далей на ўсход, да берагоў Ціхага акіяну ў порт Ваніна, дзе ў хуткім часе лёс С. зьвёў зь земляком з Пастаўшчыны і колішнім сябрам СБП Янкам Рымдзёнкам.

Напрыканцы 40-х разам зь вялікай партыяй іншых зэкаў быў дастаўлены ў Магадан. «На Калыме мне выпала трапіць на славуты Верхна-Сялічанскі горнарудны камбінат. За 12 гадзін працоўнага дня так выматаесься, што ў бакі водзіць, як п'янога. Праца катаржная. Ды ў шкодных умовах, небясьпечная. Руду ўзрывалі толам. Здараліся атручваньні. У многіх прафэсійныя хвароба - сылікоз», - прыгадвае С. [2, 336].

Пасьля сьмерці Сталіна ў 1954 С. датэрмінова выйшаў на волю, бяз права вяртаньня на Радзіму. Неўзабаве ён быў накіраваны на пасяленьне ў пасёлак Ларуковая Ягадніцкага р-ну за 406 кілямэтраў ад Магадану, дзе працаваў на розных прафэсіях у мясцовай аэрагеадэзічнай управе Дальбуду. У 1954 ажаніўся. А калі праз два гады была зьнятая забарона пераезду на Бацькаўшчыну, то паехаў у Беларусь.

«У родных мясьцінах я, на вялікі жаль, убачыў непрыкрытую непрыязнасьць з боку чыноў. Мала што зьмянілася ў нас, хоць ужо і адбыўся XX зьезд КПСС. Я вярнуўся назад у пасёлак Ларуковая», - узгадвае С. [2, 337].

У 1965 ён завочна скончыў Горкаўскі аўтамабільны тэхнікум, што дазволіла займаць трохі лепшыя пасады. У 1979 вярнуўся ў Беларусь, дзе жыве і сяньня. З 1986 году - на пэнсіі. Рэабілітаваны. С. - суаўтар успамінаў у кнізе «Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 21, 70, 308-310, 329-340.

Юры Грыбоўскі @

Сазыка Міхал (23.07.1895, Віцебшчына - 10.01.1949), сябра Часовага Кіраўніцтва Агульнабеларускага Саюзу Вайскоўцаў у пасьляваеннай Заходняй Нямеччыне.

Пад час першай сусьветнай вайны - афіцэр расейскай арміі. Пазьней быў афіцэрам у арміі генэрала Булак-Балаховіча. У міжваенны час жыў у Польшчы, працаваў сьпеваком у опэрным тэатры ў Пазнані. Пад час нямецкай акупацыі арганізаваў на Віленшчыне беларускі батальён, які змагаўся супраць расейскіх і польскіх партызанаў. З 1945 - у Нямеччыне. Актывіст вэтэранскай вайсковай арганізацыі. Трагічна загінуў. Магчыма, што ягоная сьмерць зьвязаная з падтрыманьнем кур'ерскай сувязі з партызанамі на Бацькаўшчыне. Газэта «Беларускае слова» пісала: «Ён марыў аб тэй новай вайне, якая прынясе вызваленьне Беларусі».

Бібл.: 1. Нэкралёг // Беларускае Слова (Зах. Нямеччына). 05.02.1949, № 3.

Сяргей Ёрш @

Сакаловіч, камандзір партызанскага аддзелу ў 1948 на поўначы Менскай вобл. (раён Барысаў - Радашкавічы). Паводле некаторых зьвестках, быў закінуты з-за мяжы для арганізацыі партызанкі. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Бацькаўшчына 27.06.1948.

Сяргей Ёрш @

Салавей Уладзімір (1925, в. Гуменікі Слонімскага павету - 1996, в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-ну), удзельнік пасьляваеннага антысавецкага моладзевага падпольля ў Слоніме й Баранавічах.

Вучыўся ў пачатковай школе ў в. Сурынка на Слонімшчыне, а ў 1939-1941 - у слонімскай СШ № 5. Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі. Летам 1944 працаваў на аднаўленьні чыгункі каля Слоніму. Пазьней паступіў у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут на гісторыка-філялягічны факультэт.

З 1946 - сябра падпольнай слонімскай арганізацыі «Чайка», арганізаваў аб'яднаньне слонімскага й баранавіцкага моладзевага падпольля. Летам 1946 увайшоў у створаны Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху. Пасьля заканчэньня інстытуту быў накіраваны на працу ў Рахавіцкую сямігадовую вясковую школу (Слонімскі р-н), паступіў завочна ў Гарадзенскі пэдінстытут. З 1947 - на нелегальным становішчы. Арыштаваны МГБ на пачатку 1950-х. Пад час катаваньняў у турме звар'яцеў. Знаходзіўся на лячэньні ў Магілеўскай, Ружанскай і Гарадзенскай вар'ятнях. У 1996 быў пераведзены ў вар'ятню пад Казлоўшчыну (Дзятлаўскі р-н), дзе зімой загінуў. Пахаваны ў в. Жыровічы Слонімскага р-ну.

Кр.: 1. Успаміны Міхаіла Салаўя (архіў аўтара).

Бібл.: 2. Ёрш С. Ён любіў Беларусь // Газета Слонімская. 30.07-01.08.1998. № 31 (60); 3. Ёрш С. Па сьлядох «Чайкі» // Наша Ніва. 28.08.1998.

Сяргей Ёрш @

Саха, маёр Беларускай Вызвольнай Арміі. Быў узнагароджаны старшынём Рады БНР М.Абрамчыкам ордэнам Жалезнага Рыцара.

Бібл.: 1. Узнагароды для заслужаных Беларусаў // Бацькаўшчына 24.02.1952, № 7-8 (86-87).

Сяргей Ёрш @

Сідаровіч Яўген, сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Прыгавораны ў 1947 да 10 год пазбаўленьня волі. Тэрмін адбываў у лягеры «Краснае ўрочышча» пад Менскам.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 167, 340.

Алег Гардзіенка @

Сікора Віктар (1925, в. Малыя Апашкі на Шаркоўшчыне, цяпер - Пастаўскі р-н), камандзір партызанскага антысавецкага аддзелу на Пастаўшчыне ў 1945.

Скончыў 6 клясаў польскае школы, а пад час нямецкай акупацыі - шасьцімесячныя курсы, пасьля якіх у 1942 паступіў у Пастаўскую настаўніцкую сэмінарыю. Адзін з кіраўнікоў СБМ у Паставах. Зь вясны 1944 - сябра БНП, кіраўнік Пастаўскае філіі партыі. Летам 1944 застаўся ў Беларусі для падпольнай працы. Быў прызваны ў Чырвоную Армію. У лістападзе 1944 дэзэрціраваў, хаваўся ў родных мясьцінах.

Вясной 1945 пайшоў у лес, арганізаваў партызанскі аддзел, які налічваў некалькі дзясяткаў чалавек. У жніўні 1945 здаўся савецкім уладам, быў амніставаны. Жыў пад наглядам у роднай вёсцы. Арыштаваны 5 сьнежня 1945, утрымліваўся ў Вялейскай турме. Быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР да 10 гадоў пазбаўленьня волі з паражэньнем у правох на 5 гадоў. Працаваў на капальнях золата ў Якуціі, пасьля - у тайшэцкім «Азерлагу». У Беларусь вярнуўся напрыканцы 1954. Жыве ў в. Малыя Апашкі.

22 траўня 1992 прэзыдыюм Віцебскага абласнога суду пастанавіў прысуд ваеннага трыбуналу войскаў МВД Маладэчанскай вобл. ад 8 траўня 1946 і вызначэньне ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі ад 7 жніўня 1956 «у адносінах Сікоры пакінуць бязь зьменаў».

Кр.: 1. Успаміны Віктара Сікоры (архіў аўтара).

Бібл.: 2. Невяроўскі А. Юнацтва - у ахвяру // Наша слова. 1996, № 39 (303), 26 верасьня; 3. Ёрш С. «У лесе я сустрэў шмат такіх, як я»: Інтэрвію з камандзірам беларускіх партызанаў // Наша Ніва. 1998, № 3 (100), 9 лютага

Сяргей Ёрш @

Сікора Іван, украінскі паўстанец. Дзейнічаў на Валыні і ў Драгічынскім, Янаўскім і Пінскім р-нах. Загінуў вясной 1952 у Янаўскім р-не ў баі з аддзелам МГБ.

Бібл.: 1. Леонюк В. Словник Берестещини. Львів, 1996. С. 30, 279.

Сяргей Ёрш @

Сілівончык, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Бразыліі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, сакавік, № 342.

Сяргей Ёрш @

Сілюк Я., удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр напрыканцы 1970-х(?) у Бразыліі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, сакавік, № 342.

Сяргей Ёрш @

Сіўко Ўладзімір (нарадзіўся 07.01.1916, Менск), беларускі вайсковы дзеяч. Сям'я паходзіць з в. Ачукевічы Любчанскага павету (цяпер Наваградзкі р-н). Закончыў Наваградзкую беларускую гімназію (1933). Служыў у польскім войску (1937-1938, 1939). «Калі навісла пагроза хуткага пачатку вайны зь Нямеччынай, палякі ўжо не глядзелі, ці ты беларус, ці ты паляк...» - успамінае Ўл.Сіўко. Ён служыў у Быдгашчы падхаружым, у верасьні 1939 ваяваў зь немцамі пад Сандамірам, Люблінам. З 1942 С. стаў афіцэрам Беларускае Самааховы, а пасьля Наваградзкага беларускага швадрону, з 1944 - камандзір эскадрону мясцовага батальёну БКА. У 1944, як упаўнаважаны прадстаўнік швадрону, вёў перамовы з АК у Бярозаўцы аб спыненьні польскага тэрору супраць беларускага насельніцтва. Летам 1944 застаўся ў Беларусі, жыў у Вільні пад сваім прозьвішчам. Арыштаваны 25.08.1945, знаходзіўся ў менскай «амэрыканцы». На сьледзтве яму закідвалася сяброўства ў БНП і сувязь з Родзькам, чаго не было. Зьняволеньне адбываў на Калыме, дзе працаваў у шахтах. Жыве ў Любчы. Выдаў кнігу сваіх вершаў «Позьнія кветкі» (Наваградак, 1996).

Кр.: 1. Успаміны Ўл.Сіўко (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Слуцкі Аркадзь, удзельнік Лебедзеўскага моладзевага падпольля 1948-1951. Распаўсюджваў сярод местачкоўцаў падпольныя выданьні «У хвалях маладосьці» і «Бяздонны мяшок». Арыштаваны ўлетку 1951. Атрымаў тэрмін зьняволеньня 25 гадоў. Датэрмінова вызвалены пад час хрушчоўскае «адлігі».

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

Слуцкі Іван, палкоўнік Беларускай Вызвольнай Арміі. У 1955-1956 дзейнічаў на чале партызанскага аддзелу на Вялейшчыне. Старшынём Рады БНР М.Абрамчыкам узнагароджаны ордэнам Жалезнага Рыцара. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Узнагароды для заслужаных Беларусаў // Бацькаўшчына 24.02.1952; 2. Прамова прэзыдэнта Рады БНР М.Абрамчыка // Бацькаўшчына. 24.04.1960, № 17.

Сяргей Ёрш @

Сокал-Кутылоўскі Антон (1892, в. Красная Горка, Піншчына - 1983, Польшча), беларускі вайсковы дзеяч. Настаўнік паводле адукацыі. Скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт і Казанскую вайсковую навучальню (1916). Ваяваў у першую сусьветную вайну, капітан расейскай арміі. Камандзір Слуцкай брыгады Беларускае Народнае Рэспублікі, якая ў лістападзе-сьнежні 1920 ваявала супраць Чырвонай Арміі. У міжваенны час - праваслаўны сьвятар на Наваградчыне й Слонімшчыне. 19.06.1941 быў арыштаваны НКВД, уцёк. Пад час нямецкай акупацыі - сябра БНП, школьны інспэктар у Ганцавічах, кіраўнік мясцовай БНС (Берасьцейская вобл.). У 1944 - намесьнік прэзыдэнта БЦР па Ганцавіцкай акрузе. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Падпалкоўнік БКА. З восені 1944 працаваў ува Ўправе вайсковых справаў БЦР. Арганізоўваў пераход беларускіх вайсковых аддзелаў на бок амэрыканцаў, якімі пазьней быў выдадзены бальшавікам. У 1947 асуджаны. Да 1958 знаходзіўся ў бальшавіцкіх лягерох. Пазьней выехаў у Польшчу.

Бібл.: 1. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 172-174.

Сяргей Ёрш @

Станкевіч Станіслаў (1907-1980), беларускі палітычны дзеяч. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт, доктар філязофіі (1936). Пад час нямецкай акупацыі - бурмістра Барысаўскага павету, пазьней - намесьнік прэзыдэнта БЦР у Баранавіцкай акрузе. Дэлегат Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Уваходзіў ў беларускую кансьпірацыю.

На эміграцыі С. быў сябрам Рады БНР. Напрыканцы 1945 у ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны ўзначаліў нелегальны Беларускі Нацыянальны Цэнтар (БНЦ). Рэдагаваў часопіс БНЦ «Рух» і газэту «Бацькаўшчына». Быў першым старшынём Антыбальшавіцкага Блёку Народаў (1946).

Бібл.: 1. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 172.

Сяргей Ёрш @

Стахоўскі Віктар, сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. У часе ўтварэньня СБП быў навучэнцам Пастаўскай пэдагагічнай навучальні. У 1947 прыгавораны да 10 год пазбаўленьня волі. З-за цяжкай формы інцэфаліту вызвалены раней тэрміну. В.С. вярнуўся ў Паставы. Завочна скончыў Маскоўскі інстытут культуры, працаваў напачатку дырэктарам ДК, а потым рэжысэрам мясцовага тэатру. Мастак, неаднаразова выконваў работы па афармленьні гораду Паставы. Пачаў ствараць Пастаўскі краязнаўчы музэй. Ягоная кандыдатура на пасаду дырэктара музэю была адхіленая зь дзьвюх прычынаў: ня сябра КПСС і былы палітычны вязень. Гэтая душэўная траўма і пакуты ў ГУЛАГу падарвалі жыцьцёвыя сілы В.С. Ён заўчасна памёр.

Бібл.: 1. Гарт. З успанінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 78, 79, 84, 165, 252, 340.

Алег Гардзіенка @

Сташкевіч Эдуард (28.03.1928, в. Дэгісі Смаргонскага р-ну Гарадзенскай вобл. - памёр 19.03.1974, пахаваны ў Солах), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле). Пасьля заканчэньня Сольскай сямігодкі прадоўжыў навучаньне ў Смаргонскай сярэдняй школе. У пачатку 1950, калі быў вучнем 10 клясы, арыштаваны, а летам таго ж году за прыналежнасьць да мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Пакараньне адбываў разам зь іншымі ўдзельнікамі падпольля З.Ахрамовічам і К.Іваноўскім пераважна ў Сьвярдлоўскай вобл. на лесапавале і будаўнічых работах. Вярнуўся на Бацькаўшчынў з падарваным здароўем у 1956. Спачатку працаваў у Смаргонскай машынна-трактарнай станцыі, а пасьля заканчэньня Полацкага сельгастэхнікуму быў загадчыкам сельгасучастку ў Солах. Памёр на 46-м годзе жыцьця.

Міхась Чарняўскі @

Стома Сафрон, удзельнік Саюзу Вызваленьня Беларусі. Арыштаваны ў траўні 1947. @

Струк, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Бразыліі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, сакавік, № 342.

Сяргей Ёрш @

Сувой, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Парагваі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, сакавік, № 342.

Сяргей Ёрш @

Супрун Васіль (10.03.1926, в. Глоўсевічы на Слонімшчыне), ініцыятар заснаваньня і кіраўнік беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падпольля ў 1946-1947 на тэрыторыі Заходняй Беларусі, паэт, краязнавец, археоляг.

Скончыў тры курсы слонімскай настаўніцкай сэмінарыі (1946) і Менскі пэдагагічны інстытут - гістарычны факультэт (1969). З 1944 да 1947 працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах вёсак Міжэвічы і Глоўсевічы Слонімскага р-ну.

У пачатку 1946 разам зь сябрамі (М.Ракевічам, М.Чыгрыном, А.Гардзейкам і інш.) стварыў у Слоніме беларускую патрыятычную падпольную групу (арганізацыю) супраціву савецкаму рэжыму. Група атрымала кансьпірацыйны назоў «Чайка». Устаноўчы сход адбыўся ў пачатку траўня 1946. Падпольле ставіла сваёй мэтай барацьбу з гвалтоўнай калянізацыяй, русіфікацыяй і вульгарызацыяй краю, абуджэньне нацыянальнай сьведамасьці беларусаў, абарону мясцовых беларускіх традыцыяў, культуры, мовы, гістарычных сьвятыняў. Арганізацыя хутка расла і шырылася ў асноўным за кошт студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі.

У 1946 падпольле ўжо было створанае ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме і настаўніцкім асяродку Слонімшчыны. Для агульнага кіраўніцтва арганізацыяй быў створаны падпольны Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР), які ўзначаліў Васіль Супрун. Яго памочнікамі сталі: па арганізацыйных пытаньнях - Аляксандар Барэйка (студэнт Баранавіцкага настаўніцкага інстытуту) і па вайсковых пытаньнях - Міхась Ракевіч (студэнт Берасьцейскага чыгуначнага тэхнікуму). У 1947 падпольны патрыятычны рух ужо меў свае арганізацыйныя адзінкі ў тагачасных Баранавіцкай, Берасьцейскай, Маладэчанскай і Пінскай абласьцях.

Аднак у сярэдзіне 1947 у сувязі з правалам наваградзкага Саюзу Вызваленьня Беларусі (правакатар Алесь Бажко) і кансьпірацыйнымі памылкамі некаторых сяброў з баранавіцкага падпольля, Цэнтар і асноўныя структуры патрыятычнага беларускага падпольля былі разгромленыя савецкімі карнымі органамі. Засталіся толькі асобныя пэрыфэрыйныя групкі, якія пасьля перасталі існаваць бяз сувязі з Цэнтрам.

Васіля Супруна схапілі 06.06.1947 (пераапранутыя эмдэбісты з баранавіцкага абласнога аддзелу) на дарозе з роднай вёскі ў школу, дзе ён працаваў настаўнікам. Катаваньні, адзіночкі і карцэры доўжыліся амаль паўгоду ў баранавіцкай сьледчай турме «Крывое кола» і менскай «амэрыканцы». Судзіў Васіля Супруна ваенны трыбунал войскаў МВД Беларускай акругі ў Менску 21.11.1947 разам з маладэчанскай групай падпольля (С.Яноўскім, А.Кабаком, К.Альшэўскім). Працэс над астатнімі сябрамі падпольля праходзіў у Баранавічах. Усе сябры арганізацыі былі абвінавачаныя паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР (цывільная здрада радзіме і антысавецкая агітацыя). Як арганізатара і кіраўніка падпольля Васіля Супруна засудзілі да 25 год няволі і 5 гадоў пазбаўленьня правоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Пакараньне адбываў у турмах Баранавічаў, Менску, Горадні, Воршы, канцлягерох Інты (спэцляг № 2) і Варкуты (лягер № 175/14). Патрыятычную дзейнасьць Васіль Супрун падпольна працягваў і ў канцлягерных умовах - ствараў зямляцкія згуртаваньні, наладжваў і падтрымліваў таемную міжлягерную сувязь у асноўным празь перапіску з паэткай Ларысай Геніюш.

Вызвалены Васіль Супрун паводле рашэньня камісіі Вярхоўнага Савету СССР 16.06.1956 са зьняцьцём судзімасьці і дазволам вярнуцца ў Беларусь. У Слонім вярнуўся ў сьнежні 1956, дзе адразу ж быў узяты на спэцулік і строгі нагляд органаў, з забаронай працаваць па спэцыяльнасьці. Перасьлед і забароны прымусілі пакінуць Бацькаўшчыну. Вярнуўшыся, каля двух гадоў працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Берасьцейскім абласным краязнаўчым музэі. На Берасьцейшчыне было крыху вальней зь перасьледам і цкаваньнямі патрыётаў. Але Слонімшчына, дзе заставалася сям'я і шматлікія матэрыялы навуковых дасьледаваньняў, пераважыла, хоць перасьлед і працягваўся.

Працуючы на розных будаўнічых работах, В.Супрун увесь вольны час аддаваў дасьледаваньням мінулага роднага краю, супрацоўнічаючы з Акадэміяй навук Беларусі. Нягледзячы на перашкоды, у канцы 80-х гадоў змог прарвацца ў друк і са сваёй палітычнай паэзіяй. На пэнсіі з 1986, жыве ў Слоніме. З 1995 - сябра Саюза пісьменьнікаў Беларусі.

Тв.: 1. Крык. Вершы. Мн., 1993; 2. Рэха абуджаных дзён. Вершы. 1994; 3. За смугою часу. Дасьледаваньні і меркаванні. Мн, 1994; 4. Незабыўныя «ксівы». Вершы з падпольнай канцлягернай перапіскі з Ларысай Геніюш. Горадня, 1998; 5. Жыць для Беларусі. Вершы. Мн., 1998.

Публ.: 6. Васіль Супрун. Патрыёты маўчаць не схацелі! // Наша слова № 11(67), 18.03.1992; 7. Васіль Супрун. Яны змагаліся за Бацькаўшыну // Полацак (Кліўленд, ЗША). № 2(12), 1992; 8. В.Супрун. Памятники каменного века и эпохи бронзы в бассейне среднего течения р. Щары. (По материалам разведки 1963-1965 гг.) // Древности Белоруссии. Мн., 1966.

Літ.: 9. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 595; 10. Гісторыя Беларусі. 9 кл. (Падручнік). Мн., 1993. С.168-169; 11. Нарысы гісторыі Беларусі. Частка 2. Мн., 1995. С. 337; 12. Усё застаецца людзям // Беларуская мінуўшчына. 1997, № 4. С. 66.

Васіль Супрун @

Сухавараў Ціхан, крытык савецкай сыстэмы: пісаў і накіроўваў у розныя партыйныя і савецкія органы лісты з крытыкай савецкай улады і камуністычнай партыі. Сябра ВКП(б)Б. Рэпрэсаваны.

У ВКП(б)Б - з 1939. У 1947 быў адным з кіраўнікоў Жабінкаўскай МТС Берасьцейскай вобл. Адкрыта выказваў свае антысавецкія настроі ў сваім асяродку (супрацоўнікаў МТС, сябраў ВКП(б)).

На працягу 1947 ён паслаў 7 ананімных лістоў антысавецкага зьместу ў розныя савецкія й партыйныя органы (ЦК КП(б)Б, рэдакцыі газэт «Правда», «Известия» і інш.). У іх ён крытыкаваў савецкую ўладу, камуністычную партыю і савецкую рэчаіснасьць. Як пасьля сфармуляваў Л.Цанава ў сваім выступе на XV Пленуме ЦККП(б)Б (27.11-01.12.1947), «высказывались террористические выпады и намерения против вождей партии и коммунистов»[1].

Гэтыя лісты хутка патрапілі ў МГБ БССР, дзе заняліся пошукам аўтара. У лістападзе 1947 было высьветлена, што іх аўтар - С.Ц. Яго арыштавалі і вымусілі прызнаць сваё аўтарства. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, арк. 269-270.

Ірына Кашталян @

Сымонік Міхась (каля 1920, в. Сеньнескае Загор'е Наваградзкага павету (сёньня Наваградзкі р-н Гарадзенскай вобл.)), удзельнік узброенага антысавецкага паваеннага супраціву на Наваградчыне. Загінуў пад час бою з савецкімі карнымі органамі ўвосень 1951.

Паходзіў зь беларускай праваслаўнай сям'і. Пад час нямецкай акупацыі быў у Наваградзкім конным эскадроне Барыса Рагулі. Па прыходзе Чырвонай Арміі ў 1944 разам з шэрагам некаторых іншых беларускіх жаўнераў мусіў хавацца ад новай улады ў лесе. Потым быў у складзе партызанскага аддзелу ў Налібоцкай пушчы. Поплеч з С. у адным аддзеле партызанілі некалькі чалавек з Арміі Краёвай і жаўнераў летувіскага генэрала Пляхавічуса. Партызаны любілі слухаць заходнія радыестанцыі.

Паводле сьведчаньняў, аддзел, дзе быў С., рабункам сярод мясцовага цывільнага насельніцтва не займаўся й нават карыстаўся падтрымкаю сялянства. Пад час ліквідацыі гэтай партызанкі ў 1951 усе яе ўдзельнікі загінулі, у тым ліку й С.

Юры Грыбоўскі @

Сьпірковіч Пятро, актыўны ўдзельнік Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. Пад час сьледзтва ўтрымліваўся ў полацкай турме. Асуджаны на Полацкім судовым працэсе (11-12.11.1947) на 10 год пазбаўленьня волі. Памёр.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн, 1997. С. 66, 86, 227, 228, 241, 340.

Алег Гардзіенка @

Сьцебурака Мікалай (нар. у 1879 у в. Субачы Мядзельскага р-ну), селянін, асуджаны 19.01.1945 «за сабатаж у падрыхтоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі» на 10 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1989.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Сьцельмашчук Юры (мянушка «Руды»), маёр, камандзір вайсковай акругі УПА-Поўнач «Турів», у склад якой тэрытарыяльна ўваходзіла Берасьцейшчына. Загінуў у турме НКВД у Луцку ў 1945.

Бібл.: 1. Леонюк В. Словник Берестейщини. Львів, 1996. С. 288.

Сяргей Ёрш @

Сьцяпанаў Аляксей (Фін; 1925 - ?), удзельнік Амэрыканскага дэсанту 26-27.08.1952.

Пад час нямецкае акупацыі Беларусі патрапіў на працу ў Нямеччыну. Удзельнічаў у амэрыканскім дэсанце 26.08.1952 як радыст. Быў арыштаваны апэратыўнай групай МГБ 10.09.1952 на шляху да месца сустрэчы ўдзельнікаў дэсанту - каля вёскі Клецішча пад Маладэчнам. У пачатку лістападу 1952 быў вызвалены з-пад варты і разам зь Міхалам Мяшчэрскім удзельнічаў у «радыёгульні» МГБ з амэрыканскім разьведцэнтрам у Нямеччыне. Далейшы лёс невядомы.

Літ.: 1. Михаил Токарев. «Комитет 12-ти» // Советская Белоруссия. 1997, № 265-266.

Юрась Думбляўскас @

Сьцяпура Вячаслаў (29.03.1935 у в. Шылавічы Слонімскага р-ну), удзельнік слонімскай антысавецкай арганізацыі «Польскі падпольны камітэт» (1946-1948).

Бацька С. быў беларус, а маці - полька. Абое паводле адукацыі - настаўнікі. Напрыканцы 1930 пераехалі зь вёскі ў Слонім. Пад час нямецкае акупацыі С. вучыўся ў Слоніме ў беларускай школе. Аднак адчуваў сябе польскім патрыётам.

З 1946 С., Юры Татарэўскі і Зютэк Жамойда распаўсюджвалі ў Слоніме рукапісныя антысавецкія расейскамоўныя ўлёткі, на якіх ставілі пячатку «Польскі падпольны камітэт».

У красавіку 1948 С. быў арыштаваны, месяц знаходзіўся ў слонімскім МГБ. Дзякуючы свайму ўзросту ды стойкасьці на допытах С. быў вызвалены. Аднак, паводле ягоных словаў, усё сваё жыцьцё ён адчуваў пільную ўвагу да свае асобы спэцслужбаў. Пацярпелі й бацькі С., якія былі звольненыя са школы, дзе працавалі.

С. служыў у войску, скончыў Слонімскую мэдыцынскую навучальню, працаваў доктарам. Пэўны час займаўся спортам, выступаў на спаборніцтвах БССР па лёгкай атлетыцы. Цяпер на пэнсіі, жыве ў Слоніме.

Кр.: 1. Успаміны В.Сьцяпуры (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Табола Алег (18.05.1929, в. Завазёрцы Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Шаркоўшчынскі р-н Віцебскай вобл.)), сябра Глыбоцкай групы моладзевай паваеннай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Пад час нямецкай акупацыі Т. вучыўся ў Шкунцінцкай сямігадовай школе.

Па вызваленьні Беларусі ад немцаў працягваў навучаньне ў Глыбоцкай сярэдняй школе № 1. У 1945 Т. паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную навучальню, дзе ў хуткім часе стаў сябрам падпольна ўтворанай моладзевай арганізацыі. 01.03.1947, як і шэраг іншых сяброў Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП), ён быў арыштаваны органамі МГБ. Асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР тэрмінам на 8 гадоў лягероў з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Вызвалены ў верасьні 1954 умоўна-датэрмінова. Вярнуўся ў Беларусь.

Да 1996 працаваў. Сёньня на пэнсіі, інвалід II групы, жыве ў Менску. Рэабілітаваны 21.09.1992.

У апошнія гады Т. актыўна спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця ў Беларусі. З чэрвеня 1997 - сябра выканкаму Беларускай Лігі Правоў Чалавека.

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 319, 340.

Юры Грыбоўскі @

Тамашэвіч, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Жыў у Балівіі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, сакавік, № 342.

Сяргей Ёрш @

Тарасюк Іван (03.06.1924, в. Глоўсевічы на Слонімшчыне - 01.04.1976, Слонім), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне ў 1946-1947.

У 1943-1944 вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі. Пасьля вайны працаваў настаўнікам у школах вёсак Глоўсевічы і Сурынка на Слонімшчыне, затым - на чыгуначнай станцыі ў Слоніме і ў рэдакцыі раённай газэты «Вольная праца».

З канца 1946 кіраваў настаўніцкай групай патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне, якое існавала пад кансьпірацыйным назовам «Чайка». У групу ўваходзілі Ільля Янушкевіч, Міхась Кашэня і іншыя. Па даручэньні Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху пранік у сыстэму органаў МГБ Слонімскага р-ну. Ня быў арыштаваны, не была арыштаваная і ўся настаўніцкая група, але ў сувязі з разгромам савецкімі карнымі органамі цэнтральных структур падпольля група перастала дзейнічаць.

Жыў у Слоніме. Памёр 01.04.1976. Пахаваны на могілках у Слоніме.

Васіль Супрун @

Тарговіч Станіслаў (нар. у 1904 у в. Дзьвінаса Лагойскага р-ну), муляр, жыў у в. Крывічы Мядзельскага р-ну, асуджаны 16.07.1945 «за правядзеньне антысавецкай агітацыі» на 7 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 3 гады. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Татарэўскі Юры (1934, Слонім - канец 1960?), удзельнік слонімскай вучнёўскай антысавецкай арганізацыі «Польскі падпольны камітэт». Пасьля вайны вучыўся ў слонімскай СШ № 2. Сябра падпольнай групы, якая ў 1946-1947 распаўсюджвала ў Слоніме рукапісныя антысавецкія ўлёткі. Быў арыштаваны ў красавіку 1948, пасьля таго як дзяржбясьпека вылічыла па почырку ягонае аўтарства некаторых улётак. Амаль адразу Т. вызвалілі. Пазьней скончыў вайсковую навучальню, служыў у Савецкай Арміі, меў рангу капітана.

Кр.: 1. Успаміны Вячаслава Сьцяпуры (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Таўпека Язэп (нар. у в. Таўпы на Наваградчыне, памёр у ЗША), камандзір аддзелу Беларускай Народнай Партызанкі ў 1942-1945, палітычны дзеяч, паэт, публіцыст.

Паводле адукацыі геоляг. Удзельнічаў у Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадзе 1925-1927. Быў сакратаром «Змаганьня» ў Маладэчне. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. Напрыклад, 25.08.1929 быў арыштаваны і месяц прабыў у Лукіскай турме ў Вільні. Напярэдадні нямецка-савецкай вайны вярнуўся ў родныя мясьціны.

Восеньню 1941 арганізаваў партызанскі аддзел, які дзейнічаў паміж Наваградкам, Слонімам і Баранавічамі. Удзельнік канфэрэнцыі Беларускай Народнай Партызанкі, сябра «Лавы атаманаў» і кіраўніцтва Беларускай Народнай Грамады. Пасьля нападу ў 1943 на ягоны аддзел савецкіх дывэрсантаў адводзіць сваіх партызанаў у Аўгустоўскія лясы. Там аддзел Т. дзейнічае да канца 1945, калі ён выводзіць яго праз Чэхію ў Заходнюю Нямеччыну.

Напрыканцы 1940-х жыў у Аргентыне, дзе спрабаваў залажыць беларускія патрыятычныя арганізацыі, вольныя ад камуністычнага ўплыву. Пасьля - у ЗША або Канадзе. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі й Фэдэрацыі Вольных Беларускіх Журналістаў. У газэце «Беларускі Голас» друкуе свае ўспаміны й водгукі на публікацыі савецкай прэсы. У часапісе «Баявая Ўскалось» (Таронта) зьмяшчаў свае вершы пад псэўданімам «Я.Таўпа». Памёр на пачатку 1990-х(?).

Бібл.: 1. Азярніцкі Я. Газэта «памешчыцкіх халуёў» і «п'яных папоў» // Беларускі Голас. 1975, красавік, № 232; 2. Хмара С. Нашая партызанка // Беларускі Голас. 1985, студзень, № 320.

Сяргей Ёрш @

Туркоўскі Станіслаў (1909, в. Сваятычы Ляхавіцкага р-ну - памёр не раней 1952 у Карэла-Фінскай ССР). Зь сям'і селяніна-серадняка, да 1939 працаваў парабкам. З прыходам першых саветаў пачаў займацца пчалярствам. У часе нямецкай акупацыі быў начальнікам Беларускай Народнай Самапомачы ў Сваятыцкай воласьці. Адначасова падтрымоўваў сувязь з кіраўніцтвам партызанскага аддзелу імя Суворава. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам у мясцовага насельніцтва. Выратаваў ад нямецкіх жаўнераў некалькі жыдоўскіх сем'яў.

Пасьля вызваленьня тэрыторыі Ляхавіцкага р-ну ад нямецкіх войскаў увесну 1945 стварае пры Сваятыцкім клюбе гурткі аматараў садаводзтва й пчалярства. Празь некаторы час уступае ў канфлікт са старшынём Сваятыцкага сельскага савету Стульбам. Апошні ліквідуе гурткі, як праяву «неавторизованной активности» і дасылае ў Ляхавічы кампрамат на «первого кулака на весь сельсовет». Ляхавіцкі раённы суд прызнае Т. вінаватым у калябаранцтве й антысавецкасьці і да канчатковага вырашэньня пытаньня зьмяшчае яго ў турму. С. піша ліст у Баранавічы да былога камандзіра партызанскага аддзелу Аскіркі, апошні выдае яму даведку пра належнасьць да аддзелу і абяцае падтрымку. Грунтаваць абвінавачваньні супраць Т. не было на чым: у Сваятычах не знайшлося ніводнага даказьніка. З Савету Міністраў БССР прыйшоў адказ на скаргу 120 вяскоўцаў - загад хутчэй вырашаць справу. Т. быў вызвалены з-пад варты, скасаваны ў званьні кулака. Мінфін выплаціў грашовую кампэнсацыю.

Пасьля вызваленьня Т. праводзіць збор сьведчаньняў сялян супраць Стульбы. У 1949 апошняга судзілі. У тым жа годзе Т. праводзіць публічныя выступленьні супраць кіраўніцтва калгаса імя Карла Маркса, выкрывае сутнасьць калектывісцкае палітыкі. Прадаўшы ўсю сваю маёмасьць, уступае ў той самы калгас і выступае на сходах з заклікамі не выходзіць на працу. Калі ўсе сяляне абвясьцілі пра свой выхад з калгаса, да справы Т. падключаецца старшыня Баранавіцкага аблвыканкаму Васіль Царук. Зь ягонага асабістага загаду быў арганізаваны другі працэс над Т., падставаю для якога былі падабраныя спэцыяльнай абласной камісіяй адмысловыя сьведкі й дакумэнты. У 1950 у прысутнасьці вялікае колькасьці народу Ляхавіцкі раённы суд паўторна абвінаваціў Т. у антысавецкай дзейнасьці й накіраваў яго на прымусовыя працы ў Карэла-Фінскую АССР. Т. зьдзейсьніў уцёкі і ўладкаваўся чыгуначным рабочым у Баранавічах. У выніку даносу быў схоплены органамі бясьпекі і пад вартаю дастаўлены ў Карэлію з павялічаным тэрмінам. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. Занальны Дзяржаўны Архіў у г. Баранавічы. Ф. 188, воп. 2, спр. 773 (Дело Турковского Станислава Адольфовича); Ф. 807, воп. 14, спр. 39.

Бібл.: 2. Дзяніс Лісейчыкаў. Другія Саветы: Ляхавіччына ў 1944-1950 гг. // Ляхавіцкі веснік. 1998, № 83.

Дзяніс Лісейчыкаў @

Турук Андрэй (1924 г. у в. Якімавічы на Слонімшчыне - ?, Расея), партызан, дзейнічаў на Слонімшчыне. Пад час нямецкай акупацыі быў вывезены ў Нямеччыну. Пасьля заканчэньня вайны ў Нямеччыне быў накіраваны савецкімі акупацыйнымі ўладамі суправаджаць статак нямецкіх кароў, якіх павінен быў прыгнаць у Беларусь. Па дарозе іх у яго зрабавалі. Т. пачалі цягаць на допыты, пасьля чаго ён вырашыў перайсьці на нелегальнае становішча. У складзе партызанскага аддзелу ён быў каля 5 гадоў. Дзесьці ў 1950-1951 Т. з групай іншых партызанаў здаўся савецкім уладам. Быў высланы на прымусовыя працы ў Расею. Там празь некаторы час памёр.

Кр.: 1. Успаміны Васіля Струпаўца (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Умпіровіч Алеся, гл. Фурс Алеся. @

Усюкевіч Алесь, адзін з кіраўнікоў падпольнай арганізацыі Саюз Вызваленьня Беларусі ў Наваградку. Паходзіць з в. Хадасы Любчанскае гміны Наваградзкага павету. У складзе Чырвонай Арміі ваяваў супраць Нямеччыны. Напрыканцы 1946 увайшоў у кіраўніцтва СВБ. Арыштаваны 30 траўня 1947. Паводяе сьведчаньняў самога А.Усюкевіча, пад час допытаў спрабаваў забіць Л.Цанаву. Жыве ў Казахстане.

Кр.: 1. Успаміны Аўгена Ўсюкевіча (архіў аўтара).

Бібл.: 2. М.Толочко. Из-за них следователи НКВД начали читать «Молодую гвардию» // Советская Белоруссия. 02.12.1992.

Сяргей Ёрш @

Філістовіч Янка (14.01.1926 (паводле пашпарту), в. Паняцічы Маладэчанскае воласьці Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва (цяпер Вялейскі р-н Менскай вобл.) - 1952), актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, удзельнік Амэрыканскага дэсанту 09.09.1951, кіраўнік узброенай антысавецкай групы на Маладэчаншчыне ў 1951-1952 (гл. Філістовіча група). Маленства Ф. прайшло пад уплывам польскай нацыянальнай палітыкі ў дачыненьні Заходняй Беларусі. «Нашыя людзі ад страты сваёй незалежнасьці гадаваліся без сваёй школы або на чужых сьметніках», - кажа Ф. [1, 9]. Пад час другой сусьветнай вайны, увосень 1943, Ф. быў мабілізаваны ў 13-ы Беларускі батальён (Вялейка, Менск); перад прыходам Чырвонай Арміі эміграваў у Нямеччыну. У жніўні 1944 вайсковая частка, дзе служыў Ф., была накіраваная ў Італію і там да студзеня 1945 брала ўдзел у баёх супраць англа-амэрыканскіх войскаў. У лютым 1945 за спробу перайсьці да чэскіх партызанаў Ф. быў адпраўлены ў турму г. Паддубіца, скуль быў вызвалены 08.05.1945.

Па сканчэньні вайны Ф. перабраўся ў Францыю. Вывучаў гісторыю ў Сарбоне (Францыя) і Лювэнскім (Бэльгія) унівэрсытэце. Выдаваў часопіс «Моладзь», быў адным зь лідэраў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі (утвораная на зьезьдзе 26.03.1949). З 11.03.1951 - сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік ураду БНР.

Ф. браў удзел у Амэрыканскім дэсанце 09.09.1951. Праз сваяка Пятра Кушаля Ф. удалося наладзіць сувязь з групай С.Мікуліча, якая складалася з 5 чалавек і дзейнічала на тэрыторыі Ільлянскага р-ну з 1949. Неўзабаве Ф. узначаліў гэтую групу.

05.09.1952 апэратыўна-ваенізаванай групай МГБ БССР была праведзеная апэрацыя па ліквідацыі групы Філістовіча. Ф. удалося ўцячы і ён меркаваў перайсьці мяжу з Польшчай, але 09.09.1952 быў схоплены ў выніку здрады: жыхар вёскі Ярмолічы Маладэчанскай вобл., у якога Ф. шукаў прытулку, падмяшаў у гарбату моцнае снатворнае. Непрытомнага Ф. арыштавала група мясцовае ўправы МГБ.

Ф. быў прысуджаны ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі да сьмяротнага пакараньня. Супраць сваякоў Ф. і тых, хто дапамагаў Ф. у ягонай дзейнасьці, былі праведзеныя рэпрэсіі. У 1952 Ф. быў расстраляны.

Літ.: 1. Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста Менск, 1997; 2. І.Валахановіч. Барацьба вакол ідэі «беларускай незалежнай дзяржавы» (другая палова 40-х - пачатак 50-х гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1999, № 1. С. 58-62.

Юрась Думбляўскас @

Фурс Алеся (дзяв. Умпіровіч; 24.12.1926, в. Азярава Відзаўскага р-ну Полацкай вобл. (сёньня Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.)), сябра Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Ф. нарадзілася ў сялянскай сям'і, дзе было сямёра дзяцей. З маленства, дзякуючы сваёй цётцы Анэлі, выхоўвалася набожнай дзяўчынкай. Пачатковыя клясы скончыла ў польскай школе, што знаходзілася ў роднай вёсцы Азярава, пасьля хадзіла ў Паставы. Па прыходзе ў 1939 саветаў вучобу працягвала ў адчыненай беларускай школе ў Паставах. Да вайны пасьпела скончыць 6 клясаў. Калі ўжо пры немцах Пастаўская школа аднавіла сваю працу, Ф. нейкі час вучылася ў 7 клясе.

Пасьля таго як у Паставах адчынілася настаўніцкая сэмінарыя, Ф. пасьпяхова здае туды экзамены й паступае на другі курс, нягледзячы на тое, што мясцовыя савецкія партызаны ўсялякімі сродкамі імкнуліся замінаць беларускаму школьніцтву ў часе нямецкай акупацыі. «Партызаны спалілі школу ў Казянах, яны былі супраць таго, каб пад нямецкай акупацыяй вучыліся дзеці. Не магла, і цяпер не магу зразумець гэтага. Новае пакаленьне не павінна было ўмець чытаць, пісаць. Ці цэлы народ трэба было пакінуць у цемры?» - кажа Ф. [2, 97-98].

Сапраўднае загартаваньне беларускасьцю яна атрымала ў працэсе вучобы ў гэтай сэмінарыі, дзе выкладала цэлае суквецьце такіх культурных дзеячоў беларускага адраджэньня, як Барыс Кіт, Пётра Шчасны, Сяргей Мацука. У 1943 Ф. уваходзіць у шэрагі Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ), які быў у гэты час створаны ў студэнцкім асяродку. «Было прывабна надзець эсбээмаўскую форму, хоць на прыдзірлівае вока, можа, і благую, пашытую з таннай тканіны. Мы з ахвотай маршавалі ў калёне па вуліцах Паставаў, сьпяваючы свае родныя песьні. Не прапускалі ніводнага сходу, якой-небудзь імпрэзы, вечарыны, што праводзіліся ў нашай суполцы СБМ. Асабіста я і мае сябры разумелі СБМ толькі як асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцьці моладзі, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязьні да іншых людзей і народаў», - прыгадвае Ф. [2, 103].

Чырвоную Армію ў ліпені 1944 сустрэла станоўча, спадзеючыся на вызваленьне з-пад нямецкай няволі. Вучобу пры новай уладзе мусіла працягваць у адчыненай замест настаўніцкай сэмінарыі пэдагічнай навучальні. Празь нейкі час навучаньне ў новастворанай установе прынесла расчараваньне.

«Пэднавучальня ніколі не пераўзыходзіла сэмінарыю ні ў аб'ёмах, ні якасьцю навучаньня. Наадварот, сярод выкладчыкаў былі людзі зь нізкай кваліфікацыяй. На добры лад, чаму было ня выкарыстаць тых спэцыялістаў, хто меў высокую кваліфікацыю, хто працаваў раней у сэмінарыі. Зрабілі наадварот: іх арыштавалі. Апынуўся ў МГБ наш колішні дырэктар Пётра Шчасны. Дарма мы, навучэнцы, зьбіралі подпісы ў ягоную абарону, насілі ў МГБ. Як пасьля высьветлілася, на таго-сяго з колішніх сяброў СБМ энкавэдысты пазаводзілі справы», - узгадвае Ф. [2, 106-107].

Усё больш месца ў выкладаньні займала расейская мова, выцясьняючы беларускую. Увесь гэты гвалт ня мог ня выклікаць у моладзі крыўды, не абудзіць нацыянальных пачуцьцяў. Якраз у гэты час у пэднавучальні і паўстаў Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Ф. давялося прысутнічаць пры самым заснаваньні гэтай арганізацыі. Яна разам зь сябрамі шыла для СБП бел-чырвона-белы сьцяг. Па залічэньні ў сябры СБП 25 сакавіка 1946 Ф. разам зь іншымі маладымі патрыётамі-аднадумцамі бярэ ўдзел у прыняцьці прысягі на вернасьць Беларусі.

«Рыхтуючыся да гэтай падзеі, я намалявала «Пагоню». Старалася за гэтай працай, як ніколі. Як бы кідала выклік тым, ад каго пакутавала, хто ненавідзеў гэты наш старадаўны герб», - кажа Ф. [2, 112].

Арыштаваная Ф. 12 траўня 1948 пад час хвалі студэнцкіх арыштаў і асуджаная на 25 гадоў мардоўскіх лягероў з 5-гадовым тэрмінам пазбаўленьня правоў. Вызваленьне прыйшло 17 чэрвеня 1956, пасьля чаго разам з мужам Антонам Фурсам, які зьяўляўся адным зь лідэраў СБП, жыла ў Казахстане.

У 1965 Ф. удала скончыла Маскоўскі народны ўнівэрсытэт мастацтваў і скарыстала тым самым свой даўны талент - здольнасьць да маляваньня. Па выхадзе на пэнсію ў 1982 сям'я Ф. вярнулася на радзіму, пасялілася ў Паставах, дзе жыве і сёньня. Рэабілітаваная 23 лістапада 1992, ужо па атрыманьні Беларусьсю незалежнасьці. Сёньня Ф. падтрымлівае сувязі зь некаторымі былымі сябрамі СБП. Брала ўдзел у напісаньні артыкулу ўспамінаў да кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Апроч гэтага Ф. мае собскія артыкулы-ўспаміны ў газэтах «Наша слова», «Народнае слова», «Беларуская маладзёжная», часапісах «Спадчына», «Полымя» і шэрагу іншых выданьняў.

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 68, 75, 86-88, 89, 93-149, 182, 186, 194, 239, 252, 340; 3. Умпіровіч А. Памяць - незагойная рана // Наша слова. 1992, № 16; 4. Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997, № 1.

Юры Грыбоўскі @

Фурс Антон (30.04.1928, мястэчка Янза Дзісенскага павету (сёньня Мёрскага р-ну Віцебскай вобл.)), удзельнік моладзевага паваеннага антысавецкага падпольля. Вязень ГУЛАГу. З восені 1945 зьяўляўся сябрам і адным з заснавальнікаў арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) у Глыбокім, быў сакратаром Глыбоцкай групы СБП.

Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Пад час нямецкай акупацыі наведваў беларускую школу ў сваёй роднай вёсцы, дырэктарам якой быў вядомы на той час Ігнат Мятла. Неўзабаве тут Ф. атрымаў ня толькі добрую адукацыю, але і ўпершыню адчуў на сабе подых беларускасьці. «Усё выкладаньне ішло па-беларуску. Беларуская мова стала рабочай і ў справаводзтве. У хуткім часе нашая школа зрабілася сапраўдным асяродкам культурнага жыцьця ў Янзе і ваколіцах. За тыя няпоўныя два навучальныя гады, што нас вучылі ў янзенскай школе, мы атрымалі моцны зарад патрыятызму, даволі трывалыя асновы нацыянальнай сьвядомасьці», - узгадвае Ф. [2, 65-66].

Пасьля адкрыцьця ў 1943 годзе Глыбоцкай прагімназіі ён працягваў навучаньне ў гэтай установе. З надыходам Чырвонай Арміі Ф. 16-гадовым юнаком паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную гімназію, дзе ў хуткім часе блізка пазнаёміўся з шэрагам будучых паплечнікаў, такімі, як Васіль Мядзелец і Алесь Юршэвіч. Неўзабаве тут склалася невялічкая група студэнтаў, якім было неабыякавае тагачаснае палітычнае і культурнае становішча на Бацькаўшчыне. «З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў навучальню, адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасьць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасьля таго, што было ў школе пад час нямецкай акупацыі, такое становішча выклікалаў нас недаўменьне, а пасьля і пратэст», - канстатуе Ф. [2, 68].

Маладыя аднадумцы ад студэнцкіх разважаньняў перайшлі да задумы стварэньня ў пэднавучальні нелегальнага таварыства: Ф. быў у ліку нямногіх заснавальнікаў Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП) у Глыбокім. Юнакі распрацавалі праграму і статут утворанай арганізацыі, пачаўся прыём сяброў. Сябры Глыбоцкай групы СБП выкарыстоўвалі беларускую нацыянальную сымболіку: бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». Юныя патрыёты прагнулі бачыць Беларусь вольнай і незалежнай. «Нашыя задачы былі культурна-асьветныя, як сёньня сказалі б, адраджэнскія. Перш за ўсё самі мы абавязаліся быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, заўсёды і ўсюды гаварыць па-беларуску, па-свойму, шанаваць родную мову, культуру, гісторыю, традыцыі, прапагандаваць іх сярод свайго народу, вяртаць нашых людзей да нацыянальнай памяці, абуджаць пачуцьцё нацыянальнай годнасьці», - кажа Ф. [2, 68-69]. Глыбоцкія сябры СБП наладзілі стасункі з аднадумцамі з Пастаўскай пэднавучальні.

Узімку 1947 пачаліся арышты. Ф. быў арыштаваны 8 лютага 1947 органамі МГБ і быў засуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Пасьля знаходжаньня ў т.зв. «перасылачнай» турме ў Воршы адбываў тэрмін у лягеры паблізу г. Турынску (Сьвярдлоўская вобл.), а потым быў пераведзены ў карагандынскія лягеры ў Казахстане.

Там браў удзел у паўстаньні лягероў КАРЛАГу ў 1955. «Патрабаваньні, якія мы выставілі адміністрацыі, зводзіліся да некалькіх пунктаў: адмяніць ганебныя нумары (якія ўжываліся замест імёнаў. - Рэд.), дазволіць перасылку без абмежаваньняў, палепшыць харчаваньне», - узгадвае Ф. [2, 81]. Напрыканцы зьняволеньня ўмовы вязьняў палепшылі, што было зьвязана з афіцыйным асуджэньнем культу Сталіна: пачалі выплываць сякія-такія грошы, адчыняць вячэрнія школы дзеля ліквідацыі непісьменнасьці.

Нарэшце пасьля 9-гадовага гулагаўскага пэрыяду ў 1955 Ф. быў датэрмінова вызвалены. Пэўны час жыў на Радзіме, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 разам зь ёй жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пэнсію Ф. пераехаў ізноў у Беларусь. Сёньня пэнсіянэр, жыве ў Паставах.

У гады дэмакратызацыі ён актыўна спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця: быў сябрам Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады і Таварыства Беларускай Мовы. Ф. мае свае артыкулы і ўспаміны ў газэтах «Наша слова», «Пагоня», «Народная воля», часопісе «Спадчына». Ён зьяўляецца аўтарам успамінаў у кнізе Архіву Найноўшае Гісторыі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». У лістападзе 1992 Ф., як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, быў рэабілітаваны «из-за отсутствия состава преступления». Сёньня Ф. не цураецца свайго мінулага. «Мы былі халоднымі і галоднымі, мы ня мелі маладосьці - яна была бессаромна расьпятая на калючым дроце. Але ж мы не шкадуем ні аб чым, бо засталіся людзьмі - і тады, калі большасьць сьпявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся зь лягеру. Дзе б мы ні знаходзіліся, думалі пра свой народ і сваю Бацькаўшчыну», - дэкляруе Ф. [2, 90].

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 24, 25, 37-40, 42, 57-91, 126, 133, 137, 139-142, 147, 159, 161-164, 182, 186, 193, 223, 224, 241, 283, 284, 320, 329, 330, 334, 340; 3. Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997, № 1; 4. Фурс А. Усё яшчэ значымся ворагамі народу // Наша слова. 1992, № 16; 5. Фурс А. «Антон Фурс: мы заўсёды лічылі сябе беларусамі» (Успаміны ўдзельніка СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995, №№ 41-44; 6. Фурс А. З кнігі ўспамінаў «Гарт»: да крыўднага мала зрабіў для Радзімы (урыўкі з успамінаў) // Народная воля. 1998, 23 студзеня.

Юры Грыбоўскі @

Харэўскі Якуб (сапраўднае прозьвішча Новік; 1900, в. Харэва Пружанскага павету - загінуў 02.04.1968 у аўтамабільнай катастрофе ў Рью-Грандэ Порт Алекра ў Бразыліі), беларускі партызанскі атаман, камандзір партызанскага аддзелу імя ат. Нябабы, адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948.

З 1922 Х. удзельнічае ў антыпольскай партызанцы, становіцца камандзірам аддзелу ў Ружанскай пушчы. Спачатку аддзел уваходзіў у «5-ю групу партызанскіх войскаў БНР», а з 1923, калі згубілася сувязь, дэейнічаў самастойна. Атаман Х., разам зь Сяргеем Хмарам (атаман Іскра) і атаманам Рудым у Сталавічах сустракаўся з чэкістам Кірылам Арлоўскім, аддзел якога партызаніў супраць польскіх уладаў у Заходняй Беларусі. Х. дамогся падзелу тэрыторый дзейнасьці свайго й чэкістаўскага аддзелаў, адмаўляючы прапанаваную Арлоўскім «каардынацыю» і «агульны штаб».

Пасьля спыненьня партызанскае барацьбы з 1925 Х. няўдала спрабаваў легалізавацца. Ратуючыся ад перасьледу польскае паліцыі, ён з фальшывымі дакумэнтамі перабіраецца ў БССР. Адтуль Х. вяртаецца ў Зах. Беларусь у 1937, хаваецца на Валыні. На пачатку 1939 Х. удзельнічае ў баранавіцкай нелегальнай канфэрэнцыі грамадоўцаў, якая прыняла рашэньне аб падрыхтоўцы антыпольскага паўстаньня. Атаман Х. атрымаў заданьне рыхтаваць зброю й зьбіраць людзей. 1 верасьня 1939 Х. арганізоўвае партызанскі аддзел. Пасьля стварэньня паўстанцкага штабу ён быў прызначаны намесьнікам Івана Тарасюка, камандзіра паўстанцаў. Пасьля гібелі Тарасюка Х. камандуе паўстанцкімі сіламі на заходнебеларускім Палесьсі (да 5000 чалавек). 17 верасьня ён адмяніў штурм Пінску, заплянаваны на 18 верасьня 1939. Да чэрвеня 1941 Х. хаваецца ад НКВД.

Ужо ў ліпені 1941 Х. зноў зьбірае свой аддзел, які ўдзельнічаў у сумеснай беларуска-ўкраінскай антыбальшавіцкай вайсковай апэрацыі на Палесьсі. З 1942 Х. - адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Партызанкі, узначальвае «Лаву атаманаў», уваходзіць у кіраўніцтва падпольнай Беларускай Народнай Грамады.

З 1943 аддзел Х. знаходзіцца на Валыні, дзе актыўна супрацоўнічае з УПА ат. Бульбы-Бараўца. Захапіўшы ў Любяшове вялікія запасы нямецкае зброі, аддзел імя Нябабы адыходзіць на Берасьцейшчыну. Да 1948 ён дзейнічае супраць савецкіх уладаў, працягваючы супрацоўніцтва з «бульбаўцамі».

Пасьля цяжкіх баёў з савецкімі войскамі Х. перапраўляе каля Тэрэспалю свой аддзел у Польшчу, а адтуль, праз Чэхію, у Заходнюю Нямеччыну. У 1949 Х. са сваімі партызанамі выяжджае ў Бразылію. Быў кіраўніком паўднёва-амэрыканскага аддзелу Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. У студзені 1968 у газэце «Беларускі Голас» (Таронта) Х. надрукаваў свой адзіны артыкул «Аб беларускай партызанцы ў апошнюю вайну». 02.04.1968 ат. Х. гіне разам са сваім ад'ютантам Кастунам Гукам. Ёсьць падставы лічыць, што да ягонай сьмерці маюць дачыненьне савецкія спэцслужбы.

Бібл.: 1. Сябар. Згінуў партызанскі атаман // Беларускі Голас. 1968, № 159, красавік; 2. Ёрш С. Легендарны атаман // Наша Ніва. 17.08.1998, № 15 (112).

Сяргей Ёрш @

Хацілоўскі Тадэвуш (11.06.1931, Смаргонь Гарадзенскай вобл.; цяпер жыве ў Смаргоні), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле). Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і. У часы акупацыі скончыў падпольную польскую школу, бо афіцыйная школа была летувіскай. Пасьля вайны вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе, адначасова з-за нястачы мусіў падзарабляць працай кінамэханіка ў мясцовым клюбе. Займаўся радыёсправай, з дапамогай сканструяванага прыймача наладжваў калектыўныя слуханьні заходніх радыёстанцый. Восеньню 1949 пазнаёміўся з кіраўніком падпольнай арганізацыі Р.Лапіцкім. Арыштаваны ў сакавіку 1950 і летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі асуджаны па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі на 25 гадоў зьняволеньня. На цяжкасьць прысуду паўплывала ягоная асабліва прынцыповая пазыцыя на допытах і ў судзе. Пакараньне адбываў у канцлягерох паўднёвага Сібіру (на лесапавале і будаўніцтве дарогі Тайшэт-Абакан) і Казахстана (прымусовая праца ў конегадоўчым саўгасе). Вызвалены са зьняволеньня ў лютым 1954. Вярнуўся ў Смаргонь, дзе і працаваў да пэнсіі.

Міхась Чарняўскі @

Хомчык Іван (30.08.1915, в. Глоўсевічы на Слонімшчыне - 04.06.1984, Глоўсевічы), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне ў 1946-1947. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе ў сваёй вёсцы. Перад другой сусьветнай вайной служыў у польскім войску ў Гдыні, дзе і засьпела яго вайна. Зь верасьня 1939 у нямецкім палоне. У родную вёску вярнуўся ў канцы вайны. Працаваў на сельскай гаспадарцы, а з арганізацыяй саўгасаў - на Глоўсевіцкім участку саўгаса «Пераможац». З 1946 удзельнічаў у падпольнай беларускай патрыятычнай арганізацыі «Чайка». Кіраваў падпольнай групай вясковай моладзі ў в. Глоўсевічы. Пасьля арышту савецкімі карнымі органамі актыву Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху падпольная група спыніла сваю дзейнасьць. Ніхто з падпольшчыкаў ня быў арыштаваны.

Васіль Супрун @

Цагалка Надзея (нар. у 1920 у в. Слабада Мядзельскага р-ну, сялянка), асуджаная 30.10.1945 «за правядзеньне антысавецкай і антыкалгаснай агітацыі» на 5 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 3 гады. Рэабілітавана ў 1992.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Царук, удзельнік Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948 у складзе аддзелу ат. Перагуда. Сябра Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. Памёр у Балівіі.

Бібл.: 1. Беларускі Голас (Таронта). 1988, сакавік, № 342.

Сяргей Ёрш @

Церашкевіч Мікола (10.02.1926, в. Зыкава Мядзельскага р-ну Менскай вобл.; жыве ў Маладэчне), удзельнік Пастаўскай групы падпольнай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і, у якой было пяцёра дзяцей. Пачынаў вучыцца яшчэ ў польскай школе, а перад самай вайной - у савецкай. У часы акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі, дзе навучэнцам закладваўся моцны беларускі патрыятычны сьветапогляд, асабліва праз Саюз Беларускай Моладзі (СБМ). І сам юнак прыхільна ставіўся да СБМ, аднак ня мог у яго ўступіць, баючыся помсты савецкіх партызанаў на бацькох, бо ў роднай вёсцы якраз знаходзіўся іх аддзел. Партызаны праз пэўны час даведаліся, што сын Церашкевічаў вучыццаў Паставах, і фактычна змусілі яго зьбіраць для іх разьведвальныя дадзеныя.

Пасьля вызваленьня Беларусі М.Церашкевіч спачатку займаўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах у Глыбокім, а затым паступіў у Пастаўскую пэдагагічную навучальню, у якой вучылася даволі шмат юнакоў і дзяўчат зь Мядзельшчыны. З самага пачатку навучаньня ў Паставах уключыўся ў патрыятычны рух навучэнцаў. А затым на прапанову свайго сябра Міколы Асіненкі ўступіў і ў сам у падпольную арганізацыю. Потым на судзе яго будуць абвінавачваць у кіраўніцтве вайсковымі справамі падпольля.

М.Церашковіч пасьпеў скончыць навучальню да выкрыцьця і разгрому Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Арыштавалі яго ў лютым 1947 ужо ў Жуціне на Мядзельшчыне, дзе працаваў загадчыкам пачатковай школы. Забралі з клясы. Затым былі ператрусы па месцы кватараваньня і ў бацькоў, ноч у мядзельскай міліцыі, затым пад канвоем пешкі па сьнезе на чыгуначную станцыю ў Будславе. Допыты вяліся ў вялейскай турме. Не давалі спаць, мучылі холадам, зьмяшчаючы ў камэру зь дзюркамі ў сьцяне - у выніку Мікола адмарозіў пальцы ног. Адзін са сьледчых спрабаваў нават біць, але стушаваўся перад табурэткай, якую схапіў зьняволены. Такая рашучасьць прымусіла турэмшчыкаў не прымяняць да яго прамога «фізычнага ўзьдзеяньня».

Суд над сябрамі СБП адбыўся ў чэрвені 1947 у Менску ў будынку сёньняшняга Дому прафсаюзаў на пляцы Волі. Ваенны трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі прысудзіў М.Церашкевіча да 10 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Зь менскай турмы этап накіравалі ў Сібір на ленскія руднікі. Там адпрацаваў тры гады, быў разам зь іншым сябрам СБП Аляксандрам Амельляновічам. Затым палітычных пераправілі на Калыму. Там зноў шахты.

Палёгка ў становішчы палітзьняволеных наступіла пасьля сьмерці Сталіна, калі да ўлады прыйшоў М.Хрушчоў. А выйшаў з канцлягера М.Церашковіч у лютым 1954, тэрмін адбыў скарочаны «па заліках ударнай працай». Аднак вярнуцца на Бацькаўшчыну не дазвалялі, пакінулі на пасяленьні. Працаваў пераважна на будоўлях да пэнсіі, жаніўся там жа. Потым вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў Маладэчне.

Кр.: 1. Успаміны Міколы Церашкевіча.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 266, 340.

Міхась Чарняўскі @

Цыбоўская Леакадзія (03.12.1930, Смаргонь Гарадзенскай вобл.; цяпер жыве ў Сопаце ў Польшчы), актыўная ўдзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле), старэйшая сястра Часлава Цыбоўскага. Пасьля заканчэньня вечаровага аддзяленьня Смаргонскай школы працавала школьным бібліятэкарам, сябра Арміі Краёвай з восені 1941 - «Дарота». Восеньню 1949 уключылася ў антыкамуністычны рух, у хаце яе бацькоў адбываліся рэгулярныя сходы вучняў-падпольшчыкаў. Арыштаваная 2 лютага 1950, а летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі асуджаная па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Тэрмін адбывала ў Іркуцкай вобл. пераважна на лесапавале, перапрацоўцы сьлюды, на сельгасработах. Вызваленая ў 1956, вярнулася на Бацькаўшчыну і неўзабаве, выйшаўшы замуж за былога такога ж палітвязьня (Юзафа Дамброўскага з-пад Горадні), выехала ў Польшчу.

Міхась Чарняўскі @

Цыбоўскі Часлаў (01.01.1932, Смаргонь Гарадзенскай вобл. - 1978, Дзержанюў у Польшчы), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні ў 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле), малодшы брат Леакадзіі Цыбоўскай. Вучыўся ў 9-ай клясе Смаргонскай сярэдняй школы, восеньню 1949 разам зь сястрой і іншымі вучнямі актыўна ўключыўся ў падпольны рух. Арыштаваны ў лютым 1950, а летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі за прыналежнасьць да мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі прыгавораны да расстрэлу, аднак гэтае пакараньне, як малалетняму, было заменена на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Тэрмін адбываў на мядзяных рудніках Джэзказгану ў Казахстане. Вярнуўся ў сярэдзіне 50-х гадоў у Смаргонь з падарваным здароўем і неўзабаве выехаў у Польшчу. Памёр на 46-м годзе жыцьця. Пахаваны ў Дзержанёве.

Міхась Чарняўскі @

Цынко Антон (нар. у 1892 у в. Вішнева, старшыня Куцькаўскага сельсавету Мядзельскага р-ну), асуджаны 23.03.1949 «за антысавецкія прамовы» на 7 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1993.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Чыгрын Міхась (1927 (паводле афіцыйных дакумэнтаў 1928), в. Чамяры на Слонімшчыне), адзін зь ініцыятараў заснаваньня і ўдзельнік беларускага патрыятычнага падпольля 1946-1947 у Заходняй Беларусі.

Вучыўся ў Чамяроўскай школе і Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі. З 1945 - студэнт Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікуму. У траўні 1946 удзельнічаў ува ўстаноўчым сходзе па стварэньні ў Слоніме моладзевага беларускага патрыятычнага падпольля з кансьпірацыйным назовам «Чайка». У тым жа годзе ім была створана такая ж патрыятычная група ў Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме.

Арыштаваны ў чэрвені 1947 органамі МГБ. Да суду ўтрымліваўся ў баранавіцкай турме. Ваенным трыбуналам у Баранавічах на працэсе 16-18.10.1947 быў засуджаны да 10 гадоў зьняволеньня і 3 гадоў пазбаўленьня правоў паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР. Пакараньне адбываў у турмах гарадоў Баранавічы і Ворша, і канцлягерох Інты (Комі АССР). Працаваў машыністам цэнтральнага пад'ёму шахты № 5. Пасьля вызваленьня працягваў працаваць на шахтах «Інтавуталь» да пэнсіі. У Беларусь вярнуўся ў канцы 80-х. Жыве ў Салігорску.

Васіль Супрун @

Шабоцька Адам (1923, в. Католышы на Наваградчыне - 28.08.1950, спэцляг Караганды), удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1947 - удзельнік наваградзкага патрыятычнага антысавецкага падпольля Саюз Вызваленьня Беларусі (СВБ). Зрабіў для падпольля пячатку з выявай Пагоні. Арыштаваны савецкімі карнымі органамі 30.05.1947 і ўтрымліваўся ў баранавіцкай сьледчай турме «Крывое кола». Засуджаны ваенным трыбуналам на працэсе 29-31.08.1947 да 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пасьля турмы пакараньне адбываў на лесапавале ў канцлягеры Усьць-Вым (Комі АССР), а з 1949 - на будаўніцтве вугальных шахтаў у спэцлягу Караганды, дзе і загінуў 28.08.1950. Пахаваны там жа на лягерным могільніку. Не рэабілітаваны.

Кр.: 1. Паведамленьні С.Пярловіча.

Васіль Супрун @

Шамрук Іван, беларускі партызан. Удзельнік нацыянальнага партызанскага руху на заходнебеларускім Палесьсі пад час нямецкай акупацыі. Ягоны аддзел спачатку ваяваў зь немцамі й бандэраўцамі, а з 1944 - з бальшавікамі. Партызаны насілі бел-чырвона-белыя пятліцы. У 1951 арыштаваны. Пасьля вяртаньня зь лягероў жыў у Беларусі.

Кр.: 1. Успаміны Ўладзіміра Кісяля (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Шукайловіч Міхась, намесьнік генэрала М.Вітушкі. Рэдактар падпольнай газэты «Душы бальшавіцкую гадзіну!».

Бібл.: 1. Падпольныя выданьні беларускіх партызанаў і нацыянальных арганізацыяў // Вольнае слова. 05.12.1949, № 7-9.

Сяргей Ёрш @

Шуман Міхал, удзельнік беларускага паваеннага антысавецкага моладзевага супраціву. Быў сябрам Глыбоцкае групы арганізацыі Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП). Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 340.

Юры Грыбоўскі @

Шуман Павал, удзельнік беларускага паваеннага антысавецкага моладзевага супраціву. Быў сябрам Глыбоцкае групы арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу. У зьняволеньні нейкі час знаходзіўся ў лягеры «Краснае ўрочышча» (пад Менскам) на будаўніцтве Менскага аўтамабільнага заводу. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 167, 340.

Юры Грыбоўскі @

Шыцік Уладзімір (дата і месца нараджэньня невядомыя), удзельнік Філістовіча групы, да якой далучыўся ў ліпені 1952 разам зь Іванам Будкевічам. Далейшы лёс невядомы.

Бібл.: 1. Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста. Менск, 1997. С. 48.

Юрась Думбляўскас @

Юршэвіч Алесь, актыўны ўдзельнік Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў, палітычны вязень. А.Ю. вучыўся ў Янзенскай школе, пасьля выгнаньня з тэрыторыі Беларусі немцаў працягваў вучобу ў Глыбоцкай СШ № 1. Зь верасьня 1946 А.Ю. распачаў навучаньне ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ў Менску.

Пад час навучаньня ў Глыбоцкай СШ № 1 сутыкнуўся з русіфікацыяй навучальнага працэсу. «Русский язык государственный. Его должны знать и понимать все. Вы говорите, нужен белорусский. Зачем он, если местное население хорошо понимает по-русски», - словы настаўніка гісторыі Беларусі (1, 319). А.Ю. наладжвае кантакты з навучэнцамі школы і Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні, збліжаецца з Васілём Мядзельцам, Антонам Фурсам - маладыя людзі закладаюць падваліны СБП.

А.Ю. прапанаваў стварыць арганізацыю на ўзор таварыства філяматаў-філярэтаў, якое існавала на пачатку 19 ст. у Віленскім унівэрсытэце. А.Ю. склаў тэкст прысягі сяброў СБП, якая грунтавалася на маральных абавязках. Разам з В.Мядзельцам і А.Фурсам распрацаваў праекты Праграмы і Статуту СБП, прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі ўрачыстай прысягі сяброў СБП, якая адбылася 25 сакавіка 1946 на кватэры Лідзіі Несьцяровіч.

А.Ю. быў арыштаваны на пачатку 1947. Асуджаны ў Менску ваенным трыбуналам войскаў МВД Беларускай Вайсковай Акругі (16-20.06.1947). А.Ю. разам з В.Мядзельцам, М.Асіненкам, В.Лагунёнкам быў засуджаны да сьмяротнай кары. Але ў сувязі з тым, што сьмяротная кара паводле ўказу прэзыдыюму ВС СССР ад 20.05.1947 была адмененая, А.Ю. атрымаў 25 гадоў пазбаўленьня волі і 5 гадоў паражэньня ў правох. Тэрмін адбываў у Кемераўскай вобл.

У 1956 пад час «хрушчоўскай адлігі» А.Ю. выйшаў на волю, вярнуўся ў родныя мясьціны. Цяпер жыве ў Мёрах.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 24, 34, 36, 38, 48, 52, 53, 66, 68, 159, 167, 284, 287, 288, 320, 340.

Алег Гардзіенка @

Юшкевіч Тамара (1932, Смаргонь Гарадзенскай вобл. - загінула ў 1982 у Смаргоні), удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні ў 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле), старэйшая сястра Тацяны Юшкевіч. Вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. Восеньню 1949 далучылася да падпольнай вучнёўскай антыкамуністычнай арганізацыі. Арыштаваная ў лютым 1950, летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі асуджаная да 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Пакараньне адбывала ў Забайкальлі, на лесапавале і іншых работах. Выйшла на волю восеньню 1954 і вярнулася ў Смаргонь. Мясцовае начальства доўгі час не давала магчымасьці ўладкавацца на работу, затым паступіла на працу на мясцовы лесазавод. Загінула, зьбітая аўтамашынай. Пахавана ў Смаргоні.

Міхась Чарняўскі @

Юшкевіч Тацяна (1934, Смаргонь Гарадзенскай вобл.; цяпер жыве ў Вільні), удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні ў 1949-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле), малодшая сястра Тамары Юшкевіч. Вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. У лютым 1950 была арыштаваная, а летам таго ж году ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі была асуджаная. Як непаўналетняя атрымала 10 гадоў утрыманьня ў дзіцячых працоўных калёніях (ДПК). Адбывала пакараньне ў ДПК Львова і Харкава, працавала ў швейных цэхах. У лютым 1954 вызваленая і вярнулася ў Смаргонь. У 1957 выйшла замуж і выехала да мужа ў Вільню.

Міхась Чарняўскі @

Яблонскі Іван, удзельнік Лебедзеўскага моладзевага падпольля 1948-1951. Распаўсюджваў сярод местачкоўцаў падпольныя выданьні «У хвалях маладосьці» і «Бяздонны мяшок». Арыштаваны ўлетку 1951. Атрымаў тэрмін зьняволеньня 25 гадоў. Датэрмінова вызвалены пад час хрушчоўскае «адлігі».

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

Яноўскі Сяргей (1925, в. Залесьсе Вялейскага пав. Віленскага ваяв. (цяпер Вялейскі р-н Менскай вобл.), у 1947 быў удзельнікам беларускага патрыятычнага падпольля ў Маладэчанскай вобл. Быў прызначаны Цэнтрам Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР) кіраўніком гэтага падпольля. Нарадзіўся ў сям'і настаўніка. У пачатку 1944 удзельнічаў у партызанскім руху. Пасьля вайны працаваў загадчыкам школы ў в. Сачыўкі былога Ільлянскага р-ну Маладэчанскай вобл. З 1947 - удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля; у тым жа годзе Цэнтрам Беларускага Вызваленчага Руху быў прызначаны кіраўніком гэтага падпольля на тэрыторыі Маладэчанскай вобл. Арыштаваны савецкімі карнымі органамі 06.08.1947. Засуджаны ваенным трыбуналам войскаў МВД Беларускай Вайсковай Акругі ў Менску 21.11.1947 паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР да 10 гадоў зьняволеньня і 3 гадоў пазбаўленьня правоў (высылкі) з канфіскацыяй маёмасьці. Пакараньне адбываў у турмах Менску і канцлягерох СССР.

Васіль Супрун @

Януковіч Юзэфа (нар. у 1927 у м. Будслаў Мядзельскага р-ну), сялянка, асуджаная 05.01.1946 «за правядзеньне сярод насельніцтва антысавецкай агітацыі» на 6 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем правоў на 3 гады.

Літ.: 1. Памяць: Гіст.-дакум. Хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Янушкевіч Ільля, удзельнік настаўніцкай групы падпольнай арганізацыі «Чайка». Кіраўнік групы - Іван Тарасюк. Група не была выкрытая МГБ.

Васіль Супрун ##Chapter: 2. Арганізацыі @

Агульнабеларускі Саюз Вайскоўцаў (АБСВ), вэтэранская арганізацыя беларускіх вайскоўцаў у другой палове 1940-х у Заходняй Нямеччыне. Арганізаваны ў 1948(?), праўдападобна, як супрацьвага прабэнээраўскаму Аб'яднаньню Беларускіх Вэтэранаў генэрала Ф.Кушаля. Меў прабэцээраўскую арыентацыю. Вядомы праект статуту АБСВ. У ім абвяшчаліся наступныя заданьні арганізацыі: «Аб'яднаць усіх былых ваякаў беларускіх арміяў і былых ваякаў-беларусаў зь іншых арміяў, якія стаяць на грунце незалежнасьці Беларусі; разьвіваць у сяброў Саюзу пачуцьці рыцарскае чэснасьці, духу дружнай грамадзкай працы, салідарнасьці і ўзаемадапамогі; падрыхтоўваць сяброў Саюзу да актыўнай грамадзкай працы на карысьць свайго народу і Краю» ды інш. Найвышэйшым кіруючым органам АБСВ быў Агульны Сход. Існавала і «Часовае Кіраўніцтва АБСВ», аднак яго склад невядомы. Праект статуту дапускаў уваходжаньне ў склад АБСВ ужо існых арганізацыяў беларускіх вайскоўцаў на аўтаномных правох. Невядома, ці АБСВ арганізацыйна аформіўся, або спыніў сваё існаваньне яшчэ на самым пачатку. Зусім магчыма, што сябры арганізацыі на пачатку 1950-х уліліся ў склад Беларускага Вызвольнага Руху, як больш пэрспэктыўнай і актыўнай вайсковай арганізацыі.

Сяргей Ёрш @

Антыбальшавіцкі Блёк Народаў (АБН), палітычная міжнародная арганізацыя, дзейнасьць якой была скіравана на каардынацыю ангысавецкага змаганьня ўва Ўсходняй Эўропе й Азіі. Ідэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў маніфэст Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў (ОУН) (сьнежань 1940), у якім заклікаліся рэвалюцыянэры «ўсіх паняволеных Масквою народаў да супольнай барацьбы і супрацы з украінскімі рэвалюцыянэрамі-нацыяналістамі». У 1941 кіраўніком ОУН С.Бандэрам быў заснаваны часопіс «фронту паняволеных народаў» «Наш Фронт», які выходзіў на розных мовах. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943. 25.06.1943 ОУН і УПА арганізавалі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22.11.1943 у жытомірскіх лясох прайшла нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў «нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый паняволеных Масквой народаў». На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы». Нацыянальныя аддзелы пры УПА (грузінскія, малдаўскія й інш.) павінны былі пашырыцца ў самастойныя паўстанцкія арміі і перайсьці на свае нацыянальныя тэрыторыі. Была прынятая палітычная пляцформа й маніфэст. У 1944 у Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў «паняволеных народаў», на якой былі выпрацаваныя канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы.

Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16.04.1946 у Пазінгу каля Мюнхену на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацый народаў Усходняй Эўропы й Азіі. Штаб-кватэра АБН абаснавалася ў Мюнхене. АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й канфэсы, да ўрадаў заходніх краін, у якіх перасьцерагае іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай». Арганізацыя, пры падтрымцы ОУН, здолела навязаць сувязь з антысавецкімі рухамі на падсавецкай тэрыторыі. АБН выдаваў шматлікія часапісы й газэты на розных мовах: «За свабоду народаў», «АБН», «Авангард», «Набат» ды інш.

У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі - гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго берлагу. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры - эвэнтуальная перамога на пэрыфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў зь іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі, актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна, арганізацыя даіснавала, але пры ўжо мінімальнай актыўнасьці, да распаду савецкай імпэрыі.

Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Тамашчык і Зьміцер Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала невялікая група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімір Пеляса й Міхась Сенька.

Бібл.: 1. Карбовіч З. За разьдзел расейскай імпэрыі злучанымі сіламі народаў // Рух (Зах. Нямеччына). 1946, № 2-3. С. 13-16; 2. У камітэце АБН // Рух. 1947, № 4, студзень. С. 37; 3. Каранеўскі Я. На шляху нацыянальна-вызвольнага змаганьня // Рух. 1947, № 4, студзень. С. 13; 4. Адрианов В., Москаленко А. Горечь полыни. М., 1987. С. 24, 137, 257, 258; 5. Шостий Великий Збір ОУН. Матеріали й постанови. 1984. С. 80-84, 179, 181; 6. Антибольшевицький Бльок Народів. Збірка документів і статтей 1956-1966 рр. Т. 2. 1979. С. 103-104, 208-209; 7. Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993. С. 194, 195.

Сяргей Ёрш @

Армія Краёва (у Беларусі), узброеная падпольная арганізацыя, якая ставіла мэту аднаўленьня Польшчы ў межах да верасьня 1939.

Пасьля верасьнёўскіх падзеяў 1939 за межамі Польшчы быў створаны польскі эміграцыйны ўрад на чале з генэралам Уладзіславам Сікорскім, які ажыцьцяўляў кіраўніцтва дзейнасьцю падпольных ваенных арганізацый на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы, у тым ліку і на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Да канца чэрвеня 1941 урад Сікорскага і падначаленыя яму падпольныя ваенныя арганізацыі Галоўнага камандаваньня Саюзу Ўзброенай Барацьбы (СУБ) знаходзіліся ў стане вайны як з Германіяй, так і СССР. У сувязі з гэтым урад Сікорскага не прызнаваў законнасьці дамоваў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, а таксама ўключэньне терыторый Заходняй Беларусі, Віленшчыны і Заходняй Украіны ў склад СССР. Адпаведна з гэтым будавалася ідзейнасьць арганізацый і групаў, якія падпарадкоўваліся ўраду Сікорскага. Пасьля таго як 17.09.1939 войскі Чырвонай Арміі перайшлі ўсходнюю мяжу Польшчы, СССР у прапагандзе польскага супраціўленьня падаваўся як акупант нумар два, хаўрусьнік Трэцяга Райху.

Органы дзяржаўнай бясьпекі СССР і БССР вялі актыўную барацьбу з польскім падпольлем. Паводле зьвестак НКВД БССР за пэрыяд з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 у заходніх абласьцях БССР было выяўлена і ліквідавана 109 розных паўстанцкіх арганізацый, якія аб'ядноўвалі 3221 удзельніка, зь якіх: 2904 палякі, 184 беларусы, 37 летувісы і 106 чалавек іншых нацыянальнасьцяў. Адначасова вялася кампанія па высяленьні ў Сібір, Казахстан і інш. аддаленыя раёны краіны з заходніх абласьцей Беларусі асаднікаў, служачых лясной аховы, польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, служачых дзяржаўных устаноў, землеўласьнікаў, прадпрымальнікаў і г.д. У выніку дзейнасьці органаў бясьпекі і зьнешняй разьведкі СССР, якія, дарэчы, у пытаньнях барацьбы з польскім падпольлем нават кантактавалі зь нямецкімі спэцслужбамі (пра гэта згадваюць у сваіх успамінах М.Хрушчоў і польскі генэрал, кіраўнік СУБ Т.Бур-Камароўскі), польскаму падпольлю на тэрыторыі Беларусі, у асноўным актыўнай яго частцы, былі нанесены пэўныя страты.

Напад Нямеччыны на СССР зьмяніў сытуацыю ў Эўропе. Польская эміграцыя (асабліва эндэкі і правыя сацыялісты) разьлічвалі, што ў такіх умовах СССР пойдзе на ўступкі адносна ўсходняй мяжы Польскай дзяржавы. Так, Бюро інфармацыі і прапаганды (БІП) Саюзу Ўзброенай Барацьбы, калі стала вядома, што пачалася нямецка-савецкая вайна, адзначала ў сваім «Інфармацыйным бюлетэні»: «У адносінах да абодвух ворагаў палякі павінны захоўваць бязьлітасную варожасьць. Не павінны аказваць дапамогу ніводнаму з бакоў, а ў далейшым абавязаныя перамагчы абодвух ворагаў» [2].

12.07.1941 у Маскве было падпісана першае афіцыйнае англа-савецкае пагадненьне, у якім урады абедзьвюх краін абавязваліся аказваць узаемную дапамогу ў вайне і не заключаць сэпаратнага міру ці перамір'я. Зразумела, што ў гэтых умовах таксама павінен быў вызначыць сваю пазыцыю эміграцыйны польскі ўрад, які ў гэты час ужо знаходзіўся ў Англіі. 30.07.1941 была падпісаная дамова паміж СССР і Польшчай аб устанаўленьні дыпляматычных адносін і аб супрацоўніцтве ў вайне. У першым пункце пагадненьня адзначалася: СССР прызнае, што нямецка-савецкая дамоўленасьць 1939 адносна тэрытарыяльных зьменаў у Польшчы страціла сілу. Такая фармулёка, аднак, давала магчымасьць для рознай яе інтэрпрэтацыі, што адразу выклікала ўрадавы крызыс. У знак пратэсту супраць падпісаньня дамовы без дакладнага вырашэньня пытаньня аб Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі ў адстаўку падалі міністра замежных спраў А.Залескі, міністра юстыцыі М.Сейда, дзяржаўны міністра па справах Польшчы і галоўнакамандуючы СУБ К.Саснкоўскі. Тым ня менш, нягледзячы на гэта і нэгатыўнае стаўленьне да дамовы прэзыдэнта Ў.Рачкевіча, яна ўвайшла ў сілу.

Неабходна адзначыць, што ўрад Сікорскага і Галоўнае камандаваньне СУБ у Варшаве зь першых дзён акупацыі Беларусі шырока выкарыстоўвалі ўмовы, якія склаліся, дзеля ўмацаваньня сваіх пазыцый на ўсходніх тэрыторыях былой Польшчы. Сьледам за нямецкімі войскамі ў Беларусь пацягнуліся польскія даваенныя чыноўнікі з Заходняй Беларусі і розныя дзеячы з цэнтральных раёнаў Польшчы, іншых краінаў. Многія зь іх добра валодалі нямецкай мовай, мелі рэпутацыю пакрыўджаных савецкай уладай. Сярод іх было шмат людзей, зьвязаных з эмігранцкім урадам. Неўзабаве, як сьведчаць нямецкія, польскія, савецкія крыніцы, палякі атрымалі значны ўплыў у кіраўніцтве мясцовымі дапаможнымі органамі акупацыйнага нямецкага апарату: гарадзкімі, раённымі (павятовымі) управамі Заходняй Беларусі, мясцовай дапаможнай паліцыяй.

Аднак, акрамя палякаў на гэтыя пасады прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі беларускай эміграцыі, якія, як і палякі, разьлічвалі выкарыстаць пасады ў дапаможнай адміністрацыі як сродак легальнай барацьбы за свае інтарэсы, як пляцдарм у змаганьні за палітычны ўплыў сярод насельніцтва. Таму непазьбежна ўзьнікаў востры канфлікт паміж польскімі і беларускімі нацыяналістамі. Апошнія былі перашкодай як для польскага, так і для савецкага падпольля. Пачалася жорсткая адкрытая і патаемная барацьба на вынішчэньне адзін аднаго як асабістымі рукамі, так і з дапамогай немцаў.

У лютым 1942 на базе Саюзу Ўзброенай Барацьбы загадам Сікорскага была ўтворана польская падпольная ваенная арганізацыя Армія Краёва, у якую ўвайшлі раней створаныя арганізацыі, што падтрымлівалі лёнданскі эміграцыйны ўрад. Зыходзячы з указаньняў і інструкцыяў лёнданскага ўраду, кіраўніцтва АК правяло вялікую працу па стварэньні структуры падпольнай ваеннай арганізацыі, здабыцьці зброі, ваеннай падрыхтоўкі, палітычным забесьпячэньні, выведкі і г.д. Камандаваньне АК і падпольны ўрад мелі ў сваім распараджэньні ўзброеныя аддзелы, склады зброі і боепрыпасаў, радыёперадатчыкі, падпольныя друкарні, а таксама значныя грашовыя сродкі.

Уся тэрыторыя Польшчы, уключаючы і заходнія вобласьці Беларусі і Ўкраіны, была падзелена на абшары на чале з камандуючымі абшараў (дэлегатамі ўраду). Вакол дэлегатаў стараліся дэлегатуры з прыцягненьнем у яе мясцовых палітычных партый і арганізацый, якія прытрымліваліся палітыкі лёнданскага ўраду. Абшары падзяляліся на акругі, якія ўзначальваліся камэндантамі, акругі на інспэктараты, а апошнія на абводы. Найменшую арганізацыйную і ваенную адзінку ўтварала дружына, якая камплектавалася зь дзьвюх-трох вёсак. Дружыны аб'ядноўваліся ва ўзводы (плютоны), а 2-3 узводы ў роту (кампанію). На тэрыторыі Беларусі існавалі тры акругі: Наваградак, Палесьсе (Берасьце над Бугам) і Вільня, а таксама інспэктарат Горадня, якія падпарадкоўваліся абшару АК Беласток.

Як адзначаецца ў трэцім томе фундамэнтальнай працы польскіх ваенных гісторыкаў «Польскі ўзброены чын у другой сусьветнай вайне», структура СУБ-АК была перш за ўсё скіраваная на падрыхтоўку ўзброеннага паўстаньня і таму ня ў поўнай меры адпавядала бягучым патрэбам барацьбы з акупантам. Для дасягненьня галоўнай мэты трэба было прайсьці праз тры этапы: фармаваньне сілаў у падпольлі; агульнае паўстаньне ці ўзброенная барацьба з мэтай захопу цэнтральнай Польшчы; аднаўленьне ўзброеных сілаў [5: 236].

Дасьледаваньні паказваюць, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкае і польскае падпольле пэўны час суіснавалі даволі мірна, часам падтрымлівалі саюзьніцкія адносіны: абменьваліся інфармацыяй аб абстаноўцы на франтох вайны, а таксама аб становішчы ў сваіх раёнах дзеяньня, дамаўляліся аб сумесных дзеяньнях пад час карных экспэдыцый гітлерцаў і г.д. Так, створаны вясной 1943 у раёне возера Нарач аддзел падхаружага «Кміціца» Антона Бужынскага ўдзельнічаў у баявых апэрацыях разам з партызанскай брыгадай, якой кіраваў Фёдар Маркаў. Разам яны правялі шэраг апэрацый па разгроме фашысцкіх гарнізонаў. Аднак асноўная частка польскага падпольля падтрымлівала і выконвала ўказаньні і ўстаноўкі Лёндану і Варшавы.

Але сама хада падзеяў рабіла непазьбежным канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі - на мясцовым ўзроўні дзейнічалі фактары барацьбы за сфэры ўплыву, пытаньні забесьпячэньня прадуктамі, харчаваньнем, зброяй і г.д. Аднак галоўным было пытаньне аб савецка-польскай граніцы і адносінах да нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Трэба адзначыць, што пазыцыя польскага ўраду не зьмянілася і пасьля таго, як саюзьнікі дамовіліся на міжнародным ўзроўні аб усходняй граніцы Польшчы. Як вядома, на Тэгеранскай канфэрэнцыі (лістапад-снежань 1943) была прынята прапанова Чэрчыля аб тым, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Нямеччыны, а ў якасьці мяжы на ўсходзе павінна быць лінія Керзана. Тым ня менш, лёнданскі эмігранцкі ўрад, Галоўнае Камандаванне АК у Варшаве зыходзілі са сваіх плянаў вызваленьня Польшчы. Сярод шматлікіх варыянтаў, якія прадугледжваліся пры падрыхтоўцы агульнага паўстаньня, найбольш пажаданым уяўляўся наступны: заходнія саюзьнікі адкрываюць другі фронт, захопліваюць значную частку Заходняй Эўропы, а нямецкія войскі капітулююць, калі лінія фронту будзе далей усходніх межаў Польшчы. Саюзьнікі падтрымліваюць агульнапольскае паўстаньне, урад і армія Андэрса вяртаюцца ў Польшчу. Фактычна, гэта была мара аб паўторы сытуацыі 1918.

З канца 1943 пачалося актыўнае фармаваньне акаўскіх аддзелаў для задачаў будучага паўстаньня. Камандаваньне АК прытрымлівалася тактыкі «чаканьня» і «неправакаваньня немцаў», асьцерагаючыся, што фашысцкі тэрор выкліча «лявіну заўчасных выступленьняў», над якімі немагчыма будзе ўстанавіць кантроль. Дырэктывы Галоўнага Камандаваньня АК сваім нізавым арганізацыям прадпісвалі наступнае:
- дзейнічаць самастойна супраць немцаў;
- перад савецкімі партызанамі выступаць як аддзелы АК, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і падпарадкоўваюцца польскаму ўраду;
- дазваляецца часовае супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, больш працяглае павінна ўзгодняцца з камандаваньнем акругі і нават з ГК АК;
- у выпадку, калі савецкія партызаны прымусова пачнуць далучаць да сябе аддзелы АК, усяляк пазьбягаць гэтага, а ў выпадку спробы зьнішчэньня аддзелу - абараняцца.

У шматлікіх дакумэнтах падкрэсьлівалася, што барацьба з «саветамі» ёсьць непажаданай крайнасьцю [1: 39, 556-557].

У чэрвені 1943 была прынятая пастанова ЦК КП(б)Б «Аб далейшым разьвіцьці партызанскага руху ў заходніх абласьцях Беларусі», а таксама закрыты ліст ЦК КП(б)Б «Аб ваеннапалітычных задачах работы ў заходніх абласьцях БССР». У гэтых дакумэнтах падкрэсьлівалася, што заходнія вобласьці БССР ёсьць неад'емнай часткай БССР і што тут дапушчальна існаваньне толькі групаў і арганізацый, якія кіруюцца інтарэсамі СССР. Існаваньне ўсіх іншых арганізацый павінна разглядацца як умяшаньне ў інтарэсы СССР. У сакрэтным лісьце меліся канкрэтныя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх фармаваньняў:
1. Ствараць савецкія партызанскія аддзелы і выцясьняць польскія з гэтых тэрыторыяў.
2. Укараняць у польскія аддзелы сваіх агентаў, дэмаралізоўваць іх, раскладаць іх знутра.
3. Прыцягваць да супрацоўніцтва людзей, якія знаходзяцца ў польскіх аддзелах і выклікаюць давер. Зь іх ствараць польскія савецкія партызанскія аддзелы.

Там, дзе савецкі партызанскі рух быў дастаткова моцным, прапаноўвалася:
1. Бяз шуму ліквідаваць кіраўнікоў польскага падпольля.
2. Польскія аддзелы раззбройваць, зброю са складаў рэквізаваць; шараговых партызанаў, калі ёсьць магчымасьць, уключаць у барацьбу зь немцамі пад савецкім кіраўніцтвам.
3. Сярод раззброенных і разьмеркаваных па савецкіх аддзелах палякаў выяўляць варожых элемэнтаў.

Пераважна быў узяты кірунак на раззбраеньне польскіх фармаваньняў.

Усё разам названае прывяло да непазьбежных сутыкненьняў паміж савецкімі партызанамі і акаўцамі. Паводле зьвестак Я.Эрдмана, з 185 баявых апэрацый, праведзеных аддзеламі Наваградзкай акругі АК за пэрыяд з 01.01.1942 па ліпень 1944, 102 апэрацыі былі супраць немцаў (55%) і 81 (45%) супраць савецкіх партызанаў [3]. Звычайнымі былі зьявы, калі з адной вёскі частка жыхароў была ў савецкіх партызанах, а частка - у АК. Значнымі былі страты як сярод партызан і акаўцаў, так і сярод мясцовага насельніцтва, якое падтрымлівала той ці іншы бок. Паводле няпоўных зьвестак, зь вясны 1943 па ліпень 1944 толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласьці савецкімі партызанамі было расстраляна больш за 500 мясцовых жыхароў за супрацоўніцтва з АК. Ня меншымі былі рэпрэсіі з боку АК. Так, камандзір Стаўпецкага злучэньня АК Адольф Пільх («Гура») у адной з сваіх публікацый прызнаваў, што за гэты ж пэрыяд яго легіянэры зьнішчылі каля 6 тысяч чалавек.

У сваю чаргу, немцы, імкнучыся да актывізацыі мясцовых сілаў дзеля барацьбы з савецкімі партызанамі, з канца 1943 пачалі выкарыстоўваць канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі ў сваіх мэтах. Адным зь першых кантакт зь немцамі ўстанавіў вышэйадзначаны А.Пільх. У пачатку сьнежня 1943 ён заключыў зь немцамі дамову аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі ўзамен на забясьпячэньне яго зброяй. 22 сьнежня ў Лідзе дамову зь немцамі таксама заключыў камандзір Наднёманскага злучэньня АК паручнік Юзаф Сьвіда («Лях»), які на працягу студзеня-сакавіка 1944 атрымаў ад немцаў пяць прывозаў зброі. Ёсьць дакладныя зьвесткі, што перамовы аб супрацоўніцтве з гітлерцамі ў лютым 1944 веў і камандуючы Віленскай акругай АК генэрал «Вілк» (падпалкоўнік А.Крыжаноўскі). І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ ў студзені 1944 зь Лёндану паступіла афіцыйная забарона кантактаў зь немцамі. Вясной 1944 Генэральны камісар Беларусі фон Готбэрг не дазволіў праводзіць мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў Беларускую Краёвую Абарону (БКА) на тэрыторыі Лідзкай акругі, раёнаў Узда, Івянец, Валожын, Браслаў, Мядзел, Казлоўшчына і часткі Дзярэчынскага раёну, дзе, фактычна, праводзілася мабілізацыя ў АК. Асабліва адкрыты характар мабілізацыя ў АК з дазволу немцаў прыняла на тэрыторыі Лідзкай акругі [4].

Пасьля вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў значная частка сябраў АК уступіла ў армію Бэрлінга, частка адступіла на тэрыторыю Польшчы, дзе працягвала барацьбу зь немцамі; значная частка была інтэрнаваная і вывезеная ў глыбіню СССР. Усяго з тэрыторыі Беластоцкай, Віленскай і Наваградзкай акругаў было дэпартавана, паводле падлікаў польскіх навукоўцаў, каля 80 тысяч акаўцаў разам зь іх сем'ямі [6:340].

Такім чынам, у гісторыі ўзброеных фармаваньняў польскага супраціву на тэрыторыі Беларусі можна вылучыць наступныя пэрыяды:
1. Кастрычнік 1939 - ліпень 1941. Пэрыяд адкрыта варожых адносінаў. Стварэньне кансьпірацыйнай сеткі, першыя спантанныя антысавецкія выступленьні.
2. Ліпень 1941 - красавік 1943, калі польскі супраціў быў саюзьнікам СССР у барацьбе зь нямецкімі захопнікамі.
3. Красавік 1943 - ліпень 1944. Пэрыяд супрацоўніцтва і адкрытай канфрантацыі. Разрыў дыпляматычных адносін Масквы і польскага лёнданскага ўраду. У гэты час абвастрыліся супярэчнасьці паміж савецкімі партызанамі і фармаваньнямі АК. Ад ваеннага нэўтралітэту да ўзаемных сутычак на вынішчэньне адзін аднаго, барацьбы за сфэры ўплыву, што не прамінулі выкарыстаць немцы.
4. Ліпень 1944 - пачатак 50-х гадоў: падпольная барацьба супраць савецкай улады, якая клясыфікавала аддзелы АК як звычайны бандытызм. Гэтая барацьба працягвалася нават пасьля афіцыйнага роспуску АК 19.01.1945.

У 1993-1994 працавала створаная Радай Міністраў Беларусі спэцыяльная камісія па вывучэньні праблемаў, зьвязаных зь дзейнасьцю АК на тэрыторыі Беларусі і магчымасьці наданьня яе ўдзельнікам статусу вэтэранаў вайны. Камісія правяла значную аналітычную і дасьледчую работу, вывучыла архіўныя матэрыялы і публікацыі, абагульніла і абмеркавала іх на сваіх паседжаньнях і паведаміла ўраду (8 ліпеня 1994 г.) аб выніках сваёй працы. Працягу дзейнасьці камісіі не было, таму што адбыліся зьмены ў самой Рэспубліцы Беларусі.

Літ.: 1. Armia Kraiowa w dokumentach 1939-1945. W 6 t. Wrocław-Warszawa, T. 3; 2. Buletyn informacyjny, 03.07.1941; 3. Erdman J. Droga do Ostrej Bramy. Londyn, 1984; 4. Литвин А. Армия Краева // Нёман. 1995, № 2; 5. Polski czyn zbrojny w II Wojnie Światowej. Т. III. Warszawa, 1988; 6. Zaroń P. Ludność Polska w Związku Radzieckim w czasie II Wojny Światowej. Warszawa, 1990.

Аляксей Літвін @

Барысаўскі беларускі партызанскі аддзел, беларускае вайсковае фармаваньне, якое належала да партызанскай арганізацыі «Чорны Кот». Дзейнічаў на Барысаўшчыне і ў сумежных раёнах у другой палове 1940-х. Паводле зьвестак у эміграцыйным беларускім друку, амаль штотыднёва выдаваў газэту «Лесавік». У 1948 войскі МГБ пад час карнай апэрацыі супраць барысаўскага аддзелу ўжывалі атрутныя газы. Адзін з партызанаў здолеў у 1949 перабрацца праз Заходні Бэрлін на Захад. Лёс усяго партызанскага аддзелу невядомы.

Літ.: 1. Сяргей К. Падпольныя выданьні беларускіх партызанаў і нацыянальных арганізацыяў // Вольнае слова (Зах. Нямеччына). № 7-9, 05.12.1949.

Сяргей Ёрш @

Беларускае Краёвае Войска (БКВ), партызанская арганізацыя, створаная Беларускай Незалежніцкай Партыяй у 1944. У склад БКВ уваходзілі партызанскія аддзелы, створаныя БНП, а таксама дэсантныя групы батальёну «Дальвіц». Праўдападобна, з часам БКВ стала называцца «Чорным Катом» або Беларускай Вызвольнай Арміяй.

Бібл.: 1. Ад ЦК БНП // Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі (Нямеччына). 1944, № 5, сьнежань.

Сяргей Ёрш @

Беларуская Вызвольная Армія (БВА), партызанская антысавецкая арганізацыя. Першыя згадкі пра БВА адносяцца да 1945. Старшыня ЦК БНП Ус.Родзька, якому падначальваліся «паўстанцкія сілы ў Беларусі», быў кіраўніком дэсантных групаў «Дальвіцу», якія нібыта ўваходзілі ў «Беларускую Вызвольную Армію». Іншыя згадкі пра БВА адносяцца да 1949-1950. Напрыклад, у 1949 у Заходняй Нямеччыне выходзіў часопіс «За волю. Лісткі Замежнага Сэктару Беларускае Вызвольнае Арміі». А ў 1950 у эміграцыйным часопісе «Вольнае слова» паведамлялася пра дзеяньні ў Беларусі «Беларускай Вызвольнай Арміі пад камандаю ген. Вітушкі». Аднак у эміграцыйнай пэрыёдыцы і ўва ўспамінах былых партызанаў найбольш ужываўся назоў «Чорны Кот». Праўдападобна, назоў партызанскіх аддзелаў генэрала М.Вітушкі «Беларуская Вызвольная Армія» быў менш распаўсюджаны, чымся «Чорны Кот».

Бібл.: 1. Агляд прэсы // Вольнае слова (Зах. Нямеччына). 1949, № 2-3, травень-ліпень. С. 14; 2. Весткі з Бацькаўшчыны // Вольнае слова 1950, № 4-5 (13-14), верасень; 3. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 87.

Сяргей Ёрш @

Беларуская Дэмакратычная Армія (БДА), партызанская арганізацыя, якая дзейнічала незалежна ад «Чорнага Ката» генэрала М.Вітушкі. Час заснаваньня, раёны дзеяньня, склад, кіраўніцтва, палітычная праграма невядомыя. Але ў эміграцыйнай прэсе ўзгадваецца, што БДА дзеяла яшчэ ў 1950.

Бібл.: 1. Паняволеныя народы змагаюцца // Беларус (Ню Ёрк). 27.11.1950, № 2.

Сяргей Ёрш @

Беларуская Народная Партызанка (БНП), партызанская арганізацыя пад час нямецкай акупацыі, якая аб'ядноўвала беларускія нацыянальныя партызанскія аддзелы на тэрыторыі Берасьцейскай, Пінскай, Баранавіцкай і Гарадзенскай абласьцей. Асобныя аддзелы БНП працягвалі дзейнічаць супраць саветаў і пасьля заканчэньня вайны.

Была ўтворана на дзьвюх нелегальных канфэрэнцыях партызанскіх атаманаў у ліпені (пад Івацэвічамі) і лістападзе (пад Целяханамі) 1942. Першапачаткова ў БНП уваходзіла 8 аддзелаў, але да 1943 іх лік падвоіўся. Утвораны Галоўны штаб ачольваў падпалкоўнік Іван Шанько, камандзір аддзелу з Ружаншчыны. Дарадчым органам - «Лавай атаманаў» - кіраваў атаман Якуб Харэўскі. У палітычнае кіраўніцтва БНП увайшлі й прадстаўнікі падпольнай нацыянальнай арганізацыі «Беларуская Народная Грамада». БНП не праводзіла актыўных баявых дзеяньняў супраць нямецкіх акупантаў, але некаторыя яе аддзелы бралі ўдзел у сумесных з Палескай Сеччу УПА акцыях супраць польскай і савецкай партызанкі на Палесьсі.

У 1943 савецкія партызаны й дэсантнікі здолелі зьнішчыць кіраўніцтва БНП, а многія аддзелы падпарадкаваць сабе. Толькі асобныя аддзелы БНП захаваліся й зь лета 1944 распачалі антысавецкую барацьбу. Аднак гэта ўжо не была адзіная арганізацыя - кожны аддзел дзеяў самастойна. Партызанскія аддзелы атаманаў Мініча (Хоміча) і Бялейкі самазьліквідаваліся пасьля вайны, а аддзелы атаманаў Харэўскага, Перагуда й Таўпекі ў 1945-1948 прабіліся на Захад. Асобныя партызаны й групы БНП працягвалі збройную барацьбу супраць савецкай улады яшчэ ў 1950-х.

Літ.: 1. Удзельнік (Я.Таўпека). 25-тыя ўгодкі Беларускага збройнага Антыгітляроўскага рэзыстансу (1942-1967) // Беларускі Голас (Таронта). № 154, лістапад 1967; 2. Харэўскі Я. Аб беларускай партызанцы ў апошнюю вайну // Беларускі Голас. № 156, студзень 1968; 3. Стасевіч Ю. Да справы беларускае партызанкі // Беларускі Голас. № 202, травень 1972; 4. Хмара С. Нашая партызанка // Беларускі Голас. № 320, студзень 1985; 5. Вежан Я. Як зьнішчапі Беларускую Народную Партызанку // Пагоня (Горадня). 26.05-01.06.1995; 7. Стасевіч Ю. Беларуская Народная Партызанка // Беларускі Голас. № 230, люты 1975; 8. Ёрш С. То, что они «дикие» - ложь // Свободные новости. № 21, кастрычнік 1994; 9. Ёрш С. Беларуская партызанка // Пагоня. № 48, 30.06.1998; № 50, 07.07.1998; № 52, 14.07.1998; № 53, 16.07.1998.

Сяргей Ёрш @

Беларуская Незалежніцкая Партыя (БНП), палітычная арганізацыя, якая ў 1940-1950-х нелегальна дзейнічала ў Беларусі й за яе межамі.

Паводле адной з вэрсіяў, БНП была заснаваная яшчэ напрыканцы 1939 у Вільні; паводле іншай вэрсіі - у 1942 у Менску. У 1940 у Варшаве ідэоляг партыі а. Вінцэнт Гадлеўскі напісаў праграму й статут партыі, якія абнаўляліся ў 1942 пасьля рэарганізацыі БНП.

У статуце БНП мэтай партыі было абвешчанае «здабыцьцё і забясьпечаньне на будучыню Незалежнасьці Беларусі» і да яе яна ішла «праз баёвы зрыў народных масаў да збройнага змаганьня». Найвышэйшым органам БНП быў Цэнтральны Камітэт, які ствараўся агульным зьездам акруговых кіраўнікоў партыі. Асноўнай партыйнай адзінкай БНП было зьвяно з кіраўніком зьвяна на чале. Існавалі таксама раённыя, акруговыя й краёвыя камітэты партыі. Раз на два гады зьбіраўся партыйны зьезд, а таксама партыйныя канфэрэнцыі. Друкаваным органам БНП быў «Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі», які выдаваўся ў 1942-1946 (выйшла 6 нумароў).

Пад час нямецкай акупацыі сябры БНП апаноўвалі грамадзянскую адміністрацыю, кіравалі вайсковымі й паліцыйнымі адзінкамі, узначальвалі нацыянальныя партызанскія аддзелы. Напрыканцы чэрвеня 1944 ЦК БНП рыхтаваў у Менску антынямецкае паўстаньне з мэтай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якое было адменена з прычыны імклівага наступу Чырвонай Арміі.

Летам 1944 кіраўніцтва партыі выехала ў Нямеччыну, пакінуўшы ў Беларусі падпольныя й партызанскія групы. У 1944-1945 у Беларусь зь Нямеччыны перапраўляліся дэсантныя групы, складзеныя зь сябраў БНП, якія мусілі арганізоўваць антысавецкі супраціў у шэрагах Беларускага Краёвага Войска. Частка кіраўнікоў і актывістаў партыі, у тым ліку й старшыня ЦК БНП Ус.Родзька, былі арыштаваныя савецкай дзяржбясьпекай. Аднак ацалелыя падпольныя структуры здолеў аб'яднаць генэрал Міхал Вітушка, які кіраваў БНП у Беларусі.

На эміграцыі ў 1946(?) быў утвораны Замежны Сэктар БНП на чале з З.Касмовічам, які падтрымліваў сувязь з партыяй на Бацькаўшчыне праз сваіх кур'ераў. 30.09.1946 у Зах. Нямеччыне адбылася III канфэрэнцыя БНП. На ёй адзначаўся «сталы рост БНП на Бацькаўшчыне», якая пашыралася ў падпольлі й мела ўплыў на партызанскі рух. Паводле некаторых зьвестак, БНП актыўна змагалася супраць савецкіх уладаў да 1956. Партыйныя структуры на эміграцыі ў 1955 уліліся ў Беларускі Вызвольны Фронт.

Бібл.: 1. III канфэрэнцыя Беларускай Незалежніцкай Партыі // Бюлетэнь БНП (Зах. Нямеччына). 1946, № 6; 2. Сьв. памяці Дзьмітры Касмовіч // Беларуская думка (ЗША). 1992, № 37; 3. Пануцэвіч В. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі // Спадчына 1993, № 5. С. 85.

Сяргей Ёрш @

Беларускі Вызвольны Рух (БВР), беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. БВР быў заснаваны ў 1950 у Зах. Нямеччыне й Англіі маёрам Л.Зарэчным і напачатку дзейнічаў нелегальна. Пры дапамозе ангельскіх спэцслужбаў у 1950-1953 некалькі дывэрсійна-разьведвальных групаў БВР былі перакінутыя ў Беларусь. Амаль усе беларускія вайскоўцы-разьведчыкі пасьля выкананьня заданьня вярнуліся на Захад. У Манчэстэры (Англія) пачала арганізоўвацца «Баявая афіцэрская школа БВР», якая мусіла падрыхтоўваць кіруючыя партызанскія кадры для перакідваньня іх у Беларусь. У сваёй дзейнасьці БВР супрацоўнічаў з Украінскай Нацыянальнай Гвардыяй атамана Бульбы-Бараўца.

У 1952 адбылася легалізацыя БВР. Маёр Л.Зарэчны, як «кіраўнік Арганізацыйнага бюра Галоўнага Штабу, БВР», выдае 27.02.1952 адозву да беларускіх вайскоўцаў з заклікам далучацца да «вайскова-палітычнага цэнтру вызваленьня Беларусі», які будзе каардынаваць сілы беларускага антыбальшавіцкага фронту. 09.03.1952 у Манчэстэры адбылася надзвычайная канфэрэнцыя беларускіх вайскоўцаў, на якой быў утвораны Галоўны Штаб БВР. У 1952 у Лянгефэльдзе (Зах. Нямеччына) пачала выходзіць газэта «Незалежная Беларусь» і «Інфармацыйны бюлетэнь Галоўнага Штабу БВР» (выдавец - палітычна-прапагандовы аддзел Галоўнага Штабу БВР).

БВР супрацоўнічае з БЦР, дасылае сваіх дэлегатаў на яе пленумы. У 1952-1953, абапіраючыся на структуры БЦР, у розных краінах Захаду арганізоўваюцца Краёвыя Штабы БВР. Утвараюцца й Аддзелы моладзі пры БВР (напрыклад, у 1953 у Аўстраліі Аддзелам моладзі кіраваў лейтэнант Ул.Шнэк). БЦР на чале з Р.Астроўскім імкнулася падпарадкаваць сабе БВР, але гэтаму супрацівіўся Л.Зарэчны, які хацеў захаваць незалежнасьць сваёй арганізацыі. У выніку 08.02.1954 прэзыдэнт БЦР звольніў Л.Зарэчнага з пасады старшыні Галоўнага Штабу БВР, прызначыўшы на ягонае месца маёра Ўладзіміра Сеньку (першы адмовіўся выконваць гэты загад). Аднак Зарэчны, які да таго моманту атрымаў рангу палкоўніка, рашэньні выканаўчых органаў БЦР праігнараваў і 18.02.1954 выдаў «Зварот да ўсіх сяброў БВР і ўсяе беларускае грамадзкасьці». Палкоўнік Л.Зарэчны заклікаў сяброў БВР самім вырашыць лёс арганізацыі, склікаўшы ўсеэміграцыйны зьезд БВР. Аднак яшчэ напярэдадні зьезду БВР быў расколаты на дзьве часткі. У Англіі ствараў «свой» БВР Сымон Серафімовіч, перайшоў у лягер бэцээраўцаў кіраўнік палітычна-прапагандовага аддзелу Галоўнага Штабу БВР Ягор Папко (капітан Б.Жубровіч).

29.08.1954 у Манчэстэры прайшоў першы ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім быў прыняты статут і абраныя кіруючыя органы арганізацыі. Генэральным сакратаром БВР быў абраны С.Шчэрба. Старшынём ЦК БВР стаў Л.Зарэчны, а пасьля ягонага адыходу ад арганізацыі - Ул.Сенька. На зьезьдзе быў прыняты Маніфэст БВР. С.Шчэрба пісаў: «Маніфэст гэты мы перакінем усякімі шляхамі на родныя нашыя землі, каб падняць наш Народ на духу, а калі прыйдзе адпаведны час - да рэвалюцыі».

27.10.1954 пленум і калегія БЦР «зьліквідавалі» БВР і арганізавалі Беларускі Вызвольны Фронт. Аслаблены БВР пачаў падзяляцца на малыя групы. Маёр Сенька выконваў абавязкі старшыні ЦК БВР толькі фармальна. Уплыў БВР на беларускую эміграцыю з гэтага часу стаў мінімальны.

07.09.1957 у Дэўсбуры (Англія) прайшоў другі агульны ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім прысутнічаў 41 дэлегат з Англіі, Аргентыны, Гішпаніі, Францыі, Аўстрыі, Канады і Аўстраліі. Аднак на ім вырашаліся дробныя справы, як, напрыклад, «чыстка» шэрагаў БВР ад «бязбожных групаў», «уласаўцаў» і г.п. Фактычна, гэта быў канец Беларускага Вызвольнага Руху. Спробы яго рэанімацыі адбываліся яшчэ ў 1960-1970-я. У Манчэстэры дзейнічалі дзьве варожыя групы, кожная зь якіх называла сябе «Беларускім Вызвольным Рухам». У Кліўлендзе (ЗША) жыў Алесь Змагар (Яцэвіч, палкоўнік Баравы), які быў старшынём Галоўнай Управы БВР. А.Змагар з 1965 непэрыядычна выдаваў газэту «Незалежная Беларусь». Да пачатку 1980-х ён рэгулярна распаўсюджваў ад імя БВР адозвы да ўгодкаў 25 Сакавіка й Слуцкага збройнага чыну. На сёньняшні дзень арганізацыя ўжо не існуе.

Бібл.: 1. Нэкралёг // Незалежная Беларусь (Лянгефэльд, Зах. Нямеччына). № 8 (14), верасень-кастрычнік 1953; 2. С.І. Памёр пал. Зарэчны // Беларускі Голас (Таронта). 1964, кастрычнік, № 121; 3. Трэска В. Беларусы ў Англіі // Беларускі Голас. 1970, травень, № 183; 4. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас. 1975, красавік, № 232; 5. Мерляк К. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі. Ню Ёрк, 1992. С. 123; 6. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993. С. 123.

Сяргей Ёрш @

Беларускі Вызвольны Фронт (БВФ), беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. БВФ быў заснаваны 27.10.1954 указам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскага. Галоўнай мэтай БВФ было вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. БВФ прызнаваў Акт 25 сакавіка 1918 і пастановы 1-га й 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў ды стаяў на пляцформе Беларускай Цэнтральнай Рады.

Галоўны Штаб БВФ, які знаходзіўся ў Штутгарце (Зах. Нямеччына), узначаліў падпалкоўнік Зьміцер Касмовіч («Каршун»). Былі арганізаваныя краёвыя аддзелы Фронту ў Заходняй Нямеччыне, Англіі, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 выходзіў часопіс «Барацьба», орган БВФ, наклад якога ў 1950-я складаў тысячу паасобнікаў.

Асноўную частку актывістаў БВФ склалі былыя сябры Беларускага Вызвольнага Руху - прыхільнікі БЦР, а таксама сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. БВФ ня толькі разгарнуў шырокую інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасьць у краінах Заходняй Эўропы, але й спрабаваў падтрымліваць кантакты з рэшткамі антысавецкага падпольля ў Беларусі.

БВФ супрацоўнічаў з шэрагам антыкамуністычных арганізацыяў - з Антыбальшавіцкім Блёкам Народаў (АБН), Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азіі (АПАКЛ, з 1955), Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, Міжнароднай фэдэрацыяй для перамогі над камунізмам ды інш. Ад імя БВФ і БЦР З.Касмовіч у 1964 выступаў у Эўрапарлямэнце, а ў 1968 - у Брытанскім парлямэнце. У 1967 БВФ быў адным з арганізатараў Эўрапейскае Рады Свабоды, у якую ўвайшлі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. У 1967 была арганізавана Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, галоўны штаб якой знаходзіўся ў Сэуле (Паўднёвая Карэя), і зь якой актыўна супрацоўнічаў Беларускі Вызвольны Фронт.

Пачынаючы з канца 1950-х асноўная дзейнасьць аддзелаў БВФ заключалася ў правядзеньні антыкамуністычных мітынгаў і дэманстрацый, ува ўдзеле ў міжнародных канфэрэнцыях, на якіх ставілася на абмеркаваньне беларуска епытаньне. У 1960-1970-я актыўна дзейнічалі краёвыя аддзелы БВФ у Англіі (кіраўнік штабу - Кастусь Глінскі), Аўстраліі (Сыднэй і Мэльбурн, актывісты - Уладзімір Сідлярэвіч, Паўла Гуз, Міхась Зуй, Алесь Алехнік, Уладзімір і Алег Шнэкі), Канадзе (Вэніпэг), ЗША (актывісты - Іван Касяк, А.Касоўская, Анатоль Плескачэўскі, В.Лапіцкая).

Са сьмерцю ў 1991 З.Касмовіча БВФ фактычна спыніў сваё існаваньне. Толькі ў Аўстраліі яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнічаць мясцовы аддзел БВФ, які высылаў свае адозвы і мэмарандумы ў газэты й часапісы Беларусі.

Бібл.: 1. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993. С. 363, 369-373.

Сяргей Ёрш @

Беларускі Нацыянальны Цэнтар (БНЦ), эмігранцкая нелегальная палітычная арганізацыя. Заснаваны 15.08.1945 на нелегальным сходзе беларускага нацыянальнага актыву ў Рэгенсбургу (у амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны). Сярод 12 прысутных былі: Радаслаў Астроўскі, Мікола Абрамчык, Аўген Каханоўскі (Калубовіч), Барыс Рагуля ды інш. БНЦ мусіў стаць «беларускім цэнтральным прадстаўніцтвам» на Захадзе. Ідэю стварэньня гэтай арганізацыі падтрымаў і прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскі, які разумеў, што ў пасьляваенных умовах БЦР ужо ня можа дзейнічаць, маючы пляму «калябарацыі» (БЦР будзе распушчаная ў верасьні 1945). На прапанову Астроўскага старшынём БНЦ быў выбраны М.Абрамчык, а яго заступнікам А.Каханоўскі. Быў абраны й прэзыдыюм БНЦ. Аднак ужо ў 1946 з арганізацыі выйшлі прыхільнікі Р.Астроўскага («зарубежнікі»). На жаль, не вядома, ці прызнаваў БНЦ пераемнасьць ад Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, заснаванага ў Бэрліне 19.06.1941 групай Міколы Шчорса (старшыня) і а. Вінцэнта Гадлеўскага. Утвораны ў 1945 БНЦ меў на мэце «мабілізаваньне і арганізаваньне ўсіх беларускіх нацыянальных сілаў для няўтомнага і бескампраміснага змаганьня супраць бальшавізму і ўсякіх іншых формаў паняволеньня беларускага народу», змаганьне «за палітычную, нацыянальную, рэлігійна-царкоўную, сацыяльную і эканамічную незалежнасьць беларускага народу». БНЦ у сваіх праграмных дакумэнтах заяўляў пра сваю прынцыповую арыентацыю на свае ўласныя сілы. Арганізацыя афіцыйна заяўляла пра сваю надпартыйнасьць, але тайна ад шырокіх колаў беларускага грамадзтва знаходзілася пад уплывам Рады БНР, якая да сьнежня 1947 дзеяла нелегальна. БНЦ здолеў аб'яднаць у сваіх шэрагах прадстаўнікоў многіх існых у той час палітычных партый і арганізацый. Але прабэцээраўскай «Сялянска-Работніцкай Партыі Вызваленьня Беларусі», як «русафільскай», было адмоўлена ў супрацоўніцгве.

Нелегальна выдаваліся й распаўсюджваліся пэрыёдыкі БНЦ і ягоныя ўлёткі. З красавіка 1946 выдаваўся часапіс «Рух», орган БНЦ або «цэнтралі пасярэдніцтва Беларускага Вызвольнага Руху» (у апошніх нумарох - «беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі»), як было пазначана пад лягатыпам. На працягу 1946-1948 выйшла 5 нумароў (рэдактар - Станіслаў Станкевіч, які выступаў у часапісе, як «Язэп Каранеўскі»). У чэрвені 1948 выйшаў першы нумар «Бюлетэню Замежнага Сэктару БНЦ», які быў прызначаны для нутранога карыстаньня сяброў арганізацыі. У 1949 група сяброў БНЦ выдавала часапіс «За волю». Частка адозваў і зваротаў арганізацыі друкавалася ў часапісе «Рух», іншыя выходзілі асобнымі выданьнямі, як, напрыклад, зварот БНЦ да беларускай эміграцыі ад 20.07.1947. Ён быў выкананы друкам на чатырох балонках. Зварот меў антырасейскі характар: «ад самага пачатку арганізаванага жыцьця беларускай эміграцыі ўся варожая разбуральная дзейнасьць у ейным асяродзьдзі йшла цераз расейскую дывэрсію», «і ў маскоўскіх нацыяналістых і ў бальшавікоў у дачыненьні да нас адна мэта - сьцерці нас з карты гісторыі».

Да 1949 у амэрыканскай зоне Нямеччыны адбыліся найменш чатыры зьезды БНЦ, якія праводзіліся кансьпірацыйна. Ці ня самы прадстаўнічы (чацьверты па ліку) зьезд сабраўся ў сакавіку 1949 у Остэргофэне. На ім была зроблена спроба зрабіць БНЦ прадстаўніцтвам партыяў. У гэты час ужо легальна разгортвалі канкурэнтную дзейнасьць Рада БНР і БЦР. Таму сам назоў «Беларускі Нацыянальны Цэнтар» згубіў свой першапачатковы сэнс. Паводле некаторых зьвестак, БНЦ прыпыніў сваю дзейнасьць 28.12.1947, пасьля таго як аднавілася Рада БНР, куды, дарэчы, увайшлі многія кіраўнікі Цэнтру. Аднак ёсьць фактам, што ён працягваў дзеяць і пасьля 1947 (прынамсі, да 1949), але ўжо пад старшынствам Станіслава Станкевіча. Праўдападобна, што яшчэ малавядомай Радзе БНР быў неабходны БНЦ, каб зь яго дапамогай канкураваць з адноўленай БЦР за ўплыў на беларускую эміграцыю.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар яшчэ ў 1946 увайшоў у Антыбальшавіцкі Блёк Народаў, які спрабаваў каардынаваць антысавецкае змаганьне ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе (першым генэральным сакратаром АБН быў Станіслаў Станкевіч, адзін з кіраўнікоў БНЦ). У 1947-1948 у адозвах і выданьнях БНЦ зьявіўся «Замежны (або «Эміграцыйны») Сэктар БНЦ». З аднаго боку, гэта яшчэ не гаворыць пра існаваньне БНЦ і ў Беларусі, але зусім магчыма, што былі спробы залажыць арганізацыйныя структуры й на Бацькаўшчыне.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар быў адноўлены часткай ягоных былых сябраў у 1952 у ЗША. У БНЦ увайшлі былыя сябры Рады БНР, т.зв. апазыцыя прэзыдэнту Рады БНР М.Абрамчыку: Лявон Савёнак (старшыня), Міхась Рагуля, Мікола Панькоў, Вітаўт Тумаш ды інш. У сьнежні 1952 БНЦ разам з шэрагам украінскіх, грузінскіх, азэрбайджанскіх і іншых арганізацый выдаў сумесную дэклярацыю супраць палітыкі Амэрыканскага камітэту вызваленьня народаў Расеі й створанага ім Каардынацыйнага цэнтру антыбальшавіцкай барацьбы.

Нават у такой нешматлікай групе, як БНЦ у ЗША, ішла барацьба. Напрыклад, у 1953 з БНЦ быў выключаны Гіпаліт Паланевіч. Адноўлены БНЦ ніякага ўплыву на беларускую эміграцыю ня меў і, праўдападобна, яшчэ ў 1950-х спыніў сваё існаваньне.

Бібл.: 1. Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950. Ню Ёрк - Беласток, 1994. С. 83-85, 98; 2. Галяк Л. Успаміны. Кн. 2. ЗША, 1983. С. 57, 58, 61, 67; 3. Дэклярацыя Беларускага Нацыянальнага Цэнтру // Рух (Зах. Нямеччына). 1947, студзень, № 4. С. 1-5; 4. Каранеўскі Я. На шляху нацыянальна-вьввольнага змаганьня // Рух. 1947, студзень, № 4. С. 7, 13; 5. Панькоў М. Паказьнік беларускіх выданьняў на чужыне за 1945-1950 гг. Ню Ёрк, 1952. С. 39, 43; 6. Зварот да беларускай эміграцыі // Рух (Зах. Нямеччына). 1948, чэрвень, № 5. С. 1-4; 7. Новы манэўр // Беларускі Голас (Таронта). 25.03.1953, № 1; 8. Зварот БНЦ да беларускай эміграцыі ад 20.07.1947 (улётка, выдадзеная друкам на 4 балонках). Зах. Нямеччына (архіў аўтара).

Сяргей Ёрш @

Беларускі ўзброены рух. Беларускі антысавецкі ўзброены рух другой паловы 1940-1950-х гадоў не вывучаўся гісторыкамі. Доўгі час такая праблема для беларускай гістарыяграфіі наагул не існавала. Толькі акадэмічная гісторыя Беларусі [Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Т. 5. Мн., 1975. С. 77, 78] згадвала пра «антысавецкія групы і ўзброеныя банды», якія перашкаджалі ўстанаўленьню савецкай улады на вёсцы ў пасьляваенны час. Былі ўпершыню пададзены і абагульняючыя дадзеныя пра зьліквідаваныя ў Заходняй Беларусі партызанскія аддзелы.

Напрыканцы 1980-х гадоў палітычная «адліга» паспрыяла вывучэньню гісторыкамі шмат якіх «белых плямаў», у тым ліку й пасьляваеннага антысавецкага руху. Аднак некаторыя беларускія гісторыкі са скептыцызмам ставіліся да маштабаў гэтага руху ў Беларусі. Напрыклад, М.Кузьняцоў у адной са сваіх публікацый падае зьвесткі пра «трафэі» органаў савецкай дзяржбясьпекі ў барацьбе з «бандытамі» (сотні мінамётаў, тысячы кулямётаў, аўтаматаў і інш.) і піша: «Адным словам, не хапала толькі танкаў і самалётаў... зброі... налічана столькі, што добрую армію можна ўзброіць» (Кузняцоў М. Канец векавой мяжы // Голас Радзімы. 31.08.1989).

У 1990-х шэраг беларускіх гісторыкаў, такіх, як Уладзімір Гуленка, Сяргей Жумар, Аляксандар Міхальчанка, Аляксандар Хацкевіч і інш., пачалі актыўна публікаваць свае першыя дасьледаваньні па гісторыі пасьляваеннага антысавецкага партызанскага руху. Шмат пісалася пра польскую Армію Краёву й постакаўскія структуры, пра Арганізацыю Ўкраінскіх Нацыяналістаў і Ўкраінскую Паўстанчую Армію і іх дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі, аднак, выпадкова ці наўмысна, абміналася тэма беларускага ўзброенага руху. Толькі намёкамі, неяк сарамліва, іншы раз, згадваюцца і «мясцовыя фашысцкія недабіткі», «банды», «бандыты Вітушкі». Да гэтага часу афіцыйная беларуская гістарыяграфія так і не распачала вывучэньне пасьляваеннага нацыянальнага партызанскага руху.

Беларускі ўзброены рух ня быў аднародным, ня меў адзінага кіраўніцтва. Арганізацыйна ён афармляўся ў 1944-1945 - на пачатку аднаўленьня ў Беларусі савецкай улады. У гэты час на нелегальным становішчы знаходзіліся дзясяткі тысяч чалавек, якія імкнуліся пазьбегчы мабілізацыі ў Чырвоную Армію, а таксама тыя, хто пад час нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі або служыў у беларускіх вайсковых фармацыях. У лясох, пераважна на Берасьцейшчыне, знаходзіліся й аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі, якія супрацоўнічалі з УПА. Да 1948 аддзелы БНП часткова самаліквідаваліся, часткова перайшлі на Захад. Нацыянальныя партызанскія аддзелы, у тым ліку арганізаваныя й Беларускай Незалежніцкай Партыяй пад час нямецкай акупацыі, дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі. Аднак далёка ня ўсе людзі, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы, далучаліся да паўстанцкіх аддзелаў, многія хаваліся каля сваіх вёсак або нават у вёсках і гарадох у чаканьні савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.

Праўдападобна, першыя спробы аб'яднаньня беларускіх партызанскіх аддзелаў у адзіную структуру былі зроблены ў 1945 генэралам Міхалам Вітушкам («Лось», «Канцавы») у раёне Налібоцкай пушчы. Напрыклад, А.Міхальчанка сьцьвярджае, што менавіта там на пачатку 1945 ген. Вітушка абвясьціў пра стварэньне паўстанцкай арміі. Аднак створаная ім Беларуская Вызвольная Армія (іншыя варыянты назову - Беларускае Краёвае Войска, «Чорны Кот») пачала актыўную дзейнасьць толькі ў 1946-947 і яна не ахоплівала сваім уплывам усю тэрыторыю Беларусі і ўвесь партызанскі рух. На Палесьсі па-ранейшаму незалежна дзейнічалі апошнія аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі. Утварылася Беларуская Дэмакратычная Армія, склад кіраўніцтва й абшар дзейнасьці якой невядомыя.

Партызанскія аддзелы, як правіла, складаліся зь людзей, якія пастаянна знаходзіліся ў лесе і тых, хто легальна жыў у гарадох і вёсках, але спрыяў або нават і ўдзельнічаў у партызанскіх акцыях. Звычайна партызаны праводзілі дывэрсіі й тэрырыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх дзяржаўных сьвятаў і палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя ўчасткі, на сельсаветы, зьнішчалася дакумэнтацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх і партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі і дзяржбясьпекі, вайскоўцаў. Зьдзяйсьняліся дывэрсіі на чыгунцы, калі яна падрывалася, рабіліся напады на таварныя цягнікі з мэтай іх зьнішчэньня або завалоданьня грузамі, якія яны перавозілі, падрываліся масты. Удзельнікі ж стыхійнага ўзброенага руху сваю дзейнасьць праводзілі праз супраціў мясцовым прадстаўнікам савецкай улады, якія зьдзяйсьнялі канкрэтныя акцыі, як стварэньне калгаса, збор падаткаў і г.д. Нярэдка ўзброены супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў, якія, як правіла, хутка здушаліся савецкімі ўладамі. Многія зь людзей, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы, выкарыстоўвалі зброю толькі як сродак уласнай самаабароны.

Беларускі партызанскі рух і падпольле дзейнічалі ня толькі на тэрыторыі БССР, але й па-за яе межамі, у Польшчы, Летуве, Латвіі, Украіне, Расеі. Нярэдка яны базаваліся на тэрыторыях, якія лічыліся этнаграфічна беларускімі, але ўваходзілі ў склад суседніх дзяржаў, як было зь Беласточчынай, Смаленшчынай, Віленшчынай. Беларускі ўзброены рух нельга зьвязваць толькі зь дзейнасьцю партызанскіх аддзелаў. Многія супраціўнікі савецкай улады, аб'яднаныя ў падпольныя арганізацыі й групы або тыя, хто дзейнічаў самастойна, легальна жылі ў гарадох і вёсках або хаваліся ў гэтых населеных пунктах, праводзілі дывэрсіі й тэрарыстычныя акцыі.

Да беларускага ўзброенага руху можна аднесьці і дэсантнікаў батальёну «Дальвіц», якія ў 1944-1945 перапраўляліся зь Нямеччыны ў Беларусь, а таксама сяброў Беларускага Вызвольнага Руху, Рады БНР і Замежнага Сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі, якія да сярэдзіны 1950-х дэсантаваліся з Захаду на Бацькаўшчыне. Многія зь іх удзельнічалі ў арганізацыі беларускага партызанскага і падпольнага руху.

Падобна да Ўкраінскай Паўстанчай Арміі, якая на працягу 1946-1949 расфармавала партызанскія аддзелы й перайшла ад стану партызанскае вайны да ўзброенага падпольля, беларускія партызаны і, перадусім, Беларуская Вызвольная Армія, таксама рэарганізаваліся. Першая падобная рэарганізацыя адбылася ў 1946, калі замест вялікіх аддзелаў былі створаныя невялікія мясцовыя партызанскія групы. Летам 1949 адбылася, праўдападобна, яшчэ адна рэарганізацыя, калі большасьць партызанаў выйшла зь лесу й спрабавала легалізавацца, аднак невядома, да якой фармацыі яны адносіліся. Некаторыя партызаны спрабавалі перабрацца на Захад, многія адышлі ў Польшчу, але большасьць працягвала барацьбу. Зразумела, што рэарганізацыі ня мелі дачыненьня да стыхійнае партызанкі, якая дзеяла самастойна, і часта для яе ўдзельнікаў знаходжаньне ў лесе было магчымасьцю перачакаць цяжкія часы, а ня весьці актыўную ўзброеную барацьбу з савецкай уладай. І стыхійны, і арганізаваны ўзброены рух у форме ўзброенага падпольля й партызанскага руху працягваў існаваць у Беларусі да канца 1950-х. Частка партызанскіх аддзелаў і падпольных структур была зьліквідаваная, але многія зь іх так і не былі выкрытыя савецкай дзяржбясьпекай ды самазьліквідаваліся або закансэрвавалі свае арганізацыйныя структуры.

Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што беларускі ўзброены супраціў («бандытызм») быў зьліквідаваны ў БССР да сярэдзіны 1952, а рэшткі партызанскіх аддзелаў, працягваючы сваю дзейнасьць, «сталі на шлях крымінальных злачынстваў». Падобнае цьверджаньне ня можа адносіцца да ўсяго руху, але зусім магчымае ў дачыненьні некаторых яго ўдзельнікаў. Акрамя таго, пачынаючы з 1944 у Беларусі існаваў і крымінальны бандытызм, які нават савецкія ўлады разглядалі асобна ад палітычнага ўзброенага супраціву. Крымінальныя фармаваньні й групы дзейнічалі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, і, паводле некаторых зьвестак, былі ліквідаваны да 1948.

Літ.: 1. Гісторыя Беларусі ў дзьвюх частках. Ч. 2. Мн., 1998. С. 319; 2. Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Ч. 2. Мн., 1995. С. 342, 343; 3. Вір В. Маёр Беларускай Краёвай Абароны Ўсевалад Родзька // Беларускі Голас (Таронта). № 365, кастрычнік 1991; 4. Сорак // Зважай (Таронта). № 2 (34), чэрвень 1984; 5. Жумар С. Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия. 26.08.1994; 6. Паняволеныя народы змагаюцца // Беларус (Ню Ёрк). 27.11.1950; 7. Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. 25.11.1990; 8. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас (Таронта). № 202, травень 1972; 9. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП (Зах. Нямеччына). № 6, 1946; 10. Гутарка зь беларусам адтуль // Беларускае слова (Зах. Нямеччына). 15.01, 05.02.1949; 11. Ёрш С. Генэрал Вітушка // Наша Ніва. № 17-18 (85), 12.05.1997; 12. Ёрш С. Легендарны атаман // Наша Ніва. №15 (112). 17.08.1998; 13. Партызанская барацьба на Беларусі нясупынна трывае // Вольнае слова (Зах. Нямеччына). № 1, студзень-люты 1950; 14. Паўстаньне ў беларускай Століншчыне // Беларускі Голас (Таронта). № 75, лістапад 1960.

Сяргей Ёрш @

«За Беларусь» (назва Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў да вясны 1946), беларуская падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя. Утварылася ўвосень 1945 на базе Пастаўскай пэдагагічнай навучальні. Непасрэдным імпульсам да ўтварэньня арганізацыі стала русіфікацыя навучаньня. Асабліва нэгатыўную ролю адыграў дырэктар Фішкін, з блаславеньня якога пачалася татальная русіфікацыя. За адказы па-беларуску сталі зьніжаць адзнакі.

Студэнты Мікола Асіненка, Алесь Дзікі, Алесь Адамовіч засноўваюць арганізацыю «За Беларусь». Невядома, якую ролю адыграў у гэтым колішні навучэнец Глыбоцкай пэднавучальні Валянцін Лагунёнак, які да пераводу ў Пастаўскую навучальню быў студэнтам Глыбоцкай пэднавучальні і ўжо ведаў пра існаваньне Саюзу Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае), рыхтаваўся да ўступленьня ў яго. Дакладна невядома, калі была заснаваная Пастаўская арганізацыя «За Беларусь». Цалкам верагодна, што Пастаўская суполка ўжо існавалада прыезду В.Лагунёнка.

Арганізацыя «За Беларусь» мела на мэце «бараніць родную мову, беларускую культуру, нацыянальныя традыцыі, самабытнасьць» [1, 251]. На пачатку 1946 фармуецца ядро арганізацыі: старшыня - Мікола Асіненка, сакратар - Алесь Адамовіч, скарбнік - Ліна Бароўка. Некаторыя сябры арганізацыі ўзялі сабе мянушкі: Мікола Асіненка - Крывіч, Ніна Асіненка - Незабудка, Ліна Бароўка - Таполя, Алена Мацук - Лілія. Як і СБП (Глыбокае), патрыятычнае аб'яднаньне «За Беларусь» не было палітычнай арганізацыяй. Меркавалася, што яго праца будзе растлумачальнай, накіраванай на прапаганду беларускай мовы, культуры, адстойваньне беларускасьці перад наступам русіфікацыі.

08.03.1946 на моладзевай вечарыне на кватэры Ніны Асіненкі адбыўся сход, на якім Мікола Асіненка ўрачыста абвясьціў пра існаваньне арганізацыі «За Беларусь». 25.03.1946 у вёсцы Рамелькі Пастаўскага раёну на хаце Міколы Асіненкі адбылося прыняцьце прысягі сябрамі суполкі «За Беларусь». Прысягу прымалі перад бел-чырвона-белым сьцягам і выявай «Пагоні», якую намалявала Алеся Ўмпіровіч (Фурс). Сябры арганізацыі чыталі прысягу і расьпісваліся ў агульным сьпісе. Узімку 1946 праз Валянціна Лагунёнка былі наладжаныя кантакты з Глыбоцкай групай СБП. Увесну 1946 на сустрэчы ў Глыбокім было дамоўлена пра аб'яднаньне Пастаўскае групы «За Беларусь» і Глыбоцкае арганізацыі СБП. Быў прыняты супольны назоў Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае-Паставы).

Сьпіс сябраў Пастаўскае групы «За Беларусь»: Мікола Асіненка (кіраўнік), Алесь Адамовіч (сакратар), Віктар Стахоўскі (няма ў жывых), Янка Рымдзёнак, Уладзімір Лысёнак (няма ў жывых), Ніна Асіненка (няма ў жывых), Ангеліна Бароўка, Алеся Ўмпіровіч, Валянцін Лагунёнак, Аляксандар Дзікі (няма ў жывых), Алена Мацук, Павал Лапушынскі, Яўген Сідаровіч, Іван Бароўка, Алесь Амельляновіч, Сямён Касарэўскі, Міхал Дзеравянка, Мікола Церашкевіч.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997.

Алег Гардзіенка @

«Касмапаліты» БДУ. Я паступіў на аддзяленьне журналістыкі філфаку БДУ імя Леніна ў 1950, калі т.зв. унівэрсытэцкія касмапаліты былі ўжо амаль разгромленыя: дабівалі, выкарчоўвалі астатніх. У прыватнасьці, не выкладаў ужо ўва ўнівэрсытэце адзін з самых ярых, як пісала пра яго тагачасная прэса, самых зацятых касмапалітаў - выкладчык старажытнарускай літаратуры, літаратуразнаўца і фальклярыст Леў Рыгоравіч Бараг. Што гэта быў за чалавек і навукоўца, я ведаю ад сваіх сяброў - пісьменьніка Алеся Адамовіча, паэта Навума Кісьліка (абодва, на жаль, ужо нябожчыкі) і прафэсара Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага. Яны скончылі БДУ ў тым жа 1950, калі я паступіў, - Барага выкінулі пры іх, у 1949, у самы шалёны пэрыяд барацьбы з касмапалітызмам, выкінулі за «нізкапаклонства перад Захадам, перад буржуазнай навукай, за варожае, антыпатрыятычнае стаўленьне да ўсяго айчыннага». Між тым, дацэнт Бараг быў літаральна фанатыкам старажытнарускай літаратуры, ведаў на памяць усе старажытныя тэксты, пачынаючы ад «Слова пра паход Ігаравы» і заканчваючы летапісамі, да дробязяў ведаў гісторыю старажытнай Русі, можа, лепш, чымся ўласную біяграфію. Але ён быў, па-першае, сапраўдны навуковец і не прызнаваў аніякіх кан'юнктурных момантаў у выкладаньні сваёй дысцыпліны, не прызнаваў «ідэйных карэкціровак» гістарычных фактаў. Па-другое, ён быў габрэем. А слова «касмапаліт» было эўфэмізмам, крывадушнай заменай слова «габрэй», і барацьба з касмапалітызмам была ня чым іншым, як усесаюзным габрэйскім пагромам. Аднак - і гэта важна падкрэсьліць - касмапалітамі называлі і самых што ня ёсьць беларусаў ці расейцаў, калі яны таксама былі сапраўднымі навукоўцамі, сумленнымі, порядочными, па-расейску кажучы, людзьмі і супрацьстаялі цемрашальству «ідэйна-прыпадачных» адэптаў «адзіна правільнага марксісцка-ленінскага вучэньня». Разьлі ктут быў настолькі ж просты, наколькі цынічны: назаві чалавека касмапалітам, і абывацель адразу здагадаецца, што гэты чалавек ніякі не беларус ці расеец, бо ўсяму сьвету вядома, хто такія касмапаліты! (Пазьней, у 70-я - пачатку 80-х падобны прыёмчык ужываўся ў дачыненьні да тых савецкіх дысыдэнтаў, якія, якой бы нацыянальнасьці ні былі, падавалі заяву на эміграцыю з СССР: эміграваць ім дазвалялі толькі ў Ізраіль.)

Такіх «касмапалітаў» у БДУ, калі я паступіў на ягоны філфак, заставалася некалькі чалавек, і першымі сярод іх хочацца назваць Васіля Рыгоравіча Саўсуна і Людмілу Ўладзіміраўну Круцікаву.

Васіль Саўсун быў у 1920-1930-я прафэсарам Маскоўскага ўнівэрсытэту, слынным навукоўцам, меў сваю катадру. Яго рэпрэсавалі за прыналежнасьць да літаратурна-навуковай групоўкі «Перевал», якая была абвешчаная антысавецкай, і амаль дзесяць год сядзеў у сталінскіх лягерох. У Маскве і іншых буйных гарадох Расеі жыць яму не дазвалялі, паслалі ў Менск, у БДУ простым выкладчыкам - усіх сваіх навуковых званьняў ён быў пазбаўлены. Выкладаў ён расейскую літаратуру 19 стагодзьдзя і спэцыялістам па ёй быў выдатным. Расейскі інтэлігент старога, яшчэ дарэвалюцыйнага складу, прыхільнік дэмакратычнага накірунку расейскай клясычнай літаратуры, у прыватнасьці, вялікі знаўца творчасьці Герцэна, Саўсун так і ня здолеў, нават пасьля лягернай «школы», зрабіцца ідэйным савецкім навукоўцам, выкладаць свой прадмет з марксісцка-ленінскіх пазыцыяў. Ніколі ў сваіх лекцыях ён не ўжываў савецкай ідэйнай тарабаршчыны, нічога не казаў пра ролю вялікага Сталіна ў літаратуразнаўстве і наогул ува ўсёй навуцы. Мала таго, ён фізычна пакутаваў, калі чуў гэтую тарабаршчыну.

Такі прыклад: на маім курсе была студэнтка Нэля, пазьней - вядомая тэлежурналістка «цэнтральнага тэлебачаньня», ягоны карэспандэнт у адной з краінаў Балтыі, прозьвішча яе не хачу называць, бо цяпер яна ў многім зусім іншы чалавек. Дык вось, гэтая Нэля, калі кепска ведала матэрыял, на сэмінарах і на экзаменах ратавалася якраз ідэйнай траскатнёй, якая ніякага дачыненьня да экзаменацыйнага пытаньня ня мела: выцягне білет, скажам, па кнізе Герцэна «Былое і думы», а кнігу гэтую і ў рукі ня брала. І пачынае: «Таварыш Сталін і камуністычная партыя вучаць, што творчасьць Герцэна мае вялікае значэньне... Зразумець яе можна толькі ў сьвятле марксісцка-ленінскай навукі». І гэтак далей. Абы ад твора, які не чытала. Саўсун сядзіць, моршчыцца, заплюшчвае вочы, бярэцца рукамі за сківіцы, так, нібы ў яго баляць зубы, а потым, калі Нэля адтарабаніць, з асалодай кажа: «Ставлю вам двойку, милая барышня! Пятёрку вам поставят, когда вы будете сдавать марксизм-ленинизм. А я вам читал совсем другой предмет. И вы его не знаете!»

Ён быў бяльмом на воку ў кіраўніцтва катадры расейскай літаратуры і, асабліва, партыйнай арганізацыі БДУ. «Неразоружившийся враг!» - як тлумачыў студэнтам прафэсар Іван Гутараў, завадатар усёй антыкасмапаліцкай кампаніі ўва ўнівэрсытэце (Гутараў, трэба адзначыць, быў чалавек неардынарны, нават таленавіты, меў бліскучую памяць, быў фэнамэнальна начытаны і разам з тым, як гэта ні дзіўна, ён быў невук, вульгалізатар, усе ягоныя веды былі павярхоўныя, «з наскоку», і лекцыі ягоныя (ён чытаў курс «Уводзіны ў літаратуразнаўства») былі эклектычнай мешанінай гэтых ведаў). На што Саўсун, і таксама «неразоружившийся враг» Людміла Круцікава неаднарозова і публічна яму ўказвалі (Круцікава, прыгажуня, якіх мала, іранічная, дзёрзкая, абсалютна бясстрашная, чытала курс расейскай савецкай літаратуры, і чытала бліскуча, і мова ў яе была бліскучая, не засьмечаная савецкім «новаязам», як і мова Саўсуна, хоць Людміла Ўладзіміраўна была зусім яшчэ маладой жанчынай).

Сёньня, з адлегласьці амаль паловы стагодзьдзя, бачыш і разумееш тое, што нам, тагачасным студэнтам, у большасьці сваёй вясковым хлопцам, хлопцам з «пралетарскіх гарадзкіх ускраінаў», было не зразумела: Гутараў і іншыя «партыйныя навукоўцы» цкавалі Саўсуна і Круцікаву, Давіда Фактаровіча і Леаніда Рэзьнікава (мужа Круцікавай), Марыю Андрэеўну Карнееву-Пятрулан, дацэнта Касоўскага не за «касмапалітызм» - касмапалітызм быў шырмай, а за іх інтэлігентнасьць, порядочность, за няздольнасьць да халуйства, да беспрынцыповасьці, да цынічнай дэмагогіі. А галоўнае, за іх кампэтэнтнасьць, дасьведчанасьць, за вернасьць навуцы. Студэнцкая маса бяздумна пляскала ў далоні Гутараву. Але былі і такія, якія і тады разумелі, што адбываецца, разумелі, каго губляе БДУ ў асобе такіх людзей, як Саўсун і Круцікава. Яшчэ ў 1949-м, калі выганялі Барага, група студэнтаў на чале з Кімам Хадзеевым і Разітай Калпакчы паднесьлі яму на вачах Гутарава і ягонай хэўры кветкі, абдымалі яго са сьлязьмі на вачох. І Хадзеева, і Разіту выключылі з камсамолу, трымалі, што называецца, у чорным целе, але тыя і ад Саўсуна з Круцікавай не адвярнуліся і казалі ўсім, што гэта выдатныя навукоўцы і сумленныя людзі. (Пра Кіма Хадзеева наогул хадзілі легенды, як пра хлопца, які не баіцца самога КГБ, як пра адважнага дысыдэнта, хоць тады яшчэ не было такога слоўца ў агульным ужытку. Ад сябе скажу, што ў тым, што зьвязанае з Хадзеевым, шмат цьмянага, дзіўнага, але магу пацьвердзіць, што ён гаварыў пра партыйнае цемрашальства адкрытым тэкстам.)

Недзе ў 1952 Саўсуна і Круцікавай у БДУ ня стала. Далейшы лёс Саўсуна мне невядомы, а Людміла Ўладзіміраўна потым жыла і працавала ў Ленінградзе, у ЛДУ, стала доктарам навук. Зь Леанідам Рэзьнікавым яна разышлася і вышла замуж за вядомага расейскага пісьменьніка Фёдара Абрамава. Ня ведаю, ці жывая яна, ці жывы Давід Фактаровіч, які перабраўся напрыканцы 50-х у Маскву, і Леў Бараг - ён доўгі час пасьля выгнаньня з БДУ выкладаў старажытнарускую літаратуру ў адной з духоўных праваслаўных сэмінарыяў недзе на поўначы Расеі, а потым працаваў у Башкірскім унівэрсытэце, дзе абараніў доктарскую дысэртацыю. Дацэнт Касоўскі, мовазнаўца, гутараўская ахвяра яшчэ адной барацьбы - барацьбы з т.зв. марыстамі, якая праходзіла «ў сьвятле працы вялікага Сталіна «Марксізм і пытаньні мовазнаўства» наколькі мне вядома, даўно памёр.

Я не гісторык, а цалкам літаратар, і ў сваёй кнізе ўспамінаў, якую пішу, спрабую стварыць чыста чалавечыя, псыхалягічныя партрэты згаданых у гэтай маёй нататцы людзей, прывесьці мастацкія замалёўкі эпізодаў барацьбы з касмапалітызмам у БДУ, сьведкам якіх быў. Але, думаю, гэта тэма для грунтоўнага гістарычнага дасьледаваньня, - спадзяюся, што хто-небудзь з маладых гісторыкаў, прачытаўшы гэты мой пункцірны накід, ёю зацікавіцца.

Валянцін Тарас, сябра Беларускага Пэн-Цэнтру @

Каталіцкі рух у Беларусі ў 1944-1956. Першае паваеннае дзесяцігодзьдзе было надзвычай складанае для рыма-каталіцкае царквы на абшарах Беларусі. Прыхільнае стаўленьне з боку ўладаў да праваслаўнай царквы, нягледзячы на ейную выразную калябарацыю пад час другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, кантраставала са стаўленьнем да касьцёла. Гэта тлумачылася традыцыйным уяўленьнем пра каталіцкую царкву як антысавецка настроеную, тым больш, што яна ня йшла, у адрозьненьне ад праваслаўнай царквы, на пагадненьні з камуністычным рэжымам.

Каталіцкае жыцьцё ў Беларусі ў 1944-1956 мела значныя адрозьненьні ўва Ўсходняй і Заходняй Беларусі. У 1930-ыя ўсе касьцёлы ўва Ўсходняй Беларусі былі зачыненыя бальшавіцкімі ўладамі, а ксяндзы ў большасьці рэпрэсаваныя, і каталіцкае жыцьцё працягвалася ў падпольлі. З пачаткам нямецкай акупацыі ў чэрвені 1941 каталіцкае жыцьцё тут паціху адрадзілася высілкамі ксяндзоў, якія прыехалі з заходніх раёнаў Беларусі, а таксама з Польшчы і Летувы (Рамуальд Ялбжыкоўскі, Зянонас Ігнатавічус, Генрык Глябовіч, Францішак Выляжынскі, Станіслаў Глякоўскі, Дыянісі Малец, Казімер Рыбалтоўскі, Вінцэнт Гадлеўскі ды інш.). Некаторыя ксяндзы па ілжывых даносах былі расстраляныя немцамі.

Пасьля прыходу ў ліпені ў 1944 Чырвонай Арміі ў Беларусь распачаўся новы этап ў жыцьці парафіяў Усходняй і Цэнтральнай Беларусі. Напрыканцы чэрвеня 1944 ў Менск прыехаў ксёндз Віктар Шутовіч. Ён разам з кс. Антонам Барысевічам распачаў службы ў Чырвоным Касьцёле. Пераехаў ува ўсходнія раёны з Ваўкавыску кс. Мечыслаў Малыніч-Маліцкі. Зь верасьня 1944 па травень 1945 на Магілеўшчыне працаваў кс. Баляслаў Сьперскі. Але гэтыя сьвятары неўзабаве былі арыштаваныя і высланыя ў сталінскія канцлягеры. Савецкія ўлады да сярэдзіны 1946 зачынілі ўсе каталіцкія храмы ўва Ўсходняй Беларусі. Будынкі касьцёлаў выкарыстоўваліся ў якасьці кінатэатраў, складоў, бібліятэкаў, зернясховішчаў. На доўгія гады легальнае каталіцкае жыцьцё тут спынілася.

У складаных умовах праходзіла каталіцкае жыцьцё ў Заходняй Беларусі. У паваенны час некаторыя парафіі засталіся без ксяндзоў, што было выклікана камуністычнымі рэпрэсіямі. Таму частка сьвятароў абслугоўвала некалькі парафій (кс. А.Буёк з Наваградку абслугоўваў дадаткова 6 парафій, кс. Р.Каласоўскі зь Нясьвіжу - 4 парафіі). Ксяндзы ішлі на гэта ў інтарэсах вернікаў, аднак савецкія ўлады падавалі такую самаахвярнасьць сьвятароў як сродак паляпшэньня іхнага матэрыяльнага становішча. У 1948 сьвятарам было забаронена сумяшчаць некалькіх парафій. Аднак знайсьці новых пробашчаў у парафіі было надзвычай цяжка, бо ў Беларусі адсутнічалі каталіцкія духоўныя навучальныя ўстановы, а прыезд ксяндзоў зь іншых савецкіх «рэспублікаў», у прыватнасьці, з Прыбалтыкі, вельмі ўскладняўся ўладамі.

Здаралася так, што парафіяне бралі ў свае рукі лёс парафіяў. «Пераважна гэта былі колішнія касьцельныя вартаўнікі, арганісты і інш. - людзі, штодня зьвязаныя з касьцёлам. Такія каталікі, як Антон Ашкяловіч з Гяр'ятаў або Ігнат Грэшчык з Рагожніцы, клапаціліся пра прыезд сьвятароў з бліжэйшых парафій, калі ж не было такой магчымасьці, то самі праводзілі набажэнствы» [1:35].

Другім кірункам працы ксяндзоў, які моцна непакоіў камуністычныя ўлады, было рэлігійнае ўзгадаваньне дзяцей і моладзі. Сваёй надзвычайнасьцю выдзяляецца асоба айца Барташэвіча, які з 1955 быў пробашчам касьцёла ў в. Адэльск Сапоцкінскага раёну. За лічаныя тыдні ён абышоў усе вёскі, падуладныя парафіі, пазнаёміўся з жыхарамі. Першай акцыяй, якая выклікала моцную занепакоенасьць савецкіх уладаў, было адзначэньне забароненага сьвята «Дзяды» 2 лістапада 1955. Больш за тысячу чалавек на чале з ксяндзом з харугвамі ў рукох прайшлі да вясковых могілак, каб ушанаваць памяць продкаў. Барташэвіч разьвіў актыўную дзейнасьць па павышэньні рэлігійнай сьвядомасьці дзяцей і моладзі. Вучні бралі ўдзел у шэсьцях вакол касьцёла, у дні рэлігійных сьвятаў большасьць вучняў не наведвала школу. Кс. Барташэвіч набыў спартовы інвэнтар і займаўся разам з моладзю фізычнымі практыкаваньнямі - да таго часу, пакуль гэта не было забаронена ўладамі. Папулярнасьць сьвятара была надзвычай вялікая, многія парафіяне захоўвалі дома яго партрэцікі [2:253-254]. Аналягічная праца зь дзецьмі праводзілася ў в. Удзел Глыбоцкага раёну пробашчам Ю.Грабоўскім. У в. Дзераўная Івянецкага раёну дзеяла нават рэлігійная школа, дзе навучалася 25 дзяцей, якія вывучалі Закон Божы і малітвы [2:247].

Напрыканцы 1947 ксяндзам было афіцыйна забаронена весьці заняткі зь дзецьмі. Сьвятары вымушаныя былі даваць спэцыяльную падпіску на гэты конт, і за парушэньне загаду іх чакалі суровыя санкцыі. Адмовіўся даваць такую падпіску ксёндз-дэкан з Астравеччыны Ў.Курп-Гарбоўскі: «У Савецкім Саюзе манапольнае права на навучаньне і выхаваньне моладзі належыць камуністам, якія прышчапляюць ім толькі матэрыялістычны сьветапогляд. Я павінен буду выканаць ваш загад, спыню навучаньне дзяцей Катэхізысу, ня стану выкладаць наша разуменьне крыніц і сілаў прыроды, але лічу, што гэта ня ёсьць свабодай сумленьня» [2:248].

Яшчэ адзін этап у жыцьці каталіцкага духавенства ў Заходняй Беларусі быў зьвязаны з правядзеньнем тут савецкімі ўладамі ў 1949 калектывізацыі. Паказальна тое, што сьвятары адкрыта не заклікалі сялян сабатаваць уступленьне ў калгасы, але сустрэлі калектывізацыю непрыхільна. З другога боку, улады бачылі віноўнікамі за нежаданьне сялянаў уступаць у калгасы ксяндзоў. Тым самым калектывізацыя зрабілася прычынай новага этапу рэпрэсіяў супраць каталіцкіх сьвятароў. Касьцёлы зачыняліся, а іхныя памяшканьні прыстасоўваліся дзеля розных гаспадарчых патрэбаў.

Нягледзячы на захады ўлады па зачыненьні касьцёлаў, узровень рэлігійнасьці мясцовага жыхарства быў досыць вялікі. Апрача традыцыйнага папаўненьня вернікаў за кошт сялянаў, у шэрагі парафіянаў пачала прыходзіць інтэлігенцыя і нават прадстаўнікі мясцовай улады. Так, у прыватнасьці, у 1955 у склад касьцёльнай рады ў в. Мяжэрычы Зэльвенскага р-ну ўваходзіў старшыня сельсавету І.Нічыпар, у в. Азеры Скідальскага р-ну - старшыня калгасу І.Косьцюц, касьцёльную раду ў в. Паперня Лідзкага р-ну ўзначальваў старшыня калгасу А.Серафімовіч [2:252-255].

За пэрыяд 1945-1951 савецкімі рэпрэсіўнымі органамі было арыштавана каля 180 духоўных асобаў, што складала блізу 70-80% ксяндзоў. Сьвятароў вінавацілі ў антысавецкай прапагандзе, у дапамозе польскім партызанам, часам падставай для арышту рабілася знойдзеная польская даваенная кніга. Найбольш распаўсюджаным прысудам было пазбаўленьне волі на 10 ці 25 гадоў, дадаткова ішла канфіскацыя маёмасьці і паражэньне ў правох на 5 гадоў. Вось успамін кс. Станіслава Рыжкі, які прыводзіць Адам Глябовіч: «Прачыталі прысуд. Потым пачалі задаваць пытаньні, найбольш старшыня. Сярод іншых, чаму хваліў старую Польшчу? Зноў доказамі служылі кнігі і брашуры, якіх я ўвогуле не чытаў. Працэс адбываўся спакойна. Дазволілі мне гаварыць па-польску. Калі Багдановіч (упаўнаважаны па справах рэлігіі Пінскага раёну) абвінаваціў мяне як ворага савецкай улады, пракурор, ня ведаю чаму, задаў мне пытаньне: як я цяпер - супраць савецкай улады ці за яе? Падумалася: я тут выступаю афіцыйна, значыць, абавязаны казаць праўду. «Супраць», - адказаў. У залі стала ціха. Старшыня яшчэ хацеў штосьці сказаць, але не знайшоў голасу» [1:31].

Ксяндзы нават ў турмах і лягерох знаходзілі сілы служыць вернікам: адпраўлялі імшу, ружанец, спавядалі, сьвяткавалі рэлігійныя сьвяты. Сьвятары не адмаўлялі ў рэлігійных патрэбах прадстаўнікам іншых веравызнаньняў. Некаторыя ксяндзы памерлі ў няволі, але тыя, хто выжыў, вярнуліся ў Беларусь і працягвалі служыць вернікам (прыкладам можа служыць Казімер Сьвёнтак, які не аднойчы арыштоўваўся за свае перакананьні). Частка сьвятароў была зьвязаная з польскім патрыятычным падпольлем і Арміяй Краёвай, што таксама цягнула за сабою рэпрэсіі.

Уплыў каталіцкай царквы ў Беларусі быў настолькі моцны, што нават афіцыйна ставілася пытаньне пра адкрыцьцё касьцёлаў ува Ўсходняй Беларусі і стварэньне ў Менску каталіцкага цэнтру зь біскупствам. З гэтай прапановай выступілі старшыня Савету па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР І.Палянскі і ўпаўнаважаны Савету па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР К.Уласевіч. Але іх пазыцыя была прызнаная шкоднай і супярэчнай камуністычным прынцыпам.

Нягледзячы на тое, што сьвятары рэпрэсаваліся, касьцёлы і кляштары зачыняліся (на 01.12.1946 працавала 387 касьцёлаў, у 1955 - 152), каталіцкае жыцьцё працягвалася.

Большасьць ксяндзоў лічыла сябе палякамі, але палякі, як і беларусы, былі акупаваныя саветамі і разам пацярпелі ад іх. Каталіцтва было сродкам дыстанцыяваньня ад афіцыйнага савецкага жыцьця, своеасаблівай духоўнай апазыцыяй рэжыму.

Літ.: 1. Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 1; 2. Канфесіі на Беларусі (канец 18 - 20 ст.) / Пад рэд. У.Навіцкага Мн., 1998; 3. Глябовіч А. Адроджаны касцёл. Рэлігійнае жыццё ў савецкіх лагерах, турмах і ссылках // Спадчына. 1995, № 3.

Алег Гардзіенка @

Лебедзеўскае моладзевае падпольле 1948-1951, антысавецкая падпольная арганізацыя, якая была ўтвораная ў мястэчку Лебедзева Маладэчанскага раёну. Галоўная форма дзейнасьці стварэньне й распаўсюджаньне непадцэнзурных выданьняў.

У 1948 Вячаслаў Гамолка згрупаваў вакол сябе навучэнцаў старшых клясаў мясцовае школы - Івана Яблонскага, Аркадзя Слуцкага і двух цёзкаў Івана Міцько (сына Гальляша) і Івана Міцько (сына Яна). Арганізацыя ўзьнікла як рэакцыя кансалідацыі на распачатую зноў у канцы 1940-х гвалтоўную дэпартацыю жыхароў Беларусі ў Сібір і калектывізацыю. Непасрэднаю падставаю ўзьнікненьня падпольля было стварэньне ў Лебедзеве камсамолу. Маладыя патрыёты адчулі патрэбу сваёй арганізацыі.

Удзельнікі падпольля вырашылі выпусьціць і распаўсюдзіць свае выданьні. Вячаслаў Гамолка афармляе і рэдагуе напісаныя ад рукі часопісы «У хвалях маладосьці» і «Бяздонны мяшок». Іншыя ўдзельнікі падпольля распаўсюджвалі сярод местачкоўцаў гэтыя выданьні.

У 1951 да арганізацыі далучаецца ўраджэнец вёскі Громавічы Міхась Акушка, які абяцае наладзіць праз сваіх знаёмых выпуск нелегальных часопісаў на друкарскім абсталяваньні. Як высьветлілася потым, М.Акушка быў завэрбаваным агентам МГБ. Летам 1951 усе ўдзельнікі арганізацыі, якія да таго часу ўжо пасьпелі паступіць на вучобу ў інстытуты, былі арыштаваныя.

Утрымліваліся ў менскай сьледчай турме «амэрыканка». Удзельнікі арганізацыі былі асуджаныя на 25 гадоў зьняволеньня. Тэрмін зьняволеньня адбывалі ў лягерох і капальнях Варкуты, Інты, Джэзказгану. Датэрмінова выпушчаныя на волю дзякуючы хрушчоўскай «адлізе».

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

Лідзкая моладзевая падпольная арганізацыя, была ўтвораная ў жніўні 1950. Была раскрытая органамі МГБ у траўні 1951. Архіўныя крыніцы не ўтрымліваюць зьвестак пра назоў падпольнай моладзевай арганізацыі ў Лідзе. У спэцпаведамленьні Ўправы аховы МГБ Брэст-Літоўскай чыгункі, накіраваным у ЦК КП(б)Б, пазначана - «антысавецкая моладзевая арганізацыя».

З пратаколаў допытаў арыштаваных удзельнікаў арганізацыі вынікае, што асноўнымі мэтамі арганізацыі былі зьвяржэньне савецкай улады, усталяваньне шматпартыйнасьці, абвяшчэньне дэмакратычных свабодаў і г.д. Прадугледжвалася ўвядзеньне прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці, перадача калгаснай зямлі аднаасобнікам і стварэньне на гэтай падставе фэрмэрскіх гаспадарак. Прадугледжваўся поўны выхад Беларусі з складу СССР і пабудова незалежнай і сувэрэннай дзяржавы.

Асноўная дзейнасьць арганізацыі зводзілася да вуснай агітацыі пераважна сярод вучняў, студэнцкай моладзі - з мэтай пашырэньня сваіх шэрагаў. Удзельнікі арганізацыі спрабавалі наладзіць кантакты з замежнымі эмігранцкімі арганізацыямі ды польскім нацыянальным падпольлем.

Кіраўніком і лідэрам арганізацыі быў студэнт гарадзенскай культурна-асьветніцкай навучальні Іван Салдаценкаў, 1931 нараджэньня, расеец, мянушка «Пахмуры».

Сябрамі арганізацыі таксама былі:
Віктар Параваеў, 1931 нараджэньня, расеец, токар вагоннага дэпо станцыі Ліда;
Фёдар Казлоў, 1932 нараджэньня, паляк, вучань 9 клясы школы № 12 Ліды;
Аркадзь Каштан, 1931 нараджэньня, беларус, бугальтар Гарадзенскага сельпо;
Аляксей Логвін, 1934 нараджэньня, беларус, вучань 8 клясы.
Вядомыя таксама наступныя прозьвішчы сябраў арганізацыі: Бычак, Васякін, Мазурок.

Пакуль ня выяўленыя зьвесткі пра друкаваныя матэрыялы арганізацыі. Не ўяўляецца пакуль магчымым устанавіць факт сувязі Лідзкай падпольнай моладзевай арганізацыі зь іншымі падпольнымі моладзевымі арганізацыямі заходніх абласьцей Беларусі.

Кр.: 1. НА РБ. Ф. 4, воп. 62, спр. 212.

Анатоль Вялікі @

Мядзельска-смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле, антысавецкія арганізацыі ў Мядзеле і Смаргоні, якія існавалі ў 1947-1950. Разгромленыя МГБ.

Значныя групы насельніцтва Заходняй Беларусі ўспрынялі маскоўскі камуністычны рэжым, што ўсталяваўся тут у самым канцы другой сусьветнай вайны, як акупацыйны, які прыйшоў на зьмену акупацыі нямецка-фашыстоўскай. На гэта былі свае прычыны. Край запаланілі войскі МГБ і прысланыя з усходу чыноўнікі. Сялянаў і рамесьнікаў душылі падаткамі, рознымі паборамі і пазыкамі. За спробы пратэсту саджалі ў турмы. Ішоў татальны наступ на царкву і касьцёл, на беларускую мову і культуру, нішчыліся правы нацыянальных меншасьцяў. У 1948-1949 распачалося масавае і прымусовае стварэньне калгасаў, якое суправаджалася «раскулачваньнем» і высылкай у Сібір і Казахстан найбольш працавітых і прадпрымальных земляробаў. У гэты ж час у міжнародных дачыненьнях разгарэлася «халодная вайна», справакаваная найперш савецкай блякадай Заходняга Бэрліну (1948-1949). У часткі грамадзтва былі пашыраныя чаканьні блізкай вайны, у якой, як спадзяваліся, савецкая імпэрыя будзе разгромлена. Усё гэта разам узятае абвастрала палітычную сытуацыю ў краі, выклікала новы ўздым як узброенага супраціву «лясных братоў», так і падпольнага антыкамуністычнага руху. Са свайго боку рэжым узмацняў рэпрэсіі, найхарактэрнейшым прыкладам чаго стала аднова пакараньня сьмерцю, часова скасаваная адразу ж па заканчэньні вайны.

У Мядзельскай сярэдняй школе гурток антыкамуністычна настроенай моладзі пачаў стварацца ў 1947, як толькі тут зьявіўся новы вучань Расьціслаў Лапіцкі. Менавіта Р.Лапіцкі, як перакананы беларускі нацыяналіст і антыкамуніст, з пэўным досьведам падпольнай працы, стаў ідэолягам і пачынальнікам мядзельскай падпольнай арганізацыі. Акрамя Лапіцкага актыўнасьцю ў гуртку вылучаліся мясцовыя вучні Факунда Несьцяровіч і Юзаф Качэрга. Усяго ж такіх аднадумцаў набралася да дзясятка хлопцаў і дзяўчат ды і маладых мужчын з навакольных вёсак Юшкавічы, Пруднікі, Качэргі, Навасёлкі, Мікасецак, зь мястэчка Кабыльнікі. Пераважна гэта былі вучні. Некаторыя зь іх яшчэ маглі памятаць пра мядзельскую антыкамуністычную падпольную арганізацыю 1940-га (некаторыя яе ўдзельнікі - Афрановіч, Пашкевіч, Рагіня - былі забітыя разам зь іншымі палітзьняволенымі каля Касуты на Вяльлі, калі ў чэрвені 1941 энкавэдысты эвакуявалі вязьняў Вялейскай турмы).

Падпольшчыкі ладзілі свае сустрэчы ў Мядзеле, дзе зімовым часам кватаравалі Несьцяровіч і іншыя вучні, часта сустракаліся і ў недалёкім Мікасецку, дзе жыў Лапіцкі. Дзейнасьць мядзельскай арганізацыі пераважна абмяжоўвалася вуснай антыкамуністычнай прапагандай. Р.Лапіцкі змайстраваў прыймач, з дапамогай якога яны атрымлівалі зьвесткі заходніх радыёстанцый аб міжнародным становішчы, якія пашыралі сярод аднаклясьнікаў і мясцовых сялян. Адначасова на пішучай машынцы, якую меў Ю.Качэрга, друкавалі ўлёткі і распаўсюджвалі іх па навакольных вёсках. Магчыма, падпольшчыкі плянавалі і больш актыўныя дзеяньні, бо ў некаторых зь іх пры ператрусах знайшлі агнястрэльную зброю і выбуховыя матэрыялы. У пасьляваеннай Беларусі ўсё гэта здабыць было няцяжка.

Ратуючыся ад голаду і нястач восеньню 1949 Расьціслаў Лапіцкі з маці перабіраецца ў Смаргонь. Пайшоўшы вучыцца ў 10-ай клясе мясцовай школы, ён і тут пачынае актыўную працу па стварэньні падпольнай антыкамуністычнай арганізацыі. Для гэтага ў горадзе і ў навакольных вёсках існавала неабходная абстаноўка пасыўнага і актыўнага супраціву, ажно да лясной партызанкі ўключна. Падобная традыцыя захоўвалася і ў самой смаргонскай школе, у якой у 1944-1945 дзейнічала Смаргонская антыкамуністычная група школьнікаў пад кіраўніцтвам Рычарда Юшкевіча.

Да падпольнага руху далучылася каля паўтара дзясятка школьнікаў 7-10 клясаў, якія паходзілі з Смаргоні і вёсак раёну, і некаторыя жыхары сталага ўзросту. На школьных перапынках, вечарынах, у клюбе, дзе Лапіцкі падзарабляў граньнем на піяніне, вялася антыкамуністычная агітацыя. Самі ж падпольшчыкі найчасьцей зьбіраліся ў хаце Цыбоўскіх або Юшкевічаў, дзеці якіх былі актыўнымі ўдзельнікамі арганізацыі. Р.Лапіцкі здолеў вынесьці з гарадзкога клюбу пішучую машынкуі запас капіявальнай паперы. Гэта дазволіла арганізаваць і друкаваную прапаганду.

Найбольшай актыўнасьці дзейнасьць смаргонскай падпольнай арганізацыі дасягнула на пачатку сьнежня 1949. Напярэдадні дня «сталінскай канстытуцыі» было падрыхтавана мноства ўлётак, якія ноччу расклейваліся на слупох, сьценах дамоў і агароджах, нават на будынках райкаму партыі і міліцыі. Як сьведчыць адна з колішніх арганізатарак смаргонскага камсамолу, «они засыпали город листовками». Ува ўлётках насельніцтва заклікалася не плаціць падаткаў, не ўступаць у калгасы, арганізоўваць супраціў рэжыму. Кожная ўлётка заканчвалася словамі: «Сьмерць Сталіну!» Акрамя таго, падпольшчыкі рыхтаваліся ўзарваць будынак раённай друкарні.

Сярод мясцовага начальства ўсчаўся пярэпалах. У горадзе зьявілася шмат супрацоўнікаў МГБ, вайскоўцаў. Пачаліся сачэньні і росшукі ўдзельнікаў акцыі. Высачыць падпольшчыкаў было даволі лёгка. Зусім маладыя, сярод іх былі непаўналетнія, яны не валодалі сакрэтамі кансьпірацыі. І хоць стараліся пры чужых не размаўляць пра палітыку (асьцерагаліся стукачоў), у школе шмат хто здагадваўся пра існаваньне арганізацыі. Ды і сам Р.Лапіцкі пастаянна ўступаў у палітычныя спрэчкі зь некаторымі настаўнікамі, задзіраўся з камсамольцамі. Аднойчы на ўроку дэманстрацыйна адмовіўся пісаць сачыненьне па рамане Фадзеева «Маладая гвардыя», заявіўшы, што ў іх маецца свая «Маладая гвардыя», толькі яна за Беларусь. Дарэчы, гэта заява Лапіцкага і паслужыла асновай пазьнейшага памылковага меркаваньня, быццам смаргонская арганізацыя так і называлася.

У лістападзе быў арыштаваны Расьціслаў Лапіцкі. Карныя органы, не дабіўшыся ад юнака прызнаньня, часова выпусьцілі яго на волю. Па рашэньні арганізацыі яе кіраўнік павінен быў перайсьці на нелегальнае становішча і пакінуць Смаргонь. І Лапіцкі таемна перабіраецца на Мядзельшчыну.

У ноч з 01 на 02.02.1950 у хаце Цыбоўскіх энкавэдыстамі была зроблена засада. Затрымлівалі ўсіх, хто прыходзіў, тут была арыштавана і частка падпольшчыкаў. У лютым-сакавіку 1950 арыштаваных набралася больш паўтара дзясятка, у тым ліку і зь Мядзельшчыны. Сябра мядзельскай арганізацыі Генадзь Нафрановіч зь Юшкавічаў пры спробе затрыманьня застрэліўся.

Юнакоў і дзяўчат трымалі ў сутарэньнях Маладэчанскай і Вялейскай турмаў. Лютавалі сьледчыя на допытах неміласэрна, асабліва катаваў нейкі Пахомаў. Як сьведчыў потым Ч.Цыбоўскі, голкі пад пазногці было ня самым страшным. Хлопцам выбівалі зубы і ламалі рэбры, садзілі на ножкі табурэткі, трымалі пад кроплямі халоднай вады да страты прытомнасьці і мяжы вар'яцтва, рабілі іншыя самыя дзікунскія вычварэнствы. Дзяўчат мучылі менш, але і ім хапіла спаўна. Т.Юшкевіч успамінае таго ж Пахомава: «Очень злой и коварный человек, деспот, он требовал сказать то, чего не было, угрожал карцером и электрическим стулом».

17-20.07.1950 у Маладэчне адбыўся суд ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі. Большасьць падсудных трымалася мужна. Асабліва нязломным быў Расьціслаў Лапіцкі, яго заключнае слова было абвінавачаньнем камуністычнага рэжыму. Прысуджаны да расстрэлу, ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Судом ваеннага трыбуналу былі асуджаныя:
Лапіцкі Расьціслаў, кіраўнік мядзельска-смаргонскай арганізацыі - пакараньне сьмерцю;
Ахрамовіч Зянон (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Ахрамовіч (бацька Зянона, селянін з-пад Смаргоні) - 25? гадоў;
Ахрамовіч Ганна (маці Зянона, сялянка з-пад Смаргоні) - 25? гадоў;
Ашукоўская Часлава (Смаргонская школа) - 8 гадоў;
Барташэвіч Марыя (Смаргонская школа) - 10 гадоў;
Блізьнюк Восіп (Смаргонскі р-н) 25 гадоў;
Іваноўскі Канстанцін (Смаргонская школа) - 10 гадоў;
Карней Анатоль (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Качэрга Юзаф (Мядзельская школа) - 25 гадоў;
Лапыцька Софія (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Несьцяровіч Факунда (Менскі палітэхнікум) - расстрэл, заменены на 25 гадоў зьняволеньня;
Пашкевіч Зьбігнеў (Смаргонская школа) - 10 гадоў;
Сташкевіч Эдуард (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Хацілоўскі Тадэвуш (Смаргонь) - 25 гацоў;
Цыбоўская Леакадзія (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Цыбоўскі Часлаў (Смаргонская школа) - расстрэл, заменены на 25 гадоў зьняволеньня;
Юшкевіч Тамара (Смаргонская школа) - 25 гадоў;
Юшкевіч Тацяна (Смаргонская школа) - 10 гадоў.

У кіпцюры МГБ трапілі ня ўсе ўдзельнікі падпольнага руху. Некаторых удалося схаваць. Тым больш, што ніякіх сьпісаў арганізацыі карным органам знайсьці не ўдалося. Ды яны, мабыць, зь меркаваньняў кансьпірацыі, і невяліся.

Сваё пакараньне асуджаныя адбывалі ў канцлягерох Сібіру і Казахстану, на лесапавале, будаўнічых работах, у шахтах і на рудніках. Пасьля сьмерці Сталіна яны ў сярэдзіне 50-х былі вызваленыя. Па вяртаньні з канцлягероў хто застаўся на Бацькаўшчыне, хто выехаў у Польшчу, Летуву, Украіну. Катаваньні і зьнясільваючая праца ў зьняволеньні пакінулі цяжкі сьлед - шмат хто зь іх ужо не жыве.

Удзельнікі мядзельска-смаргонскага падпольля былі глыбока веруючымі каталікамі і праваслаўнымі, большасьць іх мела выразную нацыянальную сьвядомасьць - беларускую або польскую, але ўсіх іх яднала і натхняла ідэя змаганьня з новым акупацыйным рэжымам, які на гэты раз прыйшоў не з Бэрліну, а з Масквы.

Літ.: 1. Чарняўскі М. Расціслаў Лапіцкі - з кагорты невядомых герояў // Беларуская маладзёжная. 1997, № 1; 2. Ён жа. Да гісторыі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX стагоддзі. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (Менск, 27-28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.

Міхась Чарняўскі @

Наваградзкая пэднавучальня - спроба ўтварэньня падпольнай патрыятычнай арганізацыі ў 1950. У Наваградзкай пэднавучальні, якая адчынілася ў самым канцы другой сусьветнай вайны, з самага пачатку пачалася жорсткая русіфікацыя. Усе вучэбныя дысцыпліны, за выключэньнем беларускай мовы і літаратуры, выкладаліся па-расейску. На навучэнцаў, якія спрабавалі на занятках або экзаменах карыстацца беларускай мовай, аказваўся непрыкрыты ціск, ім зьніжалі адзнакі. Гэта выклікала зразумелы пратэст юнакоў ідзяўчат. У выніку ў 1950 навучэнцы Анатоль Клышка і Міхась Ігнатовіч, нягледзячы на свае сацыяльна-палітычныя разыходжанні (Ігнатовіч вельмі крытычна адносіўся да камуністычнага рэжыму), вырашылі ўтварыць арганізацыю аднадумцаў, якая б выступала за адраджэньне беларускай мовы і культуры. На ўстаноўчы збор у парк пры Замкавай гары зьявілася каля 20 навучэнцаў. І гэта насьцярожыла арганізатараў, бо сярод такой вялікай грамады маглі быць правакатары - у памяці яшчэ былі арышты ў 1947 навучэнцаў Наваградку за ўдзел у падпольнай арганізацыі Саюз Вызваленьня Беларусі. Такім чынам, арганізацыйнага афармленьня групоўкі не адбылося. У далейшым А.Клышка стаў вядомым беларускім празаікам, крытыкам і перакладчыкам.

Кр.: 1. Вусная інфармацыя Анатоля Клышкі.

Міхась Чарняўскі @

Нацыянальна-Вызвольны Камітэт (НВК), орган, які дзейнічаў у Беларусі ў другой палове 1940-х як структурная адзінка «Чорнага Ката». Ягоныя функцыі, паўнамоцтвы, склад невядомы. Ёсьць зьвесткі, што НВК выплочваў грошы партызанам-нелегалам дзеля іх часовай легалізацыі.

Бібл.: 1. Гасмюлер Д. Лясы, бункеры, партызаны // Пагоня (Горадня). 11-17.11.1994, № 37.

Сяргей Ёрш @

Пратэстанцкі рух у Беларусі ў 1944-1956. Пратэстанцкае жыцьцё ў Беларусі ў 1944-1956 працякала ў складаных умовах. З аднаго боку, назіралася актывізацыя пратэстанцкіх цэркваў, з другога - працягвалася наступленьне на рэлігійныя свабоды з боку дзяржавы.

У кастрычніку 1944 адбылося аб'яднаньне баптыстаў і эвангельскіх хрысьціянаў у Царкву Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў (ЭХБ). На чале новаўтворанага аб'яднаньня стала Ўсесаюзная Рада Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў (УРЭХБ). У жніўні 1945 было падпісанае пагадненьне, паводле якога ў склад ЭХБ уступалі беларускія пяцідзясятнікі. Увосень 1945 пачалося аб'яднаньне.

Аднак супраць яго выступілі прэсьвітэры эвангельскіх хрысьціянаў і пяцідзясятнікаў. Яны не прызналі вяршэнства УРЭХБ, абвінавачваючы яе ў супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам. Савецкія ўлады арыштавалі некаторых кіраўнікоў пяцідзясятнікаў (у прыватнасьці, у сьнежні 1949 быў арыштаваны Іван Панько).

Але, нягледзячы на рэлігійны ўціск, колькасьць пратэстантаў падвышалася. Некаторыя з суполак налічвалі больш за сотню вернікаў. На Зэльвеншчыне царква ЭХБ налічвала 260 чалавек, ейны цэнтар быў у в. Бародзічы, на чале стаяў прэсьвітэр М.Лазута. Лідзкая суполка баптыстаў мела сувязі з Польшчай і ЗША, адкуль атрымоўвала рэлігійную літаратуру.

Рэпрэсіі супраць пратэстантаў узмацніліся пасьля правядзеньня калектывізацыі ў Заходняй Беларусі. У в. Хвоева Нясьвіскага р-ну дзейнічала суполка, якая налічвала 168 сябраў. Калі ў 1949 быў арганізаваны калгас, то ніхто зь вернікаў не ўступіў у яго. Прычыну гэтага ўлады бачылі ўва ўплыве на вернікаў прэсьвітэра С.Новіка [1:259]. У сакавіку 1950 С.Новік быў арыштаваны, але і пасьля гэтага сяляне не ўступалі ў калгас.

У першай палове 1950-х для пратэстанцкага жыцьця ў Беларусі характэрныя дзьве рысы:
- актывізацыя рэлігійнага жыцьця ўва Ўсходняй Беларусі; гэта таксама тлумачылася закрыцьцём праваслаўных і каталіцкіх храмаў, у выніку чаго насельніцтва зьвярталася да ЭХБ;
- хуткі рост гарадзкіх суполак ЭХБ (Віцебск, Ворша, Менск, Маладэчна).

Наогул, у першае паваеннае дзесяцігодзьдзе пратэстанцкі рух яшчэ не дасягнуў такога размаху, як у 60-70, што тлумачылася сталінскімі рэпрэсіямі й незавершанасьцю ўнутрыарганізацыйнага афармленьня нэапратэстанцкіх суполак у Беларусі.

Літ.: 1. Канфесіі на Беларусі (канец XVII-XX ст.). Мн., 1998; 2. История евангельских християк-баптистов. М., 1989.

Алег Гардзіенка @

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (Рада БНР), беларускі ўрад на выгнаньні, адзін з цэнтраў беларускай палітычнай эміграцыі. Утвораная Выканаўчым камітэтам Першага Ўсебеларускага кангрэсу, Рада БНР абвесьціла 25 сакавіка 1918 незалежнасьць Беларусі. З 1919 - на эміграцыі. У сакавіку 1943 паўнамоцтвы прэзыдэнта й старшыні ўраду БНР атрымаў Мікола Абрамчык.

У першыя пасьляваенныя гады Рада БНР дзейнічала нелегальна. У сакавіку 1946 у Рэгенсбургу (Зах. Нямеччына) М.Абрамчык правёў сход беларускіх дзеячоў, на якім прад'явіў свае паўнамоцтвы. Рада была папоўнена новымі сябрамі й быў выбраны ўрад БНР на чале з М.Абрамчыкам. 28.12.1947 на 2-й сэсіі Рады БНР у Остэргофэне было афіцыйна абвешчана пра аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР. Быў адзінагалосна прыняты статут Рады, у якім яе асноўнай палітычнай задачай абвяшчалася «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх землях, якія ў 1917-1918 гадох належалі да беларускага этнафафічнага абшару». Рада БНР была аб'яўлена адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу. Абавязкі старшыні Рады выконваў прэзыдэнт БНР.

Ці ня першым выступам Рады БНР на міжнароднай арэне ў пасьляваенны час быў мэмарандум, накіраваны ад імя Рады ў 1946 на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Ён быў падпісаны й «упаўнаважаны прадстаўніцтвам ураду БНР», якое нібыта ў той час нелегальна дзейнічала ў Беларусі й кіравала «змаганьнем беларускага народу супраць расейска-бальшавіцкай акупацыі». Ёсьць зьвесткі, што трэцяя частка сябраў Рады БНР жыла ў БССР. Аднак наколькі рэальным было «прадстаўніцтва Рады БНР» і ці мела яно ўплыў на партызанскі рух, невядома.

У 1951-1952 амэрыканскімі спэцслужбамі былі перакінутыя ў Беларусь шэраг сяброў Рады БНР, якія, аднак, былі арыштаваныя дзяржбясьпекай. Актыўныя захады па падтрыманьні сувязі з антысавецкім супрацівам у БССР Рада БНР рабіла да сярэдзіны 1950-х.

Бібл.: 1. Мэмарыял Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на Мірную канфэрэнцыю ў Парыжы // Рух (Зах. Нямеччына). 1947, студзень, № 4. С. 15; 2. Снапкоўскі У. Беларуская палітычная эміграцыя (1945-1990 гг.) // Полымя. 1997, № 2. С. 203-210.

Сяргей Ёрш @

Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае) / СБП (Глыбокае), падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя. Утвораная ўвосень 1945 навучэнцамі Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні з удзелам вучняў сярэдніх школаў Глыбокага.

Большасьць будучых сябраў СБП у гады другой сусьветнай вайны ўваходзіла ў шэрагі Саюзу Беларускай Моладзі, што зрабіла значны ўплыў на іх нацыянальную сьвядомасьць. Вызваленьне тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пацягнула за сабой зьмены ў адукацыйным працэсе. На месцы Глыбоцкай прагімназіі была ўтвораная пэдагагічная навучальня. Былыя навучэнцы прагімназіі працягнулі навучаньне ў гэтай навучальні, дзе сутыкнуліся з татальнай русіфікацыяй вучэбнага працэсу.

Увосень 1945 у студэнтаў пэднавучальні Васіля Мядзельца, Антона Фурса і вучня Глыбоцкай СШ № 1 Алеся Юршэвіча зьяўляецца ідэя пра неабходнасьць супрацьстаяньня русіфікацыі. Яны «прыходзяць да рашэньня гуртаваць аднадумцаў і разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў сярод астатніх» [1, 24]. Пад канец 1945 сфармавалася ядро арганізацыі СБП, старшынём быў абраны Васіль Мядзелец, сакратаром - Антон Фурс. Паводле словаў апошняга, СБП ня была палітычнай арганізацыяй. Яе мэта была ў пашырэньні нацыянальнай сьвядомасьці сярод людзей, зь якімі павінны былі жыць і працаваць сябры арганізацыі, у прыватнасьці, са школьнікамі. Статут СБП ня быў канчаткова распрацаваны. Асноўныя палажэньні праграмы былі наступнымі:
- сапраўдная, а не дэклярацыйная дзяржаўнасьць, самастойнасьць Беларусі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня»;
- «патрабаваньне сувэрэнітэту, свабоднага разьвіцьця беларускага народу мы ставілі за ўмову выжываньня народу як этнасу. Тут мы былі адназначна бескампрамісныя. Дапускалі такі варыянт: выхад Беларусі з СССР» [1, 37].

У СБП не было выразна акрэсьленай структуры: існавалі толькі пасады старшыні, сакратара. Арганізацыя падзялялася на групы зь пяцёх чалавек - «пяцёркі», у якіх кожны ўдзельнік ведаў чатырох астатніх і старшыню. У «пяцёрках» вялася ўся праца. Не прадугледжвалася ні сходаў, ні канфэрэнцыяў, рабіліся пэўныя захады па кансьпірацыі. Новыя сябры прымаліся ў СБП паводле рэкамэндацыі. Кожны кандыдат складаў прысягу, якая насіла характар слова гонару, маральнага абавязку (тэкст прысягі напісаў Алесь Юршэвіч):

«Я (імя, прозьвішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасьці Беларусі. Калі ж па слабасьці сваёй, або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка Радзімы» [1, 36].

Чалавек, прыняўшы прысягу, заносіўся ў агульны сьпіс сябраў СБП, які згарэў пад час пажару разам з архівам СБП. 25.03.1946 адбылася ўрачыстая прысяга сяброў СБП, прымеркаваная да 28-х угодкаў БНР. Прысяга адбывалася на кватэры Лідзіі Несьцяровіч. У ёй бралі ўдзел Лідзія Несьцяровіч, Васіль Мядзелец, Антон Фурс, Марыя Бабіч, Людміла Краснадубская, сёстры Алена і Ларыса Барсук. Прысягу чыталі перад бел-чырвона-белым сьцягам і выявай «Пагоні», якая была перасланая сябрамі Пастаўскай групы «За Беларусь». Для Глыбоцкай арганізацыі СБП характэрны адносна працяглы арганізацыйны пэрыяд. Удзельнікі сустракаліся між сабой, «абмяркоўвалі падзеі ў навучальні, у горадзе, у рэспубліцы, у сьвеце, гаварылі пра сваё. Гутарылі са знаёмымі навучэнцамі, рыхтавалі таго ці іншага да ўступленьня ў наш Саюз. Прымалі новенькіх. Сэнс нашага згуртаваньня мы бачылі ў паяднаньні адной прысягай, у заўсёдным адчуваньні свайго абавязку думаць пра Беларусь, дзейнічаць на карысьць Беларусі, беларускай справы» [1, 39].

Частка студэнтаў Глыбоцкай пэднавучальні паводле розных прычынаў была вымушаная перавесьціся ў Пастаўскую пэднавучальню. Сярод іх быў Валянцін Лагунёнак, які ўжо быў падрыхтаваны да ўступленьня ў Глыбоцкі СБП. Узімку 1946 ён наведаў былых калегаў у Глыбокім і паведаміў, што ў Паставах фактычна стварылася моладзевая патрыятычная суполка («За Беларусь»). Увесну 1946 на сустрэчы ў Глыбокім сяброў мясцовага СБП з прадстаўнікамі Пастаўскай арганізацыі «За Беларусь» Міколам Асіненкам і Валянцінам Лагунёнкам было дамоўлена пра аб'яднаньне абедзьвюх арганізацый. Быў прыняты супольны назоў Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае-Паставы).

Сьпіс сяброў Глыбоцкай групы СБП: Васіль Мядзелец (кіраўнік), Антон Фурс (сакратар), Аляксандар Юршэвіч, Леў Бялевіч, Цярэнці Еўдакімаў, Марыя Бабіч, Іван Бабіч (няма ў жывых), Людміла Краснадубская, Алена Барсук (няма ў жывых), Ларыса Барсук, Тамара Лагун (Барсук), Алег Табола, Гардзей Кліманскі, Віктар Дылевіч, Альбэрт Бацяноўскі, Мікалай Пачопка (няма ў жывых), Пётра Сьпірковіч (няма ў жывых), Мікола Конан, Лявон Казак, Віктар Бабіч (няма ў жывых), Леанід Баговіч, Лідзія Несьцяровіч, Станіслаў Савік, Юстын Протас (няма ў жывых), Міхал Шуман (няма ў жывых), Павал Шуман (няма ў жывых).

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997.

Алег Гардзіенка @

Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае-Паставы) / СБП (Глыбокае-Паставы), падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя, якая была заснаваная ў Глыбокім увосень 1945; увесну 1946 да яе далучылася суполка з Паставаў. Глыбоцкая суполка мела назоў Саюз Беларускіх Патрыётаў, а Пастаўская суполка - назву «За Беларусь».

Абедзьве арганізацыі існавалі цалкам самастойна. Увесну 1946 Глыбокае наведалі старшыня Пастаўскай групы Мікола Асіненка разам з Валянцінам Лагунёнкам, дзе сустрэліся з актывам мясцовай арганізацыі. На сустрэчы было дамоўлена пра аб'яднаньне абедзьвюх групаў і наданьне новаўтворанай арганізацыі назову Саюз Беларускіх Патрыётаў. Глыбоцкая і Пастаўская суполкі засталіся самастойнымі, кіраўніцтва ажыцьцяўлялі Васіль Мядзелец і Мікола Асіненка. Агульнага кіруючага органу ў аб'яднанай арганізацыі не было. Дамоўлена толькі пра неабходнасьць пэрыядычных сустрэчаў у Глыбокім і ў Паставах, дзе будуць узгадняцца дзеяньні суполак. Пастаўчане перанялі тэкст прысягі. Дзеяньні Пастаўскай і Глыбоцкай суполак засталіся незалежныя.

Увесну 1946 адбыўся выпуск трэцяга курсу пэднавучальняў і некаторыя сябры СБП трапілі на працу ў школы. А ўжо ў лютым 1947 СБП быў разгромлены органамі МГБ. Гэтаму папярэднічала тое, што ў давер да сябраў Пастаўскай групы ўвайшоў Алег Стахоўскі, афіцэр МГБ, які выдаваў сябе за ўдзельніка нейкай антысавецкай арганізацыі, падштурхоўваў да актыўных дзеяньняў, тэрарызму. Ён карыстаўся поўным даверам Міколы Асіненкі і Валянціна Лагунёнка. Магчыма, апроч А.Стахоўскага ў СБП былі іншыя правакатары, бо, паводле словаў Алесі Ўмпіровіч, пра існаваньне арганізацыі ў Паставах «ведала ўся кляса» [1, 102]. У лютым 1947 МГБ правяла арышты сябраў СБП. 8 лютага былі арыштаваныя Васіль Мядзелец, Антон Фурс. Потым арышты пашырыліся: забіралі вучняў школаў проста на ўроках, арыштоўвалі настаўнікаў-сябраў СБП, МГБ нават праводзіла «апэрацыі» па захопе ўдзельнікаў СБП (Алесі Ўмпіровіч, Янкі і Марыі Бабічаў). Пад час допытаў арыштаваных катавалі.

Большасьці сяброў СБП пагражалі пакараньні паводле арт. 63 ч. I і арт. 76 Крымінальнага Кодэксу БССР. Адбыліся два судовыя працэсы:
- у Менску 16-20.06.1947 былі асуджаныя 34(?) сябры СБП. Васіль Мядзелец, Антон Фурс, Мікола Асіненка былі прысуджаныя да найвышэйшае меры пакараньня - расстрэлу. Але ў сувязі з тым, што ўказам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 20.05.1947 сьмяротнае пакараньне было адмененае, вышэйадзначаныя сябры СБП атрымалі па 25 год пазбаўленьня волі. Мікола Дзеравянка, які не належаў да СБП, быў вызвалены з залі суду з-за недаказанасьці віны.
- у Полацку 11-12.11.1947 былі асуджаныя Леанід Казак, Пётра Сьпірковіч, Марыя і Іван Бабічы, Алена і Ларыса Барсукі.

Па-за гэтымі судовымі працэсамі ў 1948 у Полацку былі асуджаныя: Мікола Конан і Стась Савік (разам) ды Алеся Ўмпіровіч. Акрамя таго, двое бацькоў - Лявон Умпіровіч і Ганна Бабіч - былі асуджаныя на 10 і 6 год адпаведна за неданясеньне на сваіх дзяцей-«ворагаў народу». Лявон Умпіровіч памёр у менскай турме. Пазьбег пакараньня Віктар Дылевіч, сябра Глыбоцкай групы СБП. Ён здолеў выехаць у Польшчу.

Сябры СБП адбывалі свае тэрміны ў сталінскіх канцэнтрацыйных лягерох у розных куткох СССР. У 1955-1956, пад час «хрушчоўскай адлігі», усе яны былі вызваленыя. Але па вяртаньні ў Беларусь адчувалі ўціск з боку савецкіх уладаў, жылі з кляймом «нядобранадзейных», некаторыя з гэтых прычын вымушаныя былі пакінуць межы Беларусі. У пачатку 90-х пачалася індывідуальная рэабілітацыя сябраў СБП.

Тэрміны пакараньня сяброў СБП

Глыбоцкая група: Васіль Мядзелец - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Антон Фурс - 25 год; Алесь Юршэвіч - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Цярэнці Еўдакімаў - 25 год; Леў Бялевіч - 10 год; Іван Бабіч - 25 год; Марыя Бабіч - 10 год; Людміла Краснадубская - 10 год; Алена Барсук - 10 год; Ларыса Барсук - 10 год; Тамара Лагун (Барсук) - 3 гады; Алег Табола - 10 год; Гардзей Кліманскі - 10 год; Мікола Пачопка - 10 год; Альбэрт Бацяноўскі - 10 год; Пётра Сьпірковіч - 10 год; Мікола Конан - 10 год; Леанід Казак - 10 год; Віктар Бабіч - 10 год; Лідзія Несьцяровіч - 10 год; Юстын Протас - 10 год; Стась Савік - 10 год; Леанід Баговіч - ?; Міхал Шуман - ?; Павал Шуман - ?.

Пастаўская група: Мікола Асіненка - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Алесь Адамовіч - 10 год; Валянцін Лагунёнак - сьмяротнае пакараньне, замененае на 25 год зьняволеньня; Алеся Ўмпіровіч - 25 год; Віктар Стахоўскі - 10 год; Янка Рымдзёнак - 10 год; Уладзімір Лысёнак - 10 год; Ніна Асіненка - 10 год; Алесь Амельляновіч - 10 год; Іван Бароўка - 10 год; Ангеліна Бароўка - 10 год; Аляксандар Дзікі - 10 год; Сямён Касарэўскі - 10 год; Павал Лапушынскі - 10 год; Алена Мацук - 10 год; Яўген Сідаровіч - 10 год; Мікола Церашкевіч - 10 год; Міхал Дзеравянка - вызвалены з залі суду.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997; 2. Бялевіч Л. І сорам, і крыўда, і спадзяванне // Наша слова. 1992, № 23; 3. Умпіровіч А. Памяць - незагойная рана // Наша слова. 1992, № 16; 4. Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына 1997, № 1; 5. Фурс А. Усё яшчэ значымся ворагамі народу // Наша слова. 1992, № 16; 6. Фурс А. Мы заўсёды лічылі сябе беларусамі (успаміны ўдзельніка СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995, № 41-44; 7. Фурс А. З кнігі ўспамінаў «Гарт»: да крыўднага мала зрабіў для Радзімы (урыўкі з успамінаў) // Народная воля. 23.01.1998; 8. Чарняўскі М. Што такое СБП? Хто такі Расціслаў Лапіцкі? // Народная воля. 05.06.1997.

Алег Гардзіенка @

Саюз Вызваленьня Беларусі (СВБ), падпольная моладзевая антысавецкая арганізацыя ў Наваградку ў 1946-1947. Створаны ў лістападзе 1946 зь ініцыятывы сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака. Быў створаны аргкамітэт, падрыхтаваная праграма, былі прызначаныя ўпаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч («Дубовы»), а фінансавы - Кастусь Рамановіч («Сокал»). Галоўнай мэтай СВБ было «аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы». Асноўным мэтадам барацьбы СВБ была антысавецкая агітацыя, але й не выключаўся ўзброены супраціў. СВБ быў разьбіты на «тройкі». Аднак сыстэма кансьпірацыі была ненадзейная. Напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэньняў кіраўніцтва арганізацыі, якія пасьля трапілі ў рукі МГБ.

У канцы траўня 1947 сьледчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобласьці было арыштавана 18 сябраў СВБ, выдадзеных правакатарам. 31.08.1947 Ваенны трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці прысудзіў удзельнікаў СВБ да зьняволеньня на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлягероў. Вядомыя наступныя прозьвішчы 15 удзельнікаў наваградзкага патрыятычнага падпольля «Саюз Вызваленьня Беларусі», якія былі засуджаны па гэтай справе савецкім ваенным трыбуналам у Баранавічах 29-31.08.1947: Генадзь Казак, Міхась Кожыч, Міхась Капціловіч, Самсон Пярловіч, Кастусь Рамановіч, Аляксандар Ляпешка, Аляксандар Усюкевіч, Пятро Дземянчук, Іван Макар, Міхась Мазан, Яўген Лішко, Анань Родзевіч, Сафрон Стома, Віталь Губарэвіч, Адам Шабоцька.

Актыўны ўдзел у згаданым падпольлі прымаў і Алесь Бажко, але ён ня быў арыштаваны і засуджаны, а ў далейшым выступаў як публіцыст, які змагаўся з нацыяналізмам.

Літ.: 1. Енка І. Злачынцы ці героі? // Пагоня (Горадня). № 7, 11-24.09.1992; 2. Клыкоўская Ц. Жыццё за імгненні: да 50-годдзя Саюзу Вызвалення Беларусі // Беларуская маладзёжная. № 2 (69), студзень 1996; 3. Рамановіч К. «Мы стварылі Саюз Вызвалення Беларусі» // Навіны. № 105, 02.10.1998; 4. Валахановіч І. Барацьба вакол ідэі «беларускай незалежнай дзяржавы» (другая палова 40-х - пачатак 50-х гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1999, № 1. С. 58-62.

Сяргей Ёрш @

Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі (СЗНБ), падпольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ў 1946-1949. Заснаваны ў 1946 зь ініцыятывы камандзіра беларускага партызанскага аддзелу Івана Раманчука («Ястраб»). Дзейнічала ў некаторых раёнах Заходняй Беларусі, у тым ліку ў Горадні, у Нясьвіскім, Клецкім і Стаўпецкім раёнах. Устаноўчы сход прайшоў у 1946 на хутары Саская Ліпа (Нясьвіскі раён), на ім прысутнічала 6 чалавек - сярод іх былі студэнты Гарадзенскага пэдінстытуту. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сілаў, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону незалежнасьці Бацькаўшчыны. Арганізацыя павінна была сваімі структурамі ахапіць усю Беларусь і чакаць адпаведнага часу для актыўных дзеяньняў.

Паводле праграмы СЗНБ прадугледжваўся роспуск калгасаў, зямля павінна была перадавацца сялянам. Была выпушчаная й распаўсюджаная антысавецкая ўлётка. СЗНБ будаваўся зь «пяцёрак», склад кожнай зь іх ведаў толькі кіраўнік гэтага зьвяна. Дзякуючы кансьпірацыі частка структур СЗНБ не была раскрытая. Некаторыя сябры арганізацыі знаходзіліся на нелегальным становішчы (І.Раманчук, Міхась Кожыч). Спроба арганізацыі суполкі СЗНБ у Менску скончылася правалам. Напачатку 1949 органамі савецкай дзяржбясьпекі было арыштаванае кіраўніцтва арганізацыі. У траўні (або летам) 1949 быў захоплены чэкістамі паранены ў баі Іван Раманчук - кіраўнік СЗНБ. Ваенным трыбуналам войскаў МВД Беларускай Вайсковай Акругі на працэсе 15-17.06.1949 за «здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» 17 сяброў СЗНБ былі засуджаныя на розныя тэрміны зьняволеньня. Ёсьць зьвесткі, што па справе СЗНБ праходзілі й іншыя людзі, якія да арганізацыі ня мелі ніякага дачыненьня.

Кр.: 1. Успаміны Ў.Кісяля (архіў аўтара).

Літ.: 2. Кісель У. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі // Пагоня. 17.03.1998.

Сяргей Ёрш @

Украінскі партызанскі рух на беларускім Палесьсі. Дзейнасьць украінскіх палітычных арганізацыяў і вайсковых фармаваньняў пад час другой сусьветнай вайны і ў другой палове 1940-х - пач. 1950-х на беларускім Палесьсі была абумоўлена тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі ўкраінскіх нацыяналістаў. Яны ўважалі беларускае Палесьсе за ўкраінскую тэрыторыю, якую, паводле іх канцэпцыі, засяляў украінскі народ, і таму ўкраінскія фармацыі лічылі сваім абавязкам абараняць яго ад акупанцкага тэрору. Акрамя таго, пад час нямецкай акупацыі беларускае Палесьсе было ўключана ў райхскамісарыят «Украіна», што таксама спрыяла дзейнасьці ўкраінскага нацыянальнага руху на беларускіх тэрыторыях.

У беларускай гістарыяграфіі праблема дзейнасьці ўкраінскіх фармацыяў на тэрыторыі Беларусі пачала вывучацца на пачатку 1990-х. Найбольш аб'ектыўнымі выглядаюць дасьледаваньні гісторыка Ўладзіміра Гуленкі, які, абапіраючыся на архіўныя крыніцы ў Беларусі й на сучасную ўкраінскую гістарыяграфію, у шэрагу публікацый у пэрыядычным друку й энцыкляпэдычных выданьнях паспрабаваў акрэсьліць прычыны ўзьнікненьня ўкраінскага руху на беларускім Палесьсі, апісаў ягоную дзейнасьць, прааналізаваў колькасьць і склад яго ўдзельнікаў. Юры Шаўцоў у шэрагу публікацый разглядаў тэму ўдзелу беларусаў-палешукоў у антысавецкай барацьбе УПА, адзначаў ступень уплыву гэтага вайсковага супрацоўніцтва на самасьвядомасьць жыхароў заходнебеларускага Палесься. Аднак апошнім часам новая афіцыёзная беларуская гістарыяграфія зноў пачала спрошчана-нэгатыўна ацэньваць дзейнасьць украінскіх арганізацый і партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, называючы аддзелы ОУН-УПА «бандыцкімі фарміраваннямі» [8, 262]. Украінская гістарыяграфія, як эміграцыйная, так і ўва Ўкраіне, шмат увагі надае вывучэньню дзейнасьці ОУН, УПА, Палескай Сечы на беларускім Палесьсі. Гісторыкамі дасьледуецца дзейнасьць легальных і нелегальных украінскіх арганізацый, партызанскага руху, выдаюцца зборнікі дакумэнтаў, успамінаў.

Украінскі рух пад час другой сусьветнай вайны быў неаднародны, аднак на Палесьсі найбольшы ўплыў мелі прыхільнікі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі - арганізацыя Ўкраінскае Нацыянальнае Адраджэньне (з 1940 - Палеская Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі (ПС УПА)). Прэзыдэнт УНР А.Лявіцкі жыў у Польшчы й адтуль кіраваў дзейнасьцю ПС УПА, якой непасрэдна камандаваў атаман Тарас Бульба (Баравец). У 1941-1942 ПС УПА фактычна была адзінай украінскай вайсковай сілай на Палесьсі. Яе аддзелы дзейнічалі й на беларускім Палесьсі, супрацоўнічаючы зь Беларускай Самаабаронай, а пасьля - зь Беларускай Народнай Партызанкай. ПС УПА з 1941 налічвала больш за 10 тысячаў байцоў, але ў 1942, у сувязі з адыходам у падпольле й рэарганізацыяй, УПА ат. Т.Бульба скарацілася да некалькіх тысячаў чалавек.

Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Бандэры й Мельніка актыўна пачалі дзеяць на беларускім Палесьсі толькі зь лета 1942. Аунаўцы арганізоўвалі ў гэтым рэгіёне партызанскія групы й падпольныя структуры, а ў кастрычніку 1942 у Кобрынскім раёне прыхільнікі ОУН-Бандэры стварылі першы партызанскі аддзел сваёй Украінскай Паўстанчай Арміі. У выніку барацьбы за ўплыў на Палесьсі й Валыні паміж украінскімі групамі на працягу 1942-1944 перамагла ОУН-Бандэры і створаная ёю УПА.

Паводле падлікаў беларускіх гісторыкаў, на тэрыторыі Беларусі пад час другой сусьветнай вайны дзейнічала 12 тысяч чалавек - сябраў ОУН. У 1944 у Берасьцейскай, Пінскай і Палескай абласьцях падпольныя структуры Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў і партызанскія аддзелы УПА разгарнулі антысавецкую барацьбу. Паводле падлікаў У.Гуленкі, у Берасьцейскай вобласьці напрыканцы 1944 дзейнічала 120 невялікіх аддзелаў ОУН-УПА (па 7-10 чалавек у кожным), у Пінскай вобласьці - 114 аддзелаў (ад 25 да 500 чалавек у кожным). У 1944-1946 украінскае падпольле й партызанка ў Беларусі зьдзейсьнілі 2.384 дывэрсійныя і тэрарыстычныя акты, у выніку чаго загінула 1.012 чалавек. У гэты-ж пэрыяд органы МГБ і МВД правялі шэраг апэрацый, у тым ліку і «чэкісцка-вайсковых», накіраваных на ліквідацыю ўкраінскага руху супраціву. Да чэрвеня 1946 у БССР было ліквідавана 23 украінскія арганізацыі й партызанскія аддзелы.

У 1946 паводле рашэньня Ўкраінскай Галоўнай Вызвольнай Рады й Галоўнага Вайсковага Штабу распачалася дэмабілізацыя аддзелаў УПА. Да 1949 украінскі рух супраціву перайшоў ад адкрытай партызанскай барацьбы да збройнага падпольля. Апошняя ўкраінская партызанская група Івана Сікоры была ліквідавана на пачатку 1952 у Іванаўскім раёне.

Украінская Паўстанчая Армія супрацоўнічала зь беларускім партызанскім рухам. Некаторыя аддзелы УПА пад час сваіх рэйдаў даходзілі да Наваградка, удзельнічалі ў сумесных беларуска-ўкраінскіх партызанскіх акцыях. Аднак невядома, ці ўзьнімала кіраўніцтва беларускага і ўкраінскага партызанскага рухаў тэрытарыяльныя пытаньні, ці яны пакінулі іх вырашэньне на пасьляваенны час.

Літ.: 1. Гуленка У. «Акаўцы», «бульбаўцы», «аунаўцы» Ці былі ў Беларусі антыфашысцкія і адначасова антысавецкія партызанскія фарміраванні? // Звязда, 20, 21, 22.02.1991; 2. Гуленка У. Партызанскі рух: спроба неідэалізаванага аналізу альбо некалькі пытанняў сабе // Звязда, 07.08.1991; 3. Гуленко В. Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет // Свободные новости. № 5 (28), сакавік 1992; 4. Шаўцоў Ю. Людзі зь лесу // Пагоня. 15.05.1992; 5. Гуралюк Ю. Невядомая палеская вайна // Свабода. № 19, травень 1994; 6. Т.Бульба-Боровець. Армія без держави. Львів, 1993; 7. Баган О. Націоналізм і націоналістичний рух. Дрогобич, 1994; 8. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. Мн., 1998.

Сяргей Ёрш @

Украінская Народна-Рэвалюцыйная Армія (УНРА), партызанская арганізацыя, утвораная ў выніку перайменаваньня Ўкраінскай Паўстанчай Арміі ат. Тараса Бульбы (Бараўца) у ліпені 1943.

Палеская Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі была ўтворана атаманам Тарасам Бульбам (Бараўцом, адсюль і распаўсюджаны назоў удзельнікаў Палескай Сечы - «бульбаўцы») у 1940 на Палесьсі, на аснове падпольных структур арганізацыі «Украінскае Нацыянальнае Адраджэньне». З пачаткам нямецка-савецкай вайны ПС УПА выходзіць з падпольля й праводзіць збройныя акцыі супраць Чырвонай Арміі й войскаў НКВД. Цэнтар ПС УПА знаходзіўся ў г. Сарны. Атаман Бульба абвясьціў сябе галоўнакамандуючым УПА, а абавязкі камандзіра ПС УПА выконваў палкоўнік Дзячэнка, а пасьля ягонага выезду ў Польшчу - падпалкоўнік Смародзкі. У 1941 была абвешчана палітычная праграма арміі, у якой заяўлялася пра «непрыналежнасьць УПА да палітычных партый, бо яна дзейнічае й падлягае толькі законам улады Ўкраінскай Дзяржавы».

У жніўні 1941 ПС УПА сумесна зь Беларускай Самаабаронай (БСА) правяла антыбальшавіцкую вайсковую апэрацыю на Палесьсі, выцясьняючы з акругаў савецкія партызанскія аддзелы і акружэнцаў Чырвонай Арміі.

Атаман Тарас Бульба ўтварыў т.зв. «Олеўскую рэспубліку» з цэнтрам у м. Олеўск. Фармаваліся органы ўлады, арганізоўвалася рэлігійнае й культурнае жыцьцё, выходзілі газэты, адкрываліся школы. ПС УПА знаходзілася пад палітычным кіраўніцтвам Ураду Ўкраінскай Народнай Рэспублікі на выгнаньні. Восеньню 1941, пасьля таго як абвастрыліся дачыненьні зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, урад УНР прыняў рашэньне аб прыпыненьні існаваньня «рэспублікі» й пераходу ПС УПА ў падпольле. 15.11.1941 ПС УПА была самаліквідавана, зброя схавана, а людзі распушчаны па хатах.

На пачатку 1942, пасьля сустрэчы ат. Бульбы з прэзыдэнтам УНР А.Лявіцкім, была адноўлена ПС УПА, як «Украінская Паўстанчая Армія», штаб якой знаходзіўся ў Людвіпольскім раёне. УПА была рэарганізавана. Была прынята тактыка, у адпаведнасьці зь якой УПА адмаўлялася ад усеагульнага паўстаньня, а пераходзіла да дзеяньня «лятучымі брыгадамі» (вясной 1942 іх было 5). У той час, калі ОУН-Бандэры (у адсутнасьць С.Бандэры ёю кіраваў М.Лебедзь) адмаўлялася ад партызанскай дзейнасьці, «лятучыя брыгады» ат. Тараса Бульбы распачалі акцыі супраць нямецкіх войскаў на камунікацыях і ў ваенна-стратэгічных пунктах.

Восеньню 1942 кіраўніцтва УПА ат. Т.Бульбы праводзіла перамовы з кіраўніцтвам савецкага дывэрсійнага аддзелу палкоўніка Мядзьведзева, а таксама з прадстаўнікамі нямецкіх акупацыйных уладаў і польскіх партызанаў. Аднак яны закончыліся безвынікова. Летам 1942 ОУН-Бандэры й ОУН-Мельніка пачалі праводзіць на Палесьсі вайсковае шкаленьне сваіх сябраў, а ў кастрычніку 1942 С.Качынскім («Астап») на Кобрыншчыне быў арганізаваны першы аддзел бандэраўскай Украінскай Паўстанчай Арміі. Такім чынам, на Палесьсі нейкі час паралельна дзейнічалі дзьве УПА. Пачынаючы зь лютага 1943 вайсковыя аддзелы ОУН-Бандэры, як больш шматлікія й моцныя, здолелі падначаліць сабе партызанскія аддзелы ОУН-Мельніка. Распачаліся перамовы паміж УПА-Бульбы і УПА-Бандэры, якія закончыліся ў траўні 1943 безвынікова. У ліпені 1943 ат. Бульба перайменаваў сваю УПА ў «Украінскую Народна-Рэвалюцыйную Армію».

Частка УПА ат. Бульбы была сілаю ўключаная ў склад УПА-Бандэры, іншая пад назовам «Украінская Народна-Рэвалюцыйная Армія» па-ранейшаму знаходзілася пад палітычным кіраўніцтвам прэзыдэнта УНР А.Лявіцкага. У адпаведнасьці з наяўнай сытуацыяй кіраўніцтва УНРА зьмяншала склад арміі й пераводзіла свае структуры ў глыбокае падпольле, чакаючы прыходу Чырвонай Арміі, каб тады распачаць узброеную барацьбу. УПА-Бандэры, наадварот, павялічвала свае аддзелы й кантралявала на Палесьсі й Валыні цэлыя раёны. УПА-Бандэры пачала рабіць напады на аддзелы УНРА, пры гэтым палонныя «бульбаўцы» расстрэльваліся. У такіх умовах прэзыдэнт А.Лявіцкі забараніў адказваць на гэтыя правакацыі, каб не распальваць братазабойчай вайны й захаваць украінскія вайсковыя сілы перад пагрозай зьмены акупацыі.

У кастрычніку 1943 кіраўніцтва УНРА выдала «Адкрыты ліст» да сябраў ОУН-Бандэры, у якім выкрывала «антыўкраінскую палітыку», жорсткасьць і неразуменьне існуючай сытуацыі, створанай аунаўцамі УПА. У адказ УПА робіць напад на штаб УНРА, захоплівае шмат яе сябраў у палон. УНРА не праводзіла вайсковых акцый у адказ, а адышла ў бок р. Случ. Аддзелы ат. Бульбы вялі цяжкія баі з савецкімі партызанамі, а таксама мелі сутычкі з УПА.

У лістападзе 1943 кіраўніцтва УНРА вырашыла накіраваць нямецкім акупацыйным уладам мэмарандум, у якім немцам прапаноўвалася заключыць тайны мір, каб эвакуяваць цывільнае насельніцтва з Палесься ў Польшчу і Аўстрыю, а таксама вызваліць з канцлягера С.Бандэру, які мог бы стварыць на Ўкраіне адзіную УПА, якая б распачала барацьбу з савецкай уладай. Дэлегацыю ачоліў атаман Тарас Бульба, які выехаў у Роўна, а пасьля ў Бэрлін. Аднак 01.12.1943 сябры дэлегацыі былі арыштаваныя й апынуліся ў канцлягеры Заксэнхаўзэн.

УНРА з 1944 распачала антысавецкую партызанскую вайну.

Літ.: 1. Шаўцоў Ю. Людзі зь лесу // Пагоня. 15.05.1992; 2. Гуралюк Ю. Невядомая палеская вайна // Свабода. № 19, травень 1994; 3. Гуленка У. Партызанскі рух: спроба неідэалізаванага аналізу апьбо некалькі пытанняў сабе // Звязда. 07.08.1991; 4. Гуленко В. Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет // Свободные новости. № 5 (28), сакавік 1992; 5. Гуленка У. «Акаўцы», «бульбаўцы», «аунаўцы» Ці былі ў Беларусі антыфашысцкія і адначасова антысавецкія партызанскія фарміраванні або арганізацыі? // Звязда. 21.02.1991; 6. Баган О. Націоналізм і націоналістичний рух. Дрогобич, 1994. С. 143; 7. Грицак Я. Нарис історії України. Формування модерної україньскої нації XIX-XX століття. Київ, 1996. С. 244; 8. Т.Бульба-Боровець. Армія без держави. Львів, 1993; 9. Леонюк В. Словник Берестейщини. Львів, 1996. С. 74-75, 247.

Сяргей Ёрш @

Украінская паўстанчая армія - Поўнач (УПА-Поўнач), тэрытарыяльная група УПА, створаная ОУН-Бандэры. Арганізаваная ў 1943. Складалася з трох вайсковых акруг: «Турів» (Валынская вобласьць і заходняя Берасьцейшчына; камандзір - маёр Руды (Ю.Сьцельмашчук), «Заграва» (Ровенская вобласьць і ўсходняя Берасьцейшчына) і «Волинь» (паўднёвыя раёны Ровенскай вобласьці й паўночныя раёны Цярнопальскай вобласьці). Камандзірамі УПА-Поўнач былі: В.Сідзір, Д.Клячкіўскі («Клім Савур») і М.Мядзьведзь («Карповіч-Крамянецкі»). Апэратыўным аддзелам штабу УПА-Поўнач камандаваў у 1942-1944 палкоўнік М.Амелюсік.

У 1943 УПА-Поўнач налічвала 20 тысяч байцоў. У яе склад былі ўключаны й партызанскія аддзелы ОУН-Мельніка й некаторыя аддзелы атамана Т.Бульбы. Найбольш вядомы аддзел УПА-Поўнач - «Помста Палесься», які ў 1943-1944 актыўна дзеяў супраць акупантаў на тэрыторыі Кобрынскага, Жабінкаўскага й Антопальскага раёнаў. Увосень 1943 нямецкія войскі праводзяць вялікую карную акцыю супраць УПА-Поўнач. З 1944 УПА-Поўнач вядзе барацьбу з савецкай уладай.

У адпаведнасьці з рашэньнем Украінскай Галоўнай Вызвольнай Рады і Галоўнага Вайсковага Штабу летам 1946 пачалася дэмабілізацыя аддзелаў УПА. Летам 1946 былі расфармаваныя й пераведзеныя ў глыбокае збройнае падпольле аддзелы УПА-Поўнач.

Літ.: 1. Грицак Я. Нарис історії України. Формування модерної україньскої нації XIX-XX століття. Київ, 1996. С. 275; 2. Леонюк В. Словник Берестейщини. Львів, 1996. С. 30, 133, 246, 288, 308; 3. Боган О. Націоналізм і націоналістичний рух. Дрогобич, 1994. С. 144, 146-148.

Сяргей Ёрш @

Філістовіча група, група, якая ўтварылася пасьля 1944 зь ліку ворагаў савецкай улады і якую ачоліў у 1952 Янка Філістовіч; месьцілася ў лесе ў двух кілямэтрах ад вёскі Самалі Ільлянскага раёну Маладэчанскай вобласьці.

Напачатку складалася з чатырох чалавек: Сяргея Мікуліча, Міхася Петрусевіча, Антона Петрусевіча ды Андрэя Бялькевіча. Адразу ж пасьля зьяўленьня Янкі Філістовіча ў Паняцічах у верасьні 1951 ягоны дзядзька Пётра Самаль расказаў яму пра гэтых людзей. Але першая сустрэча Філістовіча зь імі адбылася толькі ў траўні 1952. Філістовіч бярэ кіраўніцтва групай на сябе. У ліпені таго ж году да групы далучыліся Іван Будкевіч і Ўладзімір Шыцік.

Усе ўдзельнікі групы былі прыведзеныя Філістовічам да прысягі на вернасьць БНР, які сам склаў тэкст гэтае прысягі. «Я меркаваў выкарыстаць гэтых людзей дзеля вядзеньня нацыянальнай агітацыі, падрыхтоўкі сялянаў да паўстаньня», - сьведчыў Янка Філістовіч [1, 48].

Я.Філістовіч асабіста сачыў за тым, каб удзельнікі групы не дазвалялі сабе рабаваць прыватных асобаў. За прадукты харчаваньня плаціў сам Філістовіч. Маючы патрэбу ў друкарскіх прыладах і шрыфтох, каб выпускаць уласную газэту і друкаваць адозвы, група Філістовіча зрабіла налёт на друкарню МТС у мястэчку Вязынь. Абсталяваньне было разьмешчанае ў другім лягеры групы, ува ўрочышчы Руда, у двух кілямэтрах ад вёскі Кутляны. Група пасьпела набраць і аддрукаваць газэту «Жыве Беларусь!» і ўлётку. Частку друкаванае прадукцыі пасьпелі распаўсюдзіць.

У канцы чэрвеня 1952 грошы, якія Янка Філістовіч атрымаў ад амэрыканцаў, скончыліся. Група вырашыла ўзяць іх у савецкай улады, адабраўшы грошы ў двух фінагентаў. Было ўзята 6.000 рублёў.

У ноч з 4 на 5 верасьня 1952 апэратыўна-ваенізаванай групай МГБ была праведзеная апэрацыя па ліквідацыі групы Філістовіча. У выніку Іван Будкевіч, Міхась Петрусевіч і Антон Петрусевіч былі забітыя, Андрэй Бялькевіч захоплены. Кіраўніку групы Янку Філістовічу ўдалося ўцячы і ён быў схоплены толькі 09.09.1952 у вёсцы Ярмолічы ў выніку здрады.

Літ.: 1. Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста. Мн., 1997; 2. М.Паслядовіч. Па ваўчыных сцежках: дакументальная аповесць, напісаная па расказу палкоўніка Д.М.Каленіка. Мн., 1958.

Юрась Думбляўскас @

Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху, гл. «Чайка». @

«Чайка», гэта кансьпірацыйны назоў падпольнай актысавецкай (сацыял-дэмакратычнай) беларускай патрыятычнай арганізацыі, якая існавала на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1946-1947 і кіравалася Цэнтрам Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР).

У пасьляваенныя гады, асабліва на тэрыторыях заходніх абласьцей Беларусі, савецкія ўлады ўзялі курс на здушэньне нацыянальных адметнасьцяў краю. Усе кіруючыя структуры тут былі апанаваныя чужымі антыбеларускімі элемэнтамі, якія варожа ставіліся ня толькі да беларускай культуры, мовы, гісторыі, але і да самога народу. Сыпаліся абвінавачаньні ў перабываньні пад нямецкай акупацыяй, за што, маўляў, гэты народ не заслугоўваў даверу новага рэжыму, хоць і панёс такія агромністыя страты. Адначасова з уласьцівай бальшавікам «зачысткай» органамі НКВД вёсак і гарадоў, шквалам хлусьлівай прапаганды і запалохваньнем, вялася шырока сплянаваная кампанія русіфікацыі і вульгарызацыі краю, вынішчаліся нацыянальныя сьвятыні.

Усё гэта не магло ня выклікаць абурэньня сярод сьвядомай беларускай інтэлігенцыі і моладзі. У пачатку 1946 у асяродку настаўніцтва і моладзі Слонімшчыны ўзьнікла ідэя арганізаванага супраціву імпэрскаму гвалту. З гэтай мэтай у пачатку траўня 1946 у Слоніме быў праведзены ўстаноўчы сход, на якім было прынятае рашэньне стварыць падпольную беларускую сацыял-дэмакратычную арганізацыю з кансьпірацыйным назовам «Чайка», якая ставіла б сваёй мэтай змаганьне за нацыянальныя правы і годнасьць свайго народу, яго культуры, мовы, гісторыі і, урэшце, за свабоду і незалежнасьць Беларусі. Арганізацыя не плянавала займацца тэрорам, а індывідуальнай працай будзіць сьвядомасьць беларусаў. Была прынятая праграма дзейнасьці, асновы кансьпірацыі і абранае кіраўніцтва. У сходзе ўдзельнічалі Васіль Супрун (які быў абраны кіраўніком), Міхась Ракевіч, Міхась Чыгрын, Алесь Гардзейка, Леакадзія Кавальчук і Ніна Карач (сакратар). У сувязі зь няяўкай Карач на пазьнейшыя нарады і парушэньнем кансьпірацыі, дзяўчаты былі адхіленыя ад удзелу ў падпольлі, зьмененыя яўкі.

З агульнай згоды сяброў было даручана настаўніку Глоўсевіцкай школы Васілю Супруну заснаваць патрыятычнае падпольле ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Міхасю Ракевічу - у Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён навучаўся, Міхасю Чыгрыну - ў Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе ён у той час вучыўся, і Алесю Гардзейку - сярод моладзі Слонімшчыны.

У хуткім часе патрыятычныя групы падпольля былі створаныя і ў Баранавічах (з дапамогай Уладзіміра Салаўя - студэнта настаўніцкага інстытуту), у Берасьці і ў Жыровічах.

Пасьля аб'яднаньня слонімскіх, баранавіцкіх і берасьцейскіх груповак летам 1946 году быў створаны аб'яднаны кіруючы ЦБВР, кіраўніком якога стаў Васіль Супрун, ягонымі намесьнікамі: па арганізацыйнай рабоце Аляксандар Барэйка і па вайсковай справе Міхась Ракевіч. Дарадцамі Цэнтру былі прызначаныя Міхась Агейка, Уладзімір Салавей і Мікалай Макарэвіч.

Цэнтрам была распрацаваная пашыраная праграма дзеяньня і прапанаваная так званая «колавая» сыстэма кіраваньня. Ад Цэнтру мелася адыходзіць першае кола - абласныя структуры на чале з кіраўнікамі падпольля вобласьці; вакол абласных структураў павінны былі групавацца раённыя групоўкі (другое кола), а вакол апошніх - пэрыфэрыйныя групы (трэйцяе кола). Пры гэтым распрацоўваліся і іншыя прыёмы, у тым ліку і схемы кансэрвацыі структураў на адпаведным этапе, сыстэма справаздачаў, выкарыстоўваючы шыфроўку і афіцыйную пошту, узгадняліся інструкцыі.

Увосень 1946 Цэнтру стала вядома, што ў Наваградку існуе асобная падпольная арганізацыя Саюз Вызваленьня Беларусі (СВБ), якой кіруе нейкі Генадзь Казак, але арганізацыя недастаткова закансьпіраваная. Таму ад аб'яднаньня зь ёй было вырашана ўстрымацца, але трымаць у полі зроку. Усё ж удзельнікі баранавіцкага падпольля, ураджэнцы Наваградчыны, не змаглі не ўвайсьці ў кантакт з той структурай і ня выдаць таямніцы «Чайкі», пра што Цэнтру стала вядома ўжо ў пачатку 1947 і што было расцэненае як магчымы правал.

У канцы 1946 і пачатку 1947 рух праз Ганцавіцкую пэднавучальню Пінскай вобласьці перакінуўся на гэтую вобласьць і Ільлянскі раён Маладэчанскай вобласьці. Там Цэнтрам былі прызначаныя кіраўнікамі патрыятычных падпольляў адпаведна Мікалай Лескавец і Сяргей Яноўскі, якім былі перададзеныя Загад і Інструкцыя Цэнтру за подпісам Пагромаўца.

Такім чынам, патрыятычны рух за год існаваньня падпольля, нягледзячы на акупацыйны тэрор, змог распаўсюдзіцца на асобныя мясьціны Баранавіцкай, Берасьцейскай, Маладэчанскай і Пінскай абласьцей. Былі спробы заснаваць патрыятычнае падпольле ў Менску і Горадні. Але магчымасьці і сіла супрацьстаяньня акупацыйнаму рэжыму былі недастатковыя. Міжнародная сытуацыя, на якую рабіла стаўку падпольле, не спрыяла.

Падпольле было разгромленае карнымі савецкімі органамі. Арышты працягваліся з чэрвеня да паловы жніўня 1947. У першую чаргу быў разгромлены ЦБВР. Нераскрытымі і неарыштаванымі засталіся толькі асобныя групы трэцяга кола, у тым ліку на Слонімшчыне - настаўніцкая (кіраўнік Іван Хомчык), якія без агульнага кіраўніцтва спынілі дзейнасьць.

Усіх арыштаваных абвінавацілі ў здрадзе СССР і антысавецкай агітацыі, у падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супроць Савецкага Саюзу з мэтай аддзяленьня Беларусі ад СССР. Хоць ні пры арыштах, ні ў працэсе сьледзтва зброі не было выяўлена, удзельнікаў падпольля судзілі ваенныя трыбуналы войскаў МУС 16-18.10.1947 у Баранавічах - 18 асобаў, а 21.11.1947 у Менску - 4 асобы. Усе праходзілі па артыкулах 63-I і 76 КК БССР і былі асуджаныя да 25 і 10 гадоў няволі з пазьнейшым пазбаўленьнем правоўна 5 і 3 гадоў.

Вось прозьвішчы асуджаных трыбуналамі ўдзельнікаў падпольля:
1. Агейка Міхась
2. Альшэўскі Кастусь
3. Барэйка Аляксандар
4. Гардзейка Аляксандар
5. Грынь Уладзімір
6. Ждановіч Мікалай
7. Жукоўскі Аляксандар
8. Кабак Антон
9. Кавальчук Леакадзія
10. Казак Генадзь
11. Кернога Мікалай
12. Краскоўскі Вячаслаў
13. Лазіцкі Іван
14. Лазоўскі Іван
15. Лях Лявон
16. Макарэвіч Мікалай
17. Маныла Іван
18. Ракевіч Міхась
19. Супрун Васіль
20. Чыгрын Міхась
21. Шапавал Аляксандар
22. Яноўскі Сяргей

Акрамя таго, па справе «Чайкі» праходзілі Ўладзімір Салавей (які ад арыштаў хаваўся), Лескавец Мікалай, Разумовіч Уладзімір і магчыма, Карач Ніна, але іх судзілі асобна.

Васіль Супрун @

«Чорны Кот», беларуская антысавецкая партызанская арганізацыя. Паводле некаторых звестак, «Чорны Кот» быў арганізаваны ў 1944 (А.Міхальчанка называе іншую дату - 1945, месца ўтварэньня - Налібоцкая пушча), аднак найбольш актыўна «Чорны Кот» дзейнічаў у 1948-1950-х пад кіраўніцтвам генэрала Міхала Вітушкі («Лось»). У некаторых крыніцах паведамляецца, што назоў «Чорны Кот» («Чорная Кошка») меў адзін з партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі, або нават аддзел «Дальвіцу», які дэсантаваўся ў Беларусі 17.11.1944. У іншых крыніцах «Чорны Кот» - гэта злучэньне партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі.

«Чорны Кот» (Беларуская Вызвольная Армія) складалася з рэгулярных партызанскіх аддзелаў і ўдзельнікаў збройнага падпольля («ударнікаў»), якія легальна працавалі ў калгасах, на сваіх гаспадарках, на прадпрыемствах і ўва ўстановах, але бралі ўдзел у акцыях. На чале «Чорнага Ката» стаяў Галоўны Штаб, якім камандаваў генэрал Міхал Вітушка і ягоныя намесьнікі: Ахрэм і Шукайловіч. М.Вітушка быў таксама старшынём ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, канцэнтруючы ў сваіх рукох, такім чынам, вайсковае й палітычнае кіраўніцтва Нацыянальным Супрацівам. У складзе «Чорнага Ката» былі ня толькі беларускія аддзелы, але й летувіскія, латыскія, нямецкія («Вэрвольф», «Цэпэлін», «Эдэльвайс») і ўкраінскія, якія пераважна дзейнічалі ў заходняй і паўночнай Беларусі, а таксама ў Прыбалтыцы.

«Чорны Кот» праводзіў акцыі на чыгунцы, рабіў напады на савецкія склады й гарнізоны, на вёскі й мястэчкі, вызваляў вязьняў з турмаў і канцлягероў. Рабіліся напады на банкі з мэтай здабыцьця сродкаў, неабходных для забясьпечаньня падпольнай й партызанскай дзейнасьці. Баявікі «Чорнага Ката» зьдзяйсьнялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў савецкай улады, сябраў камуністычнай партыі, супрацоўнікаў МВД і МГБ (КГБ). Паводле некаторых зьвестак, існаваў плян замаху на І.Сталіна ў кастрычніку 1948. Меркавалася, што гэта будзе супольная з УПА акцыя. Частку зброі, боепрыпасаў, радыёапаратуру, амуніцыю «Чорны Кот» атрымоўваў праз Польшчу зь Вялікабрытаніі пры дапамозе тамтэйшых спэцслужбаў. «Чорным Катом» праводзілася й вялікая прапагандовая праца: выдаваліся дзясяткі газэтаў, часапісаў, плякатаў, адозваў і абвестак, якія пашыраліся ня толькі сярод партызанаў, але й сярод насельніцтва.

У эміграцыйных крыніцах ёсьць зьвесткі, што «Чорны Кот» працягваў сваю актыўную баявую дзейнасьць да 1950. Аднак і ў пазьнейшыя гады ад імя гэтай арганізацыі праводзіліся акцыі, скіраваныя супраць савецкіх уладаў. Аднак гэта была ўжо хутчэй дзейнасьць узброенага падпольля, чымся партызанкі. Магчыма, што кіраўніцтва «Чорнага Ката», падобна камандаваньню УПА, перавяла свае структуры са стану ўзброенай партызанскай вайны да стану ўзброенага падпольля. Наколькі была эфэктыўнай і колькі працягвалася барацьба «Чорнага Ката» ў новых умовах - невядома. Аднак яшчэ напрыканцы 1950-х у БССР існавалі падпольныя групы, якія пазьней перабраліся на Захад, у Польшчу, або засталіся на Бацькаўшчыне, так і ня выкрытыя савецкай дзяржбясьпекай. Падобна, што на Захадзе апынуўся й генэрал Міхал Вітушка.

Бібл.: 1. Стары Жаўнер (Юрка Віцьбіч). Партызаны і палітыканы // Беларускае слова (Штутгарт, Зах. Нямеччына). 18.06.1949; 2. Замах беларускае «Чорнае Кошкі» на Сталіна // Беларускае слова (Штутгарт). 05.02.1949, № 3 (4); 3. Вітушка апраўдаў давер. 45000 партызанаў змагаюцца за незалежную Беларусь // Бацькаўшчына (Мюнхэн). 26.12.1948; 4. Партызанская барацьба на Беларусі нясупынна трывае // Вольнае слова (Зах. Нямеччына). 1950, № 1, студзень-люты; 5. Генэрал Вітушка змагаецца // Беларускае слова (Зах. Нямеччына). 03.05.1949, № 6 (7); 6. Вітушка шырыць змаганьне // Бацькаўшчына (Мюнхэн). 30.06.1949; 7. Сорак // Зважай (Таронта, Канада). 1984, № 2 (34), чэрвень; 8. Другая сусьветная сустрэча беларускіх вэтэранаў // Зважай (Таронта). 1984, № 4 (36), сьнежань; 9. Вір В. Маёр Беларускай Краёвай Абароны Ўсевалад Родзька // Беларускі Голас (Таронта, Канада). 1991, № 365, кастрычнік; 10. Жумарь С. Армия Крайова: свет или тени? // Рэспубліка. 28.10.1992; 11. Жумарь С. Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия. 28.08.1994; 12. Гасмюлер Д. лясы, бункеры, партызаны // Пагоня (Горадня). 1994, № 36, 37 (92, 93), 4-10.11 і 11-17.11; 13. Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. 25.11.1990; 14. Ёрш С. Чёрный Кот не басня - правда // Свободные новости. 1994, № 21, кастрычнік; 15. Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. Ню Ёрк, 1996. С. 330-335, 337.

Сяргей Ёрш ##Chapter: 3. Акцыі @

Антыпартызанская апэрацыя ў Заходняй Беларусі напрыканцы 1944, паводле загаду Л.Берыі ў Беларусь было накіравана 13 палкоў НКВД колькасьцю 6020 чалавек пад камандаваньнем генэрала дзяржбясьпекі Кабулава. Гэта была буйнамаштабная акцыя. Ужо праз два тыдні Берыя рапартаваў Сталіну, што ў заходніх абласьцях Беларусі ліквідавана 288 антысавецкіх польскіх і беларускіх арганізацый, арыштавана 5069 іх удзельнікаў, 700 «агентаў нямецкай выведкі». У баёх загінула 800 паўстанцаў, было арыштавана 1643 дэзэрціра, 48 тысяч «укланістаў» ад прызыву ў Чырвоную Армію. На Палесьсі было зьнішчана 11 групаў і аддзелаў УПА.

Літ.: 1. Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 216.

Сяргей Ёрш @

Чэкісцка-вайсковая антыпартызанская апэрацыя ў Берасьцейскай і Пінскай абласьцях з 15.01 па 20.02.1945. Пад час правядзеньня апэрацыі прачэсваліся лясы, абшукваліся гаспадаркі, правяраліся дакумэнты. У выніку праведзенай «зачысткі» савецкімі войскамі было зьнішчана 33 партызанскія аддзелы і групы, забіта 98 чалавек і арыштавана 3808. Пра ахвяры з боку Чырвонай Арміі й войскаў НКВД не паведамлялася.

Літ.: 1. Гуленко В. Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет // Свободные новости. № 5, сакавік 1992.

Сяргей Ёрш @

Бэрлінская канфэрэнцыя БНП (пачатак красавіка 1945). Адбылася нелегальна пад кіраўніцтвам страшыні ЦК БНП Усевалада Родзькі. Акрамя партыйнага актыву, у асноўным вайскоўцаў, на ёй прысутнічалі кіраўнікі Саюзу Беларускае Моладзі й Беларускае Народнае Грамады Міхась Ганько і Сяргей Сіняк (Хмара). На канфэрэнцыі абмяркоўваліся пляны далейшай антыбальшавіцкай барацьбы. Кіраўніцтва БНП меркавала перакінуць у Беларусь як мага больш збройных аддзелаў «Дальвіцу» дзеля ўзмацненьня антысавецкага партызанскага руху. Супраць гэтага выказаўся С.Хмара. Ён гаварыў, што паводле ацэнкі сытуацыі ягонай групай, вайна паміж Захадам і Савецкім Саюзам, на якую спадзяваліся незалежнікі, хутка не пачнецца. Спасылаючыся на досьвед антыпольскай партызанкі БНР 1921-1925, Хмара ўпэўніў прысутных, што партызанскі рух больш пяцёх гадоў, без дапамогі зброяй і іншым, існаваць ня зможа. Бяз сувязі з палітычным цэнтрам ён можа ператварыцца ў крымінальны бандытызм. Таму Хмара прапанаваў перакінуць вайсковы актыў на Захад.

Канфэрэнцыя, аднак, пастанавіла ініцыяваць партызанку ў Беларусі, але абмежаваць яе дзеяньне да пяцёх гадоў, калі да гэтага часу не пачнецца савецка-амэрыканскі ваенны канфлікт. На прапанову прадстаўніка Грамады незалежнікі вырашылі прыняць тактыку Беларускай Народнай Партызанкі, а менавіта: «...партызанка мае за мэту захаваньне Беларускіх Збройных Сілаў і зьбіраньне расьцярушаных збройных групаў у рамкі Партызанскіх Нацыянальных Сілаў, а ня збройныя, непатрэбныя выступы, якія зьнішчылі б гэтыя збройныя сілы перадчасна». Дзеля палітычнага кіраваньня партызанкай была створана Беларуская Вайсковая Арганізацыя (БВА). Паводле іншых зьвестак, БВА была арганізавана яшчэ ў 1944 і ўсе дэсантнікі «Дальвіцу» лічыліся яе сябрамі. Аднак лёс Беларускай Вайсковай Арганізацыі застаецца невядомым.

На канфэрэнцыі кіраўнік СБМ М.Ганько падтрымаў яе рашэньне й заявіў аб сваім далучэньні да партызанкі, каб «адкупіць свае правіны перад народам, што верыў гітлерцам».

Літ.: 1. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас (Таронта). № 232, красавік 1975; 2. Хмара С. Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада // Беларускі Голас. № 97, верасень 1962; 3. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 90.

Сяргей Ёрш @

Брытанскія дэсанты, арганізоўваліся на тэрыторыю БССР з 1946 па 1953 з мэтай збору разьведвальных зьвестак і падтрыманьня антысавецкага падпольля й партызанкі.

Пра дэсанты 1946-1949 вядома мала. Праўдападобна, частка выведнікаў у Беларусь трапляла наземным шляхам праз Польшчу. У 1950-1953 брытанскія спэцслужбы закінулі паветраным шляхам у Беларусь некалькі дывэрсійна-разьведвальных групаў эмігранцкай вайсковай арганізацыі Беларускі Вызвольны Рух. Большасьць зь іх, выканаўшы заданьне, праз Польшчу вярнулася на Захад. Вядомыя прозьвішчы двух удзельнікаў дэсантаў Аляксандра Петраша й Васіля Завадзкага.

Таксама брытанскім дэсантам быў закінуты на Палесьсе сябра БВР старшы лейтэнант Сымон Міхальчук, які ачоліў створаны ім партызанскі аддзел. 28.03.1953 у лясох каля в. Запруды на поўначы Кобрыншчыны адбыўся бой гэтага аддзелу зь сіламі МГБ. Міхальчук загінуў. Праўдападобна, іншыя сябры БВР перабраліся пазьней на Захад (або перадалі гэтую вестку праз радыёперадатчык), бо ўжо ўвосень 1953 кіраўніцтва БВР ведала пра сьмерць Міхальчука.

Дэсанты, арганізаваныя брытанскімі спэцслужбамі, былі больш пасьпяховымі, чымся падобныя акцыі амэрыканскіх спэцслужбаў. Праўдападобна, з гэтай прычыны савецкая прапаганда пра іх не ўспамінала.

Кр.: 1. Лісты да аўтара Юркі Весялкоўскага з Англіі ад 23 красавіка й 28 траўня 1996.

Бібл.: 2. Нэкралёг // Незалежная Беларусь (Лянгэфэльд, Зах. Нямеччына). № 8 (14), верасень-кастрычнік 1953; 3. Трэска В. Беларусы ў Англіі // Беларускі Голас (Таронта). № 183, травень 1970; 4. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас (Таронта). № 232, красавік 1975; 5. Жумар С. Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия. 26.08.1994.

Сяргей Ёрш @

Бой партызанскага аддзелу з аддзелам НКВД у 1945 у ваколіцах Казлоўшчыны (Гарадзеншчына). Партызаны згубілі 8 чалавек забітымі, тры трапілі ў палон. Апошнія знаходзіліся ў менскай турме. З савецкага боку таксама меліся забітыя. Партызаны захапілі зброю.

Літ.: 1. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП (Зах. Нямеччына). 1946, № 6.

Сяргей Ёрш @

Падрыў савецкага вайсковага цягніка ў 1945 каля Слоніму. Зьдзейсьнены беларускімі партызанамі. Было спалена 20 грузавікоў і зьнішчаная ахова транспарту. Колькасьць і склад удзельнікаў акцыі невядомы.

Літ.: 1. Беларускі народ церпіць і змагаецца // Бацькаўшчына 21.11.1948.

Сяргей Ёрш @

Напад на савецкі вайсковы цягнік у Крывічох каля Маладэчна ў 1945. Зьдзейсьнены беларускімі партызанамі, якія захапілі савецкую амуніцыю, але забраць усё не змаглі. Колькасьць і склад удзельнікаў акцыі невядомы.

Літ.: 1. Беларускі народ церпіць і змагаецца // Бацькаўшчына 21.11.1948.

Сяргей Ёрш @

Дывэрсія ўкраінскіх падпольшчыкаў у Пінску ў 1945. Быў узарваны клюб пад час партыйнага сходу. Колькасьць ахвяраў невядомая.

Літ.: 1. Леонюк В. Словник Берестейщини. Львів, 1996, Б. 357.

Сяргей Ёрш @

Антыпартызанская акцыя спэцаддзелу НКВД БССР у 1945 у Пінскім раёне. Аддзел НКВД, замаскаваны пад партызанаў, зьнішчыў аддзелы УПА «Трэчуна» і «Грэчка».

Літ.: 1. Гуленко В. Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет // Свободные новости. № 5, сакавік 1992.

Сяргей Ёрш @

Бой партызанаў са спэцаддзелам НКВД 18.07.1945 каля в. Новая Мыш Баранавіцкага раёну. Пад час бою загінуў палкоўнік НКВД А.Шпакаў.

Літ.: 1. Пономарёв О. Бандиты звали его Красная Шапка // Intex-press (Баранавічы). № 27 (184), 02.07.1998.

Сяргей Ёрш @

Нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху ў 1946. У сувязі зь недахопам амуніцыі, харчоў ды іншага было пастаноўлена партызанскія аддзелы расфармаваць на невялікія мясцовыя групы ад 3 да 10 чалавек. Пасьля гэтага акцыі праводзіліся толькі пад час савецкіх палітычных кампаніяў і сьвятаў, рабіліся напады толькі на невялікія аддзелы МВД.

Літ.: 1. Беларускі народ церпіць і змагаецца // Бацькаўшчына 21.11.1948.

Сяргей Ёрш @

Антыпартызанская акцыя ў Маладэчанскай вобласьці ў студзені-траўні 1946. Тэрыторыя вобласьці была падзеленая на апэратыўныя ўчасткі, куды накіроўваліся спэцгрупы НКВД і НКГБ. Усяго было зьнішчана 25 партызанскіх групаў. Пра ахвяры з боку бальшавіцкіх карных структур нічога невядома.

Літ.: 1. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. Ч. 2. Мн., 1995. С. 342.

Сяргей Ёрш @

Справаздача аб рабоце ЦК КП(Б)Б зь лета 1944 да чэрвеня 1946. У гэтым дакумэнце адзкачалася, што ў акрэсьлены пэрыяд у БССР было забіта 3035 і арыштавана 17872 партызана і ўдзельніка падпольных антысавецкіх арганізацый. Было выкрыта й арыштавана 5620 «агентаў замежных разьведвальных і контраразьведвальных органаў». Савецкія карнікі ліквідавалі 814 падпольных арганізацый і партызанскіх аддзелаў, зь іх 667 польскіх, 97 беларускіх, 23 украінскіх і 27 іншых «фашысцка-нацыяналістычных арганізацый і бандаў». Савецкія войскі захапілі пад час антыпартызанскіх апэрацый і ліквідацыі падпольля 211 мінамётаў, 193 супрацьтанкавых стрэльбаў, 3587 кулямётаў, 68377 аўтаматаў і вінтовак, 2979 пісталетаў, 36078 гранат і мінаў, 5 тонаў толу, каля 4 мільёнаў патронаў, 40 памнажальных апаратаў, 47 рацый. У справаздачы адзначалася, што на працягу 1944-1946 савецкія войскі й грамадзянская адміністрацыя згубілі 924 чалавека: 242 партыйных работнікаў і вясковых савецкіх актывістаў, 320 «істрабкоў» і агентаў дзяржбясьпекі, 362 салдата й афіцэра МВД і МГБ.

Кр.: 1. НАРБ. Ф. 4, в. 29, спр. 521, а. 28.

Сяргей Ёрш @

Антыпартызанскія апэрацыі ў БССР у 1947. Паводле дакладу наркама дзяржбясьпекі БССР Л.Цанавы ЦК КП(б)Б было цалкам ліквідавана 36 партызанскіх аддзелаў, а часткова 41 аддзел. Было выкрыта 15 падпольных беларускіх, польскіх і ўкраінскіх арганізацый у Баранавіцкай, Маладэчанскай, Берасьцейскай, Гарадзенскай і іншых абласьцях.

Кр.: 1. НА РБ. Ф. 4, в. 61, спр. 479, а. 3-4.

Сяргей Ёрш @

Нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху ў 1947. Была прынята пастанова «ашчаджаць людзей і народнае багацьце, устрымацца ад непатрэбнага дражненьня савецкіх уладаў. Партызаншчынай ня вызваліш народу ані краіны, а трэба чакаць вайны і тады дзеяць».

Літ.: 1. Бацькаўшчына. 21.11.1948.

Сяргей Ёрш @

Напад партызанскага аддзелу «Крэта» на Бабровіцкі й Марынскі сельсаветы (Юрацішкаўскі раён, цяпер - Івейскі раён Гарадзенскай вобласьці) у траўні 1947. Партызаны сарвалі чырвоныя сьцягі й вывесілі бел-чырвона-белыя. Была спалена ўся дакумэнтацыя сельсаветаў, узарваны мост на вузкакалейцы каля Бабровічаў, па якой лесанарыхтоўшчыкі вывозілі лес ў Юрацішкі.

Літ.: 1. Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. 25.11.1990.

Сяргей Ёрш @

Партызанская акцыя аддзелу Сакаловіча на пачатку 1948. Партызаны каля месяца кантралявалі шэраг вёсак у раёне Барысаў-Радашкавічы. Сярод насельніцтва распаўсюджваліся адозвы і партызанская газэта. У лютым 1948 аддзелы савецкага войска выціснулі з гэтага раёну партызанаў.

Літ.: 1. Бацькаўшчына 27.06.1948.

Сяргей Ёрш @

Ліквідацыя беларускімі партызанамі «Чорнага Ката» «Камісараў асобых прызначэньняў» Маджыкідзэ, Васільева і Гусарова напрыканцы 1948. Паводле словаў аднаго з партызанаў, яны вызначаліся лютасьцю на допытах у МВД арыштаваных патрыётаў. Усе трое былі павешаны.

Літ.: 1. Вольнае слова. № 1, 1950.

Сяргей Ёрш @

Выкарыстаньне савецкімі войскамі ў барацьбе супраць беларускіх партызан атрутных газаў. Да 1949 вядомы два выпадкі іх ужываньня на Палесьсі й адзін у Барысаўскіх лясох.

Літ.: 1. Падпольныя выданьні беларускіх партызанаў і нацыянальных арганізацыяў // Вольнае слова. № 7-9, 05.12.1949.

Сяргей Ёрш @

Напад беларускіх партызанаў «Чорнага Ката» сумесна з УПА на Гайнаўку ў сакавіку 1949. Колькасьць ахвяраў з абодвух бакоў невядома.

Літ.: 1. Вольнае слова. № 1, 1950.

Сяргей Ёрш @

Тайная дамова паміж Беларускай Цэнтральнай Радай і Ўкраінскай Нацыянальнай Радай ад 15.05.1950, заключаная ў Заходняй Нямеччыне. Абодва бакі імкнуліся да «зактывізаваньня вызвольна-рэвалюцыйнае барацьбы супроць расейска-бальшавіцкага акупанта, дзейнічаць супольнымі сіламі абедзьвюх нацыяў». У адпаведнасьці з дамоваю, мусіў паўстаць «каардынацыйны камітэт» і «супольны рэвалюцыйны штаб», складзены з прадстаўнікоў БЦР і УНР. Апэратыўнае кіраўніцтва штабам было ўскладзена на каманданта Ўкраінскай Нацыянальнай Гвардыі атамана Бульбу-Бараўца. Дагавор быў падпісаны старшынём Калегіі БЦР Юр'ем Сабалеўскім, атаманам Бульбам-Бараўцом і зацьверджаны прэзыдэнтамі БЦР і УНР Р.Астроўскім і А.Лявіцкім. У створаныя каардынацыйныя органы павінны былі ўваходзіць прадстаўнікі «ўсіх нацыяў, прыймаючых актыўны ўдзел у рэвалюцыйна-вызвольнай барацьбе». Зь беларускага боку ў плянаваных супольных акцыях за «жалезнай заслонай» мусіла ўдзельнічаць вайсковая арганізацыя Беларускі Вызвольны Рух на чале з палкоўнікам Л.Галубовічам-Зарэчным (у тэксьце дамовы гэты момант ня быў адлюстраваны). Аднак на працягу году пасьля заключэньня дамовы УНР перапыніла супрацоўніцтва з БЦР і пачала кантактаваць з Радай БНР. Такім чынам, гэты дакумэнт, праўдападобна, так і не пачаў працаваць.

Літ.: 1. Акт тайнага дагавору // Беларуская думка (Ню Ёрк - Саўт-Рывэр, ЗША). 1965, № 7. С. 10-11.

Сяргей Ёрш @

Бой партызанскага аддзелу дэсантніка «Беларускага Вызвольнага Руху» Сымона Міхальчука з аддзелам МГБ каля в. Запруды на Кобрыншчыне 28.03.1953. Пад час яго загінуў Міхальчук. Праўдападобна, некаторыя партызаны Міхальчука пазьней перабраліся на Захад.

Бібл.: 1. Нэкралёг // Незалежная Беларусь (Лянгефэльд, Зах. Нямеччына). № 8 (14), верасень-кастрычнік 1953; 2. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас (Таронта). 1975, красавік, № 232.

Сяргей Ёрш @

Дэпартацыя ў красавіку 1951 разам зь сем'ямі ў Іркуцкую вобласьць былых жаўнераў польскай арміі Андэрса, беларусаў па нацыянальнасьці. Усяго было выслана ў Сібір 4520 «андэрсаўцаў».

Літ.: 1. Грабенкін М., Пракопчык Б. Корпус Андэрса: слава і трагедыя // Звязда. 09.02.1993; 2. Абаринов В. Катынский лабиринт. М., 1991. С. 80.

Сяргей Ёрш @

Ліквідацыя органамі савецкай дзяржбясьпекі 14.06.1951 партызанскага аддзелу «Крэта» на Гарадзеншчыне.

Літ.: 1. Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. 25.11.1990.

Сяргей Ёрш @

Антысавецкая дэманстрацыя ў Вільні 08.09.1951. Пад час арганізаванага савецкімі ўладамі мітынгу партызаны «Чорнага Ката» сарвалі яго, кінуўшы ў натоўп некалькі пэтардаў. Пад час узьніклай сумятні прамаўляліся антысавецкія заклікі й патрабаваньні асноўных свабодаў. Мітынг быў разагнаны міліцыяй. На наступны дзень у ваколіцах Вільні зьявіліся ўлёткі на беларускай, летувіскай і польскай мовах з заклікам да насельніцтва супраціўляцца ўтварэньню калгасаў, гуртавацца ў змаганьні з бальшавікамі.

Літ.: 1. Супрацьбальшавіцкая дэманстрацыя ў Вільні // Божым шляхам (Парыж-Лёндан). № 5, верасень-кастрычнік 1951.

Сяргей Ёрш @

Амэрыканскі дэсант 09.09.1951, паблізу вёскі Паняцічы пад Маладэчнам быў дэсантаваны Янка Філістовіч. Ён меў паўнамоцтвы прадстаўніка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ініцыятыва адпраўкі Я.Філістовіча ў Беларусь выходзіла ад Барыса Рагулі. «Пераканаўшыся, што я моцна стаю на нацыяналістычных пазыцыях і зьяўляюся прыхільнікам актыўных дзеяньняў супраць Савецкай дзяржавы, Рагуля прапанаваў мне перабрацца на тэрыторыю Савецкай Беларусі, не чакаючы пачатку вайны, і разгарнуць там актыўную нацыяналістычную работу», - сьведчыў Філістовіч [1, 43].

08.08.1951 Я.Філістовіч сустрэўся ў Лювэне (Бэльгія) з чалавекам, які назваўся Стывам і паабяцаў памагчы Ф. патрапіць на Бацькаўшчыну. У амэрыканскай разьведшколе ў мястэчку Вэрысгофэн пад Мюнхенам (Баварыя) Філістовіч праходзіў курс навучаньня разьведвальнай дзейнасьці. Разам зь Філістовічам абучэньне ў амэрыканскай разьведшколе ў Баварыі праходзіў Канстанцін Амор, былы рэдактар часопіса Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі «Беларус на чужыне». Ён меўся ляцець зь Філістовічам у якасьці радыста, але зь нейкай прычыны не паляцеў.

09.09.1951 Філістовіч выляцеў зь Мюнхену на поўнач Нямеччыны. Тут былі зьмененыя самалёты і праз чатыры-пяць гадзінаў лёту дэсант быў над Беларусяй. Ф. прызямліўся паблізу вёскі Паняцічы, закапаў парашут, схаваў зброю і іншыя рэчы, і накіраваўся ў вёску. Жыў Філістовіч у сваякоў і іхных знаёмых.

Місія Філістовіча палягала ў правядзеньні агітацыйнае работы, а таксама зборы інфармацыі пра дысьлякацыю савецкіх войскаў і вайсковых аэрадромаў. Філістовіч зьдзяйсьняў паездкі ў Вільню і Горадню, дасылаў сабраную інфармацыю на Захад.

У траўні 1952 Філістовіч узяў кіраўніцтва над групай людзей, што хаваліся ў лесе ў двух кілямэтрах ад вёскі Самалі. У выніку ўтварылася так званая Філістовіча група. Група выконвала патрабаваньні Барыса Рагулі, што каб да ягонага прыбыцьця Філістовіч і ягоныя паплечнікі не зрабілі ніводнага стрэлу.

Група Філістовіча зьдзейсьніла напад на друкарню МТС у мястэчку Вязынь. Абсталяваньне было разьмешчанае ў другім лягеры групы, ува ўрочышчы Руда, у двух кілямэтрах ад вёскі Кутляны. Група пасьпела набраць і аддрукаваць газэту «Жыве Беларусь!» і ўлётку. У канцы чэрвеня 1952 група напала на двух савецкіх фінагентаў, забраўшы ў іх казённыя грошы.

У ноч з 04 на 05.09.1952 апэратыўна-ваенізаванай групай МГБ была праведзеная акцыя па ліквідацыі Філістовіча групы. Янку Філістовічу ўдалося ўцячы. Некалькі начэй Ф. ішоў на Захад, мяркуючы перайсьці мяжу з Польшчай недалёка ад Горадні. 09.09.1952 Філістовіч у выніку здрады быў схоплены. Засуджаны ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі да сьмяротнага пакараньня праз расстрэл.

Літ.: 1. Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста. Менск, 1997; 2. М.Паслядовіч. Па ваўчыных сцежках: Дакументальная аповесць, напісаная па расказу палкоўніка Д.М.Каленіка. - Менск, 1958; 3. І.Валахановіч. Барацьба вакол ідэі «беларускай незалежнай дзяржавы» (другая палова 40-х - пачатак 50-х гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1999, № 1. С. 58-62.

Юрась Думбляўскас @

Прыняцьце ў красавіку 1952 Саўмінам БССР пастановы, згодна зь якой на ўсход дэпартаваліся «кулакі» і члены іх сем'яў агульнай колькасьцю 5914 чалавек. Але яшчэ ў сакавіку ў Казахстан было выслана 1356 «кулацкіх элемэнтаў». У наступным месяцы з раёнаў Гарадзенскай, Маладэчанскай, Берасьцейскай, Пінскай і Палескай абласьцей у Іркуцк былі высланы яшчэ 1683 «кулакі» зь сем'ямі, а таксама тыя, хто варожа ставіўся да калгасаў. Усяго ў 1952 г. была выслана з БССР у Сібір 4431 «кулацкая» сям'я.

Літ.: 1. Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993. С. 223; 2. Земсков В. Спецпоселенцы // Аргументы и факты. № 39, 1989.

Сяргей Ёрш @

Амэрыканскі дэсант 26-27.08.1952. Дэсант складаўся з чатырох чалавек. Кіраваў групай Цімох Вострыкаў, які меў паўнамоцтвы прадстаўніка Рады БНР.

Перад гэтым у Лювэне (Бэльгія) Ц.Вострыкаў зьвязаўся з Б.Рагулем у пытаньні яго перакідваньня ў БССР і арганізацыі там антысавецкага супраціву. У студзені 1952 Вострыкаў быў накіраваны на амэрыканскую вайсковую базу Бадвэрэшгофэн і ў канцы жніўня таго ж году на чале беларускай групы быў дэсантаваны на тэрыторыю БССР.

Дэсантная група адразу па прызямленьні была арыштаваная. «...нам далі заданьне адразу па прыбыцьці на месца сыгналізаваць па радыё, нас не абучалі, і кансьпіратыўнай кватэры не было, і паслалі ў тое месца, дзе нас чакалі гэбісты, і паслалі чалавека, які нас прадаў - Арцюшэўскага», - сьцьвярджае Ц.Вострыкаў [1]. Група Вострыкава была арыштаваная ў хуткім часе пасьля арышту Я.Філістовіча.

Літ.: 1. Цімох Вострыкаў: «Яшчэ не прыйшоў час». // Наша Ніва. № 11 (108), 15 чэрвеня 1998; 2. Михаил Токарев «Комитет 12-ти» // Советская Белоруссия. 1997, № 265-266.

Юрась Думбляўскас @

Супольная нарада прадстаўнікоў Беларускага Вызвольнага Руху і Ўкраінскай Нацыянальнай Гвардыі ў Штутгарце 18.01.1953. Мэтай нарады было «аб'яднаньне вайскова-рэвалюцыйных арганізацыяў ды ўтварэньне супольнага штабу». БВР і УНГ былі аб'яднаныя пад галоўным кіраўніцтвам атамана Тараса Бульбы-Бараўца. Было таксама пастаноўлена зьвярнуцца да іншых паняволеных бальшавікамі народаў «далучыцца да гэтай акцыі». Плянавалася стварэньне супольнага штабу «Вызвольна-Рэвалюцыйных сілаў усіх паняволеных народаў Усходняе Эўропы і Сярэдняй Азіі». Ад БВР дакумэнт нарады падпісаў падпалкоўнік Л.Зарэчны, а ад УНГ - сотнік А.Грыцэнка. Невядома, наколькі эфэктыўным было стварэньне «супольнага штабу», бо першая такая спроба ў 1950 правалілася.

Літ.: 1. Камунікат // Незалежная Беларусь (Лянгэфэльд, Зах. Нямеччына). № 1 (7), студзень 1953.

Сяргей Ёрш @

Дзейнасьць беларускіх партызанаў у раёнах Бабруйску і Слуцку напрыканцы сакавіка 1953. Партызаны, пры падтрымцы насельніцтва, вынішчалі прыхільнікаў савецкай улады. У складзе гэтых аддзелаў былі дэзэрціры з Чырвонай Арміі, уцекачы з савецкіх канцлягероў і мясцовая моладзь.

Літ.: 1. Беларус (Ню Ёрк). 02.05.1953.

Сяргей Ёрш @

Антыбальшавіцкія сялянскія хваляваньні ў в. Плотніцы на Століншчыне ў кастрычніку 1956. Мелі лякальны характар. Пачатак вугорскае рэвалюцыі мясцовыя сяляне палічылі «пачаткам рэвалюцыі супраць бальшавіцкае тыраніі». Паўстанцы разьбіралі з калгасных фэрмаў скаціну, дзялілі сельскагаспадарчы інвэнтар. У возеры імі быў утоплены старшыня калгаса. Толькі празь пяць дзён зьявіліся карнікі на чале з пракурорам Тарасевічам. Было арыштавана 140 чалавек, трох пасьля расстралялі, а рэшту засудзілі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў.

Літ.: 1. Паўстаньне ў беларускай Століншчыне // Беларускі Голас. № 75, лістапад 1960.

Сяргей Ёрш @

Акцыі (паводле храналягічнага прынцыпу)

Антыпартызанская апэрацыя ў Заходняй Беларусі напрыканцы 1944
Чэкісцка-вайсковая антыпартызанская апэрацыя ў Берасьцейскай і Пінскай абласьцях з 15.01 па 20.02.1945
Бэрлінская канфэрэнцыя БНП (пачатак красавіка 1945)
Брытанскія дэсанты
Бой партызанскага аддзелу з аддзелам НКВД у 1945 у ваколіцах Казлоўшчыны (Гарадзеншчына)
Падрыў савецкага вайсковага цягніка ў 1945 каля Слоніму
Напад на савецкі вайсковы цягнік у Крывічох каля Маладэчна ў 1945
Дывэрсія ўкраінскіх падпольшчыкаў у Пінску ў 1945
Антыпартызанская акцыя спэцаддзелу НКВД БССР у 1945 у Пінскім раёне
Бой партызанаў са спэцаддзелам НКВД 18.07.1945 каля в. Новая Мыш Баранавіцкага раёну
Нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху ў 1946
Антыпартызанская акцыя ў Маладэчанскай вобласьці ў студзені-траўні 1946
Справаздача аб рабоце ЦК КП(Б)Б зь лета 1944 да чэрвеня 1946
Антыпартызанскія апэрацыі ў БССР у 1947
Нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху ў 1947
Напад партызанскага аддзелу «Крэта» на Бабровіцкі й Марынскі сельсаветы (Юрацішкаўскі раён, цяпер - Івейскі раён Гарадзенскай вобласьці) у траўні 1947
Партызанская акцыя аддзелу Сакаловіча на пачатку 1948
Ліквідацыя беларускімі партызанамі «Чорнага Ката» «Камісараў асобых прызначэньняў» Маджыкідзэ, Васільева і Гусарова напрыканцы 1948
Выкарыстаньне савецкімі войскамі ў барацьбе супраць беларускіх партызан атрутных газаў
Напад беларускіх партызанаў «Чорнага Ката» сумесна з УПА на Гайнаўку ў сакавіку 1949
Тайная дамова паміж Беларускай Цэнтральнай Радай і Ўкраінскай Нацыянальнай Радай ад 15.05.1950
Бой партызанскага аддзелу дэсантніка «Беларускага Вызвольнага Руху» Сымона Міхальчука з аддзелам МГБ каля в. Запруды на Кобрыншчыне 28.03.1953
Дэпартацыя ў красавіку 1951 разам зь сем'ямі ў Іркуцкую вобласьць былых жаўнераў польскай арміі Андэрса
Ліквідацыя органамі савецкай дзяржбясьпекі 14.06.1951 партызанскага аддзелу «Крэта» на Гарадзеншчыне
Антысавецкая дэманстрацыя ў Вільні 08.09.1951
Амэрыканскі дэсант 09.09.1951
Прыняцьце ў красавіку 1952 Саўмінам БССР пастановы, згодна зь якой на ўсход дэпартаваліся «кулакі» і члены іх сем'яў
Амэрыканскі дэсант 26-27.08.1952
Супольная нарада прадстаўнікоў Беларускага Вызвольнага Руху і Ўкраінскай Нацыянальнай Гвардыі ў Штутгарце 18.01.1953
Дзейнасьць беларускіх партызанаў у раёнах Бабруйску і Слуцку напрыканцы сакавіка 1953
Антыбальшавіцкія сялянскія хваляваньні ў в. Плотніцы на Століншчыне ў кастрычніку 1956 ##Chapter: 4. Выданьні @

Нелегальны друк у пасьляваеннай Беларусі (1945-1956). Найбольш распаўсюджанай зьявай сярод нелегальнай друкаванай прадукцыі ў пасьляваенны час былі ўлёткі. Іх выдавалі многія моладзевыя падпольныя арганізацыі. Пераважалі рукапісныя ўлёткі, але былі й выкананыя рознымі тэхнічнымі спосабамі. Напрыклад, Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі (1946-1949) выдаў адну антысавецкую ўлётку, аддрукаваную па-беларуску лацінкай на пішучай машынцы. Сябры Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху (1946-1947) у Берасьці выраблялі ўлёткі, выразаючы літары з гумы і адбіваючы іх на паперу. Рукапісныя ўлёткі распаўсюджваў у Слоніме мясцовы «Польскі падпольны камітэт», у Карэлічах - падпольная група беларускай моладзі. Іншы раз улёткі рабілі змагары-адзіночкі. Вядомы фатограф Уладзімір Кармілкін успамінае, як раскідваў у Менску на праспэкце Сталіна рукапісныя ўлёткі. Многіх іх аўтараў хутка выкрывала савецкая дзяржбясьпека. Ёсьць зьвесткі пра выданьне падпольных адозваў беларускім паэтам і журналістам Мікалаем Няверавым, які доўгі час знаходзіўся на нелегальным становішчы.

Асобна трэба разглядаць пэрыядычны друк беларускіх партызанаў. На жаль, дагэтуль ён схаваны ў архівах КГБ і таму пакуль недаступны. На эміграцыі гэтыя выданьні, праўдападобна, раскіданы па прыватных архівах. Вельмі рэдкімі былі выпадкі, калі эміграцыйны друк штосьці перадрукоўваў з партызанскіх газэтаў (магчыма, такія перадрукі былі распаўсюджанымі ў «закрытых» выданьнях, такіх, як «За Волю. Лісткі Замежнага Сэктару Беларускай Вызвольнай Арміі» ды інш.). У 1950 годзе ў Заходняй Нямеччыне была перавыдадзеная ўлётка беларускіх партызанаў. Пра яе згадвае ў сваім «Паказьніку беларускіх выданьняў на чужыне» Мікола Панькоў. Ён прыводзіць і вытрымкі зь яе: «Да змаганьня і перамогі! Нашае змаганьне - змаганьне за волю народу... Апамятайся, пакуль час! Наперад, у нашых шэрагах, з намі! Лесавікі 7 Аддзелу «Волі».

Найбольшую ўвагу беларускай падпольнай прэсе надаваў бюлетэнь «Вольнае Слова», які выдаваўся ў 1949-1951 Саюзам Беларускіх Журналістаў у Заходняй Нямеччыне. Пачынаючы са сьнежня 1949 ён рэгулярна зьмяшчаў матэрыялы пра беларускі партызанскі рух, нелегальны друк і нават рабіў перадрукі з падпольных выданьняў. Напрыклад, у нумары 7-9 ад 05.12.1949 быў надрукаваны артыкул «Падпольныя выданьні беларускіх партызанаў і нацыянальных арганізацыяў». Ён каштоўны тым, што падае сьпіс з 24 падпольных газэт, часопісаў, брашур і ўлётак, а таксама пэрыядычнасьць і тэхнічныя спосабы іх выкананьня. Аўтар, беларускі партызан, пісаў, што «цяжка нам друкаваць пэрыядычныя газэты, бо часта прыходзілася пакідаць машыны, фарбу, паперы... На працягу 1945-1948 гадоў, як мне ведама, выдана было некалькі нумароў часапісаў і кніжок. Лістоўкі звычайна выдавала кажная група пасьля кажнае свае акцыі, рашчыняючы ману бальшавіцкіх кампаніяў ды сьвятаў...» Ён жа адзначыў, што да 1948 у Беларусі выйшла болей за сотню падпольных выданьняў, якія пашыраліся па ўсёй краіне.

Калі першыя публікацыі «Вольнага Слова» грунтаваліся на інфармацыі двух партызанаў, якія трапілі на Захад і захавалі шэраг падпольных газэтаў, дык пасьля эміграцыйны бюлетэнь стаў параўнаўча апэратыўна зьмяшчаць матэрыялы Беларускага Супраціву. Напрыклад, у нумары 2-3 ад красавіка 1950 быў перадрукаваны партызанскі плякат «Што ты зрабіў для вызваленьня радзімы?» Тут жа зьмяшчаўся камэнтар таямнічае «групы сувязі № 2»: «Гэты плякат Беларускія Партызаны пашыраюць на нашай Бацькаўшчыне сярод насельніцтва: партызаны патрабуюць трыманьня зь імі сталае сувязі». Праўдападобна, сувязь гэтая існавала праз кур'ераў. У нумары 4-5 ад верасьня 1950 «Вольнае Слова» зьмясьціла клічы з партызанскае ўлёткі на 01.05.1950, г.зн. празь некалькі месяцаў пасьля іх зьяўленьня. У тым жа нумары было зьмешчанае «Прывітаньне»; часапіс беларускіх партызанаў «ЗА ВОЛЮ» піша: «Перасылаем вам, братом па волі, свае вітаньні і цьвердзім, што змаганьне ня спыніцца!»

«Вольнае Слова» ня толькі перадрукоўвала вытрымкі з падпольных публікацый, але і рэцэнзавала нелегальны друк. Падобны артыкул за подпісам М.Кніжніка (Міколы Панькова - рэдактара «ВС») зьявіўся ў верасьні 1950. Такім чынам, у архіве памерлага ўжо ў нашы часы Панькова павінны былі захавацца падпольныя выданьні беларускіх партызанаў.

Праўда, былі сярод эмігрантаў і скептыкі, якія не давяралі «Вольнаму Слову» і яго рэдактару. Пазьней Юрка Віцьбіч пісаў да Сяргея Хмары: «Хочацца думаць, што весткі аб гэтым паходзяць не ад спадара Панькова - вынаходцы розных весткаў. Неблагі ён чалавек, але ўсё ж мне калісьці мімаволі здавалася, што яго лучыць з генэралам Вітушкам просты тэлеграфны дрот» («Летапіс беларускай эміграцыі», № 47). Ня дзіўна, што «Вольнае Слова» неаднаразова згадвала «малаверных чытачоў». Ня ўсе, каму пашчасьціла вырвацца на Захад з «савецкага раю», маглі паверыць, што за «жалезнай заслонай» у глыбокім падпольлі існуе беларускі нелегальны друк.

Тым ня менш, ня толькі адно «Вольнае Слова» сьведчыць пра існаваньне ў 1945-1950 у Беларусі нелегальнага друку. Адзін з уцекачоў на Захад расказваў, што ў раёне Барысаў-Радашкавічы на пачатку 1948 году дзейнічаў аддзел Сакаловіча, партызаны якога пашыралі свае адозвы, і аднойчы ён бачыў «невялікую газэтку партызанаў» (Бацькаўшчына, 27.06.1948). Пра адозвы беларускага падпольля на Беласточчыне згадвае камандзір УПА, аддзел якога праходзіў тыя мясьціны пад час рэйду ў 1947. Яны заклікалі беларускае насельніцтва не пакідаць родных земляў, а таксама зварочваліся да савецкіх вайскоўцаў (Бацькаўшчына, 09.03.1949).

Сяргей Ёрш @

«Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі» («Бюлетэнь БНП»), падпольнае выданьне, выходзіла ў Беларусі і ў Нямеччыне ў 1942-1946.

Рашэньне пра выданьне «Бюлетэню БНП» прыняў ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі летам 1942. Адказным рэдактарам быў прызначаны Міхась Рагуля. Пад час нямецкай акупацыі ў Беларусі выйшла 2 нумары выданьня накладам у 500 паасобнікаў кожны. Астатнія нумары выйшлі ўва Ўсходняй Прусіі і ў Бэрліне. Апошні «Бюлетэнь БНП» быў выдадзены Замежным Сэктарам ЦК БНП у Зах. Нямеччыне восеньню 1946 і перапраўляўся ў Беларусь для падпольшчыкаў і партызанаў.

«Бюлетэнь БНП» зьмяшчаў партыйныя дакумэнты, адозвы, хроніку, агляды міжнародных падзеяў, артыкулы, прысьвечаныя Бацькаўшчыне, патрыятычныя вершы. Калі аб'ём першых нумароў складаў 8 балонак, дык апошняга - 16. «Бюлетэнь БНП» выдаваўся на гектографе або рататары.

Бібл.: 1. Ёрш С. Да гісторыі беларускага падпольнага друку // Наша Ніва. 09.02.1998, № 9 (100). @

«Бяздонны мяшок», выданьне Лебедзеўскага моладзевага падпольля 1948-1951. Рэдагаваў тэксты і афармляў часопіс Вячаслаў Гамолка.

Часопіс быў мастацка-паэтычным выданьнем, але асьвятляў камуністычную палітыку ў беларускай вёсцы ў канцы 1940 - пачатку 1950-х.

Вядомае апісаньне вокладкі часопіса: у лужыне крыві стаіць Сталін, які мае за пасам сякеру і трымае ў рукох вялізны мех з надпісам «СССР». У бездань гэтага меху валіцца ўвесь напрацаваны беларусамі скарб [1].

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

«Вам, беларускія эмігранты», брашура. Зборнік артыкулаў і лістоў «ад кроўных і сваякоў, у якіх некага няма ў хаце». Узгадваецца ў 1949.

Кр.: 2. @

«Вольны селянін», палітычна-выхаваўчае выданьне. Выдавалася цыклястылем. Найбольш было пашырана на Лідчыне (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«Гаворыць лесавік», улёткі. Выдаваліся партызанскімі аддзеламі на гектографе пасьля праведзенай акцыі, а таксама з нагоды бальшавіцкіх загадаў і сьвятаў.

Кр.: 2. @

«Гадзіна, колькі табе дадзена», брашура. Да прамовы пісьменьніка М.Лужаніна з нагоды ягонага аб'езду Беларусі пасьля вяртаньня з працы ў савецкай місіі на Захадзе. Тры выданьні (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«Ганіце прэч юдаў», брашура. Вьдадзеная ў сувязі з падасланьнем у партызанскія аддзелы бальшавіцкіх правакатараў (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«Да перамогі», ідэалягічна-прапагандовы часопіс Цэнтру Нацыянальных Арганізацыяў (інфармацыя на 1949 год). Выдаваўся друкам.

Кр.: 2. @

«Да чыну», палітычна-прапагандовая газэта «ворагаў народу». Выходзіла нерэгулярна (інфармацыя на 1949 і 1950). Выдавалася на цыклястылі. «Да чыну» зьявілася пасьля выхаду «За волю».

Кр.: 1; 2. @

«Душы бальшавіцкую гадзіну!», палітычна-ідэалягічная газэта. Выдавалася друкам і цыклястылем (інфармацыя на 1949). Часам выходзіла на лацінцы. Рэдактар - Міхась Шукайловіч, намесьнік генэрала М.Вітушкі.

Кр.: 2. @

«Жыве Беларусь!», падпольная газэта, якая была падрыхтаваная і выдадзеная ў 1952 годзе Філістовіча групай у складзе Сяргея Мікуліча, Міхася Петрусевіча, Антона Петрусевіча, Андрэя Бялькевіча, Івана Будкевіча і Ўладзіміра Шыціка. Маючы патрэбу ў друкарскіх прыладах, каб выпускаць уласную газэту і друкаваць адозвы, група Філістовіча зрабіла налёт на друкарню МТС у мястэчку Вязынь. Былі ўзятыя касы з шрыфтамі, наборныя планкі, друкарскія фарба і газэтная папера. Абсталяваньне было разьмешчанае ў другім лягеры групы ўва ўрочышчы Руда, у двух кілямэтрах ад вёскі Кутляны. Група пасьпела набраць і аддрукаваць газэту «Жыве Беларусь!» і ўлётку. Частку друкаванае прадукцыі пасьпелі распаўсюдзіць. Друкарскі набор газэты «Жыве Беларусь» і частка накладу, які не пасьпелі раздаць, былі сканфіскаваныя МГБ.

Бібл.: Аляксандар Лукашук. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста Мн., 1997. С. 49-51.

Ларыса Андросік @

«За Бацькаўшчыну», газэта «палітычнага зьместу» (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«За волю. Лісткі Замежнага Сэктару Беларускае Вызвольнае Арміі», газэта або часопіс Беларускай Вызвольнай Арміі. Выдавалася з 1945 (інфармацыя на 1949 і 1950). Рэдактар Міхал Вітушка. Выходзіла ня вельмі рэгулярна й рознымі тэхнічнымі сродкамі, але пераважна друкам. Аб'ём «За волю» дасягаў 84 балонак. Вядомы № 16 ад 07.11.1949. У верасьні 1950 эмігранцкі бюлетэнь Саюзу Беларускіх Журналістаў «Вольнае слова» зьмясьціў наступную інфармацыю: «Часапіс беларускіх партызанаў «За Волю» піша: «Перасылаем вам, братом па волі, свае вітаньні і цьвердзім, што змаганьне ня спыніцца!» Пра гэтае выданьне ў пазьнейшы час няма ніякіх зьвестак.

Кр.: 1; 2. @

«За што мы змагаемся», брашура. Было некалькі выданьняў друкам і цыклястылем. Адно з выданьняў нелегальна было зроблена ў друкарні савецкай газэты «Витебский рабочий» (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«Інфарматар», палітычна-інфармацыйная газэта. Выдавалася беларускім партызанскім аддзелам (якім, дакладна не ўстаноўлена) цыклястылем. Наклад - некалькі дзясяткаў паасобнікаў. Вядомы № 6(?) ад 03.08.1948.

Кр.: Вытрымкі з друкаў беларускіх партызанаў // Вольнае слова. 1950, № 2-3 (11-12). 1; 2. @

«Інформатор північно-західних земель», падпольная газэта. Выдавалася Провадам ОУН у 1944-1950. Выходзіла раз на месяц. Асьвятляла падзеі на Берасьцейшчыне: мерапрыемствы савецкіх уладаў, акцыі руху супраціву. Мова - украінская.

Бібл.: Леонюк В. Словник Берестейщини. Львів, 1996. С. 143. @

«Калі будзе вайна», брашура. Яе другое выданьне было выкрытае дзяржбясьпекай у гомельскай друкарні й амаль цалкам зьнішчанае (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«Кроў кліча да помсты», зборнік вершаў. Узгадваецца ў 1949.

Кр.: 2. @

«Лесавік», газэта Барысаўскага беларускага партызанскага аддзелу. Выходзіла адзін раз у 5-6 дзён на гектографе і шапірографе (інфармацыя на 1949-1950). Наклад - некалькі дзясяткаў паасобнікаў.

Кр.: 1; 2. @

«Наш адказ», «палітычна-інфармацыйная газэта». Выдавалася беларускім партызанскім аддзелам (якім, дакладна не ўстаноўлена) на шапірографе (інфармацыя на 1949-1950).

Кр.: 1; 2. @

«Нашы весткі», інфармацыйнае выданьне. Выходзіла на шапірографе штодругі дзень (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«Пад абцасам маскалёў», партызанская газэта. Выдавалася на Смаленшчыне (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«Праўда аб душыцелях», брашура. Выдадзеная пасьля выбараў у Вярхоўны Савет БССР 09.02.1947. Узгадваецца ў 1949.

Кр.: 2. @

«Самасад», гумарыстычна-сатырычны часапіс. Узгадваецца ў 1949.

Кр.: 2. @

«Самастрэл па камуністых» (паводле іншых крыніцаў «Самастрэл»), «палітычна-інфармацыйная газэта». Выдавалася даволі рэгулярна й непасрэдна ў партызанскіх аддзелах на цыклястылі. М.Кніжнік (Мікола Панькоў) адзначаў, што гэтае выданьне можа быць прыкладам кажнай беларускай газэце. Тая пераконанасьць і той дух, які пашырае «Самастрэл», могуць выклікаць захапленьне і водгук у кажнага беларуса-незалежніка. «Самастрэл» узмацняе веру і паказвае шлях да мэты - незалежнай, самабытнай Беларусі». Вядомы № 7 за 1949.

Кр.: 1; 2. @

«Ты і мы», брашура. Выйшла некалькі выданьняў (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

«У хвалях маладосьці», выданьне Лебедзеўскага моладзевага падпольля 1948-1951. Рэдагаваў тэксты і афармляў часопіс Вячаслаў Гамолка. Часопіс быў мастацка-паэтычным выданьнем, але асьвятляў камуністычную палітыку ў беларускай вёсцы ў канцы 1940 - пачатку 1950-х.

Літ.: 1. Алесь Цадко. Іншадумцы зь Лебедзеўскай школы // Куфэрак (Маладэчна). 1998, № 4.

Алег Дзярновіч @

«Чаму вывозяць», брашура. Выдадзеная пад час вялікай хвалі дэпартацыяў насельніцтва Беларусі ў Расею. Узгадваецца ў 1949.

Кр.: 2. @

«Што дае нам бальшавіцкая акупацыя», брашура. Некалькі разоў перавыдавалася (інфармацыя на 1949).

Кр.: 2. @

Партызанскія плякаты. Плякаты беларускіх партызанаў падпольна выдаваліся й распаўсюджваліся ў Беларусі, а таксама па-за яе межамі ў другой палове 1940 - пач. 1950-х.

Вядомы плякат, копія якога была надрукаваная ў эміграцыйным часопісе «Вольнае слова» ў 1950. На фоне этнаграфічнай мапы Беларусі - Пагоня, якая імчыцца на захад. Пад ёю - рукі, узьнятыя ўгару, нібы просячыя аб дапамозе, спавітыя вяроўкаю, якая цягнецца з усходу й якую трымае велізарны кулак. Далавах плякату трафарэтнымі адбіткамі сіняга колеру нанесены надпіс лацінкаю: «Što ty zrabiŭ dla VYZVALEŃNIA RADZIMY?» У часопісе быў зьмешчаны й камэнтар да публікацыі таямнічай «групы сувязі № 2»: «Гэты плякат Беларускія Партызаны пашыраюць на нашай Бацькаўшчыне сярод насельніцтва: правы пашырэньня засьцярожаныя і аўтэнтычнасьць плякату зацьверджаная адпаведнымі ўстановамі».

Другі вядомы нам плякат быў перадрукаваны на эміграцыі таксама вясной 1950. Гэты плякат «Браты, не забывайцеся нас!» быў выдадзены адмыслова для беларускіх эмігрантаў. На фоне этнаграфічнай мапы Беларусі за калючым дротам стаіць беларускі селянін, нібы просячы дапамогі ў Вольнага Сьвету.

Апрача партызанскіх плякатаў, выкананых на памнажальнай тэхніцы, вядомыя й рукапісныя плякаты. Яны былі вельмі пашыранымі з прычыны лёгкасьці іх выкананьня. Напрыклад, у 1946 на Віцебшчыне пры дарогах на дрэвах і слупох былі прымацаваныя плякаты зь лёзунгамі: «Далоў чырвоны фашызм!», «Няхай жыве Вольная Радзіма!», «Сьмерць бальшавіцкім катам!». Аўтары плякатаў, іх наклад і месца выпуску невядомыя.

Бібл.: 1. Гутарка зь беларусам адтуль // Беларускае Слова (Зах. Нямеччына). 15.01.1949; 2. Партызанскі плякат // Вольнае слова. 1950, красавік, № 2-3 (11-12). С. 34; 3. «Браты, не забывайцеся нас!» // Божым шляхам (Парыж-Лёндан). 1950, красавік-травень, № 4-5 (31-32). С. 6.

Кр.: 1. Кніжнік М. Партызаны партызанам // Вольнае слова. 1950, верасень, № 4-5 (13-14); 2. Сяргей К. Падпольныя выданьні беларускіх партызанаў і нацыянальных арганізацыяў // Вольнае слова (Зах. Нямеччына). 1949, 5 сьнежня, № 7-9. ##Chapter: 5. Узнагароды @

Узнагароды для ўдзельнікаў антысавецкай барацьбы ў Беларусі, заснаваныя Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык сваім дэкрэтам ад 01.09.1949 устанавіў тры ўзнагароды для «заслужаных беларусаў», як вайскоўцаў, так і цывільных працаўнікоў. Паводле гэтага дэкрэту, была створаная Статутная камісія ў складзе: генэрал Францішак Кушаль (старшыня), доктар Станіслаў Грынкевіч, магістра права Лявон Галяк, мастак Пётра Мірановіч і М.Т. (Міхась Тулейка?). Апрацаваныя камісіяй статуты ўзнагародаў былі зацьверджаныя М.Абрамчыкам і пачалі дзейнічаць з 05.08.1951. Да пачатку 1952 прэзыдэнтам Рады БНР былі ўзнагароджаны 8 чалавек: генэрал М.Вітушка, генэрал У.Р. (Усевалад Родзька?, пасьмяротна), маёр Саха, маёр Іван Слуцкі, тры камандзіры партызанскіх аддзелаў у Беларусі й адзін афіцэр сувязі.

У 1952 існавала тры ўзнагароды: ордэн Пагоні, вайсковы ордэн «Зялезнага Рыцара» і Мэдаль Партызана. Ордэн Пагоні ўстанаўляўся «з мэтаю ўзнагароджваньня выдатных цывільных ці вайсковых заслугаў у часе вайны ці міру, зробленых для славы і на карысьць Беларускага Народу». Гэтая ўзнагарода была «найвышэйшым ганаровым адзначэньнем Беларускага Народу» і надавалася «асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці, задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў, або да ўзмацаваньня незалежнасьці і росквіту беларускай дзяржавы». Былі ўстаноўленыя Вялікі Крыж ордэну Пагоні, Залаты Крыж ордэну Пагоні й Сярэбраны Крыж ордэну Пагоні. Ордэн Пагоні падзяляўся на пяць клясаў. Была створаная «Капітула ордэну Пагоні» на чале з прэзыдэнтам Рады БНР, які й надаваў ордэн асобным дэкрэтам.

Вайсковы ордэн «Зялезнага Рыцара» ўстанаўляўся «для адзначаньня ваенных ці вайсковых заслугаў» і быў узнагародай «выдатных ваенных учынкаў». Ордэн падзяляўся на пяць клясаў, а таксама на: Вялікі Крыж, Камандорскі Крыж, Кавалерыйскі Крыж, Залаты Крыж і Срэбны Крыж ордэну «Зялезнага Рыцара». Гэтую ўзнагароду меў права надаваць галоўнакамандуючы беларускага войска, або ў мірны час - былы галоўнакамандуючы. Аднак на пачатку 1950-х галоўнакамандуючага й «капітулу ордэну «Зялезнага Рыцара» часова замяняў прэзыдэнт Рады БНР.

Мэдаль Партызана надавалася прэзыдэнтам БНР «беларусам, якія змагаліся ў радох Беларускай Нацыянальнай Партызанкі за Незалежнасьць Беларусі супроць акупантаў: на прапанову партызанцкага штабу». Але ў 1952 права ўзнагароджаньня Мэдалём Партызана атрымаў «начальнік штабу беларускіх партызанаў». Узнагарода падзялялася на першую й другую ступень. Мэдаль Партызана першай ступені маглі атрымаць камандзіры й начальнікі штабоў партызанскіх аддзелаў, а за «выдатныя баявыя заслугі» кожны партызан. На адваротным баку Мэдаля Партызана першай ступені быў выбіты дэвіз: «За Бацькаўшчыну».

Аднак пакуль не вядома, ці былі вырабленыя гэтыя ўзнагароды, ці яны засталіся толькі праектамі. У мюнхенскай газэце «Бацькаўшчына» былі пададзеныя толькі малюнкі ордэнаў, мэдаля, а таксама статуты гэтых узнагарод.

Бібл.: 1. Узнагароды для заслужаных Беларусаў // Бацькаўшчына 24.02.1952, № 7-8 (86-87).

Сяргей Ёрш