##ShortTitle: Адметная лексіка
##LongTitle: Слоўнік адметнай лексікі
##FrontpageTitle: Адметная лексіка
##ExpandArticle: false
##Type: slo
##TitleNote: частка - А-Г
##HTMLDescription_BEGIN
Створана на падставе:
Словаклад: слоўнік адметнай лексікі. Менск: Выдавецкі дом «Звязда», 2013. ISBN 978-985-7059-47-8
Укладальнік: Алесь Каўрус
У слоўніку даецца тлумачэнне больш як трох тысяч беларускіх слоў, даўніх і тых, што ўзніклі ў наш час, якія ўжываюцца ў мастацкіх і навуковых тэкстах, у мове сродкаў масавай інфармацыі. Слоўнік можа выкарыстоўвацца ў сярэдняй і вышэйшай школе, а таксама як даведнік для журналістаў, пісьменнікаў і рэдактараў.
##HTMLDescription_END
@а злучн. ... Спалучальны, далучальны. Ужываецца для злучэння і далучэння членаў сказа.
Прыйдзе новы - а мудры - гісторык, А ён прыйдзе - ужо ён ідзе... (Я.Купала) На плошчу кліча плошча галосна а зубаста. (А.Вярлюгін) Дай [святы анёле] моцы сіле маёй Зняможанай а слабой. (Р.Барадулін)
@абавязанне -я, н. Абавязацельства.
На царскім двары гэта [умовы звязу Літвы з Расеяй] дрэнна ўспрынялі, паколькі не было ніякіх гарантый, што ліцьвіны захочуць потым выканаць свае абавязаньні. (ARCHE. 2006. №6)
@абагульняльны -ая, ае. Які мае ўласцівасць абагульняць.
Апавяданне напісана рукою майстра, які добра валодае іроніяй, тайнамі стварэння індывідуальных характараў значнай абагульняльнай сілы. (М.Лобан)
@абапёрты -ая, -ае. Які абапёрся, абапіраецца.
Толькі жывая практычная справа, памножаная на здабытыя ў навучальных установах тэарэтычныя веды, абапёртыя на адметнасць таленту, можа забяспечыць светлыя далягляды літаратурна-крытычнаму фронту. (У.Юрэвіч) На кій абапёрты, стары і абдзёрты, Ішоў падарожны адзін. (Я.Купала)
@абвалены -ая, -ае. ... Які абваліўся.
Гарэла абваленая столь. (В.Адамчык)
@абвостраны -ая, -ае. Які абвастрыўся (зрабіўся больш напружаным).
Асноўная тэма перагавораў - згладзіць рэзка абвостраныя адносіны паміж ЗША і краінамі Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. (Звязда. 08.01.1971)
@абгаворваны -ая, -ае. Які абмяркоўваецца, абгаворваецца кім-н.
Я думаю, што кожны з нас за плённейшыя вынікі святкавання - унёс ён саламонаўскае рашэнне для прадстаячых і абгаворваных пытанняў. (Ц.Гартны)
@абдалікатніць -ню, -ніш, -ніць, зак., што. Зрабіць далікатнейшым, прыгажэйшым, больш мілагучным.
Ярмаліцкія асталіся ў вёсцы, на хутары не пайшлі, прозвішча не абдалікатнілі
@абдоймы, абдымы, абоймы, абыймы -аў, абдым, вобдым, абнім, абніманне, абняцце Абдымкі.
У кожнага ёсць... дом бацькоў, Абдоймы жонкі раніцай замглёнай. (У.Караткевіч) [Ядзя] разняла рукі, як быццам бы хочучы супыніць цягнік або ўлавіць у гарачыя абдымы Пракопа. (Ц.Гартны) Зося маўчала, апусціўшы рукі, спачутна аддаўшыся ў яго абоймы. (Я.Лёсік) Гэтак ціха й чароўна-прыгожа ўсё у белых абыймах туманаў. (Н.Арсеннева) Гэтыя падзеі набіралі выразныя формы, напаўняліся багатым зместам бадзёрых настрояў і справодзілі яго дамоў у абдыме яскравай урачыстасці; У цесным вобдыме варожай сілы, яно [Першае мая] бліскае красою дыяменту. (Ц.Гартны) Міхал у моцным быў абніму Хваробы цяжкай і паганай. (Я.Колас) Абнімі ты мяне, маладая, Абніманнем гарачым, Абнімі..; Адсоўваецца [Псіха] назад і валіцца ў абняцце... Эроса. (Я.Купала)
@абеданне -я, н. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абедаць; абед.
Старая пані і абедаць кінула, хоць якое там з гора і абеданне было! (М.Гарэцкі)
@абенаж прысл. Абедзвюма нагамі (стаяць).
Яго, да прыкладу, Мішкава шчасце - ён гэта пэўна ведае! - у тым, што цвёрда, абенаж стаіць на сваёй роднай зямлі. (А.Масарэнка)
@аб'еханы -ая, -ае. Апушчаны, ссунуты ўніз.
Толькі немая, з аб'еханаю на адно вуха хусткаю, ставіла чыгунныя цаганы. (В.Адамчык)
@абзелянелы -ая, -ае. Які пакрыўся зеленню, пазелянеў.
Яны спыніліся на мосце, пасталі напроці абзелянелых... слупоў. (В.Адамчык)
@абліваны -ая, -ае. Які абліваўся, абліваецца чым-н.
Злітае потам, слязьмі абліванае, Дзікае зелле прыносіш ты [поле] нам. (Я.Купала)
@абнашчыцца -чуся, -чышся, -чыцца, зак. З'есці, выпіць чаго-н. пасля начы, нашча.
Жаўранок абнашчыцца расінкай... (Р.Барадулін)
@абнім, абніманне гл. абдоймы
@абнямоглы -ая, -ае. Знясілены, абняможаны.
Сцепаніда сядзела на бервяне, абнямоглая, заплаканая, і думала: што рабіць? (В.Быкаў)
@абняслава -ы, ж. Абняслаўленне.
Шчымлівае, пакутніцкае пачуццё абняславы не ачнулася ў яе душы на гэты раз. (В.Санько)
@абнясмельваць -ае, незак., каго. Пазбаўляць смеласці, рашучасці.
Я асабіста моцна пакутаваў з-за свайго дылетанцтва ў вайсковай справе і ў справе партызанскай вайны асабліва. Некампэтэнтнасць спалучалася з адказнасцю ды абнясмельвала, я рабіўся падатлівым на розныя пярэчанні і сумненні скептыкаў... (У.Калеснік)
@абняцце гл. абдоймы
@абразанка, адразанка -і, ж. Вінтоўка з пакарочаным, абрэзаным ствалом; абрэз.
За мяне заступіўся Змітрок Бядуля: «Што вы нападаеце на маладога паэта? Ён здольны чалавек. Вось толькі ён няправільна ўжыў слова "абразанка"...» А на Бягомльшчыне так і гаварылі... Людзі гаварылі не «абрэз», а «абразанка». (П.Панчанка) А ўзімку [паплаўнічы] дзень спіць, а ноч з тою самаю адразанкаю ля будынкаў ходзіць. Вартаваў... (Л.Калюга)
@абралы -ая, -ае. Які абраў што-н.
Абралым «правильный угол сердца» (Хлебнікаў) ужо не разбіцца аб камяні нязвыклай мовы... (Н.Мацяш)
@аброў -рову, м. Скала, уцёс.
Дагэтуль У снах я з аброву лячу. Дагэтуль Мне чуецца чаўкат дзічыны. (Р.Барадулін) Начавала хмарка залатая На грудзях аброву-велікана. (М.Лермантаў. Уцёс. Пераклад Р.Барадуліна)
@абрыджванне -я, н. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абрыджваць.
У маладыя гады я крыўдаваў на бясконцае абрыджванне крытыкі, не прымаў воклічаў «адстае». (У.Калеснік)
@абрыджваць -аю, -аеш, -ае, незак., каго. Ганіць, лаяць.
Дзействы праходзяць пад бубны ідэалагічнай містэрыі, прэсавая блазнота абрыджвае нефармалаў. (У.Калеснік)
@абрыджоны -ая, -ае. Які абрыджваецца (сварыцца, канфліктуе) з кім-н.
Не была б яна [Тахвіля] такая абрыджоная, не цярпела б звягі ад людзей. (Л.Калюга)
@абрынуты -ая, -ае. Які абрынуўся, наваліўся.
Цяпер хлопец нават здзівіўся, што на той час у яго не з'явілася ў галаве і кропелькі сумнення ў нечакана абрынутым на яго шчасці. (А.Казлоў)
@абсеймікавацца -куюся, -куешся, -куецца, зак. Абмеркаваць і вырашыць.
Яму [настаўніку] вучні абсеймікаваліся зрабіць так, каб і вялікага свята не парушыць, і не ўразіць вельмі старога; як толькі ён зойдзе ў клас, пра пінскія чарапахі гаворку распачаць. [...] ці праўда, што цераз чарапаху гармата колам пяройдзе і ёй нічога не зробіцца. (Л.Калюга)
@абслугоўчы -ая, -ае. Прызначаны для абслугоўвання; абслуговы.
Не забыты працэсам беларусізацыі ў нас таксама і вучэбна-дапаможны, навукова-абслугоўчы і гаспадарчы персанал. (ЛіМ. 08.07.1994)
@абсталюнак -нку, м. Абсталяванне, абстаноўка.
Узяў ён адмысловы для малагабарытных кватэр гарнітур. Купілі і іншы абсталюнак. (Р.Сабаленка)
@абток -а, м. Востраў.
Ніхто самахоць на гэты выкляты абток [Салоўкі] не едзе. (Ф.Аляхновіч)
@абуджэнец -нца, м. Той, хто абуджае ў каго-н. нацыянальную свядомасць, годнасць.
«Абуджэнец» - назва артыкула В.Рагойшы, прысвечанага Сяргею Палуяну (Звязда. 26.04.1997)
@абыходзіны -інаў, -ін, адз. няма. Абыходжанне.
Ды не стаяць жа было Рыгору перад рэзвай гаспадыняй, як перад статуяй, - і ён зламаў ніякавасць у абыходзінах з жанчынаю, ступіўшы рашучым крокам наперад. (Ц.Гартны)
@аб'ядноўчы -ая, -ае. Які служыць аб'яднанню, вядзе да аб'яднання.
Беларуская ідэя яшчэ не стала галоўнай аб'ядноўчай сілай. (Н.Гілевіч)
@абязбольвальны -ая, -ае. Які прызначаны служыць для абязбольвання.
Чалавек атрымліваў абязбольвальны ўкол і пакідаў кабінет. (Звязда. 30.04.1996)
@абязгрошаны -ая, -ае. Які страціў грошы, апынуўся без грошай.
Абязгрошаныя, але не засмучаныя, мы апынуліся невялікай кампаніяй у рэстаране «Беларусь». (І.Шамякін)
@абярог, абярэг -а, м.
1. Амулет, талісман.
Абярог аберагае чалавека ад усялякай нечысці. (С.Суднік) Абвостраны нарог Хапае за крысо. Нібыта абярог Аддаленых часоў. (У.Мазго)
2. перан. Ахоўца, аберагальнік.
Жанчына пазбаўлена права выбару: быць абярогам сям'і, нараджаць і выхоўваць дзяцей здаровымі і разумнымі або самарэалізоўвацца ў нейкай іншай дзейнасці. (Беларусь. 1997. № 7) І ўсё ж свет эмацыйнай інтуіцыі творцы [паэта Алеся Разанава] не зусім вызвалены ад сувязяў з рэальнай прадметнасцю, бо менавіта рэальныя рэчы-вобразы з'яўляюцца абярэгамі для такой інтуіцыі. (Роднае слова. 2004. № 3)
@абярэжніца -ы, ж. Захавальніца.
Зацятая абярэжніца родавых нахілаў, Зосіна маці многа пастаралася над тым, каб зрабіць з свае дачкі верную і непахісную сваю паслядоўку. (Ц.Гартны)
@агаломшаны -ая, -ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад агаломшыць.
Янусь ажно перастаў жаваць, агаломшаны важкасцю мудраслоўя. (П.Васючэнка)
2. у знач. прым. Збянтэжаны, разгублены.
Невыпадкова прэзідэнт Кыргызстана пры абмене афіцыйнымі прамовамі меў агаломшаны выгляд. (ЛіМ. 05.04.1996)
@агаломшыць -шу, -шыш, -шыць, зак., каго. Моцна ўразіць, ашаломіць.
[Амерыканец] нас агаломшыў, заявіўшы: «Вось вы наракаеце на камерцыйнае кіно. А я вам скажу, што без камерцыйнага кіно ніякага іншага ў вас не будзе...» (ЛіМ. 31.10.1997)
@аглуздзелы -ая, -ае. Няўцямны, адурэлы.
Нейкі час жыхары сядзелі, як замарожаныя, аглуздзелыя. (Ц.Гартны)
@агмень -ю, м.
1. Вогнішча, агонь.
І пакуль гарыць агмень - дотуль цёпла сэрцу. І не страшна ў судны дзень целу майму ўмерці. (А.Сыс) Умей на кут святы перахрысціцца. Чужое хаты прывітай агмень. (У.Паўлаў)
2. Сімвал роднага дому, сям'і.
Нараджэнню таго, што ствараецца намі, спрыяе наш нязводны хатні агмень - непагаснае цяпельца, якое мы пастаянна падтрымліваем, сілкуем цяплом уласных душ. (ЛіМ. 02.01.1998)
3. Месца, цэнтр распаўсюджання чаго-н.; ачаг.
Прайсціся сцяжынкамі жыцця і творчасці народнага песняра дапаможа кніжка «Святло Купалавага дому», выпушчаная Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, складальнікам яе з'яўляецца гаспадыня гэтага агменю беларускасці Жана Дапкюнас. (ЛіМ. 17.04.1998)
@агоньчык -у, м. Агеньчык.
На сінім тугім агоньчыку і праўда скоранька зашумеў і запыхкаў параю зялёны чайнік. (В.Адамчык) Ужо ім у вочы забліскалі рэдкія агоньчыкі з вокан хат. (Ц.Гартны)
@адбіты -ая, -ае.
1. Які адбіўся, зрабіў уплыў, уздзеянне.
Часы чорнае рэакцыі, балюча адбітыя на становішчы даволі моцнай раней Сілцоўскае арганізацыі, усё ж канчаткова не зліквідавалі сацыялістычнага руху... (Ц.Гартны)
2. Які адбіўся, адлучыўся.
Ідзе ён адзін без дарогі, адбіты ад стада баран... (Я.Колас)
@адбыты -ая, -ае. Які адбыўся.
Гэта злучэнне падзей толькі што адбытай у глухім лесе драмы... у момант выклікала ў ім думку, ці не глядзяць і за ім чые-небудзь ліхія вочы. (Я.Колас) Калі Смоліч з калегамі пасля ўдачы ў Кіеве і адбытага адразу па ёй кароткага дыпламатычнага ваяжу ў Берлін вяртаўся дамоў, на палітычным даляглядзе Беларусі і замаячыла яшчэ адна, новая пагроза. (А.Ліс)
@адважнік -ая. м. Адважны чалавек.
Пакуль ёсць адважнікі, будуць і баязліўцы, пакуль ёсць баязліўцы - будуць адважнікі. (Н.Мацяш) Варажбітна-напорная праца ў адважнікаў паспяхова завяршылася. (В.Санько)
@адведвальнік, адведнік -а, м. Той, хто адведвае, наведвае каго-н.
Альберцінскі манастыр быў заўсёды абстаўлены шпігунамі... а нават некаторых адведвальнікаў паліцыя затрымлівала. (Пагоня. 04.10.1996) Увогуле трэба сказаць, наведвальнікі, адведнікі ішлі да яго бясконцай плынню. (В.Казько)
@аддалены -ая, -ае. Які аддаліўся.
[Кіраўнік работ] пайшоў услед аддаленай калоны палонных. (Ц.Гартны)
@адзінота -ы, адзінотка -і, м. і ж., адзінотнік, адзіночнік -а, м. Той, хто (што) адзін, не ў гурце; адзіночка.
Яны з Міхасём і пажаніліся ўжо сіротамі, адзінотамі. (Ц.Гартны) На душы было пакутна, і, мусіць, праз тое, тры бярозкі пры дарозе, першыя з логу, здаліся цяпер адзіноткамі, хоць і шумлівымі, як і раней, у маленстве. (М.Гарэцкі) Відавочна, што сёння імпрэзы «БК» [«Беларускай капэлы»] - гэта не голас адзінотніка ў пустэльні. (С.Берасцень) Адзіночнік ён [Антон Сісюкевіч] быў, адзін-адзінюткі, як жаба ў каляіне. (Л.Вашко)
@адзінотны -ая, -ае. Адзінокі.
У нейкай адзінотнай сушні яны прытуліліся адпачыць і паснулі на кастрыцы. (К.Чорны) Я проста папытала: «У вас столькі вучняў. Чаму вы такі адзінотны?» (ЛіМ. 16.02.1998)
@адзіночнік гл. адзінота
@адкрывальны -ая, -ае. Праўдзівы, адкрыты, шчыры.
Бацька натрапіў на творы Талстога і яму спадабался там адкрывальная публіцыстыка, ён прачытаў і запамятаў «Споведзь» і «Дык што нам рабіць?». Імпанавала яму бязлітасная праўдзівасць гэтых твораў. (У.Калеснік)
@адкрыўчы -ая, -ае. Які служыць навуковаму пошуку, адкрыццю.
Вы, як вопытны даследчык, які можа пахваліцца глыбокімі адкрыўчымі рэйдамі ў мінулае, пакідаеце па-за сваёй увагай... верагодных сведак. (М.Танк)
@адлежаны -ая, -ае. Які адлежаўся.
Усе са свежымі навінамі прыходзілі, адлежаныя творы прыносілі. (М.Калачынскі)
@адлускоўвацца -аецца, незак. Адлушчвацца.
Адлускоўвацца ржа пачала. І знямогу я адолеў. (А.Вольскі)
@адляцелы -ая, -ае, перан. Які адляцеў (мінуў, адышоў).
І ім [маладым] усе гулагі і рэйхстагі - як пошум лісця адляцелых дзён. (М.Дукса)
@адмаладзець -ею, -ееш, -ее, зак. Стаць маладым.
Адмаладзець душой [кветка] дапамажы. Пяшчотай аднавіць здранцвелых нерваў клеткі. (Д.Бічэль)
@адмоўнік -а, м. Прызыўнік, які ўхіляецца ад вайсковай службы.
Цяперашні прызыў у параўнанні з асеннім ідзе больш арганізавана. Відаць, запрацаваў закон аб воінскай службе (Мінская вобласць заўсёды была ў «лідэрах» па адмоўніках). (Звязда. 07.07.1993)
@адмыслоўца -ы, м. Той, хто валодае выдатным майстэрствам.
Свята «Маладзечна-98» будзе адметнае выступленнямі з нагоды юбілеяў класіка айчыннай літаратуры Пімена Панчанкі ды адмыслоўцы сучаснай беларускай песні Валерыя Іванова. (ЛіМ. 06.03.1998)
@адмыўны -ая, -ае. Які можна адмыць, які адмываецца.
І мазольныя, не адмыўныя ад зямлі пальцы тузнулі званок. (Ц.Гартны)
@аднаайчыннік -а, аднакраінец -нца, м. Суайчыннік.
«Аднаайчыннікам» - назва верша А.Каско (Маладосць. 1997. № 4) Няхай жыве новае і моцнае, як моцныя наша воля і наш дух. А гэтыя якасці дзівяць не толькі чужаземцаў, а і маіх аднакраінцаў. (П.Глебка)
@аднабрыгаднік -а, м. Той, хто служыць ці служыў у адной брыгадзе з кім-н.
Антося здзівіла, што яго баявы аднабрыгаднік меў на галаве густы, як у хлапчука, «вожык». (А.Жук)
@аднавяковец -коўца, адначаснік -а, м. Сучаснік.
Так, ён [лірычны герой] рацыянальны, наколькі рацыянальны наш век і нашыя аднавякоўцы. (А.Пісьмянкоў) На схіле веку хочацца, што называецца, празаічна паглядзець на сябе самога, на адначаснікаў тваіх, жывых і вечных, паразважаць, памеркаваць. (Р.Барадулін)
@аднакамернік -а, м. Той, хто знаходзіцца з кім-н. у адной камеры.
- Ты што, баця? - здзівіўся той. Абурана. Задзірыста. - Грэбуеш намі, аднакамернікамі? (Г.Далідовіч)
@аднакраінец гл. аднаайчыннік
@аднанож прысл. На адной назе.
Заставацца ў хаце было небяспечна, трэба было ратавацца, але аднанож я далёка ўцячы не мог. (В.Быкаў)
@аднапалатнік -а, м. Той, хто знаходзіцца з кім-н. у адной палаце.
Палата была чалавек на дзесяць. Мае аднапалатнікі былі людзі розных прафесій і заняткаў. (В.Хомчанка)
@аднаспадны -ая, -ае. Аднасхільны.
[Гаспадар] пабудаваў маленькі будыначак з аднаспаднай стрэшкай для патрэб усіх сваіх кватарантаў. (В.Ластоўскі)
@аднаўленец -нца, м. Той, хто аднаўляе, узнаўляе што-н.
Сярод аднаўленцаў кампартыйнай... ячэйкі пераважную большасць складаюць людзі «пенсійнага ўзросту». (Звязда. 26.03.1993)
@аднаўляны -ая, -ае. Які аднаўляўся, аднаўляецца кім-н.
Наганялі нуду даўно не аднаўляныя і спрадвеку не апыляныя сцены. (В.Ластоўскі)
@адначаснік гл. аднавяковец
@адніманы -ая, -ае. Які аднімаўся, аднімаецца кім-н.
Сцяміўшы гэта, Ляўчук апусціў увесь дзень не адніманы ад пляча прыклад свайго «дзегцяра» і дастаў з кішэні ўсохлы і абкрышаны кавалак хлеба. (В.Быкаў)
@адпачывальнік, адпачыншчык, адпачыннік, адпачнік -а, адпачыванец -нца, м. Той, хто адпачывае; дачнік.
Пачаўся заезд адпачывальнікаў у санаторый з розных раёнаў вобласці. (Беларускае радыё. 07.10.1995) Пакуль што адпачыншчыкі, ці, як іх тут завуць, - хворыя, не запаўняюць і палавіны яе [будыніны] (Р.Сабаленка) Увечары 26-га даведаліся выпадкова, што адпачыннікі з «Правды» ўтварылі свой камітэт па эвакуацыі. (ЛіМ. 11.09.1992) Усе турботы адпачніка зводзіліся да аднаго - яды, гульняў, знаёмстваў. (В.Санько) Дождж яму, адпачыванцу, якраз і не патрэбен... (М.Гіль)
@адрабляць -яю, -яеш, -яе, незак., што. ... Выконваць (пра ўрокі).
Ён стаў прыходзіць кожны дзень у чытальню інтэрната, каб разам са мною адрабляць урокі, г.зн. выконваць дамашнія заданні. (У.Калеснік)
@адразанка гл. абразанка
@адрываны -ая, -ае. Які адрываўся, адрываецца кім-н.
...Больш тыдня, як каляндар не адрываны. (Л.Калюга)
@адставака -і, м. і ж. Той, хто (што) адстае, адстаў; адсталы.
Ужо наляцелі з-пад Масквы фашысцкія налётчыкі. І раптам нейкі чарнакрыжы адставака прагрукатаў над намі і скінуў паблізу бомбу, якую яму не далі скінуць у іншым месцы. (П.Панчанка)
@адчуваны -ая, -ае. Які адчуваўся, адчуваецца кім-н.
Тон, з якім Сёмка выказаў гэтыя словы, яго бадзёры выгляд і адчуваная Стэпаю шчырасць ды спагада да сябе злёгку разагналі насядаўшы на яе цяжар... (Ц.Гартны)
@адшліфоўчы -ая, -ае. Які служыць шліфаванню, удасканаленню.
Мова - вечна жывы, спеўны, вечна неспакойны, свежы і светлы акіян. Ні на момант не моўкне ён, не ўпыняе свае стваральнай, памнажальнай адшліфоўчай работы. (М.Лужанін)
@ад'язджанец -нца, м. Той, хто ад'язджае.
Пасля вайны ў заходняй Беларусі шмат хто імкнуўся паехаць у Польшчу. ... У бальшыне сваёй ад'язджанцы гэтыя былі палякамі касцельнымі. (Р.Барадулін)
@ажывелы -ая, -ае. Які зрабіўся больш ажыўленым, узрушаным.
Апошняй [у вестыбюль] ускочыла ажывелая Франя. (В.Быкаў)
@ажыўчы -ая, -ае. Які аднаўляе сілы, ажыўляе.
Рассыпайся [сонца] па сёлах, па нівах Брыльянцістай ажыўчай расой. (Я.Купала)
@азапасіцца -пашуся, -пасішся, -пасіцца, зак. Запасціся.
На седале нема залямантаваўсонны певень, загрымеў калодзежны журавель: якаясьці гультайка не азапасілася нанач вадою. (В.Гардзей)
@аздоба -ы, аздаба, -ы, ж. ... Выгляд, аблічча; постаць.
Гукае Міхась: «Баравік!» І сам прысядае на дол Ды вочкамі водзіць вакол. Аж зірк - між калюшак Другі капялюшак! І што за асоба! Краса і аздоба! Не чорны - хутчэй сіняваты. Дзябёлы, таўстаматы... (Я.Колас) [Рэчка Валоўка] плыве да бацькі-Нёмана адсюль [ад Пабрэззя] значна пацішэлай, як замужняя, што чакае дзіцятка, маладзіца - не менш прыгожая і вабная ў сваёй папаўнелай аздобе. (Я.Лецка) На Саладуху, во на каго падобны хлопец, што даў яму закурыць, - і голасам, і аздабой... (В.Быкаў)
@аздобны -ая, -ае. ... Прыгожы.
Невядомскіх пустадомку прыйшлося... жонка не такая аздобная, каб хто на яе паквапіў. (Л.Калюга)
@акруціцца акручуся, акруцішся, акруціцца, зак. Павярнуцца, каб змяніць становішча або напрамак свайго руху; развярнуцца.
Не згледзеў, калі паспелі акруціцца Махорка з Панком - яны пагналі коней назад у расцяроб, і ён, Боганчык, астаўся цяпер ззаду за ўсімі. (І.Пташнікаў)
@акрыяны -ая, ае. Які акрыяў, акрыялы.
Але ў пашчу бурлівую зноў рашуча штурхне іх [крыгі] крутое плячо акрыянага берага!.. (Н.Мацяш)
@актуалізацыйны -ая, -ае. Які служыць актуалізацыі.
Актуалізацыйная функцыя гэтых сродкаў асабліва відавочная ў тых выпадках, калі вербальны кантэкст недастатковы для рэалізацыі камічнага (іранічнага) значэння. (В.Рагаўцоў)
@актыўнік -а, м. Той, хто выяўляе актыўнасць у дзейнасці якой-н. арганізацыі, суполкі; актывіст.
Поруч з актыўнікамі «славянскіх сабораў» і таму падобных актывізуецца, як бачым, геаграфічна-беларускі элемент. (ЛіМ. 21.10.1994)
@акуцце -я, н., зб. Тое, чым акаваны які-н. прадмет; акоўка.
- А нешта на задняй восі з правага боку люстэрка не трымаецца: трэба анучу падкручваць, як едзеш дзе. І тут крыху акуцце папраў, - паказаў Антось, на двор да каламажкі вывеўшы каваля. (Л.Калюга)
@альтэрнатыўнік -а, м. Прызыўнік, які на залік вайсковай службы выконвае іншыя абавязкі.
У Мінску да нас час ад часу заходзяць нямецкія альтэрнатыўнікі - хлопцы, што, зноў жа саромячыся не так далёкай айчыны, адмовіліся браць у рукі зброю і тэрмін абавязковага вайскоўства палічылі за лепшае адрабіць санітарамі пры самацяжка хворых. (У.Мехаў)
@аналізаваны -ая, -ае. Які аналізаваўся, аналізуецца кім-н.
Аднак у аналізаваным вершы выкарыстаны прынцып пераважна рамантычнага адлюстравання рэчаіснасці. (Роднае слова. 2002. № 6)
@апавядальнасць -і, ж., апавядальніцтва -а, н. Тое, што і аповед (у 3 знач.).
У Кузьма Чорнага празаік вучыўся многаму - непаўторнай інтанацыі апавядальнасці, філасафічнасці думкі, канкрэтнасці слова. (А.Міхневіч, Я.Саламевіч) Ёю [вобразнасцю народна-гутарковай мовы] расквечана сюжэтнае апавядальніцтва - добрыя дзве трэці антэксту паэмы. (А.Лойка)
@апавяданы -ая, -ае. Які апавядаўся, апавядаецца кім-н.
Апавяданае здарэнне на ўсіх наводзіць засмучэнне. (Я.Колас)
@апавядаўца -ы, м. Той, хто апавядае, расказвае; апавядальнік.
Ён паламаў сабе ногі, расквасіў нос і патыліцу... - Дзеля гэтага, - дадаваў апавядаўца, - загадалі абгарадзіць калодзезі па вёсках. (Я.Лёсік)
@апантаць -ае, зак., каго, што. Захапіць, апанаваць, авалодаць.
Міжволі апантала на момант уява, нібыта я стаю пад гэтым небам, стаю адзін на адзін. (М.Ткачоў) Той боль [звера] не ўспрымае прышэлец азартны - Удача стральца апантала, як хмель. (Т.Мельчанка)
@апачварны -ая, -ае. Знявечаны.
Не апачвараны пустой вачніцай твар яе быў ружовашчокі, малады, нібы крамяны летні яблык... (В.Казько)
@апіра -ы, апірка -і, ж. Апірышча, апора.
Будзь сам сабе апірай. (Р.Барадулін) Кладка я твая, І апірка. І цяпельца на гострых проймах... (Н.Мацяш)
@аповед -у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апавядаць (расказваць, паведамляць).
Уражвалі свабода яго [Максіма Танка] душэўнага самапачуцця, арганізацыя мыслення, раскутасць аповеду, нешматслоўнасць, чуйнае стаўленне да памяці тых, хто адышоў. (М.Мікуліч)
2. Тое, што апавядаецца; слоўнае паведамленне пра што-н.
Я прыпамінаў начны аповед Франі, нашыя з ёю размовы. (В.Быкаў)
3. Апавяданне пра дзеянні, учынкі, падзеі.
Ва ўсім - у матэрыяле твораў, танальнасці аповеду, ладзе душы героя - пісьменнік не мог прыхаваць сваё «я». (А.Пяткевіч)
4. Невялікі мастацкі апавядальны твор у прозе; апавяданне.
Гэты аповед, ужо амаль завершаны, я даў пачытаць ягонаму герою, Хлябцэвічу. (П.Васючэнка)
@апяваны -ая, -ае. Які апяваўся, апяваецца кім-н.
Гэта быў жывы вобраз так даўно апяванай рознымі адраджэнскімі прарокамі і піітамі кансалідацыі. (М.Танк)
@аральніцтва -ае, н. Старажытнае земляробства.
Яны [дрыгавічы] парабілі прасекі ў лясных нерушах і сцежкі ў лугавой некашы, раскарчавалі палянкі і, паставіўшы свае хаты вакол выпаленых агнём лядаў, пачалі асвойваць аральніцтва, збіралі грыбы і ягады, палявалі на дзічыну. (В.Гардзей)
@арандаваны -ая, -ае. Які арандаваўся, арандуецца кім-н.
Хутарок быў пабудаваны нядаўна на арандаванай скарбовай зямлі. (Я.Колас)
@арганізоўны -ая, -ае. Які выконвае ролю арганізатара.
Няма пярэчанняў супраць таго, што члены партыі дзейнічалі як арганізоўчая і накіроўчая сіла. (Полымя. 1975. № 5) Кампазіцыйна арганізоўчым цэнтрам апавядальнай гісторыі з'яўляецца вобраз апавядальніка. (Роднае слова. 1999. № 11)
@аруплены -ая, -ае. Ахоплены руплівасцю, клопатам.
Перспектывізм як адмысловая тэорыя пазнання аруплены высвятленнем... умоў магчымасці існавання прыватных назіральнікаў. (ARCHE. 2006. № 3)
@асвойтаны -ая, -ае. Які асвойтаўся, асвоіўся.
Асвойтаныя з паўзмрокам вочы заўважалі каштанавыя валасы. (М.Лынькоў)
@асноведзь -і, ж. Фон.
Увесь гэты холад, пыху і суровасць [сабора] адно мякчыць: залочана асноведзь. (В.Ластоўскі) На асноведзі беларускіх вершаў «Лебедзі чорнай» выдае на экзатычную паэма «Пэрсыдзкая легенда». (Роднае слова. 1993. № *) ... Увесь лозунг на асноведзі навакольных аблезлых будынкаў успрымаўся непаважна і досыць двухсэнсоўна. (У.Арлоў)
@асобнік -а, м. Экзэмпляр.
Старшыня клуба «Спадчына» падараваў 150 асобнікаў кнігі-альбома «Любіць Радзіму - шанаваць родную мову». (Наша слова. 18.02.1998)
@астабрыднуць -не, зак. Моцна апрыкраць.
Ён [Мікалай Кулеша] наводзіць толькі сум. Здавалася, яму вельмі цяжка жыць, усё астабрыдла. (А.Карпюк) Як гэта ўжо, кажучы па-караткевічаўску, астабрыдла!.. (Я.Брыль)
@астуда -ы, ж., перан. Непрыязнасць, холад у адносінах.
Спадзяюся, што астуды ў хату, у сям'ю тваю пісьмо гэта не прынясе. (Ф.Янкоўскі)
@астуджаны -ая, -ае. Які астудзіўся (стаў халодны або халаднейшы).
Ціхая зорная ноч абдала іх астуджаным, але нячыстым гарадскім паветрам. (Ц.Гартны)
@астудны -ая, -ае. Які студзіць, халодзіць; сцюдзёны, халодны.
На ветры астудным гайдаючы вочап, Стары журавель - закадычны сябрук - Паведаць скрыпуча сягоння мне хоча, што помніць дагэтуль цяпло тваіх [маці] рукі. (М.Мятліцкі) Здавалася, між намі толькі мы - Дзве палавінкі сонечнага мая, Нібы няма астуднае зімы, Якая так сняжыста абдымае. (М.Шабовіч)
@асунуты -ая, -ае. Які асунуўся, асеў.
Веснавою парою - перад ворывам - спальвалі стажкі саломы. Асунутыя, распоўзлыя... (В.Рагаўцоў)
@асфальтаванка, асфальтка, асфальтоўка -і, ж. Асфальтаваная дарога.
Ад асфальтаванкі да Кірыліч кіоаметры два ці тры па лесе. (Р.Сабаленка) Пасля Плешчаніц стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай медзяной сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то доўга ўецца між баравых цяснін. (В.Быкаў) [Хаціна] стаяла сярод поля адна, якраз на скрыжаванні лапаціцкай палявіцы і радзімецкай асфальтоўкі. (В.Карамазаў)
@асцюдзянець -ею, -ееш, -ее, зак., перан. Астыць, стаць сцюдзёным, халодным.
Аж нарэшці, калі ён [дзядуля], мусіць, сам асцюдзянеў у патрэбнай прапорцыі, нарадзіўся хлопец. (М.Гарэцкі)
@асцярожнік -а, м. Пра чалавека, які дзейнічае з аглядкай, з асцярогай.
[Нядаўні прамоўца:] Што? Каб выступаць і нешта сказаць, то спярша начальнікаву біяграфію трэба вывучыць? Тады ўжо, асцярожнікі мудрушчыя, будзе правільненька? (Ф.Янкоўскі)
@асяніна -ы, ж.
1. Плата гуртавому пастуху, якая збіралася ўвосень.
Заўжды ў асенні час, Нібыта князь даніну, Збіраў пастух у нас Калісьці асяніну. ...Хто палатна сувой Даваў, хто трохі жыта. (А.Зарыцкі)
2. перан. Падсумоўванне кім-н. сваіх працоўных (творчых) набыткаў пад старасць.
Ужо на сенажаць Маю густы лёг іней. Час надыходзіць дбаць І мне аб асяніне. За век свой я не шмат Напасвіў песень надта... (А.Зарэцкі)
@Асяніны -нінаў, -нін, адз. няма. Дзень памінання продкаў, восеньскія Дзяды.
Асяніны - старадаўняя, язычніцкага паходжання, урачыстасць, сведчанне не столькі прымхлівасці, колькі высокай маральнасці земляробаў з іх сталым ушанаваннем памяці сваіх папярэднікаў. (А.Ліс)
@асянчук асенчука, м. Восеньскае парася, цяля, ягня.
Дзед Сцяпан павёз на продаж падгладжанага асенчука, укінуўшы яго на салому ў задок воза. (В.Гардзей)
@асяродзішча -а, н. Асяроддзе.
У час банкету ніхто ім не цікавіўся, ніхто да яго не зварачаўся, ніхто не гутарыў з ім. Попутчік быў як ізаляваны ад усяго асяродзішча. (Ф.Аляхновіч)
@атакоўны -ая, -ае. Які мае характар наступу, атакі.
- Сёння ты дасі мне на піва, - выдыхнуў напорыста, атакоўна. - Бачыш, у мяне сямейнае свята. ...Ды тон яго з атакоўнага памяняўся на горкі. (У.Мехаў)
@атрадавец -даўца, м. Асоба, якая ўваходзіць у склад атрада.
Дзядзінцам маршыравалі на працу, змяшаўшыся ў адну грамадку, рабочыя атрады і палонныя. ...Атрадаўцы неслі жалезнякі, пілы, сякеры. (Ц.Гартны) Алік з гонарам, на хаду, пры ўсіх атрадаўцах працягнуў мне дарунак. (Ф.Янкоўскі)
@аўтарка -і, ж. Жан. да аўтар.
«У лемантары змешчана каля 180 рысункаў» - як зазначае ў сваіх заўвагах да лемантара аўтарка. (Я.Колас) Аўтарка лёгка стварае эканамічнага чалавека і яго эканамічным досведам спрабуе аргументаваць культурную сітуацыю... (ARCHE. 2006. № 3)
@афіцыйнік -а, м. Афіцыйная асоба.
І на кожным кроку й радыёгуку афіцыйнікі перад назовам Беларусь абавязкова коцяць гэтакі паравозік - рэспубліка. (Р.Барадулін)
@афішка -і, ж. Лістоўка, улётка.
Дзе там хто казаў, што ў Алесі афішкі нейкія чуў? Пачытаць трэба. Хадзем, няхай пачытае... (Я.Скрыган) [Сцяпан:] Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго [Адольфа] захацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада [Якіма], гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?! (Я.Купала)
@ахвотны -ага, у знач. наз. Той, хто хоча, жадае атрымаць што-н., узяць удзел у чым-н.; ахвотнік.
Ахвотныя звяртайцеся, калі ласка, на адрас [склада] (Наша Ніва. 1991. № 1) У Гродне зноў адкамандзіравалі ахвотных - вярнуўся адзін, і без піва. (А.Федарэнка)
@ахвяроўца -ы, ахвярнік -а, м. Той, хто дае што-н. як дарунак каму-н.
Шчыра дзякуем усім ахвяроўцам! (Роднае слова. 1994. № 7-8) Кіраўніцтва ТБМ шчыра дзякуе ўсім ахвярнікам роднай мовы і запэўнівае, што вашыя грошы паслужаць Беларусі. (Наша слова. 01.01.1998)
@ахоўца -ы, м. Той, хто беражэ, шануе каго-н., што-н.; ахоўнік.
Святы анёле, Заступніку Боскае волі, Ахоўца мае зямное няволі, І ў цішы, і ў гамане Не адыходзь ад мяне, Адвядзі ад душы мае стому... (Р.Барадулін)
@ачмуральны -ая, -ае. Які ачмурае, задурманьвае, затлумляе.
Ніяк не магу знайсці архімедаўскага пункта апоры, каб выбрацца з блытаніны розных процілеглых поглядаў, ачмуральнай галаслівасці, засцянковай мегаламаніі
@ачнуты -ая, -ае. Які ачнуўся, абудзіўся.
На імёны, на музыку - мода, - Не пазнаць мне тутэйшых мясцін. Да ачнутага духу народа Нам з табой яшчэ доўга ісці. (Я.Янішчыц)
@ачольваць -аю, -аеш, -ае, незак. Узначальваць.
У найноўшай гісторыі хапае прыкладаў, калі святары ачольвалі вызвольныя рухі. (Наша Ніва. 11.05.1998) Уладзімір Гінько ачольвае зусім маладых... ансамбль старадаўняй беларускай музыкі «Легенда». (ЛіМ. 18.05.2007)
@бавіцца -віцца, незак. Адбывацца, весціся (пра гутарку).
У кожнай купцы бавілася свая гамонка. (І.Мележ)
@багадаць -і, ж. Боская ласка, дар божы.
Позірк неба сіні Нам у душы шле багадаць. (Р.Барадулін)
@багажня -і, ж. Камера захоўвання.
Натоўп пасажыраў рассыпаўся ў розных кірунках - да аўтобуса, у памяшканне вакзала, на стаянку таксі, у багажню. (В.Быкаў)
@багаславіць -слаўлю, -славіш, -славіць, незак. Бласлаўляць.
[Псіха:] А ясным бачу яго [Бога] у ясным квецці, Як багаславіць і старцоў і дзеці. (Я.Купала)
@багаслаўленне, багаславенне -я, н. Блаславенне.
І рукі злучывалі [дзівы] нам навекі. Багаслаўленне далі нам сваёй. (Я.Купала) Князі ж і баяры ўсе... узрадаваліся і, атрымаўшы багаславенне епіскапа, пакланіліся Еўфрасінні. (Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994)
@багаслаўлёны -ая, -ае. Бласлаўлёны.
[Псіха:] Багаслаўлёны, пакорны хто й ціхі, Багаслаўлёны... (Я.Купала)
@багаслужба -ы, ж. Богаслужэнне, набажэнства.
У простай, даходлівай форме выкладзена неабходная інфармацыя з галіны літургічнага жыцця Царквы: пра малітвы, святарства, багаслужбы, абрады, пасты, святы, асноўныя абавязкі праваслаўнага хрысціянства. (ЛіМ. 28.02.1998)
@багаўслаўны -ая, -ае. Прызначаны ўслаўляць, славіць Бога.
Прасвятлі [Госпадзе Трыадзіны] вочы духу майго ў чысціні, Вусны мае адчыні Кожнаму Багаўслаўнаму гуку. (Р.Барадулін)
@багацюшчы, багацюткі -ая, -ае. Вельмі, надзвычай багаты.
[Бібліятэкары] азнаёмілі з багацюшчымі фондамі бібліятэкі, з яе рэдкімі кнігамі. (А.Грачанікаў, У.Караткевіч) Пішуць - Навагрудчына, а ў Якуба Коласа, а ў Янкі Брыля, як і там, на іх роднай, на іх прыгожай, багацюшчай на ўсё зямлі, - Наваградчына. (Ф.Янкоўскі) І са смугі [часу] выплывае-вымалёўваецца багацюткая зместам панарама. (У.Мехаў)
@багно -а, н. Багна.
Цяпер нават здаволена багно: Гніль сотні год збіраючы, яно Смуроднай жыжкаю узгадавала Цвятоў расістых чыстую красу. (М.Багдановіч) Вашага бога не ведаю з раем рабоў і гаротных, Пекла не баюся, бо ўсё гэта ваша багно. (У.Караткевіч)
@бадзяжнік -а, м. Бадзяга.
Стаіць сабе срыпач і грае на ўласным беразе - нямнога для бадзяжнікаў аглухлых - іншасвету: у мушлі музыкі. (Н.Мацяш)
@бажавольны -ая, -ае. Дурнаваты, блізкі да вар'яцтва; юродзівы.
Калі паэта ягоная паэзія ўзносіць занадта высока, яму нічога не застаецца, як гаварыць з самім сабой. Такіх у народзе называюць бажавольнымі, божымі людзьмі. (ЛіМ. 12.07.1996)
@бажышча -а, н. Ідал, кумір.
Ствараюць з золата бажышчы, Ідуць адны к ім на паклон, Другіх шамочаць бед ігрышчы... (Я.Купала)
@баіць -баю, баіш, баіць, незак. Баяць.
Адышлі на той свет казачнікі... Здаецца, не засталося каму слухаць і баіць штосьці. (В.Казько)
@балачынка гл. болка
@бальшак -а, м. Старэйшы сын; бальшун.
Толькі ў гэтым шусць! - адчыніліся дзверы, і на парозе паказаўся Апанас з жонкай і бальшаком сваім. (В.Ластоўскі)
@бальшыня -і, бальшына -ы, ж. Большасць.
Дня не міне, каб пошта... не прыносіла чарговы чытацкі крык душы: што зрабілася з «найважнейшым для нас мастацтвам» кіно? Але бальшыня пытанняў, абурэнняў ды пратэстаў прыпадае якраз на долю пракату фільмаў. (ЛіМ. 26.06.1993) «Жыхароў... зналі шмат?» - «Ды, бадай, бальшыню». (Н.Гілевіч) Самы кавалерысты, самы шляхетны ў нашым у бальшыне сваёй сяляніста саматужным Саюзе пісьменнікаў быў, вядома ж, ён [Язэп Семяжон] (Р.Барадулін)
@бамбардаваць -дую, -дуеш, -дуе, незак. Бамбардзіраваць.
Японцы бамбардуюць Цындао, у якім немцы яшчэ трымаюцца чвэрць года вайны. (Я.Купала) Каспар Бекеш бамбардаваў Верхні замак, але ядры адно прабівалі сцены, не разбураючы іх. (У.Арлоў)
@бамбоўка -і, ж. Дзеянне паводле знач. дзеясл. бамбіць (атакаваць з паветра, скідаючы бомбы).
Дзіўна, што сярод руінаў ацалелі цэрквы... Цэрквы выстаялі нават пасля дывановых бамбовак - і тут, і ўсюды. (Б.Кіт, В.Быкаў)
@баналізацыя -і, ж. Звядзенне да шаблоннага, збітага, банальнага.
Не стрэнеш у яго [Міхася Васілька] вершах з абодвух давераснёўскіх зборнікаў баналізацыі тэм, але і лішняга мудравання таксама. (М.Мікуліч)
@баранька -і, м. Вырабленая аўчынка баранчыка; баранок.
Забіты ляжаў, падагнуўшы ногі і адкінуўшы руку ў замшавай з бнлым баранькам рукавіцы. (М.Гарэцкі)
@барацьбінскі -ая, -ае. Звязаны, з адлюстраваннем барацьбы, змагння (пра кнігі).
У бібліятэцы, аднак, толькі «праграмнае», толькі «барацьбінскае». (ЛіМ. 13.02.1998)
@барацьбяны -ая, -ае. Ваяўнічы, мужны, адважны.
[Ігар] скаваў розум сілай сваёй і навастрыў сваё мужнасцю сэрца; напоўніўся духу барацьбянага і павёў сваё войска адважнае на землі Палавецкія за Рускія землі. (Я.Купала) Ах, якія яны ва ўласных вачах барацьбяныя... Якія архісмелыя, бескампрамісныя, гатовыя кінуцца грудзьмі на амбразуру!. (ЛіМ. 09.12.1994)
@басяка, прысл. Басанож.
Ніколі ж, вядома, і не падумалася б, што нізенькая, басаногая (толькі растане снег, а яна першаю, як напаказ, басяка ідзе ў мястэчка) і непрыкметная з выгляду Хрыста мае аднакае імя з грэцкаю багіняю ўдзячнасці. (В.Адамчык)
@бацькавіна -ы, ж. Бацькаўшчына.
[Алаіза:] Усё прабачаю. Любыя слабасці людскія. Акрамя аднае - здрады Бацькавіне. (В.Коўтун)
@бачаны -ая, -ае. ... Які бачаць, назіраюць.
Менавіта з гэтым, дэмакратычна бачаным народам духоўна кансалідуецца сам пісьменнік-першадрукар. (А.Каўка)
@бачына -ы, ж. Старонка кнігі, часопіса.
Мне даводзілася неаднойчы выступаць у абарону праўдзівай, сапраўднай гісторыі Беларусі - і з трыбуны пленума Саюза пісьменнікаў, і на бачынах перыядычнага друку. (Полымя. 1993. № 2) На іхніх [польскіх часопісаў] бачынах вы знойдзеце багата беларускіх аўтараў. (ЛіМ. 20.02.1998)
@безбрылёўка -і, ж. Бесказырка.
На рынку каля Брандэнбургскае брамы набор тавару, як і год таму: ордэны, піянерскія значкі, генеральскія шынялі, флоцкія безбрылёўкі... (У.Арлоў)
@безвач прысл. Усляпую.
«От жа гніда!» - стаіў у сабе злую думку Чубар і з гэтай думкай, нібыта безвач, ступіў нягнуткімі нагамі раз і другі па карчаватай прасецы, сілячыся здагадацца, куды ісці далей. (І.Чыгрынаў)
@безгарантны -ая, -ае. Які не дае гарантыі на што-н.
Рынак нас ставіць у абставіны безгарантныя пры свабодзе творчасці. (А.Лойка)
@беларускасць -і, ж. Сукупнасць характэрных прыкмет беларускага.
Вам кажу! не нясіце яе, як крыж. У выжыллі сагнутых плеч Не меўшы Хрыстовых сілаў, Беларускасць нясіце, як крылы, Беларускасць нясіце, як меч. (З.Цехановіч)
@беларушчына -ы, ж. Спрадвечная мова, культура, звычаі, традыцыі беларусаў.
«Ворагам Беларушчыны» - назва вершы Янкі Купалы, адрасаванага праціўнікам беларускай мовы, польскім і рускім шавіністам. Тыя [людзі], што жадалі далучыцца да Беларушчыны і жыць беларускім жыццём, за мінулыя дзесяць гадоў свой выбар зрабілі. (Наша слова. 18.02.1998)
@беласць, белыня -і, ж. Белізна.
Беласць - колер цнатлівае чысціні. (Г.Багданава) Марозна гады звіняць над вухам пасмаю белай, не гэтак ад сонца звінела хлапечых віхроў белыня. (А.Русецкі)
@берасцеец -сцейца, м. Жыхар Берасця (Брэста).
І вось - рынак: ён ускалыхнуў берасцейцаў і паклікаў на шумныя сходкі. (Звязда. 07.07.1994) Цяпер чакаем віцяблян і берасцейцаў. (ЛіМ. 23.02.1996)
@берасцейскі -ая, -ае. Які мае дачыненне да Берасця (Брэста).
Сапраўдныя ж людзі ў цывільным прыбылі на машынах з менскімі, гарадзенскімі й берасцейскімі нумарамі. (У.Арлоў) На падыходзе яшчэ некалькі кніг. У тым ліку і зборнік сучаснай берасцейскай паэзіі. (ЛіМ. 06.03.1998)
@бізнесовец -соўца, м. Той, хто займаецца бізнесам; бізнесмен.
Менавіта ён, маскоўскі бізнесовец родам з Гомеля, спрыяў з'яўленню першага прыватнага тэатра ў Беларусі. (ЛіМ. 23.02.1996)
@бізнесовы -ая, -ае. Які мае дачыненне да бізнесу.
Апошнім часам нямецкамоўны Цюрых стаў найбуйнейшым фінансавым і бізнесовым цэнтрам краіны. (Навіны. 13.03.1998)
@бітлівы -ая, -ае. Які мае схільнасць да боек, любіць біцца.
Марудна цягнуўся вечар, хоць троху і было баўнага занятку ў тым, што супакойвалі крыклівых і бітлівых Казю і Мечыка, рыхтавалі вячэру... (М.Гарэцкі)
@бітма прысл. Бітком.
Клумлівая куламеса людзей - там усе нацыі і клясы - бітма набіла перон. (М.Гарэцкі) Мне зразумела, чаму і на Мальера, і на Купалу - бітма набітая зала. Людзям, як і артыстам, хочацца радасці. (ЛіМ. 17.09.1993)
@благальны -ая, -ае. Які выказвае, выражае просьбу.
На тварыку ў Костуся з'явілася благальная ўмешка. (М.Лужанін) І другія асобы былі дзіўныя. Патрапаныя ці занадта гладкія твары, прагныя вочы, вочы замучаныя, вочы благальныя, вочы з «вар'яцінкай». (У.Караткевіч)
@благі -ая, -ое. ...
1. Які прычыняе, тоіць у сабе зло; злы, ліхі.
Чарговы раз спрацавала старая, як свет, казачка пра добрага «цара» і «благіх» баяр. (ЛіМ. 18.11.1994) А тыя, сынок, благія ворагі, што іх раней бацька Гаравік... разбіў, дык яны за гэтым час пакрапчэлі. (Полымя. 1996. № 4)
2. у знач. наз. благое -ога, н. Ліха, зло.
Свой нарыс Суліма пачынае з тэмы, якая прайшла праз тысячагоддзі. Гэта тэма дабра і зла (ці добрага, харошага - і благога, ліхога). (ЛіМ. 18.12.1992) У адным і тым жа жыццёвым пласце таіліся з'явы супярэчлівыя - добрае і благое, высокае, прыгожае і нізкае, агіднае... (І.Навуменка) А можа на гэтым і свет заснаваны? - Святкуе благое, Балюе ліхое. Баляць мае раны. (У.Паўлаў)
@бліскавічна прысл. Маланкава.
Атрад даволі такі дакучаў урадавым войскам, нападаў на гарнізоны ў белы дзень, нечакана, а калі сілы былі няроўныя, то бліскавічна знікаў, падбіраючы сваіх забітых і параненых. (В.Шалкевіч)
@блудадзейны -ая, -ае. Які займаецца блудам, распустай.
Плылі з блудадзейнага Рыма З заразай маралі вазы. (Р.Барадулін)
@блудлівец -іўца, блуканец -нца, м. Блукальнік.
А без Айчыны хто мы ў свеце? Хто мы? Навошта мы без голасу, імя? Куды вяртацца ў радасці і стоме? Ці прыме нам блудліўцамі зямля? (А.Хатэнка) Надзея - Цёплая завея Развідніць шлях блуканца Горкі І так да дрыжыкаў сагрэе... (Р.Барадулін) Надыдзе блуканец-ліпень Знячэўна і асцярожна. (В.Куртаніч)
@богаадданец -нца, м. Той, хто верыць у Бога; адданы Богу.
І богаадданец, і ёгаадданец, і паганец натхняюцца ім [агнём] на геніяльныя дасягненні. (А.Разанаў)
@богамаленец -нца, богамаленнік -а, м. Багамол.
А ў касцёлах, бажніцах - трывожны звон, у званіцы навалена вузлоў спалоханых уцекачоў, там багамаленцы і сівы дзядок - кунігас; Калі стары богамаленнік троху сціхае, тады байчэй цікае ціхі гадзіннік на сцяне... (М.Гарэцкі)
@богаслужбовы -ая, -ае. Богаслужэбны.
Сход прыняў пастанову-заклік да ўсіх перакладчыкаў: актывізаваць супрацоўніцтва са структурамі, якія непасрэдна займаюцца распрацоўкай беларускай тэрміналогіі для богаслужэбнай і багаслоўскай сфер. (ЛіМ. 10.11.1995)
@божышча -а, н.
1. Тое, што і боства.
Паганцы спавядалі, што ў нетрах зямлі жыве Зніч, святое божышча, а яшчэ ніжэй - божышча, што паліць з астанкаў памёршых вечны агонь, які падагравае на зямлі жывыя парасткі. (Звязда. 09.12.1995)
2. Тое, што і бажышча.
І ў божышча узвёўшы гільятыну, На край савецкі [гітлеры і герынгі] точаць шаблі і штыхі. (Я.Купала)
@бойны -ая, -ае. Біты (пра дарогу).
Толькі трактам або бойным гасцінцам праносіўся гэты пан са сваімі пазджанамі. (У.Дубоўка)
@болесна прысл. да болесны.
Бацька раптам болесна скрывіўся, ледзьне заплакаў. (І.Мележ)
@болець -ее, незак. Большаць.
З кожным годам у нас более і более добрых школьных памяшканняў. (Звязда. 20.13.1968)
@болка, болачка, балачынка -і, ж. Хмарка, воблачка.
Часам сівыя, мутныя, дымныя болкі разбягаліся ў бакі, згруджываліся па краёх у аграмадныя, чорныя, з белаватымі прасветамі аблокі..; [Па небе] усё збягаліся і збягаліся белаватыя болачкі і збіраліся ў адзін цёмны груд; [Месік] ізноў хаваўся за невялічкія хмаркі-балачынкі. (М.Гарэцкі)
@борацца -аюся, -аешся, -аецца, незак. Дужацца, змагацца.
Адтуль, крыху прыгорбіўшыся - бораецца з парывамі ветру - марудна пасоўваецца ў мой бок высокая постаць. (А.Асіпенка) Мы з ім любілі борацца і жартаваць. н мяне навучыў касіць. (Звязда. 04.06.1990)
@боства -а, н. Тое, што і Бог.
Гіпотэза аб Купалу як язычніцкім бостве жыла яшчэ і ў 80-я гады. (А.Ліс) Крытычны раздзел лютаўскага нумара прапануе даследаванне Яніны Курсытэ «Боствы і дрэвы ў латышскім фальклоры». (Полымя. 1996. № 10)
@бразготкі -ая, -ае, перан. Бразгучы.
Калі гаварыць наогул, то хай ужо й негалосна, але па-ранейшаму, «па традыцыі», bon ton у паэзіі ў нас задаюць бразготкія метафары-бірулькі. (ЛіМ. 24.10.1997)
@бракус -а, м. Той, хто мае які-н. брак, загану.
- Ну, сватай, - у тон жарту адказвае Алеся. [Ігнат:] От гэта ўжо цяжэй: Амелька - старават, я - бракус. Прыйдзецца табе пачакаць, пакуль вырасце які падшыванец. (Я.Скрыган) З дапрызыўным бракусом, тонкім, як гліста, Напрахам ніхто не хацеў ісці ў танец. (І.Канановіч)
@бранка, браначка -і, ж. Палонніца.
Ружава кветка на цёмна-буйных валасах белай пані схіснулася, як бранка ў няволі, каторая, выплакаўшы ўсе слёзы, села пад цёмным борам і чакае прыходу нязнанай долі... (В.Ластоўскі) Беларусь мая! Краіна-браначка! Ўстань, свабодны шлях сабе шукай. (М.Багдановіч) Яшчэ разгорнем краіну-бранку - як лекар кнігі старыя. (Д.Бічэль)
@братаннік -а, м. Той, хто братаецца, пабратаўся.
Пачалося братанне з немцамі. І Пракоп бачыў братанне з наглядальнага пункту, Артылерыя страляла па братанніках. (М.Гарэцкі)
@братоўка -і, ж. Братавая.
Брат загінуў даўно. За другога братоўка Выйшла замуж. (Е.Лось)
@бронекамізэлька -і, ж. Куленепрабівальная камізэлька.
Другі, да каго ён пастукаў у тую ноч, спаў на ўласнай пасцелі, але ён не пусціў яго й на парог, сказаў, што сам сядзіць, бы на іголках, - чакае гасцей у бронекамізэльках. (В.Быкаў)
@брохнуць -ну, -неш, -не, зак. Плюхнуць, плюхнуцца.
Рыба брохнула, Як вясло. У жыцці не бачыў такой. (У.Караткевіч)
@брудзь -і, ж. Бруд.
Проста чуецца нейкі цяжар на сэрцы, нейкі грэх, во як часам скрыўдзіш каго, чуеш брудзь нейкую на целе, нібы то мыўся дужа даўно... (М.Гарэцкі) Здавалася, і грошы меў - было за што ў абновах хадзіць, і ў лазні штосуботы мыўся, а з брудзі не мог выбрацца. (А.Разанаў)
@бруйвіна -ы, ж. Бруя.
Людзі, конадні, гады Уцякаюць наўсягды, Быццам бруйвіны вады. (А.Разанаў)
@брыдзіць -джу, -дзіш, -дзіць, незак. Лаяцца на каго-н. брыдкімі, непрыстойнымі словамі.
Яна стаяла з трыма мужчынамі і аднаго з іх брыдзіла так, што не запішаш. (Я.Брыль)
@брыдлівасць -і, ж. Агіда.
Усе гэтыя гісторыі не могуць не выклікаць пачуцця брыдлівасці. (Чырвоная змена. 10.10.1971)
@брыж -а, м. Край чаго-н.; акраек.
Часам глухі гул, як далёкі гром, далятаў сюды, лыжачка звінела аб брыж у шклянцы. (М.Гарэцкі) Войкнуў, моцна ўдарыўшыся аб брыж старой кроквіны. (М.Вышынскі)
@брысаць -ае, незак. Пырскаць.
Калі вярнуся дамоў, неспадзявана ўзняўся пранізлівы вецер, пачаў брысаць дождж. (М.Танк)
@брыскотлівы -ая, -ае. Золкі, халодны.
Пастушкі, схаваўшыся сярод курганоў ад сырога брыскотлівага ветру, разграбалі апалае лісце. (В.Гардзей)
@брэдзь -і, ж. Цвет залы, вербалозу.
Як толькі прыйдзе май вясёлы ў вёску І жаўрукамі пачне звінець, І загарыцца вясеннім воскам На лозах нарачанскіх брэдзь, - Тады з гарбатай і дымнай печы Памалу злазіць стары Ігнат; Пачынаюць [ледзяшы] смяяца, звінець. Будзіць на вербалозе брэдзь. (М.Танк)
@бубённы -ая, -ае. Які мае дачыненне да бубна.
У сонечныя дні праходзяць за горад атрады спартсменаў і піянераў, напаўняючы суседнія кварталы бубённым гулам. (К.Чорны)
@будзённе -я, н. Будзёншчына.
Уночы ж, адкінуўшы прэч гэты свет, Злыя абдоймы будзёння, І чыстай лугою я свой кладу след, Дзе не бывае сутоння... (З.Бабровец)
@будзіч -а, м. Той, што (хто) будзіць.
Быць будзічам Краю латгальскага [звон] прывык. (ЛіМ. 17.04.1998)
@бунтавацца -туюся, -туешся, -туецца, незак. Збівацца, памыляцца гаворачы.
[Іванька:] ...з Іпецкай зямлі... (Не ўмеючы гаворыць за ім і бунтуецца.) (М.Гарэцкі)
@бунтаўнік -а, м. Бунтаўшчык.
[Цётка] не рве натуральныя - бытавыя, сямейныя - сувязі рэвалюцыянера, «бунтаўніка». (Полымя. 1969. № 11) Лічбаў нам не назвалі, мы гэта зрабілі самі. І адразу трапілі ў крамольнікі і бунтаўнікі. (Д.Бугаёў)
@бунтаўнічы -ая, -ае. Бунтарскі.
З думкаю - наперад! З думкай бунтаўнічай... (Я.Купала)
@бунтоўны -ая, -ае. ... Які бушуе, кіпіць.
Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды, І сэрца лялеецца ў сцішнай жальбе, Ўсё слухаеш нема, Як стогнуць нягодай Ды як бы ўсё клічуць цябе... (Я.Купала) Адлюстраваліся ў прырдзе ўсе нашы рыскі і шнары - нібы бунтоўнае разводдзе, нібы дрымотныя віры. (А.Разанаў)
@буслоўка -і, ж. Буслянка.
Цесна ў буслоўцы. (Настаўніцкая газета. 18.09.1976)
@буцвежа -ы, ж. Буцвенне, збуцвенне.
Гэтак прыгатаваны корст [труна] мог соткі гадоў ляжаць у зямлі, не паддаючыся буцвежы. (В.Ластоўскі) [Антон Сісюкевіч] усіх любіў сваёю магільнаю любоўю, і калі хто-колечы высыхаў ці агортваўся буцвежаю, гэты нізенькі рыпучы мужычонак плакаў так горка... (Л.Вашко)
@бывач -а, м. Той, хто бывае дзе-н.; наведвальнік.
Ў кавярні водзіць рэй і лад, Бывач яе заўсёдны, шчыры, Сатыры піша там на ўсіх... (Я.Купала)
@быдлець -ею, -ееш, -ее, незак. Губляць чалавечую сутнасць, ператварацца ў жывёліну, быдла.
Ерась, вялікая маці ўсіх народаў вялікіх, Выратуй сына свайго, што не будзе быдлець спакваля... (У.Караткевіч)
@быдліна -ы, ж. Жывёліна.
Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконца дурнога клопату - і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямант у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну. (М.Гарэцкі)
@быдлятка -а, н., ласк. Асобіна буйной рагатай жывёлы.
Забаранілі нам карміць жывёлу. Цэлы тыдзень чуваць было рыканне скаціны. Быдляткі шалелі ад голаду, грызлі яслі, церліся аб сцены і здыхалі. (ЛіМ. 26.08.1994)
@быдта, бытта злучн. Быццам.
Абудзіла яе, прашмыгнуўшы ў міг вока каля самага берага, сіння блішчастая пташка з кароткім, быдта выскубленым, хвастом. (В.Адамчык) Дзяцей бытта хто падмяніў. (А.Разанаў)
@быліца -ы, ж. Быль.
Успомніў быліцу ці выдумку майго сябра скульптара. (Я.Скрыган)
@былы -ая, -ое. Які быў, мінуў.
У даўно былыя даты - нават следу не пазнаць. (А.Разанаў)
@быццёвы -ая, -ае. Які мае адносіны да быцця.
Беларушчына стамілася існаваць адно ў слове. Стагоддзе толькі вербальнага статусу культуры, відаць, вычарпала нейкі быццёвы ліміт, скарыстала ўсе дадзеныя натуральныя правы на існаванне. (ЛіМ. 20.01.1995)
@бязвартасны -ая, -ае. Які не мае вартасці, кошту.
Бязвартаснымі паперамі - рублямі - закідалі Беларусь і скардзяцца: усё даражэе. (ЛіМ. 30.07.1993)
@бязверац -рца, м. Той, хто не верыць у Бога.
Нязрушны, непрабойны, сказана ўжо, бязверац, які не трымае ў памяці ніводнай малітвы, я бясслоўна... малюся. (У.Мехаў)
@бязвыйсцевы -ая, -ае. Які не мае выйсця.
Ды на бязвыйсцевай дарозе у неспагаднай старане у вокны радасць не зірне... (А.Салавей)
@бязгодзіца -ы, ж. Непагадзь, непагода.
Надвор'е хмарнае. Часта курыцца дожджык. А яны не заўважаюць прыкрай бязгодзіцы. (М.Гарэцкі)
@бязладак -дку, м., бязладзіца -ы, ж. Бязладдзе.
Бязладак ля хацін. (ЛіМ. 08.10.1971) Бязладзіца, непарадкі агарнулі круом, як чорнаю хмараю. (Я.Лёсік)
@бязмежжа -а, н. Становішча, калі парушаюцца ўсе прававыя і маральныя нормы.
Падобныя «разборкі» паміж дзвюма галінамі выканаўчай улады не садзейнічаюць прэстыжу апошняй і ствараюць самае сапраўднае бязмежжа. (Звязда. 24.07.1993)
@вабкі -ая, -ае. Які вабіць, прыцягвае.
Такім чынам яны спадзяваліся трапіць са сваімі таварамі ў багатую, вабкую Індыю. (Я.Лёсік)
@вабнота -ы, ж. Прывабнасць.
Ты цярпліва даводзіш ёй [прыгожай маладзіцы] што брудны асфальт - не самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. (У.Арлоў)
@вадзенькі -ая, -ае. Рэдзенькі.
Кан'юнктуршчык ад паэзіі піша нечым вадзенькім, пафарбаваным пад тон крыві. (А.Вярцінскі)
@важыва -а, н. Тое, што важаць, узважваюць.
Так і нябёсы важаць дзень асверамі, А важыва яму да небакраю. (Р.Барадулін)
@вазок -зка, возік -а, м. ... Каляска.
Скверык амаль апусцеў. «Паехалі» дамоў маладыя бабулі і маці з унукамі і дзецьмі ў вазках. (Б.Пятровіч) Аж тут проста мне быццам на падмогу каля дарогі пакінуты дзіцячы возік бокам ляжыць... (К.Акула)
@валачай -я, м. Валацуга.
- І куды, валачай, нанач сабраўся? - іншым разам баба Марка запыніць уцекача ў варотцах. (В.Гардзей)
@валіза -ы, валізка -і, ж. Чамадан.
Людзі Піначэта з асаблівым задавальненнем раскрывалі дыпламатычныя валізы, у якіх дастаўляліся цэлафанавыя пакецікі з белым парашком. (Чырвоная змена. 04.03.1975) Калі пасажыры, спяшаючыся, бягуць да свайго вагона, сумкі, валізкі, торбы ўчаперваюцца ім у рукі і ўпарта іх цягнуць назад. (А.Разанаў)
@вандроўца -ы, м. Вандроўнік.
Уваходжу, вандроўца, ў хаты: ціша, змоўклыя галасы. (А.Разанаў)
@вапёр -пра, м. Парсюк.
Певень дзюбаў, што раскідаў вапёр, і ўжо без клопату сакатаў і кокаў. (М.Гарэцкі)
@вара -ы, ж. Варыва.
[Сцяпан Аліфер:] Гэта ў цябе, галетніца, пахвастаць нямашака чаго, бо нішчымную вару і тую з чарапкоў ясі. (В.Гардзей)
@варажнеча -ы, ж. Варагаванне, варожасць.
Іх [беларускіх прадстаўнікоў] варажнеча не спрыяла беларускай справе. (ЛіМ. 03.12.1993)
@варажнечы -ая, ае. Які знаходзіцца ў стане варожасці з кім-н.
Інтэлігенцыя ў спрадвечным выбары паміж ісцінай і разлікам падзялілася на два варажнечыя лагеры. (В.Быкаў)
@варажыцца -жуся, -жышся, -жыцца, незак. Апасацца, баяцца.
Варажылася Хрысця толькі аднаго, каб не патрапіць на верасаўскіх ці ведравіцкіх баб. (В.Адамчык)
@варатак -тку, м. Вар, кіпень.
А распараныя ў варатку - яны [венікі] зусім не колкія. (У.Дубоўка)
@варкі -ая, -ае.
1. Прызначаны для варкі стравы (пра печ); варысты.
І сам будуе, як хоча, і ў такім доме адна варкая печ чаго варта, і ацяпленне дома простае - прапаліў у печ раз і суткі грэйся. (І.Дуброўскі)
2. Які добры варыць.
Старая ў гэтым час пачала даставаць з новай, але добра варкай печы цяжкія чорныя саганы. (Г.Далідовіч)
@варыўня -і, ж. ... Кухня.
Сяржук сям'і не меў, жыў у інтэрнаце, і таму некалі ледзь не штовечар заседжваўся Стах з ім на варыўні ў размовах да паўночы. (Б.Пятровіч)
вар'ятня -і, ж. Вар'яцкі дом.
Тады дзядзьку Грышу забіралі на месяц за дзвіну, дзе ў колішніх мурох братоў-бернардынаў месцілася вар'ятня. (У.Арлоў) Жылі мы за закратаванымі вокнамі ў будынку колішняй вар'ятні. (ЛіМ. 05.12.1997)
@вашаваць -шую, -шуеш, -шуе, незак. Цяжка працаваць (параўн. рас. вкалывать).
І [Вольф] усё вашуе тым шуфлем, як лычам, усё валочыць, як не надарвецца, усё спяшаецца. (Я.Брыль)
@ваявіта прысл. Ваяўніча, па-ваяцку.
Тут і цяпер ваявіта даводзіцца, што хлусня - гэта чыстая праўда... (Н.Мацяш)
@ваяр -а, м. Воін.
Колькі б разоў ні рвалася павуціна, столькі разоў павук яе аднаўляе, даючы прыклад і павучанне ўсім ваярам, усім працаўнікам. (А.Разанаў)
@веда -ы, ж. Веды, веданне.
І ўжо тады ў яго паспела раптам веда, што рабіць яму трэба. (К.Чорны) Ч.Мілаш піша: «Выкажу ерэтычную думку: там, дзе ёсць поўная веда, паэзія ўжо непатрэбна... (М.Танк) Я ведаю, што дрэвам паміраць, Згараючы ў агні, наканавана... Я гэту «веду» выдумкай заву... (В.Зуёнак)
@ведзены, вядзёны, воджаны -ая, -ае. Які прыводзіцца ў рух чым-н.; такі, якога хто-, што-н. вядзе, водзіць.
Троху падкапілі [грошай] і малацілку набылі, ведзеную маторам. (ЛіМ. 01.07.1992) Вядзёны пражэктарамі, да яго ішоў міністр з даволі таўставатым канвертам у руках. (В.Казько) Спакоем воджаны век здрадным, Сную, і нейкі са мной шорах. (Я.Купала)
@вежка -і, ж. Памянш. да вежа; невялікая вежа.
А аднойчы [агітатар] вазіў у музей, у старажытны, з вежкамі, будынак на гары. (А.Фомчанка)
@вельбаваць -вяльбую, -вяльбуеш, вяльбуе, незак., каго. Вельмі шанаваць.
- І за што ўжо яна так вяльбуе яго? Здаецца ж, такога нязгрэбы як ён, свет не бачыў... Вупыр! (А.Масарэнка)
@верапамяркоўнасць -і, ж. Верацярпімасць.
Толькі ў 1905 г. з'явіўся ўказ аб узмацненні пачаткаў верапамяркоўнасці. (ЛіМ. 14.01.1994)
@вернік -а, м. Той, хто верыць у існаванне Бога.
Кінематаграфісты недвухсэнсава выказаліся за перадачу храма вернікам. (Звязда. 16.09.1990) Мінскі Чырвоны касцёл у гады вайны зноў быў адкрыты для вернікаў. (М.Танк)
@верніца -ы, ж. Жан. да вернік.
Калі паслухаць старую верніцу, то сейбіт добрага насення ёсць сын чалавечы... (В.Гардзей)
@вершавы -ая, -ае. Прым. да верш.
У сучасных вершах хочацца бачыць больш псіхалагізму, інтэлектуальнасці. І, вядома ж, майстэрства... больш шырокага выкарыстання ўласна вершавых магчымасцей. (ЛіМ. 26.01.1973)
@вершнік, верхнік -а, м. Коннік.
Зазвінелі балабончыкамі хамуты. Сядалі вершнікі, гаркалі сабакі. (М.Гарэцкі) На чырвоным тле - срэбраны вершнік на белым кані. (ЛіМ. 22.11.1991) Балотная расліннасць - трыснёг, чарот - па сваёй гушчыні й вышыні нагадвае маньчжурскі гаалян, дзе можа схавацца верхнік разам з канём. (Ю.Віцьбіч)
@вескаўня -і, ж. Дзеравеншчына.
Гэты горад быў свой і ніякі. Ведаў праўду і бачыў хлусню. Шантрапу падкупілі «палякі», пазбіралі сваю вескаўню. (Д.Бічэль)
@веставаць -вястуе, незак., што. Азначаць, сведчыць.
Некаторыя выданні апошніх гадоў, у прыватнасці Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, вястуюць пэўны пралом у зацяжной навукова-інфармацыйнай блакадзе. (ЛіМ. 24.04.1998)
@весткаваць -вясткую, -вясткуеш, -вясткуе, незак., што і без дап. Вешчаваць.
Купалаўскі прарок з аднайменнага верша вясткуе і прапаведуе «як шалёны». (А.Разанаў)
@вечаваць -вячую, -вячуеш, -вячуе, незак. Удзельнічаць у вечы.
Можа, з нязнанае нам летапіснае хронікі чэрпаў Скарына весткі пра мінулае свайго горада, пра тое, як узнімалі продкі горад на Дзвіне, як вечавалі палачане ці бараніліся ад захопнікаў. (А.Каўка)
@вечароўнік -а, м. Удзельнік вечаровых сустрэч, гутарак.
Шмат што закранутае Бёлем пры тым у яго вечараванні дубултаўскіх суразмоўнікаў яна [Караліна Франчэскаўна] разумела лепш, чым хто іншы з вечароўнікаў. (Крыніца. 1997. № 8)
@вечарушкі -шак, адз. няма. Вечарынка.
[Фруза:] Трэба сказаць брату, каб запрасіў яго на вечарушкі. Ён пяе ладна, а што ж «Юрачку» скача - каб ты ведала... (М.Гарэцкі)
@вечарынец -нца, м. Удзельнік урачыстай вечарыны.
Міла выслухалі вечарынцы экраннага паэта (быў паказаны фрагмент з дакументальнага фільма «Максім Танк»). (Народная воля. 27.11.1997)
@вешчаўніца -ы, ж. Вяшчунка.
У народзе чорная жаўна Вешчаўніцай лічыцца здаўна. (В.Дзеравяшка)
@вёсначка гл. вясенька
@відаль -і, ж. Тое, што адкрываецца перад вачамі, перспектыва; від.
Відаль была адна і тая самая за ўсю дарогу, звычайная, але прыгожая відаль: імглявае балотнае надвор'е, грудкі маркотнага алешніку з бакоў праезду... (М.Гарэцкі) Ехаў як быццам і не шпарка, перад вачыма рухалася прыгожая, як намаляваная, зялёная відаль, якую не псавалі светла-шэрыя прастакутнікі блізкага горада. (П.Васючэнка)
@відачын -а, відачынец -нца, м.
Акцёр (параўн. рас. лицедей). Нічому не навучыцца побач і разам з такім сур'ёзным артыстам мог толькі бяздарны і лянівы відачын. (Б.Бур'ян) На Беларусі столькі цудоўных самабытных відачынцаў. (ЛіМ. 04.04.2003)
@відачынства -а, н. Тэатральная гульня, прадстаўленне (параўн. рас. лицедейство).
Талент акцёрскага відачынства - напэўна, ён і пакінуў у памяці свае яркія адмеціны, прымусіўшы прыняць адыход Юрыя Авяр'янава як асабістую страту? Не ведаю. (ЛіМ. 26.01.1996)
@віжаваты -ая, -ае. Які мае схільнасць віжаваць.
Віжаваты Д'ябэлак, Жоржык Б., знайшоў для мяне капітальнае суцяшэнне: - Ох, махні рукой на яго грозьбы. (У.Калеснік)
@віншаванка -і, ж. Вершаванае віншаванне.
«Віншаванка» - назва віншавальнага верша Р.Барадуліна, адрасаванага вядомай артыстцы (ЛіМ. 02.01.1998)
@віншоўка -і, ж. Віншавальная паштоўка.
Выкарыстоўваю на ўроках яшчэ адну маленькую, але крыштальна-чыстую крынічку - гэта віншоўку ад П.Панчанкі з нагоды жаночага свята 8 Сакавіка. (ЛіМ. 02.01.1998)
@віслашчокі -ая, ае. З абвіслымі шчокамі.
За зіму старшыня яшчэ больш папляшывеў, што, зрэшты, пасуе яму да сытага і віслашчокага твару... (В.Гардзей)
@вітальня -і, ж. Пярэдні пакой.
«Хрушчоўка» - яшчэ называлі яго [барак] за вузкую, не размінуцца, вітальню і маленькую куханьку. (У.Рубанаў) У вітальні (пярэдні пакой) тупалі дзеці Бадановічаў, сваякі. (В.Санько) Вітальня, кухня і суседні з імі пакой усцеленыя шкурай дзікоў. (Звязда. 23.06.2009)
@вітанне -я, н. Зварот да каго-, чаго-н. пры сустрэчы; прывітанне.
Тут я пачуў, як нехта ціхенька У сенях тупае ізноў. То мысль вярнулася. Вітанне! (С.Дзяргай) Вітанне газеце! (Я.Купала)
@вобдым гл. абдоймы
@вобуй -ую, м. Абутак.
Антон схаваў вобуй у пячуркі, укруціў агонь у лямпе і лёг на сяннік. (М.Гарэцкі) «Толькі сцежкай за мной, - Просіць нас праваднік, - Каб у вобуй у ваш Пыл з травы не пранік...» (Н.Гілевіч)
@вобшук -у, м. Вобыск.
У менскай кватэры Якуба Коласа быў праведзены вобшук, а сам гаспадар быў выкліканы ў ГПУ. (Роднае слова. 1993. № 8)
@вогнішча -а, н. ... Сімвал роднага дому, сям'і; ачаг, агмень.
З таго дня і пачалося тое калгаснае свята, якое можна было б назваць вяртаннем да сваіх мірных вогнішчаў. (П.Пестрак)
@воддальны -ая, -ае. Аддалены.
Страшэнна доўгі цягнік... расцягнуўся на троху воддальнай ад вакзалу калейцы. (М.Гарэцкі)
@водмаладзь -і, ж. Амаладжэнне.
Упэўніцца самотны чалавек: сваё не возьме нават доўгі век, калі на водмаладзь пайшла кабета. (Г.Тумас) У водмаладзь, назад у вёсны Спяшаюся, як позні госць. (В.Коўтун) - Чалавек старэе, - язык у отмаладзь ідзе, - заўсміхаўся, душачыся словамі, Мікіта. (А.Кудравец)
@воджаны гл. ведзены
@вольнанаймальны -ая, -ае. Вольнанаёмны.
Найперш патрэбен быў асобны, свой, гарадок для вольнанайманых. (Я.Скрыган)
@ворашна безас. у знач. вык. Страшна, жудасна; вусцішна.
Зноў колькі шрапнэлек расплылося белымі кудравымі клубочкамі. Мне зрабілася ворашна. (М.Гарэцкі) Прызнацца, навіна мяне не здзівіла так, каб ажно ворашна стала. (У.Рубанаў)
@восенны -ая, -ае. Восеньскі.
Архіп маўчаў, успамінаючы, як пражыў дома да восеннай пары. (М.Гарэцкі) Мокрая і прыціснутая восенным холадам, цяпер гэтая расліннасць усё яшчэ гусцілася і ўладна зелянелася. (К.Чорны)
@вугол -гла, м. Вугал.
Мусіць, паліцай-вартавы таксама прытаміўся тырчаць на дарозе і на золку захінуўся дзе за вугол хаты. (В.Быкаў) Рашылі рабіць [школьны зруб] на нямецкі манер, у гладкі вугол. (Г.Далідовіч)
@вудаль -я, м. Вудзільшчык.
А на беразе сядзіць рыбак з вудаю. Сядзіць гэты вудаль і глыбакадумна мак кажа... (У.Арлоў)
@вудаўё -я, н. Вудзільна.
У чаратах, здушыўшы хвілю спуду, Замёр рыбак, узнёсшы хвацка вуду, Трымаючы на вудаўі стракоз. (М.Мятліцкі)
@вусілы -аў. Вялікія вусы.
Маленькі, з чорным носікам, але з вялікімі і разлеглымі бурымі вусіламі фарсісты афіцэр страшэнна лае салдата нашае батарэі. (М.Гарэцкі)
@вучэльня, вучыльня -і, ж. Вучылішча.
У той дзень курсанты дзвюх Мінскіх вышэйшых ваенных вучэльняў прымалі прысягу на вернасць Беларусі. (ЛіМ. 10.19.1993) Валачэнне ярма чужога ўладарства не прайшло для нас без ніякага знаку: яно ацямрыла і затрымала доўгія вякі наша культурнае і нацыянальнае развіццё, пакідаючы нам свае вучыльні і свае «языкі». (Я.Купала)
@выбеганы -ая, -ае. Які нагуляўся бегаючы.
Выбеганы за дзень, цяпер ён [Ганчак] не грэўся, а проста адпачываў, дрымотна пазіраючы праз шкліны вачэй на мігатлівыя жарынкі вогнішча. (М.Ракіцкі)
@выбітны -ая, -ае. Выдатны.
Вызначэнне «класны» - не з лексікону акадэмічных музыкантаў. Яны назвалі б той канцэрт выбітным, цудоўным, адметным. (ЛіМ. 19.06.1998) Ён выдатна разумеў... што калі пішаш выбітную рэч, то пісаць яе трэба адпаведна. (Б.Пятровіч)
@выбухоўка -і, ж. Выбуховае рэчыва; узрыўчатка.
Калі машына набурыць сотню свідравін, прыйдуць падрыўнікі, засыплюць іх выбухоўкай (пакуль выбухі робяць невялікія, тон на 20). (Маладосць. 1975. № 6)
@вывалены -ая, -ае. Які вываліўся.
У яго ад жарту зусім хаваюцца вочы і тырчыць дзіркаю вывалены зуб. (Я.Скрыган)
@выводжаны -ая, -ае. Такі, якога выводзяць.
[Старая:] (валяючыся на зямлі, як падкошаная, услед выводжанаму Саму) Сына роднага забралі! (Я.Купала)
@вывучальнік -а, м. Той, хто вывучае каго-, што-н.
- Ты на Каўказе быў? - запытаў вывучальнік, не ведаючы, як іначай пачаць сваё вывучэнне [чалавечага тыпу] (К.Чорны)
@вывучальны -ая, -ае. Дапытлівы, уважлівы.
Намеснік загадчыка аддзела ці загадчык сектара, па чарзе працінаючы кожнага вывучальным позіркам, нашпігаваў нас настаўленнямі, як за мяжой сябе трымаць. (У.Мехаў)
@выгараны -ая, -ае. Які выгараў; выгаралы.
[Асаднік Грабянка] косым вокам змераў Міцю, але, звёўшы выгараныя бровы, маўчаў. (В.Адамчык)
@выгуляны -ая, -ае. Які набраўся сілы, адкарміўся на волі.
Адразу за канцавымі дварамі выгуляныя коні заварушыліся і самі пабеглі шпарка. (І.Чыгрынаў)
@выдаваны -ая, -ае. Які выдаецца, выдаваўся кім-н.
Выйшаў з друку новы, чацвёрты нумар гэтага бюлетэня [«Форум»], выдаванага групай даследавання і абароны правоў нацыянальных меншасцяў. (Наша слова. 31.10.1996) Машынапісны альманах, выдаваны ў сярэдзіне 70-х гадоў купкаю студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ у бяздонныя сутарэнні ўсемагутнага ведамства не трапіў. (У.Арлоў)
@выдынгоўваць -аю, -аеш, -ае, незак. Выдыгаць.
Я, відаць, хутка адчуў, што ўсе дамашнія любілі мяне і стараліся дагаджаць, але чым больш яны мне наравілі і выдынгоўвалі перада мной, тым менш я цаніў іх старанні, рабіўся распешчаным прывярэдам. (У.Калеснік)
@вызвольны -ая, -ае. Вызваленчы.
Калізіі гэтай Марцінкевіч яшчэ не хоча ці не можа зразумець, яшчэ аўтара не патрапіла захапіць хваля вызвольнага ветру... (Я.Купала)
@вызнаўца -ы, м. Той, хто вызнае якую-н. веру, вучэнне, погляды.
Яшчэ і сёння розныя вызнаўцы Хрыста, Магамета... вядуць братазабойчыя войны. (М.Танк) Ведаем, у грамадстве заўсёды будуць прыхільнікі, вызнаўцы камуністычнай ідэі. (ЛіМ. 02.08.1991)
@выканаўца -ы, м. і ж. ... Той, хто выконвае якія-н. абавязкі.
Я часовы выканаўца абавязкаў старшыні партыі. (Беларускае радыё. 17.01.1991) Часовы выканаўца абавязкаў рэдактара Станіслаў Суднік. (Наша слова. 15.11.1997)
@вылежаны -ая, -ае. Які вылежаўся.
Мокрая ралля-зябліва - чорная-чорная, бы палатно, вываранае ў траве-мачанічніку і вылежанае ў рудзе-гразі. (І.Пташнікаў) Там, у халадку пад плотам, падымаліся прымораныя сном і вылежаныя за доўгі нядзельны дзень верасаўскія мужчыны. (В.Адамчык)
@вымаганы -ая, -ае. Такі, якога вымагаюць, дабіваюцца.
Адных імкнуцца прымусіць да падпісання вымаганых паказанняў біццём, другіх - толькі пужаннем. (Полымя. 1991. № 1)
@вымаўка -і, ж. Ушчуванне, праборка.
Апынуўшыся ў такой сітуацыі, даваў дзёру і я, бо калі б быў заўважаны, то пакаранне не абышлося б вымаўкай ці сарамоцінамі. (У.Калеснік)
@вымісты -ая, -ае. З вялікім вымем.
[Цёця Вера] даіла сваю бакастую ды вымістую Кветку. (Я.Брыль)
@вымога -і, ж. Патрабаванне.
К.Каліноўскі ў адпаведнасці з вымогамі часу асноўную ўвагу звяртаў на рэвалюцыйную асвету і выхаванне народу ў духу нянавісці да самадзяржаўнага ладу. (Полымя. 1969. № 2) Прыйшла сталасць. Яна да многага абавязвае. Але Рыгору Барадуліну па сіле самыя строгія вымогі, самыя трудныя задачы. (В.Бечык)
@выпаданні -яў. Тое, што падае, выпадае з атмасферы на зямлю.
Чуваць, што радыёактыўныя выпаданні не мінулі і маю Мядзельшчыну. (М.Танк)
@выпадзены -ая, -ае. Які выпаў адкуль-н.
[У хвойніку] ліпкаю павучынаю бэрсаўся рэдкі поцемак і ціцікала невядомая позняя птушачка ці мо выпадзенае з гнязда пташаня. (В.Адамчык)
@выпіты -ая, -ае. Які выпіў спіртнога.
Нехта ў фае натрапіцца знаёмы, убачыць, што я добры выпіты. (Я.Скрыган)
@выплатнік -а, м. Той, хто ўносіць плату за што-н.; плацельшчык.
Уласныя домікі і кватэры з усімі іх самымі сучаснымі бэбахамі - павабная мара перад вачыма і сякера над каркам выплатніка. (М.Лужанін)
@выпрабоўны -ая, -ае. Дапытлівы, выпрабавальны.
Кожны пагляд - гэта выпрабоўнае мацанне... (Ц.Гартны)
@выправіны -аў, адз. няма. Праводзіны.
[Пятрок] любіўся з Волечкаю Апанасаваю - і на выправінах яго ў армію Волечка сядзела побач. (А.Жук)
@выпусканы, выпушчаны -ая, -ае. Які выпускаецца, вырабляецца.
Кніжная прадукцыя, выпусканая нашым выдавецтвам, мае такую нізкую якасць, што замоўчваць гэта ніяк нельга; Выпушчаная прадукцыя пачала каштаваць танней, з абароту вызваліліся значныя рэзервы сродкаў. (Я.Колас)
@выраканец -нца, м. Той, хто выракся свайго роднага.
І памяць кросны снуе, І лесуны барукаюцца. Шляхі разышліся яе. З бязроднымі выраканцамі. (Р.Барадулін)
@выратоўца -ы, м. Ратавальнік.
Пасля колькі дзён адно й гаварылі ўсе пра Клаўдзю і яе выратоўцу, казалі, што Міхалка «вылавіў» у Дняпры долю сваю. (А.Масарэнка)
@высакаварты -ая, -ае. Які мае высокую вартасць.
Акрамя гэтага, маю да друку пераклад з Франка ... паэмы «Майсей». Сама рэч высакавартая. (У.Жылка)
@высакалюбны, высакалюдскі -ая, -ае. Высакародны.
Ці не такімі ж высакалюбнымі намерамі кіраваўся неўміручы рыцар духу Дон Кіхот... (А.Каўка) Баяўся боскае кары за свой высакалюдскі ўчынак [хаваў цімакоў - уцекачоў ад паншчыны] цёмны дзядзька Тарас. (М.Гарэцкі)
@высачаны -ая, -ае. Які высачыўся, выступіў (пра смалу).
Тут, за штабялямі дроў і жоўтых, што пахлі нагрэтаю высачанаю смалою, дошак, перабег [Імполь] іржавыя ... тупікі чыгуначнай станцыі. (В.Адамчык)
@выспаны -ая, ае. Які выспаўся.
Быў ранак, нарком выйшаў з другога пакоя, здавалася, яшчэ нават не выспаны. (Я.Скрыган)
@выстава -ы, ж. Выстаўка.
І спяшайцеся, выстава працуе ўсяго тыдзень. (Звязда. 14.11.1990) Не пабыць на выставе Скідзевіча, нават збіраючыся паміраць, ён не мог. (Б.Пятровіч)
@выстаўны -ая, -ае. Які мае дачыненне да выставы.
Заходзьце ў новую выстаўную залу. (Беларускае радыё. 26.12.1994)
@выстаялы -ая, -ае. Які выстаяўся.
[Бацька] прывозіў з поля воз яшчэ не выстаялых травяністых снапоў ячменю. (У.Калеснік)
@выступ -у, м. Выступленне.
Тон яго выступу жорсткі, без звычайных еўрапейскіх умоўнасцяў. (ЛіМ. 16.01.1998)
@выступоўца -ы, выступовец -поўца, выступальнік, выступальшчык -а, выступанец -нца, м. Той, хто выступае; прамоўца.
Як і кожны спрактыкаваны выступоўца, я таксама выбіраў каго-небудзь у зале, каб мець падтрымку. (І.Чыгрынаў) Нейкі выступовец нават сказаў, што «бяда адна не ходзіць...» (ЛіМ. 02.05.1997) - Ну вот, так я сагласян з табой, - згадзіўся выступальнік. (Я.Брыль) Названыя выступальшчыкі, як іх ні ўпрошваў старшыня нарады, выходзіць на трыбуну катэгарычна адмовіліся. (А.Карпюк) Амаль усе выступанцы адзначаюць высокі мастацкі ўзровень твора. (В.Жуковіч)
@выступоўчы -ая, ае. Які мае дачыненне да выступоўцаў, выступлення.
Пару пісьменнікаў апроч «загнаных» у выступоўчую абойму знаходзіліся ў зале. (Народная воля. 27.11.1997)
@вытвор -а, м. Утварэнне, вытворнае слова.
У яе лексіконе вельмі часта ўжывалася слова «нацыяналізм» з усімі яго вытворамі. (Л.Лыч) Для вытвора з гэтай марфемай найбольш характэрнае значэнне прыкметы паводле актыўнага дзеяння. (Роднае слова. 2000. № 3)
@выхаваўца -ы, м. і ж. Выхавальнік.
На лета іду яшчэ працаваць начальніцай піянерскага лагера, а выхаваўцамі да сябе бяру сваіх настаўнікаў. (А.Карпюк)
@выціскацца -аецца, незак. Выцясняцца.
На жаль, нямала і тых, каму вельмі ж добра пачувалася ў час, калі беларуская мова выціскалася з паўсядзённага ўжытку, не выкладалася ў школах, тэхнікумах і ВНУ. (ЛіМ. 26.08.1994) Гэта [беларуская] культура пачала выціскацца польскім панаваннем. (Я.Купала)
@вышчыроўваць -аю, аеш, -ае. З вялікім стараннем, шчыруючы, дасягаць вынікаў у якой-н. дзейнасці.
Слова для яго [А.Разанава] - той зыходны матэрыял, з якога ён вышчыроўвае і дасканала зрыфмаваныя паэмы, і ...верлібравыя перастворы беларускай духоўнай літаратуры. (Н.Мацяш)
@выязджанец -нца, м. Той, хто выязджае куды-н.
[Астролаг:] Да нас, да пацяплення, вясною, будуць ехаць цяперашнія выязджанцы і ўцекачы. (В.Санько)
@выяўлены -ая, -ае. Які выявіў свае здольнасці, стаў вядомы.
Найбольш нельга дараваць гэтага [абыякавасці да мовы] пісьменнікам выяўленым, бо невялікія моўныя неахайнасці ў іх творах... успрымаюцца літаратурнай моладдзю як канон, пашыраюцца ў новых творах і пагражаюць небяспекай стаць моўнай нормай. (Я.Колас)
@вядзёны гл. ведзены
@вядоўца -ы, м. і ж. Той, хто кіруе чым-н.; вядучы, вядучая.
Камера «залятае» ў студыю, дзе вядоўцы раскладаюць стос прэсы на стале. (Наша Ніва. 15.05.2008)
@вядун ведуна, м. Прарок, прадказальнік.
[Няўзіра:] Толькі ты, вядун прарочы, Штось ад нашых крыеш вочаў. (Я.Купала) У некаторых плямёнаў Гвінеі і цяпер, калі нараджаецца хлопчык, жанчыны па ... ім вядомых прыкметах вызначаюць яго схільнасць да таго, каб стаць ведуном. (Звязда. 28.05.1991)
@вязёнкі -нак, адз., вязёнка -і, ж. Вязаныя рукавіцы.
Пісаць у вязёнках трудна. (М.Гарэцкі)
@вязнеўка -і, ж. Жан. да вязень.
Патэлефанавала былая вязнеўка Сцяплагу Вера Сымонаўна Касмовіч. (Беларускае радыё. 22.03.1996)
@вязніца -ы, ж. Месца зняволення.
Паслухайце, людзі, я вам раскажу, За што я ў вязніцу папала. (Н.Гілевіч)
@вялікамоўны -ая, -ае. Такі, дзе шмат гавораць.
Уцякаю цяпер і з вялікамоўных сходаў, што звяліся да заплесненых і збросненых зваротаў. (В.Адамчык)
@вясенька, вясёнка, вёсначка -і, вясніца -ы, ж. Ласк. да вясна.
Хоць прыходзіла б вясенька Ды павеяла цяплом. (Я.Колас) Не хмарся, зіма, на вясеньку-нявесту, Крыўдуй не крыўдуй, а рыхтуй каравай. (В.Гарановіч) Спошчаныя людцы да споведзі хадзілі, паглядаючы дарожкамі, ці ўжо ёсць праталінкі, ці ўжо блізка вясёнка цяпленька..; Па чутках з фронту думалася людзям, што надоўга застылі дзве варожыя сцяны і, мусі, не парушацца да вёсначкі. (М.Гарэцкі) Хоць адзін раз залячу туды, дзе вясніца вякуе, туды, дзе сонца святкуе. (Д.Бічэль)
@вяскоўе -коўя, вяскоўства -а, н. Вясковае жыццё.
Хоць болей люляе калыска трамвая, Ды эаль па вяскоўі ніяк не міне. (А.Камароўскі) ацягнуўся, відаць, працэс развітання з родным вяскоўствам лірычнага героя... (ЛіМ. 28.01.1977)
@вясніца гл. вясенька
@вясноўскі -ая, -ае. Вясновы.
1. V. Вялікдзень. Свята - вясноўскае, прыгожае, добрае. (М.Гарэцкі)
Параўн. прыслоўе па-вясноўску: Ранішняя электрычка. Вагон па-вясноўску расквечаны сонечнымі блікамі. (Наша слова. 08.05.1996)
@габляваць -люю, -люеш, -люе, незак., каго; перан. ... Вымушаць каго-н. змяняць свае ўяўленні, прывычкі, густы.
Так. Век суровы жорстка нас габлюе. Змяняе порстка звычкі, густ і смак. Так міла ўбачыць на экране, як Руку экзарху бальшавік цалуе... (А.Звонак)
@габрай, габрэй -я, м. Яўрэй.
Грыб усім падабаецца, ім не грэбуе ні славянін, ні габрай, ні селянін, ні бюргер. (А.Разанаў) Адзін габрэй [жыве] сярод беларусаў і палякаў. (Навіны. 16.10.1998)
@габрайскі, габрэйскі -ая, -ае. Яўрэйскі.
Вуліца Дамініканаў, Габрайская вуліца, Ганчарны завулак... Дзе тут затойваецца жыццё? Дзе тут затойваецца смерць? (А.Разанаў) Польскае слова, расейскае, габрэйскае... нібы нітачкі, што лёгка ўплятаюцца ў яркую незабыўную тканіну, з якое сшыта моўная адзежына твора, - помнік шматмоўнай местачковай Беларусі. (Полымя. 1998. № 9)
@гаваркі -ая, -ое.
1. Які (што) гаворыць.
Гаваркую механічную галаву, якая давала мудрыя парады «на всех употребительных языках», адправілі на сметнік. (У.Арлоў) «Гаваркія істоты» - гэта ўсе мы. (ЛіМ. 09.02.1996) Пасля вячэры гаворка паміж галоўным аграномам вобласці і аспірантам аграноміі ішла галоўным чынам пра глебазнаўства Беларусі. Гэтая невычэрпная тэма вяла гаваркіх аграномаў... да далёкіх вытокаў: зямных і водных, да гісторыі зямлі. (П.Пестрак) [Людзі] рабілі перакур. Дымілі і гаварылі... Тыя, хто не курыў, таксама падключыліся да гаваркіх курцоў, быццам глытнуць дымку, бо ахвочыя былі да размоў. (П.Кавалёў)
2. Схільны да размоў, ахвочы пагаварыць.
@гаварун -а, м. ... Той, хто гаворыць.
І тады ўвесь сход раптам загаварыў. ...Гаваруноў было многа, і гаваруны былі розныя. (К.Чорны) - О, гэта глыбока прадуманая лінія, даражэнькі Франц Адамавіч! - Гаварун лёг на спіну, заклаў рукі пад галаву... (Г.Далідовіч)
@гаварыльны -ая, -ае. Які гаворыць (пра механізм).
І раптам нібы псаваўся нейкі вінцік у гаварыльнай машыне. (М.Лынькоў) - Досыць табе, гаварыльная машына! - перабіў Алеся Костусь. - Як пачне, дык бесперапынку, як малатарня. (М.Ваданосаў)
@гавораны -ая, -ае. ... Які гаворыцца, прамаўляецца.
Чамусьці можна выпускаць на беларускай мове тоўстыя падручнікі па гісторыі (незалежна ад іх ідэалагічнага начыння), і разам з тым можна як перад уласнымі дзецьмі, так і перад гасцямі з-за мяжы праз гаворанае слова паказваць сваю другаснасць і неістотнасць. (ЛіМ. 08.12.1995)
@гаворкасць -і, ж. Уласцівасць гаворкага.
Ганна падкупала Петруся гаворкасцю, рэзвасцю. (Ц.Гартны)
@гаворкі -ая, -ае. Тое, што і гаваркі (у 2 знач.).
Гаворкая Тацяна без канца апавядала ёй цікавыя гісторыі. (М.Зарэцкі)
@гавыла -ы, ж. Высакарослае сцяблістае пустазелле; быллё.
Настане дзень баёў апошніх! Мы адступілі, каб было Дзе легчы ворагу на пожнях, Парослых сіняй гавылой. (М.Танк)
@гавэнда -ы, ж. Гаворка, балачка.
[Дзядзька] не хоча траціць час на пустыя гавэнды. (Г.Далідовіч) Паслухаеш зварот трох Ганнаў да мацярок і сясцёр і, утуліўшы плечы, знікаеш з абрыдлай гавэнды. (В.Адамчык)
@гагакаць -ае, незак. Гагаць, гагатаць (пра гусей).
Гускі толькі гагакаюць, на кожны шолах, на кожны стук. (У.Дубоўка)
@гадства -а, н., зб.Гадаўё, жабы, мышы.
Алесі ўспомнілася тое, што некалі расказвала нябожчыца маці: як Бог пазбіраў усё гадства і даў у мяшку чалавеку, каб укінуў, утапіў у балоце. (В.Адамчык)
@гадыня -і, ж. Гадзюка.
Гадыні, разамлеўшы, ляжаць кружалкамі. Сіпла азавецца каторая з кустоўя... (М.Вайцяшонак)
@газетнік -а, м. Прадавец газет.
Па ўсіх вуліцах луналі сцягі, бегалі, як шалёныя, газетнікі... (М.Гарэцкі)
@галадоўшчык -а, м. Той, хто галадуе.
Двое сутак побач з галадоўшчыкамі пуставала крэсла з красамоўным надпісам: «Месца для любога кіраўніка горада» (ЛіМ. 22.12.1989)
@галаснік -а, м. ... Вяшчальнік.
Фальклор - нацыянальная і сацыяльная глеба, якая ўзняла нашых папярэднікаў і зрабіла іх галаснікамі народа. (ЛіМ. 25.11.1969)
@галасоўшчык -а, м. Той, хто галасуе.
«Галасоўшчыкі» даўно ўжо разышліся, у «клубе» было ціха. (А.Федарэнка)
@галгатня -і, ж. Незразумелая мова, гутарка.
Ды дзе тут іх [сяброў] знойдзеш Сярод мітусні Заморскіх турыстаў І іх галгатні. (М.Танк)
@галда -ы, ж. Крык, гоман, галас.
Паперлі полем русакоўцы, Бягуць да конец свержаноўцы, Гудуць, склікаюцца, віншуюць, Адны другіх ў галдзе не чуюць. (Я.Колас)
@галінне -я, н., зб. Галіны дрэва.
Па добрай волі з ціхім стогнам Галінне ломіцца само. (В.Коўтун) Галінне - магутней, ёмісцей, га-лі-на-сцей за галлё. (С.Грахоўскі)
@галоснасць -і, ж. Публічнасць.
Мы паклапаціліся, каб надаць спаборніцтву галоснасць. (Чырвоная змена. 05.03.1975) Не толькі чытачцы, нам самім [рэдакцыі газеты] больш падабаецца поўнагалосная галоснасць. (Звязда. 15.09.1989)
@галосны -ая, -ае. Гучны, на ўвесь голас.
У выніку дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў на канферэнцыі ў Стакгольме і на Кангрэсе Нацый у Лазане ў маі і чэрвені 1916 г. народы Еўропы і ўсяго свету ўпершыню пачулі галосную заяву аб тым, што Беларусь жыве і жадае існаваць далей у якасці самастойнай дэмакратычнай дзяржавы побач з іншымі краінамі. (ЛіМ. 08.11.1991)
@ганьбенне -я, н. Дзеянне паводле дзеясл. ганьбіць (зневажаць чыю-н. годнасць; асуджаць, няславіць).
Панурыя, засмучаныя, устрывожаныя і абураныя такою несправядлівасцю кандыбаюць сяляне пад казацкім канвоем. Іх вядуць берагам Піны каля Высокага, каб усе бачылі ганьбенне іх і пакаранне. (Я.Колас)
@ганяны -ая, -ае. Які ганяецца, гоніцца кім-, чым-н.; гнаны.
Як бежанцы тыя, ганяны тугою, Да роднага краю [гусі] плывуць чарадою. (Я.Купала)
@гаравіты -ая, -ае. Гаротны.
Ад самага малалецтва жыццё яго было надзвычай цяжкім і гаравітым - суцэльная нішчымніца і галодніца, бесхацінства і страты, падазронасць і непрыхаваны здзек з боку старых і новых уладарных структур. (М.Мікуліч)
@гарадзенец -нца, м. Жыхар Гародні (Гродна).
Калі ідэя будзе прынята гарадзенцамі, помнік упрыгожыць плошчу перад Фарным касцёлам. (ЛіМ. 20.13.1998)
@гарапнік -а, м. Кароткі раменны бізун; арапнік.
Ён выехаў з Віленскае губерні. Не хацеў ехаць, але казакі выгналі гарапнікамі. (Я.Скрыган)
@гарота -ы, ж. Бяда, гора, журба.
Галоўнае, без чаго немагчыма ўявіць сабе паэта, гэта добрае, шырокае сэрца, адкрытае ўсім радасцям і гаротам, усяму дабру і злу свету. (Полымя. 1964. № 9) Што казаць пра майскае ранне, Калі ў росах салоўка б'е? Што скажу я табе, каханы?.. Падгінаюцца ногі мае. Што скажу са сваёй гаротай? (У.Караткевіч)
@гаручы -ая, -ае. ... Які гарыць.
Адламалася маленькая гаручая галінка, звалілася на зямлю. (Я.Маўр) Стаяў нейкі глухі вогненны гул і трэск гаручага дрэва. (А.Жук)
@гарэшнік -у, м. Арэшнік.
Перад чубком хвойніку ў лагчыне... сашчапіліся густымі разложыстымі вярхамі кусты старога гарэшніку. (В.Адамчык)
@гаспадыніць -ню, -ніш, -ніць, незак. Рабіць традыцыйную работу жанчыны-гаспадыні.
Сам ён [стары чалавек] і гаспадарыў дома і гаспадыніў, сам сабе крупнік варыў, сам сабе лапіў порткі. (А.Кулакоўскі)
@гасцёўня -і, ж.
1. Пакой для прыёму гасцей; гасціная.
Сяброў у яго шмат, а гасцёўня - цеснаватая. (М.Лужанін)
2. Памяшканне, дзе праводзяцца сустрэчы, культурныя мерапрыемствы для аматараў літаратуры і мастацтва.
У кожным мікрараёне горада адчыняюцца беларускія літаратурныя або літаратурна-музычныя гасцёўні. (Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 4) У гасцёўні Галубка. (ЛіМ. 02.10.1998)
@гасцільня -і, ж. Гасцініца.
Ноч... Гасцільня... Горад даўно апусцеў, У вежах пяць стагоддзяў, як згаслі агні, І вецер у вокны мяце, лісце Прамерзлае - аж звініць. (У.Караткевіч)
@гасціцца -ы, ж. Госця.
Ішла вясна ў наш край. Усяе гэтае гасціцы яшчэ не было, але на дварэ ўжо блішчэла; Не любіў Даніла ні абразікаў, ні карыкатур. Але змірыўся з гаспадынінаю гасціцаю [абразом Мадонны] у сваёй хаце. (Л.Калюга)
@гасцяваннік -а, м. Той, хто гасцюе, бывае дзе-н.
Князь не хаваўся, што нялюб яму Абдзіраловіч, другі паўсёдны гасцяваннік макасееўскага дому. (М.Гарэцкі)
@гатка -і, ж. Памянш. да гаць; невялікая гаць.
За Сяльцом дарога крута паварочвала на гатку з мосцікам цераз Целяшоў Дуб і зараз жа падымалася на горку ў лесе. (Я.Колас)
@гатовасць -і, ж. Гатоўнасць.
Апроч прыгажосці ў жанчыны была нейкая вельмі мілая мяккасць - у вачах, у голасе, светлых валасах, у манеры даверліва глядзець, у гатовасці вас зразумець і ісці насустрач. (Я.Скрыган) Якая гатовасць да ўсяго! Кажа: «Спадзяюся на дапамогу Божую». (М.Сяднёў) Пасля дадаць [да мяснога булёну] здробненыя канюшыну, шчаўе і варыць на слабым агні да гатовасці. (Звязда. 16.07.1992)
@гатэль -я, м. Атэль, гасцініца.
І ўсё стаіць [у Менску] шыпшыннае наўкол - Гатэль, кавярні, крамы і бажніцы. (Л.Дранько-Майсюк) Трохі аддыхаўшыся ў гатэлі, я нарэшце заўважыў, што вокны нумару выходзілі на сярэднявечны замак Вялікай Літвы. (Наша Ніва. 09.11.1998)
@гатэльны -ая, -ае. Які мае дачыненне да гатэля.
Наваградак. Золь. Прысенне зімы. Рунь і дрэвы мараць аб цёплых снягах, О, якая самота гатэльнай турмы! (У.Караткевіч)
@гатэльчык -а, м. Памянш. да гатэль; невялікі гатэль.
Яны няўтомна шпацыравалі на вуліцы, хадзілі пад вокнамі... перапісвалі звесткі аб прыезджых у зэльвенскім гатэльчыку. (У.Арлоў)
@гаўбец -бца, м. Балкон.
Сільвія чытае маё, па сутнасці першае ў жыцці, сентыментальнае апавяданне пра пеўня на гарадскім гаўбцы. (У.Арлоў)
@гаўклівы -ая, -ае. Які гаўкае, брэша.
Пашкадаваўшы «поруганную Родину», Іван Іванавіч з прафесарскай асацыятыўнасцю заўважыў, што Уладзімір Вольфавіч адкрыў расейцам вочы на тое, што слон абложаны гаўклівымі моськамі, якія слану даўно надакучылі. (ЛіМ. 31.12.1993)
@гвалтоўца -ы, м. Гвалтаўнік.
Гэта ж добра, што акно расчыненае, дык улучыла птушкай выпырхнуць у гарод. Гвалтоўца - таксама праз акно, следам... (ЛіМ. 11.04.2003)
@гергатлівы -ая, -ае. Незразумелы, з'яўлены праз чужую (нямецкую) мову.
Каля нейкае вёсачкі [польскія салдаты] наткнуліся на скрыгатлівы абоз, і нехта, ашалелы ад радасці, кінуўся да цёмных нераспазнаных будаў, і адтуль неспадзявана пачуўся гергатлівы і першы раз чуты, неразборлівы для Літавара нямецкі крык і застракаталі... кулямёты. (В.Адамчык)
@гімназійны -ая, -ае. Які мае дачыненне да гімназіі; гімназічны.
Але трымаўся ён крыху воддаль. Можа, бянтэжыў, насцярожваў радыкалізм гімназійнай моладзі. (А.Ліс)
@гледзішча -а, н. Пункт погляду (гледжання).
Найбольш плённым з гледзішча экзістэнцыяланльнага досведу былі гады, звязаныя з сямейным інтэрнатам. (У.Арлоў) «Тыя, - заўважае Семяноўскі, - пачынаў Чэхаўскі фестываль, прымаліся іншага гледзішча: калі мы жывём тут, у Расіі, песімізм задужа вялікая раскоша для нас». (ЛіМ. 29.05.1998)
@глушаны -ая, -ае. Які глушыцца, сцішваецца кім-, чым-н.
На зале пачуўся, сілай глушаны, смех; прафесары таксама кусалі сабе вусны, каб не страціць павагі і не рассмяяца. (Ядвігін Ш.)
@глушыльнік -а, м. Глушыцель.
Гучнагаварыцелі не могуць «перашумець» некалькі дзесяткаў магутных матораў са знятымі глушыльнікамі. (Чырвоная змена. 15.07.1975)
@глушыльшчык -а, м. Той, хто глушыць радыёперадачы.
Як мільёны суайчыннікаў, мы рваліся да праўды аб Празе, - крамлёўскія глушыльшчыкі эфіру не хацелі, каб мы яе ведалі. (У.Мехаў)
@глушыня -і, глушчэча -ы, ж. Глуш, глухамань.
[У горадзе] цяпер пуста... Дачы, дачы... І тут так, у гэтай глушыні, у гэтым «народзе», сярод гэтай «зямельнай сілы»... (М.Гарэцкі) Самае мядзведжае месца, глушыня. (А.Масарэнка) А тады спалохаўся [салдат] ад думкі, што можа атруціцца й сканаць тут, у гэтай лесавой глушчэчы. (В.Быкаў)
@глыза -ы, ж. Ільдзіна, крыга.
І праўда: рэчачка-крынічка, Хаця і мелка, невялічка, Але такую сілу мае, Што лёд угору падымае І ломіць глызу, як націну. (Я.Колас)
@глядацкі -ая, -ае. Прым. да глядач.
Вяршыня мастацкага алімпа. Вяршыня ўрадавага прызнання: дзве дзяржаўныя прэміі. Ганараванне народным артыстам. Шчырасць захаплення ў глядацкіх вачах: «Гарбук!» (ЛіМ. 12.08.1994) Фільм ужо сабраў зацікаўленую глядацкую аўдыторыю. (Звязда. 23.04.1987)
@глядзельня -і, ж. Глядзельная зала.
Напэўна, дзеці, што сядзелі ў глядзельні, успрынялі паказанае па-свойму. (Наша слова. 06.03.1997)
@глядзеннік -а, м. Глядач.
Калі вялікі груд глядзеннікаў раптам шухнуў у бок ад заядлых скакуноў, што быццам азялелі і не бачылі нікога і нічога каля сябе наўкола, яна мімаволі схапілася за яго руку, каб не заваліцца... (М.Гарэцкі)
@гнёткі -ая, -ае. Цяжкі.
[Вольга] глуха выдыхнула, як быццам з плячэй скінула гнёткі мех. (А.Казлоў)
@гнюсата -ы, ж. Пра кепскае, брыдкае; гідота.
[Даніла:] Гнюсаты ўсякае ў нас бывае яшчэ многа, от што. Лезе другі ў правіцелі, а самому хоць пальцам паказвай. Або мала напакасціў гэты чорт сляпы, што быў у нас за старшыню?. (Я.Скрыган) Хто ж была Валента? Мабыць, не хто, а што такое была Валента? Не гнюсата сярод людзей? (Ф.Янкоўскі)
@гняткі -ая, -ое. Гнятлівы; цяжкі.
Збеглі часу хвалі. Даўно боль гняткі, Глянеш, нагадалі Мамы ручнікі. (М.Мятліцкі)
@годны -ая, -ае. ... Дастойны.
Мы рабілі ўсё, што маглі, каб у нашу арганізацыю і ў літаратуру ішло папаўненне якаснае, годнае. (І.Мележ) Былі і такія, што пры іншых абставінах маглі б зрабіцца годнымі, а можа, і вялікімі сынамі грамадства. (У.Караткевіч) А выбар толькі такі: годная смерць або агідная здрада. (В.Бечык)
@гойнасць -і, ж. Уласцівасць гойнага.
[Захар Іванавіч] тут жа даваў нырца ў ціхотна-сцюдзёную гойнасць возера, і белая галава плыўца вынырвала з вады, можа, метраў за пятнаццаць ад берага. (А.Масарэнка)
@гойны -ая, -ае.
1. Гаючы.
Весні дзень - гэта наша Воля. Гойны Вецер, што ў полі шуміць, - Ад Пагоні. (В.Шніп) Ён усё ж яшчэ быў хворы. Вільготна-цёплае, гойнае паветра грота суцешыла, і яго зноў агарнуў сон. (А.Масарэнка)
2. Шчодры, багаты.
Мне спадабалася зямля Суомі У шуме сосен, вадаспадаў громе, У нелінючай зеляніне гойнай, Якой яе ўпрыгожыў Вяйнямёйнен. (М.Танк)
@голаў галавы, ж. Галава.
А каб яны, гэтыя думкі, не лішне ўтамлялі голаў, ён адганяў іх ад сябе так: браў сякеру і ішоў калоць дровы. (К.Чорны) Дзесь між Прыпяццю, Дзвіной і Бугам, Дзе ад родных пахаў - голаў кругам... (Н.Гілевіч)
@горназдабыўны -ая, -ое. Заняты здабычай карысных выкапняў; горназдабываючы.
Болей за 95% прадукцыі горназдабыўной прамысловасці прыпадала на 3 замежныя кампаніі. (БелСЭ, III, 279) Праектаванне горназдабыўных прадпрыемстваў. (Звязда. 23.06.1976)
@Госпадзе клічная форма ад наз. Гасподзь, Госпад, м.
Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх... (Н.Мацяш) Госпадзе, для чаго ж тады ўсё-ткі прыходзім?.. (Л.Галубовіч)
@грабунак -нку, м. Грабеж.
Адусюль з Маскоўшчыны нясуцца жахлівыя звесткі, што скрозь ідуць грабункі, нішчэння грамадскага і прыватнага дабра... (Я.Лёсік)
@грабяльнішча -а, н. Грабільна.
Над ім стаіць гаспадар, і грабяльнішча са злою раз'юшанасцю стукнула па разамлелым, зняможаным прыспаным целе. (М.Гарэцкі)
@градус -а, м. Радок, баразна пасаджанай бульбы, гародніны.
У Літавара пад нагамі спярша зашахкала незааранае ржышча... потым засцёбаў па каленях сухі картаплянік, і Літавар пачаў спатыкацца на высокіх градусах. (В.Адамчык) Стаўшы на калені, яна дагрэбла градус. Фэлька ўссыпаў кош бульбы ў воз. (К.Чорны)
@грайкі -ая, -ае. Які мае ўласцівасць іграць (падаваць гукі, што нагадваюць гранне).
Граць безупынна гатовы Зялёныя грайкія конікі. (А.Вялюгін)
@грамада -ы, ж. ... Добраахвотнае аб'яднанне для супольнай дзейнасці; абшчына.
На Віцебшчыне цыганская абшчына яшчэ называлася цыганскай грамадой. (Звязда. 24.03.1994) Пераслед узмацняецца на пачатку 70-х, калі Сабіла робіцца казаннікам адной з баптысцкіх грамадаў. (Наша Ніва. 13.07.1998)
@грамадаванне -я, н. Кантактаванне, зносіны.
Мне людзі патрэбны, іхнія гісторыі, аповеды, грамадаванне з імі. (ЛіМ. 18.10.1996)
@грамлівы -ая, -ае. Вельмі моцны; грамавы.
Гэй, дзівы над дзівы, мкне гоман грамлівы! (Я.Купала)
@грудок -дка, м. Купка, грамадка.
Ныраючы ў замётах, выйшаў з-за рогу [хат] грудок дзетак-вучанічкоў з торбачкамі цераз плячо, у якіх кніжкі. (М.Гарэцкі)
@грумадка -і, ж. Грамадка, чародка.
Абыходзячы грумадкі вясёлых дзяўчат і хлопцаў, старэнькіх гаваркіх баб, што ціснуліся ў халадок пад высокія кляны і ліпы, Алеся ўчула нечы голас... (В.Адамчык)
@грунём прысл. Бягом, угрунь.
- Не здзекуйся, Моця! - толькі і мог я сказаць і грунём пабег з воласці. (П.Броўка)
@грыбазбір -а, м. Той, хто збірае грыбы.
Блукаюць грыбазбіры, Якоча рэхам лес. (П.Панчанка) Ні змагар, Ні вязень, Ні падпольшчык. А рыбак заядлы, грыбазбір. (В.Макарэвіч)
@грымоткі -ая, -ае. Які стварае рэзкія гукі, моцны шум; грымлівы, грымучы.
Самалёт слізгануў з неба да грымоткай растрывожанай зямлі. (Чырвоная змена. 15.03.1975)
@грэйнік -а, м. Прылада для абагравання; абагравальнік.
Гэткі хатні спакой, утульнасць, цішыня, прыемная цеплыня электрычнага квадратнага грэйніка ў камінку ды сяброўства хоць яшчэ й слаба знаёмых, але ўсё ж даволі прывабных жанчын - усё зрабіла на хлапца мілае ўражанне. (К.Акула)
@грэцкі -ая, -ае. Які мае дачыненне да грэкаў, Грэцыі; грэчаскі.
Тут неверагодная колькасць Слоў грэцкіх бытуе ў фальклоры. (М.Танк) Вывучалі кнігу Кінселя «Героі», дзе займальна расказвалася пра подзвігі персанажаў з грэцкай міфалогіі. (У.Калеснік) Біблія - слова, узятае з грэцкай мовы... (А.Разанаў)
@губеранскі -ая, -ае. Губернскі.
Пры Екацярыне II Мінск, як і ўся Беларусь, быў далучаны да Расіі. Мінск стаў губеранскім горадам... (К.Чорны) У 1837 годзе ў Вятцы адкрылася губеранская гандлёва-прамысловая выстаўка. (ЛіМ. 07.02.1969)
@гудлівы -ая, -ае. Які гудзе; з гудам.
Недзе - у белым полі, святочным і безыменным - стаяў сабе шэры, трохі гудлівы тэлеграфны слуп. (Я.Брыль) Раптам мае вушы схапілі стрыманы дзявочы смех і нізкі гудлівы працяжны голас мужчыны. (А.Мрый)
@гужаваць -жую, -жуеш, -жуе, незак. Круціцца, увівацца каля каго-н.
У Сяргея была старэйшая сястра, ужо нявеста... вакол якой гужавалі жаніхі. (У.Рубанаў)
@гулецкі -ая, -ае. Прызначаны для гульні, гульцоў.
Помнікі архітэктуры, нібы фішкі на гулецкім стале, вызначаюць не толькі каардынаты розных стыляў, але і іх кошт. (наша Ніва. 23.02.1998)
@гулёк -лька, м. Гулец.
І гулёк Міцька быў не заядлы, адно ў падкіднога дурня... (В.Карамазаў)
@гультайня -і, ж., зб. Гультаі.
Чым лепш падрыхтаваны шукальнік, тым менш будуць чапляцца да яго ідэалагічныя наглядчыкі, бо гэтая гультайня нічога, акрамя... ідэалагічных кантычак, не ведала. (У.Калеснік)
@гуляннік -а, м. Той, хто гуляе, прагульваецца.
«Трэба барджэй, барджэй выязджаць», - думаў Абдзіраловіч, седзячы ў сквэру і гледзячы на гуляннікаў. (М.Гарэцкі)
@гуркатаць -коча, незак. Гурчаць.
А воддаль па каменні таксама гуркатала б і шумела вада ў шпаркай бягні ручайкоў няроўных... (М.Гарэцкі)
@гурына -ы, ж. Гарус.
Часам трохі схаваецца [месік] за правідную болачку, што тонкімі фарботамі расцягнецца па ім, як вышываны ўсякаю гурынаю паркалёвы набожнік над абразом у святым хатнім куце. (М.Гарэцкі)
@густэрка -і, ж. Рыба сямейства карпавых; гусцяра.
Зрэдку на кручок траплялі густэркі, але часцей плоткі. (Звязда. 25.01.1973)
@гусцеж -у, м. Гушчар.
Людзі ягады бяруць, а яны, значыць, зашыліся ў гусцеж... (А.Масарэнка)
@гусціня -і, ж. Гушчыня.
Беларусь заўсёды была густа заселенай. Гітлераўскія фашысты падышлі да пытання разрэджання беларускага насельніцтва самым радыкальным спосабам - агнём і зброяй. (К.Акула)
@гучальны, гучлівы -ая, -ае. Які гучыць, можа гучаць.
Музыканты-фалькларысты рыхтуюць матэрыял для гучальнай анталогіі беларускай народнай музыкі. (Звязда. 27.10.1977) Пчаліна, як тая струніна-гучлівая, пераляцела вуліцу і ў садзе згубілася... (Я.Юхнавец)
@гучнагаварыльнік -а, м. Рэпрадуктар.
Вянчае ўсё не зорка, а гучнагаварыльнік, ці, як кажуць у народзе, «мацюгальнік». (С.Астраўцоў)
@гэтта прысл. Тут.
Усяго пакрысе Знойдзеце вы гэтта, - Пры сасе, пры касе Сабрана за лета. (Я.Купала) - Гэтта можна! - здалёк крычаў і паказваў рукою. - Гэтта пясок! (М.Лобан)