Паклонскі Канстанцін (?-блізу 1662), беларускі палкоўнік, ротмістар войска Вялікага Княства Літоўскага. Паходзіў з праваслаўнай шляхты Пінскага павета. На самым пачатку вайны пакінуў Магілеў і пайшоў да казакаў Хмяльніцкага, адкуль быў прыведзены да цара. Атрымаўшы ўзнагароды і тытул палкоўніка, Паклонскі стаў служыць Аляксею Міхайлавічу. Стварыў уласны полк з мясцовага насельніцтва, схіляў да капітуляцыі ўсходнебеларускія гарады. Спрабаваў зрабіць падуладныя яму абшары незалежнымі як ад маскоўскай улады, так і ад украінскіх казакаў. Вясной 1655 г. вярнуўся на бок Вялікага Княства Літоўскага, служыў у фармаваннях Януша Радзівіла. Пасля страты Вільні разам з вялікім гетманам пайшоў у Кейданы, затым на які час трапіў у войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, але вярнуўся з Прусіі і браў удзел у барацьбе са шведамі, пакуль не быў захоплены імі ў палон. Сядзеў ў турме ў Мальбарку. Пасля вызвалення ў войска не пайшоў.

Крыніца: Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654-1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.

Паведаміць пра недакладнасьць