Мікалай а. (у сьвеце - Міхаіл Мацукевіч; 21.05.1917, хутар Суяцін Самарскай губерні - 20.06.2002, Таронта), рэлігійны дзеяч, архіяпіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Нарадзіўся ў сям'і ўцекачоў зь мястэчка Моталь Берасьцейскай губ. У 1921 г. сям'я вярнулася ў родныя мясьціны. Служыў у польскім войску. У 1939-1941 г. настаўнічаў. Пад час нямецкай акупацыі працаваў на сялянскай гаспадарцы. У 1944 г. вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Зь вясны 1945 г. жыў у Шатляндыі, працаваў на фэрме. Браў удзел у I зьезьдзе беларусаў Вялікай Брытаніі (1947). З 1951 г. - у Канадзе. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі сьв. Андрэя (Вініпэг), у 1952 г. рукапаложаны ў сан сьвятара. З 1954 г. - у Таронта, стварыў прыход сьв. Кірылы Тураўскага. Сьвятарстваваў у Манрэалі, Атаве, Садбуры. У 1967 г. (2 кастрычніка) пастрыгся ў манахі пад імем Мікалая, узьведзены ў сан архімандрыта, у 1968 г. рукапаложаны ў сан япіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага. У 1983 г. абраны першаярархам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць