Надсан Аляксандар (сапр. Бочка; 08.08.1926, в. Гарадзея Нясьвіжскага павету), рэлігійны дзеяч, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў усходняга абраду ў замежжы. Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы. Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі ў Альбэртыне. Быў у Менскай афіцэрскай школе БКА. З 1946 г. - у Вялікай Брытаніі. Скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. У пачатку 1950-х г. выехаў у Рым, дзе скончыў Папскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт, у 1958 г. высьвячаны. У 1961 г. вярнуўся ў Вялікабрытанію, быў прызначаны візытатарам у Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Паўночнай Англіі. З 1971 г. - дырэктар бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане. З 1986 г. - апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў усходняга абраду на эміграцыі.
Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.