Смаршчок-Рэпка Мітрафан (Мацьвей; псэўд. Анатоль Бярозка; 19.02.1915, в. Падлесьсе, цяпер Ляхавіцкі раён). Скончыў мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту (1939). Браў удзел у студэнцкім руху, пісаў вершы. У 1939-1941 г. працаваў лекарам у Баранавічах і Пінску. Пад час нямецкай акупацыі працаваў лекарам у Баранавічах, пасьля Віктара Войтанкі быў дырэктарам мясцовай мэдыцынскай школы. У 1944 г. арыштаваны немцамі і заключаны ў канцлягер. З 1948 г. жыве ў ЗША. Быў адным з заснавальнікаў Крывіцкага навуковага таварыства імя Пранціша Скарыны. Працаваў лекарам у доме для састарэлых ва ўнівэрсытэцкай клініцы ў г. Мантысэла (штат Мінэсота). У 1989 г. як выдавец выдаў свой зборнічак «Адзіннаццаць вершаў». На эміграцыі фактычна не пісаў.

Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць