Татарыновіч Пётра (псэўд. Пётра Задума; 02.06.1896, в. Гайнін Слуцкага павету - 03.09.1978, Рым), каталіцкі сьвятар заходняга абраду, доктар тэалёгіі, пэдагог, выдавец. Высьвячаны ў сьвятары ў 1921 г. Сьвятарстваваў у Баранавічах, Століне, Дамачаве (Пінская дыяцэзія), быў прыхільнікам увядзеньня ў касьцёле беларускай мовы. Пад час нямецкай акупацыі жыў у Варшаве, працаваў у касьцёле сьв. Марціна, касьцёле базыльянаў, выкладаў асновы рэлігіі ў беларускай школцы. З 1945 г. - у Рыме. Скончыў Усходні інстытут, абараніў доктарскую дысэртацыю «Сьв. Кірыла Тураўскі і яго дактрына аскетычная». Заснаваў і выдаваў часопіс «Źnič» (1950-1975), заснаваў беларускую сэкцыю «Радыё Ватыкана». Пераклаў на беларускую мову раман Генрыка Сянкевіча «Quo vadis?»

Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць