Багдановіч Максім (1891-1917), беларускі паэт, перакладчык, крытык і гісторык літаратуры. Яму было 5 гадоў, калі памерла маці і сям'я пераехала ў Ніжні Ноўгарад. Тут Максім вучыўся ў гімназіі, тут ён і пачаў пісаць. У 1916 ён скончыў у Яраслаўлі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй і вярнуўся на радзіму. У прыфрантавым Менску Багдановіч уладкаваўся сакратаром губернскага харчовага камітэта. У лютым 1917 ён паехаў на лячэнне ў Ялту і там памёр 25 траўня ў поўнай адзіноце. Творчасць Багдановіча арганічна ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа, многія яго вершы пакладзены на музыку, сталі народнымі песнямі. Першы яго друкаваны твор - алегарычнае апавяданне «Музыка» (1907). Раннія вершы, прасякнутыя гуманістычнымі матывамі і патрыятычным пафасам, пераклікаліся з паэзіяй Я.Купалы і Я.Коласа. У цыклах вершаў «У зачараваным царстве» (1909-1911), «Згукі бацькаўшчы» (1911), «На ціхім Дунаі» ён імкнуўся наблізіць нацыянальную паэзію да народных вытокаў, узбагаціць форму беларускага верша. Сталасць яго эстэтычнай пазіцыі выявілася ў творах на сацыяльна-філасофскую і патрыятычную праблематыку («Мая душа», «Рушымся, брацця, хутчэй», «Пагоня», «Беларусь, твой народ дачакаецца»). Значнае месца ў спадчыне Багдановіча займаюць празаічныя і публіцыстычныя творы, крытычныя артыкулы («Глыбы і слаі», «За тры гады», «Забыты шлях»). Ён перакладаў Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейне, П.Верлена, Э.Верхарна, А.Пушкіна, песні розных народаў свету, што ўздымала агульны ўзровень беларускай паэзіі.

Паведаміць пра недакладнасьць