Будны Сымон (каля 1530-1593), беларускі мысліцель-гуманіст эпохі Адраджэння, рэлігійны рэфарматар, прадаўжальнік культурна-асветніцкай, нацыянальна-патрыятычнай і філасофскай традыцыі Ф.Скарыны. Вучыўся ў Кракаўскім, магчыма, і ў Базельскім пратэстанцкім універсітэтах. У 1588 прыехаў у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню. Стварыў у Нясвіжы друкарню, дзе ў 1562 выдаў на беларускай мове «Катэхізіс» і іншыя кнігі, у якіх заклікаў клапаціцца аб развіцці беларускай мовы, да яднання культур славянскіх народаў. Быў у сяброўскіх адносінах з друкарамі І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з маскоўскім праваслаўным багасловам Арцеміем. Належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, блізкай да кальвінізму, якая ў Беларусі называлася евангелічнай. У сярэдзіне 1560-х г. - адзін з ідэолагаў антытрынітарызму - радыкальнай плыні беларускай Рэфармацыі. Удзельнічаў у рабоце сінодаў - з'ездаў беларускіх і польскіх арыян (антытрынітарыяў), дзе ў вострых дыскусіях абараняў сваё рэлігійна-філасофскае і сацыяльна-палітычнае вучэнне; у спрэчках займаў памяркоўна-гуманістычную пазіцыю. З 1573 Будны займаў пасаду прапаведніка ў Лоску. У 1574-1575 выдаў у Лоскай друкарні на лацінскай мове некалькі сваіх твораў: «Аб дзвюх прыродах Хрыста», «З нагоды аргументаў Сімлера», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з'яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. У галоўным рэлігійна-філасофскім творы «Аб найбольш важных палажэннях хрысціянскай веры» абагульніў свае радыкальныя ідэі, распрацаваў унітарную канцэпцыю Бога і натуралістычную версію паходжання Хрыста. Гэта была не тэалагічная, а тыповая філасофска-рацыяналістычная інтэрпрэтацыя, якая разбурала традыцыйны асноватворны хрысціянскі догмат. У 1582 Будны рашэннем сінода зняты з пасады прапаведніка. Каб апраўдаць сваю дзейнасць, у 1583 ён апублікаваў твор «Аб свецкай уладзе», які з'яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі беларускай Рэфармацыі і грамадска-філасофскай думкі. У 1584 Будны выключаны з брацкай абшчыны і пакінуў маёнтак Яна Кішкі. Апошнія гады жыў пры дварах выпадковых мецэнатаў. Будны пісаў на беларускай, польскай і лацінскай мовах. Абгрунтоўваў думку пра пазнавальнае значэнне мастацтва і яго маральна-выхаваўчую ролю. Лічыў прыгожым тое, што ісціннае, аддаваў перавагу прыгажосці зместу перад прыгажосцю формы. Адзначаў, што толькі на аснове свабоды магчыма поўнае самавыяўленне асобы, росквіт яе здольнасцей.

Паведаміць пра недакладнасьць