Гегель Георг Вільгельм Фрыдрых (Hegel; 1770-1831), нямецкі філосаф, стваральнік ідэалістычнай дыялектыкі, прадстаўнік нямецкай класічнай філасофіі. У студэнцкія гады (1788-1793) з захапленнем сустрэў Вялікую французскую рэвалюцыю, разам з сябрамі пасадзіў сімвалічнае «дрэва свабоды» (1791). Асноўныя творы: «Фенаменалогія духу» (1807), «Навука логікі» (1812-1816), «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817), «Філасофія права» (1821). Шэраг яго твораў («Лекцыі па эстэтыцы», «Лекцыі па гісторыі філасофіі» і інш.) выдадзены пасля смерці. Як паслядоўнік І.Канта і І.Фіхтэ ён паставіў перад сабой задачу ператварыць філасофію ў сістэму строгіх навуковых ведаў, але дасягненне гэтай мэты памылкова звязаў з атаясамленнем быцця і мыслення, г.зн. паняццем рэальнага свету як праявы духоўнага пачатку - «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму». Такім чынам, яго філасофія набыла ідэалістычны і адначасова гістарычны характар: «Разумець тое, што ёсць - вось у чым задача філасофіі, бо тое, што ёсць, ёсць розум». У яго вучэнні свет паўстае як працэс самапазнання абсалютнага духоўнага пачатку («ідэі»): прайшоўшы шлях самапазнання, «ідэя» вяртаецца да сябе, «заспакойваецца», і развіццё спыняецца. Такая аб'ектыўна-ідэалістычная сістэма Гегеля, каштоўным набыццём якой стала тэорыя дыялектыкі, найбольш поўна выкладзена ў «Навуцы логікі», дзе ён сфармуляваў і прааналізаваў важнейшыя дыялектычныя законы і катэгорыі, абгрунтаваў тэзіс пра адзінства дыялектыкі, логікі і тэорыі пазнання, стварыў разгорнутую сістэму дыялектычнай логікі. Цэнтральнае месца ў яго дыялектыцы заняла катэгорыя супярэчнасці, якую ён лічыў крыніцай развіцця. Гегель упершыню ўвесь прыродны, гістарычны і духоўны свет падаў у выглядзе працэсу, г.зн. у бесперапынным руху, змене, пераўтварэнні і развіцці.

Паведаміць пра недакладнасьць