Дзідро Дэні (Diderot; 1713-1784), французскі філосаф-асветнік, пісьменнік і мастацкі крытык, адзін з арганізатараў і рэдактараў французскай «Энцыклапедыі». Вывучаў філасофію, гісторыю, прыродазнаўства, літаратуру, мовы. Пачынаў з перакладаў. У 1746 выдаў свой першы арыгінальны твор «Філасофскія думкі», які за вальнадумства асуджаны парламентам на спаленне. Пасля выдання «Пісьмаў пра сляпых для навучання відушчых» (1749) Дзідро апынуўся ў турме, адкуль яго выбавілі аднадумцы. Зблізіўшыся з выдатнымі мысліцелямі тагачаснай Францыі (Вальтэр, П.Гольбах, К.Гельвецый, Ж.Ж.Русо), Дзідро распачаў стварэнне «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (1751-1780), што стала галоўнай справай яго жыцця. У гэтым вялікім зборы ўсіх дасягненняў эўрапейскай культуры знайшоў адлюстраванне яго асветніцкі светапогляд, які адхіляў коснасць, руціну, невуцтва дзяржаўнай улады і царквы. Пачаліся рэпрэсіі, забароны. Нягледзячы на вялікія цяжкасці, Дзідро змог выдаць 35 тамоў «Энцыклапедыі». Матэрыяльныя цяжкасці прымусілі асветніка прыняць запрашэнне расейскай імператрыцы Екацярыны II, якая мела намер набыць яго бібліятэку. Але жыццё ў Пецярбургу (1773-1774) адкрыла Дзідро крывадушнасць «адукаванага манарха», і ён вярнуўся ў Францыю. Апрача артыкулаў для «Энцыклапедыі», ён пісаў мастацкія творы («Манашка», «Пляменнік Рамо», «Жак-фаталіст і яго гаспадар»), філасофскія трактаты («Думкі пра тлумачэнне прыроды», «Размова Д'Аламбера з Дзідро», «Філасофскія прынцыпы матэрыі і руху»), мастацтвазнаўчыя і эстэтычныя даследаванні, атэістычныя памфлеты і інш. У свабоднай творчасці Дзідро бачыў магутны сродак сацыяльнага прагрэсу. Ён лічыў, што ганенні на свабодную думку і культуру разбураюць грамадства, таму вялікае значэнне надаваў асвеце.

Паведаміць пра недакладнасьць