Доўнар-Запольскі Мітрафан (1867-1934), беларускі гісторык, этнограф і эканаміст. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1895). Доктар гістарычных навук (1905), прафесар (1902). Выкладаў у ВНУ Кіева, Масквы, Харкава, Бона. У 1925-1926 прафесар БДУ, правадзейны сябра Інстытута беларускай культуры (пазней пераўтвораны ў Беларускую Акадэмію навук). Аўтар даследаванняў, прысвечаных вытокам і гісторыі станаўлення дзяржаўнасці, нацыянальнай і культурнай самабытнасці беларускага народа. У серыі артыкулаў «Беларускае мінулае» (1888) даказваў, што беларусы - гэта асобны народ, які мае ўласную гісторыю і высокую культуру, а таму заслугоўвае таго, каб быць раўнапраўным членам сям'і славянскай, эўрапейскай і сусветнай супольнасці. У навукова-публіцыстычным нарысе «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919) раскрыў гістарычныя і этнічныя карані беларускай дзяржаўнай незалежнасці і абгрунтаваў ідэю аб тым, што Беларусь мае такія ж правы на адбудову сваёй дзяржаўнасці, як Польшча і іншыя краіны, што страцілі раней свае суверэнныя правы. Гэтыя ідэі далей развіты ў яго абагульняльнай працы «Гісторыя Беларусі» (напісана ў 1925, але была забаронена і ўбачыла свет толькі ў 1994). Доўнар-Запольскі апублікаваў больш за 200 навуковых прац па этнаграфіі, сацыяльна-эканамічнай і палітычнай гісторыі Беларусі, Летувы, Расеі, Украіны, Польшчы, у т.л. такія буйныя даследаванні, як «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», «В.М.Цяпінскі - перакладчык Евангелля на беларускую гаворку», «Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI-XVIII стагоддзях», «Ідэалы дзекабрыстаў», «Народная гаспадарка Беларусі 1861-1914 гг.», «Адносіны беларуса да зямлі», «Кан'юнктура сусветнага рынку» і інш. Галоўнай задачай свайго жыцця Доўнар-Запольскі лічыў пашырэнне ведаў пра мінулае і сучаснасць Беларусі як самабытнага краю са сваёй шматвяковай гісторыяй, культурай і магутным духоўным патэнцыялам народа.

Паведаміць пра недакладнасьць