Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Канфуцый (Кунцзы; каля 551-479 да н.э.), старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнік рэлігійна-філасофскага вучэння канфуцыянства. Атрымаўшы адукацыю, Канфуцый служыў чыноўнікам, вывучаў старажытныя кнігі. У 50-гадовым узросце ён заснаваў сваю філасофскую школу, прапагандаваў створанае ім этыка-палітычнае вучэнне. Яго павучанні, запісаныя слухачамі і паслядоўнікамі, склалі працу «Гутаркі і суджэнні». На працягу многіх стагоддзяў кожны адукаваны кітаец павінен быў у дзяцінстве вывучыць на памяць гэтую кнігу і кіравацца ёю ў сваім жыцці. З 2 ст. да н.э. канфуцыянства стала дзяржаўнай ідэалагічнай дактрынай, а ён сам быў кананізаваны і абвешчаны настаўнікам 10 тысяч пакаленняў. Яго культ афіцыйна падтрымліваўся да кітайскай буржуазнай рэвалюцыі (1911). У цэнтры яго вучэння - пытанні маральных паводзін, выхавання і кіравання дзяржавай. Асноватворным прынцыпам яго этыкі з'яўляецца паняцце «жэнь» - чалавечнасць, гуманнасць, чалавекалюбства. Яно разглядалася як вышэйшы закон узаемаадносін людзей у грамадстве і сям'і. Лічылася, што дасягнуць такога стану чалавек можа шляхам пастаяннага самаўдасканалення на аснове выканання завешчаных правіл этыкі: з павагай адносіцца да старэйшых па ўзросце і грамадскім становішчы, шанаваць бацькоў, быць адданымі радзіме, любіць людзей. Дзяржаўнае кіраванне таксама павінна грунтавацца на гуманных пачатках і клопаце пра людзей. Лепшым метадам кіравання людзьмі з'яўляецца не насілле, а прыклад і перакананне. Разам з тым Канфуцый лічыў, што кожны абавязаны строга выконваць прадпісанае яму і займаць сваё месца ў грамадскай іерархіі.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2021