Капернік Мікалай (Kopernik, Copernicus; 1473-1543), польскі вучоны, астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай тэорыі свету. Атрымаў рознабаковую адукацыю ва ўніверсітэтах Кракава, Балонні, Падуі, Ферары, дзе вывучаў права, медыцыну, матэматыку, астраномію. Вярнуўшыся на радзіму (1503), побач з навуковымі даследаваннямі шмат часу аддаваў адміністрацыйна-дзяржаўным справам. У 1512 арганізаваў абсерваторыю ў г. Фромбарк, дзе да канца жыцця вёў астранамічныя назіранні. Вынікі даследаванняў абагульнены ў яго творы «Аб вярчэнні нябесных сфер», апублікаваным за некалькі тыдняў да яго смерці. Галоўнай заслугай вучонага з'явілася абгрунтаванне таго, што бачны намі рух Сонца і зорак звязаны не з іх вярчэннем вакол Зямлі, а з рухам Зямлі вакол уласнай восі і гадавым вярчэннем яе вакол Сонца. Ідэя геліяцэнтрызму (цэнтральнае размяшчэнне Сонца ў нашай планетнай сістэме), якую яшчэ ў старажытнасці выказаў Арыстарх Самоскі, была навукова даказана Капернікам: «Усе рухі Сонца, якія мы заўважаем, не ўласцівыя яму, а належаць Зямлі і нашай сферы, разам з якой мы круцімся вакол Сонца, як і кожная іншая планета». Геацэнтрычнае вучэнне Пталамея, якое падтрымлівала царква, было абвергнута навукай. У 1616 царква ўнесла навуковыя працы астранома ў індэкс забароненых кніг. Аднак стрымаць прыродазнаўчанавуковую рэвалюцыю, пачатую адкрыццямі вучонага, было немагчыма. На яго помніку ў Варшаве высечаны словы: «Solis stator. Terra motor» («Які спыніў Сонца. Які рушыў Зямлю»).

Паведаміць пра недакладнасьць