Карскі Яўхім (1861-1931), беларускі філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, палеограф, фалькларыст. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916), правадзейны сябра Інбелкульта (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Нежынскі гістарычна-філалагічны інстытут (1885). З 1894 прафесар, у 1905-1910 рэктар Варшаўскага, з 1917 прафесар Петраградскага ўніверсітэтаў. Аўтар больш як 700 прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы, у т.л. даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, гісторыі беларускай літаратуры і інш. Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916). У запісах фальклорных твораў (песні в. Беразавец Наваградскага пав., в. Навасёлкі-Затроцкія Троцкага пав.) дакладна перадаў асаблівасці гаворак. Вялікае значэнне маюць яго працы па гісторыі расейскай і ўкраінскай моў, славянскай палеаграфіі («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928; факсімільнае выданне 1979), выданне старажытных помнікаў («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Вышэйшае дасягненне эўрапейскай славістыкі канца 19 - пачатку 20 ст. - праца «Беларусы» (т. 1-3, 1903), названая энцыклапедыяй беларусазнаўства. На аснове глыбокага, комплекснага, параўнальна-гістарычнага абагульнення фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў, што беларускі народ існуе як нацыянальная адзінка, што ён стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру, мае старажытныя традыцыі і невычэрпную скарбніцу народнай творчасці. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» (Варшава, 1903; Вільня, 1904) даследаваў паходжанне беларускага народа, акрэсліў яго этнічныя межы, даў этнаграфічную карту Беларусі пачатку 20 ст., асвятліў найважнейшыя этапы гісторыі беларускай мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з іншымі мовамі. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1-3, 1908-1912) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ў яе народна-дыялектнай і літаратурнай формах. 3-і том «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з 3 выпускаў: у 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) асветлены гісторыя беларускага фальклору, асноўныя жанры і віды народнай паэзіі беларусаў; у 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) разгледжаны помнікі старажытнай беларускай літаратуры 14-18 ст.; 3-і вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) прысвечаны беларускай літаратуры 19 - пачатку 20 ст.