К'еркегор Сёрэн (Кіркегор; Kierkegaard; 1813-1855), дацкі тэолаг, філосаф, пісьменнік; папярэднік сучаснага экзістэнцыялізму і «дыялектычнай тэалогіі». Яго светапогляд склаўся пад уплывам нямецкага рамантызму і антырацыяналістычнай крытыкі гегелеўскага ідэалізму. У магістарскай дысертацыі «Паняцце іроніі, разгледжанае з пастаянным звяртаннем да Сакрата» ён вызначыў Сакрата як самую выдатную асобу дахрысціянскага часу. У сваіх працах «Страх і хваляванне», «Паняцце страху», «Філасофскія крохі», «Хвароба да смерці» і іншых крытыкаваў Гегеля за празмерны «аб'ектывізм». Чалавека трактаваў толькі ў святле канкрэтных грамадска-гістарычных катэгорый «аб'ектыўнага духу», лічыў, што грамадства ставіць асобу ў залежнасць ад гістарычнай неабходнасці, ва ўладу грамадскіх інстытутаў, адбірае ў яе самастойнасць і свабоду. К'еркегор падкрэсліваў бяссілле чалавека, які спрабуе ўцячы ад пытання пакутлівай вечнасці і ад самога сябе ў свет паўсядзённай мітуслівасці, названай грамадскім жыццём. Дыялектыку гэтай «няшчаснай» свядомасці ён прапануе аналізаваць з дапамогай катэгорый «страх», «адчай», «рашучасць» і інш. Філасофская і літаратурная спадчына К'еркегора апублікавана ў 28 тамах, 14 з якіх складаюць дзённікі.

Паведаміць пра недакладнасьць