Купала Янка (сапраўднае Луцэвіч Іван; 1882-1942), класік беларускай літаратуры, заснавальнік (разам з Я.Коласам) новай беларускай літаратуры. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). Скончыў Бяларуцкую народную навучальню (1898), вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909-1913), у народным універсітэце імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага, прыказчыкам у памешчыцкіх маёнтках і інш. З 1908 у Вільні - супрацоўнік (у 1914-1915 рэдактар) газеты «Наша ніва», бібліятэкі Б.Л.Даніловіча, Беларускага выдавецкага таварыства. У 1916 мабілізаваны ў армію. З 1919 у Менску. Актыўны дзеяч літаратурна-грамадскага і культурна-мастацкага жыцця Беларусі; удзельнічаў у стварэнні БДУ, АН Беларусі, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў і інш. Першы верш «Мужык» надрукаваў у 1905, першы зборнік вершаў «Жалейка» выдаў у 1908. Я.Купала - аўтар класічных твораў беларускай літаратуры: каля 20 паэм, у т.л. «Адвечная песня», «Курган», «Сон на кургане» (1910), «Бандароўна», «Магіла льва», «На папасе», (1913), «Яна і я», «Безназоўнае» (1924), камедый «Паўлінка» (1912) і «Прымакі», драмы «Раскіданае гняздо» (1913), трагікамедыі «Тутэйшыя» і інш. Творчасць Купалы - летапіс жыцця беларускага народа, адбітак яго нацыянальнага характару і светаразумення. Усёй сваёй творчасцю ён клікаў свой народ «з путаў на свабоду, з цемры да святла», вучыў «любіць свабоду, родны край і мову». Яго лірычны герой - чалавек свабодалюбівы і самаахвярны ў барацьбе за ідэалы народнага шчасця. Аснова гістарычнага аптымізму паэта - вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. У 1912-1913 Купала як паэт-рамантык, як выразнік народна-дэмакратычных ідэй узвысіўся як пясняр маладой Беларусі, стаўшы лідэрам беларускага адраджэння. Разам з тым ён аддаў пэўную даніну ілюзіям рэвалюцыйнага абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нацыянальнага адраджэння, свабоды і шчасця з радыкальна-рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі. Аднак Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, грамадзянская вайна ацвярэзілі яго рэвалюцыйны радыкалізм. У публіцыстыцы 1919-1920 паэт адлюстраваў вострыя праблемы беларускай рэчаіснасці, за што трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавацілі яго ў нацыянальным дэмакратызме. Напады ў друку і допыты ў ДПУ прывялі да спробы самагубства, спаду творчай актыўнасці. У абставінах росту культу асобы ён напісаў некалькі вершаў, прысвечаных І.В.Сталіну, святочна-каляндарным падзеям, калгаснаму жыццю. Я.Купала ўслаўляў беларускую дзяржаўнасць у яе канкрэтным, хоць і абмежаваным выглядзе, паказаў свайму народу і ўсяму свету, што жыве Беларусь і будзе жыць. Паводле А.Твардоўскага, Я.Купала «сваім уласным існаваннем ужо быў чымсьці неад'емным ад духоўнага жыцця народа».