Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Ленін Уладзімір Ільіч (Ульянаў; Ленин; 1870-1924), рэвалюцыянер, расейскі палітычны дзеяч, мысліцель, стваральнік Камуністычнай партыі і заснавальнік Савецкай дзяржавы. Нарадзіўся ў г. Сімбірск (цяпер Ульянаўск) у сям'і інспектара народных навучальняў. У 1887 паступіў на юрыдычны факультэт Казанскага ўніверсітэта, але за ўдзел у студэнцкім руху ў тым жа годзе арыштаваны, выключаны з універсітэта і высланы пад нагляд паліцыі. У 1891 здаў экзамены экстэрнам за юрыдычны факультэт пры Пецярбургскім універсітэце і стаў працаваць памочнікам прысяжнага паверанага ў Самары. У 1895 удзельнічаў у стварэнні «Пецярбургскага Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», за што арыштаваны і высланы ў с. Шушанскае Енісейскай губерні. У 1900 выехаў за мяжу. На 2-м з'ездзе Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (1903) Ленін узначаліў левае бальшавіцкае крыло гэтай партыі. З 1905 у Пецярбургу, з 1907 зноў у эміграцыі. Вярнуўшыся ў красавіку 1917 у Петраград, Ленін абвясціў курс на сацыялістычную рэвалюцыю, а ў кастрычніку таго ж года ўзначаліў узброенае паўстанне, у выніку якога быў звергнуты буржуазны Часовы ўрад і абвешчана аб усталяванні ўлады рабочых і сялян. На 2-м Усерасейскім з'ездзе Саветаў (1917) выбраны старшынёй Савета Народных камісараў. У 1918 пасля выступлення на мітынгу рабочых быў цяжка паранены Фані Каплан. У 1922 Ленін цяжка захварэў і са снежня практычна не ўдзельнічаў у палітычнай дзейнасці.

Ленін рана стаў прыхільнікам ідэй К.Маркса і Ф.Энгельса. Важнейшым сродкам рэвалюцыйнай барацьбы ён лічыў стварэнне «партыі новага тыпу», у адрозненне ад парламенцкіх сацыял-дэмакратычных партый. Ідучы ад высновы, што капіталізм уступіў у апошнюю стадыю - імперыялізм і што перадавыя краіны Эўропы выспелі для пралетарскай рэвалюцыі, ён ускладаў спадзяванні на сусветную сацыялістычную рэвалюцыю. Рэзка крытыкуючы канцэпцыі рэфармавання капіталізму, прынцыпы парламенцкай дэмакратыі, Ленін прапагандаваў курс на ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту. Ён лічыў, што Расея павінна пачаць сусветную сацыялістычную рэвалюцыю. Ва ўмовах грамадзянскай вайны і палітыкі «ваеннага камунізму» была праведзена нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прамысловасці і большай часткі дробных прадпрыемстваў, ліквідаваны прыватны гандаль, уведзены харчразвёрстка, прамы прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, дзяржаўнае размеркаванне прадуктаў (картачная сістэма), усеагульная працоўная павіннасць. Палітыка «ваеннага камунізму» выклікала масавае незадавальненне шырокіх слаёў насельніцтва, асабліва сялян (паўстанні на Тамбоўшчыне, у Заходняй Сібіры, Кранштаце і інш.). У 1921 Ленін прапанаваў «новую эканамічную палітыку» (нэп). Галоўным зместам яе стала выкарыстанне рынку, розных формаў уласнасці, прыватнага капіталу, замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы; прыцягваўся замежны капітал (канцэсіі), праведзена грашовая рэформа (1922-1924), у выніку якой рубель стаў канвертаванай валютай. Палітыка нэпа хутка прывяла да аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі і стварыла перадумовы для далейшага пераходу да сацыялізму. Пераемнік Леніна на пасадзе кіраўніка Камуністычнай партыі І.В.Сталін і яго акружэнне ўзялі курс на згортванне нэпа, індустрыялізацыю краіны і калектывізацыю вёскі. Тэарэтычная спадчына Леніна складае больш за 50 тамоў Поўнага збору яго твораў (т. 1-55. 5-е выд. М., 1958-1965), мноства іншых зборнікаў і выданняў. Выдадзены беларускі пераклад твораў Леніна (т. 1-45. Мн., 1948-1974) і яго выбраных твораў (т. 1-10. Мн., 1986-1991). Філасофская і грамадска-палітычная канцэпцыя Леніна выкладзена ў працах «Што рабіць?» (1903), «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» (1909), «Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму» (1916), «Дзяржава і рэвалюцыя» (1917), «Аб кааперацыі» (1923) і інш. З сярэдзіны 1980-х г. у аналізе ідэй і дзейнасці Леніна, якія аказалі значны ўплыў на ход гісторыі ў 20 ст., існуе шырокі спектр ацэнак - ад пазітыўных да рэзка крытычных.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019