Петрарка Франчэска (Petrarсa; 1304-1374), італьянскі паэт, мысліцель, вучоны, адзін з заснавальнікаў эўрапейскай гуманістычнай культуры эпохі Адраджэння. Вывучаў права ў Манпелье, Балонні, быў сябрам ордэна францысканцаў, аднак сваё прызванне знайшоў у літаратурнай дзейнасці, услаўляючы творчую, духоўна разняволеную асобу. Яго «Канцаньерэ» («Кніга песень»), створаная на працягу ўсяго жыцця (апошняя рэдакцыя 1373-1374) і прысвечаная «мадонне Лауры», адкрыла новую эру ў эўрапейскай паэзіі. Знаўца антычнай літаратуры, міфалогіі і філасофіі, нястомны шукальнік і збіральнік старажытных рукапісаў, Петрарка ўпершыню супрацьпаставіў ідэалізаваны свет класічнай старажытнасці пустой схаластыцы і невуцтву. Адраджэнне забытых вольнасцей, ідэалаў ісціны і прыгажосці стала спосабам сцвярджэння каштоўнасці чалавека, яго творчых здольнасцей і зямнога быцця. У сваіх філасофскіх трактатах «Аб сродках супраць пакут і радасцей» (1358-1366), «Аб маім уласным невуцтве...» (1367-1368) паэт бачыць прызванне чалавека не толькі ў самаўдасканаленні, але і ў служэнні грамадству: «Мы павінны старацца быць карысныя людзям, з якімі жывём». Паэтычны аўтапартрэт, створаны ім у адным з санетаў у «Кнізе песень», адкрывае ўнутраны свет чалавека гуманістычнай культуры: «Душа мая, якая гатова // Усё апісаць, убачыць і прачытаць, // Мой прагны погляд, што вестку душы нясе, // Мой чулы слых, што слова сэрцу нясе...»

Паведаміць пра недакладнасьць