Пушкін Аляксандар Сяргеевіч (Пушкин; 1799- 1837), расейскі паэт, пачынальнік новай расейскай літаратуры, стваральнік сучаснай расейскай літаратурнай мовы. У юнацкіх вершах і паэмах «Руслан і Людміла» (1820), «Каўказскі палоннік» (1820-1821), «Бахчысарайскі фантан» (1821-1823) і іншых ухваляў свабоду, яркія і вольныя пачуцці. Свабодалюбівыя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай яго ссылак у 1820-1826 на Каўказ, у Крым, Кішынёў, сяло Міхайлаўскае і інш. Яго творчасць разнастайная па жанрах і стылях, верш у яго лёгкі і дакладны, характары рэльефныя і моцныя. Універсальнае паэтычнае мысленне Пушкіна прадвызначыла яго месца ў расейскай славеснасці, якую ён узняў да ўзроўню сусветнай. У сваёй творчасці (трагедыя «Барыс Гадуноў», паэмы «Палтава» і «Медны коннік», аповесць «Капітанская дачка») Пушкін упершыню вызначыў многія вядучыя праблемы 19 ст., нярэдка ў іх трагічнай невырашальнасці - народ і ўлада, дзяржава і асоба, роля асобы і народа ў гісторыі. У філасофскай лірыцы («Моцарт і Сальеры», «Каменны госць», «Скупы рыцар») - тэмы сяброўства і любові, сэнсу і апраўдання быцця, смерці і бессмяротнасці, душэўнага выратавання і маральнага ачышчэння. Паэзія Пушкіна - найвялікшы прыклад прыгожага мастацтва.

Паведаміць пра недакладнасьць