Сартр Жан Поль (Sartre; 1905-1980), французскі філосаф, пісьменнік, драматург, публіцыст, заснавальнік франц. атэістычнага экзістэнцыялізму. Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1929). У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі Францыі ўдзельнік руху Супраціўлення. Галоўная філасофская праца - «Быццё і нішто» (1943), у якім Сартр зрабіў спробу «пераадолець» матэрыялізм і ідэалізм, што прывяло яго да суб'ектыўна-ідэалістычнага тлумачэння асноўнага пытання філасофіі. Ён сцвярджаў, што адрозніваць быццё і свядомасць, прыроду і дух, аб'ект і суб'ект можна толькі разглядаючы іх як полюсы інтэнцыянальнасці. Асэнсаванне чалавекам навакольнага свету лічыў стварэннем яго, чалавечай, свядомасці. Гістарычны працэс, паводле Сартра, - гэта пастаянны канфлікт паміж самімі індывідуумамі - носьбітамі неабмежаванай свабоды, а таксама паміж чалавекам і ўсеагульнымі формамі быцця (дзяржава, права, грамадская думка, калектыўныя арганізацыі і да т.п.). Ён разрываў рэальныя сувязі, якія існуюць у чалавека з прыродай і грамадствам, абвяшчаў увесь свет чужым і варожым чалавеку. Яго палітычныя погляды характарызуюцца ваганнямі паміж ліберальным дэмакратызмам і леварадыкальным экстрэмізмам. Аўтар рамана «Млыць» (1938), драм «Мухі» (1943), «Смерць без пахавання» (1946) і інш., аповесці «Словы» (1964), апавяданняў, прац па тэорыі і гісторыі літаратуры. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1964), ад якой ён адмовіўся з-за пагардлівых адносін камітэта да заслуг рэвалюцыйных пісьменнікаў 20 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць