Сматрыцкі Мялецій (свецкае імя Максім; 1575-1633), беларускі і ўкраінскі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік-палеміст. Скончыў філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі. Удасканальваў веды ў Лейпцыгскім і Вітэнбергскім універсітэтах. З 1601 у маёнтках князя Б.Саламярэцкага на Магілеўшчыне і Меншчыне. У Віленскім праваслаўным брацтве зблізіўся з пісьменнікам-палемістам Л.Карповічам. Пісаў на старажытных беларускай і ўкраінскай, лацінскай, польскай мовах. Выступаў супраць Берасцейскай вуніі 1596. У 1608 супраць твораў І.Пацея выдаў «Антыграфіі...», у 1610 пад псеўданімам Тэафіла Артолага- кнігу «Трэнас» («Плач»), дзе ад імя праваслаўнай мацеры-царквы, якая сімвалізавала прыгнечаную радзіму, заклікаў беларускі і ўкраінскі народы да аб'яднання супраць каталіцкай экспансіі. У 1617 пад імем Мялецій пастрыгся ў манахі. Працаваў у школе віленскага Святадухаўскага брацтва, рэктарам Кіеўскай брацкай школы (1618-1620). Аўтар «Трактата пра паходжанне святога духу» і «Палінодыі...» (каля 1615), «Казані... на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» (1620) і інш. Яго галоўны твор «Граматыкі славенскія правільна сінтагма...» (1618, 1619), дзе ўпершыню на высокім навуковым узроўні тлумачыліся арфаграфія, этымалогія, сінтаксіс і прасодыя. Больш як 2 стагоддзі гэтая кніга была адным з самых аўтарытэтных падручнікаў па славянскім мовазнаўстве. З 1620 архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Паломнічаў па святых мясцінах Б.Усходу (1624-1625). У 1627 перайшоў на бок вуніятаў. У творах «Апалогія...», «Разважанне пра шэсць розніц паміж Усходняй і Заходняй цэрквамі», «Пратэстацыя» (усе 1628), «Паранэіс...» і «Экзатэіс...» (1629) адрокся ад сваіх антывуніяцкіх твораў, выступаў супраць праваслаўных пісьменнікаў-палемістаў (Стафана Зізанія, Хрыстафора Філалета). Як пісьменнік Сматрыцкі- прадстаўнік барока: у творах выкарыстоўваў прыказкі, прымаўкі, народнапаэтычную сімволіку.