Талстой Леў Мікалаевіч (Толстой; 1828-1910), расейскі пісьменнік, граф. Ганаровы акадэмік Пецярбургскай АН (з 1900). Праз усю яго творчасць прасочваюцца пакутлівыя пошукі сэнсу жыцця, маральнага ідэалу, агульных заканамернасцей быцця, духоўны і сацыяльны крытыцызм, што раскрывае «няпраўду» саслоўных адносін. У сваіх творах даследаваў «цякучасць» унутранага свету і маральных асноў асобы. У эпічным рамане «Вайна і мір» паказаў патрыятычны парыў народа, які аб'яднаў усе саслоўі і абумовіў перамогу ў вайне з Напалеонам. У ім трагічныя старонкі гісторыі вайны, дыпламатычнай і прыдворнай маны, чалавечых смерцяў і няшчасцяў ураўнаважваюцца і перамагаюцца старонкамі народнага гераізму, чалавечай любві і самаахвярнасці. У сацыяльным рамане «Ганна Карэніна» паказаў трагедыю жанчыны ва ўладзе «злачынных» пачуццяў, раскрыў памылковыя асновы свецкага грамадства, якое разбурае сямейныя асновы. У сваёй творчасці ён ўсё больш набліжаўся да непрымірымай крытыкі грамадскага ладу - сучасных яму бюракратычных інстытутаў, дзяржавы, царквы (у 1901 адлучаны ад праваслаўнай царквы), цывілізацыі і культуры, усяго жыццёвага ўкладу «адукаваных класаў» (раман «Уваскрэсенне», аповесць «Крэйцарава саната», драмы «Жывы труп» і «Улада цемры»). Адначасова ў яго ўзрастала ўвага да праблем смерці, граху, пакаяння і маральнага адраджэння (аповесці «Смерць Івана Ільіча», «Айцец Сергій», «Хаджы-Мурат» і інш.). Найвышэйшай мэтай і сэнсам жыцця лічыў яднанне і самаўдасканаленне людзей праз адмаўленне «служыць злу» («непраціўленне злу насіллем»), заклікаў да апрашчэнства («Споведзь», «У чым мая вера?»). Усё гэта атрымала назву «талстоўства».