Юнг Карл Густаў (Jung; 1875-1961), швейцарскі псіхолаг, стваральнік «аналітычнай псіхалогіі». У 1913 заснаваў школу аналітычнай псіхалогіі - аднаго з кірункаў глыбіннай псіхалогіі (тэндэнцыі, устаноўкі, схаваныя за «паверхняй» свядомасці, у «глыбінях» індывіда). Развіваў ідэі пра калектыўныя формы псіхічнага, т. зв. «архетыпы калектыўнага бессвядомага». Стварыў вучэнне пра чалавечыя тыпы, у аснову якога паклаў ідэі індывідуалізацыі і змены ўстановак асобы (установачныя тыпы). Ён лічыў, што на архетыпічнай аснове грунтуюцца ўсе вялікія ідэі, і калі б усе традыцыі ў свеце былі страчаны адразу, то наступныя пакаленні ўсю міфалогію і гісторыю рэлігій пачалі б спачатку. Ірацыяналістычныя і містычныя бакі яго канцэпцыі выкарыстаны для аргументацыі тэалагічных канцэпцый, для абгрунтавання абстрактнага мастацтва і доказу бессвядомага характару мастацкай творчасці. Разам з тым працы Юнга садзейнічалі з'яўленню даследаванняў па параўнальнай міфалогіі, набыла вядомасць яго канцэпцыя псіхалагічных тыпаў. Асноўныя працы: «Сімвалы пераўтварэння», «Псіхалагічныя тыпы», «Адносіны паміж Я і бессвядомым»; яго збор твораў выдадзены ў 17 тамах у 1958-1976 у Штутгарце.

Паведаміць пра недакладнасьць