Бактэрыяфагі (фагі), шматлікая разнародная група вірусаў - паразітаў бактэрый. Існуюць у форме вірыёна, правіруса і вегетатыўнага віруса. Распазнаюць пяць марфалагічных тыпаў фагаў: з доўгім адросткам, які здольны скарачацца; з доўгім адросткам, не здольным скарачацца; з кароткім адросткам; з аналагам адростка і ніцепадобныя фагі. Геном першых трох марфалагічных тыпаў прадстаўлены двухніткавай ДНК, чацвёртага - аднаніткавай ДНК, пятага - аднаніткавай РНК. Геном размяшчаецца ў галоўцы фага, якая мае поліганальную форму памерам 50-90 нм (у буйных фагаў) і 20-30 нм (у дробных фагаў). З галоўкай адростак злучаны шыйкай, мае канал і на канцы рэцэпторныя бялкі і фермент тыпу лізацыму. Даўжыня адростка вагаецца ад 100 да 200 нм. Вірулентныя бактэрыяфагі выклікаюць у бактэрый прадуктыўную літычную інфекцыю (гл. абартыўная літычная інфекцыя), умераныя - лізагенную інфекцыю (гл. абартыўная лізагенная інфекцыя). Выкарыстоўваюць для фагадыягностыкі, фагатыпавання, фагапрафілактыкі, фагатэрапіі бактэрыяльных інфекцый.

Паведаміць пра недакладнасьць