рухавы // рухлівы / рухомы

Рухавы. Які характарызуецца жвавасцю, лёгкасцю, хуткасцю ў рухах.
Сінонімы: жвавы, непаседлівы.
Янкава жонка, малая, як недарослая, але на дзіва прыгожая і рухавая жанчына, сустрэла іх на ганку. І.Чыгрынаў.
|| Які часта мяняе свой выраз (пра твар). Твар яго, жывы і рухавы, мяняўся на вачах, і кожны выраз яго прымушаў смяяцца. У.Караткевіч.

Рухлівы. Разм. Тое, што і рухавы.
У печцы ўсё паспела выгараць, рухлівыя язычкі полымя снуюць над вуголлем, ліжуць яго, абдымаюць. А.Кудравец.

Рухомы.
1. Здольны рухацца (пра механізмы, прыстасаванні і пад.).
Зроблены новы рухомы круг і прыстасаванні для дэкарацый. Беларусь.
2. Які не знаходзіцца на адным месцы; які пераязджае з месца на месца.
- Будзем ствараць невялікія рухомыя атрады, якія б змаглі знайсці прытулак і ў стэпе, - прапанаваў Андрэй. Р.Няхай.
У выразе: рухомая   маёмасць - маёмасць, якая складаецца з каштоўнасцей, рэчаў, мэблі і пад.
І калі першыя фашысты зазірнулі ў вёску, Паўла Мажэйка ўжо распарадкаваўся ледзь не з усёй рухомай калгаснай маёмасцю. У.Шахавец.
У выразе: рухомы   састаў - сукупнасць лакаматываў і вагонаў на чыгунцы.
Прымаліся таксама захады па тэхнічным развіцці чыгуначных вузлоў, больш поўным забеспячэнні перавозак рухомым саставам. Полымя.

Паведаміць пра недакладнасьць