Ваерштрас Карл Тэадор Вільгельм (Weierstraß Karl Theodor Wilhelm; 31.10.1815-19.02.1897), нямецкі матэматык, замежны чл.-кар. (1864) і замежны ганаровы акад. (1895) Пецярбургскай АН, праф. Берлінскага ўніверсітэта (1856). Даследаванні В. прысвечаныя матэматычнаму аналізу, тэорыі функцый, варыяцыйнаму злічэнню, дыферэнцыяльнай геаметрыі і лінейнай алгебры. В. распрацаваў лагічнае абгрунтаванне матэматычнага аналізу на падставе пабудаванай ім тэорыі рэчаісных лікаў. В. увёў паняцце і прыкмету раўнамернай збежнасці функцыйных шэрагаў (Ваерштраса прыкмета). В. належаць даследаванні паводзін аналітычнай функцыі ў наваколлі ізаляванага асаблівага пункта, пабудова тэорыі аналітычнага працягу, тэарэма пра аналітычнасць сумы раўнамерна збежнага шэрагу аналітычных функцый, раскладанне цэлых функцый у бясконцыя здабыткі, асновы тэорыі аналітычных функцый многіх зменных, працы па тэорыі эліптычных і алгебраічных функцый і абэлевых інтэгралаў. У дыферэнцыяльнай геаметрыі В. вывучаў геадэзічныя лініі і мінімальныя паверхні. В. шмат зрабіў для навуковага станаўлення С.Кавалеўскай.

Літ.: Кочина П.Я. Карл Вейерштрасс. М., 1985.

Паведаміць пра недакладнасьць