Келдыш Мсціслаў Усеваладавіч (Келдыш Мстислав Всеволодович; 10.02.1911-24.02.1978), расейскі матэматык і механік, акад. АН СССР (1946), у 1961-1975 гг. прэзідэнт АН СССР, праф. (1937) Маскоўскага ўніверсітэта, дырэктар Інстытута дастасоўнай матэматыкі АН СССР (1953). Тэарэтык касманаўтыкі. К. належыць вялікая колькасць фундаментальных даследаванняў у галіне матэматыкі, вылічальнай матэматыкі, аэрадынаміцы, тэорыі ваганняў. Вялікі цыкл працаў К. прысвечаны ваганням і аўтаваганням авіяцыйных канструкцый. У іх распрацавана тэорыя флатэра самалёта, створаны метады лікавага разліку гэтай з'явы і яго мадэлявання ў аэрадынамічных трубах і прапанаваны меры барацьбы з ім. К. вывучыў з'яву шымі - самаўзбуджальных ваганняў насавога кола шасі самалёта і знайшоў простыя канструктыўныя развязкі для яго ліквідацыі. К. абагульніў тэарэму Жукоўскага пра пад'ёмную сілу. Галоўныя матэматычныя працы К. выкананы ў тэорыі функцый рэчаіснай і камплекснай зменнай, функцыянальным аналізе і раўнаннях з частковымі вытворнымі.

Літ.: Успехи матем. наук. 1971. Т. 26, вып. 4.

Паведаміць пра недакладнасьць