Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Багдановіч Вячаслаў (1878 - пасля 1940), праваслаўны рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч, багаслоў, удзельнік беларускага хрысціянскага руху міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, педагог, сенатар Польскай Рэспублікі.

Нарадзіўся ў 1878 г. на Лепельшчыне ў Віцебскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі прадоўжыў вучобу ў Кіеве, дзе ў 1903 г. скончыў духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. З 06.11.1903 - выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай семінарыі. Увесну 1907 г. пераехаў у Менск, дзе працаваў на пасадзе інспектара ў мясцовай праваслаўнай семінарыі (з 18.05.1907). З восені таго ж года - інспектар Літоўскай духоўнай семінарыі. У 1911-1913 гг. - хавальнік Літоўскага епархіяльнага сховішча старажытных каштоўнасцей. Дэлегат Вялікага царкоўнага сабора ў Маскве (1917-1918). У пачатку 1920-х гадоў выконваў абавязкі рэктара духоўнай праваслаўнай семінарыі. Сакратар Літоўскага епархіяльнага савета (1921). З верасня 1921 г. - сябра Таварыства беларускай школы. У 1922 г. абраны ў сенат Польскай Рэспублікі. Сябра Беларускага пасольскага клуба. У 1920-1930-я гады - сябра Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) у Вільні, да 28.11.1933 - старшыня царкоўнай Праваслаўнай камісіі пры БНК. Выступаў супраць аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы. Сябра Духоўнай праваслаўнай кансісторыі і епархіяльнага савета. Працаваў выкладчыкам у жаночай епархіяльнай навучальні і Віленскай расейскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў царкоўна-рэлігійнай суполкі «Беларускае дэмакратычнае праваслаўнае аб'яднанне» ў Вільні. Да сярэдзіны 1930-х гадоў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Падтрымліваў кантакты з беларускімі каталіцкімі дзеячамі і з суполкай віленскіх марыявітаў. Паводле некаторых крыніц, у канцы 1930-х гадоў быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З прыходам у Вільню савецкіх войскаў арыштаваны 30.09.1939 органамі бяспекі. Далейшы лёс невядомы.

Літ.: LCVA, ф. 306, воп. 1, спр. 13; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр, 1; ЭГБ, I; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1908. № 20; Krynica (Вільня). 1921. № 29; Выясьненьні (Вільня). 1935. 3 ліп.; Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. № 42; Праваслаўе (Менск). 1997. № 5; Славяноведение (Масква). 1997. № 3.

Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік   Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018