Бэта Генрык (1886-1965), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, прэлат Ломжынскай кафедральнай капітулы, канонік, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог. Як пісьменнік выступаў пад псеўданімам H.Biarozka.

Нарадзіўся 07.11.1886. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Скончыў духоўную каталіцкую семінарыю ў Сейнах (1908). Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу (1908-1912). Пасвячоны ў святары 17.06.1911. З часоў вучобы ў Пецярбургу звязаны з беларускім культурна-нацыянальным і рэлігійным рухам. Сябра культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў у духоўнай акадэміі. Паводле сведчання А.Клімовіча «меў вялікі ўплыў на нацыянальнае ўсведамленьне адносных з ім беларускіх студэнтаў». Супрацоўнічаў з першай беларускай каталіцкай газетай «Biełarus» (1914). З 1919 г. працаваў на пасадзе прафесара ў дыяцэзіяльнай каталіцкай семінарыі ў г. Ломжа (Польша). Выкладаў Святое Пісанне для студэнтаў-клерыкаў. Цэнзураваў кнігі рэлігійнага зместу. З 1925 г. - на пасадзе рэктара духоўнай семінарыі. Віцэ-афіцыял Ломжынскай кафедральнай капітулы (з 26.04.1929). Сябра рады прасінадальных экзаменатараў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны працаваў на пасадзе рэктара Місіянерскага інстытута ў Ломжы. Быў сталым падпісчыкам газеты «Chryścijanskaja Dumka». У гады вайны і ў пасляваенны час па-ранейшаму жыў і працаваў у Ломжы. Займаўся выкладчыцкай і душпастырскай дзейнасцю, гаспадарчымі і грамадскімі справамі. З 1952 г. служыў пробашчам у парафіі Чыжаў Ломжынскай дыяцэзіі. У 1956 г. абраны прасінадальным экзаменатарам. Сябра Ломжынскай дыяцэзіяльнай гаспадарчай рады. Памёр 01.10.1965 г. Сваё разуменне і адносіны да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху прадставіў яшчэ на пачатку 1920-х гадоў у адным з лістоў да вядомага дзеяча беларускага хрысціянскага руху А.Станкевіча. Падкрэсліваючы факт адраджэння Беларусі, ён пісаў: «Беларусы, як і кожны іншы народ, маюць права на адраджэнне. [...] Рухам гэтым будуць кіраваць альбо сумленныя і ахвярныя людзі, альбо ашуканцы. Саветы несумненна выкарыстаюць гэты рух для сваіх мэт».

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 138; ф. 5, воп. 1, спр. 1; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Lomzensis; Krynica (Вільня). 1919. № 4; 1925. № 4; Rocznik, 1972.

Паведаміць пра недакладнасьць