Нарадзіўся ў 1879 г. ў беларускай праваслаўнай сям'і Івана Кульчыцкага. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю. Удзельнік з'езда беларускага праваслаўнага духавенства ў 1917 г. ў Маскве. Прадстаўляў беларускае праваслаўнае святарства Менскай епархіі на Памесным саборы ў 1917-1918 гг. З красавіка 1918 г. як прадстаўнік Камітэта Менскага беларускага прадстаўніцтва ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Працаваў у камісіі па міжнародных справах БНР. Разам з каталіцкім святаром В.Гадлеўскім быў абраны ў выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва. З 1926 г. служыў у Кацярынінскай царкве ў Менску. Прымаў удзел у з'ездзе прадстаўнікоў праваслаўнай іерархіі, духавенства і вернікаў Менскай епархіі (Менск, 09-10.07.1927). Адзін з ініцыятараў абвяшчэння аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. У 1930-я гады служыў у царкве св. Марыі Магдаліны. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 28.07.1937. Абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 01.11.1937 у Менску.
Літ.: ЦГИА, ф. 2786, воп. 1, спр. 165; Архівы БНР; Вольная Беларусь (Менск). 1917. № 8; Усходняя Беларусь; Мартос А.; Синодик.